Перыядызацыя беларускай гісторыі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Перыядызацыя беларускай гісторыі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-16

У пошуках Сярэднявечча Генадзь Сагановiч, 1997 год. "Гiсторык ведае, што ўсялякi падзел часу на перыяды штучны." Дзiтрых Гергард Мiнула шэсць гадоў, як абвалiўся Савецкi Саюз, а ў гуманiстыцы яшчэ так мала змянiлася. Крытыка i перагляд метадалагiчных падыходаў старой гiстарыяграфii ў Беларусi толькi пачынаюцца. У нас дасюль яшчэ не было сур'ёзных навуковых дыскусiй, хоць гiсторыкi-практыкi непазбежна сутыкаюцца з многiмi праблемамi, абумоўленымi непрыдатнасцю ранейшых прынцыпаў для адэкватнага тлумачэння гiстарычнага працэсу. Адным з цэнтральных пытанняў такога характару з'яўляецца перыядызацыя. Беларускiя гiсторыкi яшчэ нiколi не надавалi ёй належнага значэння. Нават сярод навучальнай лiтаратуры спецыяльны параграф, у якiм уводзiцца адпаведны падзел мiнулага на перыяды, маюць толькi "Кароткi нарыс" Усевалада Iгнатоўскага ды унiверсiтэцкi дапаможнiк часоў стагнацыi1. I вось у апошнiя гады становiшча з перыядызацыяй у беларускай гiстарыяграфii быццам стала мяняцца, аднак робiцца гэта настолькi легкадумна, што выклiкае адно здзiўленне. Як вядома, перыядызацыя наогул - гэта падзел гiсторыi на эпохi, перыяды, падперыяды etc., якi ажыццяўляецца на падставе пэўных крытэрыяў. Межы памiж iмi мусяць адлюстроўваць змены якаснага характару. Iх вызначэнне павiнна не толькi залежаць ад аб'екту даследавання, але i ўзгадняцца з метадамi пазнання2, г.зн. у iдэале метады вывучэння адной эпохi адрознiваюцца ад метадаў даследавання другой. Наогул, усялякi падзел гiстарычнага часу адносны i ўмоўны, ён iдэйны, iснуючы толькi ў галаве даследчыка, аднак дзяленне гэтае па-трэбна для лепшага разумення мiнулага. Таму, нягледзячы на сваю ўмоўнасць, перыядызацыя да сёння застаецца "адной з найважнейшых праблемаў гiсторыяпiсання"3. Вызначэнне перыядаў - гэта самая верхняя генералiзацыя, у якой праяўляецца найвышэйшая форма сiнтэзнага падыходу да гiсторыi, таму як мага дакладнейшы падзел гiстарычнага працэсу заўсёды быў важнай задачай класiчнай гiстарыяграфii. "Перыядызацыя становiць нашую формулу гiстарычнага працэсу", - пiша вядомы польскi вучоны Юлiуш Бардах. Прынцып расчлянення сусветнай гiсторыi на тры вялiкiя эпохi Старажытнасць - Сярэднявечча - Новы час сягае сваiм вытокам у часы Адраджэння, калi iтальянскiя гуманiсты ўвялi яго замест сярэднявечнага падзелу ўсёй гiсторыi на эпохi чатырох манархiй - асiра-вавiлонскай, мiда-персiцкай, грэка-македонскай i рымскай. Яны ўпершыню як эпоху асобна вылучылi Сярэднiя вякi, супрацьпаставiўшы iх як папярэдняму перыяду росквiту культуры ў класiчнай старажытнасцi (Грэцыi i Рыму), так i часам яе адраджэння ў ХV-ХVI ст. Паняцце "Сярэднiя вякi" з моманту з'яўлення мела пеяратыўнае значэнне: гуманiсты ўкладалi ў яго ўласнае адмоўнае стаўленне да папярэдняй эпохi - вякоў невуцтва i застою (на iх думку), у адрозненне ад iхных часоў, называных Адраджэннем. Ужо Петрарка ахрысцiў Сярэднявечча "цёмным", "варварскiм". У вуснах ганарлiвых гуманiстаў мiнулая эпоха менавалася па ўжыванай тады скажонай форме лацiны. У адрозненне ад рымлянаў, готы i вандалы пасля заваёвы Рыма гаварылi на "sermone barboro". Часы такой "сапсаванай" мовы Джаванi Амбара назваў "media tempestas"4. У ХVI ст. з'явiлiся азначэннi "media aetas", "medium tempus", "media latinitas" (лацiна пасярэдняя, пераходная). Аднак новае азначэнне не хутка ўвайшло ў агульны ўжытак. Толькi пасля таго, як нямецкi прафесар унiверсiтэту ў Гале Хрыстафорус Келарыус у 1685 г. выдаў падручнiк па унiверсальнай гiсторыi, падзялiўшы мiнулае на Старажытнасць, Сярэднiя Вякi i Новы час (адна з яго кнiг так i называлася - "Historia medii aevi..."), трохчленная схема перыядызацыi стала пашырацца па ўсёй Еўропе. У ХVIII ст. яна зрабiлася агульнапрынятай i датрывала да нашага часу. Але ў выбары канкрэтных датаў для пазначэння межаў эпох гiсторыкi роз-ных краiн нiколi не прыходзiлi да адзiнства. Напрыклад, у французскай гiстарыяграфii пачаткам Сярэднiх вякоў лiчыцца смерць Тэадорыха Вялiкага (395 г.), у немцаў i палякаў - крах заходняй Рымскай iмперыi (476 г.). Часам iх адлiчваюць ад 375 г. - паходу гунаў i пачатку Вялiкага перасялення народаў, прывёўшага да ўтварэння рамана-германскай супольнасцi. За канец Сярэднявечча i нараджэнне Новага часу таксама бяруцца розныя даты. Гэта або 1453 г. - захоп Канстанцiнопаля туркамi i заняпад Вiзантыйскай iмперыi, або 1492 (адкрыццё Амерыкi), або 1517 (выступленне Лютэра) i г.