публикация №1291837950, версия для печати

Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291837950)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Бітва 1514 г. у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі
Бітва як значная падзея нацыянальнай гістарыяграфіі
Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі
Інтэрпрэтацыя бітвы як сутыкненне беларускай і (заходне)рускай ідэтычнасцяў
Рэвізія падручнікаў і “новая” ідэалагічная інтэрпрэтацыя падзеі
Бітва як адзін з сімвалаў сучаснага беларускага супраціву
Бітва 1514 г. у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі

Бітве 1514 г. пад Оршай, у якой колькасна меншае войска гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла маскоўскую армію князя Васіля ІІІ, выпаў асаблівы лёс. Праз шмат стагоддзяў яна не проста стала беларускім lieux de memoire. Даўняя сеча апынулася ў цэнтры гістарыяграфічных баталій і ператварылася ў сімвал, які адным дае сілу і натхненне, другіх - раздражняе і раніць.

Для расійскай гістарыяграфіі гэтая бітва ад пачатку была нязручнай, некарыснай падзеяй. І не толькі з прычыны цяжкага паражэння маскоўскіх ваяводаў. Яшчэ больш прыкрым з’яўляўся факт разгрому іх праваслаўнай арміі такім жа праваслаўным князем Астрожскім на чале напалову праваслаўнага войска. Гэта зусім не ўпісвалася ў канцэпцыю аднаго славянарасійскага народу вялікарусаў, маларусаў і беларусаў. І ўсё ж у царскай Расіі бітва пад Оршай не выключалася з гісторыі. У сінтэзах патрыярхаў расійскай гістарыяграфіі Мікалая Карамзіна і Сяргея Салаўёва пра яе, хоць і мімаходзь, але гаварылася ў кантэксце вайны Васіля ІІІ супраць Літвы, у якой “рускія” б’юцца з “літоўцамі”. Пры ўсёй сцісласці апісання бітвы абодва расійскія класікі акцэнтавалі даволі істотны момант, ад якога пазней стала адмаўляцца расійская савецкая гістарыяграфія: паражэнне расіян было “страшнае”, і бітва мела кепскія для Масквы наступствы. У менш вядомых сінтэтычных аглядах і падручніках па гісторыі Расіі ў ХІХ ст. бітва пад Оршай таксама згадвалася, звычайна, праўда, адным радком і ў сувязі са здабычай Смаленска маскоўскай арміяй. На этнічную і канфесійную прыналежнасць ні воінаў Канстанціна Астрожскага, ні самога гетмана ўвага не звярталася, або наадварот - падкрэслівалася іх чужасць (літоўскасць).

Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі інтэрпрэтацыі гісторыі ў савецкай навуцы напрасткі залежалі ад ідэалогіі. Цэнтральнай ідэалагемай гісторыяпісання ў СССР пры Сталіне стала вучэнне пра “адзіную старажытнарускую народнасць”, якое ад пачатку 1950-х гадоў да канца існавання СССР вызначала марксісцка-ленінскае тлумачэнне айчыннай гісторыі. Ваенныя паходы маскоўскіх армій на суседнія княствы цяпер трактаваліся выключна ў кантэксце працэсу “воссоединения русских земель”, таму бітва пад Оршай калі і прыгадвалася, дык у якасці зусім маргінальнай падзеі, звязанай са здабываннем Смаленска ў 1514 г., якая не магла стрымаць “прагрэсіўнага” гістарычнага працэсу “ўз’яднання”.

Гэтаксама ў сучасных расійскіх падручніках па айчыннай гісторыі гэтая найбуйнейшая бітва застаецца маргінальнай падзеяй. Яна або не згадваецца ніводным словам нават тады, калі пра захоп Смаленска ў 1514 г. гаворыцца, або, калі аўтары не могуць яе не згадаць, маштаб і значэнне бітвы максімальна змяншаюцца. Пра “рускасць” самога гетмана і вялікай часткі яго ваяроў не гаворыцца, наадварот, паслядоўна падкрэсліваецца, што рускай арміі Васіля ІІІ заўжды супрацьстаялі “літоўцы” ці “польска-літоўская армія”. У цэлым, расійская гістарыяграфія пераняла і развіла імперскую мадэль тлумачэння гісторыі Усходняй Еўропы, адпаведна якой беларусы - той жа “рускі” народ, які, трапіўшы пад рэлігійна-нацыянальны прыгнёт літоўцаў і палякаў, са спадзяваннем глядзеў на Маскву і проста не мог ваяваць супраць расіян.

Гісторыкі царскай Расіі былі больш аб’ектыўнымі і не баяліся паказваць прыклады варажнечы паміж народамі і землямі былой Кіеўскай Русі. Дастаткова згадаць Мікалая Карамзіна, які адкрыта называў князя Канстанціна Астрожскага “братам расіян па царкве, але іх страшнага ворага ў полі”. У плане навуковасці сапраўдным выключэннем для сучаснай расійскай гістарыяграфіі можна лічыць працы Міхаіла Крома, які аб’ектыўна даследаваў войны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ, аднак непасрэдна да аршанскай бітвы не звяртаўся.

Бітва як значная падзея нацыянальнай гістарыяграфіі

Ад самых пачаткаў нацыянальнай гістарыяграфіі сеча пад Оршай бачылася зусім іначай. Той факт, што яна была пераможнай і адбылася на тэрыторыі Беларусі, насіла абарончы характар, рабіў падзею важнай. Пачынальнікам беларускай гістарыяграфіі, каб падкрэсліць гістарычную нятоеснасць беларусаў і вялікарусаў, дастаткова было паказаць рэальныя адносіны паміж рознымі дзяржавамі, у якія цягам стагоддзяў уваходзілі рускія і беларусы. Невыпадкова ў першым сінтэтычным нарысе гісторыі краю, напісаным беларусам для беларусаў - у маленькай “Кароткай гісторыі Беларусі” Вацлава Ластоўскага належная ўвага аддавалася войнам ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы - гэтаму “змаганню за Беларусь”, якое давяло край “да цяжкай руіны”. Хоць сам Ластоўскі быў пад значным уплывам расійскай гістарыяграфіі, ваенныя канфлікты Маскоўскай дзяржавы з Літвой ці Польшчай сталі асноўным кантэкстам, у якім аўтар падаў інфармацыю пра Расію. Натуральна, знайшла ў ёй месца і бітва пад Оршай, і перамога “шчырага старонніка праваслаўя” вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага - нягледзячы на тое, што ён меў 35 тыс. воінаў супраць 80 тыс. непрыяцеля. Ластоўскаму, які лічыў, што “беларусы і маскоўцы розняцца ва ўсім, нават і ў самой веры праваслаўнай”, і гэты факт не здаваўся нечым ненатуральным.

