Беларуская кампанія 1654 года (бітва пад Шапялевічамі)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Беларуская кампанія 1654 года (бітва пад Шапялевічамі). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-16

Пётр Кроль Ваенныя дзеянні, якія адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1654 г., паклалі пачатак працяглай вайне паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспаліта й, якая цягнулася аж да заключэння Андрусоўскага міру (30 студзеня 1666). На працягу прыблізна трынаццаці гадоў — з перапынкам у 1656—1658 — абодва бакі вялі між сабою больш ці менш зацятыя баі. У выніку гэтае вайны Рэч Паспаліта я страціла тэрыторыі , адпісаныя ёй паводле трактатаў 1618 і 1634 г. — Смаленшчы ну, Чарнігаўшчын у і Севершчын у. Масква здабыла таксама левабярэжную Украіну з Кіевам. Рэч Паспалітая не толькі страціла землі, адабраныя некалі ў свайго праціўніка: усходні сусед прымусіў яе заняць абарончую пазіцыю, дзякуючы чаму праз сорак гадоў змог распачацца працэс падпаду Польшчы ў залежнасць ад Масквы. Бітвы, якія вяліся на літоўскім фронце ў 1654 г., не маюць шырокага адлюстравання ў літаратуры. Гэтаю тэмай займаліся Л. Кубаля, Ю. Можы, Г. Віснэр, Т. Васілеўскі, А. Мальцаў, Л. Абэцэдарскі, А. Навасельскі і Г. Сагановіч 1. * Вайна, якая выбухнула ў траўні 1654 г., была чарговаю з шэрагу войнаў паміж абодвума бакамі за панаванне над прэстыжнай і стратэгічна важнаю тэрыторыяй — т. зв. Смаленскаю Брамай. Стратэгічна важнаю, бо тудою праходзіў найкарацей шы шлях, які злучаў Маскву і Вільню. Адмысловае значэнне Смаленскае Брамы вызначалася гідралагічнаю сеткаю ВКЛ, што ўтварала развітую сістэму водных шляхоў, якія адначасна складалі сістэму тэрытарыяльных перашкодаў. Паўднёвы напрамак сярэдняга цячэння Дняпра, яго галоўных прытокаў (Бярэзіны, Друці, Сожа) і сярэдняе Дзвіны ўздымалі іхнае значэнне як бар'ераў, што перашкаджалі камунікацыі і перамяшчэнню войскаў у напрамку ўсход — захад. Буйнамаштабныя аперацыі адбываліся заўсёды ў т. зв. аршанска -менскім калідоры, скіраваным на Вільню. Адчыняецца ён Смаленскаю Брамаю або трактамі, што бягуць ўздоўж Дняпра на адрэзку Смаленск — Орша (міжрэчча Дзвіны і Дняпра адгароджана трохкутнікам верацейскіх балотаў). Левыя прытокі Бярэзіны перацінаюць тракт Орша — Менск, служачы натуральнымі перашкодамі вайсковым дзеянням. Дадатковая цяжкасць — пушчы, што расцягнуліся паабапал Бярэзіны. Тэрытарыяльныя ўмовы ператваралі Смаленскую Браму ў найзручнейшы камунікацыйны шлях, які злучаў цэнтральныя абшары абодвух бакоў канфлікту 2. Да таго ж значная разлегласць пушчаў усходняе Беларусі вяла да таго, што абшары канцэнтрацыі сіл супраціўнікаў ляжалі вельмі далёка адзін ад аднаго. Вось жа, Смаленск быў не толькі загародай, якую мусілі фарсаваць войскі нападніка, але і месцам, здабыццё якога дазваляла працягваць вайну, абапіраючыся на горад як на базу і гарантыю бяспекі тылоў. Для абедзьвюх дзяржаваў Смаленск меў вялікае значэнне найперш з вайсковага пункту гледжання. Той, хто валодаў цвержаю, меў адкрытую дарогу ўглыб краіны праціўніка, а разам з тым бяспечныя ўласныя межы. Палітыка збірання земляў Русі, якую вяла Масква, выклікала серыю войнаў найперш з Вялікім Княствам Літоўскім, а потым з цэлаю Рэччу Паспалітаю. Яны скончыліся спусташэннем дзяржавы цароў і канчатковым прызнаннем Смаленска, які цягам баёў пераходзіў з рук у рукі, за Рэччу Паспалітай. Масква, нягледзячы на заключэнне вечнага міру ў Палянаве (1634 г.), не зраклася планаў вяртання страчаных тэрыторыяў. Яна толькі чакала нагоды. Нагода надарылася пры выбуху казацкага паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім (1648 г.). Антыфеадаль ны напачатку характар паўстання і цяжкая ўнутраная сітуацыя дзяржавы цароў не дазвалялі пачаць інтэрвенцыю 3. Але з цягам часу, убачыўшы, што Рэч Паспалітая слабне і церпіць паразы ў баях з казакамі, у Маскве пастанавілі распачаць вайну. Падрыхтоўка да яе вялася яшчэ з 1646 г., калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. Ад жніўня 1653 г. гэтая дзейнасць набрала большы тэмп4. Вярбоўка ішла галоўным чынам у Нідэрландах і Нямеччыне, тамсама закуплялася і зброя5. Сама армія прайшла рэарганізацыю. Былі створаныя адзінкі т. зв. новага строю, г. зн. пяхотныя, драгунскія і рэйтарскія палкі; яны складаліся з сялян, далучаных да войска, але зарганізаваныя былі на заходнееўрапейскі ўзор і знаходзіліся пад камандаю чужаземцаў. Апрача гэтых аддзелаў існавалі яшчэ адзінкі г. зв. старога строю — паспалітае рушэнне, казакі, татары, стральцы 6. У Літву, паводле планаў, меліся ўвайсці дзве маскоўскія арміі і саюзныя аддзелы запарожскіх казакоў. На паўночным усходзе ў раёне Вялікіх Лукаў канцэнтраваліся адзінкі арміі на чале з Васілём Шарамецевым. Яны налічвалі 13 146 чалавек, з іх 8700 пяхоты7. На смаленскім кірунку пад Вязьмай канцэнтравалася галоўная армія. Яна налічвала каля 41 000 чалавек і дзялілася па-старому на тактычныя адзінкі вышэйшага парадку — палкі: перадавы (камандзір кн. Нікіта Адоеўскі), засадны, або ертаульны (камандзір Васіль Барысавіч Шарамецеў), вялікі (камандзір кн. Якаў Чаркаскі), вартаўнічы (камандзір князь Мікалай Цемкін-Растоўскі) і царскі8. Колькасны склад кожнага роду войскаў без пошукаў у расійскіх архівах вызначыць цяжка. Паводле A.Чарнова, у палове XVII ст. траціну маскоўскае арміі складалі войскі старога строю. Колькасць стральцоў складала 30—40% аддзелаў старога строю. Гэта дазваляе вызначыць колькасць паспалітага рушання ў галоўнай арміі як прыблізна 14 000 чалавек, у тым ліку каля 4500 стральцоў. Рэшту войскаў старога строю складалі дваране і баярскія дзеці (каля 5000 чал.), данскія і яіцкія казакі і астраханскія татары9. Колькасць людзей у аддзелах новага строю вызначыць таксама нялёгка. Пад Смаленскам на момант капітуляцыі цвержы знаходзілася 27 палкоў пяхоты з галоўнае арміі і 5 палкоў з арміі Трубяцкога. У царскім лісце, пісаным перад выбухам вайны, пададзеныя звесткі пра фармаванне рэйтарскіх аддзелаў лікам 3600 чал. Усяго жаўнераў у кавалерыі новага строю мелася быць 6000 чал. Гэта азначае, што ў склад войскаў новага строю ўваходзіла 3600 райтараў, 2400 драгунаў і 22 000 пяхоты10. У падтрымку маскоўскіх арміяў меліся выступіць аддзелы запарожскіх казакаў, якія налічвалі каля 20 000 чал., валодалі 9 гарматамі і знаходзіліся пад камандаю Івана Залатарэнкі 11. Не лягчэй, чым у выпадку з маскоўскім войскам, вызначыць колькасць войска літоўскага. Другі сойм 1654 г. ухваліў 18-тысячны склад літоўскага войска (komput litewski) і склікаў паспалітае рушанне. Тым часам, як са спасылкай на Е.