д.5. Да рэвалюцыi класiчнай трыяды ў перыядызацыi трымалiся i ў Расiйскай iмперыi. А ў савецкай гiстарыяграфii, як вядома, за аснову была прынята пяцiступенная схема фармацыйнага падзелу сусветнай гiсторыi, да якой пэўным чынам пры-стасоўвалася i традыцыйная Старажытнасць -Сярэднявечча - Новы час. Абсалютызацыя Марксавага погляду на гiсторыю як на заканамерны рух наперад, вызначаны развiццём эканамiчнага базiсу, знайшла сябе ў тэорыi лiнейна прагрэсiўнага працэсу змены нiжэйшай грамадска-эканамiчнай фармацыi вышэйшай. Апошняя заставалася непарушнай iсцiнай да канца iснавання Савецкага Саюзу. Нават у гады перабудовы вядучы савецкi метадолаг гiсторыi Е.Жукаў пiсаў, што ўсялякiя не заснаваныя на фармацыйным падыходзе распрацоўкi перыядызацыi "будуць непазбежна насiць суб'ектыўны характар"6. Сярэднявечча ў марксiсцкай парадыгме разглядалася як эпоха зараджэння, развiцця i заняпаду феадалiзму, г.зн. яно практычна атаясамлялася з трэцяй грамадска-эканамiчнай фармацыяй. За яе пачатак прымаўся крах Рымскай iмперыi, за канец - у адрозненне ад заходняй традыцыi - сярэдзiна ХVII ст., а канкрэтна - ангельская рэвалюцыя, якая, паводле К.Маркса, мела агульнаеўрапейскае значэнне i паклала пачатак пераходу ад феадалiзму да капiталiзму. Зместам Новай гiсторыi лiчылася, адпаведна, зараджэнне, развiццё i заняпад капiталiзму. У дачыненнi да гiсторыi народаў СССР савецкая гiстарыяграфiя выкарыстоўвала, як правiла, толькi фармацыйную перыядызацыю. Але тое, што яна трактавала Сярэднiя вякi як сусветна-гiстарычную эпоху iснавання феадальнай фармацыi, мела немалаважнае тэарэтычнае наступства: дзякуючы гэтаму паняцце Сярэднявечча, з'яўленне i распрацоўка якога былi звязаныя толькi з Еўропай (у класiчнай гiстарыяграфii гiсторыяй Сярэднiх вякоў з'яўлялася гiсторыя народаў i дзяржаў адной Еўропы), стала разумецца унiверсальна i ўжывацца ў дачыненнi да мiнулага ўсiх краiн, у якiх iснаваў феадалiзм. Пытанне аб правамернасцi такога пашыранага разумення Сярэднiх вякоў дасюль застаецца адкрытым. Дзеля яго абгрунтавання прыводзiлiся аргументы ўскоснага, фармальнага характару - вялося пра канцэптуальнае падабенства змены гiстарычных эпох7, а не пра тоеснасць сутнасных працэсаў. Невыпадкова заходнiя вучоныя размяжоўваюць сферу медыявiстыкi, з аднаго боку, i вiзантыстыкi ды ўсходнееўрапейскай гiсторыi, з другога. Сапраўды, пра Сярэднявечча Ўсходняй Еўропы можна гаварыць толькi ў пераносным сэнсе слова, бо яна страцiла непасрэдную пераемнасць антычных традыцый. I лепшыя расiйскiя медыявiсты ў сучасных навучальных выданнях агаворваюць, што ў сцiслым сэнсе слова паняцце Сярэднiя вякi прымяняльна толькi да тых абшараў, якiя ведалi Адраджэнне, г.зн. адно да ўласна Еўропы8. Праўда, пераважае ўсё ж адваротнае iмкненне зацерцi гэтую рознiцу i фармальна ўпiсаць Расiю ў агульнаеўрапейскую гiсторыю. Беларуская гiстарыяграфiя ў свой час пераняла фармацыйную перыядызацыю як адзiную для ўсёй савецкай гуманiстыкi. У нешматлiкiх сiнтэтычных выданнях па гiсторыi Беларусi мiнулае падзялялася на дакладна такiя ж перыяды i з такiмi ж храналагiчнымi рамкамi, як i ў Расii, на Украiне цi ў Прыбалтыцы: Першабытнае грамадства - да VIII ст. н.э. Феадальнае грамадства - IХ ст. - 1861 г. Капiталiзм - 1861-1917 г. Сацыялiзм - з 1917 г.9 Недахопы фармацыйнага падыходу заслугоўваюць асобнай размовы. Звярну ўвагу толькi на тое, што ён пастуляваў жорсткi эканамiчны дэтэрмiнiзм, зводзiў усю шматмернасць i полiфактарнасць гiстарычнага працэсу да аднастайнасцi i монакаўзальнасцi. Ужо сама па сабе храналагiчная унiфiкацыя гiстарычных працэсаў такiх розных рэгiёнаў, як былыя рэспублiкi СССР, ня можа не выклiкаць сумненняў у прыдатнасцi фармацыйнай тэорыi для адэкватнага тлумачэння мiнулага. Нераўнамернасць, асiнхроннасць, спецыфiчныя асаблiвасцi развiцця асобных краiн i народаў - усё гэта патрабуе сваёй, "унутранай" перыядызацыi. Не дзiўна, што непрыступная раней тэорыя грамадска-эканамiчных фармацыяў, контарканцэпцыямi якой на Захадзе сталi гiсторыя штодзённасцi, мiкрагiсторыя, гiстарычная антрапалогiя10, нарэшце i ў нас дачакалася справядлiвай крытыкi. У расiйскай гiстарычнай навуцы дыскусii па праблемах перыядызацыi пачалiся яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Што да верхняй мяжы Сярэднявечча i пачатку Новага часу, дык пры ўсёй рознасцi пазiцый найбольш пераканаўча выглядае прапанова датаваць iх ангельскай рэвалюцыяй, г.