Старонкі нашай мінуўшчыны. Іван Багданавіч Сапега (каля 1480-1546)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Старонкі нашай мінуўшчыны. Іван Багданавіч Сапега (каля 1480-1546). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Ужо ў канцы XV ст. у палітычным жыцці Беларуска-Літоўскай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае род Сапегаў, прадстаўнікі якога на працягу XV-XVIII стст. стала займаюць вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Сапегі лічыліся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага, маючы вялікія латыфундыі, свае гарады і мястэчкі, уласнае войска. Гэтае прыватнае войска складалася са службовай шляхты, выбранцаў і іншых вайсковых людзей, якія атрымлівалі як васалы ўчасткі зямлі з адным абавязкам - хадзіць у паходы ці абараняць крэпасці.

Род Сапегаў па паходжанні беларускі, і напачатку Сапегі былі праваслаўнымі магнатамі. У другой палове XVI ст. частка прадстаўнікоў роду далучылася да Рэфармацыі і стала пратэстантамі (кальвіністамі). Аднак ужо ў канцы XVI ст., падчас Контррэфармацыі, Сапегі прынялі каталіцтва. У гэты час род Сапегаў у значнай ступені паланізаваўся. У канцы XVII-XVIII ст., падчас жорсткай барацьбы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць большасці беларускай шляхты, Сапегі нават спрабавалі ўтварыць самастойную дзяржаву, аддзяліўшыся ад Польшчы, якая з XVI ст. уваходзіла разам з Беларуска-Літоўскай дзяржавай у склад федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Калі род Сапегаў знаходзіўся ў зеніце сваёй магутнасці, у XVII-XVIII стст. пачалі стварацца і друкавацца радаводы роду Сапегаў. Каб надаць роду большую павагу і аўтарытэт, складальнікі радаводаў, зразумела, са згоды Сапегаў, сцвярджалі пра быццам княжацкае паходжанне роду ад Нарымонта, сына Гедыміна. У XVIII-XIX стст. некаторыя даследчыкі выводзілі род Сапегаў ад троцкага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. Да гэтага сцвярджэння крытычна паставіліся польскіядаследчыкі у галіне генеалогіі канца ХІХ ст. А. Банецкі і Ю. Вольф, а таксама гісторык першай паловы XX ст. У. Сямковіч. Яны ў сваіх даследаваннях даказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапегі (Сапігі], велікакняжацкага пісара ў 1440-х гг., з полацкіх баяраў Першапачаткова вялікія маёнткі Сапегаў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакоў). У пачатку XVI ст. Смаленская зямля была страчана падчас войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак Сапегі атрымалі і набылі новыя маёнткі на тэрыторыі Беларусі. Магнацкі род Сапегаў карыстаўся гербам "Ліс" - белая, павернутая ўгару вастрыём і двойчы перакрыжаваная, страла ў чырвоным полі.

У сыноў родапачынальніка Сямёна Сапегі засталіся асноўныя маёнткі на тэрыторыі Беларусі. Так, у пісара гаспадарскага 1488 г. Багдана Сямёнавіча Сапегі (да 1450 - пасля 1512) асноўныя маёнткі былі на Віцебшчыне і Полаччыне, якія склалі ядро сапегаўскіх латыфундый (11 маёнткаў), а ў яго брата Івана Сямёнавіча (каля 1450-1517) таксама пісара гаспадарскага Казіміра Ягайлавіча з 1488 г. (пасля брата) і ваяводы падляшскага ў 1511-1515 гг., маёнткі былі на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасцейшчыне. Багдан Сапега стаў пачынальнікам адной з галоўных ліній роду - чарэйска-ружанскай, а Іван Сапега - другой лініі - коданьскай (дадатковая назва гэтай лініі ў некаторых даследчыкаў - "северская" - з'яўляецца памылковай). Памылковыя таксама звесткі пра наданне роду Сапегаў графскага тытула ад германскага імператара Максіміліяна II 6 студзеня 1572 г.і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4 мая 1572 г. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў метрыку Вялікага Княства Літоўскага ў 1744 г. канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам і, такім чынам, сталі дзяржаўнымі дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. Толькі 14 верасня 1700 г. германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйскай-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (Германскай імперыі).

