БЕЛАРУСКI РУХ ПАЧАТКУ ХХ ст. I IДЭЯ ПАЛIТЫЧНАЙ НАЦЫI

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему БЕЛАРУСКI РУХ ПАЧАТКУ ХХ ст. I IДЭЯ ПАЛIТЫЧНАЙ НАЦЫI. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2010-11-26

З'яўленне iдэi палiтычнай нацыi ў грамадскiм i палiтычным жыццi Беларусi i Лiтвы непарыўна звязана з феноменам т.зв. краёвасцi пачатку ХХ ст. Асноўным пастулатам краёвай iдэалогii было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя этнасы Беларуска-лiтоўскага краю ўтвараюць адзiную нацыю, якую часта называлi "нацыяй лiцвiнаў". Да гэтай нацыi належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянiнам Краю, незалежна ад этнiчнасцi, сацыяльнага паходжання i культурнай арыентацыi. Iдэалогiя краёвасцi выразна супрацьстаяла этнiчнаму нацыяналiзму. Яна нарадзiлася сярод лiтоўскiх i беларускiх палякаў, свядомасць якiх зачастую вызначалася формулай gente Lithuaniae, natione Polonus альбо gente Ruthenus, natione Polonus. Першымi з прапагандай краёвых поглядаў у друку выступiлi Раман Скiрмунт (Glos przeszlosci i potrzeba chwili. Lwow, 1905), Баляслаў Ялавецкi (Litwa i jej potrzeby: Narodowy katechizm Litwy. Petersburg, 1905), Мiхал Ромэр, Канстанцыя Скiрмунт i iнш.

Адзiнства ў разуменнi краёвай iдэi не было. Краёвасць Мiхала Ромэра прадугледжвала злiццё ўсiх карэнных этнасаў Краю i фармаванне новай палiтычнай нацыi. Раман i Канстанцыя Скiрмунты ўспрымалi краёвасць як беларуска-лiтоўскi патрыятызм, дамiнаванне агульнакраёвых iнтарэсаў над патрэбамi асобных этнасаў i сацыяльных груп. Для Людвiка Абрамовiча краёвая iдэалогiя зводзiлася да добрасуседскага сужыцця ўсiх этнасаў Краю. У масавай свядомасцi большасцi прадстаўнiкоў мясцовай польскай грамадскасцi, якая падтрымала краёўцаў, краёвасць трактавалася чыста прагматычна як тактычны сродак дзеля ўмацавання польскасцi ў перыяд нацыянальна-культурнага Адраджэння народаў Краю. Пры гэтым рознагалоссi ўсе краёўцы ўспрымалi Беларуска-лiтоўскi край як суб'ект гiсторыi i працавалi над яго ператварэннем у суб'ект палiтыкi. iх палiтычная канцэпцыя эвалюцыянавала ад патрабавання аўтаномii "гiстарычнай Лiтвы" з сеймам у Вiльнi да яе дзяржаўнай незалежнасцi [1].

Першыя кантакты беларускiх дзячоў з краёўцамi адбывалiся ўжо ў часы рэвалюцыi 1905-1907 гг. У № 46 ад 13 (26).04. 1906 г. "Gazety Wilenskiej", кiраўнiком якой з'яўляўся Мiхал Ромэр, быў надрукаваны артыкул Антона Луцкевiча, прысвечаны аграрнай праграме Беларускай Сацыялiстычнай Грамады ("Program agrarny"). А.Луцкевiч схаваў сваё аўтарства пад псеўданiмам "Ян Мялешка".

Кантакты прыкметна ўзмоцнiлiся ў 1910 г., калi ў Вiльнi ўзнiкла масонская ложа "Лучнасць", сярод заснавальнiкаў якой былi браты Луцкевiчы. Гэтая ложа аб'ядноўвала прадстаўнiкоў дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, лiтоўскага, яўрэйскага i рускага этнасаў. Большасць з iх падзяляла краёвыя погляды. У 1911 г. у "Лучнасць" быў прыняты Мiхал Ромэр, якi хутка стаўся адным з прызнаных масонскiх кiраўнiкоў [2]. Дзякуючы ягоным асобасным якасцям, уменню пераканаць i павесцi за сабой вiленскiя масонскiя ложы (у 1911 г. была створана ложа "Лiтва", у 1914 г. - ложа "Беларусь") сталi моцнымi цэнтрамi прапаганды краёвасцi i iдэi палiтычнай нацыi ў якасцi яе найважнейшай складовай часткi [3].