зн. 1640-1649 г.11. Апошнiм часам, праўда, выказвалiся думкi, што Новы час у Расii наставаў значна пазней. Прыкладам, у спецыяльным даследаваннi па гiстарычнай свядомасцi расiйскага грамадства нядаўна сцвярджалася, што ў гэтай сферы пераход ад Сярэднявечча да Новага часу адбываўся толькi ў ХVIII ст., калi "на змену сярэднявечным уяўленням i каштоўнасцям прыйшлi светапоглядныя ўяўленнi i каштоўнасцi Новага часу"12. Але бальшыня расiйскiх гiсторыкаў настроена пасоўваць храналагiчныя межы ў iншы бок. На форуме членаў "Усерасiйскай Асацыяцыi медыявiстаў i гiсторыкаў ранняга Новага часу" адбылася дыскусiя, i "большасць выказалася" за тое, каб згаданую мяжу правесцi памiж ХV i ХVI ст.13. Праўда, пра тое, з чаго сыходзiла тая "большасць", як аргументавала сваю пазiцыю, у навуковай перыёдыцы нiчога не паведамлялася. Дыскусiя працягваецца, i прыхiльнiкi адлiку Новай гiсторыi Расii з ХVI цi нават канца ХV ст. выступаюць пакуль толькi з аргументамi накшталт iмкнення да "сусветных стандартаў", каб было "як ва ўсiм свеце"14. Выглядае, што адзiна з добрага iмкнення зрабiць "як ва ўсiм свеце" падобныя храналагiчныя рамкi сталi сцвярджацца i ў навучальнай лiтаратуры па гiсторыi Беларусi. Некалькi гадоў назад калектывам гiсторыкаў, што працаваў над новай канцэпцыяй школьнай адукацыi, была прапанавана новая перыядызацыя, асноўныя прынцыпы якой увайшлi ў праграму i падручнiкi па гiсторыi для базавых агульнаадукацыйных школаў. У ёй перагляд традыцыйнай савецкай перыядызацыi заснаваны на спалучэннi фармацыйнага падыходу з цывiлiзацыйным, тлумачаць аўтары, хоць, як выглядае, застаюцца прыхiльнiкамi прагрэсiсцкай iдэi паступальнага развiцця грамадства15, што само па сабе наўрад цi паслядоўна. Су-светная гiсторыя разглядаецца не па фармацыях, як раней, а па ўжо згадванай трохчленнай схеме, уведзенай гуманiстамi, прычым i храналагiчныя рамкi бяруцца заходнееўрапейскiя: Сярэднявечча ўкладваецца памiж V i ХV стагоддзямi ўключна, а Новы час пачынаецца, адпаведна, у ХVI ст. Самае смелае i, я б сказаў, нечаканае - стасаванне гэтай схемы да гiсторыi Беларусi (як, зрэшты, i iншых краiн Усходняй Еўропы). Чым аргументаваны такi радыкальны перагляд храналагiчных рамак? Абгрунтавання мэтазгоднасцi пераносу пачатку Сярэднявечча на V-VI ст. у "Праграме" наогул няма, што ж да яго верхняй мяжы i пачатку Новага часу, дык аўтары тлумачаць: "Эпоха Вялiкiх геаграфiчных адкрыццяў i звязаная з ёю каланiяльная экспансiя еўрапейскiх краiн паклала пачатак станаўленню ўзаемазалежнасцi i адзiнства розных рэгiёнаў свету. На змену ранейшай замкнутасцi i iзаляцыi прыходзiць усебаковая сувязь нацый. Скарбы духоўнай i матэрыяльнай культуры асобных народаў уключаюцца ў агульны працэс развiцця чалавечага грамадства"16. Што ж, тэндэнцыi пазначаны слушна, але так было ў Заходняй i ў нейкай ступенi ў Цэнтральнай Еўропе. Дапускаць, што гэта датычыць i Беларусi, можна толькi пры ўмове, што тут i грамадства, i гаспадарка развiвалiся так, як там. Але што агульнага мела Беларусь з Заходняй Еўропай, напрыклад, у V-VI ст.? Усходнееўрапейскi рэгiён з'яўляўся перыферыяй, што прымала iмпульсы з эпiцэнтру з вялiкiм спазненнем. У азначаныя стагоддзi, як ведаем, на тэрыторыi сучаснай Беларусi насельнiцтва лучылi толькi рода-племянныя сувязi. Яшчэ нi дзяржавы, нi горада, нi пiсьменнасцi - суцэльная архаiчная (першабытная) супольнасць! Можна толькi гадаць, якой была арганiзацыя прасторы i грамадства, але тут яна пэўна ж рознiлася ад абшараў былой Рымскай iмперыi. Да Х ст. славяне толькi далучалiся да еўрапейскай супольнасцi - праз прыняцце хрысцiянства. Абшары, што не ведалi дзяржаўнасцi i хрысцiянства, заставалiся