Адным з першых прадстаўнікоў роду Сапегаў, дзейнасць якога была запісана ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага і тагачасных хроніках, быў Іван Багданавіч Сапега, сын Багдана Сямёнавіча, старэйшага сына родапачынальніка Сямёна Сапегі, і князёўны Фядоры Фёдараўны Друцкай-Саколінскай (памерла ў 1519 ці ў 1522 г.), якая ўнесла ў род Сапегаў вялікі маёнтак ў Чарэі. Іван Багданавіч Сапега быў пляменнікам Івана Сямёнавіча Сапегі (якога часта запісвалі ў дакументах як Івашка Сапежыч] і карыстаўся падтрымкай як свайго бацькі, так і ўплывовага дзядзькі.

Іван Багданавіч Сапега пачаў службу пры гаспадарскім (велікакняжацкім двары) яшчэ ў час панавання Аляксандра Казіміравіча.Як гэта звычайна было ў феадальны час, характар службы меў спадчынны характар. І. Б. Сапега, як яго дзед, бацька і дзядзька, значнаю частку часу аддаваў службе ў канцылярыі вялікага князя, быў добра дасведчаны ў падрыхтоўцы дзяржаўных дакументаў, іх выдачы, назапашванні архіва (Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага), ведаў правілы дакументацыі (зразумела, уся перапіска ўнутры дзяржавы, часткова і ў дыпламатыі, вялася на беларускай мове]. Гэтая служба не перашкаджала і дзяржаўнай кіраўнічай дзейнасці.

Першай самастойнай пасадай маладога Івана Багданавіча Сапегі была адміністрацыйная пасада намесніка (кіраўніка мясцовай велікакняжацкай адміністрацыі] юрборкскага ў Жамойціі, якую ён заняў у 1502 г. У 1505 г. ён быў прызначаны на пасаду намесніка бранскага (у Падляшскім ваяводстве). У 1508-1515 гг. да таго ж ён быў гараднічым троцкім і меў абавязак даглядаць замак у Троках.

Пасля ўзыходжання на велікакняжацкі трон Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога] у 1507-1516 гг. Іван Багданавіч Сапега займаў пасаду пісара гаспадарскага (велікакняжацкага), якую ў 1471-1488 гг. займаў яго бацька Багдан Сямёнавіч, а ў 1488-1501 гг. - яго дзядзька Іван Сямёнавіч. Дзядзька і далей захоўваў свае найвышэйшыя пісарскія функцыі: у 1506 г. быў прызначаны найвышэйшым сакратаром Вялікага Княства Літоўскага.

Як бацька і дзядзька, Іван Багданавіч Сапега выконваў і дыпламатычныя функцыі, удзельнічаў у пасольствах. Гаспадарская канцылярыя шмат у чым выконвала функцыі ведамства па замежных сувязях. Менавіта адсюль накіроўваліся пасольствы з адпаведнымі інструкцыямі, праектамі дагавораў дыпламатычнымі прапановамі замежным дварам. Пастаянных пасольстваў у замежных сталіцах тады яшчэ не было. За мяжу накіроўваліся пасольствы з канкрэтнымі місіямі і пасля заканчэння місіі вярталіся назад.

Іван Багданавіч ездзіў паслом за мяжу некалькі разоў. Так, ён быў паслом ў Маскоўскім вялікім княстве ў 1508,1531-1532 і ў 1536 гг., у Турцыі ў 1534 г., у Польшчы.

