публикация №1291890750, версия для печати

Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291890750)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Праблему супрацоўніцтва беларускага насельніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі пад час Другой сусветнай вайны цяжка назваць „белай плямай" у сучаснай гістарыяграфіі. У савецкую эпоху названая тэма была практычна табуяваная, а беларуская савецкая гістарычная навука не магла пахваліцца значнай колькасцю прац. Аднак з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці разнастайныя аспекты гэтага пытання былі і застаюцца прадметам увагі шматлікіх даследчыкаў. Спецыфіка такіх даследаванняў у тым, што аўтары дыяметральна па-рознаму інтэрпрэтуюць і ацэньваюць саму з'яву г. зв. калабарацыі ў Беларусі. Апрача таго дадзеная тэматыка мае яншчэ шмат аспектаў і момантаў, якія незалежна ад ідэалагічных і палітычных ацэнак патрабуюць паглыбленага факталагічнага вывучэння. Да іх ліку належыць пытанне стварэння і дзейнасці беларускіх вайсковых і вайскова-паліцыйных фармаванняў пад нямецкім камандаваннем. Нягледзячы на тое, што многія аспекты праблемы ўжо дачакаліся вартасных навуковых апрацовак, тэматыка застаецца своеасаблівым незагаспадараваным полем для навукоўцаў [1]. Асабліва маладаследаванымі застаюцца пытанні стварэння і дзейнасці вайсковых фармаванняў, якія існавалі па-за межамі Беларусі. Сярод галоўных прычын як знаходжанне значнай колькасці дакументаў у замежных архівах (яшчэ не ў дастатковай ступені выкарыстаных беларускімі гісторыкамі), так і палітычная далікатнасць праблематыкі. Адсутнасць грунтоўнай усебаковай навуковай абагульняльнай працы, прысвечанай згаданай праблеме, спрыяе таму, што яна абрастае мноствам легенд, міфаў і непаразуменняў, якія лёгка могуць увесці ў зман чытача і стварыць памылковы вобраз гэтай гістарычнай з'явы. У нашай публікацыі гаворка пойдзе пра адну з найбольш складаных і супярэчлівых праблем гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны, а менавіта - пра ўдзел беларусаў у войсках СС. Артыкул ёсць своеасаблівай спробай падсумавання тэматыкі на падставе ранейшага даробку і новых архіўных крыніц.

У 1939 г. са структур СС вылучыліся вайсковыя фармаванні, якія атрымалі назву войскаў СС (Waffen-SS). Згодна з задумай кіраўніцтва III Рэйха меркавалася, што гэта будзе нацыянал-сацыялістычны тып нямецкага войска з жорсткімі расавымі патрабаваннямі да кандыдатаў. Нягледзячы на гэта ўжо ў хуткім часе кіраўніцтва СС было вымушана ў пэўнай ступені падкарэктаваць пункт гледжання ў гэтай справе. Імкненне кіраўніцтва „ордэна мёртвай галавы" да ўзмацнення сваіх уплываў вымагала ўзбуйнення колькаснага складу аддзелаў, падпарадкаваных СС. У сваю чаргу сур'ёзнай перашкодай на шляху павелічэння шыхтоў СС быў Вермахт, які значна абмяжоўваў рэкрутацыйныя магчымасці арганізацыі Гімлера сярод нямецкага насельніцтва. У сувязі з гэтым войскі СС пачалі рэкрутацыю іншаземцаў. Гэтая з'ява дасягнула такога маштабу, што цягам Другой сусветнай вайны іншаземцы (разам з фольксдойчамі) складалі больш за палову асабовага складу войскаў СС. Сярод іх знаходзілася значная колькасць жыхароў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (каля 200 тыс. чал.) [2].

У гістарычнай літаратуры факт прысутнасці беларусаў v войсках СС атаясамліваецца з дзейнасцю 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС (2-й расійскай / 1-й беларускай). Як вядома, да стварэння фармавання дайшло на чужыне, ужо пасля выгнання нямецкіх войскаў з Беларусі. Аднак гэтая падзея мела насычаную перадгісторыю. Існаванне войскаў СС было цесна звязана з дзейнасцю нямецкай паліцыі [3]. Менавіта таму карані ўдзелу беларусаў у СС трэба шукаць значна раней - на пачатку нямецкай акупацыі Беларусі, калі на занятых абшарах немцы распачалі фармаваць дапаможную паліцыю, якая складалася з мясцовых жыхароў. Ніжэй варта зрабіць змястоўны агляд арганізацыі паліцыі, якая пазней была асноўнай крыніцай рэкрутацыі для беларускіх аддзелаў (СС. Сталая пагроза савецкай партызанкі на акупаваных усходніх абшарах прымусіла кіраўніцтва III Рэйха паклікаць паліцыйнае фармаванне, створанае з мясцовых жыхароў. 6 лістапада 1941 г. Гімлер выдаў загад аб сфармаванні арганізацыі, якую назвалі Шутцманшафтэн (Schutzmannschaften; замацавалася скарочаная назва Шума). Заданне стварэння мясцовай паліцыі было даручана камандаванню СС і паліцыі на акупаванай тэрыторыі. Мясцовая паліцыя ў залежнасці ад характару і ўскладзеных на яе мэтаў падзялялася на наступныя катэгорыі: 1) асноўны элемент паліцыйных сілаў (Schutzmannschaften-Einzeldienst), які выконваў ролю ахоўнай паліцыі і жандармерыі і складаў сетку пастарункаў у гарадах і вёсках; 2) размешчаныя ў казармах фармаванні (батальёны), якія ствараліся з мэтай змагання з партызанамі і выканання ахоўных заданняў; 3) дапаможная паліцыя (Hilfsschutzmannschaften), якая падпарадкоўвалася жандармерыі і несла варту ў лагерах ваеннапалонных, a таксама выконвала адмысловыя заданні; 4) добраахвотная і прафесійная пажарная варта (Feuerschutzmannschaften). Асобна варта засяродзіцца на больш падрабязным разглядзе шума-батальёнаў, сфармаваных у Беларусі. Вылучаліся тры тыпы: 1) палявыя батальёны (FeldbataiUone), якія ў назвах адзначаліся літарай „F', 2) вартавыя (Wachbataillone) - „W", 3) запасныя (Ersatzbataillone) - „Е" [4].

Шума-батальёны складаліся з трох або чатырох ротаў, кожная з якіх мела налічваць ад 124 (у першы перыяд існавання) да 150 чал. У сваю чаргу рота налічвала чатыры звязы (тры стралецкія і адзін кулямётны) [5]. Звычайна мясцовымі жаўнерамі камандавалі нямецкія камандзіры. Да кожнага батальёна была прымацавана пэўная колькасць немцаў: па адным камандзіры, ад'ютанце і 10 іншых службоўцаў у штабе, а таксама па два афіцэры і 58 падафіцэраў у кожнай роце, па 2 перакладчыкі і адным кіроўцы. Вельмі часта гэтыя патрабаванні не выконваліся [6].

Даследчыкі падаюць розныя звесткі пра колькасць беларускіх шума-батальёнаў. Ю. Туронак падлічыў, што ў лютым 1944 г. іх было сем (48-ы, 49-ы, 60-ы, 64-ы, 65-ы, 66-ы, 67-ы), і агулам у іх складзе знаходзіліся 2167 чал. [7]. Іншыя айчынныя і замежныя гісторыкі падаюць лічбу 13 [8], 11 або 12 (45-ы - 49-ы, 60-ы, 64-ы - 67-ы, 69-ы) [9]. Аднак найбольш верагоднай падаецца лічба, прапанаваная польскім даследчыкам Я. Гданьскім, якая складае 12 шума-батальёнаў, у тым ліку 7 вартавых, 4 палявых і 1 запасны. Ніжэй варта пералічыць гэтыя фармаванні:
45-ы шума-батальён (вартавы) Schuma-Bataillon W/45,
46-ы шума-батальён (вартавы) Schuma-Bataillon W/46,
47-ы шума-батальён (вартавы) Schuma-Bataillon W/47,
48-ы шума-батальён (запасны) Schuma-Bataillon E/48,
48-ы шума-батальён (палявы), Schuma-Bataillon F/48,
49-ы шума-батальён (вартавы) Schuma-Bataillon W/49,
60-ы беларускі шума-батальён (палявы), Weiss-Schuma-Bataillon F/60,
64-ы беларускі шума-батальён (палявы), Weiss-Schuma-Bataillon F/64,
65-ы беларускі шума-батальён (вартавы), Weiss-Schuma-Bataillon W/65,
66-ы беларускі шума-батальён (вартавы) Weiss-Schuma-Bataillon W/66,
67-ы беларускі шума-батальён (вартавы) Weiss-Schuma-Bataillon W/67,
68-ы беларускі шума-батальён (палявы) Weiss-Schuma-Bataillon F/68 [10].

Пра некаторыя батальёны захаваліся толькі фрагментарпыя звесткі. У прыватнасці, няшмат ведаем пра наступныя адзінкі: 45-ы (сфармаваны ў верасні 1943 г. у Баранавічах), 16-ы і 47-ы (створаны ў ліпені 1942 г. у Менску), а таксама 18-ы запасны батальён (створаны ў ліпені 1942 г. у Менску, але ўжо ў сакавіку 1943 г. расфармаваны з-за вялікага дэзерцірства) [11].

Больш дадзеных у дачыненні да іншых батальёнаў. 48-ы палявы сфармаваны ў жніўні 1943 г. у Слоніме. У студзені 1944 г. гэтая адзінка налічвала 615 чал. [12]. Увесну 1944 г. батальён браў удзел у баях з партызанамі і панёс значныя страты. Пазней яго рэшткі былі ўключаны ў склад іншых шума-батальёнаў. Афіцыйна расфармаваны ў верасні 1944 г. [13].

49-ы вартавы батальён утвораны ў верасні 1942 г. у Менску. У верасні 1942 г. у ім служыла 327 чал. Сярод жаўнераў адзначаўся досыць высокі ўзровень дэзерцірства [14].

60-ы палявы батальён існаваў са жніўня (паводле іншых звестак з верасня) 1943 г. і кватараваў у Снове, пад Баранавічамі. На студзень 1944 г. у ім знаходзілася 562 чал. [15]. Вядома, што ў лістападзе 1943 г. браў удзел у сутыкненнях з партызанамі. Афіцыйна быў расфармаваны 19 красавіка 1944 г. і перададзены ў распараджэнне камандавання СС і паліцыі Беларусі.

64-ы палявы батальён сфармаваны 1 лютага 1944 г. у Глыбокім. Найпраўдападобней, батальён так ніколі і не дасягнуў баявога стану, бо налічваў толькі 65 чал. [16].

65-ы вартавы батальён пачаў фармаванне 1 лютага 1944 г. у Наваградку. Па стане на 30 лютага 1944 г. налічваў 477 чал. [17].

Больш дэталёвага абмеркавання патрабуе 68-ы беларускі палявы батальён. Гісторыя гэтай адзінкі абрасла шэрагам легенд і непаразуменняў. Працяглы час у беларускай эміграцыйнай літаратуры ён памылкова фігураваў як т. зв. Наваградскі (беларускі) эскадрон, які разглядаўся як цалкам самастойная адзінка ў адрозненне ад іншых беларускіх вайсковых фармаванняў у гады Другой сусветнай вайны [18]. Пазней гэтая версія аўтаматычна была прынята беларускімі і замежнымі гісторыкамі, якія не здолелі развязаць дадзенай загадкі [19]. Прычым некаторыя даследчыкі залічваюць яго да аддзелаў самаабароны. На самай справе фармаванне 68-га палявога батальёна пачалося 22 лютага 1944 г. згодна з загадам шэфа СС і паліцыі Беларусі. Камандзірам батальёна быў прызначаны Барыс Рагуля [20]. Канчаткова быў сфармаваны 15 сакавіка 1944 г. і атрымаў парадкавы нумар 68 (Weissruthenische Schutzmannschafts Bataillon F/68) [21]. У нямецкіх дакументах названае фармаванне нярэдка таксама фігуруе як конны шума-аддзел Рагулі (Schuma-Reiter-Abteilung Ragula) [22]. Першымі былі рэкрутаваны выхаванцы настаўніцкай семінарыі ў Наваградку. Паводле нямецкіх крыніц, у час канчатковага сфармавання рагулеўцы налічвалі каля 600 чал. [23]. Неаднаразова батальён удзельнічаў у баявых акцыях супраць партызанаў (сакавік - красавік 1944 г. у ваколіцах Карэлічаў; у траўні 1944 г. пад Докшыцамі і Глыбокім). Верагодна, што ў чэрвені 1944 г. адбыўся таксама бой з жаўнерамі 8-га батальёна 77-га пяхотнага палка Арміі Краёвай, пад час атакі апошніх на кашары беларускай паліцыі ў мясцовасці Уселюб [24].

Захавалася няшмат звестак наконт 66-га і 67-га беларускіх вартавых шума-батальёнаў, створаных 1 лютага 1944 г. Праўдападобна, яны знаходзіліся ў стане фармавання. Першы кватараваў у Слуцку і налічваў толькі 172 чал. [25]. Месцам дыслакацыі 67-га батальёна была Вілейка [26].

