публикация №1291839185, версия для печати

Святло і цені Бара. Барская канфедэрацыя на Беларусі: перадумовы і ход.


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291839185)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by




Прадмова
Частка I
Частка II
Частка III
Частка IV
Discordia civitum plerumque
magnas civitates pessumdedit.
(Вялiкiя дзяржавы заўсёды губiла нязгода.)
Прадмова

Бадай, нямнога ёсць у гiсторыi Рэчы Паспалiтай XVIIІ ст. падзеяў, якiя выклiкалi i выклiкаюць столькi розных ацэнак у даследчыкаў, як Барская канфедэрацыя. I гэтыя ацэнкi вагаюцца ад цалкам негатыўных, у якіх Барскi чын квалiфiкуецца як "апошняя непасрэдная прычына першага падзелу Рэчы Паспалiтай " (8;187), да апалагiзацыi i гераiзацыi "барацьбiтоў з чужаземным гнётам". Так, напрыклад, Жан Жак Русо лiчыў, што "Барская канфедэрацыя, канаючы, выратавала айчыну".

Памiж гэтымi дзвюма супрацьлеглымi меркаваннямi iснуе цэлы спектр ацэнак Барскага чыну. Найбольш узважанай, хаця i далёка не бясспрэчнай з'яўляецца характарыстыка, дадзеная Ул.Канапчыньскiм, якi лiчыў, што "Бар не быў найлепшай школай для народнай палiтыкi… Не быў таксама добрай школай паўстання, калi вёў сваiх жаўнераў ад паразы да паразы, а сваiх палiтыкаў ад памылкi да памылкi, а закончыўся суцэльнай духоўнай дэпрэсiяй. У той жа час, што тычыцца развiцця нашага пачуцця i народнага самаўсведамлення, то выхаваўчы ўплыў Бара быў у вялікай ступенi дадатным" (10; XLI).

Што ж такое Барская канфедэрацыя i якi яе ўплыў на лёс РП у цэлым i Вялiкага Княства Лiтоўскага ў прыватнасцi? Якi водгук яна мела на беларускiх землях? Каб адказаць на гэтыя пытаннi, мы мусiм звярнуцца да падзеяў, што папярэднiчалi Барскай канфедэрацыi.

XVIII ст. - апошняе стагоддзе iснавання РП, перыяд агонii дзяржавы, даведзенай да стану анархii. Прычынаў заняпаду федэратыўнай дзяржавы было шмат. Сярод iх - паралiч заканадаўчай сiстэмы, выклiканы сумнавядомым правам liberum veto, калi адзiн чалавек мог сарваць працу ўсяго сойма i не дапусцiць прыняцця нiякiх законаў, што рабiла работу вышэйшага заканадаўчага органа крайне неэфектыўнай. Ненамнога эфектыўнейшай была i выканаўчая ўлада, на чале якой стаяў кароль. Слабасць манарха абумоўлiвалася не ў малой ступенi яго выбарнасцю. Пры кожнай новай элекцыi ён мусiў падпiсваць угоду са шляхтаю, што дамагалася ўсё большага павелiчэння сваiх i так фактычна неабмежаваных правоў за кошт суверэна. У гэтых умовах фактычная ўлада ў дзяржаве перайшла ў рукi магнатаў. Крынiцаю iх магутнасцi з'яўлялiся велiзарныя багаццi, неабсяжныя латыфундыi, уласныя войскi, сваяцкiя сувязi, умацаваныя замкi, шляхецкая клiентура, аб'яднаная вакол той цi iншай магнацкай фамiлii. Магнацкiя роды вялi бесперапынную барацьбу памiж сабою за дасягненне выключнага ўплыву ў краiне. Барацьба гэтая вялася пад рознымi палiтычнымi лозунгамi, але, як правiла, у аснове яе заўсёды ляжалi прыватныя, вузкакарыслiвыя iнтарэсы фамiлii. Не абмежаваныя, па-сутнасцi, у сваёй уладзе, магнаты былi ў цэлым незацiкаўленыя ў рэформах, накiраваных на аздараўленне дзяржаўнага ладу, што магло б значна зменшыць iх уплывы ў краi на карысць цэнтральнага ўрада.

Слабасць РП, "палiтычная паталогiя" (8;131) яе развiцця не маглi не выклiкаць адпаведнай рэакцыi суседнiх дзяржаў, не зацiкаўленых ва ўзмацненнi свайго патэнцыяльнага працiўнiка. У першай палове XVIII ст. памiж Аўстрыяй, Расiяй i Прусiяй неаднаразова заключалiся дамовы пра захаванне ў нязменным выглядзе ўнутрыпалiтычнага ладу РП. Дзiўным можа падацца такое яўнае ўмяшальнiцтва iншаземных краiнаў ва ўнутраную палiтыку суверэннай федэратыўнай дзяржавы. Але дзiўным - толькi на першы погляд. Замежныя двары здаўна пачувалiся тут упэўнена. У РП прысутнасць палiтыкi iншаземных дзяржаў мела даўнюю традыцыю. Галоўным апiрышчам для гэтага была элекцыйнасць манархаў, якая запанавала фактычна па згасаннi дынастыi Ягайлавiчаў, калi замежныя прэтэндэнты на карону стваралi сабе шляхам перакупстваў, абяцанняў i ўзнагародаў староннiцтвы сярод магнатэрыi i шляхты ды праз iх праводзiлi сваю палiтыку. Гэтая заганная практыка прывяла да таго, што ў васемнаццатым стагоддзi быць на ўтрыманнi iншаземных дзяржаў для шляхты стала не толькi не ганебным, але i ганаровым. Так, з незлiчонай колькасцi сведчанняў сучаснiкаў прывядзем толькi адно, датаванае 1756 г.: "Князь канцлер вялiкi лiтоўскi i ягоныя прыхiльнiкi, хочучы надаць сваёй партыi большага бляску, гавораць, што ўсе iх дзеяннi адбываюцца за кошт Расii i Англii i што абедзве дзяржавы гатовыя падтрымаць iх i даць iм яўную пратэкцыю…" (24; 62). Вось ужо сапраўды, "са свечкай трэба было б шукаць [у РП - Г.П.] …у XVIII ст. людзей з чыстымi рукамi. Не знойдзецца iх нi па адным, нi па другiм баку барыкады, анi ўверсе, анi ўнiзе. Апроч выключэнняў…" (24; 12). Мiж тым, як чужаземныя ўплывы праводзiлiся рукамi самой шляхты, гэтая згубная традыцыя стала адной з асноўных прычынаў унутранай слабасцi РП, падзеленай на варожыя групоўкi, што падтрымлiвалi той цi iншы замежны двор.

Калi ў XVI-XVII стст. барацьба вялася ў асноўным памiж прафранцузскiм i прааўстрыйскiм староннiцтвамi, то з канца XVII ст., у сувязi з iмклiвым ростам магутнасцi пятроўскай Расii, на ўнутраную палiтыку РП пачынае усё больш уплываць царскi двор. Гэта праявiлася ўжо пры элекцыi наступцы кароны пасля Яна III Сабескага, калi гвалтоўны захоп трону Аўгустам II (1697 г.) не ў малой ступенi быў забяспечаны пазiцыяй Масквы, якая прыгразiла вайной РП у выпадку неабрання саксонскага прэтэндэнта. Паўночная вайна, у якую ўцягнуў РП Аўгуст II, стала катастрофай для беларускiх земляў, дзе загiнуў кожны трэцi жыхар. Катастрафiчнымi былi таксама вынiкi гэтай вайны i для далейшага лёсу федэратыўнай дзяржавы. Менавiта ў гэты перыяд на тэрыторыi РП пачынаюць узнiкаць першыя сур'ёзныя прарасiйскiя партыi. Найбольш яркiм прыкладам такiх аб'яднанняў служыць г. зв. канфедэрацыя "Рэчы Паспалiтай Лiтоўскай", створаная ў 1702 г., якая фактычна аддавала ВКЛ пад пратэктарат цара, атрымлiваючы ад яго вайсковую дапамогу i велiзарную бязвыплатную рублёвую пазыку. Тады ж нарадзiўся прэцэдэнт запрашэння расiйскiх войскаў ў межы РП дзеля вырашэння ўнутрыпалiтычных праблемаў. Колькi было потым такiх запрашэнняў…

Самым, бадай, катастрафiчным з iх стаў г. зв. "нямы сойм" 1717 г., якi меў на мэце замiрыць тарнагродскую канфедэрацыю, да якой далучылася большасць шляхты РП, у тым лiку i ўсё войска ВКЛ на чале з вялiкiм гетманам лiтоўскiм Л.Пацеем, з каралём, якi намагаўся ажыццявiць свае, урэшце, выратавальныя для дзяржавы, абсалютысцкiя планы. У якасці пасярэднiка ў справе пагаднення канфедэраты запрасiлi Пятра I з войскам. Менавiта адгэтуль прэцэдэнт збройнай медыяцыi Расii ў справах РП перарос у традыцыю (14; 214-217). Тым больш, што на гэтым самым сойме было вырашана скарацiць войска федэратыўнай дзяржавы да колькасцi 24000 чалавек (18000 каронных i 6000 вялiкакняскiх). РП фактычна раззбройвалася перад ростам ваеннай моцы суседнiх дзяржаваў - Расii, Прусii, Аўстрыi…

Прэцэдэнт збройнае медыяцыi Расii ў справах РП адыграў сваю ролю даволi хутка. Нягледзячы на тое, што 12.IХ.1733 г. на элекцыйным полi шляхта пераважнай большасцю галасоў абрала каралём Станiслава Ляшчынскага, расiйскiя войскi, разам з аўстрыйскiмi i саксонскiмi палкамi, на штыках прынеслi карону наступнаму прадстаўнiку саксонскай дынастыi - Аўгусту III. I афiцыйнай падставай для такога акта мiжнароднага гвалту стала выкананне рашэнняў "нямога сойма", рашэннi якога былi прынятыя пры ўдзеле Пецярбурга. Далей справа была ўжо лацвейшаю: наступны (i апошнi) кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi быў пасаджаны на пасад царскiмi войскамi ўжо без усялякай спасылкi на нейкiя мiжнародныя нормы…

Увогуле, Паўночная вайна надзiва багатая на прэцэдэнты. Ужо само вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыi суседняй слабой, раздзёртай унутранымi супярэчнасцямi дзяржавы прывучыла "саюзны" Пецярбург да думкi пра заканамернасць знаходжання расiйскiх войскаў на тэрыторыi iншай краiны, што яскрава засведчылi турэцкая i Сямiгадовая войны, калi чужаземныя войскi свабодна праходзiлi па тэрыторыi РП, ператварыўшы яе ў сапраўдную "заезную карчму".

I рабiлася ўсё гэта не толькi i не столькi па злой волi Пецярбурга (бо палiтыка не любiць слабых i скарыстаць чыю-небудзь слабасць заўсёды спяшаюцца мацнейшыя), а перш за ўсё - па вiне магнатэрыi РП, якая iмкнулася выкарыстаць дапамогу моцнай Расii, у тым лiку i вайсковую, у барацьбе са сваiмi праціўнiкамi ва ўласнай краiне. У такiх умовах уплыў Расii на ўнутрыпалiтычнае жыццё федэратыўнай дзяржавы стаў вырашальным. Царскi пасол у Варшаве па сваёй волi мiлаваў i караў падданых чужой дзяржавы, накладаў секвестры на iх маёмасць, збройна падаўляў супрацiў нямногiх непакорных (7; 319-321; 334). Можна нават сцвярджаць, што ён адыгрываў ва ўнутрыпалiтычным жыццi краiны нашмат большую ролю за караля, якi мусiў выконваць усе загады з Пецярбурга.

Такiм чынам, РП усё больш i больш трапляла пад уплыў усходняга суседа. У такiх умовах i распачалося панаванне апошняга ў гiсторыi РП караля.

Частка I

У сярэдзiне XVIII ст. у РП у цэлым i ў ВКЛ у прыватнасцi вялася зацятая барацьба памiж дзвюма магнацкiмi групоўкамi, якiя атрымалi назву "рэспублiканскай" або "гетманскай" партыi i "Фамiлii".

"Рэспублiканцы" былi аб'яднаныя пад сцягам захавання шляхецкай "залатой вольнасцi". Галоўным пунктам iх праграмы з'яўлялася недапушчэнне ўсталявання ў краiне абсалютызму, якi запанаваў фактычна ва ўсiх суседнiх з РП дзяржавах. Узмацнення каралеўскай улады, паводле iх пераканання, можна было пазбегнуць з дапамогаю захавання элекцыйнасцi каралеўскага пасаду i права liberum veto; скарачэння армii, якую манарх мог ужыць дзеля ўзмацнення сваёй улады, i выканання функцыi ўзброеных сiлаў паспалiтым рушаннем; пазбаўлення караля права раздаваць урады, што павiннае было стаць прэрагатывай сойма; пераходу каралеўскiх валоданняў у дзяржаўны скарб; узмацнення ролi сената i г.д. На чале "рэспублiканцаў" стаяў вiленскi ваявода Караль Радзiвiл Пане Каханку.

"Фамiлiя" дамагалася лiквiдацыi права liberum veto, абмежавання правоў сенатараў праз увядзенне калегiяльных формаў праўлення, пераўтварэння РП у парламенцкую манархiю. Рэфарматарскiя пачынаннi гэтай групоўкi ўзмацніліся пасля абрання каралём прадстаўнiка буйнога клану Чартарыйскiх - былога стольніка літоўскага Станiслава Аўгуста Панятоўскага - і былі выкліканыя ў першую чаргу iмкненнем умацавання яго на каралеўскiм пасадзе. Кiраўнiком гэтай партыi быў канцлер ВКЛ Мiхал Чартарыйскi.

Дзеля дасягнення сваіх мэтаў абедзве палітычныя партыі, як ужо стала звычна ў тагачасным грамадстве РП, абапіраліся перш за ўсё на знешнія сілы. Знешнепалітычныя прыярытэты гэтых партый не былі трывалыя, аднак да канца 50-х гг. яны даволі яўна вызначыліся. "Рэспубліканцы" ставілі на Саксонію, Аўстрыю і Прусію, дамагаючыся па смерці Аўгуста ІІІ працягу панавання саксонскай дынастыі. "Фамілія" свае спадзяванні ўсклала на Пецярбург. І гэты разлік быў больш пэўны: ва ўмовах амаль не абмежаванай улады Расіі на землях федэратыўнай дзяржавы такая арыентацыя абяцала ім вялікую карысць. І сапраўды, па згасанні саксонскай дынастыі Ветынгаў перад царыцаю стаяла толькі адна праблема: хто з "Фаміліі" найлепш здолее праводзіць палітыку Пецярбурга ў РП і, адпаведна, каго паставiць тут каралём - А.Чартарыйскага або стольніка літоўскага С.Панятоўскага. Выбар паў на апошняга, хоць ён не мог раўняцца з Чартарыйскімі ні радавітасцю, ні багаццем, ні здольнасцямі. I справа вырашылася такiм чынам не толькi дзякуючы былому каханню Кацярыны II i прэтэндэнта. У сваiм лiсце да прускага караля расійская царыца шчыра выказала прычыны абрання лiтоўскага стольнiка на трон РП: "З усiх прэтэндэнтаў на карону ён мае найменш сродкаў атрымаць яе, значыць, ён будзе найбольш абавязаны тым, з рук каго ён яе атрымае. Гэтага нельга сказаць пра кiраўнiкоў нашае партыi: той з iх, хто дасягне трону, будзе лiчыць сябе абавязаным столькi нам, колькi i свайму ўменню весцi справы..." (2; 417).

Дзеля ліквідацыі магчымага супраціву з боку апазіцыі "рэспубліканцаў" Пецярбург ініцыяваў просьбу з боку Чартарыйскіх пра ўвод у межы РП расійскіх войскаў. Сюды ўвайшлі 12 000 расійскiх жаунераў. З дапамогаю iх штыкоў "Фаміліі" ўдалося сабраць 1000 подпiсаў пад актам накiраванай супраць Радзiвiлаў канфедэрацыi Вялiкага Княства Лiтоўскага на чале з лiтоўскiм канюшым Мiхалам Брастоўскiм. Акт канфедэрацыi назваў "гетманскую" партыю "ганьбаю Айчыны" i заклiкаў усiх пад штандары "Фамiлii". На патрэбы гэтай канфедэрацыi Расія выдаткавала 60 000 дукатаў (3; 23-24).

На элекцыйны сойм былi прыведзеныя шматлікія атрады прыхiльнiкаў "Фамiлii". Расійскiя ж войскi перакрылi ўсе дарогi ў Варшаву i фактычна ўзялi горад у аблогу. У сталiцу РП прыбылi i невялiкiя недысцыплiнаваныя аддзелы "рэспублiканцаў", якiя скупiлiся ў палацы Бранiцкага. 7 траўня 1764 г. распачаўся элекцыйны сойм, на якi "гетманская" партыя выслала толькi аднаго дэлегата, Макраноўскага, якi меў сарваць сойм, што яму не ўдалося. Аддзелы "рэспублiканцаў", пераследуемыя расійскiмi войскамi ды харугвамi Чартарыйскiх, мусiлi выйсцi з Варшавы, а неўзабаве i ўвогуле з краю. Бранiцкi вымушаны быў збегчы ў Венгрыю. Хутка i ён, i кiеўскi ваявода Францiшак Патоцкi прысягнулi "Фамiлii". Адзiным неўтаймаваным кiраўнiком "гетманскай" партыi застаўся Караль Радзiвiл. Ён накiраваўся з Варшавы да сканфедэраванага супраць яго ВКЛ, на дапамогу абложанаму расійскiмi войскамi Нясвiжу. Але дапамога "Пане Каханку" спазнiлася. Хутка паў Нясвiж, за iм - Слуцак... Пад Слонiмам дарогу Радзiвiлу заступiлi расійскiя войскi. Бiтва доўжылася 8 гадзiнаў з пераменным поспехам. Але ўрэшце харугвы "Пане Каханку" былi разбiтыя. (20; IV, 237-238) Карaль Радзiвiл быў вымушаны пакiнуць радзiму i з'ехаць у Венгрыю. Ягоныя маёнткі былі канфіскаваныя…

Мiж тым, элекцыйны сойм, на якiм апазiцыя адсутнiчала, працягваўся. На iм Чартарыйскiмi былi праведзеныя пэўныя рэформы, сярод якiх:

- на элекцыйным сойме ўхвалы павiнныя прымацца большасцю галасоў;

- liberum veto ў пэўнай ступенi абмяжоўвалася;

- рашэннi, якiя датычылi эканамiчных пытанняў, павiнныя былi прымацца простаю большасцю галасоў;

- стваралiся Скарбавая i Вайсковая камiсii, якiя часткова абмяжоўвалi сваволю падскарбiх i гетманаў;

- быу ўтвораны адзiны мытны падатак для ўсёй РП.

Былi ўведзеныя i яшчэ сякiя-такiя нязначныя змены. Але выдаткi ад гэтага сойма былi велiзарныя. Праведзены з дапамогаю штыкоў чужаземных войскаў, ён яшчэ больш уцягнуў Расію ва ўнутраныя справы дзяржавы i фактычна ўзаконiў суцэльнае панаванне яе ў краi. Бездань перад будучыняй РП раскрывалася ўсё шырэй...

Каралём, пад аховаю 7000 расійскiх штыкоў, быў абраны стольнік літоўскі Станiслаў Панятоўскi, якi пры каранацыi атрымаў iмя Аўгуст. Расійскi пасол Рапнiн так ахарактарызаваў новаабранага манарха: "Больш удзячнага i больш адданага нам чалавека мы б сёння не знайшлi. Ён першы на соймавым сходзе выказаўся за тое, каб урачыста скласці Вашай Iмператарскай Вялiкасцi падзяку за аказаную праз увядзенне нашых войскаў у РП дапамогу. Ён таксама ўнемажлiвiў намер, каб соймiкi адпраўляць большасцю, а не аднадушшам галасоў. А сталася гэта паводле нашага жадання" (24; 121).

"Вiншую вас з каралём, якога мы зрабiлi", - пiсала Кацярына II М.Панiну, кiраўнiку замежных спраў (2; 419).

Праўда, i для Расіi рашэннi сойму не былi цалкам задавальняльнымі. Сойм не пагадзiўся на заключэнне з Расіяй наступальна-абарончага саюзу, а зацвердзіў толькi абарончы (3; 23-24). Але самым iстотным для Пецярбурга было тое, што сойм рашуча адмовiўся ўраўняць у правах "дысiдэнтаў", бо пытанне абароны праваслаўнага насельнiцтва РП на працягу стагоддзяў з'яўлялася найбольш зручнаю падставаю для ўмяшання ва ўнутраныя справы федэратыўнай дзяржавы. Гэта і паслужыла падставаю для Расіі для спробы яшчэ больш прывязаць да сябе бяссільную суседку.

