публикация №1291889871, версия для печати

Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі


Дата публикации: 09 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291889871)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Увосень 1999 г. споўнілася не толькі 60-годдзе трагічных вераснёўскіх падзей. 60-ю гадавіну адзначыла і гістарыяграфія гэтага пытання. Першыя спробы гісторыкаў апісаць і ахарактарызаць падзеі, якія адбываліся амаль што на іх вачах, з сённяшняга пункту погляду нельга лічыць навуковай гістарыяграфіяй. Савецкія гісторыкі выконвалі пэўны ідэалагічны заказ. Аднак гэтыя працы на працяглы час вызначылі асноўныя падыходы да праблемы.

Можна вылучыць тры перыяды развіцця гістарыяграфіі вераснёўскіх падзей. Першы з іх распачаўся ў 1939 г. і закончыўся ў сярэдзіне 50-ых гг. 20 ст. Працы гэтага перыяду ствараліся, практычна, па адной схеме. Напачатку даваўся невялікі нарыс-агляд мінулага Беларусі. Гісторыя беларускага народу, звычайна, зводзілася да гісторыі барацьбы супраць “польскай панскай” экспансіі. Прычым апошняя суправаджалася гвалтоўным “апалячэннем” і дэнацыяналізацыяй. У якасці асноўных вехаў барацьбы адзначаліся войны Галіцка-Валынскага княства супраць Польскага каралеўства; народны супраціў Берасцейскай уніі; вызваленчая барацьба разам з украінскім народам у 17-18 стст.; падзеі 1863 г. як паўстанне супраць “польскіх паноў”, якое падавіў Мураўёў-вешальнік1 . Цяжкая доля беларускага селяніна ў дасавецкі час трактавалася як вынік польскага панавання на беларускіх землях. Цімафей Гарбуноў адзін з раздзелаў сваёй працы так і назваў: “Польскія паны – векавечныя ворагі беларускага народу”2 . Адначасова падкрэслівалася цесная сувязь развіцця беларускай культуры з культурай рускага народу.

Напрыканцы гістарычнага агляду характарызавалася жыццё беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай. Звычайна карціна малявалася жахлівая. Вось як апісаў сваё жыццё нейкі безыменны беларус-серадняк*** з Астроўскага пав. Беластоцкага ваяводства: “Уже к новому году в деревне овины пусты. Хлеб крестьяне едят только после жатвы, потому что сейчас же после уборки весь урожай должен быть продан для уплаты налогов. Мясо едят только по большим праздникам. Яйца, молочные продукты – всё идёт на продажу... Мы живём в почти первобытных условиях (Селянін ведае пра першабытны лад?! - А.С.). Достаточно пройтись по нашим деревенским хатам, чтобы убедиться, что ни в одной из них нет ни полов, ни стола. Нет ни тарелок, ни ложек. Все едят из одной миски. Одежда, которую носят днём, служит ночью подушкой или одеялом. На завтрак едят картофель с кислой капустой. В сумерках ужинают – опять картофель... Дорог керосин, поэтому спать ложаться вместе с курами. Дорого оконное стекло, поэтому разбитое окно закрывают старым мешком. Дорога посуда, поэтому дырявый горшок затыкают тряпкой. А так как дороги обувь и одежда, то крестьянин дичает, не показываясь нигде иногда в течение года”3 . Гэтыя жахі яшчэ больш уражвалі на фоне не менш маляўнічых апісанняў шчаслівага жыцця калгаснікаў у БССР.

Якія рабіліся з усяго гэтага высновы? Уладзімер Пічэта: “Існаванне беларусаў і ўкраінцаў пад уладай панскай Польшчы ў канчатковым выніку прывяло б народныя масы да поўнага фізычнага выраджэння”4 . Г.Ягораў прапанаваў тэзіс: “Заходняя Беларусь – калонія Польшчы”5 .

Другая палова тыповых працаў адводзілася апісанню паходу Чырвонай арміі і ягоным наступствам. Безпадзельна дамінаваў тэрмін “вызваленне”. Мелася на ўвазе “вызваленне ад панскага прыгнёту” з дапамогай савецкага ўрада. Удзел Германіі ў падзеях верасня 1939 г. або не згадваўся наогул, або толькі канстатаваўся. Адказнасць за вайну ўскладалася на Польскую дзяржаву. Польскі ўрад таксама нёс адказнасць за паражэнне і распад дзяржавы. Адной з галоўных прычынаў паражэння лічылася нежаданне беларусаў і ўкраінцаў абараняць Польшчу6 .

У 1940 г. гісторыкі пачалі “аналізаваць” наступствы “вызвалення” і даказваць перавагу савецкага ладу. Цімафей Гарбуноў у якасці дасягненняў, у прыватнасці, адзначаў усталяванне Савецкай улады, ажыццяўленне адвечнай сялянскай мары пра зямлю і пра калгасы, рост прамысловасці і развіццё культуры7 . Г.Ягораў у пераліку найбольш буйных дасягненняў новай улады ў галіне культуры адзначыў адкрыццё бібліятэкі ў Наваградку8 .

