Падручнікі ў Расіі звязанныя з гісторыяй Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Падручнікі ў Расіі звязанныя з гісторыяй Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2010-11-25

Разгледзім у ракурсе гэтай тэмы навучальныя дапаможнікі па гісторыі Расіі, падрыхтаваныя для асноўных (9–гадовых) і сярэдніх (11–гадовых) агульнаадукацыйных школ.

Гэта перапрацаванае А.Праабражэнскім выданне падручніка пад рэдакцыяй Б.Рыбакова “История СССР”, які прыйшоў у школы ў 1985 г. Падручнік найбольш часта выкарыстоўваецца сярод усіх іншых пры вывучэнні айчыннай гісторыі ў асноўнай школе. Аўтары пайшлі па шляху не толькі ўдасканалення тэксту, але і зняцця з яго ўсяго, што не мела непасрэднага дачынення да тэрыторыі ўласна Расіі.

Упершыню беларусы згадваюцца ў сувязі з сцвярджэннем пра тое, што “предки русских, украинцев и белорусов на протяжении Х–ХIII вв. составляли единую народность, имели общую культуру и язык, который следует назвать древнерусским”. Гэтаму папярэднічае думка пра асаблівасці мовы (дыялекты) і звычаяў усходніх славян, аб’яднанне якіх у адзіную дзяржаву, згодна з аўтарскай канцэпцыяй, прывяло да амаль поўнага нівелявання этналінгвістычных адрозненняў. Даволі распаўсюджаная памылка.

З удзельных княстваў Белай Русі ў падручніку ў асноўным фігуруе толькі Смаленскае, і то між іншым ў кантэксце характарыстыкі гандлёвых шляхоў і асаблівасцяў архітэктуры Старажытнай Русі.

У раздзеле, прысвечаным гаспадарчаму жыццю Русі XIV ст., з’яўляецца “Литва” (у значэнні ВКЛ), з якой гандляваў Смаленск, які быў “вечным яблоком раздора между Литвой и соседними русскими княжествами”. З’яўленне тэрміна “Літва” у гэтым параграфе не суправаджаецца якімі–небудзь тлумачэннямі. Раней у навучальным дапаможніку ён не сустракаўся. Толькі ў апісанні перыяду кіравання Дзмітрыя Данскога мы даведваемся пра “притязания на русские земли Великого княжества Литовского”. “К тому времени литовский князь Ольгерд овладел Смоленском”, — гаворыцца ў кнізе, хоць на самай справе гэта адбылося толькі пры вялікім князю Вітаўту. Напэўна, такім чынам аўтары дапаможніка (трэба сказаць, не зусім удала) хацелі растлумачыць вучням прычыны саюзніцкіх дачыненняў Вільні і Смаленска ў паходах Альгерда на Маскву, якія прыгадваюцца ў падручніку.

Пад час раскрыцця тэмы “Предпосылки объединения русских земель” і характарыстыкі знешнепалітычнага становішча другой паловы XIV — пачатку XV ст. А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў апісваюць этапы “занятия” літоўскімі князямі “земель Западной Руси”. “В их руках оказались Полоцк, Минск и Киев. Границы Литвы проходили после захвата Смоленского княжества вблизи Москвы.” Такім чынам жыхарам Белай Русі аддаецца толькі роля статыстаў і ахвяраў дзеянняў літоўскіх князёў. Ні пра якія іншыя прынцыпы будовы і існавання літоўска–расійскай дзяржавы, натуральна, не магло быць і гутаркі.

Пры трактаванні далучэння Ноўгарада да Масквы аўтары праводзяць думку пра “угрозу православию со стороны католической Литвы”, умела ствараюць вобраз ворага праваслаўя, а, значыць, і ўсяго расійскага. Пад 1514 г. гаворыцца пра “отвоевание” Масквой у “Литвы” Смаленска быццам нейкай тэрыторыі, што раней належала ёй, а не самастойнага княства–дзяржавы, якое да таго часу ўжо больш за 100 гадоў было часткай ВКЛ.

