публикация №1291837116, версия для печати

Уплыў вайны на развіццё грамадства (820-я - 970-я гг.) на Беларусі


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291837116)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Ваенны фактар у палітычным развіцці грамадства
Ваенны фактар у эканамічным развіцці грамадства
Уплыў вайны на развіццё духоўнай культуры
Ваенны фактар у палітычным развіцці грамадства

Разглядаючы ролю вайны ў жыцці грамадства ў нарманскі перыяд, мы найперш мусім звярнуць увагу на тое, якія працэсы былі ў той час вызначальнымі для палітычнага, эканамічнага і духоўнага развіцця грамадства ў розных народаў на беларускіх землях. У палітычных адносінах найважнейшым працэсам было разлажэнне ваеннай дэмакратыі і нараджэнне дзяржавы як новага спосабу ўладкавання грамадства з уладай як галоўным элементам дзяржаўнай структуры. Прычым у гэтым працэсе на ролю найбольш верагоднага носьбіта ўлады прэтэндавала вайсковая знаць: князі з іх дружынамі. Невайсковая земская знаць, чыя сіла засноўвалася на традыцыйным аўтарытэце і асабістых сувязях з супляменнікамі, наадварот, прайгравала барацьбу за ўплыў на грамадства. Раней мы ўжо вызначыліся з тым, што пры ўсёй легендарнай афарбоўцы будзем лічыць сімвалічным момантам выдзялення ўлады як асобнай з'явы, адрознай ад ранейшых метадаў кіравання, уласцівых ваеннай дэмакратыі, закліканне крывічамі, славенамі і чуддзю Рурыка і яго дружыны на кіраванне ў 862 г. Цяпер мы мусім даць больш разгорнутыя тлумачэнні аб тым, чаму выдзяленне ўлады мы звязваем менавіта з нарманамі і што дало ім перавагу перад мясцовай дружыннай знаццю, чаму можам пачынаць адлік дзяржаўнасці на беларускіх землях з гэтай даты і якую ролю ў гэтых падзеях адыгрываў васнны чыннік гістарычнага працэсу.

Нам нашмат лягчэй будзе адказаць на гэтае пытанне, калі мы яшчэ раз зірнем на самую сутнасць улады і функцыі, якія яна выконвае спрадвечна і выконвала ў той час. Асноўнымі функцыямі ўлады былі абарона грамадства ад знешняй пагрозы і падтрыманне ўнутранага парадку. У абодвух выпадках улада непазбежна сустракалася з нейкім супрацівам сваім намерам звонку ці знутры і мусіла яго пераадольваць. Такім чынам, сама сутнасць уладнага працэсу, як і вайны, заключалася амаль у славутым клаўзевіцаўскім "прымусіць непрыяцеля выканаць нашу волю", з той толькі розніцай, што пры забеспячэнні ўнутранага парадку прымус накіроўваўся не на знешняга непрыяцеля, а на ўнутраныя грамадска небяспечныя ці проста дысідэнцкія элементы. Барацьба з апошнімі вынікала з таго, што, як і любы іншы інстытут, улада не абмяжоўвалася выкананнем грамадска карысных функцый, a набывала пэўную самадастатковасць і прадпрымала многія дзеянні дзеля захавання і развіцця сябе самой, хаця гэта часта ішло насуперак інтарэсам грамадства.

Побач з падобнай сутнасцю ўладнага працэсу, уладу з вайной радніла яшчэ і падабенства сродкаў дасягнення мэты. Неабходнасць пераадольваць знешняе ці ўнутранае супраціўленне рабіла асноўным незаменным і неабходным элементам улады магугнасць, што засноўвалася на моцы, якую забяспечыць магла толькі збройная сіла. Збройная сіла выкарыстоўвалася, каб адбіць варожы напад ці ў сваю чаргу напасці на суседнія народы і краіны, а таксама каб змусіць да падпарадкавання тых сяброў грамадства, дзеянні якіх уяўляюць сабой патэнцыйную небяспеку для іншых ці сваёй нязгодай выяўляюць пагрозу для існавання ўлады.

Зважаючы на гэта, цалкам зразумела, чаму зародкам дзяржаўнай улады стаў прафесійны вайсковы слой племяннога грамадства: дружына з князем. Дружына валодала збройнай сілай, якая забяспечвала магутнасць і магла прымусіць выканаць сваю волю. У гэтай пазіцыі дружыны быў толькі адзін слабы бок - той, чыя ўлада будавалася на збройнай сіле, непазбежна губляў яе на карысць таго, хто валодаў большай збройнай сілай і мог лепей выконваць вышэйзгаданыя функцыі. Для славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх дружын такім пагрозлівым канкурэнтам сталі нарманы.

Нарманы, якія ўжо ў VІIІ ст. увайшлі ў кантакт са славенамі і чуддзю, а ў IX ст. з крывічамі і іншымі славянскімі, а таксама балцкімі плямёнамі, прынеслі з сабой вялікую перавагу ў ваеннай справе. Яны мелі лепшае ўзбраенне, карысталіся эфектыўнейшай тактыкай бою і ў індывідуальнай баявой вывучцы значна пераўзыходзілі славян, балтаў і фіна-уграў. A ix досвед сутыкненняў з войскамі англійскіх і ірландскіх каралеўстваў, імперыі Каралінгаў і розных арабскіх дзяржаў быў проста непараўнальным у адносінах да мясцовых славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх дружын. Такі патэнцыял даваў нарманам цудоўную магчымасць узяць на сябе ўладныя функцыі сярод плямёнаў паміж Балтыкай і Чорным морам.

Але, як мы памятаем, першыя спробы нарманаў падпарадкаваць сабе мясцовыя плямёны скончыліся паражэннем, ці, дакладней кажучы, паражэннямі, бо працэс гэты быў хаатычным і нескаардынаваным. Ён таксама не значыў фіяска нарманскага ваеннага майстэрства. Прайграным было сутыкненне рэсурсаў, а не ваенных тэхналогій. Якім бы ўмельствам і выдатнай зброяй ні валодалі прыхадні з Поўначы, але пры абмежаванай колькасці яны былі няздольныя даць рады многім тысячам ваяроў з розных плямёнаў і многім тысячам кіламетраў тэрыторый з неспрыяльным кліматам. Утрымліваць бясконцыя абшары з варожым насельніцтвам, якое на стадыі ваеннай дэмакратыі было поўнасцю ўзброеным, было фізічна немагчыма. Тым не менш, паражэнне было паражэннем.

He адужаўшы падпарадкаваць грамадскую сістэму славян, балтаў і фіна-уграў, нарманы з вялікай для сябе (і, як убачым, для самой сістэмы) выгадай у гэтую сістэму ўпісаліся, на запрашэнне крывічоў, славен і чудзі камфортна заняўшы нішу вайскова-дружыннай знаці. He зламаўшы мясцовую традыцыю, яны здолелі значна яе ўзбагаціць і ўзмацніць. На лёзах сваіх мячоў і умбонах шчытоў нарманы неслі магутнасць, якая зрабіла іх уладай.

