Арганізацыя дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ у 15 ст.

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Арганізацыя дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ у 15 ст.. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-21

Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы.

Кіраўніком дзяржавы быў вялікі князь (гаспадар), у большасці часу ён з'яўляўся адначасова каралём Польшчы. Вялікі князь з'яўляўся таксама суддзёй, адміністратарам, галоўнакамандуючым узброеных сіл краіны. Галоўным яго абавязкам была абарона ўласнасці і тэрыторыі гаспадарства. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, ён прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнымі маёнткамі. Яму належала права заканадаўчай ініцыятывы і за яго подпісам выдаваліся ўсе найважнейшыя заканадаўчыя акты.

Вялікі князь выбіраўся з прадстаўнікоў дома Гедымінавічаў (пазней Ягайлавічаў, ці Ягелонаў) напачатку вузкім колам найважнейшых саноўнікаў, а з канца XV ст. - вальным (агульным) соймам з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель. Інагурацыя (узвядзенне на пасаду, каранацыя) вялікіх князёў адбывалася ў Вільні, у касцёле святога Станіслава. На галаву новаабранага гаспадара ўскладалася мітра Гедыміна, а потым маршалак земскі ўручаў яму меч і скіпетр.

Ажыццяўляў свае паўнамоцтвы вялікі князь не аднаасобна, а з удзелам Рады, сойма і службовых асоб вярхоўнага кіравання. «Таким чынам, улада гаспадара, не была абсалютнай, яна была абмежавана Радай, у склад якой уваходзілі вярхі класа феадалаў. Акрамя таго, улада манарха абмяжоўвалася соймам, дзе былі прадстаўнікі і павятовай шляхты» [1, С. 48].

Спачатку Рада была дарадчым органам пры князю і назначалася гаспадаром па яго ўласным выбары. Паступова значэнне і моц Рады раслі, і яна замест дарадчай установы пры вялікім князю зрабілася кіруючым органам, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Яна стала пастаянным выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць у ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, самыя важныя службовыя асобы цэнтральнага ўпраўлення (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, і інш.) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Раней у склад Рады ўваходзілі выключна католікі, але к пачатку XVI ст. сярод іх былі ўжо і праваслаўныя.

Рада вырашала пытанні абароны дзяржавы, міжнародных адносін, бягучага кіравання, фінансавай дзейнасці, назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Толькі з удзелам Рады рыхтаваліся і прымаліся новыя заканадаўчыя акты, выдаваліся граматы і прывілеі. Рашэнні, прынятыя з удзелам Рады, не маглі быць зменены або адменены аднаасобна вялікім князем.

Уся Рада збіралася эпізадычна, некалькі разоў у год, і разбірала толькі важныя справы. А ўсю бягучую работу па кіраванню дзяржаўнымі справамі ад імя Рады выконвала Найвышэйшая, або Тайная Рада, у якую ўваходзілі ваяводы, каштэляны, канцлер, гетман, маршалак земскі. Прававое становішча Рады было замацавана ў агульназемскіх прывілеях 1492 і 1506 гг.

У сваёй дзейнасці Рада вымушана была ўлічваць палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама знешнепалітычную абстаноўку. Усё гэта прымушала яе дзейнічаць з пэўнай аглядкай і даволі часта склікаць агульнадзяржаўныя соймы, каб заручыцца падтрымкай усяго саслоўя шляхты.

Агульнадзяржаўны (вальны) сойм меў важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. На яго пасяджэнні запрашаліся ўсе буйныя феадалы, што ўваходзілі ў склад Рады, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання, вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама дэпутаты ад шляхты. Усе шляхцічы мелі права з'яўляцца на соймы, але, паколькі яны ўхіляліся ад яўкі, у 1512 г. быў прыняты закон, паводле якога павятовай шляхтай выбіраліся па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Іншыя пласты насельніцтва сваіх прадстаўнікоў на сойме не мелі. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Ён быў форумам вострай палітычнай барацьбы, абмяжоўваў уладу вялікага князя і, часткова, Рады. Інстытут вальных соймаў дазваляў сярэдняй і дробнай шляхце прымаць удзел у палітычным жыцці краіны.

Вышэйшымі службовым асобамі ў дзяржаве былі маршалак земскі, гетман, канцлер і падскарбій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады на гэтых пасяджэннях, быў даглядчыкам за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме.

Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы, калі на чале іх не стаў сам вялікі князь. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы адносна ўсіх падначаленых асоб, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман польны, той, хто ўзначальваў войска ў находзе.