У першым беларускім падручніку па айчыннай гісторыі, напісаным у 1919 г. гісторыкам з універсітэцкай адукацыяй і грамадска-палітычным дзеячам Усеваладам Ігнатоўскім, асобны параграф быў адведзены адносінам літоўска-беларускага княства з Масквой. Нягледзячы на тое, што па поглядах аўтар належаў да сацыялістаў і прытрымліваўся фактычна прарасійскай арыентацыі, ён таксама напісаў пра шматлікія войны з Масквой. Прычым, паколькі Усевалад Ігнатоўскі (як і Ластоўскі) лічыў Вялікае Княства Літоўскае “літоўска-беларускай дзяржавай”, то і для яго не існавала праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў канфлікту. У разуменні Ігнатоўскага, “маскоўскія войскі” руйнавалі “беларускія тэрыторыі”, а бараніць іх імкнулася “літоўска-беларускае” войска. “Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсць іх вотчына”, - падкрэсліў аўтар першага беларускага падручніка. Значыць, абарона Беларусі была бясспрэчна справядлівай справай, і князя Канстанціна Астрожскага, які атрымаў перамогу над агрэсарам у 1514 г. і “ад Оршы гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу”, можна лічыць героем сваёй гісторыі.

Урэшце, у сінтэтычным нарысе гісторыі Беларусі на той час самага аўтарытэтнага беларускага гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага, напісаным у першай палове 1920-х гадоў, эпізод вялікай бітвы пад Оршай таксама не прапушчаны, і змешчаны ён у параграфе з красамоўнай назвай “Пачатак барацьбы з Масквой”. Аўтар адзначыў, што ў тую пару “на працягу 40 гадоў Вялікае Княства Літоўскае вяло няспынную вайну з Масквой”, і лаканічна вызначыў значэнне перамогі 1514 г.: “страшнае паражэнне” масквічоў ад князя Астрожскага “зрабіла іх больш уступлівымі”.

У 1930-х гадах палітычная сітуацыя ў СССР, аднак, радыкальна змянілася; па-іншаму сталі пісаць і гісторыю ў Мінску. Беларускія гісторыкі нацыянальнай арыентацыі апынуліся пад рэпрэсіямі, а патрыятычны выклад гісторыі Беларусі катэгарызаваўся як “буржуазны нацыяналізм” і “антысавецкая прапаганда”. І першы ж падручнік па гісторыі Беларусі Васіля Шчарбакова, напісаны з бальшавіцкіх пазіцый, не змясціў ніякай згадкі пра славутую бітву. З усталяваннем культу Сталіна пра яе ў Беларусі ўжо ніхто не мог напісаць. Толькі ў часе ІІ сусветнай вайны ў Мінску выйшаў папулярны нарыс беларускай гісторыі Язэпа Найдзюка, у якім расказвалася і пра перамогу гетмана Астрожскага над маскоўцамі. Гэтая папулярная кніга, выкарыстанне якой было абмежавана тэрыторыяй і перыядам нямецкай акупацыі, пасля вайны апынулася ў “спецхранах” ды, як і кнігі Ластоўскага ці Ігнатоўскага, да перабудовы і распаду СССР заставалася таксама невядомай шырокаму грамадству.

Пасля перамогі СССР у вайне з фашысцкай Нямеччынай магчымасці інтэрпрэтацыі айчыннай гісторыі яшчэ больш звузіліся. У 1948 г. у Мінску Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ разам з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук БССР падрыхтавалі і апублікавалі “Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”, у якіх выкладалася квінтэсэнцыя “марксісцка-ленінскага разумення” гісторыі Беларусі. Знамянальна, што да “наиболее антинаучных и вредных концепций” гэтая важная партыйная брашура аднесла не толькі “лживое отрицание общности исторического происхождения и общности исторических судеб русского, украинского и белорусского народов”, але і “отрицание постоянного стремления белорусского народа к единству с русским народом”. Вось жа, гэтыя “Тэзісы” і сталі ідэалагічнай асновай напісання савецкіх абагульняючых выданняў і падручнікаў па гісторыі Беларусі, падобных адзін да аднаго як дзве кроплі вады. Усе яны, зразумела, абыходзілі не толькі сюжэт бітвы пад Оршай, але і саму тэму шматлікіх войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Сапраўды, савецкая гістарычная навука зрабіла ўсё, каб людзі забыліся пра Аршанскую бітву.

Толькі распад Савецкага Саюзу ўмажлівіў радыкальны адыход ад савецкай масквацэнтрычнай канцэпцыі гісторыі краю. З абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь перад гістарыяграфіяй незалежнай дзяржавы паўстала задача абвяржэння вялікадзяржаўных расійскіх ды польскіх міфаў і стварэння сваёй канцэпцыі гісторыі, якая спрыяла б умацаванню беларускай ідэнтычнасці. Распрацоўка нацыянальнай візіі мінулага непазбежна звязана са стварэннем нацыянальных міфаў - маркераў, якія аддзялялі б карэнную нацыю ад іншых. “Узаконьванне” новых нацыянальных дзяржаў і іх гісторый заўжды патрабавала новай інтэрпрэтацыі мінулага. Пераінтэрпрэтацыя мінулага неабходна для сцверджання сваёй калектыўнай ідэнтычнасці, выключэння з яе іншых, аддзялення ад іх. У недалёкім мінулым метады міфалагізацыі гісторыі з мэтай мабілізацыі масаў ды іх кансалідацыі вакол нацыянальнай ідэі выкарыстоўваліся і ў Расіі, Польшчы ды Літве. У беларусаў, найбольш запозненых у нацыянальным развіцці, патрэба гераізацыі гісторыі і гістарызацыі ўласнага грамадска-палітычнага жыцця была асабліва вострай. У гэтай сувязі імкненне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі да стварэння міфаў, якія задавальнялі б патрэбы развіцця дзяржавы і нацыі, можна лічыць з’явай тыповай і характэрнай.