варварскiм светам, - хiба яны мелi Сярэднiя вякi як уласна еўрапейскую гiсторыю? Тое ж можна сказаць пра верхнюю мяжу Сярэднявечча. Ну якiя якасныя перамены выклiкалi ў Беларусi ХVI ст. геаграфiчныя адкрыццi або каланiяльная экспансiя Захаду? У якую "ўсебаковую сувязь" магла ўключыцца тагачасная Беларусь, калi яна прадстаў-ляла чыста традыцыйнае грамадства? Як вядома, да эпохi су-светнай капiталiстычнай гаспадаркi агульных сувязяў як такiх проста не iснавала. Эклектычнае спалучэнне падыходаў i некрытычны перанос заходнееўрапейскай перыядызацыi на мiнулае Беларусi (якi, дарэчы, свядома падкрэслiваецца)17, абумовiлi шэраг алагiзмаў i непаслядоўнасцяў у новых беларускiх падручнiках па гiсторыi (што само па сабе не здзiўляе, бо падручнiкi мусяць узгадняцца з праграмай). Прыкладам, у навучальным дапаможнiку "Гiсторыя Беларусi" для 5-6 класаў, каб прыстасаваць новы храналагiчны падзел мiнулага, аўтары свядома скарацiлi жалезны век: тут ён сканчаецца V ст. (хоць традыцыйна -VII-VIII ст.), бо з VI трэба ж адлiчваць Сярэднявечча!18 У найноўшым падручнiку для 6 класа "Гiсторыя Беларусi ў сярэднiя вякi" таксама дакладна скапiявана заходнееўрапейская перыядызацыя: ранняе Сярэднявечча датуецца VI-IХ ст., высокае - Х-ХIII ст., i позняе -ХIV-ХV ст., але пра сутнасць эпохi наогул не гаворыцца19. Хоць ужо ХVI ст. ў новай перыядызацыi абвешчана пачаткам Новага часу ў Беларусi, да сярэдзiны ХIХ ст. тут доўжыцца "крызiс феадальна-прыгоннiцкай сiстэмы"20. У параграфах, прысвечаных канцу ХVIII-ХIХ ст., новыя дапаможнiкi тлумачаць вучням "асаблiвасцi развiцця феадальных адносiн у Беларусi"21. Падобнай блытанiны поўна. I гэта не толькi ў навучальнай лiтаратуры для школьнiкаў. Новая перыядызацыя стала ўводзiцца i ў акадэмiчныя сiнтэзы. Так, у "Нарысах па гiсторыi Беларусi" Сярэднявечча пачынаецца ў VI ст., але "афармленне феадальнай сiстэмы" датуецца толькi ХIII - першай паловай ХVII ст.22. Што магло быць зместам сярэднявечнай эпохi да ХIII ст. - загадка. З iншага боку, як гэта феадальная сiстэма можа толькi афармляцца ў эпоху Новага часу (паводле новай перыядызацыi!), калi той вызначаўся антысярэднявечнасцю, адмаўляў традыцыйна сярэднявечныя формы гаспадарання? А можа маюць рацыю расiйскiя гiсторыкi I.Фраянаў i А.Дварнiчэнка, якiя адносяць усталяванне феадалiзму на Русi да ХIV-ХV ст.? Калi б iнiцыятары пераносу заходняй перыядызацыi на мiнулае Беларусi вызначалi для сябе сутнасць i змест кожнай эпохi, у iх паменела б аптымiзму. З канца ХIХ ст. ў Еўропе прынята лiчыць, што асноўная прыкмета Сярэднявечча - гэта наяўнасць феадалiзму як спецыфiчнага тыпу грамадскага ладу, самай характэрнай рысай якога з'яўляецца васалiтэт. Як вядома, на Русi нават у Х ст. аформiлiся толькi элементы феадалiзму - дзякуючы паўсталай дзяржаве i хрысцiянiзацыi. Але класiчнай для Еўропы формы ён так i не дасягнуў. Ерархiя васальнай залежнасцi i сiстэма iмунiтэтаў тут засталася недаразвiтай. Тыповыя элементы еўрапейскага Сярэднявечча, такiя як iнстытут рыцарства, мунiцыпальная арганiзацыя гарадоў i гiльдыi, унiверсiтэты i прафесiйная навука, у нейкай ступенi дасягнулi яшчэ Вялiкага Княства Лiтоўскага, абшараў Беларусi, але далей на ўсходзе iх не ведалi. У Маскоўскiм царстве развiў-ся адно ваенны варыянт феадалiзму. Абсалютная ўлада цара ператварыла старыя княскiя роды ў звычайнае служылае дваранства i не пакiнула нiякага права падданым. Гэтаксама са зместам Новага часу. Лiчыцца, што яго выяўляе пераход ад натуральнай да грашовай гаспадаркi, ад аграрна-станавага грамадства да iндустрыяльнай грамадзянскай супольнасцi, ад сярэднявечнай формы дзяржавы (патрыманiяльнай манархii) да сучаснай, сацыяльнай23. Новая гiсторыя, пераход да iндустрыяльнага, сучаснага грамадства звязаныя перадусiм з зараджэннем i развiццём капiталiзму, якi немагчымы без рынку. Марна шукаць гэта ў Беларусi ХVI-ХVII ст. Наадварот, тут сутыкаемся яшчэ з тыпова феадальнымi асаблiвасцямi грамадскага ладу: панаваннем натуральнай гаспадаркi, канцэнтрацыяй абсалютнай большасцi насельнiцтва ў вёсках, панаваннем буйных землеўладальнiкаў, асабiстай залежнасцю сялян-земляробаў i г.