Катлубая падае Л. Кубаля, літоўскае войска складалася з 3 гусарскіх харугваў (374 кані), 7 райтарскіх харугваў (1020 жаўнерскіх ставак), 26 казацкіх харугваў (2424 кані), 9 татарскіх (960 коняў), 11 драгунскіх (2424 ставак), літоўскае (2909 ставак) і польскае пяхоты (850 ставак)12. Ці была гэта фактычная колькасць войска, сказаць цяжка, бо крыніцы інфармацыі Е. Катлубая мы не ведаем. У сваім лісце, пісаным па прыбыцці да лагеру пад канец чэрвеня, гетман паведамляе , што застаў на месцы толькі 6000 чалавек. З цягам часу асабовы склад арміі ўзрос прыблізна да 8000 чал. З іх пяхоту складалі палкі: гетманскі і Нямірыча і польскія харугвы на чале з Юшкевічам і Дмухоўскім. Драгунаў было 4 палкі: гетмана, кн. Багуслава Радзівіла, Корфа і Ганскопфа (налічваў прынамсі 4 роты)13. Да гэтага трэба дадаць гарнізоны цвержаў, не лічачы сталіц ваяводстваў, прыватных умацаваных местаў і замкаў. Сілы, што баранілі іх, складаліся галоўным чынам з паспалітага рушання (толькі ў Смаленску знаходзіліся два палкі нямецкае пяхоты — Вільгельма Корфа і Мікалая Тызенгаўза), прыватных войскаў, набраных магнатамі, і мяшчан. Галоўным заданнем, якое ставіла перад сабою царскае камандаванне, было здабыццё Смаленска. Здзейсніць гэта павінна была галоўная армія. Аддзелам Шарамецева было даручана заняць лінію Дзвіны (полацкае і віцебскае ваяводствы), творачы тым самым пагрозу для Вільні і прыкрываючы дзеянні пад Смаленскам ад інтэрвенцыі шведскіх войскаў на карысць Літвы. Выдзеленыя з галоўнае арміі аддзелы і армія Трубяцкога (каля 18 000 чал.) меліся прыкрываць аблогу смаленскае фартэцыі і не дапусціць, каб Радзівіл прыйшоў ёй на дапамогу. Калі б войска Радзівіла ўдалося разбіць або адцясніць за Бярэзіну і заняць Смаленск, то занятая тэрыторыя, адрэзаная Дняпром і Дзвіною з перадполлем , якое цягнулася ад Бярэзіны, рабілася дасканалай зыходнай пазіцыяй для далейшых дзеянняў супроць Вялікага Княства Літоўскага. Палкі Залатарэнкі, што ўваходзілі з поўдня, займаючы паўднёва -заходнюю Беларусь, забяспечвалі лучнасць з Украінай і давяршалі паразу Літвы. Адначасова казацкія войскі Хмяльніцкага разам з дапаможнымі маскоўскімі аддзеламі (спярша гэта меліся быць войскі Трубяцкога), атакавалі на каронную армію, змушалі яе заставацца на Украіне, не даючы магчымасці прыйсці на дапамогу літоўскай арміі14. Літоўскія войскі паводле каралеўскага загаду мелі заданне прыняць бітву з непрыяцелем у раёне Дарагабужа, вызначанага месцам канцэнтрацыі, прыкрываючы тым самым Смаленск і абапіраючыся на ягоныя магутныя фартыфікацыйныя збудаванні. Радзівіл, аднак, адкінуў гэты план і пастанавіў паўтарыць варыянт абароны Літвы, ужыты ягоным бацькам, Крыштафам Радзівілам у 1633 г. Ён дзейнічаў у тыле непрыяцельскіх войскаў, што аблажылі Смаленск, падмацоўваў яго час ад часу людзьмі і зброяй, і атакаваў маскоўскія войскі, спадзеючыся дачакацца надыходу падмацаванняў. Таму ён сканцэнтраваў свае харугвы ў лагеры пад Оршай, і, прыкрыты ад праціўніка Дняпром, чакаў ягоных рухаў і сваіх харугваў, што паволі збіраліся ў лагер. * Рашэнне прыняць Украіну „пад высокую руку" і падаць дапамогу Хмяльніцкаму, раўназначнае ўмяшанню ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітае і тым самым абвяшчэнню вайны, было прынята ў найбліжэйшым атачэнні цара ўвесну 1653 г. Выклікана яно было цяжкім становішчам казакаў і перакананнем у слабасці Польшчы. Аднак з афіцыйнай пастановаю чакалі вяртання з Варшавы пасольства, выпраўлена га з прапановамі дапамагчы ў замірэнні сітуацыі на Украіне. Насамрэч гэтая місія мела шпіёнскі характар. Урэшце 1/10 кастрычніка Земскі cабор прыняў афіцыйнае рашэнне абвясціць вайну Рэчы Паспалітай і прыняць Украіну ў склад Маскоўскай дзяржавы 15. Падрыхтоўка да выправы ўвайшла ў апошнюю фазу. У лістападзе Шарамецева паслалі ў Ноўгарад, а ў сакавіку — Трубяцкога ў Бранск. Тэрмін канцэнтрацыі абедзьвюх арміяў быў прызначаны на 14/24 траўня 1654 г. Вязьма, абраная за базу галоўнае арміі, была ўмацавана, бо прыйшла вестка, што пад Смаленскам знаходзіцца літоўская армія16. Апошняя, як даносіла разведка, мелася напасці на прыгранічныя ўезды17. У сапраўдна сці ж напачатку 1654 г. аддзелы ВКЛ, адчуваючы з боку Масквы ўсё большую небяспеку, былі перадыслакаваныя ў раён смаленскага, магілёўскага і рослаўскага паветаў. У лютым і сакавіку гетман выслаў у паўднёва -ўсходнюю Беларусь харугвы пад камандаю Караткевіча. Гэта выклікала неспакой у Маскве і Кіеве, тым больш, што ліцвіны распаўсюджвалі універсал Радзівіла, які заклікаў казакаў пакідаць Маскву і пераходзіць на бок Рэчы Паспалітае. Занепакоены Залатарэнка прасіў дапамогі ў маскоўскіх прыгранічных ваяводаў. Аднак харугвы на чале з Караткевічам, выбраўшы правіянт і разгледзеўшыся ў становішчы на Украіне, адступілі на Літву18. Адзінаю карысцю ад іх было ўмацаванне памежных замкаў ВКЛ. У студзені 1654 г. у Пераяслаўлі паміж казакамі і царом было заключана пагадненне . Рэч Паспалітая ўспрыняла гэта як абвяшчэнне вайны. Пад канец зімы каронныя войскі ўвайшлі на Падолле і Брацлаўшчыну. Яны хацелі перацягнуць на свой бок казакаў, незадаволеных заключаным трактатам. Тое сама зрабілі і літоўскія харугвы (пра што ішлося вышэй). Становішча Вялікага Княства пагаршаў факт, што толькі летні сойм (распачаты 9 чэрвеня) зацвердзіў падаткі і колькасны склад войска. На шкоду справе ішла і каралеўская палітыка ў дачыненні да Радзівіла і намінацыя на пасады польнага гетмана і смаленскага ваяводы праціўнікаў вялікага гетмана, каралеўскіх прыхільнікаў — вялікага падскарбія літоўскага Вінцэнта Гасеўскага і Піліпа Казіміра Абуховіча. Каралеўская палітыка і канфлікт з Радзівілам прывялі да таго, што Вялікае Княства Літоўскае ў момант выбуху вайны не было да яе падрыхтавана. Яно недаацэньвала маскоўскую пагрозу і пераацэньвала ўласныя магчымасці. * 25—28 траўня / 4—7 чэрвеня галоўная армія выступіла з Масквы і рушыла смаленскім трактам у напрамку маскоўска -літоўскае мяжы. Усе камандзіры палкоў атрымалі інструкцыю, у якой ім загадвалася большыя і лепш умацаваныя месцы аблягаць супольна, злучанымі сіламі, пакідаючы выдзеленым з палкоў адзінкам здабыццё замкаў менш значных, якія маглі станавіць слабейшы супраціў. Ваяводам сурова загадвалася, каб яны, перш чым распачынаць штурм і рэгулярную аблогу, спрабавалі схіліць гарнізоны да капітуляцыі. Аблогу можна было распачынаць у выпадку адмоўнага адказу19. Такім чынам царскае камандаванне не траціла лішніх сіл на здабыццё паасобных пунктаў супраціву. Больш за тое, выдзяляючы паасобныя аддзелы — лікам найчасцей не больш як ад некалькіх сот да паўтары тысяч жаўнераў — яно дасягала большай аператыўнасці пры заняцці вялікае тэрыторыі. 25 траўня/4 чэрвеня цар выдаў камандзіру вартаўнічага палка, Мікалаю Цёмкіну-Растоўскаму, загад адлучыцца ад галоўнае арміі і заняць Белую. Заняўшы гэты горад, Растоўскі меўся далучыцца да галоўных сіл пад Дарагабужам. Ваявода загад выканаў, і 1/10 чэрвеня Белая апынулася ў маскоўскіх руках. 14/24 чэрвеня20 Цёмкін-Растоўскі пісаў цару, што літоўскія людзі, „каторыя былі на Белай, бачачы над местам і над сабою баяраў і ваяводаў і [тваіх] гаспадарскіх ратных людзей, і моцную аблогу, [табе Гасудару] білі чалом і места Белую здалі". Цар загадаў яму прылучыцца з сваімі аддзеламі да царскага войска, пакінуўшы ў Белай гарнізон (праўдападобна не вельмі шматлікі) на чале з ваяводам Захарам Навасільцавым 21. 