Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства 1939-1944/47

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства 1939-1944/47. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-16

Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства 1939-1944/47 Бернгард К'яры Калi ў 1944 г. у вызваленай Беларусi савецкiя войскi пераможна рухалiся на захад, адзiн малады афiцэр быў шакаваны сцэнаю, якую ён убачыў у маленькiм сяле i апiсаў у выглядзе этналагiчнай справаздачы аб экспедыцыi1. З шалашоў, прымiтыўных сховiшчаў i паўразбураных хацiнаў яму насустрач выходзiла рэшта людзей, недаверлiвым i няўпэўненым паводзiнам якiх адпавядаў iх знешнi выгляд. Большасць з iх насiла самаробную вопратку з такiх матэрыялаў, як натуральнае валакно, кара дрэў, драўнiна i г. д. Складвалася ўражанне, што яны страцiлi сувязь з цывiлiзацыяй. У гэтым выявiлася культурная катастрофа, якая шматразова i жорстка спасцiгала грамадства БССР у перыяд памiж 1914 i 1947 г. Ужо I сусветная вайна i хаос часоў Грамадзянскай вайны, як пераканаўча паказана ў "Конармii" I.Бабеля, пакiнулi пасля сябе культурную tabula rasa2. У межах гэтага артыкула я хацеў бы акрэслiць тыя грамадскiя змены, якiя выпалi на лёс БССР у II сусветнай вайне. Вайна адкiнула жыццё i гаспадарку назад, да самых прымiтыўных формаў. У спустошанай краiне сяляне замкнулiся ў сваiх дварах i ў сваiх сем'ях. У многiх месцах Чырвоная Армiя сутыкнулася з самай прымiтыўнай сурагатнай гаспадаркай. Распачатая ўвесну 1944 г. узмоцненая мабiлiзацыя мясцовых жыхароў для службы ў нямецкiм вермахце выклiкала ў вызваленцаў няўпэўненасць у ступенi палiтычнай "надзейнасцi" насельнiцтва Беларусi. Дэзарыентацыю выклiкалi i карцiны жахлiвых разбурэнняў, бязлюднасць цэлых мясцовасцяў, а таксама паведамленнi пра жорсткасцi нямецкiх акупацыйных уладаў i пра знiшчэнне габраяў. Узмацнялi яе страх людзей перад савецкiмi рэпрэсiямi i няўпэўненасць у будучынi. Чуткi разыходзiлiся, i ў тых, хто перажыў Грамадзянскую вайну, абуджалася даўняя боязь. У паведамленнях начальнiку Галоўнай Палiтуправы СА генералу Шчарбакову зноў i зноў гаварылася пра адрозненнi памiж заходнiмi i ўсходнiмi тэрыторыямi. Сацыяльная i грамадская атамiзацыя ўнутры беларускага грамадства пачалася не з нямецкай акупацыi, i скончылася не вызваленчым паходам Савецкай Армii. 1. Спецыфiка тэрмiну "супрацiў" для беларускага грамадства Што ж пабачыла СА у 1944 г. у спустошанай савецкай рэспублiцы? Галоўным у савецкiм паказе "партызанскай рэспублiкi" Беларусi былi жахлiвыя людскiя страты i матэрыяльныя спусташэннi, якiя сталi вынiкам трохгадовай нямецкай акупацыi. Аднак яны амаль не адлюстроўваюць тых пераменаў, якiя адбылiся ў гэтым рэгiёне з 1939 г. У многiх аспектах становiшча БССР было выключным. На полiэтнiчнай тэрыторыi без ярка выяўленых нацыянальных традыцый, на большай частцы якой да 1939 г. праводзiлася радыкальная палiтыка паланiзацыi, з 1941 г. амаль бесперашкодна, нiбы ў лабараторных умовах, развiвалася нямецкая палiкратычная сiстэма ўлады3. Да гэтага часу не зразумела, як БССР пасля нямецкага нападу структуравалася этнiчна, сыходзячы з самасвядомасцi насельнiцтва. Савецкiя апiсаннi ставiлi ў цэнтр увагi выключна