публикация №1291838297, версия для печати

Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г.


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291838297)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


1569 год стаў пераломным у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Заключанай у Любліне уніі з Польшчай папярэднічалі важныя ўнутрыпалітычныя падзеі і працэсы, у якіх удзельнічалі прынамсі тры ўплывовыя палітычныя суб’екты - гаспадар, магнатэрыя і шляхта. Важна высветліць, якімі ж былі пазіцыі гэтых бакоў у дачыненні да „унійнага пытання“, ці сапраўды сярэдняя шляхта з’яўлялася асноўным і, галоўнае, свядомым правадніком злучэння Княства з Каронай1.

Яшчэ з пачатку ХХ ст. у гістарыяграфіі запанавала схема, прапанаваная Мацвеем Любаўскім2. Паводле яго працаў, сацыяльна–палітычнае развіццё ў ВКЛ вызначалася паступовай палітычнай эмансіпацыяй сярэдняй шляхты, што выяўлялася ў яе імкненні пашырыць свае правы і вольнасці. Запавольвала гэты працэс магнатэрыя, у інтарэсах якой было не дапусціць шырокія масы шляхты да роўнага з ёй удзелу ў рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў. Галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна–палітычнага развіцця ВКЛ з’яўлялася барацьба гэтых дзвюх класавых праслоек за дамінацыю ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы прыняццю Статута 1566 г. і заключэнню Люблінскай уніі ў 1569 г. фармальна гэтую барацьбу выйграла шляхта, атрымаўшы прамы доступ да ўлады праз соймавыя і судовыя структуры.

Блізкая да такіх поглядаў пазіцыя Оскара Галецкага - выбітнага знаўцы польска–літоўскай уніі3. У яго даследаваннях дамінуе думка, што палітычная эмансіпацыя шляхты ў ВКЛ ішла ўпоравень з усведамленнем непазбежнасці для перамогі над магнатэрыяй заключэння уніі з Польшчай і пабудовы дзяржаўна–праўнай сістэмы па польскім узоры. Меркаванне аб адзінстве унійнага і эмансіпацыйнага працэсаў трывала замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і з’яўляецца яе характэрнай рысай па сённяшні дзень. Яго найбольш аўтарытэтны прыхільнік - Юліуш Бардах4.

У працах Івана Лапо развіваўся альтэрнатыўны погляд на сутнасць унутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ напярэдадні знамянальнага 1569 г.5 На думку гэтага навукоўца, вялікіх разыходжанняў у пазіцыях шляхты і магнатэрыі ў пытанні далейшых узаемаадносін ВКЛ і Польшчы не было. Увага акцэнтавалася на салідарнай абароне шляхецкім грамадствам ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў. І. Лапо адводзіў значнае месца вывучэнню прававых аспектаў развіцця ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ. Гэты даследчык прынцыпова даводзіў, што пасля заключэння Люблінскай уніі Княства захавала асноўныя атрыбуты суверэнітэту.

Трэба адзначыць, што за апошнія гады ў Польшчы і Літве выйшлі новыя працы, якія рэпрэзентуюць падобныя альтэрнатыўныя погляды на сутнасць уніі і ролю шляхты ВКЛ у яе заключэнні. У даследаваннях Генрыка Віснэра, Гжэгажа Блашчыка, Генрыка Люлевіча, Мечыславаса Ючаса і іншых звяртаецца ўвага на негатыўныя наступствы уніі для ВКЛ і супярэчлівую ролю шляхты ў гэтым працэсе6.

Сучасная беларуская гістарыяграфія болей схіляецца да акцэптацыі поглядаў М. Любаўскага і новай польскай гістарыяграфіі, у першую чаргу знаўцы прадмета Ю. Бардаха. Асабліва тут трэба ўзгадаць апошнюю працу Паўла Лойкі, у якой аўтар не выходзіць за рамкі традыцыйнага трактавання ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ у сярэдзіне XVI ст.7

Адным з найбольш пераканальных аргументаў на карысць меркавання аб імкненні шляхты ВКЛ да заключэння уніі з Польшчай, які з лёгкай рукі О. Галецкага замацаваўся ў гістарыяграфіі, сталі падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., дзе ад імя ўсёй сабранай у паспалітым рушанні шляхты было накіравана пасольства да Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб супольным з палякамі вырашэнні некаторых актуальных палітычных пытанняў. На думку О. Галецкага, гэта быў першы свядомы выступ шляхты ВКЛ на карысць уніі, які паказаў Жыгімонту Аўгусту падтрымку шляхецкім грамадствам гэтай ідэі і неабходнасць яе хутчэйшай рэалізацыі. Ініцыятыва шляхты ў немалой ступені была водгукам на прапаганду з польскага боку дабротаў уніі і ўсведамлення яе карысці для сябе8. Далейшыя падзеі на ваенным фронце, асабліва захоп маскоўцамі Полацка ў 1563 г., прывялі да канчатковага разумення неабходнасці заключэння уніі.

Найважнейшыя крыніцы пра падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, што адбываліся ў верасні 1562 г., захаваліся ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве9. Іх комплекс складаецца з трох частак. Спачатку ідуць своеасаблівыя ўводзіны ў тэму - уступ, напісаны ананімам, у якім коратка характарызуецца ўнутрыпалітычная сітуацыя ў ВКЛ у 1562 г., у прыватнасці, характар адносінаў паміж „панамі“ і шляхтай. Тэкст напісаны на польскай мове і яго аўтар, безумоўна, паляк. У другой частцы змяшчаюцца „Спісы“ (spisy, spisky10) - дакумент, дзе ў тэзіснай форме падаюцца патрабаванні шляхты, сабранай пад Віцебскам. Далей ідзе ліст да гаспадара ад імя пасольства ў складзе Яна Хадкевіча, Малхера Шэмета і Рыгора Бакея, у якім выкладаюцца прапановы ўдзельнікаў падзей у вайсковым лагеры.

У сваіх поглядах аўтар дакументальнага тэксту схіляўся да неабходнасці злучэння (іншымі словамі - інкарпарацыі) ВКЛ з Польшчай. Галоўнай перашкодай на шляху да уніі, на яго думку, былі „паны“, якія не хацелі дапускаць шляхту да ўлады і, зыходзячы з гэтага, не былі зацікаўленыя ў развіцці ў ВКЛ „шляхецкай дэмакратыі“11. Дарэчы, пры аналізе крыніцы О.Галецкі безумоўна падтрымаў пазіцыю ананімнага аўтара ўступу, дакладна пераказваючы яго ідэі.

Аднак змест крыніц даводзіць, што унія ў вайсковым лагеры ліцьвінаў разумелася інакш. У якасці галоўнага патрабавання быў вылучаны заклік да склікання супольнага сойму, на якім у першую чаргу павінны быць вырашаны пытанні элекцыі будучага гаспадара і агульнай абароны. Асобным пунктам стаяла жаданне стварыць адзінае праўнае поле ў Кароне і Княстве, з выразнай мэтай рэалізацыі ў ВКЛ пастулатаў „шляхецкай дэмакратыі“. Унія разумелася як супольнае вырашэнне гэтых асноўных задач. Шляхта не пагаджалася з вылучаным у Кароне інкарпарацыйным праектам уніі: „A wiedz że M(iło)ściwy Królu, za zjechaniem naszym z pany Polaky nie juśmy na to wszystko przyzwolić, do czego by oni nas z upadkiem Rzeczypospol(itej) naszej przywodzić chcieły proźbami abo radami swemi...“12.

Варта заўважыць, што вылучаныя ў „Спісах“ патрабаванні пададзены ў ультыматыўнай форме. Прыхільнікі гэтай ініцыятывы асцерагаліся супрацьдзеяння з боку магнатэрыі і імкнуліся засцерагчыся ад яе ціску. Такі ціск, згодна з тэкстам „Спісаў“, мог здзяйсняцца праз судова–выканаўчыя структуры, якія былі пад уплывам магнатаў, а таксама фізічнымі метадамі. „Спісы“ заклікалі ўсю шляхту салідарызавацца для адпору. У выпадку ігнаравання сваіх патрабаванняў шляхта нават адмаўлялася плаціць падаткі і збіраліся ў паспалітае рушанне. Шляхта імкнулася выступаць на палітычнай арэне ў якасці самастойнай сілы, што, безумоўна, разыходзілася з поглядамі магнатэрыі адносна месца і ролі шараговага шляхецтва ў палітычным жыцці краіны13.

Аднак гэта не значыць, што шляхта спрабавала супрацьпаставіць сябе магнатэрыі. У пасольскім лісце прама гаварылася пра жаданне супольнага абмеркавання надзённых праблем з панамі–радай, нават пры адсутнасці гаспадара. Прызнаючы вялікую ролю Рады ў палітычным жыцці краіны, віцебскі лагер лічыў правамоцным і патрэбным паўнапраўны ўдзел шляхты як „меншага стану“ ў абмеркаванні найважнейшых дзяржаўных спраў. Шляхта патрабавала склікання з’езду (сойму), дзе б „меншы стан“ меў магчымасць данесці да ведама гаспадара і радных паноў свае „просьбы“. Іншымі словамі, шляхта хацела займець рэальную рэпрэзентацыю на галоўным прадстаўнічым форуме краіны і непасрэдна ўплываць на ход прыняцця палітычных рашэнняў.

Што стала прычынай актывізацыі шляхты, сабранай у вайсковым лагеры, і вылучэння ёю дастаткова радыкальных патрабаванняў? О. Галецкі лічыць, што непасрэднай прычынай гэтага паслужылі цяжкасці ў вядзенні Інфлянцкай вайны. Яны актывізавалі палітычную дзейнасць шляхты14.

