© Доктар Скарына ў Маскве

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему © Доктар Скарына ў Маскве. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-31
Источник: Сымон Брага. Доктар Скарына ў Маскве. Менск, Навука і тэхніка, 1993.

Сымон Брага

Доктар Скарына ў Маскве

«АСАБЛІВА ЦІКАВАЕ ДАСЬЛЕДВАНЬНЕ»


Сымон Брага - псэўданім беларускага эміграцыйнага гісторыка Вітаўта Тумаша. У Беларусі яго мала хто ведае, хоць багаты сьпіс працаў дасьледніка складаюць цікавыя публікацыі і пра паходжаньне назову «Белая Русь», і пра кнігадрукаваньне ў Беларусі ХVІ стагодзьдзя, асабліва пра жыцьцё і дзейнасьць Франьцішка Скарыны. У галіне скарыназнаўства доктар Вітаўт Тумаш увогуле належыць да ліку найбольш дасьведчаных спэцыялістаў з важкай гістарыяграфічнай спадчынай. Пачынаючы з 50-х гадоў у перыодычных выданьнях беларускай эміграцыі (перадусім «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва) адна за другой пабачылі сьвет больш за сорак ягоных публікацыяў, прысьвечаных славутаму першадрукару. Менавіта ён першы пачаў ствараць бібліяграфічны даведнік выданьняў Скарыны ды скарыназнаўчай літаратуры і нарэшце ў 1989 годзе ў ЗША ў беларускай друкарні Міколы Прускага выйшла кніга В.Тумаша «Пяць Стагодзьдзяў Скарыніяны» - найгрунтоўнейшы даведнік па выданьнях Скарыны, публікацыях дакументаў зь яго жыцьця і дзейнасьці ды скарыназнаўчых дасьледваньнях. Кніга годна вяршыла 40-гадовую працу гісторыка. На прэзэнтацыйнай вечарыне ў Ню-Ёрку аўтар прымаў шматлікія віншаваньні ад калегаў з Канады, Нямеччыны, Ангельшчыны, Аўстраліі ды нарэшце з роднай Беларусі.


Вось жа ў падсавецкай Беларусі імя Вітаўта Тумаша ды ягоныя працы старанна замоўчваліся. Дзіўна, але нават вучоныя-скарыназнаўцы тут рабілі выгляд, што проста ня ведаюць яго. Гэтак, ні ў энцыклёпэдычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988), ні ў спэцыяльных акадэмічных выданьнях, падрыхтаваных паводле праграмы, прысьвечанай 500-й гадавіне Франьцішка Скарыны, эміграцыйны гісторык нават не ўзгаданы. Выняткам, праўда, былі кнігі расейскага скарыназнаўцы Я.Неміроўскага, што выйшлі ў беларускіх выдавецтвах, аднак той абавязкова напачатку пісаў пра «нацыяналістычныя» і «антысавецкія» пазіцыі Тумаша ды, відаць зыходзячы з гэтага, - пра нізкае навуковае значэньне працаў гэтага дасьледніка. Характэрна, што свой прынцып ацэнкі несавецкай гістарыяграфіі Я.Неміроўскі ясна сфармуляваў яшчэ ў 1978 годзе ў складзенай ім бібліяграфіі па скарыназнаўстве: «Мы лічылі патрэбным адмовіцца ад вопісу паклёпніцкіх у сваёй большасці артыкулаў і зацемак у эмігранцкім друку»...


Шкада, што некаторыя вучоныя вось гэтак «палемізуюць» са сваімі апанентамі, з палітычных матываў нават не ўлучаючы іх працы ў даведнікі, карыстаючыся далёка не навуковымі азначэньнямі. У навуцы ж могуць мець вагу толькі навуковыя аргументы, а не палітычная прыналежнасьць аўтараў.


Адмаўляцца ад скарыназнаўчае спадчыны беларускага эміграцыйнага гісторыка ніяк не выпадае. Апрача грунтоўнай «Скарыніяны», якая абыймае больш за дзьве з паловаю тысячы пазыцыяў, у ягоных публікацыях выказана шмат арыгінальных і каштоўных меркаваньняў. Кепска, што ў Беларусі іх ня ведалі ці рабілі выгляд, што ня ведаюць. Доктар Тумаш, у прыватнасьці, актыўна ўздымаў праблему сапраўднага імя першадрукара і тым часам, калі тут імкнуліся сьцьвердзіць «Георгія», даводзіў, што гэта выдумка, што Скарына зваўся толькі Франьцішкам. Ён першы пачаў пісаць, што ў Вільні Скарына выкарыстоўваў нюрнбэргскія дрэварыты, што прататыпам Скарынавай гравюры з «Кнігі Быцьця» 1519 году быў «Апакаліпсіс» Альбрэхта Дзюрэра, апісаў выяўлены ў Любляне паасобнік «Малой падарожнай кніжкі». (Усё гэта нядаўна прызнаў Я.Неміроўскі ў рэцэнзіі на «Пяць Стагодзьдзяў Скарыніяны».) Ім жа ўпершыню была распрацаваная версія пра маскоўскі пэрыод у жыцьці Скарыны, якая й цяпер ня страціла свае каштоўнасьці, але пра гэта ў нас маўчаць.
Невялікі артыкул «Доктар Скарына ў Маскве» быў напісаны ў 1962 годзе і праз год выйшаў у Мюнхэне ў 2-м нумары «Запісаў» БІНІМ. Бяручы за аснову дыплёматычны дакумент з узгадкай пра спаленьне кнігаў у Маскве ў часе Жыгімонта Старога, апублікаваны яшчэ ў 1862 годзе ў Вене аўстрыйскім гісторыкам Я.Фідлерам, а таксама здагадку чэшскага вучонага Я.Пэрвольфа, што гэта маглі быць кнігі Скарыны, з чым згаджаўся і прафэсар Карлава ўнівэрсытэта ў Празе А.Флароўскі, доктар Тумаш паспрабаваў давесьці, што ў Маскву іх вазіў верагодней за ўсё сам беларускі першадрукар. Добра ведаючы прадмет, ён паказаў гістарычна-культурны кантэкст эпохі Скарыны ды зьвярнуў увагу на ўсё тое, што тады адзьдзяляла Беларусь ад Расеі. Сапраўды, гістарычнае разьвіцьцё гэтых дзьвюх краінаў адпачатку пайшло па розных шляхох. Калі ў Беларусі ў Сярэднявеччы сьцьвярджаліся дэмакратычныя формы грамадзкага і палітычнага жыцьця, што выявілася ў трываласьці вечавога ладу, гуманных і перадавых па тым часе нормах права, кадыфікаваных у Статуты, традыцыі рэлігійна-культурнай талеранцыі, дык у Маскоўскай дзяржаве, наадварот, умацоўвалася таталітарная сістэма ўлады, якая не пакідала ніякага мейсца аўтарытэту права, запанавала нецярпімасьць да іншадумства, неправаслаўя. Нават кнігадрукаваньне тут уводзілася дзяржавай у мэтах кантролю над грамадзтвам, кананізацыі слова і думкі, тады як у Вялікім Княстве кнігі друкаваліся дзеля выхаваньня й асьветы люду паспалітага. Аўтар слушна адзначае галоўнае, чым ужо тады Беларусь і Маскоўшчына «розьніліся кардынальна», - мэнтальнасьць народаў, іх «духовую дый культурную існасьць». Прыклады, прыведзеныя ім, сапраўды яскрава сьведчаць, што ў культурна-цывілізацыйным плане гэта былі два розныя сьветы. Калі для Вільні цалкам нармальнай зьявай была прысутнасьць каталікоў і ксяндзоў у праваслаўных брацтвах, дык для Масквы - паленьне заходніх лекараў, асуджэньне запрошанага Максіма Грэка на доўгія гады астрогу за «чары» і «жыдоўскія гарэзіі». Хіба маглі там па-іншаму сустрэць Скарыну, гуманіста і прадстаўніка тыпова эўрапейскае культуры.
Як гісторыку В.Тумашу цяжка закінуць нешта сур'ёзнае. Яго найбольш прынцыповыя, на першы погляд недастаткова аргументаваныя, тэзісы, выказаныя ў гэтым артыкуле, цяпер лёгка пацьвярджаюцца шэрагам новых матэрыялаў. Гэта, у прыватнасці, тычыцца характарыстыкі Беларусі як рэгіёну сінтэзу грэцка-візантыйскіх і заходне-лацінскіх традыцыяў, выказваньня пра канфэсійны «спакой і суладзьдзе» ў Вялікім Княстве да другой паловы ХVІ стагодзьдзя. Асаблівай увагі заслугоўвае, бадай, упершыню ў беларускай гістарыяграфіі сфармуляваная думка пра мясцовыя карані талеранцыі, якая «вырасла із свае радзімае глебы й традыцыяў».
У працу «Доктар Скарына ў Маскве» можна ўнесьці хіба колькі дробных удакладненьняў. Гэтак, віленскі пэрыод дзейнасьці Скарыны пачаўся не з «Апостала» ў 1525 годзе, а выданьнем «Малой падарожнай кніжыцы» на тры гады раней. Гэта было высьветлена ўжо пасьля выхаду працы В.Тумаша. Само выданьне, дарэчы, правільней называць «Малой падарожнай кніжкай», а не «кніжыцай». Аўтар, зразумела ж, перабольшвае, калі піша, што ў 1550-х гадох паны-рада Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасьці Радзівілы, былі «найбольш уплывовыя» ў сэнаце. Агульнага сэнату да Люблінскай вуніі наагул не існавала. Не зусім дакладны ён і там, дзе піша, што ў 1520 годзе ваенныя дзеяньні паміж Вялікім Княствам і Масквой ужо спыніліся: таго году ўзімку палкі ваяводы В.Гадунова яшчэ заўзята пустошылі паўночную Беларусь. Аднак усё гэта не кранае сутнасьці дасьледваньня й зусім не зьмяньшае яго каштоўнасьці. Адзначаныя недакладнасьці былі ў значнай ступені абумоўленыя тагачасным роўнем разьвіцьця навукі.
Бадай, першым артыкул «Доктар Скарына ў Маскве» ацаніў выдатны скарыназнавец А.Флароўскі, зь якім В.Тумаш доўгі час ліставаўся. «Мае сьціплыя меркаваньні аб магчымасьці зьвязаць тэкст Фідлера са Скарынам Вы дапоўнілі шэрагам вельмі цікавых здагадак і дапушчэньняў ды стварылі зьмястоўны «маскоўскі эпізод» біяграфіі Скарыны», - напісаў ён беларускаму гісторыку ў 1966 годзе. А праз тры гады ў артыкуле «Скарына і Масква», апублікаваным у Ленінградзе, А.Флароўскі назваў працу В.Тумаша «асабліва цікавым найноўшым дасьледваньнем» у галіне скарыназнаўства ды пагадзіўся з яго асноўнымі тэзісамі. Пражскі прафэсар выказаў адно некалькі перасьцярогаў, сярод якіх галоўным быў сумнеў, ці сапраўды сам Скарына паехаў да Масквы, ці гэта рабіў купец Багдан Онкаў. Аднак В.Тумаш па якім часе яшчэ раз вярнуўся да пытаньня асобы таго, хто езьдзіў у Маскву, і адвёў сумневы: грамата 1553 году дастаткова пэўна кажа, што да Масквы езьдзіў чалавек, «які кнігі Бібліі выдаваў» (гл. «Паленьне кнігаў Скарыны ў Маскве» Сымона Брагі ў «Запісах» БІНІМ за 1974 год). Значыць, версія з купцом тут адпадае.
Усьцешаны падтрымкай такога аўтарытэту ў скарыназнаўстве, як А.Флароўскі, доктар Тумаш спадзяваўся, што «маскоўскі» эпізод з жыцьця і дзейнасьці Скарыны нарэшце возьмуць пад увагу менскія дасьледнікі. Аднак памыліўся. Быццам трыццаць гадоў назад як сам эміграцыйны гісторык, гэтак і ягоныя працы ў Беларусі застаюцца практычна невядомыя. Афіцыйная гістарыяграфія тут іх проста ігнаруе. У акадэмічным выданьні полацкі протагерэй М.Уляхін зноў даводзіць, што сапраўднае імя Скарыны - Георгі, і дактары навук цытуюць яго... У найноўшай кнізе знанага айчыннага скарыназнаўца Г.Галенчанкі «Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (Менск, 1993) нарэшце ўзгаданы шэраг працаў В.Тумаша, але з адпаведнай, далёкай ад праўды характарыстыкай. І хоць аўтар спасылаецца таксама на артыкул «Доктар Скарына ў Маскве», ён нічога не кажа пра асноўную ідэю гэтай працы, пра тое, што менавіта Тумаш абгрунтаваў версію «маскоўскага» эпізоду ў жыцьці Скарыны. Усё гэта, вядома ж, ня робіць гонару нашай афіцыйнай навуцы.
Генадзь Сагановіч