супрацiў нямецкаму панаванню, канстатуючы пры гэтым адзiнства савецкага партызанскага руху i грамадства на тэрыторыi БССР (маральны патэнцыял савецкага народу i армii)4. Гэтая iдэя фiкс, кiраваўшая пазнаннем, мела дастаткова вялiкi сэнс як шыфр для рэакцыi насельнiцтва СССР на нацыянал-сацыялiстычную наступальную вайну, але яна перашкаджала бачыць асаблiвасцi акупаванага грамадства5. Паўсюль у Еўропе супрацiў апрача ваенных мерапрыемстваў азначаў не толькi калектыўнае адхiленне новага палiтычнага парадку, але i перш за ўсё дзейнасць нармальна функцыяваўшых грамадзянскiх iнстытуцый6. Што праўда, у часы II сусветнай вайны яны i ў Францыi, Бельгii цi Данii не маглi ставiць сабе непасрэднай мэтай выгнанне акупацыйнага рэжыму: грамадзянскi супрацiў часта i тут развiваўся толькi пасля разгрому рэгулярных армiй. На пярэднiм плане спантанных i запланаваных акцый стаяла, аднак, спроба абаранiць калектыўную самасвядомасць ад умяшання акупацыйных уладаў i тым самым зберагчы яе7. Супрацiў быў сiмвалiчны. Ён спасылаўся на розныя сiмвалы, каб захаваць у свядомасцi легальнасць непарыўных традыцый i сацыяльных сувязяў. Акурат такiх паслядоўнасцяў амаль няма ў беларускiм прыкладзе, i тут павiнна пачынацца даследаванне8. 2. Саветызацыя "Ўсходнiх Крэсаў" (1939-1941) як пачатак грамадскай катастрофы Па саветызацыi "Ўсходнiх Крэсаў" памiж 1939 i 1941 г. ёсць шэраг выдадзеных у Польшчы i на Захадзе прац, прысвечаных аспектам вайсковых акцый, палiтычнай i эканамiчнай саветызацыi, калектывiзацыi i перамяшчэнню кадраў. Успамiны сведкаў уяўляюць суб'ектыўнае ўспрыняцце акупацыi i саветызацыi9. Ужо па адным ключавым слове "польская група насельнiцтва" можна здагадацца пра невырашальны вузел канфлiктных нiтак, працягнутых праз разарванае вайною грамадства БССР. Паняццi кшталту "народ" i "нацыя" тут спрошчваюць складанасць сувязяў. Этнаграфiчныя змены, выклiканыя савецкiмi дэпартыцыямi 1939-1941 г., страты часоў нацыянал-сацыялiстычнага тэрарыстычнага рэжыму, а нават i палiтычнае падпарадкаванне рэгiёна пасля 1944 г. па-ранейшаму слаба даследаваны10. Вопыт II сусветнай вайны разбурыў не толькi сацыяльную структуру гэтай полiэтнiчнай тэрыторыi, якая з 1939 г. была абкружана межамi Беларускай савецкай рэспублiкi. Ён з'явiўся асноваю для развiцця пасляваеннай БССР. Дэпартацыя, знiшчэнне i рэпатрыяцыя ў часы вайны, а таксама савецкая "чыстка" на тэрыторыях Беларускай, Украiнскай i Лiтоўскай савецкiх рэспублiк, вялi да карэннай змены iх сацыяльнага профiлю11. Беларусь яшчэ да пачатку "плану Барбароса", якiм у чэрвенi 1941 г. нацыянал-сацыялiстычны ўрад пачаў свой расава-iдэалагiчны паход супраць Савецкага Саюзу, была лабараторыяй грамадскай рэарганiзацыi. Месяцы саветызацыi акупаваных у вераснi 1939 г. вобласцяў прывялi да змены iх элiт12. Палiтыка саветызацыi была накiравана ў першую чаргу супраць польскага насельнiцтва на захадзе БССР i прывяла да запаўнення ўсiх сфер кiравання савецкiмi кадрамi з усходнiх зямель краiны, а таксама з iншых рэспублiк Савецкага Саюзу. Маштаб людскiх стратаў, якiя панёс тады рэгiён, можна параўнаць толькi са стратамi ў Грамадзянскую вайну13. Савецкая ўлада выкарыстоўвала выпрацаваную i выпрабаваную мадэль