Трапна, на наш погляд, ахарактарызаваў падзеі пад Віцебскам І. Лапо. Ён не бачыў у дзеяннях шляхты водгуку на заклікі польскіх экзекуцыяністаў, ацэньваючы іх як „крык змучанай вайной паўгалоднай масы людзей, якія страчвалі надзею на паспяховае вядзенне вайны сіламі толькі сваёй дзяржавы“15.

Дакладна вядома, што шляхта была незадаволена працяглым побытам у лагеры з–за адсутнасці патрэбнай колькасці харчавання. Навакольны край быў спустошаны ваеннымі дзеяннямі, а спадзяванні на атрыманне здабычы ў выніку ваенных выправаў, мяркуючы па ўсім, не апраўдаліся. Пры гэтым дзяржаўная ўлада дамагалася ад шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, ухвалення новага збору серабшчыны16. Змучаная ваенным становішчам шляхта, пагаджаючыся на новую серабшчыну, узамен прасіла, зважаючы на цяжкасці з харчаваннем, распусціць войска17.

Гэты кантэкст падзей, якія адбываліся ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, можа растлумачыць некаторыя заблытаныя пытанні. Шляхта была змучана вайной, і яе незадаволенасць цяжкасцямі вайны трэба было толькі скіраваць у патрэбнае рэчышча. У падобных варунках атрыманне падтрымкі звонку магло здавацца адзіным выйсцем са складанай сітуацыі.

Ці не выкарыстала гэтыя акалічнасці сапраўды дасведчаная і ўплывовая палітычная сіла ва ўласных інтарэсах? Вядома, што адным з паслоў ад сабраных пад Віцебскам шэрагаў шляхты быў малады і амбітны Ян Хадкевіч. Узнікае пытанне, чаму на чале шляхецкага пасольства апынуўся прадстаўнік магнацкага роду?

На наш погляд, гэта адбылося па той прычыне, што менавіта Я. Хадкевіч мог быць ініцыятарам выступлення шляхты18. Стольнік земскі ВКЛ пачынаў выяўляць сябе на той час як актыўны ваенны і палітычны дзеяч19. Хадкевічы тады былі другім па ўплывовасці магнацкім родам пасля Радзівілаў і іх супернікамі ў змаганні за дамінаванне на палітычнай арэне20. Аднак становішча Радзівілаў на пачатку 60–х г. XVI ст. было настолькі моцнае, што без вонкавай падтрымкі ні Хадкевічы, ні якая–небудзь іншая палітычная сіла не магла даць ім рады.

Калі паглядзець на падзеі пад Віцебскам праз разрэз унутрыпалітычнай барацьбы Радзівілаў з Хадкевічамі, то выглядае цалкам праўдападобным, што Я. Хадкевіч паспрабаваў, абапіраючыся на шляхецкія масы, перахапіць палітычную ініцыятыву21. Менавіта Радзівілы мэтанакіравана супраціўляліся скліканню супольнага польска–літоўскага сойму, на якім пры любым раскладзе было б пастаўлена пытанне абмеркавання уніі. Звернем увагу яшчэ раз, што віцебскі лагер дамагаўся менавіта супольнага саймавання, аднак не дзеля інкарпарацыйнага зліцця Княства з Каронай, і нават не дзеля вузкастанавай задачы атрымання польскіх „залатых правоў і вольнасцяў“, як часта пішацца ў гістарыяграфіі, а для вырашэння найпільнейшых палітычных пытанняў пры сваім паўнапраўным удзеле. Пры гэтым скліканне такога сойму не азначала ўвядзення новага інстытута ўлады, а павінна было быць аднаразовай акцыяй.

Як бачна, прапановы віцебскага лагера - канкрэтныя і саспелыя да рэалізацыі - насілі ўмераны характар. У іх прызнавалася неабходнасць уніі для дзейснай абароны краіны ды пераемнасці ўлады і адначасова абараняліся асноўныя атрыбуты суверэнітэту ВКЛ22. Цяжка ўявіць, каб такі ўзважаны праект мог спантанна з’явіцца ў шэрагах ананімных шляхцічаў, з ліку якіх мы не ведаем прозвішча ніводнага палітычнага лідэра. Ініцыятарам яго стварэння павінен быў быць добра інфармаваны ў палітычных справах ВКЛ і Польшчы чалавек. Я. Хадкевіч найлепей падыходзіў на гэтую ролю. Да таго ж, пастулаты, вылучаныя пад Віцебскам у 1562 г., не разыходзіліся з пазіцыяй Хадкевіча па унійным пытанні, якую ён займаў на Люблінскім сойме 1569 г.

Акцыя Я. Хадкевіча была цікавай спробай перахопу палітычнай ініцыятывы, у якой ён салідарызаваўся з новай пазіцыяй гаспадара ў пытаннях узаемадачыненняў паміж Польшчай і ВКЛ. Я. Хадкевіч выкарыстаў незадаволенасць шляхты для адшукання яе падтрымкі, а праз прызнанне неабходнасці уніі - давер караля. З яго боку гэта быў досыць рызыкоўны крок, бо ў выпадку няўдачы існавала небяспека апынуцца на ўзбочыне вялікай палітыкі. Аднак, як паказаў час, Я. Хадкевіч добра арыентаваўся ў палітычнай сітуацыі і яе перспектывах. Неўзабаве ён пачаў хутка прасоўвацца па ўрадніцкай лесвіцы, зрабіўшыся ў другой палове 60–х г. XVI ст. фактычна адным з самых уплывовых палітыкаў у ВКЛ23.

Асабліва трэба адзначыць - падзеі ў лагеры пад Віцебскам паказалі, што паспалітае рушанне з інструменту для вядзення ваенных дзеянняў cтанавілася важным фактарам унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ.

„Спісы“ шляхты ВКЛ агучылі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г., на якім была зроблена першая сур’ёзная спроба заключэння новай уніі. Аднак гэтая ініцыятыва польскіх паслоў не прынесла вялікага эфекту. Напэўна, з той прычыны, што прапановы, выпрацаваныя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., па сутнасці, мала чым адрозніваліся ад пазіцыі пасольства на чале з М. Радзівілам Чорным. Віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч у сваім вотуме, выкладзеным на Берасцейскім сойме 1566 г., ставіў у адзін шэраг прапановы ліцьвінаў наконт уніі, зробленыя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам і на соймах у Вільні і Варшаве ў 1563 г.24

З процілеглага Радзівілам палітычнага лагера выйшла яшчэ адна цікавая контракцыя. Са з’езду радных паноў у Трабах у кастрычніку 1565 г. у Вільню да гаспадара было выслана пасольства на чале з усё тымі ж Я. Хадкевічам і М. Шэметам25. Пасольства прасіла ад Жыгімонта Аўгуста гарантый, што ў далейшым часе падобныя з’езды не будуць шкодзіць „шляхецкім вольнасцям“ і склікацца без вальнага сойму. Гаспадар тлумачыў, што з’езд быў скліканы без вальнага сойму для аператыўных радаў „о пилных и великоважных потребах“ абароны краіны, што ніякага „нарушенья и уближенья“ правоў і вольнасцяў з–за гэтага няма і не будзе.

Нашто групоўцы радных паноў у той сітуацыі, калі шляхта быццам бы ціснула на магнатэрыю з мэтай найхутчэйшага заключэння уніі з Польшчай, адмаўляцца ад магчымасці вырашаць дзяржаўныя праблемы ў вузкім коле Рады і дамагацца гарантавання вольнасцяў праз абавязковае скліканне сойму - найвышэйшага станавага прадстаўнічага органа?

На нашу думку, у гэтым выпадку зноў яскрава выявілася барацьба групоўкі Я. Хадкевіча за палітычныя ўплывы. Падобныя паводзіны скіроўваліся ў першую чаргу супраць групоўкі М. Радзівіла Рудога і яе канцэпцыі палітычнага ўладкавання ў ВКЛ. Я. Хадкевічу было лепей дзейнічаць па ўмацаванні сваіх уплываў менавіта на соймах, таму што тут было больш шырокае поле для манеўраў, і Радзівілы, у адрозненне ад Рады, не гралі тут абсалютна дамінавальную ролю. Да таго ж, месца земскага маршалка ў гэты час было вакантным, а Я.Хадкевіч на яго, безумоўна, прэтэндаваў26. Падобны ход быў бяспройгрышны, таму што Жыгімонт Аўгуст не мог не пацвердзіць гарантый шляхецкіх вольнасцяў. Гэта адпавядала яго тагачаснай палітыцы ўмацавання праўных асноў шляхецка–дэмакратычнага ладу ў ВКЛ.

Як сведчаць факты, шляхта ВКЛ не адыгрывала актыўнай і, што найважней, самастойнай ролі ў палітычным жыцці. Ініцыятыўнасць на соймах у выглядзе падачы „просьбаў“ да гаспадара не павінна прыводзіць у зман. Гэтыя просьбы мелі на мэце выкананне хутчэй рэгіянальных інтарэсаў, чым агульнадзяржаўных. Адсутнасць на рэгіянальным узроўні прадстаўнічых органаў - соймікаў - спрычынялася да слабой абазнанасці шляхты ў палітычных справах і не спрыяла накапленню досведу палітычнай барацьбы. Шляхта, дарэчы, ніколі не вылучала патрабавання ўтварэння соймікаў на тэрыторыі Княства. Няма такога пункта і ў віцебскіх „Спісах“ 1562 г. Вядома, што ў Польшчы менавіта соймікі служылі для шараговай шляхты школай, дзе яна практычным шляхам здабывала палітычную адукацыю. Калі шляхта імкнулася да пераймання польскіх узораў, то чаму не патрабавала стварэння так відавочна выгадных для сябе соймікавых структур улады?

