Гісторя фемінізма

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гісторя фемінізма. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-17

АЎТАР: Джоан Скот Гісторыя, якую можна было б напісаць пра жаночыя даследаванні, належыць таксама да руху; гэта не мэтамова, яна будзе дзейнічаць і як кансерватыўны, і як правакацыйны момант ... Тэарэтычна нейтральнай інтэрпрэтацыі гісторыі жаночых даследаванняў не існуе. Гісторыя займее ў ёй актыўную ролю1. Жак Дэрыда, 1984. Жаночая гісторыя вылучылася ў асобную галіну галоўным чынам за апошнія дваццаць гадоў. Нягледзячы на велізарную дыспрапорцыю выдаткаваных сродкаў, інстытуцыйнай рэпрэзентаванасці і месца ў навучальных планах, невысокі статус ва універсітэтах і прафесійных асацыяцыях, цяпер ужо не ставіцца пытанне пра жаночую гісторыю як усталяваную практыку ў многіх частках свету. Інтэрнацыянальны характар руху жаночай гісторыі відавочны — у артыкулах і кнігах, у самаідэнтыфікацыі гісторыкаў, якіх можна сустрэць на міжнародных канферэнцыях і ў нефармальных перадачах, якія перадаюць навуковыя навіны (хоць, пэўна, толькі ў Злучаных Штатах яна дасягнула такой ступені прыкметнай і ўплывовай прысутнасці ў акадэмічнай навуцы). Я свядома ўжываю тэрмін «рух», каб адрозніць цяперашнюю з'яву ад ранейшых асобных спробаў асобных аўтараў пісаць пра жанчын у мінулым, каб прапанаваць нешта накшталт эвалюцыі якасці, звязанай з міжнацыянальнай і міждысцыплінарнай камунікацыяй прадстаўнікоў жаночай гісторыі, і звярнуць увагу на яе сувязь з палітыкай. Сувязь паміж жаночай гісторыяй і палітыкай адначасова і відавочная, і складаная. У адным з традыцыйных поглядаў на паходжанне гэтай галіны за пачатак бярэцца палітыка фемінізму — перыяд 1960-х г., калі фемінісцкаму руху спатрэбілася гісторыя, якая б дала гераіняў, абгрунтавала жаночае прадстаўніцтва, вытлумачыла прыгнёт, а таксама стымулявала імкненне да дзеянняў. Кажуць, што акадэмічныя феміністы адказалі на патрэбу «яе-гісторыі» («herstory») тым, што скіравалі свае даследаванні на большыя палітычныя праблемы. Значыць, па першым часе сувязь паміж палітыкай і навукай была непасрэднай. Пазней, недзе ў другой палове 1970-х, жаночая гісторыя адасабляецца ад палітыкі. Пашырыўся спектр яе праблемаў за кошт вывучэння ўсіх сфераў жыцця жанчын у мінулым, дасягнуўшы, такім чынам, сваёй уласнай інерцыі. Мноства манаграфій і артыкулаў, выяўленне ўнутраных супярэчнасцяў, няспынных дыскусіяў і прызнаных у навуковым асяроддзі аўтарытэтаў былі відавочнымі прыкметамі новай галіны навукі, здавалася, часткова легітымізаванай яе аддаленасцю ад палітычнай барацьбы. Нарэшце, паварот да гендэра ў 1980-х быў пэўным разрывам з палітыкай, што і паспрыяла канчатковаму станаўленню гэтай галіны, паколькі гендэр уяўляецца нейтральным тэрмінам, пазбаўленым кан'юнктурнай ідэалагічнай мэты. У такім асвятленні фармаванне жаночай гісторыі як галіны навукі ўключае эвалюцыйны пераход ад фемінізму да жанчын і да гендэра; г.зн. ад палітыкі — да спецыялізаванай гісторыі і аналізу. Несумненна, падобныя трактаванні могуць значна адрознівацца, у залежнасці ад аўтара. У некаторых версіях эвалюцыя ацэньваецца станоўча, як вызваленне гісторыі і ад вузкіх інтарэсаў палітыкі, сканцэнтраванай выключна на жанчынах, і ад па-філасофску наіўных дапушчэнняў. У іншых яна ацэньваецца негатыўна, і «адыход» у акадэмізм (не кажучы пра паварот да гендэра і тэорыі) уважаецца за прыкмету дэпалітызацыі. «Што будзе з фемінізмам, калі жаночы рух памрэ?» — спыталася нядаўна Элен Шоўолтэр. «Ён ператворыцца ў жаночыя даследаванні — яшчэ адну акадэмічную дысцыпліну» 2. Нягледзячы на такія сэнсавыя адрозненні, гэтая версія, аднак, падзяляецца многімі феміністамі і іх апанентамі, быццам несумненна менавіта так усё і было. А я б хацела запярэчыць. Гэтая версія вымагае пэўнай крытыкі, бо яна не толькі занадта простая, — яна неадэкватна рэпрэзентуе гістарычны шлях жаночай гісторыі і яе адносіны як да палітыкі, так і да гістарычнай навукі. Гісторыя гэтай галіны патрабуе не просталінейнай, а больш складанай трактоўкі з улікам змены пазіцыяў не толькі жаночай гісторыі, але і фемінісцкага руху, і ўсёй гістарычнай навукі. Жаночая гісторыя несумненна звязана са з'яўленнем фемінізму, які па-ранейшаму прысутны і ў акадэмічнай навуцы, і ў грамадстве наогул, хоць умовы яго арганізацыі і існавання змяніліся. Многія з тых, хто ўжывае тэрмін гендэр, па-сутнасці, называюць сябе фемінісцкімі гісторыкамі. Гэта не толькі палітычная адданасць, але і тэарэтычная перспектыва, якая вядзе іх да разгляду гендэра як найлепшага шляху канцэптуалізацыі палітыкі. Многія з такіх аўтараў жаночай гісторыі лічаць, што яны занятыя вялікай палітыкай, калі аспрэчваюць агульнапрынятыя аўтарытэты ў прафесіі ў цэлым, ва універсітэце, ды намагаюцца змяніць спосаб пісання гісторыі. І ў вялікай ступені сённяшняя жаночая гісторыя, нават аперуючы паняццем гендэр, звернута да сучасных праблемаў фемінісцкай палітыкі (у ЗША сярод такіх — дабрабыт, догляд за дзецьмі і права на аборт). Сапраўды, ёсць аднолькавыя падставы сцвярджаць, што развіццё жаночай гісторыі моцна звязана з «ростам сілы і легітымізацыі фемінізму як палітычнага руху»3, канстатуючы, што дыстанцыя паміж акадэмічнай працай і палітыкай існавала і расла. Але ўважаць жаночую гісторыю проста адлюстраваннем умацавання пазіцый фемінісцкай палітыкі па-за акадэмічнай навукай таксама памылкова. Гэтую галіну трэба ўспрымаць як дынамічную сферу даследаванняў у палітыцы інтэлектуальнай вытворчасці, а не пастулаваць простую карэляцыю. Слова «палітыка» выкарыстоўваецца сёння ў некалькіх сэнсах. Першае, найбольш тыповае значэнне — гэта дзейнасць самых урадаў, іншых ўладных структураў (або такая ж дзейнасць, скіраваная на іх), якую складаюць апеляцыя да калектыўнай ідэнтычнасці, мабілізацыя рэсурсаў, стратэгічны разлік і тактычны манеўр. Тэрмін «палітыка» ўжываецца таксама для азначэння адносінаў улады ў самым шырокім сэнсе, а таксама стратэгіі, скіраванай на іх дасягненне ці барацьбу за іх4. Трэцяе значэнне слова «палітыка» яшчэ шырэйшае — гэта практыка, якая аднаўляе ці адмаўляе тое, што часам называюць «ідэалогіяй», тыя сістэмы веры і практыкі, якія ўсталёўваюць індывідуальную і калектыўную тоеснасць, якая фармуе адносіны паміж індывідамі і калектывамі ды іх светамі, што прымаюцца за натуральныя, нарматыўныя ці відавочныя 5. Гэтыя дэфініцыі суадносяцца з рознымі відамі дзеянняў і рознымі сферамі дзейнасці. Я ж выкарыстоўваю слова «палітыка» для таго, каб ахапіць гэта ўсё разам, маючы на ўвазе, што дэфініцыйныя і прасторавыя межы расплывістыя і што непазбежна кожнае з азначэнняў мае мноства нюансаў. Маё прадстаўленне жаночай гісторыі і залежыць ад гэтых шматлікіх нюансаў; гэта заўсёды аповед пра палітыку. «Прафесіяналізм» versus «палітыка» У апошнія дзесяцігоддзі фемінізм быў інтэрнацыянальным рухам, аднак яму ўласцівы рэгіянальныя і нацыянальныя асаблівасці. Думаю, каб зрабіць некалькі агульных заўвагаў, варта сканцэнтравацца на тым, што я ведаю найлепш — на Злучаных Штатах. У ЗША фемінізм адрадзіўся ў 1960-х г. часткова пад уплывам руху за грамадзянскія правы і дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на тое, каб жанчыны займелі ў грамадстве адпаведную эканамічную вагу, у тым ліку сярод прафесіяналаў-практыкаў у акадэмічнай навуцы. Ён самавыяўляўся пераважна ў кантэксце рыторыкі роўнасці. З часам фемінізм аформіў калектыўную тоеснасць жанчын, суб'ектаў жаночага полу з асобным інтарэсам — пакласці канец іх падпарадкаванню, ігнараванню і бяспраўю, дасягнуўшы роўнасці і кантролю над сваім целам і жыццём. У 1961 г., паводле запавету Эстэр Пэтэрсан, кіраўнічкі Жаночага бюро ў Дэпартаменце працы, прэзідэнт Кэнэдзі стварыў камісію па становішчы жанчын. У дакладзе гэтай камісіі ў 1963 г. быў засведчаны факт, што амерыканскія жанчыны пазбаўлены роўных правоў і магчымасцяў, і рэкаменда вана стварэнне такіх камісій у кожным штаце. У 1964 г., калі, паводле Акту грамадзянскіх правоў, была створана Камісія па роўных магчымасцях працаўладкавання (ЕЕОС), у яе кампетэнцыю ўключылі праблему дыскрымінацыі па прыкмеце полу (па ініцыятыве юрыста-апанента з мэтай дыскрэдытаваць Раздзел VII Акта). У 1966 г. дэлегаты трэцяга сходу Нацыянальнай канферэнцыі камісій