публикация №1291890012, версия для печати

Развіццё савецкага партызанскага руху у БССР


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291890012)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


29 чэрвеня 1941г. - Савет народных камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву, у якой заклікалі партыйныя арганізацыі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай Арміяй пры адступленні [1].3 ліпеня 1941г. Сталін яшчэ раз паўтарыў гэтае заданне па радыё. Па ўсёй зоне акупацыі было загадана ўзрываць масты і дарогі, псаваць тэлеграфную і тэлефонную сувязь, паліць лясы, склады і абозы, на кожным кроку пераследаваць і нішчыць ворага і яго памагатых, зрываць любыя іхнія мерапрыемствы [2]. У адказ Гітлер заявіў 16 ліпеня 1941 г.:

Рускія аб'явілі партызанскую вайну на тылах нашага фронту. Ёсць і свой добры бок у гэтай партызанскай вайне: мы зможам вынішчаць усё, што паўстала супраць нас [3].

Так была абвешчаная бязлітасная вайна ў нямецкіх тылах. У Беларусі яна прадвызначыла ўвесь далейшы ход падзей і стала адным з найважнейшых фактараў, што ўплывалі на дзейнасць акупацыйнага рэжыму.

Зазначым, што партызанскую вайну савецкі ўрад аб'явіў у самыя першыя дні нямецкага нашэсця, калі намеры Гітлера адносна занятых тэрыторый СССР былі яшчэ невядомыя. Асабліва гэта тычылася стаўлення Нямеччыны да незалежніцкага руху ў Прыбалтыцы, Беларусі і ва Украіне: ні форма панавання над гэтымі землямі (урады-сатэліты або непасрэднае нямецкае кіраўніцтва), ні гаспадарчая палітыка, і сярод іншых - пытанне аб роспуску або захаванні калгасаў, - нічога не было высветлена загадзя. Няясна было, як пачнуць сябе паводзіць немцы з савецкімі дзеячамі, ваеннапалоннымі і яўрэйскім насельніцтвам. Пытанняў было шмат, і савецкія ўлады напачатку вайны не маглі ўпэўнена прадказаць настрой людзей і іх стаўленне да запланаванага супраціўленчага руху. Такім чынам, партызанская вайна была аб'яўленая без увагі на будучыя паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў і настрой насельніцтва, яна была прадыктавана выключна вайсковымі і палітычнымі задачамі СССР.

Беларусь была вельмі важным звяном у агульнай стратэгіі партызанскай вайны. Выключнае значэнне мела яе геаграфічнае становішча. Па-першае, дужа спрыяльныя былі натуральныя варункі: багата лясоў і балот - і, па-другое, тут пралягалі галоўныя шляхі з захаду да Масквы. Пагэтаму невыпадкова ўжо назаўтра пасля выдання дырэктывы ад 29 чэрвеня 1941 г. ЦК КП(б)Б і абласныя партарганізацыі Усходняй Беларусі пачалі стварэнне падполля і партызанскіх атрадаў. Дзеля гэтага ў зоне акупацыі ў ліпені - жніўні засталося 1215 партыйцаў і каля 5 тыс. камсамольцаў, яны атрымалі заданне арганізаваць узброенае супраціўленне [4]. Паводле савецкіх крыніц, у жніўні 1941 г. на тэрыторыі БССР, галоўным чынам ва ўсходніх раёнах, быў створаны 231 партызанскі атрад, а колькасць байцоў дасягала 12 тыс. [5]. Пераважна гэта былі чырвонаармейцы - салдаты і камандзіры, што не змаглі прарвацца на ўсход і хаваліся цяпер ад лагернага палону, партыйныя і камсамольскія дзеячы, а таксама іншыя савецкія актывісты.

Тым часам лінія фронту аддалялася ўсё далей у маскоўскім напрамку, і дзейнічаць партызанам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зброі, што выдалі ім з вайсковых складоў улетку 1941 г., не хапала, больш-менш рэгулярныя яе пастаўкі з-за лініі фронту пачаліся толькі ў сакавіку 1942 г. [6]. Асабліва цяжка было без сувязі. Да красавіка 1942 г. гэтыя атрады не мелі яшчэ сваіх радыёстанцый, таму немагчыма было наладзіць аператыўны кантакт з камандаваннем Чырвонай Арміі [7]. Такім чынам, некалькі месяцаў партызанскія групы ў Беларусі былі кінутыя на ўласны лёс. Летам і восенню 1941 панеслі значныя страты ад нямецкіх карных акцый, мясцовае насельніцтва, асабліва на вёсцы, таксама не заўсёды аказвала ім падтрымку [8]. Пры такой сітуацыі глыбокай восенню 1941 г. баявая дзейнасць гэтых групаў значна паслабела. У нямецкіх вайсковых і цывільных колах гэта ўспрымалі як канец партызанскага руху, і не толькі з прычын матэрыяльных, але і ідэалагічных - у гэты час нямецкая армія дасягнула ўжо подступаў савецкай сталіцы [9].

Паражэнне немцаў пад Масквой аднавіла веру ў сілу Чырвонай Арміі, у яе здольнасць аказваць належнае супраціўленне ворагу. Яно істотна ўздзейнічала на актывізацыю савецкага падполля ў Беларусі. 3 нямецкіх паліцэйскіх рапартаў відаць, наколькі ўзмацніліся ў снежні 1941 - лютым 1942 гг. партызанскія напады на транспартныя калоны Вермахта і ўзрасла колькасць выпадкаў сабатажу і дыверсій на камунікацыйных шляхах. Аднак партызанскія групы па-ранейшаму пазбягалі адкрытага сутыкнення нават з невялікімі нямецкімі атрадамі і скіроўвалі ўсе намаганні на арганізацыйнае ўзмацненне, пашырэнне баз і сістэмы забеспячэння, дбалі аб павелічэнні свайго ўплыву сярод насельніцтва [10]. Без сур'ёзнай матэрыяльнай падтрымкі Чырвонай Арміі іх дзейнасць не стварала для Вермахта вялікай небяспекі. Як паведамляў Шэнкендорф, у гэты час існавалі толькі невялікія партызанскія групы, якія абмяжоўваліся нападамі на пакінутыя без аховы мясцовасці і дробныя атрады нямецкіх салдатаў, галоўным чынам дзеля папаўнення сваіх запасаў [11]. Дзейнасць партызанаў не вельмі трывожыла немцаў. Пра гэта можа сведчыць і такі факт: перад Калядамі 1941 г. для аховы вялікага склада амуніцыі ў Смаленску яны прыставілі ўсяго толькі двух вартавых [12].

Але неўзабаве пачалі праяўляцца іншыя вынікі бітвы пад Масквой, якія мелі вялікае практычнае значэнне для развіцця партызанскага руху. Пачалося зімовае контрна-ступленне Чырвонай Арміі. У першыя дні лютага 1942 г. адзін з яе кліноў дасягнуў лініі Веліж - Усвяты, г. зн. дайшоў да паўночна-ўсходняй мяжы Беларусі, за якою ўжо дзейнічала некалькі невялікіх партызанскіх атрадаў [13]. Такім чынам, зона партызанскай барацьбы і аператыўны абшар Чырвонай Арміі злучыліся, стварыліся ўмовы для іх узаемадзеяння. Савецкае камандаванне, напэўна, не прадбачыла такой сітуацыі. Пра гэта сведчыць факт, што толькі ў сакавіку, г. зн. праз месяц, была наладжана сувязь паміж партызанамі Віцебшчыны і Чырвонай Арміяй [14]. Менавіта ў гэтым месяцы савецкае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва прыняло канкрэтнае рашэнне наконт выкарыстання партызанскага руху ў Беларусі і ўключыла яго ў сваю ваенную стратэгію. Немцам далі адпор пад Масквой, вайна абяцала зацягнуцца надоўга, і ў гэтай сітуацыі партызанская барацьба набыла не толькі вайсковае, але і палітычнае значэнне.

