Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у падручніках па гісторыі Украіны

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у падручніках па гісторыі Украіны. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-16

Андрэй Партноў Сінтэтычныя працы пачатку ХХ ст. Украіна ў сінтэтычных даследаваннях гісторыі, якiя пачалі з'яўляцца яшчэ ў ХIХ ст. (Д.Бантыш-Каменскі, М.Маркевіч), разглядалася звычайна як «Малая Русь» і ўпiсвалася ў кантэкст агульнарасійскай гісторыі. Якасна новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі звязаны з творчасцю Міхайла Грушэўскага, гістарычная схема якога сталася не толькі значным унёскам у навуку, але і ідэалагічнай асновай украінскага нацыянальнага руху. У сканцэнтраваным выглядзе канцэпцыя Грушэўскага выкладаецца ў артыкуле «Звичайна схема „руськоi" історіi й справа раціонального укладу історіi східнього слов'янства» (1903), які ва Украіне лічыцца хрэстаматыйным. У сваёй працы навуковец абгрунтоўвае недарэчнасць традыцыйнай дынастычнай схемы расійскай гістарыяграфіі: Кіеўская Русь — Уладзімірскае княства — Маскоўскае царства, і даводзіць, што Кіеўская Русь была створаная ўкраінска -рускай народнасцю, а Уладзімірска -Маскоўская — вялікарускай. Велізарнае для нашае тэмы значэнне мае выкладзеная ў дадзеным артыкуле тэза, паводле якой «ніякія матывы не даюць права праігнараваць значэнне беларускае народнасці» 1. На думку Грушэўскага, Вялікае Княства Літоўскае (далей ВКЛ. — А.П.) было гетэрагенным утварэннем, што ўтрымлівала як літоўскі, так і славянскі элемент. Навуковец падкрэсліваў неабходнасць дыферэнцыяцыі ўкраінскага і беларускага кампанентаў ВКЛ і адзначаў, што ўкраінскія землі «былі досыць механічна» звязаныя з ВКЛ, тады як «беларускія землі мелі непасрэдную сувязь з Княствам, моцна на яго ўплывалі і заставаліся ў складзе ВКЛ да канца». Галоўная выснова, якую Грушэўскі зрабіў з усяго сказанага, выглядае наступным чынам: «Гісторыя Вялікага Княства нашмат цясней звязаная з гісторыяй беларускай народнасці, чым украінска -рускай» 2 (тут і далей курсіў мой. — А.П.). Цікава, што ў сваёй шматтомавай «Історіі Украіні-Русі» (чацвёрты том якой, прысвечаны гісторыі ВКЛ, выйшаў у 1907 г.) Грушэўскі, звяртаючы ўвагу на «рускія» (то бок украінскія і беларускія) уплывы ў ВКЛ, ужо не праводзіць такой паслядоўнай дыферэнцыяцыі, хоць і адзначае, што «ўжо напрыканцы жыцця Гедыміна большая частка ВКЛ складалася з беларускіх земляў»3 . Мае значэнне таксама і выснова Грушэўскага, што ВКЛ — не гэткі самы палітычны і культурны спадкаемца старажытнай Русі, як і Вялікае Княства Маскоўскае 4. Нягледзячы на тое, што ўплыў канцэпцыі Грушэўскага на ўкраінскую гістарыяграфію быў вельмі значным, у сінтэтычных працах па гісторыі Украіны пытанні этнічнай характарыстыкі ВКЛ не атрымлівалі дастатковай увагі (гэта можна заўважыць нават у сінтэтычных працах самога Грушэўскага). Аляксандра Яфіменка ў сваёй «Історіі украінського народа» (1906) зрабіла слушную заўвагу, паводле якой ва ўяўленні навукоўцаў гісторыя ВКЛ часта аддзеленая ад удзельнага перыяду гісторыі старажытнай Русі такім сабе «суцэльна цёмным» прамежкам часу5. На думку даследчыцы, тут павінна весціся хутчэй пра «дзве фазы развіцця таго самага грамадскага арганізму», і можна казаць пра тое, што «між літоўскім і рускім народамі існавала блізкасць яшчэ да таго, як яны з'явіліся перад намі… ў агульным дзяржаўным утварэнні» 6. Але, на думку А.