ЛІДА І ЛІДЗЯНЕ 150 ГАДОЎ ТАМУ

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ЛІДА І ЛІДЗЯНЕ 150 ГАДОЎ ТАМУ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2010-11-26

Лiдзкi павет - даўнейшы асяродак маёй сям’i (Нарбутаў-заўв.pэд.), якая заўсёды прысвячала сваё жыцьцё грамадзкiм дзеям. Там я нарадзiўся, там правёў значную частку свайго жыцця, таму гэтая “малая Радзiма” дарагая мне заўседы. Успамiны пра яе мiлыя майму сэрцу i цешаць мяне у самоце , у якую увагнала мяне жыццё. Не раз уваскрасаюць у памяцi знаёмыя постацi, вядомыя калiсьцi шырокаму колу грамадзян; жыва паўстаюць перад вачыма розныя здарэннi, найбольш значныя акалiчнасьцi з грамадзкага жыцця павета, разнастайныя выпадкi: калi самотныя, калi смешныя, а часам i узнёслыя, якiмi багатая гiсторыя кожнай шляхэтскай сям’i на Лiтве.

I будзiцца ахвота занатаваць хоць што-небудзь з тых успамiнаў , каб найдаўжэй захаваць iх для сябе, бо толькi iмi жывiцца выгнанец памiж сваiмi.

Лiда - павятовы горад Вiленскай губернi, месцiцца на раўнiне над малой рэчкай Лiдзеяй, жыхарства ў большай часцы жыдоўскае, налiчвае да 4000 жыхароў. Па - жмудску выраз “Лiда” азначае месца, выцерабленае ад лесу. У даўнейшыя лiцвiнскiя часы належала ўдзельным князям Гальшанскiм, мела род малога абарончага замку, рэшткi муроў якога – адзiныя сведкi старажытнасьцi ў гэтым месьце. За польскiм часам Лiда была павятовым горадам Вiленскага ваяводства, пасьля падзелу Краю яе прылучылi да Гарадзенскай губернii, а ў 1843 годзе зноў была прыпiсана да Вiленскай губернii. Адзiная доўгая вулiца пад назвай Вiленская праходзiць праз усю даўжыню горада на адлегласьць вярсты. Упоперак iдзе другая доўгая вулiца Каменка, бочна - кароткiя вулiцы: Сэнатарская i Крывая, напрыканцы - рынак, дзе прадаюць розныя спажывецкiя тавары. Ёсць тры касьцёлы: фара - фундацыi Мосевiчаў, кармелiцкi - фундацыi Нарбутаў i пiярскi ( перароблены на расейскую царкву), пабудаваны за кошт цесарэвiча расейскага Паўла I , i некалькi мураваных камянiц.

Горад мае павятовую школу, якую даўней утрымоўвалi пiяры, аптэку, цукерню ды вайсковую лякарню. На прыгожых i добра дагледжаных, стараньнямi Клары Якавiцкай з агульных складак, парафiяльных могiлках ёсьць драўляны касьцёл фундаваны Вiнцэнтам Нарбутам - мясцовым пробашчам i дэканам.

Даўней, калi ў цэлай Рэчы Паспалiтай вiравала грамадзскае жыццё, i Лiда мела цiкавейшыя часы: вялiкiя зборы шляхты на Сэймiкi для абраньня дэпутатаў i паслоў на Сэймы, шумнае агiтаваньне за тых цi iншых паслоў.

Пасьля падзелу Краю пры панаваньню Аляксандра I , на якога лiцвiны ўскладалi вялiкiя надзеi палепшэньня будучынi Краю, iснавалi гучныя казiно i забавы. Пазьней з гэтага развiлося шулерства, разбэшчаннасьць i п’янства так, што гэтыя звады панавалi тут болей, чым дзе-нeбудзь у другiм месьце. Моцна i голасна высьмейваў iх друкаваны ў тыя часы ў Вiльнi сатырычны часопiс “Навiны Бруковыя” ( “Wiadomosci Brukowe”).

Трымаў у Лiдзе вiнны шынок жыд Азiк, ( якога я помню яшчэ з часоў, калi хадзiў у школу). Апроч тых гасьцей, што прыбывалi з павету i наведвалi гэту ўстанову, было некалькi жыхароў горадa сталага ўзросту, якiя цэлыя днi праводзiлi ў шынку. Гэта былi так званыя агульнiкi – пастаянныя наведвальнiкi, якiя плацiлi Азiку поўную квоту i мелi права пiць у яго гарэлку бэз разлiку, як зразумела, нiкаго не частуючы. Жыд дасканала ведаў ступень жаданьня i мажлiвасьцi кожнага дарослага жыхара навакольля i таму нiколi не меў страт.Апавядалi мне i пра гульню, што праводзiлася толькi ў вiнярнi Азiка. Кола бiбулаў (гуляк-заув.перакл.) сядала вaкол стала, у келiхi налiвалася вiно i ў найглыбшым маўчаньнi, з напружаннай увагай, адпiльноуваўся лёт мух: на чый келiх першай сядала муха, той выйграваў, г.зн. меў права выпiць вiно з усiх налiтых келiхау. Гульня гэта называлася “мушка”. Зусiм пьяных Азiк укладаў спаць у асобым алькове i адтуль выдаваў мужоў шукаючым жонкам.