д. Такiм чынам, класiчную еўрапейскую мадэль перыядызацыi прыстасоўваць да гiсторыi Беларусi, мякка кажучы, праблематычна. Нават для Заходняй Еўропы такiя храналагiчныя межы даўно аспрэчваюцца. У прыватнасцi, адносна пачатку Новага часу нi заходняя, нi марксiсцкая гiстарыяграфiя не былi i ня ёсць адзiнымi. Многiя вучоныя-марксiсты лiчылi, што больш дакладна датаваць яго не ангельскай, а французскай рэвалюцыяй ХVIII ст.24. Што да заходнееўрапейскай гiстарыяграфii, дык дастаткова зазiрнуць у сучасныя нямецкiя выданнi дыдактычнага характару, каб пераканацца, што i там Сярэднявечча не сканчаецца ХV, а пашыраецца i на ХVI ст.25. У Заходняй Еўропе, на якую так безаглядна зарыентавана новая беларуская перыядызацыя, прынамсi прызнаецца, што памiж Сярэднявеччам i Новым часам iснавала шырокая пераходная эпоха, ахапляўшая прыкладна 1450-1550 г.26. Наогул, у заходнееўрапейскай навуцы ўжо сфармавалася iншае ўяўленне пра храналагiчныя межы Сярэднявечча. Многiя медыявiсты даўно цвердзяць, што яно працягвалася значна даўжэй, чым гэта калiсьцi вызначылi гуманiсты. Най-больш выразным прадстаўнiком тых, хто настойвае на такiм разуменнi сярэднявечнай эпохi, з'яўляецца Жак Ле Гоф - адзiн з самых вядомых цяпер французскiх вучоных, якi разумее "сярэднявечную цывiлiзацыю" шырока, паводле канцэпцыi татальнай гiсторыi, у духу часопiса "Аналы". Жак Ле Гоф упэў-нены, што Сярэднiя вякi не сканчаюцца Рэнесансам або Асветнiцтвам, а трываюць даўжэй27. Iдэя "працяглага Сярэднявечча" з'явiлася ў Ле Гофа пад уплывам тэорыi Фернана Брадэля пра "час вялiкай працягласцi" (у расiйскай гiстарыяграфii такi падыход падзяляе група вядомых медыявiстаў, якiх узначальвае вучоны з сусветным iмем А.Я.Гурэвiч). Яна абгрунтоўваецца наступным чынам. Да апошняга часу схема разумення мiнулага Еўропы задавалася тымi, хто даследаваў горад, гандаль, нараджэнне буржуазii. Яны факусавалi ўвагу на выдзяленнi парасткаў новага грамадства, на праявах вышэйшай культуры, на дынамiзме. Цяпер жа больш iстотна тое, што ўносяць аграрнiкi, якiя канцэнтруюцца на Сярэднявеччы безадносна да наступнай эпохi. Яны вывучаюць нiзавыя формы культуры, што вызначалiся асаблiвай стабiльнасцю i кансерватызмам. У традыцыйным грамадстве вёска дамiнавала над горадам. Вышэйшыя дасягненнi, у якiх i праяўляўся дынамiзм, належалi толькi вузкай iнтэлектуальнай элiце. Асноўныя ж мадэлi свядомасцi i паводзiн сфармавалiся ў аграрным грамадстве. I нi Рэнесанс, нi Рэфармацыя, нi нават Асветнiцтва не маглi парваць з ментальнасцю тыпова сярэднявечнага чалавека - селянiна i бюргера28, бо яны краналi толькi элiтарную культуру. Паводле сцвярджэння Жака Ле Гофа, для кожнага гiсторыка, якi ўсведамляе, што цэнтр цяжару сацыяльна-эканамiчнага жыцця Еўропы ляжаў на вёсцы, эпоха Сярэднiх вякоў мусiць доўжыцца да ХIХ ст.29. Гэтакi падыход усё больш характэрызуе не толькi французскую медыявiстыку. У Нямеччыне яшчэ на пачатку ХХ ст. Эрнэст Трольч сцвярджаў, што "сапраўдны Новы час нарадзiў-ся з разрыву з абсалютызмам i контррэфармацыяй... Цывiльнае грамадства, аўтаномiя i здольнасць да арганiзацыi прафесiйнай навукi - вось яго прыкметы"30. Да ХV ст. ён адносiў Новы час толькi ў вузкiм сэнсе слова, сапраўдную ж Новую гiсторыю пачынаў з ангельскай рэвалюцыi i Асветнiцтва. Вядомы нямецкi сацыёлаг Ота Брунэр таксама цвердзiў, што тыпова сярэднявечныя з'явы дажываюць да ХVIII-ХIХ ст.31. Толькi пасля французскай рэвалюцыi дайшло да так званай "фундаментальнай дэмакратызацыi" грамадства, якое з аграрна-станавага пачало ператварацца ў iндустрыяльна-бюракратычнае. Урэшце сучасны аўтарытэтны нямецкi вучоны Томас Нiпэрдэй таксама ўпэўнены, што ў гаспадарцы, у грамадскiм жыццi i тым больш у менталiтэце Сярэднявечча вызначала аблiчча Еўропы прынамсi да канца ХVIII ст.32. Часавая доўгатрываласць з'яў i працэсаў у гуманiстыцы даўно пазначаецца запазычаным з дакладных навукаў тэрмiнам кантынуiтэт (Kontinuitat), якi дазваляе побач з пераменамi насуперак дыскрэтнасцi фiксаваць i пастуляваць iх iдэнтычнасць i далейшае iснаванне33. Канстанты выяўляюцца галоўным чынам у менталiтэце, карцiне свету, формах жыцця. У святле тэорыi кантынуiтэту пачатак Сярэднiх вякоў можна адносiць на некалькi стагоддзяў раней34. i тут важна падкрэслiць, што кантынуiтэт Сярэднявечча ў Новым часе значна