публикация №1291903741, версия для печати

Гаспадарчыя заняткі насельнікаў у бронзавым веку на Беларусі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291903741)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by




Металаапрацоўка.
Вытвараючая гаспадарка - жывёлагадоўля і земляробства.
Захаванне прысвойваючых форм гаспадаркі.
Апрацоўка каменю, костак, рагоў і дрэва. Выраб керамікі.
Абмен.
Металаапрацоўка.

Металургія, апрацоўка і выкарыстанне медзі і бронзы - адна з асноўных адзнак бронзавага веку. На Беларусі адсутнічаюць радовішчы руды, неабходнай для атрымання медзі і бронзы, што прымушала нашых продкаў імпартаваць сыравіну і металічныя вырабы з іншых рэгіёнаў.

Увогуле вядома, што Усходняя Еўропа ў бронзавым веку не ўваходзіла ў кола старажытнейшых цэнтраў станаўлення і развіцця металургіі. Навыкі абыходжання з металам тагачасныя жыхары ўсходнееўрапейскіх раўнін перанялі ад насельніцтва Балкан і Каўказа. На поўдзень ад Беларусі на тэрыторыі Украіны пад уздзеяннем Балканскіх цэнтраў ужо ў 4-м тысячагоддзі да н.э. з'яўляюцца ўласная металургія і металаапрацоўка, а ў 3-м тысячагоддзі да н.э. тут пачынаюць атрымліваць першы штучны сплаў - мыш'яковістую бронзу. У другой палове 3 - пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. у ранні перыяд бронзавага веку насельніцтва культур шнуравой керамікі Украінскага Перадкарпацця, Падоліі і Валыні ўжо карыстаецца алавяністай бронзай.

Самыя раннія сведчанні выкарыстання медзі і бронзы на тэрыторыі Беларусі адносяцца да ранняга перыяду бронзы. На помніках насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры, найперш у курганах пад Ходасавічамі (Рагачоўскі раён) і ў бескурганных пахаваннях ва ўрочышчы Страліца (в. Рудня Шлягіна Веткаўскага раёна) знойдзена вялікая колькасць металічных вырабаў, такіх, як шылы, нажы, віслаабушная сякера так званага калантаеўскага тыпу, утулкавая сякера, скроневыя кольцы, дыядэмы, грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, утулкавыя наканечнікі коп'яў. Большасць іх зроблена з чыстай медзі і мыш'яковістай бронзы. Для вырабу двух рэчаў (нажа і бранзалета) выкарыстоўвалася алавяністая бронза.

На думку І.Арцёменкі, насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры карысталася металам як каўказскага, так і балкана-карпацкага паходжання. Знойдзены таксама рэчы, зробленыя са змешанага каўказска-карпацкага металу, што можа сведчыць пра іх мясцовую вытворчасць. Пацвярджэннем існавання мясцовай металаапрацоўкі з'яўляецца і той факт, што некаторыя вырабы сярэднедняпроўскай культуры не маюць прамых аналогій ні на Каўказе, ні ў Карпацкім басейне, а таму маглі быць адліты паводле мясцовых узораў. Кавадламі, якімі карысталіся для апрацоўкі металу, маглі служыць некаторыя каменныя вырабы, адшуканыя ў курганах сярэднедняпроўскай культуры, у тым ліку і пад Ходасавічамі. С.Беразанская звязвае з сярэднедняпроўскай культурай некаторыя знаходкі гліняных формачак для адліўкі клінападобных сякер.

Паводле даследаванняў на суседніх тэрыторыях Украіны ў час знаходжання там плямён сярэднедняпроўскай культуры тэхналогія металаапрацоўкі дасягнула даволі высокага ўзроўню. Акрамя кавальскай апрацоўкі металу выкарыстоўвалася таксама тэхніка ліцця ў гліняных і каменных формах, гатаваліся сплавы, у тым ліку не толькі мыш'яковістыя, але і алавяністыя.