амерыканскіх штатаў па становішчы жанчын прагаласавалі супраць рэзалюцыі, якая заклікала ЕЕОС узмацніць барацьбу з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу гэтак жа сур'ёзна, як і з расавай. Жанчыны, што прапанавалі адкінутую папраўку, потым сабраліся і дамовіліся пра сваю далейшую дзейнасць і сфармавалі Нацыянальную арганізацыю жанчын6. Прыкладна ў той самы час маладыя жанчыны з руху «Студэнты за дэмакратычнае грамадства і грамадзянскія правы» пачалі выказваць незадавальненне, патрабуючы прызнання ролі жанчын як актыўных (і роўных) удзельнікаў палітычных рухаў за сацыяльныя змены7. У свеце традыцыйнай палітыкі жанчыны сталі пазнавальнай групай (і гэта ўпершыню з часоў руху за выбарчае права на мяжы стагоддзяў). На працягу 1960-х г. каледжы, аспірантуры і фундацыі сталі заахвочваць жанчын атрымліваць доктарскія ступені гуманітарных навук, прапануючы стыпендыі і добрую вербальную падтрымку. «Відавочна, — каментаваў адзін аўтар, — жанчыны ўяўляюць сабой галоўны незапатрабаваны рэсурс для каледжаў і універсітэтаў у іхнай патрэбе ў добрых выкладчыках і даследчыках»8. Калі хто — ад прэзідэнтаў каледжаў да фемінісцкіх акадэмічных вучоных — і прызнаваў, што існавалі «прымхі наконт жанчын у прафесіях з вышэйшай адукацыяй», то яны хутчэй згаджаліся, што такія перашкоды знікнуць, калі жанчыны будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю9. У святле пазнейшых тэарэтычных дыскусіяў цікава, што прадстаўніцт ва жанчын тут дапускалася; як свядомыя суб'екты з правам свабоднага выбару, жанчыны заклікаліся да авалодвання раней недаступнымі або маладаступнымі прафесіямі. У сферах, адкрытых для прытоку жанчын, фемінізм хутка стаў патрабаваць для іх большых магчымасцяў і асуджаць няроўнасць, якая яшчэ існавала. Феміністкі ў акадэмічнай навуцы сцвярджалі, што забабоны супраць жанчын не знікаюць нават тады, калі яны атрымліваюць дыпломы, і арганізаваліся, каб патрабаваць поўнай роўнасці правоў адпаведна сваім ступеням.У асацыяцыях акадэмічных дысцыплін жанчыны наладжвалі закрытыя пасяджэнні для таго, каб дамагацца сваіх патрабаванняў (у тым ліку большага прадстаўніцтва ў асацыяцыях і вучоных радах, роўных з мужчынамі заробкаў, адсутнасці дыскрымінацыі пры найме на працу і прасоўванні па службовай лесвіцы). Новая калектыўная тоеснасць жанчын акадэмічнай навукі клала ў аснову сваёй аргументацыі супольны вопыт дыскрымінацыі паводле полавай прыкметы і тое, што жанчыны-гісторыкі як група маюць свае асаблівыя патрэбы і інтарэсы, якія не могуць быць улічаны ў агульнай катэгорыі гісторыкаў. Пастулюючы, што жанчыны-гісторыкі адрозніваюцца ад гісторыкаў мужчынскага полу, і што іх гендэр уплывае на іх прафесійныя магчымасці, феміністкі паставілі пад сумненне універсальныя і унітарныя паняцці, якія звычайна ўсталёўваюцца прафесіяналамі, за што і былі абвінавачаны ў «палітызацыі» папярэдне непалітычнай арганізацыі. У 1969 г. толькі створаная Каардынацыйная камісія па жанчынах у гістарычнай прафесіі на рабочым сходзе Амерыканскай гістарычнай асацыяцыі (American Historical Association, далей — АНА — Рэд.) у нервовай, надзвычай напружанай атмасферы прапанавала рэзалюцыю па паляпшэнні становішча жанчын. Звычайна ахопленыя дыскусіямі на тэмы прававой і арганізацыйнай палітыкі, гэтыя сходы ўяўлялі сабой узор паразумення і прыстойнасці. Нязгода, калі да такой і даходзіла, магла быць запісаная на рахунак розніцы ў асабістых меркаваннях, густах і нават палітычных перакананнях, інстытуцыйнага ці рэгіянальнага першынства, але ніколі не насіла фундаментальнага характару. Ніводная платформа, у якой можна было ўбачыць асобны «інтарэс», па сутнасці не разыходзілася з агульнымі інтарэсамі. Сваім тонам, авантурнасцю і патрабаваннем прадстаўляць калектыўны орган, правы якога сістэматычна парушаюцца, жанчыны ставілі пад сумненне метады і сэнс «звычайнай працы». Сапраўды, яны настойвалі на тым, што звычайная праца сама па сабе ёсць формай палітыкі, бо яна ігнаруе, а значыць навечна кансервуе сістэматычнае выключэнне (паводле гендэра і расы) кваліфікаваных прафесіяналаў. Гэтая атака на моцную ўладу мела прынамсі два вынікі: па-першае, яна дамаглася ад АНА саступкі ў форме спецыяльнай камісіі для разгляду ўзнятых пытанняў (у 1970 г. камісія абнародавала даклад, у якім прызнаваўся ніжэйшы статус жанчын і рэкамендаваўся шэраг захадаў па выпраўленні становішча, у тым ліку стварэнне пастаяннай камісіі па жанчынах), па-другое, яна прывяла да крытыкі жаночага кіраўніцтва як непрафесійнага. Супрацьпастаўленне «прафесіяналізму» і «палітыкі» штучнае і з'яўляецца часткай самавызначэння прафесіі як кваліфікаванай практыкі на аснове падзелу шырокіх ведаў, набытых шляхам адукацыі. Існуюць два розныя, але неаддзельныя аспекты вызначэння прафесіі. Адзін мае на ўвазе прыроду прадстаўленых ведаў, у нашым выпадку таго, што лічыцца гісторыяй. Другі ўключае функцыі захавальніка, які ўсталёўвае і забяспечвае выкананне прынятых стандартаў членамі прафесійнага цэху, у дадзеным выпадку гісторыкамі. Для прафесійных гісторыкаў ХХ ст. гісторыя — гэта веды пра мінулае, атрыманыя ў выніку незацікаўленага, старонняга даследавання (зацікаўленасць і заангажаванасць ёсць антытэзамі прафесіяналізму) і універсальна даступныя кожнаму, хто авалодаў методыкай навуковай працы10. Асновай доступу, такім чынам, ёсць гэтае майстэрства, валоданне якім разглядаецца як нешта відавочнае для тых, хто ўжо з'яўляецца прафесіяна лам, і якое толькі імі (прафесіяналамі) можа быць ацэнена. Майстэрства не можа быць справай стратэгіі ці ўлады, але толькі адукацыі і падрыхтоўкі. Членства ў цэху гістарычнай прафесіі ўскладвае адказнасць на асобы, якія сталі захавальнікамі той галіны ведаў, што з'яўляецца іх парафіяй. Такім чынам, апякунства і майстэрства — аснова аўтаноміі і паўнамоцтваў вызначаць, што лічыць ведамі, і вырашаць, хто валодае імі, а хто не. Аднак, прафесіі і прафесійныя арганізацыі структурава ны ерархічна; уключэнне і выключэнне з членства залежыць ад прынятага стылю і стандартаў працы. «Майстэрства» і «дасканаласць» могуць быць і пэўнымі ацэнкамі здольнасцяў, і прыхаваным апраўданнем неаб'ектыўнасці; на самай справе, ацэнка здольнасці часта спалучаецца з ацэнкай сацыяльнай сутнасці індывіда, якая не мае адносінаў да прафесійнай кампетэнцыі11. Як раздзяліць гэтыя ацэнкі, калі такое ўвогуле магчыма, — справа не толькі стратэгіі, але і эпістэмалогіі. За супярэчнасцямі паміж «палітыкай» і «прафесіяналізмам» стаіць эпістэмалагічная праблема. Гадамі ў AHA недаставала жанчын, чорных, яўрэяў, каталікоў і «персонаў неджэнтэльменаў»12. На гэта час ад часу звярталі ўвагу, пратэставалі, і некаторыя гісторыкі прыкладалі спецыяльныя намаганні, каб ліквідаваць дыскрымінацыю, але рыторыка і стыль пратэсту адрозніваліся ад тых, што былі ў 1969 г. Раней ці адмаўляючыся наведваць сходы, што праводзіліся ў сегрэгаваных гатэлях, ці настойваючы на ўключэнні жанчын у прафесійныя шэрагі, тыя пратэставаўшыя гісторыкі сцвярджалі, што дыскрымінацыя паводле расавай, рэлігійнай, этнічнай прыкметах ці полу перашкаджае прызнанню іншых кваліфікаваных калегаў. Прымаючы азначэнне, чым павінна быць прафесія, яны сцвярджалі, што для палітыкі ў ёй няма месца; іх дзеянне, абвяшчалі яны, скіравана на рэалізацыю сапраўды прафесійных ідэалаў. Сэнс пратэстаў 1969 г. і пазней, наадварот, палягаў у тым, што прафесійныя цэхі былі палітычнымі арганізацыямі (у розных значэннях слова «палітычны»), аднак з прыстойнымі паводзінамі іх членаў, і ў прызнанні таго, што толькі калектыўнае дзеянне можа змяніць пануючыя ўладныя адносіны. Цягам 1970-х г. жанчыны ў AHA і іншых прафесійных асацыяцыях звязалі сваю лакальную барацьбу за прызнанне і роўнае прадстаўніцтва з агульнана цыянальнымі жаночымі акцыямі, асабліва з барацьбой за канстытуцыйную папраўку аб роўных правах (ERA), сцвярджаю чы, што прафесійныя асацыяцыі як цэлае і заснаваны на такіх пытаннях дзяржаўнай значнасці. Думку, быццам ERA не мае дачынення да AHA, яны адвяргалі на той падставе, што маўчанне ёсць не нейтралітэтам, а саўдзелам у дыскрымінацыі. Унутры арганізацыяў сакральныя паняцці накшталт «навуковая дасканаласць» і «якасць розуму» крытыкаваліся як зручныя абгорткі дыскрымінацыі, што павінны быць замененыя больш канструкцыйнымі