Гальяш Ляўковіч

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2022)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гальяш Ляўковіч. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Беларусь в Инстаграме


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-21

Пасьля блізу дваццаці пяці гадоў ад часу майго апошняга спатканьня з Гальяшом Ляўковічам, якое мела месца ў часе вайны ў днях 10_11 сьнежня І941 г. і з прычыны маўчаньня пра яго ў беларускім паваенным друку я прыходзіў да выснаву, што Ляўковіч адыйшоў у вечнасьць. Затым нумар 82 «Сьветача Хрыстовае Навукі» з 1965 году пачынаўся словамі:

«Замест вянка на няведамую магілу ў 85-ыя Ўгодкі ад дня нараджэньня Гальяша Ляўковіча — паэта і барацьбіта за шчасьце і незалежнасьць Беларускага Народу словы ўспаміну прысьвяча юцца».

Хутка пасьля гэтага Ўладзімер Глыбінны пісаў да мяне ў лісьце з дня 8 лістапада 1965 г.:

«Прачытаўшы чарговы нумар «Сьветача Хрыстовае Навукі» (№ 2 за 1965 г.), прысьвечаны Гальяшу Леўчыку, мне захацелася выказаць сардэчнае дзякуй за такі карысны і патрэбны матэрыял. Матэрыял аб беларускім паэце, Гальяшу Леўчыку, надрукаваны ў згаданым нумары Вашага часапісу, будзе з удзячнасьцю скарыстаны кажным будучым гісторыкам беларускае літаратуры. Ён становіць незамянімы матэрыял для напісаньня біяграфіі гэтага загінуўшага без пары і пры няведамых абставінах старэйшага беларускага паэты-нашаніўца. А на сяньня ўжо, акрамя апошняе рэпрэзэнтанткі нашаніўскае пары, паэтэсы Канстанцыі Буйлы, нікога з нашаніўцаў не засталося. Пару гадоў таму назад памёр Янка Журба (Івашын), а раней яго адыйшоў ад нас Якуб Колас. Пасьля Канстанцыі Буйлы нікога з іх больш не застанецца. А эпоха нашаніўства тым самым стане для нас далёкай гісторыяй. Але гэта гісторыя запачаткаваньня нашае беларускае, нават моваю, газэты і найнавейшае адраджэнчае літаратуры, якая дала нам найболь шых волатаў мастацкага слова, — Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Зьмітрука Бядулю, Ядвігіна Ш. (Лявіцкага), Алеся Гаруна, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, Ул. Галубка, К. Каганца і іншых, а таксама колькі менш знаных, але разам з тым важных для паўнаты гісторыі нашаніўскае пары фігураў. Ваш уклад у справу вывучэньня аднаго зь іх, зроблены згаданым нумарам часапісу. За гэта Вам належыцца ўдзячнасьць ад усіх аматараў і дасьледнікаў роднае культуры і літаратуры».

12 гадоў пазьней, бо ў 1977 годзе «Літаратура і Мастацтва» з дня 30 верасьня прыносіць артыкул Людвікі Войцік п.т. «Сустрэ чы з Гальяшом Леўчыкам». Тое, што можа цікавіць чытача перад усім — гэта яе першыя сустрэчы зь Леўчыкам у Варшаве ў 1913 годзе.

У «Беларускім каляндары 1980», выдадзеным у гэтым-жа годзе ў Беластоку, друкуецца праца Юрага Туронка п.т. «Пра Гальяша Леўчыка» (бб. 155_160)1.

Беластоцкая «Ніва», № 29, за ліпень 1980-га году падае на стагодзьдзе ад дня нараджэньня паэты артыкул Сяргея Новік-Пяюна п.т. «Гальяш Леўчык».

З добра паінфармаваных крыніцаў даведваюся, што ў Менску мае выйсьці з друку МОНОГРАФІЯ, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці Гальяша Леўчыка 2.

Сягоньня, пераглядаючы ўвесь той матэрыял, які маю пад рукою, буду адчуваць адказнасьць, калі я ня выгладжу тут усіх тых шарахаватасьцяў і памылак, якія награмадзіліся ў розных друках выдаваных у Менску, Беластоку, Варшаве, рознымі людзьмі — гісторыкамі і негісторыкамі, тымі, каторыя ведалі асабіста Ляўковіча, як і тымі, што ня ведалі і ня былі сучасьнікамі Ляўковіча. Я жыў 10 гадоў разам зь Ляўковічам і супрацоўнічаў зь ім, быў сьведкам усіх ягоных сумаў і радасьцяў, ўключна да спраў інтымных. Я ведаю ягоны пагляд на рэлігію і філязофію, ягоны пагляд на ўсё тое, што дзеіцца ў БССР і наагул у Савецкім Саюзе, і ў гэтак званым сьвеце капіталістычным, ягоныя суадносіны да народу свайго «гаротнага»...

Затым, няхай наш гэты ўспамін пра Гальяша Ляўковіча, з аднаго боку — станецца актам супольнасьці ў вялікай беларускай сям'і, гэтак дома, як і ў дыяспары што да ролі як і заслугаў Нашаніўца і паэты на шляху да нашага народнага шчасьця, а з другога— будзе выражэньнем пашаны і памінкамі над ягонаю няведамаю магілаю.

Узаемнае збліжэньне і згода між намі, я пэўны, гэта тое, да чаго тужыла сэрца ягонае і дзеля чаго жыў Гальяш Ляўковіч.

Гальяш Ляўковіч, — кажа Ігнат Дварчанін у сваей Хрэстома тыі3, — радзіўся дня 20 ліпеня 1880 году ў Слоніме, куды пераехаў ягоны бацька з роднае вёскі Шайпякі, Слонімскага павету. Хадзіў малады Гальяш у прыходзкую школу, а потым у г.зв. павятовую, якую і скончыў.

З 1896 году, калі ён меў 16 гадоў, распачынае службу ў канцылярыі міровага судзьдзі і Зьезду міравых пасярэднікаў. Пазьней працуе ў якогасьці каморніка. У 1904 годзе пераяжджае ў Варшаву і працуе як рысавальнік у меставым магістраце. Тут-жа адведвае лекцыі ў Школе Мастацтва.

I ў месьце гэтым Ляўковіч жыве да апошняе хвіліны свайго жыцьця.

У Слоніме меў ён сваю, адносна невялікую, нярухомасьць, паложаную над ракою Шчараю, якая складалася з двух пляцаў, на адным зь якіх пабудаваны ім быў дом. Сюды прыяжджаў ён часта, каб адпачыць на ўзьбярэжжах сінявокае, як ён казаў, Шчары, пасьля душнага жыцьця ў сталіцы і ня вельмі шчасьлівага жанімства ў пазьнейшых гадох.

Ляўковіч ведамы пераважна з прычыны сваіх вершаў, якія друкаваліся ў розных часапісах. Асобнаю кніжыцаю выйшаў у Вільні ў 1912 годзе зборнік ягоных вершаў п.т. «Чыжык Беларускі». Зьпершых і да апошніх дзён свайго нацыянальна сьведамага жыцьця ён прыймаў жывы ўдзел у грамадзка-палітычным, прагрэсыўна-навуковым, як і рэлігійна-філязафічным беларускім жыцьці.

Каб зразумець тую ролю, якую згуляў Ляўковіч у духовым адраджэньні беларускага народу, трэба вярнуцца ў часе і паўзірацца, як наагул беларуская справа выглядала тады.

Пасьля Дуніна-Марцінкевіча, як прадстаўніка мадэрнае беларускае літаратуры першае паловы ХІХ стагодзьдзя, Францішак Багушэвіч зьяўляецца гэтакім рэпрэзэнтантам другое паловы гэтага-ж стагодзьдзя, гэта значыць коратка перад пераходам у дваццатае, нашае ўжо стагодзьдзе.

Францішак Багушэвіч зьвяртаўся да сваіх беларускіх суродзічаў і казаў: «Браты мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй!... мушу з вамі пагаварыць...» І што гэта за гутарка была з «мілымі братамі»? Ён першы раз публічна зьвяртае ўвагу сваіх слухачоў на факт і ўсьведамляе іх, што людзі, якія жывуць паміж Вільняю і Мазырам, ад Віцебска да Чарнігава, там, дзе Гродна, Менск, Магілёў... і шмат мястэчкаў і вёсак — гэта беларускія людзі, засяляюць беларускія Землі. I пасьля з жарам патрыёты, зьвяртаючыся зь ведамымі сягоньня нам і сьвятымі словамі, просіць людзей: «Не пакідайце-ж мовы нашае беларускае, каб не ўмерлі!»