1

Тыповым дзеячом пары эўрапейскага рэнэсансу быў доктар Франьцішак Скарына ня толькі культурнымі зацікаўленьнямі й дзейнасьцяй, але й сваёй ахвотай да падарожнічаньня. Гісторык Міхайла Грушэўскі празваў яго за гэта «вандроўным гуманістым»[1]. У гэтай мянушцы шмат праўды, бо вандроўны нахіл у Скарыны выявіўся навет і ў ягонай выдавецкай працы. Адна із складзеных ім і ў Вільні надрукаваных кнігаў мае гэткі характэрны назоў: «Малая падарожная кніжыца». Задуманая як рэлігійны спадарожнік і практычны даведнік людзям ў дарозе, сваім укладам і зьместам яна нагадвае пашыраны тады на Захадзе тып кнігі Liber viaticus. Выдадзеная зручным малым фарматам, «Падарожная кніжыца» зьмяшчае псалтыр, рэлігійныя сьпевы, малітвы (між імі й малітву за «ў пуць ідучых і па моры плаваючых»), пасхаліі, каляндарны інфарматар зь весткамі пра сьвятцы, пра даўжыню дня й ночы ў розныя поры году, пра гадавы кругаварот сонца праз сузор'і задыяка, пра фазы месяца, «гібель месяцаву» і «зацямненьне сонцава».
Як ягоны жыцьцяпіс паказвае, па сваёй натуры Скарына быў чалавекам энэргічным, станаўкім, рухавым, і праблема адлежнасьці ці прасторы наагул як нейкае перашкоды ягоным задумам і плянам у яго не існавала. Ні далячыня, ні тэрытар'яльныя сувэрэнітэты, ні дзяржаўныя межы выдаўцу «Падарожнае кніжыцы» ня былі замінаю на толькі паважнаю, каб іх варта было браць на ўвагу наагул. У патрэбе карыстаўся ён з адмысловых «дарожных лістоў» - Litterae Passum, - што функцыяй сваёй нагадвалі сучасныя замежныя пашпарты. Копія аднаго такога дарожнага ліста, выстаўленага доктару Скарыне гэрцагам прускім Альбрэхтам, захавалася[2]. Свабодзе Скарынавай вандроўнай рухавасьці спрыяла, напэўна, й ягоная шырокая веда эўрапейскіх моваў.
Паводля сваёй мэнтальнасьці й сувіта дакторскай адукацыі (меў ён два дактараты: навук лекарскіх і філязафічных «навук вызваленых») Скарына пачуваўся поўнапраўным грамадзянінам заходняэўрапейскага цывілізацыйнага сьвету і ў межах гэтага сьвету чуўся ўсюдых дома, а часам - нават і лепш як у сябе дома, на што паказвае хоць-бы факт, што пры канцы свайго жыцьця доктар Скарына асеў у далёкай ад ягонай бацькаўшчыны, хоць і ня чужой яму паводля папярэдняй тамака бытнасьці дый выдавецкай дзейнасьці, чэскай Празе.
Дый у Скарынавай падарожнай рухавасьці выявіўся ня толькі неспакойны, пытлівы дух рэнэсансавае пары. Мела гэтая зьява й свае сацыяльна-эканамічныя карэньні. Скарына паходзіў з бойкага, багатага полацкага купецкага роду, роду, што займаўся гандлем шырокага фінансавага й тэрытар'яльнага размаху. З маскоўскіх актаў ведама, што ўжо бацька Франьцішка, Лукаш Скарына, каля 1492 году меў канфлікт і, відавочна, гандлёвыя дачыненьні з купцамі маскоўскімі[3]. Брат-жа доктара Іван, як сьцьвярджаюць акты, вёў гандлёвыя справы з купцамі Вільні, Рыгі[4], Львова[5], Варшавы[6]. У Гданску жыў Іванаў сын Раман. У Пазнані была гандлёвая база Івана Скарыны з аграмаднымі складамі, у якіх пасьмертным вопісам было сьцьверджана 50.000 скураў. Брату Івану ў Пазнань доктар Скарына дастаўляў у большай колькасьці ліёнскае сукно[7].
Дык род Скарынаў на пачатку ХVІ стагодзьдзя быў увязаны ў шырокі, міжнароднага характару й засягу гандаль, гандаль, што сваімі апэрацыямі ахопліваў колькі краінаў і дзяржаваў цэнтральнае й усходняе Эўропы. Зразумела, што ўдача гэтага гандлю шмат залежыла ня толькі ад купецкае ініцыятывы, але й ад руху, разьездаў. І дзеля гэтага вось падарожнічаньне ў сям'і Скарынаў ня было нейкім нязвычайным, рэдкім здарэньнем, а больш прафэсійнаю радавою традыцыяй дый штодзённаю купецкаю звычкаю. Калі каму патрэбнаю й карыснаю была Скарынава «Малая падарожная кніжыца», дык найперш ягоным суродзічам-купцом, сацыяльна-эканамічнай клясе, зь якое вырас сам Скарына дый да якое належылі бурмістр сталічнага места Вільні Якуб Бабіч і купец-фінансіер Багдан Онкаў-Анкевіч, якія спрыялі Скарыне ў ягонай выдавецкай дзейнасьці «для дабра й пажытку люду паспалітага» ідэйна дый падтрымлівалі яго ў гэтым і маральна, і матар'яльна. Дый хоць доктар Скарына паходзіў сам з сацыяльнага асяродзьдзя, падарожжы ў якім былі надзённаю прафэсійнаю зьяваю, рухавіком ягоных падарожжаў былі не матывы эканамічныя, а культурна-ідэйныя. У краі Захаду малады Скарына кіраваўся ў пошуках вышэйшае, унівэрсытэцкае асьветы й веды. Ягоныя-ж пасьлейшыя пераезды зьвязаныя былі найперш зь дзейнасьцяй, прысьвечанай выдаваньню «люду паспалітаму» кнігаў дый іх пашырэньню.
Далёка няпоўна, усяго толькі эпізадычна раскрыты летапіс жыцьця й дзейнасьці Франьцішка Скарыны, сьцьвярджае пэўную яго бытнасьць - памінаючы Вільню дый родны Полацак - у местах Кракаве дый Пазнані ў Польшчы найменш па два разы, у чэскай Празе найменш двойчы таксама і па разе ў Капэнгазе, італьянскай Падуі, прускім Каралеўцы. Даўжэйшы час адкрытым заставалася пытаньне, ці пад час сваіх жыцьцёвых вандраваньняў доктар Скарына крануў і землі суседняе Вялікаму Княству Літоўскаму Маскоўшчыны. Сама адлегласьць - каля 800 км ад Вільні, а 600 км ад Полацка да Масквы - гэткаму гуманісту-непаседзе пэўне-ж ня мела аніякога значаньня. У сваім жыцьці адбываў ён падарожжы і шмат далейшыя. Сама траса з Полацка да Падуі й назад мае даўжыню каля 3000 км. Дык адлегласьць трэба браць найменш на ўвет разважаючы аб тым: важыўся Скарына наведаць Маскву ці не. Існавалі іншыя й паважныя прычыны, што маглі стрымліваць яго ад такога падарожжа. З другога боку, былі й справы, якія мусілі піхаць яго да таго, каб у Маскву ўсё-ж зазірнуць. Тое й другое ў далейшым тут і разгледзім.