20 сакавіка 1942 г. ЦК КП(б)Б стварыў г. зв. Паўночна-заходнюю аператыўную групу для дзейснага кіраўніцтва партызанскім рухам у Беларусі. Група дзейнічала сумесна са штабамі Калінінскага фронту, 3-й і 4-й ударных армій - іх аператыўная зона прылягала да Віцебшчыны. Ва Усходняй Беларусі яна падтрымлівала сувязь з падпольнымі партарганізацыямі і партызанскімі атрадамі, удзельнічала ў іх узмацненні і актывізацыі, займалася таксама падрыхтоўкай падрыўнікоў, радыётэлеграфістаў, збірала і апрацоўвала разведачную інфармацыю. Група выконвала ролю штаба савецкага партызанскага руху ў Беларусі. У красавіку 1942 г. ЦК КП(б)Б пастанавіў набраць, падрыхтаваць і перакінуць у Беларусь пяцьдзесят невялікіх атрадаў якія павінны былі актывізаваць партызанскую барацьбу і ўцягнуць у яе насельніцтва. Кадры падбіраліся спецыяльна з тых беларусаў, што адбывалі службу ў войску або знаходзіліся ў савецкіх тылах.

Сувязь з тэрыторыяй Беларусі аператыўная група падтрымлівала цераз т. зв. "Віцебскія вароты", часам называныя "Суражскімі варотамі". Гэта быў своеасаблівы калідор шырынёю 40 км паміж гарадамі Веліж і Усвяты на стыку аперацыйнай зоны Чырвонай Арміі і віцебскіх партызанаў Ён праіснаваў да канца верасня 1942 г. - аж пакуль не быў зліквідаваны немцамі. Былы камандзір Беларускага штаба партызанскага руху П. Калінін сведчыць, што праз гэты унікальны для гісторыі нямецка-савецкай вайны калідор партызаны Віцебшчыны пераправілі на Вялікую зямлю болын за 35 тыс. чалавек, з іх больш за 20 тыс. - для службы ў Чырвонай Арміі. Апрача таго, праз "Віцебскія вароты" для патрэбы арміі з акупаванай Беларусі было пераслана 1,5 тыс. т збожжа, 10 тыс. т бульбы, 4 тыс. галоў жывёлы, 2 тыс. коней, 35 тыс. т сена і іншых харчовых запасаў [15]. А ў гэты час у адваротным кірунку - на Віцебшчыну - перайшлі дзесяткі савецкіх дыверсійных групаў і партызанскіх атрадаў перапраўленая аўтамабільнымі і коннымі абозамі неабходная колькасць зброі, амуніцыі, выбуховых рэчываў і іншага вайсковага абсталявання, мільёны экземпляраў газет і палітычнай літаратуры. А ўжо адтуль людзі, зброя і літаратура накіроўваліся далей, у іншыя раёны Беларусі, галоўным чынам усходнія, паводле размеркавання, якое вызначала кіраўніцтва аператыўнай групы [16].

Савецкія ўлады прадбачылі, што гэты надзвычай важны камунікацыйны канал хутка можа закрыцца, таму пастараліся своечасова наладзіць належную авіяцыйную сувязь. Дзеля гэтага ўжо ў 1942 г. y Беларусь пераправілі спецыялістаў, пад кіраўніцтвам якіх пачалася будоўля палявых партызанскіх аэрадромаў За ўвесь перыяд акупацыі іх было пабудавана амаль пяцьдзесят [17]. Гэтыя аэрадромы дазволілі пасля ліквідацыі "Віцебскіх варотаў" у канцы верасня 1942 г. працягваць дастаўку ваенных грузаў вывозіць параненых, пошту і г. д. У дадатак ад пачатку красавіка да канца 1942 г. для лясных атрадаў было перапраўлена 150 палявых радыёстанцый разам з абслугай - вырашылася праблема сувязі з цэнтральным савецкім камандаваннем [18], дзе таксама наступілі змены. 30 траўня 1942 г. пры Галоўным камандаванні Чырвонай Арміі быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху пад кіраўніцтвам першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнкі, а ў верасні 1942 г. - яго тэрытарыяльны аддзел, Беларускі штаб партызанскага руху, начальнікам якога стаў П. 3. Калінін. Гэты штаб узяў на сябе функцыі Паўночна-заходняй аперацыйнай групы.

Такім чынам, толькі вясною 1942 г. савецкія ўлады стварылі неабходныя матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для развіцця партызанскага руху ў Беларусі. За ўвесь перыяд вайны яны перакінулі туды не менш за 13 тыс. салдатаў афіцэраў і арганізатараў гэтага руху, болынасць з іх прайшла спецыяльную падрыхтоўку для дзейнасці ў зоне нямецкай акупацыі. Апрача таго, да сакавіка 1944 г. туды было пераслана больш за 6о тыс. вінтовак, 15 тыс. аўтаматаў 5 тыс. кулямётаў, каля 100 млн. штук патронаў 400 т выбуховых рэчываў, сотні мінамётаў супрацьтанкавая зброя і інш. [19]. Такое бронезабеспячэнне дапаўнялася за кошт трафеяў і адпавядала агнявой сіле нешта каля дзесяці пяхотных дывізій.

Дзякуючы сваёй узброенай сіле, савецкі партызанскі рух стаў для многіх жыхароў Беларусі шанцам ратунку альбо пажаданым выйсцем у складаных варунках. Хутка ў яго ўліліся не толькі слабыя і раздробленыя групы супраціўлення, што паўсталі ўлетку 1941 г., але і людзі, якіх нацысты асудзілі на вынішчэнне або пагражалі смерцю, асабліва яўрэі і камуністычныя дзеячы. Партызанам лёгка ўдалося абярнуць на сваю карысць указ Вермахта, абвешчаны ў сакавіку 1942 г., паводле якога папярэдне вызваленыя і размешчаныя ў калгасах чырвонаармейцы павінны былі вярнуцца ў лагеры ваеннапалонных. Тысячы такіх людзей апынуліся, насуперак загаду, у лясных атрадах. На думку паліцыі, гэта аказала вялізны ўплыў на актывізацыю партызанскай дзейнасці [20]. У лес уцякала і шмат моладзі, якая хавалася ад прымусовага вывазу на працу ў Нямеччыну. Такім чынам, вясною 1942 г. грамадска-палітычныя ўмовы складваліся куды больш спрыяльна для партызанскага руху, чым гэта было ў першыя тыдні акупацыі.

На развіццё партызанскага руху ў Беларусі ўплывала шмат фактараў, адным з найважнейшых, або нават і вырашальным, аказаліся погляды Сталіна і Галоўнага камандавання Чырвонай Арміі: яны зыходзілі з меркавання, што наступны генеральны ўдар немцаў зноў будзе скіраваны на цэнтральны адрэзак фронту. Такая ацэнка сітуацыі пацягнула за сабой усе далейшыя захады па стварэнні ў варожых тылах узброенай сілы, якая магла б аслабіць націск праціўніка. 3 гэтым быў звязаны і рост асабовага складу партызанскіх атрадаў. У першым паўгоддзі 1942 г. ён павялічваўся прыкладна на 3-4 тыс. чалавек штомесячна, тады як у другой палове года - ужо на 7-8 тыс., так што на пачатку лістапада 1942 г. y атрадах налічвалася 47,3 тыс. чалавек [21]. Гэтыя сілы перш канцэнтраваліся галоўным чынам ва Усходняй Беларусі, але паступова пачалі прасочвацца і ў заходнія раёны. У сярэдзіне 1942 г. дзейнасць партызанаў ахапіла ўвесь абшар Беларусі [22].

