публикация №1291901222, версия для печати

Сцяпан Некрашэвіч


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291901222)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ
Источник: (c) http://library.by




20-я гады XX стагоддзя далі беларускай нацыянальнай навуцы цэлую плеяду выдатных мовазнаўцаў, якія, атрымаўшы, нарэшце, магчымасць даследаваць, вывучыць і расказаць шырокім масам гісторыю і сучасны стан роднай мовы, актыўна заняліся гэтымі, несумненна, востра патрэбнымі, надзённымі - з аднаго боку, складанымі і неадназначнымі - з другога праблемамі і пытаннямі. Адам Багдановіч, Мікалай Байкоў, Пётр Бузук, Іван Бялькевіч, Вацлаў Ластоўскі, Яўген Воўк-Левановіч, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Браніслаў Тарашкевіч, Леанід Цвяткоў - што ні імя, сапраўдная эпоха ў гісторыі матчынай мовы. На думку іх паслядоўніка, вядомага мовазнаўцы другой паловы таго ж XX стагоддзя прафесара Аркадзя Жураўскага, "найбольш значным спецыялістам у беларускім мовазнаўстве таго часу аказаўся Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч, які за параўнальна кароткі час праявіў сябе як здольны арганізатар беларускай мовазнаўчай навукі і адначасова як старанны даследчык з шырокім дыяпазонам навуковых інтарэсаў".

На пярэднім мовазнаўчым рубяжы...

Сцяпан Некрашэвіч (1883-1937) нарадзіўся ў вёсцы Данілаўка (цяпер гэта Салігорскі раён) у сялянскай сям'і. У 1908 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, пачаў працаваць выкладчыкам пачатковай школы ў Целыпанскім павеце Ковенскай губерні, потым - у Віленскай школе "Таварыства цвярозасці". Адначасова Сцяпан вучыўся ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння якога працаваў у мястэчку Дагеза на Дзісненшчыне.

У 1914-м С. Некрашэвіч быў мабілізаваны ў рады царскай арміі, трапіў на фронт і чатыры гады правёў на перадавой. Пасля дэмабілізацыі лёс закінуў яго далёка ад Бацькаўшчыны - ажно ў Адэсу. Звыш двух гадоў жыў ён там, займаючыся культурна-асветніцкай працай сярод беларусаў-бежанцаў і салдат. Якраз у той час Сцяпан Міхайлавіч паступіў у Вышэйшы міжнародны інстытут, у якім правучыўся два гады. I толькі ў 1920-м, адразу пасля вызвалення Мінска ад белапольскай акупацыі, ён атрымаў нарэшце магчымасць вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Высокаадукаванаму спецыялісту роднай мовы адразу ж прапанавалі важныя і адказныя пасады ў апараце Народнага камісарыята асветы Беларусі. Спачатку ён - загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, потым- старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, намеснік старшыні Галоўпрафасветы пры камісарыяце. Сярод важнейшых пытанняў, якія вырашыла, напрыклад, навукова-тэрміналагічная камісія пад яго кіраўніцтвам, - распрацоўка навуковай тэрміналогіі роднай мовы, патрэбу ў якой вельмі востра адчувалі пачатковыя і сярэднія школы маладой Савецкай Беларусі. На працягу толькі 1921 года камісіяй было распрацавана больш як 7 тысяч тэрмінаў у галіне граматыкі, літаратуры, логікі, матэматыкі, батанікі, геаграфіі і геалогіі.

Дзякуючы настойлівай, насамрэч падзвіжніцкай дзейнасці такіх асоб, як У. Ігнатоўскі, У. Пічэта, Я. Карскі, Я. Дыла і іншыя, кіраўніцтва Беларусі (і тут трэба аддаць належнае - даволі-такі хутка і аператыўна) пераканалася ў важнасці і неабходнасці развіцця - побач, вядома ж, з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай - і навукі, асветы, адукацыі... I зусім невыпадкова 20 сакавіка 1922 года Савет Народных Камісараў БССР на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі стварае Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), у задачы якога, перш за ўсё, і ўваходзіла планавае даследаванне мовы, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі, эканомікі, сацыяльна-эканамічнага руху, а таксама аб'яднанне ў гэтых найважнейшых накірунках чалавечай дзейнасці ўсёй працы, што праводзілася як цэлымі ўстановамі, так і асобнымі даследчыкамі.

Першы, так бы мовіць, састаў Інбелкульта складаўся з 16 правадзейных членаў, а на чале ўстановы і стаў Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч.