Аналiз публiкацый Антона i iвана Луцкевiчаў дазваляе сцвярджаць, што ў гэты перыяд дзеячы беларускага руху падзялялi асноўныя пастулаты краёвасцi. Магчыма, паслярэвалюцыйная палiтычная рэакцыя, якую звычайна звязваюць з дзейнасцю вядомага расiйскага рэфарматара i кiраўнiка ўрада Пятра Сталыпiна, разуменне ўнутранай слабасцi палiтычнага беларускага руху спрыялi адыходу ягонага кiраўнiцтва ад пэўнага сацыяльнага i этнiчнага радыкалiзма. Можна сцвярджаць, што ў перыяд з 1907 па 1916 г. адбывалася лiбералiзацыя беларускага руху i перамяшчэнне галоўнага акцэнта дзейнасцi з палiтыкi на культурна-асветнiцкую галiну. Кiраўнiкi беларускага руху (браты Луцкевiчы i Вацлаў Ластоўскi) не толькi прынялi iдэю палiтычнай нацыi, але i актыўна яе прапагандавалi.

Адным са сродкаў такой прапаганды стала выданне братамi Луцкевiчамi штодзённай рускамоўнай "Вечерней газеты". Першы нумар выйшаў 18.09. (1.10). 1912 г. Прапаганда краёвасцi i лiберальна-дэмакратычнай iдэалогii, якую разгарнула "Вечерняя газета", адыграла сваю ролю падчас абрання ўдзельнiкаў вiленскага губернскага выбарчага сходу па т.зв. "рускай курыi". Газета, сапраўды, паспрыяла распаўсюджванню сярод рускай грамадскасцi Вiльнi iдэй лiберальных дэмакратаў. Гэта паўплывала i на вынiкi выбараў. Адначасова высветлiлася, што газета знайшла свайго чытача. I Антон Луцкевiч вырашыў працягваць выданне. Магчыма, ужо ў гэты час у яго ўзнiк план цэнтралiзацыi вiленскага дэмакратычнага i краёвага друку, пра якi пазней спамянуў у сваiм дзённiку М.Ромэр [4].

Iстотнай часткай гэтага плана было выданне штодзённай польскамоўнай газеты. Гэты праект А.Луцкевiч збiраўся рэалiзаваць ў цесным кантакце з польскiмi дэмакратамi. Аднак перамовы з групай польскiх вiленскiх дэмакратаў-краёўцаў (галоўным апанентам А.Луцкевiча быў Л.Абрамовiч) закончылiся безвынiкова. Беларусы вырашылi дзейнiчаць самастойна.

8(21).12.1912 г. выйшаў першы нумар "Кур'ера краёвага". Яго рыхтаваў Язэп Манькоўскi, якi даволi актыўна ў гэты час працаваў у асяроддзi вiленскiх беларусаў, а праграмны артыкул напiсаў Антон Луцкевiч [5]. М.Ромэр досыць высока ацэньваў узровень публiцыстыкi першых нумароў "Кур'ера". Галоўнай прычынай поспеху новай "польскай" газеты ён лiчыў iдэйнае кiраўнiцтва з боку Антона Луцкевiча i непасрэдны ўдзел беларускага дзеяча ў падрыхтоўцы яе нумароў да выдання. У сваiх ацэнках "Кур'ера" М.Ромэр неаднаразова звяртаў увагу на ролю А.Луцкевiча: "Адным з галоўных, хоць звонку непрыкметных супрацоўнiкаў газеты з'яўляецца Антон Луцкевiч, адзiн са стаўпоў "Нашай Нiвы". Гэта, магчыма, самы дзелавiты работнiк i самая здольная галава беларускага народнага руху. Адначасова ён рэдагуе "Вечернюю газету". Антон Луцкевiч трымаецца трохi ў ценю, не становiцца на чале "Кур'ера краёвага", але фактычна выконвае партыю першай скрыпкi. Ён аказвае рашаючы ўплыў на кiрунак i арганiзацыю газеты" [6].

