публикация №1291897436, версия для печати

Пра тэорыю «мужыцкасці»


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291897436)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ НАУКА И КУЛЬТУРА
Источник: (c) http://library.by


Беларуская мова, як лінгвістычная фармацыя, мае пацверджанне свайго існавання ўжо ў 2300 годзе да нашай эры. Але ад таго часу яна мусіла прайсці вельмі доўгі шлях, мусіла значна змяніцца, развіцца, удасканаліцца. Мова існавала ў выглядзе шэрагу дыялектаў, і толькі з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага з гэтых дыялектаў сфармавалася койнэ, якое і развілося далей у мову. Койнэ Вялікага Княства Літоўскага грунтавалася на дыялектах полацкіх, віленскіх і смаленскіх крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, валынян, севяран, літвы (люцічаў) з ужываннем дыялектных элементаў іншых славянскіх ды балцкіх плямёнаў. Койнэ ВКЛ хутка стала дамінантным на абшарах усёй краіны. Асаблівасці дыялектаў сціраліся. Фармавалася агульнадзяржаўная мова. Велічыня і магутнасць Вялікага Княства (ад Балтыйскага да Чорнага мора і ад Карпат да Акі) абумовіла веліч і магутнасць яго мовы.У сілу гістарычнай і геаграфічнай сітуацыі мова Вялікага Княства (ліцвінская або беларуская) у 13-14 стагоддзі сталася адзінай дзяржаўнай пісьмовай мовай ва ўсім славянскім свеце. Каталіцкае славянства карысталася на пісьме лацінаю. Усходнія славяне, стаптаныя мангола-татарамі, захавалі толькі царкоўна-балгарскае рэлігійнае пісьменства. Самі балгары падпалі пад турак. У Вялікім Княстве Літоўскім склаліся аптымальныя ўмовы для развіцця ўласнага пісьменства. Традыцыя кірылічнага царкоўнага пісьма і кірылічная летапісная традыцыя Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў абумовілі развіццё менавіта кірылічнага свецкага пісьменства ў ВКЛ. Але лексічны спектр свецкай мовы аказаўся значна шырэйшым, чым лексічны спектр і царкоўнай літаратуры, і летапісаў. "Белыя плямы" пачалі запаўняцца словамі і выразамі жывой гутарковай народнай мовы. Тут неабходна абмовіцца, што мы маем на ўвазе пад тэрмінам "народ". Народ ВКЛ - гэта ўсе станы грамадства, ад вялікага князя да селяніна. І ў пісьме выкарыстоўваліся найперш словы з атачэння пісца, а гэта значыць, словы лексікі вялікага князя, яго баяр, дружыннікаў, купцоў, а пасля ўжо - мяшчан і сялян. Князі, баяры, дружына былі ў значнай ступені "інтэрнацыяналізаваныя". Сёння - баярын у Вільні, заўтра - кашталян на Валыні, паслязаўтра - на Браншчыне ці на Жамойці. Ніхто з іх не збіраўся перавучвацца на мясцовыя дыялекты. Наадварот, ліцьвінскія словы, эканамічныя, палітычныя, вайсковыя тэрміны разносіліся з Вільні на ўскраіны, пранікалі ў мясцовыя дыялекты і нівелявалі іх пад адзіную мову. З другога боку, чэрпалася нешта і з дыялектаў. Ішла нармальная моватворчасць. Гэтага мы не можам сказаць ні пра Масковію (там падобныя працэсы таксама ішлі, але не з боку Масквы, а з боку Залатой Арды), ні пра Польшчу, дзе вусная мова была цалкам адарваная ад пісьмовай, ні пра Жамойць, дзе ўсе кашталяны, іх атачэнне, службоўцы розных рангаў размаўлялі па-беларуску, хоць, безумоўна, большасць з іх магла і па-жамойцку, а пісалі толькі па-беларуску, бо жамойты пісьменства проста не мелі. Па-беларуску размаўляла і ўся знаць Украіны і, адпаведна, пісалі таксама толькі па-беларуску. Такім чынам, беларуская пісьмовая мова была адзінай паўнавартаснай пісьмовай мовай ВКЛ і ўсёй Усходняй Эўропы. Яе становішча і абумовіла тое, што беларуская мова стала мовай міжнародных зносін. Наогул, міжнародных моваў на той час было няшмат. Лаціна. Грэцкая. Санскрыт. Арабская. Мангольская. Ханьская. І беларуская. Асабліва ўмацаваліся міжнародныя пазіцыі беларускай мовы пасля таго, як на польскі пасад сеў ліцвін Ягайла. Не ведаючы лаціны і разумеючы ўласныя ўказы і прывілеі праз перакладчыкаў, ён ахвотна пагадзіўся, каб на Літву граматы і прывілеі пісаліся па-беларуску. Гэта задавальняла і Масковію, бо беларуская пісьмовая мова, заснаваная на стараславянскай лексіцы, ім была зразумелая. Пазней гэты статус беларускай мовы захоўваўся да Люблінскай вуніі і часткова да канфедэрацыйнага сойму 1696 года.

