публикация №1291836705, версия для печати

Этнаграфічныя і гістарычныя тэрыторыі і граніцы Беларусі


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291836705)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by




Беларускія этнаграфічныя граніцы
Смаленшчына
Калужчына, Арлоўшчына, Куршчына
Колькі зацемкаў да беларускае мовы Цьвершчыны
Граніцы гістарычныя
Вялікае Княства Літоўскае

Этнаграфічныя землі народу, значыцца землі, на каторых ён жывець суцэльнай сваёй масаю, што захавала свае этнаграфічныя асаблівасьці, маюць для яго найвялікшае значаньне, бо на таковых землях ён мае прыроднае права быць самым гаспадаром, маць свае гаспадарства, нат калі ў мінуласьці ён быў безгаспадарствавым. Прыкладам такіх у мінуласьці безгаспадарствавых народаў, што просьле першае сьветнае вайны здабылі палітычную незалежнасьць, могуць быць нашыя суседзі - Лятувісы, Латышы й Эстонцы; яны, паміж дзьвюма сьветнымі войнамі, праявілі добрыя гаспадарствавыя здольнасьці ў собскіх гаспадарствах.

Калі яшчэ пра народы ў мінуласьці безгаспадарствавыя могуць узьнікаць сумлевы, ці здольныя яны да собскага гаспадарствавага быцьця, то пра народ, што маў у мінуласьці свае гаспадарства, такія сумлевы мусяць адпасьці; ён вякамі свайго мінулага гаспадарства давёў свае гаспадарствавыя здольнасьці. Дзеля таго гістарычная гаспадарствавасьць народу мае для яго другое просьле этнаграфічнае тэрыторыі вялізарнае значаньне. Землі, што ўходзілі калісь у склад беларускага гаспадарства, ё беларускімі гістарычнымі землямі, а граніцы гэтых земляў будуць беларускімі гістарычнымі граніцамі.

Чым народ сьпелыны культурна й палітычна, тым большую вагу ў ягоным жыцьцю і ягоных імкненьнях мае традыцыя, ягоная гісторыя, а значыцца, і ягоныя гістарычныя землі зь іхнымі граніцамі. Народы імпэрыялістычныя прэтэндуюць нат на землі іншых народаў, калі таковыя землі належылі або належаць да іхнага гаспадарства. Адылі, калі землі аднаго народу належылі да гаспадарства народу другога, то гэта найчасьцей бывала з крыўдаю народу безгаспадарстваваму. Дзеля таго "гістарычныя" прэтэнсі на чужыя землі нельга ўважаць за справядлівыя, бо з такіх прэтэнсяў вынікала-б, што адна крыўда мала-б быць подам (падставаю) крыўдзе дальшай, мала-б яе апраўдаваць, калі наадварот, усякая крыўда павінна быць папраўлена. Апрача таго, калі-б згадзіцца з гістарычнымі прэтэнсямі на этнаграфічна чужыя землі, то безгаспадарствавыя народы былі-б пазбаўленыя свайго прыроднага права на собскае гаспадарства.

Як народ неімпэрыялістычны й дэмократычны, Беларусы ня маюць ніякіх прэтэнсяў да тых этнаграфічна небеларускіх земляў, што належылі калісь да беларускага гаспадарства. Мова пра такія землі, як належачыя калісь да Беларусі, можа маць адно значаньне акадэмічнае. Галоўная наша ўвага зварочуецца на тыя гістарычныя землі беларускія, каторыя пакрываюцца землямі этнаграфічнымі альбо ў межах гэтых. Дзеля таго вынікае патрэба сьпярша паказаць беларускія землі этнаграфічныя і іхныя граніцы.

Беларускія этнаграфічныя граніцы

Знаць беларускія этнаграфічныя прасторы ня толькі трэба, каб маць іх наўвеце пры ўзнаўленьню беларускага гаспадарства, але таксама дзеля культурнае і іншае нацыянальнае работы ды ня толькі ў Бацькаўшчыне, але й вонках, на эміграцыі. Нашае грамадзтва яшчэ да апошняга часу ня ведала, што некаторыя, ды немалыя прасторы - этнаграфічна беларускія. Ведама, што ад гэтага цярпела беларуская нацыянальная праца і то ў усіх яе галінах - навуковай, асьветнай а іншых.

Гэтта на месцу будзе зацеміць, што калі палітык можа быць гібкі ў сваіх тэрыторыяльных дамаганьнях, можа іх пашыраць і звужаць, залежна ад абставінаў, то этнаграфічныя, як і гістарычныя граніцы сусім ад нас не залежаць, яны залежаць вылучна ад цяперашніх і даўнейшых, этнаграфічных і гістарычных фактаў. Прыкладам, малая частка беларускае этнаграфічнае прасторы была па першай сьветнай вайне прылучана да Латвы, і Беларусы супроць гэтага не протэставалі, але ўсі згаджаліся што да этнаграфічнай беларускасьці гэтае прасторы, і была там ведзена беларуская культурная работа.

Беларуская мова і іншыя беларускія этнаграфічныя асаблівасьці вельмі зіндывідуалізаваныя, вельмі яны накшыя ад этнаграфічных рысаў суседніх народаў. Асабліва гэта трэба сказаць пра беларускую мову. На прасторах адылі, што даўгі час належылі да чужога гаспадарства, беларуская мова і іншыя беларускія этнаграфічныя рысы падпалі пад большы альбо меншы чужы ўплыў, і рэдчас мы мусім даводзіць, што гэткія прасторы этнаграфічна беларускія.

У гэтым артыкуле этнаграфічныя граніцы праведзеныя блізу вылучна подле мовы, як надзвычайна важнай, найгалаўнейшай рысы, што ўзьнікла, як рэзультат апрычонай псыхікі народнай.

Гэткія ё беларускія этнаграфічныя граніцы: пачынаючы ля возера Пскоўскага ў бодцы, што ляжыць на поўнач ад м. Пячоры, граніца з Эстонцамі праходзе прыблізна ўздоўж гаспадарствавай граніцы з Эстоняй проста на паўдні так, што м. Пячора і м. Ізбарск застаюцца па баку беларускім; дайшоўшы гэтак да граніцы латоўскай, яна йдзець у тым-жа прасьцінку да чыгункавае станцы Корсаўка ў Люцынскім пав. Віцебскае губ. [1], ля каторае адзначаюць суцэльную беларускую прастору. Адгэтуль граніца прастае на паўдзённы ўсход і йдзець, км. 10-15 не даходзячы Себескага пав. Дайшоўшы да р. Сінюхі, яна рэзка зварочуецца на заход, і ад возера Чэрза - нат на паўночны заход; адлі дугою прастае траха да граніцы Рэжыцкага павету, адгэтуль ламанай ліняй яна йзноў ідзець на паўднявы ўсход да граніцы Люцынскага пав. ізь Себескім а Дрысенскім. На ўсход ад Рэжыцы і да Люцына шмат беларускіх астраўкоў. Адлі граніца йдзець на паўдзённы заход, прыблізна па ліні, дзелячай паветы Люцынскі, Рэжыцкі а Дзьвінскі ад Дрысенскага, у прасьцінку да Дзьвіны, 6 1/2 км. на заход ад Прыдруйска. Далей па Дзьвіне беларуская граніца йдзець спачатку на заход да Дзьвінска, адлі на паўночны заход да Ілукста. Прастора на ўсход ад Ілукста занята Беларусамі. Дагэтуль, дакладней: да мяжы Курляндзкае губ. з Ковенскай Беларусы гранічаць із Латышамі. Ад Ілукста граніца прастае на паўдня ў Ковенскую губэрню захадней возера Дрысьвят, захапляючы часьць Новааляксандраўскага павету.

