Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква ў Лідзе і Лідскім павеце

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква ў Лідзе і Лідскім павеце. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-20

Т.Нарбут піша аб княстве Дайнова і заснаванні Ліды ў 1180 г. [3 ]. У 1323г. вялікі князь ВКЛ Гэдзімін запрасіў манахаў Дамініканаў і Францішканаў на Літву. У 1387г. была створана Віленская епархія. У маёмасць епархіі перадаецца вёска пад Лідай, Дуброўна[1]. У 1366г. Францішкане прыехалі ў Ліду з Польшчы распаўсюджваць хрысціянскую веру. У 1366г. іх колькасць узрасла да 9 місіянераў. Яны прывезлі з сабой абраз Багародзіцы з Візнаў[2]. У 1369г. Францішканскую місію пазабівалі паганы, але праз некалькі гадоў францішканы зноў з’яўляюцца ў Лідзе. Над магілай сваіх забітых братоў яны будуюць араторый і пры ім жывуць [18]. У 1381г. Ягайла перадаў Лідскаму касцёлу вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці [18]. У 1397г. манахі пры падтрымцы першага Віленскага біскупа Андрэя асядаюць у Лідзе на пастаянна [2]. У 1387г. тут пабудаваны новы касцёл “Святога Крыжа”, які быў пасвечаны біскупам Андрэям. Пры касцёле пасяляюцца новыя Францішкане, бо колішнія місіянеры гэтага ордэна былі перабіты пад час нападу крыжакоў у 1394г. Касцёл парафіяльны “Узнясення Св.Крыжа” фундаваны князем Ягайлам у 1387г, які пры ксянзе Томашы Зянкевічу ў 1765-1770гг. быў перабудаваны з каменю[3] і атрымаў статус Фарнага . У 1414 г. касцёл адноўлены і пасвечаны пад назвай “Найсвяцейшай дзевы Марыі Панны” [18]. У 1450 г. у в.Крупа (зараз Крупава) пабудаваны філіяльны касцёл [18].У 1672г. войскі Лідскі Адам Нарбут фундуе будаўніцтва кляштара Кармелітаў[2] і касцёл святога Іосіфа. Гэты касцёл скасаваны ў 1832г., а касцельныя муры парушаныя ў 1908г[3]. Іпацій дэ Кампо Спіціон, падчашы ВКЛ, у 1757г. перанёс у Ліду з Веренава (Варена) касцёл Піяраў. Піяры залажылі ў Лідзе калегіум і школу, а на пачатку 19ст. пабудавалі касцёл Св. Казіміра. Калегіум скасаваны і школа зачынена ў 1832г. На каталіцкіх могілках у 1804г. пабудавана драўляная капліца [3]. У працы Т.Нарбута ёсць спіс Лідскіх пробашчаў . Т.Нарбут піша, што хрысціянская рэлігія рускага (праваслаўнага) веравызнання была ўведзена ў нашым краі з вельмі даўніх часоў, праваслаўная капліца “ Св.Юрыя” у замку існавала ад пачатку яго будаўніцтва [18] у паўднёва-заходняй вежы. У 1533г. яна была перанесена ў горад [12]. Іншыя крыніцы падаюць нам 1535 г., як год заснавання праваслаўнай царквы ў Лідзе [19]. У другой палове 16-17 ст. у некаторых населеных пунктах Лідчыны (Дакудава, Беліца, Сялец, Орля) паўсталі евангеліцкія зборы [4]. Пасля расколу у 1054 годзе адзінай апостальскай каталіцкай артадаксальнай царквы на каталіцкую – заходнюю і праваслаўную (артадаксальную) – усходнюю, царква, застаючыся адзінай у духоўным плане, прайшла праз цяжкія выпрабаванні непаразуменнем, нянавісцю, братазабойствам. Гістарычнай адметнасцю Беларусі была рэлігійная двухполюснасць, і менавіта таму, на нашай зямлі быў знойдзены адзіны са шляхоў яднання царквы: ўсталявалася грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква. Шлях да уніі быў доўгі і цяжкі. Вялікія князі, разумелі , што бірэлегійнасць насельніцтва ВКЛ тоіць у сабе пэўную сацыяльна – палітычную небяспеку. Таму, калі ў 1396г. Вільню наведаў мітрапаліт Цыпрыян Цамбалак, паміж ім і Ягайлам адбылася размова аб неабходнасці уніі паміж праваслаўнай і рыма – каталіцкай царквамі. Кароль і мітрапаліт супольна звярнуліся да Канстанцінопальскага патрыярха , які падтрымаў гэтую ідэю, аднак адзначыў, што рэалізацыю яе патрэбна адкласці ў сувязі з вайной супраць турак[21]. Вялікі князь ВКЛ Вітаўт прыклаў усе намаганні каб зрабіць на Літве асобную ад Масквы мітраполію. 15 лістапада 1415г. на скліканым князем саборы, ў Навагрудку, беларускім і украінскім мітрапалітам быў абраны Рыгор Цамбалак, пляменнік Цыпрыяна [22]. У Густынскім летапісу з гэтай нагоды запісана: “ У год 6923(1415г.), Вітаўт, Вялікі князь Літоўскі, бачачы што святая Сафія, стольная царква мітрапаліта не мае гаспадара …, а мітрапаліты, прышоўшы з Масквы, толькі пра тое клапоцяцца, каб, што каштоўнае ў Сафіі знайшоўшы, сабе узяць, а таксама даніну ў святароў сабраўшы, ў Маскву з сабой завесці … загадаў усім епіскапам і святарскаму кліру сабрацца на з’езд …, і калі сабраліся , паводле ягонай волі ў Навагрудку ўсе епіскапы: Ісая Чарнігаўскі, Феадосій Полацкі, Дыяніс Луцкі, Герасім Уладзімірскі , Харытон Холмскі, Яўфімій Тураўскі і іншыя святары і шмат баяраў, сказаў ім Вітаўт: “ Пастаўце сабе мітрапаліта ў маёй дзяржаве, у Кіеве, па даўнім звычаі, бо хоць я і іншай веры, але шкадую, што так запусцела і збяднела ў маёй дзяржаве ваша Кіеўская мітраполія, бо Маскоўскія мітрапаліты клапоцяцца не пра вас , а пра прыбыткі ад вас. Калі не захочаце паставіць тут сабе мітрапаліта , то той хто пойдзе за мітрапаліта ў Маскву, выносячы казну з маёй дзяржавы … смерцю загіне.”” Патрыярх Канстанцінопальскі Каліст блаславіў Рыгора Цамбалака на Кіеўскую мітраполію. Так адзялілася праваслаўная царква ВКЛ ад Масквы. У 1418г. на чале вялікай дэлегацыіі, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ВКЛ, Вялікага Ноўгарада, Малдавіі і інш., Рыгор Цамбалак накіроўваецца ў Канстанцу, дзе адбываецца 16 Усяленскі сабор каталіцкай царквы. Мэта візыту - дабіцца шчыльнага хаўрусу з каталіцкай царквой. У двух сваіх прамовах Цамбалак заклікаў да аднаўлення былога адзінства царквы. Ён прапанаваў склікаць спецыяльны сабор і у свабоднай дыскусіі , кіруючыся ўзаемнай павагай, вырашыць спрэчныя пытанні [23]. Такім чынам Р.Цамбалак - першы аўтар вядомай мадэлі уніі. Ёсць дадзеныя аб кантактах з Рымам адносна ўніі ў 1434г. вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча і праваслаўнага Смаленскага епіскапа Герасіма. На шырокавядомым Фларэнційскім саборы ў ліпені 1439г. была падпісана Фларэнційская ўнія паміж праваслаўнай і каталіцкай царквамі. Дакументы гэтай уніі падпісаў і Кіеўскі мітрапаліт ( у той момант ён жа і Маскоўскі ) Ісідор. У Вільні ягоная дзейнасць была ўхвалена. У Маскве ж яго абвесцілі ерэтыком і саслалі ў Чудаў манастыр . Адкуль ён збёг у Новагрудак да Вялікага князя ВКЛ Казіміра. Пасля смерці Рыгора (у 1473г.) беларуска-украінскім мітрапалітам стаў Смаленскі епіскап Місаіл (мітрапаліт у 1475-1480гг.) які з’яўляўся прыхільнікам уніі. У 1476г. папе Сіксту ІV быў дасланы ліст аб мэтазгоднасці і неабходнасці аб’яднання цэркваў. У канцы 15 ст. зноў была зроблена спроба рэалізацыі ўніі , ініцыятарам якой з’яўляўся украінска - беларускі епіскап Іосіф (мітрапаліт у 1497- 1501гг.). Ён уступіў у кантакт з папам Аляксандрам VI для вызначэння умоў будучай уніі. [24]. Пасля з’яўлення на Маскоўскім троне Івана ІІІ адносіны паміж Масквой і ВКЛ рэзка пагаршаюцца. Масква прымае вялікадзяржаўную ідэялогію, скіраваную на захоп чужых тэрыторый, пачынаецца перманентная вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Княствам Маскоўскім. Зыходзячы з неабходнасці кансалідацыі нацыі, робяцца крокі да заключэння рэальнай уніі з Рымам. У межы гэтага артыкула не ўваходзіць тэалагічнае абгрунтаванне яднання цэркваў, але мы думаем што уніяты пагадзяцца з рускім філосафам У. Салаўёвым які сказаў:” Як сябар ісціннай , паважанай праваслаўнай усходняй … царквы , прамаўляючай голасам вялікіх Айцоў і Настаўнікаў сваіх”- Салаўёў прызнае:”вярхоўным суддзёй у справах рэлігіі таго, каго прызнавалі такавым Св.Ірыней, Св.Афанасій Вялікі, Св.Ян Златавуст, Св.Кірыл, Св.Флавіян, Бл.Феадарыт, Св. Максім Іспаведнік, Св.Фёдар Студыт, Св.Ігнаці і тд., - а менавіта апостала Пятра , які жыве ў сваіх пераемніках.” [25]. Уніяцкая царква была створана на царкоўным саборы 1596 г. у Брэсце. На працягу 17-18 ст. уніяцкая царква ўсталёўваецца на Лідчыне. У першай палове 17 ст. у г.Ліда дзейнічаюць 4 грэка-каталіцкія царквы: Св.Яна, Св.Мікалая (на рыначнай плошчы), Св.Спаса і царква Прачыстай Багародзіцы [3]. У 1650 годзе кароль Ян Казімір царкву Св.Спаса перадае праваслаўнай парафіі [3] . Па другой вэрсіі царкву Св. Спаса перадаў праваслаўным кароль Уладзіслаў IV у 1633 г. [4].Усе гэтыя цэрквы гінуць пад час вайны з Расіяй 1654-1667 гг. (“Патопу”) ад рускіх войск Хаванскага. Пасля працяглай асады і абстрэла з гарматаў, летам 1659г., расейскае войска узяло штурмам Лідскі замак[3] і цалкам спаліла горад[12]. Гэта быў ужо другі штурм горада ў гэтай вайне. Першы раз: восенню 1655г. украінскія казакі пусцілі пад шаблю ўсё Панямонне, у тым ліку і Ліду [26]. Лідскі павет страціў 30% насельніцтва. Асабліва даставалася ўніяцкай царкве. Сам уніяцкі мітрапаліт ратаваўся толькі тым, што таемна пераходзіў з месца на месца, несучы з сабою рэшткі мошчаў полацкага уніяцкага арцыбіскупа Св. Язафата Кунцэвіча, якія да вайны захоўваліся ў Полацку (зараз мошчы Св. Язафата – патрона сучаснай Лідскай грэка-каталіцкай парафіі, знаходзяцца ў саборы Ап.