Яфіменкі, Беларусь «знікла як палітычны суб'ект пасля ўваходжання ў склад Літоўскай дзяржавы »7. Папулярызацыі ўкраінскай гісторыі спрыяла з'яўленне ў 1908 г. «Історії України-Русі» Міколы Аракса. Аўтар гэтае кампілятыўнае працы — аматар-кампазітар і аматар-гісторык — бачыў сваю мэту ў пашырэнні гістарычных ведаў сярод шырокіх народных масаў. Яго кніга, нягледзячы на вострую крытыку з боку Грушэўскага, карысталася вялікай папулярнасцю на пачатку ХХ ст. і была неаднаразова перавыдадзеная ва Украіне ўжо ў наш час. У сваім татальным спрошчванні гістарычнага мінулага Аракс не абыходзіць і ВКЛ. Паводле ягоных словаў, «у гэтым перыядзе нам даводзіцца мець справу не толькі з Украінскім, але і з Літоўскім народам» 8 (іншымі словамі, беларусы ўвогуле не згадваюцца). Такім чынам, у першае дзесяцігоддзе ХХ ст. пачалося фармаванне мадэрнай украінскай гістарыяграфіі. Хоць пытанні этнічнага характару і не былі грунтоўна высветленыя ў сінтэтычных працах па гісторыі Украіны, вялікае значэнне мела тэза Грушэўскага пра цесную сувязь беларускай народнасці і ВКЛ. Падручнікі, выдадзеныя за межамі СССР Спецыфіка гістарыяграфіі Заходняй Украіны (тэрыторыя якой толькі ў 1939 г. была далучаная да СССР) і дыяспарнай гістарыяграфіі (асабліва 1939—50-х г.) выяўлялася ва ўзмоцненай увазе да дзяржаўніцкіх аспектаў украінскай гісторыі, украінска -расійскіх дачыненняў, найноўшай гісторыі, бо вельмі адчувальным быў yплыў украінскай рэвалюцыі 1917—1921 г. і няўдалай спробы стварэння незалежнай дзяржавы. Гісторыя ВКЛ амаль не даследавалася, таму канцэптуальна -мэтадалагі чных навацыяў у высвятленні дадзенага пытання фактычна не было. Дзмітро Дарашэнка, прапануючы ў сваім «Нариси Історіі Украіни» (Варшава, 1932) досыць грунтоўны аналіз ладу ВКЛ, у пытанні пра яго этнічную характарыстыку ўслед Грушэўскаму даводзіць, што «галоўнай сілай, якая абумовіла рост і ўзмацненне гэтай дзяржавы, быў элемент рускі, то бок украінскі і беларускі »9. У 1935 г. у Львове была выдадзеная папулярная «Велика історія Украіни» Міколы Галубца, якая ідэнтыфікавала ВКЛ як «літоўска-ўкраінскую дзяржаўнасць» 10. Галоўнай прычынай таго, што М.Галубец, як і М.Аракс, поўнасцю ігнаруе беларускі элемент ВКЛ, сталася, відаць, нежаданне «ўскладняць» тэкст, прызначаны для шырокага чытацкага кола. Такім чынам, папулярызацыя гісторыі ператваралася ў прымітывізацыю. Украінска -беларускі характар «рускага» элементу ВКЛ адзначалі «Історія Украіни» Івана Крыпякевіча (1938) і «Історія Украіни» Наталлі Палонскай -Васiлeнка (1972)11, аднак адмыслова ўвага на гэтай праблеме не засяроджвалася. Нічога новага ў дачыненні да гэтага пытання не сказаў і Орэст Субтэльны ў сваёй англамоўнай сінтэтычнай працы (1988)12. У прынцыпе, для падручнікаў, выдадзеных за мяжой, сталася характэрнай тэза пра «ўкраінска -беларускія» ўплывы ў ВКЛ, хоць часам і заўважаецца асцярожнае атаясамліванне «рускага» з «украінскім» і поўнае ігнараванне беларускага элементу. Праілюстраваць згаданую з'яву можа сцвярджэнне з нарыса Аркадзя Жукоўскага: «Руская мова зрабілася дзяржаўнай (у ВКЛ. — А.