Такiм чынам напрыканцы 1912 г. пад кантролем вiленскага беларускага кола знаходзiлiся чатыры выданнi: два беларускiх штотыднёвiка - "Наша Нiва" i "Саха", адно польскамоўнае - штодзённая газета "Кур'ер краёвы" i адно рускамоўнае - штодзённая "Вечерняя газета".

Што сабой уяўляла пазiцыя гэтых выданняў па асноўных пытаннях жыцця Беларуска-лiтоўскага краю?

У праграмных артыкулах першых нумароў "Вечерней газеты" i "Кур'ера краёвага" А.Луцкевiч сфармуляваў галоўныя задачы выданняў, якiя цалкам адпавядалi дэмакратычнаму варыянту краёвасцi i адвяргалi канцэпцыю этнiчнага нацыяналiзма.

"Вечерняя газета" № 1 ад 18.09. (1.10). 1912 г.: "У нас нiякiм чынам нельга зыходзiць з iнтарэсаў якой-небудзь адной нацыянальнай групы. Ва ўмовах разнастайнасцi нацыянальнага складу насельнiцтва трэба ўвесь час мець на ўвазе iнтарэсы краю, як адзiнага цэлага. Толькi ў гэтым выпадку магчыма нармальнае развiццё кожнай асобнай народнасцi. Усведамленне, што ўсе мы, жыхары гэтай зямлi, з'яўляемся грамадзянамi Краю - вось нашая зыходная кропка пры высвятленнi патрабаванняў розных груп насельнiцтва". Поўнае задавальненне i нацыянальных i сацыяльных патрабаванняў А.Луцкевiч звязваў з устанаўленнем дэмакратычнага ладу. Пад апошнiм разумелася правядзенне ў жыццё ў поўным аб'ёме "вялiкiх палажэнняў, абвешчаных яшчэ Манiфестам 17 кастрычнiка 1905 г."

У праграмным артыкуле №1 "Кур'ера" падкрэслiвалася небяспека ваяўнiчага шавiнiзма, якi "ўносiць у народныя масы ўзаемную ненавiсць i ўнутраную барацьбу, пагражае распадам Краю i стратай iм магчымасцi абараняцца ад людзей, якiя iмкнуцца знiшчыць на гэтай зямлi ўсялякае пачуццё асобнасцi". Мiж тым, "у Краi, дзе побач з лiтоўцам жыве паляк, побач з беларусам - яўрэй, у Краi, няшчасны лёс якога перадвызначыў ягонае адставанне i пазбавiў магчымасцi свабоднага развiцця, няма месца для ўнутранай барацьбы". А.Луцкевiч заклiкаў усiх "грамадзян Краю" да працы на ягоную карысць i на карысць прыгнечанага народа.

Тэрмiн "грамадзянiн Краю", адзiн з асноўных з пункту погляду канцэпцыi палiтычнай нацыi, шырока ўжываўся на старонках "Кур'ера" i "Вечерней газеты". Аўтары публiкацый даводзiлi, што жыццёва важныя для Краю пытаннi павiнны вырашацца з улiкам iнтарэсаў усiх этнасаў Беларусi i Лiтвы [7], асуджалi велiкарускi i велiкапольскi шавiнiзм [8], заяўлялi пра неабходнасць барацьбы з праявамi шавiнiзма сярод беларусаў i лiтоўцаў [9], выкрывалi сутнасць дзейнасцi т.з. "Белорусского общества" як арганiзацыi велiкарускiх шавiнiстаў ў беларускай " вопратцы" [10] i iнш.

