публикация №1291896136, версия для печати

Мая белая партызанка


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291896136)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Нарадзіўся я на Наваградчыне - адной з самых прыгожых мясьцінаў Беларусі. За польскім часам мае бацькі мелі свой хутар і немалую гаспадарку. Бацька быў каталіком, а маці – праваслаўнай. Па бацькавай лініі нашая сям’я мела шляхецкія карані. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе, што знаходзілася паблізу ад хутара. Там скончыў сем клясаў. Зразумела, што польскі асяродак быў цалкам прасякнуты польскім духам. Але й без таго дому мяне выхоўвалі як сапраўднага і зацятага патрыёта другой Рэчы Паспалітай.

Зь дзяцінства я ведаў усіх сваіх продкаў. У прыватнасьці, нашая сям’я надта ганарылася вычынамі майго прадзеда, які браў актыўны ўдзел у паўстаньні 1863 году і нават разам з Адамам Пуслоўскім ачольваў адзін з баёвых аддзелаў інсургентаў. Пасьля здушэньня паўстаньня ён трапіў у царскі палон і загінуў дзесьці на Каўказе ці ў Сибіры.

Калі фашыстоўская Нямеччына зьдзейсьніла напад на Польшчу й пачалася другая сусьветная вайна, я не пасьпеў прыняць удзел у баёвых дзеяньнях. Неўзабаве мне давялося назіраць, як на маю родную Наваградчыну прыйшлі "вызваленцы" з Усходу. Як толькі ўзгадаю тую восень 39-га - і, быццам, нажом па сэрцы. Па зямлі, якую яшчэ нядаўна я называў сваёй Айчынай, швэндаліся шыхты чырвонаармейцаў, якія, шчыра кажучы, з выгляду нагадвалі каго заўгодна, але толькі не жаўнераў.

Той верасьнёўскі час, перадусім, у мяне атаесамляецца з разрабаваньнем магільнага склепу, дзе ляжала цела Адама Пуслоўскага - таго чалавека, які разам з маім прадзедам удзельнічаў у паўстаньні 1863 году. Там жа знаходзілася яшчэ некалькі нябожчыкаў зь вядомых шляхетных родаў, у тым ліку й мае суродзічы. Празь нядоўгі час пасьля прыходу Чырвонай Арміі нехта зь нечуванай лютасьцю пазьдзекваўся з магілаў.

Цяпер мне ўжо цяжка зразумець, як тады нашай сям’і з такім мінулым удалося пазьбегчы рэпрэсіўнае машыны. Літаральна за ноч бацька разьвёз па сваяках усю нашую гаспадарку. Карову – брату, каня – стрыечнай сястры, сьвіней – яшчэ камусьці і г.д. Калі завіталі ў хату першыя "камісары", ужо бадай нічога не засталося ад былой заможнасьці: бацькі, шасьцёра дзяцей ды голыя сьцены. Забіраць не было чаго.

Назіраў я за гэтым і задавалася, што ўсё, што было раней, страчанае: і веліч, і слава, і яшчэ зусім нядаўна няўміручасьць другой Рэчы Паспалітай. "Вызваленцаў" з Усходу, што тых мурашоў, з кожным днём зьяўлялася ўсё больш і больш. Але, тым ня менш, роспач зьмяняўся крыўдай - так і карцела зрабіць што-небудзь насуперак. Менавіта таму я не вагаўся, калі мне прапанавалі спрычыніцца да польскага супраціву.

Здарылася гэта ўжо праз кароткі час пасьля прыходу Чырвонай Арміі, калі прыхільнікі былога ладу пачалі актыўна гуртавацца. Аднаго разу да мяне завітаў Юзаф Бжазоўскі, сталы на той час вайсковец. Пад выглядам чалавека, які прадае кошыкі ды іншую патрэбную ў гаспадарцы дробязь, ён вандраваў ад вёскі да вёскі і наладжваў стасункі з надзейнымі людзьмі, у лік якіх патрапіў і я. Я спраўдзіў ягоныя спадзяваньні і адразу ж даў згоду на супрацоўніцтва. Праўда, трэба зазначыць, што да прыходу немцаў рэальна я ў гэтым накірунку нічога не зрабіў. Можа, таму Бог дапамог перажыць рознага кшталту выкрываньні НКВД.