Згодна з загадам Гімлера ад 29 сакавіка 1943 г. з часткі рэкрутаў шума-батальёнаў, а таксама нямецкага персаналу ў першай палове 1943 г. пачалося фармаванне іншаземных стралецкіх паліцыйных палкоў, якія складаліся з трох батальёнаў. Прадугледжвалася, што адзін батальён будзе цалкам нямецкі, тым часам як два іншыя павінны складацца з мясцовага насельніцтва (за выняткам афіцэраў). У Беларусі быў сфармаваны 36-ы паліцыйны стралецкі полк (Polizei Schutzen Regiment 36). 24 чэрвеня 1943 г. быў сфармаваны штаб, а таксама 2-і (камандзір - маёр Мільтцаў) і 3-і (камандзір - маёр Крамэр) батальёны. 14 ліпеня 1943 г. з лішку рэкрутаў з 48-га і 60-га батальёнаў быў створаны 1-ы батальён. Камандзірам прызначаны оберст-лейтэнант Марцін Вальцін [27]. Першапачаткова полк кватараваў ва Урэчы (каля Слуцка), аднак пазней быў перадыслакаваны ў Валожын, дзе браў удзел у баявых дзеяннях з савецкімі партызанамі [28]. Паводле непацверджаных дадзеных, полк у гэты час налічваў каля 1100 чал. У перыяд эвакуацыі з Беларусі ў палку назіраліся вельмі частыя выпадкі дэзерцірства, пад час якіх былі забіты некаторыя камандзіры [29].

Вынікі абвешчанай у 1942-1943 г. мабілізацыі і закліку па Баранавіцкай і Слонімскай акругах былі станоўчыя [30]. Сучаснік ваенных падзей Ф. Кушаль падае, што ў 1943 г. пад час мабілізацыі ў 48-ы і 49-ы батальёны выклікалася ажно 7 тыс. добраахвотнікаў. Аднак у сувязі з жорсткімі колькаснымі абмежаваннямі большасць была накіравана дадому [31]. Адначасна генеральны камісар Беларусі ацэньваў на 9 тыс. чалавек колькасць добраахвотнікаў, якія цягам 1943 г. выказалі жаданне служыць у паліцыі. У лісце ад 9 жніўня 1943 г. ён падкрэсліваў, што справа стварэння шума-батальёнаў магла рухацца значна больш хутка і паспяхова, калі б не непаслядоўнае стаўленне нямецкага камандавання, якое пагарджала мясцовымі жыхарамі і адносілася да іх з недаверам. Адзначалася, што многіх добраахвотнікаў як працоўную сілу накіравалі ў Нямеччыну. Такое стаўленне магло выклікаць толькі агіду і страх сярод мясцовых памочнікаў [32].

Даследчыкі парознаму ацэньваюць агульную колькасць тых, што служыліў беларускай шума-паліцыі. Ю. Туронак мяркуе, што за час акупацыі Беларусі ва ўсіх фармаваннях паліцыі служылі больш за 50 тыс. чал. [33]. Вядома аднак, што ў лютым 1944 г. пад камандаваннем шэфа СС і паліцыі Беларусі і тылавой групы арміі „Цэнтр" знаходзіліся толькі 30 тыс. чал. Беручы пад увагу, што пэўную частку з іх складалі небеларускія (нямецкія, расійскія, украінскія ды інш.) вайсковыя і вайскова-паліцыйныя фармаванні, можна дапусціць, што на беларусаў прыпадала каля 20 тыс. чал.

Цяпер варта разгледзець асноўныя прычыны ўступлення насельніцтва ў паліцыю. У савецкай гістарыяграфіі, a таксама сярод яе прыхільнікаў і паслядоўнікаў у наш час пануе перакананне, што ў фармаваннях, якія ствараліся пад нямецкай камандай, маглі служыць толькі злачынцы і здраднікі айчыны, якія дапамагалі акупантам у вынішчэнні ўласнага народа. Але сітуацыя куды больш складаная і патрабуе паглыбленага вывучэння. Як у кожнай арганізацыі, v беларускай паліцыі хапала людзей, якія ішлі ў яе шэрагі з мэтай паляпшэння дабрабыту або нават кіраваліся прагай асабістых рахункаў і жаданнем помсты [34]. Аднак нельга адмаўляць факта, што ў значнай ступені папаўненне шэрагаў паліцыі было вынікам рэпрэсіўнай палітыкі савецкай дзяржавы і сталінскага рэжыму ў 1930-я г. Сведчаннем гэтага можа быць прыклад Мікалая Сахановіча з-пад Бабруйска, які ў траўні 1942 г. зазначаў у аўтабіяграфіі: „Маіх бацькоў лічылі за класава чужых, таму раскулачылі і выслалі на Далёкі Усход... I калі бальшавікі ўцяклі з Бабруйска, то я ўступіў па ўласнай волі ў паліцыю, каб дапамагчы нямецкай арміі ў вынішчэнні партызанаў і камуністаў" [35]. Апрача таго, надта часта мелі месца выпадкі прымусовага закліку ў паліцыю, у тым ліку ў шума-батальёны. Найчасцей гэта тычылася моладзі, здольнай на нашэнне зброі. Сведчаць пра гэта як беларускія, так і замежныя крыніцы [36]. Да прыкладу можна ўзгадаць мабілізацыю ў кастрычніку 1943 г. моладзі 1920-1922 г. нар. у дапаможную паліцыю ў Баранавічах [37], а таксама ў Слоніме (у 48-ы шума-батальён) [38].

Неадназначнымі былі адносіны паміж нямецкімі камандзірамі і мясцовымі шарагоўцамі. Часта першыя пагарджалі сваімі падначаленымі. Адзін з колішніх жаўнераў 36-га палка ўзгадваў: „Аднаго разу наведаў нас нейкі нямецкі афіцэр. Калі нас пашыхтавалі на пляцы, ён падышоў да мяне і нешта загадаў па-нямецку. Гэта быў мой першы дзень пасля знаходжання ў шпіталі, таму я паспеў запамятаць нямецкую каманду. Таму я не зразумеў яго і не падпарадкаваўся. Немец без вагання стукнуў мне па твары. Тады нашы хлопцы пачалі абурацца і ўзнялі вэрхал. У выніку было вымушана ўмяшацца камандаванне батальёна. Яму хутка патлумачылі маю сітуацыю. Наступнага для гэны немец пакінуў нашыя кашары. Нікога не пакаралі за гэты выпадак" [39].

Характэрнае стаўленне да стварэння паліцыйнай арганізацыі занялі беларускія дзеячы, якія супрацоўнічалі з немцамі. 3 аднаго боку, яны былі пазбаўлены значнага ўплыву і ініцыятывы на фармаванне і баявое выкарыстанне паліцыі. 3 другога боку, ва ўмовах адсутнасці іншай магчымасці мець уласнае беларускае войска намагаліся выкарыстаць любую нагоду дзеля стварэння хоць яго прывідных пачаткаў. Неўзабаве яны прапаноўвалі павялічыць удзел беларусаў у змаганні супраць савецкіх партызанаў. 23 жніўня 1943 г. сябры Беларускай рады даверу звярталіся з такім заклікам да нямецкіх акупацыйных уладаў [40]. Дадзеная мэта ажыццяўлялася шляхам атрымання згоды на пэўны ўдзел у прапагандовай працы сярод вайскоўцаў беларускіх паліцыйных батальёнаў. Са свайго боку немцы ў мэтах пазбегнуць пэўных тэхнічных складанасцяў у функцыянаванні паліцыі і пераадолець міжкамунікацыйныя праблемы дапускалі кантакт мясцовых дзеячаў з паліцыянтамі. Адбывалася гэта ў выглядзе існавання інстытута апекуноў, якія займаліся пралагандовай акцыяй сярод насельніцтва пад час фармавання паліцыйных арганізацый, а потым праводзілі асветную дзейнасць сярод паліцыянтаў. Такія ўстановы існавалі на ўсім усходнім акупаваным абшары. У Беларусі адказным быў Ф. Кушаль, які ў найбольш значныя паліцыйныя адзінкі наўмысна намагаўся накіроўваць нацыянальна свядомых і ідэалагічна падрыхтаваных афіцэраў і падафіцэраў. Сам Кушаль сведчыў пра іх знаходжанне ў 49-м, 48-м і 60-м батальёнах, а таксама 36-м палку і 13-м батальёне СД, якія выконвалі пераважна функцыі асветных супрацоўнікаў. Заангажаванне і роля беларускага апекуна ў справе функцыянавання паліцыі з лета 1943 г. павялічылася [41].

З мэтай нацыянальнай асветна-выхаваўчай працы напрыканцы 1943 г. пачалося выданне часопіса „Беларус на варце" (выйшла дзевяць нумароў). На старонках часопіса друкаваліся матэрыялы, накіраваныя на падтрыманне патрыятычнага духу сярод паліцыянтаў і наданне паліцыі беларускага аблічча. Аўтары намагаліся пераканаць добраахвотнікаў, што яны - частка свайго народа, якому павінны служыць [42]. Ф. Кушаль як беларускі апякун паліцыі ажыццяўляў інспекцыю некаторых паліцыйных адзінак, дзе выступаў з прамовамі. Адначасова і беларуская прэса заклікала нацыянальна свядомую моладзь у шэрагі паліцыі, каб яна тым самым спрычынялася да фармавання адпаведнага іміджу беларускага паліцыянта ў вачах мясцовага насельніцтва [43].

Рабіліся захады па ачыстцы паліцыі ад элементаў, якія лічыліся шкоднымі або маглі папсаваць уражанне пра паліцыю. Задача гэтая на практыцы была амаль невыканальнай. Адзін з істотных чыннікаў, што ўплываў на дзейнасць паліцыі на месцах, - значны ўдзел у ёй асобаў польскай нацыянальнасці, сярод якіх вялікі адсотак складалі заканспіраваныя сябры польскага незалежніцкага падполля. У 1942 г. нямецкія акупацыйныя ўлады правялі г.зв. польскую акцыю, мэтай якой была чыстка адміністрацыі і паліцыі коштам польскага насельніцтва. Як вынікае з беларускіх крыніц, запланаваных вынікаў канчаткова дасягнуць не ўдалося: у 1943 г. беларусы складалі толькі каля 60% асабовага складу паліцыі [44]. 3 цягам часу гэтая лічба рабілася штораз меншай, аднак пазней была значнай. У Баранавіцкай акрузе беларусы складалі 75%, палякі 20% [45]. Найбольш неспрыяльная для беларусаў сітуацыя склалася ў Лідскай акрузе, дзе ўплывы польскага падполля былі асабліва моцныя. Дарэчы, нават на красавік 1944 г. у Лідскай акрузе на 25 камендантаў паліцыі прыпадаў 21 паляк, a 2/3 асабовага складу паліцыйных залогаў таксама складалі палякі. Адным з вынікаў дзейнасці польскай канспірацыі сярод паліцыянтаў былі ўдалыя напады і раззбраенне пастарункаў, якія суправаджаліся групавымі пераходамі паліцыянтаў на бок партызанаў АК. Пік гэтых акцый прыпаў на лета 1943 г. і ў найбольшай ступені ахапіў Віленшчыну [46].

Высілкі беларускага актыву па стварэнні адпаведнага нацыянальнага іміджу паліцыі былі марныя, а насельніцтва зазвычай не мела да яе даверу. Нягледзячы на тое, што ў паліцыйных батальёнах апынулася пэўная колькасць нацыянальна свядомых беларусаў, і сярод іх - добраахвотнікі і СБМ, рэчаіснасць на кожным кроку дыскрэдытавала паліцыянтаў. Галоўным чынам гэта было звязана з тым, што акупанты выкарыстоўвалі беларускія адзінкі ў сваіх злачынных мэтах. Маецца на ўвазе заангажаванне паліцыі ў розныя карныя акцыі супраць цывільных жыхароў, у тым ліку пад час ліквідацыі габрэйскага насельніцтва [47].

Паліцыя брала ўдзел у баявых аперацыях супраць партызанаў. У выніку ў баях і сутыкненнях яна несла значныя страты. Ад красавіка да ліпеня 1942 г. у Беларусі загінула 155 мясцовых паліцыянтаў. 3 цягам часу сітуацыя не паляпшалася, а наадварот напружанне толькі ўзмацнялася. Прыкладам можа быць Слонімская акруга, дзе з красавіка да лістапада 1943 г. палегла 36 паліцыянтаў, a 82 было паранена [48]. Беларускія эміграцыйныя крыніцы падаюць, што на Случчыне ў перыяд нямецкай акупацыі загінула ажно 418 беларускіх паліцыянтаў (каля 24% агульнай колькасці). Пра зацятасць пад час узброенага супрацьстаяння паміж партызанамі і паліцыянтамі можна меркаваць па звестках як беларускіх, так і савецкіх крыніц [49]. Вядомыя выпадкі, калі ахвярамі партызанскіх нападаў рабіліся не толькі самі паліцыянты, але і іх сем'і [50].

Паліцыянтаў, што вылучыліся пад час баявых дзеянняў, маглі ганараваць баявымі ўзнагародамі. 14 ліпеня 1942 г. была ўстаноўлена адзнака за адвагу і заслугі для ўсходніх народаў (Tapferkeits- und Verdienst Auszeichnung fur Ostvolker), якая мела пяць ступеняў: 1-га класа - пазалочаная і сярэбраная і 2-га класа - пазалочаная, сярэбраная і бронзавая. Адзнакі 1-га класа насілі на левай кішэні, a 2-га - на зялёнай стужцы, замацаванай на другім зверху гузіку мундзіра, як і адзнакі Жалезнага Крыжа 1-га і 2-га класаў. Гэтая ўзнагарода была найбольш распаўсюджаная сярод вайскоўцаў беларускіх вайскова-паліцыйных фармаванняў. Вядома шмат прыкладаў атрымання адзнакі беларускімі паліцыянтамі, жаўнерамі 13-га беларускага батальёна СД, сябрамі Саюза беларускай моладзі і г.д. Складана, аднак, падлічыць дакладную колькасць кавалераў беларускай нацыянальнасці. Хутчэй за ўсё, такіх былі дзесяткі, а магчыма, і сотні. 3 лістапада 1942 г. іншаземныя жаўнеры атрымалі права ганаравання нямецкімі баявымі ўзнагародамі, у тым ліку Жалезным Крыжам. Такія выпадкі сярод беларусаў здараліся даволі рэдка. Вельмі верагодна, што ўпершыню такі факт адбыўся ў чэрвені 1944 г., калі за ўдзел у антыпартызанскай акцыі быў адзначаны старшы лейтэнант БКА Усевалад Родзька [51].