Усе гэтыя працы грунтаваліся на матэрыялах савецкага друку і заяве Савецкага ўраду ад 17 верасня 1939 г. Фактычна мела месца ідэалагічнае абгрунтаванне агрэсіі, якому спрабавалі надаць навуковую форму. Уладзімер Міхнюк у 1979 г. заўважыў, што працы 1939 г. “паклалі пачатак вывучэнню праблемы, намецілі асноўныя накірункі даследаванняў, правільна раставілі навуковыя і палітычныя акцэнты...”9 Немагчыма пагадзіцца з такой ацэнкай. Праблемы для аўтараў такіх працаў не існавала. Цяжка разгледзець і “навуковыя акцэнты”. Гісторыкі выступалі як “байцы ідэалагічнага фронту”.

У 1945 г. даследчыкі ізноў звярнуліся да вераснёўскіх падзей. Ад гэтага часу можна казаць пра ўздзеянне на гісторыкаў такога фактару, як перамога СССР у вайне, якая паводле афіцыйнай тэрміналогіі называлася “Вялікай Айчыннай”.

Гэты фактар выразна паўплываў на традыцыйныя гістарычныя агляды, якія змяшчаліся на пачатку працы. Цяпер даследчыкі абмяжоўваліся пераважна 20 ст. Звычайна ўсё распачыналася перамогай Чырвонай арміі ў вайне 1920 г., пасля якой нейкім незразумелым чынам частка беларускіх зямель апынулася ў складзе Польшчы. Шмат увагі надавалася падрабязным апісанням “панскага” прыгнёту. Вось тыповы прыклад: “Польское фашистское государство закрыло все белорусские школы, а те, кто смел заявлять про открытие белорусских школ, подвергались аресту и избиению. За подачу заявлений только в Новогрудском воеводстве было арестовано 1380 чел. Белорусский язык был объявлен польскими помещиками и капиталистами вне закона. В Западной Белоруссии не было ни одного печатного органа на белорусском языке. В борьбе за национальные права много белорусской молодёжи погибло в застенках польской дефензивы, в концентрационных лагерях...”10 .

Варта звярнуць увагу на новае паняцце ў дачыненні да характарыстыкі ІІ Рэчы Паспалітай – “фашысцкая дзяржава”. Таксама пачаў ужывацца тэрмін “польскія акупанты”11 .

Традыцыйна адзначалася гераічнае змаганне беларусаў за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пры гэтым імёны змагароў звычайна не называліся12 . Прычына зразумелая. Большасць гэтых людзей ужо загінула ў ГУЛАГу.

Цікава назіраць змяненні акцэнтаў у ацэнках значэння паходу Чырвонай арміі. Гісторыкі ў гэты час пісалі ўжо не столькі пра вызваленне ад “панскага прыгнёту”, колькі пра “выратаванне беларускага народу ад нямецка-фашысцкага заняволення”. А.Клешчаў у сваім дакладзе на юбілейнай сесіі Вярхоўнага савета БССР у кастрычніку 1949 г. амаль даслоўна пераказаў заяву Савецкага ўрада ад 17 верасня 1939 г. і зрабіў выснову, што “Чырвоная армія ўзяла пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі”13 . Агрэсія Германіі супраць Польшчы прызнавалася, але адказнасць за паражэнне Польскай дзяржавы (т.зв. “распад”) па-ранейшаму цалкам ускладалася на польскі ўрад. Падкрэслівалася, што наступленне чырвонаармейцаў распачалося ўжо пасля “распаду” Польскай дзяржавы14 .

У развіцці гістарыяграфічнай традыцыі прыкметную ролю адыграла Пастанова ЦК КП(б)Б ад 5 верасня 1949 г. пад назвай “Уз’яднанне беларускага народу ў адзінай Беларускай савецкай дзяржаве”. Яна акумулявала асноўныя “дасягненні” савецкай гістарыяграфіі 30-40-х г. і вызначала будучыя падыходы. Гістарычная частка пастановы сцвярджала, што паход Чырвонай арміі не дазволіў ператварыць тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў плацдарм для нападу на СССР. Другі тэзіс варты ўвагі – выратаванне беларусаў ад фашысцкай пагрозы з “дапамогай вялікага рускага народу”.

Водгукам на пастанову стала ўжо згаданая праца Цімафея Гарбунова. Аўтар пісаў пра Расію як “агульную Радзіму рускага, украінскага і беларускага народаў”, адзначаў, што паход Чырвонай арміі адбываўся па “спрадвечных рускіх землях”, называў Гародню “былой рускай крэпасцю” і г.д.15 Ён жа ўпершыню адзначыў факты супраціву наступу Чырвонай арміі. Вось, як яны выглядалі: “У Гродне, Вільне, Пінску і інш. гарадах і мястэчках жандармы і паліцыя, а таксама ксяндзы кідалі з вокнаў дамоў гранаты. Нярэдкі былі выпадкі, калі з касцёлу адкрывалі кулямётны агонь па праходзіўшых часцях нашых войскаў”16 . Пастанова замацавала дамінаванне адносна новага тэрміну, які ад таго часу пачаў шырока ўжывацца – “уз’яднанне”. Mенавіта яно стала галоўным аб’ектам увагі даследчыкаў.