Ад возера Дрысьвят граніца йдзець у паўднявым прасьцінку да Віленскае губэрні, да р. Дзісны. Перарэзаўшы Дзісну, яна йдзець Сьвянцянскім паветам крыху ламанай ліняй на паўдня й заход каля лятувіскіх воласьцяў Цьверачы, Гадуцішак (на ўсход ад іх), Сьвянцян, пакідаючы на паўдня беларускія воласьці Камаі (у 1890 г. Беларусаў было 4 264, Лятувісаў - 954), Лынтупы, Камелішкі. Яшчэ паўднявей суцэльнай масаю жывуць Беларусы ў валасьцёх Страчы, Сьвіры, Шэметаве, Нестанішках, Ясеве, Занарачы, Войстаме, Дубатове, Кабыльніках, Вішневе (усі Сьвянцянскага павету). Адлі, перайшоўшы р. Жамайцянку, граніца крывой ліняй ідзець Віленскім паветам на заход, траха да Кернава, пакідаючы на поўнач лятувіскія воласьці - Янішкі, Гедройці, Шырвінты, Мусьнікі, а на паўдня беларус кія воласьці - Няменчына, Падбярэзьзе, Майшаголу, Салечнікі (у 1890 г. Беларусаў - 4 719, Лятувісаў - 489), Варняны (Беларусаў - 11 363, Лятувісаў - 3 480); Рэшу, Міцкуны, Кярдзееўцы, Шумск, Быстрыцу, Рукойме, Рудоміна (усі Віленскага пав.). Ля Кернава беларуская граніца пераходзе на левы бераг р. Вяльлі і йдзець ламанай ліняй у паўднявым прасьцінку, займаючы да беларускага краю воласьці Еўе (у 1890 г. Беларусаў - 4 982, Лятувісаў - 1 303) і Трокі, із заходу сёлы Мустыняны (485 Беларусаў і 314 Лятувісаў), Даўгердзішкі, Багданцы (775 Белару-саў, 97 Лятувісаў), належачыя да воласьці Шумелішкі, і сяло Талькава (Ганушыскае вол.), адлі Міжырэчча (Беларусаў - 7 393, Лятувісаў - 725), пакідаючы на паўдні станцу Рудзішкі, адлі на ўсход і паўднявы ўсход, да граніцы Лідзкага пав. і нат пераходзячы яе ля Падбор'я; адгэтуль па пагранічнай ліні Лідзкага пав., пакідаючы на поўначы менаваную раней беларускую воласьць Салечнікі, адлі яна пераходзе да Ашмянскага пав., пры гэтым лятувіскі край із заходу займае воласьць Дзявенішкі (зь лятувіскімі сёламі Ўткуны, Беняконі, Шадоні, Стагляны, Давяны, Мілкуны, Гірдзюны, Канвалішкі) і часьць беларускае воласьці Седліска, наймя сёлы Гарманішкі й Пашэле; гэткім парадкам, беларуская граніца мае тут з усходу беларускія воласьці Гроўжышкі, Гальшаны, Трабы, з паўдня Сыботнікі, Геранёны, Седліска, Палітніцу (Беларусаў - 346, Лятувісаў - 325) (тры апошнія мясцовасьці Седліскае воласьці); засталыя воласьці Ашмянскага пав. -усі беларускія. Адлі граніца йдзець па паўночнай часьці Лідзкага пав.: ад Геранён на паўднявы заход, траха да станцы Бастуны Палескае чыгункі і далей да Забалацьця; адгэтуль граніца йдзець на поўнач, пакідаючы на ўсходзе сяло Пелясу і лятувіскую воласьць Радунь; да Беларусі тут адыходзіць мешаная воласьць Эйшышкі (Новы Двор - Беларусаў 853, Лятувісаў 93, Парадунь - Беларусаў 853, Лятувісаў 161, Браталожа - Беларусаў 899, Лятувісаў 218, Гарнастале - Беларусаў 867, Лятувісаў 137, Падборы) і Нача воласьці Канявы, наагул лятувіскае. Ад Эйшышак адлі граніца йдзець на паўднявы заход, пакідаючы на ўсходзе воласьць Дубічы, да возера Дуб. Ляжачая з паўдня прастора Лідзкага павету вылучна беларуская. Да лятувіскіх воласьцяў у паўночнай часьці павету належа яшчэ Аляксандрава (сёлы Ракішкі, Горадна, Казакоўшчына, Наркушкі). Ад воз. Дуб беларуская граніца прастае да пагранічнай ліні Горадзенскае губэрні да ўтоку рэчкі Ратнічанкі ў Нёман ля Друзгенікаў.

Каля Друзгенікаў беларуская мова пераходзе да Сувальскае губэрні, займаючы паўднёва-ўсходнюю часьць Сейненскага пав. і траха ўвесь павет Аўгустоўскі.

У Сувальшчыне суседзьмі Беларусаў з паўночнага заходу а заходу ё ўжо Палякі. Па Сувальскай губ. граніца йдзець ад р. Нёмна на Копцева да Аўгустоўскага каналу, адлі па сыстэме каналу да места Аўгустова і далей па р. Неце да граніцы з Горадзенскай губ. [2].

I ў Горадзенскай губэрні суседзьмі Беларусаў ё Палякі. Тут граніца йдзець у паўднявым прасьцінку каля Сухаволі й Карыціна на заход ад іх, на Кнышын, Харошчу (14 км. на заход ад Беластоку); потым яна йдзець на Сураж да р. Нарава [3], скуль да Міжырэчча Бела-Падляскага павету [4]; ад Міжырэчча граніца йдзець ужо - з украінскай этнаграфічнай прастораю-у прасьцінку паўдзённа-ўсходнім косай ліняй на Любяж так, што праходзе кілёмэтраў 10-15 ад местаў Белая Падляская [5] а Берасьце; ад Любяжа граніца йдзець да Дубравіцы, скуль да бодкі, што шаснанцаць км. на поўнач ад Алеўска; адгэтуль граніца йдзець у тым-жа паўднёва-ўсходнім прасьцінку да Патапавічаў Аўруцкага павету, скуль да ўтоку Цецерава ў Дняпро. На беларускім баку тут застаюцца Чарнабыль, Кагановічы, Аўруч, Славечна, Хабное, а на ўкраінскім - Карасьцень, Алеўск, Сарны.

Этнаграфічную беларускасьць тэрыторыі, ляжачай на поўнач ад праведзенай граніцы, паказаў я ў вартыкуле "Дрыгвічы" (Веда, 1952 г., бач. 162-165, пра мову кажацца на б. 164) і ў варт. "Дзярвяне" (Там-жа, б. 165-176, асабліва на б. 171-176).

Е. Карскі, на каторага з такой радасьцяй паклікаецца I. Сідарук у сваёй брашуры "Проблема украінсько-білоруськоі мовноі межі" (Авгсбург, 1948), нарабіў шмат абмылаў пры разгранічэньню беларускае мовы з мовамі расійскай а ўкраінскай. Абмылы гэныя выніклі з прычыны абмыльных прынцыпаў моўнага разгранічэньня, каторымі Карскі карыстаўся. Гэтак, ён уважаў дыфтонгі за асаблівасьць украінскае мовы, тымчасам-жа гэта рыса беларуская, на пэўнай украінскай моўнай прасторы яе нямаша-ка. Карскі не даволі браў пад увагу зацьвярдзелае р, сусім ня браў пад увагу зацьвярдзелага ц і шмат якіх іншых беларускіх рысаў. Апрача таго, Карскі, каторага Сідарук завець найлепшым ведамцам беларускае мовы і сумленным яе дасьледаваньнікам, ня ёсьць ані такім добрым, ані нат сумленным, ды як "истинно-русский", дарма што беларускага паходжаньня, ён шмат дзе скарачаў тэрыторыю беларускае мовы, залічаючы да Беларусі адно тыя прасторы, дзе беларуская мова недазнала чужога ўплыву. Да праведзеных Карскім граніцаў беларускае мовы на ўсходзе Беларусі расійскія дасьледаваньнікі зрабілі вялікія паправы на карысьць Беларусаў. Пара, каб падобныя паправы зрабілі на паўдні Беларусі ўкраінскія моваведы, з каторых адылі дагэтуль бальшыня, як Зілінскі, Ганцоў і апошні Сідарук, сьпяшаліся згадзіцца з "граніцамі Карскага". Невялічкую папраўку да беларуска-ўкраінскае граніцы Карскага на заходнім Палесьсю зрабіў Л. Асоўскі (Осовскі) у працы "Zagadnienie jezykowe Polisia" (Варшава, 1936), залічаючы да беларускае моўнае тэрыторыі Лунінец, Давідгарадок а Столін. Да беларуска-ўкраінскае граніцы Карскага на ўсходнім Палесьсю (ад палітычнае граніцы з Польшчаю да 1939 г. да р. Дняпра) вялікую папраўку зрабіў украінскі мававед П. Бузук у працы "Спробы лінгвістычнае географіі Беларусі", праводзячы граніцу ўздоўж палітычнае граніцы Беларускае Савецкае Рэспублікі з Украінскай Савецкай Рэспублікай. 3 папраўкаю Бузуковай згадзіўся Л. Асоўскі: Бузук, як ведама, дасьледаваў толькі мову тэрыторыі Беларускае Сав. Рэспублікі. Калі-б ён дасьледаваў і мову паўночнае прасторы Украінскае Сав. Рэспублікі, дык можна спадзявацца, што беларуска-ўкраінскую моўную граніцу правёў бы ён шмат ніжэй. Узноў такі Маскоўская Дыялектолёгічная Коміся (фактычна ейны сябра Н. Дурново) у сваім "Очерку русской диалектологии" шмат беларускіх моўных рысаў, што заразом ё ў т. зв. паўночна-ўкраінскім нарэччу, каторае генэтычна ё беларускім, залічыла да рысаў украінскіх і за ўкраінскія ўважае іх на тэрыторыі беларускага паўдзённага нарэчча. Дык няма дзіва, што гэткім парадкам адразаецца да Украіны вялізарная этнаграфічная тэрыторыя беларуская.

