публикация №1291892669, версия для печати

Армія Краёва на Беларусі. Частка І. Прадвеснікі АК


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Яшчэ да вайны
Абшар Беласток
Канспірацыя на Віленшчыне
Яны ішлі на ўсход
Пад ударамі НКУС
Узняўся меч над Віліяй
Арышты і дэпартацыя
Яшчэ да вайны

Верасень 1939 г. прынёс насельніцтву Заходняй Беларусі кардынальныя змены ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Кастрычнік-лістапад характарызаваўся даволі талерантнымі адносінамі савецкай адміністрацыі да мясцовых жыхараў. Польскія чыноўнікі і службоўцы ніжэйшага рангу, акрамя асобаў, належных да рэпрэсіўнага апарату, засталіся на сваіх пасадах, дапамагалі ствараць органы новай улады. Функцыі дзяржаўнай міліцыі выконвала рабочая міліцыя. Ва ўсіх дзяржаўных установах беларуская, польская, руская і яўрэйская мовы лічыліся раўнапраўнымі. Праводзіўся добраахвотны набор насельніцтва на вугальныя шахты Данецкага басейна. Была ўведзена ўсеагульная абавязковая адукацыя для дзяцей і моладзі.

У верасні - лістападзе 1939 г. 40-50 тысяч польскіх ваеннапалонных - радавых салдатаў - былі адпушчаныя на свабоду. Тычылася гэта галоўным чынам тых, хто пражываў на тэрыторыях, занятых Чырвонай Арміяй, перш за ўсё - украінцаў і беларусаў. Ад верасня да лістапада прыкладна 25-30 тысяч былых польскіх ваеннаслужачых уцяклі з палону ў часе маршаў, пераезду з лагераў, бо, па пазнейшых прызнананнях некаторых з іх, у той час ахова была не вельмі пільнай. Усе яны аселі на Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, прычым большасць з іх, як правіла, адразу ўлівалася ў рады падпольнага польскага супраціўлення.

У снежні 1939- студзені 1940 г. былі нацыяналізаваныя фабрыкі, заводы, банкі і сістэма гандлю. Панская зямля была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. У дзяржаўных установах, гандлёвых кропках пачалі ўводзіцца як абавязковыя беларуская і яўрэйская мовы. Правялі нацыяналізацыю жылых памяшканняў. У якасці грашовай адзінкі рубель замяніў злоты. Пасля выбараў у дзяржаўных установах сталі пераважаць беларусы, рускія і яўрэі. Польскіх служачых і настаўнікаў бязлітасна звальнялі. Са школьных праграмаў выключылі нывучэнне гісторыі Польшчы, зменшылі гадзіны навучання польскай мове - на 50 % у параўнанні з выкладаннем беларускай і рускай. 3 дзяржаўных будынкаў зніклі шыльды з польскімі надпісамі. Пачалі арыштоўваць падазраваных дзеячаў палітычных арганізацыяў, афіцэраў, паліцэйскіх.

У лютым - ліпені 1940 г. пачалася рэарганізацыя мясцовых органаў улады па ўзорах Усходняй Беларусі. Стала праводзіцца калектывізацыя. Выдаваліся пашпарты. Пачаўся першы этап дэпартацыі мясцовага насельніцтва і бежанцаў з цэнтральнай Польшчы* Быў аб'яўлены прызыў у Чырвоную Армію. Закрылі граніцу з немцамі і забаранілі выезд у прыгранічныя раёны.

* Другі этап дэпартацыі пачаўся ў красавіку 1940 г., трэйці - у ліпені 1940 г., чацвёрты (незакончаны)- у чэрвені 1941 г. Усяго з Заходняй Беларусі за гэты час было дэпартавана больш за 120 тысячаў чалавек.

Са жніўня 1940 г. і па чэрвень 1941 г. сталі трохі лагоднейшыя адносіны савецкіх уладаў да польскага насельніцтва. Польская мова зноў пачала вяртацца ў надпісах на шыльдах дзяржаўных установаў, назвах вуліцаў і г. д. Вярнулася яна і ў школы. У дзяржустановы пачалі прымаць былых польскіх служачых, настаўнікаў.

У перабудовачныя і постперабудовачныя часы многа сказана і напісана пра заганныя метады сталінскага кіравання ў сферы нацыянальнай палітыкі, назаўжды публічна і афіцыяльна асуджаны злачынствы і рэпрэсіі супраць цэлых народаў, у тым ліку беззаконне і дэпартацыі ў адносінах да польскага насельніцтва, апынулага ў 1939 г. у складзе СССР. Дарэчы, гэтыя бесчалавечныя акцыі сталі адной з важнейшых прычынаў росту польскага супраціўлення Саветам у пасляваенны перыяд.

Так, усё гэта было: здзекі, ссылкі, лагеры, рознага роду ўціскі. Але не трэба кідацца з адной крайнасці ў другую, не трэба маляваць мінуўшчыну адной фарбай - белай, чорнай ці чырвонай. Паказ жыцця польскага насельніцтва ў азначаны перыяд на тэрыторыі былога СССР як паласу безупыннага нацыянальнага прыгнёту не адпавядаў бы гістарычнай праўдзе. Пра гэта сведчыць практыка культурна-асветніцкай дзейнасці бальшавіцкіх уладаў сярод палякаў Заходняй Беларусі, у тым ліку развіццё народнай асветы на Беласточчыне.

У перадваенны час у былой Беластоцкай вобласці існавала 859 польскіх школаў, у іх займалася больш за 112 тысяч дзяцей, 470 беларускіх школ, іх наведвалі каля 300 тысяч вучняў. У Беластоку, Гародні, іх ваколіцах у той час пражывала каля 300 тысяч жыдоў, пагэтаму пачала стварацца сетка пачатковых і сярэдніх школаў з жыдоўскай мовай навучання,чаго не было пры Польшчы.

У верасні - лістападзе 1939 г. у Беластоку было 55 школаў усіх тыпаў, у тым ліку 6 дзяржаўных гімназій, 6 прыватных гімназій, педагагічны ліцэй, гандлёвы ліцэй. У 1940/41 вучэбным годзе на іх базе пачаліся стварацца тэхнікумы, дзесяцігодкі, сямігодкі, пачатковыя школы. Усе прыватныя навучальныя ўстановы сталі дзяржаўнымі.

Ствараліся новыя школы. Было адкрыта 95 сярэдніх і 108 няпоўных сярэдніх, у тым ліку 47 школаў для польскіх дзяцей і моладзі. Не хапала будынкаў, таму ў Беластоцкай вобласці пад новыя школы былі прыстасаваны 73 былыя маёнткі, якія наведвалі 10 тысяч вучняў. Статыстыка сведчыць, што да пачатку 1940 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавала на 25 % школ больш, чым год таму.

Калі польскія даследчыкі, былыя і сённяшнія, дапускаем, свядома перакручваюць, уводзяць у зман цяперашняга чытача пра адносіны "праклятых" Саветаў, рускіх, украінцаў і беларусаў да бедных палякаў на "Крэсах Усходніх", то беларускія, рускія, украінскія ператалмачы розных узроўняў паўтараюць іх версіі, на наш погляд, з-за аднаго... гультайства і недасведчанасці. Лянота хадзіць у архіў, пацікавіцца данымі тагачасся; не ведае спраў у школах, бальніцах і ведаць не хоча...

Адбыліся значныя паблажкі для развіцця польскай культуры і мастацтва. У 1940 г. у Беластоку пачаў працаваць дзяржаўны драматычны тэатр. Ім кіраваў Аляксандр Вянгерка. На сцэне тэатра былі пастаўлены спектаклі па творах вядомых польскіх драматургаў: "Інтрыга і каханне" Лявона Шыллера, "Мараль пані Дульскай" і 'Панна Малішэўская" Габрыэлі Запольскай, "Пажыццёвая рэнта" Аляксандра Фрэдра, "Кардзіян" Юліуша Славацкага, "Вяселле і лістападавая ноч" Тадэвуша Выспянскага. Дырэктар Аляксандра Вянгерка ўкараняў у тэатры польскую рэвалюцыйную традыцыю і падкрэсліваў, што "тэатр можа быць найлепшым правадніком камуністычнай ідэалогіі ў працоўныя масы". Спектаклі ішлі на польскай мове, на сцэне выступалі папулярныя ў той час акцёры: Ірына Бароўская, Яцэк Вашчаровіч, Севярын Бутрым, Толя Манкевіч, Анатоль Шалаўскі і інш. Пры тэатры, зазначым, паспяхова дзейнічала студыя для моладзі.

У Гародні пад кіраўніцтвам вядомага цяпер маскоўскага дзеяча культуры Сяргея Абразцова быў створаны лялечны тэатр, у ім працавалі Зося Ліснеўская, Ярэма Вальфіш. Такі самы тэатр быў адкрыты ў Навагрудку.

У кастрычніку і лістападзе 1940 г. урачыста адзначалі 85-ю гадавіну з дня смерці Адама Міцкевіча. У склад усесаюзнай камісіі па правядзенні ўрачыстасцяў у гонар вялікага польскага паэта, створанай пры Саюзе пісьменнікаў СССР, побач з іншымі славутымі пісьменнікамі таго часу ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк. Шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар ушанавання памяці Адама Міцкевіча адбываліся ў Мінску, Беластоку, Гародні. У Навагрудку быў адкрыты музей паэта, які існуе і па сённяшні дзень.

16 красавіка 1941 г. бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне пра заснаванне ў Гародні музея польскай літаратуры імя Элізы Ажэшка. Гэтая пастанова з'яўлялася вынікам бязмернага імкнення польскага насельніцтва да захавання сваёй культурнай і літаратурнай спадчыны, зберажэння лепшых нацыянальных традыцыяў, з аднаго боку, і сведчыла пра павагу новай улады да тых польскіх дзеячаў, якія ўнеслі важкі ўклад у скарбонку сусветнай навукі і культуры, з другога боку.

3 1 кастрычніка 1940 г. у Мінску пачала выдавацца на польскай мове штодзённая грамадска-палітычная і эканамічная газета "Штандар вольнасці" ("Сцяг свабоды"). Яе галоўным рэдактарам быў паляк з Усходняй Беларусі, пісьменнік і літаратурны крытык Сцяпан Майхровіч. У склад рэдакцыйнай калегі ўваходзілі Яніна Бранеўская, Людвік Главацкі і Канстанты Ансельм. Галоўны рэдактар у першым нумары абвяшчаў, што "Штандар вольнасці" будзе газетай для шырокіх працоўных масаў палякаў, прызываў да ўдарнай працы ў імя дабрабыту народа і эканамічнага развіцця Беларусі, Савецкага Саюза. Пры гэтым напамінаў пра шматгадовую барацьбу польскага народа супраць буржуазнага і панскага прыгнёту, пра польскія турмы і класавы ўціск. Газета неўзабаве стала надта папулярнай, у яе з'явілася шырокае кола аўтараў, няштатных карэспандэнтаў, галоўным чынам з Гародні і Беластока. На старонках "Штандара вольнасці" адлюстроўваўся шырокі тэматычны дыяпазон: ад асвятлення эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы, краіне і свеце, праблемаў школьнага навучання і развіцця культуры да разгляду пытанняў з далёкага гістарычнага мінулага польскага народа, перыядаў паўстанняў і нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Газеты на польскай мове выдаваліся ў іншых мясцовасцях. Некаторыя з іх, напрыклад "Новэ жыце" ("Новая жизнь") у Граеве, "Нова Ломжа" (Новая Ломжа"), выходзілі на дзвюх мовах адначасова. Акрамя гэтага, не забудзем, на абласных радыёстанцыях былі створаны польскамоўныя рэдакцыі.

Намі прыведзены ўсяго некалькі штрыхоў, якія, магчыма, дадуць сённяшняму чытачу, асабліва маладому, хаця б павярхоўнае ўяўленне пра вельмі складаную, да немагчымасці супярэчлівую і разам з тым жорсткую даваенную рэчаіснасць.

Вярталіся дамоў польскія ваеннапалонныя, хаця далёка не ўсе (яшчэ раз ўспомнім Катынь!), адкрываліся новыя школы, тэатры, праводзіліся ўшанаванні і ўрачыстасці, выдаваліся газеты, дзяліліся паміж галотай і няграматнай польскаю большасцю землі паноў і асаднікаў...

I на фоне ўсяго гэтага арышты, тэрор, дэпартацыі, расстрэлы. Такі быў суровы час. Ён дыктаваў людзям свае, няпісаныя законы, уцягваў у віхуру падзеяў, з якой далёка не ўсе выйшлі жывымі.

Усё ж запамятаем: большасць бедных палякаў (сялянаў, рабочых) вольна ўздыхнула пры "праклятых" Саветах. Дарэчы, як і беларусы, украінцы, рускія. Перакосаў, крыўдаў было мноства, але менавіта пасля 1917 г. стала магчымым жыхару СССР вучыць у тэхнікуме і інстытуце не аднаго. а ўсіх дзяцей (калі яны генна былі здольныя да засвойвання ведаў). Той жа працэс шырокапатокна ішоў і на Заходняй Беларусі. Зпрычыненыя няпраўды вярхам і няпраўдачкі нізам, на наш погляд, нашмат перакрываліся станоўчым, плюсавым.

Польскія ксяндзы і афіцэры - разумныя людзі - ведалі пра мінусы і плюсы старога і новага жыцця. Аднак вярбоўкаў новых і новых рэкрутаў у свае шэрагі не спынялі.

Чаму? Дзеля чаго? Што атрымалі?

На колькі мага аб'ектыўна працягнем свой аповяд далей і на гэтыя пытанні адкажам не мы - вы самі, пашанотныя чытачы.

Абшар Беласток

27 верасня 1939 года, напярэдадні акупацыі немцамі Варшавы, на Мокатаўскім лётным полі побліз сталіцы прызямліўся самалёт. Прыбылы на ім сувязны прывёз з Румыніі пісьмо галоўнакамандуючага польскімі ўзброенымі сіламі маршала Рыдз-Сміглы. Гэта быў загад кіраўніцтву абароны Варшавы пра стварэнне падпольнай ваеннай арганізацыі. Загад як бы ўзаконьваў, даваў "дабро" на падрыхтоўку канспіратыўнай сеткі. Прадбачылая хуткая капітуляцыя ўжо ішла ў Варшаве поўным ходам.

Тайную арганізацыю назвалі "Служба за перамогу Польшчы" (SZP - СЗП). Яе кіраўніком быў прызначаны Міхаіл Такажэўскі-Карашэвіч. 13 лістапада па загаду генерала Уладыслава Сікорскага, які ў Парыжы ўзначальваў новы польскі ўрад у эміграцыі і польскія ўзброеныя сілы за мяжой, арганізуецца "Саюз узброенай барацьбы" (ZWZ - ЗВЗ). 3 сікораўскім ЗВЗ паступова аб'ядналіся СЗП і шэраг іншых канспіратыўных фарміраванняў.

Дыяпазон уплыву СЗП пашыраўся на тэрыторыю былых "крэсаў". Пра гэта сведчыць іх арганізацыйная структура. Уся тэрыторыя" 2-й Рэчы Паспалітай была падзелена на 6 так званых абшараў. Адзін з іх - "Беласток". Ён ахопліваў усю Заходнюю Беларусь. Кожны абшар з лета 1940 г. дзяліўся на ваенныя акругі, яны супадалі з межамі былых ваяводстваў. Такім чынам, Беластоку падпарадкоўваліся Палеская і Навагрудская акругі. Віленская акруга, у якую ўваходзіла значная частка беларускай тэрыторыі, уключна Маладзечна і Верхнядзвінск, дзейнічала самастойна.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. 3 дырэктывы генерала Стэфана Равецкага ("Грота"), у будучым камандуючага Арміяй Краёвай, для камендантаў абшараў № 2 (Беласток) і № 3 (Львоў) ад 28 верасня 1940 года: "Зыход чаканага канфлікту паміж Расіяй і Германіяй у дадзены момант прадугадаць немагчыма. Для нас было б лепш за ўсё, калі б немцы атакавалі Расію, знішчылі яе ўзброеныя сілы і аблегчылі тым самым для нас вырашэнне ў будучым пытання аб нашай усходняй граніцы".

Стэфан Равецкі ў час напісання дырэктывы з'яўляўся кіраўніком ЗВЗ. Варта звярнуць увагу, дакумент адрасаваны да кіраўнікоў падпольных структураў на уз'яднаных Заходніх Беларусі і Украіне з СССР у верасні 1939 года.

Далей у дырэктыве падкрэслівалася, што, незалежна ад таго, стане ў будучай вайне СССР саюзнікам Англіі ці не, у любым выпадку пазіцыя ЗВЗ застанецца нязменнай. Пры магчымым наступленні савецкіх войскаў на Захад, што прадвызначала б разгром нямецкай арміі, дырэктыва рашуча патрабавала: "... вы павінны быць гатовымі выканаць мой спецыяльны загад па правядзенні масавых дыверсій і арганізацыі партызанскага руху"*

* Дакументы камандавання АК цытуюцца па польскамоўным выданні кнігі "Армія Краёва ў дакумектах", 1939-1945. Т. 1-5.- Лондан, 1970-1981..

Такая ўстаноўка давалася за восем месяцаў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выданне гэтай агрэсіўнай дырэктывы - далёка не выпадковы эпізод, а вынік мэтанакіраванай палітыкі. Пераканаўча сведчаць пра гэта многія дакументы. Пра некаторыя з іх пойдзе размова далей.

Але яшчэ задоўга да таго, як у Заходнюю Беларусь нелегальным шляхам сталі даходзіць звесткі пра стварэнне цэнтра кіравання падпольнай барацьбой палякаў, тут ужо стыхійна з'явіліся ачагі супраціўлення Савецкай уладзе - у Гародне, Брэсце, Лідзе, Баранавічах, Маладзечне, вядома ж, у Беластоку, які ў той час уваходзіў у склад БССР, а таксама ў многіх невялікіх гарадах, мястэчках, вёсках. Найбольшая канцэнтрацыя ўзброеных групаў, засталых ад разбітага Войска Польскага, была ў Гродзенскай (Рускай), Рудніцкай, Белавежскай, Налібоцкай і Ліпічанскай пушчах, у Аўгустоўскіх лясах.

Вялізныя лясныя масівы, падтрымка часткай каталіцкага насельніцтва стваралі неблагія ўмовы для існавання нелегалаў.

