публикация №1291890134, версия для печати

Метады акупацыі на Беларусі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291890134)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by




Стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм
Карныя акцыі і канфлікт Кубэ з СС
Рэванш Кубэ і развязка канфлікту

Стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм

Розенберг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Украіны - апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розенберга - камісары Кох і Кубэ - не падзялялі сімпатый свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сітуацыя выглядала парадаксальна. Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцця. Між іншым, ён заваліў праект Розенберга па адкрыцці украінскага універсітэта ў Кіеве. Ён поўнасцю ігнараваў сімпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазіцыя, а ўвосень 1942г. з'явілася падпольная Украінская паўстанчая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасць, парушаючы інструкцыі ОМІ. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розенбергам [1].

На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозненне ад Коха ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцця прыхільнасці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваныя, а іх зямля і інвентар перайшлі ў сямейны ўжытак сялянаў у рамках т. зв. зямельных кааператываў [2]. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розенберга: паводле міністэрскага дэкрэта, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.

Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцця. Ён імкнуўся да стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы, незалежнай ад рускіх уплываў [3]. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасць беларускага экзархата ГрэкаКаталіцкай Царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.) [4]. Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-Каталіцкай Царквы [5].

Вільгельм Кубэ.
Генеральны камісар Беларусі.

Гэтым, бадай што, і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыццё прыхільнасці сярод насельніцтва. Асабліва вялікае супраціўленне Розенберга выклікалі спробы стварэння ў Мінску цэнтральнага органа беларускага самакіравання. Усе адміністрацыйна-гаспадарчыя заданні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэнне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараванне справы беларускай дзяржаўнасці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражанне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зверху дырэктывы да мясцовых спецыфічных умоваў [6]. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяння. У сваю чаргу гэткія самыя паўнамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым - акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэнне так званай мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэнне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і Генеральным камісарыятах. Такая сістэма давала магчымасць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасць органаў мясцовай адміністрацыі.

Улетку 1942 г. становішча ў Беларусі карэнным чынам змянілася. З аднаго боку, гэта было звязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога - Галоўнае ўпраўленне бяспекі Рэйха акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытанне распачало т. зв. "польскую кампанію" [7]. I хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленні польскага падполля ў Остландзе і ва Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі [8], удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу - супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва ў Беларусі. Паводле ацэнкі намесніка генеральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла "катастрафічнае" развіццё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанах [9].

Савецкі партызанскі рух набываў пагрозлівыя памеры. Вынішчэнне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзей Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрознівалася ад украінскай сітуацыі, дзе з мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж не вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ "Да жыхароў Беларусі", апублікаваная ў верасні 1941 г., y якой дэкларавалася свабоднае развіццё краю, толькі кампраметавала ў вачах грамадства яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеянні акупацыйных уладаў аніяк не пацвердзілі тых абяцанняў. Пагэтаму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных уступак ён не зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы берлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся з Лёзэ.

Галоўная Рада БНС, ліпень 1942.
Сядзяць (злева): Іван Касяк, Певел Свірыд, архіепіскап Філафей, Іван Ермачэнка, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскіб Вацлаў Іваноўскі

Арганізацыйнай апорай у ажыццяўленні намераў Кубэ павінна была стаць БНС - зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадская арганізацыя ў Беларусі. З цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі грамадская апека і ахова здароўя, тым не менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасці, між іншым, на адкрыццё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэнне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцый, распаўсюджванне друкаваных выданняў і г. д. Паступова дзейнасць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі - пачынаючы з валасных упраў аж да Генеральнага камісарыята ўключна. Тэндэнцыі да стварэння Галоўнай Рады БНС, паводле задумы - цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абраная 26 студзеня 1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацверджанай [10].

Неўзабаве становішча БНС істотна змянілася. 29 чэрвеня Кубэ "дзеля забеспячэння плённага ўдзелу беларусаў у кіраванні краем" надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званне дарадчыка і Мужа даверу "беларускага народу, прадстаўніком якога з'яўляецца БНС". Ен абвясціў, што прызаве яшчэ трох Мужоў даверу на службу ў Генеральным камісарыяце і па адным - на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясціў стварэнне т. зв. беларускага Вольнага корпуса Самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яго шэрагі [11]. Праз два-тры тыдні ў Беларусі быў створаны інстытут Мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі [12]:

Генеральны камісарыят, аддзелы:
палітыкі - Іван Ермачэнка;
школьніцтва -Яўхім Скурат;
культуры - Іван Касяк;
прэсы і прапаганды - Антон Адамовіч.

Акруговыя камісарыяты:
Мінск (акруга) - Юліян Саковіч;
Баранавічы - Юры Сабалеўскі;
Наваградак - Барыс Рагуля;
Ліда - Рыгор Зыбайла;
Слонім - Аляксандр Сівец;
Ганцавічы - Сокал-Кутылоўскі;
Вілейка - Аляксандр Калодка;
Барысаў - Станіслаў Станкевіч;
Глыбокае - ?
Слуцк-?

Іван Ермачэнка.
Старшыня Беларускай народнай самапомачы (пасляваенны здымак).

У новай сітуацыі Кубэ дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале з Ермачэнкам [13]. Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя - усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых радах. Такім чынам, у Беларусі быў створаны цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя ўступкі. Было арганізаванае Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, жаночая ліга, беларускі судовы апарат. Выдадзены дазвол на ўжыванне нацыянальных сімвалаў - беларускіх штандараў і герба Пагоні. Арганізаваны Цэнтральны кааперацыйны саюз, які падпарадкоўваўся БНС [14]. У верасні выйшла ў свет распараджэнне Кубэ аб змене адміністрацыйнай тэрміналогіі. У адпаведнасці з ім раёны перайменавалі ў паветы, а бургамістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, валасцей, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генеральны камісарыят дазволіў адкрыццё гімназій. Вяліся перагаворы наконт адкрыцця універсітэта ў Мінску [15].

Кубэ надаваў вялікае значэнне прапагандзе прынцыпаў сваёй палітыкі ў беларускім і нямецкім друку. Пагэтаму ён запрашаў з Нямеччыны ў Мінск шматлікіх журналістаў, сачыў, каб адпаведныя карэспандэнцыі і інтэрв'ю своечасова траплялі на старонкі газет [16]. Гэтыя яго прынцыпы можна рэзюмаваць наступна: ва ўмовах, свабодных ад польскай і расійскай палітычнай дамінацыі, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ займеў шанц за кароткі гістарычны перыяд запоўніць прабелы ў развіцці нацыянальнай самасвядомасці. Дзейнасць акупацыйнай адміністрацыі ў галіне палітыкі скіраваная на тое, каб паскорыць гэты працэс, перамагчы чужацкія ідэалагічныя наносы і ўзмацніць уласна-беларускі нацыянальны элемент. Гэтай мэце павінны былі паслужыць развіццё школьніцтва, культуры, праца сярод моладзі. Новы шлях развіцця зможа прывесці Беларусь да еўрапейскай супольнасці дзяржаў і народаў. Генеральная акруга Беларусь, сцвярджаў далей Кубэ, павінна не толькі выконваць адміністрацыйныя заданні, прадыктаваныя ваеннай неабходнасцю, ёй "наканавана стаць Айчынай для беларускага народу". Пагэтаму беларускі народ з'яўляецца "ў пэўнай ступені дзяржаўным народам" [17]. Невыпадкова праз год шэф СД у Мінску Эдуард Штраўх абвінаваціў Кубэ ў тым, што ён свядома падтрымліваў курс на стварэнне беларускай дзяржавы з Ермачэнкам як яе прэм'ерам [18]. У атмасферы эйфарыі, выкліканай уступкамі Кубэ, пад канец ліпеня 1942 г. y Мінску адбыўся чатырохдзённы з'езд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. На ім адзначалася, што за кароткі час БНС змяніла характар сваёй дзейнасці і з першапачатковай сціплай дабрачыннай арганізацыі ператварылася ў агульнакраёвую ўстанову, якая зграмадзіла ў сваіх руках школьніцтва, культурную дзейнасць, прапаганду, палітыку, справы самааховы і перайшла да кіравання гаспадарчым жыццём, адраджэння краю і т. п. "Як відаць з гэтага, - сцвярджалася ў справаздачы з'езда, - БНС сталасяцэнтрам пачынанняў усяго беларускага жыцця, і яна ж стаецца яго галоўным кіраўнічым штабам". Пагэтаму з'езд патрабаваў змяніць статут БНС і дабіцца фармальнага прызнання яе самаўрадавых паўнамоцтваў. У сваёй заключнай прамове Ермачэнка так акрэсліў матывы ўсіх гэтых пачынанняў:

Карл Цэнэр.
Брыгадэнфюрэр СС

Гэтае натхненне і ўздым сведчаць аб тым, што беларускі народ выяўляе сваю волю да самастойнага жыцця і поўнага адраджэння свайго краю ды пераможа ўсе перашкоды, якія стаяць на дарозе да рэалізацыі гэтае мэты [19].

Найважнейшым, хоць, несумненна, не адзіным матывам у дзейнасці Кубэ было стварэнне беларускіх узброеных сілаў для барацьбы з савецкімі партызанамі. Кубэ апублікаваў гэты праект 29 чэрвеня. Варта разгледзець яго болын падрабязна: па-першае, ён нарадзіўся пасля таго як пацярпелі няўдачу ўсе ранейшыя беларускія і нямецкія спробы па стварэнні вайсковых часцей у Беларусі. А па-другое, гэты праект на два месяцы апярэдзіў дырэктыву Гітлера № 46 ад 18 жніўня 1942 г., якую Кубэ атрымаў у канцы жніўня - яна давала дазвол на разбудову мясцовых антыпартызанскіх фармаванняў [20]. Не менш цікава выглядае і той факт, што ў першай палове чэрвеня Кубэ і SSPF Цэнэр сфармулявалі свае прапановы па барацьбе з партызанамі, пры гэтым ні адзін, ні другі яшчэ не згадвалі пра беларускія фармаванні. Такім чынам, рашэнне аб іх стварэнні нарадзілася толькі ў апошнія дні чэрвеня 1942 г. [21].

Дапушчальна, што Кубэ прыняў рашэнне аб арганізацыі Вольнага корпуса Беларускай самааховы (далей - БСА) без згоды Гімлера ці Розенберга. Гімлер яшчэ ў траўні лічыў, што праект стварэння літоўскіх, латышскіх і эстонскіх часцей СС хоць і вельмі спакуслівы, але небяспечны. Паказальна, што пры гэтым ён не згадваў беларускіх часцей. Нарэшце, у чэрвені Гімлер пагадзіўся з пэўнымі агаворкамі на фармаванне латышскіх і эстонскіх легіёнаў, якія павінны былі падначальвацца HSSPF Остланда - Екельну. Магчыма, улады Остланда палічылі, што гэтай падставы дастаткова, каб стварыць падобныя часці і ў Беларусі. Паводле інфармацыі Кубэ, прызыў беларусаў да зброі адбыўся са згоды Лёзэ [22].

Радаслаў Астроўскі.

Не было яснасці не толькі з фармальным дазволам на стварэнне беларускіх часцей - пад пытальнікам заставаліся іх велічыня і структура. Кубэ абвясціў, што гэта будзе Вольны корпус (Freikorps). Паводле нямецкай традыцыі, гэта былі атрады добраахвотнікаў, без строга акрэсленай колькасці байцоў. Затое ў кіраўніцтве БНС гэта ўспрынялі як намер стварыць армейскі корпус (Armee-Korps) - у многіх краінах гэта была найбуйнейшая вайсковая адзінка, якая звычайна складалася з трох дывізій. Пры агранізацыі БСА гэта выклікала вялікія непаразуменні. Шмат клопату нарабіла і другая праблема: каму павінны падпарадкоўвацца гэтыя часці? 29 чэрвеня Кубэ даручыў іх фармаванне Ермачэнку і адначасова папярэдзіў, што яны будуць падпарадкоўвацца камандзіру СС і паліцыі ў Беларусі [23]. Ніякіх іншых дэталяў ён не зазначыў - іх распрацоўкай павінна было заняцца кіраўніцтва БНС.

Паводле даручэння Ермачэнкі праект арганізацыі корпуса БСА апрацаваў маёр Францішак Кушаль, які дагэтуль быў камендантам вучэбных курсаў беларускай паліцыі ў Мінску. У праекце прадугледжвалася стварэнне корпуса ў складзе трох дывізій разам з дапаможнымі службамі. Размясціцца ён павінен быў наступным чынам: у Мінску - штаб корпуса і адна дывізія, яе аперацыйная зона ахоплівала Мінскую і Слуцкую акругі; другую дывізію планавалася раскватараваць у Баранавічах (акругі Баранавіцкая, Наваградская і Слонімская), трэцюю - у Вілейцы (акругі Вілейская, Лідская і Глыбоцкая) [24]. Гэты праект Ермачэнка падаў Цэнэру, які 15 ліпеня выдаў загад на стварэнне корпуса БСА. Галоўным яго камендантам быў прызначаны Ермачэнка, які сіламі БНС павінен быў арганізаваць набор добраахвотнікаў і забяспечыць іх харчам, жыллём і абмундзіраваннем. Для ажыццяўлення гэтых задач Ермачэнка атрымаў права на стварэнне ў рамках БНС вайсковай камісіі (аддзела) і прызначэнне акруговых камендантаў БСА. Загад Цэнэра прадугледжваў стварэнне ў кожным раёне адзінкі БСА сілаю ад роты да батальёна. Нямецкая паліцыя павінна была забяспечыць іх зброяй і кіраваць вучэбнай падрыхтоўкай і аперацыйнай дзейнасцю [25].

Генрых Лёзэ.
Галоўны камісар Райхскамісарыяту "Остланд"

Пасля вайны Кушаль пісаў, што загад гэтпы зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражанне. З яго ясна вынікала, штпо роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася тполькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, заквартараваць і накарміць, а рэштпа належала ўжо да немцаў [26].

Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасля атрымання загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штаба БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуцьку. У канцы ліпеня ён склікаў з'езд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў план забеспячэння войска харчам, абмундзіраваннем і жыллём. На пачатку жніўня ў Мінску адкрыліся афіцэрскія курсы, камендантам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вілейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадах адкрыліся падафіцэрскія курсы [27].

Пытаннем спрэчным, але і асабліва цікавым з'яўляецца вярбоўка ў БСА: паводле праекта, яна павінна была весціся згодна з прынцыпам добраахвотнасці. Савецкія крыніцы сцвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, пагэтаму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціўленне партызанаў і мірнага насельніцтва пазбавіла яе плёну [28]. Але сучасныя крыніцы не пацвярджаюць такіх ацэнак. Як падаваў Кушаль, паведамленне пра стварэнне БСА выклікала ў насельніцтва "надзвычайны энтузіязм" і перакананне, што ёй удасца знішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска [29]. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што не ўсе з іх маглі быць прынятыя [30]. Аднак гэтыя выказванні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасць аўтараў і звязаную з гэтым схільнасць да перабольшанняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў [31]. Напэўна, частка з іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе [32]. З паведамленняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасці [33].

Курт фон Готберг.
Кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі, пасля смерці Кубэ выконваў абавязкі генеральнага камісара Беларусі

Праект стварэння корпуса БСА, нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненне вышэйшых нямецкіх паліцэйскіх уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысць можа прынесці ўзмацненне антыпартызанскіх сілаў у Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацавання палітычнай пазіцыі Ермачэнкі, якога лічылі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекта. У канцы ліпеня шэф СД Остланда паведамляў Лёзэ:

У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інспіруюць стварэнне "беларускага легіёна" з беларускім камандаваннем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармавання БСА, развівае ў гэтпай галіне актпыўнасць, характпэрную для планаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Мінску звязвае са (стварэннем) Самааховы. Прымаюцца захады, каб забяспечыць будучыя часці Самааховы адзіным абмундзіраваннем і ўзбраеннем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазней, пасля правядзення першых аперацый, мець права выстаўляць свае патрабаванні [34].

Такім чынам, пазіцыя паліцэйскіх уладаў Остланда адлюстроўвала палітычны пункт гледжання, згодны з прынцыпамі Гімлера, які можна трактаваць як неадабрэнне дзеянняў Кубэ не толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Пагэтаму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі ў Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, дзейнічаў, кіруючыся ўказаннямі Екельна, ён адразу ж пачаў выпраўляць "памылкі" свайго папярэдніка: у верасні Ермачэнку пазбавілі тытула галоўнага каменданта БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо паспелі сфармавацца, не далі зброі - ім прапанавалі перайсці на статус паліцэйскіх батальёнаў (Schutzmanannschaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаванне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі - перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасць [35].