3/13 чэрвеня ў царскіх руках апынуўся Дарагабуж. Невядомыя дакладна вайсковыя фармаванні ВКЛ разам з намеснікам і ваколічнай шляхтай, што знаходзіліся ў месце, адступілі з Дарагабужа ў Смаленск, як толькі зрабілася вядома, што сюдою кіруюцца маскоўскія аддзелы. Пакінутыя на ўласны лёс мяшчане здалі места без бою. Начальнікам аддзелаў, якія занялі места і складаліся з сялян Вяземскага павету, быў Іван Хаванскі 22. Вышэй названыя мясцовасці былі занятыя адзінкамі, выдзеленымі з галоўных сілаў — аддзел Хаванскага належаў, праўдападобна, да царскага палку, астатнія палкі пасоўваліся ў напрамку Вязьмы, дзе мелася адбыцца канцэнтрацыя арміі. Авангард гэтае арміі складаў аддзел Хаванскага, у бок якога, адразу ж пасля капітуляцыі Дарагабужа, выступіў лёгкі полк на чале з Пятром Васілевічам Шарамецевым. Ён меўся ўзмацніць авангард царскіх войскаў. Разам з ім з царскага палка выступіла 9 соцень кавалерыі старога строю23 . Царскае камандаванне ўжо ведала, што літоўская армія канцэнтру ецца пад Оршай, а пад Смаленскам буйных літоўскіх сілаў няма. Пра гэта сведчыць хоць бы факт высылкі 8/18 чэрвеня з Вязьмы пад Краснае, праўдападобна ў якасці аховы, 11 соцень з царскага палка на чале з кн. Фёдарам Нікітавічам Адоеўскім 24. Таго ж дня Вязьму пакінуў перадавы полк, 9/19 чэрвеня — вялікі полк. У Дарагабужы, куды кіраваліся аддзелы, цар канцэнтраваў сваю армію, каб ударыць на Смаленск усімі сіламі і валодаць перавагай у полі перад сутыкненнем з літоўскім войскам. Гэтаксама 9/19 чэрвеня быў выдадзены загад перадаць Фёдару Адоеўскаму тыя 9 соцень, што былі высланыя з Пятром Шарамецевым пад Дарагабуж 25. 13/23 чэрвеня цар прыбыў у Дарагабуж. Тут ён заспеў палкі: вялікі, перадавы і лёгкі. Цераз тры дні ён аддаў загад перадавому палку пераправіцца цераз Дняпро ў ваколіцы вёскі Пнёў. Астатнія адзінкі выступілі толькі 30 чэрвеня. Паўстае пытанне, чаму ў абодвух местах маскоўскае войска па некалькі дзён заставалася ў бяздзейнасці: у Вязьме (ад 26—27 траўня / 4—5 чэрвеня да 8—9/18—19 чэрвеня) і ў Дарагабужы (ад 13/23 да 20/30 чэрвеня)? У першым выпадку прычынаю магло быць павольнае перамяшчэнне паасобных буйных тактычных адзінак і адсутнасць звестак пра непрыяцеля. У другім — магчыма, усведамленне , што захапіць Смаленск знянацку ўжо немагчыма, і пастанова падрыхтаваць аперацыю па здабыцці фартэцыі. У дарозе з Вязьмы да цара дайшлі звесткі, што недалёка ад мяжы ў раёне Дарагабужа з'явіліся харугвы ВКЛ. Было вырашана, што Пётр Шарамецеў, не прыспешваючы тэмпу маршу астатніх адзінак, возьме з сабою аддадзеныя пад каманду Адоеўскага 6 соцень кавалерыі старога строю і 100 райтараў з уласнага палка і выступіць на разведку. У Дарагабужы ён меўся пакінуць Адоеўскага з яго 14 сотнямі і лёгкі полк на чале з сваім заступнікам Цімафеем Іванавічам Шчарбатавым 26. Хутка высветлілася, што ніякіх літоўскіх аддзелаў у раёне Дарагабужа няма. Тым часам яны канцэнтраваліся ў лагеры пад Оршай. Мы не ведаем, што рабіла армія Радзівіла з таго часу, як скончыліся баявыя дзеянні на паўднёва -ўсходняй ускраіне Вялікага Княства. Можна дапусціць, што літоўскія харугвы пачалі прыбываць у лагер з канца траўня ці яшчэ раней. Гэта, аднак, справа дыскусійная. Калі ж пад канец чэрвеня ў лагеры ўрэшце з'явіўся вялікі гетман, там знаходзілася каля 6 тыс. жаўнераў. Астатняя частка арміі складала гарнізоны найважнейшых местаў і замкаў Беларусі. Харугвы, сабраныя ў лагеры, былі змардаваныя ранейшымі ваеннымі дзеяннямі і не атрымалі платы. Новыя наборы не распачыналіся, бо ў вялікага гетмана не было вярбовачных („прыпаведных") лістоў. Пасля сарванага зімовага сойму гетман з красавіка знаходзіўся на Літве ў сваіх маёнтках і, праўдападобна, у Вільні27. Ягоныя паводзіны ў сітуацыі, калі вядома ўжо было, што Масква пачала вайну, выклікаюць здзіўленне. Што затрымала Радзівіла ў Вільні? Ці клопат пра грошы для выплаты аддзелам, ці справы палітычныя — змова супроць караля і таемныя кантакты з Ракачы, ці прыватныя — падтрымка правоў Радзівілаўска га дому на месца ў парламенце Рымскай Імперыі ў якасці яе князёў? На жаль, гэтага мы не ведаем. Калі ад Абуховіча пачалі прыходзіць весткі пра поспехі маскоўскіх войскаў, гетман адказваў на іх іранічнымі заўвагамі. Атрымаўшы звесткі пра пераход мяжы непрыяцелем, ён адпісаў, што, маўляў, той так далёка пайшоў за дарагабужскімі татарскімі канакрадамі. На вестку пра заняцце Дарагабужа і Белай ён адказаў у лісце ад 28 чэрвеня з-пад Оршы: „Масква на чарапасе едзе, і маю надзею, што ракам пойдуць" 28. Гэтая вестка мусіла дайсці да гетмана паміж 13 чэрвеня — датай заняцця места — і 23 чэрвеня, калі дайшла да Варшавы29 . У лагеры ён з'явіўся перад датай высылкі ліста Абуховічу, г. зн. перад 28 чэрвеня. Адразу ж па прыбыцці ён даведаўся з данясенняў невядомага нам шпіёна, што „…Масква на свой святы Ян паводле старога календара мела падступіць пад Смаленск (бо ў іх такі звычай, што заўсёды звыклі шчасця спрабаваць на памятку каторагасьці свайго святога)". Са Смаленска гетман не атрымліваў пра непрыяцеля ніякіх звестак — ці стаіць яшчэ пад Дарагабужам ці ўжо яго пакінуў — а паколькі „у сялян ніякае няма зычлівасці, [а] яшчэ нецнатлівыя людзі ўдаюць рэчы насуперак [праўдзе], каб нас улавілі, як і цяпер удаваць пачалі, што за смерцю цара і войскі павярнулі, і выдавалі гэта за шчырую праўду", пастанавіў выслаць раз'езд. Згодна з ананімным аўтарам „Авізы з Літвы пра маскоўскую вайну", пісанае ў лагеры пад Оршай, у склад гэтага раз'езду ўваходзілі „рота нямецкіх райтараў і трынаццаць харугваў лёгкае кавалерыі", а таксама чатыры роты драгунаў з палку Ганскопфа 30. В. Кахоўскі падае лічбу 3 тыс. „лёгкага войска", а Альбрэхт Радзівіл піша пра некалькі сот31. Паколькі першую ацэнку падае крыніца, якая непасрэдна знаходзілася ў лагеры, прымем, што раз'езд налічваў каля 1200—1400 чалавек. Камандаванне над імі прыняў обэрстлейтэнант Герман Ганскопф, дэрпцкі харунжы32 . Гетман загадаў яму „ісці пад Смаленск, і калі там непрыяцеля не застане, каб ішоў далей аж да самага Дарагабужа, дзе кажуць пра непрыяцельскае войска". „Выйшаў тады 1-ma Julii [1-га ліпеня] з Оршы князь Я[го]м[іласць]п[ан] Гетман, самога (Ганскопфа. — П. К.) праводзіў дзве мілі ад Оршы аж да Крапіўны ракі, (…) там, даўшы дабраславенства і афіцэрам нагадаўшы, каб добра спаўнялі рыцарскі абавязак, а яму [Ганскопфу. — Пер.] як старэйшаму былі паслухмяныя ва ўсім пад суровай карай, вярнуўся назад і папярэдзіў войска, што пры ім было, каб стаяла напагатове" 33. Відавочна гетман, не вельмі давяраючы Абуховічу, які не меў вайсковага досведу і да таго ж быў палітычным праціўнікам гетмана, не ведаў, як далёка пасунуўся непрыяцель углыб літоўскае тэрыторыі. Ад вынікаў гэтае разведкі залежалі далейшыя крокі літоўскіх войскаў. Калі б праціўнік знаходзіўся яшчэ пад Дарагабужам, гетман мог сваім нешматлікім войскам праводзіць дзеянні, якія б затрымалі марш маскоўскіх арміяў. Ён мог таксама адважыцца завязаць бітву з часткаю варожае арміі ў выгадных для сябе тэрытарыяльных умовах ці нават пад мурамі Смаленска. У гэтым выпадку муры магутнае фартэцыі і яе артылерыя маглі выдатна дапамагчы літоўскім харугвам (гэта было б паўтарэннем кампаніі 1632—1634 г.). Пры выкарыстанні гэтага варыянту была б таксама атрымана дасканалая аперацыйная база ў Смаленску; апроч таго, адцягваючы пачатак аблогі, удалося б лепш падрыхтавацца да абароны. Калі б націск непрыяцеля змусіў літоўскае войска адступіць за Смаленск, тады часткаю аддзелаў, галоўным чынам пяхотай, якая ў палявых ваенных дзеяннях так і не выканала ніякае