Нягледзячы ні на што, жыцьцё працягвалася і мне давялося давучвацца ў савецкай школе. Там я ўпершыню сустрэўся з Барысом Рагулем, зь якім у далейшым мне давялося яшчэ ня раз сутыкацца. Тады ён быў у мяне выкладчыкам фізвыхаваньня...

Вайну я сустрэў дома. Шчыра кажучы, калі прыйшлі немцы, успрыняў іх нічым ня лепей за саветы. Што казаць, абое – рабое. Тады на нейкі час перапынілася сувязь з маімі польскімі сябрамі па змаганьні. У хуткім часе я патрапіў у сьпіс асобаў, якіх мусілі везьці ў Эстонію на прымусовыя працы на сланцавых шахтах. Дзецца не было куды. Каб выратаваць сям’ю ад гвалту, трэба было ехаць. Але ў той жа час я меркаваў ашукаць і немцаў, і, наагул, усіх.

Па дарозе я і яшчэ трое маіх знаёмых зьдзейсьнілі ўдалы ўцёк з эшалёну. Было гэта ўжо на тэрыторыі Эстоніі, таму дадому дабірацца было ой як нялёгка. Так на зьдзіўленьне матулі (бацька за час маёй адсутнасьці памёр) скончылася мая прымусовая праца ў тых шахтах. Але бавіцца доўга дома было небясьпечна, штохвіліну ў галаве круцілася думка - вось-вось да немцаў дойдзе, што я ўцёк. Насьпяваў час уцякаць у лес, дзе ўжо былі польскія партызаны. Неяк уначы маці адвезла мяне ў лягер акаўцаў. Там ужо быў знаёмы мне Бжазоўскі. Што тычыцца маёй занепакоенасьці наконт уцёкаў з эшалёну, то тутака прадчуваньне мне ня здрадзіла. Празь некалькі дзён да маці завітала паліцыя. Гэта было якраз на маіх вачох. Я ў той вечар зайшоў да маці даведацца пра навіны. Заседзеўся доўга, усё маці тузала – маўляў, ну пасядзі яшчэ трошкі. Тады ледзь пасьпеў выйсьці з хаты й схавацца за кут, як у дзьверы пагрукалі незнаёмцы. Я быў сьведкам размовы маці зь некалькімі паліцыянтамі. Прыйшлі, як і меркавалася, пытаць пра мяне. Маці не спалохалася, кажа, маўляў, ня ведаю - як забралі ў Эстонію з таго часу й няма. Пасьля гэтага мяне, як ня дзіва, болей не шукалі. Мусіць, я не быў тады такім небясьпечным.

У нешматлікім аддзеле партызанаў быў ня першым, але й не апошнім. Гэта разумеў не адзін я, таму ў аддзеле вырашылі, што будзе больш карысьці, калі мяне накіраваць у Наваградак сувязным. Там мяне ніхто добра ня ведаў, а да працы такога кшталту я быў здольным. Адначасна ня шкодзіла мне й падвучыцца трохі - хлапец жа яшчэ быў малады.

З вырабленымі дакумэнтамі, пад чужым прозьвішчам я паступіў вучыцца ў Наваградзкую беларускую гімназію. Туды было патрэбна здаваць іспыты, якія я безь вялікай цяжкасьці вытрымаў. Нямецкую мову я ведаў добра, бо мой бацька, які падчас першай сусьветнай вайны трапіў у нямецкі палон і некалькі год быў у Нямеччыне, з маленства мяне "штудыяваў" у нямецкай мове - як быццам ведаў, што потым спатрэбіцца.