Сапраўднае месца прадстаўнікоў ад рэгіёнаў (у большасці звычайных сярэдніх шляхцічаў) у палітычнай ерархіі засведчыла інструкцыя (канфірмацыя) для пасольства ВКЛ на Варшаўскі сойм, зацверджаная гаспадаром у ліпені 1563 г. Сябры пасольства, якія не належалі да першай „лавіцы“ паноў–рады, не мелі права самастойна выказваць свой голас у дыскусіях27. Верагодна, такі падыход акцэптаваўся ўсімі ўдзельнікамі пасольства як сам сабой зразумелы. Дзённік Варшаўскага сойму змяшчае толькі выступленні М. Радзівіла Чорнага - кіраўніка пасольства. На заўвагу, чаму ад імя ліцьвінаў выказваецца толькі ён, Радзівіл адказаў, што мае паўнамоцтвы ад усяго шляхецтва ВКЛ28. На ролю М. Радзівіла Чорнага ў гэтым пасольстве могуць паказваць абвіначванні ў яго бок, зробленыя кракаўскім кашталянам Я. Тарноўскім, які заявіў, што Радзівіл замяніў сапраўдных земскіх паслоў на залежных ад яго шляхцічаў29.

Важныя аргументы супраць прапанаванай О. Галецкім канцэпцыі - адсутнасць звестак пра новыя праунійныя ініцыятывы шляхты ВКЛ. Дакладна толькі вядома, што праунійныя прапановы зыходзілі ад падляшскай шляхты. Аб прычынах яе зацікаўленасці ў уніі ўжо шмат пісалася ў літаратуры. Найбольш яскрава праунійная пазіцыя падляшан праявілася на Берасцейскім сойме 1566 г. Толькі ў „просьбах“ падляшскіх паветаў было цвёрда і прама пастаўлена пытанне пра неабходнасць давяршэння справы уніі з Польшчай30.

З асяроддзя падляшан выйшла яшчэ адна вельмі цікавая прапанова, на якую не звярнулі ўвагі навукоўцы. Шэраг падляшскіх ураднікаў з ліку мясцовай шляхты склалі прамову, выкладзеную перад удзельнікамі сойму31. У ёй гаварылася, што ў той сітуацыі, калі палітычныя эліты абедзвюх краін (г. зн. сенатары з польскага боку, а радныя паны - з боку ВКЛ) не могуць дамовіцца па спрэчных пытаннях (што можа зацягнуць заключэнне уніі да бясконцасці), вырашэнне спрэчак і прыняцце канчатковага рашэння належыць Жыгімонту Аўгусту як „panu zwierchnemu a przedniejszemu tak Korony Polskiej jako Wielkiego Księstwa Litewskiego“, пры ўмове захавання правоў і вольнасцяў абедзвюх дзяржаў. Пры гэтым падляшскія паслы асабліва падкрэслівалі, што „żaden inszy zgadzać abo rozeznawać nie może ani będzie obywatelów a narodów tego państwa Wielkiego Księstwa Litewskiego z obywatelmi a z narody Korony Polskiej“32. Такім чынам, падляшскія паслы выказваліся за адсоўванне радных паноў ад вырашэння гэтай актуальнай палітычнай праблемы.

Палітычныя ініцыятывы падляшан заўсёды выстаўляліся як прыклад памкненняў шляхты да эмансіпацыі і уніі. Хацелася б перавесці ўвагу на іншую праблему. Ці абавязкова праунійная пазіцыя падляшскіх паветаў вынікала пераважна з рацыі саслоўных інтарэсаў сярэдняй шляхты? Ці не адыгрывалі тут больш значную ролю рэгіянальныя інтарэсы Падляшша як спецыфічнага раёна ВКЛ? Суседства з Каронай спрыяла не толькі перайманню традыцый рэальнай „шляхецкай дэмакратыі“, але і паглыбленню эканамічных і культурных сувязяў, што стварала дадатковую зацікаўленасць падляшан у уніі.

Да 1568 г. на соймах ВКЛ пытанне уніі (дакладней, склікання агульнага з палякамі сойму) не падымалася. На Віленскім сойме 1563 г. была вылучана „просьба“ да палякаў аб вайсковай дапамозе, наступствам чаго стала накіраванне на польскі сойм восенню 1563 г. афіцыйнай дэлегацыі з ВКЛ33. На Віленскім сойме 1565 г. гаспадар, адказваючы на „просьбы“ некаторых паветаў, сам адхіліў разгляд пытання аб супольным сойме34. Універсал аб скліканні вальнага сойму ў сярэдзіне 1566 г. сведчыў пра асаблівае значэнне унійнага пытання, аднак у лістах гаспадара да соймікаў пра гэта няма ніводнага слова35. У жніўні 1566 г. Рада прасіла гаспадара адкласці скліканне супольнага польска–літоўскага сойму з прычыны небяспекі нападу вялікага маскоўскага войска36. У гаспадарскіх пасланнях на соймікі ў кастрычніку 1566 г. ясна гаварылася, што ўзнаўленне перамоў аб уніі з палякамі рабілася выключна „для способнейшое и потужнейшое вальки з неприятелем“37. Аднак з вялікай доляй верагоднасці можна дапускаць, што гаспадарскай уладзе не ўдалося схіліць сойм да ўзнаўлення перамоў аб уніі. Рэцэс Гарадзенскага сойму ад 6 студзеня 1567 г. змяшчае толькі артыкул „о сланье до панов поляков“ з просьбай аб вайсковай і фінансавай дапамозе на будучую выправу супраць маскоўцаў, у чым, дарэчы, польскі бок адмовіў38. І толькі на Гарадзенскім сойме 1568 г., выконваючы пастанову з’езду ў Лебедзеве, па ініцыятыве гаспадарскай улады было ўхвалена скліканне агульнага сойму з палякамі для канчатковага вырашэння „унійнага пытання“39.

Дык ці была шляхта непасрэдна зацікаўлена ў заключэнні уніі з Польшчай? Безумоўна, гэта знаходзілася ў сферы яе станавых інтарэсаў і шляхта магла атрымаць ад уніі выгаду. Аднак у палітычных варунках тагачасся найпільнейшай патрэбай шляхта бачыла прыняцце новага Статута, у які былі б упісаны прывілеі аб наданні шляхецкіх правоў і вольнасцяў, што юрыдычна аформіла б прызнанне за ўсім шляхецкім станам роўнага доступу да ўлады. Пасля зацвярджэння і ўступлення ў сілу Статута ВКЛ 1566 г. шляхта дамаглася рэалізацыі сваіх намаганняў. Атрыманне шляхецкіх вольнасцяў у любым выпадку цяпер не магло быць прывабным аргументам на карысць уніі з Польшчай.

Другой задачай для шляхты было завяршэнне вайны, а тым самым спыненне накладных збораў у паспалітае рушанне і выплатаў цяжкіх надзвычайных падаткаў. Уступленне ў Інфлянцкую вайну абумовіла рэзкае павелічэнне ставак ускосных падаткаў і частае ўхваленне серабшчыны40. Саюз з Польшчай усведамляўся як выхад з цяжкага становішча, і гэтае разуменне ўмацоўвалася з цягам Інфлянцкай вайны і выразна выявілася пасля збору войска ВКЛ у 1567 г.

Але шляхце не былі чужымі агульнадзяржаўныя інтарэсы ВКЛ, якія зусім не разыходзіліся з яе станавымі інтарэсамі. Ліцьвінаў вызначала цвёрдае ўсведамленне ўласнай адрознасці ад тых жа палякаў як асобнага „палітычнага народа“. Усведамленне асобнасці свайго палітычнага быцця змешвалася з этнічнымі характарыстыкамі, у выніку чаго паўставала арыгінальная „ліцьвінская свядомасць“, якая пазней стала крыніцай для праяваў „літоўскага сепаратызму“. Сведчанні моцнага адчування сваёй непадобнасці да „братняга“ народа мы сустракаем на кожным кроку. Гэтаму нямала паспрыялі творы польскіх публіцыстаў. Яны выстаўлялі ліцьвінаў як няўдзячны барбарскі народ, які павінен быць абавязаны Польшчы за свой уваход у супольнасць хрысціянскіх краінаў Еўропы. Ліцьвіны, у сваю чаргу, выступалі супраць гэткага погляду, лічылі яго несправядлівым і зняважлівым і, як маглі, змагаліся з ім. Найяскравейшы прыклад падобнай палемікі - творы Станіслава Ажахоўскага і ананімная „Размова Паляка з Ліцьвінам“41.

Як ужо ўзгадвалася, упершыню супольнае абмеркаванне праблемы уніі адбылося на Варшаўскім сойме 1563/1564 г. Абодва бакі выклалі свае праекты будучага саюзу суседніх дзяржаў. Праект пасольскай ізбы польскага сойму, дзе дамінавалі экзекуцыяністы, заключаўся ў фактычнай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы42. Польскія сенатары таксама выступалі за інкарпарацыйную унію, але іх пазіцыя была больш схільная да кампрамісаў з ліцьвінамі43. Такі падыход не мог быць станоўча ўспрыняты літоўскім бокам. Паслы з ВКЛ неаднакроць заяўлялі, што імкнуцца заключыць унію, але на ўмовах захавання „правоў і вольнасцяў“ Княства44.

Літоўскі праект уніі кардынальна адрозніваўся сваім стаўленнем да характару і ролі супольнага сойму Рэчы Паспалітай. Радныя паны ВКЛ настойвалі на прысутнасці ў дзяржаўна–праўнай сістэме супольнай дзяржавы асобнага вальнага (або „паспалітага“) сойму ВКЛ. Гэты сойм, маючы паўнату заканадаўчай улады на тэрыторыі ВКЛ, быў прамежкавай інстанцыяй паміж „Вялікім вальным соймам Рэчы Паспалітай“ (такі тэрмін выкарыстоўваецца ў дзённіку Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) і літоўскімі соймікамі. Толькі ў выпадку вырашэння агульных для ўсёй дзяржавы пытанняў сойм у ВКЛ не павінен збірацца. Замест гэтага радныя паны павінны былі б вызначаць, хто з іх едзе на вялікі сойм, а хто застаецца45.