Праблема, па сутнасці, зводзілася да таго, каб захаваць у часцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissrurhenischer Selbstschuts) - г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцэйскіх батальёнах (Schutzmannschaften) пад камандаваннем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненне лідэраў БНС забяспечыць адасобленасць часцей Самааховы, бо гэта адпавядала яго ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова звяртаўся да Лёзэ з просьбаю забяспечыць беларускія атрады зброяй і хадайнічаць у гэтай справе перад камандаваннем Вермахта, Розенбергам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызанаў, і падкрэсліваў, што "як мага хутчэйшае ўзбраенне беларускіх добраахвотнікаў - першачарговая задача ў барацьбе з бандамі" [36].

Вацлаў Іваноўскі.
Бургамістар горада Мінска падчас нямецкай акупацыі.

Рэальны рост партызанскай актыўнасці быў самым важкім аргументам у гэтай спрэчцы - праігнараваць довады "беларускага гаўляйтэра" было не так лёгка.

Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцэйскія ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што "ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва" [37], а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцэйскія батальёны. Пра гэта сведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёна № 49 - першага фармавання такога тыпу на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, стварэнне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. [38]. Пагэтаму- насуперак уласнаму нежаданню і агаворкам - давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы оектар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасцю акруговых і павятовых рэферэнтаў БНС па справах Самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля дваццаці батальёнаў БСА і некалькі меншых падраздзяленняў [39]. Аднак цяжка акрэсліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся не толькі мясцовым рэферэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым не менш у некаторых акругах часці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаванні [40].

Але гэтая "незалежнасць" стварала немалыя праблемы. Паліцэйскія ўлады, не маючы да іх даверу, адмаўляліся забяспечваць беларускія атрады абмундзіраваннем, пагэтаму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ва ўласнай вопратцы - знешне яны мала чым адрозніваліся ад партызанаў [41]. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часцям БСА выдалі невялікую колькасць зброі. Гэта не вырашала пытання з узбраеннем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдатаў. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Мінскай акругі [42]. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сітуацыю ў Слонімскай акрузе, падае нават цэны, у якіх рабіліся такія здзелкі. Так, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдатаў, што вярталіся з фронту, каштаваў дзевяць кілаграмаў саланіны і пяць літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават... у савецкіх партызанаў - за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, зазначае далей Хмара, адзін са слонімскіх батальёнаў наўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты [43].

Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Крыніцы:
[1] Reitlinger G. The house built on sand... P. 157.
[2] Reichsminister Rosenberg über die Arbeit in den befreiten Ostgebieten // Völkischer Beobachter. 14.06.1942. № 165; Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574952; Факторович А. Крах аграрной политики... C. 69.
[3] А[панас] М[артас]. Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнае Беларускае Царквы. Нямеччына, 1948. C. 48 i далей.
[4] Раніца. 17 траўня 1942. № 18 (82).
[5] Раніца. 11 кастрычніка 1942. № 38 (102).
[6] Bengtsson H. Das unbekannteste Volk Europas // Preussische Zeitung. August 1942. № 237.
[7] Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574951.
[8] Teilnahme der polnischen Widerstandsbewegung am Partisanenkampf // Meldungen... № 11. 10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724561.
[9] Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574951.
[10] Раніца. 15 сакавіка 1942. № 9 (73). Імя Астроўскага значылася ў спісе Рады (у якасці намесніка аднаго з членаў), але Кубэ і Ермачэнка не маглі з гэтым пагадзіцца. Гэта была не адзіная прычына таго, што Раду не зацвердзілі. Магчыма, у студзені 1942 г. Кубэ лічыў, што для гэтага яшчэ не прыйшла пара.
[11] Беларуская газэта. 8 ліпеня 1942. № 48 (68); Раніца. 26 ліпеня 1942. № 28 (92).
[12] Беларуская газэта. 12 ліпеня 1942. № 49 (69); Раніца. 18 ліпеня 1942. № 28 (92) і 16 жніўня 1942. № 30 (94); Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах... С. 88.
[13] У склад Галоўнай рады БНС уваходзілі: старшыня - I. Ермачэнка, сябры: А. Адамовіч, кс. В. Гадлеўскі, Грынкевіч, С. Кандыбовіч, У. Казлоўскі, архіепіскап Філафей Нарко, Мікалаевіч, Я. Найдзюк, Ю. Саковіч, А. Сянкевіч, П. Свірыд: Раніца. 6 верасня 1942. № 33 (97).
[14] Раніца. 12 ліпеня 1942. № 26 (90); 23 жніўня 1942. № 34 (95); 6 верасня 1942. № 33 (97); Bräutigam О. Überblick über die besetzten Ostgebiete wahrend des 2 Weltkrieges. Tübingen, 1954. S. 64.
[15] Беларуская газэта. 13 жніўня 1942. № 58 (78); [Мемарыял д-ра Крафта, кіраўніка Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg y Мінску], 12.12.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R.21/1293.
[16] Летам і восенню 1942 г. y нямецкім друку было апублікавана багата артыкулаў, прысвечаных Беларусі. Частка з іх была перадрукаваная ў выданым РКО зборніку "Auf Informationsfahrt im Ostland" (Riga, 1944). Гл. таксама: "Berliner Börsenzeitung" (22.07.1942), "Das Reich" (28.06.1942), "Preussische Zeitung" (1942. № 237), "Deutsche Post aus dem Osten" (Juli - August 1942), "Völkischer Beobachter" (19.07.1942), "Deutsche Zeitung im Ostland", "Ostland" (Riga), "Minsker Zeitung", "Nation und Staat" (Oktober 1942) i інш.
[17] Bengtsson H. Das unbekannteste Volk Europas // Preussische Zeitung. August 1942. № 237; ube W. Ein Jahr Zivilverwaltung // Deutsche Zeitung im Ostland. 30.08.1942. № 237; Kube W. Aufbau in Weissruthenien // Deutsche Zeitung im Ostland. 31.08.1943. № 238.
[18] [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З. S. 81-82.
[19] Раніца. 16 жніўня 1942. № 30 (94).
[20] Weisung № 46 des OKW, 18.08.1942 // Müller N. Okkupation-Raub-Vernichtung. Dokumente zur Besatzungspolitik der faschistischen Wehrmacht auf sowjetischem Territorium 1941-1944. Berlin, 1980. S. 131. 23.08.1942 Розенберг пераслаў гэтую дырэктыву Лёзэ і Коху: AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 94/435.
[21] [Ліст Кубэ да Лёзэ], 12.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 21/609; [Ліст Цэнэра да Екельна], 13.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601816.
[22] [Ліст Кубэ да Лезэ], 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 39/436.
[23] Беларуская газэта. 8 ліпеня 1942. № 48 (68).
[24] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. Менск, 1999. С. 44.
[25] Тамсама. С. 44-45.
[26] Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска... С. 44-45.
[27] Тамсама. С. 45-50; Раніца. 23 жніўня 1942. № 31 (95); 30 жніўня 1942. № 32 (96); 27 верасня 1942. № 36 (100); 15 лістапада 1942. № 43 (107).
[28] Всенародное партизанское движение... Т.1. С. 675.
[29] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 44.
[30] Езавітаў К. Толькі зброяй здабудзем незалежнасьць // Раніца. 29 лістапада 1944. № 50 (212).
[31] [Ліст Кубэ да Лёзэ], 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 39/436.
[32] [Справаздача "Евы" аб падарожжы ў Мінск]. AAN. 203/VII-45. К. 23. Паездка адбылася ў ліпені 1942 г.
[33] Раніца. 6 верасня 1942. № 33 (97); 4 кастрычніка 1942. № 37 (101).
[34] [Ліст камандзіра Sipo i СД Остланда да Лёзэ], 29.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 39/301.
[35] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 49-54.
[36] [Лісты Кубэ да Лёзэ], 16.09.1942, 18.091942, 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 30/797-800 i R. 39/436.
[37] "...der Gedanke des "weissruthenischen Selbstschutzes" gegen das Bandenunwesen tatsächlich einen relativ Breiten Resonanzboden bei Teil der einheimischen Bevölkerung gefunden habe": Meldungen... № 29. 13.11.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 236/2725126.
[38] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 55-58.
[39] Тамсама. С. 52.
[40] Цікавую інфармацыю падае на гэты конт Кіслы, слонімскі гарадскі старшыня, у сваім лісце ў акруговы камісарыят ад 12.03.194З г.: "...цяпер Самаахова слонімскай БНС ужо не існуе, але калі яшчэ існавала, яна не падлягала паліцэйскай управе...": AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 21/EAP/99/45.
[41] Акула К. Змагарныя дарогі... С. 30.
[42] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 53.
[43] Хмара С. Пад гітляроўцамі // Беларускі голас [Таронта]. Сакавік 1970. № 181.

Карныя акцыі і канфлікт Кубэ з СС

Барацьба з партызанамі - гэта вайна з невядомым праціўнікам, які атаясамліваецца з насельніцтвам. Яна закранае гэтае насельніцтва непасрэдна, без увагі на пазіцыю, занятую ім у барацьбе. Улада звычайна перакладае адказнасць за партызанскія выступленні на плечы навакольнага цывільнага люду. Такім чынам насельніцтва прымушаюць уключыцца ў антыпартызанскую барацьбу, бо ў адваротным выпадку яно само становіцца ахвярай карных мерапрыемстваў. Гэта класічны метад, стасаваны і да Другой сусветнай вайны, і пасля яе, які незалежна ад ваенных аперацый і тэрору як сродкаў запалохвання павінен быў пазбавіць партызанаў апоры ў мясцовага насельніцтва. У залежнасці ад варункаў мэта дасягалася рознымі сродкамі. Адным з самых гуманных была прапаганда, а да найбольш радыкальных належала "ачыстка" пацыфікаванай тэрыторыі ад насельніцтва.

Нямецкія карныя акцыі ў Беларусі савецкая гістарыяграфія часта акрэслівала як "барацьбу з партызанамі і насельніцтвам". У прынцыпе гэта слушная фармулёўка, аднак яна адлюстроўвае толькі вынікі гэтых аперацый, але не іх прычыны: на тэрыторыях, дзе не былі занатаваны выступленні партызанаў, не натавалася і "барацьба з насельніцтвам". У першыя тыдні вайны Гімлер, адказны за належны стан бяспекі, у т. л. і ў Беларусі, даў распараджэнне ахоўным атрадам СС, якія займаліся ачышчэннем новазанятых раёнаў ад чырвонаармейцаў, "селектыўна" паводзіць сябе з мясцовым насельніцтвам. У загадзе, адрасаваным Баху, ад 28 ліпеня 1941 г. ён указваў, што жыхароў, якія ставяцца да Нямеччыны прыхільна, трэба ашчаджаць і нават часткова ўзбройваць, затое супраць насельніцтва, якое падтрымлівае савецкіх марадзёраў і партызанаў, належыць прымаць самыя вострыя меры: мужчынаў - расстрэльваць, дзяцей і жанчын - дэпартаваць, а вёскі - спальваць [44]. Аднак вызначыць дакладна пазіцыю насельніцтва было, па сутнасці, немагчыма, пагзтаму ўжо ўлетку і ўвосень 1941 г. шмат беларускіх вёсак, асабліва тых, што стаялі паблізу ад вялікіх лясных масіваў, было спалена.

Байцы Беларускай самааховы

Актывізацыя дзейнасці савецкіх партызанаў у Беларусі, якая з вясны 1942 г. пачала набываць характар старанна арганізаванай вайсковай аперацыі ў тыле фронту, стварыла цалкам новую сітуацыю, да яе акупацыйныя ўлады не былі падрыхтаваныя. Зрэшты, змяніўся сам характар партызанскага руху: яго ядром сталі перакінутыя з-за лініі фронту спецыяльна падрыхтаваныя атрады Чырвонай Арміі, якія атрымлівалі загады і ўзбраенне з савецкага тылу. Пагэтаму немцы неўзабаве пераканаліся ў непрыдатнасці ранейшых паліцэйскіх мер і прыйшлі да высновы, што весці барацьбу супраць партызанаў трэба іншымі спосабамі.

План Кубэ, інспіраваны Ермачэнкам, грунтаваўся на стварэнні густой сеткі атрадаў Беларускай самааховы, падмацаваных сіламі СС і Вермахта, і, безумоўна, адпавядаў новым задачам антыпартызанскай барацьбы. Паводле задумы, атрады БСА мусілі быць невялікія - ад роты да батальёна ў кожным раёне, мабільныя і, самае галоўнае, настолькі добра зарыентаваныя ў мясцовай сітуацыі, каб распазнаць сапраўдных партызанаў. Для партызанаў гэты план уяўляў рэальную пагрозу, пра што сведчыць іх "фанатычная і бязмежная нянавісць" да атрадаў БСА [45]. Яны мелі перад сабою досвед Прыбалтыкі, дзе мясцовыя паліцэйскія сілы цалкам перакрэслілі шанцы для больш значнага развіцця савецкага партызанскага руху.

Лёзэ падтрымаў план Кубэ, затое Гімлеру ён не спадабаўся, аб чым сведчыла адкліканне Цэнэра і перашкоды, якія ствараліся ў справе ўзбраення беларускіх батальёнаў. У некаторай ступені тут быў прычынаю праектаваны статус БСА: часткова яна была падпарадкавана БНС, а значыць, мела больш самастойнасці, чым паліцэйскія батальёны. Аднак цяжка дапусціць, што гэты фактар, таксама як і боязь празмернага росту беларускага нацыяналізму, адыгрывалі тут болын значную ролю. У тагачасных умовах забяспечыць нямецкі кантроль над БСА не складала асаблівай праблемы. Такім чынам, можна меркаваць, што гэты план Гімлер успрыняў як чарговую спробу ўмяшальніцтва цывільнай адміністрацыі ў кампетэнцыю СС і паліцыі, што і прадвырашыла яго няўдачу. Гімлер спадзяваўся расправіцца з партызаншчынай без якіх-колечы палітычных уступак на карысць беларусам.

Вынікі карных акцый. Павешаны партызан, Мінск 1941 г.

Пазіцыю СС і паліцыі ў адносінах да цывільнай адміністрацыі выдатна ўмацавала дырэктыва Гітлера № 46, якая барацьбу з партызанамі, таксама як і дзеянні на фронце, прызнавала справаю найвышэйшага камандавання, канцэнтравала яе ў руках Гімлера і аддавала ў яго распараджэнне ўсе рэзервовыя сілы Вермахта, СС і паліцыі, каб яшчэ да пачатку найбліжэйшай зімы разбіць асноўныя партызанскія сілы. Меркавалася, што гэтай мэты ўдасца дасягнуць шляхам т. зв. вялікіх карных аперацый: скаардынаваных комплексных акцый на акрэсленых вялікіх абшарах. Гімлер і Герынг спадзяваліся, што падчас правядзення гэтых аперацый вынішчэнне партызанаў удасца спалучыць з рэквізіцыямі хатняй жывёлы і іншых харчовых прадуктаў, а таксама - прымусовым вывазам насельніцтва на працу ў Нямеччыну або ў канцлагеры [46]. Побач з гэтымі дзеяннямі ішлі расстрэлы вясковых жыхароў, якія падазраваліся ў спачуванні або дапамозе партызанам, вынішчэнне яўрэяў, што хаваліся ў лясах, паленне цэлых вёсак і іншыя злачынствы [47].

Паводле савецкіх крыніц, за ўвесь перыяд акупацыі ў Беларусі было праведзена больш за 60 карных экспедыцый, у выніку якіх было знішчана 692 вёскі разам з іх жыхарамі [48]. Паводле няпоўных звестак, пададзеных у Табліцы 11, падчас 28 падобных аперацый ад рук карнікаў загінула звыш 70 тыс. чалавек. Нельга, аднак, падлічыць усе людскія страты, нанесеныя ў час усіх карных экспедыцый, шляхам падваення гэтага ліку, паколькі ў табліцу ўвайшлі ўсе найбуйнейшыя пацыфікацыйныя акцыі. Пагэтаму агульную колькасць забітых, спаленых жыўцом і знішчаных іншым шляхам людзей падчас гэтых акцый у Беларусі з вялікай асцярогай можна ацаніць прыблізна ў юо тыс. чалавек [49].