У гімназіі сярод вучняў было шмат ненаваградцаў – лічы, з усяго навакольля. Трэба аддаць даніну павагі гэтай установе: добры быў і склад настаўнікаў, і вучнёўская праграма, разам з дысцыплінай гімназістаў. У гімназіі я сустрэў асобу, ужо знаёмую мне па савецкай школе - Барыса Рагулю. Тутака працаваў ягоны добры сябра й паплечнік Усевалад Родзька. Пэўна, таму ў гімназіі была пашыраная дзейнасьць Саюзу Беларускай Моладзі. Я, праўда, ня быў сябрам гэтай арганізацыі, бо абставіны гэтага не патрабавалі дый загаду адпаведнага не было.

Падчас навучаньня ў гімназіі я бесьперапынна працягваў сваю працу сувязнога. Дарэчы, адзін клясны арганізатар быў агентам АК. На сустрэчу са сваімі хадзіў за шэсьць кілямэтраў ад Наваградку - на адзін з хутароў. Тамсама атрымліваў розныя заданьні і абменьваўся зьвесткамі. Паведамляў, што новага робіцца ў горадзе, насіў весткі ад агентаў АК, якія знаходзіліся ў Наваградку.

Аднойчы, нават давялося раскідаць акаўскія ўлёткі па гімназіі (іх друкавала гаспадыня таго ж хутару, на які хадзіў). Яны былі ў беларускай мове, бо ў горадзе было шмат такіх людзей, якія, на нашую думку, ужо пасьпелі запамятаць польскую. Пакуль ішла лекцыя, я праціснуўся ў пакой, дзе вісела вопратка гімназістаў, і кожнаму панапхаў па некалькі. У асяродку маладых гімназістаў, на мой погляд, не было еднасьці й даверу, можа таму кожны імкнуўся не расказваць пра тое, што знайшоў у кішэні свайго паліто.

Увесь гэты час, пакуль я вучыўся, жыў у знаёмага, які здаваў пакой. Апроч мяне у суседнім пакоі месьціліся два расейскія афіцэры-ўласаўцы, якія былі, наколькі мне вядома, набліжанымі да самога генэрала Ўласава. Штораз мне даводзілася йсьці празь іхны пакой і бачыць п’янкі зь мясцовымі дзяўчатамі. Гэтыя людзі, як дарэчы, і ўсе ў Наваградку, каля якіх я гэты час знаходзіўся, не падазравалі мяне.

Калі я быў на трэцім курсе гімназіі ды пасьпеў прызвычаіцца да гарадзкіх умоваў жыцьця, зьявілася небясьпека майго знаходжаньня ў Наваградку. Усё пачалося з таго, што Барыс Рагуля пачаў фармаваць свой конны эскадрон. Туды набіралі ўсіх здольных юнакоў і сталых мужчынаў. Так у Наваградку пачалі зьяўляцца мужыкі з навакольных вёсак. Аднаго разу воддаль сваёй гімназіі я спаткаўся з чалавекам, які раней добра ведаў у твар мяне й майго бацьку. Ён, вядома, лічыў, што я недзе ў далёкай Эстоніі, а тутака раптам...

Тады мне пашанцавала і я своечасова пасьпеў пазьбегчы бяды. Але зразумеў, што далей заставацца ў гімназіі небясьпечна. Пра здарэньне я загадзя паведаміў сваім і празь нейкі час атрымаў дазвол на вяртаньне ізноў у лес.

Шкада было разьвітвацца з гімназіяй, дзе атрымаў шмат карысных ведаў, але іншага выйсьця не было. Каб гады навукі ў гэтым мейсцы не прайшлі дарма, вырашыў, што будзе лепш мець хоць нейкія дакумэнты пры сабе, якія б сьведчылі, што я вучыўся ў гімназіі. Даведку мог напісаць толькі Ўсевалад Родзька. Гэты чалавек быў надта кемлівы й, мусіць, нешта западозрыў. Маўляў, нашто яна табе? Давялося трохі зманіць. У рэшце рэшт я атрымаў тое, чаго хацеў, і больш у гімназіі не зьявіўся.