колькаснымі велічынямі. Згодна з гэтай нарматыўнай пазіцыяй, прафесійныя стандарты бесстароннасці і незацікаўленасці адвяргаліся (ці так толькі здавалася) партыкулярнымі інтарэсамі. Пaводле іншага погляду на гэтую праблему, жаночы выклік трактуецца як справа прафесійнай рэдэфініцыі, бо прысутнасць арганізаваных жанчын паставіла пад сумненне ўяўленне пра унітарнасць гістарычнай прафесіі самой па сабе. Сцвярджаючы, што існуе калектыўная тоеснасць жанчын-гісторыкаў (у адрозненне ад мужчын), і прымаючы, што і сярод мужчын-гісторыкаў існуе расавы падзел, феміністкі задавалі пытанне, ці магчымыя наогул бесстароннія ацэнкі прафесіяналізму (маючы на ўвазе, што гэта не больш, чым гегеманісцкі жэст суб'ектыўнай пазіцыі)? Яны не адмаўлялі прафесійных стандартаў; на самай справе яны працягвалі абараняць патрэбу ў адукацыі і ацэнцы якасці прафесіяналізму (устанавіўшы, сярод іншага, прыз за выдатную працу па жаночай гісторыі). І хоць кожны можа лёгка прывесці прыклад тэндэнцыйнасці жаночых гісторыкаў, гэта не будзе характарызаваць ні галіну наогул, ні самога фемінізму (і раней, і цяпер). Нават тыя, хто трымаецца такой тэндэнцыйнасці, не апраўдваюць наўмыснага грэбавання фактамі ці абмежаван ня інфармацыі на карысць нейкай «справы»13. Большая частка жаночых гісторыкаў не адмаўляецца ад пошуку майстэрства і ведаў, што надзвычай важна для прафесіі. Сапраўды, яны прынялі акадэмічныя законы, якія і робяць магчымай камунікацыю гісторыкаў14. І ў выніку яны атрымалі прызнанне як вучоныя, дамагліся статусу прафесіяналаў у гісторыі. У той жа час, аднак, яны аспрэчвалі і адвяргалі тыя правілы, ставячы пад пытанне склад самой дысцыпліны і ўмовы вытворчасці ведаў15. Іх прысутнасць аспрэчвала прыроду і вагу адзінага і непарушнага цела прафесійных стандартаў і права толькі белага мужчыны на рэпрэзентацыю гісторыка. Па сутнасці, гісторыкі -феміністы сцвярджалі, што няма супярэчнасці паміж «прафесіяналізмам» і «палітыкай», ставячы надзвычай вострыя пытанні наконт ерархіі, падстаў і дапушчэнняў, якія пакладзены ў аснову гістарычнай навукі: Чые стандарты, чыё вызначэнне «прафесіяналізму» дзейнічаюць? Чый кансэнсус яны рэпрэзентуюць? Як дасягнуты гэты кансэнсус? Якія погляды, непадобныя на агульнапрынятыя, выключаны ці падпарадкаваны? Чыёй перспектывай вызначаец ца, што лічыць добрай гісторыяй і гісторыяй наогул? «Гісторыя» versus «ідэалогія» Фармаванне жаночай гісторыі як галіны даследавання суправаджалася фемінісцкімі кампаніямі за паляпшэнне прафесійнага статусу і было звязана з пашырэннем межаў гісторыі. Але гэта не аднамерны працэс простага дадавання таго, што раней абміналася. Наадварот, у аснове жаночай гісторыі закладзена глыбокая дыхатамія, якая насцярожвае, бо гэта адначасова і бяскрыўднае дапаўненне да традыцыйнай гісторыі, і радыкальная падмена. Гэтая двухбаковая вастрыня праблемы бачна шмат у якіх дэкларацыях прыхільнікаў новай субдысцыпліны пачатку 1970-х г., але найлепш яна выказана Вірджыніяй Вулф у 1929 г. У A Room of One's Own Вулф, як і многія яе сучаснікі пасля надання выбарчага права жанчынам у Англіі і Злучаных Штатах, звяртаецца да праблемы жаночай гісторыі16. Яна разважае пра неадэкватнасць існуючай гісторыі, гісторыі, якую трэба перапісаць, бо тая «часта здаецца крыху дзіўнай, нерэальнай, аднабокай», значыць — няпоўнай, недакладнай, незавершанай. Не патрабуючы перапісвання гісторыі, Вулф спрабуе прапанаваць як бы іншае рашэнне: «Чаму ... не зрабіць дадатак да гісторыі? Даўшы яму, зразумела, які-небудзь непрыкметны назоў, каб жанчыны маглі фігураваць там, не парушаючы звычайнага парадку?» Здаецца, быццам прапанова наконт дадатку стала кампрамісам, але гэта не так. За далікатным сарказмам каментароў наконт «непрыкметнага назову» і неабходнасці не парушыць старога ладу стаіць складаны праект (Вулф называе яго занадта смелым для сябе), які, хоць яна і спрабуе абмежаваць звязаныя з гэтым праблемы, выклікае супярэчлівы падтэкст17. Жанчыны тут і дадаюцца да гісторыі, і яны ж ёсць падставай перапісаць яе; яны ўносяць нешта праз меру, і яны ж неабходныя для завяршэння; яны і лішнія, і абавязкова патрэбныя. Слова «дадатак» у Вулф выклікае аналогію з аналізам Жака Дэрыды, які дапаможа мне разгледзець адносіны жаночай гісторыі да гісторыі наогул. У праекце дэканструкцыі заходняй метафізікі Дэрыда згадвае пэўныя «маркеры», якія працівяцца і дэзарганізуюць бінарныя процілегласці «без увядзення трэцяга тэрміну» або дыялектычнага вырашэння. Падрыўны характар такіх процілегласцяў абумоўлены немагчымасцю іх развязання: яны адначасна нясуць такія процілеглыя значэнні, якія немагчыма нават класіфікаваць асобна. Дадатак — адна з падобных «невырашальнасцяў». Па-французску, як і па-ангельску, гэта азначае і дадаванне, і падмену. Нешта дададзенае, лішняе, па-над і па-за тым, што ўжо цалкам існуе; гэта таксама падмена таго, што адсутнічае, прапушчана, чаго не хапае, якая вымагае, такім чынам, завершанасці ці паўнаты. «Дадатак — не плюс і не мінус, не вонкавае і не дапаўненне ўнутранага, не выпадковая характарыстыка, і не сутнасць»18. Гэта, словамі Барбары Джонсан, «непатрэбнае і неабходнае, небяспечнае і выратавальнае». «На ўзроўні вызначальнага і вызначанага немагчыма заўважыць розніцу паміж лішкам і недахопам, кампенсацыяй і разлажэннем» 19. Я не лічу, што ў кантэксце супярэчлівай логікі дадатку можна прааналізаваць падвойнасць жаночай гісторыі і яе патэнцыйна крытычную палітычную сілу, сілу, якая кідае выклік і дэстабілізуе ўсталяваныя асновы дысцыпліны, але не прапануе сінтэзу або простага развязання. Дыскамфорт, звязаны з такой дэстабілізацыяй, прывёў не толькі да супраціву «традыцыйных» гісторыкаў, але і да жадання вырашыць праблему за кошт гісторыкаў, якія даследуюць жанчын. Няма простага выйсця, ёсць толькі пастаянная ўвага да кантэкстаў і значэнняў, у якіх фармулююцца падрыўныя палітычныя стратэгіі. Менавіта ў такіх аналітычных рамках можна лепш зразумець спрэчкі на тэму ўлады і ведаў, якія і характарызуюць працэс фармавання дадзенай галіны гістарычнай навукі. Большая частка прадстаўнікоў жаночай гісторыі імкнулася нейкім чынам уключыць жанчын у аб'ект вывучэння, прадмет наратыву. Прымалася за аксіёму, што чалавек як універсальны аб'ект гістарычнай навукі мог бы ўключаць жанчын, гарантаваць сведчанні і інтэрпрэтацыі разнастайнай дзейнасці і вопыту жанчын у мінулым. Аднак, у сучаснай заходняй гістарыяграфіі яе аб'ект найчасцей увасабляўся ў белага мужчыну, жаночая гісторыя непазбежна сутыкалася (словамі амерыканскага тэарэтыка права Марты Мінаў) з «дылемай рознасці»20. Гэтая дылема паўстае таму, што рознасць узнікае «праз саму структуру нашай мовы, якая ўкладвае ... неканстатаваныя пункты параўнання ў катэгорыі, што хаваюць іх перспектыву і памылкова вызначаюць натуральную сувязь са светам»21. «Універсальнае» азначае параўнальнасць з асобным ці адзінкавым, белых мужчын — з тымі, хто не белы ці не мужчына, мужчын — з жанчынамі. Але гэтыя параўнанні найчасцей канстатуюцца і разумеюцца як натуральныя катэгорыі, асобныя сутнасці, а не паняцці адносінаў. Такім чынам, каб жаночая гісторыя была сур'ёзнай, трэба ўздымацца супраць дэфініцыяў гісторыі і яе фактараў, ужо прызнаных за «ісцінныя» ці, прынамсі, за дастатковыя для адлюстравання таго, што адбылося (ці таго, што мела значэнне) у мінулым. І трэба змагацца з стандартамі, замацаванымі параўнаннямі, ніколі не выказанымі, і пунктамі гледжання, ніколі не фармуляванымі 22. Жаночая гісторыя, калі мець на ўвазе мадыфікацыю «гісторыі», старанна даследуе, як усталявалася значэнне самога агульнага паняцця. Яна ставіць пад сумненне адносны прыярытэт, нададзены «яго-гісторыі» («his-story»), у адрозненне ад яе-гісторыі («her-story»), паказваючы ерархічнасць, прыхаваную шмат у якіх гістарычных сведчаннях. Яна кідае выклік і патрабаванню звычайнай гісторыі пазнаць усё, і завершанасці, і самапрысутнасці аб'екта гісторыі — універсальнага Чалавека. Хоць гісторыкі жанчын не задаюць падобных пытанняў непасрэдна, яны самі ставяцца іх працамі: у выніку якіх працэсаў дзейнасць мужчын стала лічыцца нормай і рэпрэзентаваць гісторыю чалавецтва ўвогуле, а дзейнасць жанчын або не заўважалася, або лічылася менш значнай, неістотнай? Якія неканстатаваныя параўнанні заключаны ў такіх паняццях як «гісторыя» і «гісторык»? Чыя перспектыва адводзіць мужчынам ролю галоўных дзейных асобаў гісторыі? Як на ўсталяваную практыку гісторыі ўплывае аналіз падзеяў і дзеянняў з пункту гледжання іншых суб'ектаў, напрыклад, жанчын? Якія адносіны гісторыка да прадмета, пра які яна/ён піша? Паводле Мішэля дэ Сэрто праблема ў наступным: «Калі асаблівасць месца, у якім ствараецца кожны дыскурс, важная, то тым больш яна мае значэнне для дыскурсу гістарыяграфічнага, які ставіць вынаходніка аб'екта гісторыі перад пытаннем: гісторыя жанчын, чорных, яўрэяў, культурных меншыняў ці інш.? У гэтай сферы кожны можа або сцвярджаць, што персанальны статус аўтара не мае значэння (у дачыненні да аб'ектыўнасці яго ці яе працы), або што толькі ён ці яна санкцыянуе ці пазбаўляе законнай сілы дыскурс (у адпаведнасці з тым, ці належыць ён/яна «яму» — [дыскурсу]). Але гэтыя дэбаты ўздымаюць замоўчаную эпістэмалогі яй праблему, а менавіта праблему ўплыву адносінаў суб'ект-суб'ект (жанчыны і мужчыны, чорныя і белыя і г.