Першая карная аперацыя на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь мела назву "Зумпфібэр" ("Балотная ліхаманка"). Яна праводзілася з 21 жніўня па 21 верасня 1942 г. пад камандаваннем HSSPF Остланда Екельна. Вынікі яе, паводле рапарта, былі наступныя: спалена 49 партызанскіх лагераў і некалькі вёсак, забіта ў баях 389 партызанаў, 1 274 цывільныя жыхары, якіх западозрылі ў супрацоўніцтве з партызанамі, і 8 350 яўрэяў. Да таго ж "эвакуавана" 1217 чалавек. Такім чынам, усяго было забіта больш за 10 тыс. чалавек, з якіх партызаны не складалі і 4 %.

Вынікі акцыі "Зумпфібэр" былі значна большыя за яе антыпартызанскі эфект. Кубэ высмейваў Екельна, які лічыў гэтую аперацыю за вялікае дасягненне ў барацьбе з партызанскай пагрозай, і адначасова паведаміў Лёзэ, што такія сродкі не толькі перашкаджаюць дзейнасці падначаленага яму мясцовага адміністрацыйнага апарату, але ўвогуле не спрыяюць паляпшэнню стану бяспекі [50]. Забойства нявінных людзей падымала аператыўныя паказчыкі СС, затое падрывала палітыку Кубэ, скіраваную на здабыццё прыхільнасці тутэйшага насельніцтва. Цікава, што яго падтрымаў SSPF Шымана, які пацвердзіў, што вялікая акцыя Екельна мала што дала, бо партызаны паўцякалі [51].І Кубэ, і Шымана адначасова выступілі супраць правядзення такіх аперацый у будучым. У гэтай справе Шымана збіраўся прапанаваць Екельну стварэнне густой сеткі паліцэйскіх базаў, якая ахоплівала б кожны раённы горад. На яго думку, гэтае мерапрыемства дало б куды большы плён у барацьбе з партызанамі [52]. Такім чынам, мінскі шэф СС і паліцыі падтрымаў канцэпцыю Кубэ.
Табліца 1. Вынікі некаторых карных аперацый у БеларусіКодавая назва і месца правядзення аперацыі Дата аперацыі Забіта людзей Узята ў палон Вывезена на працы ў Нямеччыну Рэквізавана свойскай жывёлы (галоў)
усяго У баях
1 2 3 4 5 6 7 8
"Майкэфер-Адлер" Бабруйск - Магілёў 07-08.1942 1500 - - - 3000
"Грайф" Віцебск - Орша 08.1942 1395 - - - -
"Зумп-фібэр" розныя раёны Беларусі 08-09.1942 10013 389 - 1217 67
"Лухс" ваколіцы Лепеля 09.1942 400 - - 300 1415
"Бліц" Віцебск - Полацк 09-10.1942 50О - - - -
"Карлсбад" Барысаў - Орша 10.1942 1051 - - - -
"Нюрнберг" Глыбоцкая акруга 11.1942 3034 798 348 - -
"Фрыда" Барысаўская акруга 11.1942 136 - - 1600 630
"Альберт-II" ваколіцы Рудзенска 11.1942 127 - 10 - -
"Зонэнвэндэ" ваколіцы Магілёва 12.1942 271 105 - - -
"Мюнхен" ваколіцы Радашковіч 12.1942 63 - 6 - -
"Гамбург" Слонімская акруга 12.1942 6172 1674 - - -
"Альтона" Косава - Бытань 12.1942 1032 97 - - -
"Эрнтэфэст-1" Чэрвень - Асіповічы 01.1943 1970 805 34 1308 5330
"Эрнтэфэст-2" ваколіцы Слуцка 01-02.1943 2325 - - 272 -
"Вальдвінтэр" ваколіцы Полацка 01.1943 1627 90 - 2041 8632
"Франц" Чэрвень - Асіповічы 01.1943 2025 1143 - 1000 2400
"Шнэехазэ" ваколіцы Полацка 01-02.1943 877 - - - -
"Вінтэр-цаўбэр" ваколіцы Полацка 02-03.1943 633 - - 200 499
"Горнунг" Слуцкая акруга 02-03.1943 12897 2219 65 - 16700
"Ніксэ" раён возера Чырвонае 02-03.1943 696 - - 100 300
"Фён" ваколіцы Лунінца 03.1943 50О - - 1225 2890
"Доннэркайль" ваколіцы Полацка 03.1943 542 - - 345 -
"Майгэвітэр" Віцебск - Сураж 05.1943 2000 - - - -
"Котбус" Бягомль - Барысаў - Лепель 05-06.1943 12000 - 13000 6087 599 6053 6501
"Герман" Налібокі - Дзяржынск 07-08.1943 - 4280 654 20944 21059
"Фрыц" Глыбоцкая акруга 09-10.1943 509 327 227 11724 35943



* У табліцы ўлічаныя толькі тыя карныя аперацыі, вынікі якіх можна было высветліць на падставе дакументаў. Крыніцы: Meldungen über Bandenbekämpfung. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 124, 236; Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии (1941-1944). Минск, 1965; БелСЭ. Т. 1-12. Минск, 1969-1975; Trials of war Criminal... T. XIII. P. 308.

Гэта была не толькі крытыка бяздарнасці паліцыі і аперацыі Екельна - урэшце, усё сказанае тычылася Гімлера як галоўнага рэжысёра вялікіх карных экспедыцый, і гэта пасля таго, як сам Гітлер перадаў яму найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі. З Шыманай разабрацца было прасцей - ён быў чалавекам гімлераўскага ведамства, пагэтаму неўзабаве яго проста перавялі на ніжэйшую пасаду каменданта паліцыі парадку ў Мінску [53]. З Кубэ затое было не так лёгка, нягледзячы на яго няспынныя выступленні супраць СС. Пасля "нахабных" абвінавачанняў СС у грабяжах мастацкіх твораў у Мінску, пасля ўмяшальніцтва ў справу вынішчэння слуцкіх яўрэяў, пасля "нягодных немца" паводзін з беларусамі [54] і ўмяшальніцтва ў кампетэнцыю СС і паліцыі пры арганізацыі БСА, Кубэ цяпер выступіў супраць масавых забойстваў цывільнага насельніцтва і спальвання вёсак. Выступіў акурат тады, калі Гімлер збіраўся зрабіць гэтыя акцыі сталым элементам усіх вялікіх карных аперацый, і пры гэтым яшчэ сцвярджаў (што ўжо выглядала як іронія), быццам у сувязі з антыпартызанскімі экспедыцыямі ў Беларусі пагоршыліся гігіенічныя варункі і ўзнікла небяспека эпідэміі [55].

Такім чынам, у барацьбе супраць партызанскага руху ў Беларусі абазначыліся два напрамкі, пачалася вайна за метады, якімі яна павінна была весціся, множыліся ўзаемныя папрокі і абвінавачанні паміж цывільнай адміністрацыяй і СС у бяздарнасці і няўмельстве. Спакою на будучыню гэта не варажыла, тым больш што Кубэ выразна ігнараваў патрабаванні Бергера - гімлераўскага стаўленіка ў ОМі, які яшчэ зусім нядаўна катэгарычна і "ў апошні раз" дамагаўся, каб цывільная адміністрацыя на Усходзе не ўмешвалася ў кампетэнцыі рэйхсфюрэра СС [56]. Пагэтаму, калі ў кастрычніку Лёзэ з'явіўся ў Берліне, Бергер высветліў імгненна, што ён збіраецца разам з Розенбергам пайсці да Гітлера, каб абвінаваціць паліцыю ў няздатнасці весці барацьбу з партызанамі і прапанаваць поўнасцю падпарадкаваць яе цывільным уладам [57]. Бергер здабыў нават дакументацыю з выступлення Лёзэ і перадаў яе Гімлеру. Праз месяц ён адкрыта раіў свайму шэфу правесці чыстку сярод высокіх чыноў цывільнага кіраўніцтва на Усходзе, якія выяўляюць ва рожасць да СС [58]. Аднак Гімлер, нягледзячы на магутную ўладу і не меншае жаданне, не мог скінуць Кубэ з пасады генеральнага камісара Беларусі, на якую яго прызначыў сам Гітлер. Затое, маючы найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі, ён мог дзейнічаць іншым шляхам.

Неўзабаве пасля таго, як Лёзэ наведаў Берлін, Гімлер выдаў шэраг важных распараджэнняў, якія мелі сур'ёзны ўплыў на далейшыя падзеі. 23 кастрычніка ён прызначыў Баха сваім упаўнаважаным у справах барацьбы з партызанамі, пакінуўшы за ім ранейшае званне HSSPF Russland-Mitte (шэфа СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі) [59]. Амаль адначасова ён выдаў загад, паводле якога SSPF у Мінску, які дагэтуль падпарадкоўваўся паліцэйскім уладам Остланда, цяпер пераводзіўся пад камандаванне Баха [60]. Дзейнасць службы бяспекі (СД) Генеральнага камісарыята Беларусі ў галіне антыпартызанскай разведкі таксама перайшла пад яго кіраўніцтва [61]. Нарэшце пад канец кастрычніка Гімлер прызначыў на пасаду SSPF Беларусі бязмежна адданага сабе чалавека - брыгадэн-фюрэра СС і генерал-маёра паліцыі Курта фон Готберга, які замяніў Шыману [62].

У лютым 1943 г. штаб Баха пераехаў з Магілёва ў Мінск [63]. Неўзабаве, 26 сакавіка 1943 г., Бах як упаўнаважаны ў барацьбе з партызанскім рухам пераехаў у стаўку Гімлера, у Мінску тым часам засталася частка яго штаба, якая 23 сакавіка 1943 г. атрымала новую назву: Der Höhere SS-und Polizeiführer Russland-Mitte und Weissruthenien [64] [65]. Перайменаванне адлюстроўвала зліццё ў руках адзінага камандавання дзейнасці СС і паліцыі на тэрыторыі вайсковага праўлення і Генеральнага камісарыята Беларусі. Паколькі ў Баха з'явіліся новыя абавязкі, кіраваць штабам HSSPF RM u WR павінен быў намеснік- групенфюрэр СС і генерал-лейтэнант паліцыі Корземан, а ў выпадку яго адсутнасці - фон Готберг [66]. Бах і Корземан бывалі ў Мінску нячаста, па-гэтаму сапраўдным кіраўніком усіх паліцэйскіх сілаў ва Усходняй і Заходняй Беларусі заставаўся фон Готберг. Яму падпарадкоўваліся тэрытарыяльныя пасты - SSPF Цэнтральнай Расіі ў Магілёве і SSPF Беларусі ў Мінску. Аднак яны не адыгрывалі важнай ролі, тым болей што функцыі абодвух практычна не былі падзеленыя і заставаліся ў руках Готберга.

Такім чынам, Генеральная акруга Беларусь, хоць і заставалася ў складзе Остланда, пад канец кастрычніка 1942 г. фактычна аказалася падпарадкаваная двум асяродкам вышэйшай акупацыйнай улады. Адміністрацыйны апарат, якім распараджаўся Кубэ, па-ранейшаму падпарадкоўваўся Лёзэ, затое ўсе сілы СС і паліцыі - Баху і яго намесніку Готбергу. Гэта стварала новую сітуацыю, у якой СС непазбежна павінна была пераважыць. Кубэ выдатна гэта зразумеў і дзеля асабістай перастрахоўкі 9 лістапада 1942 г. выслаў Гімлеру ліст, у якім запэўніваў яго ў абсалютнай лаяльнасці перад СС, а таксама - у падтрымцы супрацьпартызанскай барацьбы Баха [67]. На фоне папярэдніх сутыкненняў такія прызнанні маглі здацца Гімлеру сенсацыяй, адразу ж пасля атрымання ён даручыў пераслаць пісьмо Кубэ Баху - дзеля азнаямлення [68]. Яны абодва разумелі: шчыра прызнавацца ў лаяльнасці, ведаючы, якімі метадамі вядзецца барацьба з партызанамі, Кубэ мог толькі ў адным выпадку: калі вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай беларускай палітыкі. Аднак гэтага ён не рабіў [69], і паліцэйскія ўлады зразумелі, што салідарызацыя з СС была для яго толькі прыкрыццём, камуфляжам. Пад канец 1942 г. пазіцыі абодвух бакоў акрэсліліся выразна, ніхто з іх ужо не бачыў шляхоў да пагаднення. Мяркуючы з ўсяго, ужо тады кіраўніцтва СС вырашыла выціснуць Кубэ з яго пасады ў Мінску.

У студзені 1943 г. дзеля гэтага распачалася кампанія, скіраваная на вылучэнне Генеральнай акругі Беларусь са складу Остланда і падпарадкаванне яе вайсковым уладам - гэтыя захады павінны былі прывесці да ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на падлеглым Кубэ абшары. Такія праекты снаваліся ў штабе Клюге ў Смаленску, іх пускалі на абмеркаванне ў вайсковых колах Мінска, а пазней і Рыгі [70]. Праект ліквідацыі цывільнага кіраўніцтва ў Беларусі падтрымліваў і штаб Герынга, і яго прадстаўнікі ў ОМі (Кёрнер, Томас, Рыке, Шлотэрэр), якія пасля страты Кубані і значнай часткі Украіны разлічвалі на ўзмацненне эксплуатацыі Беларусі [71]. Не выключана, што ролю натхніцеля пры гэтым мог адыграць Астроўскі - ён знаходзіўся ў той час у Смаленску і аказваў дапамогу штабу Клюге і кіраўніцтву айнзацгрупы В у змаганні з партызанскім рухам на Смаленшчыне [72]. Кубэ і Ермачэнка былі для яго самай галоўнай перашкодай пры вяртанні ў Мінск. Але асноўнымі ініцыятарамі гэтага праекта былі ўсё ж паліцэйскія ўлады.

У гэтай сітуацыі Кубэ выступіў у абарону Генеральнай акругі, якой пагражала ліквідацыя. з лютага 1943 г. ён выслаў Розенбергу доўгі ліст, у якім падаў грунтоўныя аргументы супраць скасавання цывільнай адміністрацыі ў Беларусі. Ён падкрэсліваў, што партызанскі рух у зоне цывільнага рэжыму значна слабейшы, чым ва Усходняй Беларусі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Вермахта, што насельніцтва падначаленага яму абшару спраўна выконвае харчовыя пастаўкі, прычым нават і ў тых раёнах, куды наведваюцца партызаны. Сярод іншых доказаў галоўны націск Кубэ рабіў на палітычныя меркаванні. Ён пісаў пра страту нямецкага прэстыжу ў выпадку ліквідацыі цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, пра парушэнне цэласнасці тэрыторыі цывільнага праўлення на Усходзе, папярэджваў пра небяспеку поўнай страты даверу ў тутэйшага насельніцтва (у гэтай частцы Беларусі, на думку Кубэ, 50 % жыхароў дагэтуль яго яшчэ захоўвала). Урэшце,

на доўгі час была б увогуле знішчаная наша дзейнасць у галіне культуры, гаспадаркі, падатковай палітыкі і адміністрацыі. Пры такім стане, - пісаў ён далей, - уводзіць nазней цывільны рэжым яшчэ раз проста не мела б сэнсу.

Адначасова Кубэ падкрэсліваў патрэбу працягваць пазітыўную палітыку ў дачыненні да беларускага народу, ён ацэньваў яе як "безумоўна неабходную" для будучай усходняй палітыкі Нямеччыны [73].

Такім чынам, беларускае пытанне стала справаю прэстыжу для нямецкай цывільнай адміністрацыі на Усходзе. Пагэтаму Лёзэ і Розенберг падтрымалі намаганні Кубэ. Захаванне ранейшага адміністрацыйнага статусу Беларусі было гарантам яе нацыянальна-тэрытарыяльнай адасобленасці. У выпадку зліцця з тылавой зонай групы армій "Цэнтр", нацыянальна як быццам бы нейтральнай, якую на самай справе, аднак, лічылі за рускую (Russland-Mitte), гэтая адасобленасць страцілася б. Такім чынам, праблема вырастала да палітычнага ўзроўню. Лёзэ, які даўно пагадзіўся з Кубэ наконт неабходнасці вылучэння Беларусі з Остланда і непасрэднага падпарадкавання яе ОМі, цяпер змяніў сваю думку. У сярэдзіне красавіка 1943 г. ён адмовіўся ад гэтага праекта, зыходзячы з меркавання, што ў рамках Рэйхскамісарыята Остланд абараняць пазіцыю цывільнай адміністрацыі ў Беларусі будзе лягчэй [74]. Па сутнасці, гэта быў тактычны крок, зроблены дзеля аказання дапамогі яго сябру, Кубэ, бо да самага канца акупацыі Лёзэ заставаўся праціўнікам злучэння Беларусі з Прыбалтыкай.