дзеянняў, прыдатную для ўсiх гарадоў i вёсак, i прымяняла тыя ж метады, што i ў 1929-30 г. для раскулачвання. Розныя меры падпарадкавання i нагляду вялi грамадства да новай арганiзацыйнай формы - савецкай улады14. Рэарганiзацыя эканомiкi, напрыклад, закранула габраяў, прадстаўляўшых сферы рамяства i гандлю. Вялiкая доля iх сярод дэпартаваных у Савецкi Саюз жыхароў стварыла ўжо перад летам 1941 г. вакуум, якi запоўнiлi iншыя групы насельнiцтва, зноў з сур'ёзнымi наступствамi для ўсходнiх тэрыторый15. Нешматлiкая беларуская iнтэлiгенцыя, прадстаўляўшая прыгнечаную ў Польшчы меншасць, у пэўнай ступенi жадала "вызвалення" польскiх гарадоў Чырвонай Армiяй. Яна была гатова заняць вызваленыя месцы ў кiраўнiцтве, але бачыла сябе ашуканай у надзеях. Як "нацыяналiсты" i "рэакцыянеры", беларускiя iнтэлiгенты былi ўдвая падазроныя для новага рэжыму i сталi першымi ахвярамi рэпрэсiй16. Iх месца занялi беларусы са "старой" БССР або кадры з рускiх вобласцяў Савецкага Саюзу. Нацыянальнае пытанне яшчэ больш узмацнiла эфект, якi ў эканамiчна i культурна адсталым рэгiёне выклiкаў шанц сацыяльнага ўздыму. Але ў Заходняй Беларусi амаль адсутнiчала тая беларуская элiта, якая магла быць выкарыстана ў савецкай адмiнiстрацыi. З польскага пункту погляду пасля I сусветнай вайны заселены беларусамi i ўкраiнцамi рэгiён быў нецывiлiзаванай памежнай вобласцю, у якой сутыкалiся руская i польская культуры. Kresy Wschodnie захавалi характар буфернай зоны. Гэты вобраз вызначаўся трывалымi стэрэатыпамi. Для польскай iнтэлiгенцыi беларусы былi самабытным, дзiкiм народам, якi захаваў даўно страчаныя здольнасцi абыходжання з прыродаю, народам анархiчным i непрадказальным17. У 1939 г., у адрозненне ад 1920-х, савецкаму кiраўнiцтву больш не трэба было вытрымлiваць тактыку, яно не залежыла ад кааперацыi з элiтамi18. Добра наладжаны ваенны i палiцэйскi апарат рабiў супрацiў ад самага пачатку рэдкiм феноменам19. Новыя ўладары выкарыстоўвалi мiжэтнiчны i iншыя канфлiкты, каб без асабiстага ўдзелу спачатку правесцi свайго роду грамадскую "чыстку". Савецкiя ўлады ня ўмешвалiся ў стыхiйныя акты насiлля i забойстваў, што пачалiся пасля лiквiдацыi польскай дзяржаўнай улады ў этнiчна раздзеленым грамадстве. Спантанна арганiзаваная грамадзянская мiлiцыя лiчыла сваёй галоўнай мэтай ахову абшчыны ад сельскага люду, жыўшага навокал20. Як нямецкая Служба бяспекi i SS пасля акупацыi Балтыйскiх краiн чакалi, пакуль нянавiсць мясцовага насельнiцтва да габраяў не вылiлася ў пагромы i арышты, так Саветы ў Заходняй Беларусi непрыхавана заклiкалi людзей "асабiста разлiчыцца па адкрытых рахунках". Нягледзячы на прысутнасць бальшавiцкiх камiтэтаў i мiлiцыi, заданнем якiх было захаванне парадку i закону, выкарыстанне сiлы ў асабiстых справах заахвочвалася i было iстотнай характарыстыкай новага рэжыму. Ян Грос азначаў такую з'яву паняццем "прыватызацыя дзяржавы", разумеючы пад iм iмплементаванае звонку самавольнае панаванне пэўных асоб, якое з цягам часу набывала сваю дынамiку i ўсё больш прыймала характар грамадскага самакантролю i вымушанага саўдзелу. Выканаўчая ўлада прысвойвала рашэннi аб жыццi i смерцi ды апраўдвала выкарыстанне зброi як легiтымнага сродку21. Задачы па рэквiзiцыi