Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-18

Першага красавіка 1992 года прэзідыумам Гарадзенскага абласнога суда разглядаліся заявы грамадзян Кожыча М. І. і Рамановіча К. Я. з просьбай аб рэабілітацыі як былых палітвязняў “самай вольнай у свеце краіны”.

Асуджаны яны былі прысудам ваеннага трыбунала войскаў МУС тагачаснай Баранавіцкай вобласці ў жніўні 1947 года за ўдзел у “антысавецкай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі, прымалі актыўны ўдзел у праводзімых пасяджэннях, з'яўляліся членамі аргкамітэту, распрацоўвалі праграму контррэвалюцыйных дзеянняў” і г. д. У выніку былы франтавік, 19-гадовы Міхась Кожыч “па сукупнасці злачынстваў” атрымаў 10 год, Кастусь Рамановіч, які толькі год таму вярнуўся з ГУЛАГа, дзе адбываў пакаранне за членства ў Саюзе беларускай моладзі, — 10 год пазбаўленьня волі і 5 год паражэння ў правах.

Прайшоўшы лагерныя пакуты і прадыўшы жыццё з кляймом “контрыкаў”, абодва старых чалавекі, якія дагэтуль захавалі мару аб незалежнасці сваёй краіны, паспрабавалі дабіцца рэабілітацыі. Ім у ёй было адмоўлена. Падстава: “сведчаннямі Кожыча, Рамановіча і іншых асоб, асуджаныхпа гэтай справе, вызначана, што ў лістападзе 1946 года па ініцыятыве Генадзя Козака быў створаны камітэт Саюза вызвалення Беларусі (СВБ), які ставіў мэтай аддзяленне Беларусі ад СССР і стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы. Членамі камітэту з'яўляліся Кожыч і Рамановіч. Кожыч меў мянушку “Дубовы” і ўзначальваў арганізацыйны аддзел, а Рамановіч пад мянушкай “Сокал” узначальваў фінансавы аддзел...”

...Роўна 50 гадоў аддзяляюць ад змрочнай, у дыме і попеле, восені 47-га. Кажуць, зброі тады навокал было хоць пруд прудзі. Чатырохгадовая акупацыйная зіма абарвалася вызваленнем і чаканнем чагосьці трывожнага, а чаго — наўрад ці каму было зразумела. Першы пасляваенны год ішоў крокамі цяжкай безнадзейнасці і, падавалася, назаўсёды знішчаў надзею на нейкае іншае вызваленне, вызваленне ад галечы, бяспраўя, ад няспыннага прыніжэння і страху. У рускамоўных школах беларускія “акупацыйныя” дзеці вучылі яшчэ адну іншую мову і чыталі толькі што створаную “Маладую гвардыю” Фадзеева, а навучэнцы Наваградскай вячэрняй школы стваралі паўдзіцячую падпольную арганізацыю, якая ставіла мэтай вызваленне ад сталінскай дыктатуры. Потым шмат хто здзіўляўся: няўжо ў страшныя тыя гады былі людзі, што паўставалі супраць рэжыму, з якіх нават вайна не вытравіла пачуцця адказнасці за сваю, менавіта сваю Радзіму?

На зямлі, дзе нараджалася беларуская дзяржаўнасць, у год 1946 дзесяцікласнікі вячэрняй школы рабочай моладзі стваралі “падпольную арганізацыю”, як пройдзе яна ў пратаколах следчых НКУС, наўрадці ведаючы, што пад такой назвай 19 год таму існавала патрыятычная арганізацыя В. Ластоўскага, якой ён кіраваў да самага арышту. Праз 19 год узышоў расток, кінуты ў беларускую глебу. У арганізацыйны камітэт увайшлі Генадзь Козак, Міхась Кожыч, Пятрусь Дземянчук, Алесь Усюкевіч, Кастусь Рамановіч.

Са сведчанняў былога суддзі Гарадзенскага аблсуда І. Енка, які меў дачыненне да дадзенай справы: “Боьшасць асуджаных — зусім маладыя хлопцы, якія нарадзіліся ў другой палове 20-х у часы панскай Польшчы. Вучыліся, шмат хто працаваў, настаўнічалі. Не выклікала сумнення іх адукаванасць, цяга да роднага слова, веданне гісторыі Беларусі, а таксама і беднасць, якая даходзіла да галечы”.

