Старонкі нашай мінуўшчыны. Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Старонкі нашай мінуўшчыны. Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў - генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў "Энцыклапедыю гісторыі Беларусі" і "Беларускую Энцыклапедыю". У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага "Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой". Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.

Маладосць. Першая сусветная вайна

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10.02.1883-10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы - воласці Літвы каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.

Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896-13.06.1923), малодшы Станіславаў брат, таксама ў будучыні генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.

У пачатку Першай сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.

9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (3 верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 чалавек) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. С. Булак-Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля гібелі Л. Пуніна 1 верасня 1916 г. - камандзірам усяго атрада.

Партызанскі атрад С. Булак-Булаховіча з-за лініі фронту рабіў кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў разведвальна-дыверсійныя заданні.

Неўзабаве Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў чарговыя афіцэрскія званні. У 1917 г. ён быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі на афіцэрскім пагоне).
У Прыбалтыцы

Вясной 1918 г. пасля працяглага знаходжання ў шпіталі ў Петраградзе (пасля ранення у пачатку сакавіка ў баі з немцамі) С. Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада ён у горадзе Луга (Петраградская губерня) сфармаваў 1-ы Лужскі конны партызанскі полк (у складзе 4-й Петраградскай дывізіі). У маі полк быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі.Даўняя партызанская дзейнасць С. Балаховіча звярнула на яго ўпагу старшыні Рэўваенсавета Л. Троцкага, які выклікаў Булак-Балаховіча ў Маскву і прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Булак-Балаховіч адмовіўся ад гэтай пасады, бо быў настроены супраць антысялянскай палітыкі савецкага ўрада.

С. Булак-Балаховіч асабіста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх падначаленых. С. Булак-Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых бальшавіцкіх уладаў накіраваць у яго полк камуністаў.

У кавалерыйскім палку пад яго камандаваннем служылі палякі (быў нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Полк налічваў 1121 чалавека.

Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій з боку ўлады. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі, паколькі побач - у Эстоніі і Латвіі - да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па-ранейшаму разглядаў як галоўнага ворага.

Хуткая ўжо параза Германіі ў Першай сусветнай вайне і намаганні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю ў гэтым рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была ўтворана "белая" расійская армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандавання. У канцы лістапада 1918 г. яна ўжо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу ўтрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г. Станіслаў Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік Відзякін паінфармаваў камандаванне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С. Булак-Балаховіча перайсці са сваім палком на бок белых. У Пскове знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.

16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістр Станіслаў Булак-Балаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка, якім давяраў. Прыбыў і камандзір Чудскай флатыліі капітан 2 рангу Д. Д. Нелідаў. Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Барыс Перамыкін падпісалі пагадненне з прадстаўнікамі штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.

Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1-ы эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на ўсход ад Пскова. За некалькі гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму з нагоды першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна Гдоў-Тармошына таварышу Янісу Фабрыцыусу.

Пасля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыус выклікаў на чыгуначную станцыю Тармошына Ю. Булак-Балаховіча як намесніка камандзіра палка, а потым і С. Булак-Булаховіча. Абодва запэўнілі камісара ў сваёй лаяльнасці. Але падрыхтоўка да пераходу палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудскай флатыліі Д. Д. Нелідаў таксама перайшоў на бок белых. Тры параходы з пяці, два катэры і сем малых катэраў з экіпажамі даплылі па Чудскім возеры да Пскова.

Полк С. Булак-Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі Стругі Белая. У Стругах С. Булак-Балаховіч выдаў адозву да "братоў сялян". Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вайны супраць бальшавікоў, за рускі народ, праваслаўную царкву, за мір і працу для людзей. Ён заклікаў сялян да выступу супраць бальшавіцкай улады і да ўступлення ў яго атрад. Падпісаўся: "Атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў. Бацька Балаховіч".

Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава (20 км на ўсход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак-Балаховіча павялічылі колькасць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе складу.

Ротмістр С. Булак-Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага коннага атрада. Змагаўся ён (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова ў Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага возера.

25 снежня 1918 г.часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая - на пскоўскім напрамку.

У пскоўскай групе і змагаўся атрад С. Булак-Балаховіча. За удзел у вызваленні Тарту ад бальшавікоў С. Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г. званне падпалкоўніка.

Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С. Булак-Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудскага возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай групы генерал-маёр А. П. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча, зразумела, пад камандаваннем самога С. Булак-Балаховіча.

15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя ў гэтай аперацыі С. Н. Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў званне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі. У выніку яе 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. С. Булак-Балаховіча прызначылі на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал А. Радзянка прысвоіў С. Булак-Балаховічу званне генерал-маёра, а з часцей, падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.

