публикация №1291903073, версия для печати

Сярэдні каменны век (мезаліт). Засяленне краю плямёнамі паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў на Беларусі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291903073)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by




Пацяпленне клімату. Асаблівасці эпохі.
Мезалітычныя плямёны на тэрыторыі Беларусі.
Пацяпленне клімату. Асаблівасці эпохі.

Мезаліт (сярэднекаменны век) у лясной зоне Усходняй Еўропы датуецца 9 - 5-м тысячагоддзямі да н.э. і ў археалагічнай перыядызацыі займае месца паміж палеалітам і неалітам.

Гэта быў час далейшых змен прыроднага асяроддзя, калі адбыўся паступовы пераход ад позналедавікоўя да максімальна спрыяльных кліматычных умоў, якія наступілі 7-6 тысячагоддзяў назад у так званы кліматычны оптымум. На змену халоднаму тундраваму стэпу прыйшлі лясныя масівы. У іх спачатку пераважалі бярэзнікі і хвойнікі, потым з'явіліся шыракалістыя лясы. Змяніўся і жывёльны свет. Паўночныя алені адышлі на поўнач услед за адступаючай тундрай. Іх месца занялі ласі, мядзведзі, дзікі і іншыя лясныя жывёлы. Шырока вядомыя ў гэты час высакародныя алені і туры. Значна павялічваецца колькасць птушак, асабліва вадаплаўных. У Паўднёвай і Цэнтральнай Беларусі ў цэлым гідраграфічная сетка была падобная на сучасную, на поўначы ўзнікаюць шматлікія азёры, рэкі выпрацоўваюць свае рэчышчы.

Змены клімату, расліннага і жывёльнага свету моцна паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці мезалітычнага чалавека. Мяняюцца спосабы палявання, з'яўляюцца новыя формы і тыпы паляўнічай зброі і прылад працы, удасканальваецца тэхніка іх апрацоўкі. Большае месца ў жыцці чалавека займае рыбалоўства. Ва ўмовах максімальна спрыяльнага клімату, які ўсталяваўся к канцу эпохі, значнага росту аб'ёмаў біямасы асабліва эфектыўнай робіцца прысвойваючая, у тым ліку і збіральніцкая гаспадарка.

На сённяшні час на тэрыторыі Беларусі знойдзена больш за 120 мезалітычных паселішчаў. А гэта значыць, што засяленне краю значна павялічылася ў параўнанні з фінальнапалеалітычнай эпохай. Большасць такіх помнікаў выяўлена на ўзбярэжжах Дняпра, Прыпяці, Нёмана і на іх буйнейшых прытоках. Менш стаянак вядома ў Цэнтральнай Беларусі і на Падзвінні.

Мезалітычны чалавек свае паселішчы-стаянкі ладзіў на краях надпоймавых рачных тэрас або карэннага берага, а таксама на паплаўных пясчаных узвышэннях непадалёку ад рачных старыц і заток. Прыцягвалі яго ўвагу і ўзбярэжжы некаторых буйнейшых азёр. Адным з галоўных патрабаванняў пры выбары месца жыхарства была блізкасць багатага рыбай вадаёма і радовішчаў крэменю, на якіх атрымлівалі сыравіну для вырабу прылад працы.

Стаянкі адрозніваліся паміж сабой па памерах і характары выкарыстання першабытным чалавекам. Пэўная родавая абшчына будавала асноўнае базавае паселішча з доўгатэрміновым жытлом, дзе магло знайсці прытулак некалькі дзесяткаў чалавек. Такія пастаянныя паселішчы знойдзены каля сучасных вёсак Бароўка Быхаўскага, Ворнаўка Кармянскага, Берагавая Слабада Рэчыцкага, Горкі Чэрыкаўскага раёнаў і ў іншых мясцінах. Сезонныя стаянкі былі невялікія па плошчы і іх выкарыстоўвалі кароткі час нешматлікія групы паляўнічых або асобныя сем'і. У месцах, багатых крамянёвай сыравінай, ствараліся спецыяльныя майстэрні, на якіх вялася крэмнеапрацоўка. Тут сустракаецца мноства крамянёвых адыходаў - розных абломкаў, адшчэпаў, нявыкарыстаных пласцінак, а таксама крамяневыя ядрышчы-нуклеусы, з якіх атрымлівалі нарыхтоўкі для вырабу прылад працы.