ролі, а ў ходзе аблогі вельмі прыдалася б, можна было б падмацаваць абаронцаў фартэцыі. Відавочна, для арміі ВКЛ існавала вялікая небяспека : у выніку сваіх аперацыяў па затрыманні ворага яна магла апынуцца ў абложаным Смаленску ці нават быць разбітай. У выпадку, калі б праціўнік з'явіўся пад Смаленскам ці паблізу і праводзіць пералічаныя аперацыі зрабілася б немагчымым, паўтарылася б стратэгія , ужытая ў папярэдня й польска-маскоўска й вайне. Армія Радзівіла пачала б трывожыць тылы войскаў, што аблягалі цвержу, спрабуючы перакінуць у Смаленск падмацаванні. Апрача таго, яна б засланяла Літву ад маскоўскіх фармаванняў . Такая тактыка дазваляла папаўняць войскі аддзеламі, што падыходзілі з глыбі краю. Аднак дзеля поспеху належала перадусім спадзявацца, што маскоўскае камандаванне паўторыць памылкі мінулае вайны. Абодва варыянты плану дазвалялі атакаваць адну з групаў маскоўскае арміі ўсімі сіламі. Аднак другі варыянт адкрываў большыя магчымасц і для манеўру і выбару праціўніка, бо дазваляў атакаваць як галоўную армію, так і армію Трубяцкога. У свядомасці кароннай і літоўскай шляхты Смаленск лічыўся цвержаю, якую цяжка здабыць, і гэта дазваляла разлічваць на яе доўгі супраціў, які даў бы дастаткова часу, каб разбіць трэцюю маскоўскую армію. Выбар аднаго з пададзеных варыянтаў мусілі вызначыць вынікі выправы Ганскопфа. 4 ліпеня ён прыбыў у Смаленск, і, не застаўшы ні ворага, ні звестак пра яго, пераправіўся па смаленскім мосце на другі бераг Дняпра. „Адышоўшы мілю ад Багданавай Ваколіцы, (…), за мілю [ад сябе. — Пер.] знайшоў непрыяцеля, які стаяў пятнаццацю тысячамі, нічога не падазраючы "34. Гэта быў перадавы полк, які — як мы памятаем — знаходзіўся па гэты бок ракі. Аднак столькі жаўнераў у ім не было. У апісанні далейшых падзеяў крыніцы разыходзяцца . Паводле першай рэляцыі ананіма, які знаходзіўся ў лагеры пад Оршай (напісанай на падставе рапарту, дасланага гетману 6 ліпеня Ганскопфам), бой распачала сутычка драгунаў з варожаю вартаю. Ганскопф „тады казаў некалькім ротам раптоўна скочыць на варту, і калі нашыя з непрыяцельскаю вартаю так добра схапіліся, што на ёй ехаць пачалі, скочыў рашуча з усімі людзьмі і, змяшаны з Масквою, уварваўся ў непрыяцельскі лагер. І там Пан Бог дапамог, што другія і да зброі не дапалі ад страху. Біта, сечана гадзіну і больш, аднак паколькі лясы былі, то яны ратаваліся хутка дзе хто мог, але пакінулі больш за тысячу трупаў і абозныя пажыткі". Рэляцыя дапаўнялася, калі аддзел вярнуўся ў лагер. Аказалася, што неспадзяванка была поўная: ліцвіны заспелі Маскву сонную і напаўп'яную, „бо іх старшы ваявода ў той дзень на святога Яна моцна частаваў", так што не заўважылі, як „нашыя чатыры кані, потым дзесяць, потым трыццаць, зайшлі паціху ажно ў самы лагерны майдан альбо рынак". Сярод забітых згадваецца не надта прадбачлівы ваявода, якога ліцвіны называлі гетманам польным. Узята было трынаццаць харугваў, а сярод вязняў быў і царскі харунжы. Згодна з рэляцыяй, Ганскопф напаў на адзін з трох лагераў, і калі літоўскія харугвы выразалі ў ім Маскву, два астатнія, стрывожаныя гвалтам, узяліся за зброю („do sprawy przyszщy"). Калі развіднела, ліцвіны ўбачылі праціўніка, які, ачомаўшыся з неспадзяванкі, рыхтаваўся да бітвы; таму адступілі да Смаленска. Страты іх мусілі скласці 30 чалавек. У першым лісце з лагера, дзе змешчана першая рэляцыя, распавядаецца: „не здаволіўшыся тым, а дазнаўшыся, што яшчэ 20 тысяч Масквы днём за тымі падыходзіць, а другім цар з рэштаю войска і артылерыі, распаленыя ўдачаю, пайшлі далей. Але натрапілі толькі на моцную варту, якую таксама знеслі і прэч пагналі. Аж выехаўшы на адно поле, пабачылі вялікае войска і пяхоту з пікінерамі, тады ў добрым парадку пачалі адыходзіць назад. Пусцілася была за імі кавалерыя, але нічога ім учыніць не магла. Білася з імі адна варта добра, аж да аднаго броду, і там у парадку перайшлі і пераправіліся. А драгуны непрыяцеля на сабе і на мушкетах трымалі" 35. На падставе вышэй названых рэляцыяў можна меркаваць , што Ганскопф атакаваў і разбіў у начной сутычцы частку перадавога палка або аддзел кн. Фёдара Нікітавіча Адоеўскага (высланага 8/18 чэрвеня з-пад Вязьмы пад Краснае), які налічваў 9 соцень кавалерыі старога строю. Паводле далейшых рэляцыяў здаецца, што ліцвіны пераправіліся цераз нейкі прыток Дняпра і атакавалі на маршы адзін з палкоў, або, магчыма, перадавы полк, які знаходзіўся на чале галоўнае арміі (у выпадку, калі першым аб'ектам атакі быў аддзел Адоеўскага). Так можна меркаваць, бо мы не маем пацвярджэння, каб на чале арміі знаходзіўся яшчэ нейкі буйны маскоўскі аддзел. Сутычкі, праведзеныя Ганскопфам, не мелі вялікага значэння для ходу першых аперацыяў маскоўскага войска. Поспехі, здабытыя ліцвінамі, не стрымалі напору непрыяцеля і не затрымалі пачатку аблогі. Аднак яны мелі вялікае значэнне для літоўскага гетмана і для сабраных у лагеры жаўнераў. Радзівіл атрымаў звесткі пра поступ праціўніка і мог прыступіць да здзяйснення сваіх пачынаў. Пераможныя сутычкі ўзнялі ў літоўскіх жаўнерах баявы дух і веру ў перамогу. Разам з раз'ездам да лагера дабегла і вестка, што непрыяцель стаў пад Смаленскам і чакае толькі прыбыцця цара. Чакалі яго там 6 ці 7 ліпеня. У літоўскім лагеры меркавалася, што калі расійскія войскі аточаць места, сам цар „мае стаць лагерам пад Красным. Абяцае, што і нас хутка мае наведаць і ўглыб у Літву мерыцца" 36. Як відаць, літоўскі бок усведамляў маскоўскі я планы, або нават ведаў пра іх ад уласнай выведкі. 27 чэрвеня/6 ліпеня перадавы полк падышоў пад Смаленск. Праз два дні быў закладзены лагер на Багданавай Ваколіцы, а праз тыдзень — на Дзявочай Гары. Яшчэ раней, 1/10 ліпеня, Нікіта Адоеўскі — камандзір гэтага палка — выслаў аддзел пад камандаю кн. Івана Дашкова (з двух прыказаў стральцоў і трох соцень кавалерыі) на Пакроўскую Гару. Дашкоў меў збудаваць там „земляны горад" (форт), каб размясціць у ім пяхоту і артылерыю. Быў таксама збудаваны мост на Дняпры37. Тым часам Радзівіл, як відаць, ад пачатку вайны аддаваў ініцыятыву ў рукі праціўніка. Згодна з літоўскімі крыніцамі, на працягу першых тыдняў ліпеня паміж раз'ездамі абодвух бакоў адбываліся сутычкі. У іх адзначыўся Станіслаў Ян Ліпніцкі — паручнік казацкае харугвы харунжага надворнага літоўскага Зыгмунта Слушкі. Пад вёскаю Палоннае ягоны раз'езд, складзены з чатырох харугваў кавалерыі і 2 тысяч аршанскага паспалітага рушання, разбіў два раз'езды ворага, якія налічвалі 200 і 600 чалавек. Атака на большыя маскоўскі я сілы скончылася няўдала. На пачатку бою аршанцы кінулі аддзел Ліпніцкага, дарогу назад яму загароджвалі іхныя абозы, і ён мусіў прабівацца праз непрыяцеля, страціўшы пры гэтым „некалькі таварышаў, больш за дзесяць пахолкаў" 38. Калі не лічыць гэтых сутычак, літоўская армія стаяла ў бяздзейнасці 39. Толькі 20 ліпеня Радзівіл узняў харугвы і без абозу выступіў з лагера. Атакаваў ён там, дзе мог разлічваць на поспех. Скарыстаўшы падзел сілаў праціўніка, ён ударыў на армію Трубяцкога. Раз'езды Ліпніцкага ўмацавалі гетмана ў перакананні, што галоўная армія застанецца пад Смаленскам, занятая яго здабыццём, і не перашкодзіць аперацыям літоўскіх войскаў. Трубяцкі, заняўшы