Саюз Вызваленьня Беларусі.Злачынцы ці гэроі?

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Саюз Вызваленьня Беларусі.Злачынцы ці гэроі?. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-18

Слова “ахвяры” вельмі трапна характэрызуе эпоху, таму што падразумявае таксама існаваньне і катаў. І ці магчыма сёньня вызначыць той кошт, якім належыць кампэнсаваць пакуты людзей, большасьць зь якіх ужо спачывае ў нашай гаротнай зямлі? Жывым жа хоць перад сконам неабходна даказаць сваю нявінаватасьць. І ходзяць людзі па чыноўніцкіх габінэтах... Справядлівасьць вяртаецца цяжка.

Цяпер, калі імкліва адбываецца пераасэнсаваньне шмат якіх гістарычных фактаў і ўчынкаў канкрэтных людзей, наша мысьленьне павінна быць абсалютна цьвярозым. Мяне, як юрыста, асабліва хвалюе стан сучаснай прававой думкі, якая на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў абапіралася на пануючыя паўсюдна ідэалягічныя догмы.

Вярхоўны суд Беларусі і вабласныя суды рэспублікі, акрамя сваёй звычайнай работы па разгляду крымінальных і грамадзянскіх спраў, займаюцца пытаньнямі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Пасьля азнаямленьня зь вялікай колькасьцю так званых “контррэвалюцыйных” спраў даведваешся, напрыклад, што сьледчым НКУС заробак налічвалі ў залежнасьці ад вызначаных нормаў “выпрацоўкі”. За што толькі не судзілі па сутнасьці безабаронных людзей! Напаўпісьменныя маладыя лейтэнанты і нават сяржанты дзяржбясьпекі на некалькіх аркушыках паперы адназначна вырашалі лёс вучонага і калгасьніка, юнака і маці маленькіх дзяцей. Суды ж толькі фіксавалі бяз усякага разбору ўжо прадвызначаныя рашэньні.

Гісторыя, аб якой пойдзе гаворка, заснавана цалкам на матэрыялах канкрэтнай судовай справы. Устаноўленым па ёй фактам хочацца выказаць сваю асабістую палітычную і юрыдычную ацэнку...

Наваградчына — неад'емная частка нашай гісторыі. Некаторы час мне давялося там працаваць. Я спазнаў мясцовых людзей — простых і спагадлівых, якімі заўсёды ведаў беларусаў. Сагнутыя пад цяжарам галоў, бабулькі пры ўваходзе ў памяшканьне суда здымалі абутак. Судовыя рашэньні абскарджваліся надзвычай рэдка, што мела яўны кантраст з Гарадзенскім раёнам, дзе я працаваў дагэтуль.

Гара Міндоўга, замчышча, касьцёлы і цэрквы непаўторнай эўрапэйскай архітэктуры, яўрэйская забудова, Любча, Шчорсы, Усялюб, Нянькава і разам зь імі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Уладзіслаў Дыбоўскі, Саламея Русецкая і шмат іншых гістарычных мясьцін і імёнаў. Незвычайная гэта зямля. Менавіта тут усталёўвалася наша дзяржаўнасьць. Нашчадкам ня сорамна за справы, зьдзейсьненыя нашымі славутымі продкамі ў часы Вялікага Княства Літоўскага і пазьней...

У канцы траўня 1947 года сьледчымі аддзеламі УМДБ Баранавіцкай вобласьці была заарыштавана група моладзі, усяго 18 чалавек, якіх абвінавачвалі ў стварэньні антысавецкай падпольнай арганізацыі, што ставіла сваёй канчатковай мэтай — шляхам актыўнай барацьбы з савецкай уладай — утварэньне незалежнай беларускай дзяржавы.

Як вынікае з матэрыялаў справы, гэтая арганізацыя была ўтворана па ініцыятыве Г. Казака. Акрамя апошняга, найбольш актыўнымі яе сябрамі зьяўляліся А. Усюкевіч, К. Рамановіч, М. Кожыч, С. Пярловіч — усе жыхары Наваградка. Праз некалькі месяцаў папярэдняга сьледства вайсковы трыбунал войскаў МУС Баранавіцкай вобласьці выняс прымуд, згодна зь якім усе сябры “Саюза Вызваленьня Беларусі” былі пакараны пазбаўленьнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў лягераў з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі.

