Срэбная страла ў чырвоным полі (гербы на Беларусі)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Срэбная страла ў чырвоным полі (гербы на Беларусі). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-25

Шляхта. Ваяўнічае і авантурнае, гордае і непаслухмянае, бунтарскае, загадкавае племя. Як здарылася, што слова "шляхта" і ягоныя вытворныя - шляхціч, шляхоцкі, шляхотны - з часам набылі іранічнае, нават зьдзеклівае гучаньне? I дзе яна падзелася, наша беларуская шляхта, зь імем якой у гісторыі Беларусі зьвязана літаральна ўсё: вайсковыя перамогі і дыпляматычныя посьпехі, дзяржаўнае будаўніцтва і паўстаньні, навука і культура, мастацтва і рэлігія, літаратура і адукацыя? I ня толькі Беларусі, але і суседніх Літвы, Польшчы, Расеі.
А нікуды яна не падзелася. Скасаваная юрыдычна разам зь іншымі станамі ("сословиями") пасьля кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе, яна жыве і дзейнічае. Жывуць гэтыя людзі - рабочыя і калгасьнікі, мастакі і навукоўцы, інжынэры, вайскоўцы і артысты і, як правіла, ня ведаюць, што іхныя радаводы сягаюць часам сівой даўніны, XV-XVI стагодзьдзяў, налічваючы да 15 пакаленьняў слаўных продкаў. Трэба адзначыць, што не бальшавікі першыя прычыніліся да масавай ліквідацыі гэтага стану ў Беларусі. Яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзя, пасьля падзелу Рэчы Паспалітае драпежнымі суседзямі і захопу Беларусі Расейскаю імпэрыяй, царскі ўрад са зьдзіўленьнем высьветліў, што на "воссоединенных" землях больш за 10% насельніцтва - дваране-шляхта, у той час як у імпэрыі ў сярэднім толькі 1 %. Трываць такое было немагчыма, і пачалося сыстэматычнае, плянамернае і бесьперапыннае "расшляхочваньне" нашага народу, якое пасьпяхова ажыцьцяўлялася амаль сто гадоў.

Але тут самы час паставіць наступныя пытаньні. Што ж гэта было за "сословие"? Чаму яно ў нас было такое шматлікае? Чым яно так замінала й назаляла расейскім уладам? Пачнем з этымалёгіі. Слова Schlacht - нямецкае, азначае яно "бітва". Няцяжка здагадацца, што шляхта - людзі бою, ваяры, прафэсыйныя вайскоўцы, кажучы па-сёньняшняму. Да таго як гэты назоў у XV стагодзьдзі прыжыўся ў Беларусі (прыйшоўшы зь Нямеччыны праз Чэхію і Польшчу разам з эўрапейскімі рыцарскімі традыцыямі, рыцарскай геральдыкай, рыцарскай арганізацыяй і нават узбраеньнем), стан гэты называўся у нас "баярамі" (панцырныя баяры, путныя баяры, конныя баяры) - адным словам, баявое, вайсковае саслоўе, да якога належалі ўсе фэадалы Беларусі ўжо ў XIV стагодзьдзі. Беларускі баяр (ваяр) валодаў халоднай і пальнай зброяй, меў баявога каня і патрэбны рыштунак, каб у кожны момант на заклік князя выступіць у "паспалітым" (усеагульным) рушэньні ў "Пагоню" і гнаць ворага з роднай зямлі. Багацейшы шляхціч мусіў выставіць яшчэ і ўзброеную дружыну. А войнаў Беларусі хапала. Можа, таму гэтак распаўсюджаныя ў нашай геральдыцы страла і меч, падкова, крыж і чырвоны колер.