Але чаму нам варта лічыць за пачатак улады і дзяржаўнасці менавіта прыход нарманаў? Здавалася б, тыя самыя працэсы адбываліся і раней. Мясцовыя князі са сваімі дружынамі ў барацьбе з невайсковай знаццю ўпэўнена крочылі ад проста важкага ўплыву ў плямёнах да ўлады як такой. Чаму ж тады менавіта з'яўленне Рурыка адзначыла нейкі якасны скачок у развіцці грамадства? Адказ на гэтае пытанне дапамагае даць погляд на яшчэ адну неад'емную частку феномена ўлады: аддзеленасць ад асноўнай масы насельніцтва. Пэўная, хаця і не абсалютная аддзеленасць улады з'яўляецца неадменнай умовай яе існавання, бо прадастаўляе магчымасць для ўжывання знешняга прымусу як важнейшага метаду кіравання і забяспечвае дастатковую незаангажаванасць у інтарэсы розных грамадскіх груповак, каб эфектыўна ажыццяўляць паадтрыманне ўнутранага парадку. Вядома, і свая дружына, якая выйшла з нетраў самога славянскага ці балцкага племені, пачынала заўважна адасабляцца ад рэшты абшчыннікаў. Гэтаму спрыялі і нашмат цяснейшыя ўнутраныя сувязі паміж дружыннікамі, чым тыя, што лучылі іх з астатнім племенем, і своеасаблівая карпаратыўная культура, і фізічнае адасабленне на ўмацаваных гарадзішчах. Але якасны скачок адбыўся тады, калі нарманы прынеслі з сабой два ключавыя элементы адасаблення: тэрытарыяльны характар і надэтнічнасць. Нездарма сам тэрмін "русь", які абазначаў нарманскіх дружыннікаў, ужываўся найперш у сацыяльным сэнсе, а не этнічным. Гэта таксама служыла важкай гарантыяй больш непрадузятага выканання нарманамі ўнутраных функцый улады [174]. У дадатак заўважым, што такая надэтнічнасць улады і існаванне пануючага слою, значную частку якога складалі выхадцы з іншых этнічных фуп, былі не выключэннем, а агульнапрынятай справай у розныя часы ў многіх народаў.

Таму пры ўсёй умоўнасці летапісных звестак аб закліканні Рурыка і ўмоўнасці самой даты - 862 г., мы можам лічыць яе сімвалічным пачаткам дзяржаўнасці на беларускіх землях, а дакладней на той іх частцы, якая падпарадкоўвалася Рурыку. Той жа ананімны "муж", які быў накіраваны дацкім конунгам у Полацк, каб кіраваць княжаннем полацкіх крывічоў, можа лічыцца першым урадоўцам нашай гісторыі.

Яшчэ адным цікавым момантам ваеннай і палітычнай г історыі таго часу з'яўляецца пытанне аб самім механізме запрашэння Рурыка з дружынай і ягонага ўладкавання ва ўладзе. Зразумела, што гэты працэс мусіў сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі, хаця б па той прычыне, што ніколі ў сусветнай гісторыі не існавала недахопу жадаючых захапіць уладу ў свае рукі. Тым больш, што такі прыхадзень з-за мора, як Рурык, з'явіўся ў месцы, дзе ўжо існавала свая сацыяльная іерархія. He быўшы ў яе заангажаваным, ён меў лепшы патэнцыял, каб стаць бесстароннім суддзёй і правіцелем, але нашмат менш козыраў у барацьбе з мясцовымі прэтэндэнтамі на гэтую пазіцыю. У такім выпадку, кім жа ён быў запрошаны і якім чынам выйшаў пераможцам у змаганні з мясцовымі канкурэнтамі?

Выдатны расійскі гісторык І. Я. Фраянаў вырашае гэтае пытанне наступным чынам. Паводле ягонай думкі, Рурык быў запрошаны наўгародскімі славенамі для аказання ваеннай дапамогі ў барацьбе за панаванне ў славенскім племянным саюзе і над суседнімі саюзамі крывічоў і чудзі. Верагодна, яму спадарожнічаў поспех і ён вырашыў развіць яго захопам улады над сваімі, так бы мовіць, працадаўцамі. У ходзе перавароту Рурык перанішчыў наўгародскіх князёў і шмат знаці [175]. Рэшта славен прызнала Рурыка сваім законным князем, бо мысленне тых часоў прызнавала легітымнае права на ўладу за тым, хто здабыў яго, нанёсшы паражэнне сваім праціўнікам, і такім чынам карыстаўся ласкай вышэйшых сіл [176].

Са многімі з гэтых меркаванняў можна пагадзіцца. Цалкам магчыма, што Рурык сапраўды быў запрошаны як найміт для правядзення пэўнай ваеннай аперацыі, і гэтак жа магчыма, што пасля гэтага ён звярнуў свой погляд на магчымасць захопу ўлады. Але да гэтага моманту Рурык даўно не быў навіцыем у палітыцы. Ён мусіў разумець, што нават захапіўшы ўладу над славенамі, крывічамі і чуддзю, ён не здолеў бы яе ўтрымаць па тых самых прычынах, па якіх яе не ўтрымаў няшчасны Хвітсэрк і іншыя нарманы, якія пацярпелі няудачу ў заваёўніцкіх планах. Рурык меў шанцы на поспех толвкі ў выпадку значнай унутранай падтрымкі. 1 тут мы мусім зрабіць удакладненне. Звычайна славенскае (ладажскае ці наўгародскае) грамадства разглядаецца як адзінае цэлае. Між тым яно было падзеленае на розныя групоўкі, інтарэсы якіх маглі прама супярэчыць адны другім. Князь і дружына супрацьстаялі старой невайсковай знаці. Нягледзячы на паступовае паслабленне апошняй, абедзве групоўкі карысталіся значным уплывам і мелі шырокія сувязі сярод славенскага люду. У атмасферы нязгоды Рурык і мог знайсці сабе хаўруснікаў.

Для таго, каб знайсці групы, што сімпатызав'алі прадпрымальнаму дану, паспрабуем вызначыць, ад каго ж зыходзіла ініцыятыва запрашэння. Вядома, гэта не мог быць мясцовы князь з дружынай. Для яго запрашэнне чужынца для вядзення вайны значыла прызнанне ўласнай слабасці і няздольнасці выконваць свае абавязкі па абароне бяспекі саюзу плямёнаў. Да таго ж нарманскія найміты былі прамымі канкурэнтамі яго і ягонай дружыны адносна здабычы і славы. Таму, як здаецца, адзінай крыніцай запрашэння нарманаў магла быць невайсковая родавая знаць, вядомая як "нарочитая чадь" ці "старцы градские" [177]. Вось гэтыя старцы, трацячы свае пазіцыі ва ўнутраным супрацьстаянні з князем і дружынай, маглі звярнуцца да Рурыка па ваенную дапамогу, пры гэтым разглядаючы яго як магчымую альтэрнатыву мясцоваму князю. Яны, верагодна, і дапамаглі конунгу арганізаваць пераварот па паспяховым сканчэнні баявых дзеянняў.