Знойдзеныя ў Страліцы і Ходасавічах (урочышча Мошка) наканечнікі коп'яў з літымі незамкнутымі ўтулкамі, магчыма, з'яўляюцца найстаражытнейшымі ў Еўропе наканечнікамі з адлітай утулкай і тэарэтычна маглі быць зроблены раней, чым у XVII ст. да н.э. Вядома, што адліўка наканечнікаў коп'яў і кельтаў з так званай "сляпой" утулкай і шырокае выкарыстанне алавяністай бронзы - адзнака новага этапу ў развіцці металургіі ва Усходняй Еўропе, які пачаўся з XVI ст. да н.э. (паводле меркавання Е.Чарных), акрамя таго, распаўсюджанне рэчаў з класічнай (так званай алавяністай) бронзы пачынаецца ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе каля 1600 г. да н.э.

Пасля XVII ст. да н.э. змяншаецца роля каўказскіх металургічных традыцый і ў Еўропе вялікае значэнне набывае Карпата-Трансільванскі металургічны цэнтр. Выключную ролю атрымлівае алавяністая бронза і тэхніка ліцця ў высокавытворчыя каменныя формы, у тым ліку па метадзе "сляпой" утулкі. Пачынаюць актыўна фарміравацца мясцовыя металаапрацоўчыя традыцыі. На думку В. Клочкі, мясцовая металвытворчасць магла ўзнікнуць у асяроддзі ўсходнетшцінецкага і сосніцкага насельніцтва, пра што сведчаць, як лічыць даследчык, некаторыя знаходкі ліцейных форм у правабярэжных раёнах Украіны і асаблівасці тутэйшай вытворчасці металу.


Бронзавыя вырабы з Беларускага Падняпроўя: наканечнік кап'я і сякеры

Колькасць металічных вырабаў, знойдзеных пераважна ў цэнтральных і паўночных раёнах Беларусі, дазваляе меркаваць, што вялікае значэнне ў позні перыяд эпохі бронзы мелі так званыя кельты - сякеры, у якіх утулка размяшчалася ў абушковай частцы перпендыкулярна лязу. УСкандынавіі кельты датуюцца ў межах 1000-600 гт. да нз. На Беларусі шырока распаўсюджваліся бронзавыя кельты меларскага тыпу, большасць якіх выкарыстоўвалася ў першай чвэрці 1 -га тысячагоддзя да н.э. і мела пашырэнне не толькі на прасторах Скандынавіі і Беларусі, але і Усходняй Прыбалтыкі, Ютландыі, Фінляндыі, Цэнтральнай Расіі. Паводле даных спектральнага аналізу, кельт, знойдзены недалёка ад р. Чарніца (Віцебская вобласць), быў адліты з алавяністай бронзы, сыравінай для якой маглі быць радовішчы Цэнтральнай Еўропы.

Сярод адзінкавых і выпадковых знаходак сярэдняга перыяду эпохі бронзы на Беларусі даследчыкі адзначаюць сякеры з бакавымі закраінамі, ці пальштабы (Пінск, Кальвішкі Браслаўскага раена, Новы Быхаў), якія маюць аналогіі ў Скандынавіі і Прыбалтыцы. Ёсць таксама звесткі пра іншыя вырабы эпохі бронзы: бронзавыя мячы, уступчатую сякеру, наканечнік стралы, меднае плоскае цясла і г.д.

Вытвараючая гаспадарка - жывёлагадоўля і земляробства.

Працэс актыўнага авалодання вытвараючымі формамі гаспадаркі - земляробствам і жывёлагадоўляй, які пачаўся яшчэ ў неаліце, з пачаткам бронзавага веку стаў паўсюдным.

Носьбіты культур шнуравой керамікі былі аселымі жывёлаводамі і земляробамі. Іх статкі складаліся з буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней і коней, а на полі вырошчвалі пшаніцу, ячмень, авёс, сачавіцу і інш.