д.) на выкарыстанне відавочна «нейтральных» метадаў і ў арганізацыі дыскурсаў, напэўна, не ў меншай меры навуковых. Напрыклад, ці вынікае з факта дыферэнцыяцыі полаў, што жанчына стварае іншую ў параўнанні з мужчынам гістарыяграфію? Я не адказваю на гэтае пытанне, але сцвярджаю, што яно ставіць месца суб'екта пад сумненне і патрабуе трактаваць яго не так, як эпістэмалогія, якая канструюе «ісціну» працы на аснове неадпаведнасці прамоўцы»23. Пазіцыя дэ Сэрто тут не ў тым, што толькі жанчыны могуць пісаць жаночую гісторыю, а што жаночая гісторыя пакідае адкрытымі пытанні майстэрства і аб'ектыўнасці, на якіх стаіць прафесіяналізм. Уяўна сціплая прапанова дапоўніць гісторыю інфармацыяй пра жанчын мае на ўвазе не толькі тое, што гісторыя, якой яна ёсць цяпер, няпоўная, але таксама і тое, што гісторык авалодвае мінулым толькі часткова. І, што яшчэ больш турбуе, адкрывае перад крытыкай саму прыроду гісторыі як цэнтральнага прадмета эпістэмалогіі24. Абмеркаванне гэтых вострых філасофскіх праблемаў памылкова змясцілася ў асноўным у іншую плоскасць. Так званыя «традыцыйныя» гісторыкі ўзняліся на абарону сваёй прэрагатывы ахоўнікаў дысцыпліны (і ў сэнсе панавання ў гістарычнай навуцы), правакуючы проціпастаўленне «гісторыі» (ведаў, атрыманых у выніку нейтральнага даследавання) і «ідэалогіі» (ведаў, скажоных дзеля нейкай мэты). «Ідэалогія» па сваёй прыродзе кваліфікуецца як зараза, таму яна дыскрэдытуе інтэлектуальную працу. Ярлык «ідэалагічны» азначае, што погляды апанента непрымальныя, а прынятым поглядам надае статус неабвержнага закону, ці «ісціны»25. Норман Гэмпсан ніколі не пагадзіўся б з тым, што, назваўшы кнігу пра жанчын Францыі XIX ст. «утробнай гісторыяй», ён проціпаставіў яе фалічнай гісторыі; на самай справе, ён меў на ўвазе толькі апазіцыю да «сапраўднай» гісторыі. А дарэмны выступ Рычарда Коба супраць Сімона дэ Бевуа ў рэцэнзіі на тую ж кнігу цвердзіў, што феміністы не могуць быць добрымі гісторыкамі. Дзесяць загадаў жаночай гісторыі Лоўрэнса Стоўна былі нашмат больш прымальнымі для гэтай субдысцыпліны, але яны звярталі ўвагу на небяспеку «скажальнага сведчання» з мэтай «падтрымання сучаснай фемінісцкай ідэалогіі», як быццам паняцце сведчання ёсць ясным і пэўным, не маючым больш ніякіх праблемаў наконт пазіцыі, пункту погляду і інтэрпрэтацыі гісторыкаў. Падобна, адмаўляючыся ад гэтых палажэнняў, Робэрт Фінлей абвінаваціў Наталі Дэйвіс у ігнараванні «суверэннасці крыніцаў» і ў парушэнні прынцыпу «суду дакументаў» з мэтай фемінісцкага прачытання гісторыі Марціна Гера26. Наўрад ці трэба казаць, што спробы феміністаў выкрыць «мужчынскую прадузятасць» ці «прамужчынскую ідэалогію», якой прасякнута ўся гістарычная творчасць, часта сустракаліся з насмешкамі або абвінавачаннем у ідэалагічнай рыторыцы27. Няроўныя вагавыя суадносіны ў межах дысцыпліны рабілі «ідэалогію» небяспечнай для тых, хто імкнуўся да прафесійнага статусу і легітымнасці. Як гэта, так і ўнутраныя правілы дысцыпліны стрымалі многіх гісторыкаў-жанчын перад зваротам да самых радыкальных эпістэмалагічных падтэкстаў сваіх прац; замест таго яны рабілі акцэнт на жaнчынах як дадатковым аб'екце гісторыі, не кранаючы метадалагічных аспектаў навукі. (Тады мы імкнуліся заявіць пра сябе як законапаслухмяныя грамадзяне, а не як падрыўныя элементы.) Жаночая гісторыя ёсць новай галіной даследавання, як і вывучэнне міжнародных дачыненняў, — казала я, напрыклад, абараняючы новыя жаночыя курсы перад універсітэцкай вучонай камісіяй у 197528. Часткова гэта была тактычная хітрасць (палітычны рух) — паспрабаваць у спецыфічным кантэксце аддзяліць жаночыя даследаванні ад празмеранй звязанасці з фемінісцкім рухам. Часткова зыходзіла з пераканання, што дастатковая колькасць інфармацыі пра жанчын у мінулым няўхільна прывядзе да інтэграцыі іх у стандартную гісторыю. Гэтая апошняя матывацыя стымулявалася прыкладам сацыяльнай гісторыі з яе ўвагай да калектыўных ідэнтычнасцяў вялікага шэрагу сацыяльных групаў. Існаванне адносна новай сацыяльнай гісторыі стала важным фактарам выяўлення і пашырэння жаночай гісторыі; сувязь новай тэмы з новым комплексам падыходаў умацавала прэтэнзію на значнасць ці, прынамсі, на легітымнасць даследаванняў жанчын. Апелюючы да некаторых прафесійных паняццяў аб'ектыўнага навуковага аналізу, сацыяльная гісторыя плюралізавала аб'ект гістарычнага даследавання, надаючы статус такіх аб'ектаў сацыяльным групам накшталт сялянаў, рабочых, настаўнікаў і рабоў. У гэтым кантэксце прадстаўнікі гісторыі жанчын маглі гаварыць пра рэальнасць жыццёвага досведу жанчын ды сцвярджаць пра яго несумненны інтарэс і значнасць. Увёўшы жанчын у палітычныя арганізацыі і на рабочыя месцы, у новыя сферы і інстытуцыі, яны абвясцілі іх вартымі даследавання. Адны прадстаўнікі жаночай гісторыі імкнуліся прадэманстраваць падабенства жаночага і мужчынскага фактараў, іншыя акцэнтавалі ўвагу на жаночай непадобнасці; абодва падыходы разглядалі «жанчын» як нязменную сацыяльную катэгорыю, асобную тоеснасць, вядомы феномен — гэта былі біялагічна жаночыя істоты, якія ўваходзілі ў розныя кантэксты ды ролі і выходзілі з іх, вопыт якіх мяняўся, але сутнаснае быццё — як жанчын — не29. Такім чынам, сацыяльныя гісторыкі (а сярод іх і я) задакументавалі ўплыў індустрыялізацыі на жанчын, на групу, супольную ідэнтычнасць якой мы дапускаем. (Тады мы не так часта задаваліся пытаннем наконт гістарычнай шматзначнасці самога паняцця «жанчыны», як яно змянялася, як у працэсе індустрыялізацыі, напрыклад, слова «работніца» ў адрозненне ад «рабочы» прывяло да новага сацыяльнага разумення таго, што значыць быць жанчынай30.) Іншыя звярнуліся да жаночай культуры як відавочнага, рэальнага прадукту сацыяльнага і гістарычнага вопыту жанчын, схіляючыся да меркавання, што «жанчыны» — катэгорыя гамагенная31. У выніку, катэгорыя «жанчыны» заіснавала як сацыяльная тоеснасць асобна ад яе гістарычна лакалізаваных канцэптуальных суадносінаў з катэгорыяй «мужчыны»32. Гісторыя жанчын менш часу прысвячала дакумента ванню жаночага пераследу, і значна больш займалася сцвярджэннем асаблівасці «жаночай культуры», ствараючы такім чынам гістарычную традыцыю, да якой у пошуку прыкладаў жаночага фактару, доказаў іх здольнасці тварыць гісторыю маглі б апеляваць феміністы 33. Дакументалізацыя гістарычнай рэальнасці жанчын стымулявала дыскурс іх калектыўнай тоеснасці, што і зрабіла жаночы рух магчымым у 1970-х г. Вынікам гэтага дыскурсу стаў супольны жаночы вопыт, які, улічваючы сацыяльныя адрозненні, выявіў агульны назоўнік сэксуальнасці, а таксама звязаныя з ёй патрэбы і інтарэсы. Уздым свядомасці звязваўся з адкрыццём «сапраўднай» сутнасці жанчын, іх абуджэннем, дасягненнем аўтаномнасці, індывідуальнасці і, такім чынам, з эмансіпацыяй. Жаночы рух прызнаваў існаванне жанчын як асобнай, адрознай сацыяльнай катэгорыі, члены якой мелі патрэбу толькі ў мабілізацыі (а не бачанні неспалучальнай сукупнасці біялагічна падобных людзей, сутнасць якіх залежала ад руху). Такім чынам, жаночая гісторыя сцвердзіла рэальнасць катэгорыі «жанчыны», даказала яе існаванне, уласцівыя ёй патрэбы, інтарэсы і характарыстыкі, даўшы і ёй гісторыю. Значыць, з'яўленне жаночай гісторыі спалучалася з кшталтаваннем