Але ў канцы чэрвеня новае нямецкае наступленне пачалося на поўдні, туды былі скіраваныя значныя вайсковыя сілы, перакінутыя, між іншым, з цэнтральнага адрэзка фронту і яго тылоў. Для партызанскага руху гэта мела вельмі важнае значэнне: магчымасці немцаў весці з ім барацьбу значна аслаблі. Як паведамляў Кубэ, у чэрвені 1942 г. паліцэйскія сілы ў Генеральнай акрузе Беларусь налічвалі нешта каля 1 тыс. нямецкіх салдатаў і прыкладна 3 тыс. літоўскіх, латышскіх і ўкраінскіх [23]. Істотна паменшалі сілы ахоўных атрадаў, што былі размешчаныя ў тыле групы армій "Цэнтр". Паводле Шэнкендорфа, 1 снежня 1941 г. y іх уваходзілі чатыры ахоўныя дывізіі, дзве брыгады СС і 260 ротаў рознага роду войскаў, але ў красавіку 1942 г. засталося толькі 85 ротаў, палова з іх была недастаткова навучаная, слаба ўзброеная і здатная хіба толькі на вартаўніцтва ў тылах [24]. Гэтыя сілы аказваліся ў некалькі разоў слабейшыя за партызанскія: лясное войска таго ж лета мела на ўзбраенні нават артылерыю і бронемашыны. Колькасная перавага памнажалася на тактычную: шматлікія дробныя групы дзейнічалі адначасова на вялізным абшары. У такой сітуацыі немцы не маглі спыніць развіцця партызанскага руху. Пра гэта сведчыць і працяглае існаванне "Віцебскіх варотаў", якіх гітлераўцы не здолелі ліквідаваць адным махам.

Усё гэта спрыяла распаўсюджванню партызаншчыны, з вясны 1942 г. яе сілы раслі з месяца на месяц. Адной з партызанскіх задач былі дыверсіі на транспартных шляхах, якімі ішло забеспячэнне для нямецкага фронту. Паводле данясенняў Лёзэ, колькасць выбухаў на беларускай чыгунцы ад сакавіка па верасень 1942 г. павялічылася з 25 да 695, адпаведна ўзрасла лічба знішчаных лакаматываў і вагонаў (гл. Табліцу 1) [25]. Дыверсіі на чыгунцы працягваліся да канца акупацыі, іншы раз гэта былі акцыі ўсебеларускага маштабу, якія каардынаваў партызанскі штаб. Адна з іх - т. зв. "Рэйкавая вайна" - доўжылася ад пачатку жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г., у выніку гэтай аперацыі было знішчана болын за 121 тыс. чыгуначных рэек, вялікая колькасць паравозаў, вагонаў і іншых транспартных сродкаў [26].
Табліца 1. Вынікі партызанскіх дыверсій у Беларусі ў 1942 г. Месяц Выбухі на чыгунцы Колькасць знішчаных
паравозаў вагонаў
люты 6 5 38
сакавік 25 5 37
красавік 65 13 45
травень 145 20 85
чэрвень 262 62 238
ліпень 398 107 430
жнівень 539 153 348
верасень 695 184 636



Крыніца: [Рапарт Бергера], 22.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R.129/2655182.

Чыгуначныя дыверсіі прыносілі немцам значныя матэрыяльныя страты, збівалі з раскладу цягнікі. Тым не менш вынікі гэтых аперацый ацэньваліся па-рознаму. Савецкія аўтары ім надаюць вялікае значэнне. Паводле іх звестак, з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г. партызаны спусцілі пад адкос н 128 транспартаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцый, знішчылі звыш 18,7 тыс. аўтамабіляў, 819 чыгуначных мастоў і больш за Зоо тыс. дарожных рэек [27]. У сваю чаргу нямецкія крыніцы не былі схільныя да пераболынанняў. Улетку 1942 г., калі хваля дыверсій дасягала найвышэйшага ўзроўню, немцы ацэньвалі іх вынікі як "у болынасці выпадкаў нязначныя" і хутка іх ліквідавалі [28]. Гімлер не пераацэньваў вынікаў гэтых акцый, у кастрычніку 1943 г. адзначаючы, што яны галоўным чынам крыху замаруджвалі франтавыя пастаўкі [29]. Трэба заўважыць, што з вясны 1942 да восені 1943 г. найбуйнейшыя вайсковыя аперацыі ішлі на поўдні, таму франтавыя пастаўкі цераз Беларусь не мелі для Нямеччыны першараднага значэння.

Магчыма, што аслабленне ваенных аперацый, якое даволі доўга працягвалася на цэнтральным адрэзку фронту, пабудзіла партызанаў да асабліва актыўных выступленняў супраць гаспадарчых і палітычных захадаў акупацыйных уладаў. Зыходным пунктам гэтых выступленняў стала барацьба з мясцовай адміністрацыяй, створанай немцамі. Спашлёмся на рапарт Цэнтральнага штаба партызанскага руху ад 9 снежня 1942 г., дзе гэтая задача стаіць на першым месцы сярод усіх астатніх у дзейнасці партызанскіх атрадаўу Беларусі [30]. Пагэтамуўвесну 1942 г. пачаліся напады партызанаў не толькі на вайсковыя, але і на гаспадарчыя аб'екты, а таксама на валасныя ўправы, пры гэтым супрацоўнікі акупацыйных устаноў караліся смерцю як здраднікі і ворагі савецкай айчыны. Паводле сведчанняў Розенберга на Нюрнбергскім працэсе, у Беларусі ад рук партызанаў загінула пяцьсот "бургамістраў" разам з сем'ямі [31].

Пры такіх абставінах ужо ў чэрвені 1942 г. у Беларусі аказалася шмат раёнаў, дзе валасная ўлада перайшла да партызанаў. Неўзабаве пазіцыя нямецкіх уладаў пахіснулася яшчэ больш, так што пад канец 1942 г. партызаны трывала займалі абшар плошчаю 15 тыс. км2 і кантралявалі амаль 50 тыс. км2, г. зн. ледзь не 30 % тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым усё цяжэй і цяжэй было спаганяць з насельніцтва харчовыя пастаўкі, шмат у якіх раёнах даводзілася рэквізаваць іх з дапамогаю войска і паліцыі. Лясныя атрады найчасцей нападалі на зямельныя маёнткі. I калі ў траўні 1942 г. на ўсім абшары Генеральнага камісарыята Беларусі іх налічвалася 965, дык ужо пад канец года заставалася толькі 312 - рэшту спалілі, зліквідавалі або занялі партызаны. Разам з гэтым было знішчана шмат лесапільняў, малочных заводаў і іншых малых прадпрыемстваў.

Аднак лягчэй было паліць маёнткі або забівать безабаронных старастаў, чым схіліць сялянства да масавага выступлення супраць акупантаў: тыя хоць і не спяшаліся з палітычнымі дэкларацыямі (вяскоўцаў гэта не вельмі турбавала), аднак, нягледзячы на цяжкія рэквізіцыі, ішлі сялянам насустрач у эканамічнай галіне. Немцы пагадзіліся з самароспускам калгасаў у Заходняй Беларусі, а вясною 1942 г. правялі іх парцэляцыю і ва ўсходніх раёнах [32].