Па iнiцыятыве з Пецярбурга праваслаўны арцыбiскуп Г.Канiскi звярнуўся да Кацярыны II з просьбаю абаранiць праваслаўных РП ад ганенняў. Царыца тут жа даслала да Станiслава Аўгуста патрабаванне ўраўняць праваслаўных у правах з каталiкамi. Расійскi пасол у РП Мікалай Рапнін аб'явiў каралю, што, калi на наступным сойме справа дысiдэнтаў не будзе вырашаная, у межы РП увойдзе яшчэ 40 000 царскiх войскаў (2; 431).

Гэтае патрабаванне сустрэла аднадушны пратэст усiх колаў РП. Кароль пiсаў у сувязi з гэтым: "Мне трэба будзе або адмовiцца ад сяброўства iмператрыцы, або стаць здраднiкам Айчыны" (2; 432). Найбольш упартае супрацiўленне ў справе ўраўнання ў правах дысiдэнтаў аказалi, як гэта нi дзiўна, Чартарыйскiя. Вялiкi лiтоўскi канцлер у размове з Рапнiным заявiў, што грамадзяне незалежнай дзяржавы "маюць права прымаць тыя ўхвалы, якiя iм падабаюцца" (3; 25-26). У вынiку Пецярбург вырашыў пазбавiць сваёй падтрымкi Чартарыйскiх, якiя не толькі не надта спраўна выконвалi волю царыцы, але яшчэ і выступалi за рэформы ды за знясенне liberum veto. Цалкавiты разрыў Пецярбурга з "Фамiлiяй" адбыўся пасля сойма 1766 г., вядомага пад назваю "сойм Чаплiца", ад iмя маршалкаваўшага на iм кiеўскага пасла Цэлестына Чаплiцы. На гэтым сойме Чартарыйскiя, як і чакалася, не толькі выступiлi супраць ураўнання ў правах праваслаўных з каталікамі, але i прадставiлi праекты рэформаў. Нягледзячы на тое, што рэформы не прайшлi, "Фамiлiя" канчаткова дыскрэдытавла сябе ў вачах Пецярбурга, якi адгэтуль вырашыў паставiць на "рэспублiканцаў". Канфедэрацыя "Фамiлii" была развязаная.

Аднак сойм "Чаплiца" не пагадзiуся-такі на ўраўнанне ў правах дысiдэнтаў. I толькi рух да Варшавы царскiх войскаў вымусiў дэпутатаў абвясцiць свабоду веравызнання i правядзення набажэнстваў, але згоды на наданне праваслаўным палiтычных правоў так i не было.

У такiх умовах Расія, пры падтрымцы пратэстанцкай Прусii, вырашыла развязаць гэтае пытанне сiлаю. Безумоўна, перш за ўсё рукамi самой шляхты. 10 сакавiка 1767 г. у радзiвiлаўскiм Слуцку пад аховаю штыкоў расійскiх палкоў генерала Нумерса была створаная канфедэрацыя праваслаўных i кальвiнiстаў пад маршалкаўствам генерала Яна Грабоўскага. У Кароне ж паўстала канфедэрацыя пратэстантаў пад началам генерала Юрыя Гольца (24; 152).

Аднак Пецярбургу было зразумела, што апора на нешматлiкiх дысiдэнтаў не можа быць трывалаю. Каб забяспечыць правядзенне сваiх рашэнняў ды пашырыць свой уплыў у РП, было вырашана стварыць i каталiцкую канфедэрацыю, накiраваную супраць караля i "Фамiлii", пад лозунгам абароны вольнасцяў. Лепшага за Караля Радзiвiла правадыра для гэтай канфедэрацыi знайсцi было цяжка. "Пане Каханку" з'яўляўся ў вачах шляхты адзiным абаронцам незалежнасцi краiны i шляхецкай вольнасцi, якi адзiны ў краiне збройна выступiў супраць Расіi. Шляхта не ведала, што апальны князь даўно ўжо піша пакорныя лiсты да Кацярыны II з просьбамi дараваць яму "непаслухмянасць". Памiж прадстаўнiкамi царыцы i Каралем Радзiвiлам была падпiсаная дамова, паводле якой "Пане Каханку" павiнен быў адгэтуль заўсёды належаць да расійскага староннiцтва ды пастаянна мець пры сабе расійскага афiцэра, якi мусiў даводзiць яму волю iмператрыцы. Узамен банiту гарантавалася вяртанне на радзiму i аднаўленне правоў на канфiскаваныя маёнткi. Каб згода была больш трывалаю, князь атрымаў ад расійцаў 10000 дукатаў (3; 29). Паказальныя тлумачэннi Рапнiна пра выбар кiраўнiком маючай завязацца канфедэрацыi менавiта Караля Радзiвiла: "Я больш пэўны ў ягонай залежнасцi ад нас, чым каго-кольвек iншага. Я павiнен мець каля сябе паслухмяных людзей, а не чакаць на тое, каб справы, якiя я вяду, залежалi ад людзей, на якiх не маю надзеi" (24; 156).

Маючы такога кандыдата на маршалка генеральнай канфедэрацыi, расійскае пасольства парупiлася перадусiм пра завязанне генеральнай канфедэрацыi ў ВКЛ. Паўставалi павятовыя i ваяводскiя саюзы, якiя аб'ядналiся затым у агульналiтоўскую канфедэрацыю пад кiраўнiцтвам Станiслава Брастоўскага, быстрыцкага старасты... У пачатку чэрвеня 1767 г. у Вялiкiм Княстве існавалі ўжо 24 канфедэрацыi, маршалкамi якiх паўсюдна абіраліся сябры Караля Радзiвiла. Сам жа "Пане Каханку" стаў маршалкам падляшскай канфедэрацыi (2; 440).

Становiшча Чартарыйскiх iмклiва пагаршалася. Былыя ўсемагутныя магнаты жаданнем Пецярбурга ў адзiн момант усталі перад пагрозаю апынуцца ў тым становiшчы, у якiм толькi нядаўна знаходзiўся iхнi вораг - Караль Радзiвiл. I каб хоць неяк адхiлiць ад сябе навiслую пагрозу, яны падапхнулi да ложка старога Рапнiна жонку Адама Казiмiра Чартарыйскага Iзабэлу... I гэта iх у будучыні i выратавала (24; 156). Сярод распачатага неўзабаве тэрору супраць непаслухмянай Расіi шляхты Чартарыйскiя, нягледзячы на грозныя патрабаваннi Пецярбурга, засталiся некранутымi. I усё гэта выключна дзякуючы заступнiцтву расійскага пасла.

Канфедэраты вырушылi ў Польшчу на злучэнне з кароннымi аднадумцамi. Рапнiн вызначыў месцам збору горад Радом, i, каб запэўнiць сабе паслухмянасць шляхты, упэўненай у тым, што яна iдзе сюды з мэтаю дэтранiзацыi Станiслава Аўгуста, прадбачлiва загадаў палкоўнiку Iнгельстрому акружыць горад расійскiмi войскамi. Палкоўнiк Кар, прыстаўлены, паводле дамовы, да Караля Радзiвiла ў якасцi прадстаўнiка iмператрыцы, запатрабаваў ад "Пане Каханку", каб на надзвычайным сойме былі нададзеныя ўсе палiтычныя правы дысiдэнтам ды было прынятае рашэнне пра прызнанне Расіi гарантам захавання ўнутрыпалітычнага ладу РП. Iншымi словамi, дэлегаты мусiлi de jure зацвердзiць даўно ўжо de fakto існаваўшую залежнасць сваёй краіны ад Расіi. Пра дэтранiацыю караля не было i мовы. Канфедэраты нарэшце зразумелi, што iх ашукалi. З 88 дэлегатаў, дасланых прадстаўнiкамi розных канфедэрацыяў, толькi 6 без пярэчанняў прынялi патрабаваннi Кара. Але расійскi палкоўнiк абвясцiў, што кожны вольны супрацiўляцца, як яму заўгодна, але мусiць ведаць, што iмператрыца абыдзецца з iм як са сваiм асабiстым ворагам i бунтаўнiком ва ўласнай айчыне. Пад пагрозаю расійскiх гарматаў шляхта падпарадкавалася загадам чужаземнага службоўцы, падпiсаўшы акт канфедэрацыi з прапанаванымi Карам пунктамi (1; 72).

Панятоўскi, застрашаны нянавiсцю шляхты ды ахалоджаннем пецярбургскага двара, кiнуўся запабягаць перад усясiльным расійскiм паслом. Рапнiн сведчыў: "Кароль ... неаднаразова з клятвамi абяцаў ... менавiта такiмi тэрмiнамi, што хаця б усе струны лопнулi, хаця б усе нашыя прыхiльнiкi ад нас адсталi, хаця б, нарэшце, адзiн ён застаўся, неадменна i непахiсна нас трымацца стане i без выняткаў усё тое рабiць будзе, што я запатрабую для поспеху дысiдэнтаў i пажаданых для нас справаў" (2; 443).

Першае, чаго запатрабаваў расійскi пасол ад караля - гэта далучэння яго да акту канфедэрацыi. Панятоўскi пагадзiуся, не пярэчачы.

На сойм, якi быў прызначаны на кастрычнiк 1767 г., выбары адбывалiся паводле жадання расійскiх уладароў. Апроч грошаў, у ход iшоў подкуп дэапутатаў ордэнамi Расійскай iмперыi. Так, Караль Радзiвiл i маршалак лiтоўскай канфедэрацыi С.Брастоўскi атрымалi з Пецярбургу ордэны Св.Андрэя. Але асноўным аргументам расійцаў былi войскi, якiя рабавалi маёнткi непаслухмяных ды не спынялiся перад прамымi рэпрэсiмi супраць апазіцыянераў. Рапнiн дамогся ад канфедэратаў выдання манiфеста, якi абвяшчаў царскiя войскi "пасiльнаю i сапраўднаю дапамогаю народу... Усе жа тыя, якiя б супрацiўляцца ім наважацца або непрыяцельскiм чынам нахабна паступаць з iмi пасмеюць, ворагамi Айчыны прызнаныя будуць i паводле права i дадзенае нам улады судзiць i караць iх будзем..." (24; 172).

Пры адсутнасцi збройнага адпору з боку шляхты расійскi пасол пачуваў сябе на землях чужой дзяржавы ўсё больш упэўнена. Ён запатрабаваў, каб на сойме была абраная дэлегацыя да яго, якая мела б усе паўнамоцтвы сойма i вырашала ўсе пажаданыя Пецярбургу пытаннi з удзелам непасрэдна Рапнiна. Гэтая прапанова выклiкала буру пратэстаў у сойме. Але ўтаймаваць незадаволеных удалося даволi лёгка. Уначы з 13 на 14 кастрычнiка галоўныя падбухторшчыкi былi арыштаваныя ды вывезеныя ў глыб Расіi, у Калугу.

Гэтым учынкам шляхта была вельмi напалоханая. Выбары дэлегацыi да іншаземнага пасла адбылiся. У вынiку перамоваў з Рапнiным было прынятае рашэнне пашырыць правы дысiдэнтаў. Апроч гэтага, расійскi пасол прымусiў ухвалiць пункт, паводле якога нiводны наступны сойм не меў права змянiць што-кольвек ва ўнутрыпалітычным ладзе РП, а калi б усё ж наважыўся на такi крок, у справу мусiла ўмяшацца Расія са сваiм велiзарным войскам (24; 172-186)... Усе гэтыя рашэнні былі ўхваленыя соймам, нягледзячы на пратэсты асобных дэлегатаў. Рапнін жорстка спыняў любыя спробы супраціву, публічна абражаў не толькі паслоў і найпершых дыгнітарыяў краіны, але нават і асобу караля. Калі, напрыклад, папрасіў слова інфлянцкі біскуп Стэфан Гедройц, расійскі пасол запатрабаваў ад яго, каб той гаварыў "па-інфлянцку"… На пратэст віцебскага пасла Багамольца рэагаваў наступнымі словамі: "Пан Богомолец. Пошел ты прочь на своё место…" (6; 39)… Калі ж Рапнін пабачыў, што нейкі пасол мае намер выступіць супраць навязваемых Расіяй рашэнняў, то даслаў да яго свайго двараніна, паляка Лабецкага, каб той перадаў яму наступныя словы: "Слышь ты, Лабецкий, скажи тому послу, пускай так много не говорит, потому что получит в сраку в пивнице" (9; 107)…

Дамогшыся свайго, расійскі пасол з трыумфам правёў кіраўнікоў апазіцыі ў пакоі Станіслава Аўгуста і загадаў ім прымірыцца з узненавіджаным манархам у імя славы імператрыцы "Усяе Русі"…

Абражаныя і прыгнечаныя паслы вярталіся з сойма з адчаем і рашучасцю нарэшце выступіць у абарону годнасці. Годнасці сваёй і Айчыны. Гэтыя адчай і рашучасць і сталі асноўнай прычынай паўстання Барскай канфедэрацыі.

Барская канфедэрацыя бярэ свой пачатак з 29 лютага 1768 г., калi ў мястэчку Бар на Украiне быў абвешчаны яе манiфест, аўтарамi якога сталi ваявода кiеўскi Францiшак Патоцкi, падкаморы ражанскi Мiхал Красiнскi i стараста варэцкi Ёзаф Пуласкi разам з трыма сынамi i пляменнiкам. Сваёй тактыкай барцы абралi пашырэнне канфедэрацыi ў як найбольшай колькасцi паветаў РП пры ўнiкненнi сутычак з ворагам, каб урэшце канфедэрацыя ахапiла ўсю РП. I тактыка гэтая пачала праводзiцца ў жыццё амаль адразу па ўтварэннi канфедэрацыi. Падчашы лiтоўскi Яўхiм Патоцкi ўзняў галiцкую канфедэрацыю. Неўзабаве паўсталi люблiнская, кракаўская, вялiкапольская, сандамiрская, асвенцымская…

Расiя была занепакоеная выбухам паўстання. Яна цудоўна разумела, што Барская канфедэрацыя ў выпадку перарастання яе ў агульнанародны вызвольны рух на чале з манархам можа цалкам знiшчыць тут уплывы Пецярбурга. Таму галоўнай сваёй задачай царскi ўрад лiчыў уцягванне Станіслава Аўгуста ў сумесныя з Расiяй вайсковыя дзеяннi супраць канфедэратаў, што зрабiла б немагчымым паяднянне абедзвюх партыяў РП. З гэтаю мэтаю 24 i 26 сакавiка ў Варшаве, паводле жадання Рапнiна, адбылiся паседжаннi сената, дзе расiйскi пасол дамагаўся, каб двор РП выслаў вайсковыя аддзелы супраць барцаў i звярнуўся да Кацярыны II з афiцыйнай просьбай пра збройную дапамогу. Станіслаў Аўгуст занадта залежаў ад Пецярбурга, каб адмовiцца ад гэтага прынiжальнага кроку. Пасля нядоўгага супрацiўлення патрабаваннi Рапнiна былi задаволеныя. Расiя вырушыла свае войскi на канфедэратаў. З войскамi ж РП справа была больш складаная. Iснавала рэальная небяспека iх пераходу на бок барцаў. Таму асноўны кантынгент збройных сiлаў дзяржавы застаўся стаяць на месцах пастаяннай дыслакацыi. Рабiлiся ўсе магчымыя захады, каб не дапусціць iх далучэння да паўстанцаў. На канфедэратаў жа былi выпраўленыя толькi нешматлiкiя аддзелы пад кiраўнiцтвам Ксаверыя Бранiцкага. Паслугi гэтых аддзелаў шчодра аплочвалiся Расiяй. Харугвы РП фактычна выступiлi ў якасцi наёмнiкаў супраць сваiх суайчыннiкаў… Расiя не памылiлася ў сваiх разлiках. Канфедэраты так нiколi i не даравалi свайму каралю гэтага кроку. Аб'яднанне ўсяго грамадства дзеля барацьбы з супольным ворагам стала немагчымае.

У той час, як на Украiне i ў Польшчы iшло змаганне супраць расiйскiх войскаў, у ВКЛ захоўваўся спакой. Але такi спакой, якi звычайна бывае перад навальнiцай. Нягледзячы на шматлiкiя заклiкi каронных канфедэратаў да ўзняцця барацьбы ў ВКЛ, напачатку тутэйшая шляхта ўстрымлiвалася ад выступленняў. Прычынаў гэтаму было некалькi. Па-першае, асноўны кантынгент расiйскiх войскаў у РП знаходзiўся менавiта тут1. Другая прычына, якую адзначаюць сучаснiкi, быў спрадвечны сепаратызм тутэйшай шляхты, якая хацела "замкнуцца ў сабе i сама баранiцца", па-за залежнасцю ад Кароны (18; 314). Трэцяй жа прычынай было тое, што лiцьвiнскiя апазiцыянеры "не мелi нiводнага з першых правадыроў" (19; 158).

Аднак у канцы траўня 1668 г. царскiя войскi, разлакаваныя ў ВКЛ пад камандаю генерала Нумерса, пачалi пакiдаць Вялiкае Княства, цягнучыся ў Карону для барацьбы з тамтэйшымi канфедэратамi. На iх месца мелiся прысцi расiйскiя палкi з Курляндыi, агульным лiкам у 6000 штыкоў (19; 136). Якраз у гэты перыяд на нашых землях адбыўся сапраўдны выбух стварэння ваяводскiх i павятовых канфедэрацый, iнспiраваных, пераважна, прыхiльнiкамi саксонскай кандыдатуры на трон. Сярод канфедэрацый ВКЛ, якiя паўсталi ў гэты час, можна назваць ковенскую, пад маршалкаўствам Д.Мэдэкшы, упiцкую (Лапацiнскi), вiлькамiрскую (Швяйкоўскi), слонiмскую (Макавецкi), ружанскую (Юзафовiч), наваградскую (Пац), гародзенскую (Дольскi), ашмянскую (Паклеўскi) i iнш. Характэрна, што тыя канфедэрацыi, якiя ўзнiклi ў памежных з Расiяй паветах, усталi на межах РП, каб перашкодзiць руху царскiх войскаў, накiраваных на барацьбу з барцамi (19; 260). Нават халопы з вiламi i цапамi - паводле меркавання расiйцаў, перакупленыя "ўзбунтаванаю шляхтаю" - узнiмалiся на барацьбу, нападалi на невялiкiя групы царскiх жаўнераў i на кур'ераў (11; 89).

Аднак гэтыя выступленнi адбывалiся стыхiйна, не падпарадкоўвалiся якому-небудзь агульнаму плану. Ды i сам спосаб завязання канфедэрацый адбываўся па старым, адвеку заведзеным звычаi, надта зручным для акупантаў. Звычайна у ВКЛ, як i па ўсёй тэрыторыi РП, паўсюль, дзе ў вынiку выхаду царскiх войскаў, узнiкала магчымасць з'ехацца ў адмiнiстрацыйным цэнтры, шляхта складала акты канфедэрацый з абавязковым пералiкам прысутных, якi заносiўся ў гарадскiя кнiгi. Такiм чынам, расiйцы даведвалiся з гэтых кнiгаў не толькi пра сам факт стварэння канфедэрацыi, але i пра яе склад. Калi па абвяшчэннi акта шляхта адразу ж не ўсядала на коней, царскiя войскi мелi выдатную магчымасць схапiць паасобку ўсiх падпiсантаў, перш чым тыя здолеюць сабрацца наступны раз на вызначаным месцы. Такiм чынам была абясшкоджаная вялiкая частка сiлаў канфедэратаў (25; 263).

Апроч ваяводскiх i павятовых канфедэрацый, на Беларусi паўстаў i iншы iх тып - г.зв. "звязковыя" канфедэрацыi, якiя не мелi тэрытарыяльнай прывязкi i заклiканыя былi дзейнiчаць на ўсiм абшары краю або на пэўным шырокiм абсягу. Звычайна мэтаю кiраўнiкоў падобнага тыпу ўгрупаванняў было аб'яднанне пад сваiм началам канфедэрацкага руху ВКЛ. Прыкладам такога роду канфедэрацый была дывiзiя сумнай памяцi Шымона Касакоўскага, на той час падчашага ковенскага. Дзiўныя рэчы робiць з чалавекам час! Той самы Шымон Касакоўскi, якi пазней стаў у адным шэрагу з найбольш зацятымi далакопамi волi, незалежнасцi i самога iснавання Айчыны, пад час Барскай канфедэрацыi быў адным з найбольш актыўных i рашучых змагароў за стаптаныя iм жа самiм праз чвэрць стагоддзя iдэалы!