Адным з найбольш эфектыўных спосабаў абуджэння нацыянальнай свядомасці заўжды было акцэнтаванне канфліктаў з “іншымі”, гістарычных прыкладаў адпору захопнікам і асімілятарам. І паколькі Вялікаму Княству Літоўскаму, якое ў новай беларускай гістарыяграфіі стала “сваім”, давялося найбольш ваяваць з Маскоўскай дзяржавай, канфлікты з Расіяй занялі асаблівае месца на старонках гістарычных выданняў незалежнай Беларусі. У тым кантэксце бітва пад Оршай мела ўсе шансы стаць цэнтральным сюжэтам гісторыі супрацьстаяння Беларусі і Расіі - і яна стала ім.

Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі

У школьных падручніках па гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь упершыню даўняя палітыка Масквы ў дачыненні да Беларусі была названа “адкрытай агрэсіяй”, а войнам пачатку ХVІ ст. прысвячаўся асобны параграф, красамоўна названы “Абаронай незалежнасці” (гл. дапаможнік П.Лойкі). Галоўнае месца ў ім атрымала бітва 1514 г., ацэненая як “вялікая перамога” воінаў, што “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Вучням прапаноўваўся і фрагмент песні ХVІ ст., якая ўслаўляла князя Астрожскага, так што разам “аршанскі” эпізод заняў каля дзвюх старонак падручніка! Паказальна, што і ў акадэмічнай гістарыяграфіі Беларусі пачатку 1990-х гадоў, што ўзяла на сябе і нацыянальна-асветніцкія задачы, выкладаліся тыя ж погляды на беларуска-расійскія адносіны ХVІ ст. У першай акадэмічнай сінтэзе, створанай у Беларусі пасля распаду СССР (1994), бітва пад Оршай трактавалася з тых жа пазіцый і з такім жа патрыятычным пафасам, як у цытаваным вышэй школьным падручніку.

Хоць спецыяльнага манаграфічнага даследавання Аршанскай бітвы ў Мінску не з’явілася, беларускія гісторыкі ў першыя гады незалежнасці выступілі з дзесяткам навукова-папулярных публікацый у выглядзе артыкулаў і брашур, у якіх вызначылася даволі звязная нацыянальная трактоўка падзеі.

Зразумела, у інтэрпрэтацыі беларускіх аўтараў акцэнтаваліся тыя моманты, якія дазвалялі максімальна звязаць бітву з беларускай гісторыяй, так бы мовіць, “прыватызаваць” яе. Перш за ўсё ў іх падкрэсліваліся: абарончы характар бітвы (1), значная або нават пераважальная прысутнасць беларусаў у арміі Астрожскага (2), ашаламляльнасць (грандыёзнасць) разгрому непрыяцеля (3), станоўчае ўспрыманне перамогі ў Беларусі і добрая памяць пра яе (4), урэшце - вялікае палітычнае і гістарычнае значэнне бітвы (5).

1. Абарончы, а значыць справядлівы характар бітвы заняў ключавую ролю ў беларускім гістарычным наратыве. Яна расцэньвалася як “вялікая перамога” беларускіх і літоўскіх воінаў, якія “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Пафас абароны айчыны аднолькава характарызаваў як публіцыстычныя, так і навуковыя публікацыі. Патрыятызм воінаў Астрожскага, якія выйшлі абараняць “сваю зямлю ад спусташэння маскоўскіх войскаў”, шэраг аўтараў называлі адным з фактараў іх перавагі ў няроўным міжбоі.

2. Адносна колькасці абедзьвюх армій беларускія гісторыкі прынялі дадзеныя хронік, прызнаваныя звычайна і ў расійскай гістарыяграфіі: маскоўскія сілы налічвалі каля 80 тыс., тады як войска Астрожскага - не больш за 30 - 35 тыс. Важна было падкрэсліць значную прысутнасць у ім беларусаў, аднак крыніцы сведчаць, што больш за палову апошняга маглі складаць палякі, а сілы ВКЛ прадстаўляла шляхецкае рушанне ўсіх земляў гэтай дзяржавы. Таму некаторыя даследчыкі апускалі пытанне этнічнага складу арміі Астрожскага, іншыя імкнуліся ўзмацніць беларускі элемент ускоснымі аргументамі: напрыклад, выказвалася гіпотэза, што колькасць польскіх аддзелаў магла не перавышаць 4 тыс. Патрэбны эфект давала таксама растаноўка адпаведных акцэнтаў пры апісанні бітвы, у якім галоўная роля адводзілася беларуска-літоўскай конніцы, тады як на польскую звярталася мала ўвагі, або адзначаліся даволі сімвалічныя рэчы: маўляў, прамова князя Астрожскага, звернутая да арміі перад бітвай, была “сказаная па-беларуску”. Толькі зрэдку адкрыта гаварылася пра “праваслаўных беларусаў”, якія складалі большасць пераможнага войска пад Оршай. Зразумела, праваслаўнае веравызнанне і гетмана, і часткі яго арміі стала істотным момантам беларускага наратыву, бо ён прынцыпова пярэчыў канцэпцыі “адзінай веры” як падставе “адзінага рускага народа”.

Урэшце, яшчэ адзін аргумент, які фіксаваў сувязь арміі Астрожскага з сучаснай Беларуссю, быў знойдзены на славутай карціне невядомага мастака “Бітва пад Оршай”: вымпелы на дзідах воінаў мелі такое ж спалучэнне колераў, як беларускі нацыянальны сцяг, і былі названы “прадвеснікамі нашага гістарычнага бела-чырвона-белага сцяга”.