С. Булак-Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і Пскоўскім раёне. Па яго ініцыятыве былі ўтвораныя народныя суды, якія каралі злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.

Як ваенных камендант Пскова і Пскоўскага павета С. Булак-Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) рознага роду адозвы і улёткі, у якіх заклікаў "змагацца не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска-рабочую Расію". Выступаў з эсэраўскімі лозунгамі: "За зямлю і хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход". У гэты час, у ліпені 1919 г., на бок С. Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі.

Аднак у кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі генераламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі, якія складалі большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна-Заходняй арміі, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у гэтай арміі на чале з С. Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы. Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал М. М. Юдзеніч, галоўнакамандуючы Паўночна-Заходняй арміі, прызначыў С. Н. Булак-Балаховіча камандуючым 2-м корпусам (з дзвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш абвастраліся.

22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы М. М. Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С. Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеянні". 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў 2 батарэй і іншых часцей паводле загаду М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штаба корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і гарадскі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак-Балаховічу з дваццаццю коннікамі з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся М. Юдзенічу. Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаванне як баявога генерала, неабходнага для далейшай барацьбы з бальшавікамі.

Булак-Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад "хатні арышт", але адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км. на поўдзень ад Пскова) да сваёй коннай групы з 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часці Чырвонай Арміі, карыстаючыся крызісам у стане белых, занялі Пскоў. А Булак-Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару.

Падчас восеньскага наступу белай Паўночна-Заходняй арміі на Петраград група генерала С. Булак-Балаховічананосіла ўдары па камунікацыях Чырвонай Арміі ў напрамку Порхава (75 км на ўсход ад Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі на чыгуначнай лініі Петраград - Полацк.

Пасля паражэння белай Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 г. сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Асабліва яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй (мірны дагавор паміж імі быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). Расійская Паўночна-Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі.

На пачатку 1920 г. С. Булак-Балахопіч у расійскай газеце ў Эстоніі "Верный путь" звярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генерала Й. Лайдамера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія ўлады неафіцыйна яго падтрымалі.

С. Булак-Балаховіч, каб атрымаць для свайго і іншых новых атрадаў сродкі, а таксама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць М. Юдзеніча і забраць грошы з касы яго арміі. У ноч на 28 студзеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у гатэлі "Комерс" генерала М. Юдзеніча, генерала Крузэнштэрна і ад'ютанта. У пакоі М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С. Булак-Балаховіч прымусіў М. Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры, галоўным чынам на выплату жалавання салдатам і афіцэрам падчас ліквідацыі Паўночна-Заходняй арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і папулярнасць С. Н. Булак-Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго атрад добраахвотнікамі.

Арыштаваных генералаў С. Булак-Балаховіч адвёз на станцыю, пасадзіў у таварны вагон і павёз на фронт з сабою. Толькі пад ціскам англійскай місіі ў Эстоніі са станцыі Тапа (на палове дарогі ад Таліна да Нарвы) цягнік затрымалі і вярнулі назад у Талін, дзе Юдзеніча адвезлі ў памяшканне англійскай ваеннай місіі. Пасля гэтага Юдзеніч выехаў за мяжу як прыватная асоба. С. Булак-Балаховіч вярнуўся на фронт, дзе працягваў камандаваць сваім атрадам з 1200 чалавек.

У гэты ж час, калі Эстонія выходзіла з вайны з Савецкай Расіяй, генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, добра памятаючы пра сваё беларускае паходжанне, прапанаваў падпарадкаваць свой атрад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго атрад меў у сваім складзе 75% беларусаў-жаўнераў і палову афіцэраў-беларусаў. Называўся атрад Добраахвотным народным. С. Булак-Балаховіч надаў яму назву Беларускага. Атрад прыняў за свой штандар беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і кукарды на фуражках з нацыянальным гербам Пагоня.

Генерал Булак-Балаховіч атрымаў дазвол ад эстонскіх уладаў набіраць у сваю вайсковую адзінку добраахвотнікаў і з іншых часцей былой Паўночна-Заходняй арміі, пераважна беларусаў і палякаў.

Пасля звароту Булак-Балаховіча да вайскова-дыпламатычнай місіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Л атвіі і Эстоніі, якую ўзначальваў у Рызе палкоўнік К. Езавітаў 22 студзеня 1920 г. Рада міністраў БНР прыняла Беларускі атрад "у склад войска БНР". К. Езавітаў афіцыйна звярнуўся 8 лютага 1920 г. да галоўнакамандуючага польскай арміяй Ю. Пілсудскага, каб той даў дазвол перавесці асобны атрад генерал-маёра Булак-Балаховіча з Эстоніі ў Беларусь і "прадставіць Асобнаму Атраду Беларускай Народнай Рэспублікі кавалак фронту на левым фланзе Польскай Арміі і ўзлажыць на Польскае інтэнданцтва павіннасць адпускаць для Асобнага Атраду ўсё яму патрэбнае".
У баях на Беларусі