Калi ў Лiдзе панавала п’янства, памiж пiякамi быу распаўсюджаны сьпеў: “Гiмн перад выпiцьцём гарэлкi”:

Вiтай змест над крышталем! Witaj zrodlo nad krysztaly!

Усе цябе ўхваляюць. Tobie wszyscy daja chwale.

Ты суцяшаеш у смутку. Ty pocieszasz w utrapieniu.

Ты саграваеш у азнобе. Ty ogrzewasz w oziebieniu.

Цябе паны, цябе панi Ciebie panie, ciebie panny

За пасiлак маюць раньнi, Za posilek maja ranny,

Табе цэлае людское племя, Tobie cale ludzkie plemie

Носам рыючы, бье у зямлю, Ryjac nosem bije w ziemie,

О радасць, о вясельле! O radosci, o wesele!

Поўнай губай пiйце сьмела! Pelnym haustem pijmy smiele!

Аўтар гэтага гiмна пан Маркевiч, чалавек меўшы востры розум i язык, уздзейнiчаў зброяй сатыры на сваix землякоў. Ён меў на мэце паправiць стан iх маральнага здароўя. Для Таварыства Трубна - Бiбулярнага ён злажыў статут, якi складаўся з вельмi камiчных прадпiсаньняў для сяброў. Сябe Маркевiч называў маршалкам гэтага Таварыства. Аднаго разу, вяртаючыся ад знаёмага ўранку, заехаў да касьцёла на рараты (пачатак а 8-й ранiцы - заўв.перекл.), i ўсеўшыся на лаўку згледзеў уваходзячага да касьцёла хicткiм крокам мажнага мужчыну напалову п’янага, каторы сеў у другую лаўку. Гэта быў граф Платэр, дзедiч Шейбакполя, вызнаўца Бахуса. Пасля набажэнства Маркевiч зайшоў да гвардыяна Францiшканцаў на гарэлачку. Знайшоў там i Платэра з некалькiмi iншымi суседзямi. Гвардыян пазнаёмiў Маркевiча i Платэра. Маркевiч аддаўшы паклон адзываецца да Платэра: “Пане граф! Мiла мне ў асобе пана пазнаць мужа сапраўднай заслугi. Дагэтуль я быў маршалкам Таварыства Трубна- Бiбулярнага i упiваўся звычайна каля 10-й рана – найперш за любога iншага сябра; сёньня я пераканаўся, што нягодны гэтай пасады i аддаю яе у больш прыстойныя рукi пана, што ўмее быць п’яным ужо на раратах. Прашу толькi распавесьцi як можна дайсьцi да такой дасканаласьцi?” На што ўзрадаваны Платэр адказаў: ”Вельмi проста - наогул нятрэба працверазаць”. Потым былi моцныя пацiсканьнi рук, абдымкi i запрашэньнi Маркевiча з суседзямi да двару, дзе Платэр паiў усiх адборным вiном тры днi.

У часы майго жыхарства у Лiдзе, г.зн. ад 1846 году п’янства ужо амаль не было, але шулерства (махлярства) iснавала. Выбраны бургамiстр шляхцiц Ян Андрушкевiч, чалавек праўдзiвы, энэргiчны i рассудны, сваiм уплывам на грамадзян, а таксама пробашч дэкан Хлявiньскi сваiмi трапнымi прамовамi навучаючы паству у касьцёле, значна паўплывалi на падвышэньне маральнасьцi гарадзкой супольнасьцi. У 1848 годзе маршалак павятовы граф Путткамэр уваскрасiў даунейшае казiно пад змененаю назвай “Рэсурсы”, куды госьцi з павету запрашалiся асабiста, а таньчылi аж да упаду. Аднак, мерапрыемствы, прыпадаючые на сьвята Сьвятога Юp’я рымскага, што год былi менш колькасныя i горад ня мог прыйсьцi да заможнейшага стану.

Найбольш значнымi ў гiсторыi Лiды былi: побыт у ей караля Александра Ягелончыка некалькi дзён у часе хваробы, ад каторай ён памер у Вiльнi; праезд цэсарэвiча расейскага Паула I з сынамi Александрам i Канстанцiнам, пад час якога ён выдаў грошы з уласнай шкатулкi на будаунiцтва касьцёла пiярау; у 1831 годзе сутычка расiян з аддзелам польскiм гэнерала Хлапоўскага i, напрыканцы, у 1863 годзе расстрэл S.P. (светлай памяцi) Фалькоускага, пробашча iшчолнянскага за абвяшчэньне з амбону манiфэсту Народнага Ураду аб паустаньню.

Цяпер звыклую цiшу прарывалi хiба што мясцовыя плеткi i раз на год 14 верасьня на Узнясеньне СВ. Крыжа 40 - гадзiннае набажэнства ў касьцёле Фарным, на якое збiралiся з усяго павету грамадзяне i ксянзы. Некалькi дзён панаваў ажыўлены рух: прызначалiся ўзаемные вiзыты, у заiмпрэзаваных парярэдне салонах збiралiся патаньчыць. У гадох 1847-48 у Лiдзе iснавала агульнадаступнае i больш сучаснае прыстасаваньне да забау. Усе работнiкi устаноу, нават нежанатыя, адзначалi Днi сваiх iменiн з музыкай i таньцамi. “Рэсурсы” папаўнялiся заўжды гасьцямi, але жыццё грамадзскае заўседы ў ей спала. Моладзь, што працавала ва установах iгнаравала кнiжкi, аддаючы перавагу гульнi у карты. З газэтай ва ўстановах нават нязручна было сустрэцца.