катэгорыі «жанчыны» як палітычнай сутнасці; прыгнёт жанчын і недахопы іх бачання гістарычнай перспектывы спісваліся на рахунак мужчынскай прадузятасці. «Мужчыны», як і «жанчыны», разглядаліся як група з аднароднымі інтарэсамі, а іх супраціў патрабаванням роўнасці тлумачыўся наўмысным жаданнем абараніць сваю ўладу і рэсурсы, якія забяспечвалі панаванне. Увага да разнастайнасці, класавых, расавых, культурных адрозненняў саступала месца варыяцыям на тэму патрыярхальнасці, але, тым не менш, фіксавала супярэчнасць мужчына/жанчына. Канцэптуальным асновам «патрыярхальнасці», шляхам, якімі полавае адрозненне ператваралася ў культурныя веды, аддавалася ўвагі менш, чым уплыву сістэмаў мужчынскага панавання над жанчынай і супраціву мужчын жанчынам. Антаганізм паміж мужчынамі і жанчынамі быў у цэнтры палітыкі і гісторыі, і гэта мела некалькі наступстваў: ён зрабіў магчымай шырокую мабілізацыю і, у той жа час, ускосна сцвердзіў асноўную прыроду бінарнай супярэчнасці паміж мужчынскім і жаночым пачаткамі. Здавалася, што няпэўнасць жаночай гісторыі павінна вырашыцца гэтым просталінейным проціпастаўленнем дзвюх групаў з законнымі і супярэчлівымі інтарэсамі. Парадокс у тым, што, хоць канфлікт падобнага кшталту азначаў анафему тым, хто разумеў прафесіі як уніфікаваныя супольнасці, гэта было прымальна як характарыстыка гісторыі. (Часткова так было таму, што сама галіна мянялася, яе фокусы змяняліся, дагматы ўдасканальваліся і таксама змяняліся.) Сапраўды, можна сказаць, што як гістарычная ініцыятыва жаночая гісторыя дасягнула пэўнай легітымнасці, паколькі яна сцвердзіла існаванне асобнай прыроды, асобнага жаночага вопыту, паколькі, значыць, яна кансалідавала калектыўную тоеснасць жанчын. Эфект быў падвойны: забеспячэнне месца жаночай гісторыі ў рамках навуковай дысцыпліны і сцвярджэнне яе адрознення ад гісторыі традыцыйнай. Ліберальныя плюралісты, якім хацелася верыць у гістарычныя інтарэсы многіх тэм, цярпелі і жаночую гісторыю (часткова таму, што ціск з боку фемінісцкіх гісторыкаў і студэнтаў зрабіў яе вартай цярпення), але яна заставалася па-за галоўнымі праблемамі дысцыпліны, і яе правакацыйны выклік застаўся, відаць, у іншай плоскасці. «Палітыка» versus «тэорыя» Перашкоды і абмежаванні для жаночай гісторыі ніколі не былі непераадольнымі, але ў канцы 1970-х г. яе відавочна сталі падточваць струменьчыкі — часткова знутры самой дысцыпліны, часткова з боку палітычнага руху. У выніку пад сумненнем апынулася жыццяздольнасць катэгорыі «жанчыны», а «адрозненне» стала праблемай, якую належала даследаваць. Акцэнт на адрозненне, засведчыўшы першапачаткова адносныя значэнні гендэрных катэгорыяў, высветліў пэўныя неадназначнасці, якія заўжды хаваліся ў жаночай гісторыі. Ён надаў першачарговае значэнне пытанням пра сувязь паміж уладай і ведамі ды паказаў узаемазвязанасць тэорыі і палітыкі. Мэтай даследчыкаў жаночай гісторыі, хоць яны і ўвялі асобную тоеснасць жанчын, было інтэграваць жанчын у традыцыйную гісторыю. І ў 1970-х — пачатку 1980-х г. намаганні па такой інтэграцыі фінансаваліся ўрадам і прыватнымі фундацыямі (і першыя, і другія былі зацікаўлены не толькі ў гісторыі, але таксама ў асвятленні сучаснай палітыкі ў дачыненні да жанчын). Інтэграцыя мела на ўвазе не толькі тое, што жанчыны могуць увайсці ў традыцыйную гісторыю, але і тое, што іх прысутнасць патрабуе карэктавання наратыву. Тут дзейнічаў супярэчлівы падтэкст статусу жаночай гісторыі як дадатковай. Жаночая гісторыя — з яе кампіляцыямі дадзеных пра жанчын у мінулым, з яе настойваннем на тым, што з улікам жанчын прынятая перыядызацыя не спрацоўвае, з яе канстатаваннем уплыву жанчын на падзеі і ўдзел у грамадскім жыцці, з яе сцвярджэннем, што прыватнае жыццё мае грамадскае, палітычнае вымярэнне — азначала фундаментальную недастатковасць традыцыйнай гісторыі: яе прадмет не быў універсальным, а гісторыкі, якія гэта сцвярджалі, больш не маглі пастуляваць паўнаты гістарычнай рэканструкцыі. Усё гэта выявіў праект інтэграцыі. Высветлілася, што пачатай з такім энтузіязмам і аптымізмам інтэграцыі цяжка дасягнуць, і гэта найбольш з-за супраціву гісторыкаў, а не з прычыны прадузятасці і даўніх прымхаў, хоць і апошняга несумненна хапала34. У пэўнай ступені і самыя прадстаўнікі гісторыі жанчын лічылі ўпісанне жанчын у традыцыйную гісторыю цяжкай справай, а задача перапісвання гісторыі вымагала рэканцэптуалізацыі, да чаго яны ад пачатку не былі гатовыя. Патрабавалася менавіта асэнсаван не розніцы і таго, як яе канструкцыя радзяляе адносіны паміж індывідамі і сацыяльнымі групамі. «Гендэр» — вось тэрмін, які сталі выкарыстоўваць у тэарэтычных развагах на тэму полавай рознасці. У Злучаных Штатах гэты тэрмін быў запазычаны з граматыкі (у значэнні «умоўнасці», «дамоўленасці» [людзей] ці «правілаў лінгвістычнага выкарыстання») ды з сацыялагічнага даследавання сацыяльных роляў, прыпісваных жанчынам і мужчынам. Хоць сацыялагіч нае выкарыстанне «гендэру» можа мець функцыяналісцкія ці сутнасныя адценні, феміністы абралі акцэнт на сацыяльныя канатацыі гендэру — у адрозненне ад фізічных канатацыяў полу35. Яны падкрэслілі і адносны аспект гендэру: немагчыма зразумець жанчын інакш, як у параўнанні з мужчынамі, гэтаксама і мужчын нельга зразумець без параўнання з жанчынамі. Да таго ж, паколькі гендэр быў вызначаны ў дачыненні да сацыяльнага і культурнага кантэкстаў, можна было разважаць у рамках розных гендэрных сістэм і іх адносінаў да іншых катэгорый, такіх, як раса, клас або этнас, а таксама ўлічваць змены. Катэгорыя гендэру, упершыню выкарыстаная для аналізу міжполавых адрозненняў, пашырылася на праблему рознасцяў у самім адрозненым. Палітыка 1980-х г. выявіла некаторыя залежнасці, якія паставілі пад сумненне унітарнасць значэння тэрміну «жанчыны». Сапраўды, тэрмін «жанчыны» наўрад ці можна выкарыстоўваць нязменна: каляровыя жанчыны, яўрэйкі, жанчыны-лесбіянкі, бедныя работніцы, адзінокія маці — вось толькі нямногія ўведзеныя катэгорыі. Усе яны аспрэчваюць гегемонію сярэдняга класа гетэрасэксуальных белых на паняцце «жанчыны», сцвярджаючы, што фундаментальныя адрозненні вопыту робяць немагчымым патрабаваць іх адзінай тоеснасці 36. Падзел універсальнага паняцця «жанчыны» паводле расы, этнасу, класа і сэксуальнасці быў прыглушаны сур'ёзнымі палітычнымі рознагалоссямі ў жаночым руху па шырокім спектры праблемаў — ад Палесціны да парнаграфіі 37. Усё больш выразныя, моцныя рознагалоссі сярод жанчын падрывалі магчымасць уніфікаванай палітыкі і паказвалі, што супольнасць жаночых інтарэсаў не відавочная, што яна ёсць прадметам спрэчак і дыскусій. У выніку патрабаванні прызнаць вопыт і гісторыі розных катэгорый жанчын вычарпалі логіку дадатковасці, на гэты раз у дачыненні да універсальнай катэгорыі «жанчыны», логіку дастатковасці нейкай агульнай жаночай гісторыі і здольнасці любога гісторыка-жанчыны ахапіць усё. Пытанне адрозненняў у адрозненым выклікала дыскусію пра тое, якім чынам і ці трэба наогул рабіць акцэнт на гендэр як катэгорыю даследавання. Аднаму з гэтых акцэнтаў прысвечана праца ў галіне сацыяльных навук пра гендэрныя сістэмы ці структуры; у ёй разглядаецца фіксаваная процілегласць мужчын і жанчын і асобных полавых роляў, якая нязменна функцыянуе ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Улічваецца таксама карэляцыя паміж сацыяльнымі катэгорыямі мужчын і жанчын і падпарадкаванымі ім тоеснасцямі мужчын і жанчын, а іх розніца выводзіцца з усталяваных сацыяльных характарыстык, такіх як клас ці раса. Гэтая праца пашырае фокус жаночай гісторыі на праблемы дачыненняў мужчыны/жанчыны і пытанні ўсведамлення гендэру, працэсаў, якія ўсталёўваюць гендэрныя інстытуцыі, а таксама адрозненні, сфармаваныя пад уплывам расы, класа, этнасу і сэксуальнасці ў працэсе фармавання гістарычнага вопыту жанчын. Падыход сацыяльных навук да гендэру не толькі плюралізаваў катэгорыю «жанчыны» і стварыў разнастайнае мноства гісторыяў і калектыўных тоеснасцяў, але паставіў шэраг невырашальных на першы погляд праблемаў, якія вынікаюць з прызнання адрозненняў сярод жанчын. Калі гэтак шмат адрозненняў класавых, расавых, этнічных і полавых, што тады складае агульную глебу, на якой феміністы могуць арганізаваць паслядоўнае калектыўнае дзеянне? Што канцэптуальна яднае жаночую