Пятра і Паўла, Рым). У 1658 г. цар загадаў свайму віленскаму ваяводу Міхайлу Шахоўскаму “из города Вилны и из иных городов и мест, которые к Вилне близко, униятов всех, кто где живет... высылать вон тотчас, и заказ учинить крепкой, чтоб впредь униятов нигде не приймовали и высылали их вон, чтобы от них в вере каких расколов не было”. Сабраўшы уніятаў, ваявода абвясціў ультыматум: або яны перахрысцяцца ў праваслаўе, або іх выганяць [27]. Пазнаўшы такую талеранцыю, беларусы да канца 17 ст. , амаль цалкам перайшлі ў унію. Ёсць звесткі аб тым што, царква Прачыстай Багародзіцы захавалася да пачатку 19 ст. [3], аднак на мапе горада канца 19 ст. яе няма. У 1765 г. з дрэва разабранага Фарнага касцёла (замест яго быў пабудаваны сучасны мураваны Фарны касцёл) паміж гарадзкімі каталіцкімі могілкамі і млынам была пабудавана ўніяцкая царква Уваскрашэння Гасподняга. Пры царкве дзейнічаў невялікі шпіталь[5]. У лягендзе мапы горада канца 18 ст. гэтая царква пазначана літарай “О” , але знайсці яе на мапе немагчыма, і А.Краўцэвіч у манаграфіі “ Гарады і замкі Беларускага Панямоння”[13] пазначыў “О-уніяцкая царква, на мапе неразборліва”. Самая паўднёвая кропка на мапе – млын ( Q ), а з артыкула [5] мы ведаем, што царква Уваскрашэння Гасподняга была пабудавана на поўдзень ад млына: паміж млынам і каталіцкімі гарадзкімі могілкамі. Улічваючы, што ў лягендзе мапы, уніяцкая царква пазначана, можна зрабіць вывад: недзе ў 19 ці 20 ст. правы край мапы быў адрэзаны, каб нават на папяровым дакуменце немагчыма было пабачыць, дзе знаходзілася ўніяцкая царква. Да гэтага можна дадаць, што вядомая акварэль І.Пешкі з выявай г.Ліда ў канцы 18ст. пісалася побач з тады ўжо пабудаванай грэка-каталіцкай царквой ( царква была прыкладна ў 50-100 м. злева ад мастака). І зараз мы можам бачыць горад на гэтай акварэлі амаль што так , як ён быў бачны з царкоўнай пляцоўкі. М.Нарбут у працы “Ліда і лідзяне” піша аб такім выпадку з гісторыі Лідскай уніі: “Ржэвускi (аўтар "Лiстапада") у творы "Апавядданнi старца" выдадзенага ў Варшаве 1854г., у томе II на стар.220 успамiнае пра цуд, здейснены ў Лiдзе богалюбiвым капланам базылiянцам Атаназам Хароўным, каторы ў часы голаду, што панаваў на Лiтве ў 1744 годзе, на гарадзкiм рынку сярод дня , стос камянеў у стос боханаў знакам святога крыжа перамянiў. Гэта падцверджана паказаннямi сведкаў: болей за тысячу сялян i некалькiх дзесяткаў шляхты тым хлебам накормленых”, - і там жа далей: “ Царквы даўней унiяцкiя (цяпер расейскiя) драўляныя, размешчаны: у Сабакiнцах, Радзiвонiшках, Ганчарах, Зблянах, Астрыно, Ворле, Ракавiчах, Турэйску, Бабрах, Глыбокiм i Белiцы; найвыдатнейшыя ў Дзiкушках i Мураванцы (вельмi старажытная) ”[6]. На працягу 17 ст. уніяцкія прыходы былі створаны таксама ў вёсках: Голдава, Дакудава, Жыжма, Лябяда, Мыто, Васкевічы. Паводле “Ведомости о греко-унияцких церквях и моностырях Бресткой епархии” за 1827 г. у Лідскім уедзе было 18 уніяцкіх цэркваў і адзін манастыр, якія мелі 22 496 прыхаджан. Згодна з дадзенымі 1838 года Ганчарскую царкву наведвалі 1230 вернікаў-уніятаў, да Глыбоцкай было прыпісана 1872 чалавекі, да Голдаўскай 1047, Дзікушскай – 614, Дакудаўскай – 922, Жыжмянскай – 725, Лябёдскай – 812, Зблянскай – 1135, Маламажэйкаўскай (Мураванскай) – 497, Мытлянскай – 272, Арлянскай – 1400, Астрынскай – 3327, Ракавіцкай – 630, Сабакінскай – 1379, Турэйскай – 947, Баброўскай – 417, Дэмбраўскай – 853 [4]. Юры Мікалаевіч Радзівіл (1578-1613) – уладальнік вёскі Дакудава , стварыў там грэка-каталіцкі прыход[9]. Пэўна гэта адна з найбольш ранніх грэка-каталіцкіх парафій на Лідчыне. У 1718 г. маёнтак Голдава выкупіў трокскі падсудак Ф.М. Вянцковіч. Тады ж ён перавёў манастыр з царквой ў унію. Так быў заснаваны Голдаўскі Базыльянскі манастыр. А ў 1721 г. Вянцковіч запісаў Базыльянскаму манастыру фундуш на зямлю і сялян[7]. Наогул, базыльянскі ордэн быў створаны ў 1617 г. у Навагрудку, калі адбылася 1-я кангрэгацыя новага ордэна Базыльян. Быў прыняты статут, распрацаваны уніяцкім мітрапалітам Руцкім на аснове правіл св. Васіля і на ўзор статутаў каталіцкіх ордэнаў. Руцкі быў абраны першым протаархімандрытам (гэнералам ордэну). Рэзыдэнцыяй яго стаў кляштар у Тараканях (Кобрынскі павет). На Беларусі існавала 55 базыльянскіх кляштароў. Яны займаліся асветай. Шырокую вядомасць набылі базыльянскія школы. Ордэн выдаваў кнігі. Друкарні ордэна былі ў Вільні, Супраслі, Мінску, Львове, Пачаеве. З 1628 г. па 1800 г. выдадзена каля назваў 1080 кніг, з іх каля 40% - свецкія. Пасля скасавання уніі ў 1839 г. Базыльянскія манастыры засталіся ў Галіцыі ( зліквідаваны Сталіным у 1946 г.). Але Ордэн дзейнічаў у эміграцыі. Напрыканцы 1980 гадоў базыльяне аднавілі сваю дзейнасць на Беларусі і Украіне[29]. Уніяцкай царкве быў перададзены Кармеліцкі манастыр