А што ж "Наша Нiва"? Нават павярхоўны аналiз публiкацый галоўнай беларускай газеты ўказвае на тэматычны паралелiзм з матэрыяламi "Кур'ера краёвага" i "Вечерней газеты". У першую чаргу гэта прапаганда краёвай iдэалогii ў яе дэмакратычным варыянце i барацьба з этнiчным шавiнiзмам [11]. Падчас выбарчай кампанii ў IV Дзяржаўную думу "Наша Нiва" падтрымала кандыдатаў, якiх адстойвала "Вечерняя газета". У адным з артыкулаў "Нашай Нiвы" адзначалася: "<...> Мы, беларусы, можам верыць толькi шчырым расiйскiм прагрэсiстам, каторые зраднiлiся з нашым Краем, лiчаць сябе грамадзянамi нашай старонкi" [12]. Усе выданнi вялi сумесную барацьбу супраць велiкапольскага i велiкарускага шавiнiзма.

I рускамоўнае, i польскамоўнае выданне iмкнулiся выклiкаць сiмпатыi да беларускага руху. "Вечерняя газета" асцярожна згадвала пра мясцовыя беларускiя каранi большасцi рускай грамадскасцi краю [13]. "Кур'ер краёвы" заклiкаў шукаць згоду i паразуменне з беларусамi. Пры гэтым падкрэслiвалiся дэмакратычныя тэндэнцыi ў беларускiм руху: "Шчыры дэмакратызм беларускага руху... ягоная лаяльнасць у адносiнах да суграмадзян iншых нацыянальнасцяў - гэта гарантыя, што нашыя iмкненнi знойдуць жывы водгук сярод беларусаў" [14].

Такiм чынам, у перыяд 1911-1915 гг. сканцэнтраваны ў руках беларусаў друк у дачыненнi да нацыянальнай праблемы выразна дэманстраваў сваю прыхiльнасць да iдэi палiтычнай нацыi. Але паўстае пытанне: наколькi шчырымi былi беларускiя дзеячы ў сваёй прапагандзе iдэi палiтычнай нацыi або краёвасцi ў цэлым?

Аналiз крынiц, якiя маюцца ў нашым распараджэннi, дазваляе казаць пра выключна прагматычнае выкарыстанне беларусамi краёвай iдэалогii. У краёвасцi яны бачылi сродак, якi дазволiць узмоцнiць пазiцыi беларускага этнасу ў нацыянальна-культурным i грамадска-палiтычным жыццi Беларусi i Лiтвы. Так, напрыклад, агiтацыя на старонках "Кур'ера" неабходнасцi паразумення палякаў з беларусамi аргументавалася не толькi iнтарэсамi сумеснай барацьбы з велiкарускiм шавiнiзмам [15]. Аўтары публiкацый заявiлi пра адсутнасць выразных перспектываў далейшага развiцця польскага руху ў беларуска-лiтоўскiм краi [16]. Тут вiдавочны "беларускi ўхiл" краёвасцi Антона Луцкевiча i iншых дзеячоў "нашанiўскага" кола. Беларуская пазiцыя далёка не заўсёды адпавядала разуменню краёвасцi М.Ромэрам, найбольш паслядоўным прыхiльнiкам iдэi палiтычнай нацыi.

Сутнасць беларускага разумення краёвасцi досыць дакладна вызначылi апаненты Луцкевiчаў са штотыднёвiка "Пшэглёнд Вiленьскi", якi ўзначальваў Л.Абрамовiч. Апошнi сцвярджаў, што пазiцыя беларусаў грунтавалася на адсутнасцi веры ў магчымасць захавання польскасцi ў Беларуска-лiтоўскiм краi. Да гэтага трэба дадаць перакананне кiраўнiкоў беларускага руху, што беларускiя i лiтоўскiя палякi з'яўляюцца толькi нашчадкамi паланiзаваных лiтоўцаў i беларусаў. Такая пазiцыя нараджала патрабаваннi, каб польская грамадскасць працавала дзеля развiцця свядомасцi беларусаў i лiтоўцаў. "Пшэглёнд" катэгарычна адвяргаў падобныя заявы. Ён неаднаразова абвiнавачваў "Кур'ер" у "пабочных уплывах" [17]. Аднак раскрываць таямнiцу беларускага польскамоўнага выдання палякi не сталi.