3. Факт разгрому вялікай арміі захопнікаў значна меншай колькасцю абаронцаў быў, зразумела, выйгрышным для нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі. Таму беларускія гісторыкі падкрэслівалі грандыёзны характар разгрому непрыяцеля, часам прыводзячы з летапісаў яўна завышаныя дадзеныя пра колькасць забітых і палонных маскавітаў. Ускосна маштаб перамогі і слава Астрожскага мусілі адцяняцца тым, што пра яе “даведалася ўся Еўропа”, і што яна была ўключана ў хрэстаматыі па ваеннай гісторыі.

4. З пункту гледжання беларускіх гісторыкаў, пра станоўчае ўспрыманне перамогі над маскоўскай арміяй сведчылі народная песня аб бітве, пахвала князю Астрожскаму ў беларуска-літоўскім летапісе (праваслаўны летапісец дзякаваў гетману за тое, што “яго справаю... маскоўскага ворага пабілі...”), урэшце - памяць пра сечу, зафіксаваная ў карэспандэнцыі ХVІ ст., у якой у гераічным кантэксце нярэдка згадвалася “вялікая бітва Аршанская”. Гістарычная беларуская песня “Слава Воршы ўжо ня горша”, паходжанне якой у сапраўднасці невядомае, прыводзілася ў публікацыях пра бітву настолькі часта, што пра гэты твор даведалася найшырэйшая аўдыторыя, і ён стаў выконвацца ў бардаўскім і харавым выкананні.

5. Гаворачы пра значэнне бітвы, беларускія гісторыкі найчасцей бачылі яго ў блізкай перспектыве - у тым, што яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць ад яе гарады Усходняй Беларусі (Мсціслаў, Крычаў і Дуброўну). Іншымі словамі, яна хоць ненадоўга, але ўберагла Беларусь ад спусташэнняў маскоўскай арміі. Радзей адзначалася і стратэгічнае значэнне падзеі: што яна паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага саюзу Габсбургаў з Масквою, скіраванага супраць дынастыі Ягайлавічаў, дзякуючы чаму сарваліся планы антыягелонскай кааліцыі па перакройванню дзяржаўных межаў Усходняй Еўропы. Некаторыя аўтары лічылі магчымым надаваць бітве яшчэ большае значэнне, сцвярджаючы, што перамогай Астрожскага пад Оршай “быў абаронены суверэнітэт дзяржавы”, г.зн. Вялікага Княства Літоўскага.

Адкрытая гісторыкамі для шырокай грамадскасці бітва пад Оршай стала адной з самых папулярных тэм перыядычнага друку. Вызваліўшыся ад савецкай сістэмы, якая навязліва пераконвала, што Беларусь - усяго толькі частка Расіі, беларусы ўспрынялі пераможную бітву 1514 г. як сатысфакцыю, убачылі ў ёй найважнейшы эпізод узаемаадносін з Расіяй. У сталіцы суверэннай Беларусі ў 1992 - 1994 гадах як у незалежных, так і ў дзяржаўных перыядычных выданнях, бітва адназначна ацэньвалася як “славутая старонка беларускай вайсковай гісторыі”, называлася “слаўнай перамогай продкаў над войскамі маскоўскіх захопнікаў”, з ёй звязваўся лёс Беларусі - бо яна надоўга ўратавала край ад уключэння ў склад Расіі і асіміляцыі. Перамога пад Оршай ацэньвалася і ў культурным вымярэнні. Пісалася, напрыклад, што калі б Канстанцін Астрожскі тады не спыніў наступ Масквы, то і першадрукар Францішак Скарына “наўрад ці змог бы вярнуцца на Радзіму ды распаўсюджваць свае выданні на Беларусі”.

Наогул, у першай палове 1990-х гадоў пра Аршанскую бітву ў Беларусі пісалі непараўнальна больш, чым пра якую іншую падзею даўняй гісторыі краіны. Падлікі паказваюць, што з 1992 г. колькасць публікацый пра бітву ў перыядычным друку кожны год падвойвалася і ў 1994 г. перасягнула 40 артыкулаў і зацемак. На жаль, ужо праз год, пасля ўсталявання прэзідэнцкай улады Лукашэнкі, імклівы рост колькасці такіх публікацый быў рэзка абарваны.

Невыпадкова дзень Аршанскай бітвы быў абраны для мерапрыемства вялікага грамадска-палітычнага значэння. Калі ў 1992 г. парламент Беларусі прыняў закон аб стварэнні беларускага войска, то былое савецкае афіцэрства байкатавала прысягу на вернасць Беларусі, апраўдваючы сваю пазіцыю тым, што прысяга даецца адзін раз, а яны, маўляў, прысягнулі Савецкаму Саюзу. І тады менавіта 8 верасня тысячы патрыятычна настроеных афіцэраў запаса сабраліся ў цэнтры Мінска на Плошчы Незалежнасці і распісаліся на прысяжных лістах - на вернасць Беларусі. Гэтае мерыпрыемства і стала першым адзначэннем дня Аршанскай перамогі як “Дня беларускай вайсковай славы”.

Інтэрпрэтацыя бітвы як сутыкненне беларускай і (заходне)рускай ідэтычнасцяў

На пачатак 1990-х гадоў насельніцтва Беларусі аказалася настолькі русіфікаваным і саветызаваным, што нацыянальная гісторыя не магла кансалідаваць яго. Антырасійскія выступленні беларускіх палітыкаў і асабліва публічнае святкаванне бітвы пад Оршай выклікалі вострую рэакцыю прарасійскай часткі грамадства, якая ўсё гучней пратэставала са старонак газет. Сярод тых, хто выступаў супраць, амаль не было гісторыкаў, і публікацыі прарасійскага лагера былі пераважна павярхоўнымі, фальсіфікатарскімі, затое не дапускалі ніякага дыялогу з апанентамі. Іх рыторыка характарызавала тыповую савецкую ідэнтычнасць. Аўтары часта адкрыта прадстаўляліся патрыётамі Савецкага Саюзу, гарачымі прыхільнікамі “адзінай дзяржавы” і “славянскага брацтва”. Яны прызнаваліся, што глядзяць на гісторыю праз прызму “борьбы за воссоединение исконно русских земель и русского народа”, што лічаць “неизбежным воссоединение в единое государство” рускага і беларускага народаў, а распад СССР называлі “трагедыяй”. У газетных артыкулах такіх аўтараў словы “дэмакраты” і “нацыяналісты” выкарыстоўваліся як сінонімы і ў аднолькава адмоўным значэнні.