П.) мовай, украінская асвета, культура, права вольна развіваліся і панавалі ў Літоўскай дзяржаве». Савецкія стэрэатыпы і «перабудоўчыя» тэндэнцыі У афіцыйнай «Истории Украинской ССР» (т. 1, 1982) акцэнт робіцца на тым, што «захоп літоўскімі князямі ўкраінскіх земляў не вызваліў іх ад ардынскага прыгнёту», — «больш за тое, на плечы працоўнага люду лягло ярмо дадатковай феадальнай залежнасці» 14. Ідэалагічны падтэкст сцвярджэнняў такога кшталту досыць відавочны — усе суседнія дзяржавы, акрамя Расіі, толькі і рабілі, што «захоплівалі» ды «прыгняталі» ўкраінцаў — невыпадкова ў дадзенай працы падкрэслі ваецца, што «вызваленне Украіны ад мангола-татарскага іга адбылося толькі дзякуючы заняпаду Арды ў першыя дзeсяцігоддзі XV ст.»15. Пытанне ўдзелу беларусаў у фармаванні ВКЛ паводле такога падыходу проста не магло ўзнікнуць, затое «іншаземны» характар Літоўскай дзяржавы падкрэсліваўся вельмі выразна. Паводле школьнага падручніка, выдадзенага ў 1990 г., у XIV—XV ст. «народныя масы» Расіі, Украіны і Беларусі «ўсведамлялі сябе асобнымі, але роднаснымі этнасамі», якія «спакон веку… прагнулі яднання і супольнага жыцця ў адзінай дзяржаве» 16. У адпаведнасці з гэтай цалкам прапагандысцкай тэзай далучэнне Украіны да ВКЛ трактуецца як «захоп» яе тэрыторыі суседняй феадальнай дзяржавай, што «паслабля ла» сувязь паміж землямі Русі. Пераробленая постсавецкая версія таго самага школьнага падручніка даводзіць, што ў XIV—XV ст. фармаваліся «галоўныя рысы ўкраінскай народнасці», а Літоўская дзяржава «захоўвала ў цэласці этнічныя асаблівасці на падуладных ёй украінскіх і беларускіх землях»17 . Слова «падуладных» у дадзеным выпадку з'яўляецца «ключавым», бо сведчыць пра жывучасць гістарыяграфічных стэрэатыпаў. Варта звярнуць увагу і на ідэалагічную падпарадкаванасць высноваў абодвух варыянтаў падручніка — толькі сцвярджэнне пра імкненне ўсходніх славянаў да «ўз'яднання» змененая на тэзу, паводле якой IV ст. н.э. ёсць «парогам гісторыі для ўкраінскага народа»18 . Сучасныя падручнікі Сучасныя падручнікі для школ і ВНУ пытанняў этнічнай характарыстыкі ВКЛ не закранаюць. Яны, у бальшыні сваёй, абмяжоўваюцца сцвярджэннямі пра «далучэнне » беларускіх і ўкраінскіх земляў19, панаванне «расійскай» мовы, пра тое, што «асноўнай вайсковай сілай Княства было ўкраінскае (і беларускае) баярства» 21 — іншымі словамі, дэманструюць гістарыяграфічны традыцыяналізм, які ў пэўным сэнсе адпавядае тэзе Робіна Колінгвуда (ён сцвярджаў, што ідэя, якая прабіваецца ўрэшце на старонкі падручнікаў, часта бывае ўжо абвергнутая наступнымі даследаваннямі). Аднак асобныя навучальныя дапаможнікі асвятляюць гісторыю ВКЛ ужо з новых пазіцыяў. У падручніку «Етнографія Украіни» пад рэдакцыяй С.А.Макарчука (1994) адзначаецца, што пашыраная ў выданнях савецкага часу тэза, згодна з якой у ВКЛ «украінская народнасць была пазбаўленая магчымасці стварыць сваю дзяржаўнасць» , навукова некарэктная з той прычыны, што атаясамлівае «чужынскі прыгнёт» з сацыяльным уціскам22 . У кнізе падаюцца матэрыялы дыскусіі, што адбылася ў 1998 г. у Менску, на якой А.