24 траўня 1943 г. Розенберг, напэўна з ухвалы Гітлера, выдаў адпаведны дэкрэт, у якім пацвердзіў ранейшую прыналежнасць Беларусі да Остланда. Адначасова спрашчалася службовая працэдура паміж генераль-ным камісарам і Міністэрствам акупаваных усходніх абшараў. Аднак гэта не азначала надання самастойнасці Генеральнай акрузе Беларусь. У дэкрэце паведамлялася, што пазней будуць асобна агавораныя і ўрэгуляваныя справы ў галіне паліцыі [75]. У ОМі спадзяваліся, што пасля знішчэння партызанскага руху паліцэйскія ўлады на абшары, падначаленым Кубэ, зноў пяройдуць у распараджэнне HSSPF Остланда.

Гімлеру і Баху не ўдалася таксама і спроба афіцыйна аб'явіць Остланд, у тым ліку і падпарадкаваную Кубэ частку Беларусі, зонай партызанскай вайны (Bandenkampfgebiet), што пасля прызначэння Баха 21 чэрвеня 1943 г. шэфам антыпартызанскіх фармаванняў пры рэйхсфюрэры СС запэўніла б яму вяршынства ў адносінах да цывільнай адміністрацыі ў Беларусі [76]. У той самы дзень (21 чэрвеня 1943 г.) Гімлер вярнуў Баху падрыхтаваны праект загада без подпісу, растлумачыўшы, што ў цяперашні момант лічыць яго непатрэбным [77]. Правал праекта Гімлера аб'явіць Остланд зонай партызанскай вайны, нягледзячы на яго ранейшую зацікаўленасць [78], дазваляе меркаваць, што ён не атрымаў у гэтай справе падтрымкі Гітлера. У гэтым раундзе з СС зноў выйграваў Кубэ.

У барацьбе за скасаванне цывільнага праўлення ў Беларусі паліцэйскія ўлады спрабавалі падважыць палітычную рэпутацыю Кубэ, пусцілі за ім славу правадніка беларускіх нацыяналістычных тэндэнцый, "супярэчных" інтарэсам Нямеччыны. Готберг у адным з першых сваіх лістоў, высланых з Мінска да шэфа Галоўнай управы СС Бергера ў снежні 1942-га або ў студзені 1943 г., павёў атаку на дзейнасць БНС і яе кіраўніка Ермачэнку, які "частпуе берлінскія ўлады цалкам памылковымі нацыянальнымі і незалежніцкімі беларускімі ідэямі". Готберг сцвярджаў, што БНС адно толькі нарабіла шкоды і задурманіла насельніцтва. Асабліва ён абураўся наконт створанай пры БНС Самааховы, якая, на яго думку, шчыльнымі радамі, са зброяй у руках пераходзіць на бок партызанаў. Готберг рабіў высновы: "Цалкам зразумела, штпо выдуманыя беларускімі эмігрантпамі або салоннымі берлінскімі палітыкамі ідэі нацыянальнай Беларусі ў сапраўднасці простпа не існуюць" - і сцвярджаў, што да гэтай яго думкі пачынаюць далучацца і акруговыя камісары ў Беларусі [79]. Такім чынам, Готберг цэліў у самыя падмуркі палітыкі Кубэ, прычым яго пазіцыя супадала з той, што выказаў Гуміч на згаданай канферэнцыі ў ОМі 8 студзеня 1943 г. А гэта азначала, што погляды абодвух высокіх функцыянераў паліцыі выцякалі з адной крыніцы: стаўлення Гімлера да Кубэ і яго палітыкі.

Пры такіх абставінах у снежні 1942 г. служба бяспекі ў Мінску занялася справай кіраўніцтва БНС і зборам доказаў яго "злачыннай дзейнасці" [80]. Галоўны ўдар быў скіраваны супраць Ермачэнкі, але даказаць яго варожасць да Нямеччыны нават для СД было задачай нялёгкай [81]. Пагэтаму даводзілася хапацца за розныя версіі. Ермачэнку спрабавалі абвінаваціць у панславізме, ідэйным цэнтрам якога была Прага (дзе ён жыў да вайны), а цяпер нібыта стала Масква [82]. Потым папракалі ў выкарыстанні ў собскіх інтарэсах хістанняў і неабачлівасці нямецкіх уладаў у галіне нацыянальнай палітыкі (намёк на Кубэ). Нарэшце, у кіраўніцтве БНС "выкрылі" левае крыло, якое "ўжо межавала з лесам" (згадкі наконт сімпатыі да партызанаў). Адначасова, насуперак сцвярджэнням Готберга пра задурманьванне насельніцтва, рапарт СД сведчыў пра вельмі нязначны ўплыў БНС на грамадства [83]. Супраць Ермачэнкі распачалі кампанію таксама Астроўскі ў Смаленску і Акінчыц у Берліне.

Аднак усе захады службы бяспекі разбіваліся аб пазіцыю Кубэ: ён бараніў Ермачэнку, а заадно сябе і сваю палітыку. У гэтай сітуацыі справай Ермачэнкі занялося Галоўнае ўпраўленне бяспекі Рэйха (RSHA), абвінаваціўшы яго ў найбольшым злачынстве - дзяржаўнай здрадзе [84]. У Мінск быў высланы супрацоўнік RSHA, які хаця і знайшоў парушэнні статута ў дзейнасці БНС, аднак не змог абвінаваціць у іх Ермачэнку, бо кожнае перавышэнне правоў БНС было дазволенае рашэннем Кубэ і вышэйшых цывільных уладаў Нямеччыны. Нарэшце, следства было скіравана на гаспадарчую дзейнасць БНС, дзе былі знойдзеныя злоўжыванні. Такім чынам, дзякуючы пазіцыі Кубэ і ОМі, Ермачэнку ўдалося пазбегнуць смерці, аднак 27 красавіка 1943 г. ён быў вымушаны пакінуць Мінск і вярнуцца ў Прагу, дзе яму было забаронена займацца палітычнай дзейнасцю. На даручэнне Розенберга 16 ліпеня 1943 г. Кубэ выслаў Ермачэнку ліст з падзякаю за яго заслугі ў працы ў Беларусі. Такім шляхам Розенберг і Кубэ паказалі, што ўся яго справа была сфабрыкаваная паліцэйскімі ўладамі ў кантэксце палітычнага канфлікту з цывільнай адміністрацыяй у Беларусі.

У сакавіку 1943 г. Ермачэнка склікаў апошні з'езд акруговых кіраўнікоў і вайсковых рэферэнтаў БНС разам з сябрамі яе Галоўнай Рады і паведаміў ім, што, згодна з рашэннем уладаў, дзейнасць гэтай арганізацыі цяпер будзе абмяжоўвацца толькі аховай здароўя і аказаннем матэрыяльнай дапамогі насельніцтву [85]. Гэта азначала, што ўсе не прадугледжаныя ў статуце галіны дзейнасці БНС, яе аддзелаў, Галоўнай рады і г. д. будуць зліквідаваныя. Спыніў сваё існаванне інстытут Мужоў даверу БНС пры Генеральным і акруговых камісарыятах. У красавіку 1943 г. на падставе загаду каменданта паліцыі парадку палкоўніка Клупша была распушчаная Беларуская самаахова (БСА) [86]. Яе салдаты перайшлі ў распараджэнне мясцовай паліцыі парадку, адзінага пакуль што "беларускага" паліцэйскага батальёна № 49 У Мінску, атрадаў чыгуначнай аховы, а часткова былі вывезеныя на працу ў Нямеччыну. Як піша Кушаль, у некаторых раёнах ліквідацыя БСА праходзіла вельмі жорстка [87].

Вынік другога раунда ў канфлікце Кубэ з СС быў ужо не такі адназначны, як першы. Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараніў сваю ўласную пазіцыю, аднак заплаціў за гэта занадта высокай цаной - разбурэннем усяго палітычнага механізма (БНС і БСА), які ён будаваў ад пачатку верасня 1941г. Нягледзячы на нігілізм Гімлера і недавер Розенберга, Кубэ разлічваў на паспяховасць сваіх ініцыятыў, якія павінны былі абудзіць беларусаў і заахвоціць іх да працы на баку Нямеччыны. Кіраўніцтва СС разбурыла гэтыя планы, спадзеючыся толькі на грубую сілу.

Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Крыніцы:
[44] Unsere Ehre heisst Treue. Wien - Frankfurt - Zürich, 1965. S. 210.
[45] "Der Hass der militärischen "Partisanen" gegen die einheimi-sche weissruthenische Selbstschutzmannschaft ist fanatisch und grenzlos" - фармулёўка нямецкіх паліцэйскіх крыніц: AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 39/406.
[46] [Інструкцыя Герынга ад 26 кастрычніка 1942 i Гімлера ад 30 кастрычніка 1942] // Hesse E. Der sowjetrussische Partizanenkrieg... S. 167.
[47] Гл. унікальныя сведчанні людзей, якія перажылі жахі карных аперацый на Беларусі, у кн.: Адамовіч А., Брыль Я., Калеснік У. Я з вогненнай вёскі. Мінск, 1975.
[48] БСЭ. Т. 3. Мінск, 1970. С. 135. Пазначаная колькасць спаленых вёсак (692) тычыцца толькі паселішчаў, дзе налічвалася не менш за пяцьдзесят жыхароў. БелСЭ (Т. 5. С. 450 падае яшчэ большыя лічбы карных аперацый (звыш ста), напэўна, з улікам самых дробных акцый.
[49] У гэтыя лічбы ўключаная і колькасць узятых у палон партызанаў, якіх звычайна расстрэльвалі. Савецкія крыніцы не прыводзяць такіх падлікаў, а падаюць толькі колькасць спаленых вёсак.
[50] [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З... S. 84; [Справаздача РКО Розенбергу], 16.09.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 26/593.
[51] [Ліст Шыманы да Кубэ], 14.09.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 30/798.
[52] Тамсама.
[53] [Тэлеграма Екельна да Гімлера], 31.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601763.
[54] [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З- S. 81.
[55] [Ліст Генеральнага камісарыята ў Мінску да РКО], 27.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454.R. 39/697.
[56] [Ліст Бергера да Гімлера], 17.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175, R.122/2647654.
[57] [Ліст Бергера да Гімлера], 22.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R.129/2655182.
[58] [Ліст Бергера да Гімлера], 21.11.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175, R.129/2655149.
[59] Himmler. SS-Befehl. 21.06.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 119/2644775; Bach. Tagesbefehl № 2. 24.03.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 225/2764141.
[60] [Тэлеграма Екельна да Гімлера], 3110.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601763.
[61] Преступные цели - преступные средства. Документы об оккупационной политике фашистской Германии на территории СССР 1941-1944 гг. Москва, 1968. C. 129.
[62] Дакладную дату гэтага прызначэння аўтару ўстанавіць не ўдалося. Аднак вядома, што Готберг паказаўся Екельну ў Рызе з ліпеня 1942 г., пасля чаго выехаў у Мінск, каб заняць сваю пасаду: [Ліст Готберга да Гільдэбранта], 05.12.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R.138/2666252.
[63] Bach. Tagesbefehl № 1. 17.03.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 266/2765538.
[64] Вышэйшы начальнік СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі і Беларусі, далей скарочана HSSPF RM u WR.
[65] Bach. Tagesbefehl № 1. 24.03.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 225/2764141.
[66] Тамсама.
[67] У сваім лісце ад 9 лістапада 1942 г. Кубэ пісаў наступнае: "Шаноўнейшы Пане Рэйхсляйтэр СС! Дарагі партыйны калега Пмлер! Сардэчна дзякую Вам за прысланне майго старога супрацоўніка з часоў барацьбы (за перамогу НСГРП. - Ю. Т.), обэргрупенфюрэра СС, генерала фон дэм Баха. Такім чынам, барацьба з партызаншчынай нарэшце апынулася на правільным шляху. Ужо ў першыя ж дні обэргрупенфюрэр фон дэм Бах у двух выпадках дасягнуў рашучых поспехаў супраць партызанаў, якія абуджаюць ува мне надзею, што цяпер нарэшце мы спынім балаган у Беларусі. Больш за гэта, магу паведаміць, што людзі майго ведамства заўсёды ахвотна супрацоўнічаюць у гэтых справах з СС і паліцыяй і кожную хвіліну гатовыя змагацца з вінтоўкаю супраць чырвонаармейцаў. Мы - СС і цывільная ўправа - працуем тут у найлепшай згодзе. Я перадаў у распараджэнне обэргрупенфюрэра СС фон дэм Баха 40 беларускіх прапагандыстаў і даручыў усім маім установам безумоўна спрыяць обэргрупенфюрэру пры выкананні яго загадаў і быць у яго распараджэнні. Сардэчнае прывітанне і Хайль Гітлер! Заўсёды моцна адданы Вам - Вільгельм Кубэ". Гл.: AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601759.
[68] [Ліст Бранта, шэфа асабістага штаба рэйхсфюрэра СС, да Баха], 17.11.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R140/2667790.
[69] Неўзабаве пасля ўрачыстага святкавання дня нараджэння Кубэ, якое адбылося 13 лістапада 1942 г., ён напісаў Ермачэнку ліст, дзе гаварылася: "...Вы можаце быць упэўненыя, што ў далейшым я буду супрацоўнічаць з вамі ў духу нашага вялікага фюрэра Адольфа Гітлера над адраджэннем беларускага краю, які перажыў такія цяжкія выпрабаванні": [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.1943... S. 81.
[70] [Ліст Кубэ да Розенберга], 03.02.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R.15/288.
[71] [Ліст Кернера да Герынга], 20.02.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 89/446.
[72] Loftus J. The Belarus Secret. New York, 1982. P. 36-37.
[73] [Ліст Кубэ да Розенберга], 03.02.1943. AAN. Mikrofilmy alek-sandryjskie. T-454. R.15/288.
[74] Лёзэ энергічна супрацьдзейнічаў выхаду Беларусі з РКО. 16 красавіка 1943г. ён выслаў па гэтай справе ліст асабіста да Розенберга. Гл.: [Дэкрэт Розенберга], 24.05.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 30/372.
[75] Тамсама.
[76] SS-Befehl, 21.06.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 119/2644775.
[77] [Ліст Бранта да Баха], 21.06.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601657.
[78] [Ліст Бранта да Баха], 21.06.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601657.
[79] [Фрагмент ліста Готберга да Бергера, напісанага 11.02.1943 г., як і Бергер пераслаў у дадатак да свайго ліста ад 11.02.1943 Ляйбранту ў ОМі]. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 39/1057.
[80] У гэтай атмасферы быў арыштаваны і расстраляны ксёндз Гадлеўскі. Іваноўскага, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў падтрымцы прапольскага элемента і намерваліся спіхнуць з пасады мінскага бургамістра. Аднак пацверджання яго палітычных сувязяў з Ермачэнкам не знайшлі. Гэтая акалічнасць і выратавала Іваноўскага. Гл.: [Ліст Крафта ў Айнзацштаб рэйхсляйтэра Розенберга ў Берліне], 12.12.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 21/1293.
[81] Шэф СД у Мінску Штраўх скардзіўся, што канчатковае вырашэнне справы Ермачэнкі заняло ў яго цэлы год: [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З. S. 82.
[82] Такі варыянт разглядаўся ў сувязі з артыкулам сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц. Гарбунова "Белоруссия борется", апублікаваным у часопісе "Славяне" (чэрвень 1942, № і). Гарбуноў падкрэсліваў адзінства славянскіх народаў у барацьбе з нямецкім імперыялізмам. Гэта стала прычынаю т. зв. Aktion Gorbunow, якую правяло СД у Мінску: [Ліст Крафта ў Айнзацштаб рэйхсляйтэра Розенберга ў Берліне], 12.12.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 21/1261.
[83] Meldungen... № 38. 22.01.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 236/2725414-416.
[84] [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З- S. 82.
[85] Беларуская газэта. 18 сакавіка 1943.
[86] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4... С. 383; Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 54.
[87] Тамсама.

Рэванш Кубэ і развязка канфлікту

Аднак Кубэ не адмовіўся ад сваёй палітычнай лініі. У адказ на паліцэйскія пераследаванні Ермачэнкі ён 30 студзеня 1943 г. запэўніў Галоўную раду БНС у сваёй нязменнай гатоўнасці да "цеснага супрацоўніцтва з усімі беларусамі, якія прызнаюць сэнс і непазбежнасць новай Еўропы" [88]. Кубэ пачаў распаўсюджваць тэорыю аб нардычнай крыві беларускага народу, якую ён захаваў на працягу сваёй тысячагадовай гісторыі [89]. Насуперак гімлераўскай тэорыі аб расавай ніжэйшасці славянаў ён спрабаваў падвесці тэарэтычны грунт пад сваю палітычную лінію, а заадно - змяніць агульнае стаўленне да беларусаў з боку расісцкіх дагматыкаў [90].

