публикация №1291897204, версия для печати

Заняпад беларускай мовы ў беларуска-літоўскім гаспадарстве ў ХVІІІ стагоддзі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291897204)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ НАУКА И КУЛЬТУРА
Источник: (c) http://library.by


Перадумовай заняпаду беларускай мовы як дзяржаўнай было паступовае (ад другой паловы ХVІ стагоддзя) ўжыванне польскай мовы вышэйшымі коламі беларускага грамадства. На гэты працэс моцна ўплывалі цесныя палітычныя кантакты магнатаў, а потым і заможнай шляхты абедзвюх саюзных паміж сабой дзяржаў - Беларуска-Літоўскага гаспадарства і Польшчы. Пастаянныя кантакты адбываліся на дзяржаўным узроўні, падчас супольных вайсковых паходаў, на сустрэчах прыватнага характару, і, найбольш, у сямейных дачыненнях. Тым не менш, беларуская мова заставалася афіцыйнай у Беларуска-Літоўскай дзяржаве. На ёй пісаліся вялікакняскія прывілеі (граматы), розныя іншыя дзяржаўныя дакументы, і яна яшчэ не саступала мове суседняга народа. Большая частка прыватнай карэспандэнцыі таксама пісалася яшчэ па-беларуску. Магнаты ведалі беларускую мову і часам карысталіся ёю.

Тым не менш, тэндэнцыя некаторага скарачэння абсягу беларускай мовы ўжо пазначылася. Моцна паўплывала на працэс наступу польскай мовы заключэнне Люблінскай вуніі 1569 года і стварэнне федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай.

Аднак фармальна Люблінская вунія не змяніла моўнага становішча. Як і раней, у Беларуска-Літоўскай дзяржаве адзінай дзяржаўнай мовай заставалася беларуская, а ў Кароне Польскай - лацінская. Але менавіта Люблінская вунія паскорыла пранікненне польскай мовы на землі Беларусі і Летувы. Гэтаму спрыяла ўзмацненне кантактаў паміж кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў, а таксама пастаянны характар гэтых кантактаў і ў больш шырокіх колах тагачаснага грамадства.

І ўсё ж законы ў дзяржаве пісаліся на беларускай мове. У ХVІ стагоддзі яе ведалі і яшчэ ўжывалі нават вялікія князі, яны ж і каралі польскія. Канцлер Леў Сапега ў прадмове да Статуту 1588 года пісаў: "А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем и каждому часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем"[1]. Афіцыйнае становішча беларускай мовы фармальна захоўвалася да канца ХVІІ ст. Юрыдычна дзяржаўнасць беларускай мовы была замацавана ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 года з абавязковым ужываннем яе ў справаводстве. Статут 1588 года таксама захаваў гэтую ўмову. У артыкуле І-м ІV раздзела было запісана: "А писар земский маеть по-руску (такую назву мела тады беларуская мова - А.Г.) литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы"[2].

Аднак працэс паланізацыі паступова пашыраўся. Беларускія магнаты пачалі (асабліва ў ХVІІ ст.) падпісваць дакументы і прыватныя лісты лацінскімі літарамі, хоць дакументы яшчэ пісаліся па-беларуску. У першай палове ХVІІ стагоддзя, пра што сведчаць шматлікія архіўныя дакументы гэтага перыяду, польская мова ўсё часцей ужываецца як у прыватных лістах, так і ў афіцыйных дакументах, хаця прэамбула дакумента (пералік тых асоб, хто складае дакумент) і заканчэнне дакументу звычайна пісаліся па-беларуску. Часам ужываліся і лацінскія словы або словазлучэнні, каб паказаць юрыдычную дасведчанасць пісара і яго шырокі кругагляд. Некаторыя дакументы афіцыйнага характару складаліся па-ранейшаму на беларускай мове.

У другой палове ХVІІ ст. працэс паланізацыі яшчэ больш узмацніўся, хоць афіцыйна і пад прымусам ён не праводзіўся. У Беларусі фактычна запанавала дзвюхмоўе.

Замена афіцыйнай беларускай мовы на польскую ў Вялікім Княстве Літоўскім адбылася ў 1696 годзе, але абставіны гэтай замены былі не такія, як гэта падавалася ў расейскай дарэвалюцыйнай ды савецкай беларускай гістарычнай літаратуры. Ніхто тады беларускую мову не забараняў, як гэта часта падавалася ў падручніках і падаецца нават цяпер у артыкулах.