у Лідзе, пасля ягонага скасавання ў 1832 годзе[9]. Па рашэнню Навагрудскай кангрэгацыі дэканаў у 1753 годзе ў кожным уніяцкім дэканаце адчыніліся школы для дзяцей святароў. У Лідскім дэканаце такая школа адчынілася ў Орлі, і адказнасць за адукацыю дзяцей неслі святары з вёсак Васкевічы, Збляны, Жыжма. Сыны святароў ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў, за кошт бацькоў, тры гады вучыліся чытаць “па руска-славянску” псалтыры, актоіхі і ірмалогіі, навучаліся царкоўным спевам і парадку набажэнства. Калі б хто з духавенства не пажадаў аддаць свайго сына ў школу, то падвяргаўся штрафу на працягу трох год па 3 талеры штогод. Гэты штраф паступаў на выхаванне ў школе бедных дзяцей [8]. У архівах захаваліся звесткі аб некаторых рысах быту ўніяцкіх прыходаў і святароў. Напрыклад аб пропусках набажэнства радзівонішскім святаром з-за п’янства ў 1725г. і дрэннай службе прасвітара гэтай жа царквы Івана Герасімовіча, які ў 1748 г. таксама зрываў набажэнствы [4]. Нядзіўна што, як мы пабачым далей, у 19 ст. гэтая царква прышла ў заняпад і была разбураная. Захаваліся звесткі аб незаконным зборы падаткаў у павялічаных памерах лідскім дэканам Бялькевічам 1787 г., аб забойстве святара Мытоўскай царквы Багдана Варацінскага ў 1671 г., аб абвінавачванні жыжмянскага адміністратара ў “неблагоповеденіі” (1780г.), захаваўся запавет лідскага земяніна Сільвестра Войны Аранскага пахаваць яго ў Жыжмянскай царкве (1667 г.), вопіс каштоўнасцей Лябёдскай царквы [4]. Зразумела, што ў архівы пападалі ў асноўным, нейкія экстраардынарныя факты, але ж для нас, цікава нават гучанне прозвішчаў нашых продкаў, бо матэрыялаў па гісторыі ўніі на Лідчыне таго часу амаль што не засталося. Наступ на ўнію пачаўся адразу ж, як толькі Беларусь была далучана да Расеі. У 1834г. пачалося ўсталяванне праваслаўных іканастасаў ва ўніяцкіх храмах Лідчыны. Унутранаму пераабсталяванню першай падпала Голдаўская царква, за ёй Ракавіцкая, Астрынская. Арлянская, Сабакінская, Ганчарская і Лябёдская – аказаліся настолькі беднымі, што няздольныя былі за ўласны кошт запрасіць сталяроў і мастакоў. Радзівонішскую царкву вырашылі наогул знішчыць, бо яна была ў дрэнным стане. Лідскаму благачыннаму С.Брэнну 24 студзеня дакладзена: ” о починке Радзивонишской церкви сообщено лидскому уездному предводителю дворянства ... предложить ему чтобы о починке этой церкви не оставил старание, и ... Бренну ежемесячно рапортовал” [43]. 29 студзеня 1840 г. лідскі прадвадзіцель дваранства рапартаваў С.Брэнну :”что устройство Радзивонишской церкви поручено г. уездному судье Журавскому”[44]. У выніку царкву адрамантаваць так і не змаглі. Святар і вернікі з Дакудава аказалі супраціў зменам у інтэр’еры свайго храма, так што, як даносіла афіцыйная асоба “употребляется деятельное настаивание” аб усталяванні тут іканастаса [9]. 30 снежня 1835 г. Гродзенскі губэрнатар Копцяў загадаў убраць з уніяцкіх цэркваў усе рэчы неўласцівыя расейскай царкве: арганы, лаўкі, званочкі. На гэта адводзілася 5 месяцаў. 25 сакавіка 1836 года Лідскі земскі іспраўнік палкоўнік фон Берг інфармаваў губэрнатара, што такая работа ў Лідскім павеце ўжо распачата, і ён дае абяццанне прасачыць, каб яна была выканана дакладна. Арганы неабходна было прадаць, а калі не знойдуцца пакупнікі, проста разабраць. Арганісты пераводзіліся на іншыя духоўныя пасады. Арганы тады меліся ў Баброўскай, Голдаўскай, Сабакінскай і Маламажэйкаўскай (Мураванскай) царквах [9]. 14 лютага, ужо губэрнскі вайсковы начальнік фон Берг піша лідскаму благачыннаму С. Брэнну аб:”... неприступлению к устройству иконостасов Остринской, Собакинской и Глембокской церквей ...а ... церкви в Демброве и Дикушках ещё не построены...”[45]. У 1834-1835 г.г. у сувязі з ліквідацыяй уніяцтва Голдаўская царква падпала пад нутраную перабудову: устаноўлены праваслаўны іканастас, разабраны арган, вынесены лаўкі, забраны званочкі. Перадача царквы ў праваслаўе не абышлася без абурэння тутэйшых жыхароў. Лідскі земскі іспраўнік Вітэнгоф 2 снежня 1834 г. дакладаў Гарадзенскаму губэрнатару Н. Н. Мураўёву: " У Голдаўскай царкве так мала бывае людзей з чэрні таго прыхода. Ёсьць нагода зазначыць, што ў Баброўскай царкве, што ў бліжэйшай адлегласці знайходзіцца, яшчэ няма інакастасу, куды зараз павярнуліся прыхаджане Голдаўскага прыходу". Мураўёў адзначыў: "... загадваю старацца ў дакладнасці выканаць ускладзенае на Вас прадпісанне: абсталяваць інакастасы і іншыя духоўныя прынады па грэка-усходняму абраду. Даносіць мне толькі пра поспехі справы"[10]. Лідскі іспраўнік адным з першых у губерні, зрабіў справаздачу, што арганы знішчаны, лаўкі вынесены, іншыя рэчы зліквідаваны [4]. Старыя беларускія кнігі збіраліся па ўсіх парафіях і паліліся. Мітрапаліт Іосіф Сямашка піша ў сваіх “Запісках”, што толькі за 3 гады было сабрана і спалена па яго загаду больш за 2000 беларускіх старадрукаў. Замест беларускіх кніг у Расеі друкаваліся новаыя, на расейскай мове [31]. Так 24 студзеня 1840 г. лідскаму благачыннаму С. Брэнну даводзілася аб неабходнасці :”снабжения всех церквей проскомидийными листами согласно обрядов русской церкви”[42], а 30 чэрвеня 1840 г. “... Святейшый синод поможет ...