Нягледзячы на перашкоды, звязаныя з дзейнасцю партызанаў і рознымі сумненнямі і агаворкамі ОМі, у першай палове 1943 г. Кубэ ажыццявіў шэраг праектаў, разлічаных па-ранейшаму на абуджэнне прыхільнасці ў мясцовага насельніцтва. У сакавіку 1943 г. ён выдаў распараджэнне аб землеўпарадкаванні і ліквідацыі цераспалосіцы, каб стварыць эканамічна рацыянальныя сялянскія гаспадаркі і такім чынам замацаваць вынікі леташняй аграрнай рэформы. Пачалося ажыццяўленне гэтага праекта [91]. Адначасова Кубэ распрацаваў і прапанаваў Розенбергу праект прыватызацыі зямлі ва ўсходніх акругах Генеральнага камісарыята, мяркуючы ў будучыні стварыць на гэтых землях абаронныя вёскі. I пакуль Розенберг вагаўся, Кубэ дамагаўся адпаведнага распараджэння, прасіў асабістай сустрэчы ў Берліне, націскаючы на тое, што без хуткага станоўчага вырашэння гэтай праблемы няма і размовы аб далейшай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці [92]. Можна пагэтаму лічыць, што ініцыятарам выдадзенага Розенбергам 3 чэрвеня 1943 г. дэкрэта аб прыватызацыі зямлі на Усходзе ў вялікай ступені быў Кубэ, бо ні Кох ва Украіне, ні адміністрацыя ў Прыбалтыцы не выявілі зацікаўленасці ў гэтай справе.

Вучні і настаўнікі Беларускай народнай школы ў Маладэчне, 1942/43 школьны год.

Паспяхова закончыліся і старанні Кубэ па адкрыцці ў Мінску Медыцынскага інстытута - першай вышэйшай навучальнай установы падчас нямецкай акупацыі ў Беларусі. Пасля доўгіх разваг Розенберг пагадзіўся 23 сакавіка на адкрыццё мінскага інстытута і растлумачыў, што робіць гэта дзеля падтрымання належнага ўзроўню аховы здароўя ў Беларусі. Розенберг зазначыў, што колькасць студэнтаў павінна будзе адпавядаць патрэбам цэлай Генеральнай акругі, г. зн. таксама і ўсходняй часткі Беларусі, якая знаходзілася пад вайсковым праўленнем [93]. Такім чынам, інстытут павінен быў стаць даволі вялікай установай. Яго рэктарам спачатку быў прызначаны дэкан медыцынскага факультэта універсітэта ў Фрайбургу прафесар Э. Т. Наук, але неўзабаве яго замяніў беларус прафесар Мікалай Сцяпанаў. Інстытут распачаў сваю працу 13 траўня 1943 г., але не ў Мінску, а ў Магілёве, пасля адпаведнай дамоўленасці Кубэ з вайсковымі ўладамі [94]. Адкрыццё інстытута мела вялікае значэнне. Па-першае, гэта сведчыла пра новае стаўленне ОМі да справы вышэйшай адукацыі ў Беларусі, а па-другое, гэта быў добры прэцэдэнт для стварэння чарговых навучальных устаноў [95].

Варта спыніць увагу на ўзнікненні Саюза беларускай моладзі (СБМ) [96]. У першай фазе акупацыі Розенберг не прадугледжваў стварэння моладзевых арганізацый на акупаваных усходніх тэрыторыях. Толькі 3 чэрвеня 1942 г. ён выдаў дэкрэт аб стварэнні спецыяльнага моладзевага аддзела ў ОМі. Дэкрэт дазваляў ствараць такія аддзелы і ў генеральных камісарыятах прыбалтыйскіх краін. Аднак гэты дазвол не тычыўся Беларусі і Украіны [97].

Надзея Абрамава. Галоўная кіраўнічка юначак СБМ.

Мясцовыя нямецкія акупацыйныя ўлады па-рознаму ўспрынялі ідэю стварэння краёвых моладзевых арганізацый: яе падтрымалі генеральныя камісары ў Эстоніі і Латвіі, пасля чаго там былі арганізаваныя адпаведныя моладзевыя саюзы. Затое не пагадзіўся на гэта генеральны камісар у Коўне фон Рэнтэльн, так што стварыць літоўскую арганізацыю не ўдалося. Не цікавіўся гэтым і Кох ва Украіне. Затое Кубэ быў вялікім прыхільнікам стварэння беларускай моладзевай арганізацыі - ён бачыў у гэтым важны сродак ажыццяўлення ўласнай палітычнай канцэпцыі. Пагэтаму ён паблажліва ставіўся да глыбоцкай моладзевай арганізацыі, якая была неафіцыйна створаная восенню 1941 г., i не перашкаджаў працы, якую праводзіла ў гэтай галіне БНС. Аднак для стварэння агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі патрэбна была згода Розенберга.

Пагэтаму толькі з прыходам 1943 г. пачалася падрыхтоўка па стварэнні СБМ. У Берліне гэтым заняўся моладзевы аддзел ОМі. Пры ўдзеле Акінчыца была наладжаная падрыхтоўка акруговых кіраўнікоў СБМ (часткова іх набралі сярод ваеннапалонных беларусаў - афіцэраў Чырвонай Арміі), напісаны праект статута і праграмныя тэзісы, а таксама прапагандысцкія матэрыялы. Адначасова быў створаны моладзевы аддзел пры Генеральным камісарыяце ў Мінску. У ім працавалі моладзевы кіраўнік Вільгельм Шульц і кіраўнічка Грыземан. Пад непасрэдным наглядам Кубэ яны заняліся арганізацыйнай падрыхтоўкай. Вясною 1943 г. былі адкрытыя два першыя навучальныя цэнтры СБМ у Альбярціне (для хлопцаў) і ў Драздах, што пад Мінскам (для дзяўчат). Тут праходзілі падрыхтоўку мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі.

22 чэрвеня 1943 г., падчас урачыстасці ў Мінскім гарадскім тэатры, Кубэ аб'явіў аб стварэнні СБМ. Яго структура была зробленая на ўзор Гітлерюгенда (НJ) і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Так, галоўным органам СБМ быў кіраўнічы штаб, яго шэфам прызначаны Міхась Ганько, непасрэдна падначалены Кубэ [98]. Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні кіравала доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, - павятовыя, яны кіравалі атрадамі (для хлопцаў) і гурткамі (для дзяўчат) у валасцях, вёсках, школах і г. д. Да СБМ магла належаць беларуская моладзь ад дзесяці да дваццаці гадоў [99].

Міхась Ганько. Шэф-праваднік Саюзу Беларускай Моладзі

У ліпені 1943 г. СБМ атрымаў свой друкаваны орган - штомесячнік "Жыве Беларусь!". Выходзіла і навучальна-інструкцыйная літаратура - "Вучэбны лісток" і "Дзённікі загадаў". Улетку 1943 г. працягвалася падрыхтоўка інструктарскіх кадраў, у прыватнасці маладых настаўнікаў, якія павінны былі займацца арганізацыяй школьных гурткоў СБМ ад пачатку 1943/44 навучальнага года. Важную навучальна-прапагандысцкую ролю адыгрывалі экскурсіі актывістаў СБМ у Нямеччыну - тут беларуская моладзь знаёмілася з метадамі арганізацыйнай працы Гітлерюгенда, выступала з канцэртамі беларускіх песень. Яе прымалі ў ОМі і г. д. У рамках кантактаў з нямецкай моладдзю варта адзначыць зваротны візіт шчэцінскага "Карл-Лёвэ-Хора" ў Беларусь. З дапамогай кіраўніцтва Гітлерюгенда "на многа мільёнаў рэйхсмарак" у Нямеччыне была закупленая форма для сяброў СБМ, якую яны маглі набыць за невялікую плату [100].

Паводле статута СБМ, мэта гэтай арганізацыі - узгадаваць "паслядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да іхніх будучых заданняў у народзе". Магістральным кірункам у выхаваўчай працы павінна было стаць "вызваленне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе маральнае адраджэнне і выхаванне ў духу Новай Беларусі пад правадырствам нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны". Пагэтаму акцэнт пераносіўся на патрыятычнае выхаванне моладзі, на выкараненне гістарычна абумоўленай рабскай псіхалогіі, развіццё пачуцця грамадскага абавязку, адказнасці, працавітасці і да т. п. Такі выхаваўчы кірунак быў разлічаны на тое, каб моладзь "адчула сваю адказнасць за долю і дабрабыт бацькаўшчыны і заўсёды была гатовай працаваць для свайго народу і краю і служыць ім". Статут трымаў на далёкім прыцэле паступовае перавыхаванне ўсяго грамадства ў духу сваіх праграмных ідэй.

Новая арганізацыя была для Кубэ важным дасягненнем. Ганько сцвярджаў нават, што гэта ўвогуле было самае вялікае дасягненне за два гады існавання акупацыйнай цывільнай адміністрацыі ў Беларусі [101]. У верасні 1943 г. дзейнасць СБМ распаўсюдзілася і на тэрыторыю Усходняй Беларусі, што знаходзілася ў зоне вайсковага праўлення. Па сутнасці, СБМ стаў першым і пакуль што адзіным прызнаным у Берліне грамадскім форумам, які мог праводзіць шырокую выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу - лозунгі Новай Еўропы гэтаму практычна не перашкаджалі. З такога пункту гледжання нічога падобнага ў Беларусі ніколі не існавала. Рост гэтай арганізацыі з восені 1943 г. сведчыў пра тое, што ідэя Кубэ трапіла ва ўрадлівую глебу. Савецкае падполле вельмі варожа ставілася да СБМ, аднак змагацца з ім было не так проста: па-першае, гэтаму перашкаджала малалецтва яго ўдзельнікаў, а па-другое, дзейнасць яго праходзіла ў большасці сваёй у вялікіх гарадах і мястэчках - партызаны не мелі туды шырокага доступу. Знамянальна, што насуперак настойлівай падпольнай прапагандзе толькі трое кіраўнікоў СБМ пакінулі яго шэрагі і перайшлі да партызанаў [102].

Шэрагоўцы СБМ

Стварэнне СБМ дало пачатак новай прапагандысцкай кампаніі, маўляў, афіцыйны дазвол на яго арганізацыю сведчыць пра тое, што Гітлер расцэньвае беларускі народ як станоўчы элемент Новай Еўропы [103], што Нямеччына прызнае за гэтым народам права на будучыню і пачэснае месца ў Еўропе і выказвае шчыры давер і сімпатыю да беларускай моладзі. Адначасова высмейвалася "бальшавісцкая істэрыя" вакол уяўнай каланізацыі і нямецкага ўціску ў Беларусі [104]. У гэтай атмасферы Кубэ выступіў з новым заклікам, які ўпершыню прагучаў з ягоных вуснаў у час урачыстага абвяшчэння СБМ: "З Адольфам Гітлерам да самастойнасці беларускага народу!" [105]. Нельга, аднак, гэтую фразу і ўсю праведзеную Кубэ кампанію расцэньваць выключна як прапаганду. У той гульні, якую Кубэ разыгрываў перад вышэйшым берлінскім кіраўніцтвам з эсэсаўска-паліцэйскай апазіцыяй, стварэнне СБМ стала важкім аргументам на карысць яго палітычнай лініі. Пазней гэта дало права гаўляйтэру сцвярджаць, што яго палітыка адпавядае пазіцыі вярхоўнага кіраўніцтва Нямеччыны.

Высылка Ермачэнкі і ліквідацыя дадатковых паўнамоцтваў БНС перакрэслілі надзеі Кубэ стварыць на базе гэтай арганізацыі орган беларускага самакіравання. Кубэ не адмовіўся ад гэтай ідэі, аднак яе ажыццяўленне выглядала цалкам безнадзейна. Праўда, распараджэнне Розенберга ад 24 красавіка 1942 г. дазваляла генеральным камісарам Остланда самастойна выдаваць прававыя акты, але толькі ў тых галінах, якія не падлягалі кампетэнцыі вышэйшых уладаў (RKO, ОМі) альбо не агаворваліся імі выразна [106]. Улюбым выпадку Кубэ не мог стварыць такі орган без згоды Розенберга, а той, у сваю чаргу, - без дазволу Гітлера [107].І гэтае становішча не мянялася, нягледзячы на ўсе захады Розенберга і вайсковага камандавання. У гэтай сітуацыі Розенберг не мог дазволіць стварэння нацыянальнага камітэта ці кансультатыўнай рады нават ва Украіне, хоць гэтаму рэйхскамісарыяту заўсёды аддавалася перавага [108].

Пагэтаму пакліканне беларускага Камітэта Даверу, званага часцей Радай Даверу, якое Кубэ правёў 27 чэрвеня 1943 г., заслугоўвае не меншай увагі, чым стварэнне пачаткова не прадугледжанай для Беларусі моладзевай арганізацыі. Аднак цяпер, пасля сумнага эксперыменту з БНС і Ермачэнкам, Кубэ не жадаў рызыкаваць і ставіць кіраўніцтва перад здзейсненым фактам - такое дасягненне апазіцыя лёгка магла перакрэсліць. Пагэтаму на стварэнне Камітэта Даверу ён дабіўся згоды не толькі ў Лёзэ, але і ў самога Розенберга, аб чым двойчы падкрэсліваў у сваіх выступленнях [109]. Паўстае пытанне, што магла азначаць гэтая згода? Асабліва дзіўна яна выглядала на фоне агульнай негатыўнай берлінскай палітыкі і забароны Розенбергам украінскага камітэта. Такое пытанне павінна быць істотным яшчэ з дзвюх прычын: па-першае, ніякія распараджэнні ў гэтай справе не публікаваліся ва ўрадавых дзённіках Кубэ, Лёзэ ці Розенберга, і, па-другое, адразу пасля стварэння Камітэта Даверу і прынагоднай урачыстасці ў мясцовым друку пастараліся не надаваць яго дзейнасці вялікага розгаласу.

Адказ на гэтыя пытанні крыецца ў самім характары Камітэта Даверу. Фармальна ён не з'яўляўся асобнай беларускай установай, а быў толькі састаўной часткаю ведамства Генеральнага камісарыята, пагэтаму для яго не трэба было праграмы, статуту і г. д. Камітэт Даверу быў органам накшталт адміністрацыйнай камісіі, адзінаю яго задачай сталася апрацоўка і падача акупацыйным уладам пажаданняў і прапаноў, ён меў права дарадчага голасу ў пасяджэннях Генеральнага камісарыята пад кіраўніцтвам Кубэ або яго намесніка, а таксама мог збірацца на свае ўнутраныя нарады [110]. Такім чынам, Кубэ ўдалося спрытна абмінуць самую далікатную прынцыповую перашкоду: Камітэт не з'яўляўся фармальна беларускай установай і яго нельга было трактаваць як нацыянальнае прадстаўніцтва, таму і Розенберг не мог выставіць супраць яго ніякіх закідаў. А па-другое, зрабіўшы Камітэт часткаю свайго апарату, Кубэ засцярог яго ад паўтарэння лёсу ранейшага кіраўніцтва БНС.

У тагачасных варунках гэта была адзіная магчымасць абмінуць генеральную лінію берлінскай палітыкі, што адлюстроўваў і асабовы склад Камітэта Даверу. Усяго ў ім налічвалася 16 чалавек. Дзевяць з іх былі прадстаўнікамі мясцовай беларускай адміністрацыі, якіх акруговыя камісары спецыяльна вылучылі для працы ў Камітэце - дагэтуль яны не адыгрывалі важнай ролі ў палітычным жыцці [111]. Апрача таго, Кубэ запрасіў туды яшчэ шэсць дзеячаў цэнтральнага ўзроўню: мінскага бургамістра Вацлава Іваноўскага (старшыня Камітэта Даверу), новапрызначанага кіраўніка БНС і адначасова прадстаўніка Баранавіцкай акругі Юрыя Сабалеўскага (намеснік старшыні), кіраўніка Цэнтральнага бюро прафсаюзаў Канстанціна Рабушку, кіраўнікоў СБМ Міхася Ганько і Надзею Абрамаву, а таксама Аўгена Калубовіча [112]. 16-ты член Камітэта ніколі публічна не называўся. Паводле Івана Новікава, гэта быў сам Кубэ - фактычны кіраўнік Камітэта [113]. Такая версія вельмі верагодная, асабліва калі ўлічыць характар Рады Даверу і тыя намаганні, што прыкладаў Кубэ, каб застра хаваць дзейнасць Камітэта.