Міжнароднае бытаванне беларускай мовы зрабіла значны ўплыў на ўсе суседнія мовы. З яе ішла цэлая плынь пазычанняў у польскую, маскоўскую, украінскую, жамойцкую мовы. Так пры Ягайле ў польскую мову цалкам была перанесена ліцвінская вайсковая лексіка. Нават баявы гімн ліцвінаў быў пазычаны палякамі. Так, падчас Грунвальдскай бітвы польскія харугвы ішлі ў бой са спевам "Багародзіцы" на беларускай мове, пра што сведчыць не адзін польскі гісторык. Ішлі пазычанні і ў іншых галінах. І бальшыня словаў, якія нашы "навукоўцы" называюць сёння паланізмамі, на самой справе пазычана палякамі з беларускай мовы. Яшчэ больш пазычанняў з беларускай мовы ішло ў маскоўскую і ўкраінскую мовы. Пад уздзеяннем беларускай мовы і ў Польшчы, і на Ўкраіне, і ў Масковіі ўзнікалі койнэ, якія мы можам без вялікай нацяжкі назваць "вульгарнай беларушчынай". І як з "вульгарнай лаціны" выкрышталізаваліся раманскія мовы - французская, гішпанская, італійская і іншыя, так з "вульгарнай беларушчыны" выкрышталізаваліся і польская, і ўкраінская, і маскоўская мовы. Толькі лаціна пры гэтым адмерла, а беларуская мова выжыла, з'яўляючыся да гэтага часу міжславянскім эсперанта.

Гэтая інтэрнацыяналізацыя беларускай мовы магла мець як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы. Станоўчыя наступствы мы маглі б мець пры захаванні магутнай і самастойнай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым выпадку паспяхова адбылася б поўная беларусізацыя не толькі ўсіх яго славянскіх тэрыторый, але і такіх крыўскіх зямель, як Пскоўскае і Цвярское княствы, а таксама часткова Жамойці і Інфлянтаў. Страта дзяржаўнасці прывяла да адмоўных і, нават, трагічных наступстваў. Чыстая і самабытная беларуская мова не мела моўнага парога паміж сабой і "вульгарнай беларушчынай" як у выглядзе польскай, так і маскоўскай моваў. Беларус разумеў усіх, і яго разумелі ўсе. Пры страце дамінантных пазіцый беларускай дзяржавы беларуская мова заставалася безабароннай, і толькі слабая інфармацыйнасць прасторы ВКЛ бараніла беларусаў ад асіміляцыі. Пад паланізацыю і русіфікацыю траплялі ў першую чаргу інтэрнацыяналізаваныя і інфармаваныя вышэйшыя станы грамадства.

Працэсы іх паланізацыі і русіфікацыі ішлі настолькі імкліва, што адбылося адсяканне адукаваных станаў нацыі ад самой нацыі, якое прывяло да поўнай страты беларускай пісьмовай традыцыі. Нацыя, адна з найвялікшых ў свеце, засталася без пісьменства і мусіла пачынаць усё спачатку.