або акцыi па пераразмеркаваннi зямлi пакiдалi пры гэтым выканаўцам дастатковую свабоду дасягнення асабiстых мэтаў. Пакуль забяспечвалася выкананне ўласных заданняў, заставалiся адкрытыя шляхi прыватнага ўзбагачэння, асабiстых сiмпатыяў i "пакарання" знаёмых. Змянiлiся ролi полаў. У выпадку разводу жанчыны нярэдка пераймалi ролю кармiльцаў. З прычыны знiшчэння культурнай i духоўнай iнфраструктур у акупаванай немцамi ў 1939 г. частцы Польшчы, а таксама з паўстаннем новай дэмаркацыйнай лiнii памiж нямецкай i савецкай зонамi ўплыву, усходнепольскi рэгiён адасабляўся ад яго культурнага цэнтру. Насельнiцтва было ўспрымальнае да ўсяго, што магло ўяўляць сабою пункт арыентацыi ў прасторы агульнай фрагментацыi. Апрача хуткага стварэння эфектыўнай бюракратыi i кiравання, саветызацыя развiвала антыасветнiцкiя iнстынкты: людзi давяралiся прадказальнiкам, верылi у моц прадвесця, тлумачылi свае сны. Апытаннi, арышты i ўсеагульная няўпэўненасць хутка сталi агульным жыццёвым вопытам. Гэтым савецкая ўлада заклала асновы для "жыцця ва ўмовах рэакцыi", як потым быў ахарактарызаваны перыяд панавання нямецкiх акупацыйных уладаў22. Калi беларусы атрымалi пэўныя абяцаннi адносна iх нацыянальнай культуры, адзiнай "прывiлеяй" палякаў засталося выкарыстанне сваёй мовы. Члены адмiнiстрацыi, называныя ў народзе "усходнiкамi", сотнямi тысячаў сцякалiся на акупаваную тэрыторыю, ускладняючы сiтуацыю ў жыллёвым сектары. Абавязковыя высяленнi i перасяленнi напаткалi тое насельнiцтва, для якога да таго часу пераезды i змена месца жыхарства былi амаль невядомыя. Для пераходнага перыяду было характэрна з аднаго боку iснаванне ледзь бачнага перапляцення прыватных i дзяржаўных прадпрыемстваў, а з другога боку недахоп тавараў, якi быў вынiкам строгай рэгламентацыi нават у негалоўных сферах. У многiх выпадках размеркаванне савецкiмi ўладамi працоўных месцаў было амаль раўназначна высылцы i невядомай будучынi. 3. БССР i нямецкая акупацыя: 1941-1944 У публiкацыях да 50-гадовага юбiлею заканчэння вайны пераважаў погляд на савецкую БССР23. Адлюстраванне падзей 1939 г. як "уз'яднання" засталося ў асноўным ранейшым, зусiм нязмененым24. Хоць магчымасцi навуковага абмену палепшылiся, псiхалагiчныя бар'еры многiх гiсторыкаў перажылi "адлiгу". Сама сутнасць калабарацыi ў 1941 i 1944 г. перад фактам службы многiх сотняў тысяч савецкiх грамадзян у аддзелах вермахта i палiцыi не адмаўлялася, але iнтэрпрэтацыя гэтага паняцця абмяжоўвалася класiчнай вобласцю ваеннага супрацоўнiцтва i мясцовай калабарацыйнай адмiнiстрацыяй (БНС, БЦР i iнш.)25. Аналiз нацыянал-сацыялiстычнай прапаганды, напрыклад, падаваўся толькi з колькаснага пункту погляду. Характарыстыка прынесеных ахвяраў засталася надзiва няпэўнаю i рэдка выходзiла за межы iх вызначэння на аснове савецкiх пасляваенных даследаванняў26. Для савецкай сферы калабарацыя, пад якой разумеем суму iндывiдуальных стратэгiй выжывання грамадства, акупаванага чужаземцамi, не можа заставацца памежнай вобласцю памiж арганiзаваным супрацiвам, з аднаго боку, i канцэпцыямi акупантаў, з другога27. Супрацоўнiцтва (такiм было значэнне паняцця "калабарацыя" да II сусветнай вайны) з пануючай сiлай спачатку не з'яўлялася выбарам на