Залескі даводзіў, што ВКЛ у XVI—XVII ст. з'яўлялася федэрацыяй, у якой «Беларусь была раўнапраўнай часткай», а М.Ермаловіч сцвярджаў, што «ВКЛ склалася перадусім як беларуская дзяржава »23. У падручніку, праўда, адзначаецца, што апошняя канцэпцыя ёсць перабольшаннем, аднак само тое, што і такі пункт гледжання быў згаданы, заслугоўвае ўвагі. О.Русіна, адна з укладальнікаў кнігі «Історія Украіни. Нове бачення» (1995), у раздзеле, прысвечаным гісторыі ўкраінскіх земляў у складзе Літвы і Польшчы, сцвярджае, што «ад самага пачатку Літоўская дзяржава не была этнічна аднароднай» 24, аднак далей гэтай думкі не разгортвае. Цікава, што сучасная даследчыца фактычна кажа тое самае, што і А.Яфіменка на пачатку XX ст., сцвярджаючы, што ў нашай свядомасці «паміж нашэсцем Батыя і казацкімі войнамі ўтварыўся дзіўны правал»25 . Магчыма, менавіта гэтай ментальнай спецыфікай у нейкай меры абумоўленая маргінальнасць праблемы гісторыі ВКЛ у дачыненні да сінтэтычных працаў па гісторыі Украіны. Варта адзначыць, што праблематыка этнічнае гісторыі беларусаў хоць і недастаткова, але распрацоўваецца ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі. На думку Яраслава Ісаевіча, да сярэдзіны XVII ст. сувязі паміж украінцамі і беларусамі заставаліся настолькі цеснымі, што шмат у якіх аспектах іх культуры былі непадзельнымі, прычым спачатку ва ўкраінска -беларускім культурным феномене дамінавала Беларусь (Скарына, культурныя цэнтры ў Вільні, Наваградку і г.д.), а пасля ініцыятыву перахопліваюць украінскія асветныя асяродкі ў Астрозе, Львове, Кіеве. Распрацоўваючы гэтую думку, навуковец прыходзіць да высновы, што фактарамі адасаблення дзвюх культураў стаўся пераход Украіны са складу ВКЛ да Польскай Кароны і з'яўленне ўкраінскага казацтва 26. Заслугоўвае ўвагі думка Я.Ісаевіча, што дыферэнцыяцыя на ўзроўні народнае культуры заўважаецца нашмат раней, чым у культуры элітарнай і прафесійнай 27. Закрануў навуковец і пытанне «рускай» мовы — на яго думку, у канцылярскай мове ВКЛ на пачатковым этапе пераважалі ўкраінскія рысы, а з сярэдзіны XV, і асабліва ў XVI ст. — беларускія 28. Высновы Я.Ісаевіча, як і іншыя распрацоўкі сучасных навукоўцаў, яшчэ не паспелі патрапіць на старонкі падручнікаў. Значнай падзеяй у навуковым свеце сталася з'яўленне «Нарису історіі Украіни» Наталлі Якавенкі (1997) — спробы якасна новага канцэптуальнага пераасэнсавання ўкраінскай гісторыі, пазбаўленага ідэалагічных штампаў мінулых часоў. «Нарис» Н.Якавенкі вылучаецца сярод сінтэтычных працаў украінскіх навукоўцаў большай увагай да гісторыі ВКЛ і ўлікам даробку беларускай гістарыяграфіі. Паводле словаў даследчыцы, у XIII-XIV ст. узнікла новае дзяржаўнае ўтварэнне, самай характэрнай рысай якога была двуэтнічнасць, бо «стваральнікі ў новай дзяржавы ад самага пачатку былі два — балты, насельнікі сучаснай Літвы, і іх суседзі — славяне, жыхары сённяшняй Беларусі »29. Такім чынам, хоць бы ў адной сінтэтычнай працы па гісторыі Украіны (бо акрамя «Нарису» Н.