Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Другі пэрыод XIII - XVI ст.)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Другі пэрыод XIII - XVI ст.). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Літвіны
Аб’яднанне Літвы
Будаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XII сталецьці
Асноўныя моманты жыцьця новага гаспадарства
Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў
Вунія Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай 1386 г.
Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да гаспадарства Маскоўскага
Культурная праца
Соцыяльны склад грамадзянства
Політычны ўклад гаспадарства і царква

Полацкая Русь за ўвесь час свайго папярэдняга існавання вяла амаль што не бесьперарыўную барацьбу з Русью Кіеўскай. Барацьба была ўпартая і крывавая. На яе трацілася шмат сілы і коштаў, гінулі людзі, жывёлы і маемасьць. Руйнавалася ў змаганьні ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У дамовым жыцьці тэрыторыі паступова вынікла і разгарэлася змаганьне дзьвюх соцыяльных кляс грамадзянства: на адным баку стаяла невялікая, але моцная група людзей лепшых, экономічнай і політычнай арыстократыі; проціў іх на другім баку выступала вялікая, але неорганізованая маса подлых, нізшых людзей працоўнай беднаты. Гэтае змаганьне таксама руйнуе экономічнае і політычнае палажэньне краю.

Да ўсяго гэтага трэба яшчэ дадаць, што пашла барацьба гарадоў паміж сабою, гарадоў з прыгарадамі; барацьба валасьцей і князёў паміж сабою і валасных князёў з вечамі. Стала цяжка жыць у Полаччыне, пачынаецца эміграцыя з краю. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоў жыцьця ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю як з некага гіблага месца. Эміграцыя пачала яшчэ больш пустошыць і нішчыць край. Эміграцыя йдзе ўва ўсе бакі і найчасьцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць у Літву прадстаўнікі розных груп грамадзянства. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць у заходнія лясы і балоты прыгнечаная бедната. Асабліва многа ўцякае рабоў, каторыя ў уцёках знаходзяць магчымасьць атрымаць волю. Капітал, баючыся выбухаў народнай помсты, таксама йдзе пэўным крокам у непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць часам і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князем родзічам, ці князем, прышлым з Кіеўшчыны. Абжыўшыся ў Літве і набраўшы ў сваю дружыну новыя сілы з літвінаў, вяртаецца гэты пакрыўджаны" князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад тое, што ў яго адабралі. Сувязь полацкіх князёў з Літвою ў канцы XII і пачатку XIII сталецьця часта выяўляецца ўжо ў тым, што адтуль прывозяць яны з сабою і літвінскія іменьні, каторыя носяць поруч з ранейшымі хрысьціянска-полацкімі, a то і бяз іх.

Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для інтарэсаў Полаччыны, пашла на карысць Літве. Там пачынаецца нейкі рух - як культурны, так і політычны. Літва пачынае злучацца і пачынае будаваць уласнае гаспадарства. Злучыўшы культурна і політычна асобныя пляменьні ў адзін дзяржаўны організм, яна будзе рабіць політычную справу і ў Полаччыне.

Разьвінуўшы асьвету, культуру і экономіку, Полацкая тэрыторыя ня здолела захаваць свайго асобнага дзяржаўнага жыцьця. Літва ўзяла ў Полаччыны яе асьвету, культуру і экономічны разьвітак і прышла на тэрыторыю будучай Беларусі, каб даць ёй новы політычны зьвязак і сувязь з сабою. Ідзе векавая супольная праца; на месцы зруйнованай політычна Полаччыны і на тэрыторыі Літвы будуецца вялікае і моцнае гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культурна-экономічнаю асноваю. Жыцьцё гэтага гаспадарства складае другі, Літоўска-Беларускі пэрыод гісторыі Беларусі.

Гэты пэрыод называюць яшчэ эпохаю Літоўска-Рускага гаспадарства. Мы лічым патрэбным назваць яго Літоўска-Беларускім пэрыодам. Справа ў тым, што якраз у працягу гэтага пэрыоду вынікла і разьвінулася тая дыфэрэнцыяцыя ўсходня-славянскага, рускага племя, якую мы бачым дагэтуль у асобе трох прадстаўнікоў рускага племя - вялікаруса, украінца і беларуса. Літва злучыла заходнія элементы рускага племя. Тут ішло сваё асобнае культурна-экономічнае і соцыяльна-політычнае будаўніцтва, над каторым у цэнтры новай дзяржавы працавалі беларусы з літвінамі, а на паўднёвай акраіне - украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае злучыла ўсходнюю палавіну рускага племя. Тут таксама йшла асобная культурна-экономічная і соцыяльна-політычная праца вялікаруса.

Апроч гэтага, трэба прыняць пад увагу, што слова "рускі" ў тыя часы ўжывалася якраз для адзнакі заходняй часткі рускага племя, якая концэнтравалася з Літвою, а ўсходнія рускія звалі сябе масквічамі. Такім спосабам, калі ператлумачыць на наша сучаснае разуменьне слова "рускі", то яно і будзе роўназначна слову "беларускі", бо беларусы ў тыя часы якраз былі культурным цэнтрам на захадзе, у Літоўска-Рускім гаспадарстве.

Літвіны

Што датычыць да літвінаў, то весткі аб іх у летапісе надта небагатыя. У першы раз імя іх сустракаецца тут толькі ў X-м сталецьці. Судзячы па летапісе, літвіны - невялікі народ, каторы ня мае нават пачуцьця сваёй этнографічнай еднасьці. Сялібы літвінаў былі раскіданы як-бы астраўкамі сярод пушч і непраходных балот. Тэрыторыя, каторую займалі літвіны, ляжала большасцю па рэчцы Нёмну і па яго прытоках, часткаю па Заходняй Дзьвіне і ўсходніх прытоках Віслы. На поўначы яна падыходзіла да берагоў Бальтыцкага мора, а на поўдні землі літвінаў даходзілі да сярэдняй часткі Заходняга Бугу.

Апроч летапісаў весткі аб літвінах даюць яшчэ і курганы. З гэтых курганных вестак мы бачым, што ў Эўропе яны жывуць вельмі даўно і што ў старажытныя часы яны займалі куды шырэйшую тэрыторыю, чым потым, напрыклад, у X сталецьці. У тыя незапомныя часы іх сялібы ад берагоў Бальтыцкага мора праз басэйны рэк Нёмну і Заходняй Дзьвіны цягнуліся далёка на ўсход аж да сярэдняй Акі. У цяперашняй Калускай губэрні, напрыклад, можна знайсьці літоўскія архэолёгічныя памяткі. Якія прычыны ўтварылі гэты адход літвінаў на захад, мы ня ведаем. Магчыма прыняць дагадку, што рускія пляменьні, прышоўшыя сюды з поўдня, як мацнейшыя і лепш організованыя, адціснулі неорганізованых літвінаў і занялі лепшыя месцы на ўсходзе.

У часы ад X да XII сталецьця невялікі літвінскі народ распадаўся на шмат зусім дробных пляменьняў. На крайняй поўначы, на правым беразе Заходняй Дзьвіны жылі летголы, продкі сучасных латышоў; на поўдні ад іх, на левым беразе Заходняй Дзьвіны, у цяперашняй Ліўземшчыне, жылі земголы. Ад нізоўя Дзьвіны аж да самага Бальтыцкага мора сядзелі куроны (паводле номэнклятуры заходніх кронік, ці Корсь - паводле рускіх летапісаў). Паміж утоку рэк Нёмну і Віслы - прусы, каторыя, водлуг паданьняў, дзяліліся яшчэ на 10 каленродаў. Назовы двох з гэтым кален сустракаюцца ў александрыйскага вучонага II сталецьця па нарадж. Хрыста, Птолёмэя. Апроч вышэйпаданых іменьняў можна назваць такія літоўскія пляменьні, як Жамойць (Ковеншчына), Аўкстотэ (Віленшчына), Ятвягі (Горадзеншчына). Усе гэты пляменьні доўга жылі ня толькі розна, а нават і воража адно да другога.

Вучоныя, судзячы па мове літвінаў і па другіх этнографічных прыметах, прызналі, што яны належаць да арыйскіх, ці, іначай кажучы, да індэўропейскіх народаў. Да гэтага-ж самага кораню належаць пэрсы, грэкі, рымляне, кэльты, германцы і славяне. У той час, як мовы ўсіх пералічаных народаў далёка адышлі ў сваім разьвітку ад сваёй мацеры, стараарыйскай мовы, мова нават сучасных нам літвінаў захавала ў сваім граматычным і лексычным складзе амаль ня ўсе асаблівасьці стараарыйскай мовы. Гэтая зьява, думаюць, залежыць ад таго, што літвіны, асеўшы на доўгі час сярод пушч і балот, як-бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў.

Што датычыць да звычайных промыслаў, якімі жылі і карміліся літвіны, то й тут яны йшлі тым шляхам, які паказвала ім матка-прырода. Балоты, вазёры і рэкі клікалі іх да рыбацтва, адвечныя лясы - да зьвералоўства і пчалярства. Вельмі рана павінны былі яны прышыцца да зямлі, зрабіцца аселым народам, бо куды ты пойдзеш, калі цябе ня пускае вольна хадзіць па сьвеце то балота, то вада. Асеўшы на мясцох, літвіны пачалі эксплёатаваць тыя кавалкі сухога грунту, якія былі раскіданы па іх зямлі. Так павінна было зьявіцца сярод іх рольніцтва. Усе летапісы XII і XIII сталецьця ў адзін голас гавораць, што літвіны таго часу былі ўжо рольнікамі і мелі, дзякуючы гэтаму, больш чым даволі хлеба.

Жывучы ў лясным заціску, адгароджаныя ад суседзяў балотамі і вазёрамі, літвіны не маглі разьвінуць такой культуры, якая была ў той час у ўсходніх і заходніх славян. Гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, у іх ня было. Зрэдка можна было спаткаць гарады як цэнтры стратэгічныя, каторыя мала чым розьніліся ад вёсак. Найчасьцей жылі яны па вёсках, зьбіраючыся ў купу патрыярхальнай сям'і ці роду. На чале такіх сямей і родаў стаялі звычайныя старшыні, роданачальнікі, ці князі, каторых літвіны называлі рыкасамі і кунігасамі. Летапісы гавораць, што такіх князёў у літвінаў было шмат. У нас ёсьць, напрыклад, такія весткі, што паўночна-ўсходні, рускі вялікі князь Аляксандр Неўскі ў бойцы пад Тарапцом забіў восем літоўскіх князёў; Даніла Раманівіч, вялікі князь Галіцка-Валынскі, змагаючыся з ятвягамі, забіў сорак ятвяскіх князёў. Нам трэба выясьніць, кім былі гэтыя літвінскія кунігасы ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада літвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя аколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім незалежна адзін ад другога. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, a яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці родавых; іншы раз яны злучаліся для якога-колечы хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі родавых старшынь; другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі грамадамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж грамадамі; трэція прышлі збоку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю экономічную моц, ці цяжкае і гаротнае палажэньне асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў можна бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вокала сябе ахвотнікаў да нажывы, організавалі нешта падобнае на славянскую і германскую дружыну і рабілі напады на суседнія землі. Нават такі багаты і магутны горад, як Рыга, ня мог лічыць сябе бясьпечным ад нападаў літоўскіх князёў.

У літвінаў доўга трымалася паганская вера, бо дзякуючы асобнасьці свайго грамадзкага і політычнага жыцьця яны ня мелі ніякіх шырокіх зносін з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Нават у XIII сталецьці, калі ўжо ўсе народы навокала літвінаў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней, былі паганскім народам. Літвіны, як раней і славяне, лічылі, што ўся прырода заселена багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах прыроды, у зьверах і г. д. Дзякуючы гэтаму, яны кланяліся сонцу, агню, гругану, дрэвам, каменьням, рэкам, зьверам і г. д. Летапісец Пётра Дюсбурскі так апісуе веру літоўскага племені прусаў: "У прусаў няма паняцьця аб богу (у разуменьні хрысьціянскім), бо яны народ просты і някультурны. Дзеля таго, што яны ня маюць пісьма, яны ня могуць пазнаёміцца з кнігамі сьвятога пісьма. Ня ведаючы бога, яны па абмылцы лічаць за бога ўсялякае стварэньне, як, напрыклад, сонца, месяц і зоры, гром, жывёл, птушак, нават жаб. Таксама ёсьць у іх запаведныя лясы, палі і воды, дзе яны не адважваюцца ні рубіць дрэва, ні араць, ні лавіць рыбу". Як і ўсе арыйцы, літвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічачы агонь наймацнейшай боскай сілай. Пакланеньне агню было астаткам моцна разьвітага калісь культу продкаў. Дзеля гэтага агонь дамовага вогнішча быў сьвяшчэнным нават у пазьнейшыя часы, калі літвіны зрабіліся ўжо хрысьціянамі.

Найгалоўнейшым пэрсоніфікаваным богам лічыўся пан маланкі і грому - Пэркунас, падобны да ўсходня-славянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апрача яго, літвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наогул кажучы, рэлігія літвінаў была дужа падобна на паганскую веру ўсходніх славян. У ліку літоўскіх багоў спатыкаюцца нават добра вядомыя славянскія багі Лель і Лада, якія прадстаўляюць сабою сонца і чалавечую радасьць.

Да нашага часу шмат якія падручнікі кажуць аб тым, што ў літвінаў паганскага часу існавала добра організованая жрэцкая іерархія, на чале каторай стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назву Крыве-Крывейта, каторы быў ня толькі першай духоўнай уладай у літвінаў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на кроніцы канца XIII сталецьця Пётры Дюсбурскага, у каторай, паміж іншым, гаворыцца: "У літвінскага народу Прусаў было такое месца, звалася яно Ромаў. Гэтая назва мае свой пачатак ад назвы вечнага гораду Рыму. Тут, як у Ромаве, жыў нехта Крыве, каторага яны паважаюць, як папу. Як пан наш папа кіруе агульнаю царквою верных, так Крыве кіруе ня толькі памянёным народам (прусамі), але і Летамі і другімі народамі зямлі Літоўскай. Улада яго мела такую моц, што калі сам ён ці хто другі, ім пасланы, праходзіў па зямлі літвінаў, то ўсе князі, знатныя людзі і просты народ рабілі яму вялікую пашану". Вядомы профэсар Мяржынскі даводзіць, што гэтаму паданьню, запісанаму ў кроніцы, нельга даваць веры. Справа ў тым, што паданьне аб Крыве маецца толькі ў аднаго Пётры Дюсбурскага, а ўсе другія гістарычныя крыніцы - як старэйшыя, так і сучасныя яму - нічога не гавораць аб Крыве і аб яго ўладзе. Найпэўней, самае слова "Крыве" хутчэй магчыма разумець як уласнае імя нейкага паважанага ў літвінаў жраца ці валхва, чым агульную назву асобы, меўшай такую вялікую моц і ўладу. Што датычыць падвойнай назвы "Крыве-Крывейта", то яе ў Пётры Дюсбурскага зусім няма; апроч таго, яна і немагчыма ў літоўскай мове, каторая наогул ня ведае такіх падвойнасьцяй. Параўнаўшы з паданьнем кронікі П. Дюсбурскага ўсе другія весткі аб літвінах таго часу, мы можам пэўна сказаць, што да пачатку XIII сталецьця ў Літве ня было і не магло быць адзінай дзяржаўнай улады. Зьмест паданьня аб Крыве-Крывейце ня можа быць пагоджаны з абставінамі жыцьця літвінаў таго часу.

