АКІНШЭВІЧ ЛЕЎ [УКРАІНСКІ І БЕЛАРУСКІ ГІСТОРЫК]

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему АКІНШЭВІЧ ЛЕЎ [УКРАІНСКІ І БЕЛАРУСКІ ГІСТОРЫК]. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2010-11-25

Леў Акіншэвіч (1898-1980) — адзін з найзначнейшых даследчыкаў украінскага права, аўтар нізкі публікацый па беларусiстыцы. Але ва ўкраінскай гістарыяграфіі пра яго напісана замала1, а ў беларускай, здаецца, увогуле нічога. Хоць постаць Акіншэвіча вельмі цікавая як з пункту гледжання на навуковую біяграфію гісторыка, так і з пункту гледжання даследавання феномена падвойнай ідэнтыфікацыі ў кантэксце інтэлектуальнай гісторыі ХХ ст. Асновай для напісання гэтага тэксту сталі апублікаваныя ў Львове ўспаміны Льва Акіншэвіча, якія адкрываюць для чытача ўнутраны свет неардынарнай асобы даследчыка.

Нарадзіўся Л.А.Акіншэвіч 7 лютага 1898 г. у Санкт-Пецярбургу ў сям'і юрысконсульта. Бацька Льва быў этнічным беларусам і паходзіў з сям'і святара Гомельскага павета. Маці Акіншэвіча хварэла на сухоты, з-за таго сям'я пераехала ў Кіеў, што, пэўна, і вызначыла ўкраінскія зацікаўленні Льва. У 1912 г. здольны юнак стаў стыпендыятам Калегіі Паўла Галагана — элітнай украінскай сярэдняй навучальнай установы, дзе таленавітыя гімназісты мелі магчымасць вучыцца бясплатна. У 1916 г. Акіншэвіч скончыў калегію і, з прыкладу бацькі, паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Ва ўмовах першай сусветнай вайны Леў у студзені 1917 г. паступае ў Кіеўскую школу прапаршчыкаў, пасля заканчэння якой апынуўся на румынскім фронце. У 1918 г. ён вярнуўся ў Кіеў, аднавіў навучанне ва універсітэце, і, як узгадваў сам у сваіх успамінах, удзельнічаў у беларускіх арганізацыях Кіева. Ва ўмовах нацыянальна -вызваленчай і грамадзянскай войнаў, як былога камандзіра расійскай арміі, Акіншэвіча пастаянна мабілізуюць розныя ўрады, апроч урада Украінскай Народнай Рэспублікі, які вызваліў яго ад мабілізацыі пасля просьбы беларускага консульства як падданага Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919—1920 г. Акіншэвіч працаваў сакратаром юрыдычнага аддзела Кіеўскага Саўнаргаса, а ў студзені 1921 г. адбыўся выпадак, які, са слоў навукоўца, «адчыніў мне дзверы да навуковай працы». Выпадкова набыўшы ў букініста кнігу праф. Сергеевіча «Древности русского права», якая тычылася баярскай думы ў Маскоўскай дзяржаве, Акіншэвіч уважліва яе вывучыў, а на адным з іспытаў праф. Мікола Васіленка запытаў яго самога пра баярскую думу. Пачуўшы прыгожы глыбокі адказ, Мікола Пракопавіч, які быў знаным гісторыкам права, акадэмікам Усеўкраінскай Акадэміі Навук (ВУАН), прапанаваў Акіншэвічу навуковую працу ў Акадэміі і тэму даследавання — казацкія рады ХVII-XVIII ст. Як узгадваў Леў Аляксандравіч, Васіленка ўносіў у працу кіраванай ім Камісіі для вывучэння гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права атмасферу талерантнасці, што «вяло да сяброўскага супрацоўніцтва яе членаў», і дадаваў: «Я не прыгадваю ніякага суперніцтва, непрыязнасці і непаразуменняў. Як вынік, гісторыя гэтай Камісіі ёсць гісторыя яе прац». У 1922—1929 гг. Акіншэвіч выконваў абавязкі сакратара камісіі, а ў 1925 г. па запрашэнні Міхайлы Грушэўскага паступіў у аспірантуру пры Навукова-даследчай кафедры гісторыі Ўкраіны, якой кіраваў акадэмік. Як заўважаў Акіншэвіч, атмасфера на кафедры Грушэўскага істотна адрознівалася ад атмасферы ў Камісіі Васіленкі, замест сяброўскіх стасункаў адносіны супрацоўнікаў кафедры насілі фармальны характар. З незразумелых для Акіншэвіча прычын, у 1928 г. Грушэўскі паставіў пытанне аб пераводзе яго на кафедру акадэміка Дзмітра Багалія. Не паглыбляючыся ў дадзенае пытанне, адзначу, што гісторыя ВУАН 1920—1930-х г. насычана асабістымі і навуковымі канфліктамі, супрацьстаяннем Міхайлы Грушэўскага (чалавека няпростага аўтарытарнага характару) ды Агатангела Крымскага і Сяргея Яфрэмава. Акіншэвіч, як і мноства іншых супрацоўнікаў, адчуў на сабе наступствы тых канфліктаў. І заслугоўваюць увагі яго словы: «прынцыпова няслушна, недапушчальна ставіць адзнаку навуковай працы ў залежнасць ад стаўлення да яе аўтара», а і Грушэўскі, і Крымскі, і Яфрэмаў былі несумненнымі інтэлектуаламі, выдатнымі вучонымі.