Насуперак савецкай прапагандзе, сялянства падтрымала гэтую акцыю - яна абудзіла іх гаспадарчую актыўнасць і паўплывала на рэалізацыю абавязковых паставак, нягледзячы на складанасці, якія стваралі партызаны. У лютым 1943 г. Кубэ паведамляў, што на падлеглым яму абшары Беларусі, у тым ліку і ў мясцовасцях, дзе існавала партызанская пагроза, сяляне выконваюць свае абавязкі амаль на 70 % [33]. Адносіны вёскі да акупацыйных уладаў вырасталі, такім чынам, да ўзроўню першараднай палітычна-гаспадарчай праблемы. Удзел беларускай інтэлігенцыі ў арганізацыі школьніцтва, самапомачы або ўзнаўленні культурнай дзейнасці таксама трактаваўся як здрада савецкай айчыне.

Сутнасць праблемы зводзілася не толькі да памераў харчовых паставак або адкрыцця вясковай школкі. Барацьба вялася за тое, каб прыцягнуць насельніцтва на савецкі бок "другога фронту", які памалу распаўсюджваўся на ўсе галіны акупацыйнага жыцця. Пагэтаму партызаны асабліва востра пераследавалі ініцыятараў і ўдзельнікаў гэтага жыцця, якое часова выйшла з-пад кантролю савецкай улады. На думку партызанаў і, напэўна, савецкага кіраўніцтва за лініяй фронту, гэтыя людзі з'яўляліся здраднікамі і ўяўлялі большую палітычную небяспеку, чым самі немцы, і таму галоўны ўдар павінен быць скіраваны супраць іх [34]. Невыпадкова савецкія партызаны прыкладалі значныя намаганні, каб вывесьці насельніцтва на шлях актыўнай барацьбы з немцамі або схіліць людзей да ўцёкаў у лясы, пад сваю ахову.

Для гэтага выкарыстоўваліся самыя разнастайныя сродкі, адным з іх была прапаганда. 3 пачаткам 1942 г. У савецкім тыле пачала дзейнічаць радыёстанцыя "Савецкая Беларусь", паветраным шляхам і праз "Віцебскія вароты" дастаўлялася шмат літаратуры і газет, прычым некаторыя з іх выдаваліся спецыяльна для насельніцтва акупаванай Беларусі. У сярэдзіне 1942 г. выйшлі першыя газеты, якія выдаваліся падпольшчыкамі і партызанамі. Іх колькасць хутка расла і пад канец 1943 г. дасягнула 140 найменняў, з іх 65 друкавалася па-беларуску [35]. Савецкая прапаганда выкарыстоўвала маўчанне нямецкіх уладаў наконт будучыні акупаваных усходніх абшараў і даказвала, што нямецкая палітыка скіраваная на тое, каб заняволіць савецкія народы, знішчыць іх нацыянальную самабытнасць і цалкам ператварыць у нявольнікаў нямецкіх феадалаў. Зямельную рэформу называлі ашуканствам, бо сяляне не атрымалі паралельнага права ўласнасці [36].

Важную ролю адыгрывала і вусная партызанская прапаганда, у яе ў запасе таксама быў не адзін прыём. Распаўсюджваліся, напрыклад, чуткі, быццам бы не толькі немцы, але і Сталін праводзіць палітыку дэкалектывізацыі і пакідае сялянам права паводле сваёй ахвоты выходзіць з калгасаў, альбо быццам бы партызаны ваююць не за Сталіна, а за новы лад у СССР [37]. Царква таксама была далучаная да прапагандысцкага арсеналу. Паводле нямецкага паліцэйскага данясення, партызаны ў зонах свайго кантролю праводзяць яўна спрыяльную для царквы палітыку, дазваляюць адкрываць цэрквы, запрашаць святароў і ставіць крыжы. У рапарце гаварылася далей, што ў адну новаадчыненую царкву прыбыў партызанскі атрад, і яго камандзір укленчыў перад святаром і "маліўся так":

У імя Айца і Сына і Святпога Духа! Братпы і сёстпры! Бог ёсць і будзе! Мы былі часова затпуманеныя, тпаму штпо пагарджалі Богам. Богу належыць маліцца. Маліцеся за нас і за ўсіх байцоў і партпызанаў. Амін [38].

Але і афіцыйная прапаганда, і партызанскія прыёмы, хоць і заходзілі ў сваім двудушшы далей за нямецкія, мелі ўсё ж абмежаванае практычнае значэнне, асабліва ў раёнах, якія кантраляваліся немцамі. Пагэтаму даводзілася карыстацца не толькі пернікам, але і бізуном. Партызанскія лістоўкі пагражалі смерцю як самім паліцыянтам, так і іх сем'ям [39]. Смерцю пагражалі і сялянам за пастаўку немцам сена, жыта ці іншай сельгас-прадукцыі [40]. Гэтыя пагрозы праводзіліся ў жыццё, каб застрашыць насельніцтва. Пагэтаму гінулі не толькі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі, але і сяляне, настаўнікі, дзеячы БНС і іншыя. Так, у Слонімскай акрузе з красавіка па лістапад 1942 г. ад рук партызанаў загінула 1024 асобы і 272 былі параненыя. Сярод забітых немцы, мясцовыя паліцыянты, беларускія, літоўскія і ўкраінскія салдаты складалі няпоўных 20 %, тады як цывільнае насельніцтва, галоўным чынам сяляне і супрацоўнікі адміністрацыі, - болын за 80 % (гл. Табліцу 2). Пра частыя забойствы сярод цывільных людзей: сялянаў, настаўнікаў і службоўцаў - паведамляў і акруговы баранавіцкі камісар [41]. У Вілейскай акрузе да 25 лютага 1943 г. было забіта 815 чалавек, з іх 106 - старастаў, валасных чыноўнікаў і 500 іншых цывільных працаўнікоў і іх сямейнікаў, разам яны складалі 75 % ад агульных людскіх стратаў [42]. Дапушчальна, што і ў іншых беларускіх акругах панавала падобная сітуацыя.
Табліца 2. Людскія страты, якія нанеслі партызаны ў Слонімскай акрузе з 01.04. па 30.11.1942 г. Забітыя Параненыя
Усяго 1024 100,0 % 272 100,0 %
Сярод іх:
немцау 111 10,8 % 45 16,5 %
мясцовых паліцыянтаў 36 3,5 % 82 30,1 %
салдатаў
- беларусаў* 33 3,2 % 14 5,1 %
- літоўцаў 6 0,6 % 15 5,5 %
- украінцаў 15 1,5 % 9 3,3 %
чыноўнікау і супрацоўнікаў адміністрацыі 140 13,7 % 19 7,0 %
мясцовых жыхароў 683 66,7% 88 32,4%



* Са Слонімскага батальёна Беларускай самааховы, створанага летам 1942 г.

Крыніца: [Ліст акруговага камісара ў Слоніме ў Генеральны камісарыят у Мінску (статыстычны дадатак)], 07.11.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 30/644.

Дыверсійная, прапагандысцкая і тэрарыстычная дзейнасць партызанаў імгненна аказала ўплыў на паводзіны насельніцтва. Ужо ў чэрвені 1942 г. у паліцэйскім рапарце паведамлялася, што ў раёнах, якія знаходзіліся ў руках або пад кантролем партызанаў, гатоўнасць насельніцтва да супрацоўніцтва з немцамі значна паслабела. Напрыклад, забойства чатырох настаўнікаў з ваколіц Магілёва так паўздзейнічала на астатніх калегаў, што яны вырашылі пакінуць школьную працу [43]. У жніўні Лёзэ выказваў меркаванне, што такія паводзіны насельніцтва былі не праявай сімпатыі да партызаншчыны, а нараджаліся са страху перад расстрэлам і спальваннем маёмасці [44]. Насамрэч такая ацэнка толькі часткова адпавядала рэчаіснасці, бо тыя ж самыя нямецкія крыніцы часта адлюстроўвалі карэктнае стаўленне партызанаў да мясцовага жыхарства і імкненне пераканаць яго ў неабходнасці супольнага змагання супраць акупантаў [45].