больш выразны, чым трыванне Старажытнасцi ў змянiўшых яе Сярэднiх вяках. У гэтай сувязi пра перыяд з ХII па ХVIII ст. правамерна гаварыць як пра адну эпоху, эпоху стараеўрапейскай цывiлiзацыi35. Маючы на ўвазе важныя маштабныя перамены, якiя краналi ўсё грамадства, цэлую Еўропу, спецыялiсты даўно салiдарна выдзяляюць адзiны суцэльны перыяд памiж Х-ХI i ХVIII ст., калi Еўропа iснавала як Respublica Christiana, гiстарычная супольнасць, аб'яднаная iдэяй унiверсалiзму, iдэнтыфiкаваная з хрысцiянствам36. Сапраўды, ступень уздзеяння на грамадства Рэнесансу i Рэфармацыi, якiя раней лiчылiся самай важнай якаснай прыкметай пераходу ад Сярэднявечча да пачатку Новай гiсторыi, нiяк не параўнаць з структурнымi зменамi канца ХVIII ст., якiя лiтаральна пахавалi феадальнае грамадства. З iншага боку, як ужо не раз даводзiлася, ўсе найважнейшыя рысы Рэнесансу можна знайсцi i ў Сярэднявеччы37. Так што ў новай гiстарычнай навуцы i сама класiчная мадэль перыядызацыi даўно не манапольная, i яе храналагiчныя рамкi пераглядаюцца. А трымаюцца яе, вiдаць, у асноўным па традыцыi. У свой час i малады Леапольд фон Ранке, падзялiўшы мiнулае на старажытную, сярэднявечную i новую гiсторыю, заўважыў, што "гэтакi метад ня мае нiякiх унутраных асноў i не дае нiякiх перавагаў", аднак у сваёй практыцы так i не адмовiўся ад яго38. Выдзяленне вышэйшых i нiжэйшых формаў культуры, або, паводле аналiстаў, культуры "фальклёрнай", асаблiва актуальнае для мiнулага Беларусi, дзе гэты падзел дасягнуў асаблiвай выразнасцi. Перыферыйнасць краiны ў еўрапейскай культурна-цывiлiзацыйнай сiстэме ў цэлым, нiзкая ступень урбанiзацыi, панаванне аграрнай гаспадаркi (нават гарады ХVI-ХVII ст. не пазбылiся аграрнага характару), выклiканы бясконцымi войнамi дэмаграфiчны рэгрэс, а таксама шэраг iншых рэгiянальных спецыфiчнасцяў, - усё гэта абумовiла асаблiвую доўгатрываласць традыцыйных структураў i ментальных стэрэатыпаў на абшарах Беларусi. Не дзiўна, што тут можам знайсцi безлiч тыпова сярэднявечных з'яў ня толькi ў ХVII, але i ў ХIХ ст. Тая ж народная магiя, вера ў чары. Нават мясцовая элiта яшчэ i ў ХVIII ст. у цэнтры Беларусi бавiлася спальваннем чараўнiц, хоць, паводле Макса Вэбэра, адным з першых вынiкаў росту рацыянальнасцi як праявы Новага часу ўжо мусiла б стаць "расчароўванне", "зняцце чараў" (Entzauberung). Псiхалагiчныя ўстаноўкi i рэлiгiйнасць народа нiяк не мянялiся. Урэшце i метады даследавання падзей i з'яў ХVI-ХVIII ст. у нас ня маюць прынцыповых адрозненняў ад вывучэння папярэдняга стагоддзя (а метад Новага часу мусiць быць "наскрозь гiстарычны", заснаваны на выкарыстаннi масавых пiсьмовых крынiцаў). У святле ўсяго азначанага перанос храналагiчных рамак старой заходнееўрапейскай перыядызацыi на гiсторыю Беларусi нiчым не апраўданы. Памятайма прынцыповую заўвагу А.Гурэвiча, што паняцце "Сярэднiя вякi" не столькi храналагiчнае, колькi змястоўнае. У беларускiх жа падручнiках атрымалася як у тым iранiчным пасажы Бенедыкта Крочэ: занавес закрыў прадстаўленне сярэднявечнай гiсторыi ў канцы ХV ст., каб затым адразу ўзняцца дзеля пачатку дзеяў Новага часу. Прыхiльнiкi новай перыядызацыi выглядаюць тут "papster als der Papst", бо ў Еўропе, а цяпер i ў Расii, у навучальных выданнях па Сярэднiх вяках асвятляюцца звычайна i ХVI, i першая палова ХVII ст.39. Там гiсторыкi добра ўсведамляюць, што як для пачатку Сярэднявечча, так i для яго завяршэння немагчыма вызначыць нейкую дату, паваротны пункт, што такi падыход вядзе да дагматычнага тлумачэння гiсторыi. I самыя Сярэднiя вякi цяжка трактаваць як адну цэласную эпоху, настолькi вялiкая рознiца памiж iх першымi i апошнiмi стагоддзямi. Невыпадкова гiсторыкi адкрылi ў Сярэднявеччы серыю "рэнесансаў", хоць тэрмiны "Рэнесанс" i "Сярэднiя вякi" традыцыйна супрацьпастаўлялiся. Знайсцi даты, якiя б аддзялялi Сярэднявечча ад Старажытнасцi цi ад Новага часу, проста немагчыма. Рэальна можна выявiць не паваротныя пункты, а шырокiя пераходныя перыяды, - даўно пранiклiва заўважыў О.