Горад, дзе захавалася традыцыя

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Горад, дзе захавалася традыцыя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Крутые видео из Беларуси HIT.BY - сенсации KAHANNE.COM Футбольная биржа FUT.BY Инстаграм Беларуси
Система Orphus

5 за 24 часа
Автор(ы): • Публикатор: • Источник:


Паводле: Станіслаў Акіньчыц. Горад, дзе захавалася традыцыя //Спадчына, 2003, № 1. Горад, дзе захавалася традыцыя Станіслаў Акіньчыц 450 гадоў таму ў Вялікім Княстве Літоўскім пачаў шырока распаўсюджвацца пратэстантызм. Магутная хваля рэлігійных пераўтварэньняў прайшла ад Берасьця да Віцебска, ад Вільні да Магілёва. Вялікае Княства, без перабольшаньня, стала краінай Рэфармацыі. Але на пачатку ХVІІ ст. уплыў рэфармацкіх ідэяў на грамадзтва пачаў хутка слабнуць. У гэтай сытуацыі сапраўдным прыбежышчам Рэфармацыі стала Случчына. Слуцкія пратэстанты ня толькі захавалі сваю веру на працягу 4 стагодзьдзяў, ня толькі спрычыніліся да росквіту Случчыны ў ХVІІ стагодзьдзі, але й стаялі ля вытокаў адраджэньня пратэстантызму ў Беларусі ў ХХ ст. Першая ўзгадка пра пратэстантаў у Слуцку сягае 1535 г., калі слуцкі князь Юры Алелькавіч выдзеліў за дарогай, што ішла ад замку на Капыль, пляц пад пабудову лютэранскай царквы1. Плошча, на якой стаяла кірха, спачатку называлася Саксонскай, а пазьней - Лютэранскай. Першапачатна прыхільнікамі Рэфармацыі ў Слуцку былі нямецкія мяшчане, але з разьвіцьцём рэфармацкага руху ў краіне сярод мясцовае шляхты пашыраўся кальвінізм, а праваслаўныя мяшчане пачалі ўтвараць брацтвы, якія адной са сваіх мэтаў бачылі пэўнае рэфармаваньне праваслаўнае царквы. У 1580 г. унукі Юрага Алелькавіча Аляксандар і Сымон, якіх маці за намоваю езуітаў паслала ў Рым, прынялі каталіцызм, але пасьля, знаходзячыся ў Штутгарце, Страсбургу і Базэлі, зацікавіліся пратэстантызмам2. Напэўна, гэтая прыхільнасьць Алелькавічаў да Рэфармацыі паспрыяла таму, што ў 1587 г. на просьбу гараджанаў у Слуцку была заснавана кальвінская царква (збор)3. Сапраўдны росквіт пратэстанцкая грамада Слуцку перажыла ў ХVІІ стагодзьдзі. У 1600 г. Соф’я Алелькавіч, адзіная спадчыньніца Слуцкага й Капыльскага княстваў, стала жонкаю віленскага кашталяна Януша Радзівіла, шчырага кальвініста, прадстаўніка біржанскай лініі Радзівілаў. Князь Януш пасьля сьмерці свайго бацькі, Крыштафа Радзівіла Перуна, стаў галоўным апекуном пратэстанцкай грамады Вялікага Княства і актыўна выступаў супраць палітыкі Жыгімонта Вазы, які імкнуўся ўсяляк абмежаваць правы пратэстантаў і праваслаўных. Дзякуючы намаганьням Януша Радзівіла і ягоных нашчадкаў Слуцак стаў выспай верацярпімасьці ў Рэчы Паспалітай ХVІІ ст. Гнаныя зь іншых месцаў краіны, пратэстанты знаходзілі надзейны прытулак у радзівілаўскім Слуцку і нямала спрычыніліся да ягонага росквіту. У 1617 г. Януш Радзівіл заснаваў кальвінскую царкву ў Новым горадзе на беразе ракі Случ. Гэты храм стаў катэдральным для Літоўскага эвангелічна-рэфармацкага задзіночаньня (так афіцыйна называлася кальвінская царква ў ВКЛ). Аж да ХІХ ст. супэрінтэнданты Наваградзкага дыстрыкту трымалі сваю сядзібу ў Слуцку. Як паведамляюць крыніцы, кальвіністы часам мелі дзьве царквы: «...ідучы ад замку, праз мост малы да Новага гораду... на левым баку... над ставамі ракі Случы стаяць два зборы, вялікі і малы». Слуцкі кальвінскі збор наведвалі шатляндцы, якія з пачатку ХVІІ ст. жылі ў Слуцку, урадоўцы й служкі князёў Радзівілаў, а таксама вакалічная шляхта: Незабітоўскія, Алендзкія, Отэнхаўсы і г.