Тая лёгкасць, з якой беларус разумеў і пальшчызну, і расейшчыну, спараджала імкненне і тых, і другіх да асіміляцыі беларусаў. Прапагандысцкія машыны абедзвюх метраполій, польскі касцёл і маскоўскае праваслаўе ўзяліся за беларусаў. Але, лёгка справіўшыся з вышэйшымі станамі, асімілятары па чарзе ламалі зубы на непісьменнай масе сялян, мяшчан і дробнай шляхты. Каб справіцца з гэтай масай, трэба было яе перавучыць. Спадзяванні на царкоўную вунію не спраўдзіліся. Вуніяцкая царква нечакана для яе тэарэтыкаў ператварылася ў нацыянальную царкву беларусаў, дзе ва ўсю моц загучала беларуская мова. Тады з абодвух бакоў была запушчана тэорыя пра "мужыцкасць" і "лапатнасць" беларускай мовы, каб канчаткова разарваць повязь паміж станамі нацыі. Гэта ў значнай ступені ўдалося. Мова, якая не мела пісьменства, насамрэч выглядала і больш беднай, і горшай перад мовамі, на якіх вучылі ў школах і ўніверсітэтах.

Тэорыя дала плён. Беларусы, якім удавалася атрымаць добрую адукацыю, пераходзілі на польскую ці расейскую мовы, адмаўляючыся ад сваёй, як ад непатрэбнай. А яна і сапраўды была непатрэбнай ні польскай дзяржаве, ні расейскай.

Але гэтая тэорыя "мужыцкасці", якая павінна была прынізіць і знішчыць нашую мову, можна сказаць, і выратавала яе. Абезгаловіўшы беларускую нацыю, пазбавіўшы яе пісьменства, асімілятары палічылі, што справа зроблена, і аслабілі націск на нізы беларускага народа. І гэтыя нізы (вялікі адсотак дробнай шляхты, часам да 30 адсоткаў усяго насельніцтва) мусілі сказаць сваё слова. Застаючыся беларускамоўнай, шляхта назапашвала сілы для адраджэння. Пра яе арыентацыю сведчыць хаця б такі факт: паводле перапісу 1897 года са 153 тысячаў дваран беларускіх губерняў 43,3 адсотка прызналі роднай мовай беларускую. А калі б адкінуць тую процьму расейскага дваранства, якое было нагнанае сюды дзеля русіфікацыі краю, то адсотак беларускамоўнай штяхты мог бы падвоіцца.

І адраджэнне пачалося. Прыстасоўваючы то лацініцу, то кірыліцу, беларусы пачалі спрабаваць пісаць на роднай мове. Пакрысе пачала фармавацца новая пісьмовая традыцыя, заснаваная на жывой мове, без усякіх старажытных уплываў. За два пакаленні паднялася новая рунь беларусаў. Змаганне ўваходзіла ў паступовую і зацяжную фазу абуджэння нацыянальнай свядомасці цэлага народа. Бальшавіцкі пераварот абвастрыў і паскорыў гэтыя працэсы. Фактычна, нацыянальна свядомая эліта аказалася здольнай вырашаць задачы нацыянальнага адраджэння, не чакаючы "даспявання" ўсяго народа. І гэта было заўважана. Разграміўшы БНР, падзяліўшы Беларусь, наступны ўдар каланізатары з абодвух бакоў мяжы нанеслі па нацыянальнай эліце. Па абодва бакі мяжы турмы аказаліся забітымі беларускай інтэлігенцыяй. На 1940 год на тэрыторыі Польшчы не засталося ніводнай беларускай школы, у БССР на волі засталося 14 пісьменнікаў. Усё начальства на захадзе гаварыла па-польску, на ўсходзе - па-расейску. Тэорыя "мужыцкасці" вярнулася. Але на гэты раз асімілятары і на ўсходзе, і на захадзе Беларусі дабраліся-такі да глыбінь народа. Усеагульная абавязковая адукацыя пры Польшчы вырашала задачу апалячвання. Пры саветах на першым этапе ішла інтэрнацыяналізацыя свядомасці, а ўжо праз пакаленне пачалася татальная русіфікацыя.