На працягу мінуўшых сарака зь лішкам гадоў іх справа неаднаразова пераглядалася ў самыя розныя пэрыяды нашай гісторыі, у тым ліку і сёлета — Гарадзенскім вабласным судом. Асуджаныя і іх родныя атрымлівалі толькі адзін адказ: вінаватыя, таму што зьдзейсьнілі дзяржаўнае злачынства. Як судзьдзя, лічу некарэктным пераацэньваць пастанову Прэзідыума вабласнога суда па гэтай справе. Як прыватная асоба, як навуковец і, нарэшце, як беларус, лічу магчымым прапанаваць свой аналіз сутнасьці абвінавачваньня нашых землякоў.

Зноў вяртаемся ў пасьляваенны час. Большасьць зь ліку асуджаных — гэта зусім яшчэ маладыя хлопцы, якія нарадзіліся пераважна ў другой палове дваццатых гадоў, у часы панскай Польшчы. Як і ўсе, вучыліся, шмат хто працаваў, настаўнічалі. Не выклікае сумненьня іх адукаванасьць, цяга да роднага слова, веданьне гісторыі Беларусі, а таксама і беднасьць, якая даходзіла да галечы.

Па-рознаму склаліся іх лёсы пад час вайны. Усюкевіч, Кожыч, Дземянчук ваявалі супраць немцаў, мелі ўрадавыя ўзнагароды. Казак быў вывезены ў Нямеччыну, дзе нейкі час працаваў на заводзе, а потым уцёк і наладзіў сувязь з кіраўнікамі Беларускага легіёну Б. Рагулем і гэнералам К. Езавітавым, пра лёс якіх нядаўна пісала “Зьвязда”. Дарэчы, Б. Рагуля — ураджэнец былога Любчанскага раёну — цяпер жыве і працуе ў Канадзе, зьяўляецца прафэсарам аднаго з унівэрсітэтаў. Беларускі легіён ня меў намеру ваяваць на баку немцаў, таму і здаўся хаўрусьнікам СССР.

Акрамя Нямеччыны, Г. Казак пабываў у Аўстрыі і Францыі. М. Капціловіч некаторы час быў удзельнікам вайсковага фарміраваньня так званай Беларускай Краёвай Абароны, аб якой мы ведаем толькі па выказваньнях бальшавісцкіх прапагандыстаў. Між іншым, асабіста мне, а таксама маім знаёмым зь ліку сучасных сьледчых КДБ і гісторыкаў невядома ніводнага факта, калі б ад дзеяньняў БКА пацярпелі жыхары Беларусі. Іншая справа — Польская Армія Краёвая, але гэта ўжо асобная тэма.

Немцы пад прымусам прыцягвалі нашых хлопцаў і дзяўчат да ўдзелу ў аблавах на партызанаў. Але гэты ўдзел насіў яўна пасіўны характар, хоць тут варта было б ацэньваць дзеяньні кожнага паасобку. Што датычыць астатніх сябраў “СВБ” (так скарочана называлася арганізацыя), то яны нічым асаблівым не вылучаліся. С. Пярловіч, да прыкладу, настаўнічаў, пісаў нядрэнныя вершы. Адным словам, моладзь уяўляла сабой мясцовую беларускую інтэлігенцыю, якую ў сталінскія часы папросту зьнішчалі.

Адразу зазначу, што створаны па ініцыятыве Г. Казака “Саюз Вызваленьня Беларусі” праіснаваў паўгода. Што канкрэтна ўяўляла гэтая арганізацыя? Як узгадвалася вышэй, канчатковай мэтай яе дзейнасьці ставілася ўтварэньне незалежнай беларускай дзяржавы. Для таго часу гэта мара была неажыцьцявімай і больш стасавалася зь ідэямі утапістаў. Тым ня менш, хлопцы дзеля яе ажыцьцяўленьня вырашылі аб'яднацца.

З пратаколу допыта А. Усюкевіча: “Антысавецкія нацыяналістычныя погляды ўзьніклі ў мяне на глебе перажываемых намі матэрыяльных цяжкасьцей”. Сьледчы запісаў гэтыя словы ў патрэбным гучаньні, але сутнасьці іх заставалася некранутай. Маладыя і адукаваныя беларусы, годныя да любой стваральнай працы, вярнуліся з Эўропы, дзе пабачылі, што, працуючы, можна жыць заможна, але на радзіме такой магчымасьці народ ня меў. Пачыналася калектывізацыя, стала жыць цяжэй, чым пры панскай Польшчы.