Жыхарства горада Лiды захоўвае найветлiвейшую i найудзячнейшую памяць аб S.P. Фабiяне Шушкевiчу, каторы з заможнага грамадзянiна з-за захапленьня картачнай гульнёй, дайшоў да таго, што быў вымушаны працаваць, здабываючы хлеб рознай працай, асеў у Лiдзе i хоць меў вялiкую радню , умеў заўседы знайсьцi сродкi для паляпшэньня гаротнага стану найбяднейшых жыхароў горада i заслужона насiў клюбны тытул “Бацькi убогiх”.

Ржэвускi (аутар “Лiстапада”) у творы “Апавядданьнi старца” выдадзенага ў Варшаве 1854г., у томе I I на стар.220 успамiнае пра цуд, здейсьнены у Лiдзе богалюбiвым капланам базылiянцам Атаназам Хароўным, каторы ў часы голаду, якi панаваў на Лiтве у 1744 годзе: на гарадзкiм рынку сярод дня , стос камянеў у стос боханау знакам сьвятога крыжа перамянiў, што падцьверджана паказаньнямi сьведкау: болей за тысячу сялян i некалькi дзесяткау шляхты хлебам накормленных.

Лiдзкi павет меў каля 80 000 жыхароў пераважна рыма-каталiцкага веравызнаньня: 21 парафiя ў невялiкай частцы па-над берагам Нёмана да мяжы Навагрудскага, Слонiмскага, Ваўкавыскага i Гарадзенскага паветаў, 12 парафiй даўней унiяцкага абраду (цяпер праваслаўныя па расейскаму вызначэньню) па некалькi сот душ, а таксама жыды i татары. Павет за польскiм часам быў населены заможнай шляхтай – зямельнымi ўладальнiкамi; з магнатаў жа тут мелi вялiкую маёмасьць: графства Белiцкае, княжыч Кароль Радзiвiл - ваявода вiленскi званы “Пане Каханку”; прыватнасьць княжыча Вiттгенштэйна; графства Шчучынскае, Юзэф дэ Кампо Сцыпiон - стараста лiдзкi; графства Жалудокскае, Тызенгаўз- падскарбiй лiтоўскi i графства Гародненскае ( вытворнае ад Гародна ), Тышкевiч ( цяпер прыватнасьць Маурыцыя графа Патоцкага).

У вынiку падзелаў Краю, расходаў на сьвецкае жыцьцё, утрыманьне партый на Сеймах i Сеймiках вялiкiя маёнткi заможных радзiн: Нарбутаў, Александровiчаў, Фрыцкевiчаў, Шушкевiчаў, Жэльцаў, Гiнетаў, Шэмётаў, Длускiх, Скiндэраў прайшлi праз падзел i з’явiлася шмат новых дробных гаспадароў. А акрамя таго, ад даўнейшых часоў тут была густа расселена засьцянковая шляхта ваколiчная i да сёньняшняга дня негледзячы на пераслед яе расейскiм урадам дастаткова колькасная. Дзякуючы гэтаму ў павеце ўсталявалася большая роўнасьць грамадзян i дух шляхэцка-дэмакратычны, якi iснуе i да сёньня. Цяжка знайсьцi ў Лiдзкiм павеце дзьвух грамадзян- уладальнiкау зямлi, якiя б ня ведалi адзiн аднаго асабiста. Адсюль салiдарнасьць шляхты ў пытаньнях, што тычацца скарбу Краю. Яна была большай, чым у iншых паветах на Лiтве. У апошнiя часы, з пункту гледжаньня навуковай асьветы i ўзроуню культуры, супольнасьць лiдчукоў стаяла невысока, але захоўвала лепей чым iншыя, колькi старалiтоўскiх каштоўнасьцей, а агульная пабожнасьць, гасьцiннасьць i гатоўнасьць пасьвяцiць сябе Айчыне i суродзiчам была выдатнейшыя. У гэтым павеце у 1863 годзе найперш, чым у астатняй Лiтве была зарганiзавана Народная харугва, а iмя яе кiраунiка - Людвiка Нарбута айчынная гiсторыя запiсала на сваiх старонках для пераказу наступным пакаленьням.

У даўнейшыя часы шляхта лiдзкая была ахвотчая на сэймах да спрэчак i схiльная да недысцыплiнаванасьцi i келiшка, а таксама да абароны межау Рэчы Паспалiтай ад нашэсьця ворагау: у канфэдэрацыi Барскай, у паўстаньню Касьцюшкi, i у пазьнейшых баях з акупантамi несла свае жыццьцi на ахвяру Краю. Павет Лiдзкi на Сэймах меў прадстаунiкоў , якiя голасна адстойвалi цэласнаць межаў Рэчы Паспалiтай – гэта Тадэуш Нарбут, падкаморны лiдзкi, пасол на сэйм вальны 1776 г. Пры ратыфiкацыi першага падзелу Рэчы Паспалiтай ён выступiў супраць i за гэта пераследваўся ўладамi; затым пасол караля Станiслава Аўгуста - Войцэх Нарбут Шамбелян – актыўны грамадзкi дзеяч, прамоўца на сэйме варшаўскiм 1788г., на каторым адбылася бэз пралiваньня крывi польская грамадзянская рэвалюцыя, прыняўшая векапомную Канстытуцыю 3-га Мая, якая дазволiла ўшляхцiць цэлы народ, даць яму грамадзянскiя свабоды, якiмi дагэтуль карысталася выключна шляхта.

