Зянон Пазняк: "Чужая сучаснасьць і беларуская палітыка"

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Зянон Пазняк: "Чужая сучаснасьць і беларуская палітыка". Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-24

ПОЗНЯК

Напісаць гэтыя кароткія развагі мяне падахвоціў Яўген Мірановіч.

У канцы красавіка мяне і вядомага польскага перакладчыка беларускай паэзіі Чэслава Сэнюха запрасіла шаноўная спадарыня прафэсар Альжбэта Смулкова прыехаць у Беласток ва ўніверсітэт на катэдру беларускай культуры, спаткацца з выкладчыкамі ды паразмаўляць пра беларускую гісторыю і маю фота-кніжку “Глёрыя Патрыя”. Гэтая кніжка для мяне -- мінулы час дваццацігадовай даўнасьці, хоць і вельмі дарагі.

Прыехалі мы са спадаром Чэславам Сэнюхам, хораша нас спаткалі, сардэчна пагаварылі, кава-гарбата, навокал добрыя людзі, шчырыя беларусы: Яўген Мірановіч -- гісторык, аўтар выдатных кніжак, Алег Латышонак, Віталь Луба, выкладчыкі, журналісты.

Вярнуўся я ў Варшаву і праз нейкі час чытаю ў беластоцкай “Ніве” артыкул (13 траўня 2001 г.); піша сімпатычны Яўген Мірановіч:

“Чытаючы і праглядаючы кніжку Зянона Пазьняка “Глёрыя Патрыя”.., можна зразумець, чаму аўтару не пашанцавала ў палітычнай дзейнасьці... Ня веру, што посьпеху ў палітыцы можа дачакаць чалавек, які піша: “Мілая Радзіма, Ты -- уся мая памяць. Усё, што бачыў і перажыў за жыцьцё, усё, што пра Цябе чуў і чытаў, і нават уяўляў -- усё са мной. Ты такая вялікая і прыгожая перапоўніла маё сэрца і маю галаву..,” -- і далей, -- “Глёрыя! Хвала! Хвала цьвітучаму дрэву! Хвала зямлі і людзям...”

Потым робіцца заключэньне: “Зьмест кніжкі паказвае, што Пазьняк зьяўляецца фанатыкам жыцьця (якім толькі мяне “фанатыкам” ужо ні называлі) і бліжэй яму па натуры да лідэра экалягічнага руху, чым правадыра народу, які стаіць на ростанях і ня ведае, у які бок павярнуць -- да незалежнасьці ці каляніяльнага статусу.”

Далей сябра Мірановіч тлумачыць свае погляды, чаму ён так піша. Пазьняк, на яго думку, “гаварыў тое, што думаў, а гэта не найлепшая прыкмета для палітыка. Посьпех у палітыцы, -- лічыць Яўген Мірановіч, -- забраніраваны цынікам, якія гатовыя здрадзіць найлепшаму сябру, ідэі, за якую толькі што выказваліся, зьнішчыць тысячы людзей, каб дамагчыся намечанай мэты... Узорам сучаснага палітыка, які, напэўна, ня піша вершаў, а малапраўдападобна, што іх калі-небудзь чытаў, зьяўляецца прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі... Пазьняк разважае пра сьвет у катэгорыях маральнае -- немаральнае, справядлівае -- несправядлівае, хаця ў палітыцы няма месца на маральнасьць. Ведае пра гэта кожны гмінны чыноўнік, кожны павятовы радны і нават парафіяльны вікарны...” і г.д.

Такія погляды, якія выказаў паважаны сябра Мірановіч, даволі пашыраныя і характэрныя для людзей, якія палітыкай не займаюцца, але, спажываючы інфармацыю пра палітыку, ствараюць пра яе сваё пэўнае ўяўленьне. Яны, як заўзятары на стадыёне, якія глядзяць і думаюць, што лепш разьбіраюцца ў футболе і лепей ведаюць, як трэба гуляць, чым самы футбалісты.

Справа ня ў тым, што працытаваныя погляды максімалісцкія, і таму памылковыя (хоць ёсьць у іх пэўная рацыя і доля праўды), справа ў тым, што гэта спрошчанае асэнсаваньне складаных рэчаў, адлюстраваньне распаўсюджанага цяпер правінцыялізму (гэта значыць, ацэнка шырокага -- вузкім, вялікага -- малымі меркамі, прымітывізацыя зьявы).

Аляксандар Квасьнеўскі не таму “сучасны палітык” і ёсьць прэзыдэнтам Польшчы, што ня піша вершаў ды іх не чытае, і не таму, што ня кажа тое, што думае (тым больш, што ён думае, што кажа), а таму, што яго палітычныя погляды і дзеяньні адпавядаюць уяўленьням і настроям бальшыні палякаў. Гэта галоўнае. Акрамя таго, за ім стаіць вялікая і моцная арганізацыя, зь вялікімі ўплывамі, сродкамі і магчымасьцямі, здольная шырока данесьці пазыцыі Квасьнеўскага да людзей. У такім становішчы, для таго, каб стаць прэзыдэнтам, трэба адпавядаць сітуацыі і патрабаваньням.

