© Документ: "Прадмова да Катэхізісу Сымона Буднага"

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему © Документ: "Прадмова да Катэхізісу Сымона Буднага". Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-23
Источник: http://library.by

Прадмова да Катэхізісу


Сымон Будны - усім дабраверным хрысьціянам мовы (бела)рускай




Катэхізіс – слова з грэцкай мовы, перакладаецца ж на мову славенскую – абвяшчэньне, ці навучаньне голасам.


Ведама павінна быць, што апосталы і вучні іхнія ад грэкаў ці ад жыдоў да веры Хрыстовай прыходзячы, ня так хутка і лёгка да таямніцаў сьвятых прыступалі. Бо ахрысьціў Пётр і іншыя апосталы ў дзень спасланьня Сьвятога Духу народу ізраэльскага тры тысячы, а замілаваўшыся сэрцам і зь любасьцю Слова прыняўшых ахрысьціў Філіп, адзін зь сямі дыяканаў, каторы царыцы Мурынскае зямлі эўнуха, або скапца, аж з Мурынскае зямлі ў Ерузалім пакланіцца прыехаўшага, яму анёлам паказанага, ім навучанага і яшчэ веру ў Хрыста, што Сын Божы ёсьць, вызнаўшага, ахрысьціў.


Ахрысьціў Пётр яшчэ Карнілія, чые малітвы і міласьціны ўзыйшлі перад Богам, таго, пра каторага Пятру голас Божы ў бачаньні тры разы прамовіў: “Каго Бог ачысьціў, таго не лічы нячыстым”, на каторага Дух Сьвяты відочным чынам падчас навучаньня Пятра зыйшоў. Ахрысьціў апостал Сіла вартаўніка вязьніцы ў Філіпах, каторы, каючыся, першы ў апосталаў запытаўся: “Гаспадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?!” Але раней Павел і Сіла казалі яму Слова Божае; а потым прыняў ён іх у доме сваім і абмыў іх раны. Іншыя прыклады ня ўзгадваю. Досыць бо яўна, што апосталы нікога з паганаў ці з жыдоў не хрысьцілі, перш яго не навучыўшы і ў веры ня выспрабаваўшы.


Потым яшчэ цяжэйшыя выпрабаваньні для тых, хто ахрысьціцца хацеў, прыйшлі. Знаходзім бо ў пасланьнях настаўнікаў і ў некаторых правілах: тыя, што хрысьціцца хацелі, перш немалы час павінны былі асобна ад іншых у царкве стаяць; на калені прыпадаць, чытаньне Эвангельля пачуўшы; а больш таго, калі пачыналася вячэра Госпадава, вон з царквы выходзілі; таксама вызначаны час пасьцілі і кожны тыдзень ў чацьвер “Веру …” перад епіскапам ці прэсьвітэрам вызнавалі. А пакуль гэта ўсё хто ня выканае, ахрышчаным быць ня мог, але звалі яго “абвешчаным”, а па-грэцку – “катэкуменос”. Навуку ж іхнюю такую называлі Абвяшчэньнем, па-грэцку – Катэхізіс.


Быў той звычай вельмі патрэбны і карысны, бо так многія да пазнаньня Бога і праўды Яго прыходзілі, у жыцьці сьвятым узрасталі і ўмацоўваліся. Да таго ж і настаўнікі мусілі пільнымі быць. Але д’ябал не дапусьціў звычаю гэтаму доўга між хрысьціянамі быць, да сьпячага бо чалавека, паводле Слова эвангельскага, ён прыйшоў і пустазельле пасеяў; бо калі настаўнікі людзей вучыць ленаваліся, навучыў іх д’ябал, каб паверылі, што без навукі, бязь веры чалавек збавіцца можа, абы толькі вадою ў дзяцінстве ахрышчаны быў, а прыйшоўшы да сталага розуму, у пэўныя дні мяса ня еў, міласьціну, хаця б і са скрадзенага, даваў, да сьвятых маліўся і такія звычаі захоўваў.



А наастатак дапусьціліся таго, што калі хто меў што – папам даваў, каб цела ў пасьвечанай зямлі пахавалі, праводзілі, паміналі, траціны, дзевяціны, паўсарачыны, сарачыны, паўгады і год ды іншыя падобныя прыдумкі чынілі. На гэта маёнткі, вёскі, мястэчкі завяшчалі; манастыры і будаваныя цэрквы надавалі або нанова будавалі; званы, патрыёны, дыскасы, рызы, іконы і балваноў куплялі, спадзяючыся такімі справамі збавіцца, Валадарства Божага і жыцьця вечнага заслужыць. Усё гэта, кажу, таму ў царкву прыйшло, што той сьвяты звычай, каторага першая царква па загаду Хрыста трымалася, дапусьцілі д’яблу зьвесьці ды шкадлівае пустазельле пасеяць. Хрыстос бо сказаў: “Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх!” Тыя ж ня толькі ня вучаць, але і самі мала праўду ведаюць і тым, каторыя б навучыць маглі, забараняюць. Няйначай, як перад тым законьнікі жыдоўскія. Пра іх Госпад сказаў: “Гора вам, законьнікі, бо ўзялі ключы ад разуменьня і самі не ўваходзіце, і іншым забараняеце!” Няма патрэбы аб гэтым шмат пісаць. Усе бо ведаем, якіх цяпер настаўнікаў маем.