Пераарыентацыя зразумелая. Ваенныя падзеі 1939 г. адышлі ў мінулае. Іх засланілі трагічныя будні савецка-германскай вайны. Галоўным стаў доказ поспехаў Савецкай Беларусі. 1939 год трактаваўся як “крок на шляху ліквідацыі эканамічнай і культурнай адсталасці”, адзначаўся рост прамысловай вытворчасці, ліквідацыя “безлашаднасці” і “безкароўнасці”. Адным з галоўных дасягненняў лічылася надзяленне сялян зямлёй і стварэнне калгасаў17 . З 1939 г.одам звязвалі перамогу ў вайне і пасляваенныя поспехі. Гісторыкі-прапагандысты на “канкрэтных” прыкладах даказвалі перавагу савецкага ладу і дэманстравалі поспехі ў ажыццяўленні ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі18 .

Таксама мела месца спроба адзначыць станоўчае значэнне падзей 1939 г. для польскага народу. Ц.Гарбуноў, напрыклад, станоўчасць верасня 1939 г. бачыў у тым, што пасля разгрому Германіі менавіта працоўныя Польшчы ўзялі ўладу ў краіне ў свае рукі19 . Логіку гэтага тэзісу зразумець няпроста.

У пасляваенны час можна заўважыць з’яўленне пэўных рысаў навуковасці. У прыватнасці, была надрукавана стэнаграма паседжанняў Народнага сходу. Даследчык Н.Каменская спрабавала вызначыць змест тэрміна “Заходняя Беларусь”. Паводле яе, гэты тэрмін стварылі “польскія паны” як назву для захопленай імі часткі беларускіх зямель 20. Але ў цэлым атмасфера для навуковых даследаванняў гісторыі 20 ст. была жахлівай. Яе добра перадаюць апошнія радкі з надрукаванага дакладу А.Клешчава на юбілейнай сесіі Вярхоўнага Савету. Дакладчык закончыў выступленне словамі: “Слава Вялікаму Сталіну!” А вось, што было далей: “Все в едином порыве встают: Да здравствует Великая партия большевиков! Да здравствует Советское правительство! Да здравствует Великий русский народ! Великому Сталину – слава!”

У сярэдзіне 50-х г. 20 ст. пасля смерці Іосіфа Сталіна сталі магчымымі пэўныя дыскусіі сярод даследчыкаў. Яны, праўда, не выходзілі за межы ідэалагічна дазволенага. Гісторыкі, якія займаліся вывучэннем дзейнасці КП(б)Б у перыяд з 1939 па 1941 г., пачалі трактаваць палітычныя падзеі 1939 г. як вынік “рэвалюцыйнай актыўнасці працоўных мас”. Для характарыстыкі гэтых падзей сталі ўжывацца тэрміны – “народная рэвалюцыя”21 і “сацыялістычная рэвалюцы”22 . Распачалася нават дыскусія вакол гэтых паняццяў.

Відавочна, што напрыканцы разглядаемага этапу гістарыяграфія пачала набываць пэўныя рысы навуковасці. Але камуністычная партыя захоўвала жорсткі ідэалагічны кантроль. Гісторыкі павінны былі даказваць “гістарычную правату” ўсіх партыйных рашэнняў. Тая гістарыяграфія была беларускай толькі тэматычна.

Тэндэнцыі, што пазначыліся ў сярэдзіне 50-х г., атрымалі далейшае развіццё ў наступны перыяд – у другой палове 50-х-напрыканцы 80-х гг. Працяг вывучэння дзейнасці КП(б)Б і з’яўленне першых даследаванняў, прысвечаных дзеячам рэабілітаванай КПЗБ, спрыялі пашырэнню тэзісу пра “сацыялістычную рэвалюцыю”. Адпаведна зменшылася значэнне тэзісу пра “ўз’яднанне”. І партыя паправіла “таварышоў гісторыкаў”. У Пастанове ЦК “Аб 50-годдзі Камуністычнай партыі Беларусі” палітычныя падзеі 1939 г. трактаваліся як “усталяванне Савецкай улады і ўз’яднанне”.

Пастанова знайшла адлюстраванне ў пяцітомным акадэмічным выданні “Гісторыя Беларускай ССР. У.Палуян у раздзеле, прысвечаным сацыялістычным пераўтварэнням у Заходняй Беларусі (Том 4, 1975), здолеў сумясціць абодва тэзісы. Уз’яднанне і ўсталяванне савецкай улады ён характарызаваў, як перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі. Аўтар досыць падрабязна спыніўся на пераменах у сельскай гаспадарцы. Ён ахарактарызаваў т.зв. “палітыку ліквідацыі кулацтва як класа” і нават адзначыў працэс “высялення асаднікаў за межы рэспублікі”23 . У выніку У.Палуян прыйшоў да высновы, што распачалося “завяршэнне пераўтварэння ўсёй беларускай нацыі ў сацыялістычную нацыю”24 .