У часе апошняга падзелу Краю шляхта лiдзкая яшчэ пратэставала супраць палiтычнага гвалту над ужо безабаронным Народам. Такiмi, як Тыматэуш Боньча Вiльканец, быўпрыняты манiфэст да жыхароў горада i павета, пакiдаючы пазьнейшым пакаленьням абавязак вяртаньня адабранай маёмасьцi i грамадзянскiх свабод. Дух вольнасьцi так моцна прышчапiўся ў лiдчукоў, што i па падзеле Краю, пры расейскай уладзе лiдзкiя Сэймiкi былi найвыбiтнейшыя: так, напрыклад, Сэймiк, якi праводзiўся праз некалькi трохгадовых тэрмiнаў у барацьбе за маршалкоўства павятовае, памiж Каролям Лясковiчам i Аляксандрам Нарбутам, з каторай заўсёды гэты апошнi выходзiў пераможцам, умеючы трапным выступам i папулярнасьцю знайсцi сымпатыi большасьцi шляхты. У 1812 годзе пры французах падпрэфектам лiдзкiм быў перанаi- менаваны( з маршалка) Iгнацы Скiндэр - уладар маёнтка Ляцка. Паслом з лiдзкага сэйма на сэйм варшаўскi гэнэральнай канфэдэрацыi каралеўства Польскага, выбраны быў з 822 галасуючых 688 галасамi Войцэх Нарбут. Кандыдатамi на пасольства былi: Нарбут - 688 галасоў “за”, Кароль Лясковiч -522, Кастравiцкi - 200, Рассудоўскi - 50. Нават пры маей памяцi сэйм лiдзкi заўседы праходзiў з гарачкавай дзеячнасьцю партый. Так працягвалася аж да Сэймаў, канчаткова прыпыненных праз урад, пасля паўстаньняу 1863 году на Лiтве i Русi.

Пад час уваходу ў 1812 годзе у Лiтву французаў, амаль уся тагачасная шляхэтская моладзь Лiдчыны аб’ядналася пад айчыннымi харугвамi. Некаторыя вярнулiся пакрытыя ранамi, другiя палеглi ў бiтвах, а былi i такiя, як Каспер Длускi, якiя падалiся потым у Амэрыку i там бiлiся за свабоду. Длускi, вярнуўшыся з Амэрыкi паранены, стаў ксяндзом. Быў пробашчам у Наваградку, а у 1831 годзе пакiнуў месца пробашча i, як каплан мясцовага аддзелу паўстанцаў пад кiраўнiцтвам Кашыца, сеў на каня. Потым эмiграваў з польскiм войскам у Францыю. У 1855 годзе пасля амныстыi вярнуўся да Краю, i тут, у Наваградзкiм павеце, у вайсковага калегi Владыслава Брахоцкага - маршалка Наваградзкага ў Вераскове, скончыў свой слынны жыцьцёвы шлях..

Лiдчукi – людзi таварыскiя, сардэчныя, гасьцiнныя ў доме, рэдка калi выязджалi за межы павету, а яшчэ радзей за межы Краю. Тут мала населена iншаземцаў, усе свае, родныя, лiцьвiны. Шануюцца тут даўнейшыя хатнiя традыцыi, дзе усё пачыналася ад Бога i канчалася з Богам. Жанiмства (шлюбы) былi па згодзе, дзецi шанавалi бацькоў, моладзь з належнай павагай ставiлася да сiвога веку, а жанчын залётных i дрэнных паводзiн нiколi я не бачыў.Выхаваньне местачковай моладзi доўга было ў заняпадзе, абмяжоўвалася навучаньнем сыноў у гiмназыi альбо ў павятовай школе, а па заканьчэньню гэтых устаноў адпраўлялi хлопцаў у войска, цi у якую-небудзь дзяржаўную ўстанову. Сыны больш заможных грамадзян пасьля заканчэньня школы асядалi на вёсках пры бацьках альбо асобна; i вучылiся граць у прэферанс, гандляваць коньмi на ярмарках цi трохi паляваць. З такiмi ведамi лiчылiся самастойнымi грамадзянамi. Рэдкi лiдчук пасылау сыноў ва унiвэрсiтэты. Толькi з 1855 году настаў больш шчаслiвы паварот, з пункту гледжаньня набыцьця адукацыi. Засьцянковая шляхта найперш, а за ёй i ўсе астатнiя грамадзяне пачалi выхоўваць сваiх дзяцей ва ўнiвэрсiтэтах i вышэйшых навуковых вучэльнях, а iншыя на тэхнiкау i iнжынерау. Дзяўчынкi ў большай частцы выхойвалiся дома пад наглядам матак альбо ў прыватных пансыёнах у Вiльнi, i па сутнасьцi iх выхаваньне было больш практычнае, чым у мужчын, ад каторых яны часта стаялi вышэй з пункту гледжаньня маралi i розуму. З 1860 году, калi ў цэлым Краю пачаў абуджацца рух разумовы, актыўна клапацiлiся вакол заснаваньня народных школ i лiдчукi, а духавенства пашырала братэрства цьвярозасьцi з даволi пасьпяховым вынiкам, так, што побыт лiдчукоў значна палепшыўся, i ў 1862 годзе спаткаць п’янага лiдчука было ужо рэдкасьцю.