Тым не менш, незалежна ад тых альбо іншых настрояў людзей, якія на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі мусілі выконваць яшчэ і нямецкія распараджэнні, партызаны так альбо іначай здабывалі сабе ўсё болыную павагу і паслушэнства. У такіх складаных умовах, калі ўлада змянялася часта, галоўным клопатам вяскоўцаў было захаванне жыцця і рэшткаў здабыткаў. Пагэтаму, у залежнасці ад сітуацыі, народ ішоў у партызанскія атрады і забяспечваў іх харчамі, фуражом, адзеннем і інш. Савецкія аўтары сцвярджаюць, што гэта рабілася цалкам па добрай волі. Прынцыпова не пярэчылі гэтаму і нямецкія крыніцы, у іх рэдка натуюцца факты прымусовага ўступлення ў партызаны. Нельга, аднак, сцвярджаць адназначна, што гэта заўсёды рабілася добраахвотна.

Сілы савецкіх партызанаў у Беларусі пад канец 1942 г. налічвалі каля 50тыс. добра ўзброеных людзей, якія кантралявалі амаль 30 % тэрыторыі краю і ўжо тады маглі наносіць акупантам значную шкоду. Напэўна, такой колькасці людзей было дастаткова, каб выконваць планавыя заданні. Пра гэта сведчыць раней прыведзены факт, калі партызаны пераправілі для службы ў Чырвонай Арміі 20 тыс. мужчынаў, мабілізаваных на Віцебшчыне ўлетку 1942 г. Пагэтаму далейшае развіццё партызанскага руху і яго перарастанне ў г. зв. усенародную барацьбу з акупантамі адлюстроўвала галоўным чынам палітычныя ўстаноўкі КП(б)Б, скіраваныя на тое, каб паглыбіць сярод беларускага насельніцтва адчуванне прысутнасці савецкай улады і сцвердзіць яе магутнасць. Пры такіх абставінах пасля першага, даволі стыхійнага і не заўсёды дастаткова скаардынаванага парыву ў пачатку 1943 г. партызанская дзейнасць у Беларусі пачала прымаць больш рэгулярныя, планавыя формы. У прыватнасці, у атрадах пачалася барацьба за ўзмацненне дысцыпліны і выкараненне бандытызму і г. д. Важную ролю тут адыграла перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, якая набліжала перспектыву вяртання савецкай улады.

Змянілася стаўленне да тэрарыстычнай дзейнасці партызанаў. 3 аднаго боку, яна ўтрымлівала насельніцтва ў страху і падпарадкаванні, з другога - спараджала шмат нявінных ахвяр і пабуджала людзей да справядлівай самаабароны. У канцы лютага 1943 г. ЦК КП(б)Б, урад і Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдалі адозву пад назваю: "Старастам, паліцыянтам і чыноўнікам гарадскіх упраў і камендатур, усім тым, хто быў ашуканы нямецкімі акупантамі, хто са страху служыць ворагу". Улады рэспублікі звярталіся да іх з заклікам да супрацоўніцтва з партызанамі і абяцалі за гэта прабачэнне [46]. Аднак насамрэч такое рашэнне савецкіх уладаў якое адмяняла ранейшыя, пераважна злачынныя, практыкі расстрэлаў старастаў, сялянаў ці настаўнікаў, было прынята раней, прыкладна - пад канец снежня 1942 г. Пра гэта сведчыць данясенне нямецкай паліцыі ад 8 студзеня 1943 г. - напісана яно з дакладнасцю, якая гаворыць пра неблагую агентурную працу ў партызанскіх атрадах:

Паводле ўяўнай дырэктывы з Масквы, члены бандаў павінны цяпер лагодна абыходзіцца з цывільным насельніцтвам. Бургамістраў і раённых кіраўнікоў, а таксама членаў мясцовых ахоўных атрадаў болей не павінны расстрэльваць, але, перш за ўсё, пераправаджаць іх у бандыцкія лагеры на допыты і разборы. У лагерах арыштантаў будуць намаўляць да супрацоўніцтва. У выпадку згоды іх павінны адпусціць на волю, на месца свайго пасялення, з адпаведнымі заданнямі [47].

Змена стаўлення да нядаўніх "здраднікаў Савецкай Айчыны" была цесна звязаная з імкненнем уладаў БССР надаць партызанскай барацьбе "ўсенародны характар" - дзеля гэтага неабходна было, каб яна распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. А тым часам тут па-ранейшаму захоўвалася значная нераўнамернасць. Праўда, партызанскія атрады засылаліся з Усходняй Беларусі ў Заходнюю, паспяхова выконвалі свае заданні, але масавага наплыву тутэйшага жыхарства ў лясное войска да канца 1942 г. не назіралася. Паводле звестак Беларускага штаба партызанскага руху, на пачатку 1943 г. па ўсёй Беларусі налічвалася 56,7 тыс. партызанаў, пры гэтым у заходняй частцы рэспублікі, якая да 1939 г. знаходзілася пад Польшчай, іх было 11,1 тыс. чалавек [48]. У пераліку на ю тыс. жыхароў (прымаючы ва ўвагу ўмоўна звесткі 1941 г.) тут выпадала 23 партызаны, у параўнанні з 86 - ва Усходняй Беларусі. Але калі ўлічыць вынікі эвакуацыі насельніцтва ў абедзвюх частках краю, гэты паказчык аказваўся на ўсходзе ў 5-6 разоў вышэй, чым на захадзе.

Такой вялікай разбежнасці нельга вытлумачыць выключна паводзінамі немцаў - паўсюдна ў Беларусі яны, у прынцыпе, былі аднолькавыя. Не трэба пераацэньваць і рознасць грамадскай сітуацыі на гэтых тэрыторыях. У Заходняй Беларусі, у пэўным сэнсе, былі нават лепшыя ўмовы для развіцця партызанскага руху, чым на ўсходзе. Восенню 1942 г. нямецкая служба бяспекі адзначала "нечаканыя сімпатыі" да партызанаў сярод заходнебе-ларускіх малазямельных сялянаў пасля скасавання савецкай аграрнай рэформы і аднаўлення на вёсцы класавых супярэчнасцяў [49]. Не зусім пераканаўча гучыць і сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў наконт таго, што такая сітуацыя з партызанскім рухам у Заходняй Беларусі склалася, маўляў, з прычыны хуткай эвакуацыі савецкіх уладаў і нешматлікіх партыйных і камсамольскіх кадраў, што ўлетку 1941 г. стрымлівала арганізацыю падпольных структур. Ход падзей ва Усходняй Беларусі паказаў, што галоўным імпульсам у развіцці партызанскага руху на гэтай тэрыторыі былі рашэнні і дзеянні савецкіх уладаў вясною 1942 г.

Некаторыя важныя акалічнасці сведчаць аб тым, што ў гэты перыяд савецкія ўлады свядома ўстрымліваліся ад інтэнсіфікацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі з увагі на дачыненні з польскім эміграцыйным урадам генерала Сікорскага. На працягу 1942 г. на гэтых землях ішло развіццё польскага ўзброенага падполля, а ўжо ў другім паўгоддзі былі створаныя першыя атрады Арміі Краёвай [50]. I хаця польскія і савецкія ўлады ў аднолькавай ступені лічылі Заходнюю Беларусь за частку сваёй дзяржаўнай тэрыторыі, аднак мусілі прытрымлівацца міждзяржаўных дамоўленасцяў, падпісаных у ліпені і снежні 1941 г., якія прадугледжвалі, між іншым, ваеннае супрацоўніцтва. Сітуацыя была складаная, і Галоўнае камандаванне АК, незалежна ад сваіх генеральных планаў і розных тактычных агаворак, загадала перайсці да цеснага супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі [51]. Як паведамляў камандзір Наваградскай акругі АК падпалкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі, у 1942 г. паміж прадстаўнікамі польскага і савецкага ўзброенага падполля былі праведзеныя перагаворы з мэтай наладзіць добрыя адносіны [52].