У 1928 г. Акіншэвіч скончыў аспірантуру і абараніў дысертацыю «Генеральна Рада на Гетьманшч ині XVII-XVIII ст.». Як пазначаў у «Нарысе гісторыі Ўкраіны» Дзмітро Дарашэнка, Акіншэвіч упершыню звярнуў увагу на інстытуцыю Рады старшынь (г.зн., сход казацкай эліты, найвышэйшай казацкай адміністрацыі) і параўнаў яе з Радай Паноў ВКЛ, Баярскай Думай Масковіі, Сенатам заходнееўрапейскіх дзяржаваў 3. Акіншэвіч заўважаў: Генеральна Рада (г.зн. сход усёй казацкай грамады) паступова ператваралася ў «святочнае ўпрыгожванне, якое санкцыянавала рашэнні, што de facto пастанаўляла рада старшынска я», а з XVIII ст. яна ўвогуле робіцца фікцыяй.

Працуючы ў ВУАН, Леў Аляксандравіч меў досыць цесныя кантакты з Беларуссю. Ва ўспамінах ён адзначаў: «Я не забываў пра краіну свайго бацькі і адчуваў абавязак дапамагчы яе нацыянальнаму адраджэнню. Я сістэматычна працаваў над вывучэннем беларускай мовы і ўдасканаленнем свайго ведання яе». З 1925 г. Акіншэвіч супрацоўнічаў з беларускім літаратурна -навуковым часопісам «Полымя», дзе, у прыватнасці, быў надрукаваны яго дослед «Казацтва на Беларусі» (на жаль, недаступны мне пад час напісання гэтага артыкула). У 1920—1930-я г. вучоны неаднаразова наведваў Менск, дзе сустракаўся з Янкам Купалам (у сваіх успамінах Акіншэвіч называе яго «беларускім Шаўчэнкам») і Якубам Коласам. Пад час наведвання этнаграфічнага музея Акіншэвіч бачыў Вацлава Ластоўскага, які быў там навуковым супрацоўнікам. Як піша Акіншэвіч, «у працэсе агляду экспанатаў музея Ластоўскі падышоў да нас і хацеў паразмаўляць, але быў груба адсунуты дырэктарам музея».

Віцэ-прэзідэнт Беларускай АН Сцяпан Некрашэвіч прапанаваў Акіншэвічу пераехаць у Менск і выкладаць гісторыю беларускага права ў мясцовым універсітэце. Пра гэта стала вядома рэктару універсітэта Уладзіміру Пічэту, які запрасіў Акіншэвіча на абед і шчыра сказаў, што з матэрыяльнага боку дужа зацікаўлены ў зберажэнні за сабой курса гісторыі беларускага права. Як зазначае Акіншэвіч, «я запэўніў яго, што не прэтэндую на заняцце месца».

На пачатку 1930-х г. Леў Акіншэвіч збіраўся напісаць манаграфію пра казацтва на Беларусі ў часы Хмяльніцкага з дадаткам вялікай колькасці архіўных матэрыялаў. Але гэтыя планы не былі рэалізаваныя, бо і ў Беларусі, і ў Украіне ўзмацніўся партыйна-ідэалагічны ўціск на навуку.