Імкненне нацыянальна-дэмакратычных колаў публічна адзначаць угодкі Аршанскай бітвы выклікала палітычныя жарсці, якія асабліва разгарэліся на другі год пасля першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы. Кебічаў урад Рэспублікі Беларусь выступіў са спецыяльнай заявай, у якой назваў “сомнительной... трактовку битвы под Оршей” як дня беларускай вайсковай славы і паспяшаўся “решительно отмежеваться от антирусских и антироссийских лозунгов”. Такая заява ўраду, які ўзяўся задаваць трактоўку гістарычнай падзеі і стаў на прарасійскія пазіцыі, выклікала пратэсты многіх патрыётаў. Агульны настрой нацыянальна-дэмакратычнай часткі грамадства адлюстравала “Народная газета” - выданне тады яшчэ дэмакратычна абранага парламента: “Абурацца тым, што беларусы ўшаноўваюць памяць мужных продкаў... можна толькі з пазіцый імперскага, вялікадзяржаўнага менталітэту, адмаўляючы беларускай нацыі ў праве на сваю гісторыю, сваю годнасць, на ідэалы незалежнасці”.

Пра вастрыню і маштаб грамадска-палітычнага напружання сведчыла размова мінскага карэспандэнта “Правды” з дзяржаўным сакратаром Рэспублікі Беларусь па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспекі Г.Данілавым, апублікаваная як грознае папярэджанне ў галоўнай газеце савецкіх камуністаў за дзень да мерапрыемстваў у Мінску ў 1993 г. Сама ідэя святкавання Дня беларускай вайсковай славы была названа ў ёй “крупномаштабной политической провокацией”, спробай “правых буржуазно-националистических партий (?! - Г.С.) дестабилизировать обстановку в республике”, “вбить клин между белорусским и русским народами”. Высокі чыноўнік беларускага ўраду завяраў Маскву ў тым, што ўрадам “приняты меры для пресечения националистической акции 8 сентября”, а карэспандэнт “Правды” супакойваў расійскіх камуністаў, маўляў, “против России у нас, в Беларуси, только отъявленные национал-выродки”, а таксама тыя, “кто поддерживает Ельцина”, які “разваліў СССР”.

Кіруючыся расійскай (=савецкай) гістарычнай свядомасцю, тыя, хто катэгарычна пратэставаў супраць ініцыятывы святкавання Дня беларускай вайсковай славы (у газетах сярод такіх фігуравалі ветэраны вайны, Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Асацыяцыя воінаў-інтэрнацыяналістаў і Саюз афіцэраў Беларусі), называлі Аршанскую бітву “братазабойчай”, “эпізодам унутрырускай міжусобіцы”, а ўсіх, хто збіраўся святкаваць дзень 8 верасня - “антынацыянальнымі групоўкамі, што служаць Захаду”, выключаючы іх са складу “беларускага народа” бо, маўляў, “беларускі народ і яго прэзідэнт адназначна выказаліся за ўз’яднанне з Расіяй”. І хоць арганізатары мерапрыемства ўстрымліваліся ад антырускіх выказванняў ды публічна падкрэслівалі, што святкаванне дня Аршанскай бітвы “не закранае цяперашніх адносін паміж Беларуссю і Расіяй, якія павінны быць добрасуседскімі і дружалюбнымі на роўнай аснове”, у якасці іх галоўнай віны пастаянна выстаўлялі менавіта антырускасць і жаданне сапсаваць адносіны з Расіяй.

Так у грамадска-палітычным дыскурсе даўняя бітва пад Оршай была адразу ўлучана ў лік праблемаў, звязаных з суверэнітэтам Рэспублікі Беларусь, з барацьбой за незалежнасць дзяржавы. Права на памяць пра Оршу ў нацынанальна арыентаванай грамадскасці адназначна атаясамлялася з годнасцю, са свабодай, з правам быць сабой, аднак урад дырэктыўна вызначыў народу іншае разуменне “гістарычнай праўды”. “Ці будзем мы звацца беларусамі, калі з лёгкасцю выкінем з сваёй памяці яшчэ і перамогу пад Оршай?” - звярталіся да суайчыннікаў грамадзяне, абураныя пазіцыяй ураду. Яшчэ больш абурыла грамадзян Беларусі пазіцыя абранага ў 1994 г. прэзідэнтам А. Лукашэнкі, які, выступаючы ў расійскім тэлебачанні, адразу заявіў, што беларускі народ “марыць пра ўз’яднанне” з Расіяй. Успамінаючы Оршу, гісторыкі і грамадскія дзеячы заклікалі абараняць суверэнітэт Беларусі ў канцы ХХ ст. “Няхай пераможная слава нашых продкаў... змагароў за незалежнасць Бацькаўшчыны надасць нам сілы”, - звярталіся яны да людзей на мітынгах, і папулярызуючы гісторыю, выбіралі тых славутых землякоў, “для якіх справай жыцця была барацьба за суверэнітэт і незалежнасць Беларусі” і праўду пра якіх доўга хавалі “падручнікі, напісаныя пад дыктоўку суслаўска-брэжнеўскіх ідэолагаў”.