Адным з першых «мілых братоў», да якіх зьвяртаўся Багушэвіч, быў тады адзінаццацілетні Гальяш Ляўковіч, які падхоплівае заклік і хутка сам стаецца Леўчыкам і паэтам, нашаніўцам, змагаром і вяшчальнікам лепшага заўтра.

Гэтак кінутыя іскры пачынаюць тлець, пасьля ветрам гістарычных падзеяў разгараюцца да полымя веры, што да нашае слушнае справы.

Год 1905 зьяўляецца годам, насычаным палітычнымі здарэньнямі, якія цесна вяжуцца зь беларускім Адраджэньнем.

«Тагачасны расейскі імпэрыялізм ня ведае сабе ўжо меры і стаецца што раз болей захланным. Цар Нікалай II ставіць Японіі гэтак высокія тэрытарыяльныя вымаганьні, аблічаныя на экспансыю свае імпэрыі, што японцы ня бачаць ніякага іншага выхаду, як рыхтавацца да няўхільнае вайны. У ночы на 8 лютага 1904 году распачаліся ваенныя апэрацыі. Ужо з самага пачатк, вайна выявіла няздольнасьць расейскае арміі, як і ейнага каманднага саставу. Порт Артур быў згублены на рэч японцаў у сьнежні 1904 году, а ў лютым 1905 году рашучая бітва займела месца пад Мукдэнам, у якой расейская армія была разьбіта. Расейская флёта пад загадамі адмірала Раждзественскага была затоплена японцамі. Здарылася гэта дня 27 траўня 1905 году ў морскай бітве пад Тсумішаю 4».

Гісторыя нашага сьвету ніколі не стаіць на адным і тым самым месцы; яна, як тое надвор'е, заўсёды праяўляе зьменнасьць.

У выніку права гэтае зьменнасьці панявольнікі губяць сваю магутнасьць; вяльможы дазнаюць паніжэньня, а царскія прыслужнікі губяць сваю важнасьць.

З гэтае ваеннае расейскае паразы, як і раду іншых аналягіч ных прычынаў, карыстаюць усе паняволеныя народы, а між імі і Беларускі Народ.

Дня 10 лістапада 1906 году выходзіць з друку першы нумар НАШАЕ НІВЫ. З гэтае пары, з большымі ці меншымі перашкодамі яна друкуецца на працягу дзесяці наступных гадоў5. З друкам «Нашае Нівы» ў беларускім нацыянальным адраджэньні распачынаецца новая пара, якая згэтуль будзе называцца Нашаніў скаю Парою.

Калі ў 1891 годзе, а пасьля ў 1894 першы раз друкуюцца Багушэвічавыя «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», Гальяш Ляўковіч быў ужо ў веку 11_14 гадоў — гэта век, калі душою жывога хлапца, якім Ляўковіч быў, найболей энтузыястычна ўспрыйма юцца новыя ідэі, якія знаходзяць для сябе добры грунт і выраста юць у самастойную думку.

Цяперака творыцца сільная група беларускіх людзей, у якую ўваходзіць і Гальяш Ляўковіч.

У вагні самага змагарнага жыцьця разам з радасьцямі і расчараваньнямі, крысталізуецца філязафічны пагляд Ляўковіча.

Хрыстыянізм, апрычоная беларуская царква, сацыяльнае ўладжаньне жыцьця на прынцыпах Эвангеля, беларускае нацыяналь нае адраджэньне да сувэрэннае дзяржавы ўключна, агульны поступ у галіне навукаў і мастацтва... — гэта сынтэза філязофіі Гальяша Ляўковіча.

Пагляд гэты найболей увыпукляецца ў ягоным лісьце да мяне з дня 14.VIII.1932 г., як і наагул у ягонай літаратурнай спадчыне трыццатых гадоў. Зацікаўлены ў пашырэньні эвангельскага ўплыву на нашых землях, ён упарадкаваў неабходную літаратуру дзеля гэтае мэты, і быў рэдактарам беларускага дадатку (да Пельгжыма Польскага 6) п.т. «Дух і Праўда».

Даведаўшыся ў тым часе, што я знаходжуся ў адносна блізка ад Слоніма паложаным Малым Вэрсалю, як калісьці называна Дзярэчын, Ляўковіч са Слоніма пісаў мне:

«Паважаны Братка, Я. Пятроўскі!

Вельмі дзякую, што скрыбануў да мяне пару словаў, надта прыемна будзе крыху пагутарыць... Нам эвангелікам, — дзе-б мы ня былі ў працы, — ёсьць сіла ў рацыянальным успрыняцьці навукі Хрыстовае, бо гэта корань і фундамант у народзе беларускім— масе сацыяльнай, пралетарскай.

Я сабе выабражаю: эвангелічны сацыялізм ці камунізм з Хрыстом на чале. Ня словы толькі, фразэалёгія, а факты дзеяньня, жывое жыцьцё, жывая кроў існаваньня чалавека — вось зьмест і мэта! У Эвангелі праца не для капіталізму і капіталістых, а для людзёў жывой патрэбнай працы ў поце і сьлёзах... Iнакш і трэйцяе тысячагодзьдзе пяройдзе, і хрыстыянізм не ўскарэніц ца ў сэрцы чалавечым... Узірайся, Братка, у жыцьцё народу нашага сярмяжнага, сялянскага, у ягоныя балячкі, патрэбы, думкі, жаданьні, працу ў поце, у сьмех і сьлёзы, і шукай разумнага выхаду зь яго лесу цёмнага і густога — а станешся такім падобным да Хрыста і ўсё будзеш пачынаць бачыць і разумець, выяўляючы і высыпаючы зёрны гэтага ў пропаведзях сваіх, гутарках, палеміках і дыскусыях на эвангельскую хрысьціянскую тэму, а здабудзеш сабе послух і любоў народу!»

Тут Ляўковіч, будучы старшым ад мяне, прамаўляе, як бацька да сына, якому хоча сказаць, паводля ягонае думкі, самае важнае.

«З другога боку, — кажа далей Ляўковіч, — памятай, што насьлядуючы Хрыста, і цяпер Ты лёгка можаш папасьці вязьнем у цямніцу ўлады, выплываючае сястрою мамоны і капіталізму; могуць Цябе судзіць, як Пілат і фарысэі Хрыста; дык Табе трэба будзе вучыцца ўмець манэўраваць і ў гэтых іхных лябірынтах фразэалёгіі і іншых».

У гэтым лісьце найболей адлюстроўваецца ягоная існасьць. Калі ён што-небудзь рабіў, аддаваўся гэтаму занятку поўнасьцю і бяз рэшты. Хрысьціянства было для яго вераю, якою ён жыў. Але гэтую веру ён разумеў як той, што хацеў найболей дарагацэннае падняць на найвышэйшую ступень. Гэрэтыкам можна назваць чалавека, які ў сваіх думках і лятуценьнях выперадзіў сваіх сучасьнікаў на некалькі стагодзьдзяў. Гэтакім «гэрэтыкам» быў Ляўковіч.

Якія дзіўныя выражэньні знаходзім у ягоным лісьце! Асабліва, калі мы глядзімо на іх праз прызму нашых банкавых контаў. Але Ляўковіч ня жыў у Нью-Ёрку ці Дэтроідзе. Ён жыў выключна ў тагачасным сьвеце беларускае рэчаіснасьці. А рэчаіснасьць гэтая, у параўнаньні з жыцьцём заходня-эўрапэйскіх краінаў, была без прэцэдэнсу: адсутнасьць асьветы ў народзе, адсутнасьць зямельнае рэформы, эканамічная галіта, адсутнасьць уласнага гандлю, нястача беларускае царквы ў атмасфэры пагарды для ўсяго, што называлася беларускім, пры наяўнасьці падыходу нацыяналь нае сьмерці — усё тое, што выкліквала сум і жаль у ім і ў ягонай песьні. Перад ім, як у калейдаскопе, зьменьваліся палітычныя лады і строі, якія наперабой запэўнівалі народ, што кажны зь іх зьяўляецца найлепшым, найсправядлівей шым, найдэмакратычнейшым... Пакідаючы на баку крытыку кажнага рэжыму, адно супольнае для іх аставалася: гэта тое, каб беларускі народ і надалей аставаўся ў стане агульнага занядбаньня. I, шукаючы выхаду з гэтае сумнае рэчаіснасьці, Ляўковіч знаходзіў яго ў Хрыстовым Эвангелі. Яму выдавалася, што характар беларускага сьвету зусім пакрываецца з характарам і зьместам Эвангеля. Ён бачыў нейкую паралель паміж натуральным жыцьцём беларускага народу і тымі абставі намі, у якіх будзілася да жыцьця першая хрысьціянская супольнасьцыь на ўзьбярэжжах Галілейскага возера. Спатыкаючы простых рыбакоў, ён бачыў падабенства жыцьця беларускага селяніна, які гэтаксама жыве на лоне прыроды ў блізкай супольнасьці з Богам. Ён верыў, што Эвангеле Хрыста — гэта тое самае Эвангеле, да якога тужыць беларуская душа. Дзеля асягненьня гэтае мэты, Ляўковіч не ашчаджвае сваіх сілаў, ён заўсёды нечага хоча, хоча нешта рабіць, укладвае пляны, абмяркоўвае, некуды сьпяшаецца...