* * *

У 1863 годзе павет з усёй адказнасьцю служыў справе Айчыны i даў ёй на ахвяру цэлы букет сваёй моладзi. Так у бiтвах пад Кавалькамi i Дубiчамi палеглi: Людвiк Нарбут, Краiнскi, Францiшак i Аляксандр Бразоўскiя, Уладыслау Навiцкi, Войцэх Нарбут, Уладзiмер Паплаўскi, Пакемпiновiч, Стэфан Губаровiч, Уладыслаў Жукоўскi i iншыя. Расстраляны: Балеслаў Калышка, Лясьнеўскi i Альберт Лясковiч, а таксама ксянзы: вiкарый жалудокскi Iшора, пробашч ваверскi Земацкi, пробашч Iшчолненскi Фалькоўскi. Пакрытыя ранамi высланныя да цяжкiх работ у Сыбiр: капiтан Уладыслау Клiмантовiч, рэктар Пясэцкi, Войцэх Мiнскi, рэктар Струмiла; на высылку – Балеслау Нарбут, Андрейковiч, Анзэльм Патрыкоўскi, Ян Жукоускi i многiя другiя, а таксама ксёнз Ануфрый Сырвiд- пробашч васiлiшскi. Вывезенныя грамадзяне: Адам Марачэўскi, Ксавэры Александровiч, Грымала Фелiкс, Бранiслаў Нарбут, Яраслаў Таленскi. Тэадор Вiльканец, Казiмiр Шалевiч, Адольф i Александр Зьверовiчы, Людвiк Гензель, Томаш Шукевiч, Вiнцэнт Захватовiч, Масальскi, двое Маргевiчаў, Станiслау Ржансьнiцкi, Ян Семашко, трое Янковiчаў, доктар Тышкевiч i другiя; са шляхты засьцянковай цэлая ваколiца Щук з парафii Дэмвроускай, Стэфан Вiльбiк, Фелiкс Сумарок з братам i многа асуджаных у салдаты. Лiдзкi i Троцкi паветы найболей пацярпелi ў часе паўстаньня. Троцкi павет амаль вылюднеў. Падалiся ў эмiграцыю лiдчукi: Францiшак Нарбут, Юзэф Сумарок, Цыпiян Таленскi, Тэадора Манчуньская, Уладыслау Гензель, Генрых Клiмантовiч i iнш. Дзве сястры Альжбета i Антанiна прысуджаны да цяжкiх работ, на высылку Крыстыны Нарбут, Клуковiч i Масальская з роду Захватовiчаў (памерла ў часе прысуду).

Рыма-каталiцкае духавенства лiдзкага павету вылучалася сваёй адукаванасьцю, адказнасьцю ў выкананьню сваiх абавязкаў i гарачай мiласьцю да Краю. Такiя капланы як кс. Ануфрый Сурвiд пробашч васiлiшскi, кс. Iшора, кс. Фалькоўскi – сапраўдны гонар Краю, кс.Дыанiзый Хлявiнскi - дэкан лiдзкi, магiстр тэалогii, кс. Райцевiч - пробашч новадворскi, кс.Ясiнскi - пробошч жалудокскi, кс. Адам Зарэцкi - пробашч забалацкi i кс.Рыхлевiч - пробашч ражанкаўскi былi агорнутыя заслужанай павагай сваiх парафiян.

Лiдзкiя татары: Рамановiчы, Сабалевiчы, Талькоўскiя i iншыя, такая ж засьцянковая шляхта татарская, палюбiлi сапраўдную Лiтву, дзе вялiкiя князi далi iм розныя правы i свабоды, i заўсёды верна служылi Краю. У Лiдзкiм павеце яны мелi свой мячэт у Некрашунцах парафii Нача.

Ваколiчная засьцянковая шляхта пераважна жыла ў парафiях Эйшышкi, Лiда, Ваверка, Забалаць i Радунь, але не было нiводнай парафii, дзе б не было ваколiц. Дагэтуль ваколiчная шляхта захавала пачуцьцё гонару, шляхэтнасьцi i рыцарства.