Вось як пiша пра сябе сам Ш.Касакоўскi: "Як толькi да мяне дайшоў водгалас вялiкiх i найшляхетнейшых мужоў, якiя распачалi Барскую канфедэрацыю, […] першы сярод войскаў шматлiкiх непрыяцельскiх, калi нават думаць, не тое што iсцi следам барскiх мужоў, абаронцаў веры i вольнасцi, немагчыма было, павязаў прысягаю паветы ашмянскi, вiлькамiрскi, упiцкi; усе былi ўцiснутыя гвалтам, усе любiлi патрыятызм: не было толькi прыкладу. Я першы засведчыў, што ёсць найбольш мiлае чалавеку. Абцяжарыўшы шчуплую спадчыну, уласным коштам збiраў людзей…" (11; 89).

Свае, сапраўды, вельмi вялiкiя паслугi Айчыне Ш.Касакоўскi цанiў так высока, што лiчыў сябе ўправе ўзначалiць агульнавялiкакняскую генеральную канфедэрацыю, дзеля чаго, уласна, iм i быў створаны "звязковы" тып канфедэрацыi. Ш.Касакоўскi планаваў, што кiраўнiкi ўсiх рэгiянальных арганiзацый дашлюць у ягонае распараджэнне па 100 чалавек i прызнаюць яго генеральным маршалкам (11; 92). Выкананне гэтага плана, трэба пагадзiцца, i сапраўды стварыла б адналiтную арганiзацыю ВКЛ. Аднак прага ўлады ў кiраўнiкоў розных паўстанцкiх аб'яднанняў, хада баявых дзеянняў не далi здзейснiцца гэтым намерам.

У траўнi 1768 г. Ш.Касакоўскi, разам з падкаморым ковенскiм Д.Мэдэкшам i пасэсарам радзiвiлаўскiх маёнткаў на Вiлькамiршчыне Швайкоўскiм пачынае збiраць апазiцыйна настроеную шляхту вакол Вiльнi. Перад пагрозаю высланага супраць яго расiйскага атрада ён мусiў адысцi з-пад сталiцы на Янаў, у ваколіцах якога i распачаў партызанскую вайну. Першапачаткова ковенскi падчашы паспрабаваў блакаваць Вiльню, адрэзаўшы яе ад iншай тэрыторыi ВКЛ. Шматлiкiя засады, нечаканыя напады на невялiкiя расiйскiя атрады прынеслi вельмi добры вынiк: царскiя войскi ўжо не пачувалi сябе поўнымi гаспадарамi ў ВКЛ, несучы адчувальныя страты. Аднак найгалоўнейшай сваёй задачай Касакоўскi лiчыў распаўсюджанне канфедэрацкага руху на ўсю поўнач Вялiкага Княства. Iмклiвыя рэйды па ўсiм гэтым абшары хутка далi станоўчыя вынiкi: менавiта ковенскаму падчашаму абавязаныя сваiм узнiкненнем вiлькамiрская і ковенская (жнiвень), упiцкая i аршанская (верасень) канфедэрацыi, маршалкамi якiх сталi адданыя Ш.Касакоўскаму людзi - Мэдэкша, Швайкоўскi, Лапацiнскi, Паклеўскi.

Дарэмна ўвесь час ганялiся за Ш.Касакоўскiм высланыя з Вiльнi расiйскiя атрады, узмоцненыя артылерыяй: абраная канфедэратамi тактыка не дазваляла царскiм войскам схапiцца з iмi ў адкрытым баi. Наадварот, сталыя засады наносiлi адчувальныя страты працiўнiку. Так, толькi ў вынiку адной з iх у жнiўнi 1768 г. у лесе, недалёка ад Упiтаў, пры пераходзе грэблi расiйскi атрад, апынуўшыся пад агнём канфедэратаў, згубiў каля дзесятка жаўнераў i маёра гусарыi (23; 63). Рэйды аддзелаў Касакоўскага не абмяжоўвалiся толькi межамi ВКЛ, а распаўсюджвалiся i на Курляндыю, i на Iнфлянты, сеючы панiку сярод кiраўнiкоў расiйскiх камандаў. У той жа час пра няўлоўнага "бунтаўнiка" шырылiся легенды сярод народа. Адна з iх нам вядомая з "Помнiкаў" А.Кiтовiча, якi як сапраўдны факт падае выпадак, што неяк адбыўся пад Вiльняй. Ш.Касакоўскi недалёка ад сталiцы на доўгай жардзiне вывесiў таблiцу з наступным надпiсам: "Маршалак вiлькамiрскай канфедэрацыi Касакоўскi выклiкае на гэты пляц расiянаў, што стаяць у Вiльнi". Расiяне ж не толькi не выйшлi, але і паспешлiва замкнулi ўсе брамы ў горадзе, дадаткова забарыкадавалi iх вазамi i iншым начыннем i ў такiм аблогавым становiшчы трымалi сталiцу некалькi дзён. I толькi не заўважаўшы ў наваколлi нiводнага канфедэрата, асмелiлiся адчынiць брамы i выправiць па слядах Ш.Касакоўскага некалькi сотняў жаўнераў (9; 235-236).

Поспехi дзеянняў Ш.Касакоўскага супраць расiйскiх войскаў, пэўнасць абранай iм тактыцы партызанскай вайны, а таксама нежаданне падпарадкоўвацца iншым, на яго думку, не такiм заслужаным барцам прывялi да таго, што ён не пайшоў увосень да Нясвiжа на злучэнне з iншымi пачынальнiкамi канфедэрацкага руху ў ВКЛ, што, урэшце, выратавала яго ад падпiсання ганебнага акта адрачэння ад канфедэрацыi… Аднак i пераможная кампанiя ковенскага падчашага 1768 г. урэшце закончылася паразаю аб'яднаных пад яго началам канфедэратаў паўночнай часткi ВКЛ пад Высокай Рудай каля Кальварыi пад Коўна. Знянацку заспеты маскоўскiмi войскамi падпаручнiка Новiкава, Касакоўскi, забарыкадаваўшыся ў карчме, мужна баранiўся разам з Мэдэкшам, Швяйкоўскiм i Лапацiнскiм супраць ворага. Iм удалося дабрацца да коней i ўцячы. Хаваючыся ад пагонi, уцекачам не раз даводзiлася мяняць вопратку i коней, перш чым яны з сарака канфедэратамi, ацалелымi ад разгрому, нарэшце дасягнулi Прусii (23; 64). Праўда, і там Ш.Касакоўскаму не давялося надоўга затрымацца: Рапнiн неўзабаве звярнуўся да берлiнскага двара з патрабаваннем выдаць мяцежнага лiцьвiна, але таму ўдалося паспяхова перабрацца да Дрэздэна…

Мiж тым, асноўныя падзеi 1768 г. разгортвалiся на паўдзённым захадзе ВКЛ. I тут, як i па ўсёй тэрыторыi Вялiкага Княства, стваралiся шматлiкiя канфедэрацыi. Найбольш буйнымi з iх былi канфедэрацыi наваградскага i берасцейскага ваяводстваў.

На чале першай з iх стаяў зёлаўскi стараста Мiхал Ян Пац, якi спачатку не хацеў браць удзелу ў распачатай барцамi барацьбе. 23 траўня 1768 г. ён пiша свайму патрону Каралю Радзiвiлу: "Не думаю ўваходзiць у цяперашнiя закалоты", хачу "толькi ў суцэльным застацца спакоi" i "толькi … вокам назiральнiка на ўсё глядзець" (28; 730). Аднак iмклiвае развiццё канфедэрацкага руху ў ВКЛ прымусiла М.Паца ўзяцца за стварэнне ў Наваградку канфедэрацыi, якая паўстала ў пачатку кастрычнiка. Пад камандай зёлаўскага старасты аб'ядналася каля трох з паловаю сотняў шабляў. Галоўнай сваёй задачай М.Пац лiчыў аб'яднанне канфедэрацкiх сiлаў дзеля супольнага выступлення супраць агульнага ворага. Таму ён фактычна адразу павёў сваё войска да ўмацаванага радзiвiлаўскага Нясвiжа, якi быў абраны месцам злучэння ўсiх ваяводскiх i павятовых сiлаў барцаў у ВКЛ.

Не такi просты быў шлях да Нясвiжа ў берасцейскiх канфедэратаў. Глеба для паўстання гэтага "звязу" была падрыхтаваная даўно: даўно ўжо ў Пабужжы iшла накiраваная супраць каралеўскага двара i дысiдэнтаў прапаганда, галоўнымi праваднiкамi якой былi палявы лiтоўскi гетман Аляксандр Мiхал Сапега i стражнiк лiтоўскi Людвiк Пацей. На падрыхтаваную глебу кiнуў зерне ляхавiцкi стараста Ануфры Гневiмiр Бяклеўскi, якi 24 верасня сабраў у лесе пад Пружанамi паўтысячы шляхты i дамогся свайго абрання маршалкам берасцейскай канфедэрацыi. Вiдавочна, берасцейцы разлiчвалi на працяглую i пераможную кампанiю: яны нават вызначылiся з формаю ваяводскага канфедэрацкага абмундзiравання. "Таварыства" мела насiць чорныя кунтушы з выявай чэрапа на левым баку ды з надпiсам "Езус, Марыя" на правым i чырвоныя жупаны. Iх узбраенне павiннае было складацца з карабiнаў, пiсталетаў i шабляў. Пачтовыя павiнныя былi апрануцца ў блакiтныя мундзiры з белымi абшлагамi i ўзброіцца невялiкiмi дзiдамi з блакiтнымi дрэўкамi з прымацаванымі двума крукамі, з дапамогаю якiх меркавалася хапаць расiйскiх уцекачоў (11; 91-92). I першыя крокi берасцейскiх канфедэратаў сапраўды былi надта памысныя: у Пружанах яны захапiлi касу коннага лейбрэгiмента (13000 зл.), у Каменцы i Мсцiбаве iм удалося далучыць да сваiх шэрагаў раскватараваныя там аддзелы войскаў палявога гетмана лiтоўскага А.Сапегi, захавання нейтралiтэту якiх усiмi сiламi дамагалася Расiя (13; 3).

I сапраўды, уступленне ў вайну рэгулярнага войска ВКЛ магло б значна ўскладнiць задачу Расii па "заспакаеннi" мяцежнага краю. З неарганiзаванымi ж аддзеламi сканфедэраванай анархiчнай шляхты гэтая задача надта спрашчалася. Рапнiн не раз з пагардаю гаварыў, што на 10 канфедэратаў яму хопiць аднаго расiйскага жаўнера (24; 206). На вялiкi жаль, гэтае цверджанне часта не было перабольшваннем. Адсутнасць адзiнага кiраўнiцтва, барацьба памiж кiраўнiкамi канфедэрацый за прывiдную ўладу, слабая дысцыплiна i брак ваеннага досведу рабiлi з барцаў не вельмi грозных працiўнiкаў. I далейшая хада падзеяў яскрава пацвердзiла гэта.

У Мсцiбаве Бяклеўскi вырашыў распачаць баявыя дзеяннi. Перш за ўсё, паводле ягонага меркавання, неабходна было пакараць здраднiкаў - кiраўнiкоў Слуцкае канфедэрацыi. З гэтаю мэтаю ляхавiцкi стараста выслаў два аддзелы на блiзкiя валоданнi Грабоўскiх - Тэалiн i Мiжрэчча, каб знiшчыць iх i, калi ўдасца, узяць у палон iх уладальнiкаў. Сам жа для злучэння з ваўкавыскай канфедэрацыяй, завязанай у кастрычнiку пад маршалкаўствам Казiмiра Бяляўскага, падкаморага ваўкавыскага, вырушыў на Дзярэчын, дзе яму ўдалося таксама далучыць да сваёй каманды разлакаваных там вялiкакняскiх янычараў, а таксама ўзяць чатыры гарматы i вайсковую касу. У Дзярэчыне Бяклеўскi даведаўся, што нядаўна паблiзу прайшоў расiйскi атрад у 300 чалавек, i пачаў рыхтавацца да сутычкi з ворагам: раздаў жолд канфедэратам, загадаў рыхтаваць карцеч для гарматаў… Ляхавiцкi стараста планаваў ўначы дагнаць непрыяцеля i ў хуткай атацы разбiць яго.

Аднак лёс вырашыў па-iншаму. Бяклеўскi не ведаў, што на дапамогу расiйскаму атраду, на якi ён хацеў напасць, спяшаецца вялiкi аддзел царскага войска, якi налiчвае некалькi сотняў шабляў. Не ведаў, што ўжо разбiтыя i рассеяныя каманды, высланыя iм на маёнткі Грабоўскiх. Пэўныя ў сваёй бяспецы, канфедэраты згубiлi ўсялякую пiльнасць. Скарыстаўшыся гэтым, расiйскiя войскi знянацку ўварвалiся ў Дзярэчын i пачалi сапраўдную рэзь. Спробы канфедэратаў ушыхтавацца i наладзiць адпор былi марнымi: папярэджаны сваiмi суайчыннiкамi, з тылу на iх ударыў той атрад, на якi паўстанцы меркавалi ўдарыць. Зацiснутыя ў абцугi, канфедэраты пачалi ратавацца ўцёкамi. Частка, пераправiўшыся цераз Шчару, на чале з маршалкам накiравалася да Нясвiжа. Частка, пад кiраўнiцтвам харунжага Лапаты, - да Мсцiбава. Менавiта за апошнiмi i пачалася пагоня расiйцаў. На плячах канфедэратаў уварваўшыся ў мястэчка, царскiя жаўнеры пачалi вылоўлiваць уцекачоў, з якiх хто пабег далей, а хто пахаваўся ў лёхах. Злоўленых расiйцы або забiвалi (як генерала Пецерсана i маёра Каханоўскага), або бралi ў палон… (10; 21-22). Паводле расiйскiх дадзеных, пад Дзярэчынам было забiта больш за 300 канфедэратаў i 150 было ўзята ў палон.1

Другая ж частка берасцейскiх канфедэратаў на чале з Бяклеўскiм ужо без асаблiвых прыгодаў дабралася да Нясвiжа, дзе ўжо знаходзiлiся наваградскiя i ашмянскiя паўстанцы, спадзеючыся на моцныя муры i гарматы замка ды на падтрымку шматлiкай мiлiцыi Караля Радзiвiла "Пане Каханку".

Характарызуючы канфедэрацкi рух на вялiкакняскiх землях у кампанii 1768 г., нельга не згадаць i яшчэ аднаго, надта адметнага феномену. Увесь канфедэрацкi рух у ВКЛ, як i ў Кароне, адбываўся пад лозунгамi каталiцызму, захавання незалежнасцi, вывядзення з тэрытарыі краіны расiйскiх войскаў. Галоўнай умовай для дасягнення гэтых мэтаў, паводле ўсеагульнага пераканання, была дэтранiзацыя Станiслава Аўгуста. Аднак i тут былi свае выключэннi. I ў той перыяд усеагульнага непрымання свайго манарха знаходзiлiся людзi, якiя разумелi, што толькi аб'яднанымi сiламi можна перамагчы такога моцнага ворага, якiм з'яўляецца Расiя, што толькi агульнанародны рух на чале з каралём можа праўна рэпрэзентаваць федэратыўную дзяржаву на мiжнароднай арэне i дазволіць спадзявацца на дзейсную дыпламатычную падтрымку Еўропы. Але небяспеку аб'яднання канфедэратаў вакол свайго манарха цудоўна разумелi i расiйскiя палiтыкi. Таму яны з асаблiвым iмпэтам змагалiся з любымi спробамi абвяшчэння канфедэрацый пры каралi. У ВКЛ падобная канфедэрацыя была створаная на Жмудзi ў кастрычнiку 1768 г. братамi Бiлевiчамi пры падтрымцы жмудскіх старасты Хадкевiча i кашталяна Гурскага. Аднак, калi ў гэты час Ш.Касакоўскi з моцным аддзелам яшчэ даволi свабодна пачуваўся ў блiжэйшых прылеглых паветах ВКЛ i царскiя военачальнiкi не выказвалi дастатковага iмпэту ў спробах яго абясшкоджвання, на жмудзiнаў тут жа рушыў расiйскi брыгадзiр Галiцын, якi разбiў iх пры Расенах, арыштаваўшы Юрыя i Матэвуша Бiлевiчаў. Характэрна, што Рапнiн, даведаўшыся пра арышт кiраўнiкоў раялiсцкай канфедэрацыi, загадаў выслаць iх да Смаленска за тое, што тыя спрабавалi "плутовать разными толкованьями". Аднак Бiлевiчам пашанцавала: перш чым надышоў гэты загад, Галiцын адпусцiў iх, прымусiўшы да падпiсання манiфестаў, у якiх тыя адмаўлялiся ад "бунту" (17.Х.1768г.) (11; 90).

Такiм чынам, галоўнымi ачагамi канфедэрацыi ў ВКЛ у кастрычнiку сталi поўнач дзяржавы, дзе працягвалася "партызанка" Ш.Касакоўскага, i Нясвiж, вакол якога сабралiся канфедэраты заходніх і паўднёва-заходніх земляў Беларусi ў надзеi на падтрымку магутнага Караля Радзiвiла "Пане Каханку". Менавiта вiленскаму ваяводу, найбольш багатаму i найбольш уплывоваму пану ў краi, былому кiраўнiку ганебнай Радомскай канфедэрацыi, было прызначана лёсам адыграць адну з ключавых роляў у трагiчных для вялiкакняскiх канфедэратаў падзеях 1768 г.

Пазiцыя К.Радзiвiла ў адносiнах да Барскай канфедэрацыi доўга была нявызначанай. Яшчэ ў пачатку канфедэрацкага руху Станiслаў Аўгуст пiша да вiленскага ваяводы просьбу, каб той не далучаўся да паўстанцаў i "каб усiх прыяцеляў сваiх адвяртаў ад той працы", а таксама "каб гарнiзонам або ўсякай мiлiцыi сваёй загадаў, што, калi б iх да той новай канфедэрацыi прываблiвалi, не толькi нiводнага з ёй паразумення не мелi, але, наадварот, каб адпор далi, калi б iх гвалтам хацелi прымусiць… Бо досыць ужо цярпеў наш край з-за даўнейшых памiж абывацелямi нязгодаў, таму, хто новую распачаў бы калатню, новыя толькi сцягнуў бы няшчасцi" (24; 193-194).

Радзiвiл у адказ запэўнiў манарха ў сваёй лаяльнасцi, а сам патаемна дапамагаў канфедэратам, пачаў павялiчваць аддзелы сваёй мiлiцыi, набываць новую зброю, рабiць харчовыя запасы ў сваiх замках, узмацняць муры… Адначасова, каб рэабiлiтаваць сябе перад грамадскасцю за нядаўнi крок, якi межаваў са здрадаю Айчыне, ён пачаў голасна выказваць абурэнне рашэннямi Радомскай канфедэрацыi (генеральным маршалкам якой сам i быў), перакладаючы ўвесь цяжар адказнасцi за яе на лiтоўскага маршалка таго ганебнага акта, цяперашняга ваяводу iнфлянцкага Станiслава Брастоўскага.

Рапнiн, хаця i не верыў, што "Пане Каханку" адважыцца ўстаць на бок барцаў, пакуль лёс ягоных маёнткаў не будзе да канца вырашаны, усё ж на ўсялякi выпадак размясцiў непадалёк ад радзiвiлаўскай рэзiдэнцыi тысячу расiйскiх грэнадзёраў. Тлумачыў жа такi свой крок расiйскi пасол непрадказальнасцю ваяводы вiленскага: "Князь - медведь, а не человек … Чрезвычайная сила соединилась с его пьянством и могла б его в забвение привести…" (11; 94). А сiлаю "Пане Каханку" валодаў сапраўды вялiкаю - на пачатку жнiўня ў яго распараджэннi знаходзiлася каля чатырох тысяч жаўнераў.