Якколячы Ляўковіч любіў хворму хрысьціянскага абраду, для стварэньня якога, асабліва беларускага, ён унёс, дарогаю свае працы, гэтак многа, істотаю хрысьціянства для яго быў зьмест Эвангеля, уцелесьнены ў штодзённае беларускае жыцьцё. Гэтае апошняе ён хацеў будаваць аднова ў рамах эвангельскае навукі, як адзін верны і Божы сродак на ратунак і збаўленьне свайго «гаротнага» народу. Ён разумеў, што сутнасьць хрысьціянства не заключаецца ў назове, у абрадах, але ў пазнаньні эвангельскае навукі, у прыняцьці гэтае навукі, у зьліцьці з гэтаю навукаю і стварэньні новага віду беларускае супольнасьці.

Тое, у што Ляўковіч верыў і ўяўляў сабе, зрэалізаванае Эвангеле, выяўлялася ў песьні, якую так часта любіў пяяць пад уласны акампаніямант гітары:

Надыйдзе час, што людзкі род
Змагацца зь цемрай будзе рад:
Багату веду будзе мець,
Зазіхаціць яго пагляд.

Спакойны, добры будзе ён,
Крыві ня будзе разьліваць,
Ён лёгка будзе тайніцы
Зямлі і мора адсланяць.

Краі, народы злучацца,
Каб вечна ў вольнай згодзе жыць,
Людзей мільёны ад душы
З крыніцы брацтва будуць піць.

Разбагацеюць мастацтвы,
Прыгожы стане песьняў тон,
Тады Хрыстовы ўстане род.
І Божа царства створыць ён.

«А цяперака пагутарым на іншую тэму...», — кажа Ляўковіч у сваім даўжэйшым да мяне лісьце з дня 5 траўня 1935 г.

«Але ты, бачу, — кажа ён, — хіліш мяне да разважаньня, на якое тут мала месца, — гэта значыць на паперы, — гэта добра весьці ў хворме жывое дыскусыі, а не на дарозе ліставаньня. Іўсё-ж, коратка нешта сказаць трэба табе! Чаму ты ўжо загадзя завеш яе спэкулятыўнаю і абдуманаю за пісьмовым сталом вераю, якая ня знойдзе адбіцьця ў народных масах? Тут і званьня ня было-б, бо, наадварот, будзе ісьці на сустрэч патрэбам і жаданьням беларускае народнае масы, што і адказвала-б ейнай ідэалёгіі. А калі ведама, што хоча народ, дык, значыцца, ведамаю ёсьць ягоная жыцьцёвая патрэба! Для мяне аднаго закладваць якую-небудзь арганізацыю нямашака патрэбы, але калі нават і так, дык трэба памятаць, што з народнае масы выходзілі адзінкі, якія выражалі яе дух і патрэбу; сама-ж маса гэта: цеста, якое месіцца, але да гэтага патрэбны рукі, каб мясіць яго, і патрэбны дрожджы, каб яно і вырасла да печы — і вышла на «ўдалося»! — Чым большая справа, тым болей ня лёгкая. Нічога лёгка, у падобных выпадках, нікому не ўдавалася, бо новае паўставаньне якойсьці патрэбы (напр.: Лютэр, ягоныя тэзы, войны) родзіцца з масы перашкодаў, праціўных гэтаму паўставаньню. Я тут выражаюся абстракцыйна, агульна. Але калі ты спасылаешся на гісторыю, дык я абапруся на тое; бо ведамым ёсьць мне, і, здаецца, і табе, што ёсьць цяпер і такая маса, якую не здавольваюць ніякія існуючыя нібы-то хрысьціянскія арганізацыі, што замаскованы нібы чысьцінёю ідэалёгіі Ісуса з Назарэту, а фактычна маюць на мэце толькі ўласную нажыву, інтэрас, выгады, зыскі з масы, і панаваньне над ёю, замаскованы і сукрыты гандаль Хрыстом, цягнучы карысьці і перакручваючы на свой лад і капыл істоту і мэту ідэі Хрыстовае. — Але вось цяперака і маскі іхныя спадваюць, бо самы яны запутваюцца ў сваіх вывадах і выхадках так, што гэтыя іхныя махляваньні трэзвы і здаровы рассудак масы не бярэ і ня можа згадзіцца, бо бачаць ужо адно маскі. Лёгіку я беру не як прадмет школьнае навукі, а як здольнасьць інтэлігэнтную і сэнс, развагу ў прадмеце праўдзівасьці, разбор і аналіз сапраўднасьці і фактычнасьці. Ты тут, брат, запутваешся і ловішся, калі кажаш, што вера можа быць сьляпая, безрасудная, без развагі сапраўднасьці ў тое, што чалавек, ня маючы аб гэтым пэўнасьці веды, мусіць пасілкавацца толькі вераю. А інтэлігэнцыя [чалавека] ў прадмеце здаровага разважаньня цяперашняе народнае масы кажа ёй, што благая гэта рэч, калі яна патрабуе толькі веры ў прадмеце сапраўднасьці і абароны, бо маса хоча ведаць і пэўна! Чалавек хоча цяперака ведаць, і ня толькі верыць, што, быццам, нешта ёсьць тым ці іншым. Бо што гэта такое дэфінітыўная вера? — Вера — гэта жаданьне пазнаньня сапраўднасьці ў тым, чаго немагчыма ведаць напэўна. Калі ўжо аб нечым здабыта веда, дык вера тады непатрэбна. Там, дзе канчаецца вера, — пачынаецца веда, і наадварот. Пры вераваньні ў нешта магчыма памыліцца, але чалавек, які ведае, астаецца пэўным. Вера кажа: або так, або гэтак, а веда — што рэч напэўна маецца так. Вось тут выснаў інтэлігэнцыі: што верыцца толькі тады, калі ня ведаецца напэўна.

Такіх непраўдападобных і неінтэлігэнтных, і нелягічных... нібы-то праўдаў і супярэчных выказваньняў ёсьць шмат у біблійным Старым Запавеце, з чым чалавечы розум і ягоная інтэлігэнцыя не магчымуць згадзіцца, [асабліва] на праўдзівасьць там волі Божае, пераказанае чалавеку словам, і трудна ўсё гэта прызнаць непамыльным, так як католікаў змушаюць называць непамыльным папежа свайго, толькі затым, што запісаў гэта чалавек, стоячы на нізкім узроўні свайго інтэлекту і першапачаткавае культуры ».

Быў гэта хіба год 1931. Ляўковіч жыў у Варшаве на вул. Навагрудзкай 58, кв. 11. Я пастукаў у дзьверы, і дзьверы расчыніліся.

— О, калі ласка, калі ласка! — азваўся ажыўлена гаспадар дому, просячы ўвайсьці.

Першы раз з Ляўковічам спаткаўся я ў Вільні недзе ў 1929 годзе. У міжчасе выехаў я ў тэалягічную школу, якая знаходзілася ў Клярысаве пад Варшаваю. Цяперака выбраўся я адведаць яго.

Адразу, увайшоўшы ў кватэру, на сьцяне на левым баку я заўважыў каляровую большых памераў фатаграфію, а на ёй прыгожую маладую пару. Хлапец на фатаграфіі — гэта Ляўковіч. Але маладая дзяўчына — нікога сабою мне не прыпамінала.

— Вось, — азваўся Ляўковіч, выконваючы пры гэтым поўкольны рух рукою, быццам хацеў сказаць: «вось якая мая кватэра», што складалася з аднаго пакою.