Рэвізія падручнікаў і “новая” ідэалагічная інтэрпрэтацыя падзеі

Пасля ўсталявання ў Беларусі прэзідэнцкай улады і змены дзяржаўнай палітыкі гістарычная навука і адукацыя пераводзіліся пад асаблівы ідэалагічны кантроль. У 1995 г. прэзідэнт А.Лукашэнка прыняў рашэнне выключыць з навучальнага працэсу падручнікі і дапаможнікі па гісторыі, выдадзеныя пасля абвяшчэння суверэнітэта (першыя незалежніцкія), а кантраляваць змест навучальнай літаратуры па гісторыі даручыў спецыяльна створанай дзяржаўнай камісіі. Інтэрпрэтацыю гісторыі Беларусі сталі падладжваць пад дзяржаўную ідэалогію, а фактычна - пад палітыку прэзідэнта. У афіцыйных выданнях Беларусі ранейшыя патрыятычныя трактоўкі Аршанскай перамогі не дапускаліся. Адным з апошніх прыкладаў публікацыі з патрыятычным трактаваннем перамогі стаў артыкул Анатоля Грыцкевіча ў “Беларускай Энцыклапедыі” ў 1996 г., у якім захавалася асноўная інфармацыя пра колькасць войска з абодвух бакоў, апісанне бітвы і яе вынікаў, але ранейшае акцэнтаванне беларуска-расійскага канфлікту ўжо было знята.

Асаблівая ўвага ідэалагічных службаў надавалася школьным падручнікам. Паказальным можна лічыць першы універсітэцкі падручнік, напісаны ў адпаведнасці з прэзідэнцкім курсам на “саюзную дзяржаву” - сумнавядомы двухтомнік пад рэдакцыяй Новіка і Марцуля (1998). Бітву пад Оршай яго аўтары згадалі літаральна адным радком - не назваўшы ні гетмана Астрожскага, ні канкрэтнага месца бітвы, ні маштабу і складу армій, ні тым больш не сказаўшы пра значэнне перамогі і яе гістарычнае рэха.

У перыядычным друку прэзідэнцкай Беларусі мясцовыя апалагеты адвечнай дружбы з Расіяй разгарнулі кампанію сапраўднага шальмавання беларускіх гісторыкаў. У сваіх інтэрпрэтацыях бітвы пад Оршай ў асноўным паўтаралі аргументы расійскіх аўтараў, але пры гэтым спрашчалі іх і нярэдка даводзілі да абсурду. Асновай іхнай інтэрпрэтацыі бітвы з’яўлялася канцэпцыя “трыадзінарускасці” ў мадэрнізаванай версіі: межы “рускага” народа вызначала праваслаўе! Таму, сцвярджаў, напрыклад, Я.Трашчанок, войны Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ-ХVІІ стст. “нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам”, усё гэта - “злонамеренная фальсификация”. Як у царскай Расіі, усё ўсходняе славянства называлася “адзіным рускім народам”, у святле чаго экспансія Маскоўскай дзяржавы падаецца справядлівай барацьбой за “уз’яднанне” захопленых зямель Русі ў адной дзяржаве. У гэтым плане паказальнымі сталі публікацыі М.Амбражэвіча - супрацоўніка Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта, якія па стылю нагадваюць палітычную агітку мінулай эпохі. Для яго, як і для яго расійскіх калег, няма сумнення ў тым, што ў Беларусі ХVІ ст. не маскоўскія ратнікі, а палякі “были окупантами”, “жгли и грабили”, расійскае ж войска “приходило на земли, где жили единокровные братья и единоверцы, которые рано или поздно (падкрэслена мной - Г.С.), но вернутся в общее государство”. Не дзіўна, што пры такім падыходзе апісанне бітвы ў Амбражэвіча больш чым адвольнае. “Рускай арміі”, якая вяла справядлівую вайну, пад Оршай супрацьстаяла амаль такое ж па колькасці “польска-літоўскае войска”, але рускія страцілі ў бітве няшмат, у Астрожскага ж, наадварот, загінула 85 працэнтаў воінаў. Таму, маўляў, каб кампенсаваць горыч ад няўдачы, польскі кароль і Ватыкан распаўсюдзілі па Еўропе раздзьмутыя чуткі пра перамогу. Так у публікацыях Адміністрацыі прэзідэнта дайшло да адмаўлення нават факту разгрома маскоўскай арміі пад Оршай! Гэтага не дазвалялі сабе і ў Расіі, дзе некаторыя гісторыкі ўсё ж прызнавалі значэнне перамогі Астрожскага.

Паколькі факт прысутнасці праваслаўнай беларускай шляхты ў харугвах Астрожскага, як і веравызнанне самога гетмана, прынцыпова пярэчаць канцэпцыі “адзінага рускага народа” і “барацьбе за ўз’яднанне ісконна рускіх зямель”, то адным з галоўных прыёмаў прарасійскай інтэрпрэтацыі бітвы і яе выкрэслівання з гісторыі Беларусі стала сцверджанне, быццам армію Астрожскага ні ў якай меры нельга лічыць беларускай. Маўляў, яе складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы - калі і былі, дык “паднявольныя”, “мабілізаваныя насільна”. Бедных беларускіх мужыкоў “польска-літоўскія афіцэры кінулі на верную смерць супраць рускіх братоў”, выкарыстаўшы іх “як пушачнае мяса”. Тое, што сам гетман быў праваслаўны, замоўчвалася, а ў некаторых публікацыях ён свядома называўся “літоўскім” князем. Падобныя аргументы маглі ўплываць хіба толькі на зусім неадукаваных чытачоў, якія не ведалі, напрыклад, што паспалітае рушэнне (апалчэнне) Вялікага Княства Літоўскага складала шляхта, а яна проста не бывала “паднявольнай”. Незалежна ад этнічнага паходжання, шляхта лічыла гэтую дзяржаву сваёй і абараняла яе.

