Максім Бурсевіч

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Максім Бурсевіч. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-21

Максім Бурсевіч належыць да тых дзеячоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (БСРГ), якія адыгралі ў яе дзейнасьці важную ролю, але адначасова зьяўляюцца найменш вядомымі. Ён быў сакратаром Цэнтральнага Камітэту і кіраўніком Цэнтральна га Сакратарыяту Грамады, распараджаўся касай арганізацыі і вёў рахункі БСРГ. Каб усьвядоміць, у чым заключалася ягоная роля ў пэрыяд найбольш інтэнсіўнай дзейнасьці і ўздыму Грамады, патрэбна ўзгадаць структуру яе кіроўных ворганаў. Функцыі Цэнтральнага Камітэту БСРГ ажыцьцяўлялі паслы Сэйму, а таксама дакааптаваныя дзеячы. У гэтым Камітэце кіроўная роля належала прэзыдэнту Браніславу Тарашкевічу і віцэ-прэзыдэнту Сымону Рак-Міхайлоўскаму. У ліпені 1926 г. быў дакааптаваны Максім Бурсевіч, які выконваў функцыі сакратара ЦК1.

Кіраўнічыя абавязкі Бурсевіч выконваў на працягу 7_8 месяцаў. У абвінаваўчым акце Акруговага суду ў Вільні яны ацэнены так: «Абавязкі сакратара, якія выконваў Бурсевіч, у арганізацый най структуры БСРГ былі надзвычай важнымі і ў шматлікіх выпадках, як выканаўчыя, — вырашальнымі» 2. За гэтую дзейнасьць ён быў засуджаны ў славутым працэсе Грамады ў траўні 1928 г. на 8 год цяжкай турмы.

Безумоўна, гэта быў цікавы чалавек. І хоць я ведаю пра яго меней, чым пра іншых вядучых дзеячаў Грамады, я хачу падзяліц ца ведамі, якія ня так лёгка было адшукаць. Бурсевіч ня быў паслом. Ня знойдзем пра яго інфармацыі ў такой грунтоўнай крыніцы, як соймавыя матэрыялы. Няма ўсіх судовых актаў Грамады, захаваўся толькі акт абвінавачваньня і некаторыя іншыя дакуман ты з архіву Т. Дурача (напрыклад, прысуд Апэляцыйнага суду)3. Адсутнічаюць якія-небудзь дакуманты пра Бурсевіча з Камуніс тычнай партыі Польшчы ці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Цэнтральны Архіў ЦК ПАРП да гэтага часу ня меў ягонай асабістай справы. Не захавалася таксама яго турэмная справа. Бракуе ўспамінаў пра яго. Зь сям'ёй жа, сынам і дачкой, удалося наладзіць кантакт толькі пад канец 1979 г. Усё гэта абумоўлівае тое, што гэты нарыс будзе надта сьціплы.

Максім Бурсевіч, сын Тараса і Марыі, нарадзіўся 9 жніўня 1890г. у беларускай сялянскай сям'і ў вёсцы Чамяры каля Слоніма. У спадчыну па бацьку засталася яму адна дзесяціна зямлі і палова курнай хаты з глінянымі сьценамі і такой жа падлогай. Сям'я была шматдзетная (чатыры браты). Максім быў трэці. Нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, ён і старэйшы брат Андрэй атрымалі адукацыю і зрабіліся народнымі настаўнікамі 4.

Наконт таго, якім чынам Бурсевіч атрымаў сваю адукацыю, існуюць розныя вэрсыі. Сам Бурсевіч на сьледзтве даў паказаньні, што ніколі і нідзе не навучаўся, здаў іспыт і атрымаў адпаведнае пасьведчаньне. Уладзімер Палуян пісаў у 1966 г., што ён атрымаў сярэднюю адукацыю яшчэ перад Першай усясьветнай вайной 5. Ад сям'і вядома, што ён скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Жыровічах. Пра Жыровічы ў Sіowniku geograficznym знаходзім наступную інфармацыю: «Жыровічы — гэта невялікае мястэчка за 9 вёрстаў ад Слоніма. Гісторыя мястэчка шчыльна зьвязаная з гісторыяй мясцовага кляштару, а таксама з гісторыяй ордэну базыльянаў, заснаванага тут у 1613 г. Базыльяне ўтрымлівалі рознага роду школы. Адна школа вышэйшага тыпу ад 1828 г. была пераўтворана ў духоўную сэмінарыю» 6. Можа якраз гэтую сэмінарыю скончыў Бурсевіч? Доказаў няма. Бурсевіч усё жыцьцё займаўся самаадукацыяй, быў начытаны і ведаў некалькі моваў.

У дакумантах справы Грамады знаходзяцца анкетныя зьвесткі абвінавачаных, найбольш верагодна напісаныя імі самымі. У гэтым дакуманце знаходзім інфармацыю пра тое, што Бурсевіч, маючы 18 гадоў, уступіў у грамадзкую арганізацыю 7. Аднак цяжка сказаць, што гэта была за арганізацыя, бо ён ня даў пра яе зьвестак. Аднавяскоўцы з Чамяроў пішуць, што ў іх вёсцы ад 1905 г. існавала нелегальная сацыял-дэмакратычная арганізацыя, сябрам якой быў Бурсевіч. Аднак гэтага не ўдалося спраўдзіць.