Можна дапусціць, што і савецкія ўлады былі зацікаўленыя ў тым, каб здабыць сімпатыі палякаў. Пра гэта сведчаць не толькі прыгаданыя перамовы з прадстаўнікамі польскага руху супраціўлення, але і цалкам адрознае стаўленне савецкіх партызанаў да беларускіх і польскіх жыхароў, што "супрацоўнічалі" з немцамі. У ліпені 1942 г. нямецкая служба бяспекі са здзіўленнем адзначала, што на тэрыторыі Беларусі ў час расстрэлаў бургамістраў, сялянаў, паліцыянтаў і інш. савецкія партызаны ашчаджаюць палякаў, вяртаюць ім адабраную жывёлу, а польскім каталіцкім ксяндзам дастаўляюць харчы [53]. Пры такой атмасферы савецкія партызаны атрымлівалі часам дапамогу ад палякаў, сярод якіх былі і службоўцы мясцовай адміністрацыі [54]. Аднак думаецца, што горкі досвед, набыты ў 1939-1941 гг., не спрыяў шырокаму распаўсюджанню ідэі такога супрацоўніцтва. Ды, зрэшты, у панараме тагачасных стасункаў былі таксама і іншыя прыклады: здараліся забойствы колішніх уладальнікаў маёнткаў, якія цяпер лічыліся іхнімі адміністратарамі [55]. Цяжка вызначыць напэўна, што было прычынаю кожнага такога здарэння: загад партызанскага камандавання, помста мясцовых сялянаў або проста выпадковасць.

Засталося вельмі мала дэталяў тагачаснага супрацоўніцтва паміж польскім і савецкім узброеным падполлем у Заходняй Беларусі. Ні польскія, ні савецкія гісторыкі не надавалі гэтай праблеме асаблівай увагі, ацэньваючы яе галоўным чынам праз прызму пазнейшай варожасці. Затое нямецкая разведка пільна сачыла за кантактамі польскага і савецкага супраціўлення [56]. Устудзені яна паведамляла, што кіраўнікі польскага падполля пачалі тлумачыць сваім мясцовым суродзічам, што трэба ісці на супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, бо з СССР заключанае пагадненне, паводле якога Польшча будзе адроджаная пасля вайны ў давераснёўскім абшары [57]. У ліпені адзначалася, што збліжэнне польскага і савецкага руху супраціўлення расце "з дня на дзень" у арганізацыйнай і аператыўнай галіне [58]. Паводле сведчанняў Праўдзіца-Шляскага, такія супольныя партызанскія аперацыі былі рэдкасцю, апошняя з іх - напад на пост жандармерыі ў Жалудку - адбылася вясною 1943 г. [59].

Але пасля таго, як у красавіку 1943 г. савецкае кіраўніцтва парвала сувязі з польскім эміграцыйным урадам, адносіны ў падполлі рэзка змяніліся. Дагэтуль "саюзніцкая" Армія Краёва раптам ператварылася ў "прафашысцкую арганізацыю Сікорскага". Цяпер савецкае падполле імкнулася супрацьпаставіць ёй "нацыянальны, дэмакратычны характар польскага партызанскага руху, што развіваўся ў цесным супрацоўніцтве з дзейнасцю савецкіх партызанаў" [60]. Прадстаўніком гэтага руху павінна была стаць створаная ў траўні 1943 г. падпольным абкамам КП(б)Б у Баранавічах невялікая спецгрупа на чале з А. Свентажэцкім [61]. 22 чэрвеня 1943 г. праблема агульнага развіцця партызанскага руху ў Заходняй Беларусі разглядалася на пленуме ЦК КП(б) Беларусі. Была прынятая адпаведная рэзалюцыя, а для падпольных партыйных арганізацый высланы ліст "Аб ваенна-палітычных задачах працы ў заходніх абласцях БССР". У ім былі сфармуляваныя наступныя вызначэнні:

1. Заходнія вобласці Савецкай Беларусі з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускай рэспублікі. На яе тэрыторыі, акупаванай Нямеччынай, дазваляецца дзейнасць толькі тых групаў, арганізацый і атрадаў, якія кіруюцца інтарэсамі СССР.

2. Існаванне разнастайных арганізацый, якімі кіруюць польскія буржуазна-нацыяналістычныя цэнтры, трэба разглядаць як незаконнае ўмяшальніцтва ў інтарэсы нашай айчыны.

3. Нашай найпершай задачай з'яўляецца як мага шырэйшае развіццё савецкага партызанскага руху, далучэнне да яго ўсіх слаёў насельніцтва, у тым ліку і палякаў. Атрады і групы, створаныя польскімі рэакцыйнымі нацыяналістычнымі коламі, неабходна ізаляваць ад насельніцтва шляхам стварэння сярод польскіх працоўных савецкіх атрадаў і партызанскіх групаў.

4. Неабходна ўсялякімі сродкамі весці барацьбу супраць польскіх буржуазна-нацыяналістычных атрадаў і групаў [62].

У адпаведнасці з рашэннем ЦК КП(б)Б неўзабаве з Усходняй Беларусі ў Заходнюю перамясцілася 9 партызанскіх брыгад, ю атрадаў і 15 арганізацыйных групаў, якія павінны былі актывізаваць партызанскі рух у гэтай частцы рэспублікі [63]. Між іншым, у Баранавіцкую і Беластоцкую вобласці меркавалася перакінуць 40 атрадаў - па адным на кожны раён. У іх склад абавязкова мусіла быць уключана па некалькі адданых палякаў і беларусаў, што ведалі польскую мову [64]. На базе гэтых засланых атрадаў была створаная сетка падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый. Калі яшчэ ў снежні 1942 г. у Заходняй Беларусі існавала толькі ю падпольных райкамаў камсамола, дык пад канец 1943 г. іх колькасць павялічылася да 87 [65]. Значна пашырылася прапагандысцкая дзейнасць, распачалося выданне 14 новых падпольных газет, з іх 4 - на польскай мове [66].

У выніку пасля ўсіх гэтых захадаў савецкіх уладаў асабовы склад партызанскіх атрадаў у Заходняй Беларусі павялічыўся на працягу 1943 г. з 11,1 тыс. да 36,8 тыс. чалавек [67], прычым самы хуткі яго рост назіраўся ў другім паўгоддзі. Прыблізна палова з гэтых людзей прыбыла з партызанскіх фармаванняў, раней размешчаных ва Усходняй Беларусі, пасля вярбоўкі сярод мясцовага насельніцтва іх лічба падвоілася. Прыведзеныя факты, несумненна, сведчаць, што развіццё партызанскага руху на гэтым абшары было звязанае з імкненнем савецкіх уладаў забяспечыць свае палітычныя інтарэсы ў Заходняй Беларусі. Апрача агульных для ўсёй тэрыторыі краю вайсковых, гаспадарчых і палітычных задач савецкія партызаны ў заходніх абласцях павінны былі яшчэ весці барацьбу супраць польскага падполля. Кіраўніцтва гэтага падполля ў адказ распачало з лета 1943 г. умацаванне старых і стварэнне новых атрадаў АК. А ўжо з восені 1943 г. адбываліся даволі частыя ўзброеныя сутычкі. Частка з іх была вынікам загаду Панамарэнкі пра абяззбройванне атрадаў АК [68].