Вясковы люд Лiдзкага павету, ў палове павету, адмежаванай ракой Пеляса на уласьцiва Лiтву i Русь, гаворыць мовай беларускай i на ? ёсьць рыма-каталiцкага веравызнаньня, а на ? даўней грэка-каталiцкага веравызнаньня, а цяпер праз урад прылiчаны да праваслаўя. За ракой Пелясой, пачынаючы ад Праважы аж да мяжы з Троцкiм паветам, у парафiях Нача, Радунь i Эйшышкi гавораць на летувiскай мове i ўсе бяз выключэньня рыма-каталiцкай рэлiгii. Вясковае насельнiцтва Лiдзкага павета глыбокай верай у бога, працавiтасьцю, iнтэлiгентнасьцю перавышала вяскоўцаў, насяляючых занеманскiя паветы Лiтвы. У часе апошняга паустаньня 1863 году не толькi сымпатызавала справе народнай, але нават сяляне скарбовыя ў многiх мясцовасьцях станавiлiся ў шэрагi. i многiя з iх загiнулi на полю славы цi былi высланы на паселiшча у Сыбiр. Я сам у Арэнбургу сустрэў дастаткова вяликую партыю сялян з парафiй Эйшышкi, Нача i Радунь, якiх гналi на пасяленьне ў Башкiрыю за ўдзел у паўстаньню. Селянiн Лiдзкага павету нават свайго роднага брата, якi вяртаецца з войска да дому, заужды называе маскалём. Сяляне прывязаны да страхi ачыннага дому; дзяўчаты ня цешацца выходзiць замуж да другiх вёсак з гэтай самай парафii, а тым болей да больш аддаленых, кажучы:” Не хачу жыць у чужой старане!” Займаюцца гаспадаркай, часам рамяством i зусiм ня маюць ахвоты гандляваць, а таму нiколi гандлем не займаюцца. У падарожжа пускаюцца толькi да блiжэйшых мястэчак на кiрмаш цi да цудоўных месцаў, дзеля адпушчэньня грахоў, а найдальшыя падарожжы – да Вiльнi цi да Гродна, калi селянiн наймаецца дзеля завозу на продаж якiх-небудзь прадуктаў. 2/3 вясковага насельнiцтва ўмее чытаць па-польску, або па-лiтоўску. Умеючых пiсаць нямнога. У Лiдзкiм павеце найбольш сустракаюцца людзi дваровыя, каторыя i пасьля атрыманьня подданства не пакiдаюць сваiх гаспадароў, служачы iм верна усё жыццё. Я i сам меў слуг з такiх вяскоуцаў, што былi мне сапраўднымi сябрамi.

Звычаi насельнiцтва нiчым не адрозьнiваюцца ад iснуючых у iншых мясцовасьцях Лiтвы. Народныя танцы розныя i вясёлыя, як мяцелiца, скакуха, казак i iнш. Сьпевы павольныя,сумныя i працяглыя. На Раство iснуе выключны звычай, якога не сустрэнеш нiдзе болей: паходы з вiншаваньнямi па дамах праз цэлую ноч. Грамада вiншуючых складаецца з некалькiх маладых мужчын з падабранымi галасамi i скрыпкай, якiя падходзяць пад вакно i просяць дазволу на вiншаваньне. Атрымаўшы дазвол, адзiн са старэйшых, пачынае са слоў: “Няхай будзе ўхвалёны Езус Хрыстус”- гаворыць прамову i звычайна завяршае зварот словамi: “Каб дачакалi сьвята за год у малых грахах i вялiкiх пацехах, каб жыцьцё вечнае атрымалi!” Потым увесь хор сьпявае для гаспадароў дому песьню: “Wesoly nam dzis dzien nastal ” (“ Вясёлы настаў для нас сягодня дзень”). Для кавалераў i дзяўчат сьвяточныя песьнi складаюцца асобна. Звычайна ў iх сьпяваецца пра ўдзячнасьць той, каторую вiншуюць, пажаданьнi добрага мужа “панiча, каралевiча”, а на заканчэньне кожнай такога роду песьнi, наступнае:

Жадаем пана дарам дарыцi

Да вiно ж, вiно зеляно.

Дарам дарыцi, нам заплацiцi

Да вiно ж, вiно зеляно.

Сорак яек на полумiсак

Да вiно ж, вiно зеляно.

Кiлбаскаю акружыце

Да вiно ж, вiно зеляно.

Белым сырком заквяцiце

Да вiно ж, вiно зеляно.

I пры тым чырвоны злоты

Да вiно ж, вiно зеляно.

Мужыку на боты

Да вiно ж, вiно зеляно.

Разагрэтыя гарэлкай i сьвянцоным, абдараныя пэўнай квотай грошай, вiншуючыя, цi як люд iх называе, галасоўшчыкi, рухаюцца далей да блiжэйшага двара або вёскi. Паход працягваецца цэлую ноч, а вярнуўшыся з начной вандроўкi, дзеляцца сабранымi грашамi i сьвянцоным.

Убор сялян Лiдзкага павету прыгожы. Мужчыны носяць белыя або сiвыя сярмягi, шырокiя скураныя пасы, называныя дзяга , доўгiя боты i высокiя сукенныя шапкi аздобленыя футрам шэрага барана. Замужнiя жанчыны надзяваюць каляровыя гарсэты з паркалю або сукна, цёмна-сiнiя спаднiцы, яскравыя фартухi, кашулi з белага паркалю, на галовах – белыя высокiя шапкi або каляровыя каптуры з матэрыялу, з-пад якiх выглядае лiстачка чапца, цi каляровыя хусткi, завязаныя з тылу бяз канцоў; на шыi пацеркi, а на грудзях шкаплерка. Дзявочы убор падобны да ўбору замужняй жанчыны з той рознiцай, што носяць валасы сплеценыя ў два вузлы з мноствам уставак, або таксама хустка на галаве са спушчаным на тыл доўгiм канцом, болей каляровых пацерак на шыi i меней шкаплерак.

Вёскi у Лiдзкiм павеце па большай частцы файна забудаваны, звычайна па адной старане вулiцы стаяць: хата, насупраць сьвiран, пасярэдзiне падворка студня з жоравам, за хатай садок або гародчык, а па другой старане: гумно , стайня, аборы для жывёлы, птушкi i iншыя гаспадарчыя забудовы. Падворкi агарожаны. Бывала, што забудовы гаспадароу цягнуцца дастаткова доўгiм радам.