Якавенкі гэтае сцвярджэнне нікуды больш не патрапіла) ВКЛ вызнаецца літоўска-беларускай дзяржавай — чаго не скажаш пра польскія падручнікі 30. На заканчэнне варта адзначыць, што пытанні гісторыі ВКЛ прысутнічаюць ва ўсіх сінтэтычных працах па гісторыі Украіны, бо ўкраінскія землі ўваходзілі ў склад гэтай дзяржавы. Аднак пераважная бальшыня згаданых даследаванняў абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра велізарную ролю «рускага» элементу, пазбягаючы глыбокага аналізу этнічных аспектаў гісторыі ВКЛ. Канцэптуальная нявызначанасць выяўляецца і ў тэрміналагічнай блытаніне, калі аўтары асобных папулярных нарысаў атаясамліваюць «рускае» з «украінскім». Але гэта не тычыцца бальшыні навучальных выданняў. І ўвогуле, плён найноўшых навуковых даследаванняў вельмі павольна трапляе на старонкі падручнікаў. Трывалыя стэрэатыпы і догмы найбольш паслядоўна і рашуча пераасэнсоўвае Н.Якавенка ў сваім «Нарісі», які на агульным гістарыяграфіч ным фоне нагадвае хутчэй збочанне, чым асноўны кірунак у сучаснай украіністыцы. З украінскай пераклаў Андрэй Скурко СНОСКИ: 1 Грушевський М.С. Звичайна схема «русскої» історії й справа раціонального укладу історії східнього слов’янства // Політологія. Кінець XIX — перша половіна ст. Хрестоматія. Львів, 1996. С.172. 2 Тамсама. С.170. 3 Грушевський М.С. Історія України–Русі. Київ, 1993. Т. IV. С.96. 4 Тамсама. С.98. 5 Єфіменко А.Я. Історія українського народа. Київ, 1990. С.112. 6 Тамсама. С.98. 7 Тамсама. С.6. 8 Аракс М. Історія України–Русі. Київ, 1993. С.111. 9 Дорошенко Д. Нарис історії України. Київ, 1992. Т.1. С.113. 10 Голубець М. Веліка історія України. Київ, 1993. Т. 1. С.306. 11 Крип’якевич І.П. Історія України. Львів, 1990. С.113; Палонська–Василенко Н. Історія України. Київ, 1992. Т.1. С.325, 333. 12 Субтельний О. Україна. Історія. Київ, 1992. С.72. 13 Жуковський А., Субтельний О. Нарис історії України. Львів, 1993. С.33. 14 История Украинской ССР. Київ, 1982. Т.2. С.38. 15 Тамсама. 16 Сарбей В.Г., Сергієнко В.Я., Смолій В.А. Історія Української РСР. Навчальний посібник для 8—9 класів. Київ, 1990. С.63. 17 Сергієнко Г.Я., Смолій В.А. Історія України. Навчальний посібник для 7—8 класів середньої школи. Київ, 1993. С.98. 18 Тамсама. С.37. 19 Рибалка І.К. Історія України. Харків, 1995. Ч.1. С.98.; Борисенко В.Я. Курс української історії. Київ, 1998. С.93. 20 Історія України. Курс лекцій / Керівник авторського колективу: Л.Г.Мельнік. Київ, 1991. С. 80. 21 Швидько Г.К. Історія України (XIV—XVIII ст.). Пробний підручник для 8 класу середньої школи. Київ, 1996. С.11. 22 Етнографія України / під редакцієй С.А.Макарчука. Львів, 1994. С.49. 23 Тамсама. С.50. 24 Історія України. Нове бачення / під загальной редакцієй В.А.Смолія. Київ, 1995. Т.1. С.113. 25 Тамсама. С.115. 26 Ісаєвич Я.Д. Україна давня і нова. Львів, 1996. С.201—202. 27 Тамсама. С.43. 28 Ісаєвіч Я.Д. Мовний код культури // Дніпропетровській історіко–археографічний збірник. Дніпропетровськ, 1997. Вып.1. С.293. 29 Яковенко Н. Нарис історії України (від найдавніших часів до кінця XVIII ст.). Київ, 1997. С.90. 30 Гл.: Лашкевіч Г. Беларусь і беларусы ў польскіх падручніках па гісторыі // БГА. 1997. Снежань. Т.4. Сш.1—2. С.163.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Этнічныя пытанні гісторыі ВКЛ у падручніках па гісторыі Украіны


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.