У верасні 1508 г. Іван Багданавіч Сапега - пісар (сакратар] пасольства ў Маскве, дзе вёў пратакол перагавораў з маскоўскімі баярамі аб міры. У выніку перагавораў 19 верасня 1508 г. быў заключаны "вечны мір", якім скончылася вайна 1507-1508 гг. паміж абодвума вялікімі княствамі. Дзяржаўныя межы засталіся такімі ж, якімі былі да вайны. Падчас гэтых перагавораў Іван Сямёнавіч Сапега, які ўдзельнічаў у пасольстве, і сам Іван Багданавіч Сапега дамагліся вызвалення з маскоўскага палону свайго брата і бацькі - Багдана Сямёнавіча Сапегі, які быў кіраўніком ранейшага пасольства ў Маскве ў 1507 г. і быў там затрыманы, калі пачалася вайна. За вызваленне Багдана Сапегі пасольства Вялікага Княства Літоўскага дало згоду на свабодны выезд у Маскву з Беларусі сваякоў князя Міхаіла Львовіча Глінскага, які падчас вайны перайшоў на бок маскоўскага вялікага князя Васіля III.

Паколькі Іван Багданавіч Сапега ўваходзіў у вузкае кола вышэйшай бюракратыі і карыстаўся даверам вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога), то выконваў далікатныя даручэнні гаспадара (вялікага князя), у тым ліку разглядаў судовыя справы гаспадарча-ўласніцкага характару пра спадчыннасць маёнткаў якія вяліся паміж магнатамі, заможнай і сярэдняй шляхтай. Іван Сапега складаў дакументы, апісанні маёнткаў, разам з іншымі суддзямі ўстанаўліваў межы паміж маёнткамі. У той час, калі тэрыторыя Беларусі і Літвы была ў большасці пакрыта лясамі і пушчамі, насельніцтва было адносна рэдкім, а сталай дакументацыі на зямлю на месцах амаль не было, такая дзейнасць была складанай і адказнай.

Іван Багданавіч Сапега, якому падчас чарговай вайны Маскоўскай дзяржавы з Беларуска-Літоўскай дзяржавай 1512-1522 гг. было за 30 гадоў, удзельнічаў у гэтай вайне са сваімі атрадамі, якія выстаўлялі ў войска ўсе тагачасныя паны і баяры (шляхта), што мелі зямельныя ўладанні (з пэўнай нормай коннікаў ад колькасці зямлі].

Ранейшыя гісторыкі часам блыталі, у якіх падзеях удзельнічаў Іван Багданавіч Сапега, а ў якіх яго дзядзька - Іван Сямёнавіч Сапега. Аўтарка біяграфічных артыкулаў пра Івана Сямёнавіча Сапегу і Івана Багданавіча Сапегу (пляменніка) у польскім біяграфічным слоўніку (Т. 34. 1993) Марыя Міхалевічава адзначае, што ў Аршанскай бітве 8 верасня 1514 г. удзельнічаў Іван Сямёнавіч Сапега са сваімі атрадамі, a ў біяграфіі Івана Багданавіча Сапегі абмінае факт яго ўдзелу ў гэтай бітве. Гэтая памылка паўтараецца ў іншых выданнях.

Аднак трэба адзначыць, што Івану Сямёнавічу Сапегу ў 1514 г. было па меншай меры 65 гадоў. Нават і ў наш час у такім узросце ў войску ўжо не служаць. А ў пачатку XVI ст. ваяваць на кані, удзельнічаць у атаках, камандаваць войскам было вельмі цяжка, а часам, улічваючы гады і хваробы гэтага ўзросту, і немагчыма. Ды і памёр Іван Сямёнавіч Сапега ў 1517 г. Таму слушна будзе казаць пра ўдзел у вайне Івана Багданавіча Сапегі, які быў гадоў на 30 маладзейшы за свайго дзядзьку.