У параграфе 18, прысвечаным замежнай палітыцы Расіі ў XVI ст., коратка згадваюцца эпізоды Лівонскай вайны, звязаныя з тэрыторыяй Беларусі: узяцце Полацка, параза маскоўскіх войскаў пад Оршай, стварэнне Рэчы Паспалітай, поспехі Стэфана Баторыя (Батуры). Пры апісанні нутранога становішча Расіі ў XVII ст. стваральнікі кнігі кранаюць і факт абвяшчэння ў 1596 г. у Брэсце уніі паміж каталікамі і праваслаўнымі. Ніяк не аналізуючы яе прычынаў, аўтары бачаць галоўную небяспеку уніі ў “постепенном подчинении православных Речи Посполитой римскому престолу”. Само сабой зразумела, у супрацьвагу падступным лацінянам гарантам стабільнасці і працвітання бачыцца Масква.

Абзац “Смоленская война 1632–1634 гг.” параграфа 26 коратка апісвае ход няўдалай для Расіі барацьбы з Рэччу Паспалітай за смаленскія землі. Перад апісаннем працэсу “воссоединения Украины с Россией” А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў заўважаюць, што “жители будущих Украины и Белоруссии продолжали считать себя Русью, называя так и земли, где они проживали и самих себя как народ. Со временем углублялись различия, но память о едином происхождении никогда не покидала людей”. Такім чынам аўтары спакваля падводзяць вучняў да думкі пра безумоўную прагрэсіўнасць для беларусаў вынікаў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аналізуючы ход вайны Расіі з Рэччу Паспалітай на тэрыторыі Беларусі ў 1654–1667 г., аўтары падручніка характарызуюць яе ў цэлым як прагрэсіўную, накіраваную на “объединение бывших земель Киевской Руси”. Незразумелым застаецца толькі пытанне, у чым прагрэсіўнасць такога аб’яднання ва ўмовах другой паловы XVII ст.

У параграфе “Русская культура XVII в.” згадваецца “выделявшийся в области поэзии” “выходец из Белоруссии Симеон Полоцкий”. Апошні “белорусский” матэрыял падручніка прысвечаны падзелам Рэчы Паспалітай. Як вынік далучэння беларускіх земляў да Расіі аўтары вызначаюць “прекращение религиозных гонений”, а таксама “воссоединение восточнославянских народов” і звязанае з ім “восстановление вековых исторических связей”.

Б) Л.А.Кацва, А.Л.Юрганов “История России XIII–XV вв.”, “История России XVI–XVIII вв.”. Москва, Мирос, 1995.

Першая згадка пра Беларусь у падручніках названых аўтараў ёсць у тапанімічным раздзеле нарыса пра паходжанне і рассяленне ўсходніх славян (“в Белоруссии, на Смоленщине ... нередки названия, характерные для балтских языков”). Далей, калі гутарка ідзе пра продкаў рускіх, украінцаў і беларусаў, стваральнікі кнігі вызначаюць сярод іх побач з славянамі ўгра–фінаў і балтаў з рознымі іх суадносінамі ў розных раёнах. Пры вывучэнні перыяду IХ–ХIII ст. коратка паведамляецца пра лёс Усяслава Брачыславіча Полацкага.

Вялікае Княства Літоўскае XIV ст. паказана як “грозный соперник” Москвы, які прэтэндуе на права называцца “настоящей Русью” і “собирателем Руси”. Аўтары падмацоўваюць гэта згадкай пра “русский язык как государственный” для ВКЛ. У паведамленні пра кіраванне Гедыміна гаворыцца, што Вялікае Княства “стало опорой западнорусских земель в антиордынской борьбе”. У параграфе “Литва и Русь в конце XIV — начале XV в.” даволі справядліва ахарактарызавана кіраванне Вітаўта і прычыны заключэння “польско–литовской унии”. Пры апісанні тэрыторыі і насельніцтва “Русского государства” у канцы XV — пачатку XVI ст. аўтары закранулі пытанне паэтапнага далучэння ім смаленскіх земляў.

З раздзела гэтага падручніка, прысвечанага Лівонскай вайне, вучні даведаюцца толькі пра асобныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі: узяцце “литовской крепости Полоцка”, галоўная прычына заключэння Люблінскай уніі (“угроза вторжения русских войск”).

Наступныя падзеі з гісторыі Беларусі маюць дачыненне да сярэдзіны XVII ст. і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Пра Беларусь гаворыцца толькі між іншым. Згадваецца ўзяцце Смаленска ў 1654 г. і “33 городов восточной Белоруссии. Среди них — Полоцк, Витебск, Минск”. Усё астатняе, як, зрэшты, і сапраўдныя прычыны гэтай вайны, застаецца за межамі падручніка.