I. Сідарук у вышменаванай брашуры за Карскім абмыльна ўважае дыфтонгі за асаблівасьць украінскую. Сідарук, паклікаючыся на "Наріс украінськоі діялектологіі" Яр. Рудніцкага, піша, што зацьвярдзелае р ё таксама ў часьці заходне-ўкраінскага нарэчча. Тымчасам Рудніцкі констатуе толькі цяперашні стан спачатнага мяккога р у заходне-ўкраінскім нарэччу, прыводзячы на б. 7 прыклад рябий (побач із "рабий"), каторы дык-жэ сьветча пра спачатнае мяккое р і ў гэтым нарэччу ўкраінскім; гэтае мяккое р адно пасьлей тут зацьвярдзела, выдзяляючы ізь сябе й, тымчасам як у мове беларускай, разам із моваю разгляданых Сідаруком мясцовасьцяў, маем спачатную зацьвярдзе-ласьць р. Можна яшчэ тут зацеміць, што Рудніцкі на б. 19 свае менаванае працы прыводзе прыклад дьівирь (дзевер) - зь мяккім р з тае-ж Узднястраншчыны, дзе, подле яго й Сідарука, мае быць зацьвярдзелае р. Гэты прыклад сьветча, што яшчэ й цяпер, прынамся часткава, вымаўляецца там мяккое р. Сідарук ня ўзяў на ўвагу зацьвярдзелага ц і шмат якіх іншых рысаў беларускіх як такіх, што заразом ведамыя ў генэтычна беларускіх, але зукраінізаваных паўдзённа-палескіх гаворках (зь іх колькі прыведзена ў "Ведзе" 1952 г., б. 166-167), так і такіх, што ё толькі ў чыста беларускай мове. 3 гэтых другіх Сідарук ня ўзяў яшчэ пад увагу хормаў на -ом, -ох у прызначальным і мясцовым склонах мн. л. спакменьнікаў мужчынскіх а ніякіх (братом, братох, у сілох), зьмякчэньня н у вабстрактных спакменьніках на -іня (шырыня, чысьціня), зьяўленьне новага н у лічніках 11-19 (двананцаць), займёнаў гэты, гэны, такіх новых дыялектычных зьяваў беларускіх, як пераходы па вусьняных сугуках у у (бук, му заміж бык, мы), зацьвярдзеньня с у зваротных дзеясловах (мыюса) і іншых. Пры ўсім гэтым нельга ня прызнаць, што ў Кобрынскім пав., асабліва ў некаторых ягоных астраўкох, ё вялікі ўплыў украінскае мовы. У меншай меры гэта датыкаецца паветаў Берасьцейскага а Пінскага. Але ад гэтага ўплыву мова гэных мясцовасьцяў не перастала быць беларускай.

Ад утоку Цецерава ў Дняпро граніца йдзець да м. Осьцер ля р. Дзясны, адлі Дзясною да ўтоку ў яе Сейма, адгэтуль проста на ўсход да бодкі, што крыху на паўдня ад м. Глухава [6]; адгэтуль граніца йдзець проста на паўдня і займае да этнаграфічнае Беларусі паўночна-ўсходнюю часьць Пўцівельскага пав. б. Курскае губэрні разам ізь м. Пуціўлям, тут на заходзе граніца беларуска-ўкраінская праходзе па граніцы б. Глухаўскага пав. з б. Пуцівельскім, на паўдні граніцаю з украінскай моваю ё р. Сейм, а на ўсходзе граніцаю з расійскай моваю ё ўсходняя мяжа Пуцівельскага павету [7]. Адгэтуль граніца з расійскай моваю йдзець на поўнач, праходзе 25 км. на ўсход ад м. Дзьмітраўска б. Курскае губ. і крыху на ўсход ад местаў Дзьмітраўска й Карачэва б. Арлоўскае губ., адлі, памалу сьхінаючыся наўсход, ідзець да м. Болхава, скуль да м. Белеў, тады Акою да ўтоку Вугры ў яе, адлі на м. Медынь, скуль да сяла Матаева, што крыху на ўсход ад м. Гжацка, адгэтуль усходнім берагам р. Гжаці, 10-14 км. ад яе, да мяжы б. Цьверскае губ. з б. губ. Смаленскаю.

Праведзеная ўсходняя граніца адцінае да беларускае этнаграфічнае тэрыторыі блізу ўсю б. Смаленскую губэрню, з выняткам усходняй часьці Гжацкага пав., болыную часьць б. Калускае губэрні і ладныя часьці б. Арлоўскае й Курскае губэрняў. Граніца гэтая вызначаная Маскоўскай Дыялектолёгічнай Комісяй [8], да каторай пасьлей дадаў свае дасьледаваньні выдатны сябра гэтае Комісі, I. Галанаў [9].

Прыблізна на ўсход ад м. Вязьмы ў Смаленшчыне, а таксама ў Калужчыне й Арлоўшчыне, з выняткам Трубчэўскага пав., ды ў Куршчыне, з выняткам Пуцівельскага пав., беларуская мова вельмі абрусела, але ўсё-ж ткі яна ў васнове засталася беларускай. Жыхары гэтых прастораў звычайна ўсьведамляюць сваю апрычонасьць ад Расійцаў. Між іншага, Е. Буддэ ў сваіх дыялектолёгічных запісах з Арлоўшчыны падаець гаворку аднае жанчыны, каторая кажа, што ў іх звычаі й гаворка накшая, ня руская, а вось там далей на ўсход гавораць паруску. У дваццатых гадох, калі ў СССР была некаторая свабода нацыянальнае працы, была нат арганізацыя беларускіх студэнтаў, паходзячых із Гжацкага пав.

Прывяду некаторыя факты й сьветчаньні пра мову ўсходніх земляў беларускіх, каторай граніца з моваю расійскай гэтта праведзена.


Пачынаючы адгэтуль, граніца з Латышамі й Лятувісамі пададзена подле Е. Карскага "Этнографическая карта белорусского племени" (Петроград, 1918). Ведама, што адміністрацыйны падзел Карскі падаець такі, які быў да 1918 г. Гэны падзел не адказуе, ведама, падзелу цяперашняму, але ўсё-ж такі ён памагае орыентавацца; а што да цяперашніх адміністрацыйных падзелаў, то яны так часта мяняюцца, што за імі ня ўгонешся.
Карскі ў зацемцы на б. 16 менаваяае свае працы дадаець: "Адцемленую граніцу па Сувальскай губ., улетку 1901 г., удалося мне ўстанавіць асабіста". Да такіх-жа вывадаў прыдзем і на аснове кнігі Э. Вольтэра "Списки населенных мест Сувалской губ." (СПб., 1901). "Уперад Беларусы жылі тут, відавочна, яшчэ паўднявей, далей на паўдзённы заход... Як паказуюць мясцовыя дзеячы, чарасло (паласа) гэта йдзець яшчэ далей на паўдня да Райгарада"; "...усё гэта жыхарства... ужывае беларускую мову, каторую можна нат сустрэць яшчэ паўднявей у Ломжынскім павеце" (Риттих. Приложение к материалам для этнографии Царства Польского. СПб., 1864, б. 16). Запіс мовы з Аўгустоўскага пав. ў М. Каяловіча (Русскнй ннвалнд, 1864, № 78), а таксама ў Рыттыха (о. с).