Пасьля атрыманьня пасьведчаньня народнага настаўніка, у 1909 ці 1910 г. ён падаўся да старэйшага брата Андрэя, вясковага настаўніка ў вёсцы Нязбодзічы-Дабровая каля Ваўкавыску. Можа ён хацеў пераняць досьвед у брата (які быў ягоным першым настаўнікам), можа шукаў працу, а можа проста прыехаў у госьці. Там угледзеў сабе на суседнім хутары Тарасаўка маладую дзяўчыну, якую ўзяў за жонку. Гэта была Апалінарыя Мацьвеева, якая стала верным таварышам і памочнікам ў ягоным далёка ня лёгкім жыцьці. Шлюб адбыўся ў 1910 г. Бурсевіч меў шасьцёра дзяцей.

Амаль адразу пасьля вясельля пачалося вандроўнае жыцьцё сям'і М. Бурсевіча. У 1911 г. ён працаваў у пачатковай школе ў вёсцы Старое Сяло каля Кобрына. Наступным месцам працы была школа ў вёсцы Крупчыцы ў тым самым павеце. У Першай усясьветнай вайне ўдзелу ён ня браў, у войску ніколі не служыў з прычыны хваробы сэрца. Вандроўка яго і сям'і працягвалася, відавочна, у зьвязку з эвакуацыяй. Яны пераязджалі штораз далей углыб Украіны. 1917_1920 гг. Бурсевіч прабавіў на вёсцы блізу Харкава. У гэты час ён вывучыў вусную і пісьмовую ўкраінскую мову. Увесь час зарабляў сабе на хлеб настаўніцкай працай. У сваю вёску Чамяры вярнуўся толькі ў 1921 г. Старая хата была цэлая, але зусім пустая. На пачатку з усёй сям'ёй яны жылі ў цесьця. Дзякуючы дапамозе сям'і жонкі і суседзяў пачалі абжывацца.

Нягледзячы на тое, што Бурсевіч ведаў польскую мову, ён не атрымаў сталай працы настаўніка. Два разы ён рабіў спробы стварыць прыватную школу, дзе навучаньне вялося б на беларускай мове: абедзьве школы мелі кароткі век, яны былі зачыненыя. Другую, якая існавала тры месяцы ў 1924 г. у вёсцы Чамяры, былыя яе вучні яшчэ памятаюць. Яны пасьпелі пазнаёміцца і палюбіць свайго настаўніка. Пасьля ліквідацыі гэтай школы Бурсевічу афіцыйна было забаронена працаваць настаўнікам 8.

Аднак гэта не было перашкодай для аўтара абвінаваўчага акту запісаць, што «ў вёсцы Чамяры [Бурсевіч] займаў пасаду народнага настаўніка». А зь якой прычыны яму не дазволілі навучаць дзяцей, чытаем тамсама: «Максім Бурсевіч да стварэньня БСРГ быў вядомы сваёй антыдзяржаўнай дзейнасьцю ў Слонімскім павеце […], падтрымліваючы шчыльную сувязь з камуністычнымі дзеячамі. У ягоным доме пастаянна адбываліся нелегальныя сходы людзей, падазраваных у прыналежнасьці да камуністычнай партыі, а ў размовах зь мясцовым насельніцтвам Бурсевіч агітаваў не плаціць падаткі. […] На Наваградчыне яго двойчы арыштоўвалі за камуністычную дзейнасьць» 9. Як відаць з наступных старонак, ягоная «камуністычная дзейнасьць» на Наваградчыне заключалася ў тым, што ён заснаваў там беларускую школу.

Адносна нелегальных сходаў і рэвізіяў, то нават сын і дачка памятаюць іх падрабязнасьці, хоць гэта адбывалася тады, калі яны яшчэ былі дзецьмі. Падобныя зьвесткі дайшлі зь іншых крыніцаў, ад былых камуністычных дзеячоў, якія паходзяць з Чамяроў і самі бралі ўдзел у гэтакіх сходах. Бурсевіч зьбіраў у сябе пераважна моладзь, чытаў і камэнтаваў ёй навіны і артыкулы зь беларускіх левых газэтаў. Толькі многа гадоў пазьней ягоныя слухачы даведаліся, што гэтыя газэты ён не адно прывозіў, але і пісаў у іх пад псэўдонімам «Чупрыновіч» 10. Аднавяскоўцы Бурсевіча паведамляюць, што ён быў адзіным у Чамярах чалавекам, які меў адукацыю і карыстаўся павагай сваіх землякоў (ня толькі маладых), і неаднойчы выступаў на нелегальных мітынгах, арганізаваных камуністамі (меў уплыў на сялянаў).

Як сьцьвярджае сям'я, ён даволі часта выязджаў. Куды, невядома. Можам толькі здагадвацца, што Бурсевіч меў сувязі зь якімсьці беларускім асяродкам. З тагачаснага і далейшага яго жыцьцёвага шляху вынікае, што ў тыя гады ён быў зьвязаны зь беларускім асяродкам у Вільні. На карысьць такога меркаваньня сьведчаць некалькі вельмі важных фактаў: па-першае, ён быў пададзены Беларускім Цэнтральным Выбарчым Камітэтам кандыдатам у паслы Сойму па сьпісе № 16 (невядомага чалавека б не вылучалі); па-другое, як пададзена ў ягонай біяграфіі, зьмешча най у беларускай энцыкляпэдыі 11, ён належаў да актыву Беларускага соймавага клюбу. Таксама ёсьць доказы, што ён меў шчыльныя сувязі з будучымі кіраўнікам Грамады. Пра гэта сьведчыць той факт, што калі дзейнасьць Грамады пачала бурліва разьвівац ца, калі яна няспынна ўзрастала, і ў Цэнтральным Сакратарыяце Грамады спатрэбіўся чалавек абсалютна давераны і выключна сумленны, яго з усёй сям'ёй запрасілі зь вёскі ў Вільню і даверылі кіраўніцтва Сакратарыятам 12. Больш за тое, яго дакаапта валі ў Цэнтральны Камітэт з правам падпісваць партыйныя білеты. А вядома, што для масавай арганізацыі, якой была Грамада, далёка не абыякавым было тое, чый подпіс фігуруе на падставо вым дакуманце, які сьведчыць пра арганізацыйную прыналеж насьць. Факт, што кіраўніцтва Грамады вырашыла дапусьціць яго ў сваё кола і даверыць кіраўніцтва Цэнтральным Сакратарыятам, сьведчыць пра тое, што яго ня толькі ведалі і шанавалі, але таксама давяралі. У ягоныя рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі, усе таямніцы, а ў дзейнасьці найвышэйшага кіраўніцтва БСРГ такіх таямніцаў было нямала. Гэта быў для яго агромністы скачок: зь вёскі ў горад, і адразу на немалаважную кіраўнічай пасаду. З судовых дакумантаў вынікае, што ён ўсяму гэтаму даў рады.