Незразумелая марудлiвасць Караля Радзiвiла з адкрытым далучэннем да канфедэрацыi. Невядома, чаму ён у той час, калi значная частка расiйскiх войскаў пакiнула ВКЛ, адправiўшыся на пацыфiкацыю мяцежнага Кракава, не ўзняў барацьбы супраць аслабленых акупацыйных войскаў. I толькi ў кастрычнiку, калi да Нясвiжа з'ехалiся са сваiмi аддзеламi кiраўнiкi вялiкакняскiх канфедэрацый, калі на барацьбу з імі ў межы Вялікага Княства ўвайшлі дадатковыя расійскія вайсковыя сілы, ваявода вiленскi нарэшце адкрыта ўстаў на бок барцаў. Да гэтага часу ў ваколiцах Нясвiжа былi сабраныя значныя сiлы, якiя, разам з залогай замка, што налiчвала 800 чалавек пры 32 гарматах, дастаткова забяспечаных прадуктамi i амунiцыяй, маглi даць належны адпор непрыяцельскiм войскам. А тых доўга чакаць не давялося.

Рапнiн накiраваў на аб'яднаныя канфедэрацкiя сiлы палкi Iзмайлава, Банэра i Падгарычанiна. 10 кастрычнiка каля вёскi Лань авангард расiйскага войска пад кiраўнiцтвам князя Мешчаракова быў заатакаваны ашмянскiмi канфедэратамi Козела i аддзеламi радзiвiлаўскай мiлiцыi. Непрыяцель панёс значныя страты i быў адкiнуты на 6 мiль, страцiўшы гарматы i амунiцыю (19; 260). Частка канфедэратаў адступiла да Нясвiжа i зачынiлася ў замку. Другая частка засталася ў яго ваколіцах дзеля вядзення партызанскiх дзеянняў.

Ужо 12 кастрычнiка генерал Iзмайлаў з 700 чалавек пяхоты i некалькiмi сотнямi казакаў - сiлы значна меншыя за сiлы канфедэратаў - падышоў да замка i зрабiў першую спробу яго здабыцця штурмам. Гэты штурм быў непаспяховым для расiйскiх войскаў, але меў важныя i неспадзяваныя для абодвух бакоў вынiкi. Настрашаны першым жа скрыжаваннем зброi, гаспадар замка Караль Радзiвiл тэрмiнова склiкаў вайсковую раду, на якой выступiў з патрабаваннем тэрмiновай капiтуляцыi. Канфедэраты рашуча выказалiся супраць гэтага, але сакратар вiленскага ваяводы Бернатовiч, камендант замка Фрычынскi i палкоўнiк замкавай артылерыi Фрэйдлiх, безумоўна, выконваючы загад свайго гаспадара, настоялi на здачы крэпасцi, абгрунтоўваючы немагчымасць супрацiўлення тым, што свежанабранае войска не мае нi досведу, нi ваеннага духу (25; 264).

Караль Радзiвiл пiша пакаянны лiст Рапнiну, дзе абяцае нiколi ўжо не падымаць зброi супраць расiйскiх жаўнераў, апраўдваецца, што мiлiцыя не слухаецца ягоных загадаў, каецца, што паддаўся падступным намовам etc. Свой адказ на роспачны княжы лiст царскi пасол даверыў даставiць у Нясвiж брыгадзiру Кару, якi быў прыстаўлены да К.Радзiвiла ў час выканання тым абавязкаў генеральнага маршалка Радомскай канфедэрацыi (псiхалагiчна дакладны разлiк!).

У лiсце Рапнiна памiж iншым пiсалася: "Рады б знайсцi належныя прыклады, каб iмi ўпрыгожыць учынкi Вашай Княскай Мосцi, але для гэтага ёсць занадта праўдзiвы. З якога боку нi гляджу, не бачу нiчога добрага. Не ведаю пра канфедэрацыю нi ў водным кутку РП; ведаю пра пэўныя зборышчы бунтаўнiкоў, якiя хочуць сабе прысвоiць гэтую назву. Але бунтаўнiкi не могуць быць суграмадзянамi добрых патрыётаў. Таму ВКМ не павiнны iм нi ў якой ступенi сiмпатызаваць. Але якой удзячнасцю павiнны, безумоўна, Найдастойнейшай Тваёй Пратэктарцы! Што ж, аднак, сталася? Войска тваё, кажаш, не слухаецца тваiх загадаў. То навошта яго трымаць? Калi ўзбунтавалiся, трэба iх пакараць. Войскi ВКМ насмелiлiся атакаваць войска Iмператрыцы. Падумай пра наступствы, якiя павiнныя з гэтага вынiкаць…" (24; 205).

Настрашаны Караль Радзiвiл згадзiўся на ўсе ўмовы, прадыктаваныя яму Iзмайлавым: паставiць у Нясвiжы i Слуцку расiйскiя залогi; перадаць царскiм войскам большасць ваеннай амунiцыi; распусцiць надворную мiлiцыю, пакiнуўшы для асабiстай аховы толькi 560 жаўнераў… Мала таго, князь "гонарам, маёнткам i словам радзiвiлаўскiм" прысягаў, што ў будучынi да апошняй кроплi крывi будзе баранiцца ад бунтаўнiкоў i ва ўсiм ВКЛ, за выключэннем Жмудзi (дзе не мае нiводнага прыяцеля) утрымае спакой. Адзiнае, чаго ўдалося дамагчыся вiленскаму ваяводу, нягледзячы на патрабаваннi неспадзяваных пераможцаў выдаць кiраўнiкоў канфедэрацкага руху ў рукi расiйцаў, - гэта згоды адпусцiць усiх канфедэратаў з iх правадырамi пры ўмове падпiсання тымi адрачэння ад канфедэрацыi….

Мабыць, вiленскi ваявода не так бы спяшаўся з капiтуляцыяй, каб ведаў, што ў гэты час Турцыя абвясцiла вайну Расii i частка расiйскiх войскаў мусiць пакiнуць ВКЛ ды iсцi ў кiрунку турэцкiх межаў. Прычынай гэтай вайны была боязь Порты ўзмацнення Расii на тэрыторыi РП, а непасрэднай падставай - парушэнне расiйскiмi палкамi, якiя пераследавалi барцаў, межаў Атаманскай iмперыi…

Вялiкакняскiм канфедэратам, замкнутым у Нясвiжскiм замку, не заставалася нiчога iншага, як падпiсаць патрабаванае ад iх адрачэнне ад канфедэрацыi. Толькi Бяклеўскi напачатку быў адмаўляўся ад падпiсання ганебнага акта i абвясцiў палымяны манiфест, у якiм пратэставаў супраць гвалту. Але ўрэшце i ён мусiў падпiсаць вымаганы ад яго "рэцэс". Расiйскiя войскi занялi Нясвiж i Слуцк, радзiвiлаўская надворная мiлiцыя была далучаная да царскiх палкоў, сам Радзiвiл выехаў на Падляшша, канфедэраты былi распарушаныя.

Характэрна, што ўсе канфедэрацкiя кiраўнiкi, выбраўшыся з паконанага Нясвiжа, неўзабаве выступiлi з манiфестамi, у якiх абвяшчалi сваё адрачэнне ад канфедэрацыi несапраўдным, бо вымушаным пад прымусам. Вось як тлумачыць свой крок М.Пац у манiфесце, выдадзеным у Гарадзiшчы 15 снежня 1768 г.: "Прымусiлi мяне да выканання навязанага мне гвалту [адрачэння - Г.П.], да падпiсання адрачэння ад бунту. Цяпер да суду ўсяго свету апелюю: цi можа быць названы бунтам звяз, якi рыхтуе абарону РП супраць перавагi расiйскай моцы?… Таму, паколькi ад гэтай канфедэрацыi нiякай адмовы не чынiў, вымушанае адрачэнне, якое застаецца ў руках ягамосцi генерала Iзмайлава, было толькi гвалтам: супраць таго адрачэння i гвалту, якi вымусiў да яго, рашуча манiфестую i гэтую адмову лiчу нядзейснай" (19; 316-317).

Пераможаны без бою вялiкакняскi канфедэрацкi рух на доўгi час сцiшыўся. Хаця запаленая паходня вызваленчай барацьбы раз-пораз рассыпала свае iскры на абшарах ВКЛ. Так, у кастрычнiку памежная мсцiслаўская шляхта пад бокам Расii ўтварыла канфедэрацыю, непасрэднай прычынай якой стала барацьба з бунтам праваслаўных сялянаў. На чале канфедэрацыi ўстаў харунжы мсцiслаўскi Мiхал Цаханавецкi, рэгiментаром быў абраны падкаморы мсцiслаўскi Iгнацы Кiркор. Аднак пасля падзення Нясвiжа, 16 кастрычнiка, яна была разбiтая расiйскiм аддзелам маёра Бандрэ пад Раснай (11; 93).

Аднак, нягледзячы на асобныя выступленнi, канфедэрацкi рух у ВКЛ з падзеннем Нясвiжа заняпаў.

Восем маршалкаў вялiкакняскiх павятовых i ваяводскiх канфедэрацый знайшлi прытулак у Прусii. У Тыльзiце яны абвясцiлi пра стварэнне "Лiтоўскай генеральнай канфедэрацыi", кiраўнiком якой абралi А.Бяклеўскага. Аднак "лiтоўскай" гэтую "генеральнасць" можна было назваць з вялiкай нацяжкай: створаная па-за межамi ВКЛ, яна не мела з iм нiчога агульнага, апроч назвы, правадыроў-лiцьвiнаў i жадання Бяклеўскага пры зручным моманце вырушыць у межы Берасцейшчыны. З гэтаю мэтаю ён i стаў збiраць пад сваiм штандарам каронных канфедэратаў, часам не спыняючыся перад звычайным пераманьваннем iх да сябе ад iншых канфедэрацкiх аддзелаў.


Частка III

Заняпад канфедэрацкага руху ў ВКЛ не мог не занепакоiць кiраўнiкоў барцаў. Па-першае, бяздзейнасць Вялiкага Княства адкрывала дарогу расiйскiм палкам на Польшчу. Па-другое, у распачатых перамовах вярхоў канфедэрацыi з Францыяй апошняя абумовiла сваю грашовую i вайсковую дапамогу барцам стварэннем Генеральнай канфедэрацыi РП (Генеральнасцi), якая павiнная была паўстаць са злучэння кароннай i вялiкакняскай генеральных канфедэрацый. Таму ажыўленне канфедэрацкага руху ў ВКЛ стала надзённай задачай барскiх правадыроў.

А.Красiнскi склаў план для ўзнаўлення паўстання ў Вялiкiм Княстве. Цяпер ён вырашыў галоўную ўвагу звярнуць не на колькасць ствараемых канфедэрацый, а на зладжанасць у iх дзеяннi. Бiскуп разлiчваў, што адгэтуль усе вялiкакняскiя канфедэрацыi павiнныя ўтварацца таемна, каб не даць сябе разбiць паасобку. I толькi калi прыме прысягу дастатковая колькасць людзей, яны павiнныя, дачакаўшыся спрыяльнага моманту (якiм уважалася ўзмацненне нацiску Турцыi), абвясцiць генеральную лiтоўскую канфедэрацыю на чале з зёлаўскiм старастай М.Пацам1 i рушыць на ўз'яднанне з кароннымi аддзеламi. Аб'яднаныя ж сiлы абодвух народаў мелi заняць Варшаву, арыштаваць расiйскага пасла i разам не дапусцiць туркаў, сваiх мяркуемых выратоўцаў, далей за Львоў (25; 277. 11; 213). Але лёс не даў здзейснiцца гэтаму плану…

Знешне спакойнае Вялiкае Княства працягвала бурлiць. Асноўную ролю ў падрыхтоўцы наступнага выбуху адыгрывала з Янава жонка брацлаўскага ваяводы княгiня Tэафiлiя з Ябланоўскіх Сапега (30). Яна мела шырокую карэспандэнцыю з гетманскiм Беластокам, сапегаўскiм Дзярэчынам, пацаўскiмi Ружанамi i Даўспрундай… Асноўную ўвагу княгiня ўдзяляла блiзкаму берацейскаму ваяводству, ведучы ажыўленую перапiску з Карпiнскiмi, Бухавецкiмi, Матушэвiчамi… Чакалi на загады ваяўнiчай дыгнiтаркi i рэчыцкi стараста Альбрэхт Радзiвiл, i стражнiк лiтоўскi Людвiк Пацей, i зёлаўскi стараста Мiхал Пац, i харунжы лiтоўскi Фердынанд Ржэвускi, i берасцейскi ваявода Ян Гарайн, i лоўчы лiтоўскi Антонi Забела… Уважаў на пазiцыю княжны вялiкi гетман лiтоўскi Мiхал Агiнскi… Лавiлi кожнае слова з Янава замкнутыя на Жмудзi, "як у мядзведжым вуху", браты Лапацiнскiя - бiскуп жмудскi Ян i пiсар лiтоўскi Мiкалай… Усе нiцi ад рыхтаванага паўстання сыходзiлiся ў руках мужнай жанчыны, яна натхняла i раiла, яна распаўсюджвала навiны i перасцерагала… (11; 217).

Такiм чынам, вогнепальнага матэрыялу ў Вялiкiм Княстве хапала, не было толькi iскры, каб iзноў запалiць тут агонь паўстання. Таму да каронных канфедэратаў была пасланая просьба ўваходу iх збройных аддзелаў у межы ВКЛ. Аднак гэтая просьба была дасланая не Я.Патоцкаму, не Ё.Красiнскаму, а iх апаненту - выдатнаму палкаводцу Казiмiру Пуласкаму, якi знаходзiўся ў пастаянным супернiцтве з афiцыйнымi кiраўнiкамi барцаў (10; 48).

Разумеючы стратэгiчную важнасць Вялiкага Княства для Барскай канфедэрацыi, ён разам з братам Францішкам у чэрвенi 1769 г. вырушыў сюды на чале тысячы адборнай коннiцы (17; 53). Ягоная дарога ляжала праз Белую-Падляскую, дзе хаваўся ад сваёй ганьбы "Пане Каханку", здыскрэдытаваны ў вачах суайчыннiкаў i "ненадзейны" паводле меркавання расiйскiх палiтыкаў. К.Пуласкi звярнуўся да вiленскага ваяводы з палымяным лiстом, у якiм упэўнiваў таго, што толькi перадачай яму замка, гарматаў ды пазасталых аддзелаў надворнай мiлiцыi той здолее выратаваць рэшткi сваёй былой славы. Аднак князь адмовiў яму. Прычына, бадай, крылася ўсё ў той жа зацятай барацьбе ў вярхах канфедэрацыi, у той бязглуздай, вузкакарыслiвай, дробязнай барацьбе, якая фактычна i прывяла неўзабаве да знiкнення РП з палiтычнай карты Еўропы.

Справа ў тым, што следам за братамi Пуласкiмi, а часам i апярэджваючы iх, у ВКЛ ляцелi лiсты i унiверсалы Красiнскага, у якiх Пуласкiя абвiнавачвалiся ва ўсiх смяротных грахах. Так, адзiн з лiстоў Красiнскага характарызаваў сваiх працiўнiкаў наступным чынам: "Усе яны [Пуласкiя - Г.П.] - з лiку праклятых, чэрцi [Чартарыйскiя - Г.П.] з iмi справу маюць, а не чыстыя душы…, таму, калi хто з iмi лучыцца будзе, застанецца на страшным судзе па левую руку [Хрыста - Г.П.] i асуджаны будзе на агонь вечны, i нават калi б цнатлiвы з iмi аб'яднаўся, ён паставiў бы сябе ў вялiкую небяспеку…" (11, 226).

Характэрна, што тыя самыя патрабаваныя Пуласкiмi гарматы i аддзел надворнай мiлiцыi Караль Радзiвiл ўсё ж перадаў. Толькi перадаў кiраўнiку iншага аддзела, якi кiраваўся з Кароны ў межы ВКЛ - авантурысту Бярынскаму, якi самавольна абвясцiў сябе генеральным маршалкам…

Трэба адзначыць, што i гэта быў не апошнi прэтэндэнт на ролю "будзiцеля Лiтвы", якi спяшаўся сюды з Кароны. Ужо вядомы нам Бяклеўскi, былы маршалак берасцейскай канфедэрацыi, спяшаючыся таксама да Берасця пасля ўведамлення пра тое, што ў ягоным родным горадзе пры падтрымцы Пуласкiх ужо ўтварылася новая канфедэрацыя з новым кiраўнiцтвам, сярод якога яму ўжо не заставалася месца, адразу накiраваўся, пераапрануты ў лёкайскую вопратку, да аднаго з кiраўнiкоў барцаў у ВКЛ - М.Паца - з перасцярогай, "што паўсталая канфедэрацыя з'яўляецца прадворскай" (!) (11; 225). (Спрадвечная нашая бяда - прэтэндэнтаў на кiраўнiцтва ў нас звычайна заўсёды болей, чым самiх удзельнiкаў якога-небудзь руху!)

Мiж тым, браты Пуласкiя пачалi свой яркi паход у межы ВКЛ са здабыцця (27.VI) Берасця ў вынiку iмклiвай атакi. Падрыхтаваная ўжо берасцейская апазiцыя тут жа аб'ядналася ў канфедэрацыю, выдаўшы 30 чэрвеня манiфест, названы найбуйнейшым даследчыкам гiсторыi барскага чыну В.Канапчыньскiм "адным з найбольш разумных сярод усiх такога кшталту праяваў нацыянальнай самаабароны" (11; 228). На чале звяза ўстаў берасцейскi скарбнiк Антонi Бухавецкi, рэгiментаром жа быў абраны паручнiк пяцiгорскай харугвы Станiслаў Крапiнскi.

Першым крокам ізноў паўсталай на берасцейскай зямлі канфедэрацыі было выданне маніфеста, у якім абвяшчаўся ворагам Айчыны і падлягаў канфіскацыі маёмасці кожны, хто не спрыяў барцам. Аднак гэты крок быў залішні: да канфедэрацыі масава далучалася як шэраговая шляхта, так і магнатэрыя.

Між тым, пакуль Францішак Пуласкі займаўся арганізацыяй берасцейскай канфедэрацыі, ягоны брат Казімір шырыў агонь паўстання ў Вялікім Княстве. У Цярэспалі ён прывёў да прысягі флемінгаўскую міліцыю; у Воўчыне - родавым маёнтку караля - рэквізаваў гарматы Панятоўскіх і тону пораху для іх; да канфедэрацыі ізноў быў далучаны мсцібаўскі рэгімент… (17; 54). Загоны К.Пуласкага, ідучы на Пінск, Слуцак і Слонім, далучалі да ягонага войска ўсё новыя і новыя сілы. Пад уплывам пераможнага паходу Пуласкіх утварылася канфедэрацыя ў пінскім павеце пад маршалкаўствам пінскага падкаморага Антонія Ажэшкі і рэгіментарствам Міхала Даманскага…

Аднак найбольшым поспехам К.Пуласкага стала далучэнне пад свае штандары ўланскага палка літоўскіх татараў пад кіраўніцтвам Ёзафа Беляка1. Нягледзячы на тое, што, паводле некаторых меркаванняў, агульная колькасць войска, якім кіраваў К.Пуласкі, дасягала ўнушальнай лічбы ў 6000 чалавек, брак вайсковага досведу, адсутнасць належнай дысцыпліны рабілі гэтае войска мала баяздольным. Таму наяўнасць значных рэгулярных вайсковых адзінак ў шэрагах канфедэратаў была асабліва важнай.

Сабраўшы ў сваіх руках дастатковую сілу, браты Пуласкія прыступілі да выканання свайго асноўнага плана - паходу на Вільню. Яны вырушылі на поўнач, у кірунку Бераставіцы. Аднак весткі пра ўзноўлены канфедэрацкі рух у ВКЛ ужо дасягнулі Варшавы і Вільні. На ўтаймаванне "бунту" выступілі расійскія корпусы пад камандаю палкоўнікаў Ушакова, Папова, Вахтмейстара, Кнерынгема, Шубэ, Дрэвіча… Першае сутыкненне з ворагам адбылося 06 ліпеня 1769 г. пад Куклічамі (цяпер вёска ў Свіслацкім раёне). Палкоўнік Ушакоў, без разведкі мясцовасці і дыспазіцыі канфедэратаў, упэўнены ў сваёй перамозе, якая фактычна заўсёды суправаджала царскія войскі, кінуў свае аддзелы на Пуласкіх. Але на гэты раз поспех быў не на баку расійцаў. Пасля ўпартай 9-цігадзіннай бітвы Ушакоў, з усіх бакоў аточаны канфедэратамі, апынуўшыся перад пагрозаю поўнага акружэння конніцай Беляка, вымушаны быў прыняць прапанову аб капітуляцыі. Праўда, ўмовы гэтай капітуляцыі былі надта ганаровыя: раззброеным расійскім жаўнерам дазвалялася свабоднае вяртанне ў Гародню.