Аб’яднанне Літвы

У канцы XII і ў пачатку XIII сталецьця сярод літвінскіх пляменьняў, раскіданых сярод лясоў і балот, пачынаецца нейкі концэнтрацыйны рух. Калі мы ўглядаемся, што вызвала гэты рух, то пабачым, што ён вынік як адказ на той уціск, каторы рыхтуецца ў гэты час на Літву з паўдня і ўсходу. Водлуг вестак рускіх летапісаў, на працягу XII сталецьця і раней на Літву йдуць досыць частыя паходы паўднёва-рускіх князёў. Так, напрыклад, вядома, што ўжо Ўладзімір Кіеўскі (так званы сьвяты) ня раз рабіў паходы на ятвягаў і некалькі раз перамагаў іх. Адзін з сыноў Уладзімера, добра вядомы Яраслаў Мудры, таксама не адзін раз хадзіў паходамі на Літву, карыстаючыся з неорганізованасьці яе насельнікаў. Для стратэгічных мэт, каб мець апорны пункт пры наступе ў Літву, Яраслаў пабудаваў на мяжы Літвы з Русьсю горад, каторы назваў Наваградкам. Асабліва, многа паходаў на тэрыторыю Літвы рабілі галіцка-валынскія князі.

Бліжэйшыя суседзі літвінаў на ўсходзе, палачане і іх князі, таксама ня раз урываліся ў зямлю літвінаў. Такая паступовая політыка была ў тыя часы, калі Полаччына была моцная і не разрывалася на кавалкі ад хатніх політычных і соцыяльных спрэчак, напрыклад пры Ўсяславе Чарадзеі. Але калі Полаччына аслабла ад бесьперарыўнага змаганьня з Кіеўшчынай і ад таго бязладзьдзя, якое ў ёй пачалося пасьля Ўсяслава, то, разумеецца, адносіны яе да Літвы сталі зусім іншымі. Наступ на захад павінен быў прыпыніцца. Асобныя князі і прадстаўнікі варожых у Полаччыне груп грамадзянства, пры павароце шчасьця не на іх карысць, павінны былі эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць для сябе новай лепшай долі на Літве. Воляю ці няволяю асядаючы тут, яны станавіліся як-бы правадырамі ў новую тэрыторыю тэй культуры і організацыі, каторая была ў пакінутай імі Полаччыне. Разам з уцекачамі прыходзіў на Літву і капітал і ваенная моц. Уцекачы-князі групавалі вакол сябе дружыньнікаў з літвінаў, знаёмілі іх з тэй ваеннай організацыяй, якая была добра знаёма ім самым. Часта, скарыстаўшы згрупованую імі літвінскую ўзброеную сілу, князі-ўцекачы вялі яе на барацьбу проціў Полаччыны. Адсюль толькі адзін крок да таго, каб літвіны бяз прызыву і без ініцыятывы прышлых князёў, па сваёй добрай волі і ахвоце пачалі мяшацца ў жыцьцё Полаччыны. Так яно і сталася з працягам часу: літвіны з пасыўнага матэрыялу рабіліся актыўным суседам Полаччыны. Прыходзячы ў Полаччыну і ўмешваючыся ў яе хатнія справы, літвіны яшчэ лепш і шчыльней маглі падыйсьці і звыкнуць да організацыі і культуры, якую бачылі ў Полаччыне.

Такім спосабам, паходы паўднёвых і асабліва заходніх рускіх князёў на Літву пачалі гуртаваць раскіданыя літвінскія пляменьні, каторыя павінны былі бараніцца і для гэтага гуртавацца. Поруч з гэтым Полацкая Русь рабіла культурны ўплыў на Літву праз сваіх эмігрантаў. Усё гэтае пачало на Літве організацыйны рух. Спачатку злажылася вайсковая організацыя і потым толькі організацыя накіравалася на дзяржаўны шлях.

У канцы XII сталецьця Літва ўжо выступае на гістарычную арэну. Яна ўжо робіць акуратныя паходы на Полаччыну, маючы на мэце прылучэньне да Літвы новых тэрыторый. Пачаўшы з абароны, яна потым перашла да нападу. Адзін з такіх момантаў нападу на Полаччыну апісвае пясьняр слова аб Ігаравым палку: "Мутна цячэ Дзьвіна ў палачан пад грозным клікам Літвы паганскай. Толькі адзін Усяслаў, сын Васількоў, пазваніў вострымі мячамі аб шаломы літоўскія, думаючы аб славе дзеда свайго Ўсяслава, але сам ён ужо ляжыць на крывавай руні, пад шчытамі чырвонымі, пацяты мячамі літоўскімі. Ня было з ім брата Брачыслава і другога брата Ўсевалада. Адзін ён выраніў душу з харобрага цела праз залатое ажарэльле". Як відна з гэтай выняткі, Літва часта мела ўжо перавагу над Полаччынай: Літва будавалася, Полаччына раскідалася.

Сьледам за вайсковаю організацыяй пачалася ў літвінаў, як мы казалі, організацыя дзяржаўная. Яна была таксама як-бы адказам на другі ўціск, уціск з захаду, з боку немцаў. Гэты ўціск на Літву пачаўся крыху пазьней.

Першы раз немцы зьявіліся ў утоку Заходняй Дзьвіны каля палавіны XII сталецьця. Існуе такое паданьне, што немцы пазнаёміліся з літоўскім краем і яго насяленьнем зусім выпадкова. Марская бура прыбіла сюды іх карабель, і з гэтага часу яны пачалі езьдзіць сюды ўжо па сваёй волі. Заявіліся немцы падобраму: бяз зброі, бяз шуму, ціха і згодна, як простыя гандляры, шукаючы карыснага памену. Праз нейкі час, разам з гандлярамі, прыехаў сюды сьвяшчэннік Мэйнгард. Лівонская кроніка так піша аб гэтым: "Названы сьвяшчэньнік (Мэйнгард) атрымаў дазвол ад полацкага караля Вольдэмара (Уладзімера), якому паганскія лівы плацілі дань, а разам з тым і падарункі ад яго, і, прапаведуючы хрысьціянства, пабудаваў царкву ў вёсцы Укэсколе (Уксэкуль). За ім пасьпяшылі зьявіцца і другія місыянэры. Трымаючы ў руцэ сакрамант і крыж, за пазухаю мелі яны добры камень для сваіх духоўных авечак". Гэта відаць з таго, што сьледам за царквою хутка тут ужо будуецца высокі, моцны замак, муры і вежы каторага пануюць над абшарамі акружных лясоў і балот. Гэты замак рабіў місыянэраў панамі ня толькі над душою, але і над целам мясцовага люду і даваў ім магчымасць мець ня толькі моральную, але й політычную моц.

Раней, калі літвіны і іх суседзі лівы бачылі ў прышлых людзях прапаведнікаў і пашырыцеляў новай веры, яны прыслухаліся да іх слоў і зварачалі нейкую ўвагу на новыя праўды. Але з цягам часу адносіны іх да гэтых людзей з крыжамі ў руках зьмяніліся. Мясцовыя жыхары сталі добра прыглядацца да чужынцаў і хутка пабачылі, што місыянэры ня так цікавяцца сваім духоўным уплывам, як пашырэньньем і ўзмацненьнем сваёй улады ў гэтым краі. Таму, хто прыняў вадохрышча, прышлося цяпер плаціць ня толькі дань полацкаму князю, але і дзесяціну каталіцкай царкве. Пасьля гэтага яны ня надта ахвотна сталі слухаць прапаведнікаў, а потым і зусім перасталі.

Праз нейкі час мы бачым, што ўжо ў Літве выбухаюць паўстаньні. Часта нямецкіх місыянэраў, разам з гандлярамі, праганяюць з краю. Літвіны і лівы, прыняўшы вадохрышча, пры першай магчымасьці зноў апускаюцца ў чыстыя воды Дзьвіны, змываюць з сябе хрысьціянства і адсылаюць яго па Дзьвіне назад да немцаў, адкуль яно і прышло. Калі на Захадзе даведаліся аб гэтым, то рымскі папа абвясьціў крыжовы паход на Лівонію і Літву, бо ў той час у Заходняй Эўропе якраз ішла эпоха крыжовых паходаў. Розныя клясы заходняга грамадзянства, дабіваючыся сваіх політычных і экономічных мэт, давалі матэрыял і грунт для гэтай эпохі. Пад знакам крыжа хаваліся політычныя і экономічныя інтарэсы ўдзельнікаў паходаў: рыцары шукалі новых фэодаў, гандляры - новых рынкаў, мужыкі-сэрвы - вольнага жыцьця, духавенства - новых парафій, якія-б плацілі яму дзесяціну і г. д. Гэты натоўп з далёкімі ад хрысьціянства мэтамі і інтарэсамі прышоў з Заходняй Эўропы ў Лівонію і Літву для пашырэньня рэлігіі Хрыста.

У 1200 годзе пры ўтоку Заходняй Дзьвіны ўжо зьяўляецца крыжовае апалчэньне, на чале якога стаіць будучы біскуп Лівоніі Альбэрт Буксгэўдзен. З крыжам, такім спосабам, на Літву прышоў меч. У 1201 годзе ў чатырнаццаці кілёмэтрах ад мора на Заходняй Дзьвіне Альбэрт закладае горад Рыгу, каторы робіць месцам сваёй катэдры. Біскуп добра разумеў, што на аднэй пропаведзі аперціся ня можна. Каб зьберагчы заснаваны горад, патрэбна была немалая ваенная сіла, якая абараняла-б яго. Каб утварыць яе, ён пачаў раздаваць у літоўскіх землях фэоды тым рыцарам, якія сюды зьяўляліся. Але гэтага было мала. Трэба было мець больш лік людзей і лепшую організацыю. Сучасная яму гісторыя паказала выхад. У гэтым-жа годзе ён засноўвае для Літвы і Лівоніі рыцарска-манаскі ордэн, падобны тым, якія заснаваліся ў Палестыне. Новы ордэн, атрымаўшы статут палестынскага ордэну тампліераў, пачаў называцца брацтвам хрыстовай дружыны (fratres miliciae Christi), a потым ордэнам мечаносцаў (qladiferi), ці Лівонскім. Відочная адзнака рыцараў-манахаў гэтага ордэну такая: белы плашч з чырвоным крыжам і мячом на плячох. Сябры ордэну атрымалі ад папы ня толькі абавязак пашырыць хрысьціянства, але й права ўладаць пакорнымі землямі залежна ад рыскага біскупа. Крыжам, мечам і агнём робяць яны сваю справу, рабацяць ліваў і літвінаў і сілком перарабляюць іх на хрысьціян. Каб лепш трымаць у сваіх руках новых каталікоў, яны муруюць моцныя замчышчы ў Крэйцбурзе, Дынабурзе, Волькэнбэрзе, Люцыне, Рэжыцы і г. д. Бяз страху седзячы ў мурох сваіх замкаў, яны зьнявольваюць, эксплёатуюць і германізуюць край ад паўночнай мяжы цяперашняй Ковеншчыны да Фінскай затокі і да Пскоўшчыны. Мясцовыя жыхары, згубіўшыя вольнасьць ці сілком пераробленыя на хрысьціян, падымаюць паўстаньне і гуртуюцца, каб мець магчымасць абароны ад уціску.

Крыху пазьней ад Лівонскага ордэну пры Бальтыцкім моры, паміж Нёмнам і Віслай, на землях літвінскага племя прусаў абсеўся другі духоўна-рыцарскі ордэн - Тэўтонскі. Зьявіўся ён сюды з Палестыны, дзе існаваў з часу трэцяга крыжовага паходу. Затрымацца ў Палестыне на далейшыя часы ён ня мог, бо там мусульмане пачалі праганяць крыжакоў. У такі цяжкі для ордэну момант да яго зьвярнуўся адзін польскі ўдзельны князь, гэрцаг Мазавецкі Канрад. Ен запрасіў да сябе рыцараў Тэўтонскага ордэну, каб яны баранілі яго землі ад нападаў літоўскага племя прусаў. Калі рыцары аселі на новыя месцы, пачалося іх змаганьне з прусамі. Барацьба была ўпартая і крывавая. Дзякуючы свайму ваяўніцкаму штукарству і добрай зброі ўрэшце тэўтонцы атрымалі верх. Прусы прымушаны былі часткаю выселіцца на паўднёвы ўсход, часткаю загінулі ў няроўнай барацьбе, часткаю зьліліся з немцамі. Літоўскі нацыянальны твар іх сьцёрся, а імя перашло да немцаў, каторыя зрабілі гэты літоўскі край сваёй колёніяй.

Палажэньне Лівонскага ордэну між тым пагаршалася. Апроч ліваў на яго напіралі суседзі рускія, якія мелі свой экономічны ўплыў на Літву і не хацелі ад яго адмовіцца. Ордэн разлагаўся і ўнутры ад адсутнасьці дысцыпліны. Людзі туды набіраліся сьпешна, без адбору. Мечаносцы сваім "манашацкім" жыцьцём праслаўляліся па ўсёй Эўропе. Ня бачачы ніякага паратунку для ордэну, яго магістар Вольквін прапанаваў Тэўтонскаму ордэну, каб той згадзіўся на зьліяньне мечаносцаў з ім. Пасьля перагавораў ў 1237 годзе абодва ордэны злучыліся, каб лепш змагацца з Літвою. Літвіны, устрывожаныя гэтымі суседзямі, пачалі з імі крывавую барацьбу, баронячы сваю народнасьць. Пэўна, што і літоўскім пляменьням трэба было злучацца ў адно моцнае гаспадарства, каб цалкам не загінуць у гэтай барацьбе.

Такім спосабам, самае жыцьцё прымушала літвінскія пляменьні да аб'яднаньня. З двох бакоў былі яны сьціснуты сваімі суседзямі. З аднаго боку, з усходу, напіралі на іх рускія славяне, с другога боку, з захаду, ішоў гвалтоўны нямецкі ўціск. Літоўцам, у адказ на гэты двухбочны націск, прышлося гуртавацца. Раней яны гуртуюцца ў ваенныя сувязі, пазьней з гэтых сувязяў вынікае грамадзянская і дзяржаўная організацыя. Організуючы адпор сваім заходнім і ўсходнім суседзям, літвіны падаліся некалькі на ўсход, бо славяне былі слабейшыя ад немцаў: літвіны рушыліся ў бок меншага супраціўленьня. Спаткаўшыся з полацкімі славянамі ўжо на славянскай тэрыторыі, літвіны аказаліся з політычна-організацыйнага боку мацнейшымі і пачалі творчую працу ў Полаччыне. Так пачаўся пэрыод супольнага жыцьця ў адным гаспадарстве літвінаў і Полацкай Русі, пэрыод Літоўска-Беларускага гаспадарства.

Будаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XII сталецьці

У другой чэцьверці XIII сталецьця, больш-менш каля часу злучэньня двух нямецкіх ордэнаў, летапісы часта пачынаюць гаварыць і выдзяляць з другіх літоўскіх кунігасаў аднаго кунігаса Мэндаўга. Яны яго адзначаюць як мацнейшага і заможнейшага ад усіх літвінскіх князёў. На падставе летапісных даных мы можам судзіць, што ён ужо ад свайго бацькі Рынгольта атрымаў значныя сілы для барацьбы з сваімі супернікамі. Пад 1236 годам у Валынскім летапісе Мэндаўг ужо лічыцца галоўным князем і прадстаўніком інтарэсаў усёй Літвы. Ліўземская кроніка, апісваючы на сваіх радкох пад 1244 годам адзін з многіх наскокаў літвінаў на лівонскіх рыцараў-крыжакоў, гаворыць, што зямлю лівонскую зусім спустошыла літоўскае войска, якое налічвала ў сваім складзе да 30 тысяч чалавек, і што на чале яго стаяў Мэндаўг, "магутны кароль літоўскі". Гэтыя частыя паўторныя весткі летапісаў і кронік трэба разумець так, што Мэндаўг быў проста старшым над кунігасамі і меў пяршынства ў некаторых ваяўніцкіх справах. Адначасна з гэтым мы бачым, што малодшыя князі далёка яшчэ ня згубілі сваёй незалежнасці. Летапісы адзначаюць ня раз, што кунігасы маюць поўную магчымасць вясьці сваю асобную політыку як у ваяўніцкіх, так і ў грамадзянскіх справах. Так, напрыклад, вядома, што ў 1246 годзе, ня гледзячы на тое, што паміж Валыньню і Мэндаўгам была поўная згода, ішла вялікая бойка паміж валынскім вялікім князем і адным з літоўскіх князёў па імені Айшвна. I гэтая бойка зусім не парушыла згодных адносін паміж Валыньню і Мэндаўгам. Мэндаўг зусім ня лічыў сваіх інтарэсаў закранутымі ў гэтым выпадку.

Пачынаючы з 1248 году кірунак улады Мэндаўга зьмяняецца. Ен ужо не здавальняецца значэньнем першага князя паміж незалежнымі літоўскімі кунігасамі. Ен прагнецца быць поўным гаспадаром усёй Літвы. Дзеля гэтай пастаўленай сабе мэты ён энергічна вядзе барацьбу з тымі князямі, каторыя ўпарта хочуць захаваць сваю незалежнасць. Барацьба была няўпынная і крывавая. Мэндаўг ня спыняецца ні перад чым. Шмат дробных князёў, нават блізкіх родзічаў і сваякоў яго, загінула ў гэтай бесьперарыўнай барацьбе ад рук Мэндаўга.

Адначасна з гэтым Мэндаўг накладае сваю цяжкую руку на незалежнасць суседніх княстваў Полацкай Русі. Карыстаючы з таго агульнага перапалоху, каторы зрабілі на Русі татары, ён захватвае так званую Чорную Русь, тэрыторыя каторай займала правыя прытокі Нёмну. Тут ён атрымаў уладу над ніжэйпаданымі гарадамі: Наваградкам, Слонімам, Горадняю, Ваўкавыскам і г. д. Яго падручныя князі ў гэты самы час зацьвярдзіліся ў самым Полацку. Сталіцаю свайго гаспадарства Мэндаўг зрабіў Наваградак.

Такім спосабам Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся ў сваёй будоўлі толькі на адных літвінаў ён ня можа. Племя літвінаў было невялікае, апроч таго, у ім ня было культурнай моцы. Трэба было прыцягнуць да дзяржаўнай творчасьці полацкае грамадзянства. Толькі яно было тым элемэнтам, з каторага можна было чэрпаць і збройную сілу і організацыйна-культурную традыцыю, каторая была надта патрэбна для маладога, чуць пачынаўшага сваю організацыйную працу гаспадарства. I трэба зазначыць, што Полацкая Русь пэўна дала новаму гаспадарству свае парадкі, звычаі, установы і культуру.

Найбольш пагражалі новаму гаспадарству заходнія суседзі - крыжакі. Часам здавалася, што малады дзяржаўны організм ня вытрывае заходняга націску. Крыжакі карысталі з кожнага выпадку, каб умяшацца ў хатнія справы Літвы і Беларусі. Змагацца з імі зброяю яшчэ ня было магчыма. I Мэндаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі прывядзе гаспадарства да гібелі, Стрымліваў іх, робячы ім усялякія ўступкі і пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён прыняў нават у 1250 годзе вадохрышча. Само сабою разумеецца, што гэта вадохрышча мела выключна толькі політычны кірунак і "было льстіво", як кажа летапісец. Перамяніўшы сваю веру і зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мэндаўг у сваёй істоце ніколькі не перамяніўся. Ен, як і раней, прыносіў ахвяры сваім старым паганскім багом, верыў сваёю старою вераю: выходзячы на паляваньне, ён заўжды, як і раней, асьцерагаўся і баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі, а калі гэта бывала, то ён варочаўся да хаты.

Праз нейкі час выявілася ўсё-ж такі, што гэтае "льсьцівае" вадохрышча не забясьпечыла Літвы ад нападаў немцаў, каторыя, як і раней, не давалі Мэндаўгу спакою. Абачыўшы гэтае і пераканаўшыся, што дабром ад крыжакоў нічога не дабіцца, ён зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага нямецкімі нападамі народу і так разьбіў ордэнскія войскі, што яны доўгі час памяталі гэтую навуку і ўстрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя літоўскія князі былі вельмі нездаволены самаўладзтвам Мэндаўга. Мясцовыя сэпаратыўныя пажаданьні падтрымлівалі іх настрой. Ня маючы ўсё-ж такі моцы адкрыта, са зброяю ў руках, змагацца з Мэндаўгам, яны ўчынілі патаемную змову. Золата адчыніла ім моцна замкнутыя дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнімі сынамі. Так скончылася першая самаўладная спроба пабудаваць Літоўска-Беларускае гаспадарства.

Забіўшы Мэндаўга, змоўцы пачалі дзяліць захопленую ўладу паміж сабой. Тым ня менш, кожны з іх разумеў, што грунтоўным кірункам політычнага жыцьця Літвы і Белай Русі зьяўляецца злучэньне ўсіх зямель. Кожны з іх лічыў, што выкананьне гэтай мэты павінна быць зроблена яго рукамі і што будучае першае месца ў гаспадарстве павінна быць за ім. Зноў пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог выцярпець цяжару вярхоўнай улады Мэндаўга.

У пачатку ўладу атрымаў адзін з супернікаў, князь Таўцівіл. Праз нейкі час мы бачым на чале маладога гаспадарства жмудзкага князя Страйната. Але і ён ня змог доўга ўтрымаць уладу ў сваіх руках. Скора яго пасаду займае дастойны свайго бацькі, старэйшы сын Мэндаўга, хітры і дыплёматычны Вайшэлак.

Яшчэ ў той час, як жыў на сьвеце Мэндаўг, Вайшэлак па даручэньні бацькі кіраваў, як намеснік, у Наваградзкім княстве і ў Чорнай Русі, каторая групавалася навакол Наваградку. Ен быў падобен на свайго бацьку і па тэй мэце, якую паставіў перад сабою: утварыць усімі спосабамі ў Літве аднаўладзтва, узяўшы ўладу ў свае рукі.

Летапісец так малюе Вайшэлка ў той час, калі ён быў князем-намесьнікам у Чорнай Русі: "Вайшэлак кожны дзень забіваў па тры ці па чатыры чалавекі. Калі ў які дзень яму ня было здарэньня забіць каго-небудзь, то ён рабіўся вельмі сумным і засмучаным, а калі ён каго забіваў, то быў надта рады".

Як прачытаеш гэтую кароценькую летапісную вестку, то здаецца, што Вайшэлак быў якімсьці лютым, дзікім зьверам, каторы карміўся чалавечым мясам і крывёю. Зразумела, што сапраўды гэтага быць не магло. Усё-ж такі летапіснае паданьне дае нейкую адзнаку таго, што тварылася ў тыя часы. Трэба думаць, што былі пэўныя і грунтоўныя прычыны, каторыя прымушалі Вайшэлка, як і Мэндаўга, праліваць кроў і рабіць забойствы. Ен быў занадта разумны і хітры для таго, каб бяз прычыны і бяз мэты займацца людзкім забойствам. Справа ў тым, што Вайшэлак падтрымліваў бацькоўскую ідэю аднаўладзтва. Пэўна, што трэба было дапамагчы свайму айцу зламаць ворагаў аднаўладзтва, якіх, мы ведаем, было ня мала. Калі мы зьвернем увагу на ўсё гэтае, то зразумеем, што Вайшэлак рабіў забойствы не дзеля свайго капрызу, а дзеля політычнай мэты.

Некалькі раней, калі была спрэчка паміж галіцкім князем Данілай Раманавічам і Мэндаўгам, літоўскі князь, жадаючы згоды, паслаў дзеля гэтай справы ў Галіччыну Вайшэлка. Вайшэлку ўдалося дабіцца згоды. Потым ён застаўся жыць у м. Холме ў Галіччыне, мабыць дзеля таго, каб падтрымаць згоду. Гэтая дыплёматычная місія яму ўдалася. Згода была ўзмоцнена выданьнем'замуж сястры Вайшэлка за сына Данілы - Шварна. Князяваньне над Чорнай Русьсю, а таксама жыцьцё ў Галіцкай Русі зрабілі з Вайшэлка прыхільніка рускай нацыі, культуры і праваслаўнай веры. Раней паданьне не шкадавала чорнай хварбы, калі давала малюнак паганскага жыцьця Вайшэлка. Цяпер яно таксама не шкадуе ружовай хварбы, малюючы Вайшэлка ў хрысьціянстве. Паданьне кажа, што, жывучы ў Галіччыне, Вайшэлак пазнаёміўся з адным ігумэнам Грыгорам, такім сьвятым чалавекам, якога, водлуг паданьня, "ня было раней і ня будзе пазьней". Гэты сьвяты ігумен меў такі ўплыў на літоўскага сярдзітага князя, што ён зрабіўся сьвятым чалавекам. Вайшэлка стала грызьці сумленьне за ўсе тыя забойствы, каторыя ён утварыў раней, калі быў у паганскім стане. Ен прыняў вадохрышча, не здаволіўшыся гэтым, ён потым зрокся мірскога грэшнага жыцьця і прыняў манашацкі пострыг. Тры гады пражыў Вайшэлак у Галіччыне пад кіраўніцтвам ігумена Грыгора, але яму ўсё жадалася сьвяцейшага жыцьця. Даведаўшыся, што гэтае жыцьцё можна знайсьці на Афоне, ён паехаў туды. Да Афону з нейкіх прычын яму не давялося дабрацца, і тады ён вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут, недалёка каля Наваградку, ён заснаваў манастыр, дзе і жыў, як просты, звычайны манах. Мэндаўг, каторы ў той час быў жывы, гневаўся на сына, што ён замест таго, каб дапамагаць бацьку ў політычных справах, зачыніўся ў манастыры, але Вайшэлак быў цьвёрдым і астаўся манахам,

Так кажа летапіснае паданьне. Але далейшыя падзеі прымушаюць нас крыху іначай тлумачыць хрысьціянскі настрой Вайшэлка.

Нам, напрыклад, вядома, што калі Мэндаўг быў забіты загаворшчыкамі, Вайшэлак уцёк да Пінску і тут жыў зусім бязбоязна, пакрыты манашацкай расай і клабуком. Манашацкі сан даваў паратунак ня столькі яго грэшнай душы, колькіцелу. Алекаліпрышоў зручны момант пасьля сьмерці Таўцівіла, калі Вайшэлак зрабіўся мацнейшым ад сваіх ворагаў, ён адразу без ваганьня скінуў з сябе расу і згрупаваў каля сябе беларускія хрысьціянскія масы, каторыя падтрымлівалі яго, забраў Наваградак і абвясціў сябе вялікім аднаўладным князем у гаспадарстве. Пачалася крывавая расправа з тымі князямі, каторыя былі ворагамі яго бацькі і організавалі яго забойства, таксама і з тымі, каторыя былі ў варожых адносінах да яго самога. Адных ён пазабіваў і пасаджаў па турмах, а другія павінны былі пакінуць бацькаўшчыну і ўцякаць у чужаземныя краі. Вялікаю цаною, але ўсё-ж такі зноў у Літве і Беларусі было дасягнута самаўладзтва.

Пасьля вышэйпаданага мы чакаем, што Вайшэлак, забясьпечыўшы за сабою ўладу, будзе берагчы яе і ўзмацняць. Аднак-жа гэтага ня сталася. Па невядомых нам прычынах праз нейкі час Вайшэлак кінуў усе справы, зноў адзеў манашацкую расу і пакончыў сваё жыцьцё ў адным з манастыроў. ,

А ў Літве і Русі зноў пашлі спрэчкі паміж асобнымі князямі, каторыя змагаліся за вярхоўную ўладу. I так ішла справа праз увесь канец XIII сталецьця, пакуль уладу ў гаспадарстве ня ўзяў у свае рукі ў 1293 годзе Вітэн. Вітэн разам з братам і наступнікам сваім Гэдымінам ужо надобра збудавалі моцнае і вялікае Літоўска-Беларускае гаспадарства.

Асноўныя моманты жыцьця новага гаспадарства

У XIV сталецьці і далей новае Літоўска-Беларускае гаспадарства стаіць ужо на цьвёрдых нагах. Нават з падручнікаў дарэвалюцыйнага часу нам добра вядомы такія іменьні, як: Вітэн (1293-1316), Гэдымін (1316- 1341), Альгэрд (1345-1377) і Кэйстут (1345-1379), Ягайла, Вітаўт і г. д. Даваць дакладную характарыстыку справаваньня гэтых гаспадароў мы ня будзем, бо гэта ня ўходзіць у нашыя заданьні. Мы толькі пастараемся адзначыць галоўныя, асноўныя моманты політычнага жыцьця дзяржавы, каторыя дадуць як-бы агульны тон і кірунак для далейшай гісторыі Літоўска-Беларускага гаспадарства ў гэты пэрыод.

Новая дзяржава з самага пачатку і далей групуе ў адзін організм літоўскую і заходня-рускія землі. Пачынаючы з часу Гэдыміна, сталіцаю гаспадарства, заместа Наваградку, стала Вільня пры ўтоку рэчкі Вілейкі ў Вільлю. Месца было выбрана зручнае. Тут якраз праходзіў гандлёвы шлях з паўдня ў Бальтыцкае мора. Апроч таго, рэчка Вільля злучала ўсходнія землі з заходняй часткаю Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Вільня пабудавалася на стыку гэтых двух шляхоў і зрабілася моцным экономічным і політычным цэнтрам дзяржавы. Тут-жа быў і рэлігійны цэнтр паганскай Літвы, перанесены сюды ў 12-м сталецьці з Ромава. Тут у даліне Сьвентарога быў пабудаваны храм бога Пяркунаса і гарэў для літвінаў сьвяты агонь "зьніч".