2

На думку аб падарожжы ў Маскоўшчыну Скарыну маглі наводзіць найперш чыста практычныя меркаваньні - спроба знайсьці шырэйшыя рынкі збыту для выдадзеных праваслаўных рэлігійных кнігаў, рынкі, якія паза межамі Вялікага Княства Літоўскага існавалі якраз на ўсходзе. Хоць матывы перакладаў кнігаў Бібліі на беларускую мову й іх друку для «люду паспалітага» у Скарыны былі бясспрэчна патрыятычна-ідэйныя і хоць кнігі былі прызначаныя ў першую чаргу для ягонае-ж бацькаўшчыны Беларусі, тым ня менш яго, як выдаўца, не магло ня цікавіць пытаньне магчымасьці далейшага іх пашырэньня[8], хоць-бы для тога, каб за выручаныя грошы праводзіць далей шырака задуманае выдавецтва, а найперш - давесьці да завяршэньня справу выданьня ўсіх кнігаў перакладзенае ім Бібліі.
Доктару Скарыне магло карціць і выясьніць магчымасьці наладжаньня друкарскае справы ў самой Маскве. Як ведама, з тых ці іншых прычынаў ягонае выдавецтва ў Празе, а пасьлей у Вільні абарвалася. Маскоўскае-ж княства ў Скарынаву пару вырасла ўжо ў вялікую дзяржаву й прастораю, і сваім, блізу вылучна праваслаўным паводля веры, жыхарствам. Маскоўскія князі да пачатку ХVІ стагодзьдзя ня толькі здолелі атрэсьціся ад татарскага ярма, але пасьпелі ўжо самі падбіць Вялікі Ноўгарад (1480 г.), Пскоў (1510 г.) дый захапіць ад Вялікага Княства Літоўскага Смаленск (1514 г.). Дык ня дзіва, калі Скарыне магло выдавацца, што якраз на ўсходзе, у Маскоўшчыне, ляжаць адлогам вялізарныя прасторы для піянерскае культурнае дзейнасьці ў галіне праваслаўнага рэлігійнага друку.
Маглі ў доктара Франьцішка Скарыны паўстаць зацікаўленьні Масквою й як месцам практычнага прытарнаваньня свае мэдычнае прафэсіі. Палажэньнем і працаю ў Вільні Скарына выразна ня быў задаволены й ён шукаў іншага, новага асяродзьдзя для прытарнаваньня свае шырокае веды. Пра гэта нам сьветчыць ягоны выезд вясною 1530 году да Каралеўца дый кароткатрывалы эпізод ягонага тамака прабываньня на двары прускага гэрцага Альбрэхта[9]. Аб гэтым-жа гаворыць і тое, што пазьней доктар Скарына пакінуў Вільню назаўсёды дый асеў на становішчы батаніка-садоўніка караля Фэрдынанда І у чэскай Празе[10]. А.В.Флароўскі дапушчае, што Скарына мог зацікавіцца Масквою й з гандлёвага гледзішча[11], бо-ж сяньня ведама, што, побач лекарскае прафэсіі дый друкарска-выдавецкае справы, у патрэбе ён ня чураўся й свайго радавога занятку - гандлю. Сьветчаць аб гэтым дакумэнты, на якія ў дваццатых гадох гэтага стагодзьдзя натрапіла ў пазнанскіх меставых актах М. Вайцяхоўская. Тамака адзначана, што доктару Скарыне ягоны брат Іван быў вінаваты за дастаўленае ліёнскае сукно 11 коп літоўскіх грошаў[12].
Дык было шмат прычынаў, якія маглі накіроўваць увагу Скарыны да справы падарожжа на ўсход, у Маскоўшчыну. З другога-ж боку, магло паўставаць перад ім і яшчэ больш вельмі паважных засьцярогаў супроць такога падарожжа. Найперш, само асяродзьдзе тагачаснае Маскоўшчыны, што ледзь пасьпела вылузацца з татарскага ярма, было гэтак адрозным ад культурна-духовага жыцьця ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім, што, калі толькі Скарына ўсьведамляў сабе гэта, падарожжа да Масквы яму, гадунцу тагачасных культурна-інтэлектуальных цэнтраў Эўропы, мусіла-б выглядаць вельмі рызыкоўным. Факт сяньня добра ведамы, што шпаркаму тэрытар'яльнаму росту Маскоўскае дзяржавы канца ХV - пачатку ХVІ стагодзьдзяў дый скрысталізаванай ужо тады яе вялікадзяржаўнай мэце стацца «трэйцім Рымам» - зусім «не адказвала нутраное інтэлектуальнае разьвіцьцё, край быў пазбаўлены ўсякае асьветы й сяродкаў да яе... Асьвета народу і ў ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях застаецца на самай прымітыўнай ступені, блізу зусім не існавала». У тагачаснай Маскоўшчыне навет «складаецца перакананьне, што асьвета ня толькі не патрэбная, але можа й пашкодзіць...»[13]
У вадваротнасьць Вялікаму Княству Літоўскаму, якое, асабліва ад пачатку ХVІ стагодзьдзя, знайходзілася ў беспасярэднім жывым засягу культурных працэсаў заходняэўрапейскага цывілізацыйнага кругу, тагачасная Маскоўшчына бытавала й далей паза эўрапейскім духовым сьветам. Як сьцьвярджае чэскі гісторык Пэрвольф, «...да Пётры Вялікага на Маскоўшчыну ўва ўсёй Эўропе глядзелі як на гаспадарства, што стаяла вонках іншых эўрапейскіх дзяржаваў»[14]. І гэтае «вонках» разумелася й палітычна, і культурна. Гэткі пагляд на Маскоўшчыну быў пашыраны найперш у Скарынавую пару, у часы, калі Маскоўскае княства ў кажнай галіне свайго бытаваньня зраджала звычкі, вякамі перанятыя ад татарскага складу й ладу жыцьця.
Яшчэ ў канцы ХV стагодзьдзя аб грубой жорсткасьці маскоўскіх звычаяў трагічна пераканаліся два заходняэўрапейскія лекары. Каля 1485 году ў Маскве знаходзіўся лекар «Немчын Антон», якога маскоўскі князь Іван ІІІ меў быццам у васаблівай пашане. Дый давялося лекару гэтаму лячыць раз татарскага князя Каракучу. Лячэньне не ўдалося, хворы памёр. Князь Іван выдаў тады лекара Каракучаваму сыну. Той хацеў адпусьціць яго за вялікі выкуп. Дый Іван ІІІ на гэта не згадзіўся, а загадаў лекара забіць. У выніку татары завялі Немчына Антона пад Маскварэцкі мост і там, як кажа летапісец, «зарезали ножем как овцу». Прысутнага тады ў Маскве італьянскага інжынера-архітэкта Арыстотэля Фіоровантэ, якога вялікі князь запрасіў для будовы цэркваў і перабудовы Крамля, трагэдыя лекара Антона гэтак напалохала, што той пачаў маліць Івана ІІІ адпусьціць яго назад у Італію. За гэта вялікі князь загадаў схапіць яго дый аграбіць[15]. Падобнае неўзабаве здарылася й зь іншым лекарам. У 1490 годзе захварэў на ламату ў нагах сын вялікага князя, малады вялікі князь Іван. Быў гэтым часам у Маскве лекар «майстра Лявон Жыдовін» з Вэнецыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Майстра Лявон лячыў, як мог - прыкладаў да цела шклянкі з гарачаю вадой, даваў хвораму піць лекі. Дый стан пацыента, заміж лепшаць, горшаў, а хутка ён і памёр. Тады Іван ІІІ загадаў лекара схапіць і кінуць у цямніцу. Калі-ж ад сьмерці князевага сына мінула 40 дзён, майстру Лявона завялі на маскоўскую плошчу Балваноўку й тамака адсеклі яму галаву[16]. Падобныя факты, пэўне-ж, не маглі быць заахвочваючымі для Скарыны, самому лекару, да падарожжа да Масквы. А пра незавідную долю лекараў у Маскве Скарына мог чуць яшчэ ў гады свайго юнацтва ў ня гэтак далёкім ад Масквы Полацку, зь якім, нягледзячы на частыя тады войны Маскоўшчыны зь Вялікім Княствам Літоўскім, усё-ж існавалі гандлёвыя дачыненьні.
Да Скарыны мог дайсьці слых і пра ня менш трагічны лёс і першага ведамага друкара, што адважыўся накіравацца ў Маскоўшчыну. Паводля актавых і летапісных вестак маскоўскіх і нямецкіх, у 1493 годзе паехаў да Масквы, з мэтаю наладзіць тамака друк, ведамы тады любэцкі друкар Баўтрамей Готан. Пра нейкія практычныя вынікі ягоных друкарскіх плянаў у Маскве ў гісторыі няма ніякіх сьлядоў. Але ведама затое, што ўжо праз паўтара года, у годзе 1495, Баўтрамея Готана зьвінавацілі ў гарэзіі, аграбілі й - утапілі[17]. Пра долю лекароў і друкара Готана, трагэдыі якіх разыгрываліся ў Маскве яшчэ ў гады Скарынавага маленства, мог ён ведаць, мог і не. Але мусіў ён чуць і знаць пра іншыя, пазьнейшыя факты яскравае неталяранцыі й грубое жорсткасьці, якіх дазналі ў Маскве чужынцы ўжо ў пару Скарынавае сталасьці дый ягонае бытнасьці ў Вільні.
У Маскве ў тую пару ня было нікога, хто-б разумеў пагрэцку дый мог перакладаць з мовы грэцкае на царкоўнаславянскую патрэбныя рэлігійныя кнігі, найперш - палемічныя кнігі супроць «латыніян». Князь Васіль Іванавіч зьвярнуўся таму з просьбаю да манахаў ведамае Афонскае гары ў Грэцыі, каб тыя прыслалі перакладніка. У выніку гэтага ў 1518 годзе да Масквы на «часовую» перакладніцкую працу прыяжджае Максім Грэк. Быў гэта чалавек строгае асцэтычнае маралі й высока адукаваны. Хоць дактаратаў і ня меў, але, як і Скарына, вучыўся ва ўнівэрсытэтах Італіі, студыяваў там клясычныя мовы дый царкоўную й філязафічную літаратуру, слухаў у Флярэнцыі палкія прамовы фанатычнага Саванаролі. Максім Грэк хутка справіўся з даручэньнем перакласьці «Талковы псалтыр» і хацеў варочацца назад у Грэцыю. Дый князь Васілій яго не адпускаў, а вымагаў перагляду й выпраўленьня царкоўнаслужэбных кнігаў і больш перакладаў.
Колькі год пасьлей, якраз вясною 1525 году, калі ў Вільні доктар Скарына ўзводзіў верставы стоўп культурнае гісторыі Беларусі, выпускаючы ў сакавіку месяцы зь першае на беларускай зямлі друкарні першую кнігу «Апостала», - у Маскве, у красавіку-травені таго-ж году, саборам судзілі найбольш асьвечанага тамака чалавека - Максіма Грэка. Вінавацілі яго ў «еллінскіх» дый «жыдоўскіх ерасях» і «чарах», а на довад гэтага прыводзілі памылкі, зробленыя ім пры перакладзе рэлігійных кнігаў і выпраўляньні кнігаў літургічных, хоць недакладнасьці гэтыя відавочна й лёгка паясьняліся слабою ведаю Максіма Грэка царкоўнаславянскае мовы дый звычайнымі памылкамі пісцоў. Максім Грэк да віны ня прызнаваўся, каяцца ня каяўся, а, наадварот, сваю справу яшчэ яўна пагоршыў тым, што перад саборным судом выказаў сумляваньне ў аўтакефальнасьці й прававернасьці маскоўскае праваслаўнае царквы. Ягоным галоўным перасьледнікам і супраціўнікам быў тагачасны маскоўскі мітрапаліт Даніла. Сабор засудзіў Максіма Грэка на манастырскае зьняволеньне. Князь Васіль прысуд пацьвердзіў, і няўдатны перакладнік быў сасланы ў Валакаламскі манастыр дый кінуты тамака ў цямніцу «обращення ради и покаяния, и исправления», із строгаю забаронаю перапісвацца зь кім-небудзь і наагул пісаць. Шэсьць год пасьлей, у 1531 годзе, яго ізноў прывезьлі ў Маскву дый нанава саборам судзілі за новавыкрытыя памылкі перакладаў. Цяпер Максім Грэк тройчы падаў ніцма перад саборам, каяўся, прызнаваўся ўжо да памылак, апраўдваўся людзкой слабасьцяй і недасканаласьцяй, ізь сьлязьмі ў вачох прасіў дараваць яму памылкі, маліў у мітрапаліта Данілы й саборнага духавенства зразуменьня й літасьці. Дый нічога не памаглі ні мольбы, ні каянкі, ні самапаніжэньні. Гэтым разам сабор адлучыў, на дадатак, Максіма Грэка ад сьвятых тайнаў, і яго, скаванага, павалаклі ізноўка ў цямніцу, цяпер ужо ў Атроцкі манастыр у Цьверы.
Пазьней Максім Грэк прасіўся ня раз у вялікага княэя пусьціць яго назад у Грэцыю, на Афонскую гару ў манастыр, дый дарма. Бяз выніку засталіся й няўтомныя захады-просьбы Афонскіх манахаў дый заступніцтвы антыяхійскага й канстантынопальскага патрыярхаў ад імені ўсяго сабору дый патрыярхі ярузалімскага. Усе гэтыя старанні лёс Максіма Грэка канчаткова прыпячатвалі, бо вялікі князь і мітрапаліт Даніла, калі пабачылі, якую павагу й пашану мае іхны зьняволены «гарэтык» сярод найвышшых галоваў усіх праваслаўных цэркваў, баяліся выпускаць яго ўжо хоць-бы й дзеля таго, каб ён не раскрыў перад праваслаўным сьветам невуцтва й забабоннай цемнаты тагачаснага маскоўскага духавенства, вялікакняжага двара дый усяго маскоўскага грамадзтва[18].
Калі толькі Скарына, сам перакладнік рэлігійных і царкоўнаслужэбных кнігаў, чуў тады ў Вільні пра трагічную долю Максіма Грэка - падарожжа да Масквы не магло выглядаць яму шматабяцаючым. І тым больш, што блізу гэтым самым часам дужа няпрыемная прыгода ў Маскоўшчыне здарылася й зь віленцам, якога Скарына добра знаў і зь якім даводзілася быць яму ў блізкай сутычнасьці ў выдавецкай справе - купцом Багданам Онкавам-Анкевічам. Пра гэты факт, зьвязаны беспасярэдня зь Вільняю, Скарына ўжо напэўна мусіў чуць і ведаць.
На аснове апублікаваных маскоўскіх архіўных матар'ялаў можна сьцьвердзіць, што ў Кракаве, 30 сакавіка 1527 году, паслом вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча - Івану Васілевічу Ляцкаму дый дзяку Ялізару Цыплятаву - ад імені караля й вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча быў уручаны сьпіс гвалтаў і крыўдаў, якіх дазналі падданыя Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Маскоўшчыны або на сумежных Маскве валасьцёх Літвы, з дамаганьнем гвалты й крыўды спыніць, пакрыўджаным «справядлівасьць учыніць без адвалокі» дый вінаватых пакараць. У гэтым сьпісе, між іншым, пададзена й наступнае:
«Да мешчанина виленского Богдана Онкова на (Велико)лутцкой дорозе розбили, листы у него отняли Можайских и от Шемячича; в одном листу четыреста коп широких грошей, а в другом листу пять сот коп грошей, полтораста рублев денег готовых, чара серебряна позолочена, ложка, святость; и князь велики приказал дать на поруку их розбойников, Андреа да Ждана Перетрутовых детей и сына Жданова Мартына, водлуг ему умовы и отворота не учинили»[19].
Блізу празь месяц, 27 красавіка 1527 году, пасьля павароту да Масквы, тыя самыя паслы перадалі князю Васілю Іванавічу ад Жыгімонта Казіміравіча другую копію сьпісу маскоўскіх гвалтаў, у якой справа аграбленьня віленскага купца Багдана Онкава-Анкевіча апісаная крыху іншымі словамі дый шырэй:
«Да говорили бы есте от нас брату нашому (вялікаму князю Васілю Іванавічу), что мешчанин наш виленски, Богдан Онкевич поехал был, навпоминаючыся довгу своего, что ему винны были Ошемячич и Можайскій; ино его в земли великого князя розбито и многи товары и теж тыи листы записныи, которыи в себе мел на тыи долги свои, то теж ему взято, где ж тых розбойников, Андрея а Ждана Перетрутовых, на которых он жаловал, поимано и за поруку их подавано; ино как будучи нашим послом у великого князя, наши послы до великого князя бояр посылали и им сами говорили, абы тому подданому нашему справедливость была вчинена, и на он час тому справедливость ся стати не могла. И брат бы наш, велики князь, и теперь казал справедливость тому учинити без одволоку»[20].
Названыя ў актах прозьвішчы Мажайскага й Шэмячыча належаць северскім удзельным князём: старадубскаму князю Васілю Сямёнавічу Мажайскаму дый ноўгарад-северскаму Васілю Іванавічу Шэмячычу. Калі, як згадаваецца ў другой актавай вэрсіі, справа «разьбіцьця» Багдана Анкевіча падымалася ў Маскве ўжо раней - «будучы нашым паслом у вялікага князя» - дык сам факт аграбленьня мусіў здарыцца найпазьней у першай палове 1526 году, бо «веруючыя лісты» паслом, ваяводзе полацкаму Петры Кішцы дый маршалку й пісару Вялікага Княства Літоўскага, старасьце слонімскаму Богушу Багавіціновічу былі выстаўленыя ў Варшаве Жыгімонтам Казіміравічам 11 жнівеня 1526 году, і хутка пасьля гэтага яны да Масквы й ад'ехалі[21].
Зьмест прыведзеных вышэй дакумэнтаў цікавы й важны для Скарынавае біяграфіі з колькіх гледзішчаў. Багдан Онкаў, ці Анкевіч, сын купца й райцы места віленскага, як ведама, фінансаваў Скарынавыя праскія выданьні. На некаторых экзэмплярах выдадзеных там кнігаў, - прыкладам Псалтыра, кнігі Ёва, Сыраха, Эклезіясты, - рукою, магчыма самога Скарыны, паробленыя прыпіскі: «А то ся стало накладом Богдана Онкава сына, радцы места виленскаго»[22].
Адзначыць, найперш, трэба факт вялікіх грашовых сумаў, якімі Багдан Онкаў-Анкевіч апэраваў. Для ўсьведамленьня сабе, чаго былі тады вартыя 900 коп грошаў, пазычаных Анкевічам князём Мажайскаму й Шэмячычу, можна прывесьці факт, што Полацак, другое па вялічыні й багацьці посьля сталічнае Вільні места Вялікага Княства Літоўскага, плаціў тады ў скарб вялікага князя 400 коп падатку ў год. Дык апіраючыся на грашовую дапамогу вось гэтага багатага віленскага купца-фінансьера, Скарына й мог выдаваць свае раскошныя праскія кнігі.
Калі Багдан Онкаў-Анкевіч і празь вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча ня мог дабіцца звароту ні зрабаваных грошаў і маёмасьці, ні навет «запісных лістоў», хоць рабаўнікі былі ведамыя й схопленыя, дык прычына гэтага найскарэй была тая, што адказным перад Анкевічам за доўг Шэмячыча гэтым часам стаў ужо сам вялікі князь маскоўскі Васіль Іванавіч. А сталася гэта таму, што тры гады перад гэтым, у 1523 годзе, вялікі князь Васіль Іванавіч займеў нейкае падазрэньне супроць князя Шэмячыча й клікаў яго да Масквы. Князь Шэмячыч вычуваў подступ і да Масквы ня ехаў. Тады князь Васіль выслаў яму «апасныя граматы» - урачыстыя, з прысягамі й заклінаньнямі парукі, - ад сябе й ад маскоўскага мітрапаліты Данілы. Мітрапаліт гарантаваў князю Шэмячычу асабістую незачэпнасьць, прысягаючы «на образ Пречыстыя, да на чудотворцев, да на свою душу». Калі Шэмячыч апасным лістом у канцы паверыў і да Масквы прыехаў, князь Васіль загадаў схапіць яго й кінуць у цямніцу. Мітрапаліт-жа, які браў яго гэтак урачыста «на сваю душу», не заступіўся за зьняволенага ні словам. Маёмасьць Шэмячыча князь Васіль Іванавіч сканфіскаваў, а гэтым самым перайшлі на яго й усе даўгавыя забавязаньні, што ляжалі на гэтай маёмасьці. Дык вярнуць доўг Багдану Анкевічу князь Шэмячыч ужо ніяк ня мог. А князь маскоўскі Васіль Іванавіч, як відаць з вышэй прыведзеных актаў, варочаць гэты доўг за яго таксама ня зьбіраўся. Вось таму заставаліся бяз выніку ўсе дыпляматычныя захады ў справе даўгавое належнасьці Анкевічу дый шчэзьлі бязь сьледу «запісныя лісты», дакумэнтная падстава для спагону гэтага доўгу, якія для рабаўнікоў Ператрутавых былі зусім бязвартаснымі паперынамі. У 1529 годзе князь Васіль Шэмячыч у зняволеньні князя Васіля Іванавіча й памёр[23]. Факт аграбленьня ў Маскоўшчыне ведамага віленскага купца й немагчымасьць дабіцца звароту ані зрабаванае маёмасьці, ані навет «запісных лістоў», напэўна, былі галоснымі ўва ўсёй тагачаснай Вільні. Мусіў ведаць пра гэтае здарэньне й Франьцішак Скарына. І гэтая прыкрая прыгода ў Маскоўшчыне з выдатным віленскім мешчанінам, якога Скарына добра знаў, не магла быць заахвочаньнем да падобнага падарожжа ў тую-ж Маскву самому Скарыне.
І ўсё-ж, нягледзячы на ўсе вышэй прыведзеныя яскравыя прыклады маскоўскае жорсткасьці ў абыходзе з чужынцамі, якія маглі стрымліваць Скарыну перад падарожжам да Масквы й як лекара, і як перакладніка рэлігійных кнігаў, і як выдаўца й друкара, і навет як звычайнага купца, - ехаць да Масквы ён усё-ж наважыўся. На довад гэтага маем сяньня хоць і скупыя, але зусім пэўныя весткі. Да разгляду іх, як і самога Скарынавага падарожжа да Масквы, далей і пярэйдзем.