Камітэт складаўся з новых людзей, якія не ўваходзілі раней у каманду Ермачэнкі. Напэўна, гэта была яшчэ адна перасцярога перад нападкамі СС. Затое цяжка зразумець, з якіх меркаранняў зыходзіў Кубэ, запрасіўшы Вацлава Іваноўскага на пасаду фармальнага старшыні Камітэта. Ён быў арганізатарам і кіраўніком беларускага незалежніцкага канспіратыўнага руху і спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з польскім падполлем. Беларускія дзеячы з ліку прыхільнікаў Астроўскага (сярод іншых - Іван Касяк [114]) рабілі на яго даносы, так што Іваноўскага трымала на прыцэле СД. Аднак Кубэ не пераацэньваў папярэджанняў службы бяспекі, хоць поўнага даверу да Іваноўскага ён таксама не меў. Напэўна, дзеля страхоўкі, гаўляйтэр даручыў яму гэтую пасаду часова - усяго на адзін год [115]. У сваім выступленні з нагоды стварэння Камітэта Даверу Кубэ паўтарыў свой тэзіс, што "мы прыбылі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў - для іх мы - вызваліцелі". Ён заклікаў сяброў Камітэта так наладзіць працу з беларускім народам, каб ён "апынуўся на ўзроўні еўрапейскіх народаў". Камітэт павінен быў прысвяціць асаблівую ўвагу тром праблемам: развіццю школьніцтва і выхаванню моладзі, аднаўленню гаспадаркі і забеспячэнню насельніцтва прадуктамі харчавання і, нарэшце, нямецка-беларускаму супрацоўніцтву ў барацьбе з партызанамі.

Землеўласніцтва, - гаварыў ён пра дэкрэт Розенберга, - гэта толькі кавалачак паперы да той пары, пакуль гэтую зямлю нельга будзе абараніць перад бандытам [116].

Камітэт Даверу павінен быў распрацаваць свае прапановы паводле трох пададзеных праблемаў, каб абмеркаваць іх на сумесным пасяджэнні з нямецкімі ўладамі. Паўстае пытанне: якіх прапаноў мог чакаць Кубэ ад Камітэта? Усе гэтыя справы ён не толькі выдатна ведаў, але быў нават ініцыятарам некаторых з іх. Цывільная адміністрацыя выявіла аж залішнюю стараннасць пры арганізацыі беларуска-нямецкага супрацоўніцтва ў барацьбе з партызанамі - пра гэта сведчыла кампанія па стварэнні Самааховы. Камітэт не мог тут нічога новага ані прапанаваць, ані зрабіць, бо, у адрозненне ад БНС, ён не меў нават свайго выканаўчага апарату. Кубэ выдатна аб гэтым ведаў і на самай справе не разлічваў на нейкую станоўчую працу навастворанага органа.

Роля Камітэта Даверу, відаць, была не такая, якую Кубэ апісваў Розенбергу, каб дабіцца згоды на яго стварэнне. Гаўляйтэр трактаваў яго як сімвалічнае, пакуль што, беларускае нацыянальнае прадстаўніцтва, якое ў спрыяльных умовах Берлін мог бы зацвердзіць афіцыйна, ператварыўшы яго ў орган цэнтральнага самакіравання.

Такім чынам, нягледзячы на правал з Ермачэнкам, Кубэ не адмовіўся ад сваіх ранейшых намераў, хоць у цяперашняй сітуацыі не мог іх ажыццявіць "з прычын палітычных і асабістых", аб чым і прызнаваўся Лёзэ [117]. Усе сапраўдныя задачы новага органа былі наперадзе- трэба было пакуль што гуртаваць вакол яго нацыянальныя сілы і чакаць моманту змены ў палітычнай кан'юнктуры.

Падобную ролю, толькі ў галіне вышэйшай адукацыі і арганізацыі будучых навуковых даследаванняў, павінна было адыграць створанае 27 чэрвеня 1943 г. У Мінску Беларускае навуковае таварыства. У параўнанні з мінулагодняй няўдачай яго арганізатары цяпер мелі на руках болын важкія фармальныя падставы: Розенберг выдаў дазвол на адкрыццё Медыцынскага інстытута. Пагэтаму, апрача мясцовых уладаў, у стварэнні БНТ прынялі ўдзел доктар Штэгман (дарадца Лёзэ па навукова-даследчых праблемах) і Нёўгэбаўэр (кіраўнік аддзела культуры RKO). Як сказана было ва ўстаноўчым акце, мэтаю БНТ з'яўляецца дапамога ў арганізацыі навуковай працы, усе яго намаганні павінны скіроўвацца на развіццё і падтрымку беларускай навукі і культуры. Меркавалася стварыць асобныя секцыі Таварыства ў галінах беларусазнаўства, прыроды, матэматыкі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. БНТ павінна было праводзіць тэарэтычныя, чыста навуковыя даследаванні, вырашаць праблемы перспектыўнай адбудовы Беларусі і, урэшце, выконваць непасрэдныя практычныя заданні [118].

Сябрамі прэзідыума Беларускага навуковага таварыства сталі прафесары: Шыперка, Шкуцька, Трысмакоў, Кавалёў і Бухвалаў, старшынёю быў абраны Іваноўскі, а яго намеснікамі - Лыноўскі і Масевіч. Ганаровым старшынёй стаў Кубэ. Штэгман з RKO абяцаў аказаць падтрымку дзейнасці Таварыства, у прыватнасці, дапамагчы яму са здабыццём належнай літаратуры і сувязяў з нямецкімі навукоўцамі. Меркавалася наладзіць цеснае супрацоўніцтва БНТ з Цэнтрам вывучэння Усходу (Zentrale für Ostforschung) [119].

Кубэ добра разумеў, што на фоне зверстваў СС і паліцыі ў час карных аперацый блякнуць, не закранаючы грамадскай свядомасці, усе яго станоўчыя распачынанні. З гэтай прычыны, а таксама ў інтарэсах гуманнасці, ён распачаў барацьбу з СС у абарону мірнага насельніцтва. Паколькі распараджацца паліцэйскім апаратам Кубэ не мог, ён выкрываў злачынствы карных атрадаў і намагаўся давесці гэтыя факты да ведама Розенберга і Гітлера, досыць наіўна разлічваючы, што такое ўмяшальніцтва дасць нейкі плён. Акруговым камісарам ён разаслаў сакрэтны цыркуляр, у якім загадваў дасылаць яму падрабязныя і непрыхарошаныя звесткі пра дзейнасць паліцэйскіх атрадаў [120].

Праз пасрэдніцтва RKO 24 сакавіка 1943 г. Кубэ пераслаў Розенбергу рапарт камісара Мінскай акругі доктара Людвіга Эрэнляйтнера, які пэўны час замяшчаў свайго калегу ў Слонімскай акрузе і падаў дакладныя вынікі карнай акцыі, праведзенай там Готбергам. Напэўна, гэта былі аперацыі "Гамбург" - "Альтона". У рапарце паведамлялася аб забойствах і масавай дэпартацыі ў Нямеччыну вясковых жыхароў двух раёнаў. Нягледзячы на жорсткасць, экспедыцыя не дала вынікаў: партызанскі рух у гэтай зоне не толькі ацалеў, але і ўзмацніўся, бо ў лясы паўцякала запалоханае насельніцтва. Эрэнляйтнер, такім чынам, пацвердзіў думку Кубэ: самі па сабе паліцэйскія меры не маглі дапамагчы ў вырашэнні партызанскай праблемы [121]. Напэўна, гэта быў першы рапарт такога зместу. Чыноўнікаў RKO ён увагнаў у немалы клопат - амаль два месяцы яго разглядалі аж у "чатырох розных інстанцыях" і збіраліся нават звярнуць Кубэ, пакуль пад канец траўня Лёзэ не вырашыў усё ж пераслаць яго ў Берлін [122].

Рапарт Эрэнляйтнэра быў першым у цэлай серыі абвінавачанняў СС у злачынствах супраць мірнага насельніцтва. На падставе рапартаў, атрыманых, між іншым, ад супрацоўнікаў мінскага Генеральнага камісарыята, Кубэ даводзіў да ведама вышэйшых уладаў канкрэтныя факты зверскага абыходжання карнікаў з цывільнымі жыхарамі. Так, паводле інфармацыі, атрыманай ад кіраўніка Мінскай акругі БНС Юліяна Саковіча, ён апісваў, як паліцэйскія атрады палілі жыўцом загнаных у хаты сялянаў [123], паведамляў пра выпадкі, калі ў шпіталь звярталіся параненыя, недабітыя ў час расстрэлаў - яны выкараскваліся з магіл і шукалі лекарскай дапамогі [124]. Не раз Кубэ звяртаўся да кіраўніцтва пры правядзенні аперацыі "Котбус". 5 чэрвеня ён падаваў, што сярод 5 тыс. забітых, якія нібыта супрацоўнічалі з партызанамі, шмат жанчын і дзяцей. Гаўляйтэр папярэджваў, што палітычныя вынікі гэтых акцый катастрафічныя [125]. Маючы перад сабой канчатковыя звесткі па гэтай аперацыі, 29 чэрвеня ён пісаў Розенбергу, што ў выніку яе было знішчана 13 тыс. "ворагаў" і пры гэтым здабыта толькі 950 вінтовак, - такім чынам, 90 % гэтых ворагаў - проста бяззбройныя людзі [126].

Я прапаную, - пісаў Кубэ да Лёзэ яшчэ 3 чэрвеня, - папрасіць, каб Рэйхсміністр па справах акупаваных усходніх абшараў паказаў гэтую справу ў Вярхоўнай стаўцы Фюрэра. Такія рэчы маюць вялікае палітычнае значэнне. Калі стаўленне да мясцовага насельніцтва акупаваных усходніх тэрыторый не зменіцца і надалей, прычым не толькі ў паліцыі, але і ў Вермахце, і ў ОТ (Organisation Todt), дык на наступную зіму можам прычакаць не партызанаў, а бунту па ўсім краі...[127]

У іншым пісьме ад 3 чэрвеня Кубэ паказаў на адказнасць Готберга як кіраўніка карных аперацый, якія, акрамя катастрафічных палітычных і эканамічных вынікаў, не толькі не ўплываюць на змяншэнне партызанскіх сілаў, але, наадварот, выклікаюць іх рост [128].

Камітэт Даверу таксама выступіў у абарону насельніцтва. Ён сабраў звесткі пра рэпрэсіі, праведзеныя карнымі атрадамі, ва ўсіх акругах Генеральнага камісарыята Беларусі. Сярод іх - славуты рапарт Кушаля пра аперацыю "Герман" у Пяршайскай воласці Валожынскага павета: у другой палове ліпеня тут было спалена жыўцом насельніцтва дзесяці вёсак разам са сваімі будынкамі [129]. З пратэстам супраць такой дзейнасці карных атрадаў Камітэт выступіў 23 жніўня 1943 г. на сумеснай сесіі з нямецкімі цывільнымі і паліцэйскімі ўладамі, выкарыстаўшы ў якасці доказаў вышэй прыведзеныя факты. Ён звярнуўся да нямецкіх уладаў з просьбай:
спыніць паленне вёсак і рэпрэсіі супраць нявінных людзей;
стварыць умовы і рэальныя гарантыі бяспекі ад рэпрэсій для асоб, якія вярнуліся б з лесу дадому;
склікаць сумесную беларуска-нямецкую камісію для распрацоўкі належных інструкцый у гэтым пытанні і кантролю за іх выкананнем [130].

Паводле сведчання Калубовіча, былога члена Камітэта Даверу і ўдзельніка той сесіі, пратэст і прапановы Камітэта ўсхвалявалі прысутных немцаў.

За сталамі кіраўнікоў службы бяспекі й СД, а яшчэ болей - афіцэраў войск СС, ахоўнай паліцыі і жандармерыі, узнімаліся выкрыкі, гоман, пратэсты абурэння. Калі інж. А[ляксандар] Русак скончыў свой рэферат і передаў генеральнаму камісару Кубэ мемарыял, выступіў ген. Цэнэр і спрабаваў апраўдаць карныя акцыі супраць вёсак. Аднак мы былі здзіўленыя, калі Кубэ, наўсуперак ген. Цэнэру, пачаў перад Радаю Даверу апраўдвацца, заявіўшы, што ён у гэтым не вінаваты, што гэта робяць незалежныя ад яго органы й што сам ён быццам бы скардзіўся на іх у Бэрлін. Нашыя пабойванні арышту Рады Даверу не спраўдзіліся. Праф. Іваноўскаму не прыйшлося чытаць Дэклярацыі Незалежнасці, якая ляжала ў нутраной кішэні ягонага пінжака. Але даўжэйшы час нас не пакідала думка, што немцы яшчэ могуць з намі расправіцца. Мы не выключалі таксама мажлівасці, што органы СД і СС не даруюць таксама і В. Кубэ [131].

У жніўні 1943 г., хутчэй за ўсё пад канец месяца, Кубэ выслаў да Лёзэ наступны, на гэты раз самы падрабязны свой рапарт, дзе паказаў супрацьлеглыя метады акупацыі ў Беларусі і канфлікт цывільных і паліцэйскіх уладаў, які ўлетку 1943 г. перайшоў у найвастрэйшую сваю фазу. Адначасова гэта быў апошні погляд Кубэ на справу, і таму варта падаць шырэйшыя яго фрагменты, якія вымоўна сведчаць самі за сябе [132]:

...Гэта - вынік псіхалагічных памылак, што дапускаюць з насельніцтвам у час паліцэйскіх акцый атрады, якія іх праводзяць. Фатальную ролю адыгрывае тут асабліва імя Дзірлевангера, бо гэты чалавек падчас сваёй лютай карнай экспедыцыі (Vernichtungsfeldzug) супраць мірнага насельніцтва свядома не прымае пад увагу аніякіх палітычных неабходнасцяў. Побач з тым метады Трыццацігадовай вайны стасуюцца часта так, што сцверджанні нямецкай цывільнай адміністрацыі пра жаданае супрацоўніцтва з беларускім народам гучаць як мана. Масавыя расстрэлы або паленне жанок і дзяцей не маюць нічога супольнага з гуманным правядзеннем вайны. Колькасць весак, знішчаных у час вялікіх паліцэйскіх аперацый, перавышае колькасць вёсак, спаленых партызанамі. Натуральна, для палення вёсак заўсёды знойдуцца чыста тэхнічныя апраўданні: паводле цяперашніх інструкцый, дастаткова, каб у нейкай вёсцы прагучала некалькі стрэлаў і выкарыстаць самыя жорсткія сродкі. Калі такімі метадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разлічваць на ўціхаміранне краю, нават калі сілы паліцыі павялічацца ў дзесяць разоў. Тэрыторыя паступова абязлюдзее і для належнага гаспадарання ў інтарэсах нямецкага Рэйха амаль цалкам будзе страчаная. Праект Рэйхсфюрэра СС: эвакуацыя з усіх абшараў, што знаходзяцца пад пагрозаю бандаў, вываз мужчынаў да Рэйха і наступнае развядзенне на гэтых тэрыторыях коксагызу - невыканальны. На думку сельскагаспадарчых экспертаў, менавіта гэтая расліна патрабуе асабліва пільнага догляду. Дзеці і старыя кабеты самі не ўправяцца з палямі коксагызу...

Карныя аперацыі часам ператвараюцца ў крывавыя оргіі, і гэта не толькі руйнуе давер насельніцтва да нямецкага кіраўніцтва, але перш за ўсе' адбірае ўпэўненасць у прыхільных да нас беларусаў, якія з намі супрацоўнічаюць: у некаторых выпадках яны трапляюць у поўную залежнасць ад самаўладства якога-небудзь камандзіра паліцыі ці СС... На працягу астатніх дзесяці дзён усё множыліся і множыліся скаргі і просьбы ад розных мясцовых і нямецкіх устаноў аб дапамозе супраць сляпой лютасці, з якой дзейнічаюць нямецкія паліцэйскія часці, якія ў павеце Р., у апошні час - і ў павеце М. палілі вёскі, марна расстрэльвалі жывёлу, маўляў, жывая трапіць у рукі партызанаў. Эвакуацыю праводзяць прыблізна так: з сям'і забіраюць бацькоў, а трох-, чатырох- або пяцігадовыя малыя дзеці пакідаюцца на волю ўласнага лёсу...