Па словах польскага даследчыка прафесара Томаша Стшэмбаша, яшчэ ў верасні 1939 г. камандуючы вайсковай групоўкай "Гродна" генерал Юзэф Альшына-Вільчыньскі, калі стала зразумела, што паражэнне непазбежна, вызваў афіцэра па справах дыверсій Францішка Сьленчку і даручыў яму арганізацыю канспіратыўнай работы. Падпалкоўнік Сьленчка пачаў энергічна выконваць даручэнне генерала, але ў пачатку кастрчніка мусіў пакінуць Гародню, пераехаў у Беласток. Яго замяніў афіцэр у званні капітана (прозвішча невядома), які закончыў стварэнне падпольнай арганізацыі.

Тут, у Гародні, паралельна дзейнічалі іншыя канспіратыўныя ячэйкі, у тым ліку польская ваенная арганізацыя, аснову якой складалі вучні мясцовых гімназій. Неўзабаве яна ўстанавіла кантакты з вучнёўскай моладдзю па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, сталі рэгулярна курсіраваць сувязныя, пачаліся сумесныя скаардынаваныя акцыі па антысавецкай прапагандзе. Жаночай падпольнай арганізацыяй кіравала ў Гародні Антаніна Гальска ("Шарлотка").

БЫЛО ГЭТА ТАК. З успамінаў удзельніка даваеннага падполля ў Гародні Зянона Унгара: "У канцы верасня 1939 г., пасля падзення ачагоў змагання з бальшавікамі, многія прадстаўнікі моладзі, выхаванай на традыцыях паўстанняў на паўночна-ўсходніх землях, уцяклі ў лясы, стыхійна стваралі атрады супраціўлення, збіралі кінутую войскамі зброю.

Ужо ў кастрычніку 1939 г. мы ведалі пра загад Такажэўска-Карашэвіча, які абавязваў стварэнне "Службы за перамогу Польшчы". 3 вуснаў у вусны перадавалі, што ў нас канспіратыўнымі акцыямі кіруе прысланы з Варшавы палкоўнік Сасабоўскі - былы афіцэр з Гродзенскай акругі. Вера, што існуе такая падпольная арганізацыя на чале з вопытным камандзірам, давала добры стымул нашым намаганням пры стварэнні падпольных груп. На жаль (хоць у той час мы пра тое не ведалі), усё аказалася фікцыяй. 3 прычынаў, вядомых яму самому, Сасабоўскі перайшоў венгерскую граніцу*.

* Праз венгерскую і румынскую граніцу ўцяклі на Захад многія польскія ваеннаслужбоўцы пасля паражэння ў вераснёўскай кампаніі 1939 г., каб не трапіць у палон і прадаўжаць барацьбу за мяжой.

Пазбаўленыя каардынацыі малыя групкі СЗП дзейнічалі па сваёй ініцыятыве. Недахоп адпаведнай зброі, слабая ваенная падрыхтоўка, адсутнасць дасведчаных у партызанскай барацьбе кіраўнікоў абмяжоўвалі іх поле дзейнасці: знішчалі сродкі камунікацый, рабілі начныя засады на адзінокія савецкія патрулі, нападалі на аддзяленні міліцыі, ліквідавалі калабарацыяністаў, чые імёны падказвала мясцовае насельніцтва.

Да мая 1940 г. хадзілі чуткі пра актыўнасць падпольных арганізацыяў. Гаварылі пра вялікі бой атрада СЗП савецкім войскам пад Шчучынам, начны налёт на Ваўкавыск, дзе штурмам узялі будынак следчага аддзела і вызвалілі зняволеных, ліквідавалі пры гэтым функцыянераў НКУС і міліцыі, пра ўзброеныя сутычкі ў Белавежскай пушчы і Аўгустоўскіх лясах.

Тады часта паўтаралі: Нарбут, Траўгут, Урублеўскі... Імёнамі кіраўнікоў паўстання 1863 г. называлі атрады СЗП. Але найчасцей і найбольш ішла пагалоска пра адважныя ўчынкі "палкоўніка Воўка Тамбоўскага". 3 дня на дзень легенда пра яго набірала сілу. Мясцовае насельніцтва паўтарала яго імя з абогатварэннем, рускія - са страхам. Учора атрад палкоўніка пусціў пад адхон савецкі поезд, сёння, на сто кіламетраў далей, рускі патруль папаў у ягоную пастку.

У канцы верасня 1939 г. адзін ляснічы з-пад Гродна быў арыштаваны. У час допыту ён назваў супрацоўніка НКУС "таварышам". Рускі адказаў з пагардай: "Тамбоўскі воўк табе таварыш". Пасля таго як яго выпусцілі з-пад арышту, ляснічы арганізаваў ячэйку СПЗ. Добра ведаў аколіцу, мясцовых жыхараў і стаў стрэмкай на целе акупанта. Узяў сабе клічку Воўк-Тамбоўскі, а сваю дружыну назваў "Тамбоўскія ваўкі". Калі чуткі пра іх разышліся, іншыя атрады СЗП пачалі зваць сябе таксама, а гмшныя фантазёры прысвоілі ляснічаму званне палкоўніка.

Вось так дзёрзкасць, памножаная на страх ворага, і мары мясцовага насельніцтва, прага ў безнадзейнай сітуацыі знайсці празарліўца, нарадзілі легенду "палкоўніка Воўка-Тамбоўскага".

Тым, не менш на фоне "экспедыцый" НКУС, узрослага расійскага тэрору і арыштаў, следстваў, расстрэлаў і ссылкаў барацьба працягвалася. Пра тое сведчылі спаленыя выбарчыя ўчасткі ў часе так званага плебісцыту, які зацвердзіў уваходжанне "Крэсув Всходніх" у склад Савецкага Саюза, сведчылі і ўзарваныя на чыгунцы расійскія ваенныя транспарты".

Вось такая карціна паўстае з-пад пяра відавочцы тых падзей. Канешне, успаміны яшчэ не дакумент. Любыя мемуары нясуць у той ці іншай ступені пячатку аўтарскай суб'ектыўнасці. Зянон Унгар, які расцэньваў новую ўладу як акупантаў, не выключэнне, тым больш што ён неаднаразова ссылаецца на чуткі. Але з тым, як аўтар успамінае панавалыя ў асяроддзі палякаў настроі, напэўна, можна пагадзіцца. Сутнасць гэтых настрояў адназначна: большасць польскага насельніцтва Заходняй Беларусі не змірылася са сваім становішчам, мерылася змагацца.

Канспірацыя на Віленшчыне

Калі гаварыць пра арганізацыю і дзейнасць польскага супраціўлення, СЗП - ЗВЗ -АК, на Заходняй Беларусі, проста немагчыма абмінуць Вільню. На працягу многіх стагоддзяў гэты слынны горад- культурны і духоўны цэнтр трох суседніх народаў: беларусаў, палякаў, літоўцаў Адразу заўважым, мы не будзем заглядваць у тоўшчу часу, толькі коратка спынімся на кідкіх старонках гісторыі Віленшчыны, суадносныя з падзеямі ў кнізе.

15 сакавіка 1923 г. Канферэнцыя паслоў у Парыжы* на базе дэмаркацыйнай лініі ўстанавіла дзяржаўную граніцу паміж Літвой і ІІольшчай, несправядліва пакінула Віленскі край Польшчы. 19 верасня 1939 г. гэтую тэрыторыю заняла Чырвоная Армія, Віленская вобласць увайшла ў склад БССР, 10 кастрычніка 1939 г. у Маскве падпісаны яшчэ болей несправядлівы Дагавор аб перадачы Літве Вільні і Віленскай вобласці. Пры гэтым тры ўчасткі тэрыторыі, дзе сумесна пражывалі беларусы, палякі і літоўцы (Рымшанскі, Радунскі, Даўгелішскі паветы і раён Свянцянаў), былі далучаны да Беларусі. Але затым мудрыя маскоўскія галовы, напэўна, улічылі факт уваходжання Літвы ў склад СССР і яшчэ раз распарадзіліся тэрыторыяй так званай суверэннай Беларусі (незалежнай на словах і ў тэорыі) і Літве перадалі Свянцянскі раён і часткі тэрыторый Відзаўскага, Гадаўцішскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў БССР.

* Канферэнцыя паслоў у Парыжы - пастаянны орган, які быў створаны Вышэйшым Саветам Антанты ў 1919 г. для разгляду пытанняў, звязаных з выкананнем Вярсальскага мірнага дагавора.

Кіраўніцтва польскіх падпольных арганізацый, узніклых на Віленшчыне яшчэ ў верасні 1939 г., адрэагавала першымі, пасваему - па-ранейшаму лічыла гэты край неад'емнай часткай Польшчы. Пратэставала словам і куляю. Арганізацыйная структура СЗП - ЗВЗ - АК стваралася ў межах былога Віленскага ваяводства, ахоплівала не толькі пэўныя раёны Літвы, але і ўсю Віленскую вобласць Беларусі з такімі гарадамі і райцэнтрамі, як Маладзечна, Ашмяны, Астравец, Смаргонь, Браслаў, Мядзель, Міёры, Глыбокае, Шумілін, Нарач (Кабыльнік), Свір... Вось чаму віленская канспірацыя Арміі Краёвай для беларускага даследчыка выклікае заўсёды цікавасць.

Але перш чым перайсці непасрэдна да разгляду перапетый польскага падполля, ёсць сэнс сказаць слоў колькі пра грамадска-палітычную тагачасную сітуацыю на Віленшчыне. Гэта паможа нам лепей зразумець далейшае развіццё падзей.

3 уключэннем Вільні ў склад Літвы тут з'явіўся Камітэт грамадскай апекі, гадавы бюджэт якога быў каля 200 тысяч літаў. Немалая сума. Камітэт фінансаваў і матэрыяльна памагаў беспрацоўным палякам.

Быў таксама арганізаваны Камітэт дапамогі бежанцам. Яго ўзначальвалі Ігнацы Загурскі і Марыя Петрусевіч. Сродкі на ўтрыманне паступалі з Англіі і ЗША.

3 пачатку лістапада 1939 года задзейнічаў Польскі камітэт. Ім кіраваў прафесар Браніслаў Кжыжаноўскі, былы дэпутат сейма і сенатар, старшыня калегіі адвакатаў. У склад кіраўніцтва Польскага камітэта ўваходзілі былы рэктар універсітэта імя Стэфана Баторы, у той час рэдактар "Кур'ера віленскага" Вітольд Станевіч, Тадэвуш Кершаноўскі, Аляксандр Звярчыньскі і Ежы Дабжаньскі. Камітэт разгарнуў палітычную і фінансавую дзейнасць, пакрываў выдаткі за прыватнае навучанне польскіх дзяцей, утрыманне гімназій Бенедыктантаў, Езуітаў і Назарэтанкаў.

Ен прадстаўляў інтарэсы віленскіх палякаў у зносінах з літоўскай адміністрацыяй. Для гэтых мэтаў польскі ўрад у эміграцыі выдзеліў 100 тысяч літаў. Іменна польскі камітэт дабіўся ад літоўскіх уладаў дазволу на святкаванне 11 лістапада 1939 г. Дня незалежнасці Польшчы.

Пры літоўскім Чырвоным Крыжы ў сваю чаргу створаны Камітэт дапамогі нацыянальным меншасцям, у склад якога ўваходзілі 5 палякаў, 5 жыдоў, 5 літоўцаў. Невядома па якой прычыне прадстаўнікі ЗША не прызналі названага камітэта і адмовілі яму ў фінансавай падтрымцы.

Сярод многіх дабрачынных арганізацыяў, якія існавалі ў тагачассе ў Вільні, была і польская вайсковая група - Камітэт дапамогі афіцэрам. Ён шэфнічаў больш чым над 4500 вайскоўцамі, а таксама над 1244 сем'ямі афіцэраў у горадзе і па-за горадам. Месячны фонд для забеспячэння ваенных і іхніх семяў вымагаў ад Камітэта прыкладна 200 тысяч літаў.

Першая тайная арганізацыя, узніклая ў Вільні восенню 1939 года, называлася "Камісарыят жонду*". Узначальваў яе Браніслаў Сьвёнтніцкі. Кіраўнікі жонду прызнавалі правамочным адно - урад Другой Рэчы Паспалітай у эміграцыі, настойліва патрабавалі ўстанавіць з ім кантакт. Аднак заўважу, "Камісарыят жонду" быў адной з многіх падпольных ячэйкаў, якія мелі розныя палітычныя адценні. Даволі шматлікім з'яўлялася згрупаванне чыста ваеннага тыпу пад назвай "Кола пулковэ"**, ёю кіраваў кадравы афіцэр падпалкоўнік Адам Абтуловіч.

* Жонд (польск.)- урад; ** "Палковая суполка"

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 утамінаў удзельніка даваеннага падполля на Віленшчыне капітана Аляксандра Васілеўскага. "Я прыехаў у Вільню ў пачатку лістапада 1939 г. Вільня ўжо была пад літоўскай акупацыяй - СССР перадаў яе Літве разам з заходняй часткай Віленскага ваяводства на падставе Дагавора між Літвою і СССР ад 10 кастрычніка 1939 г. У палове лістапада ўступіў у кантакт з капітанам Антонам Аляхновічам - маім сардэчным сябрам па школе падхарунжых пяхоты, якую скончылі ў 1930 г. У 1939-1935 гг. мы разам служылі ў 5-м пяхотным палку легіёнаў, дзялілі супольны пакой. Паручніка Аляхновіча ў 1933 г. прынялі ў Вышэйшую ваенную школу, пасля яе заканчэння прысвоілі званне капітана. Накіравалі служыць у штаб 20-й пяхотнай дывізіі ў Баранавічах. Я ў той час служыў у Камарове, дзе быў інструктарам па стральбе і камандзірам роты.

Пад час вераснёўскай кампаніі А. Аляхновіч - начальнік інтэнданцкай службы 33-й пяхотнай дывізіі. Трапіў у савецкі палон пад Брэстам, яму ўдалося ўцячы з эшалона, які вёз ваеннапалонных на Усход. У пачатку кастрычніка 1939 г. прабраўся ў Вільню. Тут скантактаваўся з польскім падполлем, стаў актыўна ўдзельнічаць у канспіратыўнай арганізацыі "Камісарыят жонду", выконваў у ёй функцыі начальніка ваеннага аддзела.

Аляхновіч прапанаваў мне ўступіць у гэтую арганізацыю.

Праз некалькі дзён Аляхновіч ("Метэор") прадставіў мяне Сьвёнтніцкаму ("Ойцу"). Апошні праінфармаваў мяне, што арганізацыя дзейнічае ў паразуменні з Варшавай і намагаецца наладзіць сувязь з урадам Рэчы Паспалітай у Францыі. Прапанаваў узяць на сябе функцыі каменданта гарнізона Вільні. Я згадзіўся, пакінуў за сабою права пры любой зручнай магчымасці выехаць на Захад для паступлення ў польскую армію, што фарміравалася пад камандаваннем генерала Сікорскага.

3 гэтага часу маім непасрэдным кіраўніком стаў капітан Антон Аляхновіч. Я ў супрацоўнікі падабраў паручніка Юліана Петрашэўскага з 5-га пяхотнага палка легіёнаў, прызначыў сваім намеснікам. Вільня пад савецкай акупацыяй знаходзілася з 19.9.39 да 27.10.39. Потым горад быў перададзены ў склад Літвы, якая была ў той час незалежнай і нейтральнай дзяржавай. Літоўцы ўвялі ў Вільні ваенны стан. Пачалася спешная, прымусовая літвінізацыя горада.

3 Каўнаса (даўняга Коўна) задумалі перанесці сталіцу ў Вільню. Назвалі па-свойму. Матывы не тлумачыліся ні палітыкамі, ні газетамі: будзе сталіца ў Вільнюсе, то мужыкі (чытай, беларусы) не змогуць яе адняць ад нас. Ды і даўгарукая, словуняверная Масква не зможа, пасаромеецца ад народа адняць яго сталіцу.

Далейшыя падзеі паказалі, што думкі і справы літувісцаў у даным накірунку былі прарочыя. Зямлю, на якую яны пстарычна мелі меней правоў, чым беларусы, ад іх ніхто нават не спрабаваў адняць. Вільня стала Вільнюсам.-- Я. С.).

15 снежня быў закрыты універсітэт імя Стэфана Баторы. Крытычнай стала сітуацыя ваенных уцекачоў, якіх у лютым 1920 года было пад 40 тысяч.

Аднак у параўнанні з тэрорам, зазнаным віленчукамі падчас 38-дзённага знаходжання Саветаў (НКУС паспеў за гэты час арыштаваць і дэпартаваць звыш 500 палякаў), літоўскія ўлады былі лепшыя, чым савецкія. 2 лістапада было адноўлена выданне "Кур'ера віленьскага" - газеты, польскай па духу. Трохі пазней пачала выходзіць "Газета цодзенна". Яе рэдагаваў Юзэф Мацкевіч - брат Станіслава*. Гэтае выданне ставілася да літоўцаў лаяльна.

* Станіслаў Мацкевіч-Цат - у даваенні вядомы польскі публіцыст, пісьменнік, гісторык. Працаваў у папулярнай віленскай газеце "Слова" ліберальнага накірунку.

Тайныя польскія арганізацыі развіваліся ў Вільні стыхійна, прычым правілы канспірацыі не заўсёды захоўваліся на ўзроўні - вынік браку падпольнага вопыту ў тутэйшых палякаў, іх лёгкадумных адносінаў да літоўскай улады.

Асабліва гэта было характэрна для моладзі, якая пачала ва ўсіх арганізацыях адыгрываць усё большую ролю. 3 яе ўдзелам стварылі многа падпольных групаў. Яны выдавалі лістоўкі і рукапісныя газеткі з надта антылітоўскім зместам. У студзені 1940 г. адна з такіх маладзёжных арганізацый правалілася, праўда, нешматлікая. Арыштавалі некалькі чалавек. I хоць літоўская прэса і радыё падалі тыя арышты як вялікі поспех Саугумы*, адчувальны ўдар па польскай канспірацыі, на самай справе гэта быў малазначны інцыдэнт, ён не меў жаднага ўплыву на развіццё тайнай арганізацыі падпольнай Польшчы".

* Літоўская палітычная паліцыя.