Пасля інспіраваных ГПУ-НКВД працэсаў «Цэнтру дзій» (1924), «Спілкі Вызвалення Украіны» (1929—1930) у структурах Акадэміі Навук разгортваецца (па ўказцы партыйных органаў) «крытыка» буйных вучоных як «нацыяналістаў». Па патрабаванні сакратара партарганізацыі ВУАН Казубоўскага Акіншэвічу таксама давялося напісаць пра «нацыяналізм» у работах акадэмікаў М.Грушэўскага і М.Слабчанкі. У адным з тых артыкулаў сцвярджалася, што ідэалагічны разгром канцэпцыі Грушэўскага пад час «дыскусій» 1931 г. «ніяк не зняў пытання пра далейшую барацьбу з ёю, але паставіў ва ўсёй паўнаце праблему канчатковага і ўсебаковага разгрому гэтай ідэалогіі ва ўсіх яе праявах і ва ўсіх яе галінах» 4. Сам Акіншэвіч пра тыя свае артыкулы напісаў наступнае: «Тыя артыкулы — старонка з гісторыі „паняволенай " савецкай навукі, калі адмова ў іх напісанні няўхільна значыла арышт, катаванні ды высылку ў лагеры».

У 1932 г. Акіншэвіча выклікалі ў НКВД і прапанавалі супрацоўнічаць з «тайнай паліцыяй». Пры гэтым у ролі перніка выступала абяцанне зрабіць гісторыка акадэмікам, а ў ролі бізуна — разбурэнне сямейнага жыцця і канец навуковай працы ў выпадку адмовы. Супрацоўнічаць з НКВД Акіншэвіч адмовіўся і ўжо ў 1933 г. быў вымушаны пакінуць Акадэмію. Як узгадваў навуковец, «ад'ехаць на Беларусь, айчыну майго бацькі, было першай думкай», але ад таго давялося адмовіцца, бо стан акадэмічнай навукі Беларусі на той час быў не лепшым, чым на Украіне.

Акіншэвіч едзе ў Маскву, і Наркампрос РСФСР накіроўвае яго на выкладчыцкую працу ў Волагду. Гэта была рэальная магчымасць фізічнага паратунку, бо практычна ўсе ўкраінскія гісторыкі, што здолелі ў 1920—1930-х г. ад'ехаць у Расію або іншыя рэгіёны СССР, пазбеглі рэпрэсій (Уладзімір Пархоменка, Аляксей Барановіч, Мітрафан Брачкевіч, Мікола Рубінштэйн, Паўла Матвіеўскі ды інш.). Але Акіншэвічу не пашчасціла рэалізаваць свой намер і, фактычна з патрабаван ня НКВД, ён ідзе выкладаць у Нежынскі педагагічны інстытут. Мэта таго прызначэння стала празрыстай досыць хутка — амаль адразу пасля прыезду Акіншэвіч быў звольнены з педінстытута за «нацыяналізм» (да таго ж яго абвінавачвалі ў тым, што быў сувязным між украінскімі і беларускімі нацыяналістамі). Уладкавацца на працу з такім абвінавачаннем было досыць цяжка. Акіншэвічу паўсюль адмаўлялі і, як пазначана ва ўспамінах, у яго нават узнікала думка пра самагубства. Але яму ўдалося-такі ўладкаваца на працу — юрысконсультам на «Прибалхашстрое» (Казахстан). Працуючы ў Казахстане, Акіншэвіч змясціў 4 расійскамоўныя нататкі пра гісторыю меднай прамысловасці Казахстана і будаўніцтва Балхашскага камбіната ў часопісе «За Балхашскую медь». У 1937 г. з-за хваробы сына Глеба Акіншэвіч з сям'ёй пераязджае ў Смаленск, чым, магчыма, уратаваў сваё жыццё, бо хутка на Балхашскім камбінаце пачаліся арышты.

У 1941 г. у сувязі з пачаткам нямецка-савецкай вайны, Акіншэвіч быў мабілізаваны ў савецкую армію. 11 верасня 1941 г. узяты немцамі ў палон, з якога неадкладна вызвалены, як і ўсе палонныя, што не былі ва уніформах 5. Тое адбылося на Палтаўшчыне, адкуль Акіншэвіч пешшу дайшоў да акупавана га немцамі Кіева, дзе ўладкаваўся на працу юрысконсультам гарадской управы, якой кіраваў іншы вядомы гісторык — Аляксандр Аглоблін (цікава, што ў 1930-х г., рэцэнзуючы даследаванне Акіншэвіча «Значне військове товариство в Укра?ні-Геть манщині XVIII ст.», Аглоблін ахарактарызаваў яе як немарксіс цкую, што ў тых умовах было раўназначна абвінавачванню ў ідэалагіч ным граху). З часам Акіншэвіч быў прызначаны кіруючым справамі вышэйшых школ і навуковых устаноў гарадской управы6, увайшоў у склад экспертнай камісіі па ўкраінскай эмблематыцы 7, адначасова быў дэканам юрыдычнага факультэта адноўленага Кіеўскага універсітэта.