М. Радзівіл Чорны лічыў патрэбным правядзенне ў ВКЛ рэформаў унутранага ладу і, у прыватнасці, утварэння павятовых соймікаў (sic!). Дзякуючы гэтым рэформам у ВКЛ з фармальна–юрыдычнага гледзішча канчаткова ўсталяваліся б прынцыпы „шляхецкай дэмакратыі“. Аднак пры гэтым магнацтва не згубіла б свайго рэальнага ўплыву на развіццё ўнутранай палітыкі дзяржавы. Гэты кантроль забяспечвала б у першую чаргу існаванне ўласна вальнага сойму ВКЛ.

У ВКЛ прытрымліваліся канцэпцыі „дзвюх Рэчаў Паспалітых“. Для функцыянавання ў краіне „шляхецкай дэмакратыі“ патрабавалася ўвядзенне новых урадаў і пасадаў, а таксама наданне прывілеяў „на ўзор польскі“. Аднак аб’яднанне з Каронай не было абсалютна неабходным. На такой пазіцыі стаяла Рада. Мяркуючы па крыніцах, гэтая пазіцыя не сустракала пярэчанняў з боку шляхецкага стану. Нельга разглядаць рэформы 1564-1566 г. як пройгрыш магнатаў і выйгрыш шляхты46. У свой час Ю. Бардах выказаў думку, што рэформы 1564-1566 г. уяўлялі сабою саступку з боку магнатэрыі, якая хацела такім чынам адвесці шляхту ад імкнення да уніі47.

Для характарыстыкі літоўскага праекта дадае інфармацыі адзіны ў сваім родзе (і гэтым унікальны) votum віленскага біскупа В. Пратасевіча, выкладзены на Берасцейскім сойме 1566 г. Аргументацыйнай апорай для В. Пратасевіча быў прывілей Аляксандра 1492 г. Ён лічыў, што любыя унійныя пагадненні павінны абапірацца на гэты дакумент. Пазіцыя віленскага біскупа безумоўна кансерватыўная: „teraz nic my nowego nie potrzebujemy, jedno abyśmy zachowani byli po staremu“48. У галоўным пытанні - структуры вярхоўнага заканадаўчага органа - радныя паны салідарна выступалі за захаванне сойму ВКЛ. В. Пратасевіч, у прыватнасці, казаў, што калі Княства пазбавіцца ўласных вальных соймаў і Рады, „już przy tym państwie nic takiego osobliwego ani znatnego ku dostojności jego i wolności naszej nie zostało“49. Важна адзначыць, што, абараняючы патрэбу функцыянавання соймаў ВКЛ, біскуп спасылаўся на прускую мадэль, дзе існаваў асобны ад кароннага сойм.

Праграмай–мінімум ліцьвінаў была згода на элекцыю адзінага гаспадара і вядзенне супольнай знешняй палітыкі. Гэты праект, мяркуючы па ўсім, быў абмеркаваны на Віленскім сойме 1563 г. і зацверджаны Жыгімонтам Аўгустам у канфірмацыі, нададзенай пасольству ВКЛ50.

Такім чынам, гаспадар пагаджаўся з асноўнымі патрабаваннямі ліцьвінаў. На нашу думку, ён меркаваў з дапамогай такой умеранай уніі вырашыць дынастычныя праблемы і атрымаць ад польскага боку вайсковую і фінансавую дапамогу для вядзення Інфлянцкай вайны. Для гаспадарскай улады гэта было задачай нумар адзін. Падобныя прычыны пастаноўкі унійнага пытання ўказваў у кастрычніку 1563 г. Міхал Дзялыньскі ў сваёй размове з папскім нунцыем Камэндоні51.

Аднак справа заключэння уніі разбілася аб рознае стаўленне бакоў у пытанні структуры вышэйшага заканадаўчага органа ўлады. З ходам соймавых дыскусій рос недавер да памкненняў процілеглага боку. Палякі непакоіліся, што захаванне вальнага сойму ВКЛ адкрые ў далейшым часе шлях да разрыву уніі і выбару асобнага вялікага князя. Ліцьвіны, у сваю чаргу, баяліся, што ў палітычным жыцці Княства пачнуць дамінаваць палякі, займаючы мясцовыя ўрады52.

Літоўскае пасольства імкнулася перанесці заключэнне уніі на наступны сойм, спасылаючыся на адсутнасць дастатковых паўнамоцтваў для падпісання дакументаў, якія сваім зместам адыходзілі ад артыкулаў канфірмацыі. Ліцьвіны заяўлялі, што новыя спрэчныя пытанні павінны быць абмеркаваны на вальным сойме ВКЛ53. Упэўненасці ім дадавала атрыманне паведамленняў пра перамогу ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. Польскі бок, як і раней, ставіў у залежнасць ад вырашэння унійнага пытання аказанне вайсковай і фінансавай дапамогі Княству ў вядзенні вайны з Маскоўскай дзяржавай54.

Літоўскае пасольства ад’ехала з Варшавы ў канцы лютага 1564 г. Апісваючы настроі сярод удзельнікаў сойму, Камэндоні называў некалькі прычын, па якіх унія не была заключана55. Варта звярнуць увагу на апошнюю з іх. Верагодна, М. Радзівіл Чорны, убачыўшы немагчымасць заключэння уніі па ўласным праекце, перайшоў да палітыкі зацягвання і адкладання перамоў з польскім бокам па гэтым пытанні. Віленскі ваявода канчаткова разышоўся ў поглядах з гаспадаром, і іх адносіны заўважна астудзіліся пасля гэтага часу.

На соймах 1564-1566 г. гэтая палітыка Рады ВКЛ, дзе верхаводзілі Радзівілы, выявілася з поўнай відавочнасцю. На каронны сойм, скліканы ў Парчове ўлетку 1564 г., з радных паноў ніхто не з’явіўся. Яны даслалі толькі сваіх упаўнаважаных, каб выказацца супраць экзекуцыі. Камэндоні ў гэтай сувязі канстатаваў: „utrudzają więc układy jak mogą, tak, iż koniecznym jest zaniechać ję na ten raz i odłożyć do drugiego sejmu“56. Аднак і на наступным каронным сойме, які сабраўся ў Пётракаве ў сакавіку 1565 г., сітуацыя паўтарылася. Прычынай непрыезду ліцьвінаў была пільная ваенная небяспека з боку Масквы57.

У 1566 г. каронны сойм зноў чакаў пасольства з ВКЛ, якое павінна было выкласці пазіцыю літоўскага боку ў дачыненні да далейшых узаемаадносінаў паміж Княствам і Каронай. Аднак пасольства на чале з Мікалаем Нарушэвічам і Юрыем Осцікам, што прыехала на сойм 15 ліпеня 1566 г., не мела паўнамоцтваў для заключэння уніі. Яно паўтарыла тыя ж самыя ўмовы, якія былі вылучаны ліцьвінамі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.58

Такім чынам, радныя паны імкнуліся захаваць перадусім аўтаномію сойму ВКЛ у дзяржаўна–праўнай структуры Рэчы Паспалітай, не маючы нічога супраць заключэння уніі на прынцыпах адзінства гаспадарскай улады і вядзення супольнай знешняй палітыкі. Больш за тое, у радных паноў (у тым ліку і ў Радзівілаў) не выклікала пярэчанняў правядзенне рэформ для зацвярджэння ў ВКЛ шляхецка–дэмакратычных прынцыпаў дзяржаўнага ўладкавання. Рада імкнулася перавесці ўвагу на праблемы вайны і абароны, заклікаючы гаспадара да вырашэння гэтых найпільнейшых для Княства задач. Пытанне уніі перасоўвалася ёю па сваёй актуальнасці на другі план.

Асобнага аналізу патрабуе пазіцыя Жыгімонта Аўгуста ў дачыненні да уніі. Пачынаючы з 1562 г. гаспадар паслядоўна імкнуўся да яе заключэння. Але што да характару і шляхоў рэалізацыі унійных планаў, то тут дзеянні апошняга Гедымінавіча былі досыць супярэчлівыя. Яго пазіцыя змянялася ў залежнасці ад развіцця палітычных падзей у Польшчы і ВКЛ. Пры характарыстыцы унійнай палітыкі гаспадара нельга абмінаць і ўплывовыя знешнепалітычныя фактары, у першую чаргу ўдзел Княства ў Інфлянцкай вайне.

Для вядзення актыўнай знешняй палітыкі Жыгімонт Аўгуст першы зразумеў неабходнасць апоры на вайсковы і фінансава–матэрыяльны патэнцыял не толькі Літвы, але таксама і Польшчы. Гэтую патрэбу ўвідавочнілі складанасці, якія ўзніклі пры падпарадкаванні Інфлянтаў на пачатку 60–х г. XVI ст. Да заключэння уніі Жыгімонта Аўгуста штурхала не што іншае як патрэба знайсці сродкі для рэалізацыі сваіх знешнепалітычных планаў.

Унійную палітыку гаспадара лаканічна і вельмі дакладна апісаў у сваёй рэляцыі ў Рым добра дасведчаны папскі нунцый Ю. Руджэры: „Ma Jego Królewska Miłość inny zamiar, który go niemało zajmuje, to jest zjednoczenie Litwy z Koroną w sposób niżej opisany, a to tym końcem aby połączone siły mogły łatwiej opierać się wspólnym nieprzyjaciołom a mianowicie Moskwie, której, jak się okazało z doświadczenia, Litwini nie są w stanie podołać, a Polacy, nie będąc z nimi złączeni, nie chcieli wojować w tamtych stronach bez żołdu“59. Як бачым, папскі нунцый лічыў, што патрэбы абароны служылі галоўнай прычынай праунійнай палітыкі гаспадара. Падобныя матывацыі унійнай палітыкі гаспадара пацвярджае таксама інструкцыя на соймік Бельскага павету ў кастрычніку 1568 г. У гэтым дакуменце, выдадзеным напярэдадні Люблінскага сойму, няма ніводнага слова пра станавую зацікаўленасць шляхты ў заключэнні уніі, таксама як пра падобныя перадумовы палітыкі гаспадарскай улады60.