Як сведчыць гэты ўрывак з успамінаў, удзельнікам падполля на Віленшчыне пры сметанаўскім рэжыме жылося больш-менш спакойна.

У такіх умовах ім лягчэй было аб'яднаць свае сілы і стварыць адзіную канспіратыўную сетку. Як і ў Заходняй Беларусі, на першапачатковым этапе аб'яднанне праходзіла ў рамках СЗП. У лістападзе 1939 г. галоўнакамандуючы СЗП генерал Міхал Такажэўскі-Карашэвіч накіраваў з Варшавы ў Вільню трох афіцэраў - падпалкоўнікаў Януша Галадыка, Нікодэма Суліка і маёра Аляксандра Кжыжаноўскага, з якім на старонках кнігі чытач спаткаецца яшчэ не раз. Ім было даручана арганізацыя на тэрыторыі Віленшчыны ваяводскага камандавання СЗП. Падпалкоўнік Сулік і маёр Кжыжаноўскі паспяхова прабраліся ў Вільню ў снежні 1939 г., а падпалкоўніку Галадыку не пашанцавала - затрымалі на літоўскай граніцы і накіравалі ў лагер для інтэрніраваных польскіх вайскоўцаў.

Нікодэм Сулік энергічна прыступіў да фармавання СЗП. Ён прыцягнуў да справы падпалкоўніка Адама Абтуловіча з "Кола пулковага", былога сенатара, маёра запасу Уладыслава Каміньскага, а таксама ксяндза Казіміра Кухарскага. Пра апошняга трэба сказаць асобна. Разумны, хітры езуіт, вядомы ў Вільні выхаваўца клерыкальнай моладзі і грамадскі дзеяч; на той час ксёндз Кухарскі ўзначальваў дабрачынную арганізацыю пад назвай Камітэт грамадзянскай самадапамогі. Кухарскі карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай у мясцовага насельніцтва. Якраз ён і скантактаваў Суліка з прадстаўнікамі наладжаных ужо важнейшых канспіратыўных арганізацыяў. Як паказвала здавённая, стагоддзі тамтэйшая практыка, практыка сучасся, нашага стагоддзя, служкі каталіцкае веры, на наш погляд, найпершыя ў такіх пытаннях - барацьбы за пальшчызну. Асабліва р'яныя яны барацьбіты за веру і вельку Польшчу не на Захадзе, дзе з-за іх кансерватыўнасці і адсталасці, нягнуткасці выспела і перамагла рэфармацыя, дзе Крулеўства Польскэ, а потым і Жэч Паспаліта страціла багата земляў,- асабліва вялікія яны ваяўнікі на Усходзе. На адвеку беларускіх землях.

Карацей кажучы, галоўнай мэтай спаткання Суліка з мясцовымі падпольшчыкамі з'яўлялася падпарадкаванне ўсіх падпольных групоўкаў кіраўніцтву СЗП і наладжванне супрацоўніцтва паміж рознымі палітычнымі плынямі.

Сустрэча адбылася ў манастыры езуітаў па вуліцы Вальнай. З'явілася 12 чалавек: падпалкоўнік Нікодэм Сулік, Браніслаў Сьвёнтніцкі, капітан Аляксандр Васілеўскі, паручнік Юліан Петрашэўскі (апошнія тры прадстаўлялі "Камісарыят жонду"), Пётр Каўнацкі і Вітальд Сьвершэўскі ("Стронніцтво Народовэ"- Народная партыя), Ежы Дабжаньскі (Польская сацыялістычная партыя). Былі прадстаўнікі санацыі і клерыкалаў. Старшыннічаў у часе сустрэчы ксёндз Казімір Кухарскі.

Яго прамова выклікала моцнае ўражанне ў прысутных і вызначыла поспех спаткання. Пасля Кухарскага выступіў Нікодэм Сулік. Ен назваўся прадстаўніком галоўнакамандуючага СЗП, раскрыў мэты і задачы арганізацыі, звярнуўся да прысутных з прапановай далучыцца да СЗП з усімі навербаванымі групоўкамі.

Усе былі ў прынцыпе згодныя. Адзіным спрэчным пунктам заставаліся адносіны да прадстаўнікоў санацыі, якія, па агульнай думцы сабраных, неслі адказнасць за паражэнне ў вайне. Завязалася жорсткая дыскусія, ці могуць прадстаўнікі санацыі ўвайсці ў кіраўніцтва віленскай канспірацыяй. Урэшце рэшт пераважыў погляд, што да супрацоўніцтва ў імя барацьбы за незалежнасць павінны быць прыцягнуты ўсе партыі. Лагер пілсудчыкаў і блізкіх яму падпольных фарміраванняў не выключаюць. На палітычныя інтрыгі, барацьбу і разборы стане часу пасля вайны. Прысутныя згадзіліся на беспярэчнае падпарадкаванне з гэтага моманту ўсіх кіраваных імі групаў ваеннага і цывільнага падполля аднаму цэнтру --"Службе за перамогу Польшчы". Адначасова пастанавілі, што важнейшыя партыі дэлегуюць паўнамоцных прадстаўнікоў у Віленскую ваяводскую раду, якую пазней называлі Рада акругі ці Каменданцкая рада - дарадчы орган пры камандуючым ваяводскім СЗП.

Па прапанове ксяндза адзінадушна зацвердзілі кіраўніком ваяводскага СЗП падпалкоўніка Нікодэма Суліка. Яго намеснікам і начальнікам штаба быў прызначаны падпалкоўнік Адам Абтуловіч. Інтэндантам стаў маёр Аляксандр Кжыжаноўскі. Ксяндзу Кухарскаму даверылі фінансаванне справы, а таксама ячэйку легалізацыі, аб якой будзе сказана падрабязней. Прапагандысцкую работу, уключаючы выданне органа СЗП, якому далі назву "Польска ў вальцэ"*, усклалі на маёра запасу, былога сенатара Уладыслава Каміньскага. Агульнаарганізацыйнымі пытаннямі даручылі займацца падпалкоўніку Антону Аляхновічу. Функцыі каменданта горада Вільні па-ранейшаму павінен быў выконваць капітан Аляксандр Васілеўскі. Кіраўніком канспірацыі ў былым Віленскім ваяводстве, гэта значыць і на значнай частцы тэрыторыі Беларусі, застаўся маёр Юзэф Рочняк. Канспірацыя ў самім горадзе Вільня Рочняку не падпарадкоўвалася.

* "Польшча ў барацьбе".

Вопыт падпольнай барацьбы "ўсіх часоў і народаў" яскрава сведчыць, што самыя патаемныя канспіратары - жывыя людзі, ім трэба карміцца, адзявацца, мець дах над галавою, магчымасць для свабоднага перамяшчэння, лячыцца пры хваробе і г. д. А каб усё гэта стала даступным, неабходна здабываць адпаведныя дакументы. Фабрыкацыяй фальшывых дакументаў і займалася ячэйка легалізацыі, якой кіраваў ксёндз Кухарскі. У склад ячэйкі ўваходзілі дзевяць чалавек. Непасрэднымі яе арганізатарамі былі Станіслаў Кялка - служачы кляштара езуітаў пры касцёле Св. Казіміра, браты Міхаіл і Рамуальд Варакомскія (апошні да вайны скончыў аддзяленне жывапісу Віленскага універсітэта).

Ячэйка легалізацыі першапачаткова размяшчалася ў раёне Новы Свет па вуліцы Варшаўскай у доме Рымкевічаў, а потым - у квартале Крывое кола па вуліцы Філарэцкай. Ячэйка дзялілася на два аддзелы: тэхнічны (кодавая назва "Кузня") і справаводчы (кодавая назва "Гаспода"*). У "Кузню" ўваходзілі наступныя майстэрні: графічная, фатаграфічная, цынкаграфія, фатаграфія, станок вулканізацыі пячацяў і друкарня.

* Карчма.

У першую чаргу дакументы вырабляліся вайскоўцам, яны маглі выехаць за мяжу, галоўным чынам праз Коўна - пры пасрэдніцтве англійскага пасольства. Дакументы вырабляліся і для тых удзельнікаў падполля, якія заставаліся на Віленшчыне і не мелі пасведчання асобы. 3 кастрычніка 1939 г. і па май 1940 года ячэйка легалізацыі вырабіла больш чым тры тысячы фальшывых дакументаў.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў Аляксандра Васілеўскага: "Ужо праз тыдзень пасля прыезду ў Вільню атрымаў даваенны пашпарт на імя жыхара Вільні. Я быў прыемна здзіўлены дасканаласцю выканання дакумента, чоткасцю дзеяння легалізацыйнай ячэйкі. Той фальшывы пашпарт, дарэчы, аформлены на маё сапраўднае прозвішча, я спакойна выкарыстоўваў багата разоў і на яго падставе атрымаў пазней літоўскае пасведчанне асобы, што мне вельмі аблегчыла жыццё ў акупаванай літоўцамі Вільні".

Як ужо адзначалася, у часе васьмімесячнага панавання незалежнай Літвы на Віленшчыне былі спрыяльныя ўмовы для дзейнасці польскага падполля. У прынцыпе не было ніякай перашкоды для разбудавання моцнай баявой арганізацыі. Аднак з увагі на тое, што Літва заставалася нейтральнай дзяржавай, урад Польшчы ў той час не хацеў ускладнення адносін з ёю, дапускаць узнікненне канфліктных сітуацыяў паміж палякамі і літоўцамі. Таму ад польскіх кіраўніцкіх колаў ішла грозная забарона прадпрымаць у Вільні сякія-такія ўзброеныя акцыі, сабатаж і дыверсіі. Выключэннем з'яўляліся рэпрэсіі ў адносінах да калабарацыяністаў, даносчыкаў і правакатараў. У такой сітуацыі СЗП у Вільні дзейнічаў на падставе наступных прынцыпаў:

1. Зрабіць упор на арганізацыйны бок справы, стварыць мадэль кіравання і сувязі, сканцэнтравацца на падрыхтоўцы кадраў.

2. Пры вярбоўцы членаў СЗП браць пад увагу не колькасць, а толькі якасны фактар, вербаваць у першую чаргу кадравых афіцэраў і падафіцэраў, а таксама падхарунжых.

3. Правядзенне дабрачыннай і апякунскай дзейнасці, перш за ўсё ў адносінах да сем'яў вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Інфармацыйна-разведвальная, прапагандысцкая, ідэйна-выхаваўчая работа.

У гэтым накірунку і дзейнічаў Віленскі штаб СЗП -ЗВЗ. Была створана моцная кадравая арганізацыя, якая была добра падрыхтавана да ўзброенай барацьбы. У сакавіку 1940 года ў сувязі з рэарганізацыяй віленскі СЗП пачаў называцца ЗВЗ (Саюз узброенай барацьбы).

Тым часам адбыліся персанальныя змены ў кіраўніцтве польскім падполлем на Віленшчыне. Па загаду камандуючага ЗВЗ у канцы сакавіка 1940 г. на тэрыторыю Заходняй Беларусі быў накіраваны падпалкоўнік Адам Абтуловіч, яго суправаджаў маёр Юзэф Рочняк. Ім была даручана каардынацыя дзеянняў структураў у былым Навагрудскім ваяводстве. Начальнікам штаба Віленскай акругі стаў маёр Аляксандр Кжыжаноўскі, інтэндантам быў прызначаны Станіслаў Кялка. Юзэфа Рочняка замяніў капітан Збігнеў Брадзікоўскі.

У чэрвені 1940 г. Вільня зноў стала савецкай. Грамадска-палітычная сітуацыя для віленчукоў змянілася карэнным чынам. Перамены закраналі матэрыяльную і духоўную сферы жыцця. Справа не толькі ў тым, што, напрыклад, замест "Кур'ера віленьскага" і "Газеты цодзеннай" пачаў выдавацца орган ЦК КП(б) Літвы "Праўда віленьска", а прадукты харчавання і рэчы першай неабходнасці падняліся ў цане. Пачынаў дзейнічаць берыеўскі рэпрэсіўны апарат. Для польскага падполля надышлі не проста цяжкія часы, а страшныя часы. Энкавэдэсцкі хапун зачастую браў людзей не па іх віне, за праўчынкі, а па прафесійных, нацыянальных абставінах - на Беларусі, Расеі, Украіне, Каўказе. Што ўжо было казаць пра палякаў у "вызваленай" Літве. Іх хапалі з прычыння і беспрычыння.

I выклікалі лютую несправядлівую, зласнюшчую ярасць. Супраціўленне да ўсяго рускага, савецкага.

Ва ўсіх ячэях і групах польскага супраціўлення, прыціхлага ад смяртэльных і меткіх (гэтага не адымеш) удараў, зацвірчэлі патокі нянавісці. Тым большай, чым бяссільнымі аказваліся ўсе групкі перад сапраўднаю воляю і сілаю.

Адны сеялі, не ведалі, што жаць будуць другія, трэція таіліся, цярпелі, ведалі, што прыйдзе час - і адальюцца воўку авечыя слёзы, і не ведалі, што расплачвацца за іх рашучую нянавісць будуць невінаватыя. I яны самі.

Яны ішлі на ўсход

Поруч з арганізатарамі падполля, эмісарамі ад палітычных партыяў і прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада на тэрыторыю Заходняй Беларусі сталі пранікаць і кадравыя польскія разведчыкі. Трэба адзначыць, у міжваенне супрацьстаянне савецкіх і польскіх разведчыкаў было вельмі вострым. Гэта бачна і з успамінаў былога супрацоўніка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Чырвонай Арміі, генерала ў адстаўцы Віталя Нікольскага: "Заключэнне пакта з Германіяй, уступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы было нечаканасцю для ваеннай разведкі. Мы не змаглі нават паспець перадыслацыраваць далей на Захад усю агентуру з усходніх абласцей Польшчы, усе нашы інфарматары пры імклівым руху Чырвонай Арміі да Буга аказаліся ў савецкім тыле".



Да сказанага ёсць рэзон дадаць, што, акрамя ГРУ, на тэрыторыі "крэсаў" актыўна дзейнічала і палітычная разведка НКУС.

Перманентны паядынак вялі з імі сектар "Усход" 2-га аддзела генштаба Войска Польскага (разведслужба)- славутая "двуйка" -дэфензіва (палітычная паліцыя). 3 прыходам Чырвонай Арміі органы НКУС адразу распачалі аператыўную работу па выяўленні былых паліцэйскіх, турэмшчыкаў, жандараў, афіцэраў і падафіцэраў Корпуса пагранічнай аховы (КОП) і, вядома ж, разведчыкаў. Мнопх арыштавалі, адправілі ў турмы і лагеры, іншых расстралялі.

А камусьці пашанцавала, удалося ўцалець. Сярод іх аказаліся афіцэры, якія мелі вопыт разведвальнай і контрразведвальнай работы на ўсходнім кірунку - ротмістр Аляксандр Стпічыньскі, маёр Юзэф Стансьліцкі, палкоўнік Лявон Цясак. Да вайны Цясак быў шэфам контрвыведкі пры камандаванні акругі корпуса ДОК-3 "Гродна", у склад якога ўваходзілі Вільня і большая частка Палесся. Цяпер ім трэба было заняцца сваім ранейшым "рамяслом" ужо ў новых абставінах. Стаяла задача пранікнуць з Генеральнай губерні* туды, дзе яшчэ нядаўна яны адчувалі сябе гаспадарамі.

* Па дэкрэту Гітлера ад 8-12 кастрычніка 1939 г. тэрыторыя Польшчы, акупаваная вермахтам, была падзелена на 2 часткі: сярэднюю і паўднёвую (генеральная губерня з цэнтрам у Варшаве) і заходнюю і паўночную (увайшлі ў склад рэйха). У 1941 г. да Германіі была далучана і Беласточчына (Бэцырк Беластолк - Беластоцкая акруга), у тым ліку Гродна, Ваўкавыск, Масты, Бераставіца, Зэльва і частка Шчучынскага раёна.

Польскі кадравы разведчык Павел Марыя Лісевіч у сваёй кнізе "Безіменныя" канстатуе: "Існуе памылковы, досыць распаўсюджаны погляд, што быццам бы ЗВЗ пачаў развіваць разведвальную дзейнасць на тэрыторыі СССР толькі пасля нямецкага нашэсця. На самай справе гэта наступіла адразу пасля ўтварэння галоўнага камандавання ЗВЗ у Варшаве, дакладней пасля 29 чэрвеня 1940 г., калі Варшаве быў падпарадкаваны абшар-3-паўднёва-ўсходні. Равецкі** паслаў тэлеграму Саснкоўскаму,*** у якой дакладваў, што арганізуе разведку "на Саветы" з цэнтрам у Варшаве. Трэба памятаць, у лонданскіх кіраўніцкіх колах**** панавала дактрына "двух ворагаў", якая прадпісвала СЗП-ЗВЗ-АК змагацца на два франты - як з немцамі, так і з Саветамі".

** Стэфан Равецкі ("Грот") - э 1939 г. намеснік галоўнакамандуючага СЗП, з 30 чэрвеня 1940 г. галоўны камендант ЗВЗ.

*** Казімеж Саснкоўскі - галоўны камендант ЗВЗ з 13 лістапада 1939 г. да 30 чэрвеня 1940 г.

**** Маецца на ўвазе польскі ўрад у эміграцыі

У адпаведнасці з названай дактрынай варшаўскае кіраўніцтва ЗВЗ прыкладала велізарныя намаганні для атрымання разведвальных даных на ўсходнім накірунку. У раёне дэмаркацыйнай лініі - на нямецкім баку - былі створаны закамуфліраваныя назіральныя пункты разведкі: у асноўным каля шляхоў зносінаў. Потым пачалі стварацца рэзідэнтуры. Ужо ў канцы 1939 г. першым шэфам 2-га аддзела СЗП у Вільні быў афіцэр па мянушцы "Гелена" (прозвішча невядома). Затым яго месца заняў палкоўнік Збігнеў Цэнтняроўскі. Але, па прызнанню ўпамянутага Ежы Марыі Лісевіча, Цэнтняроўскі вынікі працы меў вельмі мізэрныя, не змог нават стварыць агентурную сетку, а вясной 1941 г. быў арыштаваны органамі НКУС.

На далейшае яго абавязкі па чарзе выконвалі Баляслаў Новік ("Маеўскі"), капітан Стэфан Ставей ("Атума") і палкоўнік Тодар Цэтыс ("Вікінг").