Лукашэнка не таму стаў прэзыдэнтам Беларусі, што быццам бы казаў ня тое, што думаў, а таму, што якраз тое, што ён думаў і казаў (а я яго ведаю з 1990 г.), адпавядала пашыраным настроям і падтрымлівалася тады большасьцю савецкага насельніцтва, а КГБ як палітычная сіла, якая яго вяла, здолела гэта шырока данесьці да жыхароў Беларусі.

Выбары прэзыдэнта ў Польшчы, у Амэрыцы ды Эўропе -- гэта выбар грамадзтвам унутранай арыентацыі палітыкі і разьмеркаваньня жыцьцёвых магчымасьцяў. Тым часам выбары прэзыдэнта ў Беларусі ёсьць выбар існаваньня незалежнай дзяржавы, выбар нацыянальнага лёсу: альбо Беларусь незалежная дзяржава, альбо частка Расеі. Так важыцца цяпер пытаньне пра ўладу ў Беларусі.

Польскія і эўрапейскія крытэрыі палітыкі да Беларусі не падыходзяць. Ня той зьмест. Беларуская палітыка ня мераецца чужой “сучаснасьцю”.

Змаганьне адбываецца паміж Масквой, якая поўнасьцю кантралюе беларускую ўладу, і нацыянальнымі незалежніцкімі сіламі Беларусі. Барацьба за ўладу ў Беларусі ёсьць выяўленьне і працяг антыкаляніяльнага канфлікту змаганьня за незалежнасьць.

Вырашальным чыньнікам у такога роду змаганьні ёсьць не сацыяльны інтэрас, а нацыянальная сьведамасьць людзей. Вось той доўгатэрміновы капітал, які можа забясьпечыць перамогу ў антыкаляніяльнай барацьбе. Каб яго набыць, трэба сьведчыць ідэалы. Патрэбныя людзі, якія падымуць нацыянальны сьцяг і будуць казаць беларускую праўду (тое, што думаюць). Бяз гэтага дзеяньня нічога немагчыма дасягнуць, ніякай незалежнасьці і свабоды, ніякай падтрымкі на выбарах і ніякай улады. Нацыянальна сьведамая эліта павінна абапірацца на нацыянальна сьведамы электарат.

Гэта галоўны прыярытэт беларускай палітыкі. Без яго -- няма будучыні.

Пасьля Савецкага Саюзу на Беларусі засталося дэфармаванае грамадзтва, выхаванае ў антыбеларускім бяспамяцтве, у рускай савецкай школе і ў рускай савецкай арміі. Калі ў 1991 годзе Беларускі Народны Фронт скарыстаў грамадзкі інтэрас (скіраванасьць супраць КПСС і хвілёвы страх камуністаў пасьля правалу путчу ў Маскве) і праз парлямант (маючы там толькі 8% дэпутатаў) дамогся незалежнасьці Беларусі, то потым, калі зьнікла КПСС і іншыя грамадзкія раздражняльнікі, нясьпеласьць нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва не дазволіла Фронту незваротна замацаваць незалежнасьць, і нават прайсьці ва ўладу.

Небясьпечна будаваць палітыку і балянсаваць толькі на інтарэсах, калі вырашаецца лёс народу. Інтарэсы -- часовыя. Імі могуць скарыстацца чужыя антыбеларускія сілы. (Прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе гэта добра праілюстравалі.) Трэба ствараць пастаяннае нацыянальнае апірышча ў народзе, пашыраць нацыянальна-вызвольны грунт. А гэта працэс, які патрабуе часу і адкрытай палітыкі.



* * *

Шмат хто з тых, што гавораць пра палітыку, не задумваюцца, як гэта ў 1991 годзе малалікая фракцыя фронтаўскіх дэпутатаў, на чале з “несучасным” палітыкам перамагла камуністычную бальшыню ў Вярхоўным Савеце, дамаглася незалежнасьці Беларусі, спыніла дзейнасьць КПСС і ЛКСМБ рукамі самых камуністаў. Якой трэба было валодаць палітычнай тактыкай, воляй, сьмеласьцю і рашучасьцю малой групе змагароў, каб перамагчы ў такіх абставінах. Назіральнікам збоку здаецца, што незалежнасьць “звалілася зь неба”. Хоць гэта было найцяжэйшае змаганьне і найвялікшая праца.

Я яшчэ не спаткаў чалавека з асяроддзя гаворачых пра палітыку, які б задумаўся, як гэта ў 1988-89 гадах, калі існаваў Савецкі Саюз, усясільныя КПСС і КГБ, можна было іх перамагчы і выйграць справу з Курапатамі. Ім здаецца, што гэта проста так сталася, само сабой. Тое, што змаганьне было адкрытым і гаварылася, што думалася (і што так трэба было), яны, як быццам, і не заўважылі.