Што датычыць гораду Полацку, то ён разам са сваёю воласьцю яшчэ пры Вітэне, ратуючыся ад немцаў, у 1307 годзе паддаўся пад уладу літоўскага гаспадара. У пачатку выканаўчую ўладу там мелі намесьнікі гаспадара пры законадаўчай уладзе веча, што засталося ад старажытных часоў; потым на полацкім пасадзе сядзелі малодшыя браты ці сыны гаспадара. З гэтага часу Полацак ужо даволі моцна закрапіўся за Літвою. За Полацкам прышоў чарод і да Віцебску, каторы яшчэ ў ранейшыя часы абасобіўся ад Полацку ў незалежнае княства. Апошні віцебскі князь, ня маючы насьледнікаў па мужчынскай лініі, аддаў сваю дачку за сына Гэдымінавага, Альгэрда. Па сьмерці цесьця Альгэрд зрабіўся віцебскім князем і, разумеецца, быў у залежнасьці ад бацькі свайго Гэдыміна. Хутка ўвашоў у склад йовага гаспадарства і наш Менск са сваёю воласьцю. У летапісе пад 1326 годам ёсьць вестка, што ў Ноўгарад прыходзілі пасланцы ад Літоўска-Беларускага гаспадара. Паміж імі названы і Васіль, князь менскі. Выходзіць, што яшчэ да гэтага часу тэрыторыя Меншчыны увашла ў склад новай дзяржавы, калі ў 1326 годзе мекскі князь быў ужо адным з падручных князёў Літоўска-Беларускага гаспадара. Магчыма думаць, што каля гэтага самага часу ці, можа, некалькі раней зрабіліся залежнымі ад Літвы княствы Лукомскае і Друцкае. Каля гэтага-ж часу маладое гаспадарства ўключыла ў склад сваёй тэрыторыі Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй палавіне насіла назву Падлясься.

Пасьля сьмерці Гэдыміна тэрыторыя гаспадарства ўсё пашыраецца, уключаючы ў свой склад тэрыторыі, населеныя заходнімі рускімі славянамі. У часы Альгэрда і Кэйстута, наступнікаў Гэдыміна, да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласць з Валыньню і Падольлем. Трэба зазначыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку XIV сталецьця ня была падобна на тую багатую, моцную і магутную Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала і нішчыла з такою заўзятасьцю тэрыторыю Полаччыны. Кіеўшчына ў гэтыя часы сама была зруйнована і зьнішчана дашчэнту як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых стэпнякоў-манголаў - раней полаўцаў, а потым татар. Слава і багацьце вялікага князя кіеўскага зьніклі. Ен зрабіўся адным з тых маленькіх паўднёвых князькоў, каторыя ледзьве-ледзьве трымаліся, апіраючыся на нязначную жменьку рускіх насельнікаў, пазасталых у стэпу, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татар. "Маці гарадоў рускіх", паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа заселены раней Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Карпіні, каторы, праязджаючы па паўднёва-ўсходнім краі, бачыў у гэты час, паміж іншым, і Кіеў, налічыў у ім ня больш як 200 хат. У 1300 годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрополіт "усяе Русі" Максім, шукаючы смачнейшага кавалку хлеба, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, дзе пачаў будавацца маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, вышлі і мацнейшыя князі і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для сваёй працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей кіеўскі нязь ня мог тут трымацца як самаўладны, незалежны ўласнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя літоўска-рускага, каторы меў абараняць поўдзень ад татар.

He здавальняючыся паўднёвымі рускімі валасьцямі, Альгэрд прагнуўся зацьвердзіць свой політычны уплыў на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам політыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі таксама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго, Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно прагнулася схіліць ў свой бок, напрыклад, Цьверскае княства, падтрымліваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе, рос моцны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была таксама, як і Масква, бараніць сваё гаспадарства ад татар. Яшчэ амаль што за 20 год да вядомай нам Кулікоўскай бітвы ў 1362 годзе Літоўска-Беларускае гаспадарства, злучыўшы ўсе свае сілы, вышла на спатканьне татар на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасць, татары былі разьбіты і, пакінуўшы яа месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Пад уплывам страху, татары доўга сюды ня прыходзілі, і паўднёва-заходнія землі такім спосабам мелі цяпер магчымасць экономічна і культурна разьвівацца, забясьпечаныя ад паўднёвага ворага.

Такім спосабам, з быўшых раскідных заходня-славянскіх зямель у злучнасьці з Літвою злажылася гаспадарства. У гэтым гаспадарстве на кожным кроку мы бачым працу беларускага жыхарства. З гандлёвай Полаччыны прышоў сюды капітал і пачаў зноў зьбіраць для эксплёатацыі працу мазольных рук. Вясковая старажытная Літва будуе ў сябе гарады, і яны пачынаюць жыць жыцьцём старых гарадоў Полаччыны і Кіеўшчыны. Некаторыя з гарадоў акружаюцца мурамі, узмацняюцца замчышчамі. Войскі гаспадарства добра ўзброены і добра ведаюць ваяўнічае штукарства, каторае таксама прышло сюды з Полаччыны. Жыхары маюць добрую організацыю. Нам, напрыклад, вядома, што яны бароняць свае гарады па чарзе, праз колькі месяцаў кожная група. Яны ня толькі служаць у войсках гаспадара, але складаюць іх значную частку. Ім, як найбольш культурнаму элемэнту, даручаецца каманда над вайсковымі часткамі і абарона ад ворагаў меж гаспадарства. Яны кіруюць ад імя гаспадара як асобнымі гарадамі, так і цэльнымі тэрыторыямі. Ім дапаручаюцца такія справы, дзе асабліва патрэбна адукацыя і спрыт, напрыклад зносіны вялікага княства з суседнімі гаспадарствамі. Адным словам, мы бачым, што беларуская частка жыхарства, як найбольш культурны элемэнт, займае пачэснае месца ў політычных і грамадзянскіх справах гаспадарства. Ідзе даволі згоднае сужыцьцё паміж двума народамі. У Літоўска-Беларускім гаспадарстве кіруе гаспадар-літвін, а пануе асьвета і культура беларуса. Есьць нават такая думка, што гаспадары дзяржавы ня былі прыроднымі літвінамі, а потомкамі тых князёў Полацкай Русі, каторыя раней, у канцы папярэдняга пэрыоду, уцякалі ў Літву ад бязладзьдзя, якое настала ў Полаччыне. Ня ўходзячы ў разгляд гэтай думкі, мы ўсё ж такі павінны адзначыць, што самі гаспадары княства лічылі сябе літвінамі. Гэтае літвінскае самапачуцьцё ня было, аднак-жа, шовіністычным. Усе яны добра ведаюць беларускую мову, некаторыя з іх прымаюць усходнюю хрысьціянскую веру і бяруць шлюбы з рускімі княжнамі. Беларуская мова пануе ня толькі ў палацы вялікага князя, але і сярод грамадзянства. Дзяржаўныя пастановы выдаюцца раней ў дзьвюх мовах, а потым амаль што выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічачы сябе літвінам па нацыі, прызнаваў, што ён, як дзяржавец, ёсьць прадстаўнік тэй і другой нацыі. У офіцыйных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом літвінаў і русінаў (rex Litvinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэція часткі яго зямель былі беларускія.

Ня гледзячы на тое, што ў літвінаў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-славянская, абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму богу. Гэдымін, адказваючы на адну з пропозыцый рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: "Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам - па іх звычаі, паляком - па іх. А мы, літвіны, будзем маліцца па нашым звычаі, бо ўсе мы паважаем аднаго бога". Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV сталецьця болын як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элементаў, як паганская вера; аб гэтым жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то літвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, нават іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую.

Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудована больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго існаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянстве йшла клясавая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго, ня было забясьпечаньня ад хатняй калатні паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэтае прыводзіла да таго, што не існавала ў. Полаччыне ніякіх перашкод для новага концэнтрацыйнага руху, каторы йшоў збоку Літвы і яе гаспадара. Асобныя воласьці і гарады самахоць прызналі новую ўладу і глядзелі на яе як на пажаданую ўладу.

Як на выключэньне, можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літоўска-Беларускага гаспадарства ваяўніцкім шляхам. Але і тут ня было дружнага адпору. Яшчэ раней у Смаленску была грамадзянская партыя, каторая спачувала і цягнула да Літвы. Прадстаўнікі гэтай партыі адчынілі гарадзкую браму літоўска-рускаму войску, і яно амаль што без перашкод і збойства ўвашдо і заняло Смаленск.

Наогул можна сказаць, што насельнікі быўшай Полацкай дзяржавы бяз протэсту прынялі ўладу новага гаспадара, каторы прыносіў з сабою абарону ад моцных суседзяў і даваў спакой і адпачынак ад міжусобнай хатняй барацьбы.

Нам вядома, што ў гісторыі полацкага пэрыоду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Яно было тым цэнтрам, дзе групаваліся экономічныя і політычныя інтарэсы воласьці і гораду. Новая дзяржаўная ўлада, якая організавалася ў Полацкай Русі, не нарушыла гэтай старажытнай, агульнарускай ідэі народапраўства. Наадварот, зьбірацелі заходняй часткі рускага племя, літоўскія вялікія князі, асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат Літоўска-Беларускіх гаспадароў, якія даваліся імі асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія вельмі цікавыя словы: "Гаспадар старыны не нарушае і навіны ня ўводзе". Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уходзячы ў склад новага гаспадарства, не адходзіла ад сваіх старых традыцый і зьберагала свой твар. Ніякай ломкі хатніх звычаяў яна не перажывала.

Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, дзе навокала Масквы таксама пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы - усходняй, Маскоўскай Русі. Масква, зьбіраючы Русь, паступова і няўхільна касуе на сваіх абшарах старарускую ідэю народапраўства. Тут увесь час будзе расьці моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць цьвёрды грунт для бязупыннай сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, змушаная ўвайсьці ў склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе згубіць свой асабісты твар, свае старажытныя звычаі і традыцыі. Маскоўскае самаўладзтва сваёй цяжкаю рукою будзе касаваць тэрыторыяльную індывідуальнасць абласьцей і будзе будаваць цэнтралістычную дзяржаву з абсолютнаю ўладаю монарха.

He касуючы праў веча і старарускай ідэі народа-праўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе прагнуцца скасаваць уладу асобных маскоўскіх князёў. Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасад, але яны павінны прызнаць як-бы васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, дзе пасады заставаліся з якіх-небудзь прычын пустымі, гаспадар садзіў як князёў, намесьнікаў сваіх родзічаў і сваякоў, каторыя таксама рабіліся васаламі вялікага князя.

Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў

Важнейшаю з надворных спраў Літоўска-Беларускага гаспадарства ў гзтыя часы было змаганьне з нямецкімі ордэнамі. З IX, асабліва з X сталецьця, пачынаецца вялікі рух германскага племя на ўсход.

Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, бальтыцкіх славян, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Сталецьце за сталецьцем ішоў гэты націск немцаў, і славяне адышлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, на берагох Бальтыцкага мора, нямецкі націск быў мацнейшым. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе значэньне і ў тыя і ў нашыя часы морскага берагу. Над Бальтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў-тубыльцаў і, ідучы берагам на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі і літвінамі. Літвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску і, каб абарона была мацнейшай, пачалі організоўвацца. Так збудавалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося стрымліваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз сталецьці. Ужо Мэндаўгу трэба было бараніцца; ён бараніўся, як мог,- дзе мечам, дзе хітрасьцю. Toe самае рабіў і Гэдымін. Чаета, ня маючы магчымасьці ўзяць верх над немцамі сілаю мяча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гэдыміну прыняць вадохрышча па заходнім абрадзе. Гэдымін з пробы Мэндаўга ўжо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Наадварот, літоўская ўлада за ранейшы час магла пераканацца, што каталіцтва якраз было тэю сьцежкаю, катораю ішлі політычныя жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў пропозыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў паслонцом папы так: "Калі я меў намеры калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку, але я гэта сказаў дзеля таго, што папа старэйшы ад мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых ад мяне люблю, як сыноў. На самай справе я гаварыў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам - па іх звычаі, палякам - па іх. Саміж мы будзем маліцца богу па нашым звычаі, бо ўсе мы вызнаём аднаго бога". Барацьба з крыжакамі пры Гэдыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі раз літвінам удавалася браць над імі верх, але, наогул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. Крыжакі мелі ўжо агнястрэльную зброю, якой яшчэ ня ведалі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве. У барацьбе з крыжакамі загіб і сам Гэдымін. Пад 1341 годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гэдымін загінуў пры абароне аднэй літоўскай крэпасьці, паранены крыжацкаю куляю.

У часы Альгэрда і Кэйстута амаль што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кэйстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы замест вялікіх паходаў робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны літвіны чакаць неспадзяванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя, на добрых конях урываюцца раптам у сумежныя з ордэнскімі літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б'юць жыхароў альбо бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы быдла і цягнуць маёмасьць. Часам у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 год князяваньня Альгэрда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля сотні такіх паходаў збоку немцаў і трыццаці паходаў збоку Літоўска-Беларускага гаспадарства. Крыжакі мелі звычай рабіць больш дробныя рэйзы, але затое часьцей.

Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы, і Літва на межах муруюць моцныя замкі і руйнуюць пабудованыя замкі адны другіх. Наймацнейшым з літоўскіх замкаў таго часу быў замак ў Коўне. Многа раз падступаліся немцы да замку, многа раз прагнуліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглы чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нярухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы літвінаў на помсту немцам за іх бязупынныя рэйзы на Літву. Толькі сабраўшы вялікія ўзброеныя сілы і запрасіўшы на дапамогу суседніх і чужаземных рыцараў, немцы забралі, урэшце, гэты грозны, стойкі замак, ці, лепш кажучы, яго руіны, бо літвіны толькі тады перасталі яго абараняць, калі ён быў зусім ужо зруйнованы. Але і пасьля гэтага нямецкія рыцары ня доўга панавалі тут. Прашоў год, прашоў другі, і літвіны зноў, недалёка ад руін, з вялікаю стараннасьцю і мастацтвам пабудавалі новы замак, каторы быў ня менш моцны ад старога. Крыжакі зруйнавалі і гэты замак, але ён зноў быў адноўлены, і немцы больш не маглі зніштожыць яго. На гэтым прыкладзе мы бачым, з якою творчасьцю, зацятасьцю вялася барацьба з абодвых бакоў.

He заўеёды так добра і пасьпешна йшла барацьба. Калі распачыналіся хатнія спрэчкі, Літоўска-Беларускае гаспадарства ня толькі не рабіла наступаў на крыжакоў, але само замешвала іх у свае дамовыя справы. Так рабілі, напрыклад, Кэйстут і Ягайла, каторыя зьвярталіся да крыжакоў, шукаючы іх дапамогі ў барацьбе за вялікакняжацкі пасад. Крыжакі ахвотна адклікаліся на гэтыя прызывы і ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць моц шкадлівага для іх суседняга гаспадарства. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю, каб змагацца са сваім упартым ворагам.