Шэфам аддзелаў "двуйкі" ў Навагрудскай акрузе быў капітан Баляслаў Васілеўскі ("Бустрамяк"), у Беластоку - Віталь Бжэскі ("Саха"), у Брэсце - паручнік Аляксандр Куніцкі ("Мар'ян", "Слодзік", "Француз"). Апошні да разведвальнай дзейнасці прыцягнуў групу супрацоўнікаў брэсцкай пошты і тэлефоннай станцыі.

Між тым савецкая разведка таксама не драмала. Замест асталых на занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі сваіх ранейшых інфарматараў ГРУ і органы НКУС пачалі інтэнсіўную вярбоўку новых агентаў з ліку польскіх грамадзянаў, пражывалых на тэрыторыі Генеральнай губерні. За няпоўныя два гады на савецкую разведку пачалі працаваць 140 палякаў з Генеральнай губерні, у тым ліку маёр артылерыі Любаслаў К. Прыйдзе час, і ён адыграе вельмі важную ролю ў разгроме органамі НКУС польскага падполля на Віленшчыне ў 1944-1945 гг.

Галоўнае камандаванне ЗВЗ яшчэ ў той час, калі яго штаб-кватэра знаходзілася ў Парыжы, хацела наладзіць рэгулярную кур'ерскую сувязь з абшарам Беласток і Віленшчынай, але гэта аказалася нерэальным. Калі трасу ў Вільню ці Гродна кур'ер з Варшавы мог перадолець за 10 дзён, то парыжскаму кур'еру патрабавалася ад двух да трох тыдняў. 3 вясны 1940 г. пераходы праз граніцу на тэрыторыю СССР сталі для кур'ераў ЗВЗ увогуле вельмі небяспечныя. Для жыцця. Іх расстрэльвалі па суду, але хутка.

У адным з рапартаў вясной 1941 г. Стэфан Равецкі ("Грот") быў вымушаны прызнаць, што кур'ерскую сувязь з усходнімі абшарамі на належным узроўні падтрымліваць не ўдаецца. 3 восені 1939 г. да 22 чэрвеня 1941 г. на "крэсы" пасылалася 86 кур'ераў. Назад вярнулася 16.10 затрымалі пры пераходзе граніцы, 12 арыштавалі ў час выканання заданняў, астатнія праваліліся з дапамогай агентуры НКУС Уратаваць сваё жыццё пашанцавала меншасці, 44 кур'еры загінулі. Сярод удачлівых аказаўся Людвік Калькштэйн-Сталіньскі, які паспяхова выканаў заданне на тэрыторыі Віленскай акругі, прабраўся ў Варшаву і быў прызначаны ў разведгрупу пад кодавай назвай "Страган". Потым яму даручылі арганізаваць самастойную аператыўную разведвальную групу. Яна была створана і атрымала назву "Ханка" ("X") - па псеўданіму яе кіраўніка. Пазней група "X" вяла разведвальную дзейнасць не толькі ў Генеральнай губерні, але і на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР.

Як ужо адзначалася, з кур'ерскай місіяй і пэўнымі арганізатарскімі паўнамоцтвамі на тэрыторыю Навагрудскай акругі былі накіраваны з Вільні падпалкоўнік Абтуловіч і маёр Рочняк. Няма ніякіх дакументальных даных, як яны выконвалі свае паўнамоцтвы. Вядома толькі, што пазней па прыгавору спецыяльнага суда ЗВЗ Адам Абтуловіч быў застрэлены па падазрэнні ў супрацоўніцтве з савецкімі органамі дзяржбяспекі. Пра лёс Юзэфа Рочняка звесткі не захаваліся. Праўда, у сувязі з акалічнасцю пэўную цікавасць выклікае ўрывак з успамінаў знаёмага нам Каспера Мілашэўскага.

"Вясной 1940 г.,- піша ён,- прыбыў да мяне ў Брынічава Стаўбцоўскага павета нехта Таргоньскі. Сказаў, што з'яўляецца капітанам Войска Польскага і хацеў бы знайсці са мной паразуменне і абмеркаваць папярэднія ўмовы стварэння канспірацыі для барацьбы за незалежнасць. Пасля абгаварэння ўсіх магчымасцяў для вядзення падпольнай работы мы прыйшлі да высновы, што няма жадных даных на існаванне на нашай тэрыторыі вышэйшай канспіратыўнай ячэйкі, з якой можна ўстанавіць кантакт, атрымаць інструкцыі і, зыходзячы з іх, пачаць дзейнічаць згодна з агульнымі прынцыпамі падпольнай барацьбы. Праз некалькі дзён Таргоньскі падаўся ў бок Волмы і Ракава, каб зарыентавацца ў тутэйшым становішчы і распазнаць настрой мясцовага насельніцтва, падабраць прыдатных для падпольнай работы. Але там яго напаткала няўдача - быу арыштаваны".

Есць падставы меркаваць, што Таргоньскі гэта і ёсць Юзэф Рочняк. Прадстаўляючыся Мілашэўскаму, ён мог змяніць прозвішча і воінскае званне для канспірацыі. На карысць гэтай версіі сведчаць яшчэ два факты. Рочняка паслалі ў Навагрудскую акругу ў канцы сакавіка. Мілашэўскі таксама адзначае, што незнаёмы прыбыў да яго вясной. Што ў радах ЗВЗ дзейнічаў капітан Таргоньскі і быў накіраваны на Навагрудчыну, ні ў дакументах, ні ў мемуарнай літаратуры не ўпамінаецца.

Нягледзячы на значныя страты ў кадрах, практычна ўся тэрыторыя Заходняй Беларусі была пакрыта канспіратыўнай сеткай польскага супраціўлення. Прычым падпольныя ячэйкі існавалі не толькі ў гарадах, але і ў мястэчках і вёсках. Адна з такіх арганізацый была створана ў былым Васілішкаўскім (цяпер Шчучынскі) раёне.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў удзельніка АК Юлгіана Трусілы. У Васілішках і ваколіцах падпольная група сфармавалася ў снежні 1939 г. ці ў студзені 1940 г. Не ведаю дакладна, хто быў яе заснавальнікам, але, на маю думку, галоўную ролю адыграў ксёндз капітан Ігнацы Цыранькі і дарожны майстра Васілішкаўскай гміны падхарунжы Сыльвестр Петрашун. Першы мог прымаць рапарты і аддаваць загады выкарыстоўваючы спавядальню. А другі быў, бадай, адзіным чалавекам у гміне, які пры Савецкай уладзе застаўся на сваёй ранейшай пасадзе. Выконваючы службовыя абавязкі - кантроль за станам шашы і працай падначаленых дарожных рабочых - меў магчымасць без перашкодаў і не выклікаючы падазрэнняў раз'язджаць па ўсёй гміне і спатыкацца з патрэбнымі людзьмі.

Адрэзак шашы, падкантрольны Петрашуну, цягнуўся з Хадзілоняў праз Васілішкі ў Скрыбаўцы, прыкладна 40 кіламетраў. Хтосьці з дарожных рабочых, прозвішча не памятаю, згадзіўся выконваць кур'ерскія функцыі - адзін раз пабываў у Варшаве і тройчы ў Вільні. Мэта паездкаў - пошукі кантактаў з падпольным цэнтрам. Пасля таго, як удалося наладзіць кантакт з камандаваннем у Вільні, сувязь з нашай арганізацыяй пачалі падтрымліваць кур'еры штаба акругі. Сустрэчы адбываліся ў Лідзе і Гародні.

Аб тым, што падпольная арганізацыя ў Васілішках існавала, яскрава сведчыць і той факт, што ў верасні 1940 г. пачаліся арышты. 3 нашай мясцовасці ў той час арыштавалі Яна Філіповіча і Яна Калесніка (абодва з маёй вёскі Глінічы), Скарба (з Васілішкаў), Навадворскага (з Мякішаў). Мой брат Стасік тады праходзіў курс перападрыхтоўкі на вайсковых зборах у Лідзе, і яго ўзялі прама ў казарме. Ксёндз Цыраньскі і вікарый Крыньскі былі таксама затрыманы, але іх праз некалькі дзён адпусцілі. Добра ведаю, у тыя дні пад следчым арыштам знаходзіліся многія жыхары з Лідскага павета і з самой Ліды".

А вось як выглядае карціна арганізацыі падполля ў Заходняй Беларусі ў данясеннях варшаўскага кіраўніцтва.

АБШАР БЕЛАСТОК НАВАГРУДСКАЯ АКРУГА.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. 3 рапарта № 118 галоўнага каменданта ЗВЗ генерала Стэфана Равецкага ("Грота") эмігранцкаму ўраду ў Лондане:
"16/. Куркі*
Акруга не выйшла з уступнай арганізацыйнай фазы.
Пачатак актыўнага дзеяння аддзела 2 і аддзела 10.
У акрузе налічваецца 8 абводаў**. Тры яшчэ незадзейнічаныя - з-за недахопу афіцэраў.
У "Лэнцэ***" і "Бары****" існуюць зачаткі баявых узводаў".

* Кодавая назва Навагрудскай акругі.

** Па вайсковай тэрміналогіі польскага камандавання СЗП - ЗВЗ - АК абвод, як адзінка адміністрацыйнага дзялення, адпавядаў тэрыторыі павета (раёна).

*** Лэнка (польск.) - луг. Кодавая назва Шчучынскага абводу.

**** Кодавая назва Лідскага абводу

АБШАР БЕЛАСТОК ПАЛЕСКАЯ АКРУГА.

Спробы стварэння арганізацыі СЗП - ЗВЗ у рамках Палескай акругі з-за панесеных вялікіх стратаў не далі таго эфекту, на які разлічвала польскае камандаванне. Гэта бачна з фрагмента рапарта № 79 галоўнага каменданта ЗВЗ Стэфана Равецкага ("Грота"):

"Перад выбухам нямецка-савецкага канфлікту 22.6.1941 .

1. Сувязь. Рэгулярную сувязь у час савецкай акупацыі падтрымліваць было немагчыма. Граніца была шчыльна замкнёна, а кур'еры правальваліся. Арганізацыйная работа на тэрыторыі савецкай акупацыі была вельмі цяжкай

2. Акруга Палессе

Камендантам акругі быў "Кузьма*.

Яго намеснік - спачатку "Вільк" ("Марыя**"), а з чэрвеня 1940 г. - "Рыбак***". "Вільк" ("Марыя") вёў разведку.

Кузьма падрыхтаваў 12 падхарунжых, з якімі цяпер няма сувязі

У канцы жніўня 1940 г. "Кузьму" арыштавалі. Па загаду "Вілька" былі знішчаны ўсе запісы і шыфры 'Кузьмы" . Работа практычна спынілася."

3 польскіх крыніцаў вядома, што ў Давыд-Гарадку спрабаваў арганізаваць канспіратыўную сетку з работнікаў мясцовых лясніцтваў былы валынскі ваявода Генрык Ежэўскі, яго выкрутасы ваеннага лёсу закінулі на Палессе. Усе спробы значымых вынікаў не прынеслі.

Пра станаўленне польскага падполля ў Віленскай акрузе, якая ў склад абшару Беласток не ўваходзіла, а падпарадкоўвалася непасрэдна галоўнаму камандаванню СЗП-ЗВЗ, было сказана ў раздзеле "Віленская канспірацыя". Трэба толькі адзначыць, што ў перадваенны час тут была створана, дзякуючы ў значнай ступені прыбылай з Варшавы кіраўніцкай групе афіцэраў, найбольш актыўная і баяздольная арганізацыя.

На тэрыторыі Беларусі, як структурная частка Віленскай акругі, існаваў Браслаўска-Пастаўскі інспектарат. Ён складаўся з Браслаўскага, Дзісненскага, Маладзечанскага, Ашмянскага, Пастаўскага і Вілейскага абводаў.

Усе польскія падпольныя фарміраванні на былых "крэсах" чакалі свайго часу "Ч". Ён, па задуме польскіх кіраўнічых колаў, павінны быў прабіць увесну 1941 г. Менавіта на гэты час намячалася ўсеагульнае ўзброенае паўстанне.

Пад ударамі НКУС

Калі падсумаваць сказанае ў папярэдніх раздзелах, то вырысоўваюцца наступныя малюнкі.

17 верасня 1939 г. для польскай дзяржавы, ва ўсялякім разе для яе кіраўніцтва, СССР быў такім самым агрэсарам, як і немцы. Праўда, польская вярхоўная ўлада з гадамі забудзе, што СССР неаднойчы прапаноўваў Польшчы заключыць узаемныя дамовы. На выпадак вайны таксама. Палякі дужа не любяць успамінаць, што яны ад перагавораў фактычна адмовіліся. Пасля прыходу Чырвонай Арміі кіраўніцтва Польшчы знаходзілася на сваёй зямлі ўсяго адныя суткі. Уцякло. Пра ўступленне ў вайну з Савецкім Саюзам афіцыйна не аб'явіла.

Аднак паход Чырвонай Арміі, распрапагандаваны Масквой як вызваленчы, для заходніх беларусаў і заходніх украінцаў ён менавіта такім і быў, польскія пасольствы ў сарака дзяржавах свету абвясцілі як агрэсію СССР. "Праклятыя" Саветы фактычна сталі заадно з Германіяй. Саветы супрацьстаялі лагеру саюзнікаў, якія падтрымлівалі Польшчу.

3 такога пункту гледжання зыходзілі арганізатары канспіратыўнай польскай сеткі на "крэсах". Яе галоўная мэта - падняць народ на паўстанне, вярнуць Польшчы тэрыторыі ў давераснёўскіх граніцах. Паўстанне павінна было ахапіць усю былую Другую Рэч Паспалітую, у тым ліку Заходнюю Беларусь.

У той час кіраўніцтва ЗВЗ жыло ў палоне ілюзіяу. Вясной 1940 г. пачнецца наступленне саюзнікаў па ўсяму фронту. Немцы будуць нашчэнт разбітыя англа-французскімі войскамі, вызваленне ўсходніх земляў ад Саветаў проста непазбежнае. Як двойчы два. Таму перад польскім падполлем у той час стаяла найважнейшая задача - выдатна падрыхтаваць паўстанне. Збіралася зброя, па-антысавецку агітавалася насельніцтва, арганізоўвалася разведка. На шлях зносінау, па якіх з СССР у Германію паступалі нафта, бензін, другая стратэгічная сыравіна, былі факты сабатажу. Дзейнічалі і партызанскія групы, хаця, будзем шчырымі, партызанскі рух не атрымаў шырокага развіцця. Згаснуў, не спраўдзіўшыся.

Усё гэта не магло не застацца па-за ўвагай органаў НКУС. Удары савецкай дзяржбяспекі па польскім падполлі былі бесперапынныя, бязлітасныя. Пад іх пападалі радавыя члены канспіратыўных ячэйкаў і вышэйшае кіраўніцтва, у тым ліку кіраўнікі Беластоцкага абшару. 3 1940 г. аднаго за адным арыштоўвалі выконваючых абавязкі камендантаў падпаручніка Антаніна Іглеўскага ("Нечуй"), перакінутага з Варшавы на пасаду каменданта абшару-2 падпалкоуніка Юзэфа Спыхальскага ("Сьцібор")*, яго спадарожніка і памочніка маёра бранетанкавых Яна Шульца-Праўдзіца Шляскага ("Барсук"), другіх афіцэраў. 3 вышэйшага кіраўніцтва абшару Беласток удалося ўцалець адно маёру Уладыславу Лінярскаму ("Мсціславу"). Страшэнны ўдар абрушыўся і на гродзенскае падполле дзе да таго часу паспелі стварыць два абводы- "Правы Нёман" і "Левы Нёман".

* Як сведчыць Антанін Іглеўскі, падпалкоўнік Спыхальскі прыбыў да яго з Варшавы ў кастрычніку 1940 г. разам з Праўдзіцам , каб наладзіць, зкаардынаваць і пракантраляваць дзейнасць ЗВЗ у Беластоцкай, Навагрудскай і Палескай акругах. Сам Іглеўскі знаходзіўся на нелегальным становішчы, пражываў у мясцовасці Вялікі Дуб на Беласточчыне. Адразу пасля прыбыцця Спыхальскі пачаў інспектаваць канспіратыўную сетку ў Ломжыцкім. Сувальскім і Аўгустоўскім паветах. Праз два тыдні, на пачатку лістапада, Спыхальскі і Іглеўскі адбылі ў напрамку Вільні. 17 лістапада іх арыштавалі ў часе начлегу ў вёсцы Марусы.

Каля года яны правялі ў савецкай турме. У канцы 1941 г., як і многія іншыя польскія афіцэры, адбывалыя пакаранне ў савецкіх турмах і лагерах, былі вызвалены ў адпаведнасці з дамовам савецка-польскага пагаднення. Спачатку знаходзіліся ў фарміраваным корпусе генерала Андэрса, потым іх перакінулі ў Англію, дзе прайшлі перападрыхтоўку ў спецшколе дыверсій. ПІостага сакавіка Спыхальскаму прысвоілі званне палкоўніка. Абодвух на самалётах дэсантавалі ў Польшчу для ўдзелу ў падпольнай рабоце - Спыхальскі 31 сакавіка 1942 г., Іглеўскі на год пазней - 12 лютага 1943 г.

Як афіцэр сувязі штаба вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Лондане "Сьцібор" (ён карыстаўся даверам і павагай генерала Сікорскага) прыбыў у Польшчу з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, з практычна неабмежаванай свабодай дзеянняў. У прыватнасці "Сьцібор" мог самастойна, без узгадненняў карыстацца радыё, сувяззю паштоваю, мог перасылаць рапарты і данясенні ў Лондан. Меркавалася, ён будзе адыгрываць адну з важнейшых роляў у кіраўніцтве падполлем. Але лонданскі эмісар не знайшоў агульнай мовы з тутэйшым гаспадаром - генералам "Гротам", быў прызначаны на другарадную пасаду інспектара штаба.