Апошняя згадка пра Беларусь у падручніках датычыць часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аўтары коратка прыгадваюць часткі беларускай тэрыторыі, што адышлі да Расіі па I і II падзелах.

У цэлым у гэтым дапаможніку намнога менш несправядлівых і неаб’ектыўных ацэнак гісторыі Беларусі як у складзе ВКЛ, так і Рэчы Паспалітай, чым у падручніку А.Праабражэнскага і Б.Рыбакова.

В) А.Н.Сахаров, В.И.Буганов, П.Н.Зырянов “История России” с древнейших времен до конца ХIХ в. В 2 кн. Москва, Просвещение, 1995.

Гэты дапаможнік прызначаны для выкарыстання ў 10—11 класах сярэдніх школ, г. зн. другога канцэнтра вывучэння гісторыі. На жаль, ён далёка не поўнасцю адпавядае прынцыпам навучання прадмету ў старэйшых класах агульнаадукацыйных установаў. Ускладненасць параўнальна з 5–9 класамі дасягаецца не столькі за кошт акцэнтавання ўвагі на асноўных праблемах сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага развіцця краіны, колькі за кошт насычанасці падручніка дадатковым фактычным матэрыялам.

Падзеі беларускай гісторыі на працягу IХ–ХIII ст. не сталі прадметам увагі аўтараў падручніка. Ёсць толькі згадка пра тое, што Полацкае і Турава–Пінскае княствы у ХIII ст. перажывалі раздрабненне, а “нападения литовцев и крестоносцев привели к их захирению”. У матэрыяле па XIV ст. гаворыцца толькі пра напад нейкіх няпэўных “литовских войск” на Маскву (так званая “литовщина”). У вучняў складваецца ўражанне пра напад варожых іншамоўных атрадаў. Гэтыя самыя “литовцы” і іх вялікі князь Вітаўт у 1395 г. захопліваюць Смаленск.

Пры вызначэнні знешнепалітычнага курсу Івана III стваральнікі дапаможніка адзначаюць такі істотны яго кірунак, як “возвращение (!) русских земель, захваченных Литвой”. У сувязі з гэтым зусім характэрнае і “освобождение (ад каго? — Г.Л.) многих городов по Десне и Днепру во время русско–литовской войны 1500–1503 гг.”. Усё гэта тлумачыцца не іначай як барацьбой “за национальную независимость с Ордой, Литвой”. Дарэчы, назва “Великое княжество Литовское” на старонках падручніка ўпершыню з’яўляецца толькі ў XVI ст.

Апісанне Лівонскай вайны змяшчае зноў толькі кароткую згадку пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ: “к русским переходит Полоцк (1563 г.) и другие места. Но в следующем году русская армия терпит сильное поражение на р. Улле под Полоцком”.

Уласна пра беларусаў (“белорусский народ”) у падручніку ўпершыню згадваецца ў 1648 г., калі ён разам з украінскім узняўся “на борьбу с иноземным господством” і здзяйсняў “выступления против польско–литовского гнета”.

Як і раней, у апісанні “русско–польской войны 1654–1667 гг.” пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі гаворыцца занадта коратка: “русские войска заняли почти всю Беларусь”. І ўсё. У XVIII ст. апісанне падзеяў, звязаных з гісторыяй Беларусі, практычна не сустракаецца, за выключэннем падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасля першага падзелу “Россия получила часть древнерусских земель, захваченных в эпоху ордынского ига Литвой и Польшей — восточную часть Беларуси”. Пра другі і трэці падзелы аўтары ўвогуле забыліся. А.Сувораў, які ўдзельнічаў “еще в одной русско–польской войне” (так трактуе В.Буганаў паўстанне Т.Касцюшкі), “разбил отряды мятежников под Кобриным и Брестом”.

У Айчыннай вайне 1812 г. Беларусь паказана дзвюма падзеямі: выданнем Аляксандрам I маніфеста 6 ліпеня “близ Полоцка” і пераправай напалеонаўскай арміі ля р.Бярэзіны 14–16 лістапада. Толькі згадваецца пра “восстание в Польше 1830–31 гг.” (дарэчы, такая няўвага аўтара раздзела П.Зыранава да гэтага і іншых “белорусских” эпізодаў характэрная і для яго падручніка “История России в ХIХ в.”, што вывучаецца ў 8–м класе). З кароткай згадкі пра паўстанне 1863 г. у абодвух падручніках немагчыма зразумець ні яго характару, ні мэтаў, якія ставілі перад сабой паўстанцы.

