Рэфармацыя ў Эўропе ў XVI стагодзьдзі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Рэфармацыя ў Эўропе ў XVI стагодзьдзі . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-11
Источник: http://belreform.org/hryz2.php

Рэфармацыя ў Эўропе ў XVI стагодзьдзі

Анатоль Грыцкевіч

XVI стагодзьдзе сталася пераломным ў грамадзка-палітычным, сацыяльным і ідэйным жыцьці народаў Эўропы. Большасьць эўрапейскіх краінаў ад пачатку XVI ст. была ахоплена шырокім рухам антыкаталіцкага накірунку. Гэты рух даў пачатак пратэстантызму -- адной з моцных і ўплывовых галінаў хрысьціянства. Пратэстантызм, які супрацьпаставіў сябе каталіцызму, абапіраўся на тры новыя галоўныя прынцыпы: абсалютны аўтарытэт Бібліі як крыніцы веравучэньня (адмаўляючы сьвятое паданьне і пастановы царкоўных сабораў і рымскага папы), сьвятарства ўсіх вернікаў (кожны вернік мае права на сувязь з Богам без пасярэдніцтва царквы й духавенства), выратаваньне асабістай верай. У выніку Рэфармацыі ствараліся новыя незалежныя ад Рымска-каталіцкага касьцёлу цэрквы, якія атрымалі назвы эвангеліцкіх, альбо пратэстанцкіх, як у XVI ст. сталі называць пасьлядоўнікаў Марціна Лютара, Жана Кальвіна, Ульрыха Цвінглі.

Сам тэрмін Рэфармацыя ўжываўся раней нават у Каталіцкім касьцёле як сынонім пераўтварэньняў, напрыклад, рэфармацыя кляштараў, рэфармацыя ўсяго касьцёлу падчас саборнага руху канца XIV- першай паловы XV ст., нават рэфармацыя імпэратара Жыгімонта, рэфармацыя імпэратара Фрыдрыха ІІІ з прапановамі рэфармаваць дзяржаўны лад Cьвятой Рымскай імпэрыі. У XVI-XVII стст. рэфармацыяй называлі царкоўныя пераўтварэньні як у каталіцтве, так і ў пратэстанцтве. Толькі з канца XVII і ў XVIII стст. тэрмін Рэфармацыя прымяняўся ўжо як азначэньне рэлігійных пераўтварэньняў у пратэстанцтве. Нямецкі гісторык XIX ст. Леапольд Ранке вызначыў "эпоху Рэфармацыі" як перыяд 1517-1555 гг. і адмежаваў яе ад ад наступнай "эпохі Контррэфармацыі". У заходняэўрапейскай літаратуры XX ст. зьявілася таксама паняцьце "другой Рэфармацыі" -- спробаў, пачынаючы з паловы XVI ст., больш шырокага распаўсюджваньня кальвінізму ў нямецкіх лютаранскіх княствах.

Ідэйнымі крыніцамі Рэфармацыі былі гуманізм эпохі Адраджэньня й сярэднявечныя ерасі. Гуманістычны рух з яго рацыяналістычнай крытыкай сярэднявечнага сьветапогляду й культура эпохі Адраджэньня адыгралі сваю ролю ў падрыхтоўцы Рэфармацыі. Гэрытычныя веравучэньні яшчэ да XVI ст. крытыкавалі Каталіцкі касьцёл, асабліва ў XIV-XV стст. Выступы Джона Вікліфа й лолардаў у Ангельшчыне, Яна Гуса, а потым чашнікаў і табарытаў у Чэхіі яшчэ не выходзілі за межы сярэднявечных ерасяў. Яны не набылі агульнаэўрапейскага маштабу і ня мелі глыбокага сацыяльнага характару.

