публикация №1291836353, версия для печати

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Трэці пэрыод XVI - XVIII ст.)


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Люблінская вунія 1569 году
Берасьцейская царкоўная вунія 1596 г.
Політыка-соцыяльны лад Рэчы Паспалітай
Стан Беларусі пасьля вуніі з Польшчай
Брацтвы на Беларусі
Казацтва на Беларусі
Агульны політычны абгляд
Канец Рэчы Паспалітай
Люблінская вунія 1569 году

Ня гледзячы на вунію 1386 году, Літва і Беларусь ня зьліліся з Польшчай за час прошлага пэрыоду. Абедзьве дзяржавы захоўвалі сваю палітычную і культурную асобнасць. Ня дарма вуніі і пасьля 1386 году некалькі раз аднаўляюцца юрыдычна. Гэты факт юрыдычных паўтарэньняў сьведчыць аб тым, што кожны з юрыдычных актаў нямеў жыцьцёвай, фактычнай моцы. Але, з другога боку гэты факт сьведчыць і аб тым, што былі нейкія ўмовы ў жыцьці абедзьвюх дзяржаў, каторыя прымушалі зноў аднаўляць юрыдычныя вуніі. За час супольнага юрыдычнага жыцьця ў Літве і Беларусі стварыліся такія дзяржаўныя, соцыяльныя і культурныя зьявы каторыя збліжалі гаспадарства з Польшчай. Гэтыя зьявы залежалі як ад паступовага руху ў жыцьці самога гаспадарства, так і ад польскага ўплыву.

Асабліва важнымі для ўтварэньня вуніі былі соцыяльныя прычыны. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай шляхта ў гэты час ужо адабрала ад магнатаў іх пераважнае, домінуючае палажэньне ў дзяржаве. Уся ўлада там была ўжо ў руках шляхты. Што датычна да Беларусі і Літвы, то тут магнаты яшчэ ня згубілі свайго старшынства і адціскалі шляхту на другі плян. Зразумела, што гэта парушала інтарэсы і пажаданьні беларускай шляхты. Яна жадала знаходзіцца ў тым самым палажэнні, у якім знаходзілася шляхта ў Польшчы. Сярод літоўска-беларускіх колаў вынікла зусім правільная думка, што атрымаць верх над сваімі магнатамі яны здужаюць куды лягчэй, калі іх гаспадарства ўтворыць рэальную вунію з Полынчай. Пры дапамозе вуніі беларуская шляхта думала зраўняцца ў правох і прывілеях з польскай шляхтай. Што справа абстаяла так, сьведчаць факты. Вядома, напрыклад, што яшчэ ў 1562 годзе беларуская шляхта, сабраўшыся пад Віцебскам, утварыла так званую конфэдэрацыю, якая паставіла сабе за мэту, каб дабівацца ўсімі сіламі вуніі з Польшчаю.

Да вуніі вялі і чыста знадворныя абставіны, якія злажыліся ў абодвых гаспадарствах.

Мы ведаем, што, пачынаючы з канца XIV веку, на Літву і Беларусь ідзе націск з усходу, з боку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск пустошыць і руйнуе асабліва беларускія землі. У другой палавіне XVI сталецьця (1558-1582) з перарывамі і пераменным шчасьцем цягнулася так званая Лівонская вайна, пачатая Іванам Грозным. Лівонія, разьбітая маскоўскімі войскамі, аддалася пад абарону Літвы; Іван напусьціў свае войскі на Літоўска-Беларускае гаспадарства. Маскоўская армія больш як у 250 тысяч у 1563 годзе аблажыла і ўзяла горад Полацак. Шмат народу загінула, шмат фурманак з золатам, серабром і дарагімі рэчамі пацягнулася ў Маскву. Шукаючы паратунку ад маскоўскага націску, Літва і Беларусь прымушаны былі думаць аб апоры ў Польшчы.

Польскім каралём і літоўска-беларускім гаспадаром быў у гэты трывожны час Зыгмунд III (II) Аўгуст. Ен быў ужо зусім не маладым і ня мог спадзявацца на патомства. Канчалася такім спосабам старая лінія Ягелонаў, каторая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскія політыкі таго часу баяліся, што пасьля сьмерці апошняга караля з роду Ягайлавага Літва і Беларусь, баронячы сваю незалежнасьць, могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць больш адпавядаючую часу сувязь паміж гаспадарствамі яшчэ да сьмерці караля, не адкладаючы справы. Зыгмунд таксама згадзіўся з апошнім. Пачаліся перагаворы.

Магнаты Літоўска-Беларускага гаспадарства і кіруючыя колы Польшчы мелі не аднолькавыя думкі аб злучэньні.

Магнаты Літвы і Беларусі лічылі карысным зрабіць такую вунію, каторая б не касавала незалежнасьці і самабытнасьці іх гаспадарства. Паводле іх пляну, кожная з дзяржаў павінна была захаваць свой сойм. Некаторыя з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў магнатаў хоць і згаджаліся на агульны для абедзьвюх дзяржаў сойм, але яны хацелі, каб ён зьбіраўся чаргова: адзін раз на тэрыторыі Літвы і Беларусі, другі раз на тэрыторыі Польшчы. Кароль і гаспадар злучанай дзяржавы павінен абірацца і абвяшчацца тэй і другою дзяржавамі асобна. Пасады ў кожнай дзяржаве займаюцца толькі "тубыльцамі", г. зн. ураджэнцамі яе.

Прадстаўнікі Польшчы не згаджаліся з такою пастаноўкаю пытаньня аб вуніі. Яны стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасці Літвы і Беларусі. На іх погляд сойм у абедзьвюх дзяржавах павінен быць адзін і зьбірацца павінен ён выключна на тэрыторыі Польшчы. Палякі маюць права займаць пасады як у Польшчы, так і ў прылучанай да Польшчы дзяржаве.

Перагаворы зацягваліся. I тая і другая старана апіраліся на падставы, каторыя, на іх погляд, былі правільныя. Літоўска-беларускія магнаты і частка багацейшага шляхецтва ў сваіх пропозыцыях грунтаваліся на тых прывілеях, якія выдаваліся для літоўска-беларускіх зямель гаспадарамі ранейшага часу, каторыя ня згубілі яшчэ сувязі з Літвой і Беларусьсю і адчувалі сябе больш гаспадарамі Літвы і Беларусі, чым каралямі Польшчы. Гэта былі прывілеі Казімера IV, Зыгмунда I, Аляксандра, сутнасьць якіх была ў захаваньні праў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Палякі грунтаваліся на граматах і прывілеях апошніх Ягелонаў (Зыгмундаў-Аўгустаў) і на некаторых пунктах ранейшых вуній. Яны рабілі выняткі ў сваю карыеьць для паніжэньня і скасаваньня праў Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны хваліліся, што ў Полынчы былі каралі, у той час, як у Літве і Беларусі былі толькі вялікія князі, каторыя па тытуле былі ніжэйшымі ад каралёў. Кожная старана цьвёрда стаяла на сваім грунце і перегаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо й тады некаторыя з вяльмож заўважылі, што беларуска-літоўскае магнацтва і палякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма. Зразумела, што тыя і другія чакалі, як павернецца жыцьцё. Ці ня дасьць яно вырашэньня пастаўленаму пытаньню.

Для канчатковага выяўленьня пытаньня аб вуніі быў назначаны агульны зьезд у Любліне на 23 сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускія паслы, у ліку якіх шмат было магнатаў, адчуваючы, што абставіны жыцьця рыхтуюцца не на іх карысьць, зьбіраліся памалу і як-бы нехаця. Больш-менш значная большасьць іх сабралася толькі к 10 студзеня 1569 году. Абедзьве стараны стаялі кожны на сваім і не хацелі паступіцца сваімі пропозыцыямі. Літоўска-беларускія магнаты, бачачы, што ніяк не дайсьці да ладу, пачалі адзін за другім разьяжджацца. ТаДы палякі, апіраючыся на тым, што паўднёва-рускія землі - Палесьсе, Валынь і Падолія - у старадаўній часы былі далучаны да Літоўска-Беларускага гаспадарства продкамі Ягелонаў, а таксама на тое, што беларуская шляхта гэтых зямель выразна цягнула да Польшчы, прасілі апошняга Ягелона падараваць гэтыя землі Польскай кароне. Зыгмунд так і зрабіў. Даведаўшыся аб гэткай крыўдзе, магнацкая частка паслоў Літвы і Беларусі зноў зьявілася ў Люблін. Яна энэргічна протэставала проці таго, што было зроблена, кажучы, што гаспадар ня мае права прылучаць да польскай тэрыторыі землі, каторыя ад веку ўходзяць у склад Літвы і Беларусі. Палякі не адступаліся ад зробленай імі крыўды. Яны бачылі, што Літва і Беларусь знаходзяцца ў такіх цяжкіх умовах, што ў іх няма магчымасьці аружжам бараніць свае правы, што Літва і Беларусь прымушаны будуць згадзіцца і на такую вунію. Справа ў тым, што Літоўска-Беларускаму гаспадарству на ўсходзе пагражала Масква, на поўдні пагражалі татары і туркі. Зразумела, і Польшча стала-бы ворагам, калі-б з ёю ня было зроблена вуніі. Апроч таго, Польшча бачыла, што беларускія і літоўскія паслы раскалоліся на магнацкую і шляхецкую групы, з каторых апошняя стаяла за ўтварэньне вуніі з Польшчаю.

Калі беларускія паслы-магнаты пераканаліся, што іх справа пройграна, яны пашлі на згоду. Днеўнік Люблінскага сойму апісвае, што паслы-магнаты Хадкевіч, Радзівіл і др. малілі палякаў і свайго апошняга гаспадара з роду Ягелавага, каб яны не рабілі крыўды іх гаспадарству, не паніжалі яго і не адрэзвалі ад яго векавечных яго зямель. Яны з плачам кінуліся на калені перад Зыгмундам, просячы яго ня губіць гаспадарства і не аддаваць яго ў "ляскую няволю". Але кароль і палякі ня выказалі спагады. Іх імпэрыялістычныя апэтыты не маглі не скарыстаць таго цяжкага палажэньня, у якім знаходзілася Літоўска-Беларускае гаспадарства. Зыгмунд загадаў літоўска-беларускім дэпутатам бяз лішніх размоў і прамоў прыняць вунію і прысягнуць Полынчы. Гэтая прысяга на вунію і адбылася 1-га ліпеня 1569 году.

Па Люблінскай вуніі Літва і Беларусь злучаюцца з Польшчай у адно цэлае, у адзін дзяржаўны організм. Новая непадзельная дзяржава называецца Рэч Паспалітая, іначай кажучы - Рэспубліка. Два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, каторы носіць тытул "кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі". Кароль займае пасад не па спадчыне, а па абраньні. Абіраюць гаспадара народы абедзьвюх дзяржаў разам, для якой мэты зьбіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя гаспадара адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь ня маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Сойм у тым і другім гаспадарстве адзін: ён складаецца з дэпутатаў, абраных на мясцовых павятовых сойміках. Калі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве ёсьць якія-колечы пастановы, нязгодныя з умовамі вуніі, то яны касуюцца. Грашовыя знакі ў абедзьвюх дзяржавах агульныя. Паміж Польшчай, з аднаго боку, і Літвой і Беларусьсю - з другога боку, мяжы няма. Тавары перавозяцца з аднэй стараны ў другую вольна, бяз усякіх гандлёвых мыт і налогаў. Падданыя абодвух гаспадарстваў маюць права купляць і ўладаць нярухомай маемасьцю і ў той і ў другой старане. Валынь, Падолія і Падлясьсе былі аддзелены ад Літвы і Беларусі і прылучаны да Польшчы як землі кароны. Ня гледзячы на вунію, кожная з дзяржаў усё-ж такі захоўвала свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасад. Трэба таксама адзначыць, што грошы і ў кароне і ў вялікім княстве былі асобныя ў XVI і нават у першай палавіне XVII сталецьця.

Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў існаваў і раней, але ён ня мог быць моцным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было аніякіх перашкод. Польшча скарыстала польскі настрой беларускай шляхты і цяжкае палажэньне вялікага княства, скасавала яго самабытны політычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахватам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае існаваньне кароны і княства. Вунія была эгоістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што пры націску Масквы і татар княства нават не атрымала ад Польшчы тэй дапамогі, якую Польшча абяцала даць. Беларусь, апроч таго, увашла ў дзяржаўны організм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і політычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь таксама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшыя станы, каторыя, апалячыўшыся, сталі чужымі для свайго народу як культурная сіла.

Берасьцейская царкоўная вунія 1596 г.

Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечвала для Польшчы політыка-соцыяльны і часткаю культурны ўплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцці злучаных дзяржаў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асобнага твару вялікага княства: у Польшчы панавала заходняе хрысціянства, каталіцтва, на Беларусі - усходняе, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, збліжаў Беларусь з праваслаўнай Масквой і ставіў яе ў іерархічную залежнасць ад маскоўскага патрыарха, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумеецца, што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне можа паднялося-б раней 1596 году, каб ня было прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 год. Такой прычынай быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такія часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную супярэчнасьць паміж імі.

Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чвэрці XVI сталецьця. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Зыгмунда Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля, Боны, Францішак Ліпмані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя вышла на вуліцу і пачала пашырацца сярод шляхецкіх і мяшчанскіх колаў. Зыгмунд і Зыгмунд-Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асоб кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютаранства захапляла мяшчанскую клясу. У палавіне XIV сталецьця рэформацыя мела такі ўплыў, што сучасьнікі, гаворачы аб шляхце, лічылі яе цалком протэстанцкай. I тут была нейкая праўда. Вядома, напрыклад, што ў Наваградзкім ваяводзтве з 600 фамілій праваслаўнае шляхты асталося ў старой сваёй веры ўсяго толькі шаснаццаць. Беларусь стала месцам разьвіцьця рэформацыйнай навукі і асьветы. У Нясьвіжы працавала добра організованая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікага маршалка Літоўска-Беларускасд гаспадарства. Тут-жа зьбіраліся выдатнейшыя прапаведнікі і вучыцелі кальвінізму. Прыняў кальвінскую веру і сам Радзівіл, за ім пацягнулася і акалічная, залежная ад яго высокай пасады і вялікай маемасьці шляхта. У Польшчу, Літву і Беларусь уцякалі людзі вольнага настрою рэлігійнай мысьлі, каторых гналі з другіх краёў. У 1555 годзе з Італіі ўцёк у Кракаў Лелій Соцін, каторы не прызнаваў тройчасьці бажаства. Яго рэлігійныя погляды, вядомыя пад назваю соцыніянства, антытрынітарства і унітарызму, з Кракава хутка сталі пераходзіць і на Беларусь. У 1554 годзе павінен быў пакінуць сваю бацькаўшчыну, Маскву, Феадос Касы са сваімі аднамысьленьнікамі. Ен, як і Соцін, але зусім незалежна ад яго, таксама вучыў аб ядыным бажастве. У пачатку ён працуе ў Віцебшчыне, потым пераяжджае ў Вільню. Усе сучасьнікі гавораць, што гэта быў чалавек вялікай энэргіі і розуму і быў надта добрым пропагандыстаю сваёй рэлігійнай навукі. Заслаўль Менскага павету і Любач Наваградзкага павету ў сваіх друкарнях працавалі над выданьнем кніжок антытрынітарскага, унітарскага кірунку.

Трэба зазначыць, што рэформацыйны рух у Польшчы, Літве і Беларусі ня меў усё-ж такі пад сабою моцнага грунту. Ен меў у сабе такія недахваты, каторыя рабілі яму вялікую шкоду. Перш за ўсё ён не даваў ядынай рэлігійнай тэорыі: ён распадаўся на мноства самых розных непадобных адна на другую сэкт. Такіх сэкт можна было ў час налічыць больш 70. I кожная з гэтых сэкт лічыла праўдзівай толькі адну сябе і змагалася з другімі сэктамі. А гэта было якраз у той час, калі заняпаўшае раней каталіцтва зноў паднялося на ногі, лічыла і організавала свае сілы на Трыдэнцкім саборы, і калі яно аб'ядналася і высунула такіх моцных, энергічных і практычных працаўнікоў на карысьць папства і царквы, як езуіты.

Апроч таго, рэформацыйны рух як у Польшчы, так і на Беларусі ня быў рухам шырокім і глыбокім. Ен ня спусьціўся ў працоўныя народныя нізы, не абурыў іх розуму і пачуцьця, не падняў там востра і рашуча політычных і соцыяльных пытаньняў. Ен лёгка закрануў розум, і толькі розум шляхецкага і верхне-мяшчанскага стану. Рабочыя нізы гораду асталіся з боку і не ўвайшлі ў рух. Мужык таго часу таксама не цікавіў ня толькі протэстантаў-паноў, але нават і тых рэформацыйных дзеячоў, каторыя тут працавалі. Ен таксама астаўся з боку. Беларусь і Польшча не атрымалі свайго Тамаша Мюнцэра, каторы ў Нямеччыне зрабіў рэформацыю пролетарска-мужыцкай справай, паставіўшы яе на соцыяльны грунт.

Усе гэтыя недахваты загубілі ў нас такі цікавы паступовы рух, як рэформацыя, і адчынілі дарогу для працы езуітаў і для клерыкальнага настрою грамадзянства ў Польшчы.

Мы ня будзем тут сачыць за гісторыяй ордэну езуітаў і рабіць характарыстыкі яго організацыі. Усё гэта добра вядома з агульнай гісторыі Заходняй Эўропы. Мы толькі зьвернем увагу на тое, што езуіцкі ордэн як організацыя ёсьць тыповая партыя нашага часу. Яна мела сваю програму максымум (божую славу на зямлі), сваю програму мінімум (пашырэньне каталіцтва і разам з ім улады папы), мела практычную, а не ідэалістычную мораль і этыку, якая дазваляла, нават прадпісвала, напрыклад, забойства, калі гэта вымагаецца мэтодамі організацыі: мэта апраўдвае сродкі. Да гэтага трэба дадаць чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую консьпірацыю. Усе гэтыя факты рабілі ордэн моцнаю сілаю, каторая, дзе-б яна не зьявілася, пачынала рашуча і энэргічна сваю працу, якая насіла ня толькі рэлігійны, але і політычна-грамадзянскі характар. Так было і на Беларусі і ў Полынчы.

З Заходняй Эўропы езуітаў вызваў Віленскі каталіцкі біскуп Валерыян Пратасэвіч для барацьбы з рэформацыйным рухам. Езуітаў ня трэба было доўга запрашаць да працы. У 1569 годзе, якраз у час Люблінскай вуніі, невялічкі гурток езуітаў, у пяць чалавек, ужо пачаў сваю працу ў Вільні. Гурток быў добра падабраны. Усё гэта былі людзі разумныя, вучоныя, добрыя прамоўцы, энэргічныя і стройна організованыя. Раней за ўсё трэба было ім захапіць у свае рукі політыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовыя настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы ўплыў на іх розум, яны атрымалі магчымасьць мець уплыў і на політыку. Апроч таго, узяўшы ў рукі магнатаў і панства, езуіты атрымалі магчымасьць здабыць і матэрыяльную, экономічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой політычны ўплыў і экономічнае палажэньне, ордэн прыняўся за народныя масы. Сярод народнай масы найлепшы матэрыял для ўплыву складае моладзь. З яе павінны былі пачаць сваю працу і езуіты. Хутка ў Вільні езуіты заснавалі сваю школу, так званы колегіум. Закранутае рэформацыйным рухам грамадзянства спачатку ня пускала сваіх дзяцей у каталіцкі колегіум, але езуіты ня спынялі працу, хоць ува ўсёй школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, здольныя настаўнікі, добрыя адносіны да вучняў - усё гэта гаварыла само за сябе. Да гэтага трэба дадаць, што школа езуітаў была бясплатнай. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз нейкі час мы бачым езуіцкія колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Нясьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілеў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся, пасьля сьмерці Валерыяна Пратасэвіча, віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіроткаю, затраціў 5 000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі Бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронцы і заступніка праваслаўнай веры, Канстантына князя Астроскага. Яго сыны перашлі ў каталіцтва, а ўнучка для пашырэньня каталіцтва ўжо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз царкву. Ужо ў 1572 годзе езуіты атрымалі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлен выдатны орган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадою паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка езуіцкімі касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Полынча, але й Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і іншыя сэкты. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней у рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку XVII сталецьця протэетанцтва і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частыя адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 год ад прыезду езуітаў павярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысяч жыхароў гораду.

Такім чынам каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і большай часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая важная для таго часу розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо не патрэбна была рэлігійная вунія, бо яны політычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але апроч магнатаў і шляхты жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся ня крануты яе ўплывам. Ен мэханічна трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыціі, ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты і прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не парушаючы яго традыцый. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. I па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Полынчы быў такім-жа добрым політыкам, як і езуіты.

Думка аб вуніі ня была новаю і ня была выдумана езуітамі. Яна існавала ўжо даўно сярод людзей, зацікаўленых у ўзмацненьні царквы пры дапамозе яе аб'яднаньня. Была і проба рэалізацыі вуніі ў 1439 годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою таксама былі нездаволены, бачачы разьдзел хрысьціянскай царквы. Яны спадзяваліся, што вунія скасуе разьдзел і парушыць збудаваную вякамі загародку паміж цэрквамі. На Беларусі думка аб вуніі вынікла ў людзей, каторыя думалі аб спыненьні рэлігійных спрэчак і аб утварэньні беларускай нацыянальнай, дзяржаўнай царквы. Для іх справа аб вуніі была справаю як рэлігійнаю, так і політычнаю. На вунію яны глядзелі як на нешта пэўнае, трывалае, а не як на мост для пераходу з аднэй веры ў другую. Вядома, напрыклад, што такі шчыры праваслаўны і такі шчыры беларускі патрыот, як князь Канстантын Астроскі, адзін час падтрымліваў ідэю вуніі, лічачы, што яна ўтворыць беларускую дзяржаўную рэлігію. Ен стаў проці вуніі толькі тады, калі пабачыў, што вунія прапануецца зусім для другой мэты, што яна ўтварае мост для пераходу з праваслаўя да каталіцтва.

З езуітаў, каторыя шмат працавалі над ідэяй вуніі, мы павінны адзначыць добра вядомага ў свой час каталіцкага тэолёга і прамоўцу, рэктара Віленскай езуіцкай школы, якая з 1579 году атрымала правы і назову акадэміі, Пятра Скаргу. Ен напісаў твор, каторы мае такі загаловак: "Аб еднасьці царквы божай і аб грэчаскім ад сей еднасьці адступленьні". У гэтым сваім творы ён апісвае недахваты ў царкоўным праваслаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўныя сьвяшчэньнікі маюць жонку і сям'ю. Дзякуючы гэтаму яны павінны думаць і клапаціцца больш аб сваіх уласных справах, чым аб справах божай царквы. Яны загразьлі ў зямных жыцьцёвых інтарэсах, агрубелі і зрабіліся, як "хлопы". Набажэнства ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэцкай і лацінскай моў. Нязнаньне гэтых моў прыводзіць да таго, што яны ня могуць падыйсьці да навукі, бо навука выкладаецца толькі ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай царквы на Беларусі ўмешваюцца асобы сьвецкія, якія не павінны мець ніякай датычнасьці да царкоўных спраў. Нават епіскапы і тыя папалі ў рукі сьвецкіх асоб. Каб зьніштожыць усе гэтыя недахваты, трэба зблізіць праваслаўную царкву з каталіцкай, зрабіўшы паміж імі вунію. Пры гэтым праваслаўная царква можа аставіць у сваім карыстаньні, як і раней, усходні абрад; яна павінна толькі прызнаць галавою ўсёй хрысьціянскай царквы хрыстовага намесьніка на зямлі - рымскага папу і прыняць догматычную навуку каталіцкай царквы.

Мы ня будзем разьбірацца ў багаслоўскіх поглядах Скаргі, тым больш, што ўсе гэтыя тонкія тэолёгічныя разважаньні былі толькі многаслоўнымі размовамі, пад каторымі і за каторымі крылася політычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай царквы на Беларусі, каторыя закрануты ў творы Пятра Скаргі.

Справа ў тым, што праваслаўная царква на Беларусі знаходзілася ў тыя часы ў вельмі цяжкім становішчы. Сучаснае жыцьцё нанясло ёй тры ўдары. Адзін удар па царкве зрабіла рэформацыя, другі ўдар - каталіцтва і трэці ўдар - політыка-соцыяльны польскі ўплыў. Перш за ўсё рэформацыя адцягнула ад царквы на сваю работу лепшыя сілы на сваю творчасьць; тое самае рабіла каталіцтва, каторае вышла на барацьбу з рэформацыяй. Ударыла па праваслаўнай царкве і Люблінская вунія. Яна прынясла на Беларусь польскі дзяржаўны і соцыяльна-культурны ўплыў; праваслаўная царква была пастаўлена ў паніжанае палажэньне, бо дзяржаўнаю вераю польскага гаспадарства было каталіцтва. У той час, напрыклад, як каталіцкія біскупы мелі свае крэслы ў сэнаце, праваслаўныя біскупы іх ня мелі. Зразумела, што гэты факт даваў значныя правы каталіцкай іерархіі перад праваслаўнай.

Старажытнае права патронату (заступніцтва) сьвецкіх асоб і ўстаноў над царквою ў гэты момант было таксама шкадлівым для праваслаўнай царквы. Калі раней літоўска-беларускі вялікі князь, магнат, шляхціц ці гарадзкая грамада лічыліся патронамі, апякунамі, заступнікамі царквы, то гэта давала царкве пэўную абарону і экономічную моц, бо гэтыя патроны былі праваслаўныя. Яны, як верныя сыны царквы, клапаціліся аб тым, каб цэрквы мелі добрых сьвяшчэньнікаў, былі забясьпечаны правамі, будынкамі, землямі, грашыма і г. д. Але гэта мела і адваротны бок: патрон меў права ўмяшацца ў хатняе жыцьцё царквы. Гэта было шкодна, калі патрон з праваслаўнага рабіўся протэстантам ці каталіком. З цягам часу такія здарэньні рабіліся ўсё часьцей і часьцей. Часта рэформацыя рабіла патрона протэстантам, кальвіністым ці антытрынітарам, польска-каталіцкі ўплыў - паляком і каталіком. Разумеецца, такі патрон-інаверац ужо ня мог мець пашаны да праваслаўнай царкоўнай установы, а яшчэ часьцей ён рабіў ёй толькі шкоду. На чале праваслаўных епархій, манастыроў і цэркваў такі патрон ставіў асоб, карысных і прыемных яму людзей, каторыя бачылі ў сваіх пасадах ня духоўны абавязак, а "духоўны хлеб". Бывалі і такія здарэньні, што патроны давалі манашацкую пасаду асобе жанатай і сьвецкай. Гэтая асоба лічылася "нарэчаным" епіскапам ці ігуменам і кіравала пастваю праз так званага вікарыя-манаха, астаючыся ў мірскім стане. Пэўна, што патрабаваць ад такіх асоб духоўнай асьветы і набожнага жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб недастойным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахват царкоўнага жыцьця таго часу: "Аіцели кто вопрошает их (духоўных асоб) о книгах, то отвешают глаголицее: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убози, но ризы носяіцие светлы и блеіцаіцеся, распгараюгце воскрылья, шеи же яко у тельцов, на за-коление упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая же стыд и глаголати".

Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое палажэньне праваслаўнай царквы давала як-бы грунт для вуніі. Вунія абяцала даць вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы; апроч таго, яна вымагала скасаваньня контролю сьвецкіх устаноў і асоб над царквою. I тым і другім вунія маніла да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства царквы. У 1591 годзе некаторыя з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Зыгмунду заяву такога зьместу: "Мы, ніжэй падпісаныя епіскапы, хочам прызнаваць нашым главою і пастырам намесьніка сьв. Пятра, найсьвяцейшага папу рымскага, ад чаго мы чакаем павялічэньня божай славы ў яго сьвятой царкве. Але, жадаючы быць у паслушэнстве ў найсьвятшага айца-папы, мы хочам, каб нам былі астаўлены ўсе цэрэмоніі, набажэнствы і абрады, якія трымае здаўна наша сьвятая ўсходняя царква, і каб яго каралеўская міласьць забясьпечыў за намі сваімі граматамі вольнасьці і зацьвердзіў тыя артыкулы, якія намі будуць пададзены. А мы абавязуемся быць пад уладаю і благаславенствам айца-папы. Гэты ліст з уласна-ручным нашым подпісам і прылажэньнем пячатак далі мы старшаму нашаму брату, айцу Кірылу Цярлецкаму, эгзарху і епіскапу луцкаму і астроскаму". Заява была падпісана Кірылам еп. Луцкім, Лявонціем Пінскім, Гэдэонам Львоўскім, Дыонісам еп. Холмскім і Уладзімерскім епіскапам Іпатам Пацеем. Кіеўскі мітрополіт Міхаіл Рагаза таксама згаджаўся на вунію, але ўхіліўся ад подпісу заявы. Сьвятыя айцы падавалі заяву каралю ў сваіх уласных інтарэсах і ў політычных інтарэсах каралеўства. Абедзьве стараны разумелі добра ўзаемныя інтарэсы і падтрымлівалі адна другую. Трэба было правесьці гэтую справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і I. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам як прадстаўнікі да Рыму. Рымскі папа Клімэнт VIII з радасьцю прыняў пасланцоў і даў сваё благаславенства і згоду. На славу падзеі была выбіта мэдаль з надпісам: "на злучэньне рускіх" (Ruthenis гreceptis). Зыгмунд III з свайго боку выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных надта абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль узяў пад сваю абарону як іх, так і іншых епіскапаў, каторыя падпісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня. Спагадчыкі вуніі думалі абыйсьціся і без сабору, але праціўнікі вуніі дамагаліся, каб быў склікан сабор.

Сабор быў скліканы ў Бярэсьці ў кастрычніку 1596 году. На сабор зьявіліся прадстаўнікі двух усходніх патрыархаў, Цараградзкага і Александрыйскага. Як і трэба было спадзявацца, адразу вынік разлад паміж двума кірункамі. Фактычна адбыліся два саборы. Адзін сабор складалі абаронцы вуніі пад старшынством Львоўскага лацінскага арцыбіскупа Сулікоўскага. Другі сабор складалі праваслаўныя, ня згодныя з вуніяй, пад старшынством Львоўскага ўсходняга епіскапа, Гэдэона Балабана, з прысутнасьцю прадстаўнікоў ад усходніх патрыархаў. Вуніяцкі сабор зрабіў пасяджэньне ў берасьцейскай саборнай царкве, а праваслаўны - у прыватным будынку, бо Пацей, епіскап Уладзімерскі, да епархіі якога належала Бярэсьце, аддаў прыказ зачыніць для праціўнікаў вуніі ўсе цэрквы ў горадзе. Прадстаўнікі сабораў некалькі раз заклікалі на сваё пасяджэньне сваіх супернікаў, але нічога з гэтага ня вышла. Кожны з сабораў вёў справу асобна і застаўся пры сваёй уласнай думцы аб вуніі. Вуніяты абвясьцілі анатэму і лішылі сану епіскапаў, што не згаджаліся на вунію, а праваслаўныя зрабілі тое самае ў адносінах да сваіх супернікаў. Ня гледзячы на такі канец сабору, польскі ўрад і рымскі папа пачалі офіцыяльна лічыць вунію адбытым фактам. На праваслаўную веру ўрад глядзеў як на сэкту "схізму". У праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы і манастыры, забралі Сафійскую саборную царкву ў Кіеве. Па гарадох было забаронена адпраўляць праваслаўнае набажэнства.

Праваслаўныя ўтрымалі за сабою Кіева-Пячэрскі манастыр і мітрополіцкую катэдру ў Кіеве. У далейшыя часы з ліку кіеўскіх мітрополітаў сваёю чыннасьцю праславіўся энергічны і з вялікаю эрудыцыяй чалавек, Пятро Магіла. Яшчэ ў бытнасьць сваю архімандрытам Кіеўскай лаўры ён заснаваў пры ёй раней духоўную школу, каторую потым перарабіў у вышэйшую школу - акадэмію. Сюды ён выпісаў з усходу вядомых у тыя часы профэсароў і зьбіраў вакол акадэміі і ў акадэміі моладзь, каторая шукала асьветы. Гэтая школа доўга была цэнтрам асьветы як для заходніх рускіх зямель, так і для Масквы.

Акт Берасьцейскай вуніі мае ня так царкоўнае, як нацыянальна-політычнае значэньне. Гэтая вунія ёсьць просты працяг вуніі Люблінскай. Справа была ня толькі ў тым, што праваслаўны кідаў сваю веру і рабіўся вуніятам ці католікам, але і ў тым, што ён прымаў політычны, культурны і нават соцыяльны ўплыў Польшчы. Пасьля Берасьцейскага сабору зьявіліся на Беларусі дзьве веры: адна каталіцка-вуніяцкая вера, упрывілеёваная ўрадам, другая - праваслаўная, схізматычная, каторую ўрад усімі сіламі стараўся зьнішчыць. Што датычыць вуніятаў, то і іх палажэньне ня доўга было прывілейным. Сама па сабе вунія ня была патрэбна ні езуітам, ні Польшчы. Утварэньне вуніі ня мела на мэце злучэньня вер. Калі з цягам часу выявілася, што вунія, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокіх мас так хутка, як спадзяваліся, яе перасталі лічыць патрэбнаЮ.

Нарэшце, вунія прынесла на Беларусь ня згоду, а разлад і выклікала рэлігійную барацьбу. Яна, як і Люблінская вунія, была накірована на тое, каб скасаваць незалежнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства. Зразумела, што на гэтай глебе ў дальнейшыя часы пачалася барацьба, каторая прыносіла вялікую шкоду як Літве і Беларусі, так і Рэчы Паспалітай. Творчыя сілы замест таго, каб будаваць жыцьцё, траціліся на непатрэбную грамадзянскую рэлігійную барацьбу.

Політыка-соцыяльны лад Рэчы Паспалітай

Вуніі 1569 і 1596 гадоў былі актамі, каторыя ўключылі Беларусь у склад Польскай дзяржавы. Літоўска-Беларускае гаспадарства паступова пераставала жыць сваім асобным ад Польшчы жыцьцём; адчынілася вольная дарога да заходняга, польскага ўплыву. Гэты ўплыў пасьля вуніі безбаронна мог пашырацца на Літве і Беларусі. Дзякуючы гэтаму нам трэба пазнаёміцца з тым, што было ў гэтыя часы ў Польшчы, каторая пасылала да нас свой уплыў; якім політыка-соцыяльным зьместам было запоўнена яе жыцьцё. Польскі зьмест жыцьця будзе ўходзіць у зьмест жыцьця Беларусі, каторая я часу вуній зрабілася толькі часткаю Рэчы Паспалітай.

Пазнаёмімся раней з політычным ладам Рэчы Паспалітай.

Законадаўчую ўладу ў гаспадарстве меў двухпалатны Вальны Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і з дэпутацкай пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Сэнат-рада быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі знатнейшыя элемэнты польскага шляхецтва, асобы з вышэйшымі пасадамі як цэнтральнымі, так і провінцыяльнымі. Лік сэнатаў даходзіў да 150 пэрсон. Гэтая цыфра магла павышацца й паніжацца. Цыфра памяншалася з памяншэньнем тэрыторыі дзяржавы і павялічвалася з яе пашырэньнем. Клерыкальны кірунак улады адчуваўся адразу: першае месца ў сэнаце займае Гнезьнянскі арцыбіскуп, прымас28 каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. За ім сядзяць па парадку і па чыну звычайныя біскупы, і толькі ўжо за імі ідуць сьвецкія ўраднікі-каштэляны, ваяводы і г. д. Старэйшыя сэнатары мелі свае месцы ў крэслах, а малодшыя на лавах. У ранейшыя часы сэнат быў проста прыватнаю радаю пры каралі і толькі потым, з пашырэньнем праў шляхецтва, ён зрабіўся дзяржаўнаю ўстановаю і ўвашоў у склад сойму як яго вышэйшая палата. Як перажытак мінулага астаўся звычай і ў дальнейшыя часы, каб сойм з сэнату абіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Сэнатары-дарадчыкі караля дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група сядзела ў каралеўскай радзе шэсьць месяцаў.

Ніжэйшаю палатаю сойму была пасольская ізба. Сюды ўходзілі дэпутаты - паслы ад шляхты асобных паветаў гаспадарства; уходзілі таксама ў невялікім ліку паслы ад мяшчанства выдатнейшых гарадоў. Пасольская ізба з цягам часу робіцца галоўнаю часткаю сойму, адсоўваючы назад вышэйшую палату - сэнат. Паслы ў ізбу абіраліся шляхтаю на павятовых сойміках, каторыя склікаліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выбарчая акруга ў гэтыя часы давала ад 1 да 8 паслоў, што было ў залежнасці ад велічыні тэрыторыі. Пасьля таго, як адбываўся Вальны Сойм у цэнтры, паслы склікалі па паветах так званыя рэляцыйныя соймікі, на каторых яны апавядалі ўсю чыннасьць сэсіі Вальнага Сойму і давалі справаздачу аб сваёй дзейнасці перад сваімі абірацелямі. Лік дэпутатаў пасольскай ізбы залежаў ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У XVI і XVII сталецьцях ён даходзіў да 200 асоб. Прадстаўніцтва ад мяшчанства гарадоў у пазьнейшыя часы мы ўжо ня бачым.

Вальны Сойм склікаецца каралём праз кожныя 2 гады. Два разы яго пасяджэньні адбываюцца ў Польшчы, у Варшаве, і адзін раз у Літве і Беларусі, у Горадні. Звычайна сойм склікаецца ўвосень "пасьля дня сьв. Мартына", калі ўжо скончаны пільнейшыя вяскова-гаспадарчыя работы. Гэта залежала ад таго, што сябры сойму былі зямляўласьнікамі. Працяг звычайнага сойму быў у шэсьць тыдняў. Пачынаецца сойм, як і падабае ў клерыкальным гаспадарстве, урачыстым набажэнствам, пасьля каторага йдзе абіраньне "маршалка ", старшыні сойму. Калі сойм адбываецца ў Польшчы, старшынёю яго абіраецца паляк, калі ў Беларусі - беларус. Абраны старшыня абвяшчае пачатак працы сойму. Найперш ад усяго, як і заўсёды, ідзе праверка правільнасці мандатаў паслоў, пасьля чаго сэнат з ізбою робяць злучаныя пасяджэньні, на каторых урад дае адповедзь за сваю былую выканаўчую працу і ўносіць пропозыцыі наконт далейшага. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты сойму разыходзяцца і працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца сойму зноў пачынаюцца сумесныя пасяджэнні ізбы і сэнату. Яны знаёмяць адзін другога з сваімі пастановамі. Пастановы сходныя і зацьверджаныя каралём атрымліваюць моц законаў. З гісторыі Польшчы мы бачым, што сойм, звычайна, цікавіцца толькі тымі пытаньнямі, каторыя беспасрэдна ці пасрэдна датычаць шляхецтва, з прадстаўнікоў якога выключна складаецца сойм. Пытаньні агульна-дзяржаўныя мала цікавяць, а то і зусім ня цікавяць паслоў і сэнатараў. Тут кароль польскі і яго ўрад могуць працаваць бесконтрольна. Усе справы як і ў сойміках, так і ў Вальным Сойме павінны былі выяўляцца як пастановы аднагалосна. Трэба зазначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нормальнай працы сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай болынасьці і паставіць сваё "veto", "не дазваляю", як гэтая пастанова прыпынялася. Лепшыя людзі ІІольшчы яшчэ ў пачатку XVI сталецьця прабавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца сваёй мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага "veto" касаваньне свайго права. Ужо ў 1652 годзе шляхціц Сіцінскі першы раз сарваў працу сойму сваім "veto". Сойм павінен быў разьехацца, не зрабіўшы нічога. Такія бясплодныя соймы ў далейшыя часы здараліся ўсё часьцей і часьцей. Па падліку Кастамарава, з пяцідзесяці апошніх соймаў Рэчы Паспалітай без усялякіх перашкод адбылося толькі 7 соймаў. Зрываньне сойму зрабілася крыніцаю даходу для асобных шляхціцаў і рабіла немагчымым дзяржаўны парадак. Не дарма аб Рэчы Паспалітай таго часу злажылася пагаворка, што "Polska nirzadem stoi".