Па некаторых звестках, адной з прычынаў непаразумення Стэфана Равецкага ("Грота") са Спыхальскім з'яўлялася тое, што контрразведцы ЗВЗ - АК стала вядома пра сустрэчу Спыхальскага з братам Мар'янам, адным з арганізатараў і кіраўніком Гвардыі Людовай - падпольнай антыфашысцкай арганізацыі, якая аб'ядноўвала ў сваіх шэрагах левыя сілы. Левых (камуністаў, сацыялістаў і проста дэмакратаў) польскія генералы цярпець не маглі. Як і ксяндзы. Узгадаем паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Зачалі ўсё палякі, узняліся першымі палякі, а расхлёбваць самую горкую кашу давялося беларусу. Яно не скончылася б так трагічна, каб польскія тагачасныя "генералы" не адракліся ад Каліноўскага, не распылялі сілы, не грызліся за першынство між сабою.

Пасля вайны жонка палкоўніка Юзэфа Спыхальскага пісала, што Спыхальскі атрымаў заданне ад Сікорскага шукаць кантакту з левымі сіламі Супраціўлення. Поўнасцю свае паўнамоцтвы "Сьцібор" не змог рэалізаваць на практыцы, бо яго роля ў кіраўніцтве ЗВЗ - АК заставалася малазначнай. Пры сустрэчы ў Варшаве ў лютым 1943 г. са сваім былым паплечнікам па беластоцкім падполлі Антанінам Іглеўскім Юзэф Спыхальскі скардзіўся, што яму даводзіцца працаваць з людзьмі, якія асабістыя амбіцыі ставяць вышэй інтарэсаў Польшчы, справы. Пазней "Сьцібор" быў прызначаны камендантам Кракаўскай акругі АК. Схоплены гестапа 24 сакавіка 1944 г. Закатаваны ў канцлагеры Заксенаўзен у жніўні 1944 г.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў былога начальніка Беластоцкага абласнога ўпраўлення НКУС БССР С. С. Бельчанкі: " ...На працягу 1939-1940 гадоў праз граніцу па рознага роду пропусках і вусных дазволах пераходзіла вельмі шмат людзей. Разам з тым павялічвалася колькасць нелегальных пераходаў граніцы. У пошуках выратавання ад фашысцкіх рэпрэсій на наш бок пераходзілі некаторыя жыхары акупаваных краінаў (палякі, французы, галандцы, бельгійцы, нарвежцы, жыды). Нелегальныя пераходы выклікаліся і тым, што новая граніца парушыла сваяцкія і другія сувязі паміж людзьмі. Узнікла сур'ёзная небяспека: масавы паток насельніцтва мог быць выкарыставаны гітлераўскай разведкай для вядзення шырокай разведвальнай і падрыўной дзейнасці супраць нашай краіны.

Напружанай была атмасфера ў прыгранічных і прылеглых раёнах заходніх абласцей. У той час як рабочыя, беднякі і большая частка сялян-сераднякоў з усіх сіл памагалі станаўленню і ўмацаванню Савецкай улады, эксплуататарскія класы спрабавалі вярнуць старыя парадкі. Варожую пазіцыю да Саветаў займала і каталіцкае духавенства.

Намаганнямі аператыўнікаў тэрытарыяльных органаў і пагранічнікаў у параўнальна кароткі тэрмін удалося арганізаваць разведвальную службу. Мне і другім работнікам упраўлення часта даводзілася бываць на граніцы, сумесна з пагранічнікамі праводзіць складаныя чэкісцка-вайсковыя мерапрыемствы па яе ўмацаванні. Трэба сказаць, патрыятычна настроеная частка мясцовага насельніцтва заўважала варожую дзейнасць некаторых элементаў, сігналізавала пра гэта. Людзі прыходзілі на заставы, у камендатуры, атрады, гарадскія і раённыя апараты НКУС - НКДБ* і паведамлялі нам пра з'яўленне ў іхніх вёсках і на хутарах падазроных асобаў. Калі былі створаныя групы і брыгады садзейнічання з мясцовых жыхараў, дык яны самі нярэдка затрымлівалі падазроных асобаў і перадавалі іх пагранічнікам.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 лютага 1941 г. НКУС СССР быў раздзелены на два самастойныя органы: Народны камісарыят унутраных справаў СССР і Народны камісарыят дзяржаўнай бяспекі СССР. 20 ліпеня 1941 г. НКДБ СССР і НКУС СССР былі аб'яднаны ў адзін Наркамат - НКУС СССР. 14 красавіка 1943 г. быў зноў створаны самастойны Наркамат (з 1946 г. - Міністэрства) дзяржаўнай бяспекі. 5 сакавіка 1953 г. МУС і МДБ СССР аб'яднаны ў адно Міністэрства ўнутраных справаў. Адпаведныя змены адбываліся і ў рэспубліканскіх, абласных і раённых органах унутраных справаў і дзяржаўнай бяспекі.

Паляпшэнне разведвальнай і контрразведвальнай работы, якую вялі пагранічнікі, не замарудзіла адбіцца на агульным становішчы справаў. Удалося ліквідаваць многія пункты пераправы агентаў праціўніка, павялічылася лічба затрыманых парушальнікаў граніцы. Толькі з кастрычніка 1940 г. па красавік 1941 г. на ўчастках трох пагранічных атрадаў Беластоцкага накірунку было затрымана каля 120 чалавек. У 69 выпадках пры сутычках з парушальнікамі пагранічным нарадам давялося ўжываць зброю.

Збіраючы разведвальныя дадзеныя, варожая агентура імкнулася ўстанавіць сувязь з настроенымі антысавецкі асобамі, схіляла іх да актыўнага супрацоўніцтва. Адзін з выкрытых намі агентаў паказаў, як яго ледзь не прымусова цягнулі на сувязь з кіраўніком падпольнай арганізацыі ў Гродна.

Зімой 1940 г. я прыехаў у Гродна, каб дапамагчы начальніку гарадскога аддзела НКУС Адзінцову. Паступіў сігнал пра існаванне ў горадзе глыбока заканспіраванай падпольнай арганізацыі, якая мела друкарню і вялікую колькасць зброі. Акурат у гэты час у Гродне і другіх населеных пунктах з'явіліся антысавецкага зместу лістоўкі.

Адзінцоў паказаў мне запіску, аўтар яе не называў свайго прозвішча, прасіў ва ўмоўленым месцы арганізаваць яму сустрэчу з начальнікам абласнога ўпраўлення НКУС.

Да запіскі быў прыкладзены білет на апошні сеанс у адзін з кінатэатраў, удакладнялася, што аўтар будзе сядзець справа ад мяне і на маё пытанне "Цікавая карціна?", адкажа "Гавораць, цікавая". Праз паўгадзіны ён паднімецца і пойдзе да выхаду, а мне патрэбна, не губляючы яго з віду, выйсці з кінатэатра і рухацца ўслед за ім да вугла завулка (указана назва). Там памінаваць яго, сесці ў сваю машыну, а ён праз некалькі хвілінаў таксама сядзе ў гэтую машыну.

Прыняўшы ўсе неабходныя меры, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, калі ўсё гэта акажацца элементарнаю лавушкаю ці правакацыяю, мы выканалі план дзеянняў аўтара запіскі. 3 драбнюсенькаю розніцаю. У машыне чакаць невядомага засталіся я з Адзінцовым, а ў кінатэатр у суправаджэнні двух разведчыкаў пайшоў адзін з нашых аператыўных работнікаў.

Праз 40 хвілінаў у нашай машыне сядзеў чалавек гадоў 45, інтэлігентнага выгляду: добра размаўлялы па-руску, хоць і з польскім акцэнтам. Ён сказаў, што хоча ведаць, з кім будзе размаўляць, папрасіў пацвердзіць дакументам. Пра сябе паведаміў, што ў Гродне ён праездам, за прыналежнасць да Кампартыі Польшчы доўга сядзеў у турме, вызвалены Чырвонай Арміяй. Прозвішча яго Сядлоўскі. Дадаў: "Я магу назвацца любым прозвішчам, тым болей, што ніякіх дакументаў у мяне няма. Да пытання, якое прывяло мяне да вас, гэта не мае ніякага прамога дачынення. Палітычныя перакананні заставілі мяне шукаць сувязі з вамі, каб расказаць, што, можа быць, не зусім ясна ў гэты момант". Ён падрабязна расказаў пра тыя сілы, якія не могуць прымірыцца з новымі парадкамі і вядуць падрыўную работу супраць Савецкай улады.

- На жаль, я не магу назваць вам канкрэтных асобаў, якімі трэба зацікавіцца,- працягваў незнаёмец.-- Але дзяўчына Марыся, якая жыве па адрасу... (назваў дакладны адрас), вядзе падазроны спосаб жыцця, часта на некалькі дзён адлучаецца з дому. Раю да яе прыглядзецца. Калі ўзнікне неабходнасць сустрэцца са мною, я буду ў Львове (указаў адрас).

Падзякаваўшы субяседніка, мы паехалі.

Праз некаторы час былі атрыманы даныя пра Марысю. Маладая, надта прыгожая дзяўчына. Нядаўна прыехала ў Гродна быццам бы з Варшавы. Стала вядома, што Марыся часта ездзіла па чыгунцы з Гродна ў Львоў, па дарозе на некаторых станцыях сустракаецца з маладымі людзьмі, вядзе з імі сяброўскія гутаркі, штосьці ад іх атрымоўвае і штосьці ім перадае. Часам зварочвала ў бок ад чыгункі, карысталася спадарожнымі падводамі. Некаторыя павозкі яе чакалі быццам спецыяльна.

Маладыя людзі сустракаліся з Марысяю, таксама часта адлучаліся з дому, часта сустракаліся з другімі маладымі людзьмі. Вымалёўваўся дужа цікавы ланцужок сувязных.

Час прыспешваў. Марысю затрымалі. На першым допыце яна катэгарычна ўсё адмаўляла. Потым заявіла, што яе паездкі і сувязі маюць асабісты, інтымны характар.

Яна з сям'і сярэдняга дастатку, яе бацькі педагогі, ніколі не прымыкалі ні да якіх партыяў. Значыць, сям'я не магла падштурхнуць яе на барацьбу з намі. Тут сказваўся чыйсьці варожы ўплыў.

У апошніх размовах я адчуў хісткасць яе перакананняў, хоць нацыяналістычныя антысавецкія погляды пра будучыню Польшчы яна не хавала, нават спрабавала пераканаць мяне ў сваёй праваце.

Яе не катавалі, не марылі голадам. Проста расказалі, што яе і сувязных чакае пры далейшых адмаўленнях ад відавочных фактаў, выкручваннях. Чакае не праз год-два - праз месяц. Суд, катарга. Як і кожнага шпіёна і дыверсанта.

Аднойчы сама папрасіла, каб яе вызвалі на допыт.

-Я хачу прасіць вас,- сказала Марыся,-каб вы далі слова, што не зачэпіце тых, хто памыляецца таксама як я. Іх нямала. Мне надта шкада іх, тым больш што ў многім вінавата я сама. Зараз я гатова несьці поўную адказнасць за ўчыненае. Па ўсёй строгасці савецкіх законаў.

Я паабяцаў уважліва разабрацца з кожным чалавекам паасобку. Марыся расказала пра шырокую сетку заканспіраванай польскай антысавецкай арганізацыі. Арганізацыя набывае зброю, боепрыпасы і захоўвае ў надзейных месцах, пра іх ведаюць нямногія. Гродзенская арганізацыя звязана з арганізацыямі іншых гарадоў, у тым ліку Львова. На чале кожнай з іх стаіць камендант. Кіраўніцкія ўказанні паступаюць з Варшаўскага цэнтра.

Небяспека існавання разгалінаванай падпольнай арганізацыі стала ўпаўне відавочнай. Трэба было пранікнуць у самае ядро арганізацыі, выявіць галоўных яе кіраўнікоў, месцы іх знаходжання, яўкі, паролі. Толькі асоба, якая карысталася даверам у арганізацыі, магла дапамагчы нам сабраць такія звесткі. Марыся дала згоду паспрабаваць памагчы нам. Мы ішлі на рызыку. А раптам яе чыстасардэчнасць толькі гульня, сэнс яе - імкненне любою цаною вызваліцца, уратаваць арганізацыю ад правалу? Гэта магло адбыцца. Аднак мы ўсё ж вырашылі дзейнічаць. Рызыкаваць. Час губляць нельга было.

Мы далі Марысі шанец загладзіць сваю віну, пазбегнуць турмы самой і блізкім. Хутка пераканаліся, не памыліліся. Умелая і самаахвярная дзяўчына памагла знайсці добрых памочнікаў. Яны сабралі дастаткова матэрыялаў, што выкрывалі кіраўнікоў арганізацыі і яе актыву ў падрыўной антысавецкай дзейнасці.

Аператыўныя органы сумесна з пагранічнымі і ўнутранымі войскамі правялі чэкісцка-вайсковую аперацыю. Сярод арыштаваных аказаліся некаторыя кіраўнікі і актыў буржуазна-нацыяналістычнага падполля на чале з важным эмісарам "Стэфанам". Пры вобыску нам трапіла багата важных дакументаў, нямала замежнай валюты.

Вайсковымі сіламі ўдалося нанесці ўдар па месцах базавання бандаў. Бандыты былі ўзброены пісталетамі, вінтоўкамі, аўтаматамі, гранатамі, ручнымі і станкавымі кулямётамі, мінамётамі. Многія ўзоры захопленай намі зброі аказаліся нямецкага паходжання. У гэтай аперацыі ўдалося выявіць цэлую сістэму схронаў - месцаў укрыцця бандытаў, іхніх кіраўнікоў.

3 цягам часу мы пачалі атрымліваць усё новыя і новыя даныя. Уцалелыя арганізацыі буржуазна-нацыяналістычнага падполля ўзялі накірунак на збор разведвальных даных. Не паўстаннс са зброяй у руках, але ўсё роўна не падаруначак.

Была знойдзена магчымасць пранікнуць у кіруючыя цэнтры новага падполля.

У жніўні 1940 г. прыйшло паведамленне, што на ўчастку Аўгустоўскага пагранічнага атрада ў апошняй дэкадзе жніўня павінны быў перакінуты на нашую тэрыторыю чалавек з вельмі важнай місіяю. Пагранічнікі арганізавалі ўзмоцненую ахову граніцы ў накірунках магчымага руху парушальніка. У цёмную дажджлівую ноч парушальнік быў затрыманы, пад узмоцненым канвоем дастаўлены ў Аўгустоўскі райаддзел НКУС. Затрыманага старанна абшуквалі. Акрамя сахарыну, у яго нічога не знайшлі.

Знешнія прыкметы чалавека супадалі з данымі пра магчыма важнага парушальніка. Пераход граніцы затрыманец тлумачыў жаданнем абмяняць сахарын на тлушч, бо, маўляў, нямецкія акупанты забіраюць у польскага насельніцтва прадукты і людзі галадаюць. Усё праўдзіва. Усё-такі зрабілі паўторны, болыл пільны вобыск. Удалося знайсці ў каўняры кашулі маленькі шматок папяроснай паперы з незразумелым тэкстам. Затрыманы пачаў даваць блытаныя, супярэчлівыя паказанні, сцвярджаў, што кашулю купіў тры дні таму ў аднаго чалавека. Пра знойдзеную запіску не мае ніякага паняцця.

Нарэшце, адчуваючы, што ўсё больш і больш заблытваецца, ён сказаў: "Добра, я буду гаварыць усю праўду, толькі паабяцайце, што мяне не расстраляюць". Прыйшлося растлумачыць, што нашы судовыя органы ўлічваюць факт чыстасардэчнага і поўнага прызнання віны.

Знойдзеная шыфрованая запіска была адрасавана важаку антысавецкай падпольнай арганізацыі ў Беластоку. Адрасату прапаноўвалася аказваць усялякую дапамогу кур'еру ў выкананні атрыманага задання. Гаспадары за мяжой былі незадаволены ходам антысавецкай падрыўной работы і для актывізавання яе накіравалі асабістага ўпаўнаважанага.

Атрыманыя звесткі навялі на думку завабіць на тэрыторыю Беларусі дзеячаў кіраўніцкага цэнтра, у прыдатным месцы арганізаваць нараду ўсіх актывістаў падполля і... затрымаць іх.

Пачатак аперацыі быў шматабяцаючым, але потым выйшла замінка. У кіраўнікоў варожай разведкі, напэўна, з'явіліся сумненні, а то і падазрэнні. Яны паслалі новага сувязнога. Пераход таго на нашу тэрыторыю, сустрэча з першым упаўнаважанцам праходзілі пад нашым назіраннем. Новы сувязны ўпэўніўся, што ўсё ў парадку, адбыў за кардон. Праз два тыдні цераз спецыяльна падрыхтаваную - быццам падполлем - пераправу сувязны вывеў на нашу тэрыторыю эмісара з вялікімі паўнамоцтвамі, ён прыбыў для дапамогі антысавецкаму падполлю.

Хутка на адным з глухіх хутараў сабралася запланаваная намі нарада камендантаў павятовых арганізацыяў і кіраўнікоў буржуазна-нацыяналістычнага падполля. Аперацыя па захопу ўдзельнікаў нарады разварочвалася па раней намечаным плане. Да пачатку нарады, да 12 гадзінаў ночы, мы ўжо высветлілі, хто і адкуль прыбыў на хутар. Ноч стаяла цёмная, бязмесячная. Нашы людзі непрыкметна падцягнуліся да хутара, акружылі яго. Было вядома., што нарада ахоўваецца, у кожнага з яе ўдзельнікаў ёсць пісталет і гранаты. Аперацыю вырашылі распачаць у 0.30. Кожная група па сігналу старшага павінна кінуцца да хутара і дакладна выканаць сваю задачу. Поспех гарантаваўся неспадзяванасцю і арганізаванасцю дзеянняў.

Нечакана падзьмуў свежы вецер. Воблакі парадзелі, з'явіўся месяц, асвяціў ваколіцу. Пры месяцы, вядома, не ўдасца напасці знянацку. Часу аставалася ўсё меней, хвіліны ляцелі імгненнямі. Няўжо аперацыя сарвецца?! Усе ў вялікім напружанні. Паглядвалі на гадзіннікі, на неба. Вось шалапут месяц! Вызірнуў, як не трэба.

I раптам - моцны парыў ветру, месяц схаваўся за вялікім воблакам. Наступілая раптоўна цямнеча ўсіх як па камандзе падняла на ногі. Мы кінуліся да хутара. Ахова (12 чалавек) без ніводнага стрэлу была схоплена і абяззброена. Наступіла чарга і саміх удзельнікаў нарады. Аперацыя прайшла паспяхова.