Па волі лёсу шматлікія былыя паліцыянты, якія не паспелі ўлетку 1944 г. эвакуявацца на Захад, былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію і ў яе складзе ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Еўропе.

Паліцыйныя аддзелы, у тым ліку шума-батальёны, нельга адназначна разглядаць як уласна беларускія або нацыянальныя фармаванні. 3 нашага агляду вынікае, што нямецкія ўлады лічылі іх беларускімі толькі паводле нацыянальнага складу, а ролю беларускіх дзеячаў у іх зводзілі да мінімуму. Нягледзячы на гэта, на працягу нямецкай акупацыі. Беларусі вядомы асобныя выпадкі, калі абмяркоўвалася пытанне наконт сфармавання беларускіх легіёнаў, падпарадкаваных СС. У верасні 1942 г. нечакана для немцаў з'явілася прапанова аб пакліканні Беларускага легіёна. Завадатарам гэтага быў Уладзімір Фёдараў. Мэтай фармавання мела быць змаганне з савецкімі партызанамі [52]. Свае прапановы Фёдараў склаў на імя шэфа СС і паліцыі Львоўскай акругі Генеральнага губернатарства, а той, у сваю чаргу, перадаў іх у Берлін. Урэшце яны трапілі непасрэдна да Гімлера, з адказу якога ад 9 студзеня 1943 г. адназначна вынікала, што ў справе Фёдарава мясцоваму кіраўніцтву зусім не абавязкова пытацца меркавання Рэйхсфюрэра, бо СС не патрабуе яго паслугаў, а беларускія добраахвотнікі і так ужо служаць у шума-батальёнах [53].

Адным з зацятых прыхільнікаў стварэння беларускіх вайсковых аддзелаў з выразна падкрэсленым нацыянальным характарам быў генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. Увесну 1942 г. з яго ініцыятывы, не ўзгодненай з Берлінам, была запачаткаваная Беларуская самаахова [54]. Пасля ліквідацыі гэтай арганізацыі ўвесну 1943 г. В. Кубэ рабіў захады пераканаць улады СС у мэтазгоднасці паклікання беларускага вайсковага фармавання (Weissruthenischer militarischer Verbande) у складзе СС. Сведчыць пра гэта факт бесперапыннага ліставання паміж ГКБ, кіраўніцтвам Рэйхскамісарыята „Остланд" і цэнтраляй СС на працягу лета 1943 г. В. Кубэ звяртаў увагу не столькі на вайсковыя, колькі на палітычныя карысці гэтай акцыі. Прапаноўвалася спачатку сфармаваць беларускі добраахвотніцкі полк мяшанай структуры, у склад якога ўваходзілі б пяхотныя, кавалерыйскія і артылерыйскія падраздзелы [55]. Але кіраўніцтва СС было непахісным і абгрунтоўвала сваё нежаданне займацца гэтай справай палітычнай і маральнай ненадзейнасцю ўсходніх добраахвотнікаў у СС. Як прыклад згадвалася 14-я грэнадзёрская дывізія СС (1-я галіцкая), большасць легіянераў якой дэманстравала нізкі ўзровень лаяльнасці да немцаў [56]. У сувязі з гэтым зазначалася, што „фармаванне адпаведнай беларускай адзінкі ёсць рэччу не толькі непатрэбнай, але яшчэ і небяспечнай" [57].

Нягледзячы на адсутнасць у той час беларускага фармавання СС, вядомы шматлікія факты службы беларусаў у складзе іншаземных фармаванняў СС. Напрыклад, ёсць звесткі пра тое, што 1-я расійская нацыянальная брыгада СС „Дружына № 1" (камандзір - падпалкоўнік Уладзімір Гіль-Радзівонаў) у значнай ступені складалася з прымусова мабілізаванага насельніцтва Віцебшчыны. У 1941-1942 г. кіраўнік Беларускага камітэта ў Латвіі дарэмна спрабаваў дамагчыся ад нямецкіх уладаў фармавання беларускіх вайскова-паліцыйных адзінак на тэрыторыі Генеральнай акругі „Латвія" [58]. Аднак у лютым 1943 г. пачалося фармаванне Латвійскага легіёна СС, у склад якога ўваходзілі паліцыйныя батальёны (агулам сфармавана каля 50), а стрыжань складала латвійская добраахвотніцкая дывізія СС (з чэрвеня 1944 г. - 15-я грэнадзёрская дывізія СС (1-я латвійская)). У склад латвійскіх шума-батальёнаў і згаданай дывізіі СС мабілізавалі пэўную колькасць прадстаўнікоў беларускай меншасці. Гэтая з'ява была настолькі заўважнай, што ў 1943-1944 навучальным годзе шэраг беларускіх школ у Латвіі меў клопат з наборам вучняў старэйшых класаў. Прычым гісторыя занатавала выпадкі добраахвотнага ўступлення беларусаў у легіён. Архіўныя матэрыялы дазваляюць узнавіць прозвішчы некаторых латвійскіх легіянераў беларускай нацыянальнасці, якія палеглі пад час сутычак з Чырвонай Арміяй [59].

Асобная старонка ўдзелу беларусаў у іншаземных фармаваннях СС звязаная з дзейнасцю 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС (1-й расійскай). Пачаткі гісторыі гэтага злучэння трэба шукаць улетку 1944 г. У выніку заняцця Беларусі войскамі Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 г. частка беларускай паліцыі, у тым ліку шума-батальёнаў, эвакуявалася разам з Вермахтам на Захад. Паводле некаторых дадзеных, на Захад трапіла 16 тыс. жаўнераў беларускіх вайсковых і вайскова-паліцыйных фармаванняў. Сярод іх знаходзілася 6 тыс. паліцыянтаў, 8 тыс. жаўнераў БКА і 2 тыс. функцыянераў СД. Згодна з іншымі крыніцамі, гэтая лічба складала 19 тыс. чал. Намаганні Беларускай цэнтральнай рады сабраць гэтую масу ў ваколіцах Лодзі аказаліся дарэмнымі. Напрыканцы ліпеня 1944 г. адбылося расфармаванне беларускіх шума-батальёнаў, якое суправаджалася ўключэннем іх рэшткаў у склад шума-брыгады (Schutzmannschaft-Brigade) пад камандаваннем оберштурмбанфюрэра Ганса Зіглінга. Названая адзінка была сфармавана згодна з загадам Рэйхсфюрэра СС ад 1 жніўня 1944 г. [60].

Іншаземны кантынгент складаў пераважную большасць асабовага складу, таму 3 жніўня 1944 г. быў акрэслены іх прававы статус. Асобы іншаземнага паходжання павінны былі карыстацца ранейшымі рангамі паводле сістэмы, прынятай у шума, а таксама званнямі СС, да якіх у назве дадавалася слова „вафэн". Гэта азначала, што яны знаходзяцца на службе СС, але непасрэдна не належаць да „ордэна мёртвай галавы".

Брыгада Зіглінга складалася з чатырох палкоў. Беларускія аддзелы ўвайшлі ў склад кожнага з іх. Ніжэй падаем пералік усходніх фармаванняў паводле таго, як яны былі ўключаны ў паасобныя палкі брыгады:

у 1-ы полк (створаны ў мясцовасці Грады; камандзір - штурмбанфюрэр Ганц Остэррэйх) скіраваны - 60-ы беларускі шума-батальён, сілы гэбітскамендатуры Менска, частка 34-га батальёна БКА, 57-ы і 61-ы ўкраінскія шума-батальёны;

у 2-гі полк (створаны ў мясцовасці Ставіч; камандзір - штурмбанфюрэр Гэльмут Гантц) - 64-ы беларускі шума-батальён, сілы гэбітскамендатуры Глыбокага і Ліды, 62-ы і 63-і ўкраінскія шума-батальёны;

у 3-і полк (створаны ў мясцовасці Чарторак; камандзір - штурмбанфюрэр Вільгельм Моха) - 65-ы, 66-ы і 67-ы бела-рускія шума-батальёны, 36-ы стралецкі паліцыйны полк, сілы гэбітскамендатуры Слуцка, Баранавічаў і Вілейкі, a таксама паліцыя парадку з Менска і Смаленска;

у 4-ы полк (камандзір - гаўптштурмфюрэр Эрнст Шміт) - сілы гэбітскамендатуры Слоніма, Ганцавічаў і Прыпяці, a таксама 23-і і частка 34-га батальёнаў БКА. У 12-й роце гэ-тага палка апынулася каля сотні кадэтаў афіцэрскай школы БКА з Менску.

Акрамя таго, у розны час у дывізію ўваходзілі расійскі 654-ы ўсходні батальён (Ost Bataillon 654) і рэшткі батальёна СД з Чарнігава.

Аддзел артылерыі быў створаны з 56-га артаддзела (Schuma-Art-Abteilung 56) і аддзела палявой артылерыі СС Беларусі (SS-Pol.-Art.-Abteilung „Weissruthenien"). У сваю чаргу конны аддзел СС (SS-Reiter-Abteilung) быў утвораны ў выніку злучэння 68-га беларускага шума-батальёна Рагулі (Schuma-Reiter Abteilung 68 - Reiter Schwadron Rogula) i 69-га казацкага коннага шума-батальёна (Kosaken Reiter Schutzmannschafts Bataillon F/69).

Захаваліся фрагментарныя ўзгадкі пра маральны і матэрыяльны стан беларускіх аддзелаў, якія ўвайшлі ў склад брыгады Зіглінга. У прыватнасці, частка жаўнераў 23-га батальёна БКА (налічваў каля 300 чал.) не мела абутку, a сярод асабовага складу панавалі ўпадніцкія настроі [61].

У святле згаданых фактаў відаць, што злучэнне Зіглінга не было сфармавана шляхам закліку добраахвотнікаў, a ўяўляла сабой збор разнастайных і раней не звязаных паміж сабой фармаванняў. Невыпадкова дывізія была своеасаблівай мазаікай як у нацыянальным, так і ў сацыяльным сэнсе. У ёй сабраліся людзі з рознымі перакананнямі, жыццёвым досведам і ваенным жыццяпісам. Напрыклад, у адным баявым шыхце апынуліся, з аднаго боку, удзельнікі антыпартызанскіх і карных акцый, а з другога - 17- і 18-гадовыя юнакі з менскай афіцэрскай школы БКА, якія н ічога не мелі на сумленні. Да ліку найбольш дыскусійных пытанняў належыць вызначэнне колькасці беларусаў сярод вайскоўцаў 30-й дывізіі, якая налічвала каля 12 тыс. чал. Нацыянальны склад быў надзвычай стракаты. Вядома, што акрамя беларусаў там служылі расійцы, украінцы, палякі, немцы, нават нязначная колькасць татараў, чэхаў і армянаў. Ф. Кушаль апераваў дадзенымі наконт таго, што з 11 (600 вайскоўцаў беларусы складалі 7 тыс.) [62]. Іншыя беларускія эмігранты падаюць нават лічбу 80% жаўнераў-беларусаў. Найбольш верагоднай усё ж падаецца лічба, якую называў Кушаль (60-65%). На карысць гэтага сцверджання сведчаць фрагментарныя дадзеныя, якія тычацца паасобных адзінак дывізіі. У 3-м батальёне 4-га палка з 4 да 8 жніўня служыла 447 беларусаў (64%), 114 немцаў (16%), 63 палякі (9%), 53 расійцы (7,6%), 15 украінцаў (2,1%) і 3 татары (0,4%). Згаданы адсотак беларусаў можна прыняць за сярэднi ў дачыненні да ўсёй дывізіі. Пэўныя адхіленні ад гэтай лічбы на карысць жаўнераў іншай нацыянальнасці маглі назірацца ў 1-м і 2-м палках, дзе значны адсотак складалі ўкраінцы. Аднак можна з упэўненасцю казаць, што беларусы знаходзіліся ў меншасці сярод афіцэрскага складу, дзе пераважалі немцы і расійцы. Напрыклад, у 3-м батальёне 4-га палка на 22 афіцэры прыпадала толькі 5 беларусаў [63]. Нешматлікая група беларускіх афіцэраў адчувала сябе пакрыўджанай з боку большасці. На камандных пасадах апынуліся пераважна немцы і расійцы. Роля беларусаў звычайна абмяжоўвалася выкананнем функцыі перакладчыкаў. Выняткі здараліся, калі беларускія афіцэры знаходзіліся на пасадах камандзіраў звязаў. Вядомы выпадак, калі афіцэр-беларус служыў у штабе 76-га палка. Пашыранай была сітуацыя, калі былыя камандзіры паліцыйных пастарункаў, прызвычаеныя да самастойнай дзейнасці, залічваліся да Зіглінга ў якасці звычайных вайскоўцаў [64]. Варта дадаць, што некаторых нацыянальна свядомых афіцэраў, асабліва з ліку каманднага складу БКА, дражніла назва злучэння - расійская № 2, таму часам некаторыя з іх крытычна выказваліся на гэты конт [65]. 3 успамінаў беларускіх дзеячаў вынікае, што Г. Зіглінг абыякава ставіўся да беларускіх незалежніцкіх памкненняў [66].

