Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-06
Источник: Людміла Іванова. Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім //Спадчына, 2003, № 1.

Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім

Людміла Іванова

Збаровыя бібліятэкі фармаваліся ў асноўным за кошт падараванняў пратэстанцкай шляхты. Кожны збор мусіў мець абавязковы кнігазбор. У 1617 г. Віленскі сінод даручыў суперінтэндантам інспектаваць бібліятэкі міністраў (пратэстанцкіх святароў) - каб святары, якія не ведалі латыні, не карысталіся кнігамі каталіцкімі й арыянскімі. Пры кожным зборы павінны быць кальвінісцкія кнігі - Брэсцкая Біблія 1563 г., «Новы Тастамэнт», «Катэхізіс» Паўла Гілоўскага, творы Рыгора з Жарнаўца і Крыштафа Краіньскага[1].

У фундацыйных дакументах на пратэстанцкія зборы фундатары звычайна выдаткоўвалі сродкі ці меркавалі выдзеліць іх у далейшым на заснаванне пры зборы школы, шпіталю, плябаніі. Звесткі наконт бібліятэк сустракаюцца вельмі рэдка. У фундушы 1612 г. брэсцкага ваяводы Крыштафа Зяновіча на збор у Смаргоні згадваецца мураваная вежа з гадзіннікам, пабудаваная спецыяльна для бібліятэкі, каб пратэстанцкія святары і настаўнікі «не гультайнічалі, але практыкаваліся, чыталі і вучыліся»[2]. Бібліятэка была ўласнасцю Зяновіча. У сваім тастамэнце, напісаным у 1611 г. у Глыбокім, звяртаючыся да свайго сына Мікалая, ён адзначае, што пакідае яму бібліятэку як вялікую каштоўнасць і просіць кнігі не раздаваць, нават не пазычаць, а прымнажаць і зберагаць у адзіным месцы - пры смаргонскім зборы, «каб руплівым чытаннем сумненне і розум свой вастрыў і практыкаваў»[3]. Пісьменнік і перакладчык Ян Казаковіч у прысвячэнні Зяновічу свайго выдання «Гісторыі Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія (Вільня, 1595 г.) пісаў, што бібліятэка ягоная мела шмат каштоўных кніг і амаль штодзень прыбывалі з чужых краёў новыя кнігі[4]. Як вынікае з тастамэнту, большая частка кніг бібліятэкі Зяновіча была тэалагічнага зместу.

Жмудскі кашталян Адам Тальваш пакінуў сваю бібліятэку збору ў Шылянах. У 1634 г. Вацлаў Пакаш перадаў віленскаму збору бібліятэку з рэестрам кніг, што раней належалі ягонаму бацьку, жыжморскаму старасту Себастыяну Пакашу, заснавальніку збору ў Свіслачы[5].

Прыватныя бібліятэкі пакідалі зборам і духоўныя асобы. У 1628 г. койданаўскі пастар Марцін Бялянскі Тэртуліян завяшчаў збору ў Койданаве «для ўжывання пастара, ці катэхіста» сваю бібліятэку. А каб яна «згінуць не магла», адзін асобнік рэестра кніг павінен застацца пры зборы, другі - у суперінтэнданта дыстрыкту з подпісамі сеньёраў койданаўскага збору[6]. Пастар віленскага збору Андрэй Вельсіўс завяшчаў збору сваю бібліятэку за выключэннем нямецкіх кніг, якія мусілі перайсці да ягонай жонкі[7].

Тастамэнт слуцкага пастара Даніэля Рэдэра здзіўляе сваёй арыгінальнасцю. Кожнаму з пратэстанцкіх святароў, якія будуць прысутнічаць на ягоным пахаванні, павінна быць падаравана кніга з ягонай бібіліятэкі, але толькі выданні ў адну чвэрць ці адну восьмую. Фаліянты ж застаюцца жонцы[8]. Гэты факт сведчыць пра тое, якую вялікую матэрыяльную каштоўнасць мелі ў той час кнігі.

Звесткі пра бібліятэкі сустракаюцца і ў дакументах. У інвентары слуцкага збору 1685 г. згадваецца бібліятэка ў шафе за катэдрай[9]. У фундацыйным запісе 1649 г. удавы заснавальніка збору, наваградскага харужага Самуйлы Швяйкоўскага, падкрэсліваецца, што «бібліятэка евангелічных кніг» павінна заўсёды знаходзіцца пры зборы, у добрай дазорнасці, а не дзе-небудзь у іншым месцы[10]. У інвентары асташынскага збору 1668 г. адзначаецца, што ў бібліятэчным пакоі з двума вокнамі знаходзілася вялікая шафа на 6 паліц з «некаторымі кнігамі», але без каталогу[11]. Але ёсць звесткі, што ў ХVIII ст. быў складзены каталог асташынскай бібліятэкі[12].