Але перш чым заняцца кватэраю, я запытаў яго:

— Прыгожая пара, — паказваючы пры гэтым вачыма на фатаграфію, — хто яна?

Ляўковіч нічога не адказаў, а твар, як мне здалося, спаважнеў з прычыны, праўдападобна, пытаньнем выкліканых рэмінісцэн цыяў перажытага мінулых дзён, адышоўшых у вечнасьць.

Пры гэтым мяне наведала пачуцьцё прыкрасьці і самадакору. Мне здалося, што я закрануў нешта, што зьяўляецца інтымнась цю з жыцьця гаспадара дому. I колькі разоў пасьля гэтага, дзеколячы мы не спатыкаліся і ў якіхколячы абставінах, я ніколі не вяртаўся да гэтага пытаньня. Аднак праз доўгія гады я аставаўся пад уражаньнем, што паміж ім і прыгожаю дзяўчынаю на фатаграфіі мусела быць тое, што прынята сьмяротнымі называць любоўю. Iгэта, праўдападобна, была любоў, якая ніколі не ўвенчалася тым шчасьцем, пра якое гэтак часта мрояць маладыя і чыстыя, як раса, юнацкія душы.

I толькі цяперака, пасьля прыблізна поў стагодзьдзя пазьней, калі, разгарнуўшы бачыны «Літаратура і Мастацтва» (з дня 30.IX.1977), угледзеў я здымкі Ляўковіча і дзяўчыны, — я ведаў, што была гэта дзяўчына, прыгожае падабенства якое бачыў я калісьці на фатаграфіі, што знаходзілася ў памяшчэньні Ляўковіча.

Тады дзяўчына была у 21-шым годзе жыцьця, а яму было 33 г. Маючы гэта на ўвазе, лягчэй зразумець зьмест сумны артыкулу, які знаходзім на 15-ай бачыне ўспомнутага часапісу 7 п. т. «Сустрэча з Гальяшом Леўчыкам».

Гэтым, як-бы хто-небудзь мог сказаць, першым непаводжань нем у любові, я тлумачыў сабе, чаму Ляўковіч праз доўгі час аставаўся самотным, гэтаксама як і тое, што чалавек мусіць-жа нарэшце жаніцца, калі гэтак позна жэніцца.

Рэчаю вельмі характэрнаю ёсьць: пасьля таго, як Ляўковіч жаніўся, я ніколі ня бачыў гэтае фатаграфіі ў ягоным доме.

Ведама, гэта толькі штрыхі агульнага вобразу. Усё іншае, што знаходзіцца ў нашых словах, як і між імі, на заўсёды астанецца тайніцаю між маладымі людзьмі.

Пасьля многіх гадоў ён жаніўся. Ня ведаю як гэта назваць магчыма, яны ні ў чым ня зыходзіліся, або проста — трагэдыя. А мо ахвяра ў васяродзьдзі духовага змаганьня за душу беларускага народу, якое час ад часу ажывае ў нас, каб падтрымаць сумную традыцыю, якая сваею прысутнасьцю зьнішчыла Вялікае Княства Літоўскае. У кажным выпадку, маем тут дачыненьне са зьявішчам, якое вымагае яшчэ часу і далейшага досьледу, каб сказаць апошняе слова.

Усё пачалося з таго, паводля словаў Ляўковіча, што ў нейкай варшаўскай газэце, праўдападобна ў пяціграшовым «Кур'еру Штодзенным», аднойчы наткнуўся ён на зварот рэдактара да чытачоў. Было гэта недзе ў 1932 годзе. Зьмест гэтага звароту прыблізна гаварыў, што:

Недзе ў Слонімскім (?) павеце знаходзіцца дзяўчына з пісьменьніцкім нахілам. Напісала яна повесьць, аснутую на матывах беларускага жыцьця. Праца бадай-што гатовая да друку, вымагае, аднак, яшчэ апошняга перагляду і знойдзеньня коштаў, зьвязаных з выданьнем яе. Рэдактар зьвяртаўся да людзей добрае волі з просьбаю памагчы маладому таленту. Пры гэтым падаваліся імя дзяўчыны і адрыс.

Ляўковіч, — паводля ягоных уласных словаў, — зацікавіўся гэтым. Ягоную ўвагу прыцягвала тое ў звароце, што справа вязалася з элементам беларускім. Добра было-б выдаць друкам ды памагчы дзяўчыне, якая, як ён думаў, праяўляла зацікаўленьне да таго, чаму ён прысьвяціў усё сваё дагэтуляшняе жыцьцё.

Гэтулькі я чуў тады ад Ляўковіча. Хутка пасьля гэтага Ляўковіч напісаў ліст да дзяўчыны. Неўзабаве наступіла спатканьне.

Быў гэта год 1933, на весну Ляўковіч на мае запросіны прыехаў да мяне ў Дзярэчын. Тут ў даўжэйшай гутарцы са мною выражаў ён сумліў, ці павінен ён браць сабе за жонку дзяўчыну, паводзіны якое ён тады ахарактэрызаваў, што найменей, як анармальныя.

Выслухаўшы ягоныя доўгія і сумныя выказваньні, я раіў яму, каб ён сарваў зь дзяўчынаю, якая мела добрых трыццаць і некалькі гадоў. Далей ад гэтага я ня мог пайсьці, зьвяртаючы ягоную ўвагу, што апошняе слова належыць да яго.

У васнаўным ён згаджаўся са мною, але тут-жа дадаваў, што ён шкадуе яе і ўсё-ж спадзяецца знайсьці помач у ёй. Ягоная аргумэнтацыя болей мяне дзівіла, чымся пераконвала. Уся гутарка канчалася між намі тым, што рэч ёсьць паважнаю і вырашэньне знаходзіцца ў ягоных руках.

Што гэтакага характару гутарка была між намі ў абазначаным часе, сьведчыць ягоны ліст, пісаны ім да мяне з Варшавы, ужо год пасьля шлюбу, з датаю 5 траўня 1935 году. Цытую даслоўна:

«Паважаны братка Пятроўскі!

Пісьмо тваё я атрымаў і дзякую за яго! Ты прыпамінаеш мамэнт, што мог-бы ты мне адрадзіць маё жанінства, але гэта было-б немагчыма, таму што ані ты, ані я яе ня зналі, ні яе характару, ні здароўя, ані таго, што яна ёсьць тыпам фаталісткі — хворым, кволым і збочаным умыслова...

Чалавек, калі шкода ўжо сталася, — пісаў ён далей, — тады толькі, пазнаўшы яе, шкадуе... Трудна згары, наперад убачыць сваю будучыню, якая будзе!? Пэўна, што і я, каб ведаў згары што будзе, — пэўна, што, ня гледзячы нават на спачуцьцё да ейнага няшчасьця і спагаданьня ёй, — не згадзіўся-б ніколі на ахвяру свайго добрага становішча духовага, на сваю пазыцыю ў беларускім грамадзтве і на пашану, якою дорыць мяне гэтае грамадзтва,... бо гэта было-б учынена для кабеты невялікае цаны...»

З гэтага ліста, як і цэлага раду іншых (лікам 37 у маім архіве) выразна выступае атмасфэра, у якой Ляўковічу з гэтае пары давядзецца жыць аж да самае сьмерці.

Гэтакі можна зрабіць выснаў, чытаючы ягоныя лісты сягоньня і прыпамінаючы падзеі зь дзён адыйшоўшых у нябыт.

У матэрыяле, падрыхтоўваным да друку, прысьвечаным памяці Гальяша Ляўковіча («Сьветач Хрыстовае Навукі», № 2 (81), 1965), труднасьць выступала ў той частцы, якая займалася пытаньнем: дзе, калі і ў якіх абставінах памёр Ляўковіч. У гадох пасьляваен ных у беларускім друку, як ужо казалася вышэй, імя Ляўковіча нідзе не ўспаміналася. З гэтага рабіўся мною выснаў, што Ляўковіч адыйшоў у вечнасьць. Варшаўскае паўстаньне праўдападоб на было тым фактарам, які стварыў абставіны сьмерці Нашаніў ца. I гэта я выразіў у апублікаваным мною матэрыяле.