Аўтарам раздзела “Вызваленне Беларусі” ў гэтым самым томе быў Ю.Афонін. Ягоны тэкст моцна нагадваў працы папярэднікаў. Вось асноўныя вехі падзей: агрэсія Германіі; “распад” Польскай дзяржавы; пагроза фашысцкага заняволення беларускага народа; клопат савецкага ўрада пра бяспеку беларусаў; вызваленчы паход і радасць насельніцтва. Аўтар падкрэсліў, што ў правядзенні пераўтварэнняў прыезжыя камуністы і камсамольцы атрымалі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва і асабліва з боку сяброў КПЗБ. Роля гэтай партыі ацэньвалася даследчыкам вельмі высока. У ліку першых пазітыўных змяненняў адзначалася надзяленне сялян зямлёй, забеспячэнне людзей прадуктамі харчавання і прадметамі першаснага ўжытку, матэрыяльная дапамога палякам, якія ўцякалі ад фашысцкай акупацыі і г.д.25

Упершыню ў гістарыяграфіі выбары і праца Народнага Сходу трактаваліся як “усенародны рэферэндум”.26 Падкрэслівалася аднадушнасць рашэнняў Сходу. У духу пастановы ЦК КП(б)Б аўтар сцвярджаў, што “шматгадовая барацьба працоўных Заходняй Беларусі супраць прыгнёту памешчыкаў і буржуазіі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне завяршылася ўз’яднаннем заходне-беларускіх зямель з БССР і аднаўленнем на іх тэрыторыі Савецкай улады”27 .

Галоўнымі крыніцамі гэтай працы былі матэрыялы савецкага перыядычнага друку (газета “Звязда” і часопіс “Бальшавік”). Падобная крыніцазнаўчая база для савецкай гістарыяграфіі была нормай.

Сярод выданняў гэтага перыяду таксама трэба адзначыць кнігу У.Міхнюка, прысвечаную гістарыяграфіі праблемы28 . Упершыню прааналізаваўшы асноўныя тэндэнцыі савецкай гістарыяграфічнай традыцыі, аўтар зрабіў уласны ўклад у распрацоўку тэмы 1939 г. Ён прапанаваў у дачыненні да тэрыторыі БССР замест тэрміну “Заходняя Беларусь” ужываць тэрмін “Заходнія вобласці БССР”. У характарыстыцы ваенных дзеянняў У.Міхнюк адзначыў нежаданне польскіх войскаў ваяваць супраць СССР і іх гатоўнасць здавацца ў палон.

Як выглядалі ў гэтых працах палякі? Пры апісанні ваенных дзеянняў іншым разам выкарыстоўваўся тэрмін “белапалякі”29 . У той жа час некаторыя аўтары спрабавалі даказаць станоўчасць падзей 1939 г. і для палякаў. У прыватнасці, сцвярджалася, што каля 1 млн. палякаў знайшлі ў БССР паратунак ад фашысцкай акупацыі30 . Таксама выказвалася думка, што т.зв. “уз’яднанне” зліквідавала “навязанную империализмом белорусскому, украинскому и русскому народам историческую несправедливость, затруднявшую сплочение их сил в борьбе против угнетения и эксплуатации”31 .

Для працаў гэтага перыяду па-ранейшаму характэрна ідэалагічная зададзенасць. Аўтары амаль цалкам абапіраліся на партыйныя дакументы і пастановы партыйных органаў. У той жа час з’явілася першае даследаванне гістарыяграфіі праблемы, пашыралася тэматыка даследаванняў. Аналіз матэрыялаў, прадстаўленых на канферэнцыі, якая адбылася ў Гарадзенскім універсітэце ў кастрычніку 1989 г. і была прысвечана 50-годдзю вераснёўскіх падзей, дазваляе сцвярджаць, што прыярытэтам гістарычных даследаванняў заставалася вывучэнне розных аспектаў дзейнасці КП(б)Б, КПЗБ і КСМЗБ. Прычым КПЗБ лічылася “авангардам рэвалюцыйна-вызваленчага руху”32 . Па-ранейшаму шмат увагі надавалася сацыяльна-эканамічнаму становішчу працоўных Заходняй Беларусі і палітыцы нацыянальнай асіміляцыі з боку польскага ўрада. Варта наогул адзначыць велізарныя намаганні выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта па прапагандзе камуністычнай версіі падзей верасня 1939 г.

Напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў у савецкай гістарыяграфіі павеяла свежым паветрам. Партыйны кантроль над навукай рэзка аслабеў. Былі надрукаваныя шматлікія дакументы, якія дазвалялі па-іншаму асэнсаваць многія падзеі гісторыі 20 ст. Сярод іх былі апублікаваныя тэксты сакрэтных савецка-германскіх пагадненняў жніўня і верасня 1939 г.33 У беларускім друку з’явіліся ўспаміны людзей, якія ў верасні 1939 г. ваявалі ў складзе польскай арміі34 . Пачалося перавыданне некаторых даследаванняў беларускіх гісторыкаў-эмігрантаў35 . Усё гэта стварала магчымасць для распрацоўкі новых сюжэтаў, звязаных з вераснем 1939 г., і новых ацэнак вядомых падзей. Фактычна, пачала стварацца беларуская нацыянальная гістарыяграфічная традыцыя. Трэці перыяд развіцця гістарыяграфіі праблемы 1939 г. прыходзіцца на 90-я г.

У пэўным сэнсе “прарывам” можна лічыць перавыданне кнігі Язэпа Найдзюка і Івана Касяка “Беларусь учора і сёння”. Беларускі чытач упершыню атрымаў магчымасць пазнаёміцца з несавецкай канцэпцыяй вераснёўскіх падзеяў. Паход Чырвонай арміі трактаваўся не як імкненне савецкага ўраду “ўзяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі”, а як выкананне ранейшых дамоўленасцяў з гітлераўскай Германіяй. Упершыню ў выданні, якое з’явілася на тэрыторыі Беларусі, падзеі 17 верасня 1939 г. непасрэдна звязваліся з сакрэтным пратаколам ад 23 жніўня 1939 г. Аўтары кнігі выкарыстоўвалі паняцці да СССР”36 .