Пасля вялікай аперацыі "Котбус" у траўні - чэрвені гэтага года следам за выхадам паліцыі партызаны зноў цалкам апанавалі абшар, здабыты надоечы паліцэйскімі сіламі. Зноў адбудоўваюцца колішнія лётнішчы, і сітуацыя робіцца цалкам тая ж самая, што і перад акцыяй "Котбус"... Такія самыя назіранні насоўваюцца і ў ваколіцах Леніна, і ў Ганцавіцкай, і ў Слуцкай акругах на поўдні Генеральнай акругі. Тут таксама ў лютым - сакавіку прайшла вялікая аперацыя, у выніку якой загінула 11 ооо чалавек (у аперацыі "Котбус" - больш за 13000). Тым часам савецкая рэспубліка Ленін цалкам адбудаваная нанова. Саветы працягваюць вярбоўку на тэрыторыі цывільнага праўлення, на нашых палях жнуць чырвонаармейскія жніўныя атрады... Ва ўсіх гэтых справах не будзе ніякіх зменаў, калі палітычнае кіраўніцтва ўсходніх абшараў на тэрыторыях, што перадаў яму фюрэр, не атрымае безумоўнага права кіраваць паліцыяй і Вермахтам. Дагэтуль, апроч абяцанняў, у якія не верыць ужо ніхто, мы практычна не даём нічога народам Усходу; пакуль метады нашай барацьбы з партызаншчынай будуць біць у нявіннае насельніцтва горш за самую партызанскую навалу, пакуль будуць расстрэльваць дзяцей і жанок, датуль усе гэтыя ўчынкі будуць вісець на рахунку ОМі, рэйхскамісараў г генеральных камісараў. Роўным чынам, усе добразычлівыя распараджэнні міністра акупаваных усходніх абшараў у галіне прыватызацыі зямельных уладанняў, культуры і г. д. застануцца на паперы да той пары, пакуль нямецкія часці не будуць падпарадкоўвацца палітычным загадам, якія будзе выдаваць толькі міністр усходніх абшараў.

У каментарах да апісаных Кубэ жахлівых падзей у Беларусі Лёзэ пісаў:

Уявіце сабе, што пра такія падзеі даведаліся на варожым баку і гэтым пакарысталіся. Такая прапаганда, відаць, nanpocmy была б безвыніковая, і толькі таму, што чытачы і слухачы не ў стане былі б уя е паверыць [133].

Аднак Лёзэ не меў ніякіх ілюзій наконт падпарадкавання паліцэйскіх уладаў кіраўніцтву цывільнай адміністрацыі і не прапаноўваў ніякага выйсця. Ён толькі паводле магчымасці спрыяў дзеянням Кубэ і перасылаў у вышэйшыя інстанцыі яго рапарты, дадаючы да іх хіба толькі эмацыйныя выклічнікі, якія не раз цытаваліся ў пасляваеннай літаратуры, напрыклад: "Што такое Катынь у параўнанні з гэтым?" або: "Гэтпая метода не вартая нямецкай справы і прыносіць нам самы балючы ўрон" [134].

Затое кіраўніцтва СС паводле зразумелых прычын імкнулася перашкодзіць распаўсюджанню звестак пра злачынствы карных атрадаў і заткнуць Кубэ рот. Пасля знаёмства з першымі рапартамі Кубэ шэф Галоўнага ведамства СС, ён жа сувязны афіцэр Гімлера ў ОМі, Бергер у лісце да Браўтыгама ад 13 ліпеня выказваў глыбокае шкадаванне з той прычыны, што Кубэ высылае няспраўджаныя паведамленні [135]. Адначасова копіі гэтых рапартаў Бергер перасылаў Баху і Бранту ў асабісты штаб Гімлера. Бергер адзначаў, што дакументы гэтыя "надзвычай важныя, бо сведчаць пра нечуваную легкадумнасць, з якою прымаюцца за праўду паведамленні тубыльцаў з мэтаю выкарыстаць іх супраць рэйхсфюрэра СС..." [136]. Адначасова ён прасіў Бранта праінфармаваць аб гэтым Гімлера.

Аднак спраўдзіць верагоднасць рапартаў было немагчыма: 10 чэрвеня загінуў Эрэнляйтнэр, а праз тры дні - Саковіч, ад якога Лянге атрымліваў інфармацыю [137]. У абодвух выпадках паведамлялася, што яны загінулі ад рук партызанаў, аднак і гэта немагчыма было спраўдзіць. Не ўдалося пакушэнне на Кубэ ў памяшканні Мінскага гарадскога тэатра, арганізаванае 22 чэрвеня [138]. Пад сцэнаю была ўстаноўлена міна, якая мусіла ўзарвецца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэння СБМ. Але выбух прагучаў пазней, у час спектакля паводле камедыі Аляхновіча "Пан міністр", на якім гаўляйтэр ужо не прысутнічаў. Загінула 13 чалавек, некалькі дзесяткаў былі цяжка параненыя [139].

Пасля няўдалага пакушэння, якое прыпісалі "бальшавіцкім агентам", паліцэйскія колы распачалі новую атаку супраць Кубэ дзеля таго, каб прыбраць яго з Мінска. Галоўную ролю тут павінен быў адыграць шэф СД Штраўх, якога Гімлер меркаваў перавесці на пасаду начальніка разведкі ў штабе Баха ўжо 24 чэрвеня [140], а Готберг і Бах заахвочвалі абяцанкамі павышэння [141]. У чэрвені - ліпені Штраўх і яго людзі пачалі актыўна прасочвацца ў Генеральны камісарыят і "распрацоўваць" Кубэ, аднак ён гэта своечасова заўважыў. Разгарэўся скандал. 20 ліпеня Кубэ выклікаў Штраўха і паведаміў яму, што парывае ўсялякае супрацоўніцтва з паліцыяй, і асабліва - з СД, і забараняе яе супрацоўнікам уваходзіць у Генеральны камісарыят. А непасрэднай нагодай для гэтага паслужыў расстрэл СД сямідзесяці яўрэяў, што працавалі ў камісарыяце [142].

Намаганні Штраўха падтрымліваў Готберг. Ён быў асабліва зацікаўлены ў тым, каб прыбраць Кубэ: у найбліжэйшы час ён спадзяваўся атрымаць павышэнне на групенфюрэра, а ў далейшай перспектыве разлічваў заняць пасля Кубэ пасаду генеральнага камісара Беларусі [143]. 21 ліпеня ён у лісце да Баха падрабязна апісаў абставіны, пры якіх Кубэ парваў супрацоўніцтва з СД, а таксама іншыя праявы яго варожасці да СС наступным чынам:

20 ліпеня 1943 г., паводле загаду гаўляйтэра Кубэ, у тутэйшым Генеральным камісарыяце адбылася нарада з кіраўнікамі аддзелаў... Гаўляйтэр спытаўся тады, ці не належыць нехта з прысутных да СД, бо ён чуў, што ў Генеральным камісарыяце ёсць шпікі з СД. Паколькі ніхто не прызнаўся, гаўляйтэр забараніў супрацоўнікам Генеральнага камісарыята звязвацца з СД... На пратэст кіраўніка аддзела Фрэйдэнберга гаўляйтэр дадаў да свайго распараджэння, што дзеля неабходных патрэбаў у перагаворах з СД трэба загадзя атрымліваць яго дазвол. Сёння, папоўдні, гаўляйтэр гаварыў пра гэта з жанчынамі, што працуюць у Генеральным камісарыяце, і забараніў ім кантактаваць з СД.(...)Обэргрупенфюрэр!Удадатак да нататкі обэрштур-мбанфюрэра СС Штраўха ад 20 ліпеня 1943 г., я лічу за свой абавязак перадаць Вам гэты рапарт, тым больш, што абразы, якія Кубэ кідае ў адрас СС або паасобных камандзіраў СС, падчас іх адсутнасці, перад кіраўнікамі аддзелаў, даўно не ў навіну... напрыклад: "Дух Гімлера і Гайдрыха падрывае нямецкі падмурак нямецкага народу і можна параўнаць яго з метадамі масонства", альбо пагардлівыя водгукі пра обэрштурмбанфюрэра СС Штраўха і г. д. [144].

Нарэшце, з самай цяжкай артылерыі выпаліў Штраўх. 25 ліпеня, ужо ўякасці члена штаба Баха, ён падаў свайму начальніку падрабязны рапарт у справе з Кубэ. У ім гаварылася пра варожасць Кубэ да СС, гучалі абвінавачанні ў поўнай няздольнасці яго як кіраўніка і адміністратара, крытыкавалася беларуская палітыка гаўляйтэра. Штраўх звярнуў асаблівую ўвагу на паводзіны Кубэ ў яўрэйскім пытанні, ён расцаніў іх як "немажлівыя": у афіцыйных выступленнях Кубэ адназначна падтрымліваў аперацыі па вынішчэнні яўрэяў, аднак рэальныя ўчынкі супярэчылі гэтым заявам. Штраўх падаў доказы, на грунце якіх сцвярджаў, што Кубэ "ў глыбіні свайго сэрца з'яўляецца праціўнікам нашых яўрэйскіх акцый". У сваіх абвінавачаннях ён прыходзіў да высновы, што "пры такіх умовах, на маю думку, пакідаць генеральнага камісара на ранейшай пасадзе немэтазгодна" [145].

У даступных архіўных крыніцах няма адказу на пытанне: якім чынам былі выкарыстаныя гэтыя матэрыялы? Відаць, Бах, збіраючы іх, меркаваў перадаць гэтыя дакументы Гімлеру, каб пазней абапірацца на іх у размове з Гітлерам наконт Кубэ. Пра гэта сведчыць прызнанне Бергера перад Амерыканскім вайсковым трыбуналам у Нюрнбергу: гаворачы пра "напружанасці" ў стасунках Кубэ з афіцэрамі СС, ён сцвярджаў, што "яны зацікавіліся планамі, якія яўна скіраваныя былі на тое, каб, я б сказаў, пакончыць з Кубэ, каб ён вымушаны быў пакінуць пасаду генеральнага камісара" [146]. Значыць, калі размова з Гітлерам вялася, ён гэтыя намеры адхіліў, бо Кубэ застаўся на сваім месцы і выкрываў надалей злачынствы СС. Справу напаткала фіяска. 14 жніўня Брант пераслаў рапарты Готберга і Штраўха Бергеру і адзначыў, што Гімлер прасіў азнаёміць з імі Розенберга [147]. Той, у сваю чаргу, выслаў у Мінск свайго намесніка Мэера, каб перадаць Кубэ "сур'ёзнае папярэджанне" [148].

На некалькі тыдняў запанавала ціша. Уночы з 21 на 22 верасня яе перарваў выбух міны, падкладзенай пад матрац Кубэ. Нямецкае інфармацыйнае бюро (Deutsches Nachrichtenbüro) паведаміла з Мінска, што Кубэ загінуў у час пакушэння, арганізаванага бальшавіцкімі агентамі, і гэта было пацверджана з савецкага боку. Для расследавання ўсіх акалічнасцяў пакушэння была створана Вялікая спецыяльная камісія (Grosse Sonderkommission), якая складалася з афіцэраў СС: старшыні - Бондарфа, а таксама Брэера і Гайса. Камісія высветліла, што міну прынесла і ўсталявала ў спальні Кубэ яго прыбіральшчыца, Алена Мазанік, якая атрымала яе ад Марыі Восіпавай, партызанскай сувязной. Быў раскрыты ўдзел у пакушэнні іншых членаў падполля, высветлена, што абедзве названыя жанчыны ўцяклі да партызанаў і самалётам перапраўленыя ў Маскву [149]. Гэтыя звесткі пацвердзіліся пазней у маскоўскім часопісе "Работннца" за люты 1947 г. - г. зн. тады, калі ў СССР была яшчэ не вядомая справаздача Бондарфа [150].

Супадзенне ў паказаннях Мазанік і Восіпавай з вынікамі расследаванняў Бондарфа адназначна сведчыць пра ўдзел гэтых жанчын у пакушэнні на Кубэ, аднак гэта не вырашае пытання, хто быў яго ініцыятарам і арганізатарам. Смерць Кубэ, безумоўна, была на руку савецкім уладам, якім яго палітычныя паводзіны перашкаджалі куды больш за злачынствы эсэсаўцаў; тыя толькі абуджалі ў грамадстве нянавісць да немцаў, і партызаны гэтым лёгка карысталіся. Аднак смерць Кубэ, па згаданых ужо матывах, была на руку і кіраўніцтву СС, якое ўжо перабрала ўсе іншыя магчымасці пазбыцца ад гаўляйтэра ў Мінску. Такім чынам, нельга адкінуць версіі, што пакушэнне на Кубэ падрыхтавала СС. На карысць такой гіпотэзы сведчаць наступныя акалічнасці, што вынікаюць з аналізу справаздачы камісіі Бондарфа.

1. Камісія складалася выключна з афіцэраў СС і праца вала пад непасрэдным наглядам шэфа СД у Мінску, які падпарадкоўваўся Готбергу, Баху і Гімлеру. Гэта дазваляла праціўнікам Кубэ цалкам падпарадкаваць яе вынікі свайму ўплыву.

2. Следства праводзілася ўсяго некалькі дзён - ужо 29 верасня 1943 г. шэф мінскага СД распусціў камісію. Толькі пасля таго "высветлілася", што Мазанік, дапушчаная да працы ў доме Кубэ, была да вайны працаўнічкай НКУС, а ў цяперашні момант - дзяячкай савецкага падполля. Адначасова, у надзвычайна кароткі тэрмін, былі выкрытыя ўсе падпольшчыкі, што ўдзельнічалі ў пакушэнні на Кубэ, і не адзін з іх не выкарыстаў магчымасці ўцячы адразу ж пасля гібелі гаўляйтэра. Гэта сведчыла альбо пра надзвычайныя здольнасці СС, альбо пра фабрыкацыю ўсёй справы, тым больш што ўсіх сведкаў знішчылі, так што сляды былі замеценыя цалкам.

3. За такі кароткі час - г. зн. да 29 верасня! - камісія высветліла, што Мазанік і Восіпаву з партызанскага лётнішча пераправілі ў Маскву. Гэта надзвычай важная акалічнасць у справаздачы, яна сведчыць пра тое, што СД мела сваіх інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі абедзве жанчыны. Значэнне гэтага факта пацвярджаецца яшчэ і тым, што ў савецкім варыянце публікацыі справаздачы камісіі Бондарфа гэты пункт быў апушчаны.

У Савецкім Саюзе першае паведамленне пра смерць Кубэ апублікавала маскоўская "Правда" 24 верасня, у ім адзначалася, што гаўляйтэр загінуў ад "меткой партизанской пулі". Гэтая памылка паўстала, хутчэй за ўсё, у выніку ўласнай інтэрпрэтацыі паведамлення нямецкага радыё. Варта звярнуць на яе болын пільную ўвагу, бо гэта значыла, што камандаванне партызанскага атрада, у які ўцяклі Мазанік і Восіпава, не выслала ў Маскву паведамлення. Можна, такім чынам, меркаваць, што атраднае камандаванне, якое, паводле цяперашняй версіі, здаўна і загадзя рыхтавалася да пакушэння, даведалася пра яго толькі з вуснаў незнаёмых беглых жанчын і паставілася да справы з засцярогай, дапускаючы, што гэта, магчыма, правакацыя. Пра гэта сведчыў пазнейшы лёс Мазанік і Восіпавай: пасля публікацыі ў 1947 г. артыкула ў "Работніце" некалькі гадоў вакол іх панавала суцэльнае маўчанне. Між іншым, не згадваў пра іх і Л. Цанава, аўтар вялікай працы аб партызанскай вайне ў Беларусі, дзе знайшлося месца для значна менш цікавых фактаў [151]. Адзначым, што аўтар кнігі на пачатку пяцідзесятых гадоў быў міністрам дзяржаўнай бяспекі БССР. Можна, такім чынам, дапусціць, што версія аб правакацыі СС сур'ёзна бралася пад увагу.

Кубэ таксама апасаўся пакушэння. У апошнія месяцы свайго жыцця ён меркаваў замяніць паліцэйскую ахову вакол свайго дома "прыватнай" вартай, якая павінна была складацца з давераных членаў SA або маладых фольксдойчаў [152]. Але Гімлер "ні ў якім выпадку" не пагаджаўся на такія праекты [153]. Значыць, ён поўнасцю трымаў Кубэ ў руках. Смерць Кубэ і па сённяшні дзень не перастае быць таямніцай, нягледзячы на шматлікія згадкі ў літаратуры на гэтую тэму.

У дзень пахавання Кубэ ў Берліне Гітлер загадаў ад свайго імя ўскласці вянок на яго магіле [154]. Затое Гімлер сказаў, што толькі смерць выратавала Кубэ ад канцлагера [155]. Градацыя ацэнак гэтага чалавека была вельмі шырокая, і не толькі ў вачах найбуйнейшых асоб гітлераўскай Нямеччыны, але і пасляваенных даследчыкаў.