На паселішчах раннябронзавага часу, на якіх жылі нашчадкі неалітычнага насельніцтва, а таксама прышлае насельніцтва-шнуравікі, у пахаваннях, а тым больш на пазнейшых помніках захавалася даволі шмат сведчанняў існавання земляробства. Найперш гэта крамянёвыя сякеры, асабліва з прышліфаванымі лёзамі або запаліраваныя спрэс. Для высечкі лясоў і хмызняку пад палі выкарыстоўваліся і зашліфаваныя каменныя сякеры-кліны, магчыма, і некаторыя сякеры са свідраванымі адтулінамі, хаця апошнія многімі даследчыкамі вызначаюцца як зброя. Зямлю рыхлілі каменнымі, рагавымі і нават драўлянымі матыкамі. Мяркуецца, што тагачаснае насельніцтва Паўночнай Украіны ўжо апрацоўвала зямлю з дапамогай і цяглавых жывёл - валоў. Падобнае магло існаваць і на Беларускім Палессі. Для жніва служылі масіўныя крамянёвыя пласціны з рэтушаваным краем, а таксама серпападобныя нажы. На поўдні Беларусі з сярэднябронзавага часу пачалі выкарыстоўваць масіўныя крамянёвыя сярпы з двухбаковай буйной рэтушшу ляза. На тэрыторыях, размешчаных на поўдзень ад Беларусі, бліжэй да старажытных металургічных цэнтраў, былі вядомы і бронзавыя сярпы. Але яны на беларускіх помніках пакуль не знойдзены. Некаторыя каменныя пліты і акруглыя камяні маглі служыць для расцірання зерня.

Наяўнасць земляробства ў насельніцтва бронзавага веку ўстанаўліваецца таксама па адбітках зерня на кераміцы і па пылку акультураных раслін і пустазелля.

У лясной зоне магло быць перспектыўным толькі падсечна-агнявое (ляднае) земляробства, якое патрабавала вялізнай колькасці сякер. Менавіта ў бронзавым веку назіраўся росквіт дзейнасці Краснасельскіх крамянёвых шахтаў і майстэрань, якія спецыялізаваліся на вырабе такіх прылад.

Значнае месца ў гаспадарцы займала жывёлагадоўля. Так, сярод астэалагічнага матэрыялу на крывінскіх паселішчах паўночнабеларускай культуры косці свойскіх жывёлін займаюць каля 25 %. Значыць, каля чвэрці мяснога харчавання тутэйшае жыхарства ўжо атрымлівала не з палявання, а з гадоўлі быдла. Прыкладна трэцюю частку статка на Асаўцы-2 складалі каровы і свінні, коней было каля 17%, значна менш разводзілі коз і авечак. Апошнія, мабыць, яшчэ не паспелі адаптавацца ў лясной зоне. Памочнікам чалавека ў выпасе жывёлы быў сабака.

Такіх жа свойскіх жывёл гадавалі і плямёны сярэднедняпроўскай культуры, аднак вынікае, што ў іх жывёлагадоўля ўжо пачала пераважаць над паляваннем. Сярод тшцінецкага насельніцтва на поўначы Украіны, а напэўна, і на поўдні Беларусі была асабліва распаўсюджана гадоўля буйной рагатай жывёлы. Гэта, відаць, было абумоўлена выкарыстаннем валоў у земляробстве.

Захаванне прысвойваючых форм гаспадаркі.

І з наступленнем новай эпохі на тэрыторыі Беларусі ў многіх рэгіёнах заставаліся нашчадкі мясцовага познанеалітычнага насельніцтва, якія, ужо валодаючы навыкамі земляробства і жывёлагадоўлі, па-ранейшаму шырока практыкавалі традыцыйныя для лясной зоны заняткі - паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Прысвойваючая гаспадарка яшчэ мела істотнае значэнне і для прышлага насельніцтва культур шнуравой керамікі.

Найбольш сведчанняў аб прысвойваючай гаспадарцы, асабліва ў ранні перыяд бронзавага веку, зноў жа маецца на стаянках Крывінскага тарфяніку.

На важную ролю інтэнсіўнага палявання ўказвае не толькі наяўнасць зброі - наканечнікі стрэл і коп'яў, нажы і кінжалы, але і астэалагічны матэрыял. Сярод яго каля 75 % складаюць косткі дзікіх жывёлін. Найбольш распаўсюджаным аб'ектам палявання быў лось. На яго прыпадала трэцяя частка ад усіх здабытых млекакормячых, а сярод мясных гэтыя суадносіны яшчэ больш узрастаюць. Другое месца ў мясным рацыёне крывінскага насельніцтва займаў дзік. На трэцім знаходзіўся мядзведзь. Значна менш спажывы давала паляванне на высакароднага аленя. На апошніх месцах знаходзіліся тур, казуля, зубр. Натуральна, што гэтыя паказчыкі былі ў прамой залежнасці ад колькасці канкрэтнага віду ў наваколлі. Мясцовыя ўмовы найбольш спрыялі для размнажэння ласёу і дзікіх свіней.