Ад часу выхаду ў сьвет успомнутага нумару мінула каля двух гадоў, калі надыйшоў ліст з Польшчы, датаваны 10 лютым 1967 годам. Аўтарам ліста быў Пётра Ластаўка, якога я спатыкаў перад вайною ў Варшаве. У лісьце Ластаўка зьвяртаецца да мяне з просьбаю паданьня яму некаторых дадзеных з духовага жыцьця Ляўковіча. Пры гэтым ён кажа:

«Пішу ўспаміны (пра Гальяша Ляўковіча), і дзеля гэтага хацеў-бы варшаўскі час уняць гэтак, як ён быў у запраўднасьці. Што ён ня жыве, хіба ведаеце Вы? Памер у верасьні 1944 г. на атаку печаньні ў цяжкіх абставінах, бо ня было зьнікуль ніякае помачы».

Ведама, ліст гэты мяне абрадаваў, бо цяперака, як я думаў, ёсьць нагода і крыніца атрымаць усе тыя дадзеныя патрэбныя з месца, у якіх здарэньні гістарычныя завяршыліся. Затым у сваім першым лісьце да Ластаўкі я, сярод іншага, пісаў да яго: «Ваш успамін аб тым, што Ляўковіч памёр у верасьні І944 году для нас тут зусім новы. Калі ласка, падайце ўсё, што Вам ведама з гэтага: дзень сьмерці, паховіны і г.д.»

У сваім лісьце да мяне, з дня 28.11.67, сярод іншага Ластаўка пісаў: «У наступным лісьце перашлю Вам болей вестак пра апошні час жыцьця і сьмерць Ляўковіча». I адначасна, у наступным абзацы гэтага-ж ліста шырака інфармуе мяне, што ён, Ластаўка, ужо два гады як знаходзіцца паважна хворы. I з таго, што ён далей пісаў, у мяне стваралася ўражаньне, што Пётра паважна хворы і запраўды, што насілу ці знойдзецца ён у стане сабраць якія-небудзь далейшыя весткі і пасьпець пераслаць іх мне. Далейшае нашае ліставаньне абярталася навакол маіх просьбаў да Ластаўкі прыслаць мне тое, што ён ужо мае, а ён адказваў мне, што неўзабаве прышле. У вадным з далейшых сваіх лістоў да Ластаўкі я пісаў: «Буду чакаць ад Вас на ліст з паданьнем усіх дадзеных пра апошнія дні і сьмерць Ляўковіча. Гэтыя дадзеныя стануцца падставаю да выпаўненьня мае рэляцыі адносна нашага прыяцеля і паэты».

Пасьля гэтага ў нашым ліставаньні наступіла даўжэйшая паўза.

У маім далейшым лісьце да яго, з дня 24 чырвеня 1968 г., у лісьце кароткім і апошнім, я пытаўся, як ён маецца і яшчэ раз прасіў падаць мне звесткі, якія адносяцца да апошніх дзён Ляўковіча. Але на гэты мой ліст я ніколі ўжо не атрымаў адказу.

У міжчасе я атрымаў нумар «Нівы» (з 29-га верасьня 1968 г.), на першай бачыне якога ўбачыў нэкралёговы артыкул пра сьмерць Пётры Ластаўкі. Памёр ён 19 верасьня 1968 г.

Чатыры гады пазьней, бо дня 28 травеня 1972 г., у гэтай самай справе пісаў я да сына Пётры Ластаўкі — Я. Ластаўку, наступнае:

«Справа, якую хацеў-бы прадлажыць Вашай ўвазе — гэта сьмерць і абставіны сьмерці Гальяша Ляўковіча. Сьвятой памяці Ваш бацька некалькікратна пісаў мне, што працуе над жыцьцяпісам паэты і зьбірае патрэбны для гэтае мэты матэрыял, які ён прырок мне прыслаць сюды з мэтаю ўдакладненьня зьместу пра сьмерць Ляўковіча... Нажаль, перадчасная сьмерць Вашага бацькі абарвала нашае ліставаньне і я ніколі не атрымаў успомнутых дадзеных.

У мяне да Вас просьба:

Калі Вы ведаеце што-небудзь пра абставіны і сьмерць Ляўковіча або калі захаваліся якія-небудзь «нотаткі» пасьля Вашага бацькі ў закранутай справе, ці не захацелі-б Вы ласкава пераслаць мне гэтыя дадзеныя? — за што буду Вам нязьмерна ўдзячны ».

На гэты мой ліст я ніколі не атрымаў адказу.

Як выпадкі паказваюць на тое, справа вылушчэньня дадзеных адносна сьмерці Гальяша Ляўковіча знайшла сваё выражэньне ў беларускім друку ў вапошнім квартале нашага стагодзьдзя, гэтак у БССР як і ў Польшчы.

«Літаратура і Мастацтва» з дня 30.IX.1977 г. прыносіць, як успаміналася ўжо вышэй, Людвікі Войцік (Зоська Верас) артыкул п. т. «Сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам». Войцік займаецца тым, як яна першы раз спаткалася з Ляўковічам у Варшаве восеньню 1913 году, цытуе некаторыя вытрымкі з Ляўковічавых лістоў да яе, але ўсё гэта разам не дае вобразу духовага Гальяша Ляўковіча.

Псыхалягічна, гэта вельмі характэрнае зьявішча, калі людзі змагаюцца з царатам за свабоду сумленьня, талеранцыі адносна перакананьняў чалавека, церпяць за гэтыя ідэалы, і мільёны людзей ідуць, каб паміраць за свабоду людзкае расы, — і тады, у тую самую хвіліну — хвіліну займеньня імі ўлады, яны зараз-жа пачынаюць прасьлед інакшдумаючых і рады былі-б укрыжаваць кажнага, хто выражае свой уласны пагляд і адважваецца паддаваць пад сумліў тыя ці іншыя аўтарытэты або праяўляць сваю ўласную інтэрпрэтацыю фактаў, падзеяў і праўдаў.

Чытаючы артыкул Людвікі Войцік і прыглядаючыся яму мікроскапійна, спасьцярожным стаецца, што ў сваей канструк цыі і тэматыцы артыкул канчаецца на тым месцы, дзе пачынаец ца апошні ягоны абзац.

Абзац гэты ня мае ніякага павязаньня з цэласьцю артыкулу ані тэматычнага, ані лягічнага, і атрымліваецца ўражаньне, што нехта недзе ўставіў яшчэ нейкую «дакладнасьць» пра Ляўковіча ў хворме апошняга абзацу. Тут гаворыцца, што Ляўковіч «Быццам жаніўся з нейкай асобай, якая яму абяцала памагчы выдаць друкам яго творы. Гэта была толькі абяцанка».

Што ён жаніўся — гэта праўда. Але тое, што жонка быццам прыракала яму выдаць друкам ягоныя творы — гэта няпраўда. Праўдаю тут яшчэ і той факт ёсьць, што праз усе гады нашага супольнага жыцьця я ніколі ня чуў з вуснаў Ляўковіча або з чыіх-небудзь вуснаў, што ён, Ляўковіч, мае нейкі матэрыял да друку. Адзіны матэрыял, пра які можа быць гутарка — гэта той, які калісьці быў зьместам беларускага дадатку да «Пельгжыма Польскага» на беларускай мове і аўтарам якога мог быць Гальяш Ляўковіч. Мае нумары, якія ў сваім часе Ляўковіч пераказаў мне, згінулі разам з маею бібліятэкаю ў часе канфіскаты функцыяне рамі Гэстапо ў 1941 г. Але гэты матэрыял, калі дзе-небудзь і захаваўся цэлым, дык толькі ў некаторых бібліятэках у Польшчы і ў Менску. Але сягоньняшні Менск друкаваць яго ня будзе, а тым болей пераказваць беларускаму чытачу ў хворме нават сухагра фічнага друку.

У першай палове пэрыяду між 1929_1939 гг. жыцьцё Ляўковіча было перапоўнена працаю для царквы (асабліва сьпеўнікі). Iгэтая праца, уся, была выдрукавана ў сваім часе. У другой палове гэтага пэрыяду, перапоўненага клопатамі і згрызотамі, спрычыненымі ягонаю жонкаю, ён проста ня быў у стане заняцца якою-небудзь карыснаю працаю наагул.

Далей у гэтым апошнім абзацу даслоўна чытаем: «У час бамбардзіроўкі згарэў дом, дзе была кватэра Ляўковіча. Згарэла ўся яго бібліятэка, усё, што так рупна зьбіраў праз ўсё жыцьцё. Ён сядзеў на грузавішчы і плакаў».

Праўдаю ёсьць, што трагэдыя, якую перажыў паэт, сягае глыбей за вартасьці матэрыяльныя.