Таму слушна будзе прызнаць, што ў кампаніі 1514 г. і ў Аршанскай бітве ўдзельнічаў Іван Багданавіч Сапега, як адзначана ў нашых артыкулах ў часопісе "Спадчына" (1992, № 6) і 1-м томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі". Гэтае меркаванне падмацоўваецца сведчаннем храніста Мацея Стрыйкоўскага, які ў сваёй "Хроніцы польскай, літоўскай, жмудзкай і ўсёй Русі Кіеўскай..." (Каралявец, 1582. С. 726) прама кажа пра ўдзел у баях напярэдадні Аршанскай бітвы "Івана Сапегі, які быў потым ваяводам віцебскім". Вядома, што дзядзька, Іван Сямёнавіч Сапега, быў ваяводам віцебскім у 1511-1513 гг., а потым, у 1513 г., атрымаў ад вялікага князя больш высокую пасаду ваяводы падляшскага, на якой заставаўся да канца жыцця. У Вялікім Княстве Літоўскім пасады ваяводы мелі розныя ступені прэстыжнасці, і ваяводаў падвышалі, пераводзячы з малых ступеняў на больш высокія.

Іван Багданавіч Сапега (пляменнік) атрымаў прызначэнне на пасаду віцебскага ваяводы ў 1520 г. (як пішацца ў "Хроніцы...", быў ваяводам віцебскім "потым") і займаў гэтую пасаду да 1529 г., калі быў пераведзены на пасаду падляшскага ваяводы і займаў яе да канца жыцця.

За некалькі дзён да Аршанскай бітвы войска гетмана найвышэйшага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага наступала пад Оршу з Барысава, дзе знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта. У авангардзе войска К. I. Астрожскага ішлі атрады пад камандаваннем Івана Багданавіча Сапегі. Першы бой арміі Канстанціна Астрожскага з непрыяцелем адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе яго войска. Папярэдне, 27 жніўня 1514 г., артылерыйскай стральбой з гармат і гакаўніц (пішчаляў) былі нанесены значныя страты непрыяцелю. Гэтай часткай войска К. I. Астрожскага камандаваў Іван Багданавіч Сапега. Двойчы атакавалі ворага коннікі Івана Сапегі. У выніку атакі некалькі палкоў расійскага войска былі разбіты.

На наступны дзень, 28 жніўня, гэты авангард арміі К. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскаму палку перадавой стражы ўжо на рацэ Бобр. У баі было ўзята шмат палонных, якіх прывялі да гетмана Канстанціна Астрожскага, каб яны расказалі пра сілы і планы праціўніка. 1 верасня 1514 г. авангард войска Івана Багданавіча Сапегі нанёс паражэнне тром маскоўскім палкам. У баі было забіта некалькі соцень чалавек, ўзмацнілі баявы дух беларускага войска. Іван Багданавіч Сапега са сваімі коннікамі ўдзельнічаў у пераможнай бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. у шэрагах атрадаў, якімі непасрэдна камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі.

Іван Сапега працягваў службовую кар'еру далей. У 1515 г. ён быў прызначаны на пасаду маршалка гаспадарскага, прыдворнага ўрадніка (чыноўніка). Выконваў спецыяльныя даручэнні вялікага князя (гаспадара] і кіраваў пэўнымі прыдворнымі службамі. Гэта сведчыла аб даверы вялікага князя і давала доступ да далейшых пасадаў. У 1520 г. Іван Багданавіч Сапега атрымаў намінацыю на пасаду віцебскага ваяводы. У гэты ж час ён ажаніўся з князёўнай Ганнай Андрэеўнай Сангушкай (памерла ў 1561 г.), дачкой старасты ўладзімірскага, а пасля і маршалка Валынскай зямлі. Улетку 1529 г. Іван Сапега быў прызначаны вялікім князем Жыгімонтам Старым на пасаду падляшскага ваяводы. Тады ж, у 1529 г., стаў і старастам драгічынскім.

У палітычных адносінах Іван Багданавіч Сапега належаў да групоўкі магнатаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы - прыхільнікаў дзяржаўнай уніі з Польшчай. Гэтую групоўку ўзначальваў аўтарытэтны дзяржаўны дзеяч, гетман найвышэйшы і ваявода троцкі Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Групоўка К. I. Астрожскага супрацьстаяла іншай магнацкай групоўцы, якая ўзначальвалася ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхтам Гаштольдам, прыхільнікам поўнага аддзялення дзяржавы ад саюзнага Польскага каралеўства, дзе каралём быў Жыгімонт Стары, вялікі князь літоўскі.