У 1943 г. Акіншэвіч, як і шэраг іншых украінскіх гісторыкаў (Аляксандр Аглоблін, Наталля Палонска-Вас іленко, Васіль Дуброўскі, Пятро Курынны), выехаў на Захад. Нядоўгі час навуковец працаваў і жыў у Львове, Станіславе (сучасны Івана-Франкоўск), Празе, Рэгенсбур гу. У 1949 г. Акіншэвіч выехаў у ЗША. Там спачатку працаваў прыбіральшчыкам у шпіталі. У 1951-1954 г. быў стыпендыятам фонда Форда па даследчыцкай праграме вывучэння СССР пры Калумбійскім універсітэце, пасля завяршэння праекту працаваў у Бібліятэцы Кангрэсу ў Вашынгтоне, а ў 1969 г. выйшаў на пенсію. Апошнія дзесяць гадоў жыцця Акіншэвіч пакутваў на паркінсанізм. Памёр навуковец 7 лістапада 1980 г. у прадмесці Вашынгтона.

Нягледзячы на складаны жыццёвы шлях, шматлікія перашкоды ў паўнавартаснай навуковай працы, спадчыну Льва Акіншэвіча складаюць больш за 120 публікацый 8, да таго ж, шэраг манаграфій, якія належаць да лепшых здабыткаў украіністыкі ў галіне гісторыі права9. Апроч даследаванняў тэмы (прафесійная спецыялізацыя Акіншэвіча — дзяржаўнае права Гетманшчыны XVII-XVIII ст.), пяру гісторыка належаць некалькі публікацый пра цывілізацыйны падыход да гісторыі Усходняй Еўропы10, адна з якіх спецыяльна тычыцца гісторыі Беларусі 11. Варта заўважыць, што Акіншэвіч як гісторык пазбягаў псеўдапатрыятычных перабольшванняў і спрашчэнняў, яднаў крыніцазнаўчы падыход і канцэптуальны аналіз пытання.

Беларуская праблематыка і беларускія кантакты адыграюць значную ролю ў творчасці Акіншэвіча і на эміграцыі. Гісторык быў абраны сапраўдным членам Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк). У лісце да Б.Крупніцкага ад 6 ліпеня 1951 г. Акіншэвіч узгадвае, што яму прапанавалі ўзначаліць гэты інстытут, але ён адмовіўся 12. Сярод друкаваных прац навукоўца ёсць публікацыі беларускаю мовай (гл. спасылку 11 да гэтага артыкула).

Як згадвае Яраслаў Падох, прафесар Акіншэвіч «быў чалавекам замкнутым у сабе, негаваркі м і не любіў казаць пра сябе і сваё мінулае», за напісанне сваіх успамінаў узяўся «без ахвоты, пад ціскам сяброў»13 . На тое, пэўна, паўплываў сумны жыццёвы вопыт навукоўца (непасрэднае знаёмства з брутальным ідэалагічным умяшальніцтвам у навуку ў Савецкай Украіне, гібель у блакадным Ленінградзе сына Глеба, у смерць якога Акіншэвіч не верыў). Таксама можна ўзгадаць, што свае публікацыі на Захадзе гісторык падпісваў, зазвычай, крыптонімамі (Л.О., Л. О-ч., Leo A.Yaresh.), што ён прынцыпова адмовіўся ад публічнага адзначэння свайго 80-годдзя і г.д.

Адно з найцікавейшых пытанняў — пытанне пра нацыянальнае самавызначэнне — Леў Акіншэвіч кранае ў сваіх успамінах. Пішучы пра сваю пазыцыю ў 1920-1930-х г. на Савецкай Украіне, гісторык адзначае: «Як беларус я меркаваў, што Ўкраіна мае права на незалежнасць. Але... прылюдна я тую думку не выказваў нават у размовах з сябрамі». Больш падрабязна асвятляючы гэтае пытанне, Акіншэвіч піша пра «вызнанне сябе беларусам у памяць бацькі». Украіна, са слоў Акіншэвіча, «была нібы маёй другой бацькаўшчынай і прадметам маіх даследчых прац. Я шчыра сімпатызаваў барацьбе за ўкраінскае нацыянальнае адраджэнне». Яшчэ адной сваёй «другой бацькаўшчынай» гісторык называў ЗША, дзе ён пражыў 30 гадоў (1949-1980).