карысць нацыянал-сацыялiзму. Калабарацыя азначала ў першую чаргу рэакцыю, а не дзеянне. Паведамленнi нямецкай грамадзянскай адмiнiстрацыi характарызуюць "Генеральны камiсарыят Беларутэнiя" памiж 1941 i 1944 г. як шматэтнiчны рэгiён з вялiкiмi рэгiянальнымi адрозненнямi28. У сапраўднасцi акупацыйныя ўлады з пачатку вайны лавiравалi памiж рознымi групамi насельнiцтва. Тыповымi з'яўляюцца паведамленнi з заходнiх вобласцяў БССР, у якiх зноў i зноў патрабавалася змянiць польскiх бурмiстраў i шэфаў палiцыi, а таксама кантраляваць iх "аднабаковасць i супярэчлiвыя закону эксперыменты" супраць большасцi беларускага насельнiцтва. Узаемныя даносы i спробы захопу ўлады паралiзавалi працу нямецкага эксплуататарскага апарату. Непаразуменнi памiж рознымi групамi насельнiцтва ўвесь час былi на парадку дня: "Частка гэтых (польскiх) 'паноў', якiя адвольна выконваюць службовая абавязкi ў абшчынных установах, i у наш час робяць тыя ж эксперыменты, праводзяць заўсёды i ўсюды сваю польскую палiтыку, несправядлiвыя ў кожным дачыненнi з беларутэнамi, скажаюць сапраўдны стан насельнiцтва", - на кепскай нямецкай мове гаворыцца ў адным беларускiм даносе29. Падобнае тычыцца i ўдзелу беларусаў i ўкраiнцаў у нямецкiх карных акцыях супраць габраяў i партызан. Даўно вядомыя i канфлiкты памiж часткамi беларускага, польскага, габрайскага, лiтоўскага i ўкраiнскага насельнiцтва БССР30. Ваенны супрацiў паўставаў спачатку як барацьба за ўладу памiж чырвонаармейцамi, якiя адбiлiся, габрайскiмi бежанцамi з гета, польскiмi групамi або уцёкшымi ваеннапалоннымi i злачынцамi31. Хаос, якi наступаў услед за рухам немцаў i разлажэннем Чырвонай Армii, надоўга ператвараў некаторыя тэрыторыi ў нетры беззаконня, дзе панавала права мацнейшага. Розныя групоўкi аспрэчвалi тут уладу i ўплыў, але найперш базы забеспячэння. Сучасныя даследаваннi ясна паказалi, якi рознабаковы быў беларускi, украiнскi i польскi ваенны супрацiў як акупантам, так i савецкаму партызанскаму руху. Увага пры гэтым сканцэнтравалася на табуiзаванай раней дзейнасцi польскай Армii Краёвай на былой польскай часцы БССР. Праўда, даследаваннi i тут абмежавалiся ў асноўным ваенным аспектам супрацiву. Гэты фрагмент у постсавецкай гiстарычнай навуцы нярэдка прадстаўлялi толькi лiчбамi, статыстыкай i схемамi. Хуткасць i эфектыўнасць, з якiмi быў арганiзаваны савецкi партызанскi рух, у апошнiх даследаваннях пастаўлены пад пытанне. Але гэтыя абмежаваннi вядомых стэрэатыпаў, зробленыя на аснове эмпiрычнага матэрыялу, не сталi сапраўдным пашырэннем гiстарыяграфiчнага пазнання32. Нямецкiя "рэквiзiцыйныя акцыi", мерапрыемствы па забеспячэнню групаў супрацiву, акты помсты i адплаты, а таксама баi памiж рознымi фармаваннямi, развiвалi на акупаваных тэрыторыях тую спiраль насiлля, галоўнаю ахвяраю якой заўсёды было насельнiцтва33. Пасля нямецкiх "акцый заспакаення" цэлыя мясцовасцi заставалiся бязлюдныя, нiбы ў часы Трыццацiгадовай вайны. А памiж развалiнамi зруйнаваных паселiшчаў варагуючыя групы змагалiся за рэчы забiтых i прагнаных34. Савецкi партызанскi рух прабiваў сабе ўсё больш значны шлях у гэтай барацьбе, i гэтым жа дынамiзаваў спiраль насiлля. Заваяваныя гарады гублялi сувязь з наваколлем. Дзецi былi