Прынамсі да 10 жніўня 1944 г. фармаванне кватаравала ў акрузе Остэрродэ (Усходняя Прусія). У ваколіцах Остэрбурга-Макэйм адбылася сустрэча з абозам сем'яў. 6 жніўня брыгада атрымала загад накіравацца ў Варшаву, каб узяць удзел у ліквідацыі паўстання. Дакументы, аднак, не пацвярджаюць знаходжання злучэння ў Варшаве. Праўдападобна, загад быў адкліканы па палітычных прычынах незадоўга пасля яго выдання, бо пэўная частка жаўнераў падтрымлівала кантакты з польскім падполлем. Асабліва гэта датычылася палякаў і каталікоў-беларусаў - былых паліцыянтаў з Заходняй Беларусі. Напэўна, былі сярод іх і заканспіраваныя жаўнеры АК. У сувязі з гэтым пад час знаходжання дывізіі ў Польшчы пачасціліся выпадкі масавага дэзерцірства цэлых груп узброеных вайскоўцаў і пераходу іх на бок польскіх партызанаў. Прыкладам можа паслужыць група беларусаў з 60-га шума-батальёна, якая пасля ўцёкаў удзельнічала ў нападзе польскіх партызанаў на абоз адной з нямецкіх дывізій на шашы Бабіцы - Забораў [67].

3 12 да 20 жніўня 1944 г. злучэнне было перакінута ў раён Розэнберга (Усходняя Прусія), дзе жаўнеры працавалі на жніве. У гэты час маральны стан не палепшыўся. Неўзабаве адбыліся чарговыя ўцёкі. Дадатковым чыннікам, які спрыяў дэзерцірству, былі погаласкі, што родныя вайскоўцаў не накіраваны далей на Захад, а выкарыстоўваюцца ў якасці працоўнай сілы ў нямецкіх гаспадарках каля мясцовасці Остэрродэ, дзе да іх кепска ставяцца мясцовыя гаспадары. Нямецкія камандзіры не здолелі стварыць патрэбнай атмасферы даверу [68]. Напружанае становішча ў дывізіі ўскладняў недахоп перакладчыкаў. У кожным батальёне павінна было знаходзіцца ад 6 да 10 асобаў з веданнем розных моваў (прынамсі - беларускай, нямецкай, расійскай і польскай). Насамрэч іх колькасць вагалася паміж 3 і 5 [69].

18 жніўня 1944 г. згаданая брыгада была разгорнута ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС (расійскую № 1) (30. Waffen-Grenadiere Division der SS (russische nr 2)). У склад гэтай адзінкі ўваходзілі чатыры згаданыя грэнадзёрскія палкі СС (Waffen-Grenadier-Regiment der SS) i адзінкі дывізійнага падпарадкавання. У гэты час конны аддзел СС, дзе служылі былыя рагулеўцы, быў перафармаваны ў 30-ы аддзел выведкі СС (Waffen Aufklarungs-Abteilung der SS 30).

У апошнім тыдні жніўня 1944 г. дывізія была перакінута ў Францыю для змагання з мясцовымі партызанамі. Злучэнне найперш увайшло ў склад LXIII вайсковага корпуса 19-й арміі групы армій „G" (Верхні Рэйн), потым (з кастрычніка 1944 г.) у склад LVIII танкавага корпуса 19-й арміі, а з лістапада - у LIII iLXIII вайсковыя карпусы [70]. У розны час злучэнне кватаравала каля мясцовасцяў Мілуза, Безансон, Дыжон і Кальмар. Цягам верасня і кастрычніка 1944 г. дывізія брала ўдзел у баях з французскімі партызанамі. Напрыканцы кастрычніка ахоўвала масты цераз Рэйн. У час баявых дзеянняў назіралася масавае дэзерцірства і пераход на бок праціўніка. Гэтая з'ява апанавала цэлыя батальёны. 27 жніўня 1944 г. адбыўся бунт у 2-м батальёне 1-га палка і 2-м батальёне 2-га палка, у выніку якога былі забіты нямецкія афіцэры і падафіцэры [71]. Некаторыя даследчыкі падаюць, што немцы крывава расправіліся з паўстанцамі і расстралялі найбольш актыўных [72]. 3 нямецкіх дакументаў вынікае, што пад час згаданага бунту вылучыліся былыя вайскоўцы 34-га батальёна БКА [73]. 29 жніўня 1944 г. з 4-га палка амаль у поўным складзе дэзерціравалі 1-ы і 3-і батальёны, якія ўцяклі ў Швейцарыю. Дадзеная акцыя была інспіравана жаўнерамі з былых 23-га і 34-га батальёнаў БКА [74]. Кастусь Езавітаў на допыце ў МДБ засведчыў, што акцыя пераходу беларускіх аддзелаў на бок альянтаў была ўзгоднена з уладамі БЦР. Пасля здачы ў палон беларускія жаўнеры павінны былі стварыць камітэт і ад яго імя весці перамовы з заходнімі хаўруснікамі ў справе магчымага фармавання беларускіх вайсковых адзнак у складзе альянцкіх арміяў [75]. Цяжка, аднак, праверыць праўдзівасць гэтых дадзеных.

3 мэтай пазбегнуць далейшага дэзерцірства і бунтаў камандаванне вырашыла пазбавіцца найбольш нелаяльнага і няздольнага да барацьбы элемента. У выніку з 10 да 15 верасня 1944 г. была праведзена чыстка сярод вайскоўцаў 1-га, 2-га і 3-га палкоў, вучэбнага аддзела і аддзела выведкі. Выбралі 2154 чал., у тым ліку 37 афіцэраў і 2117 жаўнераў. 3 іх 18 верасня ў складзе 30-й дывізіі былі сфармаваныя 1-ы і 2-і працоўныя палкі (Schanz-Regiment) [76]. Іншаземныя кадры, накіраваныя ў гэтыя палкі, былі пазбаўлены званняў вафэн-СС і маглі карыстацца ранейшымі рангамі шума. Карныя палкі складаліся з двух батальёнаў па тры роты ў кожным. Нягледзячы на тое, што абодва палкі лічыліся неад'емнай часткай дывізіі, непасрэдна яны былі падпарадкаваныя Арбайтскамандзе ў Карлсруе. У 1-ы полк (камандзір - гаўптшарфюрэр СС Тутас) было адаслана: з 4-га палка - 1 афіцэр і 328 жаўнеры; з вучэбнага палка - 13 афіцэраў і 84 жаўнеры. 18 верасня 1944 г. да палка прыбыла чарговая партыя (з 3-га палка) у колькасці 4 афіцэраў і 513 жаўнераў. Ужо 20 верасня частка афіцэраў і жаўнераў была зноў вернута ў баявыя часці дывізіі і далучана да добраахвотніцкага батальёна маёра Вячаслава Мураўёва [77]. Верагодна, ім былі пастаўлены ўмовы або надалей працаваць у Арбайтскамандзе, або вярнуцца ў шыхт [78]. У 2-і працоўны полк (камандзір - гаўптштурмфюрэр Моха) 10 - 15 верасня 1944 г. было перададзена: з 1-га палка - 4 афіцэры і 254 жаўнераў; з 2-га палка - 13 афіцэраў і 754 жаўнераў; з аддзела выведкі - 2 афіцэры і 37 жаўнераў [79]. Складана вызначыць колькасць беларусаў сярод вайскоўцаў, скіраваных у згаданыя палкі. Як узгадваюць некаторыя афіцэры, якія знаходзіліся ў 2-м палку, там жаўнеры беларускай нацыянальнасці складалі 70% агульнай колькасці. Вядома, напрыклад, што сярод накіраваных у гэты полк апынулася група былых кадэтаў менскай афіцэрскай школы БКА, якія 27 кастрычніка 1944 г. звярнуліся да вайсковых уладаў БЦР у Берліне з просьбай дапамагчы ім пакінуць гэты полк. Беларусы займалі пасады камандзіраў звязаў, а адзін быў намеснікам камандзіра роты. Тым часам усе вышэйшыя пасады займалі немцы. У адрозненне ад афіцэраў шарагоўцы знаходзіліся ў цяжкіх лобытавых умовах. Занатаваны выпадкі кепскага абыходжання нямецкіх камандзіраў з іншаземнымі падначаленымі [80].

Масавае дэзерцірства выклікала пэўныя змены ў структуры дывізіі. 12 верасня 1944 г. адбылася рэарганізацыя дывізіі, у выніку якой быў сфармаваны добраахвотніцкі батальён Мураўёва (Freiwillige-Einsatz-Bataillon „Murawjew"). Нягледзячы на тое, што сярод жаўнераў гэтага батальёна было досыць шмат беларусаў, маёр Вячаслаў Мураўёў як расійскі патрыёт зрабіў расійскую мову мовай унутранай дакументацыі [81]. 24 кастрычніка 1944 г. дывізія была перафармавана ў трохпалкавую. Адначасна зменена нумарацыя падраздзелаў. Дывізія складалася з 75-га (4-га расійскага), 76-га (5-га расійскага) і 77-га (6-га расійскага) палкоў СС [82].

На працягу кастрычніка - лістапада 1944 г. настроі жаўнераў дывізіі не палепшыліся. 3 загадаў Мураўёва вынікала, што распаўсюджанай з'явай было злоўжыванне алкаголем. Загад ад 24 кастрычніка забараняў жаўнерам наймаць памяшканні па-за мурамі кашараў і спажываць алкаголь [83]. Яшчэ адно слабое звяно дывізіі - палякі, якія лічыліся ненадзейным элементам. Выразна сведчыць пра гэта загад Зіглінга ад 17 лістапада 1944 г., згодна з якім трэба было скласці іменны спіс афіцэраў і жаўнераў польскай нацыянальнасці [84]. Але ўпадак баявога настрою і нежаданне жаўнераў змагацца залежалі, хутчэй, не ад нацыянальнасці. У якасці доказу можна зазначыць, што працягвалася масавае дэзерцірства беларускіх жаўнераў. Сярод апошніх знаходзіліся як шарагоўцы, так і афіцэры. Увосень 1944 г. дэзерціравала большасць кадэтаў афіцэрскай школы БКА, якія знаходзіліся ў складзе 12-й роты 4-га палка. У сваіх пасляваенных успамінах гэты ўчынак тлумачылі нежаданнем ваяваць удалечьші ад бацькаўшчыны і страхам за ўласную будучыню [85]. Многія з іх пасля непрацяглага знаходжання ў альянцкіх лагерах ваеннапалонных добраахвотна ўступілі ў Польскія ўзброеныя сілы на Захадзе (ПУСЗ) і ў якасці жаўнераў 2-га Польскага корпуса генерала У. Андэрса змагаліся на італьянскім фронце. Аўтар сабраў звесткі прыблізна пра 100 чал. Гэтую колькасць трэба лічыць мінімальнай. Некаторыя атрымалі баявыя ўзнагароды за мужнасць пад час баявых дзеянняў у Італіі. Вядома, што былі параненыя і палеглыя. Варта падкрэсліць, што менавіта колішнія вайскоўцы 30-й дывізіі як элемент нацыянальна свядомы ў першыя пасляваенныя гады былі стваральнікамі беларускіх арганізацый у эміграцыі, перадусім - у Вялікай Брытаніі [86].

Нягледзячы на выпадкі масавага дэзерцірства і нізкі баявы дух вайскоўцаў 30-й дывізіі, пэўныя крыніцы сведчаць пра адвагу жаўнераў-беларусаў на полі бою. Напрыклад, жаўнеры, узброеныя толькі ручнымі гранатамі, кідаліся ў атаку на французскія танкі [87]. 22 лістапада 1944 г. камандаванне групы армій „G" інфармавала, што вайскоўцы 30-й дывізіі нанеслі значную шкоду праціўніку і знішчылі шэсць танкаў [88]. Настрой і ўзровень баявога духу групы былых кадэтаў менскай афіцэрскай школы БКА ў час баявых дзеянняў у Францыі апісаў у дзённіку 6 верасня 1944 г. нямецкі афіцэр пры 30-й дывізіі оберлейтэнант Хансэн: „У складзе 30-й дывізіі знаходзіцца фармаванне, якое складаецца з афіцэраў Саюза беларускай моладзі. Нягледзячы на тое, што настроі жаўнераў дывізіі ўпалі, не хапае ўзбраення і харчавання, гэтая беларуская адзінка захоўвае стан высокай баявой гатовасці" [89]. Нельга выключаць, што згаданыя выпадкі сапраўды былі. Магчыма, гэта трэба ацэньваць як вынік адчаю некаторых жаўнераў. Разам з тым варта памятаць, што належалі такія выпадкі, хутчэй, да выключэнняў і не маглі сур'ёзна паўплываць на змену агульнай сітуацыі ў злучэнні.