гісторыю ці жаночыя навучальныя курсы, сярод якіх, здаецца, шырока распаўсюджаны розныя жаночыя гісторыі? Гэтыя дзве праблемы ўзаемазвязаныя: ці існуе агульная тоеснаць жанчын, і ці існуе іх агульная гісторыя, якую можна напісаць? Пытанні гендэру некаторыя феміністы паспрабавалі даследаваць з дапамогай надзвычай розных літаратурных і філасофскіх падыходаў, аб'яднаных пад шыльдай постструктура лізму. Імі акцэнт змяшчаецца з канстатацыі бінарнай процілегласці мужчын і жанчын на пытанне самога яе ўсталявання; з прызнання папярэдняга існавання тоеснасці «жанчын» на даследаванне працэсаў яе фармавання; ад надавання першасных значэнняў катэгорыям накшталт «мужчыны» і «жанчыны» на высвятленне таго, як іх значэнне замацоўваецца. Гэты аналіз прымаецца за прадмет постструктуралізму — вывучэнне практыкі і кантэксту, у якім утвараюцца значэнні полавых адрозненняў. Ён часта выкарыстоўвае псіхааналітычную тэорыю для выяўлення складанасці і нестабільнасці любой падпарадкаванай ідэнтыфікацыі. Мужчынскасць і жаноцкасць прымаюцца тут за падпарадкаваныя пазіцыі, і неабавязкова толькі ў межах біялагічнага падзелу на мужчын і жанчын38. Самае істотнае ў шляхах, якімі феміністы асвойваюць постструктуралізм для разумення розніцы. Розніца тут залягае ў аснове лінгвістычных тэорыяў сігніфікацыі. Прымаецца, што ўсе значэнні ўтвораныя дыферэнцыяльна, праз процілегласці і супярэчнасці, і ерархічна, праз прысваенне першынства аднаму тэрміну, і падпарадкавання — іншаму. Узаемазвязанасць асіметрычных адносінаў важна ўлічваць, бо яна мае на ўвазе змену як нешта большае за прызнанне права падпарадкаванай групы на рэсурсы грамадства, большае за праблему размеркавання справядлівасці. Калі вызначэнне Мужчыны палягае на падпарадкаванні Жанчыны, тады змяненне статусу Жанчыны патрабуе (і выклікае) змены ў нашым разуменні Мужчыны (просты кумулятыўны плюралізм не працуе). Радыкальная пагроза з боку жаночай гісторыі затоена менавіта ў падобным выкліку, кінутым гісторыі традыцыйнай; нельга проста дадаваць жанчын без фундаменталь нага перагляду ўсіх паняццяў, стандартаў і ўяўленняў пра аб'ектыўную, нейтральную і універсальную гісторыю, таму што ў традыцыйны погляд на гісторыю ўжо ў яе вызначэнні ўваходзіла выключэнне жанчын. Прыхільнікі постструктуралізму сцвярджаюць, што ўладу неабходна разглядаць у святле дыскурсіўных працэсаў, якія спараджаюць рознасць. Як ўзнікае, легітымізуецца і пашыраецца веданне рознасці? Як і ў якіх паняццях фармуюцца тоеснасці? Фемінісцкія гісторыкі знаходзяць адказы на гэтыя пытанні, і асабліва кантэкстуальныя прыклады, але яны не проста ствараюць асобныя гісторыі. Напэўна, палітычна і акадэмічна агульная глеба — гэта тое, на чым феміністы ажыццяўляюць даследаванне рознасці, працівячыся выключэнню, дамінаванню ці маргіналізацыі, што вынікаюць з сістэмаў дыферэнцыявання. У адрозненне ад сацыяльных навук, якія прымаюць тоеснасць і вопыт жанчын за дадзенасць, постструктуралісцкі падыход для мабілізацыі палітычных рухаў рэлятывізуе тоеснасць і пазбаўляе яе падмурка сутнаснага «вопыту», як і базавых элементаў, у большасці стандартных дэфініцыяў палітыкі. Выкарыстоўваючы постструктуралісцкі аналіз, феміністы праз праблематызацыю паняццяў тоеснасці і вопыту прапанавалі дынамічныя інтэрпрэтацыі гендэру, якія падкрэсліваюць барацьбу, ідэалагічныя супярэчнасці і складанасці змены адносінаў падпарадкавання. Часта іх працам уласцівы большая гістарычная варыятыўнасць і кантэкстуальная спецыфіка паняццяў самога гендэра, чым працам прыхільнікаў канцэптуаліза цыі сацыяльных навук. Але даследчыкі, якія знаходзяцца пад уплывам постструктуралізму, часам сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і прыхільнікі падыходаў сацыяльных навук. Калі, паводле сцвярджэння Дэніс Рылей, катэгорыі «жанчыны», жаночая тоеснасць і вопыт нестабільныя, бо яны гістарычна зменлівыя, то дзе ж тады глеба для палітычнай мабілізацыі? Як пісаць супольную жаночую гісторыю без фіксаванага, агульнага азначэння таго, што такое жанчыны? Рылей адказвае, і я лічу слушна, што можна асэнсоўваць і арганізоўваць палітыку з нестабільнымі катэгорыямі, і на справе так яно і адбываецца, а як канкрэтна — трэба абмяркоўваць. Іронія ж у тым, што замест прызнання падабенства праблемаў, паўстаўшых перад фемінісцкімі гісторыкамі ў 1980-х г. і вынікшых з нашай патрэбы асэнсаваць палітыку па-новаму, узнялася непрымірымая дыскусія вакол карысці постструктуралізму для фемінізму, якая нараджае небяспечны антаганізм паміж «тэорыяй» і «палітыкай». Феміністы, настроеныя варожа да постструктуралізму, агульнай крытыкай дэнансавалі «тэорыю» і навесілі ёй ярлык нечага абстрактнага, элітнага і мужчынскага. Яны абвясцілі сваю пазіцыю канкрэтнай, практычнай і фемінісцкай, а, значыць — палітычна слушнай. У гэтым проціпастаўленні ўсё, што ёсць тэарэтычнага ў фемінізме, пераназвана «палітыкай», таму што (паводле адной з найноўшых ідэй) яго разуменне вынікае «проста з адлюстравання нашага ўласнага, г.зн. жаночага, вопыту, з супярэчнасцяў, якія мы адчуваем паміж рознымі спосабамі таго, як мы былі прадстаўленыя нават самім сабе, з несправядлівасцяў, якія мы так доўга цярпелі» 39. Змясціўшы праблему ў рамкі жорсткай бінарнай процілегласці, гэтая фармулёўка выключае магчымую карысць разнастайных тэарэтычных падыходаў да фемінісцкай гісторыі і фемінісцкай палітыкі, як і магчымасць разумення тэорыі і палітыкі ў іх непарыўнай сувязі. Я лічу, што «тэорыя» і «палітыка» супрацьпастаўлены надумана, — каб прадухіліць дыскусіі, якія мы павінны разгарнуць вакол таго, якая тэорыя самая плённая для фемінізму, абраўшы толькі адну тэорыю як «палітыку». (На мове тых, хто выкарыстоўвае гэтую дыхатамію, «палітыка» сапраўды азначае добрую тэорыю; «тэорыя» — значыць кепская палітыка 40.) «Добрая» тэорыя разглядае «жанчын» і іх «вопыт» як відавочныя факты, якія ёсць крыніцай калектыўнай тоеснасці і дзеяння. У выніку (згодна з рэакцыяй, процілеглай рэакцыі гісторыі на жаночую гісторыю) той, хто карыстаецца гэтым супрацьпастаўленнем, прымае «палітыку» як нарматыўную пазіцыю, як нейкі этычны індыкатар на легітымнасць фемінізму і жаночай гісторыі. Прадстаўнікі гісторыі жанчын, якія адкідаюць «тэорыю» ў імя палітыкі, дзіўным чынам сыходзяцца з тымі традыцыйнымі гісторыкамі, хто лічыць постструктуралізм (і жаночую гісторыю) простай антытэзай прынцыпам і дактрынам сваёй дысцыпліны 41. І першыя, і другія бароняць паняцце «вопыт», адмаўляючыся праблематызаваць яго; проціпастаўляючы «тэорыю» і «палітыку», яны закрываюць «вопыт» ад уважлівага крытычнага даследавання і ахоўваюць яго як базісны і беспраблемны грунт палітыкі і гістарычнага тлумачэння 42. Паняцце вопыту аказалася праблематычным для гісторыкаў і запатрабавала крытычнага разбору. Постструктуралізм паставіў пытанне, ці ёсць у вопыта статус па-за лінгвістычнай умоўнасцю (або культурнай канструкцыяй), а праца жаночых гісторыкаў плюралізавала і ўскладніла шляхі, якімі гісторыкі ўзгоднена звярталіся да вопыту. У дадатак (што тут для мяне самае важнае) разрозненасць фемінісцкага палітычнага руху ў 1980-х г. зрабіла немагчымым адзінае вызначэнне жаночага вопыту. Як заўжды, перад тэорыяй паўсталі пытанні палітыкі: ці існуе вопыт жанчын, які выходзіць за межы класа або расы? як расавыя і этнічныя адрозненні ўплываюць на «вопыт жанчын» і вызначэнне жаночых патрэбаў ды інтарэсаў, вакол якіх мы можам арганізавацца, ці пра якія мы пішам? Як мы можам вызначыць, чым гэты «вопыт» ёсць цяпер, або быў у мінулым? Без пэўнага тэарэтычнага асэнсавання вопыту гісторыкі не могуць адказаць на гэтыя пытанні; без пэўнага тэарэтычнага разумення адносінаў жаночай гісторыі да гісторыі наогул лёгка страціць патэнцыйна крытычны і дэстабілізацыйны эфект фемінізму, а таксама магчымасць радыкальнай трансфармацыі ведаў, якія і складаюць гісторыю і палітыку, якімі мы займаемся. З постструктуралізмам звязаныя дылемы для фемінісцкіх гісторыкаў. Думаю, што тыя, хто сцвярджае, быццам структуралізм не мае нічога агульнага з рэальнасцю, ці што яго засяроджанасць на тэкстах выключае сацыяльныя структуры, выпускаюць з поля зроку пытанне тэорыі. Я перакананая, што ён не дае гісторыкам гатовых адказаў на шэраг пытанняў, якія сам і ўздымае: як звяртацца да «вопыту» без безумоўна