Бібліятэкі былі і пры іншых буйных зборах, а таксама зборах, якія знаходзіліся ў магнацкіх рэзідэнцыях - Біржах, Любчы, Наваградку, Іўі, інш. Несумненна, святары карысталіся прыватнымі бібліятэкамі пратэстанцкай шляхты.

У актах Віленскага евангелічна-рэфармацкага сіноду сустракаюцца звесткі пра кнігазборы, якія засталіся пасля смерці чальцоў евангелічнай царквы. На Сінодзе 1616 г. было вырашана прасіць нашчадкаў міністра ашмянскага збору Войцеха Салінарыюса аб перадачы ягоных кніг віленскаму збору[13]. У 1622-1623 гг. вырашалася пытанне аб куплі кніг нябожчыка пастара Касцецкага. Ягоную бібліятэку выкупіў Крыштаф Радзівіл, прычым 50 злотых было аддадзена ўдаве пастара, а 300 - на ўтрыманне сына нябожчыка ў пастара Яны Зыгровіўса[14]. Верагодна, Крыштафам Радзівілам была куплена адна з буйнейшых свецкіх бібліятэк таго часу, якая належала прыдворнаму шляхцічу Саламону Рысінскаму - вядомаму паэту, перакладчыку, парэміёлагу. Бібліятэка Рысінскага таксама згадваецца ў пратаколах Сіноду. Доўгі час не мог вырашыцца лёс багатай бібліятэкі аднаго з першых рэктараў слуцкай кальвінісцкай гімназіі, наваградскага суперінтэнданта Андрэя Дабжанскага, які памёр у 1640 г. Бібліятэка Дабжанскага была куплена Багуславам Радзівілам[15].

Віленскі сінод неаднойчы прымаў рашэнне аб упарадкаванні збаровых бібліятэк у Шылянах, Шыдлове, Аванце, асабліва - у Вільні. У 1634 г. Сінод пастанавіў скласці рэестр кніг віленскага збору ў 3-х асобніках, якія павінны захоўвацца ў суперінтэнданта, міністра і пры Сінодзе[16]. У 1653 г. на Віленскім сінодзе было вырашана, каб бібліятэкі, «купленыя ў розных асобаў і падараваныя зборам», для лепшай захаванасці былі далучаны да бібліятэк Слуцкай і Кейданскай гімназіяў[17].

На жаль, нам амаль невядомы каталогі збаровых бібліятэк. Можна меркаваць, што ў асноўным яны ўключалі кнігі тэалагічнага зместу, вучэбную і навуковую літаратуру. Далейшыя навуковыя пошукі дапамогуць больш поўна асвятліць гэтую тэму.

__________________________________

Літаратура:

1. Akta synodow prowincjalnych Jednoty Litewskiej 1611-1625. - Wilno, 1915. - S. 41.

2. Аддзел рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Літвы імя М.Мажвідаса, ф. 93, адз. зах. 1288.

3. Augustyniak U. Testamenty ewangelikow reformowanych w Wielkim Ksiestwie Litewskim. - Warszawa, 1992. - S. 111.

4. Topolska M. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. - Wroclaw, 1984. - S. 206.

5. AGAD, AR, dz. VIII, 713. 1634 r., kanon 2. 6. Аддзел рукапісаў бібілятэкі Акадэміі навук Літвы (далей - АР БАНЛ), ф. 40, адз. зах. 439.

7. AGAD, AR, dz.VIII, 713. 1634 r., k. 3.

8. АР БАНЛ, ф. 40, адз. зах. 50.

9. Тамсама.

10. Тамсама, адз. зах. 598.

11. Тамсама.

12. Тамсама, адз. зах. 81.

13. Akta synodуw prowincjalnych... S. 36.

14. Тамсама. С. 83.

15. Jarczykowa M. Ksiazka i literatura w kregu Radziwillow birzanskich w pierwszej polowie XVII wieku. - Katowice, 1995. - S. 55.

16. AGAD, AR, dz. VIII, 713. 1634 r. k. 27.

17. АР БАНЛ, ф. 40, адз. зах. 125, арк. 11 адв.


Паводле: Людміла Іванова. Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім //Спадчына, 2003, № 1.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Бібліятэкі пратэстанцкіх збораў у Вялікім Княстве Літоўскім

подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.