Пазней такiя лагодныя ўмовы здачы пакананага праціўніка сталі яшчэ адной з падставаў для далейшых абвінавачванняў Пуласкіх. Аднак тыя не мелі ахвоты штурмаваць расійскі лагер, ахвяруючы жыццямі сваіх падначаленых. Прыступаць жа да доўгай аблогі яны не мелі магчымасці з-за блізкасці іншых моцных царскіх аддзелаў, якія вось-вось маглі прыйсці на дапамогу абложаным. Апроч таго, наяўнасць у войску велізарнай колькасці палонных стварыла б цяжкасці з іх утрыманнем ды пазбавіла б канфедэратаў свабоды манеўру. Да таго ж, такі ўчынак братоў вельмі добра стасаваўся як з задачамі, якія яны ставілі перад сабой, так і з планамі барскіх кіраўнікоў. У гэты час стратэгічнай мэтай канфедэратаў лічылася пашырэнне руху на магчыма большай тэрыторыі пры пазбяганні надта вялікіх ахвяраў. Пачатак жа сапраўднай усеагульнай барацьбы мусіў настаць тады, калі Турцыя пачне пераможны наступ на Расію…

А пакуль што сваёй галоўнай задачай Пуласкія лічылі далучэнне да канфедэрацыі як мага большай колькасці шляхты. З гэтай мэтай яны пускаюцца па наваградскім ваяводстве, даючы магчымасць пад аховай свайго войска стварацца тут павятовым канфедэрацыям. Так, у гэты перыяд паўсталі ваўкавыская (маршалак - літоўскі крайчы Ёзаф Сапега, рэгіментар - вайсковы пісар Радавіцкі) і слонімская (пад маршалкаўствам Макавецкага) канфедэрацыі (11; 229).

Між тым, колца варожых войскаў вакол канфедэратаў Пуласкіх сціскалася. У ноч з 11 на 12 ліпеня каля Слоніма адбылася наступная значная бітва з корпусам палкоўніка Вахтмайстара. Менавіта ў гэты час у горад на абвешчаны канфедэрацкі з'езд з'язджалася навакольная шляхта, а Пуласкія забяспечвалі яе ахову. Размясціўшыся за Слонімам, пад прыкрыццём шырокай Шчары, канфедэраты прынялі на сябе ўдар расійскіх аддзелаў, якія фарсіравалі раку і з ходу ішлі ў бой. Тут Пуласкія ўжылі прыём, які не раз прыносіў перамогу войскам РП: ворага атакавала конніца, якая неўзабаве адступіла, завабіўшы непрыяцеля пад агонь схаванай артылерыі. Пасля гарматных залпаў, якія выклікалі паніку ў варожых шыхтах, на расійцаў ударыла элітная канфедэрацкая конніца Беляка. Непрыяцель вымушаны быў ратавацца ўцёкамі, пакінуўшы на полі бою шматлікіх забітых і параненых, а таксама два штандары (17; 54-55).

Гэтаксама памыснымі для канфедэратаў былі і наступныя баі з адыходзячымі аддзеламі Вахтмайстара: пад Якімовічамі, недалёка ад Мышы (13.07) і пад Дварцом (16.07). Аднак гэтыя поспехі ўсё ж не дазволілі Пуласкім перашкодзіць жаўнерам Вахтмайстара злучыцца з корпусам Дрэвіча, які спяшаўся з Пінска пасля разбіцця тамтэйшай канфедэрацыі Ажэшкі1.

Сітуацыя станавілася пагрозлівай: у непасрэднай блізкасці знаходзіліся аб'яднаныя палкі Вахтмайстара і Дрэвіча, Бярэсце заняў Ксаверы Браніцкі з вернымі каралю войскамі, да таго ж з захаду набліжаліся войскі брыгадзіра князя Галіцына, які, праўда, быў пакуль што заняты аддзеламі Бярынскага.

Бярынскі са сваімі войскамі, колькасць якіх сучаснік ацэньвае ў 3000 чалавек (26; 26), падышоў да Беластока з мэтаю далучыць да сябе аддзелы Браніцкага і размясціўся ў чвэрці мілі ад горада, у Альмонтах. У ноч з 12 на 13 ліпеня на канфедэратаў рушыў полк Галіцына, маючы намер заспець іх соннымі. Але пераправа цераз Нараў зацягнулася і, заўважаныя канфедэратамі, расійцы пасля кароткага супраціву былі вымушаныя адступіць да балоцістага ляску, дзе стрымлівалі атакі да самага вечара. Надзвычай памысны для канфедэратаў пачатак бітвы, аднак, быў сапсаваны бяздарным кіраўніцтвам самазванага "звязковага маршалка". Не зважаючы на сваю лічэбную і стратэгічную перавагу, пасля таго, як у канфедэратаў скончыліся боепрыпасы, ён загадаў ім адступаць, у выніку чаго ягоныя аддзелы рассыпаліся на асобныя групкі і сталі імкліва адыходзіць перад слабым праціўнікам, які згубіў у гэтай бітве толькі параненымі каля 370 чалавек (26; 27). Адзіным станоўчым вынікам бітвы пад Беластокам стаў выйгрыш часу, дзякуючы чаму 19 ліпеня Пуласкія паспелі стварыць яшчэ адну павятовую канфедэрацыю ў Гародні (маршалак - Дашкевіч1, рэгіментары - Ёзаф Валовіч і Марцін Алізаровіч).

Браты Лапацінскія, якія даўно падрыхтавалі глебу для ўтварэння жмудскай канфедэрацыі, так і не дачакаліся прыходу ў Жмудзь Пуласкіх, якія мелі забяпечыць тамтэйшай шляхце бяспечны з'езд для агалашэння канфедэрацыі.

Бадай, толькі віленцы, нягледзячы на адсутнасць паблізу значных канфедэрацкіх сілаў, асмеліліся на ўласную руку абвясціць свой маніфест у першай палове жніўня, абраўшы маршалкам Міхала Гарайна, віленскага падкаморага, секунд-оберлейтэнанта рэгімента Вялікай булавы ВКЛ. 14 жніўня віленцы пішуць палымяны універсал да шляхты браслаўскага павета з заклікам далучацца да іх дзеля сумеснай барацьбы з агульным ворагам. А ўжо 30 жніўня віленская канфедэрацыя была разбітая ў сутычцы з царскімі войскамі пад Гайцюнішкамі. У гэтай бітве загінуў і Міхал Гарайн (4; 615).

Між тым, Пуласкія разам з вялікакняскімі канфедэратамі пад ціскам расійскіх палкоў рухаліся далей на поўнач. У пацаўскім маёнтку Даўспрундах, каля самой прускай мяжы быў нарэшце агалошаны акт, які, уласна, і з'яўляўся галоўнай мэтай паходу Пуласкіх: была абвешчаная Генеральная канфедэрацыя ВКЛ. Генеральным маршалкам быў абраны, як і меркавалася раней, М.Пац, а генеральным рэгіментаром - Ёзаф Сапега.

Трэба адзначыць, што маніфест вялікакняскай Генеральнасці гучаў зусім не так, як планавалася ў вярхах барцаў. З яго былі выключаныя вострыя напады на каралеўскі двор, а галоўны ўпор быў зроблены на неабходнасць абароны веры і незалежнасці (10; 49-51). Аднак характэрна, што i тут падкрэслівалася асноўная надзея барцаў - надзея на хуткую дапамогу замежных еўрапейскіх дзяржаваў: "Прыйдзе пара, калі еўрапейскія дзяржавы, прыміраючы замешаныя жорсткай вайной народы, зблізку будуць назіраць за прычынамі супярэчнасцяў; тады болей задумаюцца над уціскам нашым, лічбы і кшталт нечуваных тыранстваў і ўціску зведаюць дакладна..." (10; 49). Такім чынам, нявер'е ва ўласныя сілы, надзея на дапамогу звонку, якая яўна праяўлялася і праяўляецца ў нашага народа на працягу ўсёй найноўшай гісторыі, мае надта глыбокія карані…

Цяпер, калі асноўная задача выправы Пуласкіх у межы Вялікага Княства была выкананая, паўстала пытанне пра тое, што рабіць далей. Тут думкі канфедэратаў кардынальна разышліся. Калі Пуласкія настойвалі на працягу ваенных дзеянняў на тэрыторыі ВКЛ, на далейшым пашырэнні тут канфедэрацкага руху, новаабраныя правадыры літоўскай Генеральнасці прагнулі як найхутчэй пакінуць межы Вялікага Княства, каб на больш бяспечных каронных землях утварыць Генеральную канфедэрацыю Абодвух Народаў, на чым настойваў перш за ўсё Ян Антоні Гарайн, берасцейскі ваявода. Розны падыход да далейшых планаў дзеяння стаў толькі адной з падставаў для ўзмацнення канфліктаў у лагеры канфедэратаў. Другую, не менш важную, ролю тут адыграў і спрадвечны, то прыхаваны, то яўны антаганізм паміж вялікакняскай і польскай шляхтай, які цяпер выліўся ў форму спрэчак наконт збору правіянту і фуражу (23; 64), а таксама ў патрабаванні новастворанай літоўскай Генеральнасці вярнуць "бяспраўна захопленую" ўласнасць ВКЛ - уланскія палкі Беляка… Падобныя спрэчкі ў той перыяд, калі патрабавалася злучэнне ўсіх сілаў перад пагрозаю палкоў Дрэвіча, якія імкліва набліжаліся, адыгралі згубную ролю ў лёсе ўсёй кампаніі 1769 г. на землях Вялікага Княства. Пад Райгарадам літоўскія і польскія канфедэраты падзяліліся і накіраваліся ў розныя бакі.

Трэба адзначыць, што ў шэрагах літоўскай Генеральнасці, пакінутай кароннымі аддзеламі Пуласкіх, так і не здолеў усталявацца сякі-такі парадак. Перш за ўсё гэта тычылася ваеннага кіраўніцтва. Генеральны рэгіментар Ёзаф Сапега перадаў каманду над войскам пінскаму маршалку Каэтану Сапегу, а той, у сваю чаргу, саступіў яе больш дасведчанаму берасцейскаму регіментару Пашкоўскаму… (11; 230). Пасля некалькіх няўдалых сутычак з аддзеламі Дрэвіча літоўская Генеральнасць з рэшткамі вялікакняскіх канфедэратаў была выціснутая за прускую мяжу. Праўда, пайшлі яны туды без уланскіх палкоў Беляка. Той, зняверыўшыся ў поспеху раздзіраемай унутранымі канфліктамі канфедэрацыі, вярнуўся на месца пастаяннай дыслакацыі, нанова прынесшы прысягу на вернасць варшаўскаму двару (16; 33).

Нешчаслівым быў канец "літоўскай выправы" і для Пуласкіх. Кіруючыся да Кобрына, яны мінулі Чарнаўчыцы і Берасце, маючы на карку чатыры расійскія калоны пад камандаю Суворава. З поўначы дарогу на Гародню ім закрывалі царскія палкі Вахтмайстара. Сціснутыя пераважнымі сіламі ворага, Пуласкія мусілі адступаць да Уладавы. 12 верасня адлегласць паміж царскімі грэнадзёрамі, фланкіраванымі егерамі і карабінерамі, і канфедэратамі складала ўсяго 7 кіламетраў. Даць бой расійскім войскам не было магчымасці, бо гарматы разам з абозам былі выпраўленыя наперад. Аточаныя сярод балотаў і багны, канфедэраты вымушаныя былі дзеля ўстрымання імклівага набліжэння ворага разбіраць масты на шляху магчымагых атак. Толькі праз некалькі гадзінаў хуткага адступлення Пуласкія здолелі агнём сваёй вернутай артылерыі стрымаць расійцаў.

Пасля цяжкага пераходу па палескіх балотах, які суправаджаўся шматлікімі сутычкамі з ворагам, смяротна стомленыя канфедэраты нарэшце дасягнулі Уладавы, дзе і спыніліся для адпачынку. Аднак на сон ім не было адпушчана і гадзіны. Калона расійскага палкоўніка Ранэ ўварвалася ў мястэчка. Сярод канфедэратаў паднялася паніка. Толькі Казімір Пуласкі на чале найбольш баяздольных харугваў здолеў наладзіць сякую-такую абарону. Збольшага апанаваўшы сітуацыю, абаронцы сталі арганізавана адступаць у кірунку вёскі Ламазы. Расійцы біліся зацята. Імпэту ім дадавала абяцаная Суворавым высокая ўзнагарода за захоп "жыўцом" братоў Пуласкіх. Хутка абаронцы былі абкружаныя. Пад Казімірам забілі каня, але, калі расійцы ўжо саскоквалі з сёдлаў, каб схапіць кіраўніка "бунтаўнікоў", на дапамогу брату прыйшоў Францішак Пуласкі з камандай канфедэратаў. Царскія жаўнеры мусілі адступіць. Казімір на іншым кані ізноў уступіў у бой з ворагам.

Аднак сітуацыя заставалася пагрозлівай. З тылу, з боку вёскі Ламажы, з'явіліся расійскія карабінеры пад кіраўніцтвам Кастэліні. Пуласкія шукалі ратунку ў імклівай атацы. Не даўшы карабінерам ушыхтавацца для залпу, яны дасягнулі іх і пачалі сячы. Францішак напаў на самога Кастэліні, аднак той паспеў стрэліць у яго з адлегласці ў некалькі крокаў. Смерць прыйшла адразу. На поле бою падцягваліся свежыя аддзелы Суворава. Казімір Пуласкі, паранены ў плячо, з рэшткамі сваіх расцярушаных войскаў здолеў з цяжкасцю прабіцца з акружэння. На шчасце, пачаўся дождж, які ўлатвіў уцёкі і змыў сляды ўцекачоў…

Францішак Пуласкі быў пахаваны ў брацкай магіле ва Уладаве; мундзір жа, зняты з яго, на наступны па бітве дзень быў прададзены казакамі… (17; 58-59).

Кампанія 1769 г. закончылася паразай канфедэрацкага руху ў ВКЛ… Вялікакняскія канфедэрацыі перасталі існаваць; Караль Радзівіл, канчаткова здыскрэдытаваны ў вачах расійцаў, у сялянскай брычцы збег са сваёй Белай на Падляшшы ў Белую Прускую (11; 231). Кіраўнікі павятовых канфедэрацый пакінулі межы ВКЛ. Аднак заўчаснай была пераможная рэляцыя Суворава ў Пецярбург, у якой разгром канфедэратаў Казіміра Пуласкага і смерць ягонага брата трактаваліся як "апошні ўдар, нанесены польскім бунтаўнікам" (17; 59). Да згасання канфедэрацыі было яшчэ далёка.

Міжнародная сітуацыя ў верасні 1769 г. спрыяла барцам. Турцыя працягвала ваенныя дзеянні супраць Расіі ды вылучыла дадатковыя патрабаванні да Пецярбурга - вывесці ўсе войскі з тэрыторыі федэратыўнай дзяржавы; Францыя ўзмацніла дыпламатычную і фінансавую падтрымку канфедэратам, выслала на тэрыторыю РП групу ваенных экспертаў, што сучаснікамі ўспрымалася як пачатак прамой ваеннай дапамогі; Аўстрыя і Прусія дазваляюць барцам гуртавацца і рабіць ваенныя прыгатаванні на сваіх тэрыторыях; крымскі хан Кім Гірэй заключыў саюз з канфедэратамі… (24; 208).

У гэтых умовах 31 кастрычніка ў Белай Шлёнскай была абвешчаная Генеральная канфедэрацыя Абодвух Народаў, кіраўнікамі якой былі абвешчаныя Міхал Красінскі і Яўхім Патоцкі, а ўлічваючы іх сталае знаходжанне за мяжой, выконваць іх абавязкі былі прызначаныя М.Пац (у якасці маршалка) і Ё.Сапега (у якасці рэгіментара). Сакратаром Генеральнасці быў абраны Ігнацы Богуш, дваранін Караля Радзівіла. Такім чынам, на чале аб'яднанай канфедэрацыі РП усталі ліцьвіны. (Характэрна, што Ул.Канапчыньскі лічыць, што ўвогуле Барская канфедэрацыя адбывалася пад штандарам ліцьвінаў, якія паказалі "духоўную перавагу стыхіі літоўскай над "караняжамі""(10; XXIX).)

Утварэнне Генеральнасці ў пэўнай ступені ўпарадкавала канфедэрацкі рух у РП. Так, барцы пачалі знішчаць шматлікія банды, якія пад выглядам канфедэратаў кружылі па краіне, рабуючы насельніцтва. Вялікім крокам наперад было абмежаванне ўсяўладдзя магнатаў: у абвешчаным 1.ХІІ.1669 г. Богушам "рэгламіне" да ўдзелу ў Генеральнасці дапускаліся толькі кіраўнікі канфедэрацыяў асобных земляў, паветаў і ваяводстваў. Сенатары маглі браць удзел у яе паседжаннях толькі па спецыяльным запрашэнні "кола", дзе яны маглі мець толькі дарадчы голас. З гэтага часу сваёй мінулай, выключнай ролі ў палітычным жыцці РП магнатэрыя ўжо ніколі не дасягнула.

Аднак унутры Генеральнасці працягвалася зацятая барацьба вакол далейшых планаў правядзення баявых дзеянняў і палітычных мэтаў канфедэрацыі. Богуш так апісвае "генеральнае замяшанне": "З-за кожнай дробязі - тысячы калатні: мноства тут … найзнатнейшых … асобаў, кожны фармуе сваю нібы партыйку, пытанні блытае, час забірае" (11; 286). Некаторыя сучаснікі вылучаюць унутры Генеральнасці ажно восем партый (Тамсама), аднак у рэчаіснасці можна вызначыць два асноўныя лагеры, паміж якімі не сціхала прыхаваная і яўная барацьба. Першым кіравалі М.Пац і біскуп Адам Красінскі - афіцыйныя кіраўнікі барцаў. Асноўныя свае надзеі яны напачатку ўскладалі на супрацоўніцтва з Турцыяй. Аднак, у сувязі з паразамі Порты ў вайне з Расіяй кіраўнікі "афіцыйнага" старонніцтва паступова пачалі прыходзіць да слушнай высновы, што спадзявацца можна толькі на ўласныя сілы. У сувязі з гэтым, яны пачалі схіляцца да думкі пра неабходнасць супрацоўніцтва з варшаўскім дваром і пра несвоечасовасць і небяспечнасць лозунгу аб дэтранізацыі Станіслава Аўгуста, што магло б разбіць і так нетрывалае адзінства антырасійскага старонніцтва ды выклікаць непрадказальную рэакцыю еўрапейскіх дзяржаў.

Апазіцыйны лагер у Генеральнасці ўзначальвалі вялікі каронны падскарбі Тэадор Весель, Юры Мнішак і Караль Радзівіл "Пане Каханку". Гарачыя прыхільнікі саксонскай дынастыі, яны выступалі за неадкладную дэтранізацыю Станіслава Аўгуста, хаця б нават пры дапамозе Расіі. У гэтых мэтах праз пасярэдніцтва прымаса Падоскага, вядомага сваёй прамаскоўскай пазіцыяй, яны шукалі кантактаў з Валконскім і шырылі антыдворскія настроі ў і так настроенай супраць свайго караля краіне.

Аднак напачатку "афіцыйны" лагер атрымаў адчувальную перамогу: у маніфесце паўсталай Генеральнасці пра дэтранізацыю манарха, насуперак ранейшым дамовам, не было ніякай мовы. Гэты факт натхніў на рашучыя дзеянні Станіслава Аўгуста і "Фамілію" Чартарыйскіх, якія даўно марылі скінуць са сваіх плячэй уцяжлівую чужаземную апеку. Яны пачалі таемна навязваць кантакты з канфедэратамі пры дапамозе кароннага маршалка князя Любамірскага, зяця Аўгуста Чартарыйскага. Самому ж А.Чартарыйскаму было даручана паціху рыхтаваць войска і вайсковыя склады для вайны з Расіяй. Пачаць жа гэтую вайну планавалася арыштам расійскага пасла ў адказ на арышт і дэпартацыю двума гадамі раней сенатараў РП (8; 186).