З пункту гледжаньня этыкі журналістычнае: Як ён мог сядзець «на грузавішчы» і плакаць, калі ў часе мае сустрэчы зь Ляўковічам у Варшаве ў 1941 годзе дом быў на тым самым месцы, дзе ён стаяў перад вайною? Тая частка Кошыковае вуліцы (№ 50), дзе жыў Ляўковіч, знаходзіцца недалёка ад Пляцу Збавіцеля і Макатоўскай 12. Увесь гэты меставы абшар, разам з Макатовам, як чуваць, ацалеў у часе бегу ўсяе вайны, і ёсьць меркаваньне, што яшчэ і сягоньня гэткім астаецца.

Апошняе спатканьне.

Было гэта ў 1941 годзе, напярэдадні аб'яўленьня Нямеччынаю вайны Злучаным Штатам. У гадзінах папаўдзённых гэтага дня прыбыў я з Лінцу над Дунаем (Аўстрыя) цягніком у Варшаву. Умовіўшыся назаўтра спаткацца з супэрынтэндэнтам, да мае дыспазыцыі аставаўся цэлы вечар гэтага дня.

I першае, што я хацеў зрабіць — гэта даведацца, ці грам.[адзя нін] Ляўковіч знаходзіцца ў гэтым месьце і, калі так, спаткацца зь ім.

У Варшаве ня быў я ад тае памятнае для мяне ночы з 7-га (чацьвер) на 8 верасьня 1939 г., калі ў таварыстве супэрынтэндэнта Г.П. Ворфільда, Бруна Рашкевіча, ягонага роднага брата (ня памятаю ягонага імя), і Яна Каліноўскага, мясцовага тады прапаведніка, з прычыны зьбліжэньня нямецкае арміі пад Варшаву, выйшлі мы усе разам зь места. Пасьля тыднёвага блуканьня на ўсход ад Варшавы, пад канец верасьня прыбыў я адзін у Вільню.

Тут у міжчасе ад уцекачоў з Варшавы, асабліва ад гасп. Газалабавай, ведамай мне з Варшавы, пачуў я апавяданьне, што напярэдадні вайны гасп. Ляўковіч знаходзіўся ў сябе дома ў Слоніме, а жонка ягоная аставалася ў Варшаве. Хутка пасьля таго, як немцы занялі Варшаву, Ляўковічыха выйшла з Варшавы і пайшла ў напрамку Слоніма з мэтаю гэткаю дарогаю спаткацца з мужам. Угэтым самым прыблізна часе, гасп. Ляўковіч выйшаў са Слоніма з замерам перабрацца ў Варшаву, дзе, як ён думаў, аставала ся ягоная жонка і меў сваю кватэру. З Варшаваю ён быў яшчэ зьвязаны атрымліваньнем з магістрату дажывотнае пэнсыі. (Калі я не памыляюся 100.00 зл. на месяц). З далейшае рэляцыі ўцекачоў выходзіла, што Ляўковічы разьмінуліся ў дарозе8 .

Цяперака, будучы ў Варшаве, я пачаў свае пошукі зь Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які памяшчаўся, калі я добра памятаю, на вуліцы Ксёнжэнцэй № 4. Тут, у вадной з канцылярыяў камітэту застаў я двух урадоўцаў, якія на маё пытаньне, ці магу даведацца, дзе жыве грамадзянін Ляўковіч, адказалі, што ня ведаюць дакладна, але ён павінен недзе тут быць.

Тое, што беларускія ўрадоўцы ня ведаюць адрасу ведамага ўсім нам беларускага паэты і дзеяча — мяне зьдзівіла і крышку абурыла. Як яны могуць гэтак бязуважна адносіцца да Ляўковіча, каб ня ведаць ягонага адрасу? I толькі пазьней крыху, калі я спаткаўся з тым, каго шукаў, даведаўся пра трагэдыю, якую перажыў і яшчэ перажывае Ляўковіч і чаму астаўся без адрасу. Затым пазьней я зразумеў паставу ўспомнутых працаўнікоў у Беларускім Камітэце ў Варшаве. Было гэта тактычна зь іх боку, што ляпей для мяне будзе, калі сам Ляўковіч паінфармуе мяне аб усім, што сталася.

Гэтак, нічога бліжэй не даведаўшыся, я прабыў там яшчэ некалькі мінютаў, разглядаючыся па пакоях і даволі доўгім калідоры, затрымліваючыся адначасна над тым, што я маю рабіць далей, тым болей, што на дварэ ўжо сьцямнела і што падарожні чаньне ў тагачасных абставінах па Варшаве было асабліва трудным. Гэтак пагружаны ў думках і ня прыйшоўшы да ніякага выснаву, я пачаў зыходзіць паволі па сходах уніз. На сходах хоць і гарэла электрычная лямпачка, але яна была асабліва сільна замурзана адумысна цёмна-сіняю хварбаю і з гэтае прычыны панавала тут значная цемра. Зыходзячы паволі ўніз, я заўважыў, што нейкі чалавек, па левай старане ад мяне пры парэнчы ідзе ўверх мне на спатканьне. Хочучы ўступіць надыходзечаму чалавеку дарогу, я зыйшоў направа. Калі я быў бадай-што ўжо ўнізе на сходах, мне чамусьці выдалося, што хвігура чалавека, якога я толькі што прапусьціў, вельмі нагадвае сабою Ляўковіча. Я затрымаўся. Ня будучы пэўным, я азваўся прыцішаным голасам:

— Дзядзька Ляўковіч?!

Чалавек затрымаўся. Вольным рухам павярнуўся да мяне, пазіраючы ў поўцемру ўніз.

— Дзядзька Ляўковіч?! — азваўся я другі раз і ўжо галасьней.

— Хто гэта? — пачуў я слабы, але напамінаючы мне знаёмы голас.

Я хутка знайшоўся побач яго.

— Браце Ляўковіч!

— А... Пятроўскі! Гэта ты!

Пры падобных сустрэчах звычайна стораны кідаюць сабе пытаньні, на якія няма яшчэ адказу...

Хутка знайшліся мы ў пакоі.

Гэта ўжо ня быў той Ляўковіч, якога ведаў я перад гэтым. Перадчасная ацяжаласьць падыйшла бліжэй да яго. Выгляд ягоны сьведчыў, што ён церпіць фізычна, але, ня гледзячы на ўсё, ён яшчэ аставаўся тым самым ажыўленым беларусам, які цікавіўся ўсімі праявамі штодзеннага грамадзкага і палітычнага жыцьця. Усэрцы ён носіць тое самае, што ён насіў і да гэтае пары. Век і стан здароўя не зьяўляюцца для яго перашкодамі. Ён і далей працуе і робіць усё, што можа.

Ён расказваў пра свае перажываньні. Вось фрагмэнт зь іх:

Гэтак, як было ўжо вышэй сказана, Ляўковіч выйшаў са Слоніма, і пасьля ўсіх труднасьцяў, ідучы і едучы, прыбыў у Варшаву. Дайшоўшы да дому, дзе ён жыў на Кошыковай вуліцы, ён падняўся ўверх і пастукаў у дзьверы свае кватэры, спадзяючыся, што дзьверы адчыніць яму ягоная жонка.

На зьдзіўленьне, перад ім у адчыненых дзьвярох стануў чужы мужчына , які пытаў Ляўковіча, што ён хоча.

Ляўковіч са свайго боку, зьдзіўлены, пытаў мужчыну, што ён робіць у ягонай уласнай Ляўковічавай кватэры.

Хутка выясьнілася, што людзі, якія ў міжчасе занялі кватэру, нічога ня ведаюць пра папярэдніх кватарантаў і пра зьмест кватэры.

Гэтак сталася, што, прыбыўшы ў Варшаву, Ляўковіч астаўся адзін, бяз жонкі, без кватэры і без свайго архіву.

Чуючы, што ён гаворыць, у мяне выступае вобраз:

Бадай-што ўсе людзі жывуць у падобных кватэрах. Усе яны, час ад часу на даўжэйшы ці карацейшы тэрмін, пакідаюць свае кватэры і пазьней вяртаюцца, як мы кажам, «дамоў» ці «ў хату». Мне ніколі не даводзілася чуць, каб чалавек, вярнуўшыся дамоў і, пастукаўшы ў дзьверы, спаткаў у дзьвярох свае кватэры чужынца, які ня ўпусьціў яго ў сваю хату.

Проста нячуваная рэч!