Антыакоўская барацьба была не адзіным матывам у развіцці савецкага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, пра гэта сведчыць далейшы буйны яго рост па ўсёй тэрыторыі краю. Гэтаму спрыяла перамога пад Сталінградам і контрнаступленне Чырвонай Арміі на поўдні, а таксама ўжо прыгаданае раней абяцанне амністыі для тых, хто супрацоўнічаў з немцамі. Усе гэтыя фактары выкарысталі партызаны, так што ў выніку за 1943 г. павялічылася колькасць дэзерціраў, асабліва сярод паліцыянтаў і былых чырвонаармейцаў - членаў разнастайных вайсковых фармаванняў, якія знаходзіліся на нямецкай службе. Між іншым, ужо восенню 1942 г. на бок партызанаў перайшла частка батальёна "Днепр", размешчанага ва Усходняй Беларусі; у лютым 1943 г. гэты крок паўтарыў 900-асабовы батальён прыволжскіх татараў на Віцебшчыне, у ліпені - рота т. зв. Рускай народнай арміі, а ў жніўні- 1-я Руская нацыянальная брыгада СС пад камандаваннем Гіль-Радыёнава, у якой налічвалася болын за 2,5 тыс. чалавек [69]. Нягледзячы на шматлікія жорскія злачынствы, учыненыя супраць беларускага насельніцтва, яна была перайменаваная ў 1-ю Антыфашысцкую партызанскую брыгаду. У выніку за 1943 г. да партызанаў перайшло каля 12 тыс. чалавек з разнастайных антысавецкіх фармаванняў, прычым пераважна ў складзе вялікіх групаў [70]. Адначасова з-за лініі фронту было перакінута больш за 1,9 тыс. чалавек [71].

Аднак галоўнай крыніцай партызанскага папаўнення было мясцовае насельніцтва. Паводле статыстыкі Беларускага штаба партызанскага руху, на працягу 1943 г. У лясныя атрады ўступіла каля 60 тыс. жыхароў вёсак і гарадоў Усходняй Беларусі. Бясспрэчна, частка з гэтых людзей кіравалася ідэалагічнымі перакананнямі альбо страхавалася такім чынам на будучыню, да прыходу савецкай улады. Але вясковае насельніцтва, з якога ішло найболынае папаўненне партызанскіх атрадаў, дзейнічала, у прынцыпе, з іншых меркаванняў. Гэтых людзей гнаў у лясы страх перад нямецкімі карнымі экспедыцыямі, якія асабліва ўзмацніліся ў 1943 г.: у партызанскіх зонах паліліся вёскі, жыхароў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з ляснымі атрадамі, забівалі або вывозілі ў канцэнтрацыйныя лагеры ці на працу ў Нямеччыну. Нельга пагэтаму назваць адну пэўную матывіроўку паводзін вясковага насельніцтва - людзі часта далучаліся да партызанаў, каб захаваць жыццё [72].
Табліца 3. Асабовы склад савецкіх партызанскіх атрадаў у Беларусі (тыс. чал.) Агулам У тым ліку
Усходняя Беларусь Заходняя Беларусь
студзень 1943 56,7 45,6 11,1
снежань 1943 153,5 116,7 36,8



Крыніцы: Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Мінск, 1975. С. 285; БелСЭ. Т. 8. Мінск, 1975. С. 264.

Так, на працягу 1943 г. асабовы склад савецкага партызанскага падполля ў Беларусі павялічыўся ў 2,7 раза - да 153,5 тыс. чалавек (гл. Табліцу 3), галоўным чынам за кошт мясцовага насельніцтва. Адпаведна павялічылася доля беларусаў у яго шэрагах - улетку 1943 г. яна дасягала 65,2 %. За гэты год пад сталым кантролем партызанаў апынулася 37,8 тыс. км2: у параўнанні з ранейшымі 15тыс. км2 гэта было 17% даваеннай тэрыторыі БССР. У Віцебскай, Палескай і Магілёўскай абласцях зона партызанскага кантролю ахоплівала ад 20 % да 25 %, а ў Мінскай і Пінскай дасягала 1/3 абшару [73]. У большасці сваёй гэта былі маладаступныя раёны - балоцістыя і лясістыя - з даволі нізкім (апрача дрэваздабычы) гаспадарчым значэннем. Яны сталі выгоднымі базамі для партызанскіх аперацый на гусцей заселеных тэрыторыях, якія, паводле разлікаў савецкіх вучоных, займалі плошчу каля 70 тыс. км2. У суме пад поўным або частковым кантролем партызанаў пад канец 1943 г. знаходзілася 108 тыс. км2, г. зн. каля паловы тэрыторыі БССР (у межах 1941 г.) [74].

За гэтыя абшары, якія знаходзіліся паміж зонамі пастаяннага нямецкага і партызанскага кантролю, да канца акупацыі вялася бязлітасная барацьба. Яна пацягнула за сабой шматлікія ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і вялікія матэрыяльныя страты.

Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Літаратура:
[1] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4- C. 161.
[2] Сталин И. О Великой Отечественной войне... С. 15.
[3] Aktenvermerk vom 16.08.1941 über eine Besprechung Hitlers mit Rosenberg, Lammers, Keitel und Göring, Der Prozess gegen die Hauptkriegsverbrecher vor dem IMGN. Nürnberg, 1947-1949. Bd. XXXVIII. 221-L. S. 88.
[4] БелСЭ. Мінск, 1975. Т. 8. С. 261.
[5] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4... С. 176.
[6] Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Т. 1. Минск, 1967. C. 656.
[7] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. С. 215.
[8] Tätigkeits - und Lagebericht № 6 der Einsatzgruppen der Sicherheitspolizei und des SD in der UdSSR 1-31.10.1941. IMGN. Bd. XXXVIII. 102-R. У рапарце адзначаецца, што насельніцтва не толькі не падтрымлівае партызанаў, але нават актыўна выступае супраць іх дзеля захавання сваіх здабыткаў. Вакар (Vakar N. Belorussia...P. 193) таксама падае, што савецкія дыверсанты і разведчыкі спачатку не знаходзілі падтрымкі ў мясцовага насельніцтва, іх часта выдавалі, арыштоўвалі і расстрэльвалі. Затое савецкія крыніцы захоўваюць у гэтым пытанні маўчанне і прыводзяць толькі прыклады падтрымкі і дапамогі савецкім партызанам з боку беларускага насельніцтва.
[9] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten. № 9. 26.06.1942. AGKBZH. ATW IX. Dok. Obrony. T. X. S. 275. Савецкія аўтары таксама паведамляюць, што "глыбокай восенню 1941 г. многія партызанскія атрады перайшлі да падпольнай дзейнасці".
[10] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten. № 9. 26.06.1942. AGKBZH. ATWIX. Dok. Obrony. T. X. S. 275.
[11] Дашичев В. Н. Банкротство стратегии германского фашизма. Документы и материалы. Т. 2. Москва, 1973- С. 432.
[12] Vakar N. Belorussia... P. 193.
[13] Калінін П. Беларускі штаб партызанскага руху // Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мінск, 1959. С. 309-310; Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. С. 196.
[14] Калінін П. Беларускі штаб партызанскага руху... С. 309-310.
[15] Калінін П. Беларускі штаб партызанскага руху... С. 310-311.
[16] Тамсама. С. 310-311; БелСЭ. Т. 8... С. 340.
[17] Калінін П. Беларускі штаб партызанскага руху... С. 312.
[18] Тамсама.
[19] Тамсама.
[20] Tätigkeits - und Lagebericht № 11 der Einsatzgruppen der Sicherheitspolizei und des SD 1-31.03.1942. AGKBZH. ATW IX. Dok. Prokuratury. T. VI. S. 88-89.
[21] Гісторыя Беларускай CCP. T. 4... C. 217, 276.
[22] Кубэ сцвярджаў, што на тэрыторыі Генеральнай акругі "самы глыбокі спакой" утрымліваўся толькі да канца траўня, а ў некаторых акругах Заходняй Беларусі - да чэрвеня - ліпеня 1942 г.: [Ліст Кубэ да Мэера], 27.08.1943- AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454- R- 84/1322.
[23] [Ліст Кубэ да Розенберга], 12.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454- R- 21/609.
[24] [Ліст Шэнкендорфа ад 16.4.1942] // Дашичев В. Банкротство стратегии германского фашизма... С. 433.
[25] Гэта супярэчыць звесткам савецкіх крыніц: яны паказваюць значна большую колькасць вагонаў і значна меншую колькасць лакаматываў: Всенародное партизанское движенне... Т. 1. С. 479.
[26] Гісторыя Беларускай ССР... Т. 4. С. 301-302.
[27] БелСЭ. Т. 8... С. 269.
[28] Всенародное партизанское движенне... Т. 1. С. 380.
[29] [Выступленне Гімлера на нарадзе групенфюрэраў у Познані], 04.10.1943. IMGN. Bd. XXIX. S. 110.
[30] Всенародное партизанское движенне... Т. 1. С. 477-478.
[31] IMGN. Bd. XI. S. 634. У літаратуры, прысвечанай гэтаму пытанню, найчасцей фігуруе лічба 1500 - столькі "бургамістраў" было знішчана партызанамі па звестках, якія падаў Розенберг у жніўні 1942 г. Аднак пры гэтым ён не адзначаў што забойствы адбыліся менавіта ў Беларусі. Можна меркаваць, што названая лічба тычылася ўсіх акупаваных абшараў СССР: IMGN. Bd. XXXIX. 170-USSR. S. 398.
[32] [Ліст Кубэ да Мэера], 27.08.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454- R- 84/1324; Факторович А. Крах аграрной политики... С. 69.
[33] [Ліст Кубэ да Розенберга], 03.02.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R-15/288.
[34] Meldungen... № 11.10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724566.
[35] БелСЭ. Т. 8... С. 13-17.
[36] Ліст Кубэ да Мэера ад 27.08.1943; Hesse E. Der sowjetrussische Partisanenkrieg 1941 bis 1944 im Spiegel der deutschen Kampfanweisungen und Befehle. Götingen - Zürich - Frankfurt, 1969. S. 49.
[37] Meldungen... № 11.10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724566.
[38] Meldungen... № 50. 16.04.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2725822. Выкарыстанне рэлігійных пачуццяў насельніцтва ў партызанскай прапагандзе не было з'яваю выключна беларускай - на іншых акупаваных абшарах СССР таксама ўжывалі такія метады для здабыцця прыхільнасці мясцовых жыхароў. Гэта можа сведчыць аб існаванні адпаведнай агульнай дырэктывы Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Напрыклад, ва ўкраінскай вёсцы Тонеж на месцы спаленай немцамі царквы партызаны ўсталявалі крыж і ганаровую варту: Hesse E. Der sowjetrussische Partisanenkrieg... S. 195.
[39] Meldungen... № 22. 25.09.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 236/2724882. Там жа прыводзіцца тэкст партызанскай адозвы з такімі пагрозамі - партызаны пакінулі яе ў вёсцы Сіньча, што на Міншчыне.
[40] Meldungen... № 22.25.09.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 236/2724877.
[41] [Справаздача камісара Баранавіцкай акругі], 11.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 102/110.
[42] Madajczyk C. Faszyzm i okupacje... S. 606.
[43] Meldungen... № 8. 09.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 235/2724499.
[44] IMGN. Bd. XXXIX. 170-USSR. S. 399.
[45] Meldungen... № 11.10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724566.
[46] Всенародное партизанское движение... Т. 2. С. 241,6ю.
[47] Meldungen... № 36.08.01.1943. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R. 236/2725319.
[48] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. С. 285; БелСЭ. Т. 8... С. 264.
[49] [Рапарт камандзіра СД Остланда да Лёзэ], 14.09.1942- AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 30/815.
[50] Prawdzic-Szlaski J. Nowogrodczyzna w walce 1940-1945. Londyn, 1976. S. 115-116.
[51] Prawdzic-Szlaski J. Nowogrödczyzna w walce 1940-1945... S. 109.
[52] Тамсама.
[53] Teilnahme der polnischen Widerstandsbewegung am Partisanenkampf// Meldungen... №11. 10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 325/2724561.
[54] Камандзір партызанскага атрада "Спартак" дакладваў, што 24 верасня 1942 г. ён сустрэўся з кіраўніком Браслаўскага павета Васілеўскім і яго намеснікам Кавалеўскім, якія паведамілі, што гатовы да супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі і даставілі 2 кулямёты, 7 вінтовак, 5 пісталетаў, больш за 5 тыс. патронаў, а таксама інфармацыю аб перамяшчэннях карнага атрада і іншыя звесткі: Всенародное партизанское движение... Т. 1. С. 329.
[55] Пра гэта сведчаць некралогі, што друкаваліся ў 1942 r. y віленскай газеце "Goniec Codzienny".
[56] Ereignismeldungen UdSSR. № 153. 09.01.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 234/2723546; Meldungen... № 9. 26.06.1942. AGKBZH. ATW IX. Dok. Obrony. T. X. S. 275, 278.
[57] Ereignismeldungen UdSSR. № 154. 12.01.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 234/2723572-573.
[58] Meldungen... № 11.10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724565-566.
[59] Prawdzic-Szlaski J. Nowogrödczyzna w walce... S. 109.
[60] Кравченко И., Крючок Р. Подполье в западных областях Белоруссии // Герои подполья. Минск, 1970. C. 398.
[61] Тамсама. С. 397; Juchniewicz M. Polacy w radzieckim ruchu partyzanckim 1941-1945. Warszawa, 1975. S. 242.
[62] Кравченко И., Крючок Р. Подполье в западных областях Белоруссии... С. 399.
[63] Тамсама. С. 382, 400.
[64] Всенародное партизанское движение... Т. 2. C. 467-468.
[65] Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны 1941-1945). Минск, 1976. C. 284-291.
[66] Кравченко Н., Крючок Р. Подполье в западных областях Белоруссии... С. 400.
[67] БелСЭ. Т. 8... С. 264.
[68] Prawdzic-Szläski J. Nowogrodczyzna w walce... S. 111; Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии... С. 888-903.
[69] Мачульский П. Вечный огонь. Партизанские записки. Минск, 1967. С. 150, 233-246; Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4... C. 282.
[70] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4... С. 281.
[71] Тамсама. С. 280.
[72] У беларускай эміграцыйнай публіцыстыцы здаўна ўсталявалася меркаванне, што нямецкія карныя экспедыцыі, якія прывялі да росту партызанскіх шэрагаў, былі свядома справакаваныя савецкімі партызанамі. Гл. напр.: А. К. Праўда аб савецкай партызаншчыне // Беларус [Нью-Ёрк]. Травень 1969. № 145- С. 2. Мінскія гісторыкі катэгарычна аспрэчвалі такі погляд і ў сваю чаргу называлі яго "бессаромнай правакацыяй": Раманоўскі В. Супраць фальсіфікацыі гісторыі савецкага партызанскага руху. Мінск, 1962. С. 11. І сапраўды, нялёгка выносіць ацэнку ў гэтай справе: з аднаго боку, нямецкія рэпрэсіі не ў такой ступені закранулі раёны, дзе партызаны не дзейнічалі, з другога боку, у Беларусі было досыць многа добраахвотнікаў, якія самі ішлі ў партызанскія атрады, так што не было сэнсу выкарыстоўваць такія жудасна жорсткія метады вярбоўкі.
[73] Гісторыя БССР. Т. 4... С. 313.
[74] Тамсама. С. 312.

Аўтар: Ю. Туронак

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291890012 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Развіццё савецкага партызанскага руху у БССР

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network