Перамены трактаваліся не як “сацыялістычныя ператварэнні”, а як таталітарная палітыка саветызацыі, неад’емнай часткай якой былі арышты, высочванне, даносы, спроба ўстанавіць кантроль над усімі галінамі чалавечага жыцця. Была названа лічба – 300 тыс. рэпрэсаваных. Звярталася ўвага, што да чэрвеня 1941 г. захоўвалася мяжа паміж Заходняй Беларуссю і БССР. Аўтары канстатавалі: “Надзвычайная бяда і недахопы ўсяго самога неабходнага для жыцця, без магчымасьці палепшаньня, сталі пастаяннай зьявай жыцьця. Настроі беларускага насельніцтва ў дачыненьні да Савецкай улады зьмяніліся з непрыхільных на варожыя”37 .

Падобны падыход да падзей 1939 г. быў характэрны для Паўла Церашковіча і Ігара Чаквіна, аўтараў артыкула “Беларусы” ў І томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Аўтары фактычна прыйшлі да высновы, што ў 1939 г. адбыўся падзел Польшчы. Яны карысталіся паняццем “далучэнне Заходняй Беларусі да БССР”, характарызавалі рэпрэсіўную сутнасць савецкага рэжыму38 .

Беларускія даследчыкі пачалі распрацоўку новых сюжэтаў гісторыі верасня 1939 г. Мікола Іваноў узняў праблему дзяржаўнай прыналежнасці Вільні. Ён распавёў пра арышты беларускіх дзеячоў у Вільні, адзначыў факты супраціўлення беларусаў новай уладзе, паказаў механізм прыняцця рашэння пра перадачу Вільні Літве. Беларускі гісторык сцвярджаў, што “верасень 1939 г. стаў вялікай нацыянальнай трагедыяй не толькі для польскага, але і для беларускага народу. Аб’яднанне ў складзе БССР азначала для беларусаў не простую змену адной акупацыі на іншую, а прыход на іх землі куды больш моцнага, спрытнага і выключна дэмагагічнага ворага беларускасці. Савецкі рэжым паставіў мэтай поўную дэнацыяналізацыю беларусаў і ператварэнне іх у частку “новага гістарычнага адзінства” – “савецкі народ”39 .

Аляксандр Хацкевіч заняўся праблемай савецкіх рэпрэсій 1939-1941 гг. Ён надрукаваў шэраг дакументаў з архіваў НКУС, звязаных з арганізацыяй дэпартацый і масавымі арыштамі сярод насельніцтва Заходняй Беларусі40 . Трагічнаму лёсу асаднікаў і іх сямей прысвяціў публікацыю Якаў Паўлаў41 . Публіцыстычныя артыкулы Ігара Кузняцова дапамаглі зразумець цесную сувязь паміж 17 верасня і 1 верасня 1939 г., калі распачалася Другая святовая вайна42 .

Гэтыя і іншыя публікацыі дазвалялі паглядзець на падзеі верасня 1939 г. не з пазіцыі камуністычных функцыянераў, а вачыма звычайных людзей, з якіх і складаецца паняцце “народ”. Такі погляд не выклікае святочнага пачуцця з нагоды чарговай гадавіны, а прымушае задумацца пра трагедыю чалавека, якога рабілі закладнікам імперскіх амбіцый і ідэалагічных догмаў.

Станаўленне беларускай нацыянальнай традыцыі ў гістарыяграфіі падзей 1939 г. праходзіць вельмі няпроста. Безумоўна, на становішча ўплывае палітычная сітуацыя ў краіне. Пасля абрання ў 1994 г. прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі распачалося “вяртанне беларусаў у СССР”. І гэты працэс адбіўся на развіцці беларускай гістарыяграфіі.

У.Палуян, аўтар раздзелу “Уз’яднанне з БССР і першыя сацыялістычныя ператварэнні” ў новым акадэмічным выданні гісторыі Беларусі ўнёс толькі “касметычныя” ўдакладненні ў канцэпцыю 60-80-х г. Аўтар прызнаў, што сакрэтны пратакол да “пакту Молатава-Рыбентропа” прадугледжваў падзел Польскай дзяржавы, адзначыў факт савецка-германскага ваеннага параду ў Бярэсці 25 верасня 1939 г., ролю КПЗБ у сацыялістычных пераўтварэннях ахарактарызаваў як “пэўную” (раней – “вялікая”), адмовіўся ад сцвярджэння, што выбары ў Народны Сход з’яўляліся “ўсенародным рэферэндумам”. Але сутнасць былой канцэпцыі У.Палуян захаваў нязменнай. Дзеянні кіраўніцтва СССР атрымалі станоўчую ацэнку. Толькі цяпер яна тлумачылася не інтарэсамі Камуністычнай партыі, якія раней атаясамліваліся з інтарэсамі народаў СССР, а беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі. Аўтар ацаніў т.зв. “уз’яднанне” як акт гістарычнай справядлівасці. У канчатковай выснове ён сцвярджаў, што “абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія вобласці БССР за год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на недахопы камандна-адміністратыўнай сістэмы”43 . Дарэчы, “недахопы” зводзіліся толькі да “высялення часткі заможных сялян ва ўсходнія раёны краіны”44 .