Разважаючы над тым, чаму яго ўспаміны не напісаны па беларуску, Акіншэвіч заўважае: «Мне вельмі горка адмаўляцца ад сябе, як аўтара ўспамінаў на беларускай мове. Але мне зразумела, што я не маю права, зрабіўшы так мала для беларускай справы, прэтэндаваць на ўвагу беларускага чытача. Яны (успаміны — А.П.) маглі б хіба паказаць, як справядлі васць той (беларускай) справы выклікала да яе сымпатыі ў паўбеларуса, што нарадзіўся ў Расіі і пражыў маладыя гады ў Украіне. Але тое, зразумела, не ёсць дастатковай падставай для пісання ўспамінаў».

Мяркую, вызначэнне Акіншэвіча як «беларускага і ўкраінскага гісторыка» — абгрунтаванае. Украінскім гісторыкам Акіншэвіча, па вялікім рахунку, зрабіў выпадак — пераезд яго сям'і ў Кіеў з-за хваробы маці. А беларуская нацыяналь ная ідэнтыфікацыя навукоўца была, перад усім, яго свядомым выбарам («у памяць бацькі»), падмацаваным этнічным паходжаннем. Падаючы свае высновы як папярэднія і адкрытыя для крытыкі, хачу прапанаваць таксама шэраг пытанняў, якія ўзніклі ў мяне пад час апрацавання гэтай тэмы: Што ёсць феномен падвойнай ідэнтыфікацыі ў гістарыяграфіі? Што ёсць «нацыянальная гістарыяграфія» і ці ёсць магчымаю безнацыянальная (пазанацыянальная) гістарычная навука? Што ёсць нацыянальная перадузятасць і ці можна быць, як гісторыку — па адзін бок, а як беларусу (украінцу, немцу і г.д.) — па іншы?

З украінскай пераклаў Андрэй Мельнікаў

ЗНОСКІ:

1 Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права України–Гетьманщини XVII—XVIII ст. Нью–Йорк, Мюнхен, 1985. 40 с.; Водотика С.Г. Механізм реалізації політичноі влади в Гетьманщині протягом другої половини XVIII ст. в оцінці Л.О. Окіншевича // Українська козацька держава: витоки та шляхи історичного розвитку. Київ, Черкаси,1994. C.158—161.; Ясь О. Лев Окіншевич та його есе «Між Заходом і Сходом» // Розбудова держави. 1997. 7/8. C.102—107.
2 Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні. Львів,1995. 88 c.
3 Дорошенко Д. Нарис історії України. Т.1. Kиїв, 1992. C.115.
4 Окиншевич Л. Національно–демократична концепція історії права України в працях акад. М.С. Грушевського // Україна. 1932. №1/2. C.91—109. Цыт. па: Заруба В. Розгром і знищення київськой школи істориків Михайла Грушевського // Український історик. 1991—1992. Ч. 110—115. C.160.
5 Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права козацької України // Передмова до кн.: Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні. C.13.
6 Верба І. Архівна оглобліяна в Київі // Український історик. 1994. Ч.120—123. C.178.
7 Верба І. Спроби відновлення УАН у Київі (кінець1941 — середина1942 рр.) // Укр. історик. 1995. Ч.124—127. C.97.
8 Бібліяграфію работ Л. Акіншэвіча склаў Яраслаў Падох. Гл.: Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права України—Гетьманщини XVII—XVIII ст. Нью–Йорк, Мюнхен, 1985 . C.31–38.
9 Окиншевич Л. Генеральна Рада на Гетьманщині XVII—XVIII ст. Київ, 1929. 178 c.; Окіншевич Л. Лекції з історії українського права. Мюнхен,1947. 223 c.; Яго ж. Огляд історії філософії права. Ч. 1. Мюнхен, 1948. 130 c. Okinshevich L. Ukrainian Society and the Goverment. 1648—1781. Munich, 1978. 145 с.
10 Окіншевич Л. Між Заходом і Сходом // Україна. Париж.1952. №8 [Перадрукавана: Розбудова держави. Київ. 1997. №7/8 C. 108—113.]; Okinshevich L. History Civilization of Eastern Europe in the Work of Arnold Toynbee // The Annals of the Ukrainian Academy of Arts and Sciences in the U.S., — New York, 1952. Vol.2. №2. p.305—315.
11 Акіншэвіч Л. Пра «Цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва. Нью–Йорк, 1953. №2. C.70—79.
12 Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик... // Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні.C.15
13 Тамсама. C.10,12.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: АКІНШЭВІЧ ЛЕЎ [УКРАІНСКІ І БЕЛАРУСКІ ГІСТОРЫК]

© Андрэй Партноў ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.