I сапраўды, цяжка адназначна ацаніць дзейнасць Кубэ. Ён быў найвышэйшым прадстаўніком гітлераўскага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, бясспрэчна, злачыннага паводле свайго характару. З фармальнага пункту гледжання, згодна з дэкрэтам Гітлера ад 17 ліпеня 1941 г., яму "асабіста і непасрэдна" быў падначалены камандзір СС і паліцыі ў Мінску, таму адказнасць за масавыя забойствы, што праводзіліся гімлераўскімі органамі, павінна была абцяжарваць таксама і Кубэ. Аднак у гэтым самым дэкрэце адзначалася, што толькі сам рэйхсфюрэр СС мае права выдаваць распараджэнні камандзірам СС і паліцыі. Такім чынам, уплыў цывільнай адміністрацыі на іх дзейнасць выключаўся. Да самай смерці Кубэ гэтая інструкцыя не змянілася, на яе падставе паліцэйскія ўлады ўхіляліся ад якога-небудзь умяшальніцтва з боку кіраўніцтва цывільнай адміністрацыі. Паводзіны Вермахта таксама не залежалі ад гэтай адміністрацыі.

Можна, такім чынам, меркаваць, што пры тых абставінах Кубэ не нёс непасрэднай службовай адказнасці за злачынствы генацыду. У той сітуацыі ён мог, гэтак жа як і іншыя камісары на акупаваных савецкіх тэрыторыях, проста захоўваць глыбокі нейтралітэт да злачынстваў гімлераўскага апарату. Пазней, на Нюрнбергскім працэсе, такая пазіцыя не расцэньвалася як важкі довад віны, пра што сведчаць памяркоўныя прыгаворы Амерыканскага вайсковага трыбунала.

Аднак гэтыя здарэнні Кубэ ўспрымаў нераўнадушна, магчыма, пад уплывам пачуцця маральнай адказнасці, што, дарэчы, адлюстравана ў яго апошняй, жнівеньскай, справаздачы. З гэтых самых меркаванняў ён не хацеў пакінуць сваёй пасады - у той драматычнай асабістай сітуацыі адыход мог бы стаць для яго сапраўдным выйсцем, але гэта азначала б капітуляцыю перад злачынствамі СС.

Таму можна было б палічыць за непаразуменне меркаванне Даліна, паводле якога Кубэ і СС мелі пеад сабою тыя ж самыя мэты і пабуджэнні, калі б не тэндэнцыйнасць гэтага аўтара [156]. Гэта тычыцца нават яўрэйскага пытання. Райтлінгер, даследчык генацыду яўрэяў у Еўропе, адзначаў, што дзеянні Кубэ ў гэтым напрамку не мелі поспеху, аднак тут жа заўважыў, што

сярод цывільных або вайсковых буйных чыноўнікаў у Расіі Кубэ быў адзіны, хто пэўны час тармазіў дзейнасць расісцкіх забойцаў. Патэтычны і няўдачлівы, тоўсты і сладастрасны, гэты пажылы чалавек шмат месяцаў займаўся тым, на што не асмеліўся ніводзін сябра праслаўленай антыгітлераўскай апазіцыі [157].

Заўважым, між іншым, што Клаўса фон Штаўфэнберга і яго таварышаў гісторыкі ГДР прызнавалі за анты-фашыстаў [158].

Кубэ ацаніў і падтрымаў беларускае пытанне, у перспектыве ён бачыў стварэнне асобнай беларускай дзяржавы пад кіраўніцтвам Рэйха. Гэтая канцэпцыя і спробы ў яе ажыццяўленні выклікалі суровае асуджэнне савецкіх уладаў, і - як вынік - у працах гісторыкаў і публіцыстаў БССР ацэнка Кубэ была адназначна адмоўная. Затое ў колах беларускай эміграцыі ўвогуле ўстрымліваліся ад якіх-небудзь ацэнак галоўным чынам дзеля таго, каб найбольш выгадна рэпрэзентаваць дзейнасць Астроўскага, якая распачалася толькі пасля смерці Кубэ.

Таму варта прывесці пасмяротную ацэнку Кубэ, змешчаную ў жалобным паведамленні Камітэта Даверу. Яно падпісанае старшынёй Камітэта Іваноўскім і яго намеснікам Сабалеўскім і адлюстроўвае палітычную пазіцыю большай часткі беларускіх нацыянальных дзеячаў таго перыяду. Варта, дарэчы, заўважыць, што аўтары паведамлення паўстрымаліся ад таго, каб спісаць пакушэнне на "маскоўскіх агентаў". Падаём поўны яго тэкст:

22 верасня памёр ад рукі баязлівага злачынцы генеральны камісар Беларусі, гаўляйтэр Вільгельм Кубэ. Вестку аб гэтай трагічнай смерці беларусы прынялі з найглыбейшым абурэннем. У асобе Нябожчыка беларускі народ траціць свайго найлепшага сябра і змагара за інтарэсы Беларусі. Беларусы верылі і адчувалі, што іх жаданні будуць здзейсненыя генеральным камісарам Кубэ. Жыццё і дзейнасць гэтага дзяржаўнага мужа стала перашкодаю нашым ворагам. Таму яны стараліся яго прыбраць. У сувязі з трагічнай смерцю гэтага чалавека беларускі Камітэт Даверу выказвае ад імя беларускага народу самае глыбокае спачуванне нямецкаму народу і ўраду Нямецкага Рэйха [159]1.

Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Крыніцы:
[88] Беларуская газэта. 4 лютага 1943.
[89] Беларускі народны каляндар на год 1944. Менск, 1944. С. 92.
[90] Меркаванне аб прыналежнасці беларусаў да нардычнай расы выказвалася на старонках органа РКО "Остланд". Публіцыст В. Эсен сцвярджаў, што беларусы, нягледзячы на тое, што размаўляюць на славянскай мове, у мінулым пахлынулі шматлікія балтыйскія плямёны і нават - германскія элементы: Ostland [Riga]. Februar 1944. № 8.
[91] Голас вёскі. 26 сакавіка 1943. № 12 (66).
[92] [Тэлекс Кубэ да Мэера], 20.04.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 21/555.
[93] [Тэлекс Розенберга да Лёзэ], 2303.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 39/098.
[94] Раніца. 27 красавіка 1943; 7 студзеня 1945. У канцы 1943 г. інстытут эвакуаваўся ў овую Вілейку. 10 чэрвеня 1944 г. ён выпусціў першую і апошнюю партыю сваіх навучэнцаў, 32 чалавекі. У 1944/45 навучальным годзе ён працягваў сваю працу ў Нямеччыне.
[95] Варта прыгадаць тыя намаганні, што прыклаў В. Іваноўскі для адкрыцця тэхналагічнага інстытута і універсітэта ў Мінску.
[96] Больш падрабязна ў працы Юрыя Туронка "Людзі СБМ". - Рэд.
[97] [Дэкрэт Розенберга], 0306.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 237/2726178.
[98] Дэкрэт Кубэ аб стварэнні СБМ // Раніца. н ліпеня 1943.
[99] Статут СБМ // Раніца. н ліпеня 1943.
[100] Ганько М. Моладзь Новае Беларусі // Беларускі народны каляндар на год 1944. Менск, 1944. С. 59; Herzog R. Besatzungs-verwaltung in den besetzten Ostgebieten - Abteilung Jugend. Tübingen, 1960. S. 27.
[101] Ганько М. Моладзь Новае Беларусі...
[102] Herzog R. Besatzungsverwaltung in den besetzten... S. 25.
[103] Адозва Ганько // Баранавіцкая газэта. 22 чэрвеня 1943.
[104] Ганько М. Моладзь Новае Беларусі...
[105] Раніца. 11 ліпеня 1943.
[106] Verordnungsblatt des Reichsministers für die besetzten Ostgebiete. 30.04.1942. № 5.
[107] Цікава, што гэтае распараджэнне Розенберга ад 24 красавіка 1942 г. фон Готберг успрыняў як прававую падставу для стварэння ў снежні 1943 г. Беларускай Цэнтральнай Рады, хоць паўнамоцтваў на ўтварэнне такога органа яно не давала (гл. наступны раздзел).
[108] Dallin A. German rule in Russia... P. 564.
[109] Беларуская газэта. 27 красавіка 1943; 3 ліпеня 1943.
[110] [Ліст КубэдаЛёзэ], 12.08.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 23/473.
[111] Гэта былі: Канстанцін Гуло (Мінская акруга), Сымон Цытовіч (Слонімская), Уладзімір Казёл (Глыбоцкая), Віктар Трахімовіч (Барысаўская), Цімафей Гаргесгаймер (Ганцавіцкая), Мадэст Яцкевіч (Лідская), Язэп Душэўскі (Слуцкая), Мікалай Буляк (Наваградская), Іван Галяк (Вілейская): Беларуская газэта. 3 ліпеня 1943.
[112] Беларуская газэта. з ліпеня 1943.
[113] Новікаў I. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску. Мінск, 1964. C. 183.
[114] Галяк Л. Успаміны. Кн. II. ЗША: Летапіс, 1983. С. 62; Малецкі Я. Пад знакам Пагоні... С 92; Касяк I. Заўвагі да артыкула аб Іваноўскім // Беларуская думка (Саўт-Рывер). 1984. № 29.
[115] Беларуская газэта. з ліпеня 1943.
[116] Тамсама.
[117] [Ліст Кубэ да Лёзэ], 12.08.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 23/473.
[118] Grueber E. Gründung einer "Weissruthenischen Wissenschaftlichen Gesellschaft" // Ostland (Riga). August 1943. № 2. S. 30.
[119] Тамсама; Раніца. 18 ліпеня 1943.
[120] [Рапарт Штраўха], 25.07.1943. S. 84.
[121] [Ліст Кубэ да Розенберга], 24.03.1943 [з дадаткам - справаздачай Эрэнляйтнера аб палітычным становішчы ў Слоніме], 21.03.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 21/556-557.
[122] Унутраная карэспандэнцыя РКО ў сувязі з рапартам Эрэнляйтнера. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 21/567-568.
[123] [Рапарты Лаўха ад 02.06.1943 i Лянге ад 31.01.1943] // Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 518,521.
[124] [Рапарт Лянге ад 01.06.1943]. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601596.
[125] [Ліст Кубэ да Розенберга (via RKO)], 05.06.1943. IMGN. Bd. XXXVIII. 135-R. S. 373.
[126] [Ліст Кубэ да Розенберга], 29.06.1943 // Müller N. Okkupation - Raub - Vernichtung... S. 151.
[127] [Ліст Кубэ да Розенберга (via RKO)], 03.06.1943 // Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 520.
[128] [Другі Ліст Кубэ да Розенберга (via RKO)], 03.06.1943 // Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 517.
[129] Рапарт Кушаля да старшыні Рады Даверу ад 06.08.1943 г. быў змешчаны цалкам у зборніку дакументаў "Преступные цели - преступные средства" (Москва, 1968. С. 142). Тым часам у кнізе В. Раманоўскага "Саўдзельнікі ў злачынствах", выдадзенай у Мінску, была змешчана толькі адпаведна падабраная частка гэтага рапарта (ч. 146) для падмацоўкі сцверджання, што Кушаль "6 жніўня 1943 г. з захапленнем даносіў кіраўніку т. зв. "рады даверу" пра крывавыя расправы над мясцовым насельніцтвам у мясціне, дзе ён нарадзіўся" (с. 153). Рэч у тым, што Кушаль нарадзіўся ў Пяршаях, а ў суседняй вёсцы Доры загінулі яго браты, спаленыя разам з царквою, куды іх сагналі карнікі. З дапамогаю гэтай фальшыўкі Раманоўскі імкнуўся падаць свайго палітычнага праціўніка Кушаля ў найгоршым святле.
[130] Калубовіч А. Праф. Вацлаў Іваноўскі і Беларуская Рада Даверу// Беларуская думка (Саўт-Рывер). № 27-28.1983. C. 13-14. Гл. таксама ў кнізе: Калубовіч А. Крокі гісторыі. Менск - Беласток - Вільня, 1993. С. 146-156.
[131] Калубовіч А. Крокі гісторыі. Менск - Беласток - Вільня, 1993. С. 146-156; Паведамленне ад 14.03.1979. зробленае Калубовічам для аўтара (машынапіс). Калубовіч, напэўна, памыліўся наконт Цэнэра, які ў ліпені 1942 г. быў адкліканы з Мінска і ў сувязі з гэтым пакінуў Беларусь. Напэўна, меліся на ўвазе або Готберг, або Корземан.
[132] Фрагменты справаздачы Кубэ Лёзэ падаў у: [Ліст да Розенберга], 14.10.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 23/510.
[133] [Ліст Лёзэ да Розенберга], 18.06.1943. IMGN. Bd. XXXVIII. 135-R. S. 371.
[134] [Ліст Лёзэ да Розенберга], 18.06.1943. IMGN. Bd. XXXVIII. 135-R. S. 371.
[135] [Ліст Бергера да Браўтыгама], 13.07.1943 // Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 521.
[136] [Ліст Бергера да Бранта], 13.07.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601592. Гэты ліст трапіў у штаб рэйхсфюрэра СС 16.07.1943 i быў перададзены Гімлеру.
[137] Amsblatt des RmfdbO. 27.04.1944. № 7. Аб смерці Эрэнляйтнера; Беларуская газэта. 03.07.1943. Аб смерці Саковіча.
[138] Auch er fiel für Deutschland // Deutsche Zeitung im Ostland. 23.09.1943.
[139] Беларуская газэта. 30 чэрвеня 1943; Паведамленне Антона Адамовіча, былога публіцыста гэтай газеты, зробленае для аўтара ў красавіку 1985 г.
[140] [Ліст Гімлера да Кальтэнбрунера], 24.06.1943- AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601635.
[141] [Акты Штраўха]. AGKBZH. ATW 9- Dok prokuratury. T. III. S. 192.
[142] Кубэ тады сказаў Штраўху: "Такога характару паводзіны не вартыя немца і Нямеччыны Канта і Гётэ. Калі б нямецкі аўтарытэт быў падарваны на цэлым свеце, дыксталася б гэта з нашай віны". Гл.: [Нататкі Штраўха], 20.07.1943 // Vierteljabrshefte für Zeitgeschichte. 1956. Heft 1. S. 78.
[143] Спадзяванні Готберга грунтаваліся на прынцыпах супрацоўніцтва, узгодненых з Гімлерам і Розенбергам, паводле якіх падчас доўгай адсутнасці рэйхскамісара яго абавязкі павінен быў выконваць HSSPR Гл.: [Ліст Гімлера да Розенберга], 19.11.1941. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 29/1182.
[144] [Ліст Готберга да Баха], 21.07.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2575281.
[145] [Рапарт Штраўха], 25.07.194З- S. 80-92.
[146] Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 549.
[147] [Ліст Бранта да Бергера], 14.08.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2575288.
[148] [Ліст Бергера да Бранта], 18.08.1943. Trials of War Criminals... Vol. XIII. P. 525. Візіт Мэера ў Мінск адбываўся 24-25 жніўня 1943 г.
[149] [Справаздача вышэйшай спецыяльнай камісіі, падпісаная Бондарфам]. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R.15/233.
[150] Марина М. Героиня Великой Отечественной войны // Работница. 1947- № 2. С. н; Справаздача Бондарфа з пэўнымі невыпадковымі скарачэннямі ўпершыню апублікаваная ў: Новиков Н. Бессмертие Минска. Минск, 1977- С. 205-210.
[151] Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии... Т. 2. C. 671-673.
[152] [Рапарт Штраўха], 25.07.194З. S. 84; [Тэлекс гаўптштурмфюрэра Майнэ з асабістага штаба рэйхсфюрэра СС], 22.05.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2575290.
[153] [Тэлекс гаўптштурмфюрэра Майнэ з асабістага штаба рэйх-сфюрэра СС], 22.05.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R- 59/2575290.
[154] Domarus M. Hitler Reden und Proklamationen 1932-1945. Bd. II. Würzburg, 1963. S. 2 043.
[155] Reitlinger G. The house built on sand... P. 157.
[156] Dallin A. German Rule in Russia... P. 212.
[157] Reitlinger G. The house built on sand... P. 256.
[158] Groehler O., Drobisch K. Der 20 Juli 1944 // Einheit. 1984. № 7.S. 633.
[159] Deutsche Zeitung im Ostland. 23.09.1943.

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291890134 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Метады акупацыі на Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network