Каб здабыць пушніну, палявалі на куніц, барсукоў, лісіц, выдраў. Аднак костак гэтых жывёлін на паселішчах сустракаецца мала, таму бачна, што здабытчыкаў цікавіла найперш шкура. Шмат у культурных напластаваннях костак бабра. Ён даваў не толькі футра, але і спажыву.

Калі меркаваць па памерах костак, забіваліся дарослыя асобіны - фауна выкарыстоўвалася рацыянальна..

У балотна-азёрным краі важным аб'ектам палявання з'яўляліся птушкі,. пераважна вадаплаўныя. Мяркуючы па матэрыялах Крывіны-1,2, здабывалі найбольш кракву, сярод костак трапляюцца рэшткі гусі звычайнай і гуменніка, шыраканоскі, шэрай качкі, шылахвосткі, чырка-траскунка, гогаля, паганкі вялікай, гагары. Жыхары Асаўца-2 таксама палявалі пераважна на вадаплаўных птушак, асабліва на розныя віды качак.

Шмат на Крывінскіх паселішчах і сведчанняў рыбалоўства. Гэта гарпуны і кручкі, грузілы і паплаўкі да сетак, рэшткі пастак з прутоў і лучынак, пешні для падлёднай лоўлі з масіўных трубчастых костак, фрагменты чоўнаў. Важнейшыя сведчанні рыбалоўства-косткі рыбы і луска. Скапленні апошняй у Асаўцы-2 утвараюць лінзы таўшчынёй да 10 см і больш. Калі меркаваць па наяўных костках, тут найбольш лавілі акунёу, крыху менш - шчупакоў. Здабычай рыбака былі таксама ляшчы, плоткі, ліні. А вось костак сама, карася і ярша выяўлена зусім мала.

Важнай галіной гаспадарчай дзейнасці чалавека лясной зоны нават у бронзавым веку, асабліва ў яго пачатку, заставалася збіральніцтва. У напластаваннях крывінскіх стаянак даволі шмат рэшткаў лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, насення жоўтай лілеі, карнявішчы якой таксама ішлі ў харч. Багата на помніках і ракавін перлавіцы. Яны ў здробненым выглядзе выкарыстоўваліся пры лепцы посуду, аднак запасы малюскаў у развалах некаторых гаршкоў даюць магчымасць дапусціць, што іх мяса спажывалася чалавекам.

Апрацоўка каменю, костак, рагоў і дрэва. Выраб керамікі.

Большасць зброі і прылад працы жыхары Беларусі ў бронзавым веку па-ранейшаму выраблялі з каменю. Пры гэтым у асноўным захаваліся неалітычныя прыёмы крэмнеапрацоўкі. Аднак у ёй ужо праяўлялася і тое новае, што было характэрным для бронзавага веку. Краі некаторых рэжучых і колючых вырабаў пачалі пакрываць ахайнай струменьчатай або пільчатай рэтушшу. Распаўсюдзілася шліфаванне крамянёвых сякер; асабліва на лёзах. Усё часцей пачалі выкарыстоўваць трохвугольныя наканечнікі стрэл з шыпамі паабапал увагнутай асновы.

Акрамя крэменю ў бронзавым веку шырока выкарыстоўваліся іншыя пароды каменю. З іх шляхам абабівання і наступнага шліфавання па ўсёй паверхні рабілі плоскія сякеры-кліны, долаты, цёслы, матыкі. Шліфаванне праводзілі на каменных плітах. Майстравалі таксама сякеры і булавы з прасвідраванымі адтулінамі для рукаятак. Большасць матык таксама мела такія ж адтуліны. Свідраванне выконвалася з дапамогай свідравальнага станка, асноўнай рабочай часткай якога была трубчастая костка з пяском. Сярод знаходак на помніках бронзавага веку часам знаходзяць стрыжні-высвідравіны, а таксама прылады з незакончаным свідраваннем. Каменнымі былі большасць грузілаў для сетак і іншых рыбалоўных прыстасаванняў.

У канцы бронзавага веку з больш значным пашырэннем металічных вырабаў у крэмнеапрацоўцы назіраецца заняпад. А вось каменнымі сякерамі карысталіся яшчэ і ў наступную эпоху - у жалезным веку.

