публикация №1291897291, версия для печати

Дзесяцігодзьдзе беларускае граматыкі (1918—1928 г.)


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291897291)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ НАУКА И КУЛЬТУРА
Источник: (c) http://library.by




Сёлета ўвосень мінае дзесяць год, як выйшла ў сьвет першая беларуская граматыка. "Даўно жаданы час, калі паявіцца ў сьвет беларуская граматыка, прыйшоў нарэшце ў 1918 г.", - пісаў у рэцэнзіі на яе В. Тройца, адзін з выдатнейшых кіраўнікоў выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца". (Тыднёвік "Вольная Беларусь", № 30, за 1918 г.). Гэта была -

"Беларуская граматыка для школ".
Напісаў кандыдат філёлёгіі. Петрагр. Унівэр. Б. Тарашкевіч.
Выданьне "Беларускага Камітэту".
Вільня. Друкарня М. Кухты. 1918 г.

Граматыка мела два выданьні - лацінкаю (іп 1/16 стр. 112) і кірыліцаю (іп 1/8 стр. 76). Аўтар яе - Браніслаў Тарашкевіч, былы пасол (дэпутат) польскага сойму, а цяпер галоўная абвінавачаная асоба ў працэсе Беларускае Грамады ў Вільні.

Выпускаючы ў сьвет сваю работу, аўтар пісаў: "Маю надзею, што ў будучыне лепшы час пазволіць мне напісаць паўнейшую і больш навуковую граматыку беларускае мовы", бо - "Патрэбы школы прымусілі мяне адкінуць усё тое, што мела больш чыста навуковае значэньне, як практычнае. Я ўвесь час ня выпускаў з вачэй пэдагагічную старану кніжкі" ("Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стр. 4, курсыў арыгін.).

Але апынуўшыся пад польскаю ўладаю, аўтар не дачакаўся "лепшага часу". Жыцьцё ў Заходняй Беларусі, палажэньне беларускага народа пад Польшчаю прымусілі яго пакінуць навуковую працу і выступіць на абарону народа, бо -

"Сьціснула гора дыханьне ў народзе... Хваляй шырокай разьлілась, як мора, Родны наш край затапіла" (М. Бгд.).

Браніслаў Тарашкевіч - аўтар першай беларускай граматыкі

Ён пайшоў у сойм, спадзяючыся спачатку знайсьці там гэтую абарону, а ня сустрэўшы ні падтрыманьня, ні спачуцьця, рынуўся ў народныя гушчы, арганізуючы масы для самаабароны, для барацьбы за "лепшы час у будучыне", якога чакаў, на які так спадзяваўся. Яго пазьнейшыя выступленьні на парлямэнцкай трыбуне абярнуліся ў балючы крык пратэсту на ўвесь сьвет аб тым, які зьдзек дзеецца над беларускім народам пад Польшчай. Гэта прывяло яго ў вастрог і на лаўку падсудных...

Граматыка Тарашкевіча пачала новую эпоху ў разьвіцьці беларускае літаратурнае мовы. "Дагэтуль", - пісаў яе аўтар: "беларуская літаратурная мова разьвівалася толькі паводле сваіх найгалоўнейшых правоў, найбольш для яе характэрных і ад каторых яна не адступала. Шмат якія пытаньні заставаліся без адказу Ня было аднолькавага правапісу. Нічога дзіўнага. Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасьвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. А народнае карэньне - яно вельмі багатае. I ня гледзячы на вялікую суцэльнасьць усяе беларускае мовы, яна мае, як і кожная іншая мова, колькі асобных, выразьней азначаных гутарак. Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае мейсцаў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага і розныя, часта паміж сабою нязгодныя спосабы пісаньня.

Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутарка мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асновай літаратурнае мовы.

Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе, якія толькі ёсць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.

Бяз гэтага не магло быць ніякае хоць больш-менш закончанае граматыкі, не магло быць і сталага, яснага правапісу. Бо граматыка павінна толькі замацаваць і падраўняць тыя лініі, якія сама мова ўжо назначыла.

Мне здаецца, што гэтыя лініі і характэрныя асобнасьці ўжо азначыліся, дзеля чаго я і адважыўся выпусьціць у сьвет беларускую граматыку" ("Ад аўтара"), стр. 3; "Беларуская граматыка для школ", курсыў арыгін.).

Крыху раней, здаецца вясною 1918 г., выйшла ў Вільні "Граматыка беларускае мовы" Б. Пачобкі. (Вільня, друкарня "Гоман", 1918 г.), але гэтая спроба напісаць граматыку беларускае мовы ня мела ніякага значэньня. Аўтар яе ня ведаў ні беларускае мовы, ні граматыкі наогул. Ён быў дырэктарам у Сьвіслачскай настаўніцкай сэмінарыі пры немцах і прыступіў да складаньня граматыкі зусім непадгат'аваны да гэтае работы, без належнае асьветы, без граматычных ведаў. Яго работа адразу-ж сустрэла справядлівую ацэнку ды так і загінула, нікому невядомая.