Геапалітычнае становішча нашай Радзімы, укрыжаванай на традыцыйных гістарычных шляхох - з поўначы на поўдзень і з усходу на захад,- патрабавала ўсё болей вояў для абароны ад шматлікіх хцівых суседзяў. Вось і склалася так, што за некалькі стагодзьдзяў колькасьць шляхты ў нас дасягнула ажно 10-13%. Шляхта нашая ў XVI ст. атрымала канстытуцыйна замацаванае права на самакіраваньне, на выбары дэпутатаў у соймы і соймікі, суды і трыбуналы. Шляхта выбірала нават караля. Адсюль ідзе яе незалежніцкі характар, яе гонар, пачуцьцё ўласнай годнасьці. Тэарэтычна кожны шляхціч (згодна Статуту ВКЛ) мог быць абраны каралём. Гэта сьведчыла ня толькі пра шырокую дэмакратыю, але і фармавала спэцыфічны мэнталітэт шляхоцкага стану. Характар шляхты і праявіўся адразу ж пасьля "воссоединения". Паўстаньне за паўстаньнем праз усё XIX стагодзьдзе. 1794, 1831, 1863 - і ўсюды галоўным арганізатарам і асноўным чыньнікам - шляхта. Касьцюшка, Ясінскі, Грабоўскі, Ваўжэцкі, Кошыц, Каліноўскі, Урублеўскі - усе са старажытных беларускіх шляхоцкіх родаў. Амаль увесь адраджэнскі рух канца XIX - пачатку XX стагодзьдзя таксама інсьпіраваўся і накіроўваўся прадстаўнікамі шляхты: Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы, Ян Луцэвіч (Купала), Аляіза Пашкевічанка (Цётка), Аркадзь Смоліч, Вацлаў Ластоўскі - пералік прозьвішчаў можна доўжыць.

Натуральна, што царскі ўрад пасьля інкарпарацыі Беларусі сур'ёзна ўзяўся за нашую шляхту. Пазбаўленьне "дворянства", высылка ў Сібір, прытым цэлымі вёскамі й шляхоцкімі засьценкамі, суды й расправы, нарэшце, разбор беларускае шляхты за Мікалаем I, быццам для ўпарадкаваньня справаў у дэпартамэнце герольдыі. Для гэтай мэты цар выдаў 19 кастрычніка 1831 году ўказ, паводле якога доказам шляхоцкага паходжаньня маглі быць толькі арыгіналы прывілеяў ды граматаў вялікіх князёў ці каралёў. А Беларусь жа гарэла з канца ў канец на працягу некалькіх стагодзьдзяў, і дзе тут мог захавацца кавалак пэргамэнту ці паперы. Копіі ж дакумантаў, нават пацьверджаныя ў судох і трыбуналах ВКЛ або Рэчы Паспалітай, не прымаліся да ўвагі. Вось і атрымалася: за некалькі дзесяцігодзьдзяў царскія ўлады "скарацілі" колькасьць шляхты на Беларусі да 3%. Масава выключаліся з шляхоцкага стану выбранцы (вайскова-служылыя людзі), зьявіліся новыя, дзіўныя разрады ў саслоўнай структуры: "недоказанные дворяне", "не принадлежащие в Крестьянство", "вне сословные". I жывуць сёньня ў Беларусі Ракіцкія й Вайткевічы, Васілеўскія й Дашкевічы, Кавалеўскія ды Матусевічы і лічаць сябе, як гэтага патрабаваў артадаксальны бальшавізм, з паходжаньня рабочымі ці сялянамі, у крайнім выпадку, "из служащих".

Гістарычныя дакуманты, што захаваліся ў нашых архівах (генэалягічныя кнігі, дыплёмы й прывілеі, сьпісы павятовае шляхты ды інш), сьведчаць, што шляхоцкія роды ў Беларусі налічваюць прыкладна 3500 прозьвішчаў. Нават павярхоўны статыстычны аналіз паказвае, што сярод наяўных сёньня ў Беларусі ўласнабеларускіх прозьвішчаў (35-40 тысячаў) вышэйзгаданыя шляхоцкія складаюць менавіта каля 10 працэнтаў. Ня зьніклі прозьвішчы, не прапалі роды. Згубілася толькі гістарычная памяць, і рэдка хто з нашых суайчыньнікаў можа назваць свой радавод хаця б да чацьвёртага калена (да прадзеда).