Абставіны замены беларускай мовы на польскую былі больш складанымі. Падчас адкрытай палітычнай і вайсковай барацьбы большай часткі беларускай шляхты супраць ўсяўладдзя Сапегаў у Беларуска-Літоўскай дзяржаве ўзнікла пытанне наконт роўных правоў беларуска-літоўскай шляхты з польскай (каэквацыя правоў), бо ў параўнанні з апошняй беларуская шляхта мела менш правоў.

Гэтая каэквацыя была праведзена падчас міжкаралеўя - пасля смерці караля Яна ІІІ Сабескага (памёр 17 чэрвеня 1696 г.) і да выбараў новага караля, на канфедэрацыйным сойме 1696 года. Канфедэрацыйны сойм не патрабаваў адзінагалоснага рашэння пытанняў парадку дня, як гэта было на звычайных соймах. На канфедэрацыйным сойме пастановы прымаліся большасцю галасоў.

29 жніўня 1696 г. канфедэрацыйны сойм прыняў пастанову "Юрыдычнае ўраўнаванне" ("Коэквацыо юрыум") шляхецкіх саслоўяў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Сярод некалькіх пунктаў, якімі ўраўноваліся правы шляхты Беларусі з правамі польскай шляхты, быў і пункт наконт мовы. Такім чынам, атрымлівалася, што беларуская шляхта плаціла за сваё падвышэнне і адыходам ад сваёй мовы.

У пастанове сойму было запісана, што пісар земскі судовыя дэкрэты павінен "... па-польску, а не па-руску (г.зн. па-беларуску - А.Г.) пісаць". Далей у соймавай пастанове казалася пра акты земскіх, гарадскіх і трыбунальскіх судоў: "Усе дэкрэты ад гэтага часу павінны выдавацца на польскай мове; усе ранейшыя акты, запісы, дэкрэты і сведчанні павінны захаваць сваю моц". Гэты пункт пастановы азначаў, што беларуская мова не забаранялася (у тэксце няма такой забароны), усе афіцыйныя акты на беларускай мове захоўвалі сваю сілу, аднак яна страціла статус дзяржаўнай мовы. А гэта ўжо вяло да яе заняпаду.

У ХVІІІ стагоддзі на тэрыторыі Беларусі і Летувы ў афіцыйных установах (і перш за ўсё ў розных судах, ад павятовага да Галоўнага трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага) усе суддзі павінны былі ведаць нароўні з польскай і беларускую мову. Патрабавалася гэта для таго, каб суддзі маглі добра разбірацца ў судовых справах: не толькі чытаць, але і тлумачыць сэнс старажытных актавых і іншых дакументаў, напісаных на беларускай мове, а таксама Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года і іншыя законы на беларускай мове.

У ХVІІ стагоддзі беларуская мова працягвала вывучацца ў навучальных установах, у тым ліку і ў створаных пры каталіцкіх ордэнах, аднак паступова пачала выводзіцца з працэсу навучання. У ХVІІІ стагоддзі гэта прывяло да яе выцяснення польскай мовай, найперш з ужытку ў шляхецкім асяроддзі (за выключэннем дробнай шляхты) і з верхавіны мяшчанскага саслоўя. Беларускую мову захоўвала сялянства, пераважная частка мяшчан і дробная шляхта. Шанавалася беларуская мова таксама сярод вуніяцкага духавенства, пашыралася ў школах пры вуніяцкіх манастырах і цэрквах, выкарыстоўвалася часткова ў набажэнстве і казаннях.

Заняпад беларускай мовы ў ХVІІІ стагоддзі аблегчыў затым царскім уладам (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння тэрыторыі Беларусі да Расейскай імперыі) правядзенне дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Гэта, у сваю чаргу, забяспечыла магчымасць існавання афіцыйнай тэорыі народнасці (паводле прынцыпу - "адна вера, адзін цар, адзін народ"). Беларусы пераконваліся, што яны з'яўляюцца толькі часткай вялікага расейскага (ужо ў імперскім сэнсе) народа ад Берасця да Ціхага акіяна.

Анатоль Грыцкевіч
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Менск, 1989. - С.48.
Тамсама. - С.140.
Volumina Legum. Tom V. - Petersburg, 1860. S.417-421.
Тамсама. - S. 418.
Тамсама.
Гісторыя Беларускай ССР. У 5 тамах. Том І. - Менск, 1972. - С. 390.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291897204 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Заняпад беларускай мовы ў беларуска-літоўскім гаспадарстве ў ХVІІІ стагоддзі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network