прынятых сутнасных паняццяў? як характарызаваць палітычную мабілізацыю, не апелюючы да сутнасных агістарычных тоеснасцяў? як паказваць чалавечы фактар, адначасова прызнаючы яго лінгвістычныя і культурныя характарыстыкі? як уключаць уяўленне і падсвядомасць у вывучэнне сацыяльных паводзінаў? як вызначыць адрозненні і паставіць у цэнтр палітычнага аналізу працэсы дыферэнцыяцыі, не парываючы з незвязанымі рознымі ацэнкамі і з перекрывальнымі катэгорыямі (накшталт «класа» ці «прыгнечаных»)? як прызнаваць непаўнату чыёйсьці гісторыі (а на справе — ўсіх гісторый), і ўсё ж прадстаўляць яе аўтарытэтна і ўпэўнена? Гэтыя праблемы не вырашыць, ухіляючыся ад «тэорыі» ці абвяшчаючы яе антытэзай «палітыцы»; яны патрабуюць настойлівай і сінхроннай дыскусіі (і тэарэтычнай, і палітычнай адначасова), бо ўрэшце гэта праблемы тых, хто піша жаночую гісторыю, незалежна ад падыходу. Гэта агульныя праблемы, таму што яны вынікаюць з логікі дадатковасці, уласцівай жаночай гісторыі і надаючай ёй крытычную сілу. Паколькі фемінісцкія гісторыкі спрабавалі стварыць новы інтэлектуальны прадукт, яны непазбежна звярталіся да пытання пра адэкватнасць не толькі субстанцыі існуючай гісторыі, але таксама яе канцэптуальных асноў і эпістэмалагічных пасылаў. У гэтым яны знайшлі падтрымку гісторыкаў і іншых гуманітарыяў, якія займаюцца праблемамі прычыннасці і тлумачэння, дзеючага фактару і дэтэрмінаванасці, хоць да цяперашняга часу феміністаў найчасцей і не лічаць роўнымі партнёрамі ў такіх дэбатах43. Нават у гэтых крытычных дыскурсах іх пазіцыя заставалася дадатковай: вось адначасова канкрэтны прыклад агульнай з'явы і радыкальны каментар да (не)дастатковасці як паняццяў, так і практыкі. Дадатковае становішча — гэта стан перманентнай няпэўнасці і патэнцыйнай дэстабілізацыі. Яно ўвесь час патрабуе ўвагі да адносінаў падпарадкавання, пэўнай пільнасці перад спробамі актуалізаваць адну з процілеглых пазіцый. Жаночыя гісторыкі зноў і зноў пратэстуюць супраць спробаў зрабіць іх проста чужымі; яны таксама не прымаюць аргументы, што іх працу нельга кваліфікаваць як гісторыю. З гэтай прычыны іх прафесійнае жыццё і праца непазбежна палітычныя. Урэшце, немагчыма аддзяліць палітыку — адносіны падпарадкавання, сістэмы веры і практыкі — ад ведаў і працэсаў, якія іх спараджаюць; таму жаночая гісторыя непазбежна палітызаваная. У гэтым матэрыяле я звярнулася да логікі дадатковасці, якая дапамагла мне зразумець і прааналізаваць неад'емную палітычную прыроду галіны жаночай гісторыі; я лічу, што гэта тая «тэорыя», якая дапаможа нам зразумець палітыку нашай практыкі. З ангельскай пераклала Ірэна Ганецкая * Scott, Joan. Women’s History // New Perspectives on Historical Writing. Ed. Peter Burke. Oxford, 1992. P.42–66. СНОСКІ: 1 «Women in the Beehive: A seminar with Jacques Derrida», стэнаграма навукова–даследчыцкага семінару Пэмброўкскага цэнтра з удзелам Дэрыды, у: Subjects/Objects (Spring 1984), 17. 2 Цытуецца па: Winkler, K. Women’s Studies After Two Decades: Debatesover Politics, New Directions for Research // The Chronicle of Higher Education (September 28, 1988), A6. 3 Fraser, N. and Nicholson, L. «Social Criticism Without Philosophy», ненадрукаваны рукапіс, 1987, 29. 4 «Палітыка ў глыбокім сэнсе, як сукупнасць чалавечых адносінаў у іх рэальнай сацыяльнай структуры, у іх здольнасці стварыць свет». Barthes, R. Mythologies (Paris, 1957), 230. Гл. таксама: Foucault, M. The History of Sexuality. Vol. I. (An Introduction) (New York, 1980), 92—102. 5 Spivak, G.C. The Politics of Interpretation // Mitchell, W.J.T. The Politics of Interpretation (Chicago, 1983), 347—66; Poovey, M. Uneven Developments: The Ideological Work of Gender in mid–Victorian England (Chicago, 1988). Гл. таксама: Althusser, L. and Balibar, E. Reading Capital. (tr. Brewster, B.). (London, 1979), 314 («ideology» у гласарыі). 6 Freeman, J. Women on the Move: Roots of Revolt // Rossi, A.S. and Calderwood, A. (eds.) Academic Women on the Move (New York, 1973), 1—37. Гл. таксама эсэ Эліс Росі і Кэй Клотцбургер у тым жа выданні. 7 Evans, S. Personal Politics (New York, 1979). 8 Цыт. па: Keeney, B. President of Brown University // Pembroke Alumnae 27:4 (October 1962). 1. 9 Keeney, ibid, 8—9; Bernard, J. Academic Women (Cleveland, 1966); Pollard, L.A. Women on College and University Faculties: A Historical Survey and a Study of their Present Academic Status (New York, 1977), асабліва 296. 10 Novick, P. That Noble Dream: the «Objectivity Question» and the American Historical profession (New York, 1988). 11 Па гэтай праблеме гл.: Dietz, M.G. Context is All: Feminizm and Theories of Citizenship; Conway, J.K. Politics, Pedagogy, and Gender; Scott, J.W. History and Difference // Daedalus (1987), адпаведна 1—24, 137—52, 93—118. 12 Beale, H.K. The Professional Historian: His Theory and His Practice // Pacific Historical Review 22 (August 1953), 235. 13 Гэтая праблема паўставала па–рознаму, апошні раз у сувязі са справай Сіарз (Sears). У працэсе дыскрымінацыі паводле полу судовая справа ўзбуджаная супраць Sears Roebuck and Company (гандаль у розніцу), дзве жанчыны–гісторыкі Разалінд Роўзенбэрг і Эліс Кэслер–Гэрыс выступалі па розныя бакі. Інцыдэнт выклікаў вялікія дэбаты гісторыкаў па пытанні заангажаванасці жаночнай гісторыі ў палітыку і палітычных задачаў фемінісцкіх гісторыкаў. Гучалі закіды ў здрадзе веры на адрас абодвух бакоў, але апошнія (і шмат у чым самыя помслівыя) выступы Сэнфарда Левінсана і Томаса Гаскела ў абарону Роўзенбэрг сцвярджаюць, што Кэслер–Гэрыс свядома скажае гісторыю ў інтарэсах палітыкі, а Роўзэнбэрг адважна бароніць «праўду». Іх нарыс пабудаваны на проціпастаўленні «палітыкі» і «праўды», «ідэалогіі» і «гісторыі», што надае яму з выгляду аб’ектыўны і бесстаронні тон і дазваляе, у той жа час, замоўчваць усе складаныя эпістэмалагічныя праблемы, звязаныя з гэтым пытаннем. Глядзі: Academic Freedom and Expert Witnessing: Historians and Sears Case // Texas Law Review 66:7 (October 1988), 301—31. Па справе Sears глядзі таксама: Milkman, R. Women’s History and the Sears Case // Feminist Studies 12 (Summer 1986), 375—400; Scott, J.W. The Sears Case // Scott J. Gender and the Politics of History (New York, 1988), 167—77. 14 Somikava, E. and Smith, E.A. Theorizing the Wrighting of History or , ‘I can’t think why it should be so dull, for a great deal of it must be invention’ // Journal of Social History 22:1 (Fall 1988), 149—61. 15 Аб патэнцыяле жаночай гісторыі ў трансфармацыі гісторыі глядзі: Gordon, A., Buhle, M.J., Dye, N.S. The Problem of Women’s History // Carroll (ed.). Liberating Women’s History (Urbana, 1976); Davis, N.Z. Women’s History in Transition: The European Case // Feminist Studies 3 (1976), 83—103; Kelly, J. Women, History and Theory (Chicago, 1984); Degler, C. What the Women’s Movement has done to American History // Soundings 64 (Winter 1981) 419. 16 Сярод іх былі: Pinchbeck, I. Women Workers and the Industrial Revolution 1750—1850 (London, 1930); Beard, M. On Understanding Women (New York, 1931); idem., America Through Women’s Eyes (New York, 1934). 17 Wolf, V. A Room of One’s Own (New York, 1929), 47. 18 Derrida, J. Positions, tr. A.Bass (Chicago, 1981), 43. Гл. таксама: Derrida, J. Of Grammatology, tr. G.C.Spivak (Baltimore, 1974) 141—64. 19 Уступ Барбары Джонсан да яе перакладу працы Дэрыды: Derrida, J. Disseminations (Chicago, 1981), xiii. 20 Minow, M. The Supreme Court 1986 Term: Foreword: Justice Engendered // Harvard Law Review 101. № 1. (November1987), 9—95. 21 Ibid., 13. 22 Па праблеме рэпрэзентацыі гісторыі гл.: Spivak, G.C. Can the Subaltern Speak? // Nelson, C. and Grossberg, L. Marxism and the International Culture (Urbana, 1988), 271—313. 23 Certeau de, M. History: Science and Fiction // Heterologies: Discourse on the Other (Minneapolis, 1986), 217—18. 24 Hawkesworth, M. Knower, Knowing, Known . . . // Signs (Spring 1989), 533—557. 25 «Ідэалагічны поспех дасягаецца, калі толькі погляды апанентаў лічацца ідэалогіяй; пануючы погляд — ісціна». Minow, M. Justice Engendered // Harvard Law Review 101 (November 1987), 67. 