без бою 17/27 чэрвеня Рослаў40, маршаваў на Мсціслаў. Здабыча гэтага места адкрывала перад трэцяй арміяй дарогу на Оршу. Апроч таго, яно дазваляла ўдарыць у Магілёўскім або Смаленскім кірунку. У першым выпадку аддзелы Трубяцкога маглі апынуцца ў тылах войскаў ВКЛ, калі б тыя распачалі наступальныя дзеянні супроць галоўнай царскай арміі, аблажыўша й Смаленск, і пагражаць іхным камунікацыйным лініям. Злучэнне абедзвюх маскоўскіх арміяў пад Смаленскам стварала для Радзівіла вялікую пагрозу. Злучаныя войскі праціўніка колькасна перавышалі літоўскую армію ў пяць разоў, і каб прыкрыць аблогу Смаленска, маглі атакаваць і разбіць яе. Гетман, карыстаючыся з нагоды, пастанавіў знішчыць найслабейшую частку праціўніка. Момант ён для гэтага выбраў найлепшы. Войскі Трубяцкога падыходзілі пад Мсціслаў, і Радзівіл мог або ўдарыць на тылы арміі аблогі, або завязаць з ёю бітву пад мурамі, маючы падтрымку гарадскіх умацаванняў і артылерыі. Мсціслаў баранілі мяшчане і пяць харугваў ваколічнае шляхты41. Згодна з Л. Абэцэдарскім, на помач месту ішла частка паспалітага рушання, праўдападобна з мсціслаўскага павету, на чале з Міхалам Пасахоўскім. Але маскоўскія аддзелы не дапусцілі іх да места і разбілі на подступах да Мсціслава 42. Магчыма, гэта быў той самы літоўскі аддзел, пра які гетман успамінае ў лісце да віленскага біскупа і які сімуляваў вылазку, каб даць магчымасць пяці харугвам шляхты бяспечна выйсці з места, што апынулася пад пагрозай. У горадзе засталіся мяшчане і нейкая невядомая дакладна колькасць шляхты. І тут пачынаюцца два розныя апісанні падзеяў. Паводле польскіх крыніц, маскоўскія войскі атакавалі места, здабылі яго штурмам і выразалі частку абаронцаў. Радзівіл наўпрост пісаў „пра здабыццё, высячэнне і спаленне Мсціслава" 43. Адзін з ацалелых ад пагрому чальцоў гарнізону, Коцел, рапартаваў, што войскі Трубяцкога „здабыўшы штурмамі і агнём мсціслаўскі замак і паркан, усялякі шляхецкі народ, мяшчан і жыдоў, таксама ўсялякае паспольства ўпень выразалі, потым, адтрубіўшы [перамогу], з трупаў выцягваючы жывых, каго знайшлі, у палон на Маскву забралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан усё агнём спалілі і дашчэнту спустошылі" . Пра гэтую падзею распавядае і фрэска, намаляваная ў касцёле айцоў камедулаў у Мсціславе. Аўтар працы пра гэтую фрэску, Ян Обст, пісаў у сваім артыкуле, што „насельніцтва гэтага места было ў той час выразана амаль упень, да таго, што нешматлікіх ацалелых жыхароў і іхнае патомства называлі „недасекамі"» 44. У „Дварцовых разрадах" таксама ідзецца пра штурм і выразанне Мсціслава 45. Версію т. зв. „мсціслаўск ай разні", вядомай таксама пад назваю „разні Трубяцкога" , спрабаваў абвергнуць, грунтуючыся на пазнейшых царскіх дакументах, Л. Абэцэдарскі 46. Ён паставіў пытанне: чаму Трубяцкі адкрыта парушыў палітычныя дырэктывы маскоўскіх уладаў, дапускаючы забойства мяшчан, якія не мелі абавязку ваеннае службы? Сваё меркаванне ён грунтуе на двух дакументах. Першы з іх — царская грамата, высланая ў траўні 1655 г. да бурмістра і радных места Мсціслава, у якой напісана, „што мяшчане Мсціслава… дабілі чалом і аддаліся (…) пад высокую гаспадарскую руку". Места захавала магдэбурскае права, свабоду гандлю, а мяшчане атрымалі ўзнагароду за добрую службу. Другі дакумент на карысць тэзы Абэцэдарскага, — просьба шляхцянкі Раіны Куровіч пра пацвярджэнне валодання маёнткам. „Раіна пісала, што калі войска Трубяцкога пайшло на штурм, шляхта, не маючы ў замку правіянту, пораху і людзей на абсаду валоў, мусіла здаць замак". Аўтар цвердзіць таксама, што маскоўскія ўлады, займаючы беларускія землі, маглі абаперціся толькі на шляхту і багатае мяшчанства, а факт выразання Мсціслава мог адштурхнуць шляхту і мяшчан у іншых местах і ўмацаваць іх у рашучасці чыніць супраціў царскім войскам. Штопраўды, Абэцэдарскі прызнае: „відавочна, штурм ня мог быць бяскроўны. Аднак вядома, што большыя страты панеслі тыя, хто штурмаваў". Праўдзівасць актаў, змешчаных у 34 томе АВАК, ён ставіць пад сумнеў, цвердзячы, што гэткім чынам шляхта хацела затушаваць невыкананне сваіх абавязкаў, уцёкі і здачу замка. Пакіньма аднак справу разні. Для нас больш істотны той факт, што 12/22 ліпеня Мсціслаў быў здабыты войскамі Трубяцкога. Гэта перакрэсліла першапачатковыя планы Радзівіла і паставіла яго ў горшую пазіцыю. Гетман, аднак, не спыніў сваіх дзеянняў. З сабою ён вёў толькі кавалерыю, і таму мусіў рухацца з вялікай хуткасцю. Аднак „…непраходныя пераправы, сапсутыя няспыннымі непагадзямі, спрычынялі вялікае спазненне", „а з прычыны кепскіх пераправаў мы не маглі напасці на непрыяцеля так хутка, як жадалі". У дарозе гетман даведаўся пра падзенне Мсціслава, але спыніць акцыю і вярнуцца ў лагер яго змусіла іншая вестка. Пра гэта ён пісаў у лісце да віленскага біскупа: „Я ведаў напэўна, што да непрыяцел я, (…) засцеражона га ўжо нашымі незычлівымі сялянамі, ужо па здабыцці (…) Мсціслава прыбылі вялікія падмацаванні з Смаленска; тым не менш я жадаў зносіць гэтага непрыяцеля, наважыўшыся ўзяць на сябе помсту за пралітую кроў брацці сваёй, і пастанавіў быў іншай стараною, сыйшоўшы яму на смаленскі гасцінец, нечакана падысці з таго боку, хоць і небяспечна было заходзіць паміж двух войскаў, але пры вайсковай ахвоце шпарка ўсё магло стацца". Аднак да здзяйснення гэтага смелага намеру, які абяцаў поспех, але адначасна быў вельмі небяспечны, не дайшло. Атака збоку на армію Трубяцкога была затрыманая, пра што далей у лісце гетман пісаў: „Ажно калі in ipso puncto [у самым пункце] прывядзення гэтага пачыну да выніку, заспелі мяне ў Горах весткі і з Оршы, і з самога Смаленска крадком, і з іншых розных месцаў, што ўвесь амаль што маскоўскі конны атрад, выпраўлены з немалою часткаю падрагуненае пяхоты, гэтаксама і з часткаю артылерыі са Смаленска на знішчэнне войска, вісіць ужо пад лагерам у Оршы, пакінутым без гарнізону (бо няма зусім чаго дзяліць), мусіў я з вялікім нездавальненнем ад сапсутага пачыну ўчыніць адступленне да Оршы"47. Конны аддзел, што кіраваўся ў бок Оршы, быў войскам кн. Якава Чаркаскага. У яго склад уваходзіў кіраваны ім вялікі полк і дзве іншыя адзінкі: кіраваны Нікітам Адоеўскім перадавы полк і вартаўнічы полк на чале з Міхаілам Цёмкін-Растоўскім 48. Пра колькасць гэтага аддзелу мы не ведаем нічога, бо даступныя крыніцы ці маўчаць, ці падаюць завышаную лічбу. Напрыклад , Радзівіл пісаў пра 40 000 жаўнераў 49. Беручы пад увагу тое, што згодна з Мальцавым пад Смаленскам у заключнай фазе аблогі знаходзілася 27 палкоў, а ў лагеры заставаўся лёгкі полк, можна прыняць, што аддзел Чаркаскага налічваў не менш як 10 тыс. і не больш як 15 тыс. Сярод адзінак, якія выступілі з ім, знаходзіліся прынамсі тры палкі кавалерыі новага строю на чале з „Піліпам Альбертам ван Буковенам, Лорэнцам Марлотам і Юрым Заксам". Заданнем Чаркаскага было „нанесці паразу Радзівілу, выйшаўшы глыбока ў тыл, не дапусціць прарыву польска-літоўскіх войскаў да абложанага Смаленска, а ў выпадку неабходнасці прыйсці на дапамогу арміі Трубяцкога". Калі б гетман прадоўжыў марш на Мсціслаў, Чаркаскі меўся дагнаць яго і, злучыўшыся з Трубяцкім, даць яму бітву. А калі б той змяніў свае планы і