Утварэнне і дзейнасць палітычных партый і арганізацый у канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Утварэнне і дзейнасць палітычных партый і арганізацый у канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-25

Грамадскі лад большасці еўрапейскіх краін у ХІХ ст. засвоіў парламенцкую форму кіравання і партыйна-палітычную сістэму выяўлення грамадскіх інтарэсаў. Партыі кансерватыўнага і ліберальнага накірункаў спаборнічалі паміж сабой за права мець сваіх прадстаўнікоў у парламентах, уплываць на дзейнасць урадаў (у Германіі, Аўстра-Венгрыі) альбо нават фарміраваць іх (у Англіі, Францыі). Напрыканцы ХІХ ст. у партыйна-палітычнае жыццё заходнееўрапейскіх краін упісаліся партыі сацыял-дэмакратычнай арыентацыі, якія перажылі камуністычны радыкалізм К. Маркса, адцураліся лозунгаў Парыжскай камуны і ўзяліся адстойваць інтарэсы рабочых і сярэдніх слаёў грамадства. Для Расіі і Беларусі ўсё гэта было яшчэ наперадзе, дакладней - магло быць.

Грамадска-палітычныя працэсы, якія назіраліся на Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст., сацыяльная напружаннасць, імкненні кожнага класа, сацыяльнай групы абараніць свае інтарэсы на палітычнай арэне таксама падштурхнулі да ўтварэння розных палітычных партый і арганізацый. Аднак на фарміраванне і дзейнасць палітычных партый на Беларусі паўплывала канкурэнтная барацьба паміж рускім, польскім і яўрэйскім капіталам, палітычнымі элітамі Расіі і Польшчы.

Палітычныя партыі і групоўкі Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. можна класіфікаваць наступным чынам: 1) кансерватыўна-манархічныя; 2) ліберальна-апазіцыйныя; 3) сацыял-дэмакратычныя; 4) неанародніцкія. Сярод іх вызначаліся агульнарасійскія і нацыянальныя. Галоўную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў пачатку ХХ ст. адыгрывалі агульнарасійскія партыі і групоўкі.

Арганізацыі расійскага манархічнага напрамку на Беларусі былі вельмі слабыя. Больш прыкметным быў ліберальна-апазіцыйны рух. Мясцовыя дваране патрабавалі ўвесці земствы, скасаваць абшчыннае землекарыстанне, узмацніць ахову прыватнай зямельнай уласнасці. Ліберальная гарадская інтэлігенцыя гуртавалася вакол культурна-асветніцкіх таварыстваў. На падставе ліберальных плыняў узніклі мясцовыя арганізацыі будучай партыі народнай свабоды (кадэты). Галоўнае іх патрабаванне ў той час - канстытуцыйная манархія.

Сярод яўрэйскай супольнасці Беларусі напачатаку ХХ ст. атрымаў пашырэнне сіянісцкі рух. Сама назва "сіянізм" паходзіць з гары Сіён у Іерусаліме, дзе, паводле старажытных біблейскіх паданняў, існаваў храм цара Давіда. Сусветная сіянісцкая арганізацыя была ўтворана ў 1897 г. у Базелі (Швейцарыя). У жніўні 1902 г. з дазволу ўладаў у Мінску адбыўся Усерасійскі з'езд сіяністаў. Пазней сіянізм на Беларусі ўяўляў моцны палітычны рух, куды ўваходзілі партыі сіянісцкага і прасіянісцкага кшталту. Галоўным сэнсам сіянізму з'яўлялася ідэя асобнай выключнасці яўрэйскай нацыі, адасаблення яўрэяў ад неяўрэяў, стварэння яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне.

З 80-х гг. ХІХ ст. з'явіліся сацыял-дэмакратычныя плыні, якія пачалі сваю дзейнасць з прапаганды марксізму. Яго прыхільнікі верылі ў непазбежнасць гібелі капіталістычнага ладу, лічылі пралетарыят галоўным рэвалюцыйным атрадам, увасабленне дыктатуры якога - вызначыць шлях да перамогі сацыялістычнага грамадства. На Беларусі першы сацыял-дэмакратычны гурток быў утвораны студэнтам Э. Абрамовічам у Мінску летам 1884 г. У канцы 80 - пачатку 90-х гг. сацыял-дэмакратычныя гурткі ўтварыліся ў Вільні, Гродне, Віцебску, Гомелі, Смаргоні.

У верасні 1897 г. у Вільні адбыўся з'езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока і Варшавы, на якім утварыўся Бунд - Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі.

