публикация №1291902790, версия для печати

Асаблівасці першабытнай эпохі гісторыі Беларусі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291902790)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Першабытны перыяд нашай гісторыі не толькі самы працяглы, але і надзвычай важны, бо ў ім закладваліся асновы будучага развіцця краю, размешчанага на памежжы Заходняй і Усходняй Еўропы, на водападзелах рэк Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў.

У гэты час адбылося засяленне тэрыторыі Беларусі чалавекам - ад першага пранікнення на яе паўднёва-ўсходні край у палеаліце і да асваення ім узбярэжжаў вадаёмаў і нават водападзелаў ў жалезным веку. У першабытную эпоху чалавек дасягнуў вызначальнейшых поспехаў у сваім развіцці, заклаўшы асновы для болынасці адкрыццяў пазнейшых часоў:
ад кароткачасовых стаянак да паселішчаў і ўмацаваных гарадзішчаў, наякіх жылі многія сотні гадоў;
ад будаўніцтва лёгкіх прытулкаў з жэрдак, кары і скур да ўзвядзення складаных жыллёва-гаспадарчых, культавых і фартыфікацыйных збудаванняў;
ад прыкрыцця скурамі цела ад холаду да шыцця рознага тыпу вопраткі і абутку, не толькі са скур, але і з тканага палатна;
ад выкарыстання расшчэпленых камянёў, прымітыўна апрацаваных костак і палак да бронзаліцейнай вытворчасці, здабычы жалеза з балотнай руды, кавальства, зачаткаў шкларобства і ювелірнай справы;
ад начынняў з кары і пруткоў да высакаякаснага рознатыповага посуду з абпаленай гліны;
ад палявання, рыбацтва і збіральніцтва да вытвараючай гаспадаркі з жывёлагадоўляй і земляробствам, з наборам культурных раслін і свойскіх жывёл, характэрных і для пазнейшых часоў;
ад збірання паверхневага крэменю да распрацоўкі залежаў гэтай сыравіны шахтавым спосабам;
ад перамяшчэння пяшком ляснымі сцежкамі да вынаходніцтва чаўноў, лыжаў, саней і калясніц;
ад першабытнай стаднасці першапасяленцаў да родаплемянной арганізацыі і зараджэння элементаў дзяржаўнасці;
ад калектывізму і ўраўняльнасці ў сацыяльным уладкаванні да маёмаснай дыферэнцыяцыі і родаплемянной арыстакратыі;
ад першых прымітыўных узораў на камянях і костках да складанай і распрацаванай арнаментацыі, гравіровак, высокамастацкіх узораў аб'ёмнай пластыкі; ад падвесак з зубоў да біжутэрыі са шкла і металаў;
ад напаўжывёльнага ўспрымання асяроддзя і сябе да спроб іх асэнсавання праз мастацтва і рэлігію, да зачаткаў навуковых ведаў - батанікі, заалогіі, астраноміі, медыцыны, кліматалогіі і інш.

У першабытную эпоху на нашай тэрыторыі адбываліся складаныя этнічныя працэсы, яе неаднаразова краналі вялікія міграцыі плямён, пастаянна дзейнічалі фактары змешвання і асіміляцыі, ажно да фарміравання гістарычных супольнасцей балтаў і славян, якое адбывалася пры ўдзеле пэўных груп фіна-уграў, індаіранцаў, кельтаў, германцаў.

Размяшчэнне тэрыторыі Беларусі ў цэнтры Еўропы, на мяжы хваёвых і лісцёвых зон, а таксама зон атлантычнага і кантынентальнага клімату, на сумежжы ў познім каменным веку рэгіёнаў з прысвойваючай і вытвараючай гаспадаркай стваралі надзвычай своеасаблівую і плённую сістэму ўзаемаўплываў, спрыялі ўстанаўленню этнакультурных сувязяў паміж Усходняй і Заходняй Еўропай. 3 часу ж бронзавага веку пачынае праяўляцца фактар размяшчэння паміж Балтыйскім і Чарнаморскім басейнамі, дзе пераважавалі ўплывы з антычнага свету.

Пры адсутнасці пісьмовых крыніц цяжка рэканструяваць сацыяльныя адносіны ў першабытных супольнасцях. Па гэтых прычынах больш распаўсюджанай з'яўляецца археалагічная (тэхналагічная) перыядызацыя, якая падзяляе мінулае па характары сыравіны, што ішла на выраб прылад працы, - на каменны (каля 100 000 - 4 000 гадоў назад), бронзавы (каля 4 000 - 2 800/2 700гадоў назад) і жалезны (каля 2 800/2 700- 1500 гадоў назад) вякі. У сваю чаргу ў гэтых перыядах існуе і драбнейшы падзел, які паказвае асаблівасці і этапы іх развіцця. Археалагічная перыядызацыя не такая фармальная, як можа падацца на першы погляд, бо ўдасканаленне прылад працы адлюстроўвае эвалюцыю вытворчасці, а з апошняй можна звязваць з рознай ступенню верагоднасці сацыяльную, культурную і нават пэўным чынам этнічную гісторыю.

Пры археалагічных даследаваннях заўважана, што на пэўных тэрыторыях, найчасцей у басейнах буйных рэк, рэшткі жыццядзейнасці пешабытных людзей - жытло, прылады працы і зброя, рэчы побыту, упрыгожанні, сляды рэлігійных культаў - утвараюць характэрныя комплексы, якія адрозніваюцца ад археалагічных матэрыялаў з суседніх тэрыторый. Такія комплексы, якія існавалі на акрэсленых тэрыторыях і ў пэўны прамежак часу, навукоўцы аб'ядноўваюць у археалагічныя культуры. Ім надаюцца розныя, як правіла, умоўныя назвы - па тэрыторыі распаўсюджання (нёманская, паўночнабеларуская), характэрных рэчах (шарападобных амфар, баявых сякер), асаблівасцях арнаментацыі глінянага посуду (грабеньчата-накольчатай керамікі), пахавальным абрадзе (культура адзінкавых пахаванняў), назве мясцовасці, дзе ўпершыню выяўлены характэрныя паселішчы або могільнікі (нарвенская, сосніцкая), назве народа, які пакінуў пасля сябе гэтыя помнікі (гота-гепідская), і інш.

Лічыцца, што носьбітамі пэўнай археалагічнай культуры былі роднасныя між сабой плямёны, якія размаўлялі на адной мове або на блізкіх дыялектах. Але гэта назіралася далёка не заўсёды. Аднак комплексны і параўнаўчы разгляд матэрыялаў археалагічнай культуры з улікам старажытных назваў вадаёмаў і даных пісьмовых крыніц, калі яны ўжо маюцца, - пакуль што адзіная магчымасць выяўлення этнічных супольнасцей эпохі першабытнага грамадства.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291902790 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Асаблівасці першабытнай эпохі гісторыі Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network