Галецкi40. Такiм чынам, няма нiякiх падстаў пачынаць Сярэднявечча яшчэ ў дапiсьмовай, дадзяржаўнай гiсторыi. Гэтаксама няма як i сканчаць яго ХV ст., калi ў плане палiтычна-юрыдычным Вялiкае Княства Лiтоўскае яшчэ бадай нават не стала тыпова феадальнай дзяржавай, не мела развiтай сiстэмы васалiтэту. Калi агульнай рысай пераходу ад сярэднявечнай да рэнесансавай дзяржавы лiчыць з'яўленне бюракратыi як дзяржаўнага апарату новага тыпу, заняпад палiтычнай вагi феадальнай арыстакратыi41, дык у ВКЛ ХVI ст. i гэтага не знойдзем. Што да сферы эканомiкi, дык тут цалкам пануе феадальная гаспадарка з яе палiтычнай надбудовай. Станавасць i карпаратыўнасць, канфесiяналiзм i iрацыяналiзм, рэгiянальная замкнутасць i партыкулярызм - усё тое, што было зместам Сярэднявечча як эпохi, у Беларусi ад ХVI да ХVII ст. толькi нарастае. У прынцыпе тут i ў ХVIII ст. грамадства заставалася ва ўладзе традыцыi, той самай "старыны", да якой так настойлiва апелявала i якiм жыло беларускае мяшчанства далёкага ХVI ст. Гэта значыць, практычна ўсiм членам грамадста ў той цi iншай ступенi была ўласцiва так званая "народная культура" Сярэднявечча - комплекс уяўленняў пра свет, разумовых установак i стэрэатыпаў паводзiн, прасякнутых народнай рэлiгiйнасцю i архаiзмам. Сярэднявечча нас дасюль не пакiнула. Яно не толькi ў формах арганiзацыi жыцця, гандлю, рынку, у рамёствах; да яго сягаюць не толькi асноўныя маральныя нормы сучаснага чалавека, прававыя сiстэмы i iнстытуты; Сярэднiя вякi - у нашай падсвядомасцi, у нашай мове i жыццёвых звычках42. Больш за тое, на нашых вачах на постсавецкай прасторы сцвердзiлася "новае Сярэднявечча" (Мiкалай Бердзяеў), i цi не найвыразней - у Беларусi. Таталiтарнае грамадства як савецкага, так i постсавецкага рэжыму пераймае горшыя асаблiвасцi калектывiсцкага мыслення сярэднявечнага чалавека - аўтарытарнасць i дагматызм, ерархiзм i кансерватызм, любоў да "закону i парадку" i г.д. 43. Сярэднявечная культура была глыбока аўтарытарнай, заснаванай на рэлiгiйнай дактрыне. Людзi той эпохi прыпiсвалi надзвычайную ролю аўтарытэту, лiчылi яго гарантам ладу i дабрабыту. Усё новае супрацьпастаўлялася яму, бо парушала стары лад, будзiла iх недавер i страх44. Цi не пазнаецца ў гэтым апiсаннi сучаснае беларускае грамадства? У супольнасцi з аўтарытарным мысленнем людзi перакладваюць функцыi ўласнага мыслення на аўтарытэт45. Лiдэр надзяляецца абсалютнай уладай i ўсё грамадства арганiзуецца па прынцыпах заснаванай на калектывiзме традыцыйнай палiтычнай культуры, характэрнай даiндустрыяльным супольнасцям. Такое грамадства адвяргае iнстытуты заходняй дэмакратыi як чужародныя, варожыя прынцыпам яго калектывiзму. Вобразна гаворачы пра светаўспрыманне сярэднявечных людзей, Жак Ле Гоф адзначае, што iх "залаты век" ляжаў у даўно аджытым. "Iх будучыня была даўно мiнуўшым. I яны прасоўвалiся наперад, гледзячы назад"46. Вяртаючыся да перыядызацыi, згадайма пра яе прызначэнне. Як зазначаў цытаваны ўжо Д.Гергард, калi яна нам па-трэбная, то хiба дзякуючы таму, што выдзеленыя перыяды i эпохi вызначаюцца нейкiм сэнсам47. Беларуская гiсторыя мае пэўныя ўласныя (у кожным разе не заходнееўрапейскiя) межы перажываных ёю эпохаў, у тым лiку трыяды Старажытнасць - Сярэднявечча - Новы час. Яшчэ О.Шпэнглер i М.Данiлеўскi сцвярджалi, што няма агульначалавечай гiсторыi, што кожны культурна-гiстарычны тып - унiкальны i саматоесны. Гiсторыя кожнага народу мае свой сэнс, сваю дынамiку i маштабы часу. Нераўнамернасць i спецыфiка развiцця народаў i рэгiёнаў акурат i вымагае выпрацоўкi перыядызацыi як формулы iх гiстарычнага шляху. I задачай тут ёсць як мага больш тонкае вызначэнне яго храналагiчных каардынатаў. Iнакш увядзенне усялякiх падзелаў мiнулага на эпохi i перыяды будзе не спрыяць, а толькi замiнаць яго разуменню. ДАДАТАК: 1 Гл.: Iгнатоўскi Ул. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 1992.С.28-30; История БССР. Часть 1. Ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.5-6. 2 Пра гэта пiша М.Гандэльсман. Гл. у: Serejski M. Historycy o historii. T.2. Warszawa, 1966. S.69-70. 3 Ritter H. Dictionary of concepts in history. New York, 1986.P.313. 4 Schalk F. Uber Epoche und Historie // Diller H., Schalk F. Studien zur Periodisierung und zum Epochenbegriff. Mainz; Wiesbaden, 1972. 157. 5 Pitz E. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Bd.6. Munchen, Zurich, 1993.S.686. 6 Жуков Е.М. Очерки методологии истории. Москва, 1987. С.168. 