На чале выканаўчай улады стаіць кароль, з канца XVI сталецьця - выбраны. Ні кароль пры сваім жыцьці, ні сойм пры жыцьці караля ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля сьмерці кожнага караля, пачыналася выбарнае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. На часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, каторую звычайна займаў прымас арцыбіскуп Гнезьнянскі. Абірае караля так званы элекцыйны "выбарчы" сойм з усёй шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначныя, яны больш падобны на абавязкі, чым на правы. Кароль мае права склікаць Вальны Сойм і назначаць тэрмін для яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарстве суд. Кароль назначае на вышэйшыя ўрадавыя пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва, і адабраць іх кароль можа з вялікаю цяжкасьцю і то толькі за якія-колечы політычныя праступствы. Кароль стаіць на чале шляхецкага апалчэньня, што фактычна перашло потым да кароннага гэтмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, пасылае і прымае паслоў. У сваёй чужаземнай політыцы ён адказвае перад Вальным Соймам. Кожнаму каралю перад яго абраньнем шляхта ставіла ўмовы, каторыя ён прымаў і падпісваў. Калі кароль парушаў якія-колечы з гэтых умоў, шляхта мела законнае права адмовіць яму ў паслушэнстве і парушыць даную яму прысягу на вернасьць. Усё жыццё караля было пад контролем. Нават такія прыватныя факты, як жаніцьба, развод, замежныя паездкі і г. д., былі падлеглы контролю сойму. Польскі кароль, седзячьі на троне і носячы карону, быў хутчэй дажывотным прэзыдэнтам, чым каралём.

Прыняўшы пад увагу ўсё вышэй сказанае, мы бачым, што Польшча ня гледзячы на існаванне каралеўскай улады, была хутчэй рэспублікай, чым монархіяй - каралеўствам. Так глядзела на строй Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ёй назву "Рэч Паспалітая", што ў тлумачэньні і значыць "рэспубліка". Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і да павятовых соймікаў, каторыя складаліся выключна з панства і шляхецтва. Ніжэйшыя станы гаспадарства ніякіх політычных праў ня мелі і былі безгалоснаю, бяспраўнаю масаю. Дзякуючы гэтаму Польская рэспубліка была панскай, шляхецкай рэспублікай бяз усякіх адзнак дэмократызму.

Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. Лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Багацейшыя паны, князі і магнаты таксама ўходзілі ў склад шляхецкае клясы і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхціцамі. Яны і шляхта лічаць сябе братамі. Большасць шляхціцаў былі зямляўласьнікі, але зьвязак з зямлёю ня быў абавязковым для польскага шляхціца; шмат было і такіх, каторыя ўжо ня мелі зямлі. Яны прыстракваліся на службу ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і др., то іх насілі толькі тыя фаміліі, каторыя атрымалі гэтыя тытулы да часу Люблінскай вуніі. Пазьней гэтыя тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляса шляхты з вялікаю стараннасцю захавала чыстасьць белай косьці і благароднай крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якога-колечы шляхціца, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваёй матцы. Гэты спосаб абяленьня к пачатку XVI сталецьця ўжо зьнікае: шляхецкія фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхецкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзілася гэтая кляса ад другіх кляс і зрабілася кастаю. Шляхецтва атрымліваецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна атрымаць шляхецтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род і сойм. Шляхецкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхецтва каралём таксама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасыноўленай асобе дае і гэрб. Дараваньне шляхецтва каралём з палавіны XVII сталецьця ўжо не сустракаецца: шляхта забясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхецтва можна па суду і за няпрыстойныя для шляхціца паступкі. Такімі паступкамі лічыліся, напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека.

Атрымваць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца XIV сталецьця. З разьвітку шляхэцкіх прывілеяў мы бачым, што для атрыманьня іх шляхта карысталася з двух фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права абіраць караля і зацьвярджаць налогі. Абіраючы караля і зацьвярджаючы ў сойме налогі, шляхта ніколі не забывала сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікія.

Шляхта, найперш усяго,- кіруючы стан гаспадарства. Шляхціцы і толькі шляхціцы даюць паслоў на сойм і на соймікі. Шляхта абірае караля пагалоўна (viritum); кожны шляхціц можа спадзявацца быць абраным за караля. Вышэйшыя ўрадавыя пасады займаюць толькі шляхціцы. Таксама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціц.

Рымскі папа асобнаю буллаю забясьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціц мае і грамадзянскае права: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпнасць асобы, памяшканьня і маемасьці. Толькі шляхціц можа мець земскі маёнтак з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, то яны могуць уладаць зямлёю толькі ў межах гарадоў. Усе землі шляхты свабодны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяй. Наогул, усе фінансавыя абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі добравольныя і залежалі ад згоды самой шляхты! I трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала гэтую сваю "добрую волю" ў абавязках да дзяржавы, каторая ніколі ня бачыла, праўду кажучы, шляхецкіх ахвяр. Праўда, на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак "паспалітага рушэньня", пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтыя апалчэньні ззываліся зусім ня часта. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца заружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхецкіх праў, калі на іх насядаў кароль.

Былі ў шляхты і ўсялякія дробныя вольнасьці. Шляхціц быў зусім свабодны ад прымежных мытных пошлін. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыны, кузьні і г. д. Адным словам, шляхецкаму стану жылося ў Польшчы вельмі добра. Затое надта нядобра жылося селяніну.

У XIV і XV сталецьцях палажэньне хлопаў у Полынчы было яшчэ больш-менш выносным. Часам пападаліся каралі дэмократычнага кірунку (напр., кароль хлопаў Казімер Вялікі), каторыя разумелі ўсю важнасьць дабрабыту хлопаў для гаспадарства. Але з цягам часу шляхта стала ўсемагутнаю клясаю, з катораю кароль не адважваўся змагацца. Апроч таго, выніклі і некаторыя экономічныя прычыны, што пагоршылі мужычую справу.

У канцы XV сталецьця выявілася няпрыгоднасць для абароны гаспадарства паспалітага шляхецкага рушэньня. Каралі часта павінны былі карыстацца нанятымі войскамі, каторыя складаліся з шляхціцаў і няшляхціцаў, палякаў і непалякаў. Ваяўніцкая чыннасць шляхецкага рыцара паменшылася, і ён атрымаў магчымасьць сесьці на зямлю і заняцца вясковай гаспадаркай. Каля гэтага-ж часу былі прылучаны да Польшчы і землі пры ўтоку Віслы. Цяпер стала магчыма вывазіць заграніцу вяскова-гаспадарчыя продукты, што давала не малы даход. Разумеецца, шляхта з гэтага часу вельмі зацікавілася ўладаньнем зямлёю. Але адна зямля сама па сабе, калі над ёю не працаваць і не абліваць яе потам, не дае ні хлеба, ні добрых даходаў, і ёсьць мёртвы капітал. Шляхціц таго далёкага часу ведаў гэтую праўду так-жа грунтоўна, як і зямляўласьнік нашага часу. Ведаў ён таксама, што працаваць над зямлёю вельмі цяжка і няпрыемна і што куды прыямней, калі земляробам будзе мужык, а даглядчыкам над яго працаю і апякуном будзе ён, шляхціц. Мужыкі ў ранейшыя часы былі вольнымі і мелі права безбароннага пераходу з месца на месца. Ад пана, шляхціца, вельмі разумнага ў абшары сваіх клясавых інтарэсаў, мужык мог выйсьці са сваёю рухомаю маемасьцю ці на вольную, нікім не занятую зямлю, ці на зямлю якога-колечы другога пана, каторы яшчэ не падняў сваіх запатрабаванняў на мужычую працу так высока. Пэўна, што першым і неадложным заданьнем шляхецкай клясавай політыкі зрабілася - зусім прывязаць рабочага хлопа да зямлі, каб ён ня мог ад яе адарвацца і перабрацца ў другія месцы. Дабіцца гэтага заданьня было лёгка, бо законадаўчым органам гаспадарства быў сойм, які складаўся з прадстаўнікоў шляхты і яе інтарэсаў.

У пачатку законадаўчым шляхам пераходы мужыкоў з месца на месца толькі абмяжоўваюцца, а потым і зусім забараняюцца. Тады хлопы, бачачы, што другога выхаду няма, пачынаюць бяз усякага закону, проста, па-мужыцку, уцякаць з панскай зямлі. Сойм з свайго боку пачынае разьвіваць законадаўства ў гэтым кірунку і змагаецца з уцёкамі мужыкоў. За ўцёкі назначаюцца штрафы, пабоі і зварот мужыкоў на старое месца. Гэтыя штрафы і другія кары ўсё растуць і растуць, бо мужыкі ўсё ўцякаюць і ўцякаюць. Возьмем для прыкладу рост штрафаў: у канцы XVII сталецьця за зроблены ўцёк мужык плаціў штрафу 10 грывень, а ў 30-я гады XVII сталецьця ўжо 500 грывень; за палавіну сталецьця, такім спосабам, штраф быў павялічан соймам у 50 раз.

Потым сойм пастараўся адабраць у хлопа магчымасьць змагацца з шляхціцам у судзе. Было ўхвалена, што мужык мае права выступаць у судзе як жалабнік толькі тады, калі быў у судзе прысутным яго пан. Разумеецца, што ў цяжбе проці свайго пана мужык ніколі ня мог стаць у судзе, бо пану ня было ніякага сэнсу быць прысутным у судзе. Праз нейкі час сойм ухваліў пастанову аб тым, што мужыку зусім забараняецца скардзіцца ў судзе на шляхціца. На гэтым справа спынілася, бо йсьці далей шляхецкаму соймаваму законадаўству ўжо ня было куды.

Адабраўшы соймавымі законнымі пастановамі ў мужыка ўсякую магчымасць абараняцца, шляхта пачала бязупынную эксплёатацыю папаўшага ў яе рукі сялянства. Мужык зрабіўся для яе рабочаю жывёлаю, якая павінна працаваць і якую можна і трэба стрыгчы.

Найперш усяго ён плаціць вялікі чынш за тую зямлю, каторую пан пазволіў яму ўзяць для яго ўласнай дробнай гаспадаркі. Мужык, апроч таго, павінен працаваць дарма на панскай зямлі і для гэтай мэты адбываць паншчыну, якая пачынаецца з некалькіх дзён у тыдзень. Потым яна ўсё расьце і расьце. Мужыку ўсё менш і менш застаецца часу для сваёй гаспадаркі. Некаторыя паны пакідалі мужыку для яго ўласнай працы толькі сьвята. Разам з чыншам і паншчынаю мужык павінен быў спаўняць розныя натуральныя павіннасьці: ён дастаўляў у панскі двор усялякія продукты, патрэбныя пану і яго дворным, напрыклад хлеб, мяса, грыбы, ягады, лыка і г. д.; ён нясе са сваёю ўбогаю канягаю фурманкавую павіннасьць; ён правіць дарогі, грэблі і масты; ён саджае дрэва па грунтовых дарогах і па дарогах да маёнткаў. Усіх павіннасьцяй мужыка таго часу і не пералічыць. А тут яшчэ з году на год пачынае расьці мужыцкае малазямельле, а часам і безьзямельле. У некаторых мужыкоў ужо зусім няма зямлі, нават агародняй. Палажэньне такіх (як іх тады звалі) халупнікаў зусім дрэннае. Адным словам, цяжка жылося рэспубліканцу-мужыку ў Польскай рэспубліцы.

Палажэньне мяшчан было лепшае, чым сялянства. З XIV сталецьця мяшчане лічыліся пад асабістай абаронай караля і вядомага нам Майдэборскага права. Гэтая абарона давала гарадом нейкую незалежнасць ад шляхецкае клясы і пачаткі для разьвіцьця гарадзкога жыцьця. Па гарадох пачалася нават дамовая барацьба паміж соцыяльнымі групамі мястовага грамадзянства. Поруч са старымі органамі гарадзкога самакіравання, як, напрыклад, мястовая рада, вынікаюць новыя органы, як, напрыклад, комісіі 20-цёх, 30-цёх і г. д. Гэтыя новыя органы выніклі на грунце барацьбы прадстаўнікоў вялікага капіталу, з аднаго боку, і прадстаўнікоў дробнага капіталу і працы - з другога боку. Нізы места, часта нездаволеныя самаўладным кіраваньнем мястовай рады і бурмістра, патрабуюць прызнаньня контроля з свайго боку. Буйная буржуазія, патрыцыят места, баючыся опозыцыі, павінны йсьці на згоду з "пасольствам", з звычайным дробным людам. Вось, урэшце, і ўтвараюцца гэтыя як-бы контрольныя комісіі, палавіна каторых складаецца з патрыцыяў, багатых купцоў, цэхавых майстроў і палавіна "з пасольства", дробных гандляроў, прыказчыкаў, падмайстраў і другога дробнага люду.

Але з цягам часу гэтая дэмократызацыя ў гарадох павінна была прыпыніцца, бо ўсё жыцьцё навокала гарадоў ішло ў бок арыстократызацыі. Шляхта, каторая рабілася ўсемагутнаю ў цэлым гаспадарстве, не магла пакінуць без свайго ўплыву мястовага жыцьця. Ужо з палавіны XV сталецьця пачынае яна касаваць незалежнасць і самакіраваньне гарадоў. Пачынаюць зьнікаць з складу соймаў паслы ад гарадоў, мяшчане, каторыя маглі-б бараніць інтарэсы тых гарадзкіх груп, каторыя паслалі іх у сойм як сваіх прадстаўнікоў. Дзякуючы іх ухіленьню гарады губяць абарону сваіх інтарэсаў у законадаўчай дзяржаўнай установе. Кароль, які лічыўся абаронцам мяшчан, усё болын і больш пападае ў рукі шляхты і робіцца абаронцаю не мяшчанскіх, а шляхецкіх інтарэсаў.

Найперш усяго шляхта, меўшая ў гарадох зямлю, дабівалася права так званай юрыдыкі. Сутнасць гэтай юрыдыкі была ў тым, што на зямлю шляхціца ў горадзе не пашыралася ўлада мястовага самакіраваньня. Шляхціц на сваёй зямлі ў месьце мог рабіць, што ён захацеў. Разумеецца, гэты факт рабіў дэзорганізацыю політычна-грамадзянскага жыцьця места. Апроч таго, права юрыдыкі мела і экономічныя пасьледкі. Шляхціц, меўшы юрыдыку, быў вольны ад усялякіх мястовых падаткаў і налогаў, якое-б ён прадпрыемства не заводзіў на сваёй зямлі. А гэта чыніла страту як рамесьнікам гораду, так і гарадзкому скарбу.