Ужо ў канцы 1562 г. Жыгімонт Аўгуст заклікаў М. Радзівіла Чорнага да хутчэйшага заключэння уніі61. Страта Полацка ў лютым 1563 г. яшчэ мацней пераканала Жыгімонта Аўгуста ў патрэбе як мага хутчэйшага атрымання вайсковай дапамогі з боку Польшчы. Вышэйшыя станы ВКЛ таксама выразна ўбачылі патрэбу ў прыцягненні знешніх сродкаў для абароны. Вальны сойм ВКЛ у 1563 г. пагадзіўся выслаць у Польшчу пасольства для абмеркавання умоў, на якіх можа быць заключана унія. Агаворвалася, што гэты крок кіраўніцтва ВКЛ зрабіла з мэтай атрымання вайсковай і фінансавай дапамогі з Польшчы62.

Цікавы той факт, што Жыгімонт Аўгуст падпісаў канфірмацыю для пасольства, дзе выкладаўся літоўскі праект уніі. Напэўна, гаспадар пагаджаўся з умовамі ліцьвінаў і лічыў, што такой жа будзе пазіцыя польскага сойму. Варта заўважыць, што пастулаты літоўскага боку не супярэчылі дынастычным інтарэсам апошняга прадстаўніка Гедымінавічаў. У канфірмацыі нідзе не прасочвалася ідэя неабходнасці уніфікацыі палітычных сістэм Кароны і Княства. Ці можна, у сувязі з гэтым, казаць пра паслядоўнасць планаў гаспадара ў заключэнні цяснейшага саюзу дзвюх дзяржаў?

Жыгімонт Аўгуст умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж сенатам і пасольскай ізбой у каронным сойме дзеля рэалізацыі сваіх палітычных задумаў. Нельга казаць, што пасля 1562 г. кароль лёгка перайшоў на бок экзекуцыяністаў і паслухмяна выконваў пастулаты іх праграмы63. Супярэчлівасць унутранай палітыкі гаспадара ў Кароне заключалася ў лавіраванні паміж сенатам, якому экзекуцыя правоў на зямельныя маёнткі была нявыгадная, і пасольскай ізбой - патрабавальнікам радыкальных экзекуцыйных рэформаў.

Схільны да кампрамісных рашэнняў, Жыгімонт Аўгуст бачыў, што ні інкарпарацыя, ні захаванне соймавай аўтаноміі ВКЛ не надаваліся для абодвух бакоў як шлях да заключэння уніі. Гэта стала выразна відаць пасля дыскусій на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.

Жыгімонт Аўгуст рашуча падтрымаў польскі бок, зыходзячы з ідэі „аднаго цела і галавы Рэчы Паспалітай“. Тым самым любое раздзяленне паўнамоцтваў вярхоўных органаў улады адкідвалася як супярэчнае ідэі супольнай дзяржавы. Аднак канкрэтныя пытанні, якія датычыліся „правоў, вольнасцяў, звычаяў“, патрабавалі дакладнага юрыдычнага вырашэння. Найважнейшымі з іх (узгаданых у рэцэсе Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) былі вызначэнне месца ліцьвінаў у соймавай ерархіі, вызначэнне месца адбыцця соймаў і стварэнне на тэрыторыі ВКЛ соймікаў. Так што прорва адрозненняў паміж дзяржаўна–палітычным уладкаваннем Кароны і Княства была глыбейшая, чым ўяўлялася.

Перамога ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. выявіла, што спыніць наступ маскоўцаў можна было ўласнымі сіламі ліцьвінаў. Задача прыцягнення знешняй дапамогі не здавалася такой актуальнай. Гэтае становішча выкарысталі Радзівілы, каб згарнуць перамовы з польскім бокам наконт уніі.

Іх заклікі звярнуцца да ваенных спраў не засталіся па–за ўвагай гаспадара. У 1565 г. ён выступіў за актывізацыю ваенных дзеянняў і нанясенне непрыяцелю вырашальнага ўдару. Жыгімонт Аўгуст на польскім сойме ў сакавіку 1565 г. выказаўся за хутчэйшае завяршэнне вайны як першачарговую задачу для абедзвюх дзяржаў, „nie trwoniąc czasu, jak w upłynionym roku, swarami około zjednoczenia Litwy z Koroną“64. Гаспадар разам з сенатам прапаноўваў неадкладна ўхваліць падаткі на ваенна–абарончыя мэты. На іх думку, ваеннае становішча перашкаджала спакойна займацца ўнутрыпалітычнымі справамі, у прыватнасці, праводзіць супольныя соймы, дзе магла б быць даведзена да канца справа уніі65. У сваю чаргу, пасольская ізба клапацілася пра распачынанне экзекуцыі як першачарговага пытання. Пасля яе рэалізацыі можна было прыступіць да уніі. Навядзенне парадку ў Кароне павінна было станоўча паўплываць, на думку земскіх паслоў, на стаўленне ліцьвінаў да саюзу з Польшчай66. Нягледзячы на падобнае разыходжанне пазіцый, падаткі на вайну былі ўхвалены.

У соймікавых інструкцыях, разасланых перад Пётракаўскім соймам 1566 г., Жыгімонт Аўгуст зноў заклікаў да абмеркавання праблем абароны ад маскоўскага непрыяцеля, заявіўшы, што гэта - супольная справа і для Княства, і для Кароны. Пад час працы сойму ён супакойваў шляхту тым, што „jest Litwa chętna do unii“67.

Складана адказаць, чаму Жыгімонт Аўгуст так цвёрда і мэтанакіравана выказваўся за падрыхтоўку вырашальнага ваеннага ўдару па праціўніку і хутчэйшае пераможнае заканчэнне вайны з Масквою ў сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Такая пазіцыя дазваляла спадзявацца на атрыманне фінансавых рэсурсаў з Кароны, дзеля чаго была патрэбная згода сойму. Магчыма, жаданне скончыць вайну было шчырым, але рэалізаваць яго не ўдалося па аб’ектыўных прычынах (гаспадарчы крызіс, эпідэмія чумы, кепская праца кіраўнічага апарату ў ВКЛ). З іншага боку, магло быць і так, што, абвяшчаючы перамогу ў вайне прыярытэтнай задачай, Жыгімонт Аўгуст тым самым хацеў выбіць апошні козыр з рук радных паноў ВКЛ, для якіх ваенная небяспека была галоўнай падставай для ігнаравання унійнага пытання.

Ідэю заключэння уніі Жыгімонт Аўгуст не пакідаў увесь час. Аднак планы рэалізацыі гэтай ідэі змяняліся ў залежнасці ад складвання палітычных абставінаў. Не трэба забываць, што аб’ектыўная сітуацыя на ваенным фронце прымушала звяртаць пільную ўвагу на праблемы абароны. З сярэдзіны 1566 г. маскоўцы перайшлі да новай палітыкі замацавання на Полаччыне. На захопленых тэрыторыях яны распачалі будаўніцтва замкаў, якія павінны былі адыгрываць ролю фарпостаў маскоўскай улады. Замкі будаваліся ў найважнейшых стратэгічных месцах. Маскоўцы імкнуліся размяшчаць іх у глыбіні тэрыторыі ВКЛ, тым самым пашыраючы зону свайго кантролю.

У гэтых абставінах заклікі радных паноў звярнуцца да ваенных праблем станавіліся вельмі актуальнымі. У сярэдзіне 1566 г. Жыгімонт Аўгуст амаль што страціў надзею на заключэнне уніі, убачыўшы нежаданне радных паноў ехаць на польскі сойм для абмеркавання гэтага пытання (яны прыкрываліся патрэбай заставацца ў Княстве для абароны краіны)68.

Неспадзяваная актывізацыя каланізацыйнай палітыкі маскоўцаў прымусіла ўрад ВКЛ перайсці да хуткіх контрдзеянняў, якія заключаліся ў выкарыстанні наёмнага войска ВКЛ супраць маскоўскіх планаў, а таксама ў актывізацыі будаўніцтва ўласных фарпостаў на Полаччыне. Дзякуючы прынятым мерам у 1567-1568 г. прасоўванне маскоўцаў углыб тэрыторыі ВКЛ было спынена69.

Актуалізаваліся і намеры нанесці па ворагу вырашальны ўдар. На Гарадзенскім сойме 1566/1567 г. дэкларавалася патрэба актывізацыі ваенных дзеянняў. Акцэнтуючы ўвагу на першачарговасці гэтай задачы, гаспадарская ўлада запэўнівала, што „...в тых двух годех не маем ни до чого иншого вести ани взывати, одной войне потужъной з неприятелем досыть чинити“70. Як вынік, на сойме ўхвалілі збор паспалітага рушання з абавязковым удзелам у ім Жыгімонта Аўгуста. Калі б гаспадар заклікаў да чаго–небудзь іншага (пад гэтым, безумоўна, разумелася унія), а не да вайны, вышэйшыя станы вызваляліся б ад абавязку плаціць земскія падаткі. Падобным чынам палітычныя эліты ВКЛ імкнуліся перастрахавацца ад разгляду унійнага пытання ў бліжэйшай будучыні.