У выніку дэзерцірства і баявых страт у снежні 1944 г. 30-я дывізія была адклікана з фронту і накіравана ў тылавую зону - у Баварыю. Вядома, што злучэнне знаходзілася на палігоне Графэнфор. На 16 снежня 1944 г. яно налічвала ўсяго 4400 чал. У гэты час у мясцовасці Мюнзінген адбывалася фармаванне 1-й пяхотнай дывізіі Расійскай вызвольнай арміі (РОА) (600-й пяхотнай дывізіі Вермахта) (600. Infanterie Division Wehrmacht) пад камандаваннем палкоўніка С. Бунячэнкі [90]. На папаўненне гэтага злучэння было вырашана накіраваць рэшткі іншаземнага персаналу 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС. Паводле афіцыйных дадзеных, у Мюнзінген было перададзена каля 5 тыс. жаўнераў [91]. 3 гэтага можна зрабіць выснову, што туды трапіла практычна ўся дывізія. Невядома дакладная колькасць беларусаў, якія яшчэ знаходзіліся ў 30-й дывізіі на момант перадачы яе кантынгенту на папаўненне 1-й дывізіі РОА. Шэраг даследчыкаў сцвярджае, што сярод прыбылых у Мюнзінген знаходзіліся колішнія паліцыянты з 60-га, 64-га і 65-га беларускіх шума-батальёнаў [92]. Апрача таго вядома, што былі там і некаторыя былыя кадэты афіцэрскай школы БКА. Згодна з успамінамі шараговых відавочцаў тых падзей, у 600-ю дывізію трапіў значны адсотак беларусаў [93]. Пасля сфармавання злучэнне налічвала 18 тыс. чал. [94]. У сувязі з гэтым можна дапусціць, што беларусы складалі некалькі тысяч. Існуюць неаспрэчныя факты, якія сведчаць пра ўдзел беларусаў у шэрагах 1-й дывізіі РОА ў баях з немцамі на вуліцах Прагі 5-8 траўня 1945 г. Дадзены эпізод маляўніча апісалі былыя ўдзельнікі і сведкі той падзеі. Большасць жаўнераў 1-й дывізіі РОА пазней апынулася ў савецкай няволі, дзе яны як уласаўцы былі залічаны да здраднікаў айчыны і прайшлі праз пекла сталінскіх лагераў [95].

Апошні акорд ваеннага лёсу беларускіх жаўнераў пад штандарамі СС - стварэнне і дзейнасць уласна беларускай дывізіі. Ініцыятыва яе стварэння належала дзеячам БЦР, якія пасля эвакуацыі з Беларусі ўлетку 1944 г. апынуліся ў Нямеччыне. Першапачаткова рада выехала ў Кёнігсберг, а адтуль - у Берлін, дзе 12 ліпеня 1944 г. узнавіла сваю дзейнасць. Адной з асноўных задач была справа стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў на чужыне [96]. Неўзабаве быў пакліканы вайсковы аддзел БЦР на чале з Канстанцінам Езавітавым. Распараджэннем прэзідэнта БЦР ад 5 кастрычніка 1944 г. вайсковы аддзел быў перайначаны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых справаў (ГКВС) БЦР (Weissruthenische Zentralrad - Hauptmilitarverwaltung) на чале з К. Езавітавым, які меў ад'ютанта (лейтэнант Яўген Ніканюк). ГКВС складалася з агульнай канцылярыі (кіраўнік - капітан Аляксей Васіленя), мабілізацыйнага аддзела (маёр Антон Сокал-Кутылоўскі, з 8 студзеня 1945 г. - маёр Аляксандр Ружанцоў), персанальнага аддзела (старшы лейтэнант Эмануіл Сангайла-Станевіч, пазней маёр Аляксандр Ружанцоў), санітарнага аддзела (др. Мікалай Мінкевіч з 25 студзеня 1945 г.), аддзела апекі над сем'ямі вайскоўцаў (капітан Мікалай Дзямідаў). Пры ГКВС дзейнічалі таксама статутная камісія і вайсковы суд. Меркавался, што ГКВС будзе выконваць ролю своеасаблівага штаба будучых беларускіх вайсковых фармаванняў, у тым ліку антысавецкіх партызанскіх аддзелаў на бацькаўшчыне. ГКВС падпарадкоўвалася камандаванне БКА, якое працягвала намінальна дзейнічаць у складзе канцылярыі і персанальнага аддзела [97]. ГКВС рупілася пра ўтрыманне сталага кантакту з беларусамі з розных фармаванняў, расцярушаных па розных кутках Еўропы. У сувязі з гэтым былі прызначаны супрацоўнікі-карэспандэнты, якія мусілі інфармаваць кіраўніцтва пра стан падзей. На падставе распараджэння прэзідэнта БЦР ад 5 кастрычніка 1944 г. пры ГКВС была створана асобная група рэзерву беларускіх вайскоўцаў, у склад якога залічваліся беларусы з былых вайсковых і вайскова-паліцыйных фармаванняў. Ужо 15 кастрычніка 1944 г. прэзідэнт БЦР выдаў загад № 3 аб сфармаванні ў Берліне 1-га кадравага батальёна БКА. Камандны склад батальёна быў наступны: капітан Пятро Касацкі (афіцэрскі курс), капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (падафіцэрскі курс), капітан Зміцер Сажыч (вучэбная каманда), старшы лейтэнант Янка Кісель (гаспадарчая і ахоўная каманда), капітан Мікалай Дзямідаў (намеснік камандзіра падафіцэрскага курса), др. Баляслаў Грабінскі (старшы батальённы лекар) [98]. Агульнае камандаванне батальёнам ажыццяўляў Ф. Кушаль як кіраўнік БКА, аднак непасрэдна адказным быў часова выконваючы абавязкі камандзіра П. Касацкі (25 лютага 1945 г. яго змяніў на гэтай пасадзе маёр Сцяпан Шнэк) [99].

Стварэнне ГКВС і 1-га кадравага батальёна БКА разглядалася беларускімі дзеячамі як пачатак больш значнай акцыі па арганізацыі беларускага войска на чужыне. Але праца гэтая адбывалася досыць павольна. Напрыканцы 1944 г. нытанне наконт сфармавання беларускага легіёна яшчэ не было вырашана нямецкімі ўладамі. Больш за тое, самі беларускія дзеячы не мелі згоды ў гэтай справе. Частка лічыла, што трэба весці перамовы аб стварэнні беларускага войска з камандаваннем Вермахта, іншыя былі схільныя да размоваў з уладамі СС. Група беларускіх афіцэраў, у тым ліку камандны склад спецыяльнага батальёна камандас „Дальвіц", дамагалася ад прэзідэнта БЦР згоды на шчыльнае супрацоўніцтва ў справах фармавання беларускіх адцзелаў з Камітэтам вызвалення народаў Расіі (КВНР) на чале з генералам Андрэем Уласавым. 9 снежня 1944 г. гэтыя беларускія афіцэры нават накіравалі ўладам БЦР ліст адпаведнага зместу, але тыя былі зацятымі праціўнікамі збліжэння з уласаўцамі на высунутых расійцамі ўмовах.

Аднак незалежна ад жаданняў беларускага актыву канчатковае рашэнне фармавання іншаземных легіёнаў, у тым ліку беларускага, знаходзілася ў руках нямецкага камандавання. Напрыканцы 1944 г. гэтае пытанне канчаткова вырашылася. Кожная нацыянальная група была замацавана за адпаведнымі структурамі - Вермахтам або СС. 3 боку першай установы непасрэднымі задачамі, звязанымі з фармаваннем іншаземных вайсковых частак, займалася камандаванне іншаземнымі добраахвотніцкімі фармаваннямі (Fremdvolkischerfreiwilligeverbanden). Але беларусы трапілі ў сферу кампетэнцыі ўладаў СС. У выніку рушыла справа стварэння беларускага легіёна, які мусіў выступаць пад штандарамі СС. 15 студзеня 1945 г. Рэйхсміністр СС выдаў загад аб сфармаванні 1-й беларускай грэнадзёрскай брыгады СС (Waffen Grenadier Brigade der SS (weissruthenische nr 1)). Месцам пастою і фармавання быў вызначаны палігон Графэнфор у Баварыі. 24 студзеня 1945 г. у Берліне адбылося супольнае нямецка-беларускае паседжанне ў справе фармавання згаданай адзінкі. 3 беларускага боку ўдзельнічалі - прэзідэнт БЦР і шэф ГКВС, з нямецкага - обер-штурмбанфюрэр Г. Зіглінг. Яшчэ раней, 19 студзеня, група беларускіх афіцэраў 1-га кадравага батальёна БКА звярнулася да БЦР з патрабаваннем дамагацца ад немцаў згоды на выкарыстанне брыгады выключна на ўсходнім фронце. У выніку перамоваў была дасягнута згода па наступных пунктах: 1) у двух батальёнах брыгады на камандзірскіх пасадах будуць нямецкія афіцэры, а ў адным - беларускія; 2) адначасна з фармаваннем брыгады павінна адбывацца фармаванне асобнага палка, у якім камандны склад будзе цалкам беларускі; у выпадку наплыву новых добраахвотнікаў распачнецца стварэнне наступных беларускіх палкоў; 3) камандаванне ўсімі беларускімі фармаваннямі СС будзе ажыццяўляць Зіглінг; 4) у беларускім батальёне павінен знаходзіцца нямецкі афіцэр сувязі, тым часам як батальёны з нямецкімі афіцэрскімі кадрамі мусілі мець па тры афіцэры-беларусы; 5) пры брыгадзе мелі быць створаны афіцэрская і падафіцэрская школы, у склад якіх залічваліся адпаведныя школы з 1-га кадравага батальёна БКА; 6) беларускіх афіцэраў размеркавалі наступным чынам: 4 - у штабе, 17 - у складзе беларускага батальёна, 6 - афіцэраў сувязі пры двух батальёнах, дзе камандзірамі былі немцы, 1 - афіцэр сувязі з камандзірам брыгады; 7) у беларускім батальёне і асобных беларускіх палках прадугледжвалася каманда на беларускай мове, тым часам як у нямецкіх батальёнах ад вайскоўцаў-беларусаў патрабавалася толькі веданне асноўных нямецкіх камандаў; 8) вайсковы суд меў быць супольны; 9) у штаб брыгады павінны былі ўваходзіць як немцы, так і беларусы; 10) апека над роднымі беларускіх вайскоўцаў ажыццяўлялася нароўні з сем'ямі нямецкіх жаўнераў; 11) у брыгадзе прызначаўся капелан-беларус; 12) штотыдзень адзін афіцэр і два жаўнеры беларускай нацыянальнасці мусілі складаць рапарт кіраўніку ГКВС БЦР пра стан і бягучыя падзеі ў адзінцы [100].

Пасля ўзгаднення планаў фармавання брыгады з камандаваннем СС 25 студзеня 1945 г. кіраўнік ГКВС выдаў загад № 28 аб пакліканні згаданай адзінкі. Быў гэта крок хоць і фармальны, але неабходны з праўнага гледзішча, паколькі падкрэсліваў чынны ўдзел БЦР у стварэнні фармавання. У працяг гэтых захадаў 28 студзеня 1945 г. прэзідэнт БЦР выдаў загад, які тычыўся прыёму добраахвотнікаў. Згодна з гэтым дакументам распачалася рэгістрацыя афіцэраў у веку да 45, падафіцэраў - да 40, шарагоўцаў - да 40 гадоў жыцця [101].