Потым шляхціцы пачалі ўмешвацца ў мястовыя справы, карыстаючы з таго, што яны былі зямляўласьнікамі ў месьце. Апроч таго, у жыцьцё гораду ўмешваліся органы дзяржаўнай улады, напрыклад, павятовыя старасты, каторыя лічылі горад толькі аднэю з частак іх павету. Соймы, з свайго боку, ухвалялі такія пастановы, каторыя нішчылі горад, руйнуючы яго політычныя правы і экономічныя інтарэсы. Купцом, напрыклад, было забаронена беспасрэдна мець зносіны з замежнымі старонамі. Часта шляхта дабівалася таксыроўкі тавараў, каб гандляры не маглі ставіць на тавары вольныя цэны. З тавараў не таксаваўся толькі хлеб дзеля таго, што гэта быў тавар, які дастаўляла на рынак шляхта. Каб шляхціц не зьмяшаўся з мешчанінам, яму забаронена было гандляваць. З другога боку, гандляром было забаронена купляць нярухомую маемасьць за сьценамі места, каб яны не зрабіліся зямляўласьнікамі. Такім спосабам між гэтымі двума клясамі ўтваралася прорва.

Такі быў політыка-соцыяльны стан Рэчы Паспалітай Польскай у тыя часы, калі яна ўзяла Беларусь пад свой уплыў. Само сабой разумеецца, што Беларусь павінна была прымаць гэты ўклад жыцця Польшчы, бо яна інкорпоравалася ў дзяржаўны організм Рэчы Паспалітай.

Стан Беларусі пасьля вуніі з Польшчай

У 1569 годзе ў Любліне адбылася вунія паміж Польшчаю і Літоўска-Беларускім гаспадарствам. Гэта ня была сувязь роўнага з роўным. Польшча скарыстала цяжкае палажэньне Беларусі і Літвы і налажыла сваю руку на тэрыторыі, каторыя дагэтуль былі ад яе незалежны. Ужо самая назва новага, створанага вуніяй гаспадарства - "Польская Рэч Паспалітая" сьведчыць аб гэтым. Політычная незалежнасць Літвы і Беларусі на аснове Люблінскага акту была зьнішчана. Ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да "кароны" (як называлі Польшчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе. Крыльлі ў Літоўска-Беларускай дзяржавы былі адняты.

Тым ня менш незалежнасць Літоўска-Беларускага гаспадарства фактычна яшчэ доўга існуе, што выяўляецца нават і ў юрыдычных актах. Перад намі Статут Вялікага Княства Літоўскага, выданы ўжо пасьля Люблінскай вуніі ў 1588 годзе. Калі мы чытаем I, IV і V артыкулы трэцяга разьдзелу, то бачым, піто 1) гаспадар Літвы і Беларусі павінен аберагаць цэласьць тэрыторыі гаспадарства і вярнуць у склад яе тое, што было ўзята другімі гаспадарствамі і 2) што землі ў вялікім княстве ён мае раздаваць толькі "родзічам" гаспадарства, яго тубыльцам. Палякі ў Статуце разглядаюцца як "замежнікі", і іх права зямляўладаньня ў Беларусі абмяжована. Урады ў гаспадарстве таксама раздаюцца толькі "родзічам", тубыльцам. Наогул Статут прыстасован да патрэб Літоўска-Беларускага гаспадарства як самастойнай дзяржавы. Самастойнасьць Літвы і Беларусі асабліва выяўлялася ў часы бескаралеўя. Вельмі часта ў гэтыя часы Беларусь вядзе нават зносіны з чужаземнымі гаспадарствамі.

Магнаты Літоўска-Беларускага гаспадарства не здаволены Люблінскаю вуніяй. Яны лічаць, што вунія нанесла гаспадарству крыўду. Іх політычны настрой часта выяўляецца ў розных літаратурных творах. Цікава ў гэтым сэнсе адзначыць адзін твор, вельмі пашыраны на Беларусі і вядомы пад назваю: "Прамова Івана Мялешкі, каштэляна Смаленскага, на Варшаўскім Сойме ў прысутнасьці караля Зыгмунда III ў 1589 годзе". Судзячы па зьместу гэтага твору, а таксама апіраючыся на погляды вучоных спэцыялістых, мы павінны прызнаць, што гэта ёсьць хутчэй політычны памфлет, політычная і бытавая сатыра, чым соймавая прамова. Аўтар протэстуе проці польскага ўціску, як культурнага, так і політычнага. Ен раўнуе старажытныя часы з сучаснымі яму, старых людзей - са сваімі сучасьнікамі і кажа, што раней было лепш. Раней гаспадары Літвы і Беларусі клапаціліся аб сваёй зямельцы, зьбіралі тэрыторыі і каштоўнасьці, сваю бацькаўшчыну мілавалі; іх памяць салодкая. Апошняга Літоўска-Беларускага гаспадара Зыгмунда II Аўгуста, каторы аддаў у няволю гаспадарства, аўтар ня можа лічыць нават за чалавека. Вось вынятак з гэтага твору:

"Прышло мне - з Вамі (пасламі Сойму) радзіці, а я на гэткіх зьездах ніколі ня бываў і з каралём, Яго Міласьцю, ніколі не засядаў; толькі за пакойнікаў Князёў нашых, каторыя каралявалі і што ваяводамі былі. Сэнтэнцый гэтых ня бывала, папросту правым сэрцам гаварылі. Політыкі ня зналі, а ў рот праўдаю, як солей у вочы, кідывалі. Скораж каралі больш немцаў, чым нас, улюбілі, зараз, што старыя нашыя сабралі, то ўсё нямцом раздалі. Нашыя гаспадары, проч Жыгімонта Аўгуста Караля (таго нечага і ў людзі лічыць), бо той Падлясьсе вынішчыў, Ляхам менючыся. Але Жыгімонта Першага салодкая памяць яго, бо той немцаў, як сабак, ня любіў і ляхаў з іх хітрасьцю вельмі ня любіў. А Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў, і гаразда лепш нашыя за яго мяваліся".

У тым, што Беларусь падпала пад польскі ўціск, вінаваты ня столькі каралі, колькі іх дарадчыкі, каторыя паддаліся польскаму ўплыву і інтарэсы Польшчы ставілі вышэй інтарэсаў Беларусі. "Йя вельмі вінаваты кароль, больш яго дарадчыкі, што пры ім сядзяць і круцяць. Многа тут гэткіх ёсць, што хоць і наша костка, аднак-жа сабачым мясам абрасла і ваняець".

Як відаць з вышэйпаданай "прамовы" Мялешкі, беларускія магнаты доўга не маглі згадзіцца са згубаю поўнай незалежнасьці і протэставалі, як маглі, проці той "несправядлівасці і крыўды", каторая была зроблена Люблінскай вуніяй. Можна думаць, што зьмест твору Мялешкі і яго опозыцыйны настрой быў блізкі да настрою даволі шырокіх колаў магнацтва канца XVI і пачатку XVII сталецьця.

Разам з абмежаваньнем політычнай незалежнасьці Люблінская вунія прыскорыла на Беларусі разьвіцьцё шляхецкіх прывілеяў у адносінах ня толькі да караля, але і да сялянства. Хутчэй стаў расьці панскі соцыяльны ўціск над мужыком. Ужо і ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі палажэньне сялянства было благім.

Цяпер мужыку стала яшчэ горш. На Беларусь прышла рэспубліка паноў, якіх нішто не магло ўстрымаць. Уся ўлада была ў іх руках. Яны мелі ў сваіх руках сойм, еоймікі, караля, цэнтральную і мясцовую адміністрацыю і ўзброеную сілу. Іх "злота вольнасць" была цяжкай няволяй для гаротнага простага народу, каторы павінен быў карміць гэтую кіруючую клясу дармаедаў белай косьці, ня гледзячы на тое нават, што сам быў у цяжкім экономічным палажэньні. Поўная залежнасць ад пана, бязвыхадная беднасьць і нужда прыгняталі яго і рабілі яго ворагам таго соцыяльнага ўкладу, у якім ён знаходзіўся. Да гэтага трэба дадаць, што апроч пана мужык павінен быў на кожным кроку лічыцца і здавальняць загады панскай адміністрацыі, якая складалася з дробнай шляхты і нават простых людзей, каторыя былі прыбліжаны да асобы пана і былі выканаўцамі яго пажаданьняў экономічных і політычных. Гэтыя, як іх называў мужык, падпанкі былі ня менш шкадлівымі для мужыка, чым пан. Пана мужык рэдка калі бачыў, рэдка калі з ім спатыкаўся, і яго дзіцячаму мазгу здавалася, што падпанкі яшчэ шкадлівейшыя ад самага пана. Ня дарма і да нашага часу існуе сярод мужыкоў прыказка, што лепш мець справу з панам, чым з падпанкам. Так ці йначай, ясна адно, што мужыку ня было добра ні ад пана, ні ад падпанка, бо сутнасьць справы тая самая.

Залежнасьць мужыка ад пана выяўлялася ня толькі ў тым, што ён быў моцна прыкуты да панскай зямлі. Пан, апроч таго, захапіў у свае рукі і суд над сваімі падданымі. Стварылася гэта не адразу. Раней асобнымі соймавымі пастановамі ставіліся ўсякія перашкоды да таго, каб мужык мог стаяць у судзе як роўны з усімі грамадзянін гаспадарства. Паном даваліся правы судзіць мужыкоў па асабістых справах, фамільных і экономічна-грамадзянскіх. Але ўжо ў 1573 годзе быў выданы закон, каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых ува ўсіх здарэньнях водлуг свайго ўласнага погляду. Гэты няясна выражаны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшыя кары, а ў тым ліку і кару сьмерці.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхецкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён таксама яшчэ ня мог. I ён стаў шукаць спосабаў пасыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са сваёй бацькаўшчыны да казакоў на Украіну.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596 году каталіцтва на Беларусі было абвешчана дзяржаўнай верай, як у Польшчы. Каталіцтва давала права для заняцьця вышэйшых урадавых пасад у Літве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго зьмяніла каталіцтва, каторае было для беларускай шляхты тым шляхам, каторы правадзіў да вышэйшых пасад і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а політычны кірунак, што яна таксама была шляхам ня толькі для пашырэньня каталіцтва, але і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем політычным і нацыянальным, каталіцтва - з польскасьцю. I да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі і цяпер мы часта можам бачыць, як зьмешваюцца два разуменьні: паляк і католік, рускі і праваслаўны. Ужо і ў тыя часы некаторыя з разумнейшых людзей разумелі ўсю неправіловасьць такога злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі політыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка, пісьменьнік таго часу. У прадмове да напісанага ім жыцьця сьв. Езафата ён піша: "I да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваўбы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага ён працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьлянцам або французам (а ў нас палякам) - гэта найлепшы спосаб навярнуць яго. Гэта фальшывы погляд. Усе народы створаны богам, мілы богу, ды ўсе яны, ня трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай царквы. Хто аб гэтым забывае, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва - гэта толькі спосаб да дэнацыяналізацыі іх".

На Беларусі пачынаецца гвалтоўнае пашырэньне вуніяцтва і каталіцтва. На гэтым вырастае шмат і злачынства. Валынскі чашнік, пасол сойму Лаўрык Дрэвінскі так апісвае ў сваёй прамове на сойме (1620 г.) рэлігійныя справы ў Рэчы Паспалітай: "Пачну з Кракава. Якое йдзе пашырэньне божай славы пры дапамозе новавыдуманай вуніі. Ужо ў вялікіх гарадох цэрквы запячатаны, царкоўныя маёнткі раскрадзены, у кляшторах замест манахаў запіраюць быдла. Пяройдзем у княства Літоўскае: там у прымежных з Маскоўскім гаспадарствам гарадох робіцца тое самае. У Магілеве і Воршы цэрквы запячатаны, сьвяшчэннікі разогнаны; у Пінску зроблена тое самае; кляштар Ляшчынскага перароблен у карчму". Далей прамоўца кажа, што людзі ўсходняга абраду ня маюць магчымасьці жыць у гарадох, купцы ня маюць права гандляваць, рамесьнікі ня маюць права запісвацца ў цэхі і г. д.

Як мы бачым з вышэйшага, рэлігійная барацьба была толькі выразам экономічнай барацьбы. Праваслаўных гандляроў, рамесьнікаў і г. д. білі па кішэні. Зразумела, што такія факты вызывалі абурэньне і легальны протэст сярод тых соцыяльных груповак, якія маглі гэта рабіць ці на пасяджэньнях сойму, ці другім спосабам, напрыклад, у брацтвах, аб якіх мы будзем гаварыць далей. Сойму прыходзілася тады рабіць уступкі.

Так, напрыклад, пры каранацыі караля Ўладзіслава IV (1632) сойм павінен быў выдаць так званыя артыкулы для замірэньня народу, на аснове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае палажэньне інаверцаў дысыдэнтаў, як іх тады называлі, ня было пэўным. Чым далей, тым усё больш і больш губіцца політычны розум сойму. Усё часьцей і часцей выдаюцца пастановы проціў дысыдэнтаў, каторыя карысны каталіком-шляхціцам, гандляром і рамесьнікам, але шкадлівы для гаспадарства.

У 1732 годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: "У людзей іншых вызнаньняў (дысыдэнтаў) адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякія асобныя комісіі, што ўтвараюцца для якіх-колечы спраў. Правы іх раўнуюцца з правамі гэбрэяў. Сойм 1766 году ўхваліў пастанову караць сьмерцю тых, каторыя пяройдуць з каталіцтва ў другую веру. У 1766 годзе сойм ухваліў як закон такую пропозыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: Абвяшчаюць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на сойме прамову на карысьць інаверцаў".