Змаганьне з немцамі было, паміж іншым, аднэй з прычын дынастычнага злучэння Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам польскім у 1386 годзе. I трэба згадзіцца з тым, што гэтае злучэньне было надта шкадлівым для нямецкіх ордэнаў. У 1410 годзе літоўска-беларускі гаспадар Вітаўт, разам з польскім каралём Ягайлам, даў немцам рашучую бітву пад Танэнбэргам ці Грунвальдам у Прусіі. Ордэнскае войска складалася з 80 тысяч, войскі саюзьнікаў - з 150 тысяч. Лічэбная перавага арміі была на старане Літоўска-Беларускага гаспадарства. Затое крыжацкае войска было лепш узброена і організована; яно мела нават артылерыю, якой ня было ў літоўцаў, беларусаў і палякоў. У бітве прымаў удзел і вялікі лік беларускага войска. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну тут быў добра вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны чэскі правадыр і дзеяч часу гусыцкіх войн. Бойка пачалася раніцою 15 чэрвеня. Літоўска-беларускія войскі былі пастаўлены на правым фланзе. Доўга біліся і ніяк ня мог выявіцца рэзультат бою. Толькі пад вечар дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў немцы пачалі бегчы і масамі кідаць поле бою. Страты з нямецкага боку былі не малыя: рыцараў было збіта каля 30 тысяч, са зброяю ў руках загінуў і сам магістар ордэну. Само сабою разумеецца, што радасьць ад перамогі была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца відны пералом у бесьперарыўным змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з нямецкімі ордэнамі. Сілы немцаў пачынаюць усё слабець. У 1466 годзе нават канчаецца зусім незалежнае існаваньне Тэўтонскага ордэну, каторы пачаў раскідацца. Вялікі магістар ордэну, пабачыўшы, што няма магчымасьці далей існаваць, павінен быў прызнаць сябе васалам польскага караля і літоўска-беларускага гаспадара Казімера IV.

Вунія Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай 1386 г.

Па сьмерці Альгэрда ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве пачынаецца бязладзьдзе. У свае часы Альгэрд быў жанаты два разы: першы раз на Марыі Віцебскай, другі раз - на Ульляне Цьверскай. Ад тэй і другой жонкі засталіся сыны. Паміж гэтымі дзьвюма галінамі Альгэрдавага роду яшчэ пры жыцьці Альгэрда йшло суперніцтва. Пасаду вялікага князя Літвы і Беларусі заняў Ягайла, старэйшы з сыноў Альгэрда ад другой жонкі Ўльляны Цьверскай. Тым, што Ягайла, ня будучы самым старэйшым, заняў пасаду гаспадара, былі нездаволены яго старэйшыя браты, сыны першай жонкі Альгэрда, Марыі Віцебскай. Яны, ня хочучы падацца Ягайле, зьвярнуліся за дапамогаю да Масквы, дзе ў гэты час быў вялікім князем вядомы нам Зьмітры Данскі.

Што датычыць да Кэйстута, малодшага Альгэрдавага брата, то ён, з аднаго боку, шануючы ідэю еднасьці гаспадарства і, з другога боку, лічачы патрэбным падтрымліваць ідэю законнасьці волі памёршага вялікага князя Альгэрда, каторы назначыў сваім наступнікам Ягайлу, ня выходзіў з паслушэнства свайму пляменьніку, каторага прызнаў формальна вялікім князем. Каб падтрымаць яго парушаны аўторытэт і даць другім князём прыклад паслушэнства вялікаму князю, ён нават у паложаны час езьдзіў у Вільню да Ягайлы на пасяджэньне вялікакняжацкай рады, як і раней езьдзіў у раду да свайго старэйшага брата Альгэрда.

Аднак-жа гэтыя добрыя адносіны паміж Ягайлам і Кэйстутам хутка перарваліся з віны Ягайлы. Ягайла вельмі баяўся аўторытэту і популярнасьці свайго дзядзькі і, скарыстаўшы дробнае здарэньне, пачаў з ім барацьбу. Два разы зьвяртаўся да крыжакоў Ягайла, каб з іх дапамогаю перамагчы Кэйстута і зрабіць яго бясьпечным для сябе. Узяўся за зброю і Кэйстут. Ня гледзячы на дапамогу крыжакоў, Ягайла быў разьбіты. Каб забясьпечыць сябе ад суперніцтва Кэйстута, ён пашоў на вераломную хітрасьць. Адзін раз ён запрасіў Кэйстута з сынам яго Вітаўтам у свой абоз, быццам для таго, каб абгаварыць з імі ўмовы для паляпшэньня далейшых адносін. Кэйстут з сынам не зразумелі сапраўднай падкладкі гэтага запрашэньня і паехалі. Як толькі яны зьявіліся на месца спатканьня, бяз войска і бяз зброі, неспадзявана іх схапілі, закавалі ў моцныя ланцугі, патаемна завезьлі ў Крэва (Ашмянскі павет у Віленшчыне) і там пасадзілі ў замчышчы ў турму. Сюды Ягайла падаслаў людзей, каторыя задушылі вельмі популярнага старога Кэйстута, а верную жонку яго Біруту ўтапілі ў замкавым рове. Вітаўту неяк пашанцавала ўцячы з турмы. Паданьне кажа, што ўцёк ён з палону, апрануўшыся ў жаноцкую вопратку, каторую даставіла яму яго жонка Ганна.

Такім способам, мы бачым, што Ягайла меў многа ворагаў сярод сваіх родных і стрэчных братоў. Апроч таго, імя яго было вельмі непопулярна ў шырокіх масах. Зразумела, што яму неадкладна трэба было шукаць апоры для сваёй улады дзесь за межамі Літоўска-Беларускага гаспадарства.

У гэты самы час і ў суседняй Польшчы ў 1382 годзе памёр польскі кароль Людовік, каторы адначасна быў і вэнгерскім каралём. Мужчын каралеўскага роду не засталося, спадчыну прынялі яго жонка Катарына і дзьве дачкі - Марыля і Ядвіга. Фамілія караля хацела пасадзіць на пасад старэйшую дачку Марылю, которая ў гэты час была ўжо жонкаю Зыгмунда, марк-грапа Брандэнбурскага. Людовік яшчэ пры сваім жыцьці пажаніў іх і па згодзе з польскімі магнатамі аставіў у спадчыну Зыгмунду польскі каралеўскі пасад. Зьвязак польскага пасаду з моцным Брандэнбургам ужо даўно не падабаўся польскаму вышэйшаму панству, бо, дзякуючы гэтаму зьвязку, кароль мог аперціся ў асобных выпадках на Брандэнбург і трымаць сябе даволі незалежна ад паноў, каторыя хацелі ўзяць яго ў свае рукі. Зразумела, што і цяпер паны не згаджаліся абраць на пасад Зыгмунда, які быў небясьпечны для іх з гэтага боку. Дзеля ўсяго гэтага ўжо два гады цягнулася бескаралеўе, каторае ўносіла бязладзьдзе ў жыцьцё Польскага гаспадарства. Трэба было выйсьці з такога палажэньня. I вось у 1384 годзе паміж фаміліяй памёршага караля і польскімі панамі была зроблена згода. Маці-каралева пасьля доўгіх перагавораў згадзілася аддаць на польскі пасад малодшую дачку Ядвігу, 13 год. Было зразумела, што Ядвіга не магла сама кіраваць гаспадарствам, тым больш, што Польшчы, як і Літве, цяжка прыходзілася ад крыжакоў. Трэба было знайсьці такога чалавека для Ядвігі, каторы быў-бы ня столькі прыемным для яе, колькі карысным для Польшчы. Ягайла, літоўска-беларускі гаспадар, якраз надаваўся для гэтай мэты: перш ад усяго, Літве пагражаў экономічна і політычна той самы вораг, што і Польшчы, апроч таго, хатнія спрэчкі ў Літве за ўладу рабілі Ягайлу больш згаворлівым з польскімі панамі. Апроч гэтых думак экономічнага і надворна-політычнага кірунку польскія паны трымаліся і сваіх клясавых інтарэсаў. Яны былі перакананы ў тым, што Ягайла ў падзяку ім за сваё абраньне пашырыць правы і прывілеі. Духавенства таксама спадзявалася, што шлюб Ядвігі з Ягайлам пашырыць і рэлігійна-політычны ўплыў на Літву і павялічыць іх даходы новаю дзесяцінаю, якую яны атрымаюць з хрышчонай Літвы. I тыя і другія не абмыліліся.

Ягайла ў 1385 годзе атрымаў з Польшчы пропозыцыю наконт шлюбу з Ядвігаю і злучэньня з Польшчаю. З якою ахвотаю ён адгукнуўся на гэтую пропозыцыю, відаць з тых абавязкаў, якія налажыў ён на сябе і на сваё гаспадарства. На нарадзе польскіх паслоў у Крэве ён абавязаўся прыняць каталіцкую веру з сваімі братамі, сваякамі, народам літоўскім, знатным і простым, даваць грошы свайго гаспадарства на патрэбы Польшчы, дапамагчы Польшчы атрымаць паўднёвыя адабраныя тэрыторыі, заплаціць адступнага 200.000 флёрынаў быўшаму жаніху Ядвігі прынцу Вільгэльму Аўстрыйскаму і на вечны час прылучыць Літоўска-Беларскае гаспадарства да кароны Польскай. Польшча за ўсё гэта абяцала Літве і Беларусі дапамогу ў барацьбе з крыжакамі.

На зьезьдзе ў Ваўкавыску ў 1386 годзе былі ўхвалены такія ўмовы злучэньня Польшчы з Літоўска-Беларускім гаспадарствам: кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах павінен быць адзін; спачатку гэтая асоба ёсьць Ягайла, потым - просты патомак яго і Ядвігі; надворныя зносіны ў справах, датычных абедзьвюх дзяржаў, а таксама і абарона тэрыторыі робяцца супольна. Хатняе кіраваньне ў кожным гаспадарстве асобнае: і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве і ў Польшчы - асобныя войскі, асобны скарб і асобныя ўрады. Апроч таго, як было ўжо сказана вышэй, Ягайла меў абавязак прыняць каталіцтва і шырыць яго паміж літвінаў. Беларускаму насяленьню была застаўлена свабода належаць да ўсходня-хрысьціянскай веры.

Так адбылася першая вунія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Дольшчай. Гэтая вунія залежала ня толькі ад надворных прычын, але і ад прычын хатніх. Злучэньнем з Польшчай літоўска-беларускі ўрад жадаў ня толькі здабыць дапамогу ў барацьбе з суседзямі, але і ўзмацніць палажэньне вялікакняжацкай улады ў маладым гаспадарстве.

Вунія 1386 году разглядалася да нашага часу толькі як вунія дынастычна-пэрсональная. Лічылася, што два гаспадарствы злучыліся адно з другім толькі праз асобу агульнага для абедзьвюх дзяржаў монарха і яго наступнікаў-патомкаў; лічылася, што вунія не мяняла юрыдычнага грунту другіх бакоў дзяржаўнага і грамадзянскага жыцьця. Такі погляд нельга прызнаць правільным. Трэба адзначыць, што юрыдычна, паводле тэксту дагавору, вунія 1386 году была больш, чым дынастычна-пэрсональнаю. Яна была як-бы інкорпорацыяй дзяржавы Літоўска-Беларускай у каралеўства Польскае. Юрыдычна літоўска-беларускія землі на вечныя часы прылучаліся да кароны Польскай. Паводле тэксту дагавору, з 1386 году як-бы зусім прыпынялася незалежнае існаваньне вялікага княства, і яно рабілася разам з Польшчаю адным політычным, дзяржаўным організмам. Недарма пасьля вуніі ўсе літоўска-беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасьць кароне Польскай, і літоўска-беларускія баяры-каталікі атрымалі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў.

Так стаяла справа з юрыдычнага боку. Але фактычна далёка не заўсёды бывае тое, што пішацца ў юрыдычных актах. Так было і тут. Вунія была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці. Праўда, ужо адчыняецца шлях для політычнага польскага і рэлігійнага каталіцкага ўплыву, але фундаментальнай зьмены жыцьця ўраз ня будзе. Літва і Беларусь доўга яшчэ, аж да другой паловы XVI сталецьця, будуць жыць сваім асабістым жыцьцём, баронячыся ад пачаўшагася ўплыву. Кірунак жыцьця пасьля вуніі 1386 году застаецца той самы, які быў і да гэтага году. Пэрыод Літоўска-Беларускай дзяржавы ў гісторыі Беларусі не перарываецца.

Калі мы паглядзім на далейшае дзяржаўна-політычнае жыцьцё Літвы і Беларусі, то пабачым, што самастойнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году фактычна ня была згублена. За прыкладам далёка йсьці ня трэба, даволі пазнаёміцца па якім-колечы падручніку з кіраваньнем Вітаўта, каторы быў асобным вялікім князем Літвы і Беларусі (1392- 1430), ня гледзячы на ўмовы вуніі. Кіраваў ён зусім незалежна ад Ягайлы, караля польскага. I толькі інтрыгі збоку Польшчы не далі яму магчымасьці каранавацца і зрабіцца літоўска-беларускім каралём. Нямецкі імпэратар паслаў карону Вітаўту, але гэтая карона да яго не дашла. Летапіс так апісвае гэтую падзею: "I ляхове, ня жычыўшы кароны Літве, карону ад іх (паслоў імпэратара) тую адабраўшы і расьсекшы яе на полы, прыложылі ко коруне біскупа кракоўскага, каторая і цяпер пры замку ў касьцёле сьв. Станіслава ёсьць".

I ў далейшыя часы мы бачым, што Літва і Беларусь маюць часта сваіх асобных вялікіх князёў, што ідзе супроць вуніі 1386 году. Ніжэйпаданая сынхроністычная табліца дасьць патрэбныя для нас прыклады. Літва і Беларусь

Як можна бачыць з гэтай табліцы, толькі паступова і з цягам часу Літоўска-Беларускае вялікае княства губіць сваіх асобных гаспадароў. Гэта паказвае, што вунія 1386 году толькі адчыніла шырэй дарогу для польскага політычнага, культурнага і соцыяльнага ўплыву. Потым трэба адзначыць, што тыя асобы, каторыя былі літоўска-беларускімі гаспадарамі і разам з тым польскімі каралямі ў першыя часы пасьля ўтварэньня вуніі, лічылі сябе больш літоўска-беларускімі гаспадарамі, чым польскімі каралямі. Інтарэсы і жыцьцё Літвы і Беларусі больш цікавілі, чым справы і жыцьцё Польшчы. Гэты факт робіцца тым больш зразумелым, калі прыняць пад увагу палажэньне караля ў Польшчы, дзе паны і ўзмацняючыся шляхта ўжо пачалі забіраць і потым забралі караля ў свае рукі. Літоўска-беларускі настрой польскіх каралёў у першыя часы гіасьля вуніі можна бачыць, напрыклад, у такім юрыдычным дакуманце, як "Земскія Прывілеі" Казімера I (у Польшчы IV), аб каторых будзе слова далей. Толькі пад канец пэрыоду, калі пад польскім уплывам і пад уплывам другіх прычын умовы жыцьця зьмяніліся, агульныя дзяржаўцы Літвы, Беларусі і Польшчы пачалі ставіць інтарэсы Польшчы вышэй інтарэсаў Літвы і Беларусі, а сябе лічыць больш каралямі польскімі, чым гаспадарамі літоўска-беларускімі. Такім гаспадаром быў, напрыклад, Зыгмунд III (у Польшчы II) Аўгуст, апошні прадстаўнік выміраўшага Ягайлавага дому.