Некаторыя з СВБ-цаў паспелі паваяваць супраць немцаў, нават мелі ўрадавыя ўзнагароды. Генадзь Козак у свой час быў вывезены ў Нямеччыну, там нейкі час працаваў на заводзе, уцёк. Пабываў у Аўстрыі і Францыі, меў сувязі з Беларускім швадронам Барыса Рагулі, які дзейнічаў у акупацыі. Аб ім варта распавесці хаця б коратка, бо прыналежнасць да яго таксама шмат год ставілася ў віну некаторым удзельнікам СВБ.

Аб падзеях акупацыйнага перыяду распавядае М. І. Кожыч, які прайшоў усе колы пекла і дагэтуль жыве ў Навагрудку: “Шмат настаўнікаў засталося на Наваградчыне, якія працавалі тут яшчэ пры Польшчы, атрымлівалі адукацыю ў беларускіх гімназіях у Наваградку і Вільні. Застаўшыся ў акупацыі, у 1943 годзе [праўдападобна, памылка, бо школы пачалі адчыняцца ўжо ўвосень 1941 г. — Заўвага рэд. “БР”] яны сталі дабівацца адкрыцця школ у вёсках, дзе было шмат моладзі, бо не хацелі, каб жыццё яе прайшло ў невуцтве, а чым усё скончыцца — ніхто не ведаў. Удалося ўлады ўгаварыць, адкрыліся школы ў Наваградку, у Любчы, яшчэ ў некалькіх месцах. Мэта — выкласці асноўныя дысцыпліны: мову, гісторыю, арыфметыку. Паколькі настаўнікаў было мала, дазволілі шасцімесячныя настаўніцкія курсы. Пайшла на іх моладзь, якая пры Савецкай уладзе паспела набыць амаль што сярэднюю адукацыю, а пасля яе паслалі па вёсках вучыць чытаць-пісаць, прычым старыя настаўнікі строга наказвалі: у палітыку не лезці. Палітыку забаранілі катэгарычна, бо нікому не верылі і дзяцей блытаць у яе не хацелі. Таксама спадзяваліся на тое, што дазволяць у Наваградку прагімназію і семінарыю. Арганізатарамі школ былі старыя настаўнікі Пётр Скрабец, браты Плескачы, Мікалай Гутар, Аляксандр Орса. Потым, пасля вызвалення, іх усіх рэпрэсіравалі, і жывымі з іх ніхто ўжо не вярнуўся, бо пажылыя ўжо былі. Яны казалі заўсёды: “Немцы — ворагі, але і савецкай прапаганды не трэба”. Да школы прэтэнзій не было ні ў каго, немцы наогул ніколі не заходзілі, партызаны часам наведвалі, сядзелі на ўроках, здаралася, глядзелі, ці няма прапаганды. Настаўнічаць мне пасля курсаў (а вучылася нас на іх чалавек 300, кожны раз усёй грамадой, як ідзём праз вёскі з песнямі — усе выходзяць сустракаць, а мы ім — “нічога, хутка вось армію сваю зробім”) давялося ў роднай сваёй вёсцы Паўбераг. Там вучыўся сам пры Польшчы ў 4-класнай школе, мы зрабілі сямігодку. Яе партызаны ў 1944-м спалілі. Падстава — быццам бы ў будынку яе хацелі змясціць нешта для паліцыі, вось і спалілі тры школьных дома, хаця нічога такога мы не чулі. Наш хутар стаяў каля лесу, часта партызаны да нас прыходзілі, мы з бацькамі дапамагалі ім. Яны мяне і папярэдзілі, што будуць паліць школу. Я ў іх спытаў: “Што ж мне, з вамі ісці?” — “Не, ідзі ў горад працаваць, толькі зброю ў рукі не бяры”.