Структура беларускай брыгады была запазычаная са структуры латвійскага легіёна СС [102]. Брыгада мусіла быць фармаваннем добраахвотным. 28 студзеня 1945 г. К. Езавітаў выдаў адозву „Браты-беларусы!" з заклікам ісці ў беларускую брыгаду СС. Добраахвотнікі маглі звяртацца ў любы паліцыйны пастарунак або мясцовую сядзібу СС. Пажадана было мець пры сабе асобнік газеты „Раніца" з абвесткай К. Езавітава [103]. У якасці патэнцыйнай крыніцы рэкрутацыі разглядалася беларуская дыяспара ў Нямеччыне, агульную колькасць якой дзеячы БЦР ацэньвалі на 700 тыс. чал. У раскладзе на паасобныя групы гэта былі - остарбайтэры беларускай нацыянальнасці, ваеннапалонныя з Войска Польскага і Чырвонай Арміі, а таксама цывільныя і вайсковыя, эвакуяваныя з Беларусі ўлетку 1944 г. Беручы пад увагу гэтую лічбу, беларускі актыў разлічваў у выпадку мабілізацыі заклікаць да 78 тыс. чал. У выпадку прыёму толькі добраахвотнікаў БЦР спадзявалася на 23 тыс. Але на самай справе гэтыя лічбы не адпавядалі рэчаіснасці і былі завышанымі [104]. Акрамя таго, беларускія дзеячы разлічвалі ўключыць у беларускі легіён 5 тыс. былых жаўнераў 30-й дывізіі СС (1-й расійскай), у тым ліку рэшткі рагулеўскага коннага батальёна [105]. Як ужо адзначалася, нямецкае камандаванне яшчэ раней палічыла за лепшае скіраваць гэтых людзей на папаўненне ўзброеных сілаў уласаўскага КВНР. Разам з тым сапраўды існавала пэўная група беларусаў, зацікаўленых ва ўступленні ў вайсковыя аддзелы БЦР. Яскравым сведчаннем гэтага быў наплыў карэспандэнцыі на імя кіраўніка ГКВС з просьбамі аб залічэнні ў беларускія фармаванні. Сярод добраахвотнікаў сустракаліся людзі з розным мінулым. У прыватнасці, некаторыя остарбайтэры або былыя польскія ваеннапалонныя разглядалі ўступленне ў войска як магчымасць вырвацца з невыносных умоваў, у якіх яны апынуліся, працуючы ў гаспадарцы або прамысловасці III Рэйха. Са зместу заяваў вынікае, што побач з чыста практычнымі прычынамі прысутнічалі нацыянальныя і палітычныя, якімі кіравалася значная частка добраахвотнікаў. Адзін з былых польскіх палонных Аляксандр Гародка пісау: Я ніжэй падпісаны Гародка Аляксандр ветліва прашу Вас прыняць мяне ў лік нашай БКА. Я ўжо знаходжуся ў гэтага свайго працадаўцы больш як два гады, але ж далей жыць немагчыма. Наогул у Нямеччыне знаходжуся з 1939 году з польскага палону. Хачу верна паслужыць сваёй Бацькаўшчыне Беларусі. Яшчэ раз прашу не адказаць маёй просьбы. Жыве Беларусь!" [106]. Часта добраахвотнікі нават добра не арыентаваліся, якія фармаванні стварае БЦР. Галоўным было імкненне любым коштам апрануць мундзір і тым самым пазбыцца нявольніцкага статусу цывільнага работніка. Вось прыклад аднаго звароту: „Я Юра Панацэвіч па нацыянальнасці беларус прашу прыняць мяне ў аддзелы нямецкай арміі або ў беларускую дывізію генерал-лейгэнанта Уласава. Я ўжо ў Нямеччыне тры гады, а лет маю ўжо дваццаць" [107]. Няма сумневу, што значную частку добраахвотнікаў складалі былыя паліцыянты з 30-й дывізіі СС (2-й расійскай) або іншых фармаванняў пад нямецкай камандай. Пасля сумнага досведу службы пад нямецкім кіраўніцтвам і драматычных франтавых прыгодаў на чужыне гэтыя вайскоўцы па зразумелых прычьшах гарнуліся да беларускіх фармаванняў, якія знаходзіліся ў тыле і складаліся з суайчыннікаў. Адзін з добраахвотнікаў Уладзімір Чайка зазначаў у лісце ад 26 снежня 1944 г.: „Даведаўшыся чэраз сваіх таварышаў, што можна паступіць у беларускае войска пры БЦР я прашу Кіраўніка Вайсковага Аддзелу залічыць мяне ў рады Беларускай Краёвай Абароны. Я свае маладыя сілы, а калі патрэбна будзе, то і жыццё адцам за асвабаждзенне сваёй роднай Беларусі" [108]. Варта працытаваць яшчэ адзін ліст беларуса з 30-й дывізіі СС Мікалая Бобкі: „Гэтым ветліва прашу перавесці мяне з 30-й СС-Ваффэн-Грэнадзір-Дывізіі ў рады беларускіх войскаў, так як я па нацыянальнасці з'яўляюся беларусам і хачу змагацца за сваю Бацькаўшчыну" [109]. У лісце дзесяці былых беларускіх паліцыянтаў, якіх лёс закінуў ва Ўсходнюю Прусію, чытаем наступнае: „Мы не хочам застацца ў баку барацьбы з нашым смяротным ворагам - бальшавізмам і жадаем далей з аружжам у руках змагацца супраць бальшавізму, як гэта мы рабілі ў радох беларускай паліцыі ў барацьбе супраць бандытызму" [110]. Ю. Туронак дапускае, што сярод прынятых добраахвотнікаў знаходзілася некалькі соцень сяброў Саюза беларускай моладзі [111].

3 мэтай папаўнення брыгады згодна з загадам кіраўніка ГКВС ад 25 студзеня 1945 г. са складу 1-га кадравага батальёна БКА было накіравана ў месца фармавання брыгады: 19 афіцэраў, афіцэрская школа ў колькасці 77 курсантаў (52 са старэйшага і 25 з малодшага курсаў), падафіцэрская школа ў колькасці 101 курсанта (58 старэйшага і 43 малодшага курсаў), а таксама стралецкі звяз (2 падафіцэры і 20 шарагоўцаў). Агулам было перададзена 19 афіцэраў і 200 жаўнераў [112].

Беларуская брыгада складалася з 1-га беларускага грэнадзёрскага палка СС (Waffen-Grenadier-Regiment der SS nr 1 (weissruthenische)) [113]. Стрыжань беларускай брыгады мелі складаць былыя 75-ы і 7б-ы палкі 30-й дывізіі СС. Так, на базе 75-га палка ствараўся 3-і батальён, а з 76-га пал-ка - 1-ы і 2-і батальёны брыгады [114]. 10 лютага 1945 г. гэты полк атрымаў новую назву - 86-ы грэнадзёрскі полк СС (1-ы беларускі) (Waffen-Grenadier Regiment der SS nr 86 (we-issruthenische nr l)) [115].

9 сакавіка 1945 г. брыгада была разгорнута ў 30-ю грэна-дзёрскую дывізію СС (1-ю беларускую) (30. Waffen-Grenadier Division der SS (weissruthenische nr 1)). Адначасова адбылася змена нумара палка. Былы 86-ы грэнадзёрскі полк СС атрымаў нумарацыю 76-ы грэнадзёрскі полк СС (1-ы беларускі) (Waffen-Grenadier Regiment der SS nr 76 (weissruthenische nr 1)). Змена вынікала з факта існавання палка з нумарам 86 у складзе 32-й танкава-грэнадзёрскай дывізіі СС „30-га студзеня" (32 SS-Panzer-Grenadier Division „30 Januar") [116].

У выніку перафармавання брыгады ў дывізію нязменным, аднак, застаўся ранейшы камандзір, якім і надалей быў Зіглінт. Беларуская дывізія мусіла да 30 чэрвеня 1945 г. прайсці падрыхтоўчы курс.

Апрача 76-га палка былі ўтвораны падраздзелы дывізійнага падпарадкавання, якія таксама бралі свой пачатак ад фармаванняў, што раней уваходзілі ў склад былой 30-й дывізіі СС (1-й расійскай). Сярод іх 30-ы конны швадрон выведкі (Waffen Aufklarungs Reiter Schwadron der SS 30), 30-ы дывізіён артылерыі (Waffen Artillerie Abteilung der SS 30), 30-я супрацьтанкавая рота (Waffen Pancer Jager Abteilung (Kompanie) der SS 30). Аднак існаванне гэтых падраздзелаў было намінальным, бо насамрэч канчаткова сфармавалі толькі згаданы 75-ы грэнадзёрскі полк СС (1-ы беларускі), які складаўся са штаба, штабной роты, 1-га фюзілерскага, 2-га і 3-га грэнадзёрскіх батальёнаў. У кожным батальёне знаходзілася пэўная колькасць немцаў, якія выконвалі ролю інструктараў. У беларускай эміграцыйнай літаратуры назва гзтага фармавання нярэдка выступае як „1-ы беларускі нацыянальны полк" або „1-ы беларускі полк" [117]. На самай справе такіх назваў афіцыйна ніколі не існавала.

У табліцы паказаны беларускі камандны склад: [118] Штаб палка
Камандзір палка штурмбанфюрэр Франц Генінтфельд (з 1 сакавіка 1945 г. - штурмбанфюрэр Ганс Остэррэйх)
Ад'ютанты оберштурмфюрэр Хведар Данілюк
оберштурмфюрэр Якуб Бабіч
Штабная рота оберштурмфюрэр Янка Юзафовіч
Намеснік камандзіра па гаспадарчых справах штурмбанфюрэр Вінцэнт Паплаўскі
Афіцэр вайсковай падрыхтоўкі оберштурмфюрэр Аляксей Грыцук
1-ы фюзілерскі батальён
Камандзір штурмбанфюрэр Сцяпан Шнэк
штурмбанфюрэр Антон Сокал-Кутылоўскі
1-я рота гаўптштурмфюрэр Янка Яфімчык
2-я рота оберштурмфюрэр Юры Кушніровіч
3-я рота оберштурмфюрэр Міхась Сасіновіч
1-я супрацьтанкавая рота оберштурмфюрэр Сымон Раманчук
Гаспадарчы звяз унтэрштурмфюрэр Уладзімір Каспяровіч
2-і грэнадзёрскі батальён
Камандзір штурмбанфюрэр Пятро Касацкі
гаўптштурмфюрэр Зміцер Чайкоўскі
4-я рота оберштурмфюрэр Яўген Трусаў
5-я рота оберштурмфюрэр Уладзімір Дудка
6-я рота унтэрштурмфюрэр Мікалай Атрахімовіч
2-я супрацьтанкавая рота унтэрштурмфюрэр Канстанцін Акінчыц
Гаспадарчы звяз унтэрштурмфюрэр Сяргей Рашкін
3-і грэнадзёрскі батальён
Камандзір гаўптштурмфюрэр Юры Сабіла
гаўшштурмфюрэр Туміла
7-я рота оберштурмфюрэр Лявон Сурнік
8-я рота оберштурмфюрэр Пятро Яўстаф'еў
9-я рота унтэрштурмфюрэр Анатоль Ражко
3-я супрацьтанкавая рота оберштурмфюрэр Янка Чысцік
Гаспадарчы звяз оберштурмфюрэр Аляксандр Малаўкс
Аддзелы дывізійнага падпарадкавання
30-ы конны швадрон выведкі оберштурмфюрэр Канстанцін Кіслы
Рота сапёраў гаўптштурмфюрэр Павел Тапіца
30-я рота супрацьтанкавая (панцэрфаўстаў) оберштурмфюрэр Уладзімір Беніяш
Супрацьгазавы звяз унтэрштурмфюрэр Мартынаў
30-я санітарная рота
Палкавы лекар Мікалай Шчорс
Лекар 1-га батальёна Аляксандр Наймік
Лекар 2-га батальёна Станіслаў Грынкевіч
Лекар 3-га батальёна Мінкевіч



Нямецкі камандны склад на ўзроўні камандзіраў батальёнаў быў наступны: 1-ы батальён - гаўптштурмфюрэр / штурмбанфюрэр Альберт Лёфлер, 2-і батальён - штурмбан-фюрэр Райнгольд Ніпель, 3-і батальён - гаўігпптурмфюрэр Райнгольд Бэўсэль [119].

У перыяд фармавання дывізіі абвастрылася пытанне наконт надання афіцэрскіх рангаў беларусам. Прэзідэнт БЦР на падставе сваіх распараджэнняў у гэты час намінаваў 59 афіцэраў, у тым ліку 1 генерала, 3 палкоўнікаў, 8 маёраў, 12 капітанаў, 22 старшых лейтэнантаў і 13 лейтэнантаў. Як вынікае з дакументацыі ГКВС, якое займалася рэгістрацыяй і ўлікам афіцэраў, праз гэтую ўстанову прайшлі 174 асобы, якія мелі афіцэрскія рангі [120]. Нямецкія ўлады адмовіліся прызнаць гэтыя наданні і былі схільныя залічваць беларускіх добраахвотнікаў у брыгаду (дывізію) у тых рангах, якія яны атрымалі пад час службы ў даваенным Войску Польскім, Чырвонай Арміі або былой Расійскай Арміі. У гэтай сітуацыі кіраўнік ГКВС прапанаваў кампраміснае рашэнне, a менавіта каб немцы пагадзіліся на прызнанне афіцэрскіх рангаў, якія прэзідэнт БЦР ужо надаў, але надалей апошняму ўстрымапда ад самастойных крокаў і абавязкова ўзгадняць гэтае пытанне з уладамі СС [121].

Для беларускага асабовага складу дывізіі былі вьшрацаваны адмысловыя адзнакі. Згодна з загадам Рэйхсфюрэра СС ад 29 студзеня 1945 г. прадугледжвалася нарукаўная нашыўка ў выглядзе бел-чырвона-белай тарчы, у верхняй частцы якой на шэрым тле надпіс: „Weissruthenien". Яна павінна была насіцца на правым рукаве вышэй локця. Таксама прадугледжвалася каўняровая нашыўка ў выглядзе белага крыжа на чорным тле. Беларускія жаўнеры павінны былі насіць гэты знак на правым баку каўняра, тым часам як на левым зазначаўся ранг. 3 сакавіка 1945 г. кіраўнік ГКВС выдаў загад № 43 пра абавязак ужывання ў брыгадзе (пазней дывізіі) згаданай каўняровай нашыўкі [122]. Невядома, ці ўжывалася тая адзнака на практыцы [123]. Няма сумневу, што адзнакі былі толькі зацверджаны Гімлерам, а само аўтарства належала беларускім дзеячам, галоўным чынам К. Езавітаву. Пра гэта красамоўна сведчыць факт, што яшчэ 25 кастрычніка 1944 г. прэзідэнт БЦР выдаў загад, які таго ж дня быў прадубляваны ў адпаведным загадзе № 6 шэфа ГКВС аб увядзенні для беларускіх вайскоўцаў на чужыне нарукаўнай нашыўкі ў выглядзе бела-чырвона-белай тарчы (пад вуглом 45° справа налева). У верхняй частцы на шэрым тле надпіс лацінкай „Bielarus" [124]. Гэты загад тычыўся перадусім вайскоўцаў 1-га кадравага батальёна БКА. На самай справе ён зрабіўся падставай для ўзору, зацверджанага Гімлерам у згаданым загадзе аб адзнацы для 30-й дывізіі СС, які фактычна паўтараў элементы (за выняткам надпісу на нямецкай мове) з праекта К. Езавітава. Такім чынам беларускі актыў намагаўся падкрэсліць нацыянальныя матывы ў абмундзіраванні вайскоўцаў дывізіі СС.