Групоўка А. Гаштольда на сойме Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні 4 снежня 1522 г. дамаглася прызнання двухгадовага сына вялікага князя - Жыгімонта Аўгуста - вялікім князем літоўскім у выпадку смерці бацькі; так бы мовіць, абралі хлопчыка, насуперак звычаю, наперад, а не пасля смерці вялікага князя. Зроблена гэта было для таго, каб Вялікае Княства захавала сваю самастойнасць, бо польскую шляхту змушалі, такім чынам, або прызнаць самастойную палітыку Беларуска-Літоўскай дзяржавы, або выбіраць у будучыні караля, якога ім ужо падрыхтаваў беларуска-літоўскі бок. Пры гэтым улічвалася і тое, што Жыгімонт Стары гадамі не прыязджаў у Літву і Беларусь. Іван Сапега быў сярод актыўных дзеячаў, якія спрычыніліся да прыняцця на сойме акта аб спадчыннасці літоўскага трона для сына караля і вялікага князя.

Працягваючы гэтую ж лінію ў палітыцы, Іван Багданавіч Сапега быў адным з удзельнікаў абвяшчэння вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім ужо 9-гадовага Жыгімонта Аўгуста на сойме Вялікага Княства Літоўскага 18 кастрычніка 1529 г. пры жыцці бацькі, г. зн. другім вялікім князем. Гэта дало магчымасць Жыгімонту Старому і яго жонцы Боне Сфорцы дамагчыся на польскім сойме абрання сына польскім каралём (таксама другім). Зразумела, рэальная ўлада ў абедзвюх дзяржавах засталася ў руках бацькі. Але была забяспечана пераемнасць улады ў межах адной дынастыі і нават сям'і.

Іван Багданавіч Сапега працягваў і дыпламатычную дзейнасць. Так, у лютым 1531 г. ён разам з біскупам жамойцкім Мікалаем Вежгайлам паехаў паслом у Польшчу. Ад імя паноў рады Вялікага Княства Літоўскага, найвышэйшага дзяржаўнага органа, які кіраваў краінай і асабліва набыў вагу, калі гадамі Жыгімонт Стары не прыязджаў у Вільню, абодва паслы - I. Б. Сапега і М. Вежгайла - адмовілі Польшчы ў вайсковай дапамозе ў вайне, якую тая рыхтавала супраць малдаўскага гаспадара Рарэша. Іван Сапега некалькі месяцаў знаходзіўся ў Кракаве, тагачаснай сталіцы Польшчы, і вырашаў з каралём справы сваёй краіны, падпісваў розныя дакументы з тытуламі "ваявода падляшскі, маршалак, стараста драгічынскі".

У Вільню Іван Сапега вярнуўся ў канцы лістапада, а ўжо ў снежні 1531 г. выехаў на чале пасольства ў Маскву для перагавораў з вялікім князем Васілём III. Паколькі ў Беларусі была пашырана эпідэмія, то пасольства было затрымана ў Оршы (маскоўскія ўлады не дазволілі пераехаць мяжу) на каранцін. Толькі ў сакавіку 1532 г. яно прыбыло ў Маскву, дзе было прынята 17 сакавіка Васілём III. Мэтай пасольства было заключэнне перамір'я на пяць гадоў, што дало б магчымасць пасля заключыць трывалы мірны дагавор. Вайна паміж Маскоўскім вялікім княствам і Беларуска-Літоўскай дзяржавай 1512-1522 гг. закончылася перамір'ем 1522 г. Потым новае перамір'е было заключана ў 1526 г. яшчэ на 6 гадоў

Пасольства Вялікага Княства Літоўскага цяпер прапанавала заключыць "вечны мір" пры ўмове, што Васіль III адмовіцца ад Чарнігава з навакольнай тэрыторыяй. Аднак Васіль III заявіў што ніякіх саступак рабіць не будзе, і згадзіўся заключыць перамір'е толькі на адзін год. Ён рыхтаваўся да новай вайны з Вялікім Княствам Літоўскім, намагаючыся заваяваць новыя землі для сваёй дзяржавы.