Людзі эпохі бронзы па-ранейшаму выкарыстоўвалі для сваіх патрэб і іншыя матэрыялы, асабліва косці, рогі і дрэва. З косці і рога майстравалі зброю - наканечнікі стрэл і нават коп'яў, кінжалы; прыстасаванні для рыбалоўства - кручкі і жэрліцы, гарпуны, пешні для падлёднага лову, нажы для разборкі рыбы; прылады працы - праколкі, іголкі, нажы, рубячыя і колючыя прылады, інструменты для апрацоўкі крэменю, скуры, керамікі; побытавыя рэчьг - лыжкі, шпількі для вопраткі; упрыгожанні - розныя падвескі, плоскія кольцы, пранізкі. З рога і косці рабілі духавыя музыкальныя інструменты, выявы людзей, звяроў і птушак.


Бурштынавыя ўпрыгожанні з курганоў раннябронзавага часу каля Ходасавіч Рагачоўскага раёна

Рогі і косці выкарыстоўвалі паўсюдна. Але для жыхароў нашай поўначы, беднай на крамянёвую сыравіну, гэты матэрыял меў асабліва вялікае значэнне.

З'яўленне шліфаваных рубячых прылад дало новыя магчымасці для выкарыстання дрэва. З яго рабілі жытло, гаспадарчыя і культавыя збудаванні - бажніцы, чоўны.

Асноўныя прыёмы вырабу керамікі былі выпрацаваны яшчэ ў неалітычны час, асабліва ў яго пазнейшы перыяд. Жыхары бронзавага веку Беларусі ляпілі пераважна пласкадонны посуд, найбольш распаўсюджаны тып якога складалі гаршкі з выдзеленай шыйкай. Выкарыстоўвалі таксама розныя слоікі, місы, кубкі і інш. З'явіліся раней зусім невядомыя друшлякі.

Кераміка была звычайна танкасценная і добра выпаленая. У сценках не заўважаюцца дамешкі арганікі, асабліва валакністай, яе замянілі пясок; жарства і шамот. Паверхні пасудзін былі гладкія або заштрыхаваныя, у некаторых выпадках яны звонку пакрываліся ангобам. У арнаментах часам захоўваліся элементы з папярэдняй эпохі, асабліва ямкі пад краем венца. Аднак у цэлым стыль аздаблення керамікі бронзавага веку істотна мяняецца. Узоры пераважна канцэнтруюцца ў версе пасудзін, з'яўляюцца амаль невядомыя ў папярэдні час элементы - наляпныя карбаваныя валікі і вушкі. У канцы эпохі назіраецца заняпад керамічнай арнаментацыі.

Абмен.

Далейшае эканамічнае развіццё ў эпоху бронзы прыводзіла да фарміравання некаторай спецыялізацыі асобных раёнаў і груп насельніцтва на вытворчасці тых або іншых відаў прадукцыі, што спрыяла абмену. У бронзавым веку такая спецыялізацыя развівалася пераважна ў залежнасці ад геаграфічных асаблівасцей пэўных рэгіёнаў, у прыватнасці ад наяўнасці сыравіны і матэрыялаў, якія карысталіся попытам, арыентацыі рэк, распаўсюджвання унікальнай флоры і фауны і г.д. У меншай ступені скіраванасць на пэўную вытворчасць магла залежыць ад культурных традыцый, палітычнай арыентацыі і некаторых іншых прычын. Абмену спрыяла таксама фарміраванне груп людзей, якія спецыялізаваліся на апрацоўцы металаў, здабычы крэменю і інш. У выніку пашырэння вытвараючай гаспадаркі назіраецца арыентаванасць некаторых чалавечых супольнасцей на жывёлагадоўчыя заняткі, а іншых - на захаванне паляўніча-рыбалавецкага ўкладу жыцця, што таксама прыводзіла да пашырэння практыкі абмену.