"У сьпісаньню 1897 г. адцемлена крыху Беларусаў і ў Марыампольскім пав. (Сувальшчыны), наймя 489 чал." (Карскі, там-жа).

Што тая часьць Сувальшчыны, каторая занята цяпер польскай моваю, належыла ўперад да беларускае этнаграфічнае прасторы, сьцьвярджае таксама польскі дыялектолёг K. Nitsch у працы "Dialecty jezyka polskiego" (Encyklopedia polska, t. II - dzial III (cz. II), 1915, б. 253-254).

Спалёнізавана таксама Тыкацінская воласьць у Высака-Мазавецкім павеце. Там "Прыданыя тыпу беларускага. Сялянскія сёлы ў Тыкацінскай вол. і ў узнараўскім чарасьле ў вясельных абрадах цягнуцца да Падляшша занараўскага. Прыданыя (przenosiny), ня кажучы ўжо пра іншыя абрады, чыста пра гэта сьветчаць" (St. Dworakowski. Zwyczaje rodzinne w powiecie Wysoko-Mazowieckim. Warszawa, 1935, б. 88).
Дагэтуль граніца з Палякамі праведзеная подле вышменаванае мапы Карскага.
Беларуска-польская граніца, вызначаная ў гэтым артыкуле, блізу ані ня розьніцца ад польскае этнаграфічнае граніцы на ўсходзе ў зборнай граматыццы польскіх моваведаў "Jezyk polski i jego historia..." (Encyklopedia polska, t. II - dzial III (cz. II), 1915, б. 253-254 і "Mapa dialektow polskich").
Мову Бела-Падляскага павету я асабіста дасьледаваў у 1941 г. Як колькасьцяй сваіх рысаў, так і важнасьцяй іх яна беларуская; адно пачынаючы км. 10-15 на паўдня ад Белае Паддяскае ўкраінскія рысы ў мове пераважаюць, але й тут ё ў мове ладне беларускіх асаблівасьцяў.
Пра гэтую граніцу я прывёў даводы ў сваім артыкуле пра Севяран у "Ведзе" 1952 г., б. 238-241.
Беларускасьць менаванае часьці Пуцівельскага'павету я паказаў у вартыкуле "Беларусы Пуцівельскага пав. б. Курскае губэрні" (Веда, 1952, б. 241-250). Да таго, што там сказана, дадам гэтта, што знаходзім у Карскага. Ён кажа: "У іх (Беларусаў Пуцівельскага павету) няма дзеканьня, але надта мяккая вымова д й т; ё ў і іншыя беларускія асаблівасьці, пераважна ў слоўніку; бытавыя рысы чыста беларускія" (Этногр. карта блр. племенн. Петроград, 1918, б. 25). Там-жа на б. 26 Карскі зазначае, што ў Пуцівельскім пав. беларускімі ё сёлы Бяруха, Новая Слабада, Лінова, Калішчы, Буваліна, Старыя й Новыя Віры. Як паведамляе М. Халанскі (гл. менаваны мой артыкул у "Ведзе"), беларускімі ё таксама некаторью сёлы, сумежныя з Глінскай пустынёй, прыкл. царкоўнае сяло Козіна і м. Пуцівель. Нельга згадзіцца з Карскім, каторы думае, не падаючы ніякіх даводаў, што пуцівельскія Беларусы - перасяленцы. Пра перасяленьне нічагусенькі ня ведама, а тымчасам сёлы пуцівельскіх Беларусаў мянуюць ужо на пачатку XV стг. (гл.:Веда, б. 241), а м. Пуцівель ведамнае ад XI стг.
Н. Н. Дурново, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков. Опыт диалектологической карты русского языка в Европе (Труды Московской Диалектологической Комиссии, V, Масква, 1915).
Н. Голанов. Несколько новых данных к вопросу о географическом распространении диссимилятивного акания (Сборник статей в честь акад. А. й. Соболевского, АНС, Ленннград, 1928, б. 479-183).

Смаленшчына

Мову Смаленшчыны я падаў, подле Даля, у "Ведзе" 1951 г. (б. 5-7). Між іншага, Даль кажа: ""Дзеканьне" й "цеканьне" агульнае ўсёй Беларусі зь вельмі малымі выняткамі: заміж д, т чуецца дз, ц. У Смаленскай губ. часткава ня дзекаюць адно ў Вяземскім а Гжацкім паветах; а пра іншыя можна сказаць із Украінцамі: "Хиба лихо озме Литвина, шоб він не дзекнув!" У Дарагабужу чуем ужо: слухай, хадзі, ашукаўся; у Сычаўцы хто дзекае, а хто не" (Даль у варт. "Смоленское наречие", зьмешчаным у ягоным слоўніку).

"Гранічную ліню (паміж беларускай і расійскай мовамі) трэба шукаць захадней, відавочна, па сярэдзіне Гжацкага пав. Адно гаворка сяла Матаева, а за ім усіх заходніх воласьцяў павету рэзка супроцьстаіць гаворцы ўсхаднейшых дасьледаваных бодкаў. Вылучаючае яе дысыміляцыйнае аканьне ставіць пытаньне пра яго беларускую, але не паўднёва-вялікарускую аснову. У гэтым дачыненьню даныя выбегу йзноў пярэчаць Дыялектолёгічнай мапе (Маскоўскае Дыялектолёгічнае Комісі). Гэткім парадкам, гаворка (заходняе палавіны Гжацкага пав.) ё нам аднэй ізь пераходных на беларускай аснове (зн. ё вельмі абруселай беларускай моваю. - Я. С). Граніца падобных гаворак праходзе, відавочна, крыху ўсхадней р. Гжаці. Цяжшым ё вызначаньне асновы гаворкі на ўсход ад Матаева. Тут ё даныя і за паўночна-вялікарускі, і за паўднёва-вялікарускі, і за беларускі ўплыў" (М. Ушаков. Заметка о говорах Гжатского и Можайского у. Зданьне лічбы з выбегу Маск. Дыялект. Комісі 1925 г. ў складзе Галанава, Дзяржавіна, Сідарава й Ушакова, надрукаванае ў "Трудох" Комісі, № 9, б. 143).

У 1860 г. Беларусаў у Смаленскай губ. запісана 1 мілён 122 тысячы чал. (Живописная Россия, III, б. 442, арт. Максімава). Калі зьвернем увагу, што сьпісаньне 1897 г. падаець усяго жыхарства Смаленскае губ. 1 525 279 чал., дык у 1860 г. ўсі альбо блізу ўсі жыхары Смаленшчыны запісаны былі Беларусамі. Але ў 1863 г. было паўстаньне ў Беларусі на чале з К. Каліноўскім, просьле каторага Расійцы ўсімі спосабамі імкнуцца зацерці Беларусаў, асабліва на ўсходзе-у Смаленшчыне, Севершчьше й інш. Дзеля таго ў сьпісаньню 1897 г. падана Беларусаў у Смаленскай губ. толькі 100 757 чал. Нат Карскі дзівіцца: "Статыстычныя даныя пра Смаленскую губ. надта супярэчныя, - кажа ён. - У тых мясцох, дзе ў 1866 г. былі дзесяткі тысячаў чыстых Беларусаў... у 1897 г. за 30 год часта паказана колькі дзесяткоў Беларусаў: або яны чыста зрусыфікаваныя, або проста запісаныя "русскими" і дзеля таго лучылі ў лік Вялікарусаў" (Цыт. пр., б. 20-21). Знаючы Смаленшчыну, нельга сумлявацца, што там блізу ўсё жыхарства было й ё беларускае. Такую, як у Смаленшчыне, хвальшывую статыстыку Беларусаў падаець расійскае сьпісаньне 1897 г. ў Севершчыне ды ў Калужчыне, Арлоўшчыне і іншых беларускіх землях на ўсходзе а поўначы.