Люд дастаткова рассудны, але ў яго легендах i казках заусёды прысутнiчае паэтычная вера ў цуд.

Лiдзкi павет меў людзей, якiя займалi не апошняе месца ў дзеях айчыннай лiтаратуры: пiяра Казiмiра Нарбута, аўтара першай на польскай мове логiкi, паэта Антона Гарэцкага, мужа вялiкай эрудыцii, аўтара “Dziejow Narodu Litewskiego” i iншых прац гiстарычных, Юстына Нарбута - аўтара “Dziejow wewnetrznych Narodu Litewskiego” i Камiлу Нарбут - аўтарку некалькiх аповесьцей. Знакамiтым талентам малярства вулучаўся заўчасна памёршы сын Антона Гарэцкага, пакiнуўшы ўдаву Марыю, дачку нашага бессьмяротнага пяюна Адама Мiцкевiча. Помню, як некаторы час у Лiдзкiм павеце жыў Томаш Зан-заснавацель Таварыства Прамянiстых, якое аб’ядноўвала выдатных лiдзян: Ксавэрыя Турскага, Ваврынца Путткамэра (мужа апяванай Мiцкевiчам Марылi), Тэадора Нарбута, Аляксандра Карловiча, Алаiза Бародзiча i iнш.

Меў Лiдзкi павет i свайго вершаплёта- вандроўнiка шляхцiча Лабуха, каторы памятаў пра кожныя iмянiны ў павеце. I кожны iмянiньнiк або iмянiньнiца атрымоўвалi ад яго напiсаныя ўласнаручна на файнай паперы прыгожыя вiншаваньнi. За што ён звычайна атрымоўвау пэўны ганарар. Рэдкасны быў i тып вандруючага кантора касьцельнага, якiм у павеце быў шляхцiч Саковiч. Ён з’яуляўся на кожным фэсьце i ўрачыстым набажэньстве ў касьцеле i браў апекунства над сьпяваючымi ружанец цi другiя сьвятыя песьнi i, як капельмайстар, дэрыгавау сьпевам, выбiваючы такт. Летам вандраваў аж да Вiльнi да кальварыi i там служыў праваднiком пабожным пры абходзе стацыi пакуты Збавiцеля.

Лiдзкi павет дзялiўся на пяць акругоў цi участкаў (станаў): Жырмунскi, Жалудокскi, Шчучынскi, Васiлiшскi i Эйшышскi. У каждым такiм вокругу ёсьць ассесар( становой пристав), г.зн. ураднiк выканаўча-адмiнiстратыўнай палiцыi; i меў 21 рыма-каталiцкую парафiю, як то: Лiдзкая, Белагрудская, Нецечская, Ельнiнская, Жырмунская, Воранауская, Беняконская, Асауская, Эйшышская, Нацкая, Радунская, Забалацкая, Васiлiшская, Ваверская, Iшчолненская, Жалудокская, Лацкая, Новадворская, Шчучынская, Ражанкауская i Дземброўская. Гэтыя парафii належаць да двух дэканатаў: Лiдзкага з рэзыдэнцыяй дэкана ў Лiдзе i Радунскага з рэзыдэнцыяй дэкана ў Беняконях. Найпрыгажэйшыя касьцёлы: Шчучынскi, Жалудокскi, Ражанкаўскi ( з пункту гледжаньня ахiтэктуры) i Забалацкi з прыгожымi абразамi ў вялiкiм алтары- Пана Езуса на крыжы, а ў бакавых алтарах – сьвятой сям’i i сьвятой Ганны, вельмi добрага пэнзля. Найвялiкшы касьцёл – Эйшышскi. Царквы даўней унiацкiя(цяпер расейскiя) драўняныя размешчаны: у Сабакiнцах ( з 1939 г перайменаваны у Першамайск), Радзiвонiшках, Ганчарах, Зблянах, Астрыно, Орле, Ракавiчах, Турэйску, Бабрах, Глыбокiм i Белiцы; найвыдатнейшыя ў Дзiкушках i Мураванцы (вельмi старажытная). У Белiцы ёсьць драўняны кальвiньскi касьцёлiк. Да 1835 г iснавалi наступныя кляшторы: кармэлiтаў - у Лiдзе i Жалудку; дамiнiканцаў – у Васiлiшках фундацыi Лiмонта i Ельнай; францiшканцаў у Шэйбакполю; пiярау у Шчучыне i Лiдзе; базылiянцау- у Глушнях i сясцёр мiласэрдзя – у Шчучыне. У Радунскай парафii быў фiлiяльны касьцёл у Дубiчах, пабудаваны ў лесе над возерам, дзе знаходзiлася фiгура Пана Езуса слынная сваiмi ласкамi. Сюды з розных нават далёкiх старон збiралiся людзi для атрыманьня адпушчэння граху. Цяпер па загаду урада расейскага касьцёл знесены, а фiгура Збавiцеля перанесена да касьцёла парафiяльнага у Начы.

Праз Лiдзкi павет плывуць рэкi: Неман, Дзiтва, Пеляса, Котра, Лебяда, Невiша i Лiдзея; ёсьць некалькi вазёр, найвялiкшае – Дубiчскае i Дзявочае Вока. На выспе возера руiны замку каралевы Боны.