отпустить для воссоединения церквей 1442 экземпляров малого требника ...” [33]. Святароў прымушалі падпісвацца пад паперай з адмовай ад уніі. Аднак 593 святара на Беларусі , не зважаючы на пагрозы наадрэз адмовіліся даць свой подпіс і згадзіцца са скасаваннем уніі. Усіх гэтых святароў, у асноўным бацькоў мнагадзетных сем’яў, чый сацыяльны статут нявельмі адрозніваўся ад сялянскага, пасадзілі ў манастырскія турмы на розныя тэрміны. Часткова ў манастыры Беларусі ( Бытень, Жыровіцы), часткова ў глыб Расеі. 1243 святара падпісалі гэты ліст[32]. 18 студзеня 1840 г. у Літоўскай Кансісторыі слухалі ігумена Быценскага манастыра Лявонція Аколава аб знаходзячымся ў тым манастыры “на искуплении” Іосіфе Тымінскім пакаранаму за “запорнае поведение”. Лідскаму благачыннаму С. Брэнну даводзілася, што гэты святар накіроўваецца у Астрынскаю царкву лідскага павета дьяканам. С. Брэнну загадвалася “употребить меры по исправлению Иосифа Тыминскога”[34]. 22 чэрвеня благачынны С.Брэнн рапартаваў Літоўскай Кансісторыі, што паміж святаром астрынскай царквы Гінтаўтам і дьяканам гэтай жа царквы Тымінскім складзена пагадненне аб утрыманні апошняга. Святар Гінтаўт абяцаў “давать одежду и пропитание а также обыкновенный дьячковый от прихода доход, которого может иметь до 12 руб. серебром, на что дьячок Тыминский согласился “[35]. У перапісцы благачыннага С.Брэнна ёсць інфармацыя з Літоўскай Кансісторыі ад Ковенскага благачыннага Фурасевіча: ”о побеге ... в Австрийскую Галицыю священника Тупайской церкви Иоанна Балинского”[51]. Шмат вернікаў пераходзіла ў рыма – каталіцкую царкву . 14 лістапада 1839 г. С. Брэнн звярнуўся да Гродзенскага губэрнатара з пытаннем аб тым, што рабіць з такімі вернікамі. Яму было паведамлена, што да асобага распараджэння “Его Высокапреосвященства Архиепискапа Литовского Иосифа” дана каманда ўсім земскім судам і гарадской паліцыі не праводзіць фармальнага следства, а дзейнічаць разам з праваслаўным духавенствам “благоразумными мерами посредством приличного внушения и тому подобное”[36]. Рыма – каталіцкаму духавенству “…строжайше предписывалось ... бывшее греко – униатское духовенство и народ Литовский не называть греко – униатским, но православным … ”[37]. 24 студзеня 1840 г. губэрнскае праўленне даручала “...лидскому городничему ... для возвращения учителя лидского городского училища Нестора Осовского из латинства в природное православие, поступил сообразно циркулярному предписанию ... следствие прекратил ... а действовал приличным внушением и тому подобное”[38]. Ужо ў сакавіку 1840 г. Літоўская Кансісторыя слухала даклад гродзенскага губернскага праўлення аб настаўніку лідскага гарадзкога вучылішча Асоўскаму. Настаўнік у паперы, пададзенай лідскаму паліцмайстру Стучыну, пісаў што “… он исповедует природный православный обряд и в Римское исповедание не переходил …”[39]. 20 кастрычніка 1839 г. у Літоўскай Кансісторыі слухалі паведамленне 2-га аддзела гродзенскага губернскага праўлення :”по донесению лидского земского суда ... за №3708 с препровождением рапорта настоятеля Бобровской церкви Сцепуры , ... крестьянин из деревни Ходюки Адам Милька перешедший ... в латинский обряд в православное исповедание возвращён ”[46], а 10 красавіка 1840 г. аб тым што:”крестьянин имения Косовщина Адамовичевский Иван … в православное исповедание возврощён”[47]. 28 чэрвеня 1840 г. Архіепіскап І.Сямашка :”предложил Консистории ... истребовать дополнительные сведения от благочинных ... именные списки, по годам и по приходам, о ... людях бывшего греко-униатского исповедания как совращены были в прежние времена а Римский обряд, ... согласно предложения данного Его высокопреосвященством от 8 ноября 1836 г. за №951 возвратить к природному Греко-восточному исповеданию, с наименование каждого лица, места рождения, времени совращения а также возвращения к своей вере”[48]. Аб жонках святароў лідскага благачынія:” … 30 апреля (1840 г. – заўв. аўт.) Кансистория слушала … С.