26 Hampson, N. The Big Store // London Review of Books (21 January — 3 February 1982), 18; Cobb, R. The Discreet Charm of Bourgeoisie // New York Review of Books (December 17, 1981), 59; Stone,L. Only Women // New York Review of Books (April 11, 1985), 21—7; Finlay, R. The Refashioning of Martin Guerre; Davis, N.Z. On the Lame // American Historical Review 93:3 (June 1988), адпаведна 553—71, 572—603. 27 Далучанасць заходняга лібералізму да змагання за гендэрныя і расавыя правы дэманструе нешта такое, што феміністы добра ведаюць: супраціў ліберальнай асобы (мужчыны) папрокам у непаўнавартасці, асабліва калі гэтыя папрокі самі выяўлены праз гендэр». Weed, E. Coming to Terms: Feminism, Theory, Politics (Introduction) (New York, 1988), 6. 28 Урачыстая заява Джоан Скот у універсітэце Паўночнай Караліны. Вучоная камісія Чэпл Гіла, травень 1975 года, цыт. па: Dean, P. Women on the Hill: A History of Women at the University of North Carolina (Chapel Hill, 1987), 23. 29 Я не збіраюся ставіць пад пытанне разнастайнасць падыходаў у жаночай гісторыі ды розніцу інтэрпрэтацыйных і тэарэтычных пазіцый. Унутры жаночай гісторыі былі і ёсць вялікія разыходжанні паміж марксісцкімі і ліберальнымі феміністамі, тымі, хто выкарыстоўвае дасягненні розных псіхааналітычных школаў і г.д. Мая справа тут паказаць не адрозненні, а іх агульную платформу — вывучэнне жанчын як аб’екта, з жаночай тоеснасцю, а таксама іх адносіны да гістарычнай навукі ў цэлым. Я бачу разыходжанні паўсюдна. Гл.: Scott, J.W. Women’s History: The Modern period // Past and Present 101 (1983), 141—57; idem., Gender: A Useful Category of Historical Analysis // American Historical Review 91:5 (December 1986), 1053—75. 30 Па гісторыі працы жанчын гл.: Tilly, L.A. and Scott, J.W. Women, Work and Family (New York, 1978; 1987); Kessler–Harris, A. Out of Work: A History of Wage–Earning Women in the United States (New York, 1982); Dublin, T. Women at Work: The Transformation of Work and Community in Lowell, Massachusetts, 1826—60 (New York, 1979); Alexander, S. Women’s Work in Nineteenth–Century London: A Study of the Years 1829—50 // Mitchell, J. and Oakley А. (eds). The Rights and Wrongs of Women (London, 1976); Cooper, P.A. Once a Cigar Maker: Men, Women, and Work Culture in American Cigar Factories, 1900—1919 (Urbana, 1987). 31 Kerber, L. Separate Spheres, Female Worlds, Woman’s Place: The Rethoric of Women’s History // Journal of American History 75:1 (June1988), 9—39. 32 Гэта не азначае, што жаночыя гісторыкі не пісалі пра жанчын у дачыненні да мужчын — як пра жонак, каханак, маці, дочак, работніц, пацыентаў, etc. Гэта азначае, што яны мелі тэндэнцыю ігнараваць канцэптуальнае пытанне — што паняцце «жанчыны» не мае сутнаснай дэфініцыі, а толькі кантэкстуальную (якая заўжды аспрэчваецца ў яе ідэалізацыі і актуалізацыі), якая можа быць сфармуляванай толькі ў проціпастаўленні паняццю «мужчыны». На гэты конт, гл.: Riley, D. «Am I that Name?» Feminism and the Category of «women» in History (London and Minneapolis, 1988). 33 Гл., напрыклад, сімпозіум па «Жаночай культуры» і палітыцы ў: Feminist Studies 6 (1980), 26—64. 34 Aiken, S.H., et. al. Trying Transformations: Curriculum Integration and the Problem of Resistance // Signs 12:2 (Winter 1987), 255—75. Гл. таксама ў тым жа выданні: Anderson, M.L. Changing the Curriculum in Higher Education, 222—254. 35 Гл. Rubin., G. The Traffic in Women: Notes on the Political Economy of Sex // Reiter, R.R (ed.). Towards an Anthropology of Women (New York, 1975). Гл. таксама: Scott, J.W. Gender: A Useful Category of Historical Analysis // American Historical Review 91:5 (December 1986); Haraway, D. Geschlecty, Gender, Genre: Sexualpolitik eines Wortes // Hauser, K. (ed.). Viele Orte uberall? Feminismus in Bewegung (Festschrift fur Frigga Haug), 22—41. 36 Lauretis de, T. Feminist Studies: Issues, Terms, and Contexts; Moraga, C. From a Long Line of Vendidas: Chicanas and Feminism; Martin, B. and Mohanty, C.T. Feminist Politics: What’s Home Got to Do with It? // Lauretis de, T. (ed.). Feminist Studies/Critical Studies (Bloomington, 1986), адпаведна 1—19, 173—190, 191—212. Гл. таксама: The Combahee River Collective, «A Black Feminist Statement» // Hull, G.T., Scott, P.B. and Smith, B. (eds). But Some of Us are Brave: Black Women’s Studies (New York, 1982); Smith, B. (ed.). Home Girls; A Black Women’s Anthology (New York, 1983). Гл. таксама: Smith, B. Towards a Black Feminist Criticism; McDowell, D.E. New Directions for Black Feminist Criticism; Zimmerman, B. What has Never Been; An Overview of Lesbian Feminist Criticism // Showalter, E. (ed.). The New Feminist Literary Criticism: Essays on Women, Literature, Theory (New York, 1985), 168—224; Hoffman, N. White Women, Black Women: Inventing an Adequate Pedagogy // Women’s Studies Newsletter 5 (Spring 1977), 21—4; Wallace, M. A Black Feminist’s Search for Sisterhood // Village Voice. July 28, 1975, p. 7; Lauretis de, T. Displacing Hegemonic Discourses: Reflectons on Feminist Theory in the 1980s // Inscriptions 3/4 (1988), 127—41. 37 Часткова падзел адбыўся з прычыны правалу папраўкі аб роўных правах у Канстытуцыю ЗША, кампаніі, якая забяспечыла аб’яднаны фронт сярод розных групаў феміністаў. Гэтая кампанія сама паказала, наколькі глыбокімі былі адрозненні паміж феміністамі і антыфеміністамі; аспрэчвалася кожная заўвага наконт унутранай жаночай салідарнасці. Некаторыя з адрозненняў прыпісвалі «фальшывай свядомасці», але не цалкам. Пра кампанію па папраўцы аб роўных правах гл.: Berry, M.F. Why ERA Failed (Bloomington, 1986); Mansbridge, J. Why We Lost the ERA (Chicago, 1986); Mathews, D.G. and Hart de, J.S. ERA and the Politics of Cultural Conflict: North Carolina (New York, 1989). 38 Гл. Butler, J. Gender Trouble: Feminism and the Subversion of Identity (New York, 1989). 39 Newton, J. History as Usual?: Feminism and the ‘New Historicism’ // Cultural Critique 9 (1988), 93. 40 Проціпастаўленне «тэорыі» і «палітыкі» таксама мае на ўвазе процілегласць ідэалізму і матэрыялізму, якая памылкова ставіць актуальныя на сёння філасофскія праблемы. Пра слабыя месцы проціпастаўлення ідэалізму/матэрыялізму гл.: Scott, J. A Reply to Criticism // International Labor and Working Class History 32 (Fall 1987), 39—45. Проціпастаўленне «тэорыі» і «палітыкі» ўскосна мае дачыненне і да пытання чалавечага фактару, пра які шмат гавораць гісторыкі. Постструктуралісцкая тэорыя не адмаўляе, што людзі дзейнічаюць, ці што яны ў нейкай ступені кантралююць свае дзеянні; яна хутчэй крытыкуе ліберальную тэорыю індывіда, паводле якой індывіды цалкам аўтаномныя, рацыянальныя, самастваральныя суб’екты. Праблема не ў фактары per se, а ў межах ліберальнай тэорыі фактару. 41 Уражвае іронія. Гісторыкі жанчын, якія прынялі паняцці універсальнасці дысцыпліны (дадаўшы універсальную катэгорыю «жанчыны» да ўжо існаваўшай катэгорыі «мужчыны») і майстэрства (прызнаючы, што гісторыкі могуць дасягнуць адстароненага ці поўнага ведання мінулага), тым не менш, характарызуюць сваю пазіцыю як «палітычную» — тэрмін, які сведчыць пра дэструктыўныя адносіны да дысцыпліны. Я думаю, гэта яшчэ адзін прыклад логікі дадатковасці; жаночыя гісторыкі (незалежна ад іх эпістэмалагічнай пазіцыі) і цалкам не належаць прафесіі, і не знаходзяцца па–за ёй. 42 Гл.: Toews, J. Intellectual History After the Linguistic Turn: The Autonomy of Meaning and the Irreducibility of Experience // American Historical Review 92 (October 1987), 879—907. 43 Прыклад такога ігнаравання ролі феміністак у гістарыяграфічных дыскусіях можна знайсці ў матэрыялах спецыяльнага форуму па гісторыі і крытычнай тэорыі ў: American Historical Review 94 (June 1989). Ніводзін з артыкулаў не прызнае ўплыву фемінісцкай гісторыі (ці афрыканскай, ці гісторыі геяў і лесбіянак) на эпістэмалагічныя праблемы, якія паўсталі перад навукай. Гл.: Harlan, D. Intellectual History and the Return of Literature; Hollinger, D. The Return of the Prodigal: The Persistence of Historical Knowing; Megill, A. Recounting the Past: ‘Description’, Explanation, and Narrative in Historiography // American Historical Review 94 (June 1989), адпаведна 581—609, 610—21, 627—53.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Гісторя фемінізма


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.