Так была абезгалоўлена антысавецкая буржуазна-нацыяналістычная арганізацыя на тэрыторыі Беластоцкай вобласці і прылеглых да яе раёнаў".

Канешне, з пункту гледжання сённяшняга дня лексіка ўспамінаў былога супрацоўніка НКУС выглядае некалькі архаічнай. На самай справе, называць "бандытамі" людзей, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, змагаліся за ідэю, за ўласную дзяржаву, безаглядна верылі ў яе, няхай сабе і стаялі на супрацьлеглым баку барыкадаў, мякка кажучы, непрыгожа. Але з песні слова не выкінеш. Для Бельчанкі гэтыя змагары, якіх у Польшчы завуць лепшымі сынамі і дачкамі народа, былі лютымі, ненавіснымі ворагамі, іх ён выкарчоўваў, як толькі мог.

Успаміны энкавэдзіста ў кантэксце даследаванай тэмы прадстаўляюць пэўны інтарэс хоць бы таму, што гэта відавочца і ўдзельнік апісаных падзеяў. Мы проста не маем права ігнараваць яго сведчанні, адмахвацца ад яго бачання праяваў вострай, зацятай барацьбы непрымірымых праціўнікаў. Мы сказалі ў прадмове, паўторымся і тут: будзем удзячныя за любыя дапаўненні тэксту. Дапаўненні з любых бакоў барыкадаў.

У ходзе даследавання тэмы нам яшчэ не раз прыйдзецца звяртацца да ўспамінаў былых чэкістаў, спасылацца на матэрыялы тых ці іншых крымінальных справаў савецкіх судовых органаў. Вядома, у сувязі з гэтым на старонках кнігі будуць сустракацца словы і выразы тыпу "бандыты", "бандгрупы", "нацыяналістычнае антысавецкае белапольскае контррэвалюцыйнае падполле" і г. д. Камусьці яны будуць рэзаць слых ці калоць у вока.

Што ж зробіш! Так тады гаварылі, так пісалі, і, зразумела, адпаведна дзейнічалі. I калі быць максімальна дакладным, прыйдзецца захаваць у кнізе і тую лексіку, якая ўжывалася ў тагачассе, бо лексіка мінуўшчыны - таксама гісторыя, а наша задача - паказаць былое так, як было ў жыцці, нічога не абяляць і нічога не затушоўваць.

А цяпер давайце зноў вернемся ў даваенны жорсткі і супярэчлівы час, калі ў абставінах "пастаянна абвостранай", па выразу Сталіна, "класавай барацьбы" знішчаліся варожыя гнёзды, "выкарчоўваліся ворагі". Як сведчаць архіўныя даныя, толькі да ліпеня 1940 г. у Заходняй Беларусі было арыштавана 8815 членаў польскай канспіратыўнай сеткі: 3231 з іх - як "удзельнікі контррэвалюцыйных арганізацыяў". Надалей махавік рэпрэсій набіраў большыя абароты.

Прыкладна па такім сцэнарыі, выкарыстаным у Беластоку і Гародні, разгромлівалася польскае падполле і ў другіх рэгіёнах Заходняй Беларусі. Энкавэдзісты выходзілі на след аднаго альбо некалькіх удзельнікаў канспірацыі, нехта абавязкова "расколваўся". У Лідзе ім аказаўся маёр Рыпер - інтэндант мясцовага гарнізона да верасня 1939 г. У свой час ён служыў у аўстра-венгерскай арміі, потым - у легіёнах Пілсудскага. Па паходжанні - аўстрыйскі яўрэй. Жаніўся на польцы, прыняў каталіцкую веру. Арыштаваны ў канцы 1940 г.

"Зламаўся" ў часе допытаў. У выніку схапілі больш 200 чалавек з канспіратыўнай сеткі Лідскага абводу. Гэта быў самы буйны правал ЗВЗ на тэрыторыі беларускіх "крэсаў" напярэдадні вайны. Сам Рыпер загінуў у часе эвакуацыі турмы на ўсход 23 чэрвеня 1941 г. Ад каго - нямецкіх бомбаў ці куляў зацятых ахоўнікаў, што выконвалі бяссэнсавыя загады? Устанавіць нам не ўдалося.

Узняўся меч над Віліяй

У параўнанні з Заходняй Беларуссю раскрыццё і разгром органамі НКУС - НКДБ польскіх канспіратыўных арганізацыяў на Віленшчыне пачаўся на 9 месяцаў пазней. Тым не менш удары Дзяржбяспекі па віленскаму падполлю аказаліся таксама вельмі адчувальнымі, жорсткімі, хоць не ў такой ступені, як у астатняй Беларусі.

Ужо са жніўня 1940 г. пачаліся масавыя арышты. I тут не абышлося без здрады. Былы афіцэр польскай арміі Ян Шаблоўскі, які яшчэ перад вераснёўскай кампаніяй быў разжалаваны ў радавыя, а потым выгнаны з арміі за ўчыненую растрату па лініі інтэнданцкай службы, пачаў супрацоўнічаць з органамі НКУС. Праўда, доўга супрацоўнічаць яму не давялося. Па прыгавору спецыяльнага суда ЗВЗ пры штабе акругі Шаблоўскі быў застрэлены ў сваёй кватэры па вуліцы Пяскі на Антокалі. Прывяла прыгавор у выкананне карная група пад кіраўніцтвам падхарунжага Даніэля Кастравіцкага ("Данака").

Некаторым афіцэрам удалося пазбегнуць энкавэдзістаў, ім Давялося перайсці на нелегальнае становішча. Сярод іх аказаліся і тыя, хто ўваходзіў у кіроўнае ядро падполля: маёр Аляксандр Кжыжаноўскі ("Сьмёнтак"), капітан Антоні Аляхновіч ("Метэор"), капітан Скшэч ("Палескі"), паручнік Аляксандр Васілеўскі, падпаручнік Бужыньскі і іншыя.

У пачатку сакавіка 1941 г. у Коўне правалілася канспіратыўная ячэйка ЗВЗ на чале з паручнікам Збігневам Ёнтысам. Абвалам пакацілася новая хваля арыштаў. Напрыканцы сакавіка прама на вуліцы былі затрыманы капітан Кароль Зялінскі ("Бжоза"), камендант Віленскага падпольнага гарнізона, і паручнік Стэфан Чэрнік ("Орлат"), начальнік аддзела сувязі штаба акругі. Па рашэнню каменданта Нікодэма Суліка Зяліньскага замяніў паручнік Балеслаў Васілеўскі ("Зоя"). Праз месяц яго таксама арыштавалі.

Ноччу з 10 на 11 красавіка 1941 г. узялі маёра Уладыслава Каміньскага ("Сьліву"), а праз два дні, у велікодную нядзелю - самога каменданта акругі падпалкоўніка Нікодэма Суліка і разам з ім адваката Яна Вісьціскага - старшыню спецыяльнага суда пры камендатуры акругі. Праз некалькі дзён у арыштоўную сетку папаліся іншыя члены штаба акругі, сярод іх шэф "двуйкі" (разведкі) падпалкоўнік Зыгмунт Цэнтняроўскі ("Зыгмунт"), інтэндант Юліан Петрашэўскі ("Юліан"), падпаручнік Садоўскі. У рэшце рэшт у канцы мая 1941 г. такі самы лёс напаткаў ксяндза Казіміра Кухарскага ("Шчэпана") - аднаго з галоўных, зацятых арганізатараў і натхніцеляў віленскай канспірацыі.

Пасля арышту падпалкоўніка Суліка выконваць абавязкі каменданта акругі пачаў маёр Аляксандр Кжыжаноўскі. Ён хаваўся ў Лендвараве, адтуль кіраваў падпольнай работай, час ад часу нелегальна прабіраўся ў Вільню, наладжваў асабістыя кантакты з вайскоўцамі і з цывільнымі дзеячамі канспірацыі. Для захавання рэшткаў арганізацыі Кжыжаноўскі забараніў правядзенне антысавецкіх акцыяў, засталаму складу акругі загадаў перайсці ў глыбокае падполле. Калі ўжыць марскую тэрміналогію - легчы на дно. Дэканспіраваным у выніку правалаў рэкамендаваў хавацца ў правінцыі.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў удзельніка Віленскага падполля Аляксандра Васілеўскага: "Калі хваля арыштаў узмацнела, я пераехаў з Вільні ў Навасады, фальварак майго цесця, які знаходзіўся на правым беразе Віліі прыкладна за 6 кіламетраў на захад ад Вільні. Хутка даведаўся, што супрацоўнікі НКУС былі ў маёй жонкі па вуліцы Ліпавай, 4 і распытвалі пра мяне. Неўзабаве да мяне дайшла вестка, што маёй персонай цікавіліся і ў маці, якая тады жыла ў фальварку Дэгіні.

3 кожным днём ставала ўсё гарачэй ад энкавэдзісцкіх агідных шчупальцаў. У Навасадах я ўжо не адчуваў сябе ў бяспецы, тым больш, суседзі ведалі, што я афіцэр. У першыя дні чэрвеня 1941 года падчас спаткання з камендантам акругі я праінфармаваў яго, што мяне шукаюць і таму вымушаны змяніць месца сховішча. Маёр Кжыжаноўскі адказаў, што таксама мае такі намер, бо больш не адчувае сябе ў Ландвараве ўпэўнена, параіў разам прыглядзецца да адпаведнага месца, дзе маглі б знайсці сховішча. Гэтую справу мы меліся канчаткова абгаварыць на спатканні ў плябані ксяндза Сьвіркоўскага, прадстаўніка епіскапскай курыі ў радзе акругі.

За дзень перад дамоўленым спатканнем у Вільні зноў пачаліся масавыя арышты. На досвітку можна было бачыць на вуліцах шмат ваенных грузавікоў са спецыяльна нарошчанымі бартамі, наладаваных мужчынамі і жанчынамі, старымі і дзецьмі. На кожным грузавіку былі салдаты НКУС, на некаторых - малады жыд, хцівыя здраднікі добра ведалі горад і служылі карнікам за правадніка. Уражаных людзей выцягвалі з кватэраў у ясны, сонечны дзень - груба, адкрыта, нягледзячы на густы вулічны рух. Натоўпы арыштаваных запіхвалі ў Новай Вілейцы ў таварныя вагоны і вывозілі на Усход.

У нядзелю я падаўся на ўмоўленае спатканне да ксяндза Сьвіркоўскага па вуліцы Роса. Размаўлялі за палуднем, ім пачаставаў нас ксёндз Сьвіркоўскі. Акрамя мяне, прысутнічалі маёр Кжыжаноўскі, Вітольд Сьвяржэўскі - член рады акругі, і яшчэ некалькі чалавек, іх сёння ўжо не помню.

У часе размовы ксёндз Сьвіркоўскі параіў, каб запагрожаныя арыштам перабраліся ў мястэчка Кена (15 кіламетраў на ўсход ад Вільні). Паблізу Кены ў знаёмага ксяндзу лесніка можна знайскі працу на вырубцы лесу.

У панядзелак, 16 чэрвеня 1941 г., мы паехалі - згодна з парадай - у Кену. Мы - гэта Кжыжаноўскі, Сьвяржэўскі, я і яшчэ тры чалавекі. Прыйшлі да рэкамендаванага лесніка. Ён з ахвотай прапанаваў усім нам працу - ашкурваць дрэвы.

Пасля тыдня сумленнага выстарвання, у суботу, каля полудня, я прыбыў у Вільню. Намерыўся вярнуцца ў Кену ў панядзелак. 3 Вільні падаўся ў Навасады. Туды тым часам пераехала жонка. Даведаўся, што ў той час, калі мы знаходзіліся ў Кене, у Вільні працягваліся бесперапынныя масавыя арышты. Штодня на ўсход ад'язджалі запоўненыя вязнямі таварныя цягнікі. Ніякага следства практычна не вялося. Хапун мёў западозраных у машыны, адтуль у турму, а то і напрамую ў цягнік.

...Раніцаю 24 чэрвеня Вільня была ў руках немцаў. Як пазней даведаўся, з апошняга падрыхтаванага да адпраўкі транспарту Саветы паспелі вывезці толькі частку людзей. Ноччу з 23 на 24 чэрвеня чыгуначнікі-палякі, выкарыстаўшы неразбярыху на чыгуначнай станцыі і паніку, ахапілую палахліўцаў-канваіраў НКУС, адчапілі частку вагонаў, так што ад'ехала ўсяго палова саставу поезда. 3 асталых вагонаў вызвалілі многа сотняў людзей. Сярод апынулых на свабодзе аказаліся нашы афіцэры, у тым ліку капітан Станіслаў Патоцкі ("Камень", "Вэнгельны"), паручнікі Балеслаў Васілеўскі ("Зоя"), Стэфан Чэрнік ("Орлат"), Вільгельм Тупікоўскі ("Вільгельм"), Грацыян Фруг ("Гураль", "Шчэрбец"), падпаручнік Садоўскі і супрацоўнік падпольнай газеты "Польска в вальцэ" Станіслаў Ваўжыньчык ("Лігенза").

На жаль, Саветы паспелі вывезці ксяндза Кухарскага і паручніка Петрашэўскага. Абодва потым апынуліся ў Польскіх узброеных сілах на Захадзе. Падпалкоўнік Сулік і маёр Каміньскі былі вывезены яшчэ раней, напэўна, хутка пасля арышту. Сулік камандаваў пазней, ужо ў чыне брыгаднага генерала, 5-й (Крэсовай) пяхотнай дывізіяй, а Уладыслаў Каміньскі ў званні падпалкоўніка быў камандзірам 13-га батальёна ў той самай дывізіі. Загінуў пад Монтэ-Касіно".

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

3 рапарта № 79 галоўнага каменданта ЗВЗ генерала Стэфана Равецкага ("Грота") польскаму вярхоўнаму галоўнакамандаванню ў Лондане:

"Ф) Аддзельная Віленьска-Ковенская акруга.

Арышты на тэрыторыі акругі прывялі да вельмі вялікіх стратаў у штабах і радах арганізацыі

За перыяд ад 22.03. да 15.04.1941 арыштавалі: каменданта акругі "Ладыну"*, Ёнціса** - каменданта абводу Коўна, Каміньскага***, Зяліньскага і яго намесніка. У выніку, што Енціс і Зяліньскі не вытрымалі на зверскіх допытах, арыштавалі таксама ксяндза Кухарскага.

Увогуле забралі каля 100 чалавек

Паводле пераканання бальшавікоў і літвінаў, быццам ліквідавана ўся канспіратыўная сетка.

"Сьмёнтак", які застаўся кіраваць штабам, свядома падтрымліваў такую думку, каб захаваць кадры ад небяспекі правалу. Нягледзячы на нязменна цяжкія ўмовы і недахоп сродкаў "Сьмёнтак" вёў працу бесперапынна.

Выдадзеныя польскія газеты: "Ютро Польскі***** і "Польска в кальцэ"******.

* Нікодэм Суслік. Па ўмовах палітычнага пагаднення паміж Польшчай і СССР ад 30 ліпеня 1941 г. аб узаемнай дапамозе ў вайне з Германіяй усе арыштаваныя органамі НКУС - НКДБ былі вызваленыя з месцаў зняволення і мелі магчымасць у складзе арміі Андэрса выбрацца за межы СССР.

** Пра тое, што Збігнеў Ёнціс не вытрымаў у часе следства, сведчыць удзельнік падполля Браніслау Кжыжаноўскі. Як вынікае з некралогу ў газеце Жыце Варшавы" ад 18.11.1984 г., капітан Збігнеў Ёнціс памёр у Атаве 27.10.1984 г.

*** Уладыслаў Каміньскі - маёр запасу, пасля падпалкоўнік, былы ўладальнік маёнтка на Віленшчыне, палітык-эканаміст, прадстауляе левае крыло санацыі. У падполлі ўдзельнічаў у выданні газеты "Польска в вальцэ". Загінуў пад Монтэ-Касіно (1944).

**** Ксёндз Казімір Кухарскі.

***** Маёр Аляксандр Кжыжаноўскі, пазней - падпалкоўнік "Дзяміда", "Вільк".

****** "Раніца Польшчы".

******* "Польшча ў барацьбе"

Арышты і дэпартацыя

Польскае падполле перыядачна абезгалоўлівалі, бязлітасна наносілі ўдар за ўдарам па нізавых звёнах. Нягледзячы на ўсё гэта, яно жыло, дзейнічала. Падавалася, касцёр супраціўлення пасля чарговых масавых арыштаў вось-вось патухне. Але на змену выбылым у строй уліваліся свежыя сілы, яны не давалі патушыць тлелы агеньчык.

Інакш быць не магло. Большасць каталіцкага насельніцтва на "крэсах" ні ў якім разе не хацела змірыцца са сваім становішчам і намерана было змагацца да канца, кладучы на алтар барацьбы за нацыянальную ідэю ўсё новыя і новыя ахвяры, за ідэю вызвалення ад кіпцюрыстых Саветаў, за ідэю аб'яднання Польшчы ў адну дзяржаву. Вялікую, вольную. У старых межах.

Што гэтыя межы няпоЛьскія, ведалі гісторыкі і палітыкі. Не яны, выканаўцы ідэі. Барацьбіты за ідэю не шкадавалі ні сваіх галоваў, ні чужых.

Сітуацыю добра ведалі ў вышэйшым кіраўніцтве СССР, больш таго, яе загадзя прадбачылі. Там зразумелі: каб палажыць канец супраціўленню, трэба да канца "выкарчаваць варожыя гнёзды", інакш кажучы, поўнасцю ліквідаваць сацыяльную, нацыянальную і рэлігійную базы, якія падпітвалі ачагі падполля.

Ужо ў першыя дні пасля ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пачаліся арышты. Яны ахапілі розныя слаі насельніцтва - па ўзросту, паходжанні. сацыяльным становішчы, веравызнанню і нават нацыянальнасці, бо ў ліку арыштаваных былі не адно палякі, але і беларусы, яўрэі, украінцы, немцы, латышы літоўцы... Паводле польскага гісторыка Збігнева Сямашкі (Зэшыты хісторычнэ*. Парыж. 1975. № 31. Аб паляках у СССР), трапілі пад следства і былі пазбаўлены свабоды наступнай катэгорыі грамадзяне:

* Гістарычныя сшыткі. Часопіс, які выдаецца ў Парыжы на польскай мове.