Ідэолягі Рэфармацыі ў XVI ст. выступілі з новым рэлігійным веравучэньнем, якое адмаўляла Каталіцкі касьцёл з яго складанай герархіяй на чале з папам рымскім. Галоўнае месца ў іх ідэалёгіі займала вучэньне пра тое, што для збаўленьня душы не патрабуецца пасярэдніцтва герархічнай царквы (у яе каталіцкім разуменьні). Збаўленьне дасягаецца ня вонкавымі праявамі рэлігійнасьці (ня "добрымі справамі"), а ўнутраннай верай кожнага (прынцып "апраўданьня верай", упершыню сфармуляваны Марцінам Лютарам). Такім чынам, адмаўлялася неабходнасьць асобнага пласту фэўдальнага грамадзтва - каталіцкага духавенства, якое, паводле вучэньня Каталіцкага касьцёлу, адно можа перадаць чалавеку дар Божы, неабходны для збаўленьня. Адмаўлялася ўсё вучэньне каталіцызму аб "скарбніцы добрых спраў". Рэфарматары абвесьцілі адзінай крыніцай рэлігійнай ісьціны "Сьвятое Пісьмо", адмаўляючы "Сьвятое паданьне". У арганізацыі й крыніцах веравызнаньня рэфарматары вярталіся да раннехрысьціянскай царквы. Адмаўленьне фэўдалізаванага Каталіцкага касьцёлу азначала і адмаўленьне царквы як буйнога фэўдальнага землеўласьніка. Таму ўвядзеньне Рэфармацыі ў розных краінах суправаджалася сэкулярызацыяй касьцёльнай маёмасьці, перш за ўсё буйнога землеўладаньня. Ліквідаваліся таксама кляштары й манаства, царкоўная дзесяціна і іншыя зборкі, што зьбіраліся каталіцкім духавенствам, адмаўляўся ўрачысты каталіцкі культ і набажэнства.

У Рэфармацыі ўдзельнічалі розныя сацыяльныя групоўкі, розныя станы, але агульным для ўсіх была крытыка Каталіцкага касьцёлу. У гэтым руху вылучыліся тры асноўныя сацыяльна-палітычныя накірункі: бюргэрска-буржуазны, сялянска-плебейскі й каралеўска-княскі.

Бюргэрска-буржуазны накірунак Рэфармацыі найбольш увасоблены ў вучэньнях М. Лютара, У. Цвінглі й Ж. Кальвіна. Патрабаваньні скасаваньня складанай касьцёльнай герархіі, урачыстага і багатага каталіцкага культу, шанаваньня абразоў, сьвятых і г.д было патрабаваньнем замены "каштоўнай" фэўдальнай царквы "таннай" буржуазнай царквой. Патрабаваньне бюргэрска-буржуазнага накірунку Рэфармацыі аб скасаванні рэлігійных сьвятаў мела мэтай павелічэньне колькасьці рабочых дзён у годзе. У залежнасьці ад эканамічнай і палітычнай сілы буржуазіі ў розных краінах Эўропы бюргэрска-буржуазны накірунак выказваў розную ступень апазыцыі буржуазіі Каталіцкаму касьцёлу і фэўдальнаму парадку - ад лютаранства, якое мела характар пэўнага кампрамісу бюргэрства й буржуазіі з фэўдальнай княскай уладай да кальвінізму, дзе буржуазны характар быў больш яскравы.

Пачаткам Рэфармацыі лічыцца выступленьне 31 кастрычніка 1517 г. прафэсара Вітэнбэрскага ўнівэрсітэта ў Саксоніі Марціна Лютара зь яго 95 тэзамі, у якіх ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. Лютаранства, заснавальнікам якога быў Марцін Лютар, сталася адным з галоўных напрамкаў пратэстантызму ў Эўропе. Гэтае веравучэньне было выкладзена ў "Аўсбурскім вызнаньні" (1530г.) і "Апалёгіі", складзеных Філіпам Мэлянхтонам. Галоўным пастулятам лютаранскай тэалёгіі зьяўляецца "апраўданьне толькі верай" -- збаўленьне аабістай верай, якое даруецца Богам, без пасярэдніцтва царквы. Сувязь Бога й чалавека набывае асабісты характар. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом. Адмаўляецца культ сьвятых, шанаваньне абразоў, каталіцкая герархія, манаства, бясшлюбнасьць духавенства. Пастар разглядаецца не як пасярэднік паміж Богам і чалавекам, а як прапаведнік Слова Божага, які дапамагае верніку дамагчыся "унутранай перакананасьці". Крыніцай веравучэньня зьяўляецца Біблія. Набажэнства вядзецца на роднай мове вернікаў. Разам з тым таінствы хрышчэньня і прычсьця набліжаныя да каталіцкага іх тлумачэньня. Лютаранскія цэрквы падпарадкоўваліся сьвецкай уладзе -- нямецкім князям.