Прыкметны рост рабочага руху ў Расіі ў сувязі з масавай агітацыяй сацыял-дэмакратаў, утварэнне на гэтай аснове буйных рэгіянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый паставілі на чаргу пытанне аб аб'яднанні іх у партыю. З гэтай нагоды менавіта ў Мінску ў пачатку сакавіка 1898 г. быў скліканы з'езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага "Саюзаў барацьбы", кіеўскай "Рабочай газеты" і Бунда. З'езд прыняў рашэнне аб аб'яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У 1903 г. спачатку ў Бруселі, а потым у Лондане адбыўся ІІ з'езд РСДРП, які прыняў Першую праграму партыі. Канчатковай мэтай расійскіх сацыял-дэмакратаў абвяшчалася пабудова сацыялістычнага грамадства праз пралетарскую рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту.

З'езд раскалоўся на дзве фракцыі - бальшавікоў і меншавікоў, якія мелі спачатку розныя погляды на тактычныя і арганізацыйныя пытанні. А потым яны склалі два напрамкі, фактычна дзве партыі ў расійскай сацыял-дэмакратыі.

У 1903-1904 гг. групы РСДРП узніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Мазыры, Брэсце і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Дзеля кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі на Беларусі ЦК РСДРП стварыў у 1904 г. Палескі камітэт і Паўночна-Заходні камітэт. Бальшавікі і меншавікі ўваходзілі разам у адзіныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі.

Значны ўплыў на развіццё грамадска-палітычнага руху ў Беларусі аказвалі неанародніцкія арганізацыі і партыі, г. зн. тыя, якія таксама ставілі сацыялістычныя мэты, але трымалі арыенцір галоўным чынам на сялянства і разначынную інтэлігенцыю. Яны ўвайшлі ў агульнарасійскую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая ў студзені 1902 г. абвясціла сябе самастойнай партыяй.

Праграма эсэраў мела антыкапіталістычную накіраванасць. Эсэры бачылі сацыялізм як згуртаванне самакіруючых вытворчых асацыяцый у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Яны патрабавалі пераходу ўсёй зямлі ў агульнанародны набытак без выкупу на правах параўнальнага землекарыстання для сялянства. Па нацыянальнаму пытанню эсэры выступалі за "безумоўнае права нацыянальнасцей на самавызначэнне", федэратыўныя адносіны паміж імі, увя-дзенне роднай мовы ва ўсе мясцовыя, грамадскія і дзяржаўныя ўстановы. Галоўным тактычным сродкам барацьбы яны абвясцілі тэрор супраць царскіх саноўнікаў. Эсэры былі галоўнай партыяй неанародніцтва.

Пачатак ХХ ст. быў адзначаны ўздымам беларускага нацыянальнага руху. На аснове культурна-асветніцкіх гурткоў зімой 1901-1902 гг. у Пецярбургу была створана палітычная арганізацыя, якая таксама ставіла культурна-асветніцкія, прапагандысцкія мэты. У ёй вызначалася плынь на чале з братамі Луцкевічамі, якая імкнулася нейкім чынам дыстанцыявацца ад польскага ўплыву. Імі была ўтворана не раней 1903 г. Беларуская рэвалюцыйная грамада. Пазней яна стала называцца Беларуская сацыялістычная грамада. Арганізатарамі і кіраўнікамі партыі былі А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка), А. Уласаў і іншыя.

Адразу БСГ заявіла пра сябе як партыя сацыялістычнай арыентацыі. У праграме БСГ не праводзілася прынцыповай розніцы паміж пралетарыятам, сялянствам і іншымі групамі працоўных. Як і эсэры, БСГ аб'яднала іх у адну сацыяльную катэгорыю - працоўны народ і ў роўнай ступені імкнулася знайсці апору ў рабочым класе, сялянстве, інтэлігенцыі. Партыя пастанавіла дабівацца аўтаноміі Паўночна-Заходняга краю з сеймам у Вільні, культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцей і вырашыла распрацаваць зямельную праграму на аснове канфіскацыі без выкупу маёнткаў паноў, казённых і іншых.

Такім чынам, асноўныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі напярэдадні першай расійскай рэвалюцыі знаходзіліся ў стане афармлення, пошукаў у вызначэнні сваіх палітычных пазіцый. Найбольш актыўна заявілі пра сябе расійскія сацыял-дэмакраты, Бунд, эсэры. Што датычыцца беларускага нацыянальнага руху, то ён рабіў першыя крокі на хвалі культурна-асветніцкіх і неанародніцкіх ідэй.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Утварэнне і дзейнасць палітычных партый і арганізацый у канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. на Беларусі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.