Жадаючы, каб ягоная апазіцыйнасць стала вядомай усім, што зрабіла б аб'яднанне двара і апазіцыі больш лёгкім, 30 верасня 1769 г. Станіслаў Аўгуст склікаў раду сената. Знешняй падставай для гэтага было абмеркаванне дзяржаўных стасункаў паміж РП і Турцыяй. Аднак, з інспірацыі караля і Чартарыйскіх, хада паседжанняў рады набыла зусім нечаканы кірунак. Сенатары востра раскрытыкавалі дзеянні расійскага ўрада на тэрыторыі краіны на працягу апошніх трох год і прынялі рашэнне выправіць да Кацярыны ІІ мечніка літоіскага Енджэя Агінскага са скаргай на гвалты Рапніна на працягу папярэдніх гадоў, з просьбаю пра ліквідацыю гвалтоўна навязаных РП законаў і канстытуцый, пра вывад царскага войска з тэрыторыі дзяржавы, пра кампенсацыю абывацелям краіны шкодаў, нанесеных гэтым войскам, пра вызваленне сенатараў, арыштаваных і вывезеных у Расію, а таксама ўсіх падданых РП, беззаконна арыштаваных расійскімі вайсковымі аддзеламі на яе тэрыторыі. Апроч гэтага, была прынятая пастанова звярнуцца да дзяржаваў-гарантаў Аліўскага трактата з просьбай пра пасярэдніцтва ў вырашэнні пытанняў міждзяржаўных адносінаў паміж РП і Расіяй… Незалежныя паводзіны сенатараў і прынятыя радаю сената ўхвалы так абурылі царыцу, што яна загадала перадаць Агінскаму, каб той дарэмна не выбіраўся ў падарожжа, паколькі не будзе ўпушчаны ў межы яе дзяржавы (25; 281).

У адказ на дэмарш афіцыйнай Варшавы Міхаіл Валконскі, які з сярэдзіны 1769 г. выконваў ролю расійскага пасла ў Варшаве замест здэскрэдытаванага Рапніна, вырашыў утварыць у РП супрацьвагу канфедэратам і ўсё больш апазіцыйнаму ў адносінах да Пецярбурга двару. З гэтаю мэтаю ён пачаў гуртаваць з групы прарасійскі настроеных дыгнітарыяў на чале з прымасам Падоскім і вялікім каронным канцлерам Младзеёўскім г.зв. "Патрыятычную раду". Гэтая "Рада" павінная была выступіць у форме камбінаванай вайскова-цывільнай канфедэрацыі, уключыць у свой склад караля і ўвесь народ, заключыць з Пецярбургам саюз супраць Турцыі, уціхамірыць барцаў і закончыць справу пацыфікацыйным соймам і высыланнем урачыстага вернападданніцкага пасольства да царыцы. Пры гэтым рэпрэзентаваць новае аб'яднанне ў ВКЛ мусіў Флемінг, а ў Каране - надворны каронны маршалак Мнішак (25; 281). Аднак "Рада" не здолела набыць аніякага аўтарытэту ў народзе і стала ўсеагульным пасмешышчам. Вакол яе аб'ядналіся "толькі найгоршыя адкіды грамадства" (10; ХVІІІ).

Тады, адкінуўшы ўсялякія палітычныя хады, новы расійскі пасол, як і ягоны папярэднік, зрабіў стаўку на сілу. Як і Рапнін, Валконскі адкрыта зневажаў караля, пагражаў яму і "Фаміліі". І часта гэтыя пагрозы зусім не былі пустым гукам.

Калi неяк Валконскi прыгразiў непаслухмяным Чартарыйскiм карай, Станiслаў Аўгуст запытаў: "Як можна караць чужых падданых?" На што расiйскi пасол адказаў: "Нiколi не думаў, што Вашая Каралеўская Мосць можа вымавiць такое слова. Данясу пра ўсё майму двару…"1 (7; 334).

Яшчэ чвэрць стагоддзя было адпушчана лёсам Рэчы Паспалiтай. Яшчэ наперадзе былi пакутныя спробы адрадзiць Айчыну, рэформы, Канстытуцыя, паўстаннi… Аднак Расiя ўжо лiчыла федэратыўную дзяржаву сваёй правiнцыяй i не пакiдала за ёй права на самастойнае ўнутрыпалiтычнае жыццё…

Між тым, двор працягваў свой курс на збліжэнне з канфедэратамі. Паводле каралеўскага загаду, каронныя войскі спынілі баявыя дзеянні супраць барцаў. Больш за тое, Станіслаў Аўгуст сам зрабіў спробу стварэння антырасійскай канфедэрацыі пры сваёй асобе, што і перспектыве павінная была злучыцца з барцамі пад агульным лозунгам абароны незалежнасці. З гэтаю мэтаю кароль выпраўляе ў Берасце вернага К.Браніцкага "для абароны ваяводства ад іншаземнага пранікнення" (27; 459). 23.ІІ.1770 г. тут быў абвешчаны маніфест канфедэрацыі, створанай дзеля абароны каталіцызму і трону. Характэрная асаблівасць гэтага маніфеста: улічваючы сумны досвед папярэдніх павятовых канфедэрацыяў, падпісанты абмежаваліся занатаваннем на дакуменце толькі сваіх імёнаў або псеўданімаў: "Тэадор, Юнаша, Даміцыян, Тадэвуш etc." (11; 527). Зрэшты, гэтая канфедэрацыя не выканала ўскладзенай на яе задачы, ды ў тагачасных абставінах і не магла выканаць: у лагеры барцаў усё большую вагу набіралі рашучыя праціўнікі Станіслава Аўгуста, прыхільнікі ягонай тэрміновай дэтранізацыі. Менавіта на іх ляжыць асноўная адказнасць за тое, што кароль і "Фамілія" так і не здолелі злучыцца з канфедэратамі і гэтым самым утварыць адзіны фронт барацьбы за незалежнасць Айчыны. У гэтым сэнсе вельмі характэрны ліст Караля Радзівіла да Ігнацыя Богуша, датаваны 22 лістапада 1769 г.: "За рэч пэўную цвердзяць, што кароль і фамілія Чартарыйскіх высылае Дэнбіцкага, войніцкага кашталяна, каб ад іх імя ўчыніў далучэнне да Генеральнай канфедэрацыі. Ратуй нас, Божа, каб гэта магло адбыцца, усе б дзяржавы, з якімі РП мае дыпламатычныя адносіны, былі б абражаныя, і відавочная пагібель Айчыны і нас усіх наступіла…" (24; 211).

Сваё жахлівае становішча паміж Сцылай расійскага дэспатызму і Харыбдай варожых да свайго манарха кіраўнікоў барцаў цудоўна разумеў і сам Станіслаў Аўгуст. У размове з ангельскім паслом у Варшаве ён са смуткам адзначыў: "Калі адыду ад Расіі і супраць яе выступлю, мае непрыяцелі будуць першыя, якія з ёй пагодзяцца і мяне прынясуць у ахвяру. Якая ж з гэтага карысць для краю?" (8; 184-185)

Увогуле, адносіны канфедэрацкай вярхушкі да спробаў караля далучыцца да канфедэрацыі, што адзінае магло даць шанец на перамогу ў барацьбе з магутнай Расіяй, дазваляюць зрабіць выснову, што найгалоўнейшай мэтай для іх была менавіта дэтранізацыя ўзненавіджанага імі Станіслава Аўгуста, якога яны рэдка называлі сваім манархам, а найчасцей проста "стольнікам літоўскім" - паводле ўрада Панятоўскага да ягонай элекцыі. Прычыны нянавісці да караля, па словах сучасніка, былі тыя, што ён "заслужаных прадстаўнікоў шляхты рассылаў да лагероў [у войска - Г.П.], сумленных і пабожных біскупаў прызначаў на аддаленыя месцы, а сам атачаў сябе сваімі ўлюбёнцамі як са стану цывільнага, так і духоўнага…" (26; 25). Не падабаліся сучаснікам і кволыя спробы рэформаў, на якія наважыўся Станіслаў Аўгуст. Аднак, бадай, найбольшае абурэнне ў кіраўнікоў барцаў, што ганарыліся сваім радаводам, значна лепшым за радавод Панятоўскіх, быў сам факт неабходнасці падпарадкоўвацца "выскачку", які па волі Пецярбурга быў пастаўлены над імі. Ва ўсялякім разе, паводле рапарта ангельскага пасла ў Пецярбурзе Шырлея (12.ХІ.1768 г.), "паміж канфедэратамі ёсць многа людзей сумленных і добрых патрыётаў, але найбольш магутныя і найгалоўнейшыя кіраўнікі ўвогуле іншае маюць у думках, чым гавораць. Не рэлігія, але няшчасны намер скідання караля, пыха, нянавісць і да т.п. тояцца ў іх душы" (8; 184). Сапраўды, больш радавітым, больш заможным родзічам Станіслава Аўгуста - Чартарыйскім - было б нашмат лягчэй спадзявацца на прызнанне магнатэрыі (5; 168).

Між тым, і пасля чарговага заняпаду канфедэрацкага руху ў ВКЛ канфедэрацыя ў Кароне працягвала трываць. Больш за тое, і міжнароднае становішча барцаў стала адносна больш трывалым: нягледзячы на паразы Турцыі ў вайне з Расіяй, Францыя, якая баялася ўзмацнення Пецярбурга за кошт РП і гэтым самым парушэння палітычнай раўнавагі ў Еўропе, зімою 1769-1770 гг. вырашыла аказаць больш дзейсную дапамогу барцам. Парыж разлічваў аб'яднаць двор і апазіцыю краіны ў барацьбе за незалежнасць. Побач з дыпламатычнымі захадамі Францыя павялічвае грашовыя субсідыі барцам ды высылае для вайсковага кіраўніцтва канфедэратамі палкоўніка Дзюмур'е, які павінен быў дзейнічаць паводле загадаў французскага пасла ў Вене Дзюрана.

Дзюмур'е адразу заняў галоўнае месца ў кіраўніцтве канфедэрацыяй РП, чаму Генеральнасць не надта працівілася. Французскі агент адразу пачаў распрацоўваць планы далейшых дзеянняў. Уважаючы на выключную стратэгічную значнасць ВКЛ для далейшага лёсу Барскай канфедэрацыі, найбольшую ўвагу ў гэтых планах ён надаў менавіта Вялікаму Княству. Ёсць падставы меркаваць, што Дзюмур'е не надта добра разбіраўся ў сітуацыі на тэрыторыі чужой яму краіны, інакш ён не стаў бы будаваць такіх грандыёзных замкаў на пяску, як ён гэта зрабіў.

Паводле планаў палкоўніка, адначасовае паўстанне павіннае было ахапіць полацкае, віцебскае і мсціслаўскае ваяводствы. Характэрна, што асноўная ўвага надавалася ў першую чаргу ўсходнім раёнам Вялікага Княства, што цалкам адпавядала агульным мэтам паўстання ў ВКЛ - адгарадзіць паласою агню РП ад Расіі. Першапачатковым месцам дыслакацыі канфедэратаў быў абраны Бабруйск. У далейшым, па меры далучэння да літоўскай канфедэрацыі новых і новых аддзелаў (агульная лічба якіх павінная была дасягнуць 6000 шабляў(!)) галоўным апірышчам канфедэратаў мусіў стаць Кажан-Гарадок або Пінск, каб адтуль мець магчымасць у выпадку неабходнасці выправіцца на дапамогу каронным паплечікам (29; 32-33).

Аднак найбольшыя надзеі ўскладаў Дзюмур'е на рэгулярнае войска вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, якое налічвала, па ягоных падліках, да 8000 прафесіных жаўнераў. Менавіта М.Агінскі павінен быў забяспечыць выкананне галоўнай мэты, якую паставіў перад вялікакняскімі канфедэратамі французскі палкоўнік - паходу фарсіраваным маршам на Смаленск і далей на Маскву. Паводле меркавання Дзюмур'е, расійская армія, занятая або на турэцкім фронце, або ў Інфлянтах, або ў Кароне, не здолела б супрацьстаяць выправе вялікага гетмана літоўскага (29; 33). Дзеля падрыхтоўкі выканання гэтага грандыёзнага плану Дзюмур'е дасылае ў межы ВКЛ свайго эмісара, жмудскага дэпутата Путкамера, які мусіў забяспечыць адначасовае выступленне вялікакняскіх канфедэратаў і далучэнне да канфедэрацыі М.Агінскага, што даўно ўжо таемна меў сталыя кантакты з Генеральнасцю.

Але ізноў, як і раней, для ўзнаўлення канфедэрацкага руху ў ВКЛ патрабавалася не толькі маральная, але і вайсковая падтрымка з каронных земляў. І спробы такой дапамогі прадпрымаліся на працягу 1770 г. неаднаразова. Аднак расійскія акупацыйныя войскі таксама добра разумелі стратэгічную важнасць Вялікага Княства для лёсу ўсёй кампаніі1. На ўсім вялікакняска-польскім памежжы быў створаны своеасаблівы "санітарны кардон", які меў не дапусціць на тэрыторыю ВКЛ "заразу бунту". І, трэба сказаць, што гэты кардон быў даволі дзейсным: ніводнаму значнаму кароннаму аддзелу так і не ўдалося замацавацца на тэрыторыі краю.

Беспяспяховымі засталіся спробы Бахоўскага прарвацца на тэрыторыю ВКЛ у лютым-сакавіку. Ягоныя аддзелы былё разбітыя на захад ад Берасця К.Браніцкім…

У канцы сакавіка-пачатку красавіка на Жмудзь прабілася каманда Бярнацкага, але ў першай палове красавіка яна была разгромленая пад мястэчкам Кельмы, а сам кіраўнік быў схоплены…

Марна імкнуўся да Берасця даўні маршалак тутэйшай канфедэрацыі Бяклеўскі, чые аддзелы ў кастрычніку некалькі разоў праводзілі бітвы з войскамі генерала Кара…

Няпоспехам скончыліся спробы Савы прарвацца на ўсход ад занятага ім Высокага ў лістападзе…

Не ўдалася выправа на Палессе Навіцкага з атрадам у 250 шабляў…

Нягледзячы на тое, што каронным канфедэратам так і не ўдалася генеральная выправа ў межы ВКЛ, іх спробы прарвацца ў межы Вялікага Княства не засталіся без водгуку на нашых землях. Так, на Піншчыне ў ліпені была ўтвораная павятовая канфедэрацыя пад кіраўніцтвам Цывінскага1 (дарэчы, мяркуецца, што Навіцкі спяшаўся менавіта ёй на дапамогу (11; 525))… Рэчыцкі стараста Альбрэхт Радзівіл рыхтаваў да паўстання свой павет… На Жмудзі паўстаў спіс "патрыётаў" пад кіраўніцтвам Хадкевіча… У Вільні ўтварылася таемнае кола паўстанцаў, дзе рэй вялі мсціслаўская кашталянавая Ганна Тышкевіч, біскуп Ёзаф Касакоўскі, брат Шымона, і падкаморыі жмудскі Нагорскі і віленскі Жаба (11; 529). Аднак велізарная колькасць расійскіх войскаў, брак рэальнай дапамогі з Кароны не далі магчымасці рэалізаваць гэтыя апазіцыйныя настроі ў шырокім збройным выступленні.

Між тым, 1770 г. стаў пераломным у лёсах Барскай канфедэрацыі на тэрыторыі РП. І спрычыніўся да гэтага менавіта той, які быў закліканы прыкласці ўсе магчымыя намаганні для поспеху барцаў - Дзюмур'е. Насуперак загадам французскага пасла ў Вене Дзюрана, якім ён абавязаны быў падпарадкоўвацца, палкоўнік не толькі не спрыяў уз'яднанню Варшавы і Генеральнасці, але, наадварот, стаў ініцыятарам абвяшчэння бескаралеўя і дэтранізацыі Станіслава Аўгуста, які быў прызнаны ворагам Айчыны і выкліканы на канфедэрацкі суд. Характэрна, што гэты універсал быў падпісаны Міхалам Красінскім і Яўхімам Патоцкім яшчэ 9 красавіка 1770 г., і толькі рашучы супраціў з боку М.Паца і А.Красінскага не дазволіў ягонага агалошання ў той жа час. Камянецкі біскуп ахарактарызаваў прадпрыняты крок як "падсунуты тымі ж самымі ашуканцамі, якія нас у Радоме згубілі" (8; 187). Аднак Дзюмур'е настояў на прыняцці яго на паседжанні Генеральнасці 9 жніўня, а 22 кастрычніка гэты універсал быў урачыста абвешчаны і надрукаваны… (10; ХХІ-ХХІІ).

Генеральнасць у асобах падпісантаў спадзявалася, што па абвяшчэнні бескаралеўя ў Еўропе, як звычайна, наступіць конкурс на замяшчэнне вольнага трону, у сувязі з чым замежныя двары будуць наперабой прапаноўваць свае паслугі Рэчы Паспалітай. Аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся. Абсалютысцкая Еўропа не магла прыняць ніводнага рэвалюцыйнага акту, накіраванага супраць законнага манарха. Фактычна ўсе замежныя двары станоўча асудзілі канфедэратаў. Ад барцаў адвярнулася не толькі Аўстрыя, але і Саксонія, кандыдата ад якой на пасад РП жадала большасць Генеральнасці. Так, калі саксонскаму прэтэндэнту спрабавалі ўручыць акт бескаралеўя, той адапхнуў яго з пагардаю, гаворачы, што такіх неразумных лістоў не чытае (8; 187). Мала таго, абвяшчэнне дэтранізацыі караля сталася падставаю не толькі для спынення дапамогі канфедэратам з боку Вены і Берліна, але і анэксіі Габсбургамі спішскага староства, а Берлінам Варміі, часткі Вялікай Польшчы і Познані. На фоне неабдуманага кроку апазіцыі адбывалася выразнае збліжэнне замежных дзяржаваў у барацьбе супраць барцаў. Так, Прусія, якая раней давала прытулак канфедэратам, цяпер дае расейскім войскам артылерыю для штурму Чанстаховы… Аўстрыя выганяе канфедэратаў са сваёй тэрыторыі… (18; 324-325). У Пецярбургу пачынаюцца перамовы пра падзелы РП…

Аднак гэта ўсё было яшчэ не самае страшнае. Найбольш важным для далейшага лёсу РП стала немагчымасць у будучыні аб'яднацца краіне са сваім манархам, што зрабіла крах вызвольнай барацьбы перадвызначаным. Штурхнуты ў абдымкі Расіі, Станіслаў Аўгуст мусіў нанова аддаць верныя яму палкі на службу ворагу і накіраваць іх супраць канфедэратаў…

Гэта быў пачатак канца… Адгэтуль лёс канфедэрацыі быў вырашаны. Аднак барацьба на тэрыторыі РП і ВКЛ працягвалася. Мала таго, 1771 г. стаў перыядам ці не найбольшага ўздыму барскага чыну на беларускіх землях. І пачатак гэтаму паклаў усё той жа Шымон Касакоўскі. Вясной 1771 г. ён перасёк мяжу ВКЛ дзеля ўзняцця тут чарговай хвалі паўстання. Прычынай ягонага паходу некаторыя даследчыкі лічаць спробу паспець ўзначаліць кіраўніцтва канфедэрацкім рухам у Вялікім Княстве і не дапусціць да гэтага вялікага гетмана літоўскага Міхала Агінскага, які чым далей, тым больш праяўляў апазіцыйныя настроі (12; 289). І апярэдзіць вялікага гетмана яму-такі ўдалося. Ужо ў красавіку ён выдае з Вількаміра адозвы да вялікакняскіх патрыётаў з заклікам аб'ядноўвацца вакол яго як прадстаўніка Генеральнасці (з якой пад час свайго знаходжання па-за межамі ВКЛ вёў непрымірымую барацьбу). Пад сціплым тытулам "обывацеля", у халопскай вопратцы на простай брычцы вандраваў Ш.Касакоўскі па Жмудзі ад мястэчка да мястэчка, ад вёскі да вёскі, вярбуючы да свайго лагера дробную шляхту, халопаў, нават яўрэяў і цыганаў. Назбіраўшы каля тысячы чалавек, мяцежны маршалак вытрымаў некалькі бітваў з памыснымі для сябе вынікамі - у Саламярэчы (01 ліпеня супраць роты капітана Таляндра), пад Вількамірам (06 ліпеня супраць аддзела капітана Козена), пад Крупнікамі (каля 18 ліпеня) (12; 289). Асабліва паспяховай была бітва пад Вількамірам, дзе была разгромленая цэлая рота царскіх жаўнераў, былі захопленыя гарматы. Характэрны факт: некалькі дзесяткаў параненых расійцаў Касакоўскі загадаў пераправіць у Вільню і перадаць тамтэйшаму расійскаму гарнізону… (23; 73)

У змаганні з Генеральнасцю згубіўшы ўсе пасады, Касакоўскі мусіў ізноў набыць афіцыйны статус, які дазволіў бы яму прэтэндаваць на кіраўніцтва канфедэрацкім рухам у ВКЛ. Таму ён абвясціў сябе ў Аліцы маршалкам смаленскага ваяводства.