"Беларускi ўхiл" можна заўважыць i ў асобных артыкулах "Вечерней газеты": "Справа культуры, справа прагрэсу настолькi важная, што яе павiнен падтрымлiваць кожны грамадзянiн Краю. Тут няма месца для меркаванняў нацыянальнага эгаiзма: хто можа, той павiнен садзейнiчаць культурным намаганням сваiх слабейшых суседзяў, з якiмi яго моцна звязаў гiстарычны ход падзей" [18].

Ёсць усе падставы сцвярджаць, што беларусы "нашанiўскага" кола i, у першую чаргу, А.Луцкевiч разумелi краёвасць як сужыцце розных этнасаў Краю. У гэтым сужыццi яны iмкнулiся забяспечыць за ўласным этнасам лепшыя ўмовы. Дарэчы, гэта наблiжала iх пазiцыю да пазiцыi групы Людвiка Абрамовiча, але гэтае ж падабенства непазбежна рабiла iх апанентамi. А.Луцкевiч спадзяваўся, што прапаганда iдэi палiтычнай нацыi на польскай i рускай мовах паспрыяе далучэнню да беларускага руху як русiфiкаваных i русiфiкаваўшыхся, так i паланiзаваных i паланiзаваўшыхся беларусаў i тым самым пашырыць яго сацыяльную базу.

Мiхал Ромэр характарызаваў беларускiя "прэтэнзii" як праявы этнiчнага нацыяналiзма [19]. Але пры гэтым галоўны iдэолаг краёвасцi быў упэўнены, што А.Луцкевiч i яго сябры ўрэшце рэшт зразумеюць польскую пазiцыю i пагадзяцца з тым, што палякi Беларусi i Лiтвы маюць поўнае права на развiццё ўласнай культуры i на ўдзел разам з лiтоўцамi i беларусамi ў вызначэннi будучынi Края.

Надзея М.Ромэра была дастаткова абгрунтаванай. Вiдавочна, што "нашанiўскае" беларускае кола ў гэты час моцна спадзявалася на пазiтыўныя вынiкi супрацоўнiцтва з польскiмi, лiтоўскiмi i яўрэйскiмi краёўцамi-дэмакратамi. Дзеля згоды А. Луцкевiч быў гатовы пайсцi на пэўныя ўступкi. Магчыма, ён разлiчваў, што пазiцыя М.Ромэра будзе пашырацца сярод грамадскасцi. У тым, што гэта прынясе вялiкую карысць як беларускаму руху, так i ўсяму Краю, беларускi дзеяч быў упэўнены.

Але надзеi не спраўдзiлiся. I на пачатку 1915 г. А.Луцкевiч на старонках "Нашай Нiвы" выступiў з рэзкай крытыкай "нашых" палякаў: "Нашыя" палякi-iнтэлiгенты кажуць, што яны маюць поўна работы "для сваiх" - для "польскага сялянства i пралетарыяту" на нашай зямлi. Але ж польскага "дэмаса" - на смех малая жменя. А поруч з гэтай жменяй мiльёны цёмных i галодных беларускiх сялян, каторыя блiзка не маюць йшчэ сваёй iнтэлiгенцыi, для каторых нiма каму працаваць... Працаваць для тых мiльёнаў - гэта для нашых палякаў грэх i здрада, хоць колькi ж мiж iмi сыноў таго ж беларускага народу! <...> Яны не разумеюць, што прайшоў час панавання над намi i трэба цяпер адслужыць нашай старонцы, трэба не толькi называцца, але i быць грамадзянамi, трэба кармiць галоднага i асвяшчаць цёмнага селянiна не толькi за тым, што ён - "свой", што ён пераробiцца на паляка, але затым, што гэта сьвятая павiннасць. А раз гэта павiннасць, а не ласка, дык i вучыць беларусаў трэба не так, як хоча вучыцель, а так як гаворыць народ, каторы захаваўшы сваю мову праз соткi гадоў, праявiў ясна сваё жаданне заставацца беларусам [20] ".