7 Конрад Н.И. Запад и Восток. Статьи. М., 1966. С.92-95. 8 Гуревич А.Я., Харитонович Д.Э. История средних веков. Учебник. Москва, 1995.С.12. 9 Гл. напрыклад: История БССР. Ч.1. Ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981.С.5. 10 Borgolte M.Mittelforschung und Postmoderne // Zeitschrift fur Geschichtswissenschaft. 1995. 7, S.622. 11 Козенко Б., Садовая Г. О периодизации новой и новейшей истории в свете современных трактовок // Новая и новейшая история, 1993, 4, С.96. 12 Каменский А.Б. Историческое сознание русского общества середины - второй половины ХVIII в. // Спорные вопросы отечественной истории ХI-ХVIII в. Тезисы докл. и сооб. Первых чтений, посвященных памяти А.А.Зимина. Часть 1:. Москва, 1990. С.93. 13 Пра гэта гл. у: Вопросы истории, 1992, 2, С.159. 14 КозенкоБ.Д., Садовая Т.М. К дискуссии о периодизации истории стран Европы и Америки//Новая и новейшая история. 1996.1. С.89. 15 Праграма па гiсторыi для базавых агульнаадукацыйных школ. Мiнск, 1995. С.5, 16 Тамсама. С.8. 17 "Наступная эпоха ў гiсторыi насельнiцтва Беларусi, як i ў Заходняй Еўропе, называецца раннiм Сярэднявеччам, якое пачынаецца з V-VI ст.", - чытаем у дапаможнiку для 10 кл. (Штыхаў Г.В. Гiсторыя Беларусi ад старажытных часоў да канца ХIII ст. Кн.1. Мiнск., 1994. С.4-5). 18 Штыхаў Г.В., Пляшэвiч У.К. Гiсторыя Беларусi. Старажытныя часы i Сярэднявечча. Мiнск, 1993.С.81,247. 19 Штыхаў Г.В., Ракуць В.У. Гiсторыя Беларусi ў сярэднiя вякi. Падручнiк для 6 класа. Пад рэд. П.Ц.Петрыкава. Мiнск, 1996. С.7-8. 20 Бiч М.В. Гiсторыя Беларусi. Канец ХVIII ст. - 1917 г. Вучэбны дапаможнiк для вучняў 8 кл. Мiнск, 1993. 21 Гiсторыя Беларусi. Канец ХVIII-1996 г. Вучэбны дапаможнiк для вучняў 11 класа. Кн.1. Пад рэд. Я.К.Новiка i В.А.Цяпловай. Мiнск, 1996. С.12 i далей. 22 Нарысы гiсторыi Беларусi. У 2-х частках. Ч.1. Мiнск, 1994. С.525-526. 23 Гл.: Bauer L., Matis H. Geburt der Neuzeit. Vom Feudalsystem zur Marktgesellschaft. Munchen, 1989. 24 Жуков Е.М. О периодизации всемирной истории // Вопросы истории, 1960, 8, С.30. 25 Bussem E., Neher M. Arbeitsbuch Geschichte: Mittelalter. Repetitorium. Tubingen, Basel, 1995. 26 Schulze W. Einfuhrung in die Neuere Geschichte. Stuttgart, 1987.S.14. 27 Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. Москва, 1992. С.5-6. 28 Гуревич А.Я. Средневековый мир: культура безмолвствующего большинства. Москва, 1990. С.11. 29 Le Goff J. Pour un autre Moyen Age. Temps, travail et culture en Occident. Paris, 1977. P.339. 30 Трёльч Э. Историзм и его проблемы. Логическая проблема философии истории. М., 1994. С.648. 31 Brunner O. Sozialgeschichte Europas im Mittelalter. Gottingen, 1984. S.86. 32 Нiпэрдэй Т. Актуальнасць Сярэднявечча. Аб гiстарычных асновах сучаснага // Беларускi Гiстарычны Агляд, Т.2 (1995), Сш.2. С.268. 33 Pitz E. Kontinuitat // Leksikon des Mittelalters. Bd.V. 1991. S.1418. 34 Sauer H. Mittelalter. S.686. 35 Dinzelbacher P. Sachworterbuch der Mediavistik. Stuttgart, 1992.S.546. 36 Halecki O. Historia Europy - jej granice i podzialy. Lublin, 1994. S.171; Gerhard D. Periodization in European History // The American Historical Review. V.LXI.Nr.4 (1956).P.903-911. 37 Бэрк П. Рэнесанс. Мiнск, 1997.С.70. 38 Koselleck R. Vergangene Zukunft. Zur Semantik geschichtlicher Zeiten. Frankfurt am Main, 1995.S.306. 39 Гл., напрыклад: Средневековая Европа глазами современников и историков. Книга для чтения в пяти частях. Москва, 1994. 40 Halecki O. Historia Europy. S.171. 41 Люблинская А.Д. Государство эпохи Возрождения в Западной Европе // Типология и периодизация культуры Возрождения. Москва, 1978. С.8 i iнш. 42 Seibt F. Ist Mediaevistik aktuell? // Probleme der Geschichtswissenschaft. Dusseldorf, 1973.S.60. 43 Гл.: Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997. 44 Senko W. Jak rozumiec filozofje sredniowiecza. Warszawa, 1993. S.21. 45 Ивин А.А. Введение в философию истории. С.116. 46 Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. С.183. 47 Gerhard D. Gerhard D. Periodization in European History. P.913.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Перыядызацыя беларускай гісторыі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.