У апошнія гады працы многіх беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца праблематыкай 20 ст., пакідаюць уражанне спробы разам з прэзідэнтам “вярнуцца” ў Савецкі Саюз. У прыватнасці, гэтая заўвага датычыць кнігі гарадзенскіх аўтараў Івана Коўкеля і Эдмунда Ярмусіка. Аўтары (невядома, хто з іх пісаў раздзел “Воссоединение Западной Белоруссии с БССР”) падзялілі савецка-германскую дамову ад 23 жніўня 1939 г. на дзве часткі: “станоўчую” і “адмоўную”. Сам пакт аб ненападзе яны ацанілі пазітыўна, бо ён, на іх думку, ствараў добрыя знешнепалітычныя ўмовы для “ўз’яднання” беларускіх земляў. Затое сакрэтны пратакол атрымаў негатыўную ацэнку, бо ён развязаў рукі Германіі для нападу на Польшчу. Услед за гісторыкамі 40-70-х г. яны сцвярджалі, што Сталін распачаў ваенныя дзеянні, каб узяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі, і толькі тады, калі амаль уся Польшча была захоплена германскімі войскамі. “Вызваленне” (па тэрміналогіі аўтараў) было хуткім і з радасцю віталася насельніцтвам.

І.Коўкель і Э.Ярмусік шмат увагі ўдзялілі значэнню пераўтварэнняў савецкай улады ў сацыяльнай, гаспадарчай і культурнай галінах, што, на іх думку, спрыяла росту жыццёвага ўзроўня. Прычынай дэпартацый яны лічылі супраціўленне польскага насельніцтва савецкай уладзе і антысавецкую барацьбу. Галоўная выснова аўтараў моцна нагадвала выснову У.Палуяна: “Опираясь на экономический и научно-технический потенциал всей страны, западные области БССР за год и десять месяцев после воссоединения сделали значительный шаг вперёд в социально-экономическом и культурном развитии, несмотря на некоторые издержки командно-административной системы”45 . Дарэчы, з тэксту кнігі цяжка зразумець, якія “издержки” маюцца на ўвазе. Застаецца незразумелай і крыніцазнаўчая база даследавання.

У іншым вучэбным выданні 1998 г., падрыхтаваным Я.Новікам і Г.Марцулем, падзеям 1939 г. адведзена некалькі старонак. І тут мы сустракаем “новую” (старую) канцэпцыю. Адметнасць толькі ў тым, што аўтары адзначылі рэпрэсіі супраць насельніцтва і ахарактарызавалі іх як “парушэнне закону”46 .

У верасні 1999 г. споўнілася 60-я гадавіна падзеяў 1939 г. Як прынята сёння ў Беларусі, трагічныя падзеі ізноў святкавалі. Мясцовая адміністрацыя паўсюдна арганізоўвала святочныя мерапрыемствы з нагоды “ўз’яднання”. Гісторыкі актыўнасцю не вылучаліся. Але варта адзначыць артыкул прафесара Уладзімера Ладысева ў рубрыцы “Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР” на старонках Беларускага гістарычнага часопіса (рэд. Васіль Кушнер). Аналіз артыкула дае падставы меркаваць пра сучасную пазіцыю часткі беларуских даследчыкаў.

Можна вылучыць наступныя тэзісы артыкула У.Ладысева:
1. Уз’яднанне ў адзіную нацыянальную дзяржаву было выклікана клопатам савецкага ўрада пра суайчыннікаў, што апынуліся ў межах іншай дзяржавы. Пры гэтым сакрэтны пратакол ад 23 жніўня 1939 г. згадваўся між іншым і адразу параўноўваўся з сакрэтным польска-германскім пагадненнем 1938 г. адносна Цешынскай воласці Чэхаславакіі. Хаця зразумела, што наступствы гэтых пагадненняў моцна розніліся.
2. СССР не жадала ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях, нягледзячы на неаднаразовыя звароты германскага ўрада. Толькі пераход вермахтам т.зв. “лініі Керзана” падштурхнуў Сталіна да актыўных дзеянняў. Наступленне Чырвонай арміі насіла “лагодны характар”. Ваенных дзеянняў амаль не было. Галоўнай мэтай было спыніць рух германскіх войскаў на ўсход. Народ у выглядзе атрадаў рабочай гвардыі аказваў актыўную падтрымку.
3. Выбары ў Народны Сход “з юрыдычнага пункту гледжання” (падкрэсліў аўтар) з’яўляюцца “народным плебісцытам”. Выснова здзіўляе, бо пры гэтым аўтар даказаў (надрукаваў дакумент), што асноўныя рашэнні Народнага Сходу былі вызначаны на паседжанні Палітбюро ЦК УКП(б) яшчэ 1 кастрычніка 1939 г. Выбары, на думку прафесара, насілі больш дэмакратычны характар, чым выбары ў былой Польшчы. Цікава, што пры гэтым У.Ладысеў адзначыў унясенне ў выбарчыя бюлетэні толькі аднаго кандыдата, забарону дзейнасці палітычных партый і г.д.**** Як прынцыповы момант, падкрэслівалася аднагалоснасць прыняцця рашэнняў Народным Сходам.
4. На фоне станоўчых вынікаў сацыялістычных пераўтварэнняў аўтар адзначыў і адмоўныя моманты. Сярод апошніх аказалася ігнараванне прыехаўшымі з усходу функцыянерамі мясцовых асаблівасцяў, забарона палітычных партый і дэпартацыі47 .