Перамір'е ў Маскве было падпісана 10 красавіка 1532 г. да свята Божага нараджэння наступнага 1533 г. Праўда, у 1533 г. вайна не ўзнавілася, бо Васіль III памёр на пачатку снежня 1533 г., і ў Маскве пачалася барацьба за трон паміж удавой Васіля III Аленай Глінскай і братамі яе мужа. Вайну давялося адкласці да 1535 г.

У красавіку 1534 г. Іван Сапега быў паслом ад Жыгімонта Старога да прускага герцага Альбрэхта ў справе адносін паміж Вільняй і Масквой. У 1536 г. Іван Сапега разам са старастам брацлаўскім Іллёй Астрожскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Неміровічам зноў ездзіў у Маскву для заключэння міру але беспаспяхова.

Ва ўнутранай палітыцы дзяржавы Іван Сапега браў таксама чынны ўдзел. У 1536 г. ён быў уключаны ў камісію па правядзенні аграрнай рэформы ў гаспадарскіх уладаннях, якія належалі да Драгічынскага павета. Яму было прадпісана правесці валочную памеру, г. зн. размеркаванне зямлі на валокі (валока - 21,37 га] з устанаўленнем аднастайных павіннасцяў насельніцтва на валоках. Іван Сапега праводзіў рэформу ў Путковіцах, Малмотках, Качэрках, Вінярах, Чэрных, дзе зямля была размеркавана на валокі, а сяляне гэтых сёлаў былі "асаджаны на чынш, абы выплату гаспадарскую давалі".

Улетку 1541 г. раптам Іван Багданавіч Сапега быў пазбаўлены пасадаў ваяводы падляшскага, старасты драгічынскага і маршалка гаспадарскага, арыштаваны і пасаджаны ў вязенне замка вышэйшага ў Вільні. Былі секвестраваныя (часова адабраныя) маёнткі. Справа I. Б. Сапегі няясная, бо яе дакументы ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага адсутнічаюць. Як сцвярджаў каралеўскі сакратар біскуп Станіслаў Гозіюш, I. Сапегу арыштавалі быццам за тое, што ён даў прысягу каралеве Боне, "што знішчыць усіх кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага". Але такое абвінавачванне, як і такога кшталту прысяга не мелі рэальнага грунту.

У снежні 1541 г. з просьбай аб вызваленні Івана Сапегі звярнуліся да паноўрады ў Вільні дарадцы караля ў Кракаве. У Вільню спецыяльна прыехаў польскі магнат Станіслаў Тэнчынскі, сваяк I. Сапегі, прасіць аб яго вызваленні. Кароль Жыгімонт Стары даў згоду на вызваленне I. Сапегі, калі знойдзецца паручыцель. За Сапегу хадайнічаў і вялікі князь, 21-гадовы Жыгімонт Аўгуст. Хутчэй за ўсё, палітычныя праціўнікі арганізавалі абвінавачванне і арышт.

Прасядзеў у вязенні Іван Сапега да вясны 1542 г. Праўда, пасады, якія ён займаў раней, нікому не далі, але і яму не вярнулі. Толькі ў 1545 г. яму было вернута Драгічынскае староства і секвестраваныя маёнткі. Ён быў рэабілітаваны. У красавіку 1546 г. у Івана Сапегі быў яшчэ судовы працэс з-за маёнткаў ля Талачына. А каралеўскі прывілей ад 19 лістапада 1546 г. быў выдадзены ўжо яго жонцы і сынам. Івана Сапегі не было ўжо ў жывых.