23 лютага 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч падпісаў з польскім вайсковым прадстаўніком у Рызе пагадненне аб сумесных ваенных дзеяннях супраць Чырвонай Арміі. 3 сакавіка С. Булак-Балаховіч быў прыняты ў Дзвінску (Даўгаўпілсе) генералам Эдвардам Рыдз-Сміглым, а 14 сакавіка Беларускі Асобны атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну, каб змагацца на савецка-польскім фронце ў Беларусі. Але спачатку ён быў накіраваны ў Брэст, дзе атрад дафармаваўся і атрымаў дадатковую колькасць зброі. Ад пачатку чэрвоня 1920 г. Беларуская група (або Беларуская Нацыянальная армія) генерала С. Булак-Балаховіча налічвала каля 2 тысяч шабель (кавалерыстаў). Яна брала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на Палессі супраць Чырвонай Арміі.

С. Булак-Балаховіч рабіў знянацку кавалерыйскія налёты на тылы савецкіх войскаў, штабы злучэнняў Чырвонай Арміі. Аператыўна група С. Булак-Балаховіча ўваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў, потым 3-й польскай арміі. Група папаўнялася. Паводле звестак аператыўнай разнведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня 1920 г. у атрадзе С. Булак-Балаховіча, калі ён знаходзіўся ў раёне Уладавы (на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі (Партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазнясенскі) агульнай колькасцю 1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з трох эскадронаў на 400 шабель. Характэрна, што палкі былі названыя па гарадах Пскоўскай губерні, дзе раней ваяваў Булак-Балаховіч і яго атрад.

Пры адступленні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасні 1920 г. Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4-й савецкай арміі, разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасня ўварваўся ў Пінск, дзе знаходзіўся штаб 4-й арміі і запасны полк. Частка штаба паспела прарвацца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член рэўваенсавета арміі (паліткамісар) конна паехалі да лініі фронту. 4-я армія аказалася разрэзанай на дзве часткі, а яе кіраванне парушаным. Пінск быў заняты групай С. Булак-Балаховіча апоўдні 26 верасня. Атрады з групы С. Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да самага заканчэння ваенных дзеянняў падчас савецка-польскай вайны.

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле ўмоў перамір'я, ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі спынены праз 6 дзён - 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя раёны.

Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагадненне аб аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на ўсход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй належала Б. В. Савінкаву, а ваеннае - С. Н. Булак-Балаховічу. Армія С. Булак-Балаховіча пачала рэарганізацыю. У яе склад уступалі мясцовыя партызаны, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя на вайне людзі, якія ўжо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску С. Булак-Балаховіча фармаваўся і яўрэйскі конны эскадрон на чале з паручнікам Цэйтліным.
Падрыхтоўка паходу на Палессе

У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у страі. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1-я дывізія "смерці" палкоўніка (потым генерал-маёра) Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000-4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія "смерці", якая складалася з 1-га Партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га Востраўскага і 4-га Вазнясенскага палкоў і іншых падраздзяленняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада, якія прыйшлі на фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі. У кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2-я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.

Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай "ваеннага камунізму", прарвацца ў Расію для стварэння там дэмакратычнай рэспублікі.

Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду Алексюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.

Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Так, польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі, - брыгаду цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.
Паход Булак-Балаховіча на Палессе

6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала наступ у Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 - мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі "смерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці Булак-Балаховіча. Камендант Мазыра генерал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія нацыянальныя сцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10 лістапада Востраўскі полк 1-й дывізіі арміі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Частка яго войска - 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага) - наступала на Рэчыцу, а другая частка войска - на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч раскрыў свае ўласныя палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе "начальнікам Беларускай дзяржавы" (як Пілсудскі - Польскай) і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаванне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.

У Мазыр з Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П. Аляксюк і В. Адамовіч, якія заключылі з С. Н. Булак-Балаховічам і Б. В. Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі з наступным узгадненнем Устаноўчымі соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы ўзаемаадносін. С. Н. Булак-Балаховіч прызначыў П. Алексюка старшынёй свайго ўрада, а эмігранцкі ўрад В. Ластоўскага і савецкі ўрад Чарняка (А. Чарвякова) у Менску абвясціў "звергнутымі".

У арміі С. Н. Булак-Балаховіча былі і свае вайсковыя ўзнагароды: вялікі крыж з мячамі і крыж мужных. У цэнтры крыжоў была выява чэрапа. На вялікім крыжы быў у цэнтры па кругу надпіс: "За нашу і вашу свабоду". А раней яго Асобны атрад меў і свае паштовыя маркі.