Жытлом мезалітычных людзей на Беларусі былі даволі лёгкія збудаванні, аснову якіх складалі канструкцыі з жэрдак. Яны былі акруглыя ў плане дыяметрам каля 5 м (стаянка Стасеўка Бабруйскага раёна) або падпрамавугольныя. Такое жытло выяўлена на паселішчы каля Берагавой Слабады. Яно мела памеры 4,3x3,8 м і было апушчана ў зямлю на глыбіню 0,3 м. Каля жытла знаходзіліся агнішча і некалькі, мабыць, гаспадарчых ям.

Мезалітычныя плямёны на тэрыторыі Беларусі.

У мезалітычны час на тэрыторыі Беларусі адбываліся этнакультурныя працэсы значна больш складаныя, чым у папярэднюю эпоху.

У пачатку мезаліту Падняпроўе працягвала засяляць насельніцтва грэнскай культуры. На сёння знойдзена больш за 10 паселішчаў, пакінутых ім, пры гэтым адно ва Усходнім Падзвінні, што гаворыць аб пранікненні часткі грэнцаў у басейн суседняй ракі.

Матэрыяльная культура грэнскага мезалітычнага насельніцтва на раннім этапе свайго развіцця шмат у чым наследавала традыцыі фінальнапалеалітычнага часу. Сярод паляўнічай зброі па-ранейшаму найбольш характэрнымі былі асіметрычныя (з аднаоаковай выемкай на чаранку) наканечнікі стрэл. Адначасова пачалі выкарыстоўваць і наканечнікі іншых тыпаў. Адыход паўночных аленяў прывёў і да знікнення касцяных гарпуноў і наканечнікаў коп'яў з пазамі для крамянёвых укладышаў. У Сувязі з гэтым меншая ўвага пачала надавацца апрацоўцы костак і рагоў, адпаведна зменшылася і колькасць крамянёвых разцоў. Адначасова ў крамянёвым інвентары павялічваецца значэнне скрабкоў, скобляў, сякер. Іх, асабліва скоблі і сякеры, выкарыстоўвалі пры апрацоўцы дрэва.

Грэнскія паселішчы раннемезалітычнага часу знойдзены на Дняпры каля вёсак Бароўка і Дальняе Ляда Быхаўскага раёна, пад Оршай, на Бярэзіне каля Гуты Бярэзінскага раёна, на Сожы каля Ворнаўкі (Грэнск) Кармянскага раёна.

У познамезалітычны час (6-5-е тысячагоддзі да н.э.) пры захаванні большасці з традыцыйнага набору крамянёвага інвентару грэнцы пачынаюць шырока выкарыстоўваць дробныя крамянёвыя ўкладышы, якім з дапамогай рэтушы нярэдка надаваліся геаметрычныя формы. Укладышы выкарыстоўваліся для вырабу састаўных прылад з касцяной асновай.

Рэшткі жыццядзейнасці познамезалітычнага грэнскага насельніцтва захаваліся на дняпроўскіх стаянках - каля г. Рэчыца, в. Рэкорд Лоеўскага раёна, а таксама ў некаторых іншых месцах.

Гістарычны лёс грэнскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі пакуль што невысветлены. Вядома толькі, што частка яго яшчэ каля 10 тысячагоддзяў назад прасунулася па Верхнім Дняпры ў Волга-Окскае міжрэчча, дзе сфарміравала некалькі адметную супольнасць, названую археолагамі іенеўскай культурай. Пазней іншыя групы грэнцаў праніклі на паўднёвы ўсход і пасяліліся ў басейне Дзясны, дзе культура іх таксама пэўным чынам змянілася.

Праз увесь мезалітычны час на Беларускім Падняпроўі і ва Усходнім Палессі жылі плямёны днепра-дзяснінскай культуры (культуру часткі гэтага насельніцтва некаторыя даследчыкі называюць сожскай). Гэтыя плямёны пачалі складвацца ў супольнасць яшчэ каля 10,5 тысячагоддзяў назад у выніку змешвання нашчадкаў лінгбійскага насельніцтва і носьбітаў свідэрскай культуры.