Адначасова з абвінаваўчага акту Акруговага суду ў Вільні відаць, што нягледзячы на ўсе намаганьні пракуратуры, на яго не было дадзеных такой вагі, як на паслоў. Галоўным чынам супраць яго сьведчыла тая акалічнасьць, што ён кіраваў Цэнтраль ным Сакратарыятам Грамады, якая была легальнай арганізацыяй. Бараніўся ён, колькі было змогі. Хоць у Акруговым судзе да яго паставіліся мякчэй, чым да кіраўніцтва Грамады, аднак Апэляцыйны суд вырашыў іначай. Бо прылічыў Бурсевіча да вузкага кола кіроўнай верхавіны, якое «стала на чале змовы ў Грамадзе». Цікава, што Апэляцыйны суд не прылічыў да яе нават некаторых паслоў Грамады. Бурсевіча ж прызнаў накіраваным у арганіза цыю праз ЦК КПЗБ. Такім чынам, да найвышэйшага кіраўніцтва прылічылі Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Максіма Бурсевіча і Пётру Мятлу. Гэткая ж ацэнка выявілася ў прысудзе Апэляцыйнага суду. Калі ўсім паслам у гэтай інстанцыі тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны напалову, да шасьці гадоў турмы цяжкага рэжыму, то Бурсевічу Апэляцыйны суд зьменшыў пакараньне толькі на два гады. У выніку ён атрымаў такі самы тэрмін, што і паслы: шэсьць гадоў цяжкай турмы13.

З усяго, што нам удалося сабраць пра дзейнасьць Цэнтральна га Сакратарыяту, відаць, што Бурсевіч у гэтым коле карыстаўся ўсеагульным прызнаньнем і аўтарытэтам. Нельга пры гэтым забывацца, што ў Цэнтральным Сакратарыяце працавалі ня толькі вучні і вучаніцы Беларускай гімназіі. Яны выконвалі толькі тэхнічную працу. Асноўную арганізацыйную працу вялі дзеячы з розных мясьцінаў, з розным досьведам у грамадзка-палітычных справах, з адрознай адукацыяй (таксама і вышэйшай) і з рознай палітычнай арыентацыяй; людзі, якія ня ведалі адзін аднаго. Тут працавалі актывісты КСМЗБ14 ці КПЗБ, а таксама беспартыйныя прыхільнікі грамадоўскага руху. І ў тым жа часе ў Сакратарыяце служыў дарадца ў юрыдычных пытаньнях Фабіян Акінчыц, які некалькімі гадамі пазьней будзе заснавальнікам беларускай фашыстоўскай арганізацыі. Але гэта скрайні прыклад. Калектыў быў, у дачыненьні стажу працы, малады, і таму былі магчымымі розныя нечаканасьці. З гэтага відаць, што кіраўніку хапала ўменьня, тактоўнасьці і палітычнай сталасьці, каб працу гэтага даволі незвычайнага калектыву скіраваць у адно рэчышча — вызначанае кіраўніцтвам БСРГ. Узгаданы ўжо тут Палуян пісаў, што «Цэнтральны Сакратарыят БСРГ зрабіўся сапраўдным арганізацыйным штабам Грамады». Таксама ў абвінаваўчым акце Акруговага суду роля Цэнтральнага Сакратарыяту была акрэсьленая як «кузьня» грамадаўскіх кадраў. І сапраўды, гэтыя кадры, асабліва ва ўтрыманьні сувязяў з суполкамі, здолелі рабіць цуды 15.

У Сакратарыяце, апрача бягучых, штодзённых справаў, якіх патрабуе канцылярыя кожнай разгалінаванай арганізацыі, ён прымаў людзей зь месцаў і апекаваўся некалькімі павятовымі арганізацыямі (Ваўкавыскай, Слонімскай, Пружанскай); ён праявіў вялікую ініцыятыву ў арганізацыі агульнай нарады павятовага актыву ў кастрычніку 1926 г., якая адыграла значную ролю ў далейшай гісторыі Грамады. Дзе ён усяму гэтаму навучыўся? Дзе здабыў такое ўменьне? На гэтае пытаньне мы не адкажам. Вядома толькі, што ёсьць такія людзі, якія пры раптоўнай зьмене сытуацыі губляюцца, і, няглядзячы на самыя шчырыя жаданьні, ня ведаюць, як і за што ўзяцца. І ёсьць такія людзі, што ў самым цяжкім становішчы, нават зусім новым для сябе, праяўляюць шмат вынаходлівасьці, кемлівасьці, быццам бы іх здольнасьці маглі выявіцца толькі ў выключна цяжкіх умовах. Да такіх, відаць, належаў Бурсевіч.