Зь вяртаньнем у лес пачалася мая сапраўдная партызанка. За час навучаньня ў Наваградзкай гімназіі я даведаўся шмат новага, у тым ліку і па вайсковай справе. Усё ж зь юнакоў-гімназістаў рыхтавалі пераважна камандзіраў, прафэсійных вайскоўцаў для беларускай арміі. Цяпер я быў ужо ня тым юнаком, які больш даваў волю эмоцыям, чымся ўласнаму досьведу. Я пачаў набіраць уласную дружыну.

Спачатку нас было толькі тры чалавекі, але ў хуткім часе знайшлося шмат добраахвотнікаў. Зброяй мяне забясьпечыў Юзаф Бжазоўскі. У лепшыя часы дружына налічвала сорак шэсьць партызанаў. Пры жаданьні я, вядома, мог мець і больш, але гэта было б нязручна. З такім нешматлікім аддзелам было добра разьмяшчацца на любым хутары; што здаралася нярэдка. Усе мае падначаленыя, як праваслаўныя, так і каталікі, былі этнічнымі беларусамі. У хуткім часе між сабой мы размаўлялі выключна па-беларуску.

Дружына была малая, але на баяздольнасьць скардзіцца не даводзілася. Большасьць маіх партызанаў – былыя жаўнеры Войска Польскага, якія ўжо пасьпелі прыняць удзел у баёх падчас верасьнёўскага нападу немцаў на Польшчу. Астатнія – звычайныя вяскоўцы альбо лясьнічыя пры польскім часе.

Цяпер гэты гучыць сьмешна, але я меў у сваёй дружыне й двух незвычайных партызанаў. Гэта былі ўжо старыя людзі, гадоў нат семдзесят, якія памяталі яшчэ службу ў царскай арміі й ліхалецьці першай сусьветнай вайны. Вядома ж, людзі ўжо няспрытныя, але стралялі трапна, а гэта, бадай, было для мяне самым істотным.

Простыя вясковыя хлапчукі йшлі да мяне са сваёй нагоды. Так, напрыклад, неяк зьявіўся юнак і прасіўся, каб залічылі яго да нас. І так шчыра прасіў, а сам з выгляду, здаецца, ад ветру паваліцца. Як потым высьветлілася, ягоны брат пайшоў у паліцыю і каб выратаваць сям’ю ад тэрору з боку акаўцаў, ён мусіў ісьці да нас. І выпадкаў такога кшталту было шмат.

Маё палкае сэрца прагнула тады ваяваць і я атрымаў таго, чаго жадаў - ажно занадта. Па сутнасьці, я дзейнічаў самастойна, толькі падтрымліваў кантакты з астатнімі часткамі АК. Найбольш я быў набліжаны да аддзелу “Ранэда”, які налічваў дзесьці каля трохсот партызанаў. Адтуль я атрымліваў зброю, рыштунак і розныя дробязі, неабходныя падчас вайны. Мае хлопцы нярэдка прымалі ўдзел у супольных апэрацыях акаўцаў. Праўда, не ў такіх гучных як, напрыклад, Вострая Брама.

На зброю скардзіцца няма як: ад “Ранэды” мы атрымалі шмат добрых бэльгійскіх вінтовак, а астатнія нажывалі ў выніку баёў. Зараз здаецца – чаго я быў здольным зрабіць са сваёй паўсотняй партызанаў? Як было мажліва супрацьстаяць у такіх умовах?

У хуткім часе я ваяваў як сапраўдны партызан. Прыдумляў розныя пасткі й хітрыкі, што, між іншым, было эфэктыўна. Так пры дапамозе адной з гэтых прыдумак мне ў рукі трапіла некалькі жаўнераў Вэрмахту.