Што жыцьцё Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году ў асновах сваіх не перамянілася, відаць яшчэ з таго, што акты вуніі паміж дзяржавамі ўсё пішуцца і пішуцца ў далейшыя гады. Навошта гэта было-б рабіць, калі-б усё было зроблена раней. Паўтарэньне актаў голасна гаворыць аб тым, што яны ня маюць моцы ў жыцьці. Калі-б акт 1386 году быў рэальным, моцным, то само сабою зразумела, што ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на далейшых зьездах больш, чым дзесяць раз. З гістарычных дакумантаў мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася зноў у наступныя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1503, 1564, 1566 і 1567. Як мы бачым з гэтага пералічэньня гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва падкрэсьліваецца і вымагаецца жыцьцём у 60-я годы XVI сталецьця. Пасьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабавалі поўнай, рэальнай вуніі. Галоўнейшай з гэтых прычын быў той польскі соцыяльны і політычны ўплыў, якому былі адчынены дзьверы на Літву і Беларусь актам 1386 году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь яшчэ адна важная прычына, гэта - імперыялістычны націск з усходу, збоку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск робіцца асабліва моцным якраз у 60-я годы XVI сталецьця, калі ў Маскве разьвіваецца тэрор апрычніны. Ратуючыся ад тэрору Івана IV Грознага, літоўска-беларускае панства падпісала ўрэшце апошні раз вунію з Польшчай. Гэтая вунія скончыла незалежнае самабытнае існаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства, каторае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай.

Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да гаспадарства Маскоўскага

Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго існаваньня ўзяла на сябе заданьне сабраць у адзін політычны організм заходнюю частку рускіх славян. У XIII і ў першай палавіне XIV сталецьця яна была ў гэтых адносінах адзінаю і ня мела ў справе зьбіраньня суперніка. Горад за горадам, тэрыторыя за тэрыторыяй уходзілі ў склад заходня-рускага гаспадарства. З другой палавіны XIV сталецьця ў дзяржавы-зьбіральніцы зьявіўся супернік. Гэта было Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало хутка расьці і рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славян. I тая, і другая дзяржавы, групуючы вакола сябе гарады і пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце спаткаліся межамі ў канцы XIV сталецьця. З гэтага часу і пачнецца суперніцтва паміж зацікаўленымі ў тэрыторыях зьбірацелямі, Літвой і Беларусьсю, з аднаго боку, і Масквою - з другога боку.

Пачалося змаганьне паміж дзяржавамі за ўплыў на невялікае тады Цьверскае княства, якое мела літоўскую і маскоўскую партыі. Кожная з іх зьвярталася за дапамогаю паводлуг сваіх сымпатый. Войскі Альгэрда, гаспадара літоўска-беларускага, два разы біліся з войскамі вядомага нам з рускай гісторыі маскоўскага вялікага князя Зьмітра Донскага. У першы раз Літва з Беларусьсю згуртавалі вялікую сілу і ўзяў верх Альгэрд. У другі раз Масква справілася сабраць большае войска і ўзяла верх над Літвою. Літва і Беларусь, занятыя якраз у гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі, прыпынілі пакуль што свой наступны рух на ўсход. Пасьля перагавораў зроблена была згода паміж супернікамі. У адзнаку і для замацаваньня згоды Альгэрд аддаў сваю дачку замуж за стрэчнага брата Зьмітра, Уладзімера Андрэевіча.

Прашло крыху часу, і згода ў часы Вітаўта зноў прыпынілася. Завязалася барацьба з Масквою з-за Ноўгараду і Смаленску. На гэты раз Літве папсавалі ўсю справу татары. Яны ўзялі верх над Літвою і Беларусьсю на берагох ракі Ворсклы і не далі Вітаўту магчымасьці пашырыць межы свайго гаспадарства далёка на ўсход. Усё-ж такі і Ноўгарад і Смаленск павінны былі прызнаць сваю залежнасьць ад Вітаўта.

У 1396 годзе Вітаўт і Васіль І Маскоўскі, зьехаўшыся на ўзаемную нараду ў Смаленску, устанавілі граніцы Літоўска-Беларускага і Маскоўскага гаспадарства па сумежнай рэчцы Угры. Для ўзмацненьня згоды дачка Вітаўта Настасія была выдадзена замуж за Васіля I. У гэты час Літоўска-Беларуская дзяржава ўключае ў свой склад вялікі абшар заходнярускіх зямель. Палажыўшы ўсходнюю мяжу гэтае дзяржавы на карту, напрыклад, быўшай Расійскай імпэрыі дарэвалюцыйнага часу, мы бачым, што ў склад падуладных Вітаўту зямель уходзяць такія губэрні: Віленская, Горадзенская, Ковенская, Сувальская, Падольская, Валынская, Менская, Магілеўская, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Чарнігаўская, Кацярынаслаўская, Херсонская, Арлоўская, часткаю Калуская і Тульская. Літоўска-Беларуская дзяржава пашырылася далёка на ўсход; яе мяжа даходзіла аж да сучаснага нам Мажайску, за 107 вёрст ад Масквы.

Масква гэтага часу ня мае яшчэ сілы. Вырасшы з невялічкага ўдзельнага княства, яна крок за крокам выбіваецца на першае месца сярод асобных удзельных княстваў. Хоць татары разьбіты на Кулікавым полі (1380 г.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым маскоўскім самаўладзтве. Толькі пачынаючы з палавіны XV сталецьця ўмовы жыцьця Масквы як гаспадарства хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскага ханства. Замест аднае Залатой Гарды мы бачым некалькі гордаў, каторыя змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480 год прыкосіць Маскоўскаму гаспадарству вызваленьне ад татарскай няволі. Усе дробныя ўдзельныя княствы ўжо страцілі свою незалежнасьць і ўвашлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. Вырасшы з невялічкага ўдзелу-вотчыны, Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і організацыю вотчыны зьберагае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваім удзеле-вотчыне. Ен нават лічыць, што ўсе землі рускіх славян ёсьць яго вотчына. "Вся Русская земля божиею волею из старины наша вотчина". Маскоўскі князь ужо забыўся, што "из старины" яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі ўдзел. I пэўна, справа тут ня ў стараеьветчыне, a ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц, і, апіраючыся на яе, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласьнікам усяе Русі. Стары тытул вялікага князя маскоўскага ўжо не здавольвае, і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара маскоўскага і "всея Руси". З новаю сілаю падымаецца суперніцтва паміж заходнім літоўска-беларускім і ўсходнім маскоўскім гаспадарамі "Русі". Змаганьне за "вотчыну" цягнецца блізка 150 год. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, прасякаюць крывёю дзеля імпэрыялістычных мэт Маскоўскага гаспадарства.

У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандар Ягайлавіч, Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую "вотчыну", якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ёц паклікаў татарскага крымскага хана Мэнглі-Гірэя, для каторага Беларусь хоць і ня была вотчынаю, але была месцам добрай спажывы. Пачаўся пагром нашае бацькаўшчыны з паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: каштоўнасьці паграбавалі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву і ў Крым. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі, аддаўшы Яну III горад Мсьціслаў. З граматы відна, што абодва гаспадары абяцаюцца дапамагаць і шанаваць адзін другога. Аляксандр Літоўска-Беларускі ў сваёй грамаце піша: "А хто мне вораг, то і яму (маскоўскаму гаспадару) вораг. А хто будзе яму друг, то і мне друг, хто будзе яму вораг, то і мне вораг". Каб згоду, утвораную з Маскоўскім гаспадарствам, зрабіць пэўнаю і моцнаю, Аляксандр заслаў сваіх сватоў да Іванавай дачкі Галены, з каторай потым і ажаніўся. Але і гэтая брачная сувязь не зрабіла згоды моцнаю.

Праходзіць нейкі час, і ў аднэй з сваіх грамат Аляксандр не назваў Івана III гаспадаром усяе Русі. Тады, абураны парушэньнем сваіх імперыялістычных праў, маскоўскі самаўладца Іван III прыслаў Аляксандру "складную грамату", абвяшчаючы яму вайну. I прыпыненая вайна пачалася ў 1500 годзе з новаю сілаю. Каманду над Літоўска-беларускім войскам меў князь Канстантын Астроскі. У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка каля гораду Дарагабужу. Маскоўскім войскам тады камандваў добры знаўца ваеннай справы Даніла Холмскі. Каля 8 тысяч народу палажылі свае галовы ў гэтай бойцы. Літоўска-беларускія войскі былі разьбіты, кінуліся на ўцёкі, а ваявода князь Астроскі папаў у маскоўскі палон.

Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускую тэрыторыю. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў. Рэчкаю льлецца чалавечая кроў, нішчыцца сабраная працаю маемасьць. Скора маскоўскае войска пачало галадаваць у краі, каторы само зьнішчыла і зруйнавала, і распачаліся самі сабою перагаворы аб згодзе. У 1503 годзе замірэньне ўрэшце было падпісана. Масква атрымала Гомель і некалькі мест у Рагачоўскім павеце. У час гэтага замірэньня ў 1506-м годзе памерлі і цесьць, і зяць.

Пасьля іх сьмерці гаспадаравалі на Літве і Беларусі брат Аляксандр Зыгмунд II (Стары), а ў Маскве - Васіль III, сын Івана III. Яны зноў пачалі барацьбу, скарыстаўшы дробнае здарэньне. У 1508 годзе перабег з Літвы ў Маскву воража настроены да Зыгмунда князь Глінскі. Літоўска-беларускі гаспадар увесь час быў нездаволены тым, ШТО Масква прыняла ўцекача. Глінскі з свайго боку падбіваў маскоўскага гаспадара на вайну з Літвою. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Зыгмунд, даведаўшыся аб гэтым, сабраў вялікае, моцнае войска і вышаў ім на спатканьне. Перамогу атрымаў Зыгмунд і пачаў гнаць няпрыяцеля на ўсход. Васіль III, бачачы, што ён прайграў справу, павінен быў прасіць згоды. Абедзьве стараны падпісалі "вечны мір". Маскоўскі гаспадар павінен быў прыпыніць свой наступ на ўсход і вызваліць з палону князя Астроскага і другіх ваеннапалоньнікаў.

"Вечнасьць" утворанай згоды цягнулася вельмі нядоўга, усяго толькі пяць год. У 1513 годзе зноў разгарэўся пажар імпэрыялістычнай вайны. Маскоўская армія ўвашла на тэрыторыю Беларусі. Адбываюцца адна за другою вялікія бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю ўжо вядомы нам гэтман Астроскі атрымаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу. Змаганьне бязупынна ідзе і далей. Перамога перакідваецца то на тую, то на другую старану, пакуль яна зусім не пяройдзе на старану Масквы. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілеў, Ворша, Рагачоў, Гомель, Віцебск, Смаленск і інш., руйнуюцца па некалькі раз. Мы ўжо і ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчак быў зруйнован за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая праца народных нізоў, гібне ў часы імперыялістычнага змаганьня. Зямля зарастае частым лесам. Людзі бадзяюцца па лясох, хаваючыся там ад забойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канцакраю, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украіну. А барацьба ўсё ідзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534 і 1536 гадох. I тая і другая старана, змучаныя змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 год. Пры Іване IV Грозным у 1561 годзе зноў пачынаецца так званая Лівонская вайна, каторая таксама адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імпэрыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсьць іх "вотчына".

Культурная праца

Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матэрыяльная і інтэлектуальная культура, усё ж такі ў гэты час мы бачым разьвітак, і дужа шырокі, беларускай культуры. Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць моцнага культурнага руху. Культура пэрыоду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць выразна беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова вышэйшых і ніжэйшых станаў грамадзянства. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынен вуніяю 1386 году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа пакуль што змагацца з самабытнаю ўзрос-шаю беларускаю культураю. Архівы захоўваюць да нашага часу вялікую моц памятак беларускай культуры гэтага пэрыоду.

З гэтых памятак асабліва цікавы для нас юрыдычныя дакуманты, каторыя сьведчаць аб высокасьці культуры беларускіх кіруючых станаў. Мы тут назавем некаторыя з такіх дакумантаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдадзена грамата, вядомая пад назваю "Земскія прывілеі Казімера". Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх зямель гаспадарства, ён напамінае нам па сваім зьмесьце ангельскі акт XIII сталецьця, вялікую карту вольнасьцяй. Тут забясьпечваюцца правы як асобы, так і маемасьці князёў, баяр, служылай шляхты і нават мяшчан. На падставе прывілей ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе або па падазрэньні; раней справу павінен разгледзець суд. Кожны нясе адказнасьць толькі за свае віны; жонка, напрыклад, не караецца за праступства свайго чалавека, бацька - за праступства сына і г. д. Кожны мае права вольнага выйсьця за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны правы ўладаньня і распараджэньня іх вотчыннымі маёнткамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы над імі пана пашыраны. У зьвязку з гэтым яны высвабаджаюцца ад беспасрэдных фінансава-матэрыяльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рамонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан, якога толькі і ведае дзяржава як юрыдычную асобу. Абавязкі паложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць меж Літоўска-Беларускага гаспадарства. Наадварот, ён павінен усімі сіламі прагнуцца пашыраць межы яго (гл. артыкул 14). Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых народнасьцяй займаць урадавыя пасады ў гаспадарстве і купляць зямлю. "У тых зямлях нашых, таго вялікага княства, зямель, гарадоў, мест, а з каторых кольвек урадоў, і дзедзіцтва ўдзержаньня, або дастойнасьцей, не маетсі даваті жаднаму чужаземцу, але толькі тубыльцом тых зямель маем даваці мы і патомкі нашыя". Гэтыя пункты, наложаныя на вялікага князя, маюць на ўвазе той факт, што гаспадар літоўска-беларускі ёсьць разам з тым і кароль польскі. Яны аберагаюць Літву і Беларусь ад політычных і экономічных жаданьняў Польшчы. Прывілеі, выдадзеныя Казімерам I, ляглі як грунт констытуцыі гаспадарства. Вялікі князь Аляксандар, наступнік Казімера, у 1492 годзе ўпісаў абавязкі, наложаныя на гаспадара, у сваю констытуцыйную карту. Далейшыя гаспадары гэтыя свае абавязкі пацьвярджалі. Прымаючы пад увагу ўвесь зьмест вышэйпаданага юрыдычнага акту, мы павінны адзначыць, што характар улады гаспадара літоўска-беларускага быў не падобен на характар улады дзяржаўца Маскоўскага гаспадарства, дзе ў гэты час вырастала і ўзмацнялася тое самаўладзтва, якое ня прымала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў гаспадарства.