На тэрыторыі Беларусі знойдзена больш за 30 стаянак, на якіх калісьці жыло насельніцтва днепра-дзяснінскай культуры. Найбольш багатыя знаходкамі паселішчы на Сожы - Аўрамаў Бутор Веткаўскага, Кліны-2 Слаўгарадскага, Горкі Чэрыкаўскага раёнаў, на Дняпры - Баркалабава Быхаўскага, Берагавая Слабада Рэчыцкага раёнаў і інш. Асабліва характэрнымі знаходкамі пры раскопках гэтых стаянак былі наканечнікі стрэл з перажытачнымі свідэрскімі і лінгбійскімі рысамі, рознатыповыя разцы і скрабкі, авальныя і з перахопам на корпусе сякеры. Большасць прылад выраблялася з пласцінак.

На позняй стадыі свайго развіцця днепра-дзяснінскае насельніцтва пры вырабе прылад працы і зброі пачынае ўсё часцей выкарыстоўваць прылады дробных памераў, асабліва трапецыі і прамавугольнікі.

У пэўных рэгіёнах Падняпроўя днепра-дзяснінцы суседзілі з грэнскім насельніцтвам, аднак характар іх узаемадачыненняў пакуль што не высветлены. А вось гістарычны лёс познамезалітычных жыхароў стаянак паміж, Дняпром і Дзясной больш вядомы - яны засталіся тут і ў наступную неалітычную эпоху, а іх культура ў значнай ступені стала асновай для фарміравання верхнедняпроўскай неалітычнай супольнасці.

Поўнач Беларусі ў мезаліце засялялі плямёны кундскай культуры (названа так па характэрнай стаянцы каля г.Кундаў Эстоніі). На Беларускім Паазер'і знойдзены пакуль што толькі тры кундскія стаянкі - на ўзбярэжжах Дзвіны каля вёсак Замошша Верхнядзвінскага і Крумплева Полацкага раёнаў, а таксама на возеры Суя каля в. Плусы Полацкага раёна. Большасць даследчыкаў лічыць, што кундская культурная супольнасць у значнай ступені сфарміравалася ў выніку міграцыі свідэрскіх плямён у Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку. Аб гэтым сведчыць ужыванне кундскімі паляўнічымі пласціначных наканечнікаў стрэл з перажытачнымі свідэрскімі рысамі. Выкарыстоўвалі яны і некаторыя іншыя наканечнікі, разцы на спецыяльна зламаных пласцінках, пакарочаныя скрабкі. На ўвогуле бедных на крамянёвыя запасы тэрыторыях кундскае насельніцтва шырока выкарыстоўвала для вырабу прылад працы і зброі рогі і косткі. У прыватнасці майстраваліся рагавыя кінжалы, наканечнікі коп'яў і стрэл з пазамі, у якія ўстаўляліся апрацаваныя па краях дробныя пласцінкі.

Рагавая матыка і сякера. Смаргонскі кар'ер

Пакуль што невядома, якія пахавальныя абрады існавалі сярод большасці мезалітычных плямён Беларусі. А вось кундскія магілы ў Прыбалтыцы знойдзены. Мясцовае насельніцтва сваіх нябожчыкаў хавала ў ямах у выпрастаным становішчы з рознай арыентацыяй. У яму клаўся адзін памерлы або нават некалькі. Калі ж магіла выкарыстоўвалася шматразова, то пахаванні маглі размяшчацца нават ярусамі. Нябожчыкаў часта пасыпалі вохрай. Клалі ў магілы і прылады працы.

Кундскае насельніцтва як у Прыбалтыцы, так і на Беларусі датрывала ажно да канца мезаліту і стала асновай стратам - для мясцовай неалітычнай супольнасці. -

На працягу ўсяго мезаліту захад Беларусі, а таксама пэўныя рэгіёны поўдня і поўначы засялялі плямёны нёманскай культуры, якія месцамі суіснавалі з іншакультурнымі групамі. Яны сфарміраваліся з нашчадкаў аўтахтоннага познасвідэрскага насельніцтва і груп перасяленцаў з больш заходніх тэрыторый.