На адным з хутароў, што знаходзіўся воддаль лесу, жылі дзьве сятры, знаёмыя мне яшчэ да вайны. Па старым знаёмстве яны пагадзіліся дапамагчы нам. Вядома, была вялікая рызыка, але вось такія рашучыя дзяўчаты трапіліся. На іх хутар нярэдка заходзілі заляцацца да іх нямецкія жаўнеры. Калі чакалі гасьцей, сёстры мне загадзя паведамлялі. Пачаставаных хлебам зь бязьмежнай колькасьцю маку немцаў хутка кідала ў сон. Тады я і рабіў свой раптоўны налёт на хутар. Дзякуй Богу, нам на працягу гэтага часу шанцавала і ніхто не даведаўся пра гэтыя справы. Самому мне не было чаго баяцца, а вось за сябровак сэрца трымцела. Так зь немцамі й ваяваў.

Што тычыцца адносінаў з савецкай партызанкай, то тут я меў незвычайны й асаблівы падыход. На пэўны час я здолеў зь імі дамовіцца, маўляў, вы мяне не чапаеце, я вас. Яшчэ я мусіў узяць на сябе абавязак перадаваць ім трафэйную зброю й частку палонных. Рабіў гэта безь вялікага імпэту, але абставіны вымушалі. Надта ж блізка разьмяшчаўся іхны лягер ад абшару маіх дзеяньняў. Што да зброі, то яна, шчыра кажучы, была мне непатрэбнай.

У “Ранэдзе” шмат каму такія мае стасункі з чырвонай партызанкай былі недаспадобы. Гэта зразумела, бо астатнія акаўцы часам ваявалі з савецкімі партызанамі.

Ю.Г.: Апрача стасункаў з савецкімі партызанамі такога кшталту, ці былі зь імі канфлікты?

Так, пра ўзаемнае "сардэчнае" сяброўства не магло быць і гаворкі. Мы ж ваявалі за розныя ідэі. Гэта разумелі і мы, і яны. Мая блізкая сваячка пайшла ў савецкую партызанку. Аднойчы яна таемна мяне папярэдзіла, што, нібыта, у іх лягеры была гутарка паміж камандзірамі, каб мяне хутчэй пазбавіцца. З таго часу я меў гэта на прыліку, але не паказваў гэта з выгляду. І імкнуўся не сустракацца зь іхнымі брыгадамі. Урэшце яны такі не адважыліся зьдзейсьніць нешта супроць мяне. З другога боку, я быў ім зручны. Дзякуючы мне яны потым узнагароды атрымалі. І, наагул, гэтай партызанцы был нашмат лягчэй. Масква самалётамі скідала ім зброю, рыштунак, фальшывыя грошы і г.д.

Ня склаліся ў мяне адносіны і з эскадронам Барыса Рагулі. Нярэдка яго жаўнеры палявалі за намі, але да ўзброеных сутыкненьняў яго з маёй дружынай не дайшло.

Ю.Г.: А што перашкаджала Вам далучыцца да Барыса Рагулі й разам змагацца за беларускую справу? Вы добра азнаёміліся з гэтай ідэяй падчас навучаньня ў Наваградзкай гімназіі. Няўжо гэта не паўплывала?

Маё выхаваньне не дазваляла гэтага. Я тады не ўспрымаў беларускае ідэі блізка. Я зрабіў выбар на пачатку вайны і ніколі яму ня здражваў. Гісторыю роднага краю я вывучаў у польскай школе. Ад бацькоў ізноў жа чуў тое ж. Калі вучыўся ў гімназіі, то больш дбаў пра тое, як выканаць чарговае заданьне, чымсьці зважаў на прадметы, якія там выкладаліся. Таму я ўсяляк імкнуўся не сутыкацца з жаўнерамі Барыса Рагулі. Чуў пра баі коннага эскадрону з савецкімі партызанамі. Што тычыцца самой асобы Барыса Рагулі, то па гімназіі я ведаў яго як добрага чалавека: як настаўніка, так і наагул.