адступіў пад Оршу, маскоўскі камандзір меўся не дапусціць яго да Смаленска 50. Перад пагрозаю страты лагера — пра які пісалася, што „калі б мы на дзень ці меней запазніліся, ужо попел заспелі б" — і аддзелаў, што там знаходзіліся, і абкружэння дзвюма непрыяцельскімі групоўкамі, гетман вярнуўся пад Оршу. У лагеры ён апынуўся ужо на пачатку жніўня. Пад час гэтых першых баёў ягоныя сілы выраслі прыблізна да 8 тыс.. Гэта былі перадусім аддзелы рэгулярнага войска (komputowe), бо паспалітае рушанне ў лагеры не з'явілася. Пра гэта гетман пісаў, скардзячыся, што „ані паноў, ані шляхты тутэйшае, якія дагэтуль лічыліся тысячамі і для каго соймы — тэатр досціпаў і кпінаў з заслужаных, з тых цяпер ніводнага не відаць". Вярнуўшыся ў лагер, гетман хутка прыняў рашэнне і ўжо 5 жніўня выправіў абозы і артылерыю пад Копысь, а сам з усімі сіламі, якія меў у сваім распараджэнні, выйшаў у поле перад Оршай і там „чатыры дні і ночы стаяў у баявым парадку, чакаючы непрыяцеля" 51. Радзівіл наважыў стаць супраць найбольш грознай для яго сілы — групоўкі Чаркаскага. Ад арміі Трубяцкога яго аддзяляў Дняпро, а ўсе пераправы знаходзіліся яшчэ пад літоўскім кантролем. Калі б ён ажыццявіў удар па Трубяцкому , страціў бы не толькі лагер з пяхотай, артылерыяй і абозамі, але і апынуўся б у акружэнні на Усходняй Беларусі, у трохкутніку паміж галоўнай арміяй цара, групоўкай Трубяцкога і аддзеламі Чаркаскага, які адсякаў яго ад Літвы. Чаркаскі пакінуў лагер пад Смаленскам 9/19 ліпеня52. 8 жніўня гетман даносіў, што, вярнуўшыся да Оршы, застаў непрыяцеля „за шэсць толькі міляў (…) размешчанага", г. зн. каля 43 км ад літоўскага лагера53. Ананімны аўтар ліста, высланага 14 жніўня з лагеру, пісаў, што толькі 9 жніўня аддзелы Чаркаскага завязалі баявы кантакт з літоўскаю арміяй54. Што прымусіла маскоўскую групоўку так позна з'явіцца пад Оршай і чатыры дні, а можа і даўжэй, адкладаць напад на войска ВКЛ? Можа, яны чакалі прыбыцця Трубяцкога, каб разам з яго аддзеламі ўдарыць па ліцвінах? Можа, гэтае спазненне было выклікана тэрытарыяльнымі ўмовамі правага берага Дняпра, уздоўж якога, праўдападобна, рухаўся Чаркаскі? Раз'езды арміі ВКЛ завязалі баявы кантакт з непрыяцелем у раёне Міхава. Частка аддзелаў Чаркаскага, „…заехаўшы за Оршыцу, гародню Я[го міласці]п[ана ] ваяводы мсціслаўска га, і Мензаў Я[го міласці]п[ана ] старасты жмудскага, запалілі іх і вярнуліся назад да войска". Радзівіл, „бачачы такую вялікую непрыяцельскую моц, адступіў памалу мілю з таго боку Оршы да Барані". Потым літоўскія войскі адступілі яшчэ далей на поўдзень, у раён Копыся. Гетман збіраўся адступіць пад Магілёў і там чакаць удару праціўніка, „каб і войска з фартэцыі мела падмогу, і фартэцыя падчас штурму ад войска"55 . Аднак націск непрыяцеля не дазволіў рэалізаваць гэтыя намеры. Радзівіл быў змушаны пакінуць Копысь і адступіць да Шклова. Чаркаскі, ідучы следам за адступаючым літоўскім войскам, аблажыў Оршу, а па яе капітуляцыі падаўся ў раён Копыся. На другім баку Дняпра да таго ж места набліжаўся Трубяцкі 56. Чаркаскі рушыў за ліцвінамі, і, ведучы баі з літоўскімі раз'ездамі, паволі падыходзіў да Шклова. Радзівіл адаслаў абоз і пяхоту з артылерыяй пад Галоўчын, а сам з кавалерыяй вырашыў прыкрываць іхнае адступленне . 12 жніўня а 14 гадзіне „князю гетману з раз'езду паведамілі, што непрыяцельскае войска было відаць за паўтары або дзьве мілі [каля 10—14 км]"57. Гетман і літоўскае войска, якое ў той дзень згадзілася чакаць платы да 9 лістапада, былі паднятыя па трывозе весткаю, што „непрыяцель з'явіўся пад Шкловам і напаў на варту". Радзівіл кінуў у атаку некалькі харугваў, якія пагналі непрыяцеля. Праўдападобна, гэта быў згаданы Мальцавым атрад на чале з Юрыем Баратынскім 58. У часе пагоні за праціўнікам літоўскія харугвы спаткалі яшчэ некалькі непрыяцельскіх адзінак, але тыя, пабачыўшы ліцвінаў, адступілі, палячы па дарозе вёскі і фальваркі. Радзівіл перасунуў тады свае харугвы да пераправы цераз раку Шклоўку, дзе ягоныя флангі ахоўвалі з аднаго боку горад, а з другой ставы і яры. Атакі непрыяцеля ён чакаць не стаў, а ўжо ў той самы дзень наважыў справакаваць праціўніка на бітву. З гэтаю мэтай ён выслаў на перадполле „з свае казацкае харугвы ўсяго дзесятак з лішкам таварыства, (…) даўшы ім у падмогу адною далінаю тры казацкія харугвы" 59. Подступ цалкам удаўся, і непрыяцель атакаваў гатовае да бітвы войска Радзівіла. Згодна з аўтарам рэляцыі пра бітву, харугвы ВКЛ, прыкрытыя з флангаў драгунамі, што стаялі ў ярах, пераправіліся на другі бок ракі Шклоўкі, бо цэлых палкоў дзеля кепскае пераправы [гетман. — П. К.] пасылаць не мог. Бой доўжыўся некалькі гадзін, і не было ніводнае харугвы, якая б не білася пяць ці шэсць разоў. Пасля больш як пяцігадзіннае бітвы Радзівіл, бачачы, што да непрыяцеля з недалёкага абозу можа надыйсці падмога, кінуў усе харугвы ў адчайную атаку. Здабыць поспех ліцвінам дапамог выпадак. Полк маскоўскіх райтараў у замяшанні кінуўся наўцёкі [oddal salwe] да Масквы. Непрыяцеля гналі больш як мілю, аж да самога абозу і пяхоты, што была пры ім. Зыход бітвы, якая пачалася пад Шкловам, застаўся фактычна нявырашаны . Абодва бакі абвясцілі пра сваю перамогу, і да сёння ў працах на тэму гэтае бітвы гісторыкі абедзьвюх краін прыпісваюць перамогу кожны свайму боку60. Войска ВКЛ, нягледзячы на перавагу праціўніка, разбітым не было (з яго боку ў бітве бралі ўдзел толькі кавалерыя і драгуны) і засталося гаспадаро м поля бою, што было важным псіхалагіч ным дзейнікам і дазваляла абвясціць пра сваю перамогу. Бітва гэтая мусіла ўзняць у жаўнерах баявы дух, падарваны дагэтуляшнім адступленнем перад праціўнікам. Але ў той жа час перамога гэтая была купленая дарагою цаною. Невядомы аўтар пісаў з Вільні: „нашыя tandem [урэшце] здабылі поле і вікторыю, але з немалою паразаю, якая мусіць быць вельмі значнаю для малога войска (…). Усіх палеглых налічваюць 700 чалавек" 61. Альбрэхт Радзівіл піша пра 200 забітых, і ён, здаецца, найбліжэйшы да праўды. Агулам страты — забітымі, параненымі і прапаўшымі без весткі — маглі скласці каля 700 чалавек62 . У цэлым літоўская армія панесла значныя людскія страты — каля 11% свайго агульнага складу — і не магла кампенсаваць гэтага колькасцю стратаў праціўніка. На жаль, памеры апошніх вызначыць цяжка. Даступныя расейскія крыніцы пра іх маўчаць, а ў польскіх адпаведная лічба вагаецца ад 3 да 7 тыс. Але нягледзячы на вялікія страты, аддзелы Чаркаскага захавалі баяздольнасць, а на другім беразе Дняпра знаходзілася некранутая армія Трубяцкога. Чаму Радзівіл рашыўся даць бітву акурат пад Шкловам? Што схіліла яго да гэтага? Чаму ён не здзейсніў сваіх планаў даць бітву пад Магілёвам? Прычыну гетман падаў у лісце да караля з Галоўчына, пісаным праз два дні па сутычцы. „Я ж знюхаў непрыяцельскую задуму, што гэты ягоны выпад не рэкагнаскаваннем войска і месца пахне, лёгка здагадаўся, што ён сваім звычаем меўся назаўтра наступаць. Тады я палічыў за лепшае, у гатоўнасці ўжо будучы, апярэдзіць і задаць яму патрэбу бітвы, а не чакаць, каб сам ён, неаслаблены, сваімі фартэлямі задаў нам трывогу" 63. Магчыма, на рашэнне аб прыняцці бітвы мелі ўплыў і зручныя для войска Вялікага Княства