Узьнікала пытаньне: чаму гэтакая дзіўна-страшная рэч прытрапілася Ляўковічу ў такую крытычную ваенную хвіліну?

Дый наагул, як гэта магчымым было? У Варшаве, наколькі мне ведама, перад апошняю вайною кватэры дзяліліся на дзьве аснаўныя групы: кватэры ў новых дамох, пабудаваных пасьля двадцатых (?) гадоў, і старых, пабудаваных перад гэтаю датаю. У першай групе ўласьнікі маглі браць гэтак высокую арэндную плату, якую яны толькі хацелі і маглі. У старых дамох — наадварот, арэндная плата рэгулявалася правам і рознымі саюзамі лёкатораў. Тут ня можна было арэнднае платы падвышаць і выкідаць кватаранта зь ягонае кватэры бяз выняткавае прычыны. Ляўковіч жыў у старым доме. Так, гэта была да пэўнае ступені ягоная кватэра, у тым сэнсе, што калі кватарант адступаў каму-небудзь сваю кватэру, атрымліваў ад прышлага кватаранта высокае адступнае. Падобная працэдура адбывалася без інгэрэнцыі з боку ўласьніка і пры замэльдаваньні ў дамовай кнізе з пячацьцю мэльдунковага бюра.

Кватэра Ляўковіча знаходзілася ў старым доме.

У Ляўковічавым выпадку абсалютна немагчымым было, каб хто-небудзь з вуліцы мог прыйсьці і пасяліцца ў жылой кватэры чалавека, каторы з тае ці іншае прычыны ня быў дома. Гэта сьцьвярджэньне факту.

Тое, што мне цяперака расказаў Ляўковіч, пайменна, што ён прыбыў са Слоніма ў Варшаву і ўзыйшоўшы па сходах да свае кватэры і, пастукаўшы ў дзьверы, дзьверы адчыніў яму незнаёмы Ляўковічу чалавек і ня пусьціў яго (Ляўковіча) ў кватэру, — гэта сьцьверджаньне другога факту.

Маючы два гэтакія сьцьверджаньні, узьнікае пытаньне: як гэта магло стацца, каб у сталічным месьце, якім была Варшава, і ў гэтак крытычную хвіліну магло нешта падобнае займець месца?

З усяго, што мне ведама пра Ляўковіча, і з тых лістоў, якія я атрымаў ад яго і якія я маю цяперака ў сваім архіве, ясна для мяне вынікае, як трэйцяе сьцьверджаньне, што Зося (жонка Ляўковіча)— была хвораю ці здароваю — была яна сукрытым ворагам для Гальяша Ляўковіча. Яна мела шмат знаёмых людзей, якія часта наведвалі Ляўковічаў у іхнай кватэры і тэрарызавалі яго, аб чым ён неаднакратна гаварыў мне. Ён, Ляўковіч, чуўся абкружа ны варожымі людзьмі для сябе. I гэта было аснаўною прычынаю, чаму Ляўковіч гэтак часта выяжджаў, адносна на доўгі час, у Слонім, дзе шукаў для сябе адпачынку.

I сталася:

Ляўковіч быў у Слоніме. Быў час перадваенны і час пачатку вайны. Узбударажаньне людзкіх умыслаў: весткі пра магчымасьць прайграньня вайны і ўжо яўнымі стратамі ў людзях і маёмасьці. Ляўковічыха дзейнічае. Ляўковіча няма. Ён загінуў. Па ім праўнаю кватаранткаю стаецца жонка Ляўковіча. Яна «прадае» кватэру. Гаспадар дому, магчыма, ёсьць добрым польскім патрыётам. Усё тое ў кватэры, чым гаспадар кватэры жыў, выкідаюць за места на сьметнік або аддаюць у вадну з варшаўскіх бібліятэкаў. Iгэта ўсё.

Ёсьць іншая эвэнтуальнасьць, якую гэтаксама можна ўважаць за праўдападобную. Ягоную бібліятэку магла забраць Акцыя Каталіцкая 9.

Гіерархія каталіцкае царквы ў Варшаве заўсёды трымала вока на польскім мэтадызьме. Ляўковіча яны ведалі хоць-бы ўжо адно з тае прычыны, што ён быў рэдактарам дадатку беларускага «Дух і Праўда», дадатку да польскага месячнага часапісу «Пельгжым Польскі». Што ў яго адбываецца ў дома, праз Зосю яны таксама маглі добра ведаць. Ведалі яны гэтаксама Яна Пятроўскага. Ядумаю, што была гэта першая палова верасьня 1938 г., як аднойчы атрымаў я ліст, пісаны польскаю моваю з подпісам аднаго каталіцкага духоўнага. У лісьце ён называў мяне нягоднікам (szubrawiec), і гэта з тае прычыны, што я выдаю беларускі часапіс «Сьветач Хрыстовае Навукі» (так і напісана!) і што я публікую махлярствы.

У 1931 (?) годзе гэтая самая Акцыя Каталіцкая ў Вільні выканала напад на Ляўковіча і Барткевіча, каторыя сярод ночы выратаваліся з жыцьцём.

У дню майго зьяўленьня перад вайсковаю мабілізацыйнаю камісыяю ў Варшаве я забег у паліцэйскі участак, што знаходзіў ся тут-жа супроць галоўнае пошты, каб атрымаць мэтрыку ўраджэньня для хлапца. Жанчына-ураднік, якая вяла кнігу стану цывільнага для нас у месьце, адмовілася выдаць мне дакумэнт...

На падставе гэтых фактаў, як і шматлікага іншага дасьведчань ня, аб чым будзе пазьней, можна дапусьціць думку, што людзі Акцыі Каталіцкае, пазбаўляючы чалавека даху над галавою, маглі сур'ёзна спадзявацца, што Неба залічыць ім гэта як заслугу.

У сувязку з гэтым прыпамінаецца мне гутарка зь Ляўковічам яшчэ перад вайною, адносна ягонага архіву. Замерам ягоным было пераказаць бібліятэку Беларускаму Музэю імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Грамадзянін Ляўковіч расказаў мне, што, маючы гэта на ўвазе, ён меў гутаркі з Антонам Луцкевічам, дырэктарам музэю. Было ўзгоднена, што зьмест бібліятэкі будзе пераказаны музэю ў Вільні і будзе тварыць сабою адумысны аддзел, прысьвечаны зьбіральніку бібліятэкі.

Справа, аднак, ня была простаю. Пераказаньне з Варшавы ў Вільню ўсенькага архіву вымагала працы, часу і сродкаў матэрыяльных. Уваходзіў гэтаксама мамэнт псыхалягічны. А тымчасам міналі дні і гады...

Цяперака, расказваючы мне аб гэтым, Ляўковіч рабіў перапынкі. Ён перажываў страту, якое нічым ня можна было заступіць...

Тут наступіла доўгая паўза.

Ён змоўк, і я баяўся нарушыць цішыню гэтак поўнага зьместам маўчаньня.

Фактычна, ня меў ён аб чым гаварыць у гэтак вымоўную і цяжкую хвіліну, хвіліну, у якой зыйшліся нашыя прадбачваньні як і непрадбачваньні ў хворме долі чалавека. Я гэтаксама ня знайшоў у сабе адвагі, каб калупацца ў ягоных духовых ранах.

Ляўковіч цярпеў на пячайку. Ад штодзенных згрызотаў хвароба сталася болей дакучліваю. Часта наракаў на жонку. У лістох сваіх, пісаных дробным шрыфтам, ён проста заяўляе, што знаходзіцца ў цяжкім палажэньні і ня ведае, што мае рабіць далей. Згэтае прычыны, хочучы знайсьці сабе крыху супакою, ён выяжджае ў Слонім адзін. Калі знаходзяцца яны разам у Варшаве і з прычыны адсутнасьці ў іх духовае камунікацыі, ён згаджаецца, каб яна адна ехала ў Слонім. Яна едзе ў Слонім, а стуль у розныя мясцовасьці да свае радні, знаёмых. Здавалася, што ўсё добра — адпачнуць адзін ад аднаго. Але дзе-ж там! У сваім лісьце да мяне з дня 25.ІV.1935 Ляўковіч сярод іншага піша:

«Яна (ягоная жонка. — Я.П.) паехала 12.IV. і ўжо 14.IV. прысылае ліст, але які характэрны і сумны. што вось падам табе ўрыўкі зь яго для цікавасьці: «Дрэнна прыняў мяне Слонім і тваё памешканьне, проста чула панічны страх перад Слонімам, што спаткае мяне нешта страшэннае і не памылілася я — калі бегла я па апошні пакунак, нехта з абслугі цягніку падаваў праз вакно вагону кош хлапцу і здарылася, што я праходзіла каля іх, як кош гэты сарваўся і ўпаў мне на галаву. Я ўпала, у вачох пацямнела, людзі паднялі мяне...