- хто да верасня адыгрываў тую ці іншую ролю ў кіраўніцтве краінай, грамадска-палітычныя дзеячы ўсіх рангаў і любых нацыянальнасцяў;

- афіцэры і падафіцэры Войска Польскага як кадравыя, так і запасу, а таксама афіцэры і падафіцэры паліцыі, якія не трапілі ў палон у час вераснёўскай кампаніі;

- хто быў працадаўцам альбо займаўся гандлем у значных маштабах, гэта значыць памешчыкаў, прадпрымальнікаў, уладальнікаў аптовых складаў і больш-менш значных магазінаў; - каго ведалі ў грамадстве і хто мог аказаць на яго ўплыў;

- хто сваімі дзеяннямі альбо на словах выступаў супраць СССР ці кампартыі да верасня 1939 г.;

- хто актыўна падтрымліваў польскую дзяржаўнасць;

- хто з'яўляўся агентам польскай паліцыі (паліцэйскія сакрэтныя архівы трапілі ў рукі савецкіх органаў);

- хто пасля ўстанаўлення Савецкай улады на "крэсах" выказваў негатыўныя адносіны да савецкіх парадкаў;

- хто нелегальна пераходзіў граніцу;

- хто належаў да ЗВЗ ці іншых нелегальных арганізацыяў, кружкоў, у тым ліку маладзёжных;

- хто ў мінулы час быў звязаны з кампартыяй, але па розных прычынах адышоў ад яе;

- на каго рабілі даносы;

- арыштавалі таксама большасць прастытуткаў.

Услед за арыштамі пачалася дэпартацыя. Беспрэцэндэнтнай па маштабах і жорсткасці акцыі папярэднічала выяўленне і рэгістрацыя органамі НКУС - НКДБ "сацыяльна небяспечных элементаў". Яшчэ 29 снежня 1939 г. была прынята пастанова Саўнаркома СССР № 2122--617 і зацверджана Палажэнне аб спецпасяленні і працаўладкаванні асаднікаў, выселеных з заходніх абласцей УССР і БССР. Налажэнне падпісаў нарком унутраных спраў Лаўрэнцій Берыя. Для спешнага ныканання пастановы на чыгуначныя станцыі было пастаўлена 55 эшалонаў.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

Копія

ЗУСІМ САКРЭТНА

Зацверджана
Пастановай СНК Саюза ССР
ад 29 снежня 1939 г.
№ 2122-617 сс

ПАЛАЖЭННЕ
аб спецпасяленнях і працоўным уладкаванні асадшкаў, выселеных з заходніх абласцей УССР і БССР

1. Асаднікі і іх сем'і, пераселеныя НКУС СССР з заходніх абласцей УССР і БССР, размяшчаюцца для працоўнага выкарыстання ў спецпасёлках, арганізаваных у раёнах лясных распрацовак Наркамлесу СССР.

2. Спецпасёлкі для перасяленцаў-асаднікаў арганізуюцца НКУС СССР з разліку ад 100 да 500 сем'яў на адзін пасёлак.

3. Адвядзенне жылых памяшканняў і камунальна-бытавога абслугоўвання спецперасяленцаў-асаднікаў праводзіць Наркамлес СССР па нормах, устаноўленых для рабочых прамысловасці. Пры гэтым кожнай сямі спецперасяленцаў-асаднікаў прадастаўляецца асобны пакой або асобнае месца ў бараку з разліку не меней 3 кв. м. жылой плошчы на чалавека.

4. Адміністрацыйнае кіраванне спецпасёлкамі асаднікаў ажыццяўляцца раённымі і пасялковымі камендатурамі НКУС СССР. Пасялковыя камендатуры НКУС СССР арганізуюцца ў кожным спецпасёлку, а раённыя камендатуры НКУС СССР - у адмішстратыўных раёнах з размяшчэннем іх у цэнтры тэрыторыіі, на якой размешчаны спецпасёлкі.

5. Камендатуры НКУС СССР у спецпасёлках ажыццяўляюць улік спецперасяленцаў-асаднікаў, вядуць барацьбу з уцёкамі, сочаць за захаваннем устаноўленага ў пасёлках грамадскага парадку і правілаў працоўнага карыстання.

6. Выдаткі на ўтрыманне раённых і пасялковых камендатур, а таксама выдаткі, звязаныя з адміністрацыйным абслугоўваннем спецперасяленцаў-асаднікаў (сродкі перасоўвання, паштова-тэлеграфныя выдаткі і інш.) робяцца па каштарысах камендатур за лік фодкаў, утвораных у парадку штомесячных адлічэнняў ад заработнай платы спецперасяленцаў-асаднікаў, у межах не звыш 10%...

17. Усе працаздольныя спецперасяленцы-асаднікі абавязаны займацца грамадска-карыснай працай на работах, прадастаўленых ім прадпрыемствамі Наркамлеса.

19. Спецперасяленцы-асаднікі і іх сем'і, паселеныя ў спецпасёлках, не маюць права выезду за межы адміністрацыйных раёнаў. Адлучкі са спецпасёлкаў або месца працы на час звыш 24 гадзін, а таксама перамяшчэнне ў межах пасёлка з аднаго барака (дома) ў другі дапускаецца толькі з дазволу каменданта пасёлка.

Народны камісар унутраных спраў Саюза ССР
Л. БЕРЫЯ".

"ЗУСІМ САКРЭТНА

Зацверджана
пастановай СНК
Саюза ССР
ад 29 снежня 1939 г.
№ 2122-617 сс

ІНСТРУКЦЫЯ
Народнага камісарыята ўнутраных спраў Саюза ССР ад 29 снежня 1939 года

1. Высяленне асаднікаў з заходніх абласцей УССР і БССР праводзіцца адначасова па УССР і БССР у дзень, назначаны НКУС СССР.

2. Пры высяленні асаднікаў уся нерухомая маёмасць, сельгасінвентар, хатняя жывёла застаецца на месцы і прымаецца па акту мясцовымі ўпраўленнямі.

3. Асаднікам дазваляецца забраць з сабой наступнае:

1) адзенне, 2) бялізна, 3) абутак, 4) пасцельныя рэчы, 5) посуд сталовы (ложкі, нажы, відзльцы), чайны і кухонны, 6) харчы з разліку месячнагэ запасу на сям'ю, 7) дробны гаспадарчы і бытавы інструмент (сякера, піла, лапата, малаток, каса, граблі і г. д,), 8) грошы (сума не абмяжоўваецца) і бытавыя каштоўнасці (кольцы, гадзіннікі, завушніцы, бранзалеты, партсігар і да т. п.), 9) куфар ці скрыню для рэчаў.

4. Агульная вага пералічаных рэчаў не павінна перавышаць 500кг на сям'ю.

Дадатак: Грувасткія рэчы, у тым ліку гаспадарчы інвентар, перавозяцца ў спецыяльна выдзеленых вагонах.

5. Адпраўка асаднікаў да месца пасялення выконваецца эшалонамі ў складзе 55 эшалонаў, абладжаных па-зімоваму для перавозак людзей (у тым ліку адзін класны вагон для аховы і адзін абсталяваны санізалятар). У кожны вагон змяшчаецца 30 чалавек дарослых і дзяцей з іх рэчамі Для грувасткіх рэчаў на кожны эшалон выдзяляецца па 4 таварныя вагоны.

6. На кожны эшалон НКУС СССР прызначае начальніка эшалона і адпаведную ахову. Наркамздраў СССР забяспечвае эшалоны медыцынскім персаналам у складзе аднаго медфельчара і дзвюх медсясцёр на кожны эшалон і адпаведнымі медыкаментамі.

За 10 дзён да падачы вагонаў НКУС СССР прадстаўляе НКШЗ заяўку на эшалоны з дакладным указаннем дня падачы эшалонаў, (станцыі пагрузкі і станцыі прызначэння. Падача эшалонаў забяспечвае НКШЗ не пазней за 3 дні з моманту паступлення заяўкі НКУС СССР.

7. У дарозе на чыгунцы спецперасяленцы-асаднікі атрымліваюць бясплатна адзін раз у суткі гарачую страву і 800 г хлеба на чалавека. Гатаванне і выдача ежы на шляху руху робіцца па заяўках начальніка эшалона НКУС трэстам чыгуначных рэстаранаў і буфетаў Наркамхарчу СССР. Аплата выдаткаў на харчаванне спецперасяленцаў-асаднікаў па дарозе руху вытвараецца НКУС

8.Спецперасяленцы-асаднікі накіроўваюцца на лесараспрацоўкі Наркамлесу ў Кіраўскую, Пермскую, Валагодскую, Архангельскую, Іванаўскую, Яраслаўскую, Новасібірскую, Свярдлоўскую і Омскую вобласці, Краснаярскі і Алтайскі край і Комі АССР і размяшчаюцца на месцах працы ў асобных пасёлках ад 100 да 500 сем'яў у кожным Падрыхтоўку да прыёму спецперасяленцаў-асаднікаў, прадастаўленне ім памяшканняў і працаўладкаванне іх ускладаецца на Наркамлес СССР.

9. Перавозка шецперасяленцаў-асаднікаў ад станцыі прыбыцця да месца пасялення арганізуецца НКУС СССР. Наркамлес СССР выдзяляе ў распараджэнне НКУС СССР неабходны аўтатранспарт і харчаванне ў колькасці, забяспечваючай адначасова перакідку прыоылых гаецперасяленцаў-асаднікаў.

У выпадку неабходнасці краявыя і абласныя камітэты абавязаны прадаставіць у распараджэнне НКУС СССР дадатковы аўтагужтранспарт шляхам прыцягнення мясцовых арганізацый і калгасаў.

Народны камісар унутраных спраў Саюза ССР
Л. БЕРЫЯ".

Асаднікі - былыя польскія вайскоўцы, якія належным чынам зарэкамендавалі сябе ў часе савецка-польскай кампаніі 1920 г., у асноўным жыхары цэнтральнай і заходняй Польшчы. За самаадданую службу ім даваліся надзелы зямлі на тэрыторыі "крэсаў". Асаднікі тут з'яўляліся апорай рэжыму санацыі, нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага (карэннага) насельніцтва. У сваю чаргу тутэйшыя жыхары, асабліва дзе пераважала праваслаўнае насельніцтва, з яўнай непрыязню ставілася да чужынцаў, зайздросціла, што ім былі аддадзены лепшыя кавалкі зямлі, ды і размеры надзелаў у дзесяткі разоў пераўзыходзілі бядняцкія і серадняцкія гаспадаркі. Аб антыасадніцкіх настроях, бытавалых між сялянаў, сведчаць самасуды, якія адбываліся пасля прыходу на "крэсы" Чырвонай Арміі. Напрыклад, 22-23 верасня 1939 г. мясцовае насельніцтва з ваколіцаў Скідаля ўчыніла расправу над былымі легіянерамі-асаднікамі ў Лерыполі, Жыдомлі, Будоўлі, Ракіце. У выніку загінулі 42 чалавекі. Тое ж самае адбылося і ў ваколіцах мястэчка Азёры, хаця там лік ахвяраў быў крыху меншы.

Польскае спрыянне польскаму элементу сярод мужыкоў-беларусаў, зачыненне беларускіх школ, прыцясненне праваслаўя, усямернае ўзвялічванне хітрамудрых ксяндзоў, вялізарнае беспрацоўе сярод беларусаў у мястэчках, гарадах і нават вёсках - усё спрыяла накопліванню не проста нядобразычча да асаднікаў. Нянавісці. Кацёл закіпаў. Прыход Саветаў, аднолькава бязлітасных, як відно з прыведзенага спісу, да палякаў і беларусаў, спярша мроіўся выбаўленнем ад ярма пакутаў.

Але бывала і так, што ў катэгорыю асаднікаў органы НКУС залічвалі тых, хто падпадаў пад тэрмін "класава чужы ці варожы элемент", у прыватнасці работнікаў польскай лясной старажовай аховы. За перыяд з 13 па 15 лютага 1940 г. было выселена з заходніх вобласцяў рэспублікі 50 732 чалавекі гэтай катэгорыі перасяленцаў (9584 гаспадаркі асаднікаў і ляснікоў).

У адпаведнасці з берыеўскім палажэннем яны размяшчаліся ў спецпасёлках для выкарыстання на прымусовых работах у раёнах лясных распрацоўкаў, гэта значыць, у Кіраўскай, Пермскай, Вала-годскай, Архангельскай, Іванаўскай, Яраслаўскай, Новасібірскай, Свярдлоўскай, Омскай абласцях, Краснадарскім, Алтайскім краях і Комі АССР.

Дэпартацыя ахоплівала ўсё новыя і новыя кантынгенты насельніцтва. 2 сакавіка 1940 г. СНК СССР прыняў пастанову № 289--127 сс, яна прадугледжвала высяленне з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны сем'яў усіх тых, хто знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных і ў турмах - былых афіцэраў Войска Польскага, паліцэйскіх, турэмшчыкаў, жандараў, разведчыкаў, памешчыкаў, фабрыкантаў, чыноўнікаў былога польскага дзяржапарату, удзельнікаў паўстанцкіх і контррэвалюцыйных арганізацыяў, бежанцаў з тэрыторыі былой Польшчы, якая адышла да Германіі. Бралі і выказалых жаданне выехаць з Савецкага Саюза на занятую немцамі тэрыторыю і не прынятых германскімі ўладамі.

10 сакавіка 1940 г. СНК СССР пастановаю № 496-177 сс зацвердзіў спецыяльную інструкцыю па высяленні асобаў, якія падпадалі пад пастанову ад 2 сакавіка. У ёй указвалася, што дэпартацыі падляжаць 22-25 тысячаў сем'яў, у асноўным у Казахскую ССР, а таксама тлумачылася, што ад'язджэнцы маюць права на правоз маёмасці не больш як 100 кілаграмаў на аднаго члена сям'і. Рыхтаваліся да гэтай акцыі і органы НКУС.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. 3 распараджэння генерала НКУС Івана Сярова: "Дэпартацыя антысавецкіх элементаў з'яўляецца праблемай вялікай палітычнай значнасці. План дэпартацыі павінны быць распрацаваны ў падрабязных дэталях і ажыццяўляцца выканаўчай тройкай у кожнай вобласці і раёне Гэта задача павінна быць здзейснена пры захаванні поўнага спакою, каб не выклікаць дэманстрацыі незадаволенасці і панікі сярод мясцовага насельніцтва".

Трэба адзначыць, рашэнне вярхоўнай улады аб правядзенні дэпартацыі выконвалася няўхільна. Канваіраванне перасяленцаў у вагоны на чыгуначныя станцыі адбылося ў максімальна кароткія тэрміны - за трое сутак, а дакладней - ночаў, з 13 да 15 красавіка 1940 г. Каб вывезці дэпартаваных толькі з чыгуначнай станцыі горада Ліды, спатрэбілася 300 вагонаў, з Ломжы і Граева (Беластоцкая вобласць)- 40 вагонаў. Гэтыя лічбы даюць уяўленне пра тое, што справа была пастаўлена з шырокім размахам. У той перыяд з нашай рэспублікі, Заходняй Беларусі, на Усход было вывезена 26 777 чалавек.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

Верна: Начальнік аддзела
працоўных пасяленняў
ГУЛАГа НКУС СССР
ст. лейтэнант д. б. Канрадаў

3 даведкі начальніка
ОТП ГУЛАГ НКУС СССР
ст. лейтэнанта В. Канрадава
на імя Л. Берыя. Красавік 1940 г.

АБ ПРЫЕМЕ I РАССЯЛЕНШ АСАДНІКАЎ

Аперацыя па перасяленню асаднікаў з заходніх абласцей УССР і БССР пачалася 10 лютага 1940 г. Для аказання дапамогі ў падрыхтоўцы і прыёме асаднікаў на месцы ў УНКУС былі камандзіраваны 18 супрацоўнікаў НКУС СССР. Усяго пераселена 139 596 асаднікаў, якія расселены ў 21 краях і абласцях, у 115 спецпасяленнях.

Нацыянальны склад спецпасяленцаў - польскіх асаднікаў і бежанцаў.

Красавік 1941г.Нацыянальнасць Усяго У тым ліку
асаднікі бежанцы
палякі 96593 88654 7939
яўрэі 59031 179 58852
украінцы 9334 7811 1523
беларусы 9084 9002 62
немцы 271 152 119
іншыя 2730 1514 1210
Усяго 177043 107332 69711


У даных няма звестак пра нацыянальны склад 33 539 спецпасяленцаў (27270 асаднікаў і 6269 бежанцаў), што жывуць пераважна ў Казахскай ССР, Краснаярскім краі і Валагодскай вобл.

Перасяленне асаднікаў і бежанцаў праходзіла ў цяжкой форме. Высокай была смяротнасць, і асабліва ў асаднікаў. 3 моманту прыбыцця на спецпасяленне і да 1 ліпеня 1941 г. нарадзілася 4211 і памерла 12319 чал., у тым ліку ў асаднікаў адпаведна 2694 і 10557, у бежанцаў - 1517 і 1762 чал. (у гэты лік не ўваходзяць народжаныя і памерлыя ў студзені-сакавіку 1941 г. у Казахскай ССР, Комі АССР, Молатаўскай і Іванаўскай абласцях).

Копія
Зусім сакрэтна

ЦК ВКП (б) тав. СТАЛІНУ

Пасля даклада Вам НКУС СССР у красавіку - ліпені 1940 г. пра недахопы працоўнага выкарыстання асаднікаў і бежанцаў, пераселеных з заходніх абласцей УССР і БССР, Наркамлес СССР не прыняў неабходных мераў да арганізацыі поўнага выкарыстання на рабоце гэтых кантынгентаў і да палепшання іх жыллёва-бытавых умоў.

Паступаючыя ад упраўлення НКУС матэрыялы сведчаць пра тое, што Наркамлес не забяспечвае ў дастатковай колькасці леспрамгасы інструментамі, піламі, сякерамі, напільнікамі, цэнтроўкамі, самацягамі, цёплым спецадзеннем і абуткам

Колькасць нявыкарыстанай на працы леспрамгасаў працаздольнай часткі спецперасяленцаў відаць з наступнай табжцы:Назва рэспублік, краёў і абласцей Колькасць працаздольных спецперасяленцаў У тым ліку
выкарыстоўваецца на работах не выкарыстоўваецца на работах
Архангельская вобл. 26600 25192 4468
Комі АССР 9987 8685 1302
Свярдлоўская вобл. 9226 6012 3214
Краснаярскі край 8770 7297 1473
Алтайскі край (Захсібтранслес)/td> 1708 1440 268
Усяго 59351 48626 10725


Акрамя ўказаных 10 725 спецперасяленцаў, не ахопленых працай, у трэсце "Ураллес" Краснаярскага краю і Захсібтранслес" Алтайскага краю многа нявыхадаў на працу ў выніку аддаленасці спецперасяленцаў (10-15 км) ад лесараспрацовак, куды спецперасяленцы павінны хадзіць пешшу.