тэрытарыяльныя ўмовы — натуральнае прыкрыццё абодвух крылаў — і ўсё горшая дысцыпліна ў харугвах, падарваная адступленнем і нястачаю платы. Апроч таго, далейшае адступленне магло прывесці да злучэння Чаркаскага з Трубяцкім. Хоць лёс бітвы і нявырашаны, для ліцвінаў яна стала поспехам: яны не былі разбітыя больш шматлікім праціўнікам і, хоць панеслі значныя страты, заставаліся значнаю сілаю, якая магла ствараць пагрозу маскоўскім войскам. Аднак уночы гетман загадаў адступаць у Галоўчын. Аддзелы Чаркаскага таксама кінулі ваколіцы Шклова і сталі лагерам паміж Оршай і Копысем64 . Выпраўленая на поле бою чэлядзь прывяла да гетмана селяніна, „які ўцякаў ад Масквы і сказаў пра моц гэтага войска: апроч таго, якое ішло з Оршы, і таго, што пад Мсціславам было, усё да іх сунулася і гадзіну толькі запазнілася на бітву. Пацвердзіў і тое, што трывога ў іх па гэтай бітве была вялікая: тыя зараз жа да Оршы адступілі, а другія, мсціслаўскае войска, перапраўляліся цераз Дняпро, страшна топячыся" 65. Насампраўдзе 4/14 жніўня войска Трубяцкога стаяла яшчэ пад Копысем, бо места капітулявала толькі ў гэты дзень66. Таго ж дня Трубяцкі атрымаў загад заняць Барысаў і прадоўжыць дзеянні супроць Радзівіла замест Чаркаскага. Аднак гетман пастанавіў спраўдзіць вестку аб пераправе арміі Трубяцкога. 16 жніўня ён выслаў з гэтай мэтай раз'езд у 1000 коней на чале з падстолім літоўскім Аляксандрам Гілярым Палубінскім. Аддзел гэты, не напаткаўшы „на тым баку Дняпра" непрыяцеля, даведаўся ад падстрэленага „Масквіціна селяніна", што „па колішняй бітве Масква з вялікім трэскам пераправілася цераз Дняпро і злучылася з Трубяцкім: бо і наш дазор, пачаўшы ад Копысі аж да лагеру, на свае вочы бачыў вялізную сілу намётаў і вялікі абоз"67 . Радзівіл, супакоены гэтымі весткамі, дазволіў сваім аддзелам адпачыць, не забываючы засцерагацца ад неспадзява ных перасоўванняў праціўніка. Да 20 жніўня ў літоўскі лагер не даходзіла ніякіх вестак пра захады праціўніка. Занепакоены гэтым фактам, гетман зноўку выслаў у разведку аддзел Палубінскага. Ужо ўвечары ён атрымаў ад яго інфармацыю, што „непрыяцель пераправі ўся цераз Дняпро пад Копысем" і кіруецца ў бок літоўскага лагера. Уночы раз'езд бачыў варожыя абозы — знак, што непрыяцель атакуе ўсімі сіламі. Палубінскі пастанавіў „вешацца" на праціўніка, і ўжо наступнага дня, 21 жніўня, адбылася першая сутычка з авангардам Трубяцкога пад мясцовасцю Смятанічы . Ліцвіны спраўна адступілі пад самы Галоўчын, падцягваючы праціўніка да лагеру сваіх войскаў68 . Пад Галоўчын маскоўскія войскі падышлі ўвечары і сталі лагерам на адлегласці паўмілі ад праціўніка, не хочучы распачынаць бітву на змярканні. Мусіць, Шклоў нагадаў маскоўскім аддзелам пра сілу літоўскіх харугваў. Гетман таксама гэтым разам не рызыкнуў біцца і пад покрывам ночы распачаў адыход у бок Бялынічаў. Праўдападобна, падставаю такога рашэння была перавага праціўніка і адсутнасць адпаведных тэрытарыяль ных умоваў. Пад Бялынічамі ліцвіны занялі абарончую пазіцыю за ракою Друццю і чакалі руху праціўніка. Аднак раз'езды, выпраўленыя ўвечары таго ж дня, 22 жніўня, не здабылі пра непрыяцеля ніякіх вестак, адно што ён паліць усе вёскі і шляхецкія двары. Увесь наступны дзень, 23 жніўня, войска Радзівіла знаходзілася пад Бялынічамі. Прычынаю гэтае бяздзейнасці была хвароба гетмана, які „аніяк не мог ні стаць, ані на каня сесці"69. Здаецца, аднак, застацца пад Бялынічамі мог прымусіць і той факт, што харугвы займалі добрую абарончую пазіцыю, а адсутнасць звестак аб праціўніку магла сведчыць і пра ягоную бяздзейнасць. Наколькі для маскоўскіх войскаў такія паводзіны былі ім на карысць, настолькі для арміі ВКЛ гэта было непажадана, бо тым часам непрыяцель мог, напрыклад, атрымаць падмацаванне. Камандаванне ВКЛ меркавала, што паколькі дагэтуль маскоўскія аддзелы заўсёды пасоўваліся ўслед за ліцвінамі, то і гэтым разам яны падыдуць пад літоўскія пазіцыі, дзе будуць змушаныя прыняць бітву ва ўмовах, накінутых Радзівілам. На жаль, план не ўдаўся. Войскі Трубяцкога, якія ад 21 жніўня захоўвалі вялікую асцярожнасць і свядома не завязвалі баявога кантакту з праціўнікам, унікаючы галоўных дарог, знайшлі брод цераз Друць пад Цяцерынам. Толькі там іх заўважылі літоўскія раз'езды. Уранку 24 жніўня літоўскі лагер быў узняты па трывозе гэтаю весткаю і фактам, што непрыяцель „заступае дарогу нашаму войску". Вось жа, Радзівіл згарнуў лагер і падаўся на Супельніцы . Ва Уладыслававай Слабадзе яго армія падзялілася. Абозы пад прыкрыццём Палубінскага выступілі ў бок Заазёраў, а астатняя частка войскаў рушыла маршам у бок Супельніц. Іх авангард складалі тры харугвы: падкаморага рэчыцкага Высоцкага, старасты жамойцкага Яна Караля Глябовіча і Быхаўца. Рушыўшы на ворага, Радзівіл выкарыстоўваў адзіны шанец захаваць правы бераг Дняпра пад сваім кантролем. Далейшае адступленне пагражала стратаю ўсходняе Беларусі. І што найважней, стратаю лучнасці з абложаным Смаленскам. Адмоўным бокам рашэння прыняць бітву было тое, што Радзівіл мусіў прыняць яе ва ўмовах, прадыктаваных выпадкам, там, дзе спаткаецца з праціўнікам. Сутыкненне адбылося пад Шапялевічамі . Скончылася яно паразаю і разбіццём літоўскае арміі. Страты, згодна з гетманам, складалі каля 1000 чалавек70 . Страчаныя былі амаль уся артылерыя, абоз з паловаю ваенных запасаў. Літоўская пяхота была знішчаная — згодна з крыніцамі, было перабіта дванаццаць харугваў пяхоты71. Такія ж вялікія страты панеслі літоўскія драгуны. Цяжка вызначыць, колькі жаўнераў палегла ў войсках Трубяцкога. У маскоўскіх крыніцах ідзецца пра некалькі палеглых. Сам Радзівіл пісаў, што маскоўскія страты былі большыя за літоўскія, але паверыць у гэта цяжка, асабліва ўважаючы на тое, што спраўдзіць ён не меў магчымасці. Адступаючы пасля прайгранай бітвы на захад, аддзелы Вялікага Княства страцілі сувязь з гетманам. Пад час адыходу ён знаходзіўся ў калоне, якую маскоўскае войска атакавала найбольш. Ацалелыя харугвы, пазбаўленыя камандзіра, Палубінскі сабраў у Смалявічах , паміж Барысавам і Менскам72 . Тут, 26 жніўня, да іх дайшоў гетманскі загад, „каб сабраліся гуртам і спяшаліся да Менску, дзе і кн[язь] Я[го]м[ас]ць сам стаў дня 27 з Барысава". Пад канец верасня там знаходзілася каля 4 тыс. жаўнераў 73. Параза пад Шапялевічамі і адступленне арміі Вялікага Княства за Бярэзіну мела вялікае значэнне для ходу ваенных дзеянняў на ўсходняй Беларусі. Былі перакрэсленыя шанцы на хуткую дапамогу абложанаму Смаленску і іншым местам. Параза Радзівіла адабрала шмат у якіх местаў надзею на ратунак і была прычынаю капітуляцыі некалькіх замкаў. Маскоўскім арміям адцясненне праціўніка за Бярэзіну давала поўную свабоду ў здабыцці беларускіх гарадоў, якія яшчэ працягвалі бараніцца. Штопраўды, Трубяцкі мог ударыць на Вільню, але здаецца, царскае камандаванне пастанавіла лепш для торгу здабыць добрую пазіцыю ў выглядзе Смаленска, чымся пайсці на страту аднае з арміяў. Цяпер толькі доўгатрывалая абарона Смаленска магла ўратаваць усходнія тэрыторыі Вялікага Княства. Яе магчымасці паказала кампанія 1632—1634 г. Зрэшты, у цяперашняй сітуацыі гэта было адзінае выйсце. З польскай пераклаў Мікола Раманоўскі ДАДАТАК: 1 Л. Кубаля (Kubala L. Wojna moskiewska 1654/55. Warszawa, 1910) займаўся перадусім унутранай сітуацыяй Польшчы і канфліктам паміж Янам Казімірам і Янушам Радзівілам. Ю. Можы (Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Bialorusi w drugiej polowie XVII w. Poznan, 1965), Г. Віснэр (Wisner H. Dzialalnosc wojskowa Janusza Radziwilla // RB. T.13. Bialystok, 1976) і Т. Васілеўскі (Wasilewski T. Ostatni Waza na polskim tronie. Katowice, 1982) прысвяцілі кампаніі фрагменты сваіх прац, не заглыбляючыся ў тэматыку. Працы А. Мальцава (Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. Москва, 1974; Война за Белоруссию и освобождение Смоленска в 1654 г. // Исторические записки. 