Гэтая крытыка не мела дачынення да М.Ромэра i прыхiльнiкаў ягонай краёвай пазiцыi. У наступным "нашанiўскiм" артыкуле А.Луцкевiч адзначыў, што "поруч з "прыгоншчыкамi" ў нашай старонцы ёсць людзi, каторыя баронячы сваю польскую культуру, не забываюць, што яны тутэйшыя грамадзяне, што i на iх ляжыць павiннасць памагаць галодным, асвяшчаць цёмных людзей - нягледзячы, якой яны нацыi i веры.<...>

Мы верым, што сiлы польскай дэмакратыi ўзрастуць, калi над зямлёй Беларусi засвецiцца зорка лепшай будучыны. А шчыры дэмакратызм створыць той залаты мост, каторы з'еднае ўрэшце народы нашага краю ў адну вялiкую згодную сям'ю i каторы польскiя нацыяналiсты цяпер не даюць збудаваць" [21].

Зразумець самакаштоўнасць iдэi палiтычнай нацыi ва ўмовах культурнага Адраджэння этнасаў Беларуска-лiтоўскага краю, ва ўмовах абвастрэння мiжэтнiчных адносiн было вельмi няпроста. Даволi прагматычнае стаўленне беларусаў да гэтай iдэi на пачатку ХХ ст. не павiнна здзiўляць. Аналагiчна гэтую iдэю трактавала большасць польскiх, яўрэйскiх i лiтоўскiх дзеячоў.

Адным з апошнiх актаў супрацоўнiцтва краёўцаў было ўтварэнне напрыканцы 1915 г. ва ўмовах Вiльнi, акупаванай Германiяй, Часовай Рады Канфедэрацыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Фактычна Рада выступала за дзяржаўную незалежнасць "гiстарычнай Лiтвы". Новаўтвораная дзяржава павiнна была гарантаваць усiм яе этнасам права на свабоднае культурнае развiццё. Гэтая арганiзацыя аб'яднала дзеячоў розных этнiчных рухаў, а iнiцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне мiжэтнiчных адносiн (асаблiва польска-лiтоўскiх), да чаго сваю руку прыклалi i прадстаўнiкi германскай акупацыйнай адмiнiстрацыi, хутка разбурылi гэтую трохi рамантычную iдэю. Негатыўную ролю адыграла таксама радыкалiзацыя беларускага руху, якая хутка адбывалася пасля Лютаўскай рэвалюцыi ў Расii. Адрадзiўшаяся ў 1917 г. Беларуская Сацыялiстычная Грамада ўспрымала беларускi этнас як сялянска-рабочы. Прадстаўнiкам iншых сацыяльных колаў (асаблiва землеўладальнiкам) было амаль немагчыма заваяваць давер сацыялiстаў.

Аднак вiленскiя беларускiя дзеячы, магчыма, па прычыне слабасцi беларускага руху вельмi доўга захоўвалi вернасць краёвай iдэалогii. Так, iдэя дзяржаўнасцi гiстарычнай Лiтвы яшчэ ў 1917 г. дамiнавала ў беларускiм руху на захад ад лiнii фронта. Толькi на пачатку 1918 г. беларусы былi вымушаныя канчаткова ад яе адмовiцца. Сваю ролю адыграла прызнанне Германiяй незалежнасцi "этнаграфiчнай" Лiтвы са сталiцай у Вiльнi i iмперскiя амбiцыi палiтыкаў новай Польшчы, якая хутка ўмацоўвала свой дзяржаўны суверэнiтэт i разглядала беларускiя землi як сферу свайго палiтычнага дамiнавання.

Такiм чынам, на пачатку ХХ ст. у сiлу неспрыяльных унутраных i знешнiх абставiн iдэя палiтычнай нацыi не стала падмуркам беларускага руху, хаця вельмi актыўна выкарыстоўвалася беларусамi. Мiж тым гiсторыя Еўропы ўсяго ХХ ст. выразна засведчыла перспектыўнасць менавiта дактрыны палiтычнага нацыяналiзма. Галоўным крытэрыям нацыянальнай прыналежнасцi паступова сталася ўжо не этнiчнасць, а грамадзянства. Падобны падыход дазволiў ва многiх краiнах звесцi да мiнiмуму этнiчныя канфлiкты, паспрыяў фармаванню грамадзянскай супольнасцi.