Наўрад ці Жыгімонт Аўгуст верыў у выніковасць перамоў з маскоўскім пасольствам, якое знаходзілася ў ВКЛ улетку 1567 г.71 Разведкавыя мэты маскоўцаў сталі хутка відавочнымі для кіраўніцтва ВКЛ. Вельмі верагодна, што гаспадар будаваў пераможныя планы ў залежнасці ад поспеху выступлення апазіцыі ў Маскве, не маючы вялікай надзеі на эфектыўнасць дзеянняў сабранага паспалітага рушання.

У любым выпадку шырокамаштабная падрыхтоўка паспалітага рушання ў 1567 г. не прывяла да значных актыўных дзеянняў. Затое ў вайсковым лагеры пад час сходу шляхты ў Лебедзеве былі вырашаны важныя пытанні, звязаныя са зборам падаткаў і арганізацыяй абароны. Шляхта таксама падтрымала на гэтым сходзе ідэю склікання супольнага сойму з Каронай для канчатковага заключэння уніі72.

Заўважым, што Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да шляхты для атрымання падтрымкі сваіх унійных планаў менавіта ў вайсковым лагеры, дзе голас вялікай шляхецкай масы меў асаблівую сілу73. Паспалітае рушанне з вайсковага лагера, улічваючы вялікую прадстаўнічасць шляхты, імгненна магло ператварыцца ў палітычны форум. Тут добра было праводзіць прапагандысцкія акцыі, а таксама дамагацца згоды шляхецкага грамадства на ўхваленне тых ці іншых палітычных мерапрыемстваў. Дарэчнай будзе аналогія з віцебскім лагерам 1562 г., калі ад імя шляхецкіх масаў, сабраных у паспалітым рушанні, была здзейснена важная палітычная акцыя.

На нашу думку, гаспадар разглядаў паспалітае рушанне 1567 г. як сродак уздзеяння на грамадскую думку і інструмент унутранай палітыкі ў дзяржаве. Цікава, што неўзабаве пасля сканчэння гэтага з’езду ў лістападзе 1567 г. гаспадар ад’ехаў з войска. Можа, таму, што галоўная для яго задача збору паспалітага рушання была ўжо вырашана? Дамогшыся згоды на унію, гаспадарская ўлада выканала палітычныя задачы, якія ставіла перад паспалітым рушаннем. Можна сказаць, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, што ў Лебедзеве ў лістападзе 1567 г. адбыўся своеасаблівы „шляхецкі рэферэндум“.

На такі сцэнар указваюць паводзіны гаспадара пад час збору паспалітага рушання ВКЛ у 1567 г. Жыгімонт Аўгуст не выяўляў шчырага жадання ўзначаліць войска і прывесці яго да перамогі над непрыяцелем. У вайсковы лагер ён прыбыў толькі ў верасні 1567 г., хоць збор шляхты распачаўся яшчэ ў траўні. Аднак і ўвесь восеньскі час шляхта прабыла ў бяздзейнасці. Паспалітае рушанне, безнадзейна страціўшы спрыяльны час, было вымушана раз’ехацца па хатах, так і не атрымаўшы загаду гаспадара рушыць супраць непрыяцеля. Сярод пэўных колаў у ВКЛ існавалі падазрэнні, што Жыгімонт Аўгуст задумаў збор войска дзеля вымотвання апошніх сіл і сродкаў ВКЛ і прапаганды унійных ідэй сярод шляхецкіх масаў, а не для ўласна наступу на Маскву74.

З гэтага часу заключэнне уніі было справай вырашанай. Адчайная ініцыятыва Я. Хадкевіча па выкарыстанні паспалітага рушання ў няўдалай аблозе Улы, здзейсненая ў лютым-сакавіку 1568 г., толькі яшчэ больш падкрэсліла неэфектыўнасць шляхецкага войска. Нават паспяховы штурм Улы, учынены Раманам Сангушкам у жніўні 1568 г., не мог прынесці такіх палітычных дывідэндаў, як гэта калісьці было пасля перамогі ў Ульскай бітве 1564 г.

Заключэнню уніі, безумоўна, паспрыяла заспакаенне на ваенным фронце і паляпшэнне знешнепалітычнага становішча ВКЛ напрыканцы 60–х г. XVI ст. Сітуацыя на фронце не ўяўляла на той час вялікай небяспекі для Княства. З’явіліся магчымасці шчыльна заняцца ўнутрыпалітычнымі справамі. У параўнанні з 1563 г. сітуацыя кардынальна памянялася: тады патрэбу уніі дыктавала ваенная небяспека, цяпер нават поспехі ў вайне не прымушалі пакінуць разгляд „унійнага пытання“. За гэты перыяд грамадства ўсвядоміла, што дзяржава не спраўляецца сама з наладжваннем абароны і фінансавымі выдаткамі на вайну. Патрэба знешняй дапамогі і ўласная няздольнасць у пытаннях арганізацыі абароны асабліва выразна выявіліся пасля безвыніковага збору паспалітага рушання ў 1567 г.

Пагаджаючыся на скліканне супольнага сойму, радныя паны па–ранейшаму імкнуліся атрымаць гарантыі захавання суверэнітэту ВКЛ. Такія гарантыі былі дадзены гаспадаром у прывілеі, падпісаным у Воіню ў снежні 1568 г. Жыгімонт Аўгуст абавязваўся дбаць пра вышэйшыя інтарэсы Княства, ні ў чым не парушаючы яго „правоў і вольнасцяў“75.

Праводзячы на пачатку Люблінскага сойму 1569 г. перамовы з польскім бокам па сцэнары 1563 г., літоўскае пасольства на чале з М. Радзівілам Рудым не ўлічвала значнай змены акалічнасцяў. Цяпер ВКЛ было падрыхтавана да заключэння уніі праз правядзенне ўнутраных рэформаў у сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Самастойнае вядзенне Інфлянцкай вайны не зрабіла вялікіх зрухаў ваенна–стратэгічнага балансу на сваю карысць.

Змяніўся характар палітычнай эліты ў дзяржаве. Значэнне М. Радзівіла Рудога як лідэра радных паноў не было такім моцным, як яго брата на пачатку 60–х г. XVI ст. Да таго ж, за гэтыя гады вырас уплывовы супернік у асобе Я. Хадкевіча, сімпатыі да якога з боку гаспадара былі большыя.

Нежаданне цвяроза ацэньваць рэаліі прымусіла М. Радзівіла Рудога здзейсніць фатальную памылку - перарваць без выразных тлумачэнняў перамовы з польскім бокам і, што важней, з гаспадаром. Пэўна, такім шляхам меркавалася атрымаць час для далейшага „ўзгаднення пазіцый“. Радзівіл вярнуўся да старой палітыкі зацягвання вырашэння „унійнага пытання“.

Аднак, маючы выразнае ўяўленне аб патрэбах дзяржавы і грамадскіх настроях, Жыгімонт Аўгуст вырашыў пераламаць ход падзей з дапамогай рэзкага і нечаканага кроку - адарвання ад ВКЛ памежных паветаў на захадзе і поўдні краіны. Праяўленая падобным чынам (гвалтоўным па сутнасці) рашучасць Жыгімонта Аўгуста паказала радным панам у хуткім часе адсутнасць іншых варыянтаў вырашэння праблемы і прымусіла шукаць капрамісныя рашэнні.

У варунках 1569 г. рэальнай альтэрнатывы уніі не існавала. Для рэалізацыі іншага праекту радныя паны проста не мелі магчымасцяў. Не было ў іх таксама і грамадскай падтрымкі. Для грамадства ВКЛ нават цяжка было ўявіць сабе магчымасць зрыву ўсялякіх адносінаў з Польшчай. Суіснаванне з Каронай працягвалася доўгі час, і насельніцтва ВКЛ прызвычаілася да свайго партнёра па дынастычнай уніі як да неабходнага складніка існавання ВКЛ. Ва ўмовах ваеннага становішча зрыў саюзных адносін з Польшчай здаваўся большай бядой, чым частковая страта суверэнітэту. Узгадаем, што ў Літве не было прынцыповых праціўнікаў уніі з Польшчай, бо разумелі, што супрацьстаянне з Масквой будзе немагчымым, асабліва калі ўлічваць далёкасяжную перспектыву. Змагаліся супраць таго, каб гэты хаўрус прыняў форму інкарпарацыйнай уніі.

Падтрымка уніі з боку шляхты насіла пасіўны характар, прытым з упэўненасцю можна казаць, што падтрымлівалася толькі ідэя ўмеранай уніі76. Яе прыхільнікі прызнавалі неабходнасць уніі для эфектыўнай абароны супольных межаў, але адначасова стаялі за захаванне асобнасці Вялікага Княства Літоўскага ў сістэме Рэчы Паспалітай. Радыкальныя прапановы польскіх экзекуцыяністаў аб інкарпарацыі ВКЛ у склад Польскай Кароны не былі ўспрыняты як супярэчныя агульнадзяржаўным інтарэсам. Патрэба заключэння уніі з Польшчай канчаткова ўсвядомілася ў ВКЛ у канцы 60–х г. XVI ст. Неабходнасць уніі дыктавалася ў першую чаргу вычарпанасцю ўнутраных рэсурсаў ВКЛ, патрэбных для ўдзелу ў Інфлянцкай вайне і, у сувязі з гэтым, патрэбай знешняй вайсковай і фінансавай падтрымкі.