Улетку 1944 году, калі ішлі баі ў т.зв. "менскім катле", да мяне дайшлі погаласкі, што на дапамогу пад Менск рухаецца нямецкая частка. Ад мяне патрабавалася нейкім чынам яе затрымаць, што я ўдала і зрабіў. Пасьля гэтага бою людзі скардзіліся, што ад гарматных выбухаў загінула некалькі коней. Тады трапілася шмат палонных і трэба было нешта рабіць.

У Наваградку немцаў не лічылі за гаспадароў. Вось я й вырашыў трошкі паганарыцца дасягнутым. Правёў шыхты палонных нямецкіх жаўнераў праз навакольныя вёскі, ды прытым бяз порткаў.

Зразумела, папаўзьлі чуткі. Як толькі яны дайшлі да "чырвоных", так адразу і завіталі да мяне некалькі чалавек. Кажуць, маўляў, парушаю дамову, палонных трэба ім здаць. Да часткаў АК было далёка, а гэтыя тут, уцячы ўсё адно не атрымлівалася – мусіў і гэты набытак пакінуць ў няслаўі.

Празь некалькі дзён на Захад пайшоў і Б.Рагуля. Тады да мяне далучыліся некалькі жаўнераў БКА. Ізноў пачаўся вэрхал з савецкімі партызанамі. Але тады ўсё суцішылася, бо неўзабаве падышла Чырвоная Армія.

Вось зараз я і ўбачыў, што мае вычыны былі дарэмнымі. Саветы былі ўжо недзе ля сяньняшніх межаў Польшчы, а тутака часткі АК затоена швэндалі па лясох.

акаць не было чаго, дый не было на што спадзявацца. Тады я сабраў сваіх партызанаў і паведаміў, што зьбіраюся выходзіць зь лесу, і каб хто хоча далучаўся да мяне. У выніку са сьлязьмі на вачах са мной скончылі партызанку 25 маіх ужо былых падначаленых, астатнія – хто як: хто далучыўся да “Ранэды” й працягваў супраціў ужо ў тыле Чырвонай Арміі, а хто яшчэ доўга ў адзіноце блукаў па лясох у пошуках нечага лепшага.

Зусім нядаўна я спрабаваў даведацца пра лёс маіх паплечнікаў. Адзін нават у Вялікабрытаніі апынуўся. Пашанцавала, што ні кажы. Бо астатніх сяньня пераважна няма на гэтым сьвеце.

Ю.Г.: У гэты час АК яшчэ даволі актыўна дзейнічала на Наваградчыне й наагул. Чаму Вы тады меркавалі пайсьці менавіта такім шляхам – выйсьці зь лесу. Што, няўжо надакучыла партызаніць? Ці гэта тлумачыцца расчараваньнем у барацьбе: на зьмену немцам прыйшлі саветы?

Я доўга ўсё ўзважваў. Было крыўдна за тое, што так змагаўся, а дарэмна. Але тады я вырашыў, што так будзе лепш. Змагацца далей – гэта асуджаць сябе на няўхільную сьмерць. Тым больш нёс адказнасьць за сваіх людзей, ня мог бессэнсоўна рызыкаваць іх жыцьцямі.

На той час АК, мякка кажучы, ужо была далёка ня ў лепшым стане. Пазьней я даведаўся, што быў не адзіным партызанам, які так зрабіў. Тое ж пыталі ў мяне савецкія сьледчыя пасьля арышту, ужо ў паваенны час. Маўляў, чаму не падаўся са сваімі кудысьці на Захад. Я яму тады жартаўліва і адказаў: "Яны - кавалерыя, я – пешы. Ну, а першы другому не пасуе".