37 (1951) паказалі хаду збройных дзеянняў, але не без памылак і перайначанняў. Л. Абэцэдарскі (Абецедарский Л. С. Борьба белорусского народа за воссоединение Белоруссии с Россией в середине XVII в., у кн.: Воссоединение Украины с Россией 1654—1954. Сборник статей. Москва, 1954. Освободительная борьба народных масс Белоруссии во время русско–польской войны 1654—1667 гг., у яго кн.: Белоруссия и Россия. Очерк русско–белорусских связей второй половины XVI—XVII в. Под ред. З. Я. Копысского, Минск, 1978) і А. Навасельскі (Новосельский А. А. Очерк военных действий боярина Василия Петровича Шереметева в 1654 г. на новгородском фронте, у яго кн.: Исследования по истории эпохи феодализма. Москва, 1994) апісалі толькі выбраныя фрагменты баёў на беларускім фронце. Цэльны вобраз кампаніі падаў Г. Сагановіч (Невядомая вайна 1654—1667 г. Мінск, 1995). 2 Herbst St. Wojna moskiewska 1507—1508, у кн.: Potrzeba historii czyli o polskim stylu zycia. T. II. Warszawa, 1978. S. 233—234. 3 Гл.: Historia dyplomacji polskiej. T. II. Warszawa, 1982. S. 169—170. Таксама: Wojcik Z. Dzieje Rosji. Warszawa, 1975. S. 130—142. 4 Мальцев А. Н. Россия..., с. 23. 5 Заборовский Л. В. Россия, Речь Посполитая и Швеция в середине XVII в., у: Из истории международных отношений в Восточной и Юго–Восточной Европе. Москва, 1981. C. 30. 6 Ключевский В.O. Курс русской истории. Ч. 3. Москва, 1908.C. 277. 7 Очерк военных действий… С. 118. 8 Мальцев А. Н. Россия... С. 38. Пры цары, як дарадца, знаходзіўся кн. Іван Хаванскі. 9 Чернов А. В. Вооруженные силы русского государства второй половины XVII века. Москва, 1954. С. 161—162. Гл. таксама: Сташевский Е. Д. Смета военных сил московского государства. Киев, 1910. 10 Мальцев А. Н. Россия... С. 29, 44. 11 Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России (далей АЮЗР). Т. X. С. 506, 682. Мальцев А. Н. Россия... С. 37. Войскі Залатарэнкі складаліся з палкоў нежынскага, старадубаўскага і чарнігаўскага. 12 Kubala L. Wojna… S. 406, заўв. 28. 13 Тамсама, с. 220—221. Grabowski A., Ojczyste spominki, t. I, Krakow 1845, ss. 118, 123, 126. 14 А. Н. Мальцев. Россия..., passim. 15 Тамсама, с. 23. 16 Тамсама, с. 26—28. 17 Акты Московского Государства (далей АМГ). Т. II. С. 357, 359, 370. 18 Тамсама, с. 363—364, 370. 19 Мальцев А. Н. Россия... С. 39. 20 Гэта дата атрымання паведамлення царом, які знаходзіўся на той час ужо ў Дарагабужы (гл.: Дворцовые разряды (далей Д. Р.). Т. III. С.–Петербург, 1852. С. 430). Мальцаў падае, што Растоўскі выслаў гэтую вестку 4 чэрвеня (гл.: Мальцев А.Н. Россия... С. 39). Але ён пры датаванні вельмі часта блытае стылі. 21 Д. Р., т. III, с. 431. 22 Тамсама, с. 425. Пар. таксама: Мальцев А. Н. Россия... С. 39. 23 Тамсама, с. 426. Тут пералічваюцца камандзіры сотняў. 24 Д. Р. С. 426—427. 25 Тамсама, с. 427—428. Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия... С. 40. 26 Тамсама, с. 429—430. 27 Radziwill A.S. Pamietniki o dziejach w Polsce. Т. III. Warszawa, 1980. S. 418. 28 Археографический Сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси (далей АСЗР). T. XIV. C. 42. 29 Radziwill A.S. Pamietniki ... S. 421. 30 Michalowski J. Ksiega pamietnicza. Wyd. A. Z. Helcel. Krakow, 1864. S. 721. 31 Kochowski W. Historyja panowania Jana Kazimierza. T. I. Wyd. E. Raczynski. Poznan, 1859. S. 179; Radziwill A. S. Pamietniki... S. 432. 32 Michalowski J. Ksiega pamietnicza. S. 721. В. Кахоўскі (s. 179) называе другім камандзірам палкоўніка Мірскага. Ім мог быць або Рыгор Мірскі, вялікі стражнік літоўскі, або ягоны сын Геранім. 33 Michalowski J. Ksiega pamietnicza. S. 721. 34 Тамсама, с. 722. 35 Тамсама, с. 723. 36 Тамсама, с. 722—723. 37 Д. Р. С. 434. Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 40. 38 Grabowski A. Т. I. S. 109. Polski Slownik Biograficzny (далей PSB). T. XVII. S. 410. 39 Гэтую стратэгію зразумець цяжка. Можа, гетман чакаў падмацаванняў або вайсковых адзінак, якія ўсцяж наплывалі ў лагер? Можа, аддаўшы ініцыятыву ў рукі непрыяцеля, чакаў адпаведнага моманту, каб ударыць у абраным месцы? Можа чакаў, пакуль праціўнік зробіць памылку і падставіцца пад удар? 40 J. Morzy, Kryzys demograficzny…, с. 38. 41 Grabowski A. Т. I. S. 112. 42 Абецедарский Л. С. Освободительная война... С. 152. 43 Grabowski A. Т. I. S. 112. 44 Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссией (далей АВАК). Т. XXXIV, passim. Там знаходзяца акты справаў пра страчаныя падчас аблогі дакументы. Рапарт Коцела гл. V.S. Т. I. С. 324; Grabowski A. Т. I. S. 112. Гл. таксама: Obst J. Fresk w kosciele Mscislawskim // Litwa i Rus. T. II. Cz. 1. S. 31. 45 Д. Р. C. 435. 46 Абецедарский Л. С. Освободительная война... С. 151—153. 47 Grabowski А. Т. I. S. 109, 112—113. 48 Д. Р. С. 434—435. 49 Grabowski A. T. I. S. 113. 50 Гл.: Мальцев А. Н. Россия… С. 29, 42, 44. 51 Grabowski A. Т. I. С. 109, 113, 117. 52 Д. Р. С. 434. 53 Grabowski A. Т. I. S. 113. Вазы гетман выправіў ужо 5 жніўня. 54 Тамсама, с. 117. 55 Тамсама. 56 Мальцев А. Н. Россия… С. 42. 57 Grabowski A. T. I. S. 114. 58 Мальцев А. Н. Россия… С. 42—43. 59 Гл.: Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamieci. Wyd. E. Galas, i F. Mincer. Pod red. nauk. Wl. Czaplinskiego. Wroclaw, 1968. S. 191—195; Grabowski A. T. I. S. 115—116. Рэляцыя ўдзельніка баёў. 60 Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamieci. S. 193—194; Д. Р. С. 440; Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 43; Kubala L. Wojna... S. 222. 61 Grabowski A. T. I. S. 121. 62 Калі б гэта былі страты забітымі, то, прыняўшы суадносіны забітых і параненых як 1:4, атрымаем агульную лічбу стратаў каля 2800 чалавек. Такая колькасць выглядае завялікаю ў параўнанні з колькасцю літоўскага войска і часу, калі вялася бітва (крыніцы называюць папалуднавы тэрмін). 63 Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamieci. S. 191. 64 Grabowski A. T. I. S. 117; Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 43. 65 Grabowski A. Т. I. С. 117. 66 Мальцев А. Н. Россия… С. 42, заўв. 61. 67 Grabowski A. Т. I. С.122. 68 Тамсама. 69 Тамсама. 70 Kotlubaj E. Zycie Janusza Radziwilla. S. 372—373, 397. 71 Grabowski A. T. I. S.125. 72 Тамсама, с. 124. 73 Тамсама; Medeksza S. Ksiega pamietnicza wydarzen zaszlych na Litwie 1654—1668. Wyd. Wl. Seredynski. Krakow, 1875. S. 1.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Беларуская кампанія 1654 года (бітва пад Шапялевічамі)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.