У гістарычных шляхоцкіх дакумантах не сустракаюцца прозьвішчы на "ук, -юк, накшталт Клімук, Раманюк, на -энка, -енка (Лукашэнка, Сьцепаненка), на -онак, -ёнак, амаль не сустаркаюцца прозьвішчы на -ец, -чык, -ін. Нарэшце, на -оў і -еў (Іваноў, Пятроў, Сідараў), акрамя былой Смаленскай і зрэдку Віцебскай ды Магілеўскай губэрняў, дзе гэтыя роды былі, як правіла, наежджыя. Сьведчаньнем існаваньня ўстойлівай групы шляхоцкіх прозьвішчаў зьяўляецца і факт шырокага распаўсюджаньня іх на абшарах ВКЛ. Адамовічаў ды Бараноўскіх, Івашкевічаў ды Жукоўскіх, Савіцкіх, Навіцкіх, Кулешаў можна сустрэць ва ўсіх былых беларускіх губэрнях. Хто, як ня шляхта, мог так свабодна міграваць па землях ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, засноўваючы ва ўсіх куткох Беларусі свае родавыя гнёзды?

Сярод шляхоцкіх прозьвішчаў можна вылучыць тры асноўныя групы: з суфіксам -іч, -віч ці так званыя патранімічныя (ад бацькі). Напрыклад, Блажэвіч (ад Блажэя), Маціевіч (ад Мацея), Несьцяровіч (ад Несьцера), Рамановіч (Раманаў сын), Савіч (Саваў сын) і г. д.

Прозьвішчы на -скі - таксама патранімічныя або тапанімічныя: Андраеўскі (ад Андрэя), Паўлоўскі (Паўлаў сын) ці Агінскі (6о маёнтак Агінты), Цяпінскі (зь Цяпіна), Дастоеўскі (з Дастоева).

Нарэшце, прозьвішчы-мянушкі, формаю і гучаньнем вельмі старажытныя, можа яшчэ з родапляменных часоў, татэмнага характару. Прыкладам, Жук і Пац, Арол і Жаба, Чыж і Сялява, Тур, Казёл, Воўк, Лось, Мурашка. Гэта прозьвішчы зааморфныя. Да гэтай групы можна далучыць пазьнейшыя, але таксама старажытныя прозьвішчы - імёны тыпу Яцка, Касьцюшка, Алеша, Сьцяпура, Кміта, Юрага. Сярод гэтай групы ёсьць прозьвішчы з празрыстай этымалёгіяй, як Сіпайла, Плявака, Новаш, Шышка, Цюхай, Мігай, Кісьляк, Смаляк, але сустракаюцца і цяжка зразумелыя: Якса, Роня, Цыдзік і шмат якіх іншых. Гэтыя тры групы прозьвішчаў і, адпаведна, роды занесеныя ў 1-ю і 6-ю часткі губэрнскіх геральдычных кніг, куды яшчэ за Кацярынаю II запісваліся самыя старажытныя дваранскія роды. (Акрамя таго, існавала 2-я частка для афіцэрства, 3-я - для асабістага дваранства, 4-я - для замежнага па-ходжаньнем, 5-я - для магнатэрыі: князёў, баронаў, графаў, 7-я - для шляхты татарскага паходжаньня.)

Адным з галоўных атрыбутаў шляхоцкае гісторыі і традыцыяў, прадметам гонару і пашаны зьяўляецца родавы шляхецкі герб. Гербавая традыцыя налічвае тысячагодзьдзе, сягае вытокамі ў часы крыжовых паходаў, рыцарскіх турніраў, рыцарскіх ордэнаў. У Эўропе існуюць геральдычныя інстытуты і выдавецтвы, грамадзкія таварыствы і дзяржаўныя ўстановы, існуе велізарная спэцыяльная літаратура. Толькі ў нас (пасьля кастрычніка 1917 г.) геральдыка зрабілася непатрэбнаю а нават шкоднаю, бо супярэчыла клясавым тэорыям і марксісцкаму тлумачэньню гісторыі. Непатрэбнаю, як і сфрагістыка, генэалёгія, палеаграфія і гістарычная геаграфія. Але мяняецца час, расьце цікавасьць да айчыннае гісторыі, зьяўляецца і патрэба ў гэтых навуках. Што да нашых суседзяў, асабліва палякаў, то ў іх гэтыя навукі разьвіваліся бесьперапынна, выходзілі з друку альбомы і манаграфіі, праводзіліся навуковыя досьледы і пошукі, памнажаўся інфармацыйны матэрыял. 3 гэтае літаратуры, як і з дарэвалюцыйнае расейскае, можна, старанна адсеяўшы шавіністычную тэндэнцыйнасьць, даведацца шмат чаго цікавага пра ўласна беларускую шляхоцкую геральдыку, пра генэзу беларускіх родавых гербаў. Цікавы матэрыял можна знайсьці і ў летапісах. Як вядома, адной з важных падзеяў Гарадзельскага пагадненьня (вуніі) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага 1413 году быў абмен родавымі гербамі шляхты кароннай і баярства ВКЛ, звычай даволі характэрны для сярэднявечнага эўрапейскага рыцарства. Дакумант гербавага пабрацімства быў замацаваны пячаткамі з гербамі абодвух дамоўленых бакоў, але дзіўным чынам да нашых часоў (XX ст.) захаваліся толькі польскія пячаткі, што давала падставы несумленным дасьледнікам сьцьвярджаць, быццам шляхта нашая (баяры) да Гародлі наагул гербаў ня мела і шляхтай у эўрапейскім разуменьні гэтага слова не была.