Калужчына, Арлоўшчына, Куршчына

Карскі кажа: "Подам да вызначаньня граніцаў беларускага краю служа ў нас вылучна мова; дзеля таго... тыя жыхары Арлоўскага й Калускага Палесься, што гукаюць папаўдзённавя-лікаруску, залічаныя да Паўдзённа-вялікарусаў, хоць прашчуры іхныя бяссумлеву былі Беларусамі. Гэткім парадкам, край, каторага граніцы вызначаныя, баржджэй належа да беларускага нарэчча, чымся плямені" (Карский. Белорусы, I, б. 4). Але Карскі да тэрыторыі беларускае мовы залічаў адно тыя прасторы, каторых беларуская мова не дазнала большага чужога ўплыву. Дзеля таго вялікія беларускія прасторы на ўсходзе, залічаныя Карскім да расійскай этнаграфічнай тэрыторыі, Расійцы прызнаюць беларускімі. Ведама таксама, калі якая група людзёў забудзецца сваю родную мову, дык ад гэтага яна не перастане належыць да свайго народу; зыркім прыкладам могуць быць Жыды. Праўда, тут Карскі назоў "Паўдзённа-вялікарусы" ўжывае ўмоўна, заміж "гукаючыя палаўдзённа-вялікаруску".

У "Трудох Общества Любителей Российской Словесности" (1820, № 20, б. 227-229) прыведзены невялічкі лік "словаў, ужываных жыхарамі места Жыздры; бальшыня зь іх беларускія" (Карский. Белорусы, I, б. 206).

Аднэй із асаблівасьцяў мовы месца Карачэва Арлоўскае губ. ё дысыміляцыйнае аканьне (вымова: выда, трыва) - рыса ведамая толькі на беларускай этнаграфичнай тэрыторыі. Гл. адказ із Карачэва на моўную "праграму" надрукаваны ў 10 томе б. 3 "Трудов Постоянной Комнссии по диал. рус. яз.".

"У Калускай губэрні яшчэ цямчэйшае вялікарускае захварбаваньне, хоць беларускае паходжаньне гэтых гаворак відаць із такіх фактаў, як: стаття, свіння, пакрый, памыйся - у Масальскім а Жыздрынскім паветах. Таксама беларускія рысы відаць у захаваньню хормаў мясцовага склону адз. ліку на -у: ў сараю, на бальшаку і інш., у канчатках наз. склону мн. л.:рукавы, лугі, павады і пад." (Будде. Лекции по истории рус. яз. Ученые Записки Казанского у-та, 1907, чырвень-ліпень, б. 238).

Карачэўскі, Бранскі а Трубчэўскі паветы Арлоўскае губ. а Сеўскі павет Курскае губ. прызнаець беларускімі дэ Ліўрон (Живописная Россия, III, б. 250).

С. Максімаў адзначае дзеканьне ў мове Калуска-Арлоўскага Палесься (Древняя и Новая Россия, 1876, № 8, б. 299-300,306). Даль у сваім слоўніку адзначае, што Медынь носіць на сабе болей або меней пазнак беларускае мовы. Даль таксама кажа, што "ў Калугу прынесена нямала зь Беларусі" (Слоўнік Даляў, XXVIII).

Беларуская Калужчына й Арлоўшчына ведамая пад назовам "Палесься". Як ведама, у шыршым значаньню ўсю Беларусь завуць Палесьсям. Беларусы Калуска-Арлоўскага Палесься завуцца Палехамі - любасная хорма ад "Палешанін", ад катора-га йзноў здрабнелай хормаю ё назоў "Паляшук". Назоў "Палешанін" паўстаў ад назову краю "Палесьсе", як ад "места" маем "мешчанін". Апрача таго, ужываецца тут яшчэ назоў "Літва", "Ліцьвін". Абодва назовы - агульна беларускія: "Літва" па-ходжаньня гістарычнага й гаспадарствавага, а "Палесьсе", "Палехі" паходжаньня топографічнага. Гэтымі абодвымі назовамі завуць калуска-арлоўскіх Беларусаў таксама іхныя ўсходнія суседзі.

Уперад беларуская мова была пашыраная і на ўсходзе ад праведзенай вышэй моўнай граніцы беларуска-расійскай, але пасьлей яе там зрусыфікавалі. Гэтак, пабеларуску гаманілі каля р. Упы, правае прытокі Акі, на паўдня ад м. Калугі (Карский. Белорусы, I, б. 60). М. Коласаў адзначае Беларусаў у паветах Мажайскім, Рускім (пав. места Руза) і Валакаламскім Маскоўскае губ. (Обзор звуковых и формальных особенностей народного рус. яз. Варшава, 1878, б. 147, зацемка 2). Даль кажа, што ў менаваных мясцовасьцях Маскоўскае губ. адчуваецца беларуская мова.

Ад вышменаванага месца на мяжы Смаленскае губ. зь Цьверскаю беларуска-расійская граніца пераходзе ў Цьвершчыну і праходзе левым берагам Волгі, км. 40 ад яе; дайшоўшы да бодкі супроць утоку ў Волгу Маладога Туда, ідзець ад Волгі на воддалі км. 30 і гэтак далей у тым-жа паўночна-заходнім прасьцінку аж да бодкі, што супроць м. Дзямянска, км. 30 на ўсход ад яго; адгэтуль прастае проста на заход да м. Дзямянска; гэтак граніца тут перацінае Цьвершчыну, пакідаючы на баку беларускім групу азёраў із воз. Селігер і месты Асташкава, Селіжарава, Ржэву й Зубцова. Зацемлю, што Беларусы ля Маладога Туда ведамныя пад назовам Тудаўлян.

Колькі зацемкаў да беларускае мовы Цьвершчыны

Мову Тудаўлян дасьледаваў, між іншага, В. Папоў. Ён адзначыў пераходы л у ў (даў, доўга), фрыкатыўнае заднепаднябеннае г і іншыя беларускія рысы (ИОРЯС, 1913, кн. 3, б. 251). I. Галанаў дасьледаваў беларускую мову Ржэўскага пав., адзначаючы тут дысыміляцыйнае аканьне, ў з в і л, фрыкатыўнае заднепаднябеннае і нат грытаннае г, шапятлявую вымову з, с, пытальную частку ці і іншыя беларускія асаблівасьці (Труды Постоян. Комнссии по диалект. рус. яз., № 9, б. 9). Беларускае дзеканьне, подле Даля, чуецца ў Таржку.

3 ранейшых аўтараў пра Беларусаў Цьвершчыны трэба адцеміць Праабражэнскага (Преображенский). У ягонай працы "Опнсанпе Тверской губ. в сельскохозяйственном отношеннн" (Пецярбург, 1854, б. 78) паказаныя Беларусы яшчэ ў Старыцкім павеце. Праабражэнскі падаець лік Беларусаў у Цьвершчыне на 125 000. Калі ўзяць пад увагу паднявольнае палажэньне Беларусаў, дык бяссумлеву ня ўсі Беларусы Цьвершчыны ўвыйшлі ў гэты лік, але ня мала іх залічана да Расійцаў.

Пра Асташкаўскі павет маем цікавую зацемку С. Максімава ў варт. "Белорусская Смоленщина" (Живописная Россия, III, б. 446). Ен піша: "Асташкаўская мясцовасьць, гэтулькі падобная зямлёю, гэтулькі свая звычаямі, у гэныя часы руху беларускага плямені з паўдня на поўнач не магла быць абмінена пры палёгкавых дарогах і не магла застацца безь беларускага ўплыву. Ен чуецца ў гаворцы селавых жыхараў, у ваднолькавасьці некаторых звычаёў і ў самым месьце Асташкаве (старавечным Клічаве, каторага назоў зьмяніў Зьмітра Донскі на Асташкаў) заховуе сьляды ўзаемнай сувязі і даўнейшага цягненьня. На гэты раз даводы свайні і сваіх сувязяў выказаліся ў найбяссупярач-нейшым і жывым народным подзеаснове - рэлігійнасьці, што выказуецца прывязьлівасьцю да роднае патрональнае сьвятыні. На тым-жа канцу места, дзе пачынаецца дарога да Ноўгараду, даўно пастаўлены манастыр (жаноцкі) Знаменскі. На тым-жа месцу, у бок Смаленску, дзе спрадвеку было "царковішча" (астачы царквы на Жытнім абтоку), пастаўлены мужчынскі манастыр у чэсьць абраза Смаленскае Божае Маці".