пазбаўленыя дзяцiнства i адукацыi, вялi жыццё дарослых у якасцi "беспрытульнiкаў"35. Усеагульная змена палавых роляў была не праявай мадэрнiзму, яна адлюстроўвала ўсеагульны заняпад традыцый i культуры36. Нацыянал-сацыялiстычнае знiшчэнне габраяў мусiла шакаваць i негабрайскае насельнiцтва37. Гетэрагеннасць у асобных сацыяльных групах да сённяшняга дня амаль не тэматызавана. Ганс-Генрых Вiльгельм нядаўна звярнуў увагу на гэтую акалiчнасць i яскрава паказаў, што ўнутры акупацыйнай сiстэмы ў самым нiзе сацыяльнай структуры мелася складанае перапляценне залежнасцяў ды iльготаў. Сярод старэйшынаў габрайскiх гета так званыя Funktionschaftlinge (вязнi, надзеленыя функцыямi, - дактары, пiсары, члены габрайскай службы парадку i г. д.) часам спрабавалi ў рамках "самакiравання" ратавацца шляхам рабскага падпарадкавання, пры чым свядома дыстанцыявалiся ад масы таварышаў па няшчасцю38. Члены беларускай палiцыi i акупацыйнага кiравання развiвалi падобныя стратэгii39. Забеспячэнне выжывання шляхам падпарадкавання сябе iншым заставалася iлюзiяй перад аблiччам нечалавечай, антырацыянальнай нацыянал-сацыялiстычнай расавай вайны. Гэта тычылася i нешматлiкай iнтэлiгенцыi, якая дала сябе ў распараджэнне новай сiстэме i нацыянал-сацыялiстычнаму прапагандысцкаму канцэпту "нацыi беларутэнаў". Вера ў магчымасць выжывання ў хаатычнай сiстэме ўмажлiвiла функцыяванне апарату. Нямецкiя ўладары бесцырымонна выкарыстоўвалi кожны iндывiд, палiтычную групоўку, этнiю або нацыянальную iдэю, разыгрывалi iх адзiн супраць другога40. 4. Заключэнне Улiчваючы жудасныя страты сярод насельнiцтва, лёгка зразумець, чаму акупацыйны перыяд i ў постсавецкiм грамадстве Расii i Беларусi займае цэнтральнае месца. Узровень атамiзацыi з 1939 г. i патэнцыял супрацiву беларускага ваеннага грамадства можна вызначыць толькi iнструментарыем сацыяльнай гiсторыi. На жаль, акурат тут знаходзiм недахоп, якi адлюстроўвае выцясненне ваенных патрасенняў замест iх пераадольвання. Хоць II сусветная вайна для ўсiх рэгiёнаў былога Савецкага Саюзу стала моцным пераломным момантам, прыгнечаныя нямецкiм фашызмам грамадствы жылi ў гiстарычнай непарыўнасцi. Апрача смерцi, знiшчэнняў i разбурэнняў яны перажылi i далейшае суб'ектыўнае развiццё, прынамсi ў бiяграфii iндывiдаў. Апiсаць гiсторыю ахвяраў нацыянал-сацыялiзму - значыць напiсаць гiсторыю iх будняў. Гэта ўключае i прызнанне простай волi да выжывання як рухавiка для iндывiдуальных дзеянняў па той бок ад палiтыкi i прапаганды, i цвярозае ўдакладненне ўдзелу ахвяраў у злачынствах iх нацыянал-сацыялiсцкiх прыгнятальнiкаў41. Дыферэнцыяцыя нi ў якiм разе не азначае новае прыпiсванне вiны часоў акупацыi. Гэтаксама, як новыя архiўныя знаходкi пра савецкiя планы нападу на нямецкi рэйх не даюць аргументаў для тэзы, быццам Адольф Гiтлер вёў прэвентыўную вайну супраць Савецкага Саюзу42. Дыфузную шэрую зону акупаванага грамадства нельга асвяцiць нi савецкiмi чорна-белымi выявамi ды атаясамленнем складаных стратэгiй выжывання са здрадаю радзiме, нi з'яўленнем у гiстарыяграфii новых нацыяналiзмаў. красавiк 1996

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства 1939-1944/47


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.