Тактыка новага смаленскага маршалка засталася даўнейшай - галоўнай сваёй задачай Касакоўскі лічыў пашырэнне канфедэрацкага руху на як мага большай тэрыторыі Вялікага Княства. Найлепшым сродкам для гэтага быў абраны даўно апрабаваны метад - стварэнне пад аховаю аддзелаў смаленскага маршалка павятовых канфедэрацый. Такім чынам былі ўтвораныя канфедэрацыі браслаўскага (маршалак - Аляксандр Тадэвуш Ваўжэцкі), старадубскага (маршалак - Ёзаф Мэдэкша) паветаў, інфлянцкая (маршалак - Ян Тадэвуш Зіберг)… Вынікам паспяховых дзеянняў Касакоўскага ў ВКЛ у 1771 г. можна лічыць жмудскую (маршалак - Тадэвуш Білевіч), аршанскую (маршалак - Тадэвуш Отмар Штэйн), рэчыцкую (маршалак - (Альбрэхт Радзівіл), мінскую і полацкую (маршалкі невядомыя) канфедэрацыі…(12; 289)

Такая актыўная дзейнасць хутка даў свой плён: у шэрагах паўстанцаў Касакоўскага неўзабаве налічвалася ўжо каля 4000 чалавек. З гэтымі значнымі сіламі смаленскі маршалак ажыццявіў бяспрыкладны марш па Вялікім Княстве. Маршрут ягоны пралягаў праз Радашковічы, Заслаўе, Мінск, Ігумен, Жлобін, Стрэшын… На працягу гэтага шляху канфедэратаў чакалі бітвы з расійскімі аддзеламі, агітацыя, знішчэнне мастоў, захоп варожых кур'ераў... Дзеянні Касакоўскага былі так паспяховыя, што яго нярэдка называлі "літоўскім Пуласкім" (11; 538).

У Стрэшыне смаленскі маршалак падзяліў свае сілы. Ротмістр Пашкевіч з паўтары сотнямі людзей пайшоў да Гомеля, капітан Расен з сотняю пяхоты - да Быхава (ягоны аддзел быў неўзабаве разбіты дашчэнту), Ёзаф Юдыцкі з дзвюма сотнямі вершнікаў - да Мазыра, а сам Касакоўскі з асноўнымі сіламі свайго войска рушыў да Магілёва і Шклова (10; 143). Пад час гэтага паходу адбылася адзіная за ўвесь час існавання Барскай канфедэрацыі, а таму і ўнікальная, з'ява - упершыню войскі канфедэратаў перайшлі мяжу варожай дзяржавы і ажыццявілі дыверсіі на яе тэрыторыі. У выніку былі вынішчаныя некалькі вёсак на расійскай Смаленшчыне…

Гэты ўчынак моцна напалохаў расійцаў. У межы Вялікага Княства тэрмінова былі ўведзеныя дадатковыя войскі, якія рушылі на аддзелы Касакоўскага. Смаленскі маршалак мусіў тэрмінова збіраць усе свае распарушаныя аддзелы ды паспешна адыходзіць ад межаў Расіі. Аднак гэты манеўр зусім не быў падобны на панічныя ўцёкі. Канфедэраты Касакоўскага не толькі паспяхова адбівалі напады ворагаў, але і наносілі яму адчувальныя паразы. Так, 14 верасня, аточаныя з трох бакоў непрыяцельскімі войскамі ў міжрэччы Дняпра і Друці, пад Старым Быхавым паўстанцы перамаглі значныя расійскія сілы, пасля чаго накіраваліся назад на поўнач Вялікага Княства, у мсціслаўскае, віцебскае і полацкае ваяводствы, падымаючы народ на барацьбу за веру і незалежнасць, аднаўляючы заняпалыя канфедэрацыі ды ўтвараючы новыя… (12; 289-290)

Аперацыя колькасна значных аддзелаў Касакоўскага, якая ахапіла вялікую частку тэрыторыі Вялікага Княства, і перш за ўсё - найменш актыўныя ўсходнія ягоныя паветы, удыхнула новыя надзеі ў сэрцы тых, хто яшчэ марыў пра незалежнасць РП. Бадай, гэты паход і стаў асноўным штуршком для найбольш істотнага акта Барскай канфедэрацыі на тэрыторыі ВКЛ - далучэння да канфедэрацыі рэгулярнага вялікакняскага войска пад кіраўніцтвам вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага1.

Сучаснікі і пазнейшыя даследчыкі асобы М.Агінскага фактычна адзінадушна адмаўляюць яму ў наяўнасці якога-небудзь вайсковага таленту. Так, А.Кітовіч лічыць, што вялікі гетман літоўскі далучыўся да канфедэрацыі "дзеля здабыцця сабе славы ваяра, якім ніколі не быў" (9; 239). Ё.Крашэўскі яшчэ больш суровы ў ацэнцы. Паводле ягонага меркавання, М.Агінскі быў чалавекам "безумоўна слабым, вельмі малых здольнасцяў, вядомы толькі тым у краі, што цвёрдага рашэння прыняць не ўмеў" (15; 47). Крыху больш памяркоўна да вялікага гетмана ставіцца Ул.Канапчыньскі, які малюе яго "шляхетным, але неваенным энтузіястам" (10; ХХV)…

Безумоўна, падобныя меркаванні заснаваныя не на пустым месцы. Сапраўды, вялікаму гетману літоўскаму, які перш за ўсё застаўся ў гісторыі дзякуючы пабудове знакамітага Агінскага канала, вытанчанаму знаўцу музыкі і мастацтваў, бракавала ваенных ведаў. Аднак, думаецца, зусім несправядліва абвінавачваць яго ў правале канфедэрацкага руху ў ВКЛ, выкліканага разгромам рэгулярных вялікакняскіх войскаў. Пераможна скончыць вайну з магутным драпежным суседам у той час, як грамадства было падзеленае ў самім сабе, калі велізарная ягоная частка лавіла кожнае слова з Пецярбурга, было немагчыма… М.Агінскі ж быў адзіным гетманам у РП, які меў мужнасць узняць сваю армію супраць войскаў захопнікаў. І ягонае імя на доўгі час стала сімвалам адданасці роднаму краю, свабодзе і незалежнасці сваёй краіны.

Неабходна адзначыць, што далучэнне вялікага гетмана да канфедэрацкага руху адбылося не раптоўна. Яшчэ ў канцы 1768 г. ён паведаміў біскупу А.Красінскаму, што ў зручную хвіліну адкрыта выступіць супраць Расіі... Нягледзячы на тое, што многія канфедэрацкія аддзелы нішчаць сядзібы, якія належаць яму, паколькі ён з'яўляўся зяцем ненавіснага А.Чартарыйскага, М.Агінскі дае прытулак у сваіх маёнтках параненым канфедэратам… У чэрвені 1770 г. ён адмаўляецца даць К.Браніцкаму для барацьбы з барцамі вялікакняскія аддзелы… (11; 533). М.Агінскі падтрымлівае сталую сувязь з Генеральнасцю і навязвае шчыльныя кантакты з венскім і парыжскім дварамі ў інтарэсах канфедэрацыі… (21; 626-627) Карыстаючыся з таго, што, у адрозненне ад каронных гетманаў, якія былі значна абмежаваныя ў сваёй уладзе на карысць утворанай дваром "Вайсковай камісіі", у літоўскіх гетманаў абсалютная ўлада над войскам не была адабраная (9; 239), ён выводзіць з Вільні артылерыю; пачынае сцягваць у Слонім, дзе знаходзілася ягоная стаўка, вялікакняскае войска (ужо да 20 чэрвеня там было сабрана больш за 2000 жаўнераў, якіх вялікі гетман узбройваў, мундзіраваў за свой кошт); збіраў запасы пораху; з Караляўца рознымі шляхамі даставіў 1200 карабінаў; прыняў у свой лагер рэшткі разбітых расійскімі палкамі канфедэрацкіх аддзелаў, у тым ліку і полк вялікакняскіх татарскіх уланаў пад камандаю знакамітага Беляка; забараніў сінагогам, якія фактычна былі шпегаўскімі цэнтрамі маскоўскіх акупацыйных войскаў, усялякія зносіны са сваімі патронамі; выгнаў з войска падазроных дысідэнтаў… (11; 541-542)

Каспер фон Салдэрн, новы расійскі пасол, які замяніў Валконскага, цяпер ужо не меў ніякіх сумненняў адносна намераў кіраўніка рэгулярных войскаў ВКЛ. Расійскі пасол шле М.Агінскаму грозныя пасланні з загадам вярнуць войскі на месцы ранейшай дыслакацыі, а самому тэрмінова кіравацца ў Варшаву дзеля справаздачы ў сваіх "бунтаўнічых" дзеяннях. Вялікі гетман літоўскі адмовіўся ехаць у сталіцу, адначасова тлумачачы свае дзеянні па канцэнтрацыі войска неабходнасцю стварэння кардону супраць заразы, што пашырылася ў краі, і выказваючы сваю лаяльнасць Варшаве і пецярбургскаму двару.

Не ўведзены ў зман расійскі пасол у адказ у сваёй дэкларацыі ад 26 чэрвеня назваў згрупаваную вакол М.Агінскага армію "бандытамі" і паведаміў, што кіраўнікам расійскіх камандаў, разлакаваных у ВКЛ, загадана разбіць вялікакняскае войска, а з захопленымі абыходзіцца не як з ваеннапалоннымі, а як з бунтаўнікамі, што заслугоўваюць найцяжэйшага пакарання. Прадпісвалася ні ў якім разе не шкадаваць найбольшых "здраднікаў" - уланаў Беляка. Адзінае, што магло выратаваць гетмана - гэта неадкладнае прыбыццё ў Варшаву. У адваротным выпадку яго загадвалася схапіць і даставіць у сталіцу прымусова (25; 326).

Гэтая дэкларацыя, напісаная ў надзвычай абразлівым тоне, хутка разышлася па ўсёй краіне ў шматлікіх копіях і стала адным з найбольш дзейсных сродкаў антырасійскай прапаганды. Так, напрыклад, Ш.Касакоўскі у сваім маніфесце ад 17 жніўня сярод найбольш абуральных сведчанняў расійскага дэспатызму, які неабходна скінуць збройнай рукой, называў цяжкую знявагу, нанесеную вялікаму гетману літоўскаму…

З Варшавы быў выдадзены ардынанс да найбліжэйшых расійскіх камандаў, каб тыя перашкодзілі канцэнтрацыі вялікакняскіх войскаў. М.Агінскі вырашае выкарыстаць гэты факт для далучэння Станіслава Панятоўскага да барцаў і дасылае каралю скаргу на расійскага палкоўніка Дзюрынга, які "падсоўваецца … дзеля высочвання мяне, шукае таемныя броды, выведвае сілы, пазіцыі і артылерыю …", што дазволіла вялікаму гетману літоўскаму прыйсці да высновы пра злыя намеры адносна войскаў ВКЛ, "а кожны замах на яго цэласнасць павінен быць кваліфікаваны як выразны замах на непадлегласць Рэчы Паспалітай" (11; 342). Аднак удзел караля ў канфедэрацыі пасля абвешчанага акта бескаралеўя быў ужо немагчымы.

Над слонімскім лагерам, размешчаным на буйным гасцінцы, паўз які праходзілі шляхі руху варожых войскаў, пачалі згушчацца хмары. Таму ў пачатку жніўня М.Агінскі перадыслакуе сваю стаўку ў больш зацішныя, абкружаныя балотамі Целяханы, дзе ён працягваў падрыхтоўку сваіх палкоў да збройнага выступлення.

Салдэрн, які быў перакананы, што канфедэраты ВКЛ, узмоцненыя рэгулярнай арміяй, акажуць нашмат больш упарты збройны супраціў расійскім войскам, чым Карона, распрацаваў план шырокай вайсковай аперацыі, накіраванай супраць непакорнага вялікага гетмана літоўскага. На літоўскія аддзелы мусілі выступіць палкі Дзюрынга, узмоцненыя сіламі палкоўніка Альбічава, разлакаванымі ў Сямяцічах. У выпадку патрэбы да іх мусілі далучыцца палкі Дрэвіча і Суворава (11; 544). Падазраючы, што М.Агінскі дзейнічаў у згодзе з каралеўскім дваром, расійскі пасол загадаў неабходныя прыпасы і фураж браць бескаштоўна з маёнткаў Агінскіх і Чартарыйскіх.

Агульнае кіраўніцтва аперацыяй мусіў узяць на сябе палкоўнік Дзюрынг. Ён планаваў акружыць войскі М.Агінскага і, не даўшы яму магчымасці прарвацца да Беластока або Пінска, разграміць яго. Дарогу на Косава, недалёка ад Козікаў, перацяў палкоўнік Дзмітрыеў, з поўдня блакаваць вялікакняскія войскі было даручана палкоўніку Альбічаву. На дапамогу гэтым сілам падыходзіў аддзел маёра Урангеля (25; 326). На 6 верасня было прызначанае раззбраенне войска ВКЛ.

Ужо з 31 жніўня да М.Агінскага пачалі з усіх бакоў прыходзіць грозныя весткі. Аднак неўзабаве ў ягоным лагеры адбылася падзея, якая ўсяліла новыя надзеі ў сэрцы паўстанцаў: 03 верасня да вялікага гетмана літоўскага прыбыў французскі агент Брунэці. Ягонае з'яўленне паўсюдна ўспрымалася як сведчанне хуткае збройнае дапамогі Версаля. Менавіта французскі пасланнік параіў М.Агінскаму перанесці сваю стаўку з Целяханаў да Янава. Ёсць падставы меркаваць, што Брунэці належыць і ініцыятыва далейшых дзеянняў вялікага гетмана.

Калі ў лагеры вялікакняскага войска з'явіўся пасланнік ад Альбішава, штаб-афіцэр Салдэнгоф, з вусным заклікам да склікання зброі, М.Агінскі даў яму поўны гонару і годнасці адказ: "Я - гетман Рэчы Паспалітай і чужых загадаў слухаць не павінны, а мне обер-лейтэнант маскоўскі загадвае бяззбройна да дому ад'язджаць!" Альбішаву праз пасланніка было выказанае жаданне даць пісьмовае распараджэнне аб капітуляцыі войска ВКЛ. Аднак, калі патрабуемыя паперы былі прывезеныя, вялікі гетман літоўскі загадвае аддаць Салдэрнгофа пад варту, а сам з войскам здзяйсняе імклівы марш на Бездзеж, дзе знаходзілася стаўка Альбішава.

У 9 гадзінай раніцы 06 верасня 1771 г. вялікакняскае войска атачыла мястэчка з усіх бакоў. Заспеты знянацку расійскі военачальнік не кінуў надзеі ўгаварыць М.Агінскага скласці зброю. Адзіным адказам гетмана былі словы: "Вы не ёсць непераможныя; вы зараз складзеце зброю альбо атакуйце" (11; 545). Але атакаваць расійцы не наважыліся. Тады войска ВКЛ, падпаліўшы Бездзеж з усіх бакоў, у 12 гадзінаў пачало штурм. Супраціў ворага быў хутка зломлены. Альбічаў перад пагрозаю катастрофы тэрмінова выслаў парламенцёра дзеля распачынання перамоваў пра капітуляцыю, аднак адказу не дачакаўся: перш чым пасланец вярнуўся, начальніка расійцаў напаткала куля… Вынікі гэтай бітвы былі надта памысныя: праціўнік, які налічваў каля 700 штыкоў, згубіў больш за 150 чалавек забітымі на чале з кіраўніком, рэшта ж была ўзятая ў палон (25; 326. 11; 545-546).

Аднак значэнне гэтай бітвы не вымяраецца толькі стратамі ворага. Па-першае, на вядомасць пра яе па ўсёй РП узнялася велізарная хваля энтузіязму. Спрыялі гэтаму і тыя чуткі, што наваднілі краіну пасля перамогі пад Бездзежам. Яны абвяшчалі, што М.Агінскі, дазвання разбіў Дзюрынга і адкінуў рэшткі ягонага войска да Нясвіжа… што Сувораў здолеў толькі ў 50 коней уцячы ад паразы... што ВКЛ амаль ачышчанае ад расійскіх войскаў… Паводле данясення палкоўніка Чарнышова, "гэты горды народ набыў зараз выраз твару важных волатаў" (11; 546). У ВКЛ і ў Кароне пачалі ўзнаўляцца былі спыненыя з'езды шляхты і стварацца ўмовы для ўзняцця новых канфедэрацыяў узамен разбітых расійцамі.

Па-другое, узрасла прыхільная для канфедэратаў зацікаўленасць еўрапейскіх дзяржаваў падзеямі ў РП. Аўстрыя ізноў дазволіла перавозіць цераз свае межы зброю, баепрыпасы, амуніцыю для барцаў… Прусія, занепакоеная слабасцю саюзнай Расіі, пачала з большай увагай сачыць за тымі вятрамі, што дзьмулі з Парыжа і Вены… Францыя высылае да М.Агінскага спецыяльнага агента - палкоўніка дэ Мурынэ - як рэпрэзентанта Версаля ў ВКЛ…1

Па-трэцяе, сярод расійскіх вярхоў у РП запанавалі панічныя настроі. І першым правадніком такіх настрояў стаў сам Салдэрн. Ён піша адчайныя лісты ў Пецярбург, у якіх, у прыватнасці, піша: "Большасць абуджаецца ад летаргічнага сну. Нацыя пачынае сябе адчуваць… Калі гэты агонь разгарыцца, то будзьце пэўныя, што ўсе нашыя перавагі будуць згубленыя… Ці нельга, каб прускі кароль выправіў некалькі гусарскіх палкоў да літоўскіх межаў - гэта напалохае. Нашае становішча нашмат горш, чым я яго вам апісваю. Нашае войска ў Літве - варты жалю атрад, які ўнушае ўсім пагарду; палкоўнік Чарнышоў - чалавек зусім без галавы. Увогуле, воінскі дух, за нямногімі выключэннямі, знік. Зброя ў нашых жаўнераў нягодная; коні - горш сабе ўявіць нельга, у артылерыі кепская прыслуга…" (2; 484)

Аднак М.Агінскі не здолеў выкарыстаць гэтыя спрыяльныя фактары. І гэта выявілася нашмат раней за пазнейшую сталовіцкую паразу. Ужо на наступны дзень, 07 верасня, вялікі гетман літоўскі, разлакаваўшы сваё войска ў Хомску, абвясціў маніфест аб далучэнні да Барскай канфедэрацыі і гэтым самым далучыўся і да прынятага Генеральнасцю акта бескаралеўя, ізноў пакінуўшы караля і Фамілію па-за межамі барацьбы супраць іншаземнага ворага. Бяссільны Станіслаў Аўгуст жорстка зганіў выступленне М.Агінскага ў ВКЛ. Ён піша пра вялікага гетмана: "Ён забыў, што рускія змагаліся супраць Радзівіла, каб выратаваць Слонім, які належаў Агінскаму. Ён забыў, што ягоная жонка - стрыечная кузіна караля…" (11; 546). Кароль быў вымушаны прасіць расійскага пасла пра як найхутчэйшае падаўленне "літоўскага мяцяжа".

Але таго не трэба было асабліва заахвочваць: напалоханы Салдэрн пачаў ліхаманкавыя дзеянні, накіраваныя супраць вялікакняскага войска, якое на той момант налічвала да 3000 чалавек. Гэтай колькасці расійцы маглі супрацьпавствіць у ВКЛ наступныя сілы: Дзюрынг з Урангелем мелі пад Слонімам 1100 жаўнераў; Чарнышоў у Вільні - 1000; Фабулаў, накіраваны ад пераследу няўлоўнага Ш.Касакоўскага да барацьбы з М.Агінскім - каля 600. З Варшавы цягнуўся дзвюхтысячны корпус на чале з Дрэвічам… Сілы былі яўна не на карысць вялікакняскіх паўстанцаў.

Разумеючы небяспеку, М.Агінскі спрабуе апанаваць стратэгічную базу, у якой ён здолеў бы абараняцца перад пераважнымі сіламі праціўніка. Такімі базамі на поўдні Беларусі былі Нясвіж і Слуцк, добра забяспечаныя зброяй, прыпасамі і правіянтам. З Хомска вялікі гетман літоўскі вырушыў да Антопаля. 16 верасня быў пад Клецкам, адкуль зрабіў спробу раптоўнага штурму Нясвіжа. Аднак літаральна за пару дзён перад гэтым расійцы ўзмацнілі слабую нясвіжскую залогу, у выніку чаго атака, якая працягвалася некалькі гадзінаў, скончылася нічым. Тады М.Агінскі накіраваў удар на Слуцк - але з тым жа вынікам.