3

Сто год таму, у 1862 годзе, у весьцях венскае Імпэратарскае Акадэміі Навук, гісторык Язэп Фідлер апублікаваў працу «Спроба зьяднаньня расейскае царквы з рымскаю ў ХVІ стагодзьдзі». Напрыканцы яе Фідлер прывёў даслоўны лацінскі тэкст цікавага дакумэнту да гэтага пытаньня, які ён знайшоў у венскіх архівах, - копію інструкцыі караля польскага й вялікага князя літоўскага Жыгмонта Аўгуста свайму паслу пры папе ў Рыме Альбэрту Крычку[24]. Інструкцыя гэтая не датаваная, але пісаная яна нейдзе на самым пачатку 1553 году й дае пагляды Жыгімонта Аўгуста й ягонае сэнатарскае рады ў справе наступнай:
На падставе даручэньня й паўнамоцтваў з Масквы, нейкі Немец Ёган Штайнбэрг на працягу 1552 году чыніў у Рыме энэргічныя захады перад папаю Юльянам ІІІ у справе наданьня каралеўскага тытулу й кароны тагачаснаму вялікаму князю маскоўскаму Івану Васілевічу Грознаму. Іван Грозны за карону абяцаў прызнаць над сабою духоўны аўтарытэт папы дый пастарацца давесьці да зьяднаньня цэркваў маскоўскае праваслаўнае з рымскаю. Папу справа гэтая вельмі зацікавіла й да маскоўскае прапановы паставіўся ён прыхільна, тым больш, што пасьля спадзяванага зьяднаньня Маскоўшчыны з Рымам меў надзею ўлучыць яе ў плянаваны паход хрысьціянскіх дзяржаваў супроць пагражаючае тады ўсёй Эўропе Турэччыны. Аднак-жа, перш чым прыняць у гэтай справе нейкія пастановы й пачыніць канкрэтныя крокі, папа даручыў пратэктару Польшчы пры сваім пасадзе, кардыналу Мафеі, паведаміць аб усім і зацікаўленага, напэўна, вельмі гэтым пытаньнем суседа Маскоўшчыны, вялікага князя літоўскага й караля польскага Жыгімонта Аўгуста, з просьбаю заняць у гэтай справе становішча.
Вось у вадказ на паведамленьне з Рыму пра захады Грознага ў справе каралеўскага тытулу й кароны была й пісаная інструкцыя Жыгімонта Аўгуста свайму паслу пры папе, Альбэрту Крычку, з даручэньнем перадаць пагляды караля й ягонае сэнатарскае рады папе й адпаведнай кардынальскай кангрэгацыі. У інструкцыі Жыгімонт Аўгуст даводзіў, што князь маскоўскі яднацца шчыра з каталіцкаю царквою ніколі ня думаў і ня думае. Ідзе яму толькі пра тое, каб вымануць сабе ад папы каралеўскі тытул і карону. Пра зьяднаньне гаворыць ён цяпер толькі дзеля свае знанае прагнасьці тытулаў, бо-ж ведама, што маскоўскі князь дамагаецца ўжо навет таго, каб яго называлі царом. Паводля Жыгімонта Аўгуста, ніякае дапамогі маскоўскі князь не дасьць і ня можа даць папе й у паходзе супроць Туркаў. У выніку наданьне маскоўскаму князю каралеўскага тытулу й кароны ня прынясе аніякае карысьці папскаму пасаду й хрысьціянству. Для Жыгімонта-ж Аўгуста й ягоных дзяржаваў крок гэты ня толькі не пажаданы, але палітычна вельмі шкодны й нябясьпечны. На падмацаваньне правільнасьці цьверджаньня, што Масква й князі маскоўскія ненавідзелі й ненавідзяць Рым і каталіцтва, Жыгімонт Аўгуст прыводзіць у інструкцыі цэлую чараду довадаў і гістарычных фактаў. Між іншым, дае ён і гэткі канкрэтны прыклад:
«Nec sаnе dеhinс ulium рrаеter vаnа рrоmіssа ехtіtisse іn cо, uеl іn Моsсоrum quopіаm рrореnsае еrgа Romanam еt Cаtho1ісаm Ессlеsiаm vоluntatis аrgumentum, quin cum Diuo parente nostro regnante quidam de subditis eius pio studio ductus sacram scripturam lingua Russica imprimi et in lucem aedi currasset, et ad Moschos venisset, publice eos libros iussu Рrіnсірis соnсrеmatos esse, рrорtеrеа quod а Rоmаnае ecclesiае addicto, еt іn locis eiusdem authoritati subjectis editi essent. Tantum est genti insitum odium latini et Romani nominis; ita ut quamuis sancti deigrati se in potestate Romani Pontificis fore, neutiquam credendum sit, ex animo id promitti, aut certum firmum ac diuturnum fore»[25].
У перакладзе: «І ня толькі ня было ў яго (маскоўскага князя) дасюль нічога, апрача пустых абяцанак, а ў Маскоўцаў ніякіх азнакаў якое-колечы прыхільнасьці да Рымскае Каталіцкае Царквы, але хутчэй нешта адваротнае, бо калі вось у часе панаваньня нашага Нябожчыка бацькі адзін ягоны падданы, кіруючыся пабожным жаданьнем, пастараўся сьвятое пісьмо рускаю моваю надрукаваць і выдаць дый пайшоў да Масквы, кнігі ягоныя на загад Князя публічна былі там спаленыя дзеля таго, што належыў ён да Рымскае царквы дый што (кнігі) выдадзеныя былі ў мясцох, што падлягаюць ейнай зьверхнасьці. Гэткая ненавісьць да лацінскага й рымскага імені ўкарэненая ў народзе гэтым, што якімі-б сьвятымі й багабойнымі пад зьверхніцтвам Рымскага Пастыра быць яны не прыракалі-б, ніколі ня трэба верыць, што чыняць гэта шчыра дый што запраўды будуць стойкімі й вытрывалымі».
Паколькі ў прыведзенай вышэй вестцы Жыгімонта Аўгуста прозьвішча не падаецца, паўстае само сабой пытаньне: хто-ж гэта быў гэты няўдатны перакладнік і выдавец сьвятога пісьма, кнігі якога ў Маскве былі спаленыя? Пытаньне гэтае найраней у навуковай літаратуры паставіў чэскі гісторык Язэп Пэрвольф, які першы адзначыў культурна-гістарычную цікавасьць прыведзенага ў інструкцыі эпізоду паленьня ў Маскве кнігаў. У другім томе свае працы «Славяне», што паказаўся з друку яшчэ ў 1888 годзе, Пэрвольф цытуе адпаведнае месца зь інструкцыі з сваёю кароткаю заўвагаю: «Гутарка гэтта, праўдападобна, аб Скарынавых кнігах»[26].
Дый хоць тэкст інструкцыі быў апублікаваны ужо сто год таму, а прыведзены ў ёй эпізод аб спаленьні ў Маскве біблійных кнігаў яшчэ ў мінулым стагодзьдзі зь іменем Скарыны зьвязваў Пэрвольф, - факт гэты заставаўся чамусьці незаўважаным у даволі багатай ўжо тады й далей шпарка нарастаючай скарынаведнай літаратуры. Дакумэнту, апублікаванага Фідлерам, ня прыкмеціў і не адзначыў П.В.Уладзіміраў, аўтар першае большае і, як дагэтуль, адзінае манаграфіі аб доктару Скарыне[27]. Дапушчэньне-ж Пэрвольфа Уладзіміраву таксама тады яшчэ ня было й не магло быць ведамым, бо 2-гі том «Славянаў», хоць і вышаў у тым самым годзе, што й Уладзімірава манаграфія, дый посьле яе, што відаць па тым, што Пэрвольф на працу Уладзімірава там ужо паклікаецца. Няведамым зусім гэты факт застаўся й значна пасьлей для аўтараў прац адмысловага Скарынінскага зборніка «Чатырохсотлецьце беларускага друку», выдадзенага Інстытутам Беларускае Культуры ў 1926 годзе ў Менску[28], ані іншым тагачасным дасьледнікам Скарынавага жыцьця й дзейнасьці. І толькі яшчэ пасьлей і заўвагу Пэрвольфа, і адпаведнае месца зь інструкцыі, апублікаванай Фідлерам, у друку нанава прывёў дый у сваіх працах прыдзяліў ім ужо больш увагі праскі гісторык А.В.Флароўскі[29]. Але ягоныя публікацыі, што краналі гэтую справу і якія паказаліся ў часе і адразу посьле Другое Сусьветнае Вайны, з прычыны цяжкога гістарычнага катаклізму, які перажывала тады Эўропа, даўжэйшы час заставаліся незаўважанымі[30].
У выніку й дагэтуль усё яшчэ няма дакладнейшае аналізы й гістарычнага асэнсаваньня гэтае кароткае дый вельмі цікавае й вымоўнае весткі. Ніхто крытычна не разгледзіў ані пытаньня верагоднасьці яе жарала, ані справы канкрэтнае датычнасьці яе - ці не - да асобы доктара Франьцішка Скарыны. У выпадку-ж такое датычнасьці - ніхто яе не разгледзіў на аснове ведамых нам ужо фактаў ягонага жыцьцяпісу, каб гэтым шляхам удакладніць час, абставіны і, - калі гэта магчыма, - выявіць і імёны асобаў, зьвязаных з падзеяй, найперш імя таго маскоўскага князя, на загад якога кнігі былі спаленыя. І ў канцы, што асабліва важна, ніхто не парупіўся насьвятліць тых палітычных і культурных дачыненьняў, што падзею гэтую гістарычна абумовілі й да драматычнага яе завяршэньня давялі. Флароўскі ў сваіх працах зьвярнуў увагу толькі на некаторыя з вышэй адзначаных аспэктаў маскоўскага паленьня кнігаў дый крануў іх коратка й вельмі пабежна. Таму гэтта й чыніцца спроба разгледзіць справу шырэй, каб дайсьці да адказу: чым новым і цікавым ведамка Жыгімонта Аўгуста папаўняе нам гэтак некамплетны летапіс жыцьця й дзейнасьці выдатнага засноўніка беларускага друку доктара Франьцішка Скарыны з Полацка.