Палітыка радных паноў на чале з Радзівіламі па зацягванні часу і пастаянным адкладанні унійных перамоў не прынесла ўдалых вынікаў і не займела грамадскай падтрымкі. Ранейшая гістарыяграфія асацыявала пазіцыю Радзівілаў з пазіцыяй усёй магнацкай групы. Аднак гэта вельмі спрошчаны, а галоўнае, няслушны падыход. Нягледзячы на вядучае становішча Радзівілаў у Радзе і іх значны ўплыў на ход палітычных падзей у краіне, пазіцыя магнацтва ў дачыненні да уніі не заўсёды салідарызавалася з пазіцыяй Радзівілаў. Гэта найбольш яскрава выявілася на віленскім з’ездзе ў сакавіку 1569 г.77

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што расстаноўка сіл у барацьбе праунійных і антыунійных тэндэнцый не залежала наўпрост ад сацыяльнай стратыфікацыі і, насуперак цверджанням прыхільнікаў канцэпцый М. Любаўскага і О. Галецкага, мела характар чыста палітычнай, а не класавай (станавай) барацьбы. Не выключаючы з–пад увагі самога факта існавання пэўнага напружання палітычных інтарэсаў магнацтва і сярэдняга шляхецтва, трэба адзначыць разуменне з боку ўсяго „палітычнага народа“ ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў.
Union with the Crown in home policy of the Grand Duchy of Lithuania before the 1569

Parliament in Lublin

Andrej Januškievič

The propagated thesis about deliberate and active support of the Union draft by the nobility of the Grand Duchy of Lithuania does not quite accord with the facts. In reality the GDL’s nobility supported only the idea of moderate union, in which the Duchy would retain domestic autonomy. This support was of passive character since the nobility was not a self–dependent and properly organized political force. The political initiative came from the Lord and his Rada (Council). The Rada nobles did not conflict with idea of carrying out home reforms in the state to establish true “noble’s democracy”. This viewpoint was in accordance with political interests of the nobility. With such an approach in the idea of close Union with Poland for “golden nobles’ freedoms” was pointless. The Rada had nothing against the integration with Poland on the principles of joint economic power and indivisible foreign policy. That was necessary to wage an efficient campaign against Muscovy. But Rada’s nobles positively stood for retaining the free Parliament of the GDL in the state–legal structure of the Polish Lithuanian Commonwealth as the main basis for the Duchy’s self–dependency.

The idea of tempered union with Poland to solve military–defendant problems was supported both by the GDL’s magnates and the nobility. Radical propositions of the Poles to incorporate the GDL into Poland did not disaccord with state interests. However, the Radzivil’s policy directed on retarding the time and constant postponing the negotiation on the Union was appreciated neither by the nobility nor by part of magnate elite.