У тыднёвіку "Вольная Беларусь" (1918 г., № 18, май) была зьмешчана "Справаздача камісіі Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні" аб "Граматыцы беларускае мовы" Б. Пачобкі.

Цікавая гісторыя з гэтаю справаздачаю. Невядома з якое прычыны, можа таму, што Пачобка быў дырэктар сэмінарыі, а справаздача магла нядобра адбіцца на яго дырэктарскай годнасьці, але нямецкая акупацыйная цэнзура не пазволіла яе апублікаваць. Яна нелегальна была пераслана ў Менск у рэдакцыю "Вольнае Беларусі", дзе была выдрукавана, бо ў Менску не пасьпеў яшчэ наладзіцца нямецкі адміністрацыйны апарат.

У гэтай справаздачы пісалі, што "Камісія Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, выбраная на засяданьні ўраду Таварыства, перагледзіўшы "Граматыку беларускае мовы" Б. Пачобкі, прыйшла да перакананьня, што кніжка гэта ня можа служыць да навукі беларускае мовы, як у пачатковых школах, так і наогул, а тым больш ня можа быць прынята ў аснову пры ўкладаньні школьных падручнікаў дзеля ніжэйпісаных прычын"1 ("В.Б." № 18, стр. 142).

Далей падаюцца "найбольш яркія прыклады незнаёмства аўтара граматыкі з якой-небудзь граматыкай наогул" (там-жа, стр. 143), як напрыклад, цьвярджэньне аўтара, што ад "рабіць" шматразовае трываньне ("многарадны від") будзе "рабляць", або што формы займеньнікаў ("заімкаў") яго, яе, іх становяць сабою групу ("клясу") заімкаў належнасьці і "не падлягаюць дэклінацыі" ("скланеньню"), а "быць" у цяперашнім часе спрагаецца ("кон'югуецца") так:
я ё мы ёсьць
ты ёсь вы ёсьця
ён ёсьць мы ёсьцека

запоўніўшы, такім спосабам, страчаныя формы для першых дзьвюх асоб адзін. л. і ўсіх трох асоб множн. л. сваімі ўласнымі выдуманымі формамі ад "ёсьць".

Ясна, што не граматыка, а да таго "праз усю кніжку - чытаем у справаздачы - чырвонаю ніткаю праходзіць тэндэнцыя да пальшчэньня беларускае мовы (там-жа стр. 143, курсыў арыгін.).

Такім парадкам, першаю беларускаю граматыкаю была граматыка Б. Тарашкевіча. "Граматыка Б. Тарашкевіча", - пісаў вышэй памянуты рэцэнзент В. Тройца: "уся глыбока прадумана, тэрміналёгія ў значнай часьці новая, арыгінальная і шчыра беларуская, чыстая мова" ("В.Б." № 33, стр. 248).

I праўда, яна і з боку мовы становіць узорную кніжку, як трэба пісаць пабеларуску. Але чыстата і правільнасьць мовы - канечная ўмова для кожнага аўтара. Значэньне граматыкі Тарашкевіча ў тым, што "дагэтуль беларуская літаратурная мова разьвівалася толькі паводлуг сваіх найагульнейшых правоў", а цяпер яна дастала сваё афармленьне, свае пэўныя, цьвёрдыя нормы і правілы, паводле якіх яна стала разьвівацца ў далейшым, ні разу не адступаючы ад іх і не зрабіўшы дагэтуль ніякіх зьмен, за выключэньнем хіба зьмен у тэрміналёгіі, выкліканых ня іх недасканаласьцю ці няўдаласьцю, а галоўным чынам патрэбамі фармальна-граматычнага прынцыпу, мала пашыранага ў тыя так далёкія ад нас часы.

Такім парадкам, граматыка Б. Тарашкевіча зрабіла эпоху ў разьвіцьці нашае літаратурнае мовы. Гэта пераломны этап у гісторыі нашае культуры, які ў кожнай культурнай краіне азначаецца, як выдатнейшая дата.

Для нас граматыка Тарашкевіча стала законам, абавязковым для ўсіх, нормам якога мы нічога роўнага процівапаставіць ня можам. Аднак сам аўтар думаў іначай. Ён пісаў: "Аднолька-ж ня думаю, што жыцьцё ня зробіць з часам значных зьменаў. Будзем толькі мець надзею, што не залішне вялікіх і што ўсё найважнейшае зроблена добра". ("Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стр. 4).