Да агульных месцаў такой трактоўкі бітвы належыць і сцверджанне, быццам паражэнне арміі Васіля ІІІ пад Оршай “ніяк не змяніла вынікаў вайны”, а перамога Астрожскага не мела для Беларусі ніякага значэння, таму яна і не заслугоўвае памяці. Фальшывасць гэтага тэзіса відавочная, калі згадаць, што ў ХVІ ст. продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў знаходзілі падставы не толькі помніць пра бітву, але і называлі яе “вялікай” ды ўслаўлялі за перамогу князя Астрожскага. У Вялікім Княстве Літоўскім у эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквой азначэнне “Вялікая бітва” стала сімвалічным, падобна як у Венгрыі ў ХVІІ ст. бітва пад Махачам зрабілася метафарай для трагічных падзей нацыянальнай гісторыі.

Бітва як адзін з сімвалаў сучаснага беларускага супраціву

У другой палове 1990-х гадоў, калі прэзідэнт і яго ўрад вызначылі, як беларусы мусяць разумець айчынную гісторыю, інфармацыя пра бітву пад Оршай падавалася вельмі асцярожна і дазавана. Сярэднестатыстычны беларус нідзе не мог натрапіць на ранейшыя патрыятычныя трактоўкі, а часцей наогул не мог пра яе нічога пачуць. Падзея аказалася быццам выкрасленай з гісторыі краіны. Вось тады асаблівае сімвалічнае значэнне набыло месца Аршанскай бітвы.

Поле крывавай сечы як важнае месца памяці было “адкрыта” яшчэ пры савецкай уладзе, пасля першых публікацый пра бітву. Угодкі славутай перамогі ўпершыню адзначаліся ў 1990 г., калі рэдакцыя апазіцыйнай газеты “Свабода” разам з патрыятычнай грамадскасцю Оршы адсвяткавала там дзень 8 верасня. Удзельнікі гэтага мерапрыемства паставілі вялікі шасціканцовы крыж на месцы бітвы - над абмялеўшай рачулкай Крапіўнай. У верасні 1994 г., калі нацыянальна-дэмакратычная грамадскасць адзначала 480-годдзе бітвы, адбыліся масавыя ўрачыстасці і на месцы сечы пад Оршай. На пабаявішчы ў гонар перамогі з’явіўся памятны знак, а пра загінулых нагадваў пастаўлены крыж. Патрыятычная грамадскасць спрабавала пабудаваць тут і каплічку памяці ўсіх, хто загінуў, аднак улады не дазволілі. У тым жа годзе моладзь з розных гарадоў Беларусі арганізавала пешаходную вандроўку “шляхам войска гетмана Астрожскага”, каб пабыць ля дарагіх рэліквіяў. З гэтага часу на месцы Аршанскай бітвы штогод стаў ладзіцца фэст, прысвечаны Дню беларускай вайсковай славы, які збірае мноства моладзі.

Паступова адзначаць перамогу 1514 г. на месцы сечы стала традыцыяй, а поле бітвы пад Оршай зрабілася сімвалічным, яму надавалася нават сакральнае значэнне. Свята на тым месцы атрымліваецца само сабой, стыхійна. Кожны год у першыя выходныя верасня з’язджаюцца на поле пры ўпадзенні ракі Крапіўны ў Дняпро сотні, а часам нават тысячы беларускіх патрыётаў, каб агледзець месца слаўнай падзеі, сустрэцца з аднадумцамі і проста адпачыць на вольным паветры. Нягледзячы на фільтры ідэалагічнай цэнзуры ў афіцыйным друку, інфармацыя пра даўнюю бітву і дзень яе ўшанавання ўсё роўна пашыраецца, і найперш праз Інтэрнэт, сярод студэнцкай моладзі. Вось, напрыклад, як адзін з удзельнікаў Аршанскага фэсту апісаў сутнасць гэтага свята сваім калегам на студэнцкім форуме, каб запрасіць іх жа ўдзелу ў 2003 г.: “У гэты дзень (8 верасня) адзначаецца Дзень беларусай вайсковай славы. У гэты дзень беларусы пагналі маскалёў з нашай зямлі. А 23 лютага - гэта савецкае свята, якое да нас ня мае дачынення. ...8 верасня штогод усе жадаючыя з’язджаюцца з намётамі на поле, дзе адбывалася тая знакамітая бойка, каб ушанаваць памяць загінулых і адзначыць свята перамогі. … Паўсюль шмат намётаў, вогнішчы, рыцарскія бойкі, вядомыя барды з гітарамі, мастакі, пісьменнікі, паэты і іншыя знакамітыя людзі... Танцы, дыскатэка, конкурсы...”. А вось як тлумачыцца значэнне дня 8 верасня на інтэрнет-старонцы агульнабеларускай маладзёвай арганізацыі супраціву “Зубр”: “У гэты дзень у 1514 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім пад Оршай разбілі ўтрая большае войска Маскоўскай дзяржавы. Гэтая бітва засталася ў гісторыі як адна з найбуйнейшых у Еўропе ХVІ стагоддзя. Пасля паразы царскіх ваяводаў на рэчцы Крапіўна амаль усе захопленыя імі гарады былі вызваленыя. Аршанская бітва з’яўляецца адной з самых значных перамог у барацьбе за Незалежнасць беларускай дзяржавы”.

У 2004 г., нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, на свята пад Оршу з’ехалася каля 400 маладых удзельнікаў з усёй Беларусі. Як звычайна, мерапрыемствы пачаліся каля Памятнага крыжа, дзе уніяцкі святар адслужыў імшу па ўсіх загінулых, а потым каля вогнішчаў доўга працягваўся канцэрт беларускай песні. У гонар правядзення фестывалю беларускай аўтарскай песні “Аршанская бітва-2004” у Оршы планавалася адкрыццё выставы мінскага мастацкага аб’яднання “Пагоня”, якое прысвяціла бітве шэраг карцін і падрыхтавала праект скульптурнага помніка гетману Канстанціну Астрожскаму, аднак улады не дазволілі адкрываць гэтую выставу ні ў Мінску, ні ў Оршы. У наступныя гады свята на Крапівенскім полі зноў збірала сотні маладых людзей, у якіх з’явіўся план да 500-годдзя падзеі узвесці на месцы бітвы адпаведны мемарыяльны знак.