4

Хоць апублікаваны Фідлерам тэкст інструкцыі Жыгімонта Аўгуста свайму паслу ў Рыме й быў узяты не з самога арыгіналу, але з копіі, якую Фідлер знайшоў у венскім дзяржаўным архіве, аўтэнтычнасьці гэтае інструкцыі пярэчыць няма ніякіх асноваў. Ня сумляваўся ў гэтым Фідлер, ніякіх засьцярогаў не рабіў ні Пэрвольф, ні Флароўскі. З тагачасным каралём аўстрыйскім, чэскім і вугорскім, Фэрдынандам І, - тым самым, у якога батанікам-садоўнікам Скарына быў у Празе ў вапошнія гады свайго жыцьця, - Жыгімонт Аўгуст быў у прыязных дачыненьнях дый знаходзіўся ў блізкім сваяцтве, як ягоны зяць па першай жонцы Альжбеце. У часе-ж паднятае ў Рыме справы кароны Івану Грознаму Жыгімонт Аўгуст, аўдавелы другі раз па сьмерці Барбары Радзівілянкі, сватаўся якраз да другое дачкі Фэрдынанда, удавы таксама, Кацярыны. 17 сакавіка 1553 году, ці хутка пасьля таго, як была пісаная інструкцыя, да караля Фэрдынанда ў Вену ў ролі пасла й свата прыяжджаў ад Жыгімонта Аўгуста ваявода віленскі й канцлер Вялікага Княства Літоўскага князь Мікалай Радзівіл Чорны. У часе пасольства князь Радзівіл прасіў для свайго валадара рукі Фэрдынандавай дачкі Кацярыны й, адначасна, узьдзеяньня на імпэратара Карла V, Фэрдынандавага брата, каб той не падтрымліваў перад папаю захадаў Івана Грознага ў справе каралеўскае кароны[31]. У вабедзьвюх справах пасольства дало пазытыўны вынік. Пры гэткіх прыязных дачыненьнях з Фэрдынандам найбаржджэй і копію свае ранейшае інструкцыі паслу ў Рым Жыгімонт Аўгуст накіраваў каралю Фэрдынанду ў Вену сам - да ведама й з надзеяй на падтрыманьне свайго становішча супроць Івана Грознага й перад імпэратарам, і перад папаю.
Калі няма ніякіх асноваў сумлявацца ў аўтэнтычнасьці самога тэксту інструкцыі, дык ніякіх засьцярогаў ня можна зрабіць і ў справе верагоднасьці пададзенага ў ёй факту пра паленьне ў Маскве кнігаў Бібліі. Як пададзена на пачатку інструкцыі, пісаная была яна ў Варшаве, посьля прыезду Жыгімонта Аўгуста зь Літвы ды па нарадзе з прыбочнымі сэнатарамі. Жыгімонт Аўгуст і сэнатары, - сярод якіх найбольш уплывовымі былі тады якраз прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага, найперш князі Радзівілы, - належылі да асоб, якія павінны былі добра знаць усе важнейшыя тагачасныя падзеі ў Ліцьве й Маскоўшчыне, і сумлявацца ў верагоднасьці іх сьветчаньня пра паленьне кнігаў у Маскве няма ніякіх асноваў. Ведама, што Жыгімонт Аўгуст (1520-1572) навет і жыць любіў больш у Вялікім Княсьцьве Літоўскім, як у Польшчы, асабліва падабалася яму Вільня; й ён напэўна быў добра абазнаны з тым, што дзеілася ў Ліцьве й за яго жыцьця, і за панаваньня ягонага бацькі Жыгімонта. Пра блізкога-ж дарадніка Жыгімонта Аўгуста, канцлера літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага знаем, што ў ягонай бібліятэцы ў Вільні была Скарынава Біблія. Ведама гэта на аснове сьветчаньня Італьянца Паолё Вэргэрыя, які ў 1556 годзе - усяго тры гады па напісаньні інструкцыі - гасьціў у Радзівіла й посьля адзначыў, што бачыў у Вільні друкаваную Біблію «іn lingua Ruthena». Магла быць гэта толькі Біблія Скарынавага выданьня, бо ніякае іншае друкаванае Бібліі ні «іn 1іngua Ruthena», ні ў царкоўнаславянскай мове тады яшчэ ня было[32].
Сама інструкцыя - даволі даўгі й старанна матываваны дыпляматычны дакумэнт. Пісаная яна з шырокім абгрунтаваньнем і гістарычнымі й тагачаснымі фактамі. Сваім рачовым тонам і зьместам яна не дае ніякіх асноваў для нейкіх дапушчэньняў, што прыведзены ў ёй выпадак паленьня ў Маскве кнігаў Бібліі не гістарычная, ведамая ўкладаньнікам інструкцыі, падзея, а нейкая знарочная выдумка, для падмацаваньня цьверджаньня Жыгімонта Аўгуста аб традыцыйнай ненавісьці да каталіцтва й Рыму Масквы й маскоўскага князя. Факт гэтае ненавісьці тады гэтак добра быў ведамы й самому Рыму, і Эўропе, довадаў на яго хапала, і ня было аніякое патрэбы падмацоўваць яго яшчэ й нейкімі, выдуманымі прыкладамі. Дый найбольш пераконліва за верагоднасьцяй прыведзенае весткі гавора тое, што за Жыгімонта Казіміравіча, бацькі Жыгімонта Аўгуста, кнігі Бібліі запраўды былі перакладзеныя на «рускую» мову, як тады пераважна старабеларускую мову звалі, дый выдадзеныя ў Празе й Вільні адным зь ягоных падданых. Дык аснаўны факт пра Біблію й яе выдаўца ў інструкцыі праўдзівы, гістарычны. А гэта вельмі важкое падмацаваньне таго, што й вестка пра падарожжа да Масквы, дый пра спаленьне тамака кнігаў, - таксама адказвае праўдзе.
Пераходзячы далей да справы ўстанаўленьня імені выдаўца, пра якога расказвае інструкцыя, даводзіцца прызнаць, што адказ на гэта існуе толькі адзін і згодны з дапушчэньнем Пэрвольфа: гутарка тут можа быць толькі пра доктара Франьцішка Скарыну. Толькі Скарына перакладаў і выдаваў Біблію за панаваньня Жыгімонта Казіміравіча моваю «рускаю», як сам ён у прадмовах да выдадзеных кнігаў старабеларускую мову называў. Слова «руска» Скарына паставіў навет і на загаловачнай бачыне да ўсяе Бібліі ў самым назове: «БІВЛИЯ РУСКА». Ня дзіва таму, калі «рускай» заве яе й Жыгімонт Аўгуст у сваёй інструкцыі.
Ніякіх іншых выдаўцоў «рускай» Бібліі за Жыгімонта Казіміравіча на прасторах ягоных валаданьняў гісторыя ня ведае. Адзіны папярэднік Скарыны ў галіне кірылічнага друку на тэрыторыі Рэчыпаспалітае, Немец Швайпольт Фіёль, што выдаваў праваслаўныя рэлігійныя кнігі ў 1491 годзе ў Кракаве, выдаваў іх не за Жыгімонта Казіміравіча, а за часоў караля Казіміра Ягайлавіча. Дый друкаваў ён ня Біблію, а літургічныя кнігі, і друкаваў іх не «паруску», а пацаркоўнаславянску. У Маскву за часоў караля Жыгімонта Казіміравіча езьдзіць із сваімі кнігамі Швайпольт Фіёль таксама ня мог, хоць-бы таму, што кнігі ягоныя каталіцкімі духоўнымі ўладамі ў Кракаве былі сканфіскаваныя й зьнішчаныя ў тым-жа 1491 годзе. Посьля-ж Фіёлевай і Скарынавай друкарняў, трэйцяю па парадку на прасторах Рэчыпаспалітае, зь якое выходзілі кірылічныя друкі, была друкарня Сымона Буднага ў Нясьвіжы, наладжаная ў 1562 годзе, ці дзевяць год посьля напісаньня інструкцыі Жыгімонта Аўгуста. Дык аб выдаўцы кнігаў гэтае друкарні ў інструкцыі ўжо ніяк ня можа быць гутарка. З усяго вышэй сказанага вынікае, што вестка інструкцыі пра выдаўца кнігаў можа тычыцца толькі аднае гістарычна ведамае асобы - доктара Франьцішка Скарыны.
Пры сучаснай ведзе жыцьцяпісу доктара Скарыны, галоўна ў выніку выяўленьне факту, што памёр ён каля 1540 году, ня цяжка сяньня ўстанавіць і імя таго маскоўскага князя, на загад якога кнігі былі спаленыя. Мог быць ім толькі князь Васіль ІІІ Іванавіч, што княжыў ад 1505 да канца 1533 году, ці якраз у пару княжэньня ў Ліцьве Жыгімонта Казіміравіча (1506-1548). Ягоны сын і наступнік, Іван ІV Грозны, народжаны ў 1530 годзе, за Скарынавага жыцьця быў малалетнім, знайходзіўся пад апекаю маці й баярскае рады й ніякіх загадаў як князь яшчэ не выдаваў. Да гэтага ведама, што ў гадох 1535-1540 Скарына быў у Чэхіі, у Празе, Дык даводзіцца прыняць як рэч пэўную, што да Масквы Скарына езьдзіў у гады княжэньня там Васіля ІІІ Іванавіча й гэта гэты князь даў загад спаліць публічна кнігі Бібліі Скарынавага перакладу й друку.
Галавою маскоўскае праваслаўнае царквы ў тым часе быў той самы мітрапаліт Даніла, што гэтак бязьлітасна й настырліва перасьледваў Максіма Грэка за ягоныя «еллинския ереси» дый памылкі пры перакладзе царкоўных кнігаў. Трэба думаць, што загад вялікага князя аб спаленьні Скарынавых кнігаў быў выдадзены не бязь ведама, а, магчыма, навет і на дамаганьне мітрапаліта. Мітрапаліт Даніла, як можна было бачыць хоць-бы зь ягонае жорсткае расправы саборам над Максімам Грэкам, ня грэбаваў і самымі строгімі спосабамі для перасьледу тых, хто адхінаўся ад адзіна прававернае, паводля яго, маскоўскае царкоўнае традыцыі. Мітрапалітам маскоўскім Даніла быў назначаны без царкоўнага сабору, самым вялікім князем Васілём, у 1522 годзе. З пасаду мітрапаліты быў ён зьняты ў годзе 1539.
Пераходзячы да справы ўдакладненьня часу, у якім Скарынавае падарожжа да Масквы найбольш праўдападобна адбылося, трэба найперш узяць на ўвет, што ехаць туды зь кнігамі Скарына мог не раней, як кнігі гэтыя надрукаваў. Друкаваць-жа Біблію пачаў ён у Празе летам 1517 году й там заставаўся аж да канца году 1519. Апошняя выдадзеная ў Празе кніга - Кніга Судзьдзяў - датаваная днём 5 сьнежня 1519 году. Дык за найранейшы магчымы час Скарынавых наведзінаў Масквы трэба прыняць год наступны - 1520-ты. Паколькі-ж князь Васіль Іванавіч памёр 4 сьнежня 1533 году - гэты год даводзіцца прызнаць за апошні магчымы для Скарынавага прыезду ў Маскву. Дык гады 1520-1533 і будуць часам, у якім Скарынавае падарожжа да Масквы магло адбыцца.
Ніякіх ваенных дзеяньняў між Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўшчынай у 1520 годзе ўжо ня было. Але да ўгоды між Жыгімонтам Казіміравічам і Васілём Іванавічам аб «перамірных летах» дайшло толькі пры канцы 1522 году. Самую-ж перамірную грамату Жыгімонт сваім подпісам пацьвердзіў яшчэ пазьней, бо 18 лютага 1523 году. У вадным з пунктаў гэтае граматы кажацца: «А нашим купцом изо всих наших земль во вси твои земли пріехати им и отехати добровольно, без всяких зачепок»[33]. Выдаецца непраўдападобным, каб посьля доўгіх год крывавых войнаў між Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўшчынаю Скарына рызыкаваў ехаць да Масквы перад тым, як угода аб «перамірных летах» была падпісаная, дый асабліва бяз праўнае аховы пункту перамірнае граматы аб купецкай незачэпнасьці. Маючы гэта на ўвазе, трэба лічыць за мала праўдападобнае, каб Скарынава падарожжа да Масквы мела месца раней 1523 году, году падпісаньня перамірнае граматы.
Калі-ж зьвернем увагу на тое, што віленскі Скарынаў «Апостал» выйшаў з друку на самым пачатку 1525 году, дык цяжка спадзявацца, каб падарожжа магло адбыцца й у 1524-м дый навет і 1523 годзе, бо прыгатова да друку тэкстаў, выснашчэньне самае друкарні, нарыхтаваньне новага друкарскага шрыфту, здабыцьцё паперы, набор, карэкта й сам друк такое немалое кнігі, як «Апостал», - 351 карта - усё гэта вымагала нясупыннага й руплівага асабістага дагляду дый мусіла забіраць Скарыне шмат часу. З другога боку, толькі лягічна дапушчаць, што да Масквы Скарына выбраўся хутчэй посьля таго, як меў сьвежа надрукаваную, у большым ліку, новую кнігу, як перад тым і толькі з кнігамі праскага друку. Гэтыя меркаваньні прыводзяць да прыпушчэньня, што падарожжа Скарыны да Масквы адбылося найхутчэй не перад паяваю першае ягонае віленскае кнігі «Апостала», а посьля, ці па сакавіку 1525 г. Маючы гэта на ўвазе, трэба прыняць за найбольш праўдападобную пару, у якой Скарына да Масквы езьдзіў, час ад выхаду «Апостала» да сьмерці князя Васіля Іванавіча, ці гады 1525-1533.
А.В.Флароўскі таксама дапушчае, што Скарынавае падарожжа да Масквы адбылося ня перад выхадам «Апостала», але посьле, і матывуе гэта па-свойму. Флароўскі думае, што да Масквы Скарына найбаржджэй ехаў ня з кнігамі праскага выданьня, якія былі ў беларускім перакладзе, а хутчэй зь віленскім «Апосталам», што «з гледзішча тэксту бясспрэчна стаяў на традыцыйным царкоўнаславянскім груньце». Гэты свой паглад Флароўскі падмацоўвае яшчэ заўвагаю, што «Апостал» належыў да кнігаў, на якія было асабліва вялікае запатрабаваньне ў усходняславянскім асяродзьдзі. На довад гэтага ён прыводзіць факт, што Іван Хведаровіч (Фёдараў) і ў Маскве, і ў Львове сваё выдавецтва пачынаў з тае самае кнігі - «Апостала»[34].
Адзначаючы гэтае цікавае меркаваньне Флароўскага, трэба заўважыць, што й той «традыцыйна царкоўнаславянскі» тэкст Скарынавага «Апостала» быў усё-ж не маскоўскае расейскае, а літоўскае, беларускае традыцыі й рэдакцыі, да гэтага яшчэ й не бяз моўных зьменаў, уведзеных і самым Скарынам. Пры тым пераплецены ён быў шматлікімі ўводнымі й замыкальнымі прыпіскамі й заўвагамі да паасобных разьдзелаў і «пасланьняў» ужо зусім беларускаю моваю. Дык калі й запраўды ў меркаваньнях Скарыны мова тэксту «Апостала», як больш прывычная вуху маскоўскаму, была ўзятая на ўвагу, дык усё-ж, хоць-бы з прычыны шматлікіх Скарынавых зьменаў і дапісак, і ягоны «Апостал» меў у сабе даволі беларускага моўнага элемэнту, каб у Маскве адчулі яго за чужы, падазроны, «еретичны» дый варты зьнішчэньня ў вагні. На сваім, абаснаваным моўнымі мяркаваньнямі, дапушчэньні аб найранейшым праўдападобным годзе Скарынавага падарожжа да Масквы Флароўскі й спыніўся. Даць свой нейкі рубеж у часе для найпазьнейшага магчымага году такога падарожжа ён не стараўся, а, згодна із словамі ў інструкцыі Жыгімонта Аўгуста - «у часе панаваньня нашага Нябошчыка бацькі», - пакідаў адкрытаю такую магчымасць да 1548 году, году сьмерці Жыгімонта Казіміравіча.
Да пытаньня, якія свае кнігі Скарына да Масквы браў, існуе пасярэдні паказьнік і ў тэксьце інструкцыі, а пайменна ў словах, што выдадзеныя яны былі «in locis» - «у мясцох». Ужыты тутка множны лік трэба разумець, што да Масквы Скарына ўзяў і кнігі праскага, і віленскага выданьня. Гэта ізноў-жа падмацоўвае ранейшае дапушчэньне, што падарожжа павінна было адбыцца посьля выхаду найменш першае віленскае Скарынавае кнігі «Апостала», ці не раней 1525 году. Гэтак, супастаўленьне Скарынавых жыцьцяпісных фактаў з фактамі гістарычнымі прыводзіць да выснаву, што хоць магчымы час для Скарынавага падарожжа да Масквы абыймае гады 1520-1533, дык найбольш праўдападобна падарожжа гэтае адбылося ў гадох 1525-1533.
Хоць разгляд важнага й, адначасна, складанага пытаньня веравызнаньня Францішка Скарыны ня ўходзіць у межы, намечаныя для гэтае працы, адзначыць усё-ж варта й словы ў інструкцыі аб тым, што выдавец, кнігі якога ў Маскве былі спаленыя, «належыў... да Рымскае царквы». Паколькі справа веравызнаньня Скарыны ў навуковай літаратуры й па сяньня канчаткова не разьвязаная, дзеля гэтага заўвага пра «рымскую» яго прыналежнасьць у інструкцыі Жыгімонта Аўгуста мае вялікую цікавасьць. Важная яна таму, што хоць і зробленая больш дзесяці год посьля сьмерці Скарыны, але выказаная яшчэ ягонымі сучасьнікамі. Да гэтае-ж пары ведамыя толькі шматлікія й вельмі супярэчлівыя меркаваньні ў гэтай справе пазьнейшых аўтараў. Словаў інструкцыі аб «рымскай» прыналежнасьці выдаўца «рускай» Бібліі ня можна аднак-жа ўважаць за выясьняючыя канчаткова пытаньне Скарынавага веравызнаньня. За падставу для такога дапушчэньня маскоўскаму князю Васілю Іванавічу магло паслужыць само Скарынавае імя Франьцішак - довад, на аснове якога каталіком Скарыну ўважалі й уважаюць і некаторыя дасьледнікі. У выпадку Скарыны гэты довад, аднак-жа, ня ёсць дастатковым і вырашальным.
На заканчэньне разгляду весткі інструкцыі важна адзначыць, што гаворыцца ў ёй толькі пра спаленьне кнігаў, але нічога ня згадваецца пра друкарскую снасьць. А можна было-б дапушчаць, што, едучы да далёкае Масквы, Скарына мог узяць із сабою й шрыфты дый патрэбныя друкарскія прылады, на выпадак, калі-б там знайшліся адпаведныя ўмовы для разгарненьня друкарскае справы. Калі пра гэта нічога не ўспамінаецца ў вестцы інструкцыі, дык гэта можна тлумачыць і тым, што факт зьнішчэньня шрыфту, калі ён і меў месца, ня меў ніякага значаньня для справы паказаньня ненавісьці Масквы да Рыму, пра што Жыгімонту Аўгусту ў інструкцыі хадзіла. І дзеля гэтага незгадваньне ў інструкцыі шрыфту й друкарскіх прыладаў яшчэ ня довад таго, што ў Маскве Скарына іх із сабою ня меў. У магчымай страце ў Маскве шрыфтоў дый друкарскае снасьці можа ляжаць і адказ на неразьвязанае дагэтуль у Скарынавым жыцьцяпісе пытаньне: што запраўды сталася зь віленскаю Скарынавай друкарняй? Пры далейшых спробах выясьненьня гэтае справы магчымасьць зьнішчэньня Скарынавых друкарскіх прыладаў і шрыфтоў у Маскве давядзецца браць паважна на ўвагу. Гэтай магчымасьці не пярэчыць тое, што некаторыя заставіцы з Скарынавае віленскае друкарні пры канцы ХVІ стагодзьдзя паказваюцца ў кнігах, выдадзеных у друкарні віленскага Сьвятатраецкага брацтва. Заставіцы гэтыя маглі паходзіць з тае часткі друкарскае снасьці, што засталася ў Вільні й таму захавалася.
Ужо А.В.Флароўскі адзначыў[35], што ў друкаванай у 1584 годзе ў Парыжы кнізе выдатнага францускага касмографа, Скарынавага сучасьніка, Андрэ Тэвэта (1502-1590), ёсьць згадка пра тое, што ў Маскве былі спаленыя шрыфты, прывезеныя туды нейкім «рускім купцом», - «pаr un Маrсhаnd Russien». Дый праверка паказвае, што Тэвэт сваю вeстку датуе выразна 60-мі гадамі ХVІ стагодзьдзя - «mil cinq cens foixante», што ніяк не пазваляе зьвязваць яе з фактам паленьня ў Маскве кнігаў, пра які Жыгімонт Аўгуст піша ўжо на самым пачатку 50-х гадоў таго-ж стагодзьдзя, дый піша як аб падзеі, што адбылася даўней, бо за панаваньня ягонага «нябожчыка бацькі». Тэвэтава вестка найбольш праўдападобна тычыцца зьнішчэньня ў 1565 годзе ў Маскве друкарні Івана Хведаровіча й Пётры Мсьціслаўца, ці гэтак званае маскоўскае «ананімнае» друкарні[36].
Прыняць трэба за факт пэўны, што ўжо сама страта кнігаў у Маскве была для Скарыны ня толькі апаразаю характару маральнага, але й вялікім фінансавым ударам. Кнігі ў гэную пару мелі вялікую вартасьць. Калі-ж - што зусім магчыма - разам быў тады зьнішчаны й шрыфт дый друкарская снасьць, гэта ўжо дастаткова вялікая матар'яльная няўдача, каб браць яе на ўвагу пры шуканьні прычынаў, чаму посьля выданьня дзьвёх усяго кнігаў Скарынавая віленская выдавецкая дзейнасьць абарвалася, і - назаўсёды. Вестка інструкцыі важная й для насьвятленьня пытаньня, чаму кнігі Скарынавага выданьня сяньня гэткія рэдкія. Калі Скарына наважыўся ехаць да далёкае Масквы, дык хіба-ж браў ён із сабою не адну-дзьве кнігі, а большы іх лік. Зьнішчэньне іх у Маскве й ёсьць аднэю з прычынаў вялікае цяпер іх рэдкасьці. Нішчыліся, напэўна, Скарынавыя кнігі ў Маскоўшчыне й пасьлей, у часе колькіх акцыяў перасьледу й паленьня там кнігаў «литовское печати», ці «литовских»[37]. Дый былі гэта кнігі, што зь Беларусі ў Маскоўшчыну трапілі ўжо ў пасьлейшых гадох, а ня кнігі, завезеныя туды самым Скарынам.
Пра адзін і вельмі важны мамэнт маскоўскае драматычнае падзеі Жыгімонт Аўгуст нейк нічога ў сваёй інструкцыі не гавора: што сталася ў Маскве із самым выдаўцом, кнігі якога там публічна спалілі? Ці пацярпеў у той ці іншы спосаб і ён, ці, мо', пасьпеў ратавацца ўцёкамі перад тым, як маскоўскі князь паклаў сваю руку й на яго. Што сам Скарына з усяе вельмі яму нябясьпечнае прыгоды выйшаў жывым - гэта сяньня добра ведама, бо ў другой палове трыццатых гадоў ХVІ стагодзьдзя ён, напэўна, яшчэ жыў і працаваў батанікам-садоўнікам у Празе. Пасярэдня пацьвярджае гэты факт і вестка інструкцыі, бо, калі-б доля выдаўца ў Маскве была падобнаю да ягоных кнігаў, Жыгімонт Аўгуст хіба-ж не замарудзіў-бы адзначыць гэта ў сваёй інструкцыі.
Калі Скарына выйшаў зь вельмі няпрыемнае прыгоды з жыцьцём, зусім магчыма было гэта вынікам таго, што знаходзіўся ён пад праўнаю аховаю вышэй прыведзенае перамірнае гарантыі 1523 году пра незачэпнасьць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Ліцьве. Ахоўваў яго ад долі Баўтрамея Готана ці эўрапейскіх лекараў у Маскве й ужо сам факт суседзтва Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўшчынаю, што давала магчымасьць Жыгімонту Казіміравічу як вялікаму князю літоўскаму ў кажны мамэнт адказаць контррэпрэсіямі супроць маскоўскіх купцоў і падданых на тэрыторыі свае дзяржавы. Ні Готан з далёкае Любэкі, ні абодва заходняэўрапейскія лекары, ні манах Афонскае гары Максім Грэк такое рэальнае беспасярэдняе дзяржаўнае ахоўнае сілы за сабою ня мелі. Лёс іхны й жыцьцё залежылі цалком ад волі й ласкі маскоўскага вялікага князя. Вынік гэтага, як мы бачылі, для ўсіх аказаўся вельмі трагічным.