Я і пайшоў. Там ізноў убачыў Барыса Рагулю. Той з'явіўся ў нас на пачатку вайны, ён быў з вельмі адукаванай сям'і, дзядзька ягоны быў дэпутатам Польскага сейма. Афіцэрам служыў ён у польскай арміі, трапіў з пачатку Другой сусветнай вайны ў палон да немцаў і ўцёк адтуль толькі на трэці раз. Вярнуўся сюды яшчэ пры Саветах, пайшоў выкладаць у школу гімнастыку і нямецкую мову. Быў вельмі адукаваны чалавек, нягледзячы на маладосьць. Але нехта данёс, што быў ён у палоне, і забралі яго ў Мінск, у турму, што ў народзе звалі “амерыканкай”. Там яго заспела вайна. Перад адступленнем вывялі ўсіх “зэкаў” на двор, сталі пытацца, па якому артыкулу. Акадэмікі, вучоныя, што па 58-му, праўду сказалі, іх тут жа ў двары і расстралялі, а Барыс сказаў: за тое, што на лесанарыхтоўках не працаваў. Яго далучылі да “бытавікоў”, пагрузілі на машыну і кудысьці павезлі. Па дарозе наляцелі самалёты, пачалася бамбёжка. “Попкі”-вартаўнікі павыскоквалі і хавацца, Барыс “зэкам” таксама загадаў: класціся на зямлю, а потым яны проста пабеглі да лесу, пакуль бамбёжка ішла. Каго пазабівала, а Барыс уцёк, зноў сюды вярнуўся, пайшоў настаўнічаць, і ў хуткім часе арганізаваў з вучняў Беларускі швадрон. Мэта была — кавалерыя, хоць і з дазволу немцаў, але Барысу галоўнае было ўзяць зброю, а там глядзець, што з ёй рабіць. Ніхто ніколі не паскардзіўся, што хоць аднаму чалавеку дрэнна зрабілі. Наадварот, усе, хто тут былі — і ўласаўцы, і казакі, і эстонцы — усе ставіліся да нас як да варожага камуністычнага насельніцтва, таму швадрон быў — адна абарона. З партызанамі добрыя стасункі ў Рагулі былі. Неяк аднойчы ўсім швадронам яны праехалі ўсімі партызанскімі тропамі, да тых завіталі. Перад самым вызваленнем партызаны казалі: “Ты, Барыс, дрэннага нічога не зрабіў, але цябе нічога не выратуе, таму лепш з'язджай”. Ён і з'ехаў — перабраўся праз Віслу, скінуў форму і пайшоў жыць далей. Зараз — прафесар у Канадзе.

Я ж у швадроне не быў, хоць Барыс і клікаў мяне, працаваў у Наваградскай паліклініцы ў рэгістратуры. Пасля вызвалення вярнуўся зноў у вёску. Партызаны, што зараз уладу ўзялі, прапаноўвалі зноў ісці настаўнічаць, але парыў быў у мяне — пайсці на фронт, адпомсціць за брата”.

На фронце Міхась Кожыч стаў мінёрам 5-й Ударнай арміі, змагаўся на Вісленскім плацдарме, фарсіраваў Одэр, дзе быў цяжка паранены, нават пахаванка дахаты прыйшла. А далей, бадзяючыся па шпіталях, пабачыў усю Германію і Польшчу, зруйнаваны, знявечаны кавалак Еўропы, дзе нават у такіх умовах людзі жылі непараўнальна лепш з краінай Саветаў.

У шматлікіх былых франтавікоў, якія таксама прайшлі Еўропу і зараз разам з Міхасём сталі працягваць перарваную на 5 год адукацыю ў вячэрняй школе, уражанні былі такімі ж горкімі. Пераможцы зноў сталі жабракамі. Да таго ж пайшлі чуткі, што зноў будуць арганізоўвацца калгасы, чым сяляне былі моцна незадаволены. У Заходняй Беларусі да вайны стварыць калгасы не паспелі, але пасля вайны на захад пацягнулася людская безліч з Усходняй Беларусі, дзе лютаваў “калгасны” голад, што прымушаў ехаць у заходнія вёскі мяняць на бульбу апошнюю падраную вопратку. Там, на ўсходзе, людзей нішчылі за каласкі, і тут аб гэтым ужо ведалі.

Не падабалася тое, што вучоба ў школе пачалася па-расійску. Вучням, прыйшоўшым з “акупацыйных” школ, гэта было вельмі цяжка. А хлопцам, прыйшоўшым з Еўропы, незразумела было, чаму ўлады не ведаюць літасьці да тых, хто добра гаворыць на заходні строй. Арганізаваны Г. Козакам, М. Кожычам, былым удзельнікам Беларускай краявой абароны Міхасём Капціловічам, таленавітым і ўжо вядомым сярод моладзі юным паэтам Самсонам Пярловічам СВБ праіснаваў паўгода. Іх мара — незалежная беларуская дзяржава — была на той час утапічнай, але абуджаныя ў школах, дзякуючы настаўнікам, пачуцці патрабавалі выйсця. Да таго ж — і гэта ледзь не галоўнае — прайшло вельмі мала часу, каб пачалі адыходзіць у нябыт успаміны аб рэпрэсаваных настаўніках, “рагулёўцах”, СБМ-цах, якімі былі амаль усе школьнікі. Ядром сталі франтавікі, якія не маглі дараваць Саветам яшчэ і таго, што пасля 1944-га на салдат, узятых з акупаваных тэрыторый, глядзелі як на ворагаў і першымі кідалі пад кулі.