Ведае ўвесь сьвет, як яны свае пасады займаюць. Вядома таксама, як свае абавязкі выконваюць. Лепей плакаць, чым іхнія норавы апісваць. Адно рэч пэўная – надарма іх выпраўленьня ў навуцы і жыцьці чакаць. Лепш, каб кожны, хто згінуць ня хоча, іншыя лекі сабе, пакуль час ёсьць, шукаў, а такіх пастыраў у супакоі пакінуў. Так бо загадвае Госпад апосталам, гэта значыць, усім настаўнікам кажа: “Вы – соль зямлі! Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям." Сольлю называе Ён усіх настаўнікаў, бо як соль захоўвае тое, што ёю пасолена, каб не сапсавалася, так і настаўнік пакараньнем, навучаньнем і напамінам захоўвае людзей ад духоўнае гнілі. А калі таго ня чыніць, загадае Госпад вон такога выкінуць і патаптаць, як соль, калі б сапсавалася ці моц сваю страціла. Чаму ж мы ня слухаемся загаду самога Сына Божага? Сапраўда, ня трэба гэтае слова адкідваць. Павінныя бо мы і на тое слова памятаць: калі сьляпы сьляпога водзіць, абодва ў яму ўваляцца. Ці чуеш, любы мой браце, што цябе сам Госпад перасьцерагае, абы ты ў яму не ўваліўся? Бо ў яму ўваліцца кожны, хто дазваляе, каб яго сьляпы вёў. Чаму ж ад такіх сьляпцоў не бяжым? Чаму згаджаемся, каб нас вялі? Зьлітуйся кожны над самім сабой у імя Бога. Паўстань зо-сну, ужо час абудзіцца. Досыць ужо мы спалі, калі за справаю гэтых сьляпцоў ані Бога ня ведалі, яні таго, на чым збаўленьне нашае палягае. Няхай гэта быў час гневу Божага за грахі продкаў нашых, каторыя за паданьні, або яшчэ лепш за сны ды байкі старцаў ухапіліся, Слова Божае адкінуўшы. Мусіў за гэта гнеў Божы прыйсьці. Бо і сьвятыя апосталы аб тым прарочылі і казалі. Найбольш Павел, начыньне выбранае Хрыстова, ён так да салунянаў піша: “І за гэта пашле ім Бог дзеяньне подступу, каб яны паверылі хлусьні; каб былі засужданыя ўсе, не паверыўшыя ў праўду, але палюбіўшыя няпраўду”.



Разгледзься, малю цябе ласкай Божай, ці не збылося гэтае слова сьвятога апостала ў часы апошнія? Апостал тут піша, што Бог пашле дзеяньне подступу. Гэты подступ чый мусіў быць? Хіба ж ні таго, хто яшчэ ў раі бацькоў нашых падмануў? А як бы тады іх падмануў, калі б Еву ад Слова Божага не адвёў? У іншы спосаб падмануць бы ня змог. Дакуль бо чалавек трымаецца Слова Божага, датуль заблукаць ня можа, бо мае сьвечку, катораю сабе сьвеціць. Як напісана: “Слова Тваё – сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.” А калі тую сьвечку згубіць, кожны можа заблукаць і, як сьляпы, навобмацак ісьці, як і апостал піша. Аб тым і прарок кажа: “Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў насеньне, мы былі б як Садом і Гамора”. Насеньнем тут Слова Божае называе. У той жа спосаб д’ябал і цябе падманвае. Ведае бо, як толькі людзі ад Слова Божага адыйдуць, дык адразу ўсё, што ён захоча, зробяць. Дзеля таго і зараз да такога прывёў, каб Слова Божага настаўнікі не казалі. Чаму ўсялякія ліхія размовы ў царкве моц ўзялі? Аднак зараз Бог міласьцівы пашкадаваў нас, адкрыў нам, грэшным, Слова Сваё праўдзівае і штодня больш адкрывае. Настаўнікаў верных, хаця б зрэдку, пасылае. Таму трэба і нам усім імкнуцца да таго самім, каб той невымоўнай ласцы ўдзячнымі быць, Слова Божае абедзьвюма, як кажуць, рукамі прыняўшы, трымаць, згодна зь Ім жыць і іншых да Яго прыводзіць. Бо жніво вялікае, а работнікаў мала, дзеля таго я, недастойны, у сьвятой царкве найменшы, гэтую кніжку па Божых Пісаньнях уклаў, каб разуменьне ўсіх Словаў Божых і праўды Ягонай прагнучыя мелі, ім самі вучыліся і дзяцей сваіх навучылі.



Ведаю, што патрэбна было б гэтую навуку падрабязьней выкласьці, але так нам і час, і ўменьне нашае дазволіла. А да таго ж і пазьней, калі будзе воля Божая, можа яна шырэй спраўлена быць. Найболей чацьвёртую частку, што аб сьвятым хрышчэньні і вячэры Сына Божага, маглі б асобнай кніжкай надрукаваць. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вернымі. Амэн.


Пісана ў Клецку у год з нараджэньня Госпада і Збаўцы і Бога нашага Ісуса Хрыста 1562, чэрвеня 10 дня.


Комментируем публикацию: © Документ: "Прадмова да Катэхізісу Сымона Буднага"


© Сымон Будны • Публикатор (): БЦБ LIBRARY.BY Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.