Лiдзкi павет мае прыгожыя i абшырныя лясы, над Дзiтвой вялiкае мноства лугоў. З прадрыемстваў на тэррыторыi павета размешчаны: гута шкляная каля Веренова i шорная фабрыка у Беняканях, паперня у Больцiшках; у мястэчках дзейнiчаюць невялiкiя жыдоўскiя гарбарнi. Гандаль збожжам з Каралеўцам праходзiць на выцiнах, а галоўны порт для выцiн i аптовыя крамы-склады ў Перекопе належалi маршалку лiдзкаму Юзэфу Марачэускаму.

Мястэчкi у Лiдзкiм павеце наступныя:

Шчучын Лiтоўскi - маёмасьць князёу Любецкiх, з касьцёлам пiярскiм i кляштарам сясьцёр мiласэрдзя, гiмназыю слынную на ўсю Лiтву перад 1830 г., утрымлiваемую Пiярамi; чыстае i файна забудаванае, мае някепскiя крамы, дом паштовы, аптэку; праходзяць ярмаркi па продажу коней.

Эйшышкi - абшырнае i дастаткова люднае, але бруднае мястэчка. Па канстытуцыi 3 Мая 1788г кароткi час было сталiцай асобнага Эйшышскага павету; праводзiўся буйны гандаль збожжам, коньмi, свiньмi, хатняй жывёлай. Кожны чацьвёрты чацьверг адбывалiся вялiкiя таргi. Гэта мястэчка называецца Вiленкiм прадмесьцем, бо перакупшчыкi з Вiльня прыязджаюць сюды рабiць закупы разнастайных прадуктау. Касьцёл мураваны, пабудаваны часткова на грошы з квесту, часткова з фундацыi s.p.пробашча эйшышскага Калiноўскага.

Жалудок - маёмасьць графа Урускага, чыстае i добра ўпарадкаванае мястэчка, мае невялiкiя крамы i вiнны шынок, зрэдку бываюць ярмаркi па продажу коней; прыгожы парафiяльны касьцёл.

Астрыно не малое, але бедна забудаванае мястэчка. Насельнiцтва жыдоўскае вельмi ўбогае.

Васiлiшкi – мястэчка люднае i гандлёвае, мае добрыя крамы i разнастайных рамесьнiкау-жыдоў; мураваны касьцёл дамiнiканцаў, фундацыi маршалка лiдзкага Лiмонта.

Веренаў славiцца малымi абважанкамi, якiя там выпякаюць; мае драўняны касьцёл.

Белiца - маёмасьць ксянза Вiттгенштэйна, раскiнутае над Неманам з царквой i касьцёлкам Кальвiнскiм.

Ворла таксама над Неманам з царквой.

Радунь – мястэчка малое i беднае.

Ражанка – маёмасьць графа Паца ( цяпер сканфiскавана у даход дзяржавы) з касьцёлам парафiяльным шыкоўнай архiтэктуры, фундацыi Паца.

Палажэньне Лiдзкага павету раўнiннае, узгоркi сустракаюцца рэдка. Грунты па большай частцы жытнiя, пшанiцы сеюць меней. Польную гаспадарку праводзяць даўнейшым спосабам: трохпольля. Жывёла звычайная. Авечак мерыносаў нямнога. Конi сустаракаюцца часцей добрыя. Матэрыяльнае становiшча насельнiцтва павета больш заможнае, чым у суседнiх паветах.

Жыды у Лiдзкiм павеце ў большай частцы цёмныя i фанатычныя, але досыць працавiтыя; акрамя гандлю займаюцца разнастайнымi рамёствамi i часта сустракаюцца вельмi добрыя цесьляры. Прывязынныя да Краю; я нават ведаў некалькiх з iх гарачых патрыётаў.

Як сьведкi гiстарычных падзей стаяць Лiдзкiя курганы каля Шейбакполя; у гэтым месьце адбылася вальная бiтва лiтвiнау з татарамi, у якой Шейбак, брат хана Батыя, быу забiты. З той пары гэтая мясцовасьць атрымала назву Шейбакполя. У 1863 г каля ваколiцы Вiльканцаў у Эйшышскай парафii зiмовай парой некалькi дзесяткау людзей бачылi бiтву паветраннага войска у старажытнай вопратцы; пiсау аб гэтым s.p. Тэадор Нарбут да тагачаснага губэрнатара гарадзенскага Доппельмейра з просьбай прыслаць каго-небудзь са спецыяльных людзей дзеля дазнаньня: цi была гэта фатамаргана, цi мэтэор невядомай дагэтуль прыроды. Але замест астранома быу прысланы спраўнiк, якi забаранiў пад страхам быць павешанным усiм сьведкам гаварыць аб тым, што бачылi, i на гэтым справа скончылася. У Шаўрах, маёнтку s.p. Тэадора Нарбута знаходзiлася многа архiялагiчных лiтоўскiх знаходак з розных раскопак у Лiдзскiм павеце; некаторыя камянi з гэтых раскопак былi ўмураваныя ў браму на дарожцы да саду.

Перакдад з польскай Галiна Лаўрэш

май, 2000 г

Пераклад паводле газэты “Ziemia Lidzka” 1937г. (№ 1997г.)

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: ЛІДА І ЛІДЗЯНЕ 150 ГАДОЎ ТАМУ

© Мiрон Брaнiслаў Нарбут ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.