Бренна … он благочинный более двух лет старался благоразумными методами склонить жену настоятеля Гончарской церкви Терезы из Колендов Костецкую с дочерью Юлией к возвращению в природное православное исповедание, но … Костецкая столь упряма, что никак римского обряда оставить не может. В доказательство же рапортующего о сем … представляет он подлинное … отношение Слуцкого благочинного Наркевича от 3 декабря 1837 г., что упомянутая Костецкая должна исповедать православную веру, ибо бабка ея – жена православного ( пэўна – уніяцкага – заўв. аўт. ) священника Ярошевича состояла в том же обряде, и мать тоже, а также донесение мужа ея, священника Костецкого от 12 … апреля о том что Костецкая не принимиет … его увещевание; и второй от 7-го декабря о том , что жена лидского священника Волчковича с дочерью и Докудовской церкви священника Сцепуры жена с четырьмя дочерьми по ныне состоят в Римском исповедании. Приказываю: 1-е, предписать рапортующему дабу доставил метрические выписки о рождении и крещении жен священников: лидской церкви Волчковича, докудовской Сцепуры, Гончарской Костецкой … для дальнейшего по сему рассмотрения, 2-е , как жены священнические, для хорошего образования и, следовательно для будущего благополучия своих детей должны исповедать веру своих матерей, тем паче, что они вероисповеданию родителей своих подлежат, то просит Г. Виленского Епархиального Епископа Климовича (рыма-каталіцкага – заўв. аўт.) учинить распоряжение, дабы прописаным женам православных священников и их дочерем под никаким видом духовные требы Римско – Католическим священникам не преподовать … “ [53]. А вось С.Бренну паведамляюць аб справах у мястэчку Свіслач з-пад Гродна:”... Консистория слушала предложения Его преосвященства г. Литовского и Виленского Архиепископа и кавалера Иосифа Семашко от 5 июня за №830 о ... том, что Его Высокопреосвященство отнёсся куда следует, на счёт письмоводителя Свислочской гимназии Феликса Ячиновского ... и изволил предложить Консистории .... уволенных из свислочской гимназии сыновей Ромуальда и Станислава Ячиновских востребовать хотя бы через полицию в Жировичы и утвердить в православной вере. ... как о поступлении в свислочскую гимназию и совращении в латинство ... Ячиновских должно быть известно священнику Одринской церкви , при которой они записаны, то потребовать от ... священника и Благочинного объяснений ...”[49]. Аднак ня гледзячы на строгія меры, “генерал 9-го округа (гродзенскага – заўв. аўт.) внутренней стражи при инспектировании вверенного ему округа, удостоверился … что бывшие греко – католики не знают о присоединении их к православию и называют себя по прежнему униатами …” [50]. Уся перапіска благачыннага С.Брэнна напоўнена загадамі і справамі аб шлюбах паміж каталікамі і праваслаўнымі. Рыма – каталицкае духавенства інфармавалася што “… браки русских, совершенные одними римско-католическими священниками не считаются действительными, пока необвенчаны русскими священниками”[37]. А, напрыклад, 25 лістапада 1839 г. Літоўская Кансісторыя слухала даклад С.Брэнна, аб тым што “… священник Собакинской церкви Бедрицкий рапортом от 23 ноября донёс ему, благочинному, што две женщины …католички… Тереза Михальковичова, девица … , и … Анна Лукашевичева, вдова …, приняли православие и обвенчались Бедрицким , первая с Семёном Сидляцевичем … , вторая с Иваном Омелевичем … . Консистория приказывает: …Бренну взять от этих женщин расписки, что они будут исповедать православную веру и детей своих обоего пола в нем же воспитывать… ”[40]. 15 студзеня 1840 г. было паведамлена :”при браке между православными и иноверцами всякий раз испрашивать архирейского разрешения”[41]. 30 студзеня 1840 г. Кансысторыя слухала даклад С. Брэнна аб тым, што парафіянін Жалудокскага касцёла Якаў Смецюх жадае ажаніцца з дзяўчынай Францішкаю Дарашэўнай, прыхаджанкай Дзікушскай праваслаўнай царквы “ он не будет склонять своей супруги к принятию Римской веры (дал расписку) и детей своих обоего пола будет воспитывать в догматах православного исповедания”[52]. Тое ж самае ў дакумэнце ад 16 снежня 1840 г. аб шэрагоўцы Брэскага пяхотнага палка, парафіяніне Няцечскага касцёла і яго шлюбу з дзяўчынай Аленай Грінявіцкай, прыхаджанкай Голдаўскай царквы. У 1840 г. было забаронена прамаўляць казанні па беларуску, і япіскапы пачалі вымагаць ад духавенства, каб нават у прыватным жыцці карысталіся толькі расейскай мовай. Менскі япіскап Галубовіч дакараў сваіх святароў і асабліва іх жонак за тое, што гавораць моваю народу, і налягаў, каб хутчэй