Нёманцы карысталіся лістападобнымі і чаранковымі наканечнікамі стрэл, блізкімі да свідэрскіх, ланцэтападобнымі вастрыямі, а таксама прыладамі, тыповымі для іншых мезалітычных плямён Беларусі. У пазнейшыя перыяды развіцця насельніцтва нёманскай культуры пачало шырока карыстацца рознымі мікралітамі, у тым ліку і ўкладышамі-трапецыямі. Мяркуючы па знаходках са стаянак, дзе захавалася арганіка, яно ўжывала і вырабы з косці і рога - выцягнутыя наканечнікі стрэл, гарпуны з зубцамі па краях, розныя вастрыі, кінжалы. На Панямонні стаянкі носьбітаў нёманскай культуры выяўлены каля Беліцы і Зблян Лідскага, Нясілавіч Дзятлаўскага раёнаў, на Дзвіне каля Сямёнавага Хутара Полацкага раёна. Трапляла гэта насельніцтва і на Верхнюю Прыпяць. Усяго на сёння археолагамі даследавана больш за 10 іх паселішчаў.

Носьбіты нёманскай культуры на захадзе Беларусі жылі да самага канца мезаліту і прымалі затым удзел у фарміраванні супольнасці нёманскай неалітычнай культуры.

У познім мезаліце на паўднёвы ўсход Беларусі з тэрыторыі суседняй Украіны праніклі даволі нешматлікія групы носьбітаў кудлаеўскай культуры (названа па стаянцы Кудлаеўка на Сярэднім Падняпроўі). Яны ў цэлым карысталіся інвентаром, характэрным і для іншых познамезалітычных плямён, аднак у іх ужытку былі і асаблівыя тыпы прылад - скошаныя крутой рэтушшу па краі адшчэпы (вастрыі кудлаеўскага тыпу), пласцінкі з затупленым рэтушшу краем. Найбольш ранняй на Беларусі кудлаеўскай стаянкай лічыцца Азярное ў Любанскім раёне. Матэрыял жа з паселішча Рэчыца-2 на Дняпры характарызуе завяршальную стадыю знаходжання гэтага насельніцтва на нашай тэрыторыі.

Лічыцца, што кудлаеўская супольнасць сфарміравалася на аснове нашчадкаў носьбітаў камарніцкай культуры, якія ў раннім мезаліце знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі, а пазней часткова перасяліліся ў паўднёва-ўсходнім кірунку.

На значнай тэрыторыі Беларусі, асабліва ў яе паўднёвай частцы, жыло насельніцтва яніславіцкай культуры (названа па пахаванні каля Яніславіцы ў Цэнтральнай Польшчы). Яніславіцкія стаянкі вядомыя на Дняпры (Старая Лутава Лоеўскагараёна), Бярэзіне (КрасноўкаСветлагорскагараёна), Прыпяці (Ляскавічы Петрыкаўскага раёна), у басейне Нёмана (Дабрынёва Івацэвіцкага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Беліца Лідскага раёнаў). Усяго на Беларусі вядома больш за 10 паселішчаў яніславіцкага насельніцтва.

Найбольш характэрнымі для яніславіцкіх крамянёвых вырабаў з'яўляліся ланцэтападобныя вастрыі, якія найчасцей ужываліся як наканечнікі стрэл, доўтія трохвугольныя ўкладышы са стромкай краявой рэтушшу.

Яніславіцкае насельніцтва ў некаторых рэгіёнах і асабліва на перыферыі свайго рассялення жыло ўпярэмешку з супольнасцямі іншых культур, уступаючы з імі ў розныя формы ўзаемаадносін. Яго паходжанне звязваецца з маглемозскім мезалітычным насельніцтвам Паўднёвай Прыбалтыкі, а гістарычным лёсам стаў удзел у фарміраванні некаторых неалітычных культур Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Месцамі, як, напрыклад, на Нарачанскіх азёрах, жылі групы насельніцтва са сваімі асаблівасцямі культуры, якія ўзніклі ў выніку складаных працэсаў змешвання і ўзаемаасіміляцыі.

У.Ксяндзоў

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291903073 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Сярэдні каменны век (мезаліт). Засяленне краю плямёнамі паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў на Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network