Усё гэта моцна нагадвае новую спробу апраўдання агрэсіі СССР супраць Польшчы. Гістарыяграфія быццам, замыкаецца ў коле: апошнія працы прымушаюць успомніць самыя першыя публікацыі. Раней гісторыкі дэманстравалі адданасць справе партыі Леніна-Сталіна. Сёння многія шукаюць адабрэння з боку дзяржаўнай адміністрацыі.

Але пракладвае сабе дарогу і нацыянальная гістарыяграфічная традыцыя. Дастаткова нагадаць публікацыю Ігарам Ляльковым дакументаў НКУС на старонках часопіса “Спадчына”48 . Дакументы знаёмяць з даволі крытычнымі ацэнкамі з боку жыхароў Менску палітыкі савецкіх уладаў і паводзінаў камуністычных функцыянераў у Заходняй Беларусі.

Сённяшнюю сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі па праблеме 1939 г. можна ахарактарызаваць як вельмі складаную. Па-ранейшаму даследчыкі не маюць доступу да асноўнай масы дакументальных матэрыялаў па 1939 г. Назіраецца пэўнае вяртанне часткі гісторыкаў (пераважна “старой гвардыі”) на “савецкія рубяжы”. Але адначасна працягваецца выпрацоўка ўласна беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай традыцыі. Будзем спадзявацца, што менавіта яна вызначыць будучыню нашай гістарычнай навукі.

Лістапад 1999 г.

P.S. Летам 2000 г. выйшаў чарговы (13) нумар “Bialoruskich Zeszytow Historycznych”, якія выдаюцца Беларускім Гістарычным Таварыствам у Польшчы. Нумар амаль цалкам прысвечаны падзеям 1939 г., у т.л. і гістарыяграфічным аспектам праблемы. Большасць апублікаваных даследаванняў належаць беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. З іх шэрагу аднак выбіваецца артыкул Васіля Кушнера “Асвятленне гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1941 гг. у сучаснай беларускай гістарыяграфіі”. Ён важны для разумення сучаснай сітуацыі ў беларускай навуцы. Галоўны рэдактар Беларускага гістарычнага часопіса адзначыў, што святкаванне 60-годдзя “ўз’яднання” паспрыяла з’яўленню навуковых матэрыялаў, якія сталі “значным укладам у беларускую гістарыяграфію гісторыі Заходняй Беларусі” (с.152). У рэальнасці святкаванне абярнулася актыўным наступам неасавецкай ідэалогіі ў гістарычнай навуцы.

Даючы ўласную ацэнку трагічных падзеяў жніўня-верасня 1939 г., аўтар падкрэсліў іх супярэчнасць: “З аднаго боку, гэта ключавыя падзеі ў разгроме Польшчы і падзеле сфер уплыву паміж СССР і Германіяй у Цэнтральнай Еўропе. З другога боку, вяртанне Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР (калі ж гэта Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад СССР?-А.С.) – гэта акт гістарычнай справядлівасці, пераадоленне таго насілля, якое было ўчынена да беларускага народа ў сувязі з заключэннем Рыжскага мірнага дагавору”. (с.156). Гэтая заўвага, як і весь артыкул, дапамагае зразумець такую важную рысу “новай” (старой) беларускай гістарыяграфіі, як сцвярджэнне нацыянальнага характару БССР. Міжволі згадваецца вядомая заява прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што менавіта БССР з’яўлялася незалежнай беларускай дзяржавай. На самой справе БССР ніколі такой не была. Рызыкну выказаць думку, што самое нараджэнне гэтай савецкай рэспублікі было звязана з імкненнем камуністычных уладаў не дапусціць існавання суверэннай Беларусі.

У верасні-кастрычніку 1939 г. асіміляцыйны гвалт над беларусамі, што меў месца ў ІІ Рэчы Паспалітай, змяніўся іншым. Характэрнымі рысамі курса камуністычных уладаў Беларусі стала фізычнае вынішчэнне беларускай нацыянальнай эліты, русіфікацыя і саветызацыя асноўнай масы насельніцтва. Спробы апраўдання нібыта “нацыянальнымі інтарэсамі” палітыкі агрэсіі і гвалту, якая прывяла да Другой святовай вайны і ператварэння беларусаў у маўклівую і паслухмяную частку т.зв “савецкага народу”, можна ацаніць не толькі як ненавуковыя, але і немаральныя.

Ліпень 2000 г.