Зыходзячы з аповядаў сям'і, пасьля яго не засталося ніводнага пісанага тэкста, але сям'я памятае, што бацька «Нешта заўсёды запісваў у таўстыя сшыткі». Цяжка што-небудзь сказаць пра ягоныя погляды. Часткова выручыў мяне ў гэтым адзін з абвінавачаных на працэсе Грамады. Ім быў праваслаўны сьвятар, парах царквы на Сьніпішках у Вільні і адначасова бухгальтар Беларускага банку ў Вільні, Аляксандар Коўш. Працуючы бухгальтарам, ён досыць часта сутыкаўся з Бурсевічам. Менавіта гэты Коўш падчас сьледзтва выракся прыналежнасьці да Грамады, апраўдваючыся тым, што погляды кіраўніка Цэнтральнага Сакратарыя ту, Бурсевіча, былі вельмі блізкія да «камуністычнай ідэалёгіі», што супярэчыла яго (Каўша) рэлігійнымі поглядамі 16.

Постаць і дзейнасьць Бурсевіча выступалі таксама прадметам літаратурных публікацыяў. Беларускі літаратар Міхась Машара, які ў гады існаваньня Грамады і «Змаганьня» быў у непасрэднай сувязі зь іх дзеячамі, між іншага рэдагаваў левую беларускую газэту «Наша воля» і часта сам бываў у Цэнтральным Сакратарыя це Грамады, у сваёй трылёгіі «Крэсы змагаюцца» 17 ў пэўнай меры адлюстраваў атмасфэру, якая панавала ў Сакратарыяце. З гэтага шматстаронкавага апісаньня адчуваецца, што аўтарытэт, якім карыстаўся ў Сакратарыяце Бурсевіч, быў зьвязаны ня толькі зь яго службовым становішчам.

Прыгадаем яшчэ некалькі момантаў працэсу Грамады. Падпісаны прозьвішчам Язэпа Паўлоўскага ў 1929 г. у Менску зьявіўся аб'ёмісты рэпартаж з залі суду. Апісваючы вонкавы выгляд абвінавачаных, аўтар занатаваў: «Максім Бурсевіч нават сваім выглядам прыгадвае постаць рэвалюцыянэра-народніка» 18. Цікавае здарэньне ў судовай залі, зьвязанае з Бурсевічам, апісвалі віленскія газэты, але мне хочацца прыпомніць яго з аўтабіяграфіі Тарашке віча. У пэўны момант у часе судовага паседжаньня Тарашкевіч падняўся і быў за вострую і гучную рэпліку на адрас суду і ўсяго судовага разьбіральніцтва выдалены з судовай залі. Тарашкевіча адразу падтрымаў пружанскі камуніст Язэп Патапчук. Яго таксама выдалілі з залі, і на хвіліну запанавала цішыня. Тады, падтрымліваючы Тарашкевіча, устаў Бурсевіч, а за ім і ўся лава падсудных. Усе былі выдаленыя з залі пасяджэньняў. Быў абвешча ны перапынак. Маніфэстацыя ўдалася 19.

Ад часу арышту (што адбыўся ў другой палове студзеня, бо першыя слуханьні прайшлі 19 студзеня 1927 г.) зноў пачаліся бадзяньні Бурсевіча, гэтым разам турэмныя. Спачатку яго трымалі на Лукішках, празь месяц вывезьлі ва Ўронкі, дзе праходзіла сьледзтва. На пачатку 1928 г. яго зноў прывезьлі на Лукішкі перад вялікім працэсам у Акруговым судзе ў Вільні. Пасьля працэсу яго разам з Ракам-Міхайлоўскім вывезьлі ў Каранова, дзе ён адбываў пакараньне. У вязьніцах пагоршыўся стан ягонага здароўя. Ён адчуваў розныя недамаганьні, няглядзечы на тое, што сям'я старанна над ім апекавалася, а жонка засталася ў горадзе адна зь пяцьмю дзецьмі, зь якіх самы старэйшы, навучэнец Беларускай гімназіі ў Вільні, меў тады толькі 16 год. Яшчэ цяжэй стала, калі ўлады ў сакавіку 1927 г. зьліквідавалі Цэнтральны Сакратарыят. Сям'я Бурсевічаў ад часу прыезду ў Вільню жыла ў адным з пакояў Сакратарыяту, на вул. Віленскай, 12, кв. 6, а пазьней, пасьля перасяленьня, на вул. Віленскай, 30, кв. 9. Бурсевіч зь сям'ёй дзень і ноч пільнавалі памяшканьне. Лёгка можна было чакаць правакацыяў. Пасьля апячаткі памяшканьня сям'я часткова ўратавала маёмасьць Сакратарыяту, а пасьля яго ліквідацыі засталася бяз даху над галавой. Але на вёску не вярнулася 20.

Бурсевіч усьведамляў, у якім цяжкім становішчы ён пакінуў сям'ю, і хоць, відавочна, нічым ня мог ёй дапамагчы, заўсёды пра яе памятаў. Да гэтага часу дачка ўспамінае, што бацька зь вязьніцы дасылаў ім цацкі (вырабы вязьняў): вылепленыя з хлеба фігуркі, розныя кулончыкі з конскага воласу (адзін захаваўся), пісаў лісты на аздобленых вязьнямі картках 21.