Пазьней, — піша далей Ляўковіч, — згубіла сваю торбачку і ў ёй грошы, пашпарт, ключ і ўсё іншае — страта на 30 зл. Пасьля абраз са сьцяны ўпаў і чуць яе не забіў, пазьней у той час пайшла ў склеп з карэньнямі кветак і века ўпала ёй на голаў і яна пакацілася на дно і ляжала самлеўшы, уся была разьбіта, сплакалася згубай грошы і няшчасьцем і кажа, што яшчэ якое горшае няшчасьце спаткае і закончыць яе жыцьцё. Просіць мяне дараваць ёй усю крыўду, зло і страты, якія яна мне спрычыніла, што мо ўжо не пабачымся больш, што лёс ёй мсьціць за мяне, што яна ніколі так ясна не ўпрытамняла ўсяго зла, што мне зрабіла, што будзе, калі будзем яшчэ жыць разам, паслушная ўжо мне, як сабака... і прысягнула паправу... і г. д.»

Ляўковіч, чытаючы гэтакі ўнікальны ліст, бачыць фаталізм — дактрына ці вера, што ўсё што здараецца, здараецца дзякуючы няўхільнасьці долі, Лёсу, тады як у тым, што жонка піша, выразна выступае плянаваная і прадуманая да канца думка, аблічаная на «слабасьці» мужа, якую яна падглядзела, пазнала і цяперака выкорыстоўвае для сябе і на шкоду яму.

Жывучы ў Варшаве, я адведваў Ляўковіча, каторы спачатку жыў на Навагрудзкай вуліцы 58, пам. 11, а пасьля на Кошыковай, 50, кв. 29, і ён, наадварот, быў частым госьцем у нас. Калі я працаваў у Слонімскім павеце, я адведваў яго ў Слоніме, у ягоным новавыбудаваным доме, які знаходзіўся на вуліцы 3-га Мая, №73, і ён раз адведаў мяне ў Дзярэчыне, каб прыняць удзел у будаваньні беларускага жыцьця.

Ляўковіч быў тым асаблівым чалавекам-нашаніўцам, мець дачыненьне зь якім было праўдзіваю прыемнасьцю. Характэрнаю рысаю для яго было тое, што ён быў апосталам беларускае думкі. Гэта адчувалася пры кажнай лучнасьці зь ім. У гутарках на беларускія тэмы прабівала вера ў беларускую справу. Вера была тым асяродзьдзем, на вакол якога абярталіся ўсе ягоныя справы і зацікаўленьні. I, здавалася, што калі-б хто-небудзь ці што-небудзь забрала гэтую беларускую веру, жыцьцё згубіла-б свой сэнс. Дый, фактычна, у радасьці ці суме, у свабодным ці ў сьмяротна загрожаным жыцьці, ён жыў гэтаю вераю.

Суцэльна аддадзены беларускай справе, будучы хрысьціяні нам з сваеасаблівым паглядам, выпераджаючым сваё асяродзь дзе, носячы ў сэрцы яму свомае пачуцьцё апрычонага жыцьця з асабістымі перажываньнямі, з паводжэньнем і непаводжэнь нямі,— ён тварыў у сабе замкнуты і мала даступны навонкі сьвет. Настрой не заўсёды прыходзіў. Але калі ён прыходзіў, сьвет веры, радасьці і жалю выражаўся ў песьні пад гукі гітары. Тады Ляўковіч ставаўся лірнікам.

Адна з асаблівасьцяў гэтага стараннага чалавека выражалася фактам нахілу да зьбіраньня беларускага і іншамоўнага друку, які пасрэдна ці беспасрэдна адносіўся да беларускае справы. Кажны з нас, хто меў нагоду быць у кватэры дзядзькі Ляўковіча, быў зьдзіўлены тым багацьцем бібліяграфічнага матэрыялу, награмад жанага ў ягонай кватэры. Уявеце сабе пакой большых памераў, сьцены якога даслоўна ад падлогі да столі пакрыты рознага роду кніжкамі, часапісамі і іншым падобным матэрыялам, многае зь якога ўжо тады прадстаўляла сабою рэдкасьць. З прычыны адсутнасьці месца, іншыя рэчы нацыянальнага значэньня былі папрычэпліваны і прымацованыя да столі. Тое, што не зьмяшчалася на сьценах, займала сабою падлогу, пакідаючы гэтулькі яшчэ месца, каб зьмясьцілася ложка з маленькім столікам і сякі такі праход для аднаго чалавека. Бібліяграфічны зьмест і сам зьбіральнік яго тварылі сабою цэласьць. У сьведамае і важнае для беларускае культуры збіраньне Ляўковіч укладваў самога сябе. Я ўспамінаю пра гэта, каб пасьля, калі прыйдуць ваенныя цяжкія дні выпрабаваньня, яшчэ раз вярнуцца і пабачыць, як страта архіву адбілася на стане здароўя і займела ўплыў на жыцьцё Гальяша Ляўковіча.

Дзьве нашыя сустрэчы былі жаралом вялікае радасьці для нас. Гаварылася пры гэтым аб усім, аб чым толькі сьведамыя беларусы маглі ў гэтым часе гаварыць, выражаючы спадзею, што заўтрашні дзень азнаменаваны будзе новымі асягненьнямі беларуска га народу.

Пры маім адыходзе жадалі мы сабе добрага здароўя і памыснасьці, і хуткае сустрэчы. Але сустрэча гэтая на зямлі ўжо ніколі не наступіла.

Пахіляючы нашыя голавы над Ягонаю няведамаю магілаю, прыпамінаюцца словы песьні, якую часта Ляўковіч з гітараю ў рукох пяяў:

А дзе-ж, а дзе-ж мой родны край, —
Дзе век вясна і вечны рай,
Дзе ня жыве ніхто у сьлязах,
Дзе ня існуе боль ані страх?

Там, у небе ёсьць мой родны край, —
Там ціша, радасьць, вечны рай:
Канец нядолі, мукаў і сьлёз,
I стогнаў, енкаў, крыўды, пагроз...

Грэцкі філёзаф Эпіктэтос ставіў пытаньне, якое часта чутно між людзьмі:

— А што, калі я памру ў змаганьні зь няшчасьцямі? — і пасьля адказваў:

— Ну, дык што-ж? У такім выпадку памрэш сьмерцю чалавека чэснага, выконваючы тое, што ты павінен выканаць. Трэба табе будзе ўсё роўна памерці, і сьмерць павінна застаць цябе пры якой-небудзь чыннасьці. Я быў-бы рад, калі-б сьмерць застала мяне за чынам годным чалавека, за чынам добрым і карысным для людзей...

Да апошняе хвіліны свайго жыцьця Ляўковіч жыў жыцьцём змаганьня за ідэалы, што прысьвячалі гэтаму жыцьцю і Народу, зь якога з гордасьцю Ён падчыркваў свой выхад і паходжаньне.

Ён памёр сьмерцяю беларускага Змагара і Героя.

Пятроўскі Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтрасьпэкце (1905_1945). Кн. 1. Слуцак — Гэйнсвільл, 1988, с. 150-172.

1 п. т. — пад тытулам, б. — бачына. — Рэд.

2 Пасьля 1988 г., калі былі надрукаваныя мэмуары Я. Пятороўска га, манаграфія пра Г. Леўчыка з друку не выходзіла. — Рэд.

3 І. Дварчанін. Хрэстаматыя новай беларускай літатаруры (ад 1905 года). Вільня, 1927.

4 Цусімаю. — Рэд.

5 «Наша Ніва» спыніла свой выхад 7 жніўня 1915 г. — Рэд.

6 Мэтадысцкі часопіс у міжваеннаей Польшчы. — Рэд.

7 Дакладней газэты. — Рэд.

8 Факт, што яны выйшлі сабе на спатканьне з двух супроцьлежных местаў і разьмінуліся ў дарозе, не пацьвердзіўся. — Я. П.

9 Акцыя каталіцкая — сукупнасьць арганізацыяў вернікаў-ката лікоў,.утварылася ў канцы ХІХ ст., арганізацыйна аформілася ў 1922г.— Рэд.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Гальяш Ляўковіч

()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.