Grand Duke Žyhimont A÷hust played the key role in signing the Union of Lublin. Since 1562 he had been consecutively aspiring to the realization of that act. Depending on political situation in Poland and the GDL, he was disposed to compromise solutions and was seeking for public support for the Union. In 1567 he summoned the noble’s levy of the GDL, holding a sort of “nobles’ referendum” .The nobles appreciated the idea of convocation of the joint Polish–Lithuanian Parliament to solve the problem of the Union. The latter was successfully realized in Lublin in 1569.
Артыкул з’яўляецца працягам маёй публікацыі: Да пытання аб характары палітычнага працэсу ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2003. № 19. S. 32-56.
Любавский М. Литовско–русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. Москва, 1900; Любавский М. Очерк истории Литовско–Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1915.
Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. I-II. Kraków, 1919-1920.
Гл.: Bardach J. Krewo i Lublin. Z problemów unii polsko–litewskiej // Kwartalnik Historyczny, 1969, R. 76. № 3. S. 607-619. Асноўныя тэзісы гэтага даследавання паўтораны аўтарам у найноўшых працах: Bardach J. O Rzeczpospolitą Obojga Narodów. Dzieje związku Polski z Litwą do schyłku XVIII wieku. Warszawa, 1998. S. 19-21; Bardach J. Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów (1385-1791) // Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Lublin, 1999. S. 12-44.
Лаппо И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). С.–Петербург, 1901; Лаппо И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско–Русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911; Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1, ч. 1. Каунас, 1934.
Wisner H. Unia: Sceny z przeszłości Polski i Litwy. Warszawa, 1988; Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z dziejów Polski szlacheckiej XVI-XVIII wieku. Warszawa, 1978; 2–e wyd. - Warszawa, 2001; Błaszczyk G. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492-1569. Poznań, 2002; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy: Stosunki polsko–litewskie w latach 1569-1586. Warszawa, 2002; Jučas M. Lietuvos ir Lenkijos unija. Vilnius, 2000.
Лойка П. Шляхта беларускіх зямель у грамадска–палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI - першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 8-34.
Halecki O. Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej) // Przegląd Historyczny. 1914. T. 18, z. 3. S. 320-352.
Biblioteka Czartoryjskich w Krakowie (далей - BCzart.). Rkp. 1604. K. 55-74. Тыя ж самыя матэрыялы знаходзяцца ў: BCzart. Rkp. 2208. K. 269-288. Агляд крыніц па праблеме „віцебскай петыцыі 1562 г.“ зроблены ў: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury politycznej szlachty Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI wieku // Kultura Litwy i Polski w dziejach: Tożsamość i współistnienie / Red. J. Wyrozumski. Kraków, 2000. S. 72-73.
Верагодна, гэты тэрмін трэба атаясамліваць з беларускімі „змова“, „пагадненне“.
BCzart. Rkp. 1604. K. 53-55.
BCzart. Rkp. 2208. K. 287.
У пасольскім лісце прама гаворыцца пра разбежнасць пазіцый і інтарэсаў магнатэрыі і шляхты: „...rzadko to bywa, aby się członkowie bolszego, średniego i mniejszego stanu w czym spolnie a słusznie zgadzać się mieli“ (BCzart. Rkp. 2208. K. 280-281).
Halecki O. Sejm obozowy... S. 327.
Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. C. 233.
BCzart. Rkp. 1604. K. 53-54. Заўважым, што ў матэрыялах Метрыкі ВКЛ намеры дзяржаўнай улады ўхваліць збор падаткаў праз удзельнікаў вайсковага лагера не прасочваюцца.
Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 564: (1553-1567) / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 1996. P. 121-122; BCzart. Rkp. 2208. K. 272-273.
У апошні час гэтую думку выказала Юратэ Кяўпене, выдатна аргументуючы сваю пазіцыю: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury... S. 67-78.
У 1559 г. Я. Хадкевіч узначальваў коннае наёмнае войска ВКЛ у Інфлянтах і фактычна быў кіраўніком (разам з Юрым Зеновічам) кампаніі па размяшчэнні ў інфлянцкіх замках гарнізонаў з ВКЛ: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. T. III. С.–Петербург, 1848. C. 108-110.
Kempa T. Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku // History, culture and language of Lithuania. Proceedings of the international Lithuanian conference, Poznań 17-19 September 1998 / Ed. G. Błaszczyk and M. Hasiuk. Poznań, 2000. S. 195-219.
Пра антырадзівілаўскі характар віцебскай акцыі піша: Halecki O. Sejm obozowy... S. 332-333.
Гэта яскрава паказваюць просьбы аб захаванні ўласнага войска і дзяржаўных ўрадаў, якія павінны раздавацца толькі нараджэнцам Княства: BCzart. Rkp. 2208. K. 287-288.
М. Радзівіл Чорны наракаў у лісце да М. Радзівіла Рудога ад 22 лютага 1565 г., што Хадкевічы ў апошні час займелі вялікі ўплыў: „Znać że panowie Chodkiewiczowie na mnie wojne uradzili, bo się ich radzie we wszem dosyć stało coś czynic, jedno musze pati et ferne“ (Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów. Dz. IV. Teka 35. Sygn. 502. K. 39-42. Лукішкі, 22.02.1565). Павелічэнне рэальнага ўплыву Я. Хадкевіча на гаспадарскім двары занатаваў у 1570 г. нават маскоўскі пасол: Сборник императорского Русского исторического общества. T. 71: Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско–Литовским (1560-1571 гг.). С.–Петербург, 1892. C. 804.
„...i my też z nimi zarówne mieć chcemy, i ich (палякаў) do tego sami dobrowolnie pobudziły i przywiedli, Witebskiem, Sejmem Wileńskim, aż potym do Warszawy“ (Votum Waleriana, biskupa wileńskiego, nad unią Korony z Litwą // Dziennik Warszawski. 1826. R. 5. S. 161-162).
У склад пасольства, акрамя жамойцкага старасты Я. Хадкевіча і біржанскага цівуна з Жамойці М. Шэмета, уваходзілі маршалак зямлі Валынскай, кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, цівун з Жамойцкай зямлі Рыгор Трызна, луцкі стараста Богуш Карэцкі, анікштанскі дзяржаўца (?), гаспадарскі дваранін Пётр (прозвішча чытаецца невыразна): AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dz. I. Sygn. 7776. Вільня, 12.10.1565.
11 сакавіка 1566 г. ён атрымаў намінацыю на гэты ўрад: Сборник материалов, относящихся к истории панов–рады Великого Княжества Литовского / Изд. И. Малиновский. Томск, 1901. С. 49–51.
„I ci, którzy z inszych stanów są obrani, tym, którzy z ławicy rady pańskiej posłani są, we wszystkich rzeczach jako starszym i przełożonym swoim powinni uczciwpść aby czynili i nic okrom ich rady i przyzwolenia w rzeczach ziemskich sprawować nie mają ani będą mogli“ (Źrzódłopisma do dziejów unii Korony Polskiej i W. X. Litewskiego / Wyd. T. Działyński. Cz. II, oddz. I. Poznań, 1856. S. 173)
„Więcej mam do tego powinowactwo z strony szlachectwa swego, aniżeli z urzędu“ (Źrzódłopisma... S. 352).
Commendoni J. F. Pamiętniki o dawnej Polsce z czasów Zygmunta Augusta / Wyd. J. Albertrandi, M. Malinowski. T. I. Wilno, 1847. S. 72. Варшава, 6.03.1564.
Менавіта падляшская шляхта выступіла ў 1566 г. ініцыятарам склікання агульнага сойму з палякамі. Аднак яе просьба была адхілена гаспадаром: Акты Литовско–Русского государства / Изд. М. Довнар–Запольский. Т. II. Москва, 1897. С. 185.
Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku (далей - BKórn.). Rkp. 247. K. 122-122v.
BKórn. Rkp. 247. K. 122v.
Русская историческая библиотека (далей - РИБ). Т. 30: Литовская Метрика. Отделы первый–второй. Ч. 3: Книги публичных дел. Юрьев, 1914. С. 324-325, 745-748.
Тамсамса. С. 373.
Тамсама. С. 838-841, 878-882.
Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 530: (1566-1572) / Parengė D. Baronas, J. Jovajša. Vilnius, 1999. P. 21-22.
Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 180-182 (приложения).
РИБ. Т. 30. С. 428-429.
Тамсама. С. 481.
Довнар–Запольский М. Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 365-366, 560-570, 770-775.
Orzechowski S. Wybór piśm / Oprac. J. Starnawski. Wrocław etc., 1972. S. 304-629; Rozmowa Polaka z Litwinem / Wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890.
Вылучаліся нават прапановы кшталту перайменавання Літвы ў Новую Польшчу: Źrzódłopisma... S. 271-272.
Аб разыходжаннях у поглядах на унію паміж пасламі і сенатарамі ўказвае ў лісце ад 5 студзеня 1564 г. Камэндоні: „W senacie codzień traktują o polączeniu Litwy; a jeśliby posłowie ziemscy nie sprzeciwiali się, rzecz była by juz skończona“ (Commendoni J. F. Pamiętniki... T. I. S. 37. Варшава, 24.01.1564).
„Nie chcemy tego naprzód, aby nas kto rozumieć miał, iżebyśmy nie chcieli unii, bo my chcemy i potrzebujemy jej z Ich Mościami; a nie rozumiemy, kto by jej nie chciał a nie potrzebował, jedno djabeł, któremu zgody nie potrzeba i jest zgodzie wiecznym nieprzyjacielem“ (Źrzódłopisma... S. 362)
„Żadną miarą u nas bez Sejmu Walnego być nie moze (...) Tamze i sejmiki powiatowe będą postanowione, bo ich u nas nigdy nie było (...) A z tych to Sejmików główniejszych i powiatowych kiedy będzie potrzeba, będziemy pierwiej swej Sejm Walny mieć, a potem na koronny główniejszy, Wielki walny społeczny sejm jachać. A kiedy też u nas Sejmu walnego nie będzie potrzeba, dla własnych samych Rzeczypospolitej potrzeb, tedy Posłowie nasi prosto z Sejmików przyjadą na Koronny Sejm“ (Źrzódłopisma... S. 351).
На гэты момант звяртае ўвагу літоўскі даследчык Дарыюс Вілімас: Вилимас Д. Михалон Литвин и Федор Евлашевский - два взгляда на реформу судов Великого Княжества Литовского 1564-1566 гг. // Наш радавод. Кн. 7. Гародня, 1998. С. 216-218.
Bardach J. Krewo i Lublin… S. 611.
Votum Waleriana.... S. 176.
Ibid. S. 166.
Źrzódłopisma... S. 172-178.
„O sejmie powiedział mi, że (...) pierwszym przedmiotem będzie połączenie Litwy, Rusi, Żmudzi z Koroną polską (...) Przez tyle wszakże lat połączenie to nie następowało dla usiłowań królewskich, aby te kraje jako dziedzictwo dla potomstwa zachowac (...) Dziś, kedy moskiewski książe stał się panem znacznej części Inflant i innych pogranicznych z Litwą krajów, a nawet część samej Litwy najechał i ujarzmił; polacy nie chcą iść na obronę tych prowincji, jeżeli król przyobiecywanego połączenia nie przywiedzie do skutku. Król nie zdaje się być trudnym w tej mierze, częścią dla wspomnianego niebezpieczeństwa, a częścią dla tego, że jest bezpotomny i nadzei nawet potomstwa niemający; ztąd wnoszą, iz żadnej w tem nie będzie innej trudnosci, chyba tylko w samych warunkach zjednoczenia“ (Commendoni J. F. Pamiętniki... T. I. S. 8. 30.10.1563)
Ibid. T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
Цікава, што польскія паслы прапаноўвалі здзейсніць падобнае абмеркаванне на новаствораных сойміках у ВКЛ, абмінаючы такую структуру, як вальны сойм дзяржавы. Відавочна, такім чынам меркавалася пазбегнуць ціску з боку радных паноў, якія былі найменш зацікаўленай групай у заключэнні уніі (Źrzódłopisma… S. 341-342).
Commendoni J. F. Pamiętniki... T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
„Powszechne jest mniemanie, że skuteczności układów cztery rzeczy były na wstręcie: obustronna niepowsciągliwość w mowach i odwieczne narodowe zawiści; podejrzenie litwinów, iz posiłkowe wojsko polskie umyślnie tak późno nadciągneło dla złączenia się z nimi i że wielkich krzywd dopuściło się na granicy; zwycięstwo przez samych tylko litwinów odniesione (...); wojewoda wileński, który, będąc głowa poselstwa, nie życzył przyprowadzić go do skutku“ (Ibid. T. I. S. 72. Варшава, 6.03.1564).
Ibid. T. I. S. 173-174. Ціхостаў, 5.08.1564.
Dyaryusz sejmu Piotrkowskiego 1565 / Wyd. W. Chomętowski. Warszawa, 1868. S. 225-226.
Ibid., s. 27.
Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690. T. I. Berlin-Poznań, 1864. S. 189.
Змест інструкцыі настолькі цікавы для нашай тэмы, што дазволім сабе працытаваць яе як мага паўней: „Иж, ач кольвек его кролевская милость бачыти и ласкаве прыймовати рачить от вашое милости панов рад и ото всих станов рыцерства своего, же и податками немалыми прыкладаетеся и нелитованьем крови и здоровья своего против тому непрыятелю, великому князю Московскому, и над повинность свою чыните досыть, але, иж оный непрыятель посягненьем панства его кролевской милости и зневоленьем братьи вашое, верных подданых его кролевской милости не помалу змоцняеть, прото, хотячы его кролевская милость способом большым против тому непрыятелю войну вести, якобы с помочю Божью слушный отпор взял и не шырился и не владал властного его милости господарского, рад бы то видел, абы большый посилок и з меньшим накладом вашим быти мог, што лацно быти можеть за злученьем в унею з станы Короны Польское, одностайною а сполною рукою чынечы отпор оному непрыятелю, а то не только против тому непрыятелю, але и против каждому у многих речах немало пожытку Речы Посполитое приняти можеть, кгдыж згода а милость межы каждыми панствы особливого добра прымноженье чынить“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 209-211 (приложения)).
Listy Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Oprac. I. Kaniewska. Kraków, 1999. S. 409-410. Пётркаў, 6.12.1562.
РИБ. T. 30. C. 324-325.
Pałucki W. Drogi i bezdroża skarbowości polskiej XVI i pierwszej połowy XVII wieku. Wrocław, 1974. S. 84-96; Sucheni–Grabowska A. Badania nad elitą władzy w latach 1551-1562 // Społeczeństwo staropolskie. T. I. Warszawa, 1976. S. 80-81.
Commendoni J. F. Pamiętniki... T. II. Wilno, 1851. S. 114-115. Piotrków, 23.03.1565.
Dyaryusz sejmu… S. 232.
Ibid. S. 309-311.
Diariusz sejmu lubelskiego 1566 roku / Oprac. I. Kaniewska. Wrocław etc., 1980. S. 13.
Гэтае меркаванне грунтуецца на падставе інфармацыі О. Галецкага, які спасылаўся на знішчаныя пад час Другой сусветнай вайны дакументы з Бібліятэкі ардынацыі Красінскіх (сігнатура 4001): Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. II. S. 216.
Гл. падрабязней: Янушкевіч А. Ваенныя дзеянні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у 60–я гады XVI стагоддзя // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. № 14. S. 33-56.
РИБ. T. 30. C. 415-416.
Гэта прасочваецца ў гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі перад каронным соймам 1566 г.: Diariusz sejmu lubelskiego. S. 57.
„Якож на он час в Лебедеве вси станы тамошнего панства нашого великого княства Литовского, около того з собою намовивши и сполне и згодливе на то зволивши, нам, господару, донесли и оповедили, же ни с которое иное причины и якого мушенья, одно з доброе воли своее а с таковое ж хути и милости, з якою ся обыватели корунные, братья и суседы ваши, через послов своих ку вам оповедають, ест есте прихильни до принятья и постановенья з ними сполку братьского, то ест унии в таковом взвязку, милости, згоды братское, который бы был однако и заровно во всем пожиточный обеюм тым панствам“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 208 (приложения); РИБ. Т. 30. С. 481). Гл. таксама цікавую інфармацыю каралеўскага лажнічага Лукаша Ленцкага: Bodniak S. Z wyprawy radoszkowickiej na Moskwę w roku 1567-1568 // Ateneum Wileńskie. 1930. R. 7, z. 3-4. S. 807-808.
Рост палітычнага значэння паспалітага рушання ў другой палове XVI - XVIII ст. падкрэсліваюць у сваіх апошніх даследаваннях Лешэк Кеневіч і Анджэй Закшэўскі: Kieniewicz L. Senat za Stefana Batorego. Warszawa, 2000. S. 289; Zakrzewski A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w.: Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000. S. 188-189.
Piwarski K. Niedoszła wyprawa t. zw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567-68) // Ateneum Wileńskie. 1928. R. V, z. 14. S. 101.
Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 189-192.
На нашу думку, менавіта падобныя погляды занатаваў назіральнік з Гданьска: Kolankowski L. Jagiellonowie i Unia // Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17-20 września 1935 r. T. II. Lwów, 1936. S. 288-289.
Halecki O. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915. S. 82-122.

Андрэй Янушкевіч
Крыница: БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД, Том 10 Сшытак 1-2 (18-19) Снежань 2003

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291838297 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network