Пасьля дзесяцілетняе практыкі можна сказаць, што жыцьцё не зрабіла і не зробіць значных зьмен, бо "ўсё найважнейшае зроблена добра".

Тарашкевіч палажыў аснову нашай літаратурнай мове, даў ёй граматычнае афармленьне і цьвёрды закончаны правапіс. Бяз гэтае граматычнае нармалізацыі не магла існаваць і бесперабойна разьвівацца літаратурная мова, як без законнага афармленьня ня можа нармальна разьвівацца грамадзянскае жыцьцё.

3 дзесяткаў розных, хоць і блізкіх паміж сабою дыялектаў, на якія падзяляецца беларуская мова, як і мова кожнага іншага народу, Б. Тарашкевіч, як лінгвісты і вялікі знавец беларускае мовы, распазнаў і вызначыў той дыялект, тую гутарку нашае мовы, якая "мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асноваю літаратурнае мовы".

Гэты дыялект, што ляжыць у аснове нашае літаратурнае мовы і яе граматыкі, сам граматысты характарызуе так:

"У аснове яго ляжыць найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускае мовы, што мае цьвёрдае "р" і вёлікае аканьне". ("Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стар. 3, курсыў наш).

Пад вялікім аканьнем лінгвістычная навука разумее тую ўласьцівасьць нашае мовы (аднае з яе гутарак), што кожнае гістарычнае э-е-у' і о, незалежна ад свайго месца ў слове, вымаўляецца як гук, блізкі да а - я, прынамсі ў нашых азбуках, - і кірыліцы і лацінцы - няма іншых літараў для абазначэньня гэтых ненаціскных гукаў, і кожны граматны чалавек, незнаёмы з умоўнымі правапіснымі правіламі, якраз перадае гэтыя гукі літарамі а - я.

"Але аканьне", - піша далей аўтар: "агранічана некаторымі разамі, да чаго прымушае нас доўгая практыка нашага пісьменства" (там-жа, стар. 3-4).

Чым выклікана гэтая "доўгая" - практыка нашага пісьменства? Пэўне-ж, не "даўно парванымі і заняпалымі традыцыямі старасьвецкае беларушчыны", а ў першую чаргу ўплывамі расейскага і польскага этымалёгічнага пісьма, у якім гадаваліся пачынальнікі нашае літаратуры, а потым, бясспрэчна, тут ня мог не адбіцца ўплыў іншых беларускіх дыялектаў з меншым аканьнем, але гэты ўплыў зышоў-бы на нішто, каб ня меў падтрыманьня з боку гістарычна-этымалёгічнае пісоўні.

"Прымаюцца і ўсе другія характэрныя асобнасьці беларускае мовы", кажа далей аўтар: "якія прыводзіліся дагэтуль у нашых выданьнях. Ад прынятае традыцыі адхіляюся толькі тады, калі гэтага вымагае яснасьць сыстэмы або чыстасьць мовы. Зусім новага нічога ня ўводжу" (там-жа, стар. 4).

Вось гэтае агранічэньне "некаторымі разамі" гукавых фактаў літаратурнага дыялекту, вымушанае практыкаю даўнейшага бессістэмнага даграматычнага пісьма, і парадзіла той, як часам кажуць цяпер, крызіс нашага правапісу, для ліквідацыі каторага склікалася Акадэмічная Канферэнцыя, а цяпер працуе Правапісная Камісія ў Інбелкульце.

Але і працы Акадэмічнае Канферэнцыі, і цяперашняя работа Правапіснае Камісіі ў Інбелкульце паказваюць, што вялікіх зьменаў зроблена ня будзе, і сыстэмы і прынцыпы Тарашкевічаўскага правапісу застануцца непарушнымі. Добра, калі выкінуцца тыя агранічэньні ў аканьні, што былі зроблены на падставе практыкі даграматычнага пісьма, ды падраўнуюцца некаторыя іншыя дробныя лініі, якія вызначыліся новаю дзесяцілетняю практыкаю.

Асноўную прычыну, што выклікае перабоі і разьбежнасьці ў нашым правапісе, становіць тая акалічнасьць, што Тарашкевіч дапусьціў некаторыя адхіленьні ад моўных фактаў літаратурнае гутаркі. Найбольшым адхіленьнем зьяўляецца агранічэньне яканьня, бо аканьне праводзіцца поўнасьцю. Каб зьліквідаваць гэтае агранічэньне, мы павінны вырашыць пытаньне аб тым, як запісваць гук е - аднэю літараю ва ўсіх палажэньнях гэтага гука, ці дзьвюма літарамі е - я ў залежнасьці ад складу і націску?"