5

Дык на аснове вышэй разгледжанага сяньня стае ведамым напэўна, што ў сваёй нясупыннай жыцьцёвай актыўнасьці доктар Скарына ня толькі зьведаў землі цэнтральнае й заходняе Эўропы, але наважыўся падацца й на эўразійскі ўсход, у Маскоўшчыну. Гэты, цяпер пэўны факт у будучыні давядзецца браць на ўвагу ўсім біяграфам доктара Франьцішка Скарыны, бо маскоўскі эпізод Скарынавага жыцьцяпісу мае вялікую вагу й цікавасьць з колькіх розных гледзішчаў. Каб усьведаміць сабе ўсю ягоную культурна-гістарычную вымову, важна найперш разгледзіць тыя абставіны й прычыны, якія да публічнага аўтадафэ Скарынавых кнігаў у Маскве давялі дый і мусілі да яго давесьці.
Адну зь іх прывёў ужо Жыгімонт Аўгуст у сваёй інструкцыі, адзначаючы тое, што кнігі Бібліі былі спаленыя ў Маскве «дзеля таго, што належыў ён (выдавец) да Рымскае царквы, дый што (кнігі) выдадзеныя былі ў мясцох, што падлягаюць ейнае зьверхнасьці». Што да першае часткі гэтага цьверджаньня, - аб прыналежнасьці выдаўца да «Рымскае царквы», дык, - як перад тым ужо згадвалася, - каб дапушчэньне такое зрабіць, для маскоўскага князя й мітрапаліта дастатковую падставу давала само Скарынава каталіцкае імя «Франьцішак», якое красавала на пачатку й канцы кажнае надрукаванае ім кнігі. Зь цьверджаньнем другім, што кнігі былі выдадзеныя «ў мясцох... рымскае зьверхнасьці», даводзіцца таксама згадзіцца, бо й Прага, і Вільня ў межах гэтае зьверхнасьці тады былі, - Вільня й Вялікае Княства Літоўскае на той падставе, што гаспадар яго, вялікі князь, адначасны й кароль Польшчы, быў каталіцкага веравызнаньня й фармальна падпарадкаваўся рэлігійнаму аўтарытэту папы. Вось гэта давала падставу ўважаць Вільню за места ў межах «рымскае зьверхнасьці», хоць аграмадная бальшыня жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, як праваслаўная, зьверхнасьці Рыму й не падлягала. Дый калі Жыгімонт Аўгуст адзначае рэлігійны рымска-каталіцкі мамэнт, зьвязаны з выдаўцом і месцамі друку кнігаў, як адзіную прычыну іхнага спаленьня ў Маскве, гэта ня значыць, што й запраўды была толькі прычына гэтая. Што Жыгімонт Аўгуст толькі аб гэтым піша, гэта зразумела, бо мэта ягонае інструкцыі - даць папу як мага больш пераконлівыя прыклады-довады таго, што Масква й маскоўскі князь да Рыму й каталіцтва запраўды нічога іншага, апрача ненавісьці, ня мае і хоча толькі ашукаць Рым, каб здабыць сабе каралеўскую карону. Усякія іншыя матывы спаленьня ў Маскве кнігаў Бібліі, калі яны й існавалі, для дыпляматычна-палітычных мэтаў інструкцыі Жыгімонта Аўгуста былі няістотнымі.
А тымчасам, калі навет Скарынавыя кнігі й запраўды ў Маскве спалілі за іхнае паходжаньне з-пад «рымскае зьверхнасьці», гэта не павінна закрываць важнага факту, што непажаданымі, і навет няпрыемлівымі, яны былі для маскоўскае князевае й маскоўскае царкоўнае ўлады й з колькіх іншых, дый вельмі істотных, гледзішчаў. Найперш, трэба зьвярнуць увагу на тое, што Скарынавыя кнігі былі выдадзеныя ня толькі на прасторы чужой Маскве рэлігійна-царкоўнай «зьверхнасьці», але й чужой дый варожай зьверхнасьці палітычна-дзяржаўнай. «Апостал» выйшаў у Вільні, сталічным месьце Вялікага Княства Літоўскага, зь якім Масква ад стагодзьдзяў была ў зацятым і палітычным, і ваенным змаганьні за гегемонію й уладу над праваслаўнымі прасторамі народаў усходняе Эўропы. За жыцьця якраз Франьцішка Скарыны між гэтымі дзяржавамі адбылася цэлая чарада цяжкіх, даўгіх, крывавых войнаў, войнаў, закончаных вялікаю, зьнішчальнаю апаразаю маскоўцаў пад Воршаю, але й адначаснаю стратаю на карысьць Масквы важнае цьвярдыні Вялікага Княства Літоўскага - Смаленску.
Да якое ступені ў Скарынавую пару нарасла сярод праваслаўных Літвы варожасьць да Маскоўшчыны й асабліва яе агрэсыўных дэспатычных князёў, можа сьветчыць той факт, што калі апякун праваслаў'я й праваслаўны сам, гэтман Вялікага Княства Літоўскага, князь Канстантын Астроскі, у 1514 г. у крывавым баі пад Воршаю ўшчэнт разьбіў восемдзесяцітысячную армію Масквы й з удзячнасьці за перамогу заснаваў і сваім коштам збудаваў Сьвятатраецкую царкву ў Вільні, дык у ёй загадаў ён выкаваць гэткі напіс: «В лето 1514 церковь сю созда Константин Осторожскій, гетман в. кн. Литовскаго, в память победы под Оршею над врагом і супостатом веры хрыстіянское, православное, князем Московским».
Дык ня дзіва, калі пры атмасфэры безагляднае палітычнае й мілітарнае рывалізацыі, у Маскве заўсёды зь недаверам глядзелі на ўсё, што прыходзіла з варожае й ненавіснае ёй Літвы. А тымчасам, згодна з тагачасным друкарскім звычаем, у канцавой прыпісцы да «Апостала» Скарына адзначыў, што кніга гэтая «Пры держаніи наласкавшего господара Жикгымонта Казімировича, Короля польского, И великого князя Литовскаго, И рускаго, И жомойтьскаго И иных, Во славном месте виленском выложена, и вытиснена, Працею и великою пилностию Доктора Франциска Скорины с полоцка»[38]. Вось, каб ува ўсім «Апостале» навет і не знайшлося нічога, да чаго-б можна было мець засьцярогі з артадаксыйна-царкоўнага маскоўскага гледзішча, дык самая гэтая Скарынава прыпіска пра «найласкаўшага Жыгімонта Казіміравіча, караля польскага й вялікага князя літоўскага і рускага...», для князя маскоўскага Васіля Іванавіча, які сябе тытулаваў вялікім князем «всея Руси» й кансэквэнтна пасягаў на ўсе «рускія землі», улучна зь землямі Вялікага Княства Літоўскага, пашырэньне гэткае кнігі ў сваёй дзяржаве з палітычных меркаваньняў было вельмі непажаданым.
Дый была й іншая прычына, якая чыніла Скарынавыя кнігі ў Маскве чужымі й малапрыймальнымі, - гэта іхняя мова. Задума Скарыны даць кнігі свайму народу - «людзям паспалітым» - моваю даступнаю, зразумелаю была прычынаю перакладу іх на тагачасную беларускую мову. Больш царкоўнаславяншчыны Скарына захоўваў у літургічных кнігах, куды менш у іншых кнігах Бібліі, дзе, як кажа Карскі, «аснова мовы народная беларуская»[39]. Калі гэткі пераклад беларускаму чытачу чыніў кнігі больш зразумелымі й даступнымі, дык для чытача маскоўскага практычна гэта ня шмат мяняла, бо была гэта толькі падмена аднае - царкоўнаславянскае - чужое мовы, моваю чужою іншаю.
Карамзін калісьці ў сваёй «Истории государства Российского» адзначыў, што Скарына «пісаў моваю свае пары й бацькаўшчыны» й што мова ягоная была навет больш падобнаю да «нынешнего русского наречия» за мову царкоўнаславянскую[40]. Дый усё-ж маскоўскаю, расейскаю мова гэтая ня была. А для царкоўна-кніжных колаў тагачаснае Маскоўшчыны, увыклай да пісьма толькі ў ваднэй - царкоўнаславянскай - мове, беларускі Скарынаў пераклад ня толькі нічога не аблягчаў, а быў хутчэй лішняю замінаю. Беларускасьць Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне ня толькі адчувалі, а часта іх там проста й называлі кнігамі «белорусцей». Гэтак, прыкладам, завуць іх стараверы браты Дзянісавы ў сваіх «Поморских ответах» 1723 году. У вадказе на 50-е пытаньне там пададзена: «Сице в древней белорусцей книзе Ісуса Сирахова, печатаны в Празе в лет 1517»[41].
Дык чужымі Скарынавыя кнігі былі для маскоўцаў ня толькі іх паходжаньнем з-пад «рымскае» дый літоўскае зьверхнасьці, але й з прычыны свае чужое маскоўцам беларускае моўнае вопраткі. Быў гэта важны факт яшчэ й таму, бо ішоў ён у разрэз з прынятаю ў Маскоўшчыне догмаю, што перакладаць царкоўныя кнігі на «простую», жывую народную мову наагул ня можна. Вынікам гэтага пагляду было тое, што расейскі пераклад Бібліі быў зроблены й надрукаваны толькі аж у ХІХ стагодзьдзі, больш 300 год посьля беларускага Скарынавага перакладу. Факт выданьня Скарынавых кнігаў не пацаркоўнаславянску, а ў беларускім перакладзе мог іграць важную ролю ў маскоўскім іх паленьні яшчэ й таму, што даваў ён маскоўскім кніжнікам вольнае поле для яшчэ аднаго закіду - закіду ў іх недакладнасьці, што тады было роўназначным гарэтычнасьці. Мы бачылі раней, як строга, саборам, маскоўскія царкоўнікі перасьледвалі дый двойчы судзілі й каралі Максіма Грэка за «еллінскія» дый «жыдоўскія ерасі» з прычыны зробленых памылак пры перакладэе рэлігійных кнігаў з грэцкае мовы. Скарынаў-жа пераклад, роблены не на мову царкоўнаславянскую, а на беларускую, быў перакладам даволі вольным наагул, паколькі галоўнаю мэтаю Скарыны было даць не як мага больш даслоўны пераклад, а як-найбольш прыступны й зразумелы «люду паспалітаму». У такім перакладзе можна было пазнаходзіць колькі хоць мясцоў, якія не згаджаліся з традыцыйным маскоўскім царкоўнаславянскім тэкстам, і гэта, пэўне-ж, было тады дастатковаю падставай для закіду ў іх гарэтычнасьці.
Кардынальна розным ад Скарыннавага было ў Маскве й само разуменьне значэньня й практычнага ўжытку новага друкарскага майстэрства. Скарына бачыў карысьці тэхнікі друкарства найперш у масавай прадукцыі кнігаў дый пашырэньня праз кнігі асьветы, веды й асноваў хрысьціянскае веры й маралі ў народзе. Дзякуючы друку, кнігі пераставалі быць роскашай, даступнаю толькі царкоўнікам дый невялікаму ліку людзей заможных. Дарогу ў народ друкаванай кнізе трэба было толькі шырэй расчыніць, выдаючы яе ў мове зразумелай, найлепш - у жывой мове самога народу. У сваёй выдавецкай дзейнасьці Скарына да гэтага й імкнуўся. У Маскве-ж тымчасам ніякіх азнакаў зразуменьня патрэбы пераходу ў кнігах ад царкоўнаславянскае мовы да мовы народнае тады ня было. А друкарства сярод маскоўскага грамадзтва даўжэйшы час уважалася наагул за рэч падазроную й непажаданую. Довад яскравы гэтага - зьнішчэньне друкарні Івана Хведаровіча дый Пётры Мсьціслаўца й ўцёкі самых друкароў у Літву. Калі грамадзтва маскоўскае яшчэ ня было гатовае прыняць друкарскае майстэрства й у другой палове ХVІ стагодзьдзя, тымбольш ня было сьпелым яно да гэтага ў шмат ранейшую Скарынавую пару. Дык і тое, што Скарынавыя кнігі былі ня рукапісныя, а друкаваныя, магло таксама прычыніцца да таго, што ў Маскве іх зьнішчылі.
Калі ў другой палове ХVІ стагодзьдзя царкоўная й дзяржаўная ўлады Маскоўшчыны патрэбу друку ў канцы прызналі, дык зрабілі гэта галоўна таму, што спадзяваліся праз друк прадукцыю кнігаў манапалізаваць, кантраляваць і гэтак дапілнаваць, каб у іх быў захаваны дакладны й непарушны традыцыйны маскоўскі царкоўнаславянскі тэкст. Было гэта намаганьне пры помачы друку раз назаўсёды адсеч магчымасьць якіх-колечы зьменаў і адхіленьняў, якія заўсёды здараліся ў кнігах рукапісных. Дык кіраўнічым верхавінам Маскоўскага гаспадарства найважнейшаю справаю было замацаваньне праз друк непарушнасьці тэкстаў кнігаў. Пра лепшае-ж іх разуменьне народам - пра што рупіўся найперш Скарына - у Маскоўшчыне ніхто ня дбаў. Выявілася гэта яскрава ў вадпаведных пастановах маскоўскага «Стоглавага» сабору 1551 году. Сьветчыць пра гэта й «Сказание известно о воображении книг печатного дела». Тамака пададзена, што друк у Маскве заводзіўся «крепкаго ради исправления и утверждения»[42]. Мэта, як бачым, наскрозь кансэрватыўная й зусім супроцьлеглая заданьням, якія сваім кнігам ставіў Скарына: «абы людзі паспалітыя... маглі лепей разумеці».
А.Кацпржак зьвярнула ўвагу на яшчэ дзьве істотныя прычыны, чаму маскоўскае кансэрватыўнае духавенства мусіла быць варожым справе пашырэньня Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне: зь меркаваньняў эканамічных і дзеля іх сваеасаблівага мастацкага афармленьня. Паводля яе Скарынавыя кнігі ў Маскоўшчыне мусілі выклікаць недавер таму, што былі яны «аздобленыя арнамэнтам, у якім часам сустракаліся фігуры мітычных істотаў, як, прыкладам, наядаў і сырэнаў. Такія аздабленьні ў маскоўскія царкоўныя кнігі, у якіх тарнаваўся блізу вылучна расьлінны й геамэтрычны арнамэнт, не дапушчаліся. Былі й прычыны характару матар'яльнага: маскоўскае духавенства, якое было манапольным дастаўляльнікам рукапісных царкоўнаслужэбных кнігаў і кнігаў наагул, не жадала ўвозу таннейшых друкаваных кнігаў»[43].
Што эканамічны канкурэнцыйны фактар мог мець сваё значаньне пры нішчэньні ў Маскве Скарынавых кнігаў - пярэчыць гэтаму няма падставаў. А што графічныя аздобы дый арнамэнты-заставіцы гэтых кнігаў не заўсёды падабаліся маскоўскім манахам, на гэта існуюць канкрэтныя довады. Як падае А.С.Зернова, у некаторых перахаваных у Маскоўшчыне экзэмплярах Скарынавых кнігаў непажаданыя часткі іхных арнамэнтаў выскрабаныя маскоўскімі чытачамі[44].
Дык было шмат прычынаў, дзеля якіх Скарынавыя кнігі маглі быць у Маскоўшчыне непажаданымі й шмат каму проста няпрыемлівымі. Маскоўскай царкоўнай і дзяржаўнай уладзе былі яны падазронымі й з прычыны паходжаньня іх з-пад «рымскае» дый «літоўскае» царкоўнае й дзяржаўнае зьверхнасьці, і дзеля зрыву ў іх з царкоўнаславяншчынай, і дзеля заходняэўрапейскіх элемэнтаў у іх графічных аздобах, і, у канцы, магчыма, дзеля таго, што мелі яны няпрывычнае, новае афармленьне, бо былі гэта ня кнігі рукапісныя, а друкаваныя. Прычынаў, як бачым, дастаткова для артадаксыйнае Масквы на тое, каб кнігі гэтыя прызнаць эа нягодныя, небясьпечныя дый іх зьнішчыць.