Цікава перадае гэты эпізод у Гародлі летапіс Быхаўца. Згодна яму, ініцыятарам абмену быў цэзар Сьвятарнай Рымскай імпэрыі Сыгізмунд. Вялікі князь Вітаўт дабіваўся тады каралеўскае кароны, а без Сыгізмунда і Папы Рымскага гэта было немагчыма зрабіць. Вось як намаўляў Сыгізмунд Ягайлу і Вітаўту: "Зваў к сабе караля Ягойла і пачаў яму мовіць: "Віжу сам, што межы вамі ест брацтва зь Вітаўтам адно, іж панове літоўскіі ест вельмі валечныі, а так абы пана сваяго князя вялікага Вітаўта не намовілі ку вальцы проціў табе, і штобы табе валькаю труднасьць каторае не ўчынілі, а прато я табе раджу: намаўляй князя вялікага Вітаўта, абы паноў сваіх намовіў, штобы панове літоўскія задзіночыліся з паны тваімі каруны Польскія, і ўзялі межы сабою брацтва, і гербы межы сабою падавалі адзін ад аднаго, і там бы ся спрыязьнілі і ў брацтва прышлі. Калі тагды яны збрацяць межы сябе, і чэраз то ўжо нельзя будзець ім валькі пачынаці на цябе і на зямлю Польскую". I Ягойло прасіў цэсара, абы тымі ж словы намавяў Вітаўта, і калі ў няго быў, і цэсар яму тыя словы мовіў, і Вітаўт яму рэк: "Я таго не магу ўчыніці бяз волі паноў рад сваіх", і прасіў цэсара, абы пры том быў. "Как буду паном сваім мовіці тыя словы, іж паном хрысьціянскім, цэсару яго міласьці ся відзіць, і брату маяму каралю Ягайлу, то штобы межы тымі панствы бе ўпакой, і тэж межы вамі брацтва, прыязьнь, штобы вы зь ляцкімі паны ўбраціліся, гербы ад ніх пабралі". I цэсар тэж пачаў паном літоўскім мовіць, іж панове ляцкіі не маглі іначай упакою ўчыніці межы каралеўствам Чэскім і Польскім, а заўжды межы тымі каралеўствы валькі бывалі, а так панове ляцкіі з паны чэскімі тым збраціліся, іж гербы сабе ляхове пабралі ў паноў чэскіх, і калі гербы пабралі, а тыя ся збрацілі, і ад тых жа мест валька межы німі перастала, і ў пакою межы сябе жывуць. Панове літоўскіі паведзелі цэсару і князю вялікаму Вітаўту тым абычаем: "Міласьцівы цэсару і гаспадару наш, вялікі княжа Вітаўце. Ляхове не была шляхта, але былі людзі простыі, а ні мелі гербаў сваіх і вялікімі дары таго даходзілі ў чэхаў. Беручы так вялікіі скарбы ад ніх і гербаў сваіх, іж жычылі, і шляхтою іх пачынілі, і ў гербы сваі іх прынялі, але мы шляхта старая, рымская, каторыі прэдкі нашы з тымі гербы сваімі зашлі да тых панств і іх ужывалі, а так мы цяпер іх маем і іх ужываем яка сваіх, а чэраз ніх не патрабуем жадных інных гербаў, новых, але ся дзержым старых сваіх, што нам прэдкі нашы заставілі". I цэсар паведзіў, штобы есьце гербы прыймавалі ў ляхаў, жэбы для шляхецтва, бо вы старшая шляхта і прэдняя, ніж ляхове, але гербы ў ніх бераце для адзіноцтва і для брацтва межы вамі, бо калі гербы межы сябе пабераце, тагды адзін аднаму братам застанець, і павінен будзець адзін аднаму спрыяці.