Так, насуперак пазіцыі афіцыйных уладаў, і памяць пра дзень 8 верасня, і шанаванне месца Аршанскай бітвы зрабіліся часткай новай традыцыі постсавецкай Беларусі. Пра бітву сталі складацца вершы, барды прысвячалі ёй песні, мастакі - карціны і скульптуры, а грамадскія арганізацыі праводзілі гістарычныя конкурсы, прысвечаныя ўгодкам славутай бітвы. Дэталі даўняй падзеі ўжо мала каго цікавяць: яна набыла значэнне сімвала! Сімвала сучаснага беларускага патрыятызму, і найперш - непакорнасці Беларусі перад Расіяй, абароны яе суверэнітэта.

У тым, што сеча пад Оршай, а не, прыкладам, бітва 1410 г. пад Грунвальдам, стараннямі гісторыкаў і публіцыстаў заняла ключавое месца ў фармаванні сучаснай беларускай ідэнтычнасці, бачыцца вялікі сэнс. У адрозненне ад пачынальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія не ставілі перад сабой праблемы цывілізацыйнага выбару Беларусі “паміж Усходам і Захадам”, сучасныя беларускія гісторыкі, здаецца, усведамлялі важнасць падобнай альтэрнатывы. Можна сказаць, што нацыянальная міфалагізацыя беларускай гісторыі ў канцы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя адбывалася адназначна ў заходнім, праеўрапейскім накірунку. Змену вектара заўважыў і нямецкі гісторык Р.Лінднер, які падкрэсліў, што гісторыкі Беларусі і Расіі глядзяць у розных кірунках і ў гэтым плане не маюць нічога супольнага. Магчыма, выявілася і рэакцыя на працяглы вопыт жорсткага падпарадкавання масквацэнтрычнай дактрыне савецкага гістарыяпісання. У кожным разе, практычна адразу пасля распаду СССР на пытанне “хто такія беларусы?” беларускія і расійскія гісторыкі адказвалі не проста па-рознаму, а ўзаемавыключальна, і найлепшым прыкладам такой узаемавыключальнасці сталі іх трактоўкі бітвы пад Оршай. Для першых бітва 1514 г. была і засталася “святой бітвай за Бацькаўшчыну”, а для другіх - “эпізодам унутрырускай міжусобіцы”.

Крыніца: "Беларускі Калегіюм"

Даследаванні і навучальныя выданні:
Абэцэдарскі Л.С., Баранава М.П., Паўлава Н.Г. Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Мінск, 1974.
Амбражевич Н. Оршанская битва 1514 г.: военно-исторический аспект. Минск, 2003.
Астахов М.В. и др. Хронология российской истории с древнейших времен до середины ХVIII в. Самара, 1998.
Волков В.А. Войны Московской Руси конца XV-XVI вв. Москва, 2001.
Гісторыя Беларускай ССР. У 5 тамах. Т. 1. Мінск, 1972.
Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Частка 1. Ад старажытных часоў - па люты 1917 г. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998.
Довнар-Запольский М. История Беларуси. Минск, 2003.
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 1919 (5 выд. 1992).
Иловайский Д. Краткие очерки русской истории. Москва, 1875.
История Белорусской ССР. Под ред. В.Н. Перцева. Т. 1. Минск, 1954.
История Белорусской ССР. Т. 1. Под ред. Л.С. Абецедарского. Изд. 2. Минск, 1961.
История БССР. Учебное пособие для вузов. Под ред. Чепко В.В., Игнатенко А.П. Часть 1. Минск, 1981.
Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 2. Т. 7. Гл. 2. Москва, 1989.
Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Факсімільнае выданне арыгінала 1910 г. Мінск, 1993.
Лойка П. Гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік для 7 класа сярэдняй школы. Мінск, 1993.
Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 частках. Ч. 1. Гал. рэд. М.П. Касцюк. Мінск, 1994.
Пятецкий Л.М. История России для абитуриентов и старшеклассников. Изд. 3. Москва, 1996.
Ткаченко В.А. История России XIII-XVI вв. Московские великие и удельные князья и цари. Москва, 1998.
Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мінск, 1992.
Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Кн. 3. Т. 5. Гл. 2. Москва, 1989.
Тезисы об основных вопросах истории БССР. Часть 1. История белорусского народа до Великой Октябрьской революции / Известия АН БССР. №3. Минск, 1948.
Трещенок Я. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период. Могилев, 2003.
Шчарбакоў В.К. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934.

Газетныя і часопісныя публікацыі:
Василевич П. Оршанская битва: вчера, сегодня. Кому выгодно завтра? // Политика. Позиция. Прогноз. 1994. №4 (30).
Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8.
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. №6.
Грыцкевіч А. Ішла ў бой беларуская конніца // Народная газета. 1994, 7 жніўня.
Жданко В. Успомнілі бітву пад Оршай: адны з гонарам, другія - з праклёнам // Звязда. 1993, 9 верасня.
Заявление Правительства Республики Беларусь // Народная газета. 1993, 2 верасня. С. 1. Тое самае // Во славу Родины. 1993, 8 сентября.
Класкоўскі А. Як бы там ні было, але пад Оршай беларускі вой засланяў грудзьмі сваю Бацькаўшычу // Народная газета. 1993, 7 верасня.
Мікалайчанка А. На паклон крыжу на Крапівенскім полі // Наша слова. 1994. 21 верасня.
Милованов и др. Горькая победа под Оршей // Политика. Позиция. Прогноз. 1994. №4 (30).
Осинский И. Солдатушки, браво ребятушки, или о том, как историю превращают в место для политических ристалищ // Советская Белоруссия. 1994, 6 сентабря.
Плыткевіч С. “Не ўрады вызначаюць народам святы...” // Народная газета. 1993, 11 - 13 верасня. С. 1.
Снетков Д. Битва на реке Крапивна, или О сражении под Оршей в свидетельствах и документах // Советская Белоруссия. 1994, 27 августа. С. 3.
Степаненко О. Неймется генералам демократии (БНФ мечтает отпраздновать победу над русскими) // Правда. 1993, 7 сентября.

Аўтар: Г. Сагановіч

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291837950 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network