6

Дык повадаў на тое, каб Скарынавае падарожжа ў Маскву кончылася няўдачаю, хапала. Сам факт адбыцьця, наўсуперак ім, гэтага падарожжа паказвае, што доктар Скарына іх проста ня ўлічаў. Хоць і быў ён чалавекам шырака дазнаным дый бывалым у краёх сярэдняе й заходняе Эўропы, адылі мэнтальнасьці й духовае дый культурнае існасьці эўразійскае Маскоўшчыны ён яўна ня знаў. Накш із сваімі кнігамі да Масквы не падаваўся-б. Скарына, відавочна, не ўсьведамляў, што культурна-духовыя асяродзьдзі тагачаснае Вільні й Вялікага Княства Літоўскага дый Масквы й Маскоўшчыны розьніліся кардынальна. Складалася на гэта шмат прычынаў, але ў васнове ўсяго ляжаў ведамы факт, што ўжо ад пачаткаў свае гісторыі беларускі народ выяўляў выразную й нясупынную цягу да народаўладных дэмакратычных хвормаў грамадзкага й палітычнага ладу, а разамі да дэмакратычных прынцыпаў рэлігійнае, нацыянальнае дый палітычнае талеранцыі, з павагаю й пашанаю да накш верачых, накш гаворачых, накш думаючых. Прынцыпы гэтыя выявіліся выразна ўжо ў пару вечавога народаўладзтва крывіцкага Полацкага княства. Пасьлей яны атрымалі сваё выражэньне ў найбольш стройна ўва ўсей тагачаснай Эўропе распрацаванай сыстэме юрыдычных нормаў, гэтак званых «Літоўскіх статутах». Дэмакратычная ўважлівасьць і пашана да мясцовага ладу й народных традыцыяў адбілася й у прынцыпе князёў, гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага, тарнаванага да новадалучаных земляў: «Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім»[45]. Вось гэтыя народаўладныя прыкметы й тэндэнцыі, выяўленыя яскрава ў ходзе гістарычнага разьвіцьця палітычна-грамадзкага ладу дый культурна-духовага жыцьця беларускага народу, стаялі ў поўнай супярэчнасьці з антынародным самадзяржаўем дэспатычнае князевае маскоўскае ўлады дый рэлігійнай і палітычнай нязносьлівасьцяй маскоўскага грамадзтва.
Важнаю асаблівасьцяй культурна-духовага жыцьця тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага было й тое, што тамака было месца сутыку дый сужыцьця дзьвюх хвормаў хрысьціянскага веравызнаньня: бізантыйскага праваслаўя й рымскага каталіцтва. Толькі ў другой палове ХVІ стагодзьдзя, з паяваю ў Вялікім Княсьцьве перш рэфармацыі, а посьля вуніі, на тэрыторыю гаспадарства пераносяцца рэлігійныя змаганьні. Але яшчэ на пачатку стагодзьдзя, у Скарынавыя часы, на землях Вялікага Княства Літоўскага ў рэлігійнай галіне, як правіла, панавалі супакой і суладнасьць. Пра гэта сьветчыць нам хоць-бы гэткі зыркі прыклад, што каталіцкія сьвятары ў Беларусі тады ня толькі маглі быць і бывалі сябрамі праваслаўных брацтваў, але, у выпадку непаладкаў там зь іншымі «братамі», падлягалі навет і брацкаму суду. Гавора пра гэта ніжэй прыведзены артыкул статуту брацтва віленскіх купцоў «грэцкага закону» ХVІ стагодзьдзя:
«...которые бы люди духовные якогож кольвек стану, Римской веры и Греческой, будучи вписаные в тое их братство... и придало бы се ему с ким в том их братстве ростырку або зваду почати: тогды о тых делех таковые духовные люди, ако Римской веры до князя бискупа, так и Греческой до митрополита и до врядников их... не мають ся от судов их отзывати, а ни жадной помочи з урядов своих на то собе брати: одно, в том братстве кождому права достояти и розсудку их братского послушными быти»[46].
Як відаць з тых-жа брацкіх статутаў, - падчырквае гэта й Уладзіміраў, - у праваслаўных брацкіх бяседах і банкетах прыймалі тады, як правіла, удзел ня толькі каталікі, але й каталіцкія сьвятары[47], - зьява, бадай, зусім немагчымая ў той самай Вільні пазьней, у стагодзьдзі ХVІІ. Даволі згоднае сужыцьцё між праваслаўнымі й каталікамі ў тую пару ў Беларусі адзначае й ведамы расейскі акадэмік А.І.Сабалеўскі: «Летапісы да канца ХV стагодзьдзя блізу не гавораць пра націск каталіцтва на праваслаў'е і трактуюць літоўскіх князёў каталікоў (Вітаўта й Казіміра) зь любовяй»[48]. Тое самае пацьвярджае й ведамы аўтарытэтны гісторык праваслаўнае царквы Мітрапаліт Макар[49]. Тое-ж кажа й гісторык У.Пічэта аб роднай Скарыне Полаччыне: «У Полацкай зямлі канца ХV й пачатку ХVІ сталецьця ня было ніякага рэлігійнага антаганізму»[50].
Да тагачасных паглядаў у культурна-рэлігійнай галіне мела дачыненьне й тое, што Вільня, як і ўсё Вялікае Княства Літоўскае, было пад моцным цывілізацыйна-культурным уплывам Захаду. А духовая атмасфэра Эўропы ў Скарынавую пару была насычаная лібэральнымі ідэямі гуманізму й адраджэньня. Даходзіла ўжо ў межы Вялікага Княства Літоўскага й жывое рэха шпарка нарастаючага рэфармацыйнага руху. Тагачасная-ж Масква стаяла пастаронь усіх гэтых эўрапейскіх ідэйных і культурных працэсаў дый настойвалася далей у сваіх традыцыях рэлігійнага дагматызму й нязносьлівасьці.
Калі значаньне ідэяў Захаду для культурна-духовага жыцьця Беларусі гэнае пары важка адзначыць, дык усё-ж ня можна іх і перацэньваць. Пра гэта найлепш сьветчыць тое, што дваццаць шэсьць год перад пачаткам Скарынавае выдавецкае дзейнасьці, у 1491 годзе, праваслаўныя літургічныя кнігі былі зьнішчаныя й у сталіцы заходняга суседа Беларусі, Польшчы, пайменна кнігі, выдадзеныя Немцам Швайпольтам Фіёлем у Кракаве, Польшча-ж і дзеля свайго каталіцкага веравызнаньня, і проста ў выніку свайго больш заходняга геаграфічнага палажэньня была эаўсёды пад куды мацнейшымі ўплывамі Захаду за землі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта паказвае, што адцемленыя вышэй рысы палітычнае й рэлігійнае талеранцыі тагачаснай Беларусі ў сваёй аснове былі ня нейкага вонкавага, заходняэўрапейскага паходжаньня, а вырасьлі із свае радзімае глебы й традыцыяў, яны вынік найперш мясцовых культурна-палітычных працэсаў і абставінаў.
Беларускае мяшчанства - грамадзкі слой, зь якога выйшаў Скарына, - у тую пару было асабліва верным носьбітам, перахавальнікам і, у патрэбе, гарачым абароньнікам сваіх праваслаўных правоў і традыцыяў. У дзяржаве, у якой вялікі князь і ў вялікай часьці кіруючая верхавіна былі іншага, каталіцкага веравызнаньня, беларускаму мяшчанству, як і ўсім праваслаўным Вялікага Княства Літоўскага наагул, залежыла асабліва на рэлігійнай талеранцыі, бо гэта гарантавала найперш іхную рэлігійную свабоду. Вось дзеля гэтага ў сьветаглядзе Скарыны, які сам вырас зь беларускага меставога асяродзьдзя, ідэі рэлігійнае талеранцыі адбіліся асабліва яскрава й пасьлядоўна. Вырослы з маленства ў атмасфэры пашаны да людзей іншае веры й думкі, доктар Франьцішак Скарына відавочна проста няўсьведамляў сабе, што зусім накшыя пагляды й настроі ў Маскоўшчыне, у якой старая, перанесеная зь Бізантыі, багаслоўская варажнеча з Рымам хутка перарасла ў страх усяго, што ішло ня толькі з лацінскага Захаду, але навет і сумежнае дый у істоце такое самае праваслаўнае, як і яна, Літвы.
Скрайняя нязносьлівасьць да ўсялякае іншае формы веравызнаваньня, як і да ўсякае іншае думкі наагул, была здаўна характэрнаю прыкметаю маскоўскае грамадзкасьці, і ў пару якраз доктара Скарыны выяўлялася яна ў сьмешных навет драбніцах. Яскравы прыклад гэтага прыводзіць гісторык расейскае літаратуры Архангельскі, які падае, што тады ў Маскве «няхрышчаным Немцам» не дазвалялі навет і ўваходзіць у праваслаўную царкву. Калі-ж яны часам нейк туды траплялі, іх адразу выводзілі дый падмяталі за імі падлогу[51]. Падобны факт падае яшчэ ў ХVІ стагодзьдзі й за яго войстра Маскоўцаў асуджае й ведамы беларускі рэфармацыйны дзеяч - арыянін Сымон Будны. Абураўся ён, што «Маскоўцы навет і тое месца, дзе «лаціньянін» сядзеў, сьціраюць ці змываюць, каб не запэцкацца»[52]. Маскоўшчыну тае пары гісторык расейскае літаратуры П.Н.Мілюкоў характарызуе словамі, што «ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя нутранога духовага хрысьціянства ня былі па плячы тагачаснаму расейскаму грамадзтву; для аграмаднае бальшыні ідэі гэтыя былі проста незразумелыя»[53]. Мы ведаем, што «незразумелымі» дый нейк «не па плячы» ўсе гэтыя ідэі й Маскве сяньняшняй.
Паводля таго самага А.С.Архангельскага, побач зь нязвычайнаю варажынёй да ўсяго чужога ў Маскоўшчыне ўсё глыбей замацоўваўся пагляд, што маскоўская - «руская» - царкоўная старына бяззаганная й беспахібная і што «ні ў водным слове, ні ў водным сказе ні адняць, ні дадаць нічагуткі нельга». У вадваротнасьць гэтаму, на блізкіх суседніх землях тагачаснае Скарынавае Літвы-Беларусі, паводля Архангельскага, «ня было тае сьляпое веры ў аўтарытэт «пісаньняў», «кнігі», якая... піхала... маскоўскіх кніжнікаў «умирать за единую букву аз»[54].
Нязвычайная падозрылівасьць, якая шукала «хулу» дый «ерась» у кажнай драбніцы, у Маскоўшчыне была накіраваная ня толькі супроць таго, што ішло з «лацінскага» Захаду, але, як мы бачылі, таксама й супроць праваслаўнага-ж «елінца» Максіма Грэка дый сваіх-жа суродзічаў. Такі-ж прынцыповы недавер быў тамака й да праваслаўных суседняе Літвы. Факт гэты пазьней дачакаўся навет і свайго сфармуляваньня на пісьме ў «Прывілеі» маскоўскае багаслоўскае акадэміі братоў Ліхудаў другой паловы ХVІІ стагодзьдзя, у якім, між іншым, кажацца:
«А иже имуть в наше царствие из Литовские страны... ученые люди... прыезжать, и о себе говорити яко они благочестивые и от благочестивых родителей рожденные и воспитанные в православной восточной вере... словесам их не верити, - аще бы кто них и писанием правду веры нашое восточное удостоверял... А за хуленне православно-восточное веры... без всякого милосердия да сожжется... И... книги еретические сожигати...»[55].
Хоць правіла гэтае, як паступаць з праваслаўнымі «вучонымі людзьмі» зь Літвы й з «гарэтычнымі» кнігамі, і паходзіць з ХVІІІ стагодзьдзя, але практычна тарнавалася яно ў Маскоўшчыне ўжо й на пачатку стагодзьдзя ХVІ. Адзін з вымоўных прыкладаў гэтага - факт спаленьня ў Маскве Скарынавых праваслаўных кнігаў.
Вось ад падобнае забабоннае нязносьлівасьці й рэлігійнага фанатызму маскоўскага грамадзтва далёкаю была тагачасная Вільня, зь якое да Масквы Скарына ехаў, і асабліва сам доктар Скарына, уся культурная дзейнасьць якога азначаецца абсалютнаю рэлігійнаю талерантнасьцяй. У Скарынавых выданьнях, побач шчырае веры й глыбокае прывязанасьці да традыцыйных хвормаў беларускага праваслаўя, нідзе ня знойдзем і сьледу ані рэлігійнага фанатызму, ані нейкае варажнечы да якое-колечы іншае, не праваслаўнае веры. Ня дзіва тады, што із сваім, вольным ад рэлігійнае абмежанасьці й фанатызму сьветаглядам, у якім адбіліся й радзімыя беларускія дэмакратычныя традыцыі, і эўрапейскія ідэі эпохі Адраджэньня, Скарына ніяк не ўкладаўся ў рамкі артадаксыйнага дагматызму тагачаснага маскоўскага грамадзтва й жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя. Сутык між гэтымі, кардынальна адрознымі, сьветаглядамі мусіў кончыцца нямінучым канфліктам, аб чым у Маскве доктару Скарыне давялося й пераканацца.
Вось на факт прынцыповае адрозьнасьці культурна-духовых асноваў і традыцыяў Літвы-Беларусі, з аднаго боку, дый Маскоўшчыны-Расеі пачатку ХVІ стагодзьдзя - з другога, і кідае нам сваё яскравае, драматычнае сьвятло тое вогнішча на плошчы Масквы, у полымі якога гарэлі кнігі найбольш выдатнае й зыркае духовае постаці тагачаснае Беларусі - доктара Франьцішка Скарыны з Полацка. Калі дакладнейшыя абставіны маскоўскае Скарынавае прыгоды нам сяньня яшчэ й няведамыя, дык рэч пэўная, што ўсе надзеі й спадзяваньні, зь якімі Скарына кіраваўся на ўсход, у Маскве былі зруйнаваныя дазваньня. Кнігі, каштоўны плод ягонае ахвярнае, руплівае працы «для пажытку й дабра люду паспалітага», загінулі ў вагні. Ён-жа сам варочаўся да Вільні із войстраю сьведамасьцяй поўнае няўдачы падарожжа й панесеных цяжкіх матар'яльных стратаў. Багацейшым затое стаў цяпер доктар Скарына важкім дазнаньнем, што Маскоўшчына - сьвет ня толькі моцна адрозны ад яго роднае Літвы-Беларусі й усяе Эўропы, але й сьвет, месца ў якім ягоным кнігам, ідэям, сьветагляду і яму самому няма.