Аднак гэты вопыт не быў выкарыстаны беларускiмi адраджэнцамi 90-ых г. ХХ ст. Кiраўнiцтва Беларускага Народнага Фронту актыўна выкарыстоўвала iдэалогiю этнiчнага, а не палiтычнага нацыяналiзма, што прыкметна абмежавала магчымасцi беларускага руху. Напрыканцы нашага стагоддзя прапаганда этнiчнага нацыяналiзма непазбежна робiць ягоных прыхiльнiкаў грамадскiмi маргiналамi. У той жа час iдэалогiя палiтычнага нацыяналiзма, асаблiва ва ўмовах, калi насуперак намаганням уладаў у Беларусi працягваецца працэс фармавання беларускай палiтычнай нацыi, калi этнiчная свядомасць самiх беларусаў абсалютна пазбаўлена этнацэнтрызма, дае пэўны шанс завяршыць працэс беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння ўтварэннем незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

ЗАЎВАГI

1. Гл. падрабязней у арт.: Смалянчук А. "Краёвасць" у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. // Беларускi гiстарычны агляд, том 4, сшытак 1-2 (6-7), снежань, 1998, Менск.

2. Ромэр М. Дзеннiк. Т.4, с.403. Запiс ад 3(16) сакавiка 1915 г. // Аддзел рукапiсаў Цэнтральнай бiблiятэкi АН Лiтвы.

3. Гл. падрабязней у арт.: Смалянчук А. З гiсторыi вiленскага масонства пачатку ХХ ст. // Спадчына, 1998, №5.

4. Ромэр М. Дзённiк. Т.2., с.435. Запiс ад 24.10.(6.11).1912 г.

5. Ромэр М. Дзённiк. Т.2, с.450. Запiс ад 8(21)11.1912 г.

6 Ромэр М. Дзённiк. Т.3, с.61. Запiс ад 27.02.(12.03).1913 г.

7. Напр.: Генрык Букавецкi [А.Луцкевiч]. Прынцыповае пытанне. // Кур'ер краёвы, 1912, №19; б/п. [А.Луцкевiч?]. Одна из причин трений. // Вечерняя газета, 1913, №337 i iнш.

8. Напр.: б/п. [А.Луцкевiч?]. Конквистадоры. // Вечерняя..., 1913, №360; м.r. [М.Ромэр]. Хто быў правы? // Кур'ер..., 1913, №127 i iнш.

9. Напр.: б/п. [А.Луцкевiч?]. Национальные течения и демократия. // Вечерняя..., 1914, №468 (гл.дадатак 1) i iнш.

10. Напр.: Вечерняя..., 1913, №188.

11. а-н-а [А. Луцкевiч]. Край i народ. // Наша Нiва, 1912, №28-29 (гл.дадатак 2); а-н-а [А.Луцкевiч]. Змаганне з хваробай. // Наша Нiва, 1913, №9 i iнш.

12. Наша Нiва, 1912, №40.

13. Напр.: б/п. [А.Луцкевiч?]. Национальная культура. // Вечерняя..., 1912, №92.

14. Генрык Букавецкi [А.Луцкевiч]. Час патрабуе. // Кур'ер..., 1913, №12.

15. Генрык Букавецкi [А.Луцкевiч]. Прынцыповае пытанне. // Кур'ер..., 1912, №9.

16. К-вец [А.Луцкевiч]. Do ut des. // Кур'ер...,1913, №98.

17. б/п. [Л. Абрамовiч?]. Пабочныя ўплывы. // Пшэглёнд..., 1913, №22/23.

18. м.р. [М. Ромэр]. Грамадзянская пазiцыя. // Кур'ер..., 1913, №77.

19 Ромэр М. Дзённiк. Т.3, с.324. Запiс ад 17(30).11.1913 г.

20. а-н-а. [А. Луцкевiч]. Клiч да згоды. // Наша Нiва, 1915, №10.

21. а-н-а. [А. Луцкевiч]. Iх адказ. // Наша Нiва, 1915, №2-13.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: БЕЛАРУСКI РУХ ПАЧАТКУ ХХ ст. I IДЭЯ ПАЛIТЫЧНАЙ НАЦЫI

© Алесь СМАЛЯНЧУК, ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.