Афіцыйным веравызнаньнем (побач з каталіцтвам) лютаранства было прызнана ў Нямеччыне паводле Аўсбурскага рэлігійнага міру 1555 г., што было пацьверджана Вэстфальскім мірам 1648 г. Лютаранства распаўсюдзілася ў Саксоніі, Гэсэне, Брандэнбургу, Мэкленбургу, Вюртэнбергу, Прусіі, скандынаўскіх краінах і ў Прыбалтыцы.

Меншы ўплыў на грамадзтва мела вучэньне швайцарскага тэоляга Ульрыха Цвінглі, якое пашыралася ў нямецкамоўных кантонах Швайцарыі. Цвінгліянства мела шмат агульнага з лютаранствам. У. Цвінглі, як і М. Лютар, у гэты ж час (20 - 30-я гг. XVI ст.) прыняў за падставу абнаўленьня царквы Святое Пісьмо. Ён таксама ўвёў прынцып збаўленьня душы асабістай верай і адмаўляў неабходнасьць пасярэдніцтва царкоўнай герархіі. Цвінглі адвяргаў таксама індульгенцыі, шанаваньне абразоў і культ сьвятых, пост, манаства, бясшлюбнасьць духавенства, урачыстасьць каталіцкага культу. У той жа час У. Цвінглі выступаў больш рашуча, чым Лютар, супраць абраднага боку каталіцкага культу, разглядаў хрышчэньне і прычасьце не як таінствы, а як сымбалі. Падчас сустрэчы У. Цвінглі і М. Лютара ў Марбургу ў кастрычніку 1529 г. выявіліся разыходжаньні паміж імі. Цвінглі быў супраць княскай лютаранскай Рэфармацыі. Зыходзячы з рэаліяў Швайцарыі, ён адстойваў рэспубліканскі характар сваёй царквы. Прызнаючы Боскі характар сьвецкай улады, У. Цвінглі лічыў, што калі ўлада становіцца тыранскай і тым самым выступае супраць Боскіх законаў, народ мае права не падпарадкоўвацца такой уладзе, якая павінна быць зьменена.

Зыходны тэзіс сацыяльна-эканамічнага вучэньня У.Цвінглі абвяшчаў, што ўсё, чым валодаюць людзі, у тым ліку й багацьце, ёсьць міласьць Божая, і трэба гэтым усім набожна распарадзіцца, лішняе трэба аддаць назаўсёды, альбо на пэўны тэрмін. Прыватная ўласнасьць і пазыка пад працэнты падтрымліваецца. Селянін павінен быць свабодным, але выконваць павіннасьці, а наёмны работнік -- добрасумленна працаваць. Непрацоўным днём зьяўляецца толькі нядзеля. Іншыя святы забараняюцца. Нядзеля -- не для гультайства і п'янства, а для малітвы й выхаваньня дзяцей у духу ісьціннай веры. Разам з тым У.Цвінглі перасьледаваў больш радыкальную плынь пратэстанцтва -- анабаптыстаў. Пазьней прыхільнікі Цвінглі аб'ядналіся з кальвіністамі ў адзіную эвангеліцка-рэфармацыйную царкву.