Меліся ўсе фармальныя наяўнасьці арганізаванай структуры: аргкамітэт, упаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах, сяброўскія складкі і нават пячатка з выявай “Пагоні”, што ставілася ў віну зь нейкім асаблівым акцэнтам. Як вынікала з праграмных дакумэнтаў, асноўным мэтадам барацьбы за выхад з СССР павінна была быць антысавецкая агітацыя. На допытах хлопцы прызналі, што ня выключалі шлях узброенай барацьбы. Як бы сёньня гэта ня было сьмешна, пры вобыску знайшлі чатыры пісталеты, прывезеныя з фронту, якія адыграі рашаючую ролю ў справе “подпольной националистической повстанческой организации”. Далей прапаганды беларускай гісторыі справа не дайшла і, зразумела, дайсьці не магла, аднак палітычная афарбоўка справе была нададзена.

Турма ў Баранавічах сярод палітычных зьняволеных была вядома пад назвай “Крывое кола”. Асуджаныя неаднаразова ўказвалі ў сваіх скаргах, што ў адносінах да іх выкарытоўваліся недазволеныя мэтады вядзеньня сьледства. Ды што там мэтады! Маршалаў зьбівалі да паўсьмерці, а тут нейкія дзівакі самастойнасьці захацелі.

Я наўмысна не спатыкаўся ні з кім з гэтых людзей, каб максімальна пазьбегнуць суб'ектыўнасьці ў ацэнках. Але ж трэба мець на ўвазе, што і сьледства, і суд спрацавалі па раней прыгатаванай схэме. Сярод прозьвішчаў сьледчых, пракурораў і судзьдзяў я не сустрэў ніводнага беларускага. Хіба хто нам тады спачуваў? Кіраўніцтва на розных узроўнях амаль усё было прыезжым, і прыжылося тут няблага. Іх дзеці і ўнукі сёньня таксама любяць пакіраваць.

Беларусу, як заўсёды, застаецца толькі шчыра працаваць на зямлі. Нават зараз мы яшчэ саромеемся размаўляць на роднай мове, наша моладзь выхавана такім чынам, што яе нічога не цікавіць, акрамя грошаў і сэксу. Мы ж разьлічваем на тое, што менавіта з прыходам маладых таленавітых палітыкаў істотна зьменіцца наша жыцьцё. Адкуль жа яны прыйдуць?

Між іншым, наваградскія хлопцы ўсе свае скаргі пісалі толькі на беларускай мове. Лепшыя гады іх жыцьця прайшлі ў лягерах. За ідэю. Рана ці позна іх рэабілітуюць, і нават больш таго, іх імёны трапяць у падручнікі па гісторыі Беларусі. У рэшце рэшт ня ў гэтым справа. Вельмі горка за свой гаротны народ, пра які так шмат кажуць добрых словаў. Ня хочам мы яго абараніць...

Ня так даўно давялося быць на Ўкраіне. Там былыя сябры Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі, што непадзельна зьвязана зь імем Сцяпана Бандэры, прыроўніваюцца да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Хоць і ня ўсё там адназначна ацэньваецца, але галоўнае тое, што на Ўкраіне за сябе змаглі пастаяць. Дарэчы, і беларусаў там цэняць высока.

У той час, калі мы вельмі рупліва вышукваем састаў злачынства ў дзеяньнях беларускіх патрыётаў, злачыннасьць, самая сапраўдная, разрастаецца ў грамадзтве як гідра. Забойствы і згвалтаваньні, злоўжываньні чыноўнікаў усіх рангаў, карупцыя ў дзяржаўным апараце няўмольна цягнуць нас усё глыбей у яму. Як мне здаецца, кіраўніцтва нашых праваахоўных ворганаў упарта ня хоча гэтага бачыць...

У Наваградку жывуць М. Кожыч і С. Пярловіч, у Пінску — К. Рамановіч, пра іншых мне нічога невядома.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Саюз Вызваленьня Беларусі.Злачынцы ці гэроі?


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.