Адступленьне:

Па вяртаньні зь лесу Мікалай Каржанеўскі, які меў немалы вайсковы досьвед, быў закліканы ў Чырвоную Армію. Артылерыстам у складзе 1-га Беларускага фронту дайшоў да Нямеччыны. Увесну 1945-га быў паранены каля Патсдаму, пасьля чаго, неўзабаве, апынуўся ў менскім шпіталі. На гэтым ягоная вайна і скончылася. Але не пакуты... Бадай самае цяжкае выпрабаваньне было наперадзе. Ужо на вайне Мікалая Каржанеўскага арыштавалі й асудзілі на ўсе жахі ГУЛАГу. На той час ён ужо меў сям’ю.

Неяк уначы завіталі да мяне некалькі савецкіх камандзіраў. Тады я трохі перапалохаўся, але й нечаканасьцю гэта не было. З маім мінулым моцна спаць наўрад ці магчыма. І я гэта ведаў.

Начныя госьці прапанавалі ўзначаліць пэўную вайсковую фармацыю для барацьбы, як яны казалі з "варожым элемэнтам, што блукаў яшчэ па лясох". На той час я быў лейтэнантам, а гэтыя камандзіры адразу давалі капітана.

Ведаеце, тады ў лясных гушчарох шмат хто хаваўся: жаўнеры літоўскага генэрала Пляхавічуса, рэшткі АК, нават на колькі я ведаю, часткі УПА. У тыя часы пушча была ня тое, што зараз – некалькі дрэўцаў. Я добра ведаў мясьціны, вось саветы і разьлічвалі на мяне. Я адразу адмовіўся, бо меў сям’ю, куды там ваяваць. Дый галоўнае - за што было зноў брацца за зброю. Айчына маіх мрояў не існавала больш на палітычнай мапе. Як вынік маё адмовы - надалей мяне чакалі савецкія канцлягеры са сваімі бязьмежнымі сібірскімі абшарамі.

Ю.Г.: Сп. Каржанеўскі, цяпер, асабліва ў апошні час, на адрас АК, што дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі, чуваць вельмі шмат нараканьняў і абвінавачваньняў у злачынствах, менавіта супроць цывільнага насельніцтва. Трэба зазначыць, што яны небеспадстаўныя. Што б Вы маглі на гэты конт сказаць?

Я не магу адказваць ад імя ўсёй АК. Скажу шчыра, маё сумленьне чыстае й перад Богам і перад людзьмі. Некалькі гадоў назад мне давялося размаўляць з адным былым савецкім партызанам, які ўжо на вайне браў удзел у вынішчэньні рэшткаў АК, у тым ліку й “Ранэды”, якую я нядрэнна ведаў. Ён нешта казаў, што акаўцы пачалі займацца рабункам, але я яму не паверыў. А, наагул, падчас вайны шмат хто запляміў сябе крывёй.

Ю.Г.: Мінула колькі гадоў і вось цяпер, калі за сьпінаю засталіся гады акупацыі, служба ў АК, крывавыя шляхі ГУЛАГу, ці шкадуеце Вы пра мінулае? Можа адчуваеце памылку ў нечым? Ці той сьцяжынаю пайшлі?

Сяньня ўжо позна пра гэта разважаць, дый няма сэнсу. Жыцьцё пражытае. Мне яшчэ пашанцавала, калі ўлічыць, што тысячы такіх як я напаткаў іншы лёс, куды горшы. Я разумею, што шмат залежала не ад мяне. Але цяпер, праз гады, я магу з упэўненасьцю сказаць, што ніколі ні пры якіх абставінах не адмаўляўся ад свайго й пры гэтым не маўчаў. Казаў усё, што думаю. Нярэдка я за свой нораў й пакутаваў.