Ад вышменаванага места Дзямянскага граніца йдзець проста на заход да бодкі, што крыху ніжэй за м. Порхава, скуль даволі крута паварачае на паўночны заход, прастаючы да бодкі, што супроць утоку р. Чорнай у Пскоўскае возера, у воддалі каля 60 км. ад возера, адгэтуль ідзець проста да Пскоўскага возера, ля ўтоку ў яго р. Чорнай.

Прастора, агранічаная з поўначы а ўсходу праведзенай кадзе граніцаю, із заходу граніцаю з Эстоняй а Латвой і з паўдня беларускай Полаччынаю зь Віцебшчынаю, складаецца з Пскоўшчыны й часьці Цьвершчыны. 3 гледзішча нядаўнага, да рэволюцыі, адміністрацыйнага падзелу ў яе ўходзяць: высуненыя найдалей на паўдня часьці былых паветаў Гдоўскага а Лускага (Луга) б. Пецярбурскай губ., блізу ўся Пскоўская губ., з выняткам паўночнае часьці Порхаўскага пав. і ладная часьць б. Цьверскае губ. Да нядаўна толькі паўднявую ладную часьць былое Пскоўскае губэрні - часьці Апочацкага, Вялікалуцкага й Тарапецкага паветаў і заходнюю ладную часьць Цьверскае губ. ўважалі за беларускую прастору, а бальшыню залічалі да расійскае этнаграфічнае прасторы.

Зацемлю крыху праз мову ўсяе гэтае прасторы, зн. Пскоўшчыны й заходняе Цьвершчыны разам, бо мова іх аднолькавая. Мова пскоўскіх памяткаў, пачынаючы ад найстаршых часоў, розьніцца ад мовы памяткаў ноўгарадзкіх, зн. і ад мовы расійскай, бо гэтая ёсьць моваю Вялікага Ноўгараду. Старую мову Пскоўшчыны дасьледавалі галоўна Н. Карынскі й А. Шахматаў. Карынскі выявіў ладную розьніцу паміж моваю пскоўскіх памятак XV стг. і моваю пскоўскіх-жа памяткаў XIV стг. Гэтую розьніцу ён выясьняў уплывам мовы беларускае на мову Пскова, а гэта прывяло яго да гіпотэзы пра колёнізацыю Беларусаў у Пскоўшчыне ў XIII або на пачатку XIV стг. Подле Карынскага памеры гэтае колёнізацы былі вялікія, бо пскоўская мова XV стг. мала "ўсі важнейшыя фонэтычныя, а часткава й морфолёгічныя асаблівасьці беларускія" ды "беларускі ўплыў абняў усю Пскоўскую краіну". Гэткі позьні прыход Беларусаў да зямлі быццам іншага славянскага жыхарства дапусьціў Карынскі адно на аснове некаторых моўных рысаў, адбітых у памятках, ня маючы на гэта ніякіх даных гістарычных а іншых. Але ягоная моўная падстава аказалася ілюзорнаю. Шахматаў, разгледзіўшы ўсі факты, сьцьвердзіў, што "праўда, у памятках XIV стг. меней беларускіх рысаў, чымся ў XV стг., але гэта магло стаяць у сувязі з тым, што ў XIV стг. альбо ў першай палавіцы гэтага стагодзьдзя пскоўская пісьменнасьць была пад беспасярэднім уплывам ноўгарадзкае" і што нямашака даных выясьняць блізіню пскоўскага нарэчча да беларускага рухам Беларусаў да Пскоўскае зямлі. Шахматаў "сьхінаецца да пагляду, што моўная сувязь пскоўска-беларуская спрадвечная, створаная спрадвечным суседзтвам Псковічаў а Беларусаў".

Шахматаў сьцьвердзіў таксама, што тыя рысы пскоўскіх памяткаў, каторых няма ў цяперашняй мове беларускай, былі ў тагачасных беларускіх памятках, але, як і ў пскоўскіх, яны былі рысамі правапіснымі, занесенымі із заходняе Баўгарыі й Сэрбіі. Апрача таго, выявілася, што такая розьніца, як у мове пскоўскіх памяткаў XIV стг. і пасьлейшых, ё таксама ў мове беларускіх тых самых часоў.

Але дарма! Маскоўская Дыялектолёгічная Коміся ў сваім "Очерку русской диалектологии" (1915 г.), паклікаючыся адно на Карынскага, кажа, што Беларусы прышлі да Пскоўшчыны пазьней за "Паўночнарусаў" ды што пскоўская гаворка ў сваёй аснове "паўночна-руская" зь беларускім, не пазьнейшым XIV стг. наслаеньням.

450 год Пскоўшчына была пад асыміляцыйным уплывам цэнтралістычнае Масквы. Гэта вельмі зрусыфікавала ейную мову. Але дарма, дасьледаваньнік гэтае мовы 1930 г. гэтак пра яе кажа: "Усё гэта не даець нам права аднесьці дасьледаваную намі (пскоўскую) гаворку да паўночна-рускіх. Нашая гаворка бліжэй стаіць, здаецца нам, да гаворак беларускіх, што не разьмінаецца з назіраньнямі проф. Бузука, выкладзенымі ў ягонай працы "Да характарыстыкі паўночна-беларускіх дыялектаў. - Гутаркі Невельскага й Вяліскага паветаў"" (К. А. Неропольский. Говор дер. Савюшо Пушкинского района Псковского округа. ИРЯС, III-2,1930, б. 597).

Аўтар гэтых радкоў дасьледаваў старую й сучасную мову Пскоўшчыны, што мае быць асобна надрукавана, як праца моваведная. Гэтта адно падзялюся з вывадамі гэнае працы. 3 выняткам групаў гл, кл (мыгла, памякло) заміж агульна беларускага л (мыла, памяло), усі асаблівасьці пскоўскае гаворкі супольныя ў яе альбо з усёю моваю беларускай, або із шмат якімі ейнымі гаворкамі. Блізу ўсі гэтыя асаблівасьці чужыя мове расійскай. Разгледзіўшы рысы пскоўскае гаворкі, нельга сумлявацца, што зь гістарычнага гледзішча яна - чыста беларуская. У сучасным сваім стане яна - таксама беларуская, але вельмі абруселая. Зьліцьцё ч і ц (цалавек, чарква), сь а ш (шядні замест сядні), зь а ж (жімля заміж зямля, парозны зам. парожны), дысыміляцыйнае аканьне (ныга, гыра, але нагі, гары), зьліцьцё гь а е, былая хорма есме ў 1 ас. множнага ліку паказуюць, што пскоўская гаворка належа да паўночнае групы беларускіх гаворак. Групамі гл, кл заміж агульна беларускага л з праславянскіх дл, тл пскоўская гаворка займае да некаторае меры апрычонае месца ў паўночна-дыялектычнай групе беларускае мовы, але ад іншых гаворак гэтае групы яна шмат меней розьніцца, чымся ўся гэтая група ад паўднявое дыялектычнае групы беларускае мовы.

Граніцы гістарычныя

Даўнейшыя гаспадарствавыя землі Беларусі ня ўвесь час былі тыя самыя. Дзеля таго гістарычныя землі беларускія і іхныя граніцы мусяць быць разгляданы подле пэрыядаў. Маем два галоўныя пэрыяды гаспадарствавай Беларусі: а) пэрыяд асобных гаспадарстваў беларускіх і б) пэрыяд задзіночанага гаспадарства беларускага, званага Вялікім Княствам Літоўскім або Літвою.
Асобныя гаспадарствы беларускія

Балей-меней сыстэматычна докумэнтаваная гісторыя Беларусі пачынаецца ў палавіцы IX стг. Яна засьпяець беларускія плямёны арганізаваныя ў свае гаспадарствы. У гэтым часе зьяўляюцца Норманы (Швэды, Норвэгі) на ўсходзе Эўропы. Неўзабаве іхным галоўным асяродкам стаў украінскі Кіеў. Норманы робяць напады на беларускія княствы з мэтаю грабяжу, у радкім лепшым прыпадку дзеля ўстанаўленьня дані. У гэтым часе беларускія княствы прадаўжаюць існаваць пастарому. Зьмена настаець за Валадзімера Кіеўскага ад 980 г., каторы зрабіў спробу заваяваць беларускія гаспадарствы. Ягоную спробу прадаўжаюць ягоныя наступнікі. Войны адбываюцца паміж беларускімі княствамі, з аднаго боку, і ўкраінскімі, на чале якіх было Вялікае Княства Кіеўскае, з другога; ходаньне было ізь зьменным шчасьцям, розным у васобных княствах. Скончылася яно перамогаю Беларусаў у тым сэнсе, што беларускія гаспадарствы захавалі сваю самастойнасьць. Гэта было хармальна-праўна за-мацавана на зьезьдзе ў северскім месьце Любечу 1097 г. Апрача Вялікага Княства Полацкага, каторае й дагэнуль было незалежным, іншыя беларускія княствы абавязаныя былі толькі памагаць Украіне ў яе войнах із турка-татарскімі качавымі народамі. Але Беларусы гэты абавязак спаўнялі вельмі рэдка і адно тады, калі да гэтага былі змушаныя абставінамі. Наадварот, звычайнымі хаўрусьнікамі Беларусаў супроць Украінцаў былі турка-татарскія народы - Хазары, Печанегі і асабліва Полаўцы.