А потым Вітаўт на ўпакой намовіў паноў сваіх, абы зь ляхі збраціліся і гербы ад ніх бралі для таго, штобы тым растыркам пераказы не ўчынілі каруне яго, а мовіў ім тым абычаем: "Ведзь жа, калі каруну прынясуць, і вы ім за ся можаце лісты іх назад адаслаці, а гербы іх пакінуці, а сваі старыі за ся ўзяці". I панове, слышачы тыі словы ад гаспадара сваяго, а жычачы яму каруны і на то прызволілі".

Безумоўна, нашая шляхта і да Гародлі мела ўласныя гербы, пра што сьведчаць ня толькі летапісцы, але і іншыя гістарычныя дакуманты, асабліва пячаткі на іх. Праўда, гэтыя гербы выконвалі крыху іншыя функцыі, чым у заходнеэўрапейскага рыцарства. У Заходняй Эўропе геральдыка была ўжо досыць інтэграваная, аднымі гербамі карысталіся ангельцы і французы, італьянцы і немцы, гербавая справа была добра распрацаваная і сыстэматызаваная, існаваў агульнапрыняты рыцарскі кодэкс. У Заходняй Эўропе герб быў знакам асобы, індывідуума, а ў нас, як правіла, знакам роду, да якога маглі належаць дзясяткі й сотні блізкіх і далёкіх родзічаў, і ня толькі родзічаў. Чэмпіёнам у гэтым пляне, безумоўна, ёсьць герб Ястрабец, якім карысталіся больш за дзьвесьце сем'яў. У той жа час існавалі роды, што ўжывалі некалькі розных гербаў. Скажам, Жарскія - тры гербы, Кавалеўскія - ажно восем, Вольскія - больш за дзесяць. Дарэчы, нашыя продкі вярнулі-такі, пасварыўшыся з палякамі, іхныя гербы, але потым узялі зноў, бо Эўропа, што ні гавары, ёсьць Эўропа. Яна дала нам мноства гербаў. Зарэмба, Гербурт, Брохвіч, Вадвіч, Самсон, Сас, Ляліва прыйшлі ў нашу геральдыку зь Нямеччыны; герб Котвіч - з Аўстрыі; Окша, Граблі, Парай, Адравуж, Дрыя, Павала - з Багеміі й Маравіі; Равіч - з Англіі; Лебедзь - з Даніі; Тарнава - аж з вострава Родас; Гіпацэнтаўр, Геральт, Сьвінка, Ладзьдзя прывандравалі са старажытнага Рыма. 3 Рыма паходзіць і герб Корвін. Геральдычная легенда зьвязвае гэты герб зь імем легіянэра Валерага Мэсалы Корвіна, ад якога ён трапіў у Вугоршчыну, да каралёў Яна і Мацея Корвінаў, адтуль праз Чэхію і Польшчу - у Вялікае Княства Літоўскае. Расьсяліўшыся на Беларусі, чорны крук з залатым пярсьцёнкам у дзюбе даў жыцьцё яшчэ некалькім гербам, у прыватнасьці, Сьлепаворану, Разінцу, Зяновічу і Азёрам.

Але гэта ўжо крыху іншая, хоць і ня менш цікавая тэма. Мэта ж нашых публікацыяў, якія мы працягваем ужо трэці год,- пазнаёміць шырокага чытача, аматара гісторыі й мастацтва, з самабытнымі, арыгінальнымі выявамі гербаў, якімі карысталася нашая шляхта ў XVII-XIX стагодзьдзях, зацікавіць навукоўцаў, інсьпіраваць далейшыя пошукі і дасьледаваньні. Выявы, каторыя вы бачылі на нашых каляровых старонках,- аўтэнтычныя, гэта ня аўтарскія перамалёўкі ці мастацкія інтэрпрэтацыі. Гэтак яны выглядаюць у старых дакумантах, геральдычных кнігах, на пажоўклых прывілеях і дыплёмах, і ў гэтым іхная мастацкая й навуковая каштоўнасьць.