Як вядома, усё кіраўніцтва Грамады ў другой палове 1930 г. было вызваленае зь вязьніцы. Бурсевіч таксама вярнуўся да сям'і. Яны працягвалі жыць у Вільні, дзе ён адразу пасьля вызваленьня далучыўся да грамадзка-палітычнай дзейнасьці. 16 і 23 лістапада таго ж году павінны былі адбыцца выбары ў Сэйм і Сэнат. Таму разам зь іншымі вызваленымі правадырамі Грамады ён уключыўся ў перадвыбарчую кампанію. «Бурсевіч, Рак і Мятла заснавалі Выбарчы Камітэт», — пісаў Тарашкевіч у сваёй аўтабіяграфіі 22. Тым часам рабіўся больш пільным паліцыйны нагляд, асабліва над датэрмінова вызваленымі, і таму кіраўніцтва КПЗБ, улічваючы небясьпеку паўторнай страты такіх каштоўных людзей, вырашыла выцягнуць іх з краю і зрабіць магчымым выезд у Савецкі Саюз. У 1931 г. Бурсевіч з усёй сям'ёй пасяліўся ў Менску. Яго накіравалі працаваць кіраўніком аддзелу культуры і навукі Дзяржпляну БССР. Апроч гэтага ён удзельнічаў у працы Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры Беларускай Акадэміі Навук. Ён быў таксама дэпутатам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР. Дзеці вучыліся. Але ўсё гэта было толькі да другой паловы 1933 г., калі паводле беспадстаўных, паклёпніцкіх абвінавачвань няў ён быў арыштаваны разам зь іншымі беларускімі дзеячамі, якія таксама прыехалі з Польшчы 23. Неўзабаве, як можна меркаваць з лістоў сям'і, ён апынуўся на далёкай поўначы. Пра гэты апошні этап жыцьця мы ведаем яшчэ менш, чым пра папярэднія. Вядома, што ён быў вельмі хворы. Дакуманты, якія захоўвае сям'я, вельмі сьціплыя. Зь іх вынікае, што ён памёр 2 жніўня 1941 г. ва ўзросьце 51 году. Пасьля ХХ зьезду КПСС ён быў пасьмяротна рэабілітаваны. Ніякіх дакумантаў, якія захоўваліся ў сям'і, апроч здымкаў (жонка зь меншым сынам усю вайну была ў партызанскім атрадзе), не ўдалося ўратаваць. Калі б яшчэ была жывая жонка Бурсевіча (памерла ў 1973 г.), магчыма, мы б даведаліся пра ягоны цяжкі і змагарны шлях трохі больш. На жаль, я ўзялася за гэтую працу запозна.

Пры працы над біяграфічным нарысам пра Бурсевіча давялося зьвярнуцца да яшчэ аднаго боку дзейнасьці беларускага руху, а ў тым ліку і Грамады, які не разглядаўся ў публікацыях. Гэта дачыненьні левага беларускага руху з рэлігіяй, рознымі цэрквамі, а асабліва, з царквой мэтадыстаў. Вядома, што стала жыць на вёсцы і ладзіць сярод людзей рэвалюцыйную прапаганду вельмі цяжка, а доўгі час амаль немагчыма, бо зьвесткі пра гэта хутка трапляюць да ўладаў. Бурсевіч быў вымушаны шукаць нейкае прыкрыцьцё, бо ён вёў якраз такі лад жыцьця. Апраўдваўся перад мясцовай уладай ён розным чынам: як кандыдат у соймавыя паслы ці як настаўнік, да якога прыходзяць людзі з просьбай прачытаць, што «пішуць» у газэце. Урэшце, ён схапіўся за іншы спосаб, удаючы сваёй дзейнасьцю мэдатысцкую місыю (натуральна, ня выключана, што чарговасьць магла быць адваротнай).

Чаму менавіта мэтадысцкай? Ці таму, што ў ваколіцах Слоніма гэтая царква была папулярная? Ці таму, што Бурсевіч, зь невядомых нам прычынаў быў зь ёй зьвязаны, ці нарэшце, ён сапраўды быў чалавекам веручым, менавіта мэтадыстам?

Хочучы знайсьці адказ на гэтыя пытаньні, я сутыкнулася зь вялікімі цяжкасьцямі. Па-першае, Бурсевіч, у адрозьненьні ад паслоў, не даваў ніякіх паказаньняў пра сваё мінулае. Усе паслы казалі пра сваю адраджэнскую дзейнасьць у беларускім руху, быццам хацелі падкрэсьліць, што іх удзел у грамадоўскім руху не выпадковасьць, гэта працяг папярэдняе дзейнасьці ў іншых грамадзка-палітычных умовах. Чаму Бурсевіч рабіў інакш — невядома. Ці не таму, што адчуў, што карныя органы ня маюць пра яго, пра ягонае мінулае, ніякіх абцяжарваючых матэрыялаў, апроч таго, што ён быў сакратаром легальнай арганізацыі?

Сваю дзейнасьць на вёсцы ён тлумачыў толькі тым, што належаў да мэтадысцкай царквы. Гэтую тэзу ён так упарта абараняў, што ў рэшце рэшт судовыя ўлады першай інстанцыі часткова яе прынялі. Прымаючы ж яе, зрабілі далёкасяжныя высновы пра характар Грамады і яе стасункі з цэрквамі, як іх называлі — «рознымі сэктамі». Так, напрыклад, у абвінаваўчым акце Акруговага суду чытаем: «БСРГ падтрымлівала сэктанцкі рух, асабліва мэтадысцкі, які сярод сябраў Грамады быў вельмі распаўсюджаны» 24. Факт, што Антон Луцкевіч узяўся за пераклад на беларускую мову Новага Запавету і Псальмаў, між іншага на просьбу баптыстаў, таксама расцанілі як падтрымка руху рэлігійных «сэктаў», асабліва мэтадыстаў, хоць Луцкевіч гэта тлумачыў зусім іначай25 . Далей, у абвінаваўчым акце напісана: «Мэтадысты мелі свайго прадстаў ніка, у асобе Максіма Бурсевіча, нават у цэнтральных органах» 26.