Пералічым асобныя беларускія гаспадарствы гэтага пэрыяду.

Вялікае Княства Полацкае мала тры важныя цэнтры - Полацак, Віцебск а Менск, зь іх найважнейшы быў Полацак. Гэтае княства заўсёды абымала прастору пасьлейшых, за расійскага часу, губэрняў - усяе Віцебскае, вялікае часьці Магілеўскае, з выняткам Імсьціслаўшчыны, і ладную часьць Меншчыны. Нядаўныя паветы Дзісенскі з Браслаўскім належылі да асноўнага ядра Полаччыны, а Вялейскі павет таксама належыў да таго-ж асноўнага полацкага ядра, але яго менскае часьці. У часе свайго найбольшага развою Полаччына абымала на заходзе ўсі заходне-беларускія землі зь Вільняю, Ноўгарадкам, Слонімам, Ваўкавыскам, Гораднам ажно да граніцы з Мазоўшам. На паўдні прастора Полацкага гаспадарства абымала часьць Палесься із Слуцкам, Клецкам а іншымі. Да Полацку належыла таксама ладная часьць цяперашняе Латвы з княствамі Герцыке а Кукейнос ля Дзьвіны. 3 вьшяткам колькіх кароткіх перарываў, з каторых толькі адзін у X стг. трываў пара дзесяткоў год, а іншыя адно па колькі год, Полаччына ўвесь час заставалася незалежным беларускім гаспадарствам.

Вялікае Княства Смаленскае абымала ўсю Смаленшчыну ўлучна з Мажайскам а Ржэваю, каторая за расійскіх часоў належыла да Цьверскае губ. Апрача таго, да Смаленскага княства належыла Імсьціслаўшчына і Тарапец у Пскоўшчыне. Да Смаленску цягнула і беларуская часьць Цьвершчыны, як Клічаў (Асташкава) а інш.

Вялікае Княства Северскае абымала Севершчыну, зн. пасьлейшую Чарнігаўскую губэрню, Курскую й часьць Арлоўскае. Апрача таго, да яго належыла паўднявая часьць Магілеўшчыны.

Пад канец XII стг. Смаленскае й Северскае княствы завалодуюць Кіевам і дзержаць яго да татарскага находу.

Княства Турава-Пінскае. Цяжкая была ягоная доля. Спачатку беларускае плямя Дзярвян, што сягала на паўдні да ракі Ірпень, правае прытокі Дняпра, тварыла свае пляменнае гаспадарства, зв. Дзервы з разьвітым палітычным ладам. Цэнтрамі Дзерваў былі месты Вьручы (цяпер Аўруч), Іскарасьцень (цяпер Карасьцень) і Малін. Дзярвяне вялі спрадвечныя бязупынныя войны з украінскімі Палянмі. Калі Украінцы іх перамаглі ў X стг., то не дапусьцілі да ўзнаўленьня дзярвянскага гаспадарства. Дзеля таго крыху пасьлей паўстала княства дзярвянска-дрыгвіцкае з цэнтрам у Тураве ля Прыпяці. Тураўскае княства было зьліквідавана перамогаю Яраслава Валадзімеравіча над тураўскім князям Сьвятаполкам у 1017 г. Просьле гэтага Кіеў узноў не дапусьціў да ўзнаўленьня самастойнасьці Тураўскага княства, Тураў стаў удзелам Кіева. I толькі ў палавіцы XII стг. з аслабленьням Кіева і ўтратаю ім ранейшай ролі, узноўлена была незалежнасьць гэтага дзярвянска-дрыгвіцкага гаспадарства з галоўным цэнтрам у тым-жа Тураве і меншым у Пінску. Прастораю Турава-Пінскага княства было Палесьсе.

Вялікае Княства Разанскае. Тварыла яго беларускае плямя Вяцічы. Прастора гэтага княства займала гэткія нядаўныя губэрні: Разанскую, часьць Маскоўскай, Тульскую, Калускую і балыныню Арлоўскай. Разанцы вялі даўгія, упорыстыя й заўзятыя войны з Маскоўцамі, уперад званымі Суздалцамі. 3 выняткам часьці вяціцкай зямлі, тэй, што на заход ад вышняй Акі, мова Вяцічаў зрусыфікаваная, але ў ёй захавалася гэтулькі беларускіх асаблівасьцяў, што пра яе былую беларускасьць ня можа быць сумлеву.

Вялікі Пскоў. Вялікае беларускае плямя Крывічы стварылі ня толькі чыста свае пляменнае гаспадарства - Вял. Кн. Смаленскае, ня толькі часткава пляменна-крывіцкае - Вялікае Княства Полацкае, але яшчэ й чыста пляменна-крывіцкую рэспубліку - Вялікі Пскоў. Прастора яго была ля воз. Пскоўскага і ўздоўж ракі Вялікае, што ўцякае ў гэтае возера. Спачатку Пскоў належыў да Вялікага Ноўгараду, будучы ягоным удзелам. За вызваленьне Пскоўшчыны Вял. Кн. Полацкае вяло з Ноўгарадам даўгія заўзятыя войны. У 1136 г. Пскоў вызваліўся ад Ноўгараду і стаў незалежным. Ён слыў сваім гандлям і багацьцям. Псковічы адзначаліся непрыязьняй да Ноўгараду, як да гаспадарства, што ўперад было іх паняволіўшы, а пасьлей, просьле палітычнага вызваленьня Пскова, не хацела дапусьціць апрычыцца яму царкоўна - маць сваю, асобную ад Ноўгарадзкай, епіскопію.

Крывічы Цьвершчыны. Ладная часьць Беларусаў крывіцкага плямені была ў Вял. Кн. Цьверскім. Магло ў ім быць Беларусаў ня меней трайціны ўсяго жыхарства. Апрача Беларусаў, жыхарамі гэтага княства былі Ноўгарадцы і, хіба, Суздалцы. Подле дагэтулешніх дасьледаваньняў выглядае, што Беларусы ў Цьверскім княсьцьве былі ў мяншыні, зн., яны належылі да чужога гаспадарства. Але, з другога боку, ведама, што княства Цьверскае было антагоністычным да Масквы, часта рабіла супраць яе хаўрус із княствам Смаленскім і Вял. Кн. Літоўскім, каторае яму прыяла і яго ад Масквы бараніла.

Значаньне менаваных беларускіх гаспадарстваў для палітычнае гісторыі Беларусі вялікае. Не малое яны маюць значаньне і як аргумэнт да ўзнаўленьня палітычнай незалежнасьці Беларусі. Прыкладам могуць служыць чэскія Судэты. Дарма што яны былі XI-XIII стг. заселеныя суцэльнай масаю нямецкіх колёністых, Чэхі ўважалі іх за сваю гістарычную прастору і дапялі, што Судэты із сваймі трыма мілёнамі Немцаў увыйшлі ў 1918 г. ў склад Чэхаславаччыны. Тым большае павінны маць значаньне менаваныя беларускія гаспадарствы, як заселеныя ня чужым, а сваім жыхарствам. Адылі маюць яны і свае слабыя стараны. Аднэй ізь іх ё тое, што яны ня былі задзіночыўшыся, хоць пачуцьцё нацыянальнае супольнасьці і палітычная солідарнасьць у іх была і рэдчас праяўлялася вельмі моцна. Другой слабой стараною ё далёкі ад нас час іхнага быцьця. Дыкжэ дзеля гэтага проф. М. Чубаты выказаў пагляд у сваіх артыкулах, друкаваных у 1951 г. ўукраінскай "Свободе", што, як аргумэнт гістарычны дзеля ўзнаўленьня ўкраінскага гаспадарства, трэба прыводзіць не гаспадарства старое Кіеўскае Русі, але Галіцка-Валынскае гаспадарства, што трывала 109 год, ад татарскага находу 1240 да 1349 г.