Актыўным дзеячам Рэфармацыі быў францускі тэоляг і юрыст Жан Ковэн, прозьвішча якога ў лацінскай форме было Кальвінус ці Кальвін. Пад уплывам ідэяў Марціна Лютара і Эразма Ратэрдамскага ён адрокся ад каталіцызму, прыняў пратэстанцтва і з 1536 г. у Жэневе ўзначаліў створаную ім новую рэлігійную арганізацыю. Кальвінізм хутка распаўсюдзіўся ў Эўропе - у Францыі (гугеноты), Англельшчыне і Шатляндыі (пурытане), Нідэрляндах, Нямеччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Вялікім Княстве Літоўскім.

У сваім веравучэньні Кальвін выкарыстаў ня толькі агульнарэфармацыйныя пастуляты. Ён завяршыў распрацоўку некаторых праблем, пастаўленных яго папярэднікамі. Лютар і Цвінглі сфармулявалі тэорыю Боскага прадвызначэньня. Кальвін зрабіў акцэнт на яго абсалютнасьці й нязменнасьці. Адны асуджаныя Богам на згубу, іншыя прадвызначаныя да вечнага збаўленьня. Госпад можа выносіць свой прысуд ня толькі ў дачыненьні да асобных людзей, але й для цэлых народаў. І гэта нельга зьмяніць. Толькі неадступнае прытрымліваньне канонаў кальвінізму, дзейнае жыцьцё на славу Божую ўспрымаюцца як прыкмета прадвызначанасьці да вечнага шчасьця. А гэта выключала фатальнасць, пасіўнасць, стварала ў верніка перакананьне, што ён зьяўляецца абраньнікам Божым і павінен прыкладаць усе намаганьні для выкананьня сваіх абавязкаў, сваёй прафэсыйнай дзейнасьці. Сьмяротным грахом зьяўляецца марнаваньне часу, заспакоенасьць сваім лёсам, узроўнем свайго багацьця і сваёй кар'еры.

У кальвінскім зборы няма скульптуры, абразоў, насьценнага жывапісу, аргану, алтару. Маленьні суправаджаюцца толькі сьпевамі псальмаў. Няма біскупаў, сьвятароў. Прэсьвітары царкоўных суполак выбіраюцца вернікамі, казнадзеі называюцца міністрамі. Зь цягам часу кальвінізм падзяліўся на тры плыні: рэфармацтва, прэсьвітэрыянства і кангрэгацыянізм (індэпэндэнты).

На хвалі Рэфармацыі ўзьнікла англіканская царква. На чале царквы ў Ангельшчыне стаў кароль Генрык VIII. У 1534 г. парлямант прыняў "Акт аб супрэмацыі", паводле якога веравучэньне й арганізацыйныя формы засталіся каталіцкімі. Падчас панаваньня сына Генрыка VIII -- Эдуарда VI з пратэстанцкіх і каталіцкіх элементаў у дагматыцы і кульце была складзена ў 1549 г. "Кніга грамадзкага набажэнства" (Common Prayer Book). Пры Лізавеце І у 1571 г. у "39 артыкулах" веравучэньне было крыху набліжана да кальвінізму. Аднак англіканская царква захавала біскупскую сыстэму кіраваньня.

Галавой англіканскай царквы зьяўляецца кароль (цяпер каралева) з тытулам "аборонца веры", але набажэнства ён не вядзе. Кароль фактычна прызначае двух арцыбіскупаў і біскупаў. Усе прынцыповыя пытаньні і царкоўныя статуты зацьвярджаюцца парлямантам. Англіканская царква зьяўляецца дзяржаўнай. Усе выдаткі на царкву, у тым ліку грашовае ўтрыманьне духавенства, царкоўнае будаўніцтва, нясе дзяржава.

Англіканская царква захоўвае такую ж, як у каталіцтве, царкоўную герархію. У ёй спалучаецца каталіцкі прынцып аб збаўленчай моцы царквы з пратэстанцкім аб збаўленьні асабістай верай. Ад каталіцызму адрозьніваецца 39 артыкуламі сымбалю веры. У сфэры культу не прызнае сповядзі, сьвечак, ладану, сутаны. Існуюць самастойныя англіканскія цэрквы ў іншых краінах.