Людзі ня могуць прааналізаваць таго, чаго яны ня ведаюць. Для іх добра, калі ўсё добра. А вось калі дрэнна, тады шмат хто пачынае “аналізаваць” ды ацэньваць гэтак, як яму здаецца.

Мушу нагадаць некалькі аксіёмаў. Нацыянальна-Вызвольная апазыцыя і палітыкі, якія, апэлюючы да грамадзтва, змагаюцца з амаральным рэжымам і дыктатурай, ня могуць быць цынічнымі і амаральнымі, ня могуць самы хлусіць. Інакш -- паражэньне незваротнае, палітычны нябыт. Цынізм і ашуканства -- зброя зусім іншых палітыкаў. Прыклады -- адназначныя. Існуе падзел у палітыцы. Не разумець гэтага і ня бачыць -- павярхоўнасьць. Гэта першы і галоўны парог, на якім скручвалі сабе шыю шмат якія палітычныя змагары.

Другое. Палітыка ня ёсьць заняткам ні “брудным”, ні “чыстым”. Палітыку робяць людзі. Таму яна такая, якой яе ствараюць палітыкі. Нячыстыя людзі, звычайна, робяць і брудную палітыку.

“Чыстасьць” і “нячыстасьць” у палітыцы ёсьць адлюстраваньне барацьбы маральных установак у грамадзтве. Ня больш. Адны ідуць у палітыку хлусіць і брудзіць, каб здабыць выгаду. Другія -- шануюць годнасьць і йдуць, каб дамагчыся паляпшэньня грамадзтва. Гэта на іх ськідваецца гразь палітычных цынікаў і нягоднікаў. Але гэта ня значыць, што нягоднікі заўсёды перамагаюць. (Калі перамагаюць, а калі -- і не. Палітыка -- змаганьне.)

Я залічваю сябе да другой катэгорыі палітыкаў і ведаю, што дасягнуць высокага нізкімі мэтадамі -- немагчыма. А тое, што цябе могуць выпэцкаць ў палітыцы -- нічога страшнага, бо “пан ведаў, на што йшоў”. У палітыцы ня толькі “пэцкаюць”, але й зьнішчаюць, і саджаюць у турму (за нішто), і выганяюць у эміграцыю. Цярпі, змагайся і перамагай. Галоўнае, каб сам ня выпэцкаўся.

Безумоўна, што Квасьнеўскі “сучасны палітык”. І Лукашэнка сучасны палітык, і Пуцін “сучасны”, і г.д. Але для мяне прыкладам “сучасных” зьяўляюцца ня гэтыя спадары, а вялікі Ян Павел ІІ, Папа Рымскі, які праводзіць якраз дзейную маральную і сучасную палітыку.

Вядома, гэта -- асаблівы прыклад, ілюстрацыя прынцыпу. Але і ў сьвецкай палітыцы, нават у такой руціннай, як эўрапейская, шмат адкрытых, прыстойных асобаў, якіх хоча бачыць у кіраўніцтве ўсялякае сучаснае грамадзтва.

* * *

Сябра Яўген Мірановіч працытаваў маю прадмову “Мілая Радзіма...”, прачытаў вершы, напісаныя ў тым жа стылі і, відаць, палічыў усю гэтую маю “любоў” прыкметай палітычнай і чалавечай слабасьці суб’екта, якому, з-за яе, “цяжка рацыянальна думаць пра Радзіму”.

Шчыра кажучы, я нават зьбянтэжаны. Гэтак неабдумана мог бы нехта сказаць, але толькі не чалавек такога ўзроўню, як Яўген Мірановіч.

Я, грэшны, думаю інакш. Тое, запаветнае, што нашу і неяк выказаў у вершах, гэта тое, што трымае на паверхні ў любых абставінах, што дае сілы, моц і ўпэўненасьць перад любым непрыяцелем, гэта нязломная апора, на якую абапіраешся, калі чуеш тупат насарогаў, ці калі прэ, акружае цябе зграя гіен.

Падабаюцца мне развагі аднаго мудрага беларускага філёсафа жыцьця, якога вельмі шаную і люблю -- Антона Шукелойця, -- чалавека, які мае вялікі жыцьцёвы досьвед і выраблены палітычны гарт. Ён часта спасылаецца на вопыт беларускага Адраджэньня, які сьведчыць што ў палітыцы, калі справа стане рубам, -- перамагае ідэёвасьць, вера ў ідэалы і сіла духу. Гэта ўтрымала нас, беларусаў, палітычна жывымі ў вельмі неспрыяльных, зьнішчальных для нас варунках ХХ-га стагоддзя.

Гэта стала асновай нашага новага Адраджэньня ў 80-х і 90-х гадах. Толькі сьветлая нацыянальная ідэя можа стаць грунтам велічы і росквіту Беларусі ў ХХІ-м стагоддзі. Набліжайма ж гэты час зь верай, упэўнена і працадайна, без пэсымізму і расчараваньняў.


Зянон ПАЗЬНЯК

27 траўня 2001 г.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Зянон Пазняк: "Чужая сучаснасьць і беларуская палітыка"


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.