Вялікае Княства Літоўскае

Даводы пра беларускасьць гістарычнае Літвы прыведзеныя мною ў "Ведзе" ў сшытку зь мес. красавіка-чырвіня 1951 г. Дзеля свайго даўгога быцьця ад пал. XIII да канца XVIII стг., дзеля свае палітычнае магутнасьці, сваіх памераў, культурнае роўні, палітычнага ладу і вытваранага дасканальнага права Вялікае Княства Літоўскае ё вялізарным гістарычным аргумэнтам за палітычную незалежнасьць Беларусі. Вялікае Княства Літоўскае задзіночыла ў сваіх граніцах усі беларускія землі, з выняткам беларускай часьці княства Цьверскага, але й гэта часьць да яго цягнула, Цьвер была пад ягоным уплывам і яго абаронаю і якісь час пад ягоным протэкторатам. Можна сьмела сказаць, што ніводзін із народаў цяперашняга СССР ня можа пахваліцца такой мінуласьцяй, якую маюць Беларусы дзякуючы пэрыяду ВКЛ. 3 усіх т. зв. Славян адна Польшча можа раўняцца да Вял. Кн. Літоўскага, у вадных прыпадках яго перавышаючы, у другіх яму ўступаючы. Правам, вайсковасьцяй, вонкавай а нутраной палітыкаю сваіх гаспадароў і свае ўлады наагул Беларусь пэрыяду Вял. Кн. Літоўскага бяссумлеву перавышала Польшчу. Да XVI стг. Беларусь таксама культурна перавышала Польшчу, пасьля станаўкая культурная перавага была за Польшчай. Да Люблінскай вуніі 1569 г. тэрыторыя беларускага гаспадарства была шмат большая за тэрыторыю Польшчы. Маскоўшчына-Расія, ведама, даўжынёю свайго быцьця, сваймі памерамі і сваёй пасьлейшай магутнасьцяй перайшла Беларусь, але сваім палітычным ладам, сваім правам, а да XIX стг. і сваёй культураю яна далёка асталася ад Беларусі. Што да культурнае роўні народных масаў, дык Беларусь і цяпер перавышае Расію.

Пра тэрыторыяльны развой задзіночанага беларускага гаспадарства мне давялося-б тут сказаць тое, што я карацюсенька напісаў у "Ведзе" з красавіка-чырвіня 1951 г. Дык тых, што гэтым цікавяцца, адсылаю туды, а тут адно зацемлю пра прылучэньне да яго найдальшых беларускіх земляў і земляў чужых. Пачынаючы ад гаспадарстваваньня вялікага князя Гедыміна (1316-1341) Пскоў належа да задзіночанага беларускага гаспадарства; гаспадары Вял. Кн. Літоўскага бароняць яго сваймі сіламі ваенна й палітычна, апякуюцца з боку царкоўнага, садзяць туды за князёў а намесьнікаў сваіх людзёў. У 1396-1397 г. было прылучана да Літвы княства Разанскае.

Аўкштота, адна зь дзьвюх часьцяў цяперашняе Лятувы, была прылучаная да задзіночанага беларускага гаспадарства яшчэ за Міндоўга, першага гаспадара ягонага. У палавіцы XIV стг. былі прылучаныя ўкраінскія землі, а ў другой палавіцы гэтага стагодзьдзя, за Альгерда, беларускае гаспадарства заняло паўночныя берагі Чорнага мора, ад утоку ў яго Дняпра да ўтоку Днястра. У 1411 г. была прылучана Жмудзь.

У вапошняй чэцьверці XV стг. настала нягодная коньюнктура для беларускага гаспадарства, яно мусіла ваяваць адначасна із спадкаемцай татаршчыны Маскоўшчынаю і магутнай у той час Турэччынаю. Дзеля таго ў канцы XV і на пачатку XVI стг. яно траце шмат земляў. Найперш былі страчаныя на карысьць Турэччыны паўночныя берагі Чорнага мора. Вялікае Княства Разанскае было ўзалежненае ад Масквы ў 1483 г. і сусім зьліквідаванае ёю ў 1520 г. Беларускія землі ля вышняе Акі былі захопленыя Масквою ў 1503 г. У гэтым-жа часе былі страчаныя Смаленшчына з выняткам заходняе часьці, Браншчына й Севершчына з выняткам меншае часьці на заходзе, але ў пачатку XVII стг. Беларусы іх адабралі ад Масквы назад і беларускія гаспадарствавыя граніцы на ўсходзе прасьцягаліся за Палянаўку а Масальск, за Бранск а Трубчэўск; гэтак было да 1667 г., калі яны былі страчаныя Андрусаўскім замірэньням.

Пскоў, узалежнены ад Масквыў 1464 г., быў ёю паняволены ў 1509 г. У канцы семдзясятых і пачатку асьмідзясятых год XVI стг., у часе вайны з Масквою, Беларусы занялі блізу ўсю Пскоўшчыну, але замірэньням 1582 г. за беларускім гаспадарствам засталася толькі балыныня Пскоўшчыны зь Вялікімі Лукамі, Халмом а інш. Заставаліся яны ў беларускім гаспадарсьцьве да Андрусаўскага замірэньня 1667 г.

За вайны з Маскоўшчынаю, зь перарывамі ад 1558-1582 г., ды Швэдамі й Даняй, Палякі ў 1569 г: адабралі ў Беларусі ўкраінскія землі (із згодаю Украінцаў) і ладныя часьці земляў этнаграфічна беларускіх, наймя часьць Падляшша (пасьлейшыя паветы Беластоцкі, Аўгустоўскі і часьці іншых), паўднявую часьць усходняга Палесься (на паўдня ад пасьлейшай адміністрацыйнай мяжы Менскай губ. зь Кіеўскай губ. а Валыняй - прастора ўздоўж р. Вужа, дзе Чарнабыль, Аўруч а інш.) ды незахопленую Маскалямі заходнюю часьць Севершчыны (Любеч а інш.). У 1646 г., гэтая часьць Севершчыны была зьвернена Беларусам. У 1772 г. ў часе першага падзелу польска-беларускае Рэчы паспалітае Расія прысабечыла беларускія землі, лежачыя на ўсход ад Дзьвіны, Друі й Дняпра (траха ўсё вайводзтва Віцебскае, паўночную часьць Полацкага, усё Імсьціслаўскае, невялічкую часьць Менскага й Інфлянцкае). Другім падзелам Рэчы паспалітае 1793 г. Расія ізь земляў беларускага гаспадарства прысабечыла Менскае вайводзтва, часьць Віленскага, Наваградзкага й Берасьцейскага. Трэйцім падзелам 1795 г. Расія ад беларускага гаспадарства прысабечыла лятувіскую зямлю і астачу этнаграфічнае беларускае зямлі, з выняткам Беласточчыны, каторая была прылучана да Прус, і Бела-Падляскага павету, прылучанага да Аўстрыі. Беласточчына была прылучана да Расіі 1807 г., а Бела-Падляскі павет у 1814 г., просьле вайны з Наполеонам. Просьле гэтага Бела-Падляскі павет Расія прылучыла да адданай ёй польскай Конгрэсаўкі ("Царства Польского").

Усі вышменаваныя землі, што вялікі час тварылі асобныя беларускія гаспадарствы або вялікі час былі ў задзіночаным беларускім гаспадарсьцьве - Вялікім Княсьцьве Літоўскім - ё беларускімі гістарычнымі землямі, а граніцы іх ё беларускімі гістарычнымі граніцамі. Зь менаваных земляў, землі этнаграфічна беларускія шмат болей часу былі ў сваім беларускім гаспадарсьцьве, чымся належылі да гаспадарстваў чужых.

Крыніца: Станкевіч Я. Гістарычныя творы. - Мн.: "Энцыклапедыкс",2003.-776с.

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291836705 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Этнаграфічныя і гістарычныя тэрыторыі і граніцы Беларусі

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network