...Далей прапаганды беларускай гісторыі і антысавецкіх поглядаў справа не пайшла і пайсці не магла. Што маглі зрабіць два дзесяткі юнакоў супраць дзяржаўнага монстра? Але следчыя атрымалі прэміяльныя за раскрыццё “супер-падполля”, таму што меліся ўсе наяўнасці арганізаванай структуры: аргкамітэт, упаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах, сяброўскія складкі, пячатка з выявай Пагоні, што асабліва ставілася ў віну. Удзельнікі СВБ старанна захоўвалі пратаколы ўсіх сваіх пасяджэнняў, таму недахопу ў “доказах” не было. Пры допытах некаторыя з іх да таго ж не хавалі, што не выключаюць шляху ўзброенай барацьбы, хаця наўрад ці маглі канкрэтна яго сабе ўявіць. Пры вобыску таксама было знойдзена некалькі пісталетаў, што пагоршыла справы хлопцаў. Гэта зброя падштурхнула абвінаваціць іх у сувязях са спецслужбамі Амерыкі, хаця знайсці зброю ў той час цяжкасцей не ўяўляла. А паколькі вопыту не было, то ўсю канспірацыю здзіралі з “Маладой гвардыі”. Следчыя абураліся: іх прымусілі кнігу падчас следства прачытаць. Паміж сабой жа хлопцы пазнаёміліся толькі пасля арышту: дагэтуль снавалі “тройкі”.

Здаў іх правакатар, карэспандэнт тагачаснай Баранавіцкай гарадской газеты Бажко. Ён у большай ступені і справакаваў дзейнасць СВБ, даючы загады Г. Козаку, як і што рабіць. Сябе называў пры гэтым кіраўніком баранавіцкага падполля, які быццам бы марыць аб'яднаць усе маладзёжныя групоўкі. Дарэчы, здаў ён сапраўды і баранавіцкую групу “Чайка”, якая існавала з тымі ж памкненнямі, што і СВБ.

...30 мая 1947 года ў дзве гадзіны ночы салдатамі і людзьмі ў цывільным была акружана кватэра, дзе жылі М. Кожыч, П. Дземянчук і А. Усюкевіч. У дзверы ўварваліся чалавек дзесяць і паставілі ўсіх да сцяны. Пачалі вобыск, знайшлі ад рукі напісаную праграму арганізацыі. Надзелі наручнікі і па аднаму ў суправаджэнні двух цывільных і двух аўтаматчыкаў пацягнулі ў памяшканне МГБ. Тут ужо былі Г. Козак, К. Рамановіч і незнаёмыя хлопцы. А праз некалькі гадзін пад канвоем аўтаматчыкаў усіх вязлі ў Баранавічы, у “Крывое кола” — самую жудасную сталінскую турму на Беларусі. “Ну што, забойцы?” — так іх сустрэлі.

Пасаджаных па адзіночках юнакоў выклікалі на допыты па начах, не даючы спаць удзень. Прызнанні ў супрацоўніцтве з Амерыкай, падрыхтоўцы забойства Сталіна і Цанавы выбіваліся жорстка. Адразу растлумачылі: з “Крывога кола” шлях вядзе толькі па этапах у лагеры. Інакш быць не магло.

Падчас працэсу ўдзельнікі СВБ ад адваката адмовіліся. Прызналі толькі праграму, агітацыю, пошук новых членаў. Але пасля суда, апынуўшыся нарэшце разам, павесялелі, пачалі спяваць. Тэрміны атрымалі ад 8 да 25 год. Г. Козак і яшчэ некалькі чалавек памерлі на этапах. Астатнія, прайшоўшы сібірскія лагеры, працавалі ў Казахстане, атрымаўшы паражэньне ў правах. Потым пражылі ўсё астатняе жыццё з кляймом здраднікаў, увесь час адчуваючы насцярожанае стаўленне да сябе. Таму не ўсе рызыкнулі вярнуцца на Беларусь. І ўдвая здзіўляльная адданасць гэтых людзей, якім засталася толькі безабароннасць старасці, справе беларускага адраджэння, у якой яны па-ранейшаму нікому не саступаюць свайго месца. Наступным пакаленням, нажаль, гэта часам падаецца незразумелым.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.