навучаліся расейскай мовы, і далі ў гэтым “прыклад сваім парафіянам” [31]. У другой палове 30 гг. пачалася перадача ўніяцкіх храмаў праваслаўнай царкве, а пасля Полацкага сабора 1839 г. уніяцкая царква была гвалтоўна зліквідавана. Да нашых часоў захаваліся і дзейнічаюць, як праваслаўныя чатыры царквы Лідскага павета, якія будаваліся і існавалі як уніяцкія, гэта: Голдаўская царква (1795г.), Баброўская (1810г.), Ганчарская (1774г.) і царква ў Новагародзічах (канец 18ст.). Пятая – былая ўніяцкая царква – знакамітая Беларуская гатычная царква абарончага тыпу ў в. Мураванка (Маламажэйкаўская). в. Мураванка , царква-крэпасць. Пабудавана у 1524 г з цэглы. Мураванкаўская (М.Мажэйкаўская) царква - характэрны для беларускай готыкі тып цытадэльнага царкоўнага будынку, умацаванага з дапамогай кутніх веж. Шырока вядома у гістарычнай літаратуры, як Маламажэйкаўская царква. Зараз помнік перададзены праваслаўнай царкве. Падрабязней аб Мураванкаўскай царкве, глядзі артыкул [28] в. Голдава, царква Раства Багародзіцы. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1795г. з дрэва. Перад царквой устаноўлена дзвух’ярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі. На званіцы прымацаваны тры званы розных памераў: вялікі 1991г, сярэдні 1928г, на малым дата выраба адсутнічае. Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой два каваныя крыжы, устаноўленыя на цыбулепадобнай галоўцы і над апсідаю. Па форме крыжоў бачна, што царква будавалася як уніяцкая, бо яны маюць традыцыйную нацыянальную форму. Менавіта крыжы ўніяцкіх цэркваў вылучаюцца ажурнасцю, багаццем дэкору, глыбінёй сімвалічнага зместу. Уніяцкая царква - народная Беларуская царква і таму яе атрыбутыка ўтрымлівае шматлікія элементы традыцыйна-народнай культуры. Круглы діск на месцы перакрыжавання разам са звілістымі палоскамі (зьзяннем) сімвалізуе сонца, прамяні святла. У нізе – паўмесяц, сымбаль ночы. Так увасабляецца ідэя перамогі жыццестваральнай сілы Сонца над цемрай, дабра над злом. Тры крыжыка на канцах вялікага крыжа сімвалізуюць Святую Троіцу [20]. Першы успамін аб царкве ў в.Голдава ў 1633г., царква Св.Спаса. У 1633г. гаспадар маёнтка Голдава – А.Трызна засноўвае тут кляштар. Лідскі падкаморы Аляксандр Трызна аставіў тэстамэнт, каб ягоная жонка Хрысціна пасля ягонай смерці заснавала ў маёнтку Голдава пры царкве, дзе ён быў пахаваны, невялікі кляштар і даручыла тую царкву з манастыром у апеку віленскім Свята-Духаўскім манахам. Яна павінна была адвесці 3 морга зямлі і аддаць пляц з домам у Навагрудку на Ковенскай вуліцы. Сама яна павінна была карыстацца “да самай смерці” застаўшымся ад мужа маёнткамі, кожны год выплочваючы 200 злотых тым жа голдаўскім манахам, а перад сваёй смерцю, каб заплаціла ім 2000 злотых і адала ў вечнае карыстанне фальварак, ці ўнесла за яго 3000 злотых. Частку гэтага тэстамэнту Хрысціна выканала: выдзеліла 3 морга зямлі для кляштара і перадала Свята-Духаўскім манахам пляц і дом у Навагрудку. Аднак, хутка пашлюбаваўшыся другі раз, 200 злотых за 1634 г. не выплаціла, а пакінутыя ў спадчыну пасля памёрлага мужа маёнткі прадала. Гэта прывяло да суда з віленскім кляштаром [30]. У 1660-80я гады маёнткам валодаў праваслаўны Магілёўскі епіскап Клімент Трызна. З 1718г.- уніяцкая царква[7]. в. Бабры, Крыжаўзвіжанская царква. У цэнтры вескі. Пабудавана ў 1810г з дрэва. Фундатар царквы – абшарнік Карл Ляскевіч. У 1880г. над бабінцам надбудавана званіца, а пры ўваходзе зроблены тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з якога найлепш захавалася фасадная частка. рэстаўраваная ў 1935г. На царкоўным двары, на поўнач ад храма, знаходзіцца камень-валун вышынёю 0,5м з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавым паданням гэты след належыць Маці Божай. Камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах ХХ-га стагоддзя быў прывезены да храму і асвенчаны мясцовым святаром[14]. Праваслаўны святар у 20-я гады -Александр Беляеў, распаўсюджваў сярод вернікаў беларускую газету “Крыніца”, праводзіў беларускую асветніукую працу [15]. На пачатку 60-х гадоў царква была гвалтоўна зачынена. Пры гэтым вялікія стосы царкоўных кніг былі павыкіданыя у вулiчны бруд і страчаныя. Зараз царква знаходзіцца у добрым стане і дзейнічае як праваслаўная . в. Ганчары, Пакроўская царква 1774 г., Званiца пабудавана ў ХIХ стагоддзi. Фундатар – абшарнік Салагуб. Царква дзейнічае як праваслаўная. Знаходзiцца ў добрым стане, праведзены касметычны рамонт. Помнiк архiтэктуры народнага драулянага дойлiдства. в. Новагародзічы, Мiкалаеўская царква другой паловы XVIII стагоддзя, з дрэва, народнае дойлiдства. Зараз дзейнiчае. У 1994 годзе рамантавалася. У вынiку рамонта гонтавы дах зменены на дах з бляхi, сцены шалеваны дошкамi. Пасля 1839 г. пры кожным аслабленні расейскай улады адраджалася ўнія. Так, у 1932 г. ў Заходняй Беларусі дзейнічалі 32 грэка-каталіцкія прыходы.