Зважаючы на гэта, належыць яшчэ раз вярнуцца да стаўлень ня БСРГ да розных веравызнаньняў і да розных цэркваў; высьветліць, якія дачыненьне існавалі паміж мэтадысцкай царквой і беларускім рухам у міжваенным пэрыядзе, у тым ліку ў часы Грамады, і вызначыць, якое, насамрэч, было дачыненьне Бурсевіча да царквы мэтадыстаў у разгляданы пэрыяд.

У праграме Грамады ёсьць адмысловы разьдзел «Рэлігія». Варта аднак зазначыць, што нават пры падрабязным разглядзе праграмы згаданы разьдзел да гэтага часу не камэнтаваўся. Прычынаў гэтага, відаць, было некалькі.

Вядома, што беларускі рух шмат гадоў (яшчэ з часоў «Нашай Нівы») ачольвалі людзі, якія паходзілі з каталіцкіх і праваслаў ных сем'яў, хоць самі пераважна былі вольнадумцамі ці няверучымі. Вера ніколі сярод іх не была падставай непаразуменьняў. Што да палітыкі ў гэтай сфэры, то яны лічылі, што веру патрэбна разглядаць як прыватную справу. Турбаваліся пераважна толькі пра адно, каб канфлікты паміж беларусамі-каталікамі і беларусамі-праваслаўнымі не прывялі да вайны. Намагаліся нармаліза ваць дачыненьні паміж імі, заклікаючы абодва бакі да барацьбы з агульным ворагам — царызмам. Гэтыя традыцыі пераняла Грамада і запісала ў сваёй праграме наступным чынам:

«46. Прызнаючы поўную свабоду сумленьня, БСРГ выступае за аддзяленьне Царквы (Касьцёлу) ад дзяржавы і палітыкі.

47. БСРГ змагаецца з фактамі выкарыстаньня рэлігійных вераваньняў (ці то каталіцкіх, ці праваслаўных, ці іншых) у палітычных мэтах, як напрыклад у мэтах палянізацыі ці русіфікацыі.

48. БСР Грамада таксама будзе змагацца са спробамі распальваньня канфліктаў ці распаўсюду нянавісьці на рэлігійнай або расавай глебе. БСРГ дамагаецца роўнасьці правоў для ўсіх грамадзянаў, ня толькі на паперы, таксама незалежна ад веравызнань ня ці нацыянальнай прыналежнасьці» 27.

З гэтага вынікае, што БСРГ разглядала рэлігійнае пытаньне як шырока зразуметае права асабістай свабоды і адначасова выказвалася супраць выкарыстаньня рэлігійных пачуцьцяў у палітычных мэтах.

У інтэрпэляцыях і зваротах, пададзеных у Сэйм, мы можам знайсьці шэраг дакумантаў, якія сьведчаць пра тое, што паслы БСРГ пратэставалі супраць розных фактаў уціску з боку дзяржаўнага апарату і кліру панавальнага Каталіцкага касьцёлу ў дачыненьні да праваслаўных, супраць перасьледу сьвятароў, супраць ператварэньня цэркваў у касьцёлы і г. д.28 Грамадзе, відаць, удалося знайсьці на гэтай глебе падтрымку сваёй дзейнасьці з боку часткі праваслаўнага сьвятарства 29.

У той жа час у абвінаваўчым акце пра гэта чытаем: «Грамада, падобна да камуністычнай партыі, імкнучыся дыскрэдытаваць каталіцкае і праваслаўнае духавенства […] прынцыпова падтрымлівала кожны сэктанцкі рух, асабліва мэтадыстаў» 30. Першая частка гэтага сьцьверджаньня супярэчыць таму, што я пісала вышэй. Што да другой, то трэба меркаваць, што было якраз наадварот, т. зв. сэктанцкі рух ужо сам па сабе быў праявай супраціву існым у той час умовам, супраціву панавальнаму Касьцёлу, і хіба таму ў гэтым асяродзьдзі грамадоўская агітацыя трапляла на больш спрыяльны грунт.

Гэта ўсё пра праграму Грамады. Цяпер паспрабуем прааналі заваць, якія былі дачыненьні паміж беларускім рухам і мэтадыс тамі ў міжваенны пэрыяд, а ў тым ліку ў часе існаваньня Грамады. Трэба таксама ўзяць пад увагу той факт, што мэтадысцкая царква ў той час у Польшчы de jure не існавала, а была толькі de facto. У гэтым пытаньні найбольш аўтарытэтным чалавекам зьяўляецца Ян Пятроўскі, які шмат паслужыў для мэтадысцкага руху ў Польшчы. У 1930-ыя гг. ён быў пастарам мэтадысцкай царквы ў Дзярэчыне, а таксама рэдагаваў мэтадысцкі пэрыёдык у Польшчы. У апошнія часы ён вядомы як аўтар розных публікацыяў, між іншага перакладае з грэцкае на беларускую сэрыю «Выбраныя дыялёгі» Плятона 31. Прапаную здабытую ад яго інфармацыю. Паміж, як ён казаў, беларускім актывам і мэтадысцкім элемэнтам існавалі блізкія, хоць своеасаблівыя ўзаемадачыненьні. Зь ліста Пятроўскага (хоць у ім не стае падрабязнасьцяў) вынікае, што адразу пасьля ўсясьветнай вайны, калі беларускае насельніцтва ў Польшчы было ў катастрафічнай сытуацыі, частымі былі звароты па дапамогу да розных амэрыканскіх арганізацыяў. Відаць, беларусы зьвярнуліся і да мэтадысцкага цэнтру, які аказаў дапамогу. Гэта была дапамога для беларускіх пасьляваенных сіротаў, а пазьней для інтэрнатаў сярэдніх школаў і беларускіх гімназіяў у Радашковічах, Клецку, а таксама ў Вільні. Мэтадысты прыслалі ў Польшчу сваіх місыянэраў. Яны матэрыяльна падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух, а ў замен атрымлівалі магчымасьць правядзеньня місыянэрскай працы на тэрыторыі, якая да гэтага часу не была імі засвоена. Паколькі рэлігія была ў той час абавязковая ўва ўсіх выхаваўчых установах, арганізатары беларускага школьніцтва — з пункту гледжаньня пашырэньня ідэалягіч ных уплываў — нічога не гублялі, а матэрыяльна шмат выйграва лі32.