Гонячыся за тымі экономічнымі, соцыяльнымі і політычнымі карысьцямі, якія ім сулілі каталіцтва і разам з ім польскасьць, і ня хочачы мець тых збыткаваньняў, якія былі зьвязаны з праваслаўем і беларускасьцю, шляхта літоўска-беларуская пачынае паступова пераходзіць у польска-каталіцкі лягер, кідаючы хутчэй і веру, і нацыянальнасьць. Шляхта выходзіць са складу беларускай народнасьці, каторая губіць разам з ёю і культурных сваіх прадстаўнікоў, бо культура ў тыя часы была даступна толькі вышэйшым станам. У складзе беларускаё нацыі і на баку праваслаўнай веры застаюцца тыя слаі, каторым каталіцтва і польскасьць ня прыносіць ніякіх экономічна-політычных выгад,- гэта працоўныя масы народу, найчасьцей сялянства.

Разам з політычным і рэлігійным уплывам польскасьці, а таксама і асобна ад яго ішоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, атрымаўшы політычныя правы і веру Польшчы, пачала пераймаць польскі лад жыцьця. Польскія звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеля рэлігійных мэт закладалі польскія школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, гэтая польская "паліроўка" пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторыя даставалі шляхецкія "вольнасьці", каторыя вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн. сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якія хавалі беларускія звычаі, культуру й мову. З цягам часу Беларусь амаль што ня ўсіх сваіх паноў аддала польскай народнасьці. Але доўга яшчэ ўрадаваю, дзяржаўнаю моваю на Літве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце было скасавана і гэта. Сойм у 1697 годзе выдаў такую пастанову: "Pisarz powinen nie po rusku, a po polsku pisac". З гэтага ўсе законы і ўрадавыя пастановы робяцца па-польску. Беларуская культура, звычаі і мова засталіся толькі ў тых, каму было на да "бляску", не да "паліроўкі",- людзі вясковага мужычага стану і гарадзкія працоўныя нізы. Само сабой зразумела, што ў гэтых соцыяльных групах, паднявольных політычна і экономічна, ня было магчымасьці разьвінуць і пашырыць беларускую культуру. У курных хатах вёскі, у глыбокіх сутарэньнях гарадоў захавалася гэтая культура і мова і стала клясаваю культураю і моваю працоўных слаёў грамадзянства. Адсюль і бярэ свой пачатак такая назова, як "мужыцкая, хлопская мова".

Такім спосабам, Польшча з соцыяльнага боку прынесла нам уплыў панскі, з рэлігійнага боку - каталіцкі. Культурны і рэлігійны ўплыў пашоў толькі на вышэйшыя грамадзянскія клясы. Ніжэйшая кляса атрымала ад Польшчы прыгон і няволю, астаўшыся пры сваёй беларускай мове і нацыянальнасці. Забіты і загнаны, пастаўлены ў стан "быдла", ён забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў. У яго цёмным розуме ўсё перапуталася і зьлілося. Пан, каталік і паляк - з аднаго боку; мужык і "тутэйшы" - з другога боку, сталі для яго розуму сынонімам. I да нашага часу астаўся гэты гістарычны перажытак, калі наш селянін лічыць, што пан, каталік і паляк - гэта ёсьць словы, каторыя называюць адну і тую катэгорыю.

Трэба зазначыць, што асобныя групы на Беларусі ў працягу данага пэрыоду не паддаваліся польскаму культурна-нацыянальнаму, рэлігійнаму і соцыяльнаму ўплыву. Завязалася нацыянальна-культурная і нацыянальна-соцыяльная барацьба. У барацьбе гэтай прынялі ўдзел так званыя царкоўныя брацтвы і казацтва. Брацтвы ўзялі на сябе заданьне быць павадырамі ў барацьбе нацыянальна-культурнай, а казацтва павяло з вялікаю энэргіяю нацыянальна-соцыяльную барацьбу. I тая і другая барацьба аслабляла гаспадарства Рэчы Паспалітай і вяла яго да гібелі.

Брацтвы на Беларусі

Брацтвы ў сваім далёкім мінулым даходзяць аж да паганскіх часоў, яны маюць свой корань у старажытных звычаях, якія калісь існавалі ў быце рускіх славян. Яшчэ ў часы сівога політэістычнага паганства ў нашых прародзічаў быў звычай сьвяткаваць свае сьвяты грамадою. На сьвяты сьпяваліся сьпевы-малітвы, сьпевыпадзякі, вадзіліся хараводы, рабіліся ігрышчы. Гэтыя ігрышчы зьбіралі да сябе жыхароў ня толькі аднэй сялібы. Часта, як кажа і летапісец, ігрышчы былі "межю селы". Разумеецца, што гэтае сьвяткаваньне грамадою магло існаваць толькі тады, калі існавала нейкая грамадзянская організацыя, якая давала магчымасьць сьвяткаваць разам.

Калі прышло ў Полацкую Русь у свой час хрысьціянства, то яно не руйнавала паганства, а проста спаткалася з ім, як з фактам, і пачало паціху зжывацца і зьлівацца з ім. З новаю вераю да нашага продка прышлі новыя, нязнаныя дагэтуль багі: Хрыстос, Ільля, Улас, Ян, Мікола і г. д. Хутка гэтыя багі пачалі зьлівацца са старымі, добра вядомымі палачаніну багамі. Тое самае зрабілася і са сьвятамі. Сьвяты на пачэсту старых паганскіх багоў пачалі зьлівацца з новымі хрысьціянскімі сьвятамі. Сьвята нараджэньня Хрыста зьлілося з сьвятам сонца - каляды, сьвята Яна - з сьвятам сонца - купалы, сьвята Ільлі - з сьвятам бога маланкі і грому - Пяруна і г. д. Усе гэтыя сьвяты ў новай рэлігіі адбываліся таксама пры грамадзе, як і раней. Як і раней, сьвяты павінны былі організавацца асобнымі таварыствамі. Гэтыя гурткі-таварыствы пачалі гуртавацца вакол парафіяльнай царквы і палажылі пачатак брацтвам. Брацтвы пачалі клапаціцца аб тым, каб у выдатнейшыя царкоўныя сьвяты з большаю пыхаю адбывалася набажэнства і каб усе сябры брацтва ў гэтыя дні былі на сьвяце. Рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, пасьля сходу варылася братчына, г. зн. мёд, якім і частаваліся як братчыкі, так і зазваныя на сьвята госьці. Воск, які заставаўся ад мёду, звычайна ці ахвяроўваўся на царкву, ці ішоў на ўтварэньне брацкіх царкоўных сьвечак. Па гарадох у брацтвы часам злучаліся цэхавыя, профэсыянальныя організацыі, каторыя мелі ня толькі рэлігійна-царкоўныя мэты, але і мэты сваёй профэсіі. У Вільні, напрыклад, з вельмі старажытных часоў было кушнэрскае брацтва, зьвязанае з цэхам, каторы вырабляў і гандляваў хутрамі (скурамі). Заснаваньне яго трэба аднесьці да першай палавіны XV сталецьця. Апроч яго былі яшчэ другія брацтвы: кажамякаў, шапачнікаў, сярмяжнікаў і нагавічнікаў. Апошнія чатыры профэсіі складалі адзін цэх і адно брацтва. Майдэборскае права беларускіх гарадоў давала шырокія магчымасьці для організацыі цэхавых брацтваў.

Такія організацыі былі і ў Заходняй Эўропе. Усім нам вядомае масонства вышла з такога профэсыянальна-царкоўнага таварыства.

Брацтвы пры цэрквах захаваліся на Беларусі па вёсках амаль што да нашага часу. Іх організацыя і мэты добра вядомы ўсім, хто ня згубіў зьвязку з сучаснай нам вёскай. Братчыкі плацяць у касу таварыства грошы ці даюць ахвяры, як, напрыклад, воск, лён, палатно і г. д. У час набажэнства братчыкі трымаюць у руках брацкія сьвечкі; у асобныя дні брацтва закупляе мшу, пасьля каторай робіцца брацкі абед. Калі хто з братчыкаў памірае, усе сябры брацтва павінны быць на хаўтурах. Адным словам, брацтвы, якія можна было спаткаць на вёсцы яшчэ перад апошняй вайной, мелі мэты, падобныя на мэты старажытных брацтваў.

З канца XVI веку і асабліва ў XVII сталецьці брацтвы пачынаюць пашыраць сваю працу, бяручы на сябе культурна-асьветныя і нацыянальныя заданьні. Пашырэньне братцваў пачалося ўжо з часоў рэформацыйнага руху на Беларусі. Ім прышлося дзеля абароны праваслаўнай веры зьвярнуць вялікую ўвагу на разьвіцьцё навукі, якая давала-б грунт для барацьбы з рэформацыйнымі тэорыямі. За рэформацыяй прышло на Беларусь узмацаванае, адроджанае каталіцтва з езуітамі на чале. Разам з каталіцтвам прышоў і нацыянальны польскі ўплыў. Былі ўтвораны дзьве вуніі (1569 і 1596 г.), каторыя накладвалі руку на незалежнасьць Беларусі. Перад магнацтвам, нездаволеным злучэньнем і брацтвамі, сталі ўрэшце нацыянальна-культурныя і політычныя заданьні. Трэба было абараняць Беларусь як самастойную адзінку, з сваім асобным нацыянальна-культурным тварам.

Найраней пачынае шырокую працу Львоўскае брацтва. За ім выступае на шлях шырокай грамадзянскай працы Віленскае брацтва. У XVII сталецьці вядомы брацтвы ў Магілеве, Воршы, Асьціславе, Слуцку, Менску, Полацку, Віцебску, Шклове, Крычаве і г. д. Найбольш брацтвы працуюць па гарадох, дзе сконцэнтраваліся культура і капітал. Майдэборскае права дае магчымасць для шырокай і бязупыннай організацыі брацтваў.

Сябром брацтва, апроч сяброў цэхаў, меў права быць усякі дарослы грамадзянін. У склад брацтваў, апроч мяшчан, уходзілі такім спосабам людзі і другіх станаў. Па вёсках сюды ўходзіла сялянства. Вельмі часта ў складзе і нават на чале брацтваў стаялі прадстаўнікі літоўска-беларускай магнатэрыі, якая была ў політычна-рэлігійнай опозыцыі да шляхты польскай і карыстала брацтвы для сваіх незалежніцкіх мэт. Юрыдычна сябры іх лічыліся роўнымі. На брацкіх сходах і за брацкім сталом радавіты шляхціц-магнат не павінен быў мець ніякіх прывілеяў параўнаўча з сябрамі, выходзячымі з ніжэйшых соцыяльных груп. Зразумела, што гэтая роўнасьць была формальнаю роўнасьцю, каторая зьнікала, калі справа пераходзіла ў жыцьцё. Заможнейшыя братчыкі былі апякунамі і рукаводнікамі ніжэйшых элемэнтаў брацтва, якія ад іх залежалі. Маючы на чале сваім опозыцыйную магнатэрыю, брацтвы маглі праз яе рабіць уплыў на сойм, маглі карыстаць з тых праў, якія давала дзяржава шляхціцам. Шляхціц ці магнат-братчык у Вальным Сойме і на сойміках быў абаронцаю політычных, нацыянальна-культурных інтарэсаў братчыкаў, мяшчан і сялян, карыстаючы іх для сваіх політычных незалежніцкіх мэт.

З усіх бакоў, як з боку самых праваслаўных, так і з боку протэстантаў, мы маем весткі аб адсутнасьці адукацыі і нават бязграматнасьці духавенства. Васіль Цяпінскі, вядомы нам перакладчык эвангэльля на беларускую мову, гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі не атрымліваюць аніякай адукацыі і нават не разумеюць славянскай мовы, якой напісаны сьвятыя кнігі і ў якой адпраўляецца набажэнства. Брацтвам прышлося і найперш ад усяго зьвярнуць сваю ўвагу на гэты недахват жыцьця. Трэба было даць асьвету цёмным пастырам чалавечых душ, каб праз іх трымаць у сваіх руках масы. Для гэтай мэты трэба было ўтвараць школы і друкаваць кнігі. Брацтвы і асобныя братчыкі заснавалі на Беларусі шмат школ і друкарань, каторыя працавалі ў процівагу каталіцка-польскім школам і друкарням езуітаў. Асабліва многа зрабіў у гэтым кірунку князь Канстантын Астроскі. Яго багацтвы далі яму магчымасьць заснаваць для Беларусі вышэйшую духоўную школу ў г. Астрозе. Там-жа, пры духоўнай акадэміі, ён заснаваў вялікую кнігарню і добра абстаўленую друкарню. Вельмі цяжка было набраць профэсароў для беларускай вышэйшай школы. У беларускім грамадзянстве ня можна было знайсьці патрэбны лік вучоных людзей. Езуітаў таксама, па погляду Астроскага, ня можна было запрашаць на профэсарскія катэдры, каб ня ўпусьціць каталіцка-польскага ўплыву на студэнтаў. Не шкадуючы вялікіх коштаў, Астроскі выпісваў выдатных вучоных з Грэцыі і з Нямеччыны, і навука акадэміі расходзілася ня толькі па Беларусі, але прасочвалася ў Маскоўскае гаспадарства, зьявіліся школы і друкарні па другіх гарадох Беларусі. Асобныя братчыкі і цэлыя брацтвы, бяручы прыклад з Астроскага, таксама не шкадавалі коштаў на пашырэньне асьветы і адчынялі школы.