Падагульняючы, варта адзначыць, што для гэтага падручніка характэрная ўвага толькі да чыста расійскіх (у сучасным сэнсе гэтага слова) падзеяў. Трактаванне фактаў, звязаных з беларускай гісторыяй, мае часта далёкі ад сапраўднасці характар.

Г) Н.И.Павленко, И.Л.Андреев “Россия с древнейших времен до конца XVII века”. Учебник для 10 класса. Москва, Просвещение, 1997.

У адрозненне ад папярэдняга падручніка стваральнікі апошняга ў апісанні XIV ст. згадваюць пра два цэнтры, “претендовавших на роль наследников Древней Руси”. Адным з іх названа Вялікае Княства Літоўскае. “Литовским князьям удалось в XIV–XV вв. включить в состав своего государства огромный массив земель, ... будущие украинские, белорусские и некоторые великорусские земли. В Великом княжестве Литовском в основном жило русское население”. Падкрэсліваецца талент Альгерда як вайсковага і дзяржаўнага дзеяча. “В общении с русскими князьями Ольгерд действовал не столько силой, сколько взаимовыгодными предложениями. Уход к Литве сулил им защиту от Орды...”, “Литва готова была вмешаться в процесс объединения северо–восточных земель, имея несомненное превосходство над Московским княжеством”. Вядома ж, апісанне ВКЛ значна саступае цікавасці аўтараў да маскоўскіх падзеяў, але параўнальна з такім раздзелам, напісаным у папярэднім падручніку А.Сахаравым, цешыць і гэтае. І.Андрэеў адзначае і прамаскоўскую пазіцыю агульнарасійскага мітрапаліта Аляксея, палітычнага дзеяча другой паловы XIV ст. Апошні, “помятуя о враждебности литовского князя, предпочитал не показываться в его владениях — части своей митрополии”.

Даволі праўдзіва апавядае аўтар пра падзеі канца XIV ст. у ВКЛ, звязаныя з Вітаўтам і заключэннем уніі. Пры гэтым І.Андрэеў, калі гаворыць пра вынікі уніі, то адзначае, што “в глазах православного населения Литвы московские князья приобрели большие преимущества — именно они отныне выступали в роли защитников истинной веры. Притязания литовских князей на православное наследство Древней Руси представлялись теперь малообоснованными”. Расійскія князі цяпер сталі “с надеждой поглядывать” на Маскву.

Аўтары падручніка, бадай, адзіныя не забыліся і на выдатную падзею пачатку XV ст. — Грунвальдскую бітву. Не пакінулі яны без увагі і уплыў ВКЛ на далейшыя падзеі XV ст., звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Маскоўскага — далучэнне Ноўгарада, Цверы, стаянне на Угры 1480 г. Асобны раздзел прысвечаны “войнам с Литвою” у канцы XV — пачатку XVI ст., узяццю маскоўскімі войскамі Смаленска, паразе пад Оршай. І.Андрэеў адзначае ў падручніку і асаблівасці дзяржаўнага ладу усходняга і заходняга аб’яднальных цэнтраў, ступень іх цэнтралізацыі. У раздзеле “Русская культура второй половины XIII–XV в.” прыгадваецца пра пачатак фармавання расійскай, украінскай і беларускай народнасцяў, “а с ними и культуры этих народностей”.

У апісанні падзеяў Лівонскай вайны больш, чым у папярэднім дапаможніку, аддадзена ўвагі беларускім падзеям. Аднак, калі аўтар гаворыць пра няўдачы арміі Івана IV у Беларусі, то падае толькі афіцыйную прычыну — “нерадение и измена воевод”.