д.4. Разам са зборам у тым жа 1617 г. была закладзена й кальвінісцкая школа, якая зьяўляецца найстарэйшай навучальнай установай у Беларусі. У 1625 г. на Сынодзе ў Вільні была прынятая пастанова аб ператварэньні пачатковай школы ў Слуцку ў гімназію5. А ў наступным 1626 г. Крыштаф Радзівіл, апякун непаўналетняга сына Януша, Багуслава, зрабіў фундацыю на Слуцкую гімназію. Гімназія ў Слуцку належала да вышэйшых навучальных установаў кальвіністаў Вялікага Княства. Першым рэктарам гімназіі быў Андрэй Музоні, пасьля - Рэйнгольд Адам, які разам са сваім папярэднікам падрыхтаваў і надрукаваў у Любчы ў 1628 г. «Статут Слуцкай школы». Статут уключаў праграму чатырох клясаў, мэтадычныя ўказаньні, правілы паводзінаў для вучняў і настаўнікаў. У статуце было запісана: «Адчынены дзьверы, якія вядуць да нашых грацыяў і музаў, для ўсіх сумленных і шчырых людзей. Узрост, становішча, веравызнаньне ня маюць для нас ніякай розьніцы. Месца на гэтых школьных лавах дадзена бедняку ня менш, чым Крэзу, католіку ня менш, чым прыхільніку Рэфармацыі»6. Асноўная ўвага ў Слуцкай гімназіі зьвярталася на гуманітарныя навукі, тут выкладаліся лацінская, гэбрайская й грэцкая мовы, лёгіка й рыторыка, права, гісторыя, матэматыка, фізыка, музыка. Коштам князёў Радзівілаў пры гімназіі быў заснаваны інтэрнат для бедных навучэнцаў, якія вучыліся на пастараў. Гімназія мела трывалыя зьвязы з унівэрсытэтамі Караляўца, Гейдэльберга, Лейдэна, Эдынбурга, Оксфарда, куды пасылала лепшых сваіх выпускнікоў. На працягу 300 гадоў свайго існаваньня Слуцкая гімназія дала Беларусі цэлы шэраг навукоўцаў, дасьледнікаў, грамадзкіх і царкоўных дзеячоў. Сярод іх вынаходнік сёньняшняга кірылічнага шрыфту Ільля Капіевіч, філёзаф і паэт Ян Белбоцкі, пісьменьнікі Альгерд Абуховіч, Антон Пяткевіч, славяназнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі, мэдык Антон Красоўскі, астраном Вітольд Цэраскі, палітык і мэцэнат Эдвард Вайніловіч. У 1648 г. горад на Случы стаў асноўнай рэзыдэнцыяй Багуслава Радзівіла, які ў 1652 г. дамогся ў караля магдэбурскага права для Слуцку. Князь Багуслаў сабраў у Слуцку вялікі архіў, бібліятэку, дзе зьберагаліся розныя каштоўныя рукапісы, напрыклад, Радзівілаўскі летапіс. Зь ініцыятывы Багуслава Радзівіла паводле галяндзкіх узораў былі перабудаваныя гарадзкія ўмацаваньні. Пад кіраўніцтвам фартыфікатара Т.Сьпіноўскага горад быў абведзены магутным валам з бастыёнамі і ровам з вадою. Але больш, чым новыя муры, умацоўваў горад клопат яго ўладальнікаў пра захаваньне верацярпімасьці. Невыпадкова пратэстанцка-праваслаўны Слуцак быў адзіным буйным горадам ВКЛ, які ня быў здабыты маскоўскім войскам падчас вайны 1655-1667 гг. Захаваньне рэлігійнага міру заставалася ў полі зроку Радзівілаў і ў пазьнейшыя часы. У 1664 г. Багуслаў Радзівіл не дазволіў езуітам адкрыць сваю місію ў Слуцку, справядліва баючыся, што гэта прывядзе да канфліктаў. У 1690 г. ягоная дачка Людвіка Караліна выдала прывілей, у якім абвяшчала ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнаньня для пратэстантаў і праваслаўных. У 1672 г. у Слуцак была пераведзена друкарня, якая належала біржанскай лініі Радзівілаў. У 1693 г. Людвіка Караліна перадала гэтую друкарню Сіноду Эвангелічна-рэфармацкага задзіночаньня. На працягу 30 гадоў свайго існаваньня апошняя пратэстанцкая друкарня ў Вялікім Княстве выдала 29 кніг агульным накладам больш за 25 тыс. асобнікаў. У Слуцку пабачыла сьвет самая разнастайная літаратура, прычым ня толькі рэлігійнага зьместу. Напрыклад, «Манархія Турэцкая» П.Рыко, якую з францускай мовы пераклаў слуцкі губэрнатар К.Клакоцкі, «Абшарнік, або Гаспадар ліфляндзкі» І.Германа, «Неабходныя заўвагі пра ваенны парадак» А.