Адзіным выйсцем у такіх умовах заставалася спроба не дапусціць злучэння расійскіх карпусоў і паспрабаваць разбіць іх паасобку. Таму М.Агінскі накіраваўся на захад у пагоню за аддзелам, які спяшаўся з Кнышына на злучэнне з Дзюрынгам. У ноч з 22 на 23 верасня вялікакняскае войска заначавала ў Сталавічах.

У Сталавічах у распараджэнні вялікага гетмана літоўскага знаходзілася каля 2500 чалавек, з якіх 300 літоўскіх янычараў і 600 кавалерыстаў размясцілася на рынку, 500 конніцы разлакаваліся на захадзе мястэчка, а 1000 уланаў Беляка і Карыцкага - па-за межамі Сталавічаў. І гэта быў апошні пастой сканфедэраванага войска ВКЛ…

Яшчэ ў пачатку верасня, пасля атрымання весткі пра бітву пад Бездзежам, А.Сувораў, насуперак загадам начальства, вырушыў са сваім палком у 1000 чалавек з-пад Любліна на тэрыторыю Вялікага Княства. Здзейсніўшы маланкавы пераход з-пад Косава да Сталавічаў толькі за адны суткі, Сувораў каля 2-х гадзінаў ночы з ходу накіраваў сваіх жаўнераў на сонны лагер, які быў без аховы. Імкліва пераправіўшыся грэбляю цераз балота, пяхота, а за ёю і кавалерыя ўварваліся ў мястэчка. У лагеры паднялася паніка. Агінскі, ускочыўшы на каня, спрабуе наладзіць сякі-такі адпор, але дарэмна. Ніводнага баяздольнага аддзела так і не ўдалося ўфармаваць… Першай была распарушаная конніца, за ёй - пяхота. Пасля гадзіны бою, ці, дакладней, рэзі, Агінскі з 500 чалавек прарваўся на захад, дзе месціўся асноўны лагер і знаходзілася артылерыя, якая магла б стрымаць ворага да падыходу ўланаў Беляка і Карыцкага. Але… (ізноў але!) … ніводная гармата так і не здолела стрэліць… Каля 4-х гадзінаў раніцы пасля імклівага штурму лагера войскі Суворава захапілі пазіцыі вялікакняскага войска і пагналі ягоныя рэшткі ў бок мястэчка Моўчадзь. Разгром быў поўны. Больш за паўтычячы вялікакняскіх жаўнераў палегла на сталавіцкай зямлі. Непрыяцель захапіў артылерыю, сцягі, вайсковую касу, гетманскую булаву… Былі захопленыя і асабістыя рэчы М.Агінскага1. Толькі ўланам Беляка ўдалося паспяхова вырвацца з варожага колца. Выратаваўся і сам М.Агінскі, які паспяшаўся да прускай мяжы. Сувораў жа накіраваўся на Пінск, каб захапіць штаб і світу вялікага гетмана, якія знаходзіліся там…

У літаратуры даўно абмяркоўваецца пытанне пра прычыны гэтага страшнага разгрому. Безумоўна, і лічэбная перавага канфедэратаў, і іх баявы дух, прыўзняты пасля Бездзежа, павінныя былі б кампенсаваць ваеннае майстэрства і дысцыплінаванасць вывучанага расійскага войска. У чым жа справа? Большасць даследчыкаў увесь цяжар адказнасці кладуць на М.Агінскага. Асабліва, бадай, суровы і з'едлівы ў сваіх ацэнках Ё.Крашэўскі, які называе паразу пад Сталавічамі "сапраўды саромнай": "Дваццаць чалавек бараніла дом, у якім ён [М.Агінскі - Г.П.] знаходзіўся ў таварыстве д'Асэ, сваёй каханкі. Гетман, якога прымусілі перарваць кампазіцыю оперы, ратаваўся ўцёкамі праз акно, - жаўнераў, службу, сакратароў, увесь двор, касу, канцылярыю, артылерыю забралі маскалі… Непрытомны, не могучы вымавіць ні слова, са шчэпаццю табакі, ўзятай механічна ў хвіліну нападу, трапіў Агінскі за мяжу…" (15; 47-48)

Гэтаксама жорстка асуджае вялікага гетмана літоўскага і М.Старжэньскі, які піша пра няўдалае месца размяшчэння лагера, пра п'янства афіцэраў, якое працягвалася ўсю ноч, пра бязладдзе ў арміі, калі ўланы Беляка, якім было даручана несці варту, не толькі не выканалі сваіх абавязкаў, але нават і не рушылі са сваіх месцаў пад час бою (26; 27-28).

Безумоўна, скідаць з шаляў віну М.Агінскага,які як вярхоўны галоўнакамандуючы быў адказны за сваё войска, нельга. Аднак сучаснікі паўсюдна прычыну ганебнай паразы бачылі ў іншым: ідучы следам за цверджаннямі самога М.Агінскага, які абвінавачваў у здрадзе свайго даверанага сакратара Хамінскага, агульная думка менавіта здрадзе прыпісвала галоўную ролю ў сталавіцкіх падзеях (23; 74). І абгрунтаванні такога пункту погляду прыводзіліся даволі важкія. Так, сучаснік падзеяў А.Кітовіч прыводзіць наступныя сведчанні: "Калі паведамлялі гетману, што расіяне на яго наступаюць, Хамінскі пярэчыў тым звесткам супрацьлеглымі, нібы найсвяжэйшымі, прынесенымі шпегамі, што нідзе паблізу непрыяцель не заўважаны. Калі прыбеглі да Хамінскага першыя дазоры, апавядаючы, што іх пераследуюць казакі, ён іх аблаяў, быццам баязліўцаў, настрашаных начнымі марамі. Калі па расіянах, якія ўжо набліжаліся, хацелі страляць з гарматаў, знайшлі тыя набітыя замест пораху і куляў гноем. І толькі тады, калі ўжо расіяне ўваходзілі ў лагер, Хамінскі пабег будзіць гетмана, які спаў моцным сном…" (9; 240-241).

Аднак, якія б прычыны ні прывялі да сталавіцкага разгрому, наўрад ці выступленне войска ВКЛ магло прывесці да памыснага выніку. Як і свае паплечнікі ў Генеральнасці, вялікі гетман літоўскі, замест таго, каб спрыяць аб'яднанню ўсіх сілаў у грамадстве дзеля барацьбы з замежным ворагам, сам спрычыніўся да паглыблення падзелу гэтага грамадства. Сведчаннем гэтаму служыць і факт далучэння М.Агінскага да акта бескаралеўя, які штурхаў караля і "Фамілію" ў абдымкі Расіі. Сведчаннем гэтаму - і ізаляванасць выступлення вялікакняскага войска: не былі навязаныя сталыя кантакты і ўзгодненыя агульныя дзеянні з Ш.Касакоўскім і з тэрытарыяльнымі канфедэрацыямі на тэрыторыі ВКЛ. І ўвогуле, М.Агінскі яўна недаацэньваў ролю шляхецкіх канфедэрацыяў, спадзеючыся ў асноўным на падначаленае яму сканфедэраванае рэгулярнае войска.

Вынік сталавіцкай паразы выключны - выступленне М.Агінскага закрыла апошнюю старонку ў гісторыі Барскай канфедэрацыі на беларускіх землях.

Бяляк са сваім палком адышоў на месца сваёй сталай дыслакацыі ды паспяшаўся адправіць каралю эстафету, у якой тлумачыў свой удзел у дзеяннях сканфедэраванага войска ВКЛ загадамі гетмана, якім як жаўнер абавязаны быў падпарадкоўвацца. Цяпер жа, калі гетман пакінуў межы РП, не перадаўшы каманду над войскам нікому іншаму, прызнае найвышэйшую і непасрэдную над сабою ўладу караля і Рэчы Паспалітай (9; 240). Гэтыя тлумачэнні цалкам задаволілі Станіслава Аўгуста, які ахвотна прабачыў Беляку ягоныя правіны. Праўда, вядомы нягоднік Дрэвіч, зрабіўшы выгляд, што не ведае пра гэтае прабачэнне, учыніў крывавую расправу над некалькімі сотнямі ўланаў (16; 33).

Параза сканфедэраванага войска ВКЛ на чале з М.Агінскім адыграла фатальную ролю і ў лёсе кампаніі, якую праводзіў на поўначы Вялікага Княства Ш.Касакоўскі. Пасля таго, як сканцэнтраваныя супраць вялікага гетмана літоўскага расійскія сілы павярнуліся на яго, пра поспех выправы нельга было і думаць. 12 кастрычніка ў Купішках Ш.Касакоўскі выдаў апошнюю адозву да абывацеляў ВКЛ. 25 кастрычншка ён пакінуў межы Вялікага Княства, кіруючыся на злучэнне з кароннымі канфедэратамі, якія яшчэ працягвалі барацьбу.

Барацьба жа ў ВКЛ фактычна была скончаная. Праўда, была яшчэ адна спроба ізноў узняць Вялікае Княства. У пачатку 1772 г. былы маршалак берасцейскай канфедэрацыі Ануфры Бяклеўскі спрабаваў прабіцца сюды з тэрыторыі Украіны. Аднак 02 лютага пад Дарашэвічамі (цяпер - у Петрыкаўскім раёне) ягоны невялікі аддзел быў дазвання разгромлены расійскімі войскамі. Сам маршалак быў узяты ў палон і, нягледзячы на просьбы пра памілаванне, высланы ў Сібір "з-за асаблівай абразы, нанесенай імператрыцы ў сваіх лістах" (13; 4).

Ды і ў Кароне збройная барацьба барцаў перайшла ў стадыю агоніі. Расійскія палкі грамілі канфедэратаў на ўсёй тэрыторыі Польшчы. Тады ў гроне Генеральнасці саспеў план выкрадання караля. Гэты план быў разлічаны на тое, што еўрапейскія дзяржавы ва ўмовах рэальнай адсутнасці караля на пасадзе РП распачнуць-такі перадэлекцыйную барацьбу за вакантны трон і абароняць краіну ад драпежнай Расіі. 31 кастрычніка 1771 г. была ажыццёўленая непаспяховая спроба выкрадання караля. Але гэты крок канфедэратаў выклікаў усеагульны пратэст еўрапейскіх двароў, абураных такім абыходжаннем з асобай манарха. Канфедэраты канчаткова згубілі сімпатыі Еўропы. Ужо 3 лiстапада 1771 г. Аўстрыя, якая была падтрымлiвала барцаў, адмовiла iм у сваёй дапамозе ды пачала, побач з Прусiяй, выступаць за падзел Рэчы Паспалiтай памiж трыма дзяржавамi. Прускiя войскi, якiя ўжо з лета акупавалi Памор'е, пачалi, у паразуменнi з Пецярбургам, займаць Вялiкапольшчу. Расійскiя ж палкi даўно пачувалi сябе на абсягах дзяржавы гаспадарамi. Краiна была не ў стане абараняцца.

І Францыя, якая ст?ла падтрымлівала барцаў, зразумела марнасць далейшай барацьбы. Дзюмур'е пасля паразы Агінскага адаслаў многім магнатам маніфесты далучэння да канфедэрацыі з подпісамі, якія іх капраметавалі, ды раіў намагацца прымірыцца з Варшавай і Пецярбургам, каб уратаваць свае сем'і і маёмасць (29; 73).

Яшчэ вялі паміж сабою зацятую барацьбу М.Агінскі і Ё.Сапега за ўладу над існуючым хутчэй у тэорыі вялікакняскім войскам (лістапад 1771 г.)1…

Пазней яшчэ галоўныя дзеячы канфедэрацкага руху ў ВКЛ, вымушаныя пакінуць Айчыну, працягвалі намагацца пераламіць хаду падзеяў. Яшчэ Караль Радзівіл "Пане Каханку", Шымон Касакоўскі і Казімір Пуласкі спрабавалі на берагах Дуная стварыць з рэшткай разбітых канфедэратаў і добраахвотнікаў легіён, які мусіў распачаць новы этап вызваленчай барацьбы (10; XXVII)…

Яшчэ (пачатак 1772 г.) М.Агінскі штурмаваў Версаль мемарыяламі з просьбамі пра дапамогу. Яшчэ жмудскі маршалак Тадэвуш Білевіч (праціўнік М.Агінскага і прыхільнік ягонага ворага - рэгіментара Ё.Сапегі) спрабаваў схіліць Францыю да падтрымкі барцаў, абяцаючы выставіць у кожным павеце ВКЛ ад 500 да 1000 чалавек (22; 27)…

Але час Бара мінуў. Ужо драпежныя суседзі дзялілі паміж сабою расцерзанае цела сваёй ахвяры - Рэчы Паспалітай… Ужо цягнуліся ў Сібір абозы з палоннымі канфедэратамі, вывезенымі з уласнай краіны… Ужо пахавальны звон прабіў над самім існаваннем Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў…

Частка IV

Барская канфедэрацыя згасла, задушаная зброяй магутнага ўсходняга суседа, расколам у грамадстве, нязгодай у шэрагах саміх канфедэратаў. Згасла, але пакінула значны след у гісторыі Рэчы Паспалітай і беларускіх земляў як яе складовай часткаі. Які ж гэта след? Што пераважае ў гісторыі Барскага чыну - святло ці цені?

З аднаго боку, Бар стаўся непасрэднай прычынай першага падзелу РП. Менавіта збройнае некалькігадовае змаганне з чужаземным панаваннем прывяло да таго, што Расія згадзілася падзяліць абяссіленую дзяржаву з драпежнымі суседзямі. Аднак у адваротным выпадку раней ці пазней РП была б інкарпараваная ў склад Расіі. Пра гэта сведчыць бесперапынны рост ўплыву Пецярбурга на знешнюю і ўнутраную палітыку федэратыўнай дзяржавы, фактычнае бяссілле тут цэнтральнай улады, закасцяненне тут анархічных падставаў дзяржаўнага будаўніцтва. Згадаем, што на працягу ўсяго XVIII ст. Расія ст?ла праводзіла палітыку недапушчэння ў РП любых рэформаў, накіраваных на аздараўленне дзяржаўнага ладу. Таму наіўна было б спадзявацца, як гэта робяць многія гісторыкі (Гл. напрыклад; 7; 342), што Пецярбург дазволіў бы ў будучыні падобныя рэформы. Варта ўспомніць, што менавіта спробы прывядзення ўнутрыпалітычнага ладу краіны ў адпаведнасць з патрабаваннямі часу сталі непасрэднай прычынай другога падзелу РП. Федэратыўная дзяржава з сярэдзіны XVIII ст., з таго часу, як у ёй непадзельна запанавалі расійскія эмісары, як расійскія войскі сталі пачувацца на яе землях як на ўласных, была асуджаная на знікненне. І для гісторыі Беларусі не мае асаблівай розніцы, колькі замежных краінаў прыняло ўдзел ў падзелах РП: уся яе тэрыторыя, якую з Масквы даўно, яшчэ з часоў Васіля Ш, лічылі сваёй "вотчиной" мусіла ўвайсці ў склад Расійскай імперыі. Выратаваць федэратыўную дзяржаву магла толькі згода, толькі аднадушны парыў да адбудовы сваёй Айчыны. Аднак такога аднадушша на нашых землях не назіралася з часоў "Патопу" (хаця і гэтая часавая мяжа ў велізарнай ступені ўмоўная). Разбэшчаныя чужаземнымі падачкамі, вышэйшыя слаі грамадства лёгка ахвяравалі Радзімай дзеля ўласнай кішэні…

З другога боку, Бар стаў сімвалам барацьбы за незалежнасць Бацькаўшчыны ад чужаземцаў. Тысячы і тысячы патрыётаў узняліся на гэтую барацьбу, ахвяруючы маёмасцю, свабодай і жыццём у імя высокіх ідэалаў. І пралітая імі кроў стала першым струменчыкам, які паклаў пачатак таму магутнаму патоку, які пралілі нашыя продкі ў змаганні за вызваленне сваёй Айчыны ад чужаземнага панавання..
Костомаров Н. Старый спор, - Смоленск, 1994.
Соловьёв С. История падения Польши, // Собрание сочинений, Т. XVI. - C. 405-628. - М., 1995.
Arcimowicz W. Wielkie Ksi?stwo Litewskie za czas?w Stanis?awa Augusta, - Wilno, 1938.
Bartel W. Horain Micha? // Polski s?ownik biograficzny, - T.IX, Warszawa-Krak?w-Wroc?aw-etc., 1961. - s.615.
Borucki M. Jak w dawnej Polsce kr?l?w obierano, - Warszawa, 1976.
Centrowska E. Ostatni monarcha, - Warszawa, 1978.
Jasienica P. Rzeczpospolita obojga Narodow: Dzieje agonii, - Warszawa, 1992.
Kalinka W. Ostatnie lata panowania Stanis?awa Augusta, - T.1, - Krak?w, 1891.
Kitowicz A. Pami?tniki do panowania Augusta III i Stanis?awa Augusta: Wydane przez A.Wojkowskiego, - Pozna?, 1840.
Konfederacja Barska: Opracowa? W.Konopczy?ski // Biblioteka narodowa, Nr.102, Serja I, - Krak?w, 1928.
Konopczy?ski W. Konfederacja barska, - TT.I-II. - Warszawa, 1991.
Konopczy?ski W. Kossakowski Szymon // Polski s?ownik biograficzny, - T.XIV. - Wroc?aw-Krak?w-L?d?-etc., 1968. - ss.288-293.
Konopczy?ski W. B?klewski Onufry Gniewomir, h. Na??cz // Polski s?ownik biograficzny, - T.II. - Warszawa-Krak?w-L?d?-etc., 1936. - ss.3-4.
Krasi?ski H. Reminiscecje marginesu, - Wilno, 1929.
Kraszewski J. Polska w czasie trzech rozbior?w (1772-1799): Studia do historzi ducha i obyczaju, - T.1. - Pozna?, 1873.
Kryczy?ski S. Bielak J?zef // // Polski s?ownik biograficzny, - T.II. - Warszawa-Krak?w-L?d?-etc., 1936. - ss.32-33.
Lenkiewicz A. Kazimierz Pulaski: Bohaterstwo - Zaborczo?? Moskwy - Zdrada narodowa, - Wroc?aw, 1994.
Lelewel J. Historia Polski nowo?ytnej // Dzie?a, - T.VII. - Warszawa, 1961.
Materya?y do konfederacyi Barskiej rr. 1767-1768 // Zebra? Sz.Morawski, - T.I. - Lw?w, 1851.
Matuszewicz M. Pami?thik Marcina Matuszewicza, kasztelana Brzeskiego-Litewskiego (1714-1765), - T.4. - Warszawa, 1876.
Michalski J., Nowak-Romanowicz A. Ogi?ski Micha? Kazimierz // Polski s?ownik biograficzny, - T.XIII. - Warszawa- L?d?-Wroc?aw etc., 1978. - ss.624-630.
Michalski J. Schy?ek Konfederacji Barskiej, - Wroc?aw-Warszawa-Krak?w, 1970.
Pami?tniki J?zefa Kossakowskiego biskupa inflanckiego (1738-1788): Wyda? A.Darowski, - Warszawa, 1891.
Sidorski D. Panie Kochanku, - Katowice, 1987.
Schmitt H. Dzieje Polski XVIII i XIX wieku, - T.II. - Krak?w, 1866.
Starze?ski M. Na schy?ku dni Rzeczypospolitej. Kartki z pami?tnika (1757-1795): Wyda? H.Mo?cicki, - Warszawa, 1914.
Szujski J. Dzieje Polski od abdykaczi Jana Kazimierza do trzeciego podzia?u, - Lw?w, 1876.
Szczygielski W. Pac Micha? Jan h. Godzawa // Polski s?ownik biograficzny, - T.XXIV, Krak?w-L?d?-etc., 1978. - ss.729-735.
Wojna w Polsce 1770 i 1771 z pami?tnik?w genera?a Dumouriez'a // Pami?tniki z o?mnastego wieku, - T.VI. - Pozna?, 1865.
Z pami?tnika konfederatki ksi??nej Teofilii z Jab?onowskich Sapie?yny (1771-1773), - Krak?w, 1914.
Zieli?ska Z. Sapieha J?zef h. Lis// Polski s?ownik biograficzny, - T.XXV, Warszawa-Krak?w-L?d?-etc., 1979. - ss. 27-29.

Часопіс "Гiстарычная брама" № 1 (21) 2003 г.
http://brama.bereza.by.ru/nomer21/artic02.shtml

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291839185 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Святло і цені Бара. Барская канфедэрацыя на Беларусі: перадумовы і ход.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network