Дзеячоў БЦР не маглі бянтэжыць эсэсаўскія эмблемы і сімвалы, бо гэтая з'ява не мела для беларусаў ніякага ідэалагічнага значэння. Існаванне беларускай адзінкі ў складзе войскаў СС трактавалася, хутчэй, як прыналежнасць да элітнага ў той час узброенага фармавання. Больш за тое, „шыльда" СС давала спадзяванне на падтрымку з боку кіраўнікоў III Рэйха і надзейна бараніла перад нападамі найбольш зацятых прыхільнкаў „чысціні арыйскай расы". У выніку палітычнай кан'юнктуры з'явілася чарговая легальная магчымасць стварэння зачаткаў беларускага войска. Беларускі актыў шмат увагі аддаваў адраджэнню пэўных нацыянальных вайсковых традыцый у межах дазволенага немцамі. Невыпадкова прамовы і заклікі кіраўнікоў БЦР мелі вельмі патрыятычны змест. На старонках тагачаснай прэсы беларускія добраахвотнікі параўноўваліся з „ваярамі Ўсяслава Чарадзея і Льва Сапегі", а беларуская дывізія нярэдка з гонарам акрэслівалася „Беларускім Лёгіёнам", нягледзячы на тое, што афіцыйна такая назва ніколі не існавала.

Трэба адзначыць, што справа фармавання дывізіі стала для ўладаў БЦР адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці. Яшчэ 24 студзеня 1945 г. прэзідэнт БЦР загадаў перанесці да 1 лютага канцылярыю арганізацыі ў месца пастою фармавання [125]. 25-27 сакавіка 1945 г. Р. Астроўскі наведаў дывізію і ўзяў удзел ва ўрачыстасцях да ўгодкаў БНР, у межах святкавання якіх адбыўся парад аддзелаў дывізіі. 3 мэтай прапагандова-выхаваўчай працы ў дывізіі выдаваўся часопіс „За незалежнасць" (тыднёвы дывізійны лісток для беларускіх добраахвотнікаў). Вядома, што выйшла не менш за чатыры нумары [126]. Наіўна было б лічыць, што беларускія дзеячы не ўсведамлялі непазбежнасці хуткага заканчэння вайны і капітуляцыі Нямеччыны. У сувязі з гэтым яны будавалі планы як мага хутчэйшага фармавання ўласных вайсковых адзінак, якія потым меліся быць істотным аргументам пад час перамоваў з заходнімі хаўруснікамі. Нейтральнае стаўленне да апошніх выразна відаць у тагачасных прамовах актыву БЦР. Невыпадкова пад час выступу перад жаўнерамі 25 сакавіка Р. Астроўскі падкрэсліў: „У бой з апошнім ворагам! У нас толькі адзін вораг: гэта бальшавіцкая Масква. Іншыя нам не страшныя" [127].

Беларуская дывізія СС не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях. Некаторыя даследчыкі памылкова прыпісваюць гэтай адзінцы ўдзел у баях на італьянскім фронце. Да іх ліку належыць сцверджанне А. Салаўёва, які падае, што на прамежку нямецкай абароны ў раёне Монтэ-Касіна дзейнічала некалькі батальёнаў Беларускай краёвай абароны і 1-я дывізія штурмавой брыгады СС „Беларусь" (!), вайскоўцы якой адмовіліся ваяваць, калі даведаліся, што па іншы бок фронту ў складзе 2-га Польскага корпуса змагаюцца іх суайчыннікі [128]. Знаходжанне брыгады (дывізіі) у Італіі было цалкам неверагодным, паколькі баі за ўзвышша Касіна скончыліся яшчэ ў траўні 1944 г., задоўга да сфармавання злучэння. Аднак гэта не выключае факта прысутнасці іншых беларускіх фармаванняў на Апенінскай паўвыспе [129].

Паміж 15 і 20 красавіка 1945 г. было вырашана беларускую дывізію расфармаваць. Нямецкі персанал у ваколіцах Вайдэна быў вылучаны ў баявую групу пад камандаваннем Зіглінга (Kampfgruppa Siegling) i разам з артылерыйскім (Artylerie Abteilung 30) і супрацьтанкавым (SS-Panzerjager-Abteilung 30) аддзеламі перададзены на папаўненне 38-й танкава-грэнадзёрскай дывізіі СС „Нібелунгі" (38 Waffen-SS-Pancer-Grenadier Division „Nibelungen"). Астатнюю частку нямецкіх кадраў накіравалі ў 25-ю грэнадзёрскую дывізію СС (1-ю венгерскую) (25 Waffen-Grenadier Division der SS (ungarische nr 1)). Насуперак некаторым сцверджанням, y згаданыя злучэнні трапілі выключна нямецкія афіцэры і жаўнеры, тым часам як беларусы лічыліся часова „звольненымі" са службы [130]. Улады СС павінны былі ў хуткім часе вырашыць іх лёс, але на гэта ўжо не хапіла часу. У сітуацыі, якая склалася, неафіцыйна камандаванне над рэшткамі колішняй дывізіі прыняў Ф. Кушаль, перад якім стаяла задача бяспечна перавесці іх на бок альянтаў. 25 красавіка штаб Кушаля ўсталяваў кантакт з камандаваннем Ваенна-паветраных сілаў (ВПС) РОА (камандзір - генерал-маёр Віктар Мальцаў). На супольнай нарадзе было вырашана агульнымі высілкамі прабіцца да заходніх хаўруснікаў. 28 красавіка Кушалю ўдалося сабраць усе падкамандныя яму беларускія аддзелы былой дывізіі каля мясцовасці Айзэнштайндорф. Наступнага дня Кушаль ад імя прэзідэнта БЦР надаў афіцэрскія званні падафіцэрам, якія былі камандзірамі звязаў. 30 красавіка 1945 г. каля Цвізэля беларускія аддзелы разам з ВПС РОА склалі зброю перад 5-й Арміяй ЗША. Пад час здачы ў палон беларускае фармаванне налічвала 50 афіцэраў, 132 падафіцэры і 912 шарагоўцаў. Большасць не мела зброі. Сярод гэтай масы былі і хворыя. Напрыклад, у 1-м батальёне было 15 вайскоўцаў, часова няздольных да службы. Беларусы мелі 50 коней, 16 вазоў і 6 палявых кухняў [131].

Цяжка пагадзіцца з меркаваннем, што вайскоўцы беларускай дывізіі былі пазней перададзены на савецкі бок, хоць такія выпадкі і сапраўды здараліся. У прыватнасці, 15 жніўня 1945 г. у савецкія рукі быў выдадзены былы камандзір 1-га батальёна А. Сокал-Кутылоўскі, якога ў красавіку 1947 г. асудзілі на 25 гадоў лагераў. Аднак на самай справе пераважная большасць беларусаў разам з ваеннапалоннымі-расійцамі ў групе каля 3400 чал. была скіравана ў лагер у мясцовасці Хам, а адтуль - у Трыебург, Ніштайн (на поўдзень ад Майнца) і Нюрнберг. Урэшце яны былі вызвалены з лагераў ваеннапалонных і размеркаваны амерыканцамі па цывільных лагерах ДП [132]. Складана адказаць, чым кіраваліся альянты, перадаючы некаторых палонных беларусаў у савецкія рукі. Праўдападобна, гэтае пытанне вырашалася на ўзроўні кіраўніцтва фільтрацыйных камісій, якія маглі выдаваць палонных на жаданне савецкіх місій. СССР сапраўды ўпарта дамагаўся перадачы некаторых „калабарантаў", якія па тых або іншых прычынах цікавілі савецкія органы бяспекі. Служба ў фармаваннях, што фармальна ствараліся ў сістэме СС, была для савецкіх уладаў досыць важкім чыннікам на карысць таго, каб трактаваць гэтых людзей як „ваенных злачынцаў". Істотнай акалічнасцю, якая паўплывала на лёс былых жаўнераў 30-й дывізіі, быў іх міжнародны статус. З увагі на тое, што пераважная большасць жаўнераў да 1 верасня 1939 г. была грамадзянамі польскай дзяржавы, заходнія хаўруснікі не разглядалі іх у якасці савецкіх падданых, таму такія палонныя і не падлягалі прымусовай рэпатрыяцыі на радзіму. Магчыма, што да выратавання часткі палонных спрычынілася іх супрацоўніцтва па палітычных прычынах з выведкамі альянтаў [133].

Падсумоўваючы, варта зазначыць, што ў гады Другой сусветнай вайны беларусы служылі ў фармаваннях СС як іншаземных, так і тых, якія ў назве мелі нацыянальны прыметнік. Аддзелы, што складаліся з беларусаў, дзейнічалі як асобныя фармаванні, яны не былі паміж сабою звязаныя і ніколі афіцыйна не складалі легіёна СС (у адрозненне ад украінскага, латвійскага, эстонскага). Гэта вынікала з адмовы нямецкага кіраўніцтва ствараць пачынаючы з лета 1944 г. у складзе войскаў СС фармаванні з ліку савецкіх грамадзян, якія мелі гэты статус. Такім чынам, можна карыстацца выразам „беларускі легіён" ва ўмоўным сэнсе.

Варта засяродзіцца на колькасці беларусаў, якія ў гады Другой сусветнай вайны служылі ў фармаваннях і войсках, што знаходзіліся ў падпарадкаванні СС. Гісторык А. Мунас падае прыблізную колькасць беларусаў у войсках СС - каля 12 тыс. [134]. Гэтая лічба надта ўмоўная, бо адлюстроўвае толькі колькасць службоўцаў 30-й дывізіі СС (1-й расійскай), якая мела вельмі стракаты нацыянальны склад. Аналіз вядомых нам крыніц дазваляе меркаваць, што максімальная колькасць беларусаў, якія прайшлі праз войскі СС, можа складаць каля 10 тыс. Гэтыя падлікі знаходзяць сваё адлюстраванне ў працах замежных гісторыкаў [135]. Разам з тым праз адсутнасць больш дакладных архіўных крыніц дадзенае пытанне застаецца без адказу, бо да згаданай лічбы трэба дадаць пэўную колькасць беларусаў з іншых „небеларускіх" фармаванняў СС. Неаспрэчны, аднак, гістарычны факт, што ў СС бралі ўдзел тысячы беларускіх грамадзян.

Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд, Том 14 Сшыткі 1-2 (26-27) Снежань 2007