Сакавік 1962 году

_______________



КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА



Аўтар пачуваецца да абавязку выказаць гэтта сваю глыбокую ўдзячнасьць за дапамогу ў расшуканьні патрэбных для гэтае працы матар'ялаў у бібліятэках Эўропы сп.ЯНКУ САДОЎСКАМУ, а ў бібліятэках Амэрыкі д-ру ВІТАЎТУ КІПЕЛЮ.

1. Грушевський Михайло. Історія української літератури, т.V. Київ. 1926, б.122.
2. Брага Сымон. Кароль Альбрэхт і Скарына. «Запісы» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, № 2 (4). Ню-Ёрк, 1953, б.112.
3. Памятники дипломатических сношений Московского государства, т.1. «Сборник Императорского Русского Исторического Общества», т.35. С.-Петербург, 1882, б.67.
4. «Беларускі Архіў», т.2. Інстытут Беларускае Культуры. Менск, 1926, б.263. Тое-ж у: Владимиров П.В. - Доктор Франциск Скорина. С.-Петербург, 1888, б.323.
5. Wierzbowski Theodorus. Matricularum Regni Poloniae Summaria…Pars IV…Volumen 2-um. Varsoviae, MCMXII, б.195.
6. Wojciechowska Maria. Рэцэнзія на: Abramowicz L.Cztery wieki drukarstwa w Wilnie. «Kwartalnik historyczny», XL. Lwуw, 1926, б.473.
7. Таксама.
8. Флоровский Антон Васильевич. Чешская библия в истории русской культуры (Франциск Скорина и продолжатели его дела). «Sbornik filologicky», ІІІ Тrida Ceske Akademie Ved a Umeni, sv. ХІІ. Рrаhа, 1940-1946, б.211.
9. Брага С. Кароль Альбрэхт..., б.108-113.
10. Florovskij Ant.Vas. Nove zpravy o pobytu Frantiska Skoryny v Praze. «Casopis Narodniho Musea. Oddil Duchovedny». Rocnik СХ. Praha, 1936, б.11-19.
11. Флоровский А. В. Чешская библия..., б.211.
12. Wojciechowska M. Рэцэнзія..., б.473.
13. Архангельский А. С. Из лекций по истории русской литературы. Казань, 1913, б.2-3.
14. Первольф И.И. Славянская взаимность с древнейших времен до ХVІІ века. «Журнал Министерства Народного Просвещения», № 172. С.-Петербург, 1874, б.197.
15. Карамзин Николай. История государства Российского, т.VІ. С.-Петербург, 1819, б.194; Соловьев Сергей. История России с древнейших времен, т.5. Москва, 1864, б.260.
16. Полное собрание русских летописей. Археографическая Комиссия, т.VІ. С.-Петербург, 1853, б.37, 239; Карамзин Н. История..., т.VІ, б.193-194; Соловьев С. История..., т.5, б.63.
17. Glaeser W. Bartel Ghotan, Domvikar und Diplomat, Schriftgiesser und Buchdrucker. Luebeck, 1903, б.24; Bruns Fr. Lebensnachrichten ueber Luebecker Drucker des 15. Jahrhunderts. «Nordisk tidtskrift foer bok-och biblioteksvaesen», Arg.II. Uppsala - Stockholm, 1915, б.231. Арсеньев С.В. О любском типографе Варфоломее Готане, бывшем в Москве в ХV веке. Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете, кн.ІV. Москва, 1909, б.17-20; Рааб Г. Новые сведения о печатнике Варфоломее Готане. У зборніку: «Международные связи России до ХVІІ в.», Академия Наук СССР. Институт Истории. Москва, 1961, б.339-351.
18. Иконников В.С. Максим Грек и его время. Киев, 1915; Милюков П.Н. Очерки по истории русской культуры, 4-е издание, ч.II. С.-Петербург, 1905, б.37-39; Голубинский Е. История русской церкви, т.2, ч.1. Чтения в Московском обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете, кн.І. Москва, 1900, б.705-726; Горнфельд А. Максим Грек. Ф.А.Брокгауз и И.А.Ефрон. Энциклопедический словарь, т.ХVІІІ. С.-Петербург, 1896, б.447-449.
19. Памятники дипломатических сношений..., т.І, б.752.
20. Тамсама, б.759.
21. Памятники дипломатических сношений..., т.І, б.714-715.
22. Каратаев Иван. Описание славяно-русских книг напечатанных кирилловскими буквами, т.1. С.-Петербург, 1883, б.23.
23. Соловьев С. История..., т.5, б.407.
24. Fiedler Joseph. Ein Versuch der Vereinigung der russischen mit der roemischen Kirche im sechzehnten Jahrhunderte. «Sitzungsberichte der Philosophisch-Historischen Classe der Kaiserlichen Akademie der Wissenschaften». Vierzigster Band, Heft I. Wien, 1862, б.108-113.
25. Fiedler J. Ein Versuch der Vereinigung…, б.110.
26. Первольф И.И. Славяне, их взаимные отношения и связи, т.II. Варшава, 1888, б.596-597.
27. Владимиров Пётр Владимирович. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Общество Любителей Древней Письменности, т.ХС. С.-Петербург, 1888, 3 + ХХVІ + 311 б.
28. Чатырохсотлецьце беларускага друку, 1525-1925. Інстытут Беларускае Культуры. Менск, 1926, 360 бачынаў.
29. Florowskij A.V. Die Anfaenge des Buchdruckes bei den Ostslaven. «Slavische Rundschau», Jahrgang XII, Nr.1-2. Prag, 1940, б.76-77; Флоровский А.В. Чешская библия..., б.210-212.
30. У Беларускай ССР ці ня першы падарожжа доктара Скарыны да Масквы, на аснове публікацыяў Флароўскага, адзначыў М.А.Алексютовіч у сваёй кніжцы: Скарына, яго дзейнасьць і сьветапогляд. Менск, 1958, б.48-50.
31. Fiedler J. Ein Versuch …, б.61.
32. Dobrovsky Josef. Anhang von der Skorinischen Bibel-Uebersetzung. «Slovanka», t.I. Prag, 1814, б.154.
33. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою Комиссиею, т.2. С.-Петербург, 1848, б.150.
34. Флоровский А.В. Чешская библия..., б.212.
35. Флоровский А.В. Чешская библия ..., б.212.
36. Thevet Andre. Pourtraits et vies des hommes illustres…, t.2. Paris, 1584, б.389.
37. Собрание государственных грамот и договоров, т.III, № 77. Москва, 1822, б.298-299. Таксама: Оглоблин Н. - К истории гонения на «литовские книги» в ХVІІ веке. Библиограф, № 1. С.-Петербург, 1890, б.6-7; Акты Московского Государства, т.1. С.-Петербург, 1890, б.224-225.
38. Ластоўскі Вацлаў. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926, б.297.
39. Карский Евфимий Федорович. Белорусы, т.III. Очерки словесности белорусского племени, ч.2. Старая западно-русская письменность. Петроград, 1921. б.24.
40. Карамзин Н. История..., т.1. Примечение 529, б.215.
41. (Денисов Андрей, Денисов Семен, Петров Трифон). Ответы пустынножителей на вопросы иеромонаха Неофита. Кніга рукапісная, знайходзіцца ў Публічнай Бібліятэцы Ню-Ёрку, без азначэньня году й месца выхаду. Датаваная ў бібліятэчным каталёзе толькі прыблізным 176? годам. Адказ на 50-е пытаньне.
42. Сказание известно о воображении книг печатного дела. У зборніку: К трехсотсемидесятилетию со дня смерти Ивана Федорова, 1583-1958. Под редакцией М.Н.Тихомирова, А.А.Сидорова и А.М.Назарова. Издательство Академии Наук СССР. Москва, 1959, б.210.
43. Е.И.Кацпржак. История письменности и книги. Москва, 1955, б.148.
44. Зернова А.С. Орнаментика книг московской печати ХVІ-ХVІІ веков. Москва, 1952, б.16.
45. Шырэй аб гэтым у працы: Максімовіч Рыгор - Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі. «Запісы» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, № 2 (6), Ню-Ёрк, 1954, б.65-84; заканчэньне ў: «Конадні», № 3, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Ню-Ёрк, 1955, б.55-73.
46. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою Комиссией, т.3. С.-Петербург, 1848, б.270-271.
47. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина..., б.34.
48. Соболевский А.Н. Материалы и исследования в области славянской филологии и археологии. Сборник отделения русскаго языка и словесности Императорской Академии Наук, т.88, № 3. С.-Петербург, 1910, б.194.
49. Митрополит Макарий. История Русской Церкви Макария, архиепископа литовского и виленского, т.ІХ, кн.ІV. История Западно-Русской, или Литовской, Митрополии. С.-Петербург, 1879.
50. Пічэта Уладзімір. Полацкая зямля ў пачатку ХVІ сталецьця. «Чатырохсотлецьце беларускага друку». Інстытут Беларускае Культуры. Менск, 1926, б.113. Тое-ж у: Пичэта В. И. Белоруссия и Литва ХV-ХVІ вв. Академия Наук СССР. Институт Славяноведения. Москва, 1961, б.262.
51. Архангельский А. С. Из лекций..., б.31.
52. Kot Stanislaw. Szymon Budny. Der groesste Haeretiker Litauens im 16. Jahrhundert. «Wiener Archiv fuer Geschichte des Slaventums und Osteuropas», Bd.II. Studien zur aelteren Geschichte Osteuropas, I.Teil. Graz-Koeln, 1956, б.80.
53. Милюков П.Н. Очерки..., ч.ІІ., б.31.
54. Архангельский А.С. Из лекций..., б.80.
55. Архангельский А.С. Образование и литература в Московском государстве кон. ХV-ХVІІ вв. Казань, 1898, б.9.


Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: © Доктар Скарына ў Маскве

подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.