Алесь Смалянчук
Гістарычны Альманах том 3 / 2000
Пичета В. Исторические судьбы Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1939. С. 4-30; Егоров Г. Западная Белоруссия. Москва, 1939. С.10.
Гарбуноў Т. Год пад сцягам Саветаў. Да гадавіны вызвалення Заходняй Беларусі ад панскай Польшчы. Мінск, 1940.
Егоров Г. Западная Белоруссия. С. 24-25.
Пичета В. Исторические судьбы... С. 39-40.
Егоров Г. Западная Белоруссия. С. 20-24.
Егоров Г. Западная Белоруссия. С. 35; Пичета В. Исторические судьбы... С. 40.
Гарбуноў Т. Год пад сцягам Саветаў...
Егоров Г. Западная Белоруссия. С. 41.
Михнюк В. Социалистические преобразования в западных областях БССР. Сентябрь 1939-июнь 1941. Минск, 1979. С. 10.
Клещев А. О десятилетии воссоединения белорусского народа в едином Белорусском советском государстве. Доклад на юбилейной сессии Верховного Совета БССР 29 октября 1949 г. Б.м.,б.д.
Гарбуноў Ц. Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай Савецкай сацыялістычнай дзяржаве. Мінск, 1949. Адзін з раздзелаў кнігі мае назву “Заходняя Беларусь пад гнётам польскіх акупантаў”.
Каменская Н. Уз’яднанне беларускага народу ў адзінай Беларускай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. Мінск, 1948. С. 7-12.
Клещев А. О десятилетии воссоединения... С. 8-10.
Клещев А., Фомин В. Империалистическая агрессия против Польши. Москва, 1952.
Гарбуноў Ц. Уз’яднанне беларускага народа... С. 120-128.
Гарбуноў Ц. Уз’яднанне беларускага народа..., С. 127.
Напр., Клещев А. О десятилетии воссоединения...
Напр., Каменская Н. Уз’яднанне беларускага народу...
Гарбуноў Ц. Уз’яднанне беларускага народа..., с. 135.
Каменская Н. Уз’яднанне беларускага народу..., с. 6.
Кравченко И. Социалистическое строительство в западных областях БССР. Талин, 1954.
Бородач Г. Коммунисты Белоруссии в борьбе за социалистическое переустройство сельского хозяйства западных областей БССР. 1939-1950. Минск, 1953; Юхо И. Установление Советской власти в Западной Белоруссии в 1939 г. Минск, 1954.
Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Пад рэд. І.Ігнаценкі і інш.Т.4. Мінск, 1975. С. 105.
Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Пад рэд. І.Ігнаценкі і інш.Т.4. С. 114.
Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Пад рэд. І.Ігнаценкі і інш.Т.4. С. 88-90.
Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Пад рэд. І.Ігнаценкі і інш.Т.4. С. 90.
Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Пад рэд. І.Ігнаценкі і інш.Т.4. С. 93.
Михнюк В. Социалистические преобразования в западных областях БССР...
Гродно. Исторический очерк. Под ред. З.Копысского и Б.Фиха. Гродно, [1964].
Барадач Г., Дамарад К. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мінск, 1959. С. 26.
История Белорусской ССР в двух томах. Под ред. Л.Абецедарского и др.Т. 2. Минск, 1961. С. 388.
50 лет воссоединения Западной Белоруссии с Белорусской ССР в составе СССР. Тэзисы докладов и сообщений научно-практической конференции. 25-26 октября 1989 г. Гродно, 1989. С. 3-7.
Спадчына. 1994. №1.
Бітэль П. “І нашых трапіла туды нямала...” // Спадчына. 1990. №3; Малецкі Я. Пад знакам Пагоні // Спадчына. 1994. №2.
Напр., Найдзюк Я., Касяк И. Беларусь учора і сёння. Мінск, 1993.
Найдзюк Я., Касяк И. Беларусь учора і сёння. С. 244-252.
Найдзюк Я., Касяк И. Беларусь учора і сёння. С. 254.
Церашковіч П., Чаквін И. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мінск, 1993. С. 477.
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. №1. С. 37.
Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў Заходніх абласцях Беларусі (1939-1941) // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. №1,2.
Паўлаў Я. Драматычны лёс асаднікаў // Беларуская мінуўшчына. 1994. № 4.
Кузняцоў І. Жнівень 39-га:фрагменты ісціны // Наша Ніва. 1996. №20; яго ж. Верасень 39-га. // Літаратура і мастацтва ад 27.09.1996; яго ж. Ненапад // Наша Ніва. 1996. № 24.
Нарысы гісторыі Беларусі ў двух частках. Пад рэд. М.Касцюка і інш. Ч. 2. Мінск, 1995. С. 264.
Нарысы гісторыі Беларусі ў двух частках. Пад рэд. М.Касцюка і інш. Ч. 2. С. 263.
Ковкель И., Ярмусик Э. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. Минск, 1998. С. 506.
Гісторыя Беларусі ў двух частках. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998. С. 227.
Ладысеў У. Ваенныя падзеі верасня 1939 г. у лёсе беларускага народа // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. С. 3-10.
Лялькоў І. Гарачая восень 1939: погляд з Менску // Спадчына. 1999. №4.

* Размова пойдзе толькі пра выданні і публікацыі, якія выйшлі з друку на тэрыторыі СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь.

** Цалкам верагодна, што сапраўдным аўтарам гэтых радкоў з’яўляўся які-небудзь партыйны інструктар.

*** Пры ўважлівым чытанні артыкула можна заўважыць, што многія прыведзеныя У.Ладысевым факты пярэчаць ягоным ацэнкам. Можа такім спосабам беларускія гісторыкі шукаюць “новыя” формы размовы з чытачом?

Опубликовано 09 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291889871 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network