Пасля вайны ў БССР тэорыя "мужыцкасці" пачала рэалізоўвацца ў глабальным аб'ёме па ўсёй тэрыторыі з невялікім адставаннем заходніх раёнаў. Быў абмежаваны сацыяльны статус беларускай мовы. Мовай начальніка была расейская мова, мовай калгасніка - беларуская. Мова партыі, камсамола, войска, міліцыі - расейская мова.

У адпаведнасці з тэорыяй "мужыцкасці" ў невялікіх і занядбаных вёсках школы заставаліся беларускімі, а гарадскія ўсе былі расейскамоўнымі. Лепшую базу, лепшых выкладчыкаў, сацыяльную перавагу горада над вёскай ператваралі ў перавагу расейскасці над беларускасцю.

Практычна ўся сфера навукі была расейскамоўнай. Беларускай мове пакінулі вывучэнне сябе самой. На ёй хіба толькі функцыянавала мастацкая самадзейнасць на вёсцы, дзе спявалі пра лапці, ды гралі на піле. У канцы 60-х і беларускую літаратуру дазволілі ў многіх школах вучыць па-расейску.

Ні адной вышэйшай беларускамоўнай навучальнай установы, ні аднаго тэхнікума, ні аднаго ПТВ. Вясковых хлопцаў у ветэрынарных тэхнікумах вучылі па-расейску.

Да канца 70-х ні адна кніга сусветнай літаратуры не была перакладзена на беларускую мову (дазвалялася перакладаць пісьменнікаў Сярэдняй Азіі, Казахстана, Грузіі і г.д., каб паказаць дружбу народаў). Дзюма, Твен, Хемінгуэй, нават Міцкевіч - толькі па-расейску. Не дубляваліся фільмы. "Беларусьфільм" нават "Людзей на балоце" зняў па-расейску. Не было ні аднаго мультфільма. У рэпертуары опернага тэатра адна беларускамоўная опера "Алеся". Толькі ў купалаўскім тэатры "Паўлінку" яшчэ дазвалялі паказваць па-беларуску, бо там - ізноў жа лапці ды мужыкі, як сімвал беларускага народа.

З'яўленне "Песняроў" стала магчымым таксама толькі таму, што пачалі яны з таго самага: "Скрыпяць мае лапці...".

На канец 80-х ад беларускасці засталіся рэдкія выспачкі. Здавалася, што ўсё скончана. Але толькі таталітарная машына скрыгатнула словам "перабудова", як у лічаныя гады расквітнела ўся цывілізацыйная інфраструктура беларускай нацыі. Пачаўся прарыў беларускасці ва ўсе галіны цывілізацыйнага спектра. І каланіяльная адміністрацыя забіла трывогу. Да ўлады былі прыведзены сама цемрашальныя антыбеларускія сілы. І зноў загучала слова "мужыцкая".

Сёння ў чарговы раз робіцца ўсё дзеля ліквідацыі беларускай адукацыі, дзеля недапушчэння беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Беларуская мова наўпрост выкінута з сістэмы кіравання, войска, міліцыі. Нават прысяга прымаецца ўжо па-расейску. Уся абслуга прамысловай вытворчасці расейскамоўная, справаводства расейскамоўнае. Тэлебачанне і радыё карыстаюцца своеасаблівай "трасянкай". Наклады беларускіх выданняў мізэрныя. Ідзе адкрытае шальмаванне беларускай мовы, на якой нібыта "нельга выказаць нічога вялікага". Зноў ідзе змаганне за эліту, змаганне за ператварэнне нацыянальнай эліты ў каланіяльную.

Сёння нацыянальная інтэлігенцыя, як калісьці шляхта, мусіць супрацьстаяць носьбітам тэорыі "мужыцкасці" беларусаў. І зноў гэты не сама багаты, але шматлікі і адукаваны стан грамадства павінен узяць на сябе справу Вялікага Нацыянальнага Адраджэння Беларускага Народа.

Станіслаў Суднік

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291897436 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Пра тэорыю «мужыцкасці»

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network