У часы росквіту геральдычнай культуры гербавыя выявы былі надзвычай распаўсюджаныя. Герб упрыгожваў будынак і зброю, посуд і кнігу, глядзеў з пацямнелых сямейных партрэтаў і каменных надмагільляў, суправаджаў шляхціча літаральна ад калыскі да магілы, выклікаючы законнае пачуцьцё гонару ўладальніка, але і патрабуючы высокае чалавечае годнасьці. Беларускі шляхоцкі герб, пачаўшыся, як знак уласнасьці, таўро, татэм, пячатка, завяршыў сваю мастацкую эвалюцыю ў XVII стагодзьдзі, набыўшы агульнаэўрапейскія геральдычныя рысы. Галоўнаю вызначальнаю часткаю герба зьяўляецца шчыт з выяваю на ім, незалежна ад шматлікіх дадатковых атрыбутаў. Гэтую выяву будзем называць знакам або гербавым знакам. У нашых суседзяў-расейцаў яна называецца "знамя", у палякаў - "godlo". Акрамя шчыта, сучасны герб можа мець шолам, над шоламам карону, над імі навершнік або кляйнод (упрыгожаньне), намёт ці мантыю, шчытатрымальнікі, дэвізы. Існуе і такая мастацкая аздоба, як знакі годнасьці, пасады ці прафэсіі (булавы, ключы, гарматы, шаблі, сьцягі, біскупскія мітры ды інш.). Выяўленчыя элемэнты, зь якіх складаецца асноўная частка герба - знак, даволі нешматлікія і добра сыстэматызаваныя. Гэта прадметы ўзбраеньня, часткі абарончых архітэктурных пабудоваў (вежы, муры і г. д.), побытавыя рэчы, чалавечая пoстаць або часткі цела, жывёлы і расьліны, фантастычныя істоты, сонца, месяц, зоркі і, нарэшце, розныя крыжы і рэлігійныя сымбалі. Колеравая гама гербаў таксама досыць строгая і сьціплая, усталяваная на працягу стагодзьдзяў. Жоўты і белы - гэта металы, золата і срэбра. Ужываюцца таксама чырвань і блакіт, пурпур, зелень і чэрнь, якія называюцца эмалямі, і некаторыя дадатковыя колеры. I яшчэ ўмоўна маляваныя футры гарнастая, вавёркі, сабаля ды ласкі. Для кожнага з гэтых выяўленчых элемэнтаў і фарбаў існуе агульнапрынятая графічная мова, напрыклад, золата перадаецца кропачкамі, чырвань - вэртыкальнаю штрыхоўкаю і г. д. Але пра ўсё гэта, як і пра іншыя асаблівасьці шляхецкіх гербаў (формы шчытоў, іх падзел, кароны, намёты і г. д.), добра й падрабязна напісана польскімі ды расейскімі геральдыстамі, да якіх я і адсылаю зацікаўленых.

Гербы, якія мы друкавалі ў часопісe,- гэта вельмі нязначная частка багатае, разнастайнае геральдычнае спадчыны, што захоўваецца ў нашых архівах, чакаючы сваіх дасьледнікаў і публікатараў.

А зараз прапануем вам пазнаёміцца са сьпісам старажытных беларускіх шляхоцкіх родаў. У яго ўвайшлі толькі тыя роды, што фіксуюцца ў архіўных і літаратурных крыніцах XVII-XVIII стагодзьдзяў, да падзелу Рэчы Паспалітай і захопу беларускіх земляў царскаю імпэрыяй. Сьпісы складзеныя (тэрытарыяльна) на падставе матэрыялаў Менскай, Магілеўскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Смаленскай і часткова Віленскай губэрняў. Яны не прэтэндуюць на канчатковасьць. Рэдакцыя будзе ўдзячная шаноўным чытачам за ўдакладненьні і дапаўненьні.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Срэбная страла ў чырвоным полі (гербы на Беларусі)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.