Фрэдры, «Руская тэорыя» (вучэбны дапаможнік па беларускай мове) і іншыя. На пачатку ХVІІІ ст. дзеля захаваньня ад небясьпекі падчас Паўночнае вайны друкарню перавялі ў Каралявец, дзе яна яшчэ нейкі час служыла пратэстантам ВКЛ, выдаючы зборнікі «Правы і вольнасьці Дысідэнтаў у набажэнстве хрысьціянскім у Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім»7. Між тым для слуцкіх пратэстантаў, пасьля сьмерці Людвікі Караліны, апошняй прадстаўніцы біржанскай лініі Радзівілаў, пачаліся цяжкія часы. У 1709 г. канонік віленскі Ментыцкі распачаў працэс з мэтаю адабраць у кальвіністаў збор як уласнасьць некалі каталіцкую. Каб давесьці, што гэты будынак быў некалі касьцёлам, ксёндз Ментыцкі прадставіў у судох дакумэнт, быццам нейкі літоўскі князь Міхал (якога ніколі не было) у 1539 г. заснаваў касьцёл у Слуцку. У час таго працэсу нарадзілася адна з прыказак, якая адлюстроўвае веравызнаўчую варажнечу тых часоў: «Старша Слуцка фара, чым нямецка вяра». У выніку кальвіністы былі вымушаны аддаць гэты будынак і пачалі будаваць новы збор. Але нават гэта было справай нялёгкай, бо віленскі каталіцкі біскуп Берастоўскі некалькі разоў выступаў са зваротам, забараняючы будаваць збор. У гэты самы час у Слуцку зьявіліся езуіты. Рэчыцкі стараста Геранім Клакоцкі, сам стаўшы езуітам, пабудаваў ім у горадзе рэзыдэнцыю, а князь Нойбурскі, тагачасны ўладальнік Слуцку, загадаў свайму намесьніку Незабітоўскаму ўсімі сіламі падтрымліваць пачынаньні езуітаў. Неўзабаве вучні езуіцкай школы ўчынілі некалькі нападаў на кальвіністаў, і ў 1724 г. тыя зьвярнуіся да караля з просьбай, каб выдаліў езуітаў са Слуцку або якім іншым спосабам забясьпечыў супакой ад езуітаў пратэстантам гораду. Гэтая просьба ня мела ніякага выніку, і слуцкія пратэстанты, асабліва служкі, часта станавіліся ахвярамі з боку езуітаў8. Яскравым прыкладам атмасфэры тых часоў зьяўляецца лёс выхаванца Слуцкай гімназіі Сьцяпана Міхала Аскеркі, які з-за перасьледу езуітаў мусіў адрачыся ад пратэстанцкае веры, а пасьля зьехаць за мяжу. Нядзіўна, што ў такой сытуацыі случакі падтрымалі ідэю расейскага пасла ў Варшаве ўтварыць канфэдэрацыю пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ для ўраўнаваньня яе ў палітычных правах з каталікамі. У 1767 г. у Слуцку была аб’яўлена канфэдэрацыя, на чале якой стаў кальвініст Ян Грабоўскі. Будучы марыянэткай у руках расейскіх палітыкаў, канфэдэраты тым ня менш атрымалі тое, чаго дамагаліся: свабода веравызнаньня, гарантаваная Трэцім Статутам ВКЛ, была пацьверджаная пастановай Сойму Рэчы Паспалітай. Ня трэба таксама думаць, што пратэстанцкая шляхта ВКЛ перастала любіць сваю Радзіму. Шмат удзельнікаў Слуцкай канфэдэрацыі пасьля змагаліся супраць падзелаў Рэчы Паспалітай. Так генэрал Стафан Грабоўскі за ўдзел у паўстаньні 1794 г. быў высланы ў Сібір, а пасьля ваяваў у 1812 г. на баку Напалеона. ХІХ ст. было для слуцкіх пратэстантаў часам павольнага паляпшэньня ўмоваў свайго жыцьця. У 1829-1838 гг. замест драўлянага будынку Слуцкае гімназіі быў узьведзены новы мураваны корпус, які захаваўся да сёньняшняга дня як адзін з карпусоў слуцкай СШ № 1. У 1851 г. драўляны збор замяняецца мураваным паводле праекту архітэктара К.Храшчановіча. Праўда, палітычныя падзеі на землях колішняга Вялікага Княства не пакідалі случакоў абыякавымі. У паўстаньні 1863 г. прынялі ўдзел амаль усе навучэнцы старэйшых клясаў Слуцкае гімназіі і шмат выкладчыкаў9. У выніку з гімназіі былі выключаны 281 з 404 навучэнцаў, а сама гімназія выведзена з-пад улады кальвінскае царквы і ператворана ў клясычную рускую гімназію. Хоць пратэстанты на Случчыне не былі большасьцю, але на працягу больш чым чатырох стагодзьдзяў яны трывала ўвайшлі ў народную сьвядомасьць. Пра гэта сьведчыць казка, запісаная Сержпутоўскім на пачатку ХХ ст. на Случчыне, якая