...У Надомскім раёне Архангельскай вобл. з 1549 спецперасяленцаў, выкарыстаных на працы, 737 чал. не маюць абутку.

У Вінаградаўскім раёне той жа вобласці з-за адсутнасці абутку не працуе звыш 100 чал.

...Аналагічнае становішча з арганізацыяй працавыкарыстання асаднікаў і бежанцаў на рабоце, з забеспячэннем інструментамі і спецабуткам і ў другіх раёнах названых рэспублік і абласцей, а таксама Кіраўскай, Іркуцкай, Новасібірскай і Горкаўскай абласцей.

...Ва ўсіх спецпасёлках Алтайскага краю баракі да зімы не падрыхтаваныя: печы не складзеныя, вокны не зашклёныя. Такое ж становішча з рамонтам баракаў у Свярдлоўскай, Молатаўскай, Яраслаўскай, Валагодскай, Іркуцкай абласцях, Алтайскім краі і Комі АССР. У спецпасёлках Чурга, Солач, Шокша, Беразоўск, Лугаўское Вельцкага раёнаў і Каношскага раёна Архангельскай вобл.- баракі-сталовыя, медпункты, лазні і іншыя камунальныя памяшканні не абсталяваны неабходным інвентаром. Многія з іх не асвятляліся з-за адсутнасці газавых лямпаў. Аналагічнае становішча і ў спецпасёлках іншых абласцей.

...Школы, дзе займаюцца дзеці спецперасяленцаў, недастаткова абсталяваныя школьным інвентаром. Адчуваецца востры недахоп у падручніках і вучнёўскіх прыладах. Многія школы перапоўненыя.

...НКУС просіць Вашых указанняў Наркамлесу і Наркамздраву

Народны Камісар унутраных спраў СССР
Камісар дзяржбяспекі (Л Берыя)"

"Копія

ЦК ВКП (б) таварышу СТАЛІНУ І. В.

У спецыяльных пасёлках НКУС у 14 рэспубліках, краях і абласцях расселена 26 353 сям'і (77 288 чал.) спецперасяленцаў-бежанцаў, высланых з заходніх абласцей Украінскай і Беларускай ССР у адпаведнасці з пастановай СНК Саюза ССР № 497-177 сс 10 красавіка 1940 г.

Працоўнае выкарыстанне іх арганізавана галоўным чынам у прадпрыемствах лясной прамысловасці і каляровай металургіі на падставе дагавораў, заключаных НКУС з Наркамлесам і Наркамколерметам.

У складзе бежанцаў ёсць 15 000 чал. спецыялістаў і рамеснікаў, у тым ліку - 3000 з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Частка спецыялістаў і рамеснікаў у колькасці 5000 чал. выкарыстоўваюцца па спецыяльнасці ў прадпрыемствах па месцы размяшчэння спецперасяленцаў. Астатнія 10 000 чал. выкарыстоўваюцца на асноўных работах у лесе і па здабычы золата з-за немагчымасці прадаставіць ім працу па спецыяльнасці.

У выніку сваёй непрыстасаванасці да фізічнай працы яны выконваюць вытворчыя нормы ад 20 да 60%, зарабляюць ад 2 да 5 руб. у дзень, што не забяспечвае пражытачнага мінімуму.

НКУС лічыць мэтазгодным у мэтах паляпшэння гаспадарчага ўладкавання спецперасяленцаў, а таксама рамеснікаў, фізічна непрыгодных для працы на лясных і горных работах па месцы рассялення, перавесці са спецпасёлкаў у гарады і населеныя пункты гэтых жа рэспублік і абласцей, за выключэннем рэспубліканскіх і абласных цэнтраў, для працоўнага ўладкавання на прадпрыемствах мясцовай прамысловасці і саматужна-прамысловай кааперацыі.

Пры станоўчым вырашэнні пытання гэтыя катэгорыі бежанцаў з іх сем'ямі будуць прымацаваны да пэўных пунктаў жыхарства, без права выезду і з абавязковай яўкай на рэгістрацыю ў органы НКУС. Прашу Вашых указанняў.

Народны камісар унутраных спраў Саюза ССР
Л. БЕРЫЯ.

ДЫРЭКТЫВА

аб высяленні сацыяльна-чужога элемента з рэспублік Прыбалтыкі, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, Малдавіі

Падстава: Пастанова ЦК ВКП (б) і СНК СССР ад 14 мая 1941 г. за № 1299-526 сс.

Катэгорыі асоб, належачых высяленню па гэтай дырэктыве:

1) актыўныя члены контррэвалюцыйных арганізацый і члены іх сем'яў;

2) былыя жандары, ахоўнікі, кіруючы склад паліцыі, турмаў і радавыя паліцэйскія і турэмшчыкі пры наяўнасці кампрматэрыялаў;

3) былыя буйныя памешчыкі, гандляры (з гадавым абаротам звыш 150 тысяч лат); былыя фабрыканты (з гадавым абаротам звыш 200 тысяч лат) і буйныя чыноўнікі былых буржуазных урадаў разам з членамі іх сем'яў; былыя афіцэры, у адносінах якіх маюцца кампрматэрыялы (у тым ліку, і тыя, што служылі ў тэрытарыяльных корпусах Чырвонай Арміі);

5) члены сем'яў удзельнікаў контррэвалюцыйных арганізацый, асуджаных да вышэйшай меры пакарання, а таксама тых, хто хаваўся і перайшоў на нелегальнае становішча;

6) асобы, прыбылыя па рэпатрыяцыі з Германіі, а таксама хто паехаў з Латвіі ў Германію пры наяўнасгц' ў адносшах да іх кампрматэрыялаў;

7) збеглыя з былой Полыычы, хто і адмовіўся прыняць савецкае грамадзянства;

8) крымінальны элемент, які працягвае займацца злачыннай дзейнасцю;

9) прастытуткі, зарэгістраваныя ў паліцыі і займаныя ранейшай дзейнасцю;

Са спецзапіскі нам. начальніка УНКУС па Акмолінскай вобласці лейтэнанта д. б. Чаурына. 21 мая 1941 г.

Прыбылыя ў лютым 1940 г. на тэрыторыі Акмолінскай вобласці спецперасяленцы-палякі: асаднікі, высланыя з заходніх абласцей Беларусі ў колькасці 411 сем'яў (агульнай колькасцю 2036 чал.), былі размешчаны ў 4 спецпасёлках - Сталінскім, Сцепнякоўскім, Шортадзінскім раёнах Акмолінскай вобласці.

Прыбылы кантынгент згодна з генеральным і лакальным дагаворам выкарыстоўвацца на работах на прадпрыемствах залатой прамысловасці ў сістэме трэста "Каззолата".

...3 боку гарздраваў прыняты меры да вылечвання хворых спегшерасяленцаў-цынготнікаў, урачы наведвалі іх кватэры і праводзяць адпаведныя супрацьцьшговыя мерапрыемствы.

Іншых эпідэмічных захворванняў, такіх, як: тыф, адзёр, шкарлятына і г. д. сярод спецперасяленцаў няма і смяротных выпадкаў ад эмідэміяў сярод іх няма і не было.

У якіх умовах праходзіла перасяленне, яскрава сведчаць пратаколы пасяджэнняў Перасяленцкага ўпраўлення СНК СССР за студзень 1940 г. Пра змест гэтых пратаколаў расказаў маскоўскі гісторык Мікалай Бугай (Бугай Н. Ф. К вопросу о депортазаціі. Історія СССР. 1989. № 6). Становішча справаў было настолькі жахлівым, што ўпраўленне змушана было непасрэдна ўмяшацца ў дэпартацыю, у выніку чаго з'явіўся загад пра паляпшэнне медабслугоўвання і мерах адказнасці. Аднак якіх-небудзь фактыч-ных зменаў у лепшы бок не адбылося. Гэта якраз і высветлілася пры праверцы медабслугоўвання перасяленцаў з Беларусі. "Вагоны падаваліся ў антысанітарным стане, іх дэзінфекцыя не праводзілася, не былі ўцеплены, адсутнічала неабходнае абсталяванне",- адзначалася ў дакладной запісцы Перасяленцкага ўпраўлення аб дэпартацыі 200 спецперасяленцаў, якіх везлі ў Карэла-Фінскую АССР і ў раёны Сібіры ў верасні 1940 г. Везлі ў холад напаўраздзетых людзей у халодных вагонах. Як жывёлу.

I пасля энкавэдзісты лгалі адзін аднаму і прапагандыстам, усяму народу, што аб'ектыўных прычынаў для барацьбы з імі ў палякаў, беларусаў, жыдоў, украінцаў не было.

Хлусня не можа быць вечнай. Але... трэба думаць не толькі пра сябе. Пра ўсіх. Тадышні боль палякаў мы разумеем.

У дапаўненне да гэтага не выконваўся і загад упраўлення № 314 ад 12 верасня 1940 г. пра абавязковую арганізацыю буфетаў на чыгуначных станцыях і забеспячэнне перасяленцаў гарачымі полуднікамі. Дэпартаваныя адчувалі вострую патрэбу ў харчаванні, элементарным куску хлеба, у медыцынскай дапамозе. Многія з іх не маглі перанесці доўгі знясілены шлях на Усход. Паміралі. Канчалі самагубствам.

У службовай запісцы Берыі на імя Сталіна ад 1 мая 1944 г. адзначалася, што ў працэсе даваеннай дэпартацыі палякаў ва ўсходнія раёны краіны памерлі 11.516 чалавек. Прычыны не ўказваліся. Як і працэнты ад агульнай колькасці ўсіх вывезеных.

Па загаду НКУС СССР у маі-чэрвені 1941 г. пачалося высяленне тых, хто быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйных выступленнях, крадзяжы сацыялістычнай уласнасці, разбоях, наўмысных забойствах, згвалтаваннях, падробцы грашовых знакаў, хаванні агнястрэльнай зброі. Было прынята палажэнне "Аб парадку выкарыстання ссылкі для некаторай катэгорыі злачынцаў". 21 мая 1941 г . Берыя падпісаў загад НКУС, у адпаведнасці з якім ссыльныя з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны рассяляліся на 20 гадоў у Кустанайскай вобласці. Каб іх туды даставіць, гэтым жа загадам выдзяляліся 964 вагоны для людзей і 532 вагоны для грузаў. Як паведамляў начальнік ГУЛАГа НКУС СССР В. Наседкін, для правядзення гэтай аперацыі было асігнавана 18,5 млн. рублёў.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

3 дакладной запіскі начальніка 6 аддзела ГЭУ НКУС СССР капітана дзяржбяспекі Бязрукава 18 кастрычніка 1940 г.

ЗУСІМ САКРЭТНА

Народнаму камісару ўнутраных спраў Саюза ССР Камісару дзяржбяспекі 1-га рангу тав. Л. П. Берыя

ДАКЛАДНАЯ ЗАПІСКА

аб выніках праверкі працоўнага выкарыстання і бытавога ўладкавання спецперасяленцаў, паселеных у Казахскай ССР.

Згодна з пастановай СНК Саюза ССР ад 10 красавіка г. г. № 497--178 сс у Казахскую ССР было пераселена з заходніх абласцей Украіны і Беларускай ССР - 60 667 (па другіх даных, 61 092 чал.) членаў сем'яў рэпрэсіраваных удзельнікаў паўстанцкіх арганізацыяў, афіцэраў былой польскай арміі, паліцэйскіх, турэмшчыкаў, жандараў, памешчыкаў, фабрыкантаў і чыноўнікаў былога польскага дзяржаўнага апарату.

Размешчаны яны ў Акцюбінскай, Акмолінскай, Кустанайскай, Паўладарскай, Паўночна-Казахстанскай і Сяміпалацінскай абласцях. 3 іх 35 729 чал. расселены ў калгасах, 15 923 - у саўгасах і 8000 чал.-- у рабочых пасёлках розных прамысловых прадпрыемстваў.

Нягледзячы на вялізарны недахоп рабочых рук ва ўсёй народнай гаспадарцы Казахскай ССР і нягледзячы на яшчэ большыя магчымасці развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі рэспублікі, працоўнае выкарыстанне спецперасяленцаў пастаўлена крайне нездавальняюча. У Паўладарскай вобл. працаздольныя спецперасяленцы выкарыстоўваюцца на 45%. 3 8700 чалавек, расселеных у Кустанайскай вобласці, працаўладкаваны толькі 1901 чалавек. Аналагічнае становішча і ў другіх абласцях...

БЫЛО ГЭТА ТАК 3 успамінаў Станіслава Спасюка, аднаго з дэпартаваных, у будучым салдата 1-й Польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, палкоўніка Войска Польскага ў адстаўцы: "20 чэрвеня 1941 г., напярэдадні нямецкай агрэсіі, мая сям'я была дэпартавана на падставе даносу трох чалавек. Мы жылі тады ў ваколіцы Ліды. У той самы дзень, 20 чэрвеня, нас бітком нагналі ў таварныя вагоны, і мы паехалі на Усход. Сярод дэпартаваных былі літоўцы і латышы. Эшалон, у якім мы ехалі, бамбілі нямецкія лётчыкі. Пасля прыбыцця на чыгуначную станцыю Ачынск за Уралам афіцэр НКУС гаварыў нам на пляцу, што мы высланы на 20 гадоў добраахвотнай працы. ("Добраахвотнай!" ~ Я. С). Са станцыі Ачынск нас развезлі ў калгасы і саўгасы. Ехалі мы на валах двое сутак".

У пачатку чэрвеня 1941 г. у дарозе знаходзіліся 92 вагоны з перасяленцамі. 3 Заходняй Беларусі толькі ў Алтайскі край накіроўваліся 9 984 чалавекі, частка перасяленцаў з нашай рэспублікі апынулася ў Омскай вобласці.

Гэта былі не толькі палякі, але і прадстаўнікі другіх нацыянальнасцяў. Дарэчы, па дадзеных, згаданых у кнізе польскага даследчыка Пятра Жароня "Польскі народ у Савецкім Саюзе ў час 2-й сусветнай вайны" (Варшава. 1990), ад агульнага складу дэпартаваных у даваенны перыяд з тэрыторыі Беларусі беларусы складалі 6 працэнтаў. Па падліках беларускага гісторыка Мікалая Шумейкі, агульная колькасць рэпрэсіраваных у заходніх абласцях Беларусі склала 24 863 сям'і, альбо 10 338 чалавек. Гэта, калі не лічыць тых, хто знаходзіўся пад следствам, адбываў пакаранне ў турмах і лагерах, расстрэляных па прыгаворах хуткіх ваенных трыбуналаў, тройкаў і г. д. Ва ўпамянёным пісьме Берыі на імя Сталіна адзначалася, што у канчатковым выніку да вайны было дэпартавана 389 382 палякі, з іх асаднікаў - 243 106 чалавек, андэрсаўцау - 76 110 чалавек, членаў іх сем'яў - 43 755 чалавек.

Вайна не дала поўнасцю закончыць дэпартацыю. Менавіта з насталых стваралася Армія Краёва на Беларусі. Гнеўная, рэзкая і бязлітасная. Да жалю бязлітасная зачастую да невінаватых. Да іамтэйшых жыхараў, да белгрусаў.

Пройдзе час, і махавікі перасяленцкай машыны пачнуць круціцца ў адваротны бок. Узнікнуць дзесяткі юрыдычных актаў ао зняцці ібмежаванняў, аб рэабілітацыі, аб прызнанні незаконнымі і неабгрунтаванымі праведзеныя акцыі.

Аднак усё будзе потым, праз якіх гадоў пятнаццаць. А пакуль што, у пачатку чэрвеня 1941 г., 92 эшалоны з перасяленцамі з 'Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны няспешна цягнуліся на Усход. Іх суправаджалі стогны, енкі, слёзы. Вінаватых і невшаватых мужчынаў і жанчынаў, падлеткаў, дзяцей. Жахоцце дэпартацыі - у нысяленні ўсіхным: сям'і, роду. Без следства і суда. Нібы высялялі людзей абыякавыя да ўсяго чужынцы, іншапланетцы. Нібы ніхто не разумеў, што праклён так саое не сыходзіць. Упадзе на вінаватага.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

УКАЗ

ПРЭЗІДЫУМА ВЯРХОЎНАГА САВЕТА СССР

аб зняцці абмежаванняў з некаторых катэгорый спепперасяленцаў

1. Зняць абмежаванні і вызваліць з-пад адміністрацыйнага нагляду органаў МУС:

а) пасобнікаў нацыяналістычнаму падполлю і членаў іх сем'яў;

б) былых кулакоў і членаў іх сем'яў;

в) членаў сем'яў былых памешчыкаў, фабрыкантаў, гандляроў, кіраўнікоў і ўдзельнікаў буржуазных палітычных партыяў і антысавецкіх арганізацыяў, кіруючых дзеячаў былых буржуазных урадаў.

2. Устанавіць, што зняцце абмежаванняў па спецпасяленню з асоб, пералічаных у артыкуле I гэтага Указа, не цягне за сабой вяртання ім маёмасці, канфіскаванай пры высяленні, і што яны не маюць права вяртацца ў месцы, адкуль былі выселены.

Вяртанне ўказаных асоб да ранейшых месцаў жыхарства можа дапускацца толькі з дазволу выканаўчых камітэтаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўньіх або Саветаў Міністраў рэспублікі (без абласнога дзялення), з тэрыторыі якіх праводзілася высяленне.

Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР
К. ВАРАШЫЛАЎ,

Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР
М. ГЕАРГАДЗЕ

Масква, Крэмль, 19 мая 1958 г.

Крыніца: Сямашка Я. І. Армія Краёва на Беларусі. - Мн.: Беларускае выдавецкае Таварыства "хата". 1994. - 416 с.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:


Полная версия публикации №1291892669 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Армія Краёва на Беларусі. Частка І. Прадвеснікі АК

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network