Барацьбу супраць арміі С. Булак-Балаховіча вяла савецкая 16-я армія Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чырвонай Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. 3 боку Жлобіна контрнаступленне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе часці 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца адрэзанымі, перадавыя атрады С. Н. Булак-Балаховіча 18 лістапада спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне яго дывізій. 2-я пяхотная дывізія ўпарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада горад быў захоплены праціўнікам.

Асноўнай частцы арміі Булак-Балаховіча ўдалося 22 лістапада прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы-Якімавічы (на поўнач ад Мазыра) праз заслоны чырвона-армейцаў 33-й Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць Пціч. 26 лістапада войскі С. Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войскаў. План камандавання Чырвонай Арміі абкружыць і знішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак-Балаховіча не ўдаўся.

Армія С. Н. Булак-Балаховіча сабралася ў раёне Тураў - Давыд-Гарадок - Лахва і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адышла ў нейтральную зону (па 15 км. па абодва бакі мяжы), якая існавала да заключэння міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла партызанскія дзеянні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка атрадаў падчас адступлення арміі засталася на месцы і працягвала весці партызанскую вайну. Налёты атрадаў С. Н. Булак-Балаховіча на тэрыторыю БССР працягваліся да 1922 г. Значная частка былых яго жаўнераў атрымала працу ў Белавежскай пушчы на тартаках і вырубцы лесу.
У Польшчы

Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў прызнаны генералам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал. Ён быў абраны як генерал брыгады старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У публіцыстычных творах ён паслядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку гэтых дзяржаў у дачыненні да суседніх народаў.

Падчас савецка-польскай вайны і пасля яе адмоўна да С. Булак-Балаховіча ставіліся і палітычныя сілы на Беларусі, не кажучы ўжо пра бальшавікоў, для якіх ён быў заўсёды ворагам. Адмоўна да яго ставілася і партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (падчас вайны - саюзніца бальшавікоў, якую яны выкарысталі супраць Польшчы, а потым ёй здрадзілі і забаранілі яе). Беларускі эсэры не маглі дараваць генералу яго саюзу з Польшчай і таму падчас паходу на Палессе не падтрымалі яго. Такой тактыкі яны прытрымліваліся і пазней, нягледзячы на тое, што беларускае сялянства падтрымлівала генерала, бо С. Булак-Балаховіч выступаў за незалежнасць Беларусі і супраць антысялянскай палітыкі бальшавікоў.

Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадскі дзеяч і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў зборнік вершаў "Перш, пакуль голас свой даць", які згадваецца ў картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам знайсці не ўдалося.

Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і недаступным нам часопісе "На чужыне" (выходзіў у Рызе ў 1920-я гг.) верш С. Булак-Балаховіча "Покліч бацькі", напісаны 25 лістапада 1919 г. у Рэвелі (Таліне), калі Булак-Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць Чырвонай Арміі.

Покліч бацькі
Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роўнае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
"Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!"

Сынкі! А мы што жа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на дапамогу!

Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!

(I сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч пры дапамозе шэфа вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў перамовы аб накіраванні свайго Беларускага атрада пад назвай Беларуская Нацыянальная Армія на ўчастак савецка-польскага фронту ў Палессе, куды і прыбыў яго Беларускі атрад.)

Алесь Бяляцкі таксама апублікаваў (са сваім каментарам) у часопісе "Спадчына" (1991. № 6. С. 17) два вершы С. Булак-Балаховіча: ужо прыведзены "Покліч бацькі" і "Шарак ці брысь", напісаны 19 ліпеня 1927 г.

Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага генерала і дапоўняць характарыстыку гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.

Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак-Балаховіч арганізаваў абарону сталіцы на паўднёвым участку. Удзельнікі абароны Варшавы пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў тылы нямецкіх войскаў здабывалі важную інфармацыю, нападалі на нямецкія патрулі. Супраціўленне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы верасня 1939 г.

У канцы 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч разам з былымі афіцэрамі сваіх вайсковых фармаванняў стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.

Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г., калі перад сваім домам на Саскай вуліцы, 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе арышту падчас страляніны. Па некаторых звестках, Станіслаў Булак-Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты перыяд супрацоўнічалі з гестапа. Але больш праўдападобнай з'яўляецца версія пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра што С. Булак-Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.

Сімвалічная магіла генерала С. Булак-Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках (кватэра А15, рад 8, магіла 12). На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Балаховіча стараннямі яго ўнука Мацея Булак-Балаховіча ўмацавана памятная дошка, прысвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.

Адзначаючы 125-годдзе з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча, трэба падкрэсліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасць генерала, які намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць незалежную Беларускую дзяржаву.

Анатол Грыцкевіч, 4 студзеня 2008 г.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Старонкі нашай мінуўшчыны. Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.