Натуральна, пераварот выклікаў супраціўленне, якое Рурыкам было жорстка падаўлена. Пра гэта сведчаць запісы Ніканаўскага летапісу аб забойстве Рурыкам Вадзіма Харобрага пад 864 г. і аб уцёках наўгародскіх мужоў ад Рурыка ў Кіеў пад 867 г [178] I. Я. Фраянаў фактычна аб'ядноўвае гэтыя падзеі як часткі аднаго працэсу. Усе наўгародскія групоўкі ізноў паказваюцца як аб'яднаныя суп рацьстаяннем Рурыку, а дарадцамі Вадзіма з'яўляюцца наўгародскія старэйшыны [179]. Міжтым летапісец недарэмна адрознівае гэтыя падзеі. Невыпадкова свой першы ўдар Рурык нанёс па Вадзіму, які быў, мяркуючы па ягонай мянушцы, прадстаўніком вайскова-дружыннай знаці, a значыць прамым канкурэнтам нармана на адпаведнае месца ў грамадскай іерархіі. У такой сітуацыі наўгародскіх старэйшын з Вадзімам падзяляла лінія старога спаборніцтва вайсковай і невайсковай знаці. Таму яны не маглі быць дарадцамі Вадзіма, а хутчэй дапамагалі ягонаму саперніку, якога самі ж прывялі да ўлады.

Але, пазбавіўшыся ад канкурэнта, Рурык не збіраўся спыняцца на паўдарозе і задавальняцца месцам, адведзеным яму старэйшынамі. Імкненне да ўлады вырасла з грамадска карыснага да самадастатковага. Тым больш, што, забіўшы Вадзіма, ён атрымаў ад яго ў спадчыну справу барацьбы з тымі самымі старэйшынамі. Таму наступная хваля рэпрэсій пракацілася па невайсковых вярхах. Наўгародскія мужы, якія ўцякалі ад Рурыка ў Кіеў у 867 г., былі, хутчэй за ўсё, старэйшынамі, іх прыхільнікамі і сваякамі. Рурык застаўся адзіным правіцелем земляў славен, крывічоў і чудзі.

Парадаксальным чынам сцверджанне ва ўладзе ў славен, крывічоў і чудзі моцных і ваяўнічых нарманаў не ўзмацніла пазіцыі княскай улады ні адносна невайсковай знаці, ні адносна паспольства. Якімі б ні былі жорсткасць Рурыка і ягонае свавольства, але існавала пэўная мяжа, якую ён і ягоныя нашчадкі пераходзіць не маглі. Больш за тое, гэтая мяжа звязвала ягоныя самаўладныя памкненні нашмат больш, чым мясцовага князя кшталту Вадзіма. Справа палягала ўсё ў той жа заўсёднай слабасці запрошанага конунга: адсутнасці каранёў і трывалых сувязяў у мясцовым грамадстве. У выпадку сур'ёзнага канфлікту Рурыка з невайсковымі вярхамі тыя маглі разлічваць на моцную падтрымку з боку шматлікай кліентэлы, тады як прышлы нарман мог абапірацца на адну толькі дружыну. Тады перад ім уставалі прывіды цяжкай вайны, якую трэ6а было б весці пасярод лясоў і балот у колькаснай меншасці. Гэта вымушала яго ўстрымлівацца ад залішне радыкальных учынкаў і лічыцца з інтарэсамі невайсковай знаці больш, чым з імі патэнцыяльна лічыўся б Вадзім, які ў такім сутыкненні мог бы разлічваць на сваю дружыну і сваю кліентэлу. Нават рэпрэсіі 867 г., верагодна, насілі абмежаваны характар і не знішчылі ўплыў невайсковай арыстакратыі. Палітычная сістэма славен, крывічоў і чудзі набыла характэрны выгляд балансу сіл паміж моцным аўтарытарным правіцелем, які мала звязаны правіламі і традыцыяй і абапіраецца на асабіста адданых яму людзей, і моцнай алігархіяй, якая мае крыніцы свайго ўплыву ў эканамічнай магутнасці і традыцыйным аўтарытэце. Захаванне невайсковай знаццю свайго ўплыву пазней знайшло адлюстраванне ў развіцці вечавых парадкаў у Наўгародскай і Полацкай землях.

Тая ж самая слабасць не давала нарманам ажыццяўляць ціск на паспольства, большы за прадугледжаны звычаем і традыцыямі. У перыяд, які следаваў адразу ж за перыядам ваеннай дэмакратыі, усеагульная ўзброенасць люду была надзейнай абаронай ад несправядлівага прыгнёту з боку ўлады. Фактычна паспольства не дазваляла ўладзе ператварыцца з грамадска карыснага інстытуту ў апарат прымусу і інструмент задавальнення своекарыслі-вых інтарэсаў. Пераход межаў дазволенага ў адносінах да люду мог стаць для князя і ягонай дружыны фатальным. Крывічы ці славене маглі годна і ўпэўнена сказаць сваім князям тое, што на пачатку XI ст. сказалі аднаму са сваіх конунгаў свеі: "А калі ты не пажадаеш зрабіць тое, чаго мы патрабуем, мы паўстанем супраць цябе і заб'ем цябе... Так раней рабілі нашыя продкі: яны ўтапілі ў багне на Мулатынгу пяцёх конунгаў за тое, што тыя былі такімі ж фанабэрлівымі, як ты"180. Мы ведаем і тое, што на поўдзень ад беларускіх земляў драўляне праявілі рэдкую вынаходлівасць і забілі аматара несправядлівых звышпадаткаў Ігара яшчэ больш жахлівым і відовішчным спосабам. Таму нямая пагроза над галавой кожнага нарманскага князя была вельмі пераканаўчай і ўтрымлівала яго ад лішняга свавольства181.

Сістэма ўлады, якая склалася з прыходам нарманскіх князёў, забяспечыла інтарэсы амаль усіх слаёў тагачаснага грамадства на землях славян, балтаў і фіна-уграў. У асобе нарманскіх князёў і дружыннікаў грамадства атрымала ўладу, якая коштам свайго высокага ваеннага майстэрства магла эфектыўна выконваць функцыі абароны ад знешніх ворагаў і падтрымання ўнутранага парадку і, адпаведна, карыстацца ваеннай здабычай, прывілеяваным становішчам і іншымі дабротамі сваіх намаганняў. Пры гэтым захаваўся і нават узрос уплыў на грамадскія справы невайсковай знаці і захавалася значная аўтаномія свабодных абшчыннікаў, заснаваная на звычаёвых нормах. Ад запрашэння нарманаў прайгралі толькі некаторыя прадстаўнікі вайскова-дружыннай знаці, такія, як злашчасны Вадзім. Але і многія дружыннікі далучыліся да сваіх нарманскіх калег з тым, каб здабываць сабе славу і багацце пад камандаваннем новых военачальнікаў.