называецца «Кальвінскі пост». У ёй распавядаецца пра паноў-кальвінаў, якія вылучаюцца пэўнымі «незвычайнымі» паводзінамі, напрыклад, кажуць, што пост не тады, калі няма чаго есьці, а тады, калі ўсяго многа, а есьці ня можна10. Гэтае народнае назіраньне надзвычай трапна перадае кальвінісцкі аскетызм, які праяўляецца ў штодзённым жыцьці. Магчыма, што тут мы маем народны пераказ словаў Мікалая Радзівіла Чорнага, які сказаў папскаму нунцыю ў Польшчы, што «мудры і пабожны чалавек і дарагія стравы ў меру спажывае, а ласы ды распусны і капустай поснай аб’есца»11. У ХХ ст. «паны-кальвіны» перадалі эстафету сялянам. На Случчыне ў 1920-я гг. пачаў хутка распаўсюджвацца баптызм. І першыя набажэнствы ў Слуцкай царкве хрысьціянаў-баптыстаў праходзілі ў кальвінскім зборы, які ахвотна прадаставілі для гэтых мэтаў мясцовыя кальвіністы12. Магчыма, што некаторыя зь іх былі ля вытокаў гэтага новага руху. Ва ўсялякім разе, вельмі хутка Слуцкая царква стала адной з самых вялікіх баптысцкіх цэркваў у Беларусі. У 1925 г. да яе далучылася амаль 300 чалавек. Тады ж слуцкія баптысты пабудавалі на сродкі вернікаў дом малітвы, бо кальвінскі збор быў зачынены ўладамі яшчэ ў 1921 г. Праўда, у 1936 г. гэты дом быў таксама забраны ў вернікаў. Шмат зь іх арыштавалі, і мала хто вярнуўся дадому. У 1948 г. слуцкія пратэстанты набылі дом на вуліцы Я.Коласа, які ў 1992 г. быў перабудаваны, і цяпер там праходзяць набажэнствы Слуцкай царквы эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў. Такая вось гісторыя пратэстантызму на Случчыне, гісторыя, апошняя старонка якой яшчэ не напісана, і ці будзе напісана ўвогуле, бо наступным пакаленьням гісторыкаў трэба будзе пісаць ня толькі пра ХVІ ці ХХ, але і пра ХХІ і наступныя стагодзьдзі. ______________________________________________________ ЗАЎВАГІ 1 Подокшин С. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI - начало XVII в.). - Минск, 1970. - С. 41. 2 Liedke M. Recepcja wyznan reformacyjnych przez kniaziow ruskich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w drugiej polowie XVI i na poczatku XVII w. Bialostocczyzna, 2, 1998. - S. 8-14. 3 Подокшин С. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы... С. 43. 4 Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T. 2. - Poznan, 1842. - S. 77-78. 5 Тамсама. S. 162-163. 6 Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. - Мінск, 1995. - С. 12. 7 Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow... T. 2. S. 181-186. 8 Тамсама. S. 70-77. 9 Канфесіі на Беларусі. Пад рэд. Навіцкага У. - Мінск, 1998. - С. 132. 10 Сержпутоўскі А. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. - Мінск, 2000. - С. 37-38. 11 Dwa Listy na Polski iezyk wlasnie wylozone. Ieden Aloizego Lipomana Weneta Biskupa Weronskiego, od Papieza oyca Rzimskiego w Polsscze Posla bedacego, ku iasnie wielmoznemu Kxiazeciu a Panu Mikolajowi Radziwilowi, Wojewodzie Wilenskiemu etc. A drugi tegoz to iasnie Wielmoznego Pana, do tego Biskupa a do tego Papieskiego posla, z ktorych sie snadnie kazdy Krzescijanski czlowiek sprawic moze, iako sie slussnie w swoiey poczciwey powinnosci zachowac ma. Brzesc, 1558. 12 История евангельских христиан-баптистов в СССР. - Москва, 1989. - С. 385. Паводле: Станіслаў Акіньчыц. Горад, дзе захавалася традыцыя //Спадчына, 2003, № 1.

Опубликовано 10 октября 2006 года
Читать на library.by далее:


Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL+ENTER!

© Станіслаў Акіньчыц • Публикатор (): БЦБ LIBRARY.BY Источник: http://belreform.org/horad.php

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в вКонтакте, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.