Літаратура:
[1] Сярод найбольш вартасных даследаванняў неабходна ўзгадаць працы: Літвін А. Акупацыя Беларусі. Пытанні супраціву і калабарацыі. Мінск, 2000; Ён жа. Беларуская Самаахова: да пытання стварэння і дзейнасці // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Вып. 2. Мінск, 1998; Ён жа. Антысавецкія ваенна-палітычныя фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1944 гг.: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Дысертацыя докт. гіст. навук. Мінск, 2000. Ён жа. Местная вспомогательная полиция на территории Беларуси (июль 1941 - ионь 1944 гг.) // Беларусь у XX ст. Вып. 2. Мінск, 2003. С. 212-227. Спробы сінтэзы зрабілі іншыя даследчыкі: Гелагаеў А. Беларускія нацыянальныя вайсковыя фармацыі ў часе Другой сусьветнай вайны. Мінск, 1999.
[2] Bishop C. Zagraniczne formacje SS. Zagraniczni ochotnicy w Waffen-SS w latach 1940-1945. Warszawa, 2006. S. 8-9.
[3] Згодна з загадам Гітлера ад 17 чэрвеня 1936 г. кіраўніком паліцыі быў прызначаны шэф СС Гімлер, які з гэтага часу ўзначальваў адначасова дзве вышэйзгаданыя ўзброеныя структуры III Рэйха.
[4] Gdanski J. Zapomniani zolnierze Hitlera. Warszawa, 2005. S. 126- 127.
[5] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 67-68.
[6] Гелагаеў A. Беларускія нацыянальныя вайсковыя... С. 37.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 167-168.
[8] Rutkiewicz J. Bialoruskie formacje zbrojne 1941-1945 // Swiat Inflant. 2007. Nr 14 (40). S. 1.
[9] Найбольш частая памылка - залічэнне да беларускіх адзінак сфармаванага ў сакавіку 1944 г. у Наваградку казацкага 69-га коннага палявога шума-батальёна. Abbot P., Thomas N. Partisan Warfare 1941-45. Londyn, 1987. S. 16; Романько O. Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941-1945. Москва, 2008. С. 320.
[10] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 248.
[11] Тамсама. S. 248.
[12] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 168.
[13] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. Мінск, 1999. С. 59-60.
[14] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 168; Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 56-58.
[15] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 168.
[16] Тамсама.
[17] Тамсама.
[18] Рагулявец. Наваградзкі эскадрон // Наперад. 1953. № 24-26; Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Мінск, 1994; Акула К. Змагарныя дарогі. Мінск, 1994. С. 28-29.
[19] Ёрш С. Беларуска-польскія перамовы ў сакавіку 1944 году // Беларускі Рэзыстанс. 2005 № 1 (2). С. 98-99; Гелагаеў А. Беларускія нацыянальныя вайсковыя... С. 24; Чуев С. Проклятые солдаты. Москва, 2004. С. 275-278; Романько О. Коричневые тени... С. 347-348.
[20] Archiwum Glownej Komisji Zbrodni Hitlerowskich w Polsee (AGKZHwP). Zbior mikrofilmow. Sygn.: T-175. R. 7. Kl. 2508456.
[21] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 248.
[22] Bundesarchiv-Militararchiv (BA-MA). Sygn.: N 756/197b.
[23] Ibid.
[24] Drobniak T. 8 batalion 77 pp AK „Bohdanka" Zgrupowania Nadniemanskich Batalionow Partyzanckich // Wojskowy Przeglad Historyczny. 1991 Nr 1. S. 85; Archiwum Wschodnie (AW). Ablazej J. Wspomnienia wojenne. Sygn.: II /1193. K. 126.
[25] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 168.
[26] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 248.
[27] Ibid. S. 247; Bundesarchiv-Berlin-Lichterfelde (BArch.). Sygn.:R19/111.
[28] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 61.
[29] Паводле непацверджаных сведчанняў, ад рук жаўнераў палка загінуў капітан Башаркевіч, які быў асветным афіцэрам. Успаміны былога жаўнера 36-га палка Я.Р. (у зборах аўтара).
[30] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 168.
[31] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 56, 60.
[32] BArch. Sygn.: R 6/165, S. 26.
[33] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 167-168.
[34] Archiwum Akt Nowych (AAN). Sygn.: Mikrofilmy aleksandryjskie. R 37/149. K. 4; К'яры Б. Штодзённасць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944). Мінск, 2005. С. 182, 185.
[35] NKWD о polskim podziemiu 1944-1948. Konspiracja polska na Nowogrodczyznie i Grodzienszczyznie. Oprac.: Chmielarz A., Krajewski K., Labuszewski T., Piskunowicz H. Warszawa, 1997. S. 168-159.
[36] К'яры Б. Штодзённасць за лініяй... С. 186-187, 194-195.
[37] AAN. Sygn.: Mikrofilmy aleksandryjskie. R 37/153. K. 3.
[38] Ibid. R 37/149. K. 4
[39] Успаміны былога жаўнера 36-га палка Я.Р. (у зборах аўтара).
[40] Гелагаеў А. Беларускія нацыянальныя... С. 41.
[41] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 58-61, 64-65, 94-98.
[42] Литвин А. Местная вспомогательная полиция... С. 212-227.
[43] Беларускі каляндар. 1944. С. 58.
[44] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 98.
[45] К'яры Б. Штодзённасць за лініяй... С. 179.
[46] З польскіх крыніц вынікае, што партызаны Віленскай акругі АК за перыяд сваёй дзейнасці правялі 12 баёў і ўзброеных сутыкненняў з аддзеламі беларускай паліцыі. Да найбольш удалых атак жаўнераў Віленскай акругі Арміі Краёвай трэба залічыць раззбраенне паліцыйных пастарункаў у Жодзішках (15.08.1943) і Кабыльніку (06.1943). Тым часам партызаны Наваградчыны таксама практыкавалі раззбраенне пастарункаў беларускай паліцыі, у тым ліку - у Івянцы (06.1943), Старыне і Кіслухах (28.06.1943), Дзераўной і Волме (30.06.1943), Засуллі і Рубяжэвічах (03.07.1943) і г.д. Грыбоўскі Ю. Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе "Беларусь" // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2006. Z. 25. S. 149.
[47] Zydowski Instytut Historyczny w Warszawie (ZIH). Sygn.: 301/2551; 301/2991; 301/229; 301/3170; 301/553; 301/6135.
[48] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай... С. 97.
[49] У снежні 1943 г. невялікую групу слуцкіх паліцыянтаў атакавалі большымі сіламі партызаны каля вёскі Заўшчыцы. У выніку былі забітыя і параненыя. Загінуў таксама камандзір групы Логвін. Шнэк С. Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны // Беларускі Рэзыстанс. 2004. № 1. С. 53, 68.
[50] К’яры Б. Штодзённасць за лініяй... С. 203.
[51] Беларуская газэта. 1944. 5 чэрвеня; Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 90.
[52] Асоба У. Фёдарава належыць да вельмі спрэчных. Ён нарадзіўся 20 чэрвеня 1896 г. у Гародні. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У час польска-савецкай вайны, а таксама ў першыя пасляваенныя гады належаў да паланафільскага лагера ў беларускім руху. He быў, аднак, актыўным яго ўдзельнікам. Вядомы сваімі авантурамі ў 1920-я г., якія заканчваліся судовымі справамі. Як вынікае з яго ўласнаручнага жыццяпісу, з 1939 г. Фёдараў жыў у Львове, дзе працаваў праўнікам. BArch. Sygn.: NS 19/3140. S. 2.
[53] BArch. Sygn.: NS 19/3140. S. 1.
[54] Шырэй: Літвін A. Беларуская Самаахова: да пытання стварэння і дзейнасці // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. 1998. № 2.
[55] BArch. Sygn.: R 6/165. S. 19.
[56] Ibid. S. 21.
[57] Ibid. S. 30.
[58] Соловьев A. Белорусская центральная рада. Созданне. Деятельность. Крах. Минск, 1995. С. 155.
[59] Екабсонс Э. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940-1945) // Беларускі Гістарычны Агляд. 2007. Сш. 2(25). Т. 13. С. 218.
[60] 31 ліпеня быў выдадзены загад аб расфармаванні 60-га батальёна, у жніўні - 66, 67 і 68-га батальёнаў, 30 жніўня - 36-га палка, у кастрычніку - 6-га і 65-га батальёнаў. Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 247.
[61] ВА-МА. Sygn.: N 756/197а. Vol. 1.
[62] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 102.
[63] Munoz A. J. Forgotten Legions: Obscure Combat Formations of the Waffen-SS. New York, 1991. S. 261.
[64] 3 жніўня 1944 г. y 3-i батальён 4-га палка былі залічаныя: гаўптштурмфюрэр Міхась Сірафімовіч (былы камандзір 23-га батальёна БКА), оберштурмфюрэр Юліян Мірановіч (23-і батальён БКА), унтэрштурмфюрэр Янка Гралеўскі, унтэрштурмфюрэр Уладзімір Мяснік (БКА), унтэрштурмфюрэр Лявон Касераў (БКА). Пазней камандзірамі звязаў былі прызначаны: Касераў- у 12-й роце і Гралеўскі - у 11-й роце. Апрача таго, у іншай роце 3-га батальёна камандзірам звязу быў нейкі унтэрштурмфюрэр Качан. ВА-МА. Sygn.: RS 3/30. Т. 2.
[65] Згодна з успамінамі некаторых відавочцаў, гэта былы намеснік камандзіра БКА капітан Віталь Мікула. Ён быў залічаны ў 4-ы (пазней 76-ы) полк дывізіі ў якасці перакладчыка. Тады ён меў званне гаўптшарфюрэра. У гэтым жа палку знаходзіліся былыя лейтэнанты БКА: Канстанцін Hop (унтэрштурмфюрэр), Уладзімір Мяснік і Мікалай Каржанеўскі.
[66] Ф. Кушаль сцвярджае, што негатыўнае стаўленне камандзіра 30-й дывізіі СС знайшло сваё адлюстраванне ў яго адмове залічыць у дывізію ў якасці камандзіраў групу афіцэраў-беларусаў з 16 чалавек. Гл.: Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 101-102.
[67] ВА-МА. Sygn.: RS 3/30. Т. 2; Ibid. N 756/197а. Fol.l.
[68] ВА-МА. Sygn.: N 756/197а. Fol.l.
[69] Munoz A. Forgotten Legions... S. 261.
[70] Романько 0. Коричневые тени... С. 272.
[71] Іншыя крыніцы падаюць, што гэта адбылося ў 2-м батальёне 1-га палка і 1-м батальёне 2-га палка.
[72] Звесткі наконт фізічнага знішчэння жаўнераў, якія бралі ўдзел у бунце, патрабуюць дадатковай верыфікацыі. У сувязі з нямецкімі рэпрэсіямі ў 30-й дывізіі ў беларускай эміграцыйнай літаратуры нярэдка сярод ахвяраў згадваецца прозвішча Віталя Мікулы. Паводле версіі Ф. Кушаля, ён быў арыштаваны за нелаяльнасць і адасланы ў канцэнтрацыйны лагер Дахаў, дзе знішчаны. Дасюль, аднак, няма грунтоўных доказаў, якія б пацвярджалі гэты факт. Насамрэч лёс Мікулы дасюль ахутаны таямніцай. Невядома, ці меў Мікула дачыненне да жнівеньскага бунту ў 1-м і 2-м палках, паколькі ён тады служыў у 4-м палку. След гэтага беларускага афіцэра губляецца напрыканцы 1944 г., але адначасова вядома, што прынамсі яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка 1944 г. ён быў жывы і лічыўся на пасадзе супрацоўніка-карэспандэнта Статутнай камісіі Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР. Аднак ужо ў студзені 1945 г. група афіцэраў 1-га кадравага батальёна БКА ў Берліне дамагалася ад нямецкіх уладаў і ВЦР высвятлення яго лёсу. Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 130; За дзяржаў-ную незалежнасьць Беларусі. Лондан, 1960. С. 131; НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 7.
[73] ВА-МА. Sygn.: N 756/197a-b.
[74] ВА-МА. Sygn.: N 756/197а. Fol.l; Ibid. N 756/197b.
[75] Езовитов К. Воспоминания // Неман. 1993. № 3. С. 151.
[76] ВА-МА. Sygn.: N 756/197a. Fol. 1.
[77] Ibid. N 756/1975.
[78] Munoz A. Forgotten Legions... S. 265.
[79] BA-MA. Sygn.: N 756/1975.
[80] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11.А. 28-29.
[81] BA-MA. Sygn.: RS 3-30/5.
[82] Bishop C. Zagraniczne formacje SS... S. 156; Романько О. Коричневые тени... С. 268-269.
[83] BA-MA. Sygn.: RS 3/30. T. 5.
[84] Ibid. T. 3.
[85] Акула К. Змагарныя дарогі. Таронта - Мюнхэн, 1962. С. 159; Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. С. 61-68; Навара П. Кароткія ўспаміны // Голас часу. 1994. № 31. С. 35.
[86] Шырэй: Grzybowski J. Bialorusini w polskich formacjach wojskowych w latach 1918-1945. Warszawa, 2007.
[87] Munoz A. Forgotten Legions... S. 277.
[88] BA-MA. Sygn.: 756/197a.
[89] Juergen T. Wen Sie verderben wollen. Bericht des grossen Verrats. Stuttgart, 1952. S. 403.
[90] Окороков А. Антисоветские воинские формирования в годы 2-й мировой войны. Москва, 2000. С. 145-147.
[91] Munoz A. Forgotten Legions... S. 277.
[92] Окороков A. Антисоветские воинские... С. 145-147.
[93] Баханчык A. Прагу вызвалялі двойчы. Першымі былі беларусы // Пагоня. 1998. 7 траўня.
[94] Окороков А. Антисоветские воинские... С. 157.
[95] Баханчык А. Прагу вызвалялі двойчы. Першымі былі беларусы // Пагоня. 1998. 7 траўня.
[96] За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лондан, 1960. С. 128.
[97] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 49.
[98] Тамсама. Л. 277; За дзяржаўную незалежнасьць... С. 129.
[99] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 314.
[100] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 7, 45.
[101] За дзяржаўную незалежнасьць... С. 179; НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 20.
[102] Тамсама. А. 67.
[103] За дзяржаўную незалежнасьць... С. 180-181.
[104] Шырэй: Grzybowski J. Bialorusini w polskich regularnych formacjach wojskowych w latach 1918-1945. Warszawa, 2007.
[105] НАРБ. Ф. 383. Bon. 1. Cnp. 2. A. 148.
[106] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 6. А. 120.
[107] Тамсама. А. 121.
[108] Тамсама. А. 122.
[109] Тамсама. А. 135.
[110] Раніца. 1945. 7 студзеня.
[111] Туронак Ю. Людзі СБМ. Вільня, 2006. С. 159.
[112] За дзяржаўную незалежнасьць... С. 171, 179-182.
[113] ВА-МА. Sygn.: N 756/98а.
[114] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 210.
[115] BA-MA. Sygn.: N 756/98a.
[116] Ibid.
[117] Вініцкі А. Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох. Мінск, 1994. С. 50-51.
[118] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 152-153.
[119] Klietmann K. Die Waffen-SS. Eine Dokumentation. Osnabruck, 1965. S. 272; Mehner K. Die Waffen-SS und Polizei 1939-1945. Fuhrung und Truppe. Norderstedt, 1995. S. 253-254.
[120] За дзяржаўную незалежнасьць... С. 182-183.
[121] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11а. A. 52.
[122] 122 Тамсама. А. 62-63.
[123] Gdanski J. Zapomniani zolnierze... S. 75.
[124] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 233-313.
[125] НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11a. A. 20.
[126] За Незалежнасьць. Тыднёвы дывізійны лісток для беларускіх добраахвотнікаў. 1945. 1 крас. С. 3.
[127] Тамсама. С. 1.
[128] Соловьев А. Белорусская центральная рада... С. 81.
[129] Вядома, што ў Італіі ў 1944 г. нядоўгі час знаходзілася 3-я рота 13-га беларускага батальёна СД. Яе асабовы склад кватараваў у ваколіцах Трыеста. Акрамя таго, у 1944-1945 г. у складзе 10-й нямецкай арміі дзейнічаў аддзел беларускіх камандас на чале з Юрыем Вежанам. Заданнем гэтага аддзела быў пераход дробнымі групамі лініі фронту і далучэнне да 2-га Польскага корпуса з мэтай правядзення там падрыўной працы сярод польскіх вайскоўцаў беларускай нацыянальнасці. Ёсць таксама непацверджаная інфармацыя наконт 1000-асабовага беларускага батальёна, які ў 1943 г. быў сфармаваны беларускімі эмігрантамі ў Нямеччыне і накіраваны на італьянскі фронт. Магчыма, у гэтым выпадку мелася на ўвазе фармаванне Вежана.
[130] ВА-МА. Sygn.: 756/98a.
[131] Кушаль Ф. Спробы стварэньня... С. 120-121, 124.
[132] Плющев Б. Генерал Мальцев. Сан-Францнско, 1982. С. 88-89.
[133] Шырэй: Loftus J. The Belarus Secret. New York, 1982.
[134] Munoz A. Fgotten Legions... S. 369.
[135] Романько O. Коричневые тени... С. 287.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291890750 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network