Выразнае афармленне ўлады пацягнула за сабой далейшаё развіццё структуры новага палітычнага ўтварэння. У гэтым працэсе выразна праявіліся бакі ўлады, якія былі абумоўленыя яе ваенным паходжаннем. Перш за ўсё варта згадаць задачу падтрымання ўнутранага парадку, якая ўключала шматлікія аспекты: ад спынення міжплемянной і міжродавай варажнечы да барацьбы з разбоем. Цікава, што актыўную дзейнасць па барацьбе з рабаўнікамі і злачынцамі на землях Русі [182] дацкім конунгам прыпісвае ўсё той жа Саксан Граматык. Так, ён апісвае магутнага ваяра па імені Вісін (Wisin), які захапіў на Русі скалу Анафіял (Anafial) i рабаўніцтвам наводзіў жах на суседнія мясцовасці, але быў забіты доблесным дацкім конунгам Старкадам (Starkad) [183]. Ротэ (Rothe), яшчэ адзін рускі пірат, здолеў тэрарызаваць Данію да такой ступені, што, паводле сцверджання Саксана, яшчэ і ў ягоныя часы (другая палова XII - пачатак XIII стст.) даны звалі любы жорсткі разбой "рабаўніцтвам Ротэ". Аднак і гэтаму пірату не ўдалося пазбегнуць лёсу. Ён загінуў у бітве з дацкім конунгам Боргарам (Borgar), якога на полі бою таксама напаткала смерць. Яшчэ адзін славуты конунг Хальфдан (Halfdan) быў у гэтым баі цяжка паранены [184]. Як і многія іншыя звесткі Саксана, мы не можам успрымаць гэтыя аповеды некрытычна і літаральна, але можам з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што яны з'яўляюць нам аддаленыя водбліскі рэальнай дзейнасці нарманскіх князёў у Полацку, Ладазе, Ноўгарадзе, Кіеве па выкараненні разбойнікаў і ахове бяспекі руху і гандлю.

Інтарэсы забеспячэння ўнутранага парадку і агульнае ўскладненне структуры грамадства зрабілі звычаёвае права недастатковым інструментам кіравання і дапоўнілі будову ўзніклай дзяржавы на славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх землях другім пасля ўлады элементам: пісанымі законамі [185]. Ізноў жа, у іх уводзе ў зварот і падтрыманні асноўную ролю адыгрывалі нарманска-мясцовыя вайскова-дружынныя вярхі. Традыцыйна першай крыніцай права на ўсіх землях, якія тады ўваходзілі ў склад Русі, a значыць і беларускіх, лічыцца "Закон Рускі", згаданы ў дамове Алега з Візантыяй 911 г. [186] Дакладныя звесткі летапісу перагукаюцца з легендарнымі звесткамі Саксана, які згадвае дацкага конунга Фродэ (адрознага ад знаёмага нам заваёўніка Полацка), які пасля перамогі над русамі і гунамі падараваў ім своеасаблівы кодэкс нормаў шлюбнага, крымінальнага і ваеннага права [187].

У вызначэнні тэрытарыяльнага характару ўлады важнейшую ролю адыгралі гандлёвыя шляхі. Галоўным фактарам, які аб'ядноўваў славянскія, балцкія і фіна-угорскія землі паміж Балтыйскім і Чорным морамі, былі Волжска-Волхаўскі і Дняпроўскі гандлёвыя шляхі. Гандаль і рабаўніцтва на гэтых шляхах прывялі туды нарманаў і прымусілі іх уступіць у кантакт з мясцовымі жыхарамі [188]. Гэта дало падвойны эфект.

Па-першае, знаходжанне славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў на гандлёвых шляхах значна паскарала іх грамадскае і эканамічнае развіццё дзякуючы ўплыву мабілізуючых знешнепалітычных фактараў, уцягванню ў міжнародны тавараабмен і культурным займенням. Гэткім чынам крывічы, славене, чудзь і паляне сталі лідэрамі ў грамадскім і эканамічным развіцці рэгіёну.

Па-другое, іх узровень развіцця і сістэма шляхоў палегчылі падпарадкаванне гэтых плямён нарманскаму ўплыву. Гэтак жа сама развітая дарожная структура значна палегчыла франкам заваяванне Галіі і паскорыла агульны дзяржаватворчы працэс у Франкскім каралеўстве, а больш развітая эканоміка Карфагена палегчыла заваяванне яго Сцыпіёнам [189]. Ролю такой інфраструктуры на землях Русі выканалі рачныя гандлёвыя шляхі [190]. Ажыццяўляючы ўздоўж іх свой кантроль, новая ўлада мусіла надаць свайму кіраванню тэрытарыяльны характар, адарваны ад родава-племянных каранёў.

Пазней актыўнасць купцоў і ваяроў адбілася вырашальным чынам і на развіцці земляў полацкіх крывічоў і дрыгавічоў. Знаходжанне на іх тэрыторыях такіх важных водных артэрый, як Дзвіна і Прыпяць, абумовіла іх першапачатковае падпарадкаванне ўладзе князёў з дынастыі Рурыкавічаў і ўключэнне ў агульную сістэму гандлю на прасторах паміж Балтыйскім, Чорным і Каспійскім морамі. Але яно ж пры паслабленні ўлады кіеўскіх князёў у другой - трэцяй чвэрцях X ст. дазволіла мясцовай эліце ператварыць эканамічныя даброты гэтых шляхоў у трывалы матэрыяльны падмурак існавання там самастойных княстваў з цэнтрамі ў Полацку і Тураве. Падмурак гэты з рознай ступенню поспеху служыў палачанам і тураўцам апорай у барайьбе з далейшымі спробамі кіеўскіх Рурыкавічаў вярнуць сабе гэтыя землі.