У тым жа 1922-м выйшаў у свет першы сшытак (так, прынамсі, называлі тады гэтыя зборнікі. - Заўвага А.М.) літаратурна-навуковага весніка Інстытута беларускай культуры "Адраджэнне". Гэта была вялікая заваёва беларускага нацыянальнага Адраджэння. Побач з новымі творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў тут былі змешчаны навуковыя артыкулы па праблемах мовы і літаратуры. Сярод іх, перш за ўсё, звярталі на сябе ўвагу артыкулы С. Некрашэвіча "Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм" і "Інстытут беларускай культуры", апошні з якіх, уласна кажучы, і стаў свайго роду праграмай дзейнасці гэтай установы. "Перш за ўсё, - пісаў у ім арганізатар установы і даследчык яе дзейнасці, - патрэбна навуковае апрацаванне беларускай тэрміналогіі і ўкладанне падручнікаў..."

Аб маштабах і параметрах навуковай і педагагічнай працы С. Некрашэвіча і яго спадзвіжнікаў сведчаць хоць бы такія факты: літаральна за некалькі гадоў былі падрыхтаваны, а потым і выдадзены "Беларуска-расійскі слоўнік" С. Некрашэвіча і М. Байкова на 30 тысяч слоў і "Расійска-беларускі слоўнік" гэтых жа ўкладальнікаў на 60 тысяч слоў. Іх выданне ў 1926 і 1928 гадах, як засведчыла філалагічная навука, стала ці не сапраўднай рэвалюцыяй у беларускай і, адначасова, расійскай філалогіях.

На тыя ж гады выпадае і росквіт здольнасцей і магчымасцей Сцяпана Некрашэвіча як кіраўніка і арганізатара навукова-даследчых сіл. Ужо напрыканцы 1928 года ён - віцэ-прэзідэнт Беларускай акадэміі навук: пасада, на якой ён разлічваў зрабіць так многа... У 1929-м стаў дырэктарам Інстытута мовазнаўства БАН, застаючыся старшынёй правапіснай камісіі і камісіі па ўдакладненні слоўніка жывой беларускай мовы... Як сведчылі яго сучаснікі і суайчыннікі, такога абсягу навукова-даследчай працы і дзейнасці, як ён, тады не меў ніхто!..

Абсяг асабістых навуковых інтарэсаў Сцяпана Міхайлавіча і сапраўды быў вялікі. Ён даследаваў лексікаграфію і правапіс, дыялекталогію і гісторыю беларускай мовы - тыя сферы, дзе найбольш патрэбныя былі кампетэнтнасць, дасведчанасць, глыбіня аналізу і высноў... А тое, што С. Некрашэвіч быў у гэтых накірунках мовазнаўства сваім, што называецца, чалавекам, сведчаць яго слоўнікі, лемантары, чытанкі, якія тады, на пачатку самастойнага існавання нашай рэспублікі, былі так патрэбны выключна кожнаму чалавеку, які імкнуўся, як зазначыў класік, да свету, да ведаў...

Шматкрат выходзілі ў свет Божы кнігі і падручнікі, падрыхтаваныя Сцяпанам Некрашэвічам: яго "Беларускі лемантар", напрыклад, на працягу 1922-1929 гадоў выдаваўся ажно 6 (!) разоў. Чатыры разы за... чатыры гады выдавалася і чытанка "Роднае слова" Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча!

...Толькі не магло і гэта "спыніць" расправы і "звядзенне" рахункаў з іншадумцамі, "ворагамі народа"... У 1930 годзе акадэмік Некрашэвіч быў арыштаваны, абвінавачаны ў той жа, што і многія яго сябры, знаёмыя і аднадумцы, "нацдэмаўскай" дзейнасці... 6 снежня таго ж 1930-га пастановай Савета Народных Камісараў акадэмікі С. Некрашэвіч, В. Ластоўскі, У Пічэта, Я. Лёсік, Г. Гарэцкі, А. Дубах былі выключаны са складу Акадэміі навук і, як засведчана ў тым дакуменце, "пазбаўлены ганаровага звання акадэміка"...

Сцяпана Некрашэвіча выслалі ва Удмурцію...

Напрыканцы 1937 года Сцяпан Міхайлавіч быў арыштаваны паўторна. Акадэміка (які сорам! -А.М.) прывезлі ў кайданах у Мінск і 20 снежня таго ж, жудаснага і трагічнага 1937-га, расстралялі!..

Ці ведае хоць бы якая іншая нацыя такіх "адносін" да сваіх - без перабольшання! - свяцілаў?!

Крыніца: Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Литература и Искусство, 2009. - 344 с.: іл.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291901222 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Сцяпан Некрашэвіч

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network