Адной з радыкальных плыняў Рэфармацыі былі анабаптысты (перахрышчэнцы). Першыя анабаптысты зьявіліся ў 1519 г. у Швайцарыі, а потым іх веравучэньне распаўсюдзілася ў эўрапейскіх краінах, перш за ўсё ў Нямеччыне й Нідэрляндах. Анабаптысты патрабавалі паўторнага хрышчэньня чалавека ў сьвядомым узросьце, бо толькі тады магчымае ісьціннае далучэньне да хрысьціянскай веры. Спачатку рух анабаптыстаў абмяжоўваўся межамі царкоўнай дагматыкі і абраднасьці: адмаўленьне ад царкоўнай арганізацыі, абразоў, таінстваў. Аднак яны хутка перайшлі і да сацыяльных патрабаваньняў: адмова ад багацьця, увядзеньня агульнай маёмасьці. У 1534-1535 гг. у Мюнстэры яны стварылі сваё "царства Божае" на зямлі -- Новы Ерусалім (Мюнстэрскую камуну) з дыктатурай тэакратычнага тыпу і шэрагам камуністычных пераўтварэньняў, сярод якіх былі канфіскацыя золата, срэбра і іншых каштоўнасьцяў на агульную карысьць, адмена грошай і пераход да натуральнага абмену, улік харчовых прадуктаў, наладжваньне агульных трапезаў, падпарадкаваньне рамесьнікаў гарадзкой грамадзе ў справе арганізацыі вытворчасьці і выкананні замоваў. Анабаптысты ўзялі актыўны ўдзел у сялянскай вайне ў Нямеччыне 1524-1525 гг.

Рэфармацыя адыграла ў гісторыі Эўропы прагрэсіўную ролю. Яна прынесла з сабой новае мысьленьне, у тым ліку тэалягічнае, новую культуру, шырокае распаўсюджаньне Бібліі на нацыянальных мовах, дала штуршок да развіцьцю нацыянальных культураў у розных краінах, развіцьцю навукі. У эканамічных дачыненьнях Рэфармацыя адчыніла шлях да прадпрымальніцтва, развіцьця прамысловасьці, гандлю й фінансаў, пахіснула фэўдальны парадак у Эўропе. Каталіцкі касьцёл страціў сваё манапольнае становішча, а яго эканамічная аснова ў шэрагу дзяржаваў, у тым ліку землеўладаньне, была ліквідаваная ў выніку сэкулярызацыі касьцёльных багацьцяў. У некаторых княствах Нямеччыны, у Ангельшчыне, Шатляндыі, Скандынавіі, Швайцарыі, Нідэрляндах, Прыбалтыцы ўзьніклі новыя, незалежныя ад каталіцкага касьцёлу, цэрквы, якія сталі называцца пратэстанцкімі. Рэфармацыя ўводзіла жорсткую дысцыпліну й падпарадкаванасьць сярод вернікаў новых цэркваў.

Разам з тым Рэфармацыя вымусіла Каталіцкі касьцёл пачаць унутранае рэфармаваньне, каб захаваць свае пазыцыі, што было зроблена на Трыдэнцкім саборы 1545 - 1563 гг., а таксама стварыць ордэн Ісуса Хрыста (езуітаў) для барацьбы з Рэфармацыяй. Адным з наступстваў барацьбы з Рэфармацыяй былі крывавыя рэлігійныя войны, якія ахапілі Заходнюю Эўропу і цягнуліся больш за сто гадоў, да сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

Рэфармацыя паўплывала на далейшы лёс народаў Эўропы й сьвету. Яна сталася папярэдніцай эпохі Асьветніцтва і новага грамадзкага й палітычнага ладу, што ўсталяваўся напрыканцы XVIII-XIX стагодзьдзі.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Рэфармацыя ў Эўропе ў XVI стагодзьдзі

© Анатоль Грыцкевіч () Источник: http://belreform.org/hryz2.php

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.