Якімі былі гэтыя дачыненьні ў часе Грамады? Можна здагадвацца, што калі ўплыў Грамады ў беларускім руху зрабіўся панавальны і грамадзкія арганізацыі, якія апекаваліся інтэрнатамі і гімназіямі апынуліся пад кіраўніцтвам грамадоўцаў, то апошнія не жадалі губляць дапамогі і перанялі ў спадчыну ўжо наладжа ныя дачыненьні паміж мэтадыстамі і беларускім рухам. Не выключана, што акурат Бурсевіч ад імя кіраўніцтва Грамады падтрымліваў і рэгуляваў гэтыя дачыненьні. Акрамя таго, сьцьвярджае др. Пятроўскі, Бурсевіч, вельмі папулярны на Слонімшчыне палітык, не займаў у герархіі мэтадысцкай царквы ніякай пасады. Асабіста ён Бурсевіча ня ведаў, але чуў пра яго. На падставе гэтых зьвестак, хоць і вельмі агульных, якія не зьмяшчаюць так важных у гэтай справе падрабязнасьцяў, можам выказаць меркавань не, што Бурсевіч шчыльна кантактаваў з мэтадыстамі. Застаецца апошняе пытаньне, ці быў ён мэтадыстам у гэтым часе, і ці быў ён рэлігійным чалавекам у пэрыяд, калі працаваў у Грамадзе. Сьцьвярджальны адказ не павінны зьдзіўляць. Бо ёсьць вядомыя (і нярэдкія) факты, калі рэлігійныя людзі, нават сьвятары, праяўляюць актыўнасьць на баку змагароў за справядлівы грамадзкі лад.

Але адначасова да мяне дайшлі зьвесткі іншага характару, пра якія дзеля гістарычнай праўды патрэбна тут сказаць. Зь лістоў былых вучняў Бурсевіча выразна вынікае, што ён выхоўваў іх у духу ня толькі рэвалюцыйным, але і вольнадумным. Яны думаюць, што можа калісьці ў маладосьці Бурсевіч і быў мэтадыстам, але ў часе, пра які я пішу (1924_25 гг.), на іх думку, выкарыстоў ваў дзейнасьць мэтадыстаў на Слонімшчыне ў якасьці шыльды. Ён вучыў, як трэба сябе паводзіць падчас паліцыйнага наскоку і г.д. Зь лістоў сям'і вынікае таксама, што Бурсевіч выхоўваў сваіх дзяцей як вольнадумцаў. Апроч гэтага магу прывесьці вельмі важкі аргумант. Калі б у Менску было вядома, або нават толькі існавала падазрэньне пра ягоныя рэлігійныя перакананьні, яго б не прынялі ў лік кандыдатаў у сябры ВКП(б), не далі б такой высокай пасады, якую ён меў па прыезьдзе 33.

Калі ж ён перастаў быць веруючым чалавекам? Гэта цяжка вызначыць. Відаць, кіраўніцтва Грамады было лепш інфармава нае на гэтую тэму. Але хіба ня гэта самае важнае. Найцікавейшае ва усім гэтым сёньня падаецца тое, што кіраўніцтва Грамады, ведаючы пра рэпутацыю знакамітага мэтадыста, якой Бурсевіч карыстаўся на Слонімшчыне, дапусьціла яго ў сваё вузкае кола, пацьвярджаючы гэтым факт, што праграмны пункт, у якім гаварылася пра вельмі шырокія ідэалягічныя рамкі Грамады — не галаслоўны.

На заканчэньне яшчэ адна інфармацыя, здабытая пасьля напісаньня артыкула. Яна датычыць побыту Бурсевіча ў вязьніцы ў Каранове. Гэтую інфармацыю перадаў Раман Новак. Яна каштоўная яшчэ і зважаючы на асобу інфарматара, які, будучы ў турэмным камітэце, меў магчымасьць бачыць Бурсевіча на працягу ўсяго побыту ў Каранове (ад другой паловы 1928 да другой паловы 1930 г.), і пэўны час быў зь ім у адной камэры (30 чалавек) і меў магчымасьць пазнаёміцца зь ім асабіста. Паколькі інфармацыя (атрыманая ад цяжка хворага Р. Новака праз тэлефонную размову) была сьціслай, я пастараюся яе паўтарыць, наколькі гэта магчыма, даслоўна: «Бурсевіча я добра памятаю, гэта вельмі цікавая і выбітная постаць. Гэта значны чалавек, які пакідае ўражаньне. Гэта ня быў звычайны селянін, гэта быў чалавек інтэлігентны, меў адукацыю, быў вельмі шанаваны і асабіста меў вялікі ўплыў на сваіх землякоў, якія знаходзіліся ў камэры. Гэта быў вельмі пачцівы чалавек (паўтарыў некалькі разоў). Ён дзяліўся, відавочна, усім, што атрымліваў з дому. Навучаў іншых. Ва ўсіх адносінах ён паводзіў сябе бездакорна і быў прыкладам для іншых. Укамэры яго лічылі біскупам мэтадыстаў».