У даным выпадку ня важна, якая будзе пісацца літара - я ці е. Спрачацца аб літарах ня прыходзіцца, бо гэта-б значыла меркавацца ня дзелам, ня істотаю справы, а густам. Тут важна датрымаць паступовасьць у напісаньні, а паступовасьць і правільнасьць сыстэмы ня можа мірыцца з агранічэньнем, паколькі гэтае агранічэньне ня мае паддзержкі ў фанэтыцы данае літаратурнае мовы. Чаму, напрыклад, поўнае аканьне на пісьме не выклікае ніякіх супярэчнасыдяў? Бо яно поўнае, яснае і паступовае, бяз ніякіх выключэньняў. Гэтую паўнату, яснасьць і паступовасьць трэба правесьці і ў яканьні, бо і аканьне, і яканьне - зьявы аднаго характару - дзе поўнае аканьне, там і поўнае яканьне.

Думаць, што літаратурная мова зьяўляецца або павінна зьявіцца нейкім койнэ ўсіх дыялектаў, гэта значыць кіравацца ў сваіх меркаваньнях не фактамі, а ілюзіямі. Такі погляд на літаратурную мову трэба прызнаць поглядам утопічным, ілюзорным, няжыцьцёвым.

I да моўных зьяў мы павінны падыходзіць з тэю-ж меркаю, з тым-жа прынцыпам, з якім падыходзім да фактаў грамадзянскага жыцьця. А факты грамадзянскага жыцьця гавораць, што толькі той дзяржаўны лад можа быць моцным і прагрэсыўным, які апіраецца на адну клясу данага грамадзянскага згрупаваньня, пры тэй умове, калі гэтая кляса вызначаецца найбольшаю сілаю і здатнасьцю, каб зрабіцца асноваю дзяржаўнага ладу.

Літаратурная мова - гэта той дыялект, або тая кляса дыялектычных згрупаваньняў, якая пануе і будзе панаваць над усімі іншымі дыялектамі, больш слабымі і менш здольнымі да літаратурнага разьвіцьця, покі яны не вызваляцца з-пад гэтага панаваньня, каб распачаць сваё асобнае жыцьцё. Параўнуйце, напрыклад, францускую літаратурную мову і францускі правансальскі дыялект, які стаў разьвіваць сваю ўласную літаратуру.

А раз мы прынялі за Тарашкевічам, што ў аснове нашае літаратурнае мовы ляжыць тая найбольш дужая і найболын здатная да літаратурнага разьвіцьця гутарка, што вызначаецца вялікім аканьнем, то ўсе факты гэтага дыялекту мусяць быць для нас законам, як воля пануючай клясы становіць закон для клясаў падуладных.

Адгэтуль ясна, што ніводзін факт літаратурнага дыялекту не павінен агранічацца ніякімі ўступкамі на карысьць дыялектычных прэтэнзій, бо гэтыя ўступкі з канечнаю няўхільнасцю будуць прыводзіць да канфліктаў і правапісных крызісаў

Не павінна быць абмежаваньня і ў нашым яканьні, як мы ня маем яго ў аканьні. Тут можа быць два рашэньні: або гук е скрозь абазначаць аднэю літараю е, або ненаціскное е заўсёды перадаваць літараю я. Паўтараю, справа тут ня ў літары, а ў датрыманьні адзінства напісаньня на падставе літаратурнага вымаўленьня.

Праўда, выстаўляецца як-бы трэйцяе рашэньне, паводле каторага прапануюць абазначаць ненаціскное е асобнаю, новаю літараю (грэцкім эпсылёнам), але гэта ўжо яўны кампраміс, выразнае затушоўваньне выдатнейшае асаблівасьці літаратурнага дыялекту, якое нельга апраўдаць ні практычнасьцю, ні правапіснаю патрэбаю.

Канчаючы гэты кароткі юбілейны ўспамін аб тым, што зроблена нашым першым граматыстым і правапісным заканадаўцам для нашае мовы, для школы і для беларускае навукі, мы зноў варочаемся да яго асобы, да таго палажэньня, у якое закінула яго перапалоханае польскае панства. Які вялікі работнік, якая навуковая сіла гіне цяпер у польскім астрозе.

Мы ня можам памірыцца з доляю гэтага слаўнага чалавека і павінны зрабіць усё, што можна зрабіць, каб вярнуць яго да творчае працы, так патрэбнае нашай маладой, багатай магчымасьцямі культуры пры будаваньні новага ладу, новага грамадзкага жыцьця, нябывалага яшчэ, як стаіць наша зямля.

Лёсік, Я.
1921-1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. - Мн.: НАРБ: Выд. Логвінаў, 2003. - 396 с.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291897291 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Дзесяцігодзьдзе беларускае граматыкі (1918—1928 г.)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network