У войску знаходзіліся земскі харужы з земскай харугвай (сцягам). Ён узначальваў прыватныя і павятовыя харугвы, што далучаліся да гетманскага войска. Існавала пасада дворнага харужага, які захоўваў сцяг пры вялікім князю і камандаваў атрадам дваран.

Канцлер кіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакўментаў з дзяржаўнай канцылярыі. У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, ён падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яго намеснікам быў падканцлер, які пры адсутнасці канцлера выконваў яго абавязкі. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на беларускай мове (з 1696 г. - на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай.

Падскарбій земскі быў даглядчыкам дзяржаўнай казны і выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў. Яго намеснік - падскарбій дворны адказваў за грашовыя і матэрыяльныя сродкі, што ішлі на патрэбы гаспадарскага двара.

На ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве прызначаліся толькі буйныя феадалы некаторых найбольш знатных фамілій, толькі ўраджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны вопыт дзяржаўнай службы. Усе пасады даваліся пажыццёва, і ні гаспадар, ні Рада не мелі права без віны адабраць іх.

«Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным. Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Навагародскае) у першай палове XVI ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя - у паветы, а такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя іншыя, заставаліся княствамі. Асаблівае кіраванне было ў гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права» [4, С. 50-51].

Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Пры назначэнні ваяводы ў Полацкае і Віцебскае ваяводствы вялікаму князю і Радзе неабходна было заручыцца згодаю мясцовых феадалаў прыняць кандыдата на пасаду ваяводы. Аднак і пасля назначэння ваяводы феадалы гэтых зямель мелі права патрабаваць яго зняцця. Асноўныя абавязкі ваяводы заключаліся ў падтрыманні правапарадку на сваёй тэрыторыі, кіраўніцтве выкарыстаннем усіх крыніц дзяржаўных і вялікакняжацкіх даходаў, арганізацыі ўзброеных сіл ваяводства, выкананні правасуддзя. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і быў абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях сойма.

Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян - па ваенных справах; падваявода - па адміністрацыйна-судовых; ключнік - наглядаў за зборам даніны і чыншаў; гараднічы - камендант замка, які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні.

Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў староста. Назначаўся ён, як і ваявода, гаспадаром і Радай з ліку буйных феадалаў. Гэтая пасада вельмі часта разглядалася як дадатковая крыніца даходаў радных паноў, а павіннасці, звязаныя з пасадай, выконваў яго намеснік - падстароста. Прававое становішча старосты залежала ад павета, які ён узначальваў, і ад таго, хто гэту пасаду займаў, ад яго сувязяў і паходжання.

Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за парадкам на падведамнай тэрыторыі, наглядаў за гаспадаркай дзяржаўных маёнткаў і за паступленнем дзяржаўных даходаў, клапаціўся пра баявую гатоўнасць замкаў, збіраў апалчэнне ў выпадку ваеннай небяспекі, разглядаў крымінальныя і ваенныя справы, сачыў за выкананнем судовых рашэнняў.

У павеце захоўваліся таксама старыя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, цівуна, харужага - павятовага сцяганосца, які збіраў усіх ваеннаабавязаных людзей павета ў выпадку ваеннай небяспекі.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета. Тут абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод або нават некалькі разоў на год у павятовым цэнтры. Старшынстваваў на сойміку або найбольш высокі па пасадзе пан, або павятовы маршалак.

На павятовых сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся для іх інструкцыі і наказы, а таксама хадайніцтвы і просьбы да ўрада, заслухоўваліся справаздачы і інфармацыі аб соймах, выбіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета. Пры дапамозе соймікаў павятовая шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі органамі.

Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання былі дзяржаўцы (спачатку яны называліся цівунамі), якім даваліся ў часовае кіраванне і ўладанне двары, замкі і фальваркі (дзяржаўныя маёнткі). Яны наглядалі за гаспадаркай у маёнтках, атрымлівалі з яго частку або ўсе даходы і адначасова кіравалі ім. Яны мелі права судзіць падуладных ім простых людзей. Для нагляду над сялянамі старосты і дзяржаўцы назначалі соцкіх, дзесяцкіх, сельскіх войтаў, сарочнікаў, якія сачылі за парадкам у вёсках і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі.

«Увесь апарат улады і кіравання ад вялікага князя да цівуна і дзесяцкага дзейнічаў выключна ў інтарэсах класа феадалаў, які складаў прыкладна 10% насельніцтва краіны, забяспечваў яго эканамічныя, палітычныя і асабістыя правы і ўладу над астатнім насельніцтвам» .

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Арганізацыя дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ у 15 ст.


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.