Яны з’яўляліся носьбітамі беларускай самасвядомасці. Пры іх існавалі драмгурткі, школкі, выдаваліся на беларускай мове часопісы[16].Ёсць звесткі аб тым, што што ў 20 гг. уніяцкая парафія аднавілася ў Мураванскай царкве, пробашч-Іосіф Міхневіч(1874-1930гг). Напэўна з гэтым звязана нутраная перабудова царквы ў 20 гадах [28]. На пачатак 1996г. у краіне налічвалася 15 уніяцкіх парафій[17]. У 1994 годзе ў Лідзе была адроджана грэка-каталіцкая парафія Св.Язафата. Нягледзячы на шматлікія ўнутраныя і знешнія праблемы, парафія жыве і паступова пашыраецца. Першы пробашч парафіі – а. Казімір Ляховіч. Зараз пробашчам парафіі з’яўляецца святар а.Андрэй Абламейка. Апостальскі візітатар для беларусаў грэка-каталікоў - Архімандрыд а.Сяргей Гаек. Вось ужо шмат гадоў, кожны лістапад лідская парафія святкуе свае парафіяльнае свята – Дзень Св.Язафата Кунцэвіча. Заўвагі: [1] Франциск Скорина. Энциклопедический справочник. Мн., 1987. С.366. [2] Nowogrodek i okolice. J.Zmicorodzki. Nowogrodek, 1931. [3] Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. N.Rouba. Wilna, 1909. S.107-109. [4] З гісторыі ўніяцтва на Лідчыне. С.В.Палуцкая.//Наш Радавод.1993.Ліда.С.66- 73. [5] Robert Kuwalek. Rzymskokatolicki cmentarz przy ul. Grazyny.// Zemia Lidzka. № 17,18., 1996. S.16. [6] M. Narbutt . Lida i Lidziane.// Ziemia Lidzka. № 26-27., 1997г. S.20-25. [7] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3., Мн. 1996.C.57. [8] Описание документов архива западнорусских униатских митрополи- тов. Т.2. С. 68. [9] Беларускі дзяржаўны архіў, г.Гродна. ф.1., воп.19, спр.1004, л.3., спр. 1005. [10] Лідскі летапісец. №3 . 1997г. С.17. [11] Лідскі летапісец. №3 . 1997г. С.15. [12] М.А.Ткачев. Замки Белоруссии. Мн., 1987. С. 35-41. [13] А.К.Краўцэвіч. Гарады і замкі Беларускага Панямоння. Мн. 1991г. С.100. [14] У.Круцікаў, Л.Лаўрэш. Камень- следавік у в.Бабры //Лідскі Летапі- сец. №9 . С.21. [15] Robert Kuwalek. Zycie spoleczno-polityczne ziemi Lidzkiej.// Zemia Lidzka. № 25, 1997. S.13. [16] С.А.Падокшын. Унія. Дзяржаўнасць.Культура. Мн. 2000. С.101. [17] Там жа, С.102. [18] Т.Нарбут. Трохі з гісторыі горада(Старажытная гісторыя Літоўскага народа. Т.5.)// Лідскі Летапісец №4. 1988. С.9-11. [19] Slownik geogreficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. G.5. Warszawa, 1884. S.216. [20] А.І. Лакотка. Нацыянальныя рысы Беларускай архітэктуры. Мн. 1999. С.67. [21] С.А.Падокшын. Унія. Дзяржаўнасць.Культура. Мн. 2000. С.26. [22] Там жа, С.27. [23] Там жа, С.28. [24] Там жа, С.30. [25] В.Соловьёв. Россия и Вселенская церковь.Мн. 1999. С.277. [26] Г.Сагановіч. Невядомая вайна. Мн. 1995. С.49. [27] Г.Сагановіч. Невядомая вайна. Мн. 1995. С.72-73. [28] У.Круцікаў, Л.Лаўрэш. Архітэктура Лідчыны. Готыка //Лідскі Летапі- сец. №11 . С.30-34. [29] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1., Мн. 1993.C.280. [30] Митраполит Макарий. История руской церкви. 1840. Т.5. отдел 1. глава 4. [31] а.Леў Гарошка. Пад знакам рускае і польскае веры. // Спадчына. № 5-6. 1999 г. С.184. [32] а.Леў Гарошка. Пад знакам рускае і польскае веры. // Спадчына. № 1. 2000. С.169. [33] ЛГММ кп № 2741”Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансысторыыі лідскаму благачыннаму С. Брэнну за 1840 г.” ад 30 ліпеня 1840 г. [34] Там жа, ад 26 студзеня 1840 г. [35] Там жа, ад 10 ліпеня 1840 г. [36] Там жа, ад 24 студзеня 1840 г. [37] Там жа, ад 31 студзеня 1840 г. [38] Там жа, ад 24 студзеня 1840 г. [39] Там жа , ад 8 сакавіка 1840 г. [40] Тaм жа , ад 8 лютага 1840 г. [41] Там жа, ад 15 студеня 1840 г. [42] Там жа, ад 24 студзеня 1840 г. [43] Там жа, ад 24 студзеня 1840 г. [44] Там жа, ад 8 лютага 1840 г. [45] Там жа, ад 14 лютага 1840 г. [46] Там жа, ад 17 марта 1840 г. [47] Там жа, ад 10 красавіка 1840 г. [48] Там жа, ад 1 ліпеня 1840 г. [49] Там жа, ад 18 ліпеня 1840 г. [50] Там жа, ад 17 кастрычніка 1840 г. [51] Там жа, ад 21 лістапада 1840 г. [52] Там жа, ад 16 лютага 1840 г. [53] Там жа, ад 26 студзеня 1840 г. Лаўрэш Леанід Круцікаў Уладзімір ____________________________________ Надрукавана у Лiдзкiм Летапiсцу № 14.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква ў Лідзе і Лідскім павеце


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.