Значная ўвага аддадзена падзеям вайны 1654–1667 г. Яна падаецца з пункту погляду вяртання Расіі смаленскіх, чарнігаўскіх, ноўгарад–северскіх земляў, а таксама “воссоединения с двумя народами, близкими с русским по языку, религии, культуре, быту — украинцами и белорусами (они в XVII в. продолжали называть себя русскими)”. Валоданне каралямі Рэчы Паспалітай гэтымі землямі звязваецца з “неправым стяжанием”. Тут жа прысутнічае вельмі распаўсюджаны ў расійскай гістарычнай навуцы тэзіс пра “освободительное движение” беларускага народа супраць Рэчы Паспалітай, “подвергавшей украинцев и белорусов национальному и религиозному притеснению”, пра тое, што ў кампаніі 1654–55 г. мясцовае беларускае насельніцтва “восторженно встречало своих освободителей”.

І ўсё ж, нягледзячы на сваю неаднароднасць, гэты навучальны дапаможнік уяўляе сабой крок наперад у імкненні да рэальнага асвятлення ў школьным курсе гістарычных падзеяў сярэдневякоўя і пачатку новага часу.

Д) В.П.Дмитриенко, В.Д.Есаков, В.А.Шестаков “История Отечества. ХХ век”. Учебное пособие для 11 класса. Москва, Дрофа, 1995.

Падзеі першай чвэрці ХХ ст., выкладзеныя ў падручніку, часта не маюць да Беларусі ніякага дачынення (чаго не скажаш, напрыклад, пра Украіну). Упершыню Беларусь з’яўляецца на старонках дапаможніка ў сувязі з утварэннем СССР. Аўтары адзначаюць, што Беларусь у 1922 г. разам з іншымі савецкімі рэспублікамі паставіла пытанне пра “упорядочение экономических отношений” і “хотя и менее последовательно” пра захаванне канфедэратыўнай структуры дагаворных адносін паміж рэспублікамі.

Наступны эпізод, звязаны з Беларуссю, тычыцца 1939 г., года “вступления Красной Армии ... в Западную Белоруссию”. Менавіта дзеянні не аналізуюцца, гаворыцца толькі пра тое, што гэты факт “оценивался пропагандой как освободительный поход”. А што на самай справе? Адказу няма.

Вялікая Айчынная вайна на старонках падручніка ў дачыненні да Беларусі мае толькі некалькі эпізодаў: 1) “агрессор к 10 июля захватил ... значительную часть Белоруссии. Через 6 дней после начала войны пал Минск”; 2) згадваецца пра тое, што летам 1941 г. “крупные силы противника сдерживали защитники Могилева”; 3) “на оккупированной территории существовали целые партизанские края в ... Белоруссии”; 4) адзін з абзацаў раздзела “Летнее наступление 1944 г.” прысвечаны аперацыі “Багратион”.

Пры апісанні пасляваенных цяжкасцяў аўтары, гаворачы пра разбурэнне найбуйнейшых цэнтраў краіны, прыгадалі і Мінск, сказалі, што “гитлеровцы уничтожили Киевский и Белорусский государственные университеты”. Пры аналізе “нового курса” у савецкай вёсцы 50–х г. указваецца на тое, што ў новых савецкіх рэспубліках і абласцях (у спісе пазначана і “Западная Белоруссия”) да сярэдзіны 50–х г. “господствовали антиколхозные настроения”. Заключным акордам “белорусских” фактаў падручніка стала інфармацыя пра падпісанне “в резиденции “Вискули” в Беловежской пуще под Минском” пагаднення пра ўтварэнне СНД.

Ацэньваючы ў цэлым змест расійскіх падручнікаў па “Истории Отечества” як для асноўнай, так і для сярэдняй школы, варта прызнаць, што беларуская тэматыка займае ў іх нязначнае месца. Ацэначныя характарыстыкі матэрыяла часта ўзнаўляюць традыцыйныя вялікадзяржаўныя падыходы, якія культываваліся доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы. Праграмы па гісторыі для агульнаадукацыйных школ 1997 г., якія прыйшлі на змену распрацаваным у 1992 г., не спрыяюць пашырэнню ведаў расійскіх школьнікаў у галіне гісторыі народа суседняй Беларусі: не абуджаюць цікавасці да сацыяльна–дзяржаўнага вопыту альтэрнатыўных Маскоўскай дзяржаве і Расіі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай, слаба інфармуюць пра ўнёсак беларусаў у развіццё калісьці адзінай дзяржавы — СССР і пра з’явы эканамічнага і палітычнага жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Падручнікі ў Расіі звязанныя з гісторыяй Беларусі

© Генадзь Ластоўскі ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.