Вышэй гаварылася, што даўней на Беларусі быў пашыраны звычай так званага патранату заможных асоб і ўстаноў над цэрквамі і манастырамі. Часта патранат быў у руках такіх асоб і ўстаноў, каторыя карысталі з гэтага патранату для сваіх уласных асабістых мэт. Разумеецца, такі патранат царква лічыла шкадлівым для сваіх інтарэсаў. Вось брацтвы і пачалі клапаціцца аб тым, каб патранат узяць у свае рукі, бо, маючы патранат над цэрквамі, манастырамі, брацтвы маглі рабіць вялікі ўплыў на жыцьцё царквы, а праз яе на шырокія колы грамадзянства. Патранат брацтваў і асобных братчыкаў у XVII сталецьці ўжо пашырыўся на многія цэрквы і манастыры. Вядома, напрыклад, што адзін толькі князь Астроскі быў патронам больш як 600 царквей. Патронамі былі і другія братчыкі-магнаты з літоўска-беларускай політычнай опозыцыі, менш заможныя, чым Астроскі. Калі царква ці манастыр не маглі атрымаць такога заможнага і багатага братчыка, як Астроскі, то апеку над ёю бралі другія парафіяне, каторыя для гэтай мэты складалі брацтва і ўходзілі ў сувязь з другімі брацтвамі. Лік брацтваў усё павялічваўся, шмат людзей з мяшчанскага і нават сялянскага станаў было ўцягнута ў гэтую ўтвораную жыцьцём організацыю. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывыя зносіны, багацейшыя організацыі рабілі матэрыяльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую моц, брацтвы прагнуліся атрымаць ад патрыархаў так званую стаўрапігіяльнасьць. Сутнасьць стаўрапігіяльнасьці была ў тым, што ўстановы, што мелі яе, былі непадлеглымі ў адносінах да ўлады епіскапаў. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках - нават права ўмешвацца ў чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшыя брацтвы, як, напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўрапігію атрымалі.

У XVII сталецьці чыннасьць брацтваў дашла да вышэйшай ступені свайго разьвіцьця. Гэта былі моцныя і вельмі багатыя організацыі. Багацьці іх складаліся як з грошай, так і наогул з рухомай і нярухомай маемасьці. Бяднейшыя сябры брацтваў укладалі ў касу невялічкія ахвяры, затое багатыя сябры на патрэбы брацтваў апісвалі вялікія сумы, вялікія каштоўныя . будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічваўся, і яны пакрылі тэрыторыю Беларусі даволі густою сеткаю. Пытаньні, каторыя ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі хатняга, унутранога жыцьця організацыі. Часта тут ставіліся і разглядаліся пытаньні, каторыя мелі агульна-дзяржаўны і агульна-грамадзянскі характар. Грунтоўнейшым і часьцейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне праваслаўнай веры і беларускай нацыянальнай культуры, як веры і культуры тых соцыяльных груп, каторыя былі большасьцю ў складзе брацтваў. На пастаноўку і абарону гэтага пытаньня брацтвы выдзялялі з сябе энергічнейшых, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны часта станавіліся на чале работы ў брацтвах і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла праца ня толькі рэлігійная, але і культурна-нацыянальная, якая стала ў зьвязак з рэлігійнаю. З гораду яна пашыралася і на вёску, адбіваючыся на вясковым, больш сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была няроўная. З захаду йшоў ня толькі культурны, але і політыка-соцыяльны ўплыў. У польскі бок пачынае цягнуць вышэйшая магнацкая кляса беларускага грамадзянства, манячыся "вольнымі хрысьціянскімі правамі каруны Польскай", каторыя даюць ім экономічную карысьць. Політыка-культурная опозыцыя беларуска-літоўскага магнацтва зьнікае, бо яна непрактычна для магнатаў. На кожным кроку мы спатыкаемся з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі вядомых магнатаў-братчыкаў ужо пераходзяць у той політыка-культурны лягер, з якім змагаліся ў ранейшыя часы іх бацькі і дзяды (Астроскія, Хадкевічы і др.). З цягам часу ўсё больш і больш культурныя сілы з вышэйшых станаў адрываюцца ад тэй працы, якая іх цікавіла і здавальняла. Магнацка-шляхецкая беларуская інтэлігэнцыя кідае культуру працоўных мас народу, да якога яны належалі, і паварочвае ў польскі бок. На варце беларускай культуры асталіся "худыя і няслаўныя" клясы грамадзянства, каторыя разам з тым узялі на сябе і соцыяльную опозыцыю.

Казацтва на Беларусі

Брацтвы рабілі на Беларусі нацыянальна-культурную, а часткаю і політычную работу. На чале гэтай работы стаяла сьвядомая, інтэлігэнтная частка грамадзянства. Няграматныя і няпісьменныя масы ўцягваліся ў брацкую організацыю як пасыўны матэрыял. Яны жылі сваім цяжкім працоўным жыцьцём. Разьвіцьцё шляхецкіх вольнасьцяй лажылася вялікім цяжарам на рабочыя масы ў форме соцыяльнага ўціску й прыгону. Апроч таго, працоўныя масы, асабліва сялянства, разам з соцыяльна-экономічным уціскам перажывалі ўціск рэлігійны і нацыянальны. Апалячаны і акаталічаны магнат-шляхціц быў для працоўнай мужычай масы вяльможным панам і пражорлівым прыгоншчыкам. У яго руках было жыцьцё працоўнай масы, каторая была залежнаю ад яго з усіх бакоў.

Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, дзе аблогам ляжалі вольныя землі, куды панская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук,- на поўдзень, у шырокія дняпроўскія стэпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цягам часу ўсё больш і болын народу шукала паратунку ад уціску на поўдні, і к пачатку XVII сталецьця паўднёвыя стэпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай Украіне Рэчы Паспалітай, атрымала назву ўкраінскага.

Казацтва ня ёсьць зьявішча, выключна датычачае жыцьця Рэчы Паспалітай. Казак заўжды бывае там, дзе мужык ня мае магчымасьці бароцца з панам іначай, як толькі ўцякаючы ад яго панскай ласкі і апекі. Апроч вышэйназванага казацтва ўкраінскага мы на палуднёвым усходзе ведаем яшчэ казацтва прыволскае і прыдонскае, каторае адначасна злажылася на паўднёвай акраіне Маскоўскага гаспадарства. Яно таксама злажылася з паднявольнага экономічна і соцыяльна-прыгнечанага люду, каторы ўцякаў ад соцыяльнай і політычнай няволі Маскоўскага царства, каб зрабіцца вольным чалавекам. Калі казак прыволскі і донскі абураўся проці свайго гаспадарства з прычын політыка-соцыяльных, то казак украінскі, забраўшы ў свой склад беглых мужыкоў і з Беларусі, абураўся з прычын ня толькі політычна-соцыяльных, але і з прычын рэлігійных і нацыянальных. Яма паміж заходнім казаком і гаспадарствам была куды глыбей, чым яма паміж гаспадарствам і ўсходнім казаком. Вось чаму казацкі протэст на захадзе быў такім моцным, бязупынным і крывавым. Казакі ня былі зусім аднароднаю масаю. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на дзве групы. Частка іх складалася з людзей (часта нават беглых шляхціцаў і мяшчан), каторыя на поўдні занялі добрыя землі, пабудаваліся і выдзелілі з сябе казацкага старшыню, каторы звычайна пападаў у польскія рэестры. Але гэтая частка лічэбна ня была вялікая. Казацкая маса складалася з беднаты, якая найчасьцей ня мела ні кала ні двара. Яны жылі з паляваньня, рыбалоўства, паходаў, адным словам, "казакавалі". Часам яны абсаджваліся на зямлю і займаліся земляробствам і разводзілі быдла. Але іх дробная гаспадарка сталаю ня была як за адсутнасьцю інвэнтара, так і затым, што акраіна гаспадарства ня была забясьпечана ад паўднёвага ворага - татарына і турка. Вельмі часта толькі ўрад нават дапаручаў казаком абарону граніц.

Казацкія паўстаньні проці соцыяльна-экономічнага, нацыянальнага і рэлігійнага ўціску ў Польскай дзяржаве пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. Лепшыя польскія каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтыя казацкія паўстаньні. Апроч таго, у іх магла вынікаць і думка аб тым, каб з дапамогаю казацтва ўзмацніць свае правы ў адносінах да шляхты, каторая абмежавала ўладу караля. Так адносіўся да казакоў Уладыслаў IV (1632-1648). Ен лічыў, што казацтва ёсьць сіла, з катораю каралю парываць ня трэба, што ён можа выбраць адтуль патрэбныя яму заможнейшыя элемэнты, калі гэта будзе трэба.

Есьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Ўладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тыя крыўды, якія над імі ўчыняюцца. Кароль, выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх парушаныя інтарэсы, быццам сказаў ім: "Вы маеце шаблі, самі абараняйце свае правы". Разумеецца, казакі ведалі гэтае і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. ПДкава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньне. Заходняе казацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай "ляскай няволі". Такія самыя думкі былі і ўва ўсходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такія прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваран, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой як заходняго, так і ўсходняга казацтва паказвае нам, што абураны мужык, зрабіўшыся паўстанцам-казаком, мала цікавіўся політычнымі мэтамі і пытаньнямі; ён змагаўся, больш стоячы на соцыяльна-экономічным, чым на політычным, грунце. Маскоўскі казак змагаўся з баярынам-памешчыкам і купцом, а ўкраінскі казак - з панам, каторы адначасна быў палякам і каталіком.

Казацкія паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы - Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём урываюцца казакі ў польскія землі, у сябе на Украіне зьнішчаюць шляхту, вызваляюць з прыгону мужыкоў і робяць іх вольнымі казакамі. Польскі ўрад ня мог спыніць гэтага паўстаньня. Казакі абралі сабе гэтмана Пётру Сагайдачнага, каторы стаў дзяржаўцам усёй Украіны. Усё гэтае, разумеецца, не спадабалася паляком, і пры першым здарэньні яны зноў пачалі рабаціць казакоў. Казакі на гэта зноў адказалі паўстаньнямі ў пачатку XVII сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы - Тарас, Паўлюк і Астраніца. Многа гадоў Полынча і Украіна паліліся агнём і заліваліся крывёю. Урэшце перамаглі палякі. Паўлюк і Астраніца папаліся ў польскі палон. Атрымаўшы верх, польскі ўрад стаў рабіць на Украіне свае парадкі. Казакоў пакінулі толькі 6 тысяч, запісаўшы іх у так званыя рэестры, адабралі ад іх самакіраваньне, начальнікамі над імі паставілі польскіх паноў. Рэшту казакоў зрабілі зноў мужыкамі. Усё гэтае адбылося ў 1638 годзе.

Толькі 10 год трымалі казакі гэтую няволю. У 1648 годзе яны зноў падняліся, як адзін чалавек, пад кіраўніцтвам вядомага атамана Багдана Хмяльніцкага. Пад яго сьцяг сабраліся як рэестраўцы, так і казакі, папаўшыя зноў у няволю. Зьбіраліся наўкол яго і мужыкі, уцёкшыя ад прыгону з усёй Украіны і Беларусі. З вялікаю збройнаю сілаю йшоў Хмяльніцкі на помсту ў Польшчу, маючы на мэце выбіць з панскай няволі як казакоў, так і просты народ. Насустрэч яму былі высланы польскія войскі, каторыя ён разьбіў - першы раз пры Жоўтым Водах, другі раз пад Корсунем. Пад Корсунем казакі ўзялі ў палон польскіх гэтманаў Каліноўскага і Патоцкага. Гэтыя пабеды Хмяльніцкага адгукнуліся на Беларусі мужыцкім паўстаньнем: пад кіраўніцтвам рэестраўцаў мужыкі пачалі паліць панскія двары, біць паноў і зьневажаць ксяндзоў. Каб перамагчы Хмяльніцкага, у Польшчы было склікана "паспалітае рушэньне". Сабралося 40 тысяч шляхты, за імі йшло каля двухсот тысяч слуг з лёгкім аружжам і цягнуліся панскія вазы і карэты. Рушэньне дашло да Пілавіц і адсюль уцякло, нават ня біўшыся з казакамі. Першымі ўначы пабеглі начальнікі, за імі ўся шляхта, пакінуўшы свой абоз казаком. Дашло да таго, што Польшча павінна была прасіць згоды. Згода была зроблена на такіх умовах: 40 тысяч казакоў павінна трымаць Польшча сваім коштам; на Украіну ня могуць быць уведзены польскія войскі; праваслаўная вера мае правы пяршынства і "візівіты" ня могуць жыць і адчыняць свае ўстановы на тэрыторыі Украіны; урадавыя пасады аддаюцца выключна толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрополіт атрымлівае ў польскай вышэйшай палаце (сэнаце) месца, як і каталіцкія біскупы,і г. д.

Такая згода не здаволіла ні польскі ўрад, ні масы казакоў і мужыкоў. Польскі імпэрыялізм ня мог супакоіцца, згубіўшы паўднёвыя тэрыторыі, каторыя колёнізавала шляхта Полынчы. Мужыкі зноў забурыліся, бо ў Польшчы сіла прыгону ня была зьменшана. Апроч таго, сярод казакоў зьяўлялася новая дробная шляхта, каторая пачала накладаць руку на казакоў, каторыя масаю не ўвашлі ў склад новай украінскай шляхты. Хмяльніцкі таксама бачыў, што палажэньне яго ня моцнае як з боку Полынчы, так і з боку казацкага.

Хутка зноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнецца 4 гады і канчаецца тым, што Хмяльніцкі, шукаючы ратунку ад Полынчы і баючыся абаперціся рашуча на паўстаўшыя нізы, падаецца пг д апеку Маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваёю політыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэрыторыю, як Украіна.

Казацкія паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Полынчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе ўкраінскага радавога простага казацтва быў значны процант казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Трэба адзначыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі тэй моцы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхецка-польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага стэпу, дзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і дзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў моцную збройную сілу.

Усё-ж такі казацка-мужыцкія паўстаньні на Беларусі былі. Яны ўцягвалі ў рух забітае прыгнечанае сялянства і нізы гарадзкога насяленьня. Лясы і балоты давалі магчымасьць паўстанцам гуртавацца і выносіць змаганьне з рэгулярнаю польскаю арміяю.

Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхецкага войска пры Жоўтых Водах і Корсуні дашлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог зносіць соцыяльна-рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанцкіх груп стаў Антон Нябаба. Да яго ў хуткім часе сталі падходзіць другія паўстанцкія групы. З атаманаў гэтых груп можна назваць Галавацкага, Няпаліча і Хвэську. Згуртавалася ўзброеная сіла каля 30 тысяч чалавек. Усё Папрыпяцьце запалілася вялікім полымем паўстаньня. Беларускае сялянства падтрымлівала казакоў харчамі і грамадамі прылучалася да паўстанцаў. Спачувала руху і мяшчанства, каторае вельмі часта станавілася на чале яго, маючы на мэце скінуць з сябе ярмо панскага фэўдалізму. Такія гарады, як Старадуб, Гомель, Лояў, Брагін і Пінск, адчынілі казацкаму войску свае брамы. Асабліва многа крыві пралілося ў Пінску, дзе паўстанцы выразалі ўсіх шляхціцаў, палякаў, не шкадуючы нават старых, малых і жанок. Вялікія спусташэньні і збойствы былі зроблены паўстанцамі пад Магілевам, Мсьціслаўлем і па другіх гарадох, каторыя прылучыліся да паўстаньня.

Чуткі аб паўстаньні казакоў і мужыкоў разышліся па ўсёй Беларусі і Польшчы. Ніжэйшыя станы, якія спадзяваліся дабіцца лепшай долі, спачувалі ім. Шляхта глядзела на паўстаньне са страхам і абурэньнем. Як толькі ў Польшчы даведаліся аб казацкім і мужыцкім руху на Беларусі, то ўрад сабраў армію і дапаручыў змаганьне з паўстанцамі літоўска-беларускаму гэтману Янушу Радзівілу, прадстаўніку магнацкай фаміліі, каторая была асабліва зацікаўлена экономічна тым, што рабілася на Беларусі, бо тут была болынасьць радзівілаўскіх вялізарных маёнткаў. На тэрыторыі паўстаньня былі прысланы вялікія ўзброеныя сілы. Да іх далучаліся атрады мясцовай шляхты. Пашла барацьба, каторая была вельмі крываваю. Абодвы лягеры біліся да апошняга, ведаючы, што літасьці ні з таго, ні з другога боку ня будзе. Балоты і лясныя гушчары Беларусі, недаступныя для рэгулярнай арміі, доўга баранілі казацкае паўстаньне ад разгрому. Наймацней трымаліся казакі ў Пінску. Сюды былі зграмаджаны ўрадавыя войскі; горад быў абложан навокал так, што нельга было ні з яго выйсьці, ні ў яго ўвайсьці. Доўга трымаліся паўстанцы, ведаючы, што літасьці над імі ня будзе. Урэшце Пінск быў такі ўзят прыступам, зруйнаваны і заліты крывёю абаронцаў. Казацкае паўстаньне і ў другіх часьцях Беларусі было задушана, але не надоўга. Пр*аз некалькі месяцаў дашлі да беларускага мужыка чуткі аб тым, што Хмяльніцкі разьбіў польскае шляхецкае войска пад Шлавіцамі. Зноў заварушыўся працоўны люд. Па вёсках хадзілі якіясь невядомыя людзі, каторыя гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў, што, забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў, што казакі паднялі паўстаньне на абарону праў толькі адных мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сьляпыя старцы-лірнікі, каторыя, сьпяваючы аб цяжкай, гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру і нацыянальнасьць. Мужыкі радзіліся паміж сабою, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры, косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкія сілы расьлі. Паўстаньне пашыралася ня толькі па вёсках. Мяшчане, бачачы, што шляхта стаіць ім папярок дарогі, таксама прынялі ўдзел у паўстаньні. Паўсталі такія гарады: Слуцак, Быхаў, Чорнабыль, Магілеў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і інш. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі і мяшчанамі. Лічбовая перавага была за паўстанцамі, затое ў іх ня было добрай організацыі. Асобныя групы біліся кожная за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другія групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю патугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік Міхаленка. Некаторыя гарады хоць і здаліся палякам, але праз нейкі час зноў падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчане Бабруйску, бачачы, што для іх няма ўжо ратунку, парашылі здацца на міласьць палякаў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы, якія мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах, падпалілі іх і згарэлі там разам з сем'ямі і супрацоўнікамі па паўстаньні.

Доўга ня мог гэтман Радзівіл спыніць паўстаньця. Сярод топкіх балот і густых непрыходных лясоў Беларусі доўга існавалі вялікія групы паўстаўшых мяшчан, мужыкоў і казакоў. Іх падтрымлівалі тыя мужыкі, каторыя ня выходзілі з вёсак і ня губілі сваёй легальнасьці; прысылаў ім дапамогу з суседняй Украіны й Хмяльніцкі. Часта гэтыя групы даходзілі да некалькіх тысяч людзей. Седзячы ў балотах, казакі організавалі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікія збойствы па маёнтках ваколічнай шляхты. Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку XVIII сталецьця Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшыя станы зрабіліся палякамі, ніжэйшыя станы, застаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно, што яны тутэйшыя "хлопы", што "хлопскую" маюць яны мову і нацыю, што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.

Агульны політычны абгляд

Люблінская вунія 1569 году, як мы ведаем, далучыла Літву і Беларусь у склад Рэчы Паспалітай Польскай. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было перастаць існаваць незалежна. З гатага часу Беларусь жыве адным політычным жыцьцём з Польшчаю.

Праз тры гады пасьля Люблінскай вуніі памёр апошні кароль з дому Ягайлавага, Зыгмунд II Аўгуст. Гэта быў разам з тым і апошні насьледны кароль. З 1572 году пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Каралеўская ўлада часта перарываецца бескаралеўямі, каторыя цягнуцца ад сьмерці аднаго караля да абраньня яго заступніка. Бескаралёўі цягнуцца часам цэлыя гады і наносяць вялікую шкоду гаспадарству, аслабляючы цэнтральную дзяржаўную ўладу.

На першы пачатак бескаралёўе цягнулася болын году. Запоўнена яно політычным бязладзьдзем і анархі-яй. Шляхта разьбілася на некалькі партый, змагаю-чыся адна з другою наўкола пытаньня аб каралі. Кож-ная з партый дамагалася здабыць каралеўскую карону свайму кандыдату. Найбольш вядомымі і популярнымі з кандыдатаў на польскі каралеўскі пасад былі такія: Фёдар царэвіч Маскоўскі, сын Івана IV Грознага, Эр-нэст прынц Аўстрыйскі і Гэнрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара складалася з літвіноў і беларусаў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным наконт Фёдара не далі нічога. Палякі патрабавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар "не красная девнца", што пасагу яму не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы - Курбскі, Цяцерын, Сарыгозін і інш. Яны ведалі добра слабавольны характар царэвіча Фёдара, поўную адсутнасьць у яго ня толькі політычнага, але й наогул звычайнага розуму, што гэта, па словах Грознага, "ня цар, а панамар". Яны разумелі, што, дзякуючы ўсяму гэтаму, каралём Польшчы быў-бы ня Фёдар, а яго бацька Іван Грозны, ад тэрору каторага яны і ўцяклі з Масквы. Не дагаварылася панства і з Эрнэстам Аўстрыйскім, каторы выяўляў рашучы характар. Пасьля доўгіх размоў і перагавораў быў абраны за караля Рэчы Паспалітай Гэнрых Францускі. Пракараляваў ён вельмі нядоўга (1573- 1574). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, што караляваць у Рэчы Паспалітай ня так лёгка, як, напрыклад, у Францыі, Гэнрых праз 6 месяцаў неспадзявана для палякаў таемна ўцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён хутка заняў каралеўскую пасаду пасьля сьмерці свайго старшага брата Карла IX.

Зноў пачалося бескаралеўе, каторае пагражала зацягнуцца на доўгі час. Толькі ў 1576 годзе каралём Полынчы быў абраны Сяміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576-1586). Гэта быў разумны і выдатны політычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою (працяг Лівонскай вайны 1579-1582). Уся вайна адбылася на тэрыторыі Беларусі. Найраней войскі Рэчы Паспалітай былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэднія часы адышоў да Маскоўскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі моцныя муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў для арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторыя былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварвацца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім, урэшце, удалося дабіцца сваёй мэты, і Полацак быў узят. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча застацца, даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскія войскі безаружныя выходзілі з гораду, сам кароль даглядаў за тым, каб яго абяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў яму якой крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх войск пачаўся грабеж гораду. Найбольш грабавалі вэнгры. У час грабяжу загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такія цікавыя рукапісы, як, напрыклад, пераклад сьв. Шсаньня, напісаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірылы і Мэфоды і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што раней, калі Полацак ад Польшчы перашоў у рукі Івана Грознага, шмат чаго было вывезена ў Маскву. Усё гэта, зразумела, нанасіла вялікую шкоду Беларускай зямлі.

Праз нейкі час войскі Стэфана Баторага ўзялі другарадныя крэпасьці Сокал і Сугну, каторыя былі пабудованы Іванам Грозным, а таксама і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікія Лукі. У 1582 годзе Баторы пачаў аблогу моцнай маскоўскай крэпасьці Пскову, каторай ён ня здолеў ужо ўзяць. Абедзьве дзяржавы пасьля некалькіх год змаганьня былі вельмі аслаблены вайною, і распачаліся ўзаемныя перагаворы аб згодзе. Згода, урэшце, была падпісана тэю і другою стараною ў 1582 годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна было прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддало ёй усю Лівонію і гарады Полацак і Вяліж.

Што датыча да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваўся яе набытак, што добра відаць з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дабавім, што, згодна весткам сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст вакол Полацку, зрабіўся за часы Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зьніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут у ранейшыя часы. А гэты чалавек меў мазольныя рукі і быў беларускім селянінам і рабочым. Зноў прышлося многа гадоў працоўнаму люду будаваць жыцьцё, каторае было зруйнована імпэрыялістычнаю крываваю барацьбою Рэчы Паспалітай і Масквы.

Па сьмерці Стэфана Баторага зноў пачалося бескаралеўе, каторае цягнулася каля году. На пасад Рэчы Паспалітай магнатамі і шляхтай быў абраны Зыгмунд III Аўгуст (1587-1632) са швэдзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец і прыхільнік езуітаў, всльмі добры каталік і надта няздольны кароль. Ен даваў кірунак сваёй чыннасьці ня паводлуг політычных, дзяржаўных мэт, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікія магчымасьці для ўплыву.на жыцьцё Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваёй някемнасьці політычнай, ён гэтых магчымасьцяй не скарыстаў як трэба. Масква якраз перажывала смутныя часы, вялікую соцыяльную і політычную разруху. На маскоўскі пасад быў абраны сын Зыгмунда Ўладыелаў. У разумнейшых політыкаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гэтмана Жалкеўскага, вынік цікавы плян утварэньня славянскага гаспадарства, у склад каторага ўвашла-б і Масква і на чале каторага стала-б Польшча. Зыгмунд сапсаваў увесь імпэрыялістычны плян свайго гэтмана сваёй упартай каталіцкай політыкай. Ен больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чым пашырэньнем тэрыторыі гаспадарства.

У часы гэтага караля зноў на тэрыторыі Беларусі йшла крывавая вайна. З восені 1609 году да восені 1611 году йшла аблога Смаленску, і Зыгмунд з вялікім войскам стаяў пад горадам, пакуль урэшце ня ўзяў яго. Само сабой разумеецца, што гэтая армія кармілася тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Потым на працягу 7 год праз Беларусь бесьперарыўна праходзілі войскі, каторыя йшлі ў Маскву і вярталіся адтуль у Польшчу. Усе гэтыя войскі таксама карміліся з Беларусі. Шмат народу было сарвана з тэрыторыі Беларусі як у рэгулярную армію, так і ў тыя прыпадковыя вайсковыя групы, каторыя з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь у Маскоўскае гаспадарства, каб там лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Трэба думаць, што мала хто з іх вярнуўся да сваёй хаты.

Толькі ў 1618 годзе ў невялічкай вёсцы Дзяўліне (каля Масквы і Тройца-Сяргееўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю. Па гэтым замірэньні Смаленск увашоў у тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Ўладыслаў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх праў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца рускі цар Міхаіл Раманаў, абраны на Маскоўскую пасаду ў 1613 годзе. Калі каралём Полынчы зрабіўся вышэйназваны Ўладыслаў (Уладыслаў IV, 1632-1648), змаганьне пашло зноў, і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Моцнае Маскоўскае войска лікам у 32 тысячы людзей пачало руйнаваць Беларусь і аблажыла Смаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Уладыслаў з арміяй, каторы і прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай карысьці для Уладыслава. Пасьля двух год (1632- 1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі "вечную згоду". Смаленск і другія гарады, згубленыя Масквою за часы смуты, засталіся зацьверджанымі за Рэчаю Паспалітаю. Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад праў на Маскоўскую пасаду. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, але аб інтарэсах зьнішчанай Беларусі ніхто не паклапаціўся.

У палове XVII сталецьця скончыўся казацкі рух на Украіне. Ен скончыўся тым, што Украіна, на чале каторай стаў казацкі рэестравы старшыня, паддалася пад "цара ўсходняга праваслаўнага". Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля Яна Казімера (1648- 1668) і маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1645-1676) зноў пачаліся войны паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю, а руйнавалася паводлуг звычаю зноў Беларусь, на тэрыторыі каторай ішло імпэрыялі-стычнае змаганьне. Руйнаваньне Беларусі йшло 17 год, з 1654 да 1667 году.

У Беларусь увашло маскоўскае войска амаль што ня ў 200 тысяч людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці, Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз усю цяперашнюю Віцебшчыну пашла на Полацак, трэцяя - на Магілеў, чацьвертая - на поўдзень ад Магілеву. Застагнала, задымілася ад надужыцьцяў і пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася; што было здабыта цяжкай працаю - руйнавалася. Найраней здаўся Смаленск, ваявода каторага Піліп Абуховіч быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, і яно пашло ўперад, здабываючы ўсё новыя мясцовасьці і гарады. Прашло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