Праз 11 год (1468) Казімер Ягайлавіч выдае другі дзяржаўны акт, таксама ў беларускай мове, вядомы пад назваю статуту або судзебніку. Гэты статут мае практычную мэту - даць дзяржаўным судзьдзям як-бы падручнік для судатварэньня. Да гэтага часу Беларусь ня мела аднаго агульнага кодэксу, і гэта шкодзіла справе суду ў гаспадарстве. Суд па асобных абласьцях тварыўся на аснове вуснага звычаёвага права, каторае складалася з мясцовых звычаяў, прыгавораў больш популярных, вядомых судзьдзяў, і далёка не заўсёды гэтыя матэрыялы былі запісаны. Адсюль вынікалі як непаразуменьні, так надужыцьці ў судовых справах. Парадзіўшыся на сойме ў Вільні з панамі і князямі, Казімер выдаў вышэйпаказаны кодэкс для ўсяго гаспадарства. Поўным, зусім дагаджаючым усяму складу жыцьця, гэтага кодэксу прызнаць немагчыма. Ен амаль што выключна сабраў у свой зьмест нормы ўгалоўнага права, у якіх адчувалася найвастрэйшая патрэба. Найбольш апрацаваны артыкул аб забойстве і зладзействах. Хоць і мала, але ўсё ж такі ёсьць у статуце Казімера артыкулы, датычаныя і гражданскага і грамадзянскага права. Так, напрыклад, тут зачэплены пытаньні аб судох копных, мяжовых спрэчках паміж суседзьмі, аб утрыманьні ў добрым стане шляхоў, мастоў, аб абароне лесу і г. д. Цікава адзначыць, што ўжо ў той, далёкі ад нас час літоўска-беларускі ўрад зразумеў усю карысьць зьездаў судных, на якіх магчыма выявіць паўней, яўней заблытаныя і непаразуменныя судовыя пытаньні. Судзебнік Казімера ўспамінае аб зьездных судох. Трэба таксама адзначыць, што кодэкс 1468 году і ў тэрмінолёгіі і ў зьмесьце многіх артыкулаў вельмі падобны да старарускага зборніка "Рускай Праўды". Гэтыя старарускія традыцыі ў зборніку літоўска-беларускім зьберагліся нават больш, чым у зборніках Маскоўскай дзяржавы. Першы пасьля Рускай Праўды зборнік у Маскве зьявіўся ў часы Івана III, калі з ростам гаспадарства, зложанага з размаітых зямель, вырасла патрэба і ў аднолькавых законах. Іван III дапаручыў працу над кодэксам дзяку Гусеву. Калі кодыфікацыя была зроблена, Іван з баярскаю Думаю разгледзелі працу і зацьвердзілі яе ў 1497 годзе. Гэта нам дакладна даводзіць, што першы зборнік у Літоўска-Беларускім гаспадарстве вышаў раней зборніку ў Маскоўскім гаспадарстве на 29 год. Маскоўскае законадаўства гэтага часу падлягло ўплыву мангольскіх звычаяў, што значна зацямняе старарускую традыцыю старажытнай Рускай Праўды. Што датычыць да поўнасьці зборнікаў, то і зборнік маскоўскі таксама немагчыма прызнаць дакладным і поўным. У яго зьмест уходзяць амаль што выключна формы судатворства і артыкулы аб судовых пошлінах.

Праз другую палавіну XV сталецьця і лершую чвэрць XVI сталецьця статут Казімера перарабляецца, дапаўняецца новымі граматамі і пастановамі, пакуль не вырастае ў вялікі, поўны кодэкс законаў Літоўска-Беларускай дзяржавы. Як такі, ён вядомы пад назваю "Статут Вялікага Княства Літоўскага". Першы раз ён быў выдадзен у 1529 годзе ў часы кіраваньня Зыгмунда II Казімеравіча Старога. Тут беларускае права як угалоўнае, так і гражданскае знашло сваё поўнае выражэньне. Есьць тры рэдакцыі Літоўскага Статуту. Першая, самая поўная, выдана ў 1529 годзе. Дзьве другія рэдакцыі выданы ў 1566 і 1588 гадох. Закрапіўшы ў сваім зьмесьце старажытныя рускія асновы права, статуты, аднак-жа, не маглі не адзначыць і новых форм жыцьця, бо і формы чалавечага жыцьця, як і факты, маюць сваю эволюцыю. Першы статут, як ранейшы, дае нам права ў найменш закранутым эволюцыяй выглядзе. Што датычыць другога і трэцяга статуту, то перамены жыцьця і польскі ўплыў ужо налажылі на іх зьмест сваю пячатку. Зьберагаючы ў сваім зьмесьце старыя формы ўгалоўнага і гражданскага права, яны адзначаюць ужо новыя формы права; адзначаюць і новы соцыяльны строй польскага пэрыоду беларускай гісторыі, увесь прасякнуты панскімі, шляхоцкімі поглядамі і тэндэнцыямі.

Ня гледзячы на тое, што трэцяя рэдакцыя статуту была выдана пасьля Люблінскай вуніі, калі Літва і Беларусь страцілі сваю політычную і культурную незалежнасьць, Літоўскі Статут ува ўсіх трох рэдакцыях надрукован у беларускай мове, которая была ў той час ня "мужыцкай" мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай. Што гэта так, можна бачыць з ніжэй-паданага выпісу з статуту: "Пісар земскі маеть поруску, літерамі і словы рускімі ўсе лісты, выпісы і позвы пісаті, а не іншым языком і словы". Калі вышэйпаданы артыкул аб мове парушаўся, то беларуская шляхта протэставала. Так было ў 1576-м годзе, калі кароль Стэфан Баторы выклікаў да сябе Браслаўскую шляхту позваю, напісанаю папольску ("Акты Зап. России" т. III. стр. 187).

Аб высокасьці культуры Літоўска-Беларускай дзяржавы сьведчыць і вялікі разьвітак беларускага друку. Мы ведаем, што калі Заходняя Эўропа перажыла мала-культурныя часы сярэдніх вякоў і пачала сваю новую гістарычную працу, то першай справай абуджанае культуры было адкрыцьце друку, а друк адкрыў для культуры шлях у шырокія колы грамадзянства. Ў 1455 годзе Ян Гутэнбэрг у Нюрнбэрзе надрукаваў Біблію. Толькі праз 28 год зьявілася ў Кракаве (1483 г.) першая друкованая беларуская кніга Цьветная Трыодзь, а праз 8 год (1492 г.) таксама ў Кракаве зьявілася яшчэ другая кніга Актоіх. Друкованая беларуская Біблія зьявілася ў 1517 годзе. Раней за яе вышлі з друку толькі гутэнбэргаўская Біблія (1455 г.) і чэская Біблія (1488 г.). Што датычыць да Масквы, то там першая друкованая славянская кніга, Апостал, зьявілася толькі ў 1573-м годзе, на 90 год пазьней ад першай друкованай беларускай кнігі. Вельмі рана зьяўляюцца і беларускія друкарні. У Кракаве беларуская друкарня пачала друкаваць у 1483 годзе, польская - на 22 гады пазьней, у 1505 годзе; у Вільні беларуская друкарня існуе з 1525 году, а польская - з 1576 году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563 году, на 80 год пазьней за беларускую друкарню. Да ўсіх гэтых лічбаў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара Францішка-Юрыя Скарыны. Ен быў родам, як сам казаў, "з слаўнага гораду Полацку", з багатай гандлярскай фаміліі. У 1506 г. ён скончыў Кракаўскі універсытэт па філёзофскім факультэце. He здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, атрымаўшы ступень доктара. На нейкі час ён затрымаўся ў Празе і тут пачаў сваю працу па перакладзе на беларускую мову і па выданьні кніг. Каля 1525 году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, дзе займаўся тэю самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а таксама і стара-царкоўнаславянская мова ня могуць здаволіць шырокіх кол грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі б напісаны ў простай, штодзённай размоўнай мове. Ось Скарына і прыняўся за пераклад кніг сьвятога пісаньня і кніг набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён ахвяраваў "людзям простым, паспалітым". Скарынаю былі ператлумачаны і выданы Біблія, Канонік і Псалтыр. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны збоку культурнага трэба адзначыць каштоўнасьць гэтай працы і збоку хараства. Усе кнігі выданы вельмі прыгожа. Шрыфт яго выданьняў не падобен на другія шрыфты яго часу. Ясна, што шрыфт быў зроблен па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была лёгкая, але за тым, каб яна здавольвала чытача і збоку хараства. Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, усе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінкі, і лісьці, і кветкі, і зьвяры. Есьць тут і гэрб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На Бібліі намалёван і портрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згруджаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамільныя гэрбы тых мэцэнатаў, якія рабілі матэрыяльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер можна спаткаць у вёсцы на Беларусі.

Пісьменства ў беларускай мове асабліва пашырылася з палавіны XV сталецьця. Праўда, дзені-дзе ўжо пачалі вучыцца лацінскай і польскай мовам, але ў масе вышэйшыя і сярэднія станы гаспадарства - паны, шляхта і мяшчане пішуць, чытаюць і гавораць амаль што выключна толькі ў беларускай мове. У грамадзянства існуе вялікае запатрабаваньне на беларускую кнігу. Каб здаволіць гэтую кніжную патрэбу, існуе шмат друкарань. Друкарні раскідаліся па ўсёй Беларусі, па вялікіх і малых гарадох. Мы можам назваць друкарні ў такіх гарадох, як Вільня, Полацак, Менск, Магілеў, Несьвіж, Любча, Заслаў, Слуцак, Пінск, Заблудава, Супрасьль, Eўe i г. д. Кніжная праца йдзе жвавым крокам.

У пачатку XVI сталецьця на Захадзе вынік рэформацыйны рух. Хутка ён перакінуўся і на Беларусь. На Беларусі пачалі пашырацца лютаранства, кальвінізм, антытрынітарства, арыянства, соцыянізм і другія рэлігійныя рэформацкія сэкцыі. Рух рэформацыі абудзіў і тут, як на Захадзе, культурна-нацыянальныя пытаньні. Яны падняліся як у нас, так і ў Польшчы. У Польшчы зьявіўся гурток так званых рэформістых, каторыя, паміж іншым, паднялі пытаньне аб нацыянальнай царкве з набажэнствам у польскай мове. З такіх рэформістых мы павінны назваць, напр., Маджаеўскага і Асалінскага. У Беларусі ідэі рэформізму праводзілі ў жыцьцё Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Цяпінскі ператлумачыў на беларускую мову Эвангэльле. У прадмове да свайго Эвангельля ён бядуе аб тым, што некаторыя з беларусаў "у польскія школы або ў іншыя сябе і дзеці свае без встыду заправуюць". Трэба ўсё ж такі адзначыць, што і ў Польшчы, і ў Беларусі рэформацыя не зрабілася нацыянальнай справай, як, напрыклад, у немцаў, швайцарцаў і другіх народаў. У нас ня было беларускіх Лютараў і Кальвінаў. Ня спусьцілася рэформацыя ў Беларусі ў народныя нізы, не абурыла соцыяльных пытаньняў і не дала, як у Нямеччыне, абаронцы мужычых праў Тамаша Мюнцэра. Рэформацыя стала як-бы рэлігійнай фрондай. Знатныя фаміліі прымалі лютаранства і кальвінізм як нешта новае, цікавае. Асабліва пашырыўся кальвінізм. Такія, напрыклад, беларускія арыстократычныя фаміліі, як Радзівілы, Зяновічы, Валовічы, Кішкі, Глябовічы, Слушкі і др., сталі хутка кальвіністымі. За імі цягнулася шляхта і мяшчане. Але ўсё гэта ня было грунтоўнай, важнай справай, каторая захоплівае інтарэсы працоўных мас і параджае там соцыяльны протэст. Як толькі настала потым рэакцыя і пачаўся моцны польска-каталіцкі ўплыў, усе гэтыя протэстанты, кальвіністыя і г. д. зрабіліся пакорнымі сынамі каталіцкай царквы і падданымі шляхецка-панскай улады.

Соцыяльны склад грамадзянства

Насяленьне Полаччыны складала наогул дзьве соцыяльныя групы. З аднаго боку стаяла група заможнейшых лепшых людзей, каторыя былі прадстаўнікамі гандлёвага, прамысловага і зямельнага капіталу. З другога боку стаяла група меншых, "подлых" людзей, прадстаўнікоў працы, што эксплёатавалася капіталам. Пэўна, што гэтыя дзьве групы насельнікаў Полаччыны ня былі яшчэ выразна адзначанымі клясамі і злучаліся паміж сабрй пераходнымі соцыяльнымі групамі. Усё-ж такі трэба адзначыць, што ў аснове кожнай з гэтых абедзьвюх груп было як-бы нейкае ядро. Што датычыць да валасных князёў, то яны з сваімі дружынамі стаялі асобна ад гэтых соцыяльных груп і ў залежнасьці ад умоў жыцьця станавіліся на старану тэй ці іншай групы. Зразумела, што Беларусь не магла застанавіцца на гэтых формах экономічнага і соцыяльнага жыцьця. Ідзе новая формацыя грамадзянскіх груп-клясаў пад уплывам экономічна-політычнага разьвіцьця гаспадарства і пад уплывам, праўда, пакуль што яшчэ невялікім, суседкі Польшчы.

Гаспадарству на працягу ўсяго другога пэрыоду прыходзілася нясьці добра організованыя войны на два фронты. Гэтыя войны, каторыя дзяржаве трэба было вясьці раней з нямецкімі заходнімі ордэнамі, потым са ўсходнім суседам сопернікам, Маскоўскім гаспадарствам, павялічылі лік і важнасьць князя і яго дружыны. Дружына князя ўсё расьце і расьце, князь апіраецца на яе і робіцца ўсё больш і больш незалежным ад веча. Раней дружыньнікі за сваю службу даставалі як пэнсыю, частку здабычы ці проста частку тых налогаў, якія браў князь за суд і за абарону гандлю. Паступова ўводзіцца звычай аплачваць службу дружыньнікаў зямлёю. Дружыньнікі, атрымаўшыя за сваю службу, як пэнсыю, зямлю, асядаюць на месцы і робяцца зямляўласьнікамі, раней дробнымі, а з цягам часу ўсё больш і больш вялікімі. Гэты факт збліжае іх, як соцыяльную групу, з лепшымі людзьмі Полацкага пэрыоду. Баяры, служылы элемэнт лепшых людзей Полаччыны, таксама пачынаюць гуртавацца з быўшымі дружыньнікамі. Будуецца, такім спосабам, агульны служылы стан, каторы паступова ўбярэ ў свой склад амаль што ня ўсіх лепшых людзей. Сюды не ўвашлі толькі прадстаўнікі гандлёвага і прамысловага капіталу, каторыя злажылі потым асобную клясу, будучую буржуазію. З ростам вялікага княства ўдзельныя, валасныя князі павінны былі згубіць свае княжацкія правы і таксама ўвайсьці ў служылы стан, складаючы яго вышэйшы слой.

У служылы стан увашла ў пачатку пэрыоду частка і меншых людзей. Гэта былі тыя вясковыя вольныя земляробы, каторым прыходзілася несьці вайсковую службу ці ў князя, ці ў баяр. З усіх гэтых непадобных элемэнтаў склалася ў працягу Літоўска-Беларускага пэрыоду вялікая служылая кляса, асноўным капіталам якое зьяўлялася зямля. Прадстаўнікі гэтае клясы ў першай палавіне пэрыоду называліся баярамі і зямянамі. У Полацкай Русі назву баярына (балярын, болій, большы) мелі толькі вярхі вышэйшае клясы, але з цягам часу, перашоўшы ў Літоўска-Беларускае гаспадарства, гэты тытул панізіўся, і пад баярынам пачалі разумець нават дробнага служылага чалавека. У другой палавіне пэрыоду для служылае клясы атрымаў пашырэньне тэрмін "шляхта", "шляхэцтва", прышоўшы на Беларусь з Польшчы. У пазьнейшыя часы гэтая назва выціснула ўсе другія ранейшыя назвы. Верхнюю часьць шляхэцкае клясы складалі магнаты, ці паны. Яны адрозьніваліся ад звычайных рыцараў-шляхціцаў багацтвам і ўдзелам у Радзе, каторая знаходзіцца пры літоўска-беларускім гаспадары. Як паны Рады, яны падсудны не провінцыяльнай адміністрацыі, а гаспадарскаму суду.