У чытача гэтых радкоў можа з'явіцца ўражанне, што мы надаем ваеннаму фактару гісторыі занадта вялікую вагу, прыпісваем з'яўленне і палітычнае, эканамічнае і кулі. турнае развіццё Русі Рурыкавічаў, Полацкага княства Раі валода і Тураўскага княства Туры выключна ваенным прычынам і прадстаўляем дружыны нарманскіх і мясцо вых ваяроў як адзіную актыўную дзяржаватворчую і эка намічную сілу гэтых працэсаў. Можам запэўніць, што мы не імкнемся спрасціць бязмежна складаную карціну гісторыі і звесці яе палітру выключна да ваенных фарбаў. Мы прызнаем фундаментальнае значэнне іншых рацыянальных і ірацыянальных палітычных, эканамічных, культурных фактараў і іх уплыў на ход падзей і развіццё грамадства. Але сама задума нашага даследавання вядзе нас да вылучэння перш за ўсё тых аспектаў гісторыі, якія звязаныя з вайной. Тым больш, што для таго часу яны сапраўды мелі вялікае значэнне. Сучасныя гісторыкі зводзя функцыі дзяржавы на Русі ў тыя часы да абароны знешніх межаў, навядзення ўнутранага парадку і кантролю над гандлёвымі шляхамі [191]. Відавочна, што значэнне ваеннай магутнасці і дружын князёў як носьбітаў гэтай магутнасні, для вырашэння гэтых задач немагчыма пераацаніць. Спадзяемся, што нам удалося гэта паказаіць.
[174] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков.-С. 71-73.
[175] Фроянов И. Я. Исторические реалии в летописном сказании о призвании варягов // Вопросы истории. Москва, 1991. № 6. С. 10-11.
[176] Тамсама. С. 11-15.
[177] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 95.
[178] Никоновская летопись. С. 9.
[179] Фроянов И. Я. Исторические реалии в летописном сказании о призвании варягов. С. 12.
[180] Лебедев Г. С. Эпоха викингов в Северной Европе. С. 56.
[181] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 153.
[182] Чарговы анахранізм Саксана пры ўжыванні назвы "Русь".
[183] Saxo Gram. VI. http://sunsite.berkeley.edu/OMACL/DanishHistory/book6.html
[184] Saxo Gram. VII. http://sunsite.berkeley.edu/OMACL/DanishHistory/book7.html
[185] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 154.
[186] Тамсама. С. 152-153.
[187] Saxo Gram. V. http://sunsite.berkeley.edu/OMACL/DanishHistory/book5II.html
[188] Губанов Н. Б. X век. на пути к раннему государству (Возникновение Древней Руси - о гипотетическом и очевидном в современном норманизме) // Скандинавские чтения 2000 года. С. 84-85.
[189] Лиддел-Гарт Б. Стратегия непрямых действий (Энциклопедия военного искусства). Москва; Санкт-Петербург, 1999. С. 51.
[190] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 149-151.
[191] Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 167.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Ваенны фактар у эканамічным развіцці грамадства

Уплыў вайны як асобнага феномену на развіццё эканомікі таксама быў значным. Перш за ўсё гэта праявілаш ў выкарыстанні вайны як сродку гвалтоўнага ўзбагачэн ня. У параўнанні з ранейшымі хаатычнымі ўзброенымі сутыкненнямі часоў ваеннай дэмакратыі Русь, як і іншыі варварскія дзяржавы, ужо вяла поўнамаштабныя войш.і прыбытку. Паходы русі на Візантыю і прыкаспійскія краіны ўжо з часоў Аскольда і Дзіра былі буйнымі ваеннымі экспедыцыямі, арганізаванымі з прыцягненнем вялікіх рэсурсаў. Вайна стала своеасаблівай індустрыяй, накіраванай на выпампоўванне матэрыяльных каштоўнасцяў з суседніх краін. Яшчэ раз успомнім, што паход Аскольда і Дзіра на Канстанцінопаль у 860 г. адбыўся на 200 караблях. У паходзе Алега ў 907 г., паводле звестак летапісу, удзельнічала 80 000 ваяроў з варагаў, славен, крывічоў і іншых славянскіх і фіна-угорскіх плямёнаў (2000 караблёў І экіпажамі па 40 чалавек) [192]. Хаця гэтыя дадзеныя, безумоўна, былі перабольшаныя, але вялікія памеры Алегава нойска не выклікаюць сумненняў.

У выпадку поспеху такі паход прыносіў вялікую здабычу. Алег першапачаткова запатрабаваў ад візантыйцаў выплаты 12 грыўняў на чалавека, але ў выніку пагадзіўся ўзяць такую суму ў разліку на адзін карабель і асобную выплату на падуладныя яму гарады [193]. Калі зрабіць дапушчальныя папраўкі на немагчымасць мабілізацыі такой колькасці ваяроў у той час і прыняць колькасць войска, неабходнага для паспяховага паходу на Канстанцінопаль, у некалькі тысяч чалавек, то пры колькасці экіпажу аднаго карабля ў 30-40 чалавек колькасць караблёў складзе некалькі сот, г. зн. праўдападобная лічба будзе на парадак ніжэйшай. Але і ў такім выпадку агульная сума атрыманай у Алегавым паходзе кантрыбуцыі складала некалькі тысяч грыўняў. Гэтая сума не ўлічвала майна і грошай, нарабаваных да заключэння мірнай дамовы, вяртаць якія ніхто не збіраўся. Пры заключэнні мірнай дамовы з Ігарам візантыйцы прапанавалі выплаціць яму суму яшчэ большую [194]. Сума, выплачаная візантыйцамі Святаславу за ўварванне ў Балгарыю, склала пятнаццаць кентынарыяў золата [195].

Прывезеныя дадому ўдзельнікамі паходу, гэтыя здабыткі тым ці іншым чынам адбіваліся на развіцці эканомікі на славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх землях. Хаця здабыча размяркоўвалася паміж усімі ўдзельнікамі паходаў, застаецца мала сумненняў у тым, што больш за ўсс ад заморскіх выпраў выйгравалі князі і іхнія дружыннікі. Перш за ўсё, набытыя каштоўнасці выкарыстоўваліся імі для падтрымання ладу жыцця, адпаведнага іхняму сацыяльнаму статусу. Дружына ўжо з'яўлялася адасобленай ал грамадства прывілеяванай карпарацыяй, але яшчэ была вельмі далёкай ад становішча пануючага класу. Будучы асноўнай уладнай групай, яна яшчэ не набыла крытычнай масы самадастатковасці, каб стаць непадкантрольнай рэшце грамадства. Яе пераважнай сутнасцю было выкананне грамадска карысных функцый, на што давалі сваю выразную ці маўклівую згоду вольныя і спрэс узброеныя абшчыннікі[196]. Натуральна, што грамадства чакала ад дружыны паводзін, вартых яе прывілеяванага становішча. Бясконцыя піры, гасціннасць і ліхая шчодрасць у распараджэнні грашыма падтрымлівалі сацыяльны статус дружыны і былі складнымі часткамі кодэксу паводзін, што данесла да нас скандынаўская паэзія таго часу. У якасці этычнага ідэалу "Гутаркі Высокага", напісаныя ад імя бога Одзіна, прапануюць наступны ўзор паводзін:

Зброю сябрам
і адзенне дары -
тое цешыць іх позірк;
сяброў абдараючы,
сяброўства мацуеш,
калі табе лёс спрыяе [197].