Прадметам абмену становіцца метал, радовішчы і кампаненты для атрымання сплаваў з якога знаходзіліся толькі ў пэўных рэгіёнах. Адсутнасць сваіх радовішчаў меднай і іншых руд, неабходных для выплаўкі медзі і бронзы, вымушалі старажытных жыхароў Беларусі карыстацца, як і раней, крамянёвымі і касцянымі прыладамі або наладжваць абменныя сувязі для атрымання металаў ад суседзяў. У ранні перыяд бронзы на поўдзень Беларусі металічныя вырабы або сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металургічных рэгіёнаў. На пэўным этапе такімі пасрэднікамі пры распаўсюджванні металу і металаапрацоўчых традыцый на поўнач у асяроддзе сярэдне-дняпроўскай культуры маглі выступаць плямёны катакомбнай культуры, а таксама насельніцтва са шнуравой керамікай Украінскага Перадкарпацця, Падолля і Валыні.

З пашырэннем вытворчасці металічных вырабаў і паступовым складваннем у сярэдні і позні перыяды бронзавага веку іншых рэгіянальных цэнтраў металавытворчасці насельніцтва тэрыторыі Беларусі пашырае геаграфію абменных сувязяў. Металічныя прылады, упрыгожанні ў гэты час трапляюць у межы нашага краю не толькі з Каўказа, Украіны і Цэнтральнай Еўропы, але і са Скандынавіі, Ютландыі, Прыбалтыкі, цэнтральных раёнаў Расіі.

Аднак выяўленне канкрэтных шляхоў і сувязяў пэўных рэгіёнаў, дынаміка і час паступлення металу застаюцца дагэтуль нявырашанымі.

Важным і даволі прэстыжным прадметам імпарту ў эпоху бронзы быў бурштын. Бліжэйшыя ад Беларусі і буйнейшыя ў свеце радовішчы бурштыну знаходзяцца на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора Адсюль па Дзвіне, Нёману, Вісле і Бугу гэта выкапнёвая смала трапляла на тэрыторыю Беларусі, Украіны, Верхняга Паволжа, Усходняга Міжземнамор'я. Вялікае значэнне ў раннябронзавы перыяд для насельніцтва Беларусі набываў дзвінскі бурштынавы шлях з яго адгалінаваннем на Падняпроўе. Шмат бурштынавых упрыгожанняў знойдзена на Падзвінні на паселішчах паўночнабеларускай культуры (Крывінскі тарфянік на мяжы Сенненскага і Бешанковіцкага раёнаў). Бурштынавыя вырабы пранікалі таксама на Верхняе Падняпроўе ў асяроддзе насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры. 1

У адным з пахаванняў сярэднедняпроўскай культуры на могільніку Страліца знойдзена фаянсавая пацерка. Картаграфаванне падобных вырабаў, знойдзеных у Еўропе, паказвае, што найбольш іх канцэнтруецца ў Цэнтральнай і Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Апошнім часам даследчыкі схіляюцца да меркавання аб цэнтральнаеўрапейскім паходжанні фаянсавых пацерак ранняга перыяду бронзы, тэхналогія вытворчасці якіх прыйшла сюды на хвалі ўплываў цывілізацыі Бліжняга Усходу адначасова з пашырэннем металургіі бронзы. Аднак пакуль нявызначанымі застаюцца шляхі іх распаўсюджвання ў Еўропе. Найбольш верагодна, што такая пацерка на бераг Сожа магла трапіць з бліжэйшых цэнтральна-ўсходнееўрапейскіх раёнаў.

Прадметам абмену ў эпоху бронзы, асабліва на раннім этапе, быў высакаякасны крэмень. Некаторыя вырабы, такія, як крамянёвыя шліфаваныя сякеры, наканечнікі дроцікаў, сярпы, маглі трапляць у цэнтральныя і ўсходнія раёны Палесся, дзе адсутнічаюць радовішчы якаснага крэменю, з суседняй Валыні і Заходняга Палесся. Менавіта на Валыні жыхары многіх паселішчаў бронзавага веку спецыялізаваліся на здабычы і апрацоўцы мясцовага шэрага крэменю, які разыходзіўся на суседнія тэрыторыі. У бронзавым веку квітнела шахтавая крэмнездабыча на Краснасельскіх радовішчах пад Ваўкавыскам. Тут жа дзейнічала і мноства спецыялізаваных майстэрань па вырабу нарыхтовак сякер, якія пераважна ішлі на абмен.

А.Калечыц, М.Крывальцэвіч, М.Чарняўскі

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291903741 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Гаспадарчыя заняткі насельнікаў у бронзавым веку на Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network