Бачым, што ў турэмнай камэры ён далей падтрымліваў вэрсыю, пададзеную ў працэсе сьледзтва, у чым ён не адрозьніваўся ад Рака, які таксама ня выкрыў перад турэмным калектывам сваей прыналежнасьці да КПЗБ. Грамадоўскае кіраўніцтва рабіла так дзеля дабра беларускага левага руху, змагаючыся нават у вязьніцы за ягоную легальнасьць.

Напрошваецца яшчэ адна выснова, і гэта ня першы раз, што бліжэйшае азнаямленьне зь біяграфіямі найвыдатнейшых правадыроў гэтага грамадзкага руху заўсёды прыносіць нешта новае, набліжае нас да гэтага руху і дазваляе лепей яго спазнаць.

Пераклад з польскае

Bergman A. Sprawy Białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa: PWN, 1984, s. 249-259.

1 Дакуманты судовай справы Браніслава Тарашкевіча ды іншых (далей: Дакуманты ў справе БСРГ), CA KC (Цэнтральны архіў ЦК ПАРП. — Пер.), Archiwum Duracza, 105/1137, k. 48. Што да вымаўленьня прозьвішча Бурсевіча: у абвінаваўчым акце ён праходзіць як «Maksym Bursewicz». Але дзеля таго, што тамсама знаходзіцца дакумант зь яго ўласнаручным подпісам на польскай мове (гэта паштоўка да адваката) «Bursiewicz», я прыняла гэтую вэрсыю прозьвішча. Тамсама можна спаткаць назву пасады Бурсевіча ў Грамадзе — «генэральны сакратар». Насамрэч у Грамадзе такой пасады не было.

2 Дакуманты ў справе БСРГ, k. 47.

3 Прысуд Апэляцыйнага суда у: Дакуманты ў справе БСРГ, k. 337.

4 Анкетныя зьвесткі абвінавачаных, Ibid., k. 48.

5 Гл. паказаньні Бурсевіча ад 10 чэрвеня 1927 г. ва Ўронках, Дакуманты ў справе БСРГ, t. VIC, s. 18_19; У. Палуян падае гэтую інфармацыю, не спасылаючыся на крыніцы. Гл. У.Палуян. Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада , Мінск, 1967, с. 78.

6 Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1888, найменьне їyrowice, t. 14, s. 897_898.

7 Дакуманты ў справе БСРГ, k. 48.

8 Лісты былых жыхароў вёскі Чамяры, а таксама іншая інфармацыя, здабытая падчас падрыхтоўкі нарысу, былі перададзеныя ў CA KC, у асабістую справу М. Бурсевіча № 16121.

9 Дакуманты ў справе БСРГ, k. 47.

10 Гэта вынікае зь лістоў былых жыхароў вёскі Чамяры.

11 Беларуская Савецкая Энцыклапедыя . Мінск, 1970, т. 2, с. 479.

12 Гэта вынікае зь лістоў сына і дачкі, асабістая справа № 16121, CA KC.

13 Прысуд Апэляцыйнага суду // Дакуманты ў справе БСРГ, k.339_347. Са словаў камуністычнага дзеяча са Слонімшчыны А. Багданчу ка быццам вынікала, што кандыдатура Бурсевіча на кіраўніка Цэнтральнага сакратарыяту Грамады абмяркоўвалася партыйным кіраўніцтвам.

14 Камуністычны Саюз моладзі Заходняй Беларусі. — Рэд.

15 У. Палуян, Беларуская ..., с. 84

16 Дакуманты ў справе БСРГ, k. 59.

17 Асабліва ў другой яе частцы Сонца за кратамі . Мінск, 1968.

18 Я. Паўлоўскі. Заходняя Беларусь на лаве падсудных . Менск, 1929, с. 49.

19 Гэтак апісваў тое здарэньне Тарашкевіч у сваёй біяграфіі ў 1933г., CA KC, m/f 1684.

20 Гэта вынікае зь лістоў сям'і і сыходзіцца з апісаньнем М. Машары.

21 Аўтарка мае здымак дачкі з кулончыкам.

22 З аўтабіяграфіі Б. Трашкевіча, op. cit.

23 Революционный путь Западной Белоруссии. Под ред. А. Мацко, В. Самутина. Минск, 1966, с. 311.

24 Дакуманты ў справе БСРГ, s. 20.

25 Антон Луцкевіч падчас сьледзтва распавёў, што ён узяўся за пераклад Новага Запавету, нягледзячы на тое, што сам быў няверучы, бо лічыў, што беларускі народ павінны карыстацца Бібліяй на сваёй уласнай мове. Абвінаваўчы акт, s. 61.

26 Дакуманты ў справе БСРГ, s. 20.

27 Праграма і арганізацыйны статут БСРГ. Вільня, 1926, с. 11 (зваротны пераклад з польскай. — Пер.)

28 Гл. зварот П. Мятлы ў пытаньні забранай у праваслаўных жыхароў Весялушаў царквы. Sprawozdanie stenograficzne z posiedzeń sejmowych RP, okres I, posiedzenie nr 121, s. 32_34.

29 Як вынікае з паказаньняў А. Каўша, які да арышту актыўна працаваў на карысьць Грамады, такіх праваслаўных сьвятароў было даволі шмат. Абвінаваўчы акт, s. 58_59.

30 Ibid., s. 20.

31 Пятроўскі Я. Старажытная грэцкая клясыка: (у межах нашае супольнасьці). 2-е выд., Гэйнсвільл (Флярыда), ЗША, 1979.

32 Ліст Яна Пятроўскага да аўтара ад 22 сьнежня 1979 г., ЦК ПАРП, асабістая справа М. Бурсевіча № 1621.

33 Як вынікае зь лістоў сям'і, асабліва ад 10 чэрвеня 1979 г., а таксама 25 лютага 1980 г., ibid.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Максім Бурсевіч


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.