Такі скандынаўскі этас мала адрозніваўся ад этасу, які панаваў сярод поліэтнічных дружын у Полацку, Смаленску ці Кіеве. Мы ўжо бачылі, што дружыннікі ігара ад зайздрасці да зброі і строяў Свенельдавых дружыннікаў пачуваліся літаральна "нагімі". Іх імкненне паправіць гэтую "неадпаведнасць" было настолькі моцным, што падштурхнула Ігара ў ягоны апошні гібельны паход.

I ўсё ж далёка не ўсе грошы і каштоўнасці разыходзіліся па пірах і корчмах. Як сведчаць шматлікія скарбы, заможныя людзі таго часу імкнуліся захаваць хаця б частку сваіх сродкаў у віры падзей. Скарбы сталі адным з водгукаў першаснага накаплення, якое ў далейшым стала адной з прычын маёмаснага расслаення грамадства і асновай эканамічнай магутнасці некаторыхяго груп.

У той самы час, як войны спрыялі паступоваму выдзяленню пануючых груп грамадства, яны таксама рыхтавалі зараджэнне эканамічных адносін, на якіх гэтае панаванне ў далейшым грунтавалася. У прыватнасці, ваенны фактар прасочваецца ва ўзнікненні і развіцці сістэмы падаткаў і збораў на карысць улады. Яны розніліся ў даволі шырокім спектры: ад узнагароджання князя і дружыны за выкананне ўскладзеных на іх грамадствам функцый да прымусовага збору матэрыяльных каштоўнасцяў з падпарадкаваных плямёнаў. У першым выпадку гэта часта значыла абарону абшчын ад знешняй пагрозы з дапамогай вайсковай сілы [198], у другім - легітымізаванае той самай вайсковай сілай сістэматычнае рабаўніцтва [199]. Найбольш вядомай нам сістэмай збору падаткаў на Русі таго часу было згаданае Канстанцінам Барвянародным палюддзс, якое заключалася ў паходзе кіеўскага князя з мэтай збору на сваю карысць падаткаў па падуладных яму землях драўлян, дрыгавічоў, крывічоў (відаць, смаленскіх) і севяран [200]. Прыналежнасць палюддзя да ліку добраахвотных выплат альбо прымусовых рабаўніцкіх пабораў дыскутуецца даследчыкамі, аднак дзве высновы мы можам зрабіць унэўнена. Па-першае, у абодвух выпадках вялікую ролю як адна з непасрэдных прычын узнікнення інстытуту падаткаў на карысць улады набывае фактар вайсковай сілы. Па-другое, і ў тым, і ў другім выпадку падаткі, выплачаныя ў прымітыўных формах добраахвотнага ўнёску ці кантрыбуцыі, з цягам часу ператвараліся ў рэнту [201], якая склала базу для ўзнікнення рабаўладальніцкіх і феадальных грамадскіх адносін.

I нарэшце, мы мусім яшчэ раз закрануць дваістую ролю вайны ў агульнай сістэме эканамічных кантактаў таго часу. Войны прынеслі смерць многім тысячам людзей, спрычыніліся да разбурэння квітнеючых гарадоў і знішчылі неапісальную колькасць матэрыяльных каштоўнасцяў. Але разам з тым побач з гандлем яны былі адной з асноўных рухаючых сіл усталявання знешнеэканамічных сувязяў. He менш за гандаль яны заахвочвалі людзей да адкрыцця новых гандлёвых шляхоў, асвойвання новых тэрыторый, абмену дасягненнямі тэхнічнага развіцця і агульнага наладжвання міжцывілізацыйных кантактаў. Карыстаючыся словамі Яхіма Германа, "у гэтыя ж жорсткія стагоддзі першыя гандлёвыя караблі забяспечылі рэгулярны рух патоку тавараў у першыя партовыя гарады, гавані і рынкі, якія ўзнікалі на Балтыцы ў землях розных плямёнаў: яны неслі раскошнае начынне, вопратку і зброю для пануючага класа, які нараджаўся, побытавыя рэчы, сыравіну і прылады працы для гандлёва-рамеснага насельніцтва раннегарадскіх цэнтраў, вырабы рамеснікаў - для сялян гарадской акругі ці сельскай глыбінкі". "Любая навіна, якая з'яўлялася ў адным з цэнтраў Балтыкі, хутка станавілася вядомай паўсюль" [202]. Гэтыя словы, сказаныя ў дачыненні да блізкай нам Балтыкі, цалкам стасуюцца і да беларускіх земляў.
[192] Лаврентьевская летопись. Ст. 30.
[193] Тамсама. Ст. 30-31.
[194] Тамсама. Ст. 45-46.
[195] Leo Diac. IV, 6. С. 37.
[196] Фроянов Н. Я. Рабство и данничество. Санкт-Петербург, 1996, С. 462.
[197] Старшая Эдда. Речи Высокого. 41 // Западноевропейский эпос. Санкт-Петербург, 2002. С. 27.
[198] Фроянов Н. Я. Рабство и данничество. С. 462.
[199] Тамсама. С. 502.
[200] Const. Porphyr. 9. С. 51.
[201] Алексеев Л. В. Смоленская земля в IX-XIII вв. C. 101.
[202] Херрман И. Славяне и норманны в ранней иcmopии Балтийского региона. С. 8.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Уплыў вайны на развіццё духоўнай культуры

Акрамя ўплыву вайны на палітыку і эканоміку мы мусім абавязкова даследаваць ролю ваеннага фактару ў развіцці духоўнай культуры беларускіх земляў. Гэта надзвычай вялікае і складанае пытанне. Паколькі аб'ём і задача нашай працы не дазваляюць нам канцэнтравацца на ім занадта дэталёва, мы пастараемся выбарачна асвятліць найбольш цікавыя для нас аспекты. Мы не будзем падрабязна спыняцца на такіх аб'ектыўных элементах культуры, як рэлігія ці эпас, грунтоўна разабраных у адпаведнай літаратуры. Рачэй мы засяродзімся на ўнёску вайны ў суб'ектыўны бок культуры, якую спавядалі тагачасныя жыхары беларускіх земляу, а менавгга іх погляд на навакольны свет, успрыманне гэтага свету і саміх сябе ў ім. Паколькі мы пагадзіліся з азначэннем вайны як палітычнай з'явы, гаворка будзе ісці не аб уплыве вайны на фармаванне мікракосму асобных людзей, а аб яе ўплыве на іх успрыняцце сябе як часткі палітычнай супольнасці і зваротным уплыве іх поглядаў на свядомае пераўтварэнне гэтай супольнасці.