Служылая кляса, шляхта, паступова набывала ўсё большыя і большыя правы. Вялікія князі, літоўска-беларускія гаспадары, пачынаючы ўжо з Ягайлы, павінны былі даваць шляхэцтву ў пачатку дробныя, а потым усё большыя і большыя правыпрывілеі. Найраней гэтая кляса выдзеліла з свайго складу так званую "раду паноў", каторая абмежавала гаспадара, маючы права контролю над яго дзейнасьцю. У палавіне XV сталецьця шляхта атрымала вызваленьне ад усялякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якія яна сама згодзіцца. З гэтага часу сіла шляхты як клясы пачынае хутка расьці.

Гаспадары, калі яны мелі патрэбу ў грошах (а гэтую патрэбу яны мелі на кожным кроку), павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх атрымліваць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы, шляхты, на каторых абгаворваліся раней толькі экономічныя, а потым і політычныя пытаньні. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, прагнуўся як мага монополізаваць свае правы і адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў, каторы ўжо пачаўся ў гэты час, яшчэ больш узмацняў шляхту. Фэўдалізм, каторы прышоў праз Польшчу з Захаду, прынёс ёй правы заходняга рыцарства. Гэтыя "вольныя, добрыя і хрысьціянскія правы, як у каруне Польскай", несьлі злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.

Горад Полацкай Русі быў экономічным і політычным цэнтрам, да якога цягнула вёска. Гарадзское веча мела ўплыў на жыцьцё прылеглых да яго тэрыторый. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, часьць лепшых людзей гораду ўвашла ў склад шляхэцкага стану. У мяшчанскім стане засталіся гандляры, рамесьнікі, чорнарабочыя і рольнікі прыгароднага раёну. Вёска пачала аддзяляцца ад гораду, а горад ад вёскі. Горад заняўся будоўляй не агульнаваласнога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася дзякуючы пашырэнню на Беларусі нямецкага Майдэборскага права, каторае прышло сюды з Нямеччыны праз Польшчу. Вечы, асабліва ў першыя часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць усё менш і менш да воласьці. Іх цікавіць амаль што выключна жыцьцё гораду. Толькі на поўдні гаспадарства доўга трымаецца старажытны вечавы звычай. Тут веча зьбірае на свае сходы ня толькі жыхароў гораду, але і жыхароў акругі, вясковае сялянства. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчанска-сялянскае самакіраваньне; старшыні, абраныя вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж усімі жыхарамі воласьці абавязковыя работы і чыняць суд па ўсіх справах. Але і на поўдні з цягам часу ў гарадох пачынаюць уводзіцца новыя парадкі і звычаі, абапёртыя на нормах Майдэборскага права.

Сутнасьць яго была такая: гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечваліся за мяшчанскую грамадою правы суду над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў. За атрыманыя правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленыя налогі. Літоўска-беларускім гаспадаром, каторыя заўжды мелі брак у грошах, было карысна выдаваць такія граматы. З другога боку, набываць Майдэборскае права было карысна і для гарадоў. Яны, дзякуючы граматам, вызваляліся ад часта нежаданага ўплыву на жыцьцё гораду ўрадовых провінцыяльных прадстаўнікоў і іх уціску. Часта на падставе грамат гораду давалася ня толькі права суду, але права самакіраваньня. Горад адгароджваўся ад вёскі, мяшчане выдзяляліся ад служылай шляхты і ад сялянства, гуртуючыся ў асобную соцыяльную клясу, у васобны стан. Гандляры разьбіваліся на гільдыі ці на сотні, рамесьнікі - на цэхі, і горад пачынаў жыць добра вядомым нам жыцьцём заходняга гораду. Недарма гэтае права называлася нямецкім. Гарады ня мелі прадстаўніцтва на соймах шляхты і не маглі, такім спосабам, рабіць уплыў на законадаўства дзяржавы.

Вольнае вясковае сялянства Полацкай Русі таксама ў гэты пэрыод павінна было перажыць некаторыя перамены. Яшчэ і раней адчувала яно на сабе цяжкую руку капіталістага-зямляўласьніка, пападаючы ў экономічную ад яго залежнасьць. Гэтая залежнасьць з цягам часу мацнела, і вольны селянін губіў сваю волю. Потым, калі формаваўся служылы стан, гаспадары давалі прадстаўніком яго замест пэнсыі зямлю, каторая была аброблена і засеяна сялянамі. Селянін у такім выпадку ўжо ня быў юрыдычным, а толькі фактычным уласьнікам свайго кавалку зямлі, бо права юрыдычнай уласнасьці адходзіла да служылага чалавека. На гэтага юрыдычнага гаспадара селянін ужо павінен быў рабіць асабістыя аплаты і выпаўняць павіннасьці. Яны ня былі цяжкімі ў старажытныя часы. Юрыдычны ўласьнік баяўся, што юрыдычна вольны селянін пяройдзе на зямлю другога ўласьніка ці на незанятую зусім, ратуючыся ад цяжкасьці жыцьця. З першай палавіны XV сталецьця ўжо пачынаецца юрыдычны ўціск над вольным селянінам. Служылая кляса і праўдамі і няпраўдамі пачынае змагацца з правам селяніна на вольны выхад. Гэтае змаганьне прывяло да таго, што лік вольных сялян усё зьмяншаецца; селянін усё мацней і мацней прывязваецца да зямлі, на каторай працуе. Прывязаўшы селяніна да зямлі, служылы шляхціц ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьці ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць разьвязвае шляхціцу рукі і ўзмацняе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыод гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціца ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыод прадстаўнікоў двух парод людзей: белай і чорнай косьці. Сялянства дзеліцца на прыватнаўласьніцкіх мужыкоў і гаспадарскіх. Першыя з іх сядзяць на панскіх і шляхэцкіх землях, другія - на землях гаспадара. Па сваіх абавязках яны дзеляцца на групы. Цяглыя людзі адбывалі паншчыну і плацілі аброк. Дворныя людзі адбывалі службу пры панскім ці гаспадарскім двары; тут былі канюхі, сьвінары, бортнікі, рыбаловы, стральцы, псары, смаляры, садоўнікі, шаўцы, краўцы і г. д. Прыватнаўласьніцкія сяляне па сваіх правох паступова дзяліліся на "пахожых" і "непахожых" людзей. "Пахожыя" людзі яшчэ маюць права перайсьці ад аднаго зямляўласьніка да другога. "Непахожыя" ўжо згубілі гэтае права. Лік першых паступова зьмяншаецца, лік другіх паступова расьце. "Непахожыя" людзі, каторыя нясьлі паншчыну, былі зусім падлеглы зямляўласьніку: ён меў права на ўласнасьць і працу свайго "непахожага", паншчыннага селяніна.

Політычны ўклад гаспадарства і царква

У той час, як у Маскоўскім гаспадарстве разьвівалася незнаёмае дагэтуль у рускіх тэрыторыях самаўладзства, Літоўска-Беларускае гаспадарства разьвівала далей політычную традыцыю Полацкай Русі, на аснове якой улада князя была абмяжована вечам. Гаспадар Літвы і Беларусі фактычна быў абмяжован, з аднаго боку, панамі, з другога боку, у адносінах да асобных тэрыторый,- мясцовымі прывілеямі. Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар, абіраецца шляхэцкім станам Літвы і Беларусі. Ня гледзячы на вуніі, Польшча ня мае ўплыву на гэтыя выбары. Так былі абраны вялікія князі Вітаўт, Сьвідрыгайла; пасьля забойства Зыгманда Кэйстутавіча, пастаўленага Польшчаю, быў абраны Казімер, потым Аляксандар, Зыгмунд I i Зыгмунд II Аўгуст. Найгалоўнейшым абавязкам літоўска-беларускага гаспадара была абарона цэласьці тэрыторыі гаспадарства.

Ён стаіць на чале збройных сіл краю, ад яго імя выдаюцца законадаўчыя акты і ўтвараецца суд. Ен вядзе дыплёматычныя зносіны з суседзьмі, абвяшчае вайну і згоду; ён назначае на ўрады, раздае і кіруе дзяржаўнымі маёнткамі. Гарады знаходзяцца пад яго асабістаю апекаю і па яго прывілею атрымоўваюць Майдэборскае права.

Пры гаспадары знаходзіцца гаспадарская рада паноў. Рада вядзе свой пачатак з старажытных часоў, калі яна існавала пры ўсякім удзельным князі. Рада мае права дарадчае. Раней сябры гаспадарскай рады назначаліся гаспадаром па яго ўласным выбары. З цягам часу звычай устанавіў склад рады. У пачатку XVI сталецьця рада складаецца з каталіцкіх біскупаў, вышэйшых, цэнтральных ураднікаў, ваявод і стараст. Раней у склад рады ўводзіліся выключна каталікі, але спачатку XVI сталецьця мы сярод паноў рады знаходзім ужо і праваслаўных. Паступова значэньне і моц рады раслі, і яна, замест дарадчай установы пры вялікім князі, зрабілася дзяржаўнаю ўстановаю, якая ўжо юрыдычна абмяжоўвала ўладу гаспадара. На аснове прывілеяў, выдадзёных гаспадарамі ў 1492 і 1506 годзе, рада мае такія правы. Дыплёматычныя зносіны вядуцца гаспадаром толькі пасьля абгавору ў радзе. Бяз рады гаспадар ня мае права выдаваць законы і пастановы агульнага характару; ня мае права раздаваць і аднімаць урады, расходваць самастойна дзяржаўныя даходы і г. д. Хутка са складу рады выдзелілася невялікая частка самых заможных і радавітых паноў, каторая зрабілася заўжды прысутнаю пры гаспадары ўстановаю, у той час, як уся рада зьбіралася толькі некалькі раз у год і разьбірала толькі выдатнейшыя справы.

Ужо з самага пачатку XV сталецьця (1401 г.) побач з радаю зьяўляецца другая ўстанова - Вальны Сойм. Ен зьбіраецца толькі ў важнейшых выпадках, як, напрыклад, выбары гаспадара і абгаворваньне вуніі з Полынчаю. У пачатку сойм складаецца з усіх паноў (у тым ліку паноў рады) і шляхціцаў пагалоўна. Труднасьць сабраць такі сойм прывяла да патрэбы зрабіць яго прадстаўнічаю ўстановаю. Ужо ў 1512 годзе быў выдадзен гаспадарскі загад, каб перад Вальным Соймам зьбіраліся павятовыя соймікі з усіх паноў і шляхціцаў павету. На гэтых сойміках абіраюцца два прадстаўнікі ад кожнага павету. Апроч выбраных ад павету, маглі зьявіцца на сойм з пастаноўчым голасам больш вядомыя паны і шляхціцы павету па асабістым запрашэньні вялікага князя. Склад Вальнага Сойму канчаткова вызначыўся толькі к пачатку другой палавіны XVI сталецьця. Ен складаецца з гаспадарчай рады, каторую па польскім звычаі часам называюць Сэнатам, і з павятовых паслоў дэпутатаў, каторыя складаюць Пасольскую Ізбу. Пашыраецца і' компэнтэнцыя сойму, каторы бярэ сабе правы Гаспадарскай Рады. Гэты факт сьведчыць аб тым, што вырастае значэньне і моц сярэдняга і дробнага зямлеўласьніцтва, шляхецтва, каторае пачынае ўжо змагацца за ўладу з вялікімі зямляўласьнікамі, магнатамі-панамі.

Што да цэнтральнай адміністрацыі, то на чале яе стаялі тры ўраднікі, каторыя паступова выдзеліліся з ураднікаў палацу. Першым з іх ёсьць канцлер, каторы трымае дзяржаўную пячатку і загадвае цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. За ім ідзе гэтман, каторы камандуе ў часе вайны арміяй, калі на чале яе не стаіць сам гаспадар. Загадчык дзяржаўнага скарбу насіў назву падскарбія земскага. Гэтыя тры вышэйшыя ўраднікі падлягалі беспасрэдна самаму вялікаму князю. Апроч іх пры асобе гаспадара знаходзіўся рад прыдворных ураднікаў. У ранейшыя часы яны нясьлі рэальныя абавязкі і іх было мала. З цягам часу лік іх значна павялічыўся і рэальнасьць іх абавязкаў адпала. Гэта былі проста пачэсныя ўрады. Да прыдворных урадаў належалі - маршалак дворны, чашнік, краўчы, стольнік, канюшы, мечнік і г. д.

Гаспадарства дзялілася на ваяводзтвы - Віленскае, Троцкае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае і Смаленскае, староствы - Жмудзкае і Валынскае. На чале ваяводзтва і староства стаялі ваяводы і староствы, каторыя назначаліся на свае пасады гаспадаром дажывотна. Ваяводзтвы і староствы дзяліліся на паветы, на чале каторых стаялі дзяржаўцы.

Праваслаўе перашло ў Літоўска-Беларускую дзяржаву з Полацкай Русі. Іерархічна яно было зьвязана з Кіеўскім мітрополітам. У XIV сталецьці Кіеўскі мітрополіт пераехаў на жыцьцё ў Маскву і зрабіўся такім спосабам Маскоўскім мітрополітам. Але яму на падставе традыцыі падлягала і праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы. Зразумела, што з гэтым не магла згадзіцца політычная ўлада гаспадарства. Самастойнае політычнае гаспадарства патрабавала самастойнасьці і ў царкоўных адносінах. У пачатку XV сталецьця па пропозыцыі Вітаўта зьбіраецца сабор епіскапаў і выбіраюць мітрополітам Грыгора Цамблака. Масква вельмі была абурана гэтым фактам і пастаралася зрабіць уплыў на Царградзкага патрыарха, каб ён адмовіўся зацьвердзіць Грыгора. Але Грыгор астаўся мітрополітам, і потым мы спатыкаем яго на Констанцкім саборы як прадстаўніка праваслаўнай літоўска-беларускай царквы. З гэтага часу мы бачым, што іерархічная сувязь Літоўска-Беларускай мітрополіі з Маскоўскай мітрополіяй то парываецца, то зноў аднаўляецца, залежна ад таго, удаецца ці не ўдаецца гаспадару Літвы і Беларусі мець свайго мітрополіта. Так цягнулася да 1589 году, калі Маскоўскаму гаспадарству ўдалося пабіць суперніка ўстанаўленьнем патрыархату ў Маскве, чым юрыдычна зноў праваслаўная царква Літвы і Беларусі была пастаўлена ў іерархічнае падданства Маскве. Як процівага гэтаму ў 1596 годзе ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве вынікла і аформілася царкоўная вунія з панствам. Каталіцтва зьявілася ў гаспадарстве з часоў формальнага аб'яднаньня з Полынчаю ў 1386 годзе. Раней яно зьявілася ў Літве, потым перашло і на Беларусь. Іерархічна яно залежала ад папы і кіравалася Віленскім біскупам. На Беларусі значных посьпехаў яно доўга ня мела. Каталіцтва адразу, па дагаворы з Ягайлам, заняло прывілейнае палажэньне. Тым ня менш, дзякуючы таму, што праваслаўных у гаспадарстве было больш, чым каталікоў, гаспадары павінны былі падтрымліваць і праваслаўе. Праваслаўная царква мела сваё права, хоць і меншае ад каталіцкага. Наогул, політыка была даволі верацярплівая.

Аўтар: У. Ігнатоўскі

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Другі пэрыод XIII - XVI ст.)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.