Я нарадзіўся пад сузор’ем Блізьнятаў. У свой час я чуў, што гэта добры знак. Вера ў Бога не пакідала мяне ніколі. Гэта адно з таго, што ўзмацняла мяне ў часы ліхалецьця. Я не струпеў душою, а гэта, шмат чаго варта. Сяньня я з болем у сэрцы ўзгадваю тыя часы. Я быў далёка не адзіны, каму давялося прайсьці такі шлях: АК, партызанка, ГУЛАГ і г.д. Кожны чалавек мае собскую думку й меркаваньне на тыя падзеі. У той час як палітычныя дзеячы і генэралы ў Варшаве, Маскве ці Лёндане будавалі свае пляны і бачылі ўсё са свайго пункту гледжаньня, простыя жаўнеры лілі сваю кроў за перамогі. Нярэдка чужыя. Я ня скарджуся на лёс, бо словы тут не патрэбна. Каб словам можна было нешта зрабіць, то асёл збудаваў бы горад. Гэтае прымаўкі я і імкнуся прытрымлівацца. Што было, тое было, назад ня вернеш.
Размаўляў Юрась Грыбоўскі


Процілеглы погляд

Замест камэнтару

Доўгі час пад уплывам найперш савецкіх стэрэатыпаў для нашага грамадзтва звыклым было падзяляць гістарычную спадчыну на “сваю” і “чужую”. Мяжа паміж сваім і варожым пракладалася зусім адвольна.

Падзеі другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі даюць яркі прыклад такой сытуацыі. Яшчэ зусім нядаўна (і зноў – цяпер) на афіцыйным узроўні ўшаноўваць памяць можна было толькі тых нашых землякоў, хто ваяваў у шэрагах Чырвонай Арміі альбо савецкай партызанкі. Цяпер перад грамадзтвам паўстае пытаньне - што рабіць з тымі этнічнымі беларусамі, якія падчас вайны былі жаўнерамі небеларускіх вайсковых фармацыяў, скажам – польскай Арміі Краёвай. Ці варта іх папракаць у тым, што мы абралі іншы шлях.

Мікалай Каржанеўскі – крэсовы беларус, сьветаўспрыманьне якога пасьпела скласьціся да верасьня 1939 году. Як казаў адзін зь сяброў Саюзу Беларускіх Патрыётаў, тады радзіма зьмянялася бадай штогод. Кожная ўлада, войскі якой займалі заходнебеларускія абшар, дэкляравала сваю праўду. Мікалай Каржанеўскі, этнічны беларус, абраў сабе радзіму – другую Рэч Паспалітую. Наш суразмоўца не аддаў перавагі мацнейшаму баку, каб гэткім чынам спрабаваць уратавацца ў віхуры вайны. Інакш ён мог пайсьці хаця б у тую ж нямецкую паліцыю. Ён застаўся верным тым ідэалам, якія былі закладзеныя ў ягоную галаву змалку – праз тую ж сыстэму адукацыі.

Гэты аповед ёсьць своеасаблівым поглядам на гады ваеннага ліхалецьця. Поглядам процілеглым – як нацыянальнаму беларускаму, так і савецкаму бачаньню. Можа таму, падчас гутаркі, я меў такое моцнае адчуваньне трагізму.

Інтэрвію было запісанае ў жніўні 1998 году на Валожыншчыне – малой радзіме Мікалая Каржанеўскага. Тут наш герой пасяліўся ўжо ў 1990-х, пасьля вяртаньня з Сібіру. А сёлета яго ня стала.
Ю. Г.

Oral History

“My Own Guerillaship”: Memories by Mikoła Karžaneŭski

Summary

Interview recorded by Jury Hryboŭski tells about events pertaining to the World War II in Belarus. Narrator Mikoła Karžaneŭski is an ethnic Belarusian who believed Poland of between two World Wars to be its homeland. His memories contain a specific view on the events between the two Wars, a view, which is opposed both to national Belarusian and Soviet concepts of history.

Юрась ГРЫБОЎСКІ займаецца праблематыкамі Беларускага Рэзыстансу ды Заходняй Беларусі.

ШУФЛЯДА - Часопіс Найноўшае Гісторыі № 1-1999

М. Каржанеўскі

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291896136 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Мая белая партызанка

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network