У якасці эпізоду, які найбольш ярка адлюстроўвае ўплыў вайны на палітычную свядомасць людзей і грамадства, мы возьмем падзеі, звязаныя з першым кароткім перыядам самастойнага існавання Полацкага княства. Ён пачаўся паміж 931 і 945 гг. і скончыўся паміж 973 і 978 гг. узяццем Полацка кіеўскім князем Уладзімірам і забойствам першага вядомага нам полацкага князя Рагвалода. Гэты перыяд цікавіць нас хутчэй не сам па сабе, а як крыніца, з якой пачынаецца плынь многіх наступных па-дзей. Па-першае, тое адасабленне Полацка ад іншых рускіх земляў, падуладных нашчадкам Рурыка, стала прадвесцем яго самастойнасці ў будучыні. Ужо ў 1001 г. насуперак кіеўскай традыцыі пасля смерці сына Уладзіміра Ізяслава стол у Полацку заняў не іншы Уладзіміраў сын, a нехта з Ізяслававых сыноў: Усяслаў альбо Брачыслаў. У Полацку аднавілася самастойная княская дынастыя, і ён выпаў з палітычнай сістэмы дзяржавы Рурыкавічаў. На ўсім працягу існавання адзінай у палітычных адносінах Русі з цэнтрам у Кіеве ніводная іншая зямля не выйшла з падпарадкавання Кісву так рана і не захоўвала сваю самастойнасць так выразна. Па-другое, на перыяд княжання Рагвалода і гвалтоўнае яго перапыненне спасылаюцца гісторыкі ад аўтараў "Повести временных лет" да сучасных даследчыкаў дзеля тлумачэння традыцыі самастойнага існавання Полаччыны і каранёў гэтай самастойнасці. Менавіта з тых часоў, як заўважае Лаўрэнцьеўскі варыянт "Повести временных лет" пад 1128 г., "мечь взимають Рогволожи внуци протмву Ярославлихь внуковь" [203]. Нешта падобнае ў розных варыяцыях можна прачытаць і ў сучасных гістарычных даследаваннях.

Гэта вымушае нас шукаць адказаў на наступнае пытанне: чым было выклікана такое ранняе імкненне Полацка да незалежнасці ад дзяржавы Рурыкавічаў і чаму адлік гэтай самастойнасці большасцю даследчыкаў традыцыйна адносіцца да падзей другой паловы X - пачатку XI стст.? Натуральна, пры спробе адказаць на гэтае пытанне на першае месца выходзіць ужо вядомая нам такая аб'ектыўная прычына: месцазнаходжанне Полацкай зямлі на Дзвінскім участку Дняпроўскага гандлёвага шляху. Пасля заняпаду гандлю па Волзе асноўная гандлёвая актыўнасць была перанесеная на Дняпроўскі шлях, які звязваў Візантыю і рынкі Блізкага Усходу з Балтыйскім рэгіёнам. Полацк, які кантраляваў найбольш зручны выхад з Дняпра ў Балтыйскае мора па Дзвіне, меў добрыя шанцы нарошчваць сваю палітычную і эканамічную магутнасць за гэты кошт. Таму полацкая палітычная эліта мела важкія прычыны дамагацца самастойнасці ад дзяржавы Рурыкавічаў і досыць сіл, каб справіцца са спробамі Рурыкавічаў гэтай самастойнасці перашкодзіць.

Але спасылка на гандлёвы шлях прапануе толькі частковы адказ на пытанне. Пры ўсёй важнасці гандлю, эканоміка таго часу засноўвалася пераважна на натуральнай сельскай гаспадарцы. У такіх умовах кожная тэрыторыя, якая была ў стане забяспечыць сябе харчам, так ці інакш імкнулася да эканамічнай аўтаркіі і была ў стане падтрымліваць сваю эканамічную адасобленасць і супраціўляцца спробам знешняга падпарадкавання. Таму само існаванне гандлёвага шляху яшчэ не было дастатковым апраўданнем існавання самастойнай дзяржавы.

Нічога не кажуць аб гэтым і летапісцы. Вядома, можнн было б прадставіць старажытных летапісцаў адарванымі ад жыцйя кніжнымі чарвякамі, якія наіўна і механічна пераносілі на пергамент пераказаныя ім кімсьці падзеі, аддаючы перавагу пералічэнню фактаў на шкоду іх асэнсаванню. Між тым, як нам паказаў аповед аб Святаславе, летапісцы дакладна вызначылі асноўныя прычыны ягонай актыўнай знешняй палітыкі на Балканах і мелі адэкватнаі' свайму часу ўяўленне аб прычынах рэчаў. Таму, каб зразумець сутнасць падзей на Полаччыне ў другой палове X пачатку XI стст. словам летапісцаў варта было б давяраць ніяк не менш, чым уласным спекуляцыям на гэтыя тэмы. Найбольш паказальным у гэтых адносінах з'яўляецца ўжо цытаваны запіс Лаўрэнцьеўскага летапісу пад 1128 г. Ён расказвае пра падзеі, што адбываліся неўзабаве пасля заваявання Уладзімірам Полацка. Звернемся да яго.

Будучы князем у Ноўгарадзе, яшчэ зусім малады Уладзімір з-за падбухторвання свайго дзядзькі Дабрыні пасватаўся да дачкі полацкага князя Рагвалода Рагнеды. Гордая Рагнеда адмовіла яму як "робичичу" з-за нізкага паходжання ягонай маці. Прыйшоўшы ў ярасць, Уладзімір выправіўся на Полацк, узяў яго, забіў Рагвалода і гвалтоўна ўзяў Рагнеду сабе за жонку, даўшы ёй новае імя Гарыславы. Ужо нарадзіўся ў іх сын Ізяслаў, калі Рагнеда задумала забіць Уладзіміра ўначы падчас сну. Але Уладзімір нечакана абудзіўся і адвёў яе руку. Ён загадаў Рагнедзе апрануцца ў тронны ўбор і чакаць ягонай волі. Рагнеда ж дала аголены меч у рукі малому Ізяславу, які быў гатовы абараніць маці. Убачыўшы гэта, Уладзімір стаў раіцца са сваімі баярамі, якія казалі яму не забіваць жонку і дзіця, але аднавіць іхнюю вотчыну і даць яе ім ва ўладанне. Уладзімір так і зрабіў, заснаваўшы горад Ізяслаўль (Заслаўе). I з таго часу пачалася варожасць паміж Рагвалодавічамі і Уладзіміравым родам [204].

Пры аналізе гэтага кранальнага аповеду звяртае на сябе ўвагу наступная дэталь. Спроба Рагнеды забіць Уладзіміра, які ўжо быў яе законным мужам, у помсту за свайго бацьку і братоў паказвае, што ёй валодала пачуццё далучанасці да свайго роду. Яго гонар і інтарэсы яна ставіла вышэй за жыццс свайго мужа, бацькі сваіх дзяцей. У сваю чаргу малы Ізяслаў, апынуўшыся перад выбарам паміж адданасцю свайму бацьку і абаронай маці, стаў на яе бок. Гэты ўчынак у вачах сведкаў і сучаснікаў таксама мог стаць сімвалічным выбарам прынадежнасці да роду Рагвалода і Рагнеды ў супрацьвагу Уладзіміраву роду Рурыкавічаў. Такім чынам, па прыездзе ў Полацк Ізяслаў успрымаўся мясцовым паспольствам і вярхушкай як законны прадаўжальнік ранейшай дынастыі Рагвалода, нягледзячы на спадкаемства па жаночай лініі. У тыя часы, калі княская ўлада вянчала піраміду палітычнай іерархіі грамадства, дзяржава ўвасаблялася ў сімвалічнай і сакралізаванай асобе князя. Аднаўленне легітымнага нашчадка ранейшай дынастыі на полацкім стале значыла і аднаўлснне прэтэнзій на самастойнае дзяржаўнае існаванне.

Але і самастойная мясцовая дынастыя была не самым пераканаўчым аргументам на карысць адасобленага існавання Полаччыны. Асоба князя і трывалая дынастычная традыцыя яшчэ не давалі гарантый падтрымкі з боку паспольства. Сакралізацыя княскай улады была двувострай зброяй. Князь мог лічыцца абраннікам вышэйшых сіл і з гэтай прычыны карыстацца найвышэйшым аўтарытэтам свайго народу. Але такое становішча было трывалым толькі пакуль яму спрыялі поспех і ўдача. Няўдачы і паражэнні ўспрымаліся як знак таго, што вышэйшыя сілы звярнулі свой прыхільны позірк на іншы род і іншую асобу. Адпаведна, той, хто перамог і забіў князя, мог лічыцца законным спадкаемцам ягонай улады. У сувязі з гэтым цяжка растлумачыць прыхільнасць палачан да нашчадкаў Рагвалода, беручы пад увагу ягонае паражэнне ад рук Уладзіміра. Хутчэй за ўсё, нечаканую ролю адыграла ўсё тая ж сімвалізацыя асобай князя ўсёй дзяржавы. У такім святле помста Рагнеды за Рагвалода ў рэтраспектыве разглядалася і як помста за гвалтоўнае ўзяцце Полацка, як працяг лаяльнасці свайму княству. Таму і дынастыя, якая праявіла надзвычайную лаяльнасць да сваёй дзяржавы, карысталася надзвычайнай лаяльнасцю з боку паспольства гэтага княства.

Вялікае значэнне меў і сам факт узброенай барацьбы за Полацк, якая суправаджалася гібеллю ваяроў і мірных жыхароў. Гэта, несумненна, пакінула трывалы след у калектыўнай і індывідуальнай памяці палачан. Пасля ўзяцця Полацка з вялікім кровапраліццем пытанне самастойнасці выйшла з цалкам рацыянальнага вымярэння мэтазгоднасці існавання асобнага дзяржаўнага ўтварэння, абгрунтаванай палітычнымі ці эканамічнымі прычынамі. Яно набыло рэлігійную афарбоўку справы, аплочанай крывёй супляменнікаў і сваякоў, што само па сабе рабіла наступныя пакаленні спадкаемцамі гэтай справы і накладала на іх абавязкі па яе працягу і абароне. Самастойнасць станавілася неацэнным дарам, самадастатковай каштоўнасцю, якую нельга і не варта было губляць.

Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што ніводны з пералічаных фактараў, які надаваў лішнюю вагу справе полацкай самастойнасці, не быў аб'ектыўным. To бок, ён не дадаваў Полацку заўважных аб'ёмаў палітычнай ці эканамічнай магутнасці, якія можна было б узважыць у нейкіх рацыянальных велічынях. Усе гэтыя фактары грунтаваліся на суб'ектыўным успрыманні дзейнымі асобамі сябе і навакольнага асяроддзя: успрыманні палачанамі Рагнеды і Ізяслава як легітымных спадкаемцаў дынастыі Рагвало-да, спалучаным з іх уласным успрыманнем сябе ў гэтай якасці; адчуванні палачанамі і Рагвалодавічамі ўзаемнай лаяльнасці, нарэшце, адчуванні важнасці самастойнасці Полаччыны як справы, апраўданай крывёй. Калі аб'ектыўныя фактары сапраўды заклалі палітычныя і эканамічныя падмуркі незалежнасці Полацкай зямлі, суб'ектыўныя фактары стварылі саму ідэю гэтай незалежнасці. Яны адаптавалі яе да масавай свядомасці, персаніфікавалі ў асобах князёў Рагвалодавай дынастыі, убралі ў прыгожыя гераічныя шаты барацьбы з драпежным наўгародскім захопнікам, надалі ёй звышнатуральнае рэлігійнае адценне збаўлення крывёй продкаў і падалі яе як вартую змагання і абароны справу.

Паралелі гэтаму эпізоду беларускай гісторыі мы можам знайсці ў гісторыі Нарвегіі. У 1000 г. у бітве пры Свольдзе загінуў нарвежскі кароль Олаф Тругвасан, магчымы сын летапіснага Туры і, адпаведна, пляменнік Рагвалода і стрыечны брат Рагнеды. У 1030 г. бітва пры Стыкластадзіры скончылася паражэннем і смерцю для караля Олафа Святога. Імёны абодвух каралёў звязваюцца з барацьбой за аб'яднаную самастойную Нарвегію. 1х палітыка ў абодвух выпадках пацярпела няўдачу, а значная частка нарвежскага паспольства змагалася супраць іх у фатальных для іх бітвах (успомнім, што ў барацьбе Рагвалода з Уладзімірам з абодвух бакоў змагаліся нарманы і крывічы). Але менавіта іхнія імёны і іхняя праграма сталі сцягам прыхільнікаў аб'яднанай самастойнай Нарвегіі ў будучыні.

Ваенны канфлікт вакол Полацка дапоўніў пазітыўную ідэю полацкай самастойнасці негатыўным вымярзннем. Ваенныя дзеянні падштурхоўвалі палачан да ўсведамлення сябе ў навакольным свеце не толькі як станоўча самастойнай супольнасці, але і адмоўна супрацьлеглай Ноўгараду і Кіеву і выразна адрознай ад іх.

Такім чынам, у дадзенай сітуацыі вайна ізноў прадэманстравала сваю парадаксальную прыроду. Калі аб'ектыўна паражэнне Рагвалода ад Уладзіміра значыла перапыненне самастойнага існавання Полацка, ягоныя суб'ектыўныя вынікі былі цалкам супрацьлеглымі. Узніклае ў выніку вайны ўяўленне аб полацкай незалежнасці як аб справядлівай, але прайгранай справе ў будучыя часы служыла ёй фундаментам ці не лепшым за палітычныя і эканамічныя фактары.
[203] Лаврентьевская летопись. Ст. 301.
[204] Лаврентьевская летопись. Ст. 299-301.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291837116 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Уплыў вайны на развіццё грамадства (820-я - 970-я гг.) на Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network