Іван Багданавіч Сапега быў спадчыннікам бацькоўскіх маёнткаў на Віцебшчыне і Полаччыне і прадаўжальнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў У 1530 г. пры падзеле маёнткаў паміж братамі ён захаваў гняздо роду - Чарэю. Ён набыў новыя маёнткі ў Віцебскім і Полацкім ваяводствах ў 20-я гг. XVI ст. з азёрамі, дзе разгарнуў рыбны промысел. I. Сапега меў маёнткі і ў іншых мясцовасцях, у тым ліку і ў Віленскім павеце. Падчас попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Сапега выставіў у войска са сваіх маёнткаў 36 коней. 1 вершнік у апалчэнне выстаўляўся, згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528 г, ад 8 сялянскіх службаў Звычайна ў службе было 2 і больш двароў. М. В. Доўнар-Запольскі лічыць, што ў службу ўваходзілі 3-4 "дымы" (двары). Такім чынам, у маёнтках Івана Сапегі было прыкладна да 1 тысячы сялянскіх двароў і болей. Асобна трэба лічыць староствы. Такім чынам, Іван Багданавіч Сапега належаў да магнатаў, самай вышэйшай групы шляхецкага саслоўя.

Ад шлюбу з Ганнай Сангушкай Іван Багданавіч Сапега меў чатырох сыноў і адну дачку. Старэйшы сын Лука памёр у 1545 г. Нашчадкаў не меў. Другі сын, Іван, які памёр у 1580 г., быў старастам драгічынскім. Ён быў жанаты з князёўнай Багданай Друцкай-Саколінскай (з галіны Канопля). Іх сынам быў знакаміты і славуты дзяржаўны дзеяч Леў Іванавіч Сапега. Трэці сын Івана Багданавіча Сапегі, Міхаіл Іванавіч (памёр пасля 1592 г.], быў дваранінам гаспадарскім (прыдворным), а з 1580 г. сакратаром каралеўскім у Стафана Баторыя. Чацвёрты сын, Павел (памёр у 1580 г.), меў тытул кашталяна кіеўскага з 1566 г., а таксама быў дзяржаўцам любецкім і перавальскім. Такім чынам, сыны Івана Багданавіча Сапегі займалі пасады сярэдняга маштабу ў адміністарцыі. Адзіная яго дачка, Соф'я, была замужам двойчы: першы раз за Лукашам Курапецкім, другі раз - за Рыгорам Валовічам, кашталянам наваградскім.

Сам Іван Багданавіч Сапега атрымаў у спадчыну ад бацькі ў Віцебскім ваяводстве маёнткі Сялец, Лемніца, Палонна (дзе пабудаваў замак), Рудомля. У набытым маёнтку Астроўна пабудаваў замак. У год смерці Івана Багданавіча Сапегі (1546] яго ўдава і сыны Іван, Міхаіл і Павел атрымалі прывілей вялікага князя на ўвядзенне таргоў і корчмаў у маёнтках Палонна, Лемніца і Востраў і ўтварэнні там мястэчак з поўнымі ільготамі для іх насельніцтва. Гэта сведчыла пра пэўную ўжо колькасць насельніцтва ў гэтых мясцінах і неабходнасць стварэння лакальных рынкаў.

Літаратура
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. №6. С. 2-11.
Грыцкевіч А. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6, кн. 1. Мінск, 2001. С. 223-228.
Грыцкевіч А. Сапегі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14. Мінск, 2002. С. 167-171.
Boniecki A. Poczet rodow w Wielkiem Ksiestwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887.
Gorczak B., Ozarowski K. Sapiehowie. Materjafy historyczno-genealo- giczne i majatkowe. T. 1. Petersburg, 1890.
Prochaska A. Archiwum domu Sapiehow. T. 1. Lwow, 1892.
Dworzaczek W. Genealogia. Warszawa, 1959.
Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440-1970. Paris, 1970.
Michalewiczowa M. Sapieha Iwan // Polski Slownik Biograficzny.
T. XXXIV, z. 143. S. 618-620.
Dom Sapiezynski. Warszawa, 1995.
Rachuba A. Dzieje rodu Sapiehow. Warszawa, 1999.

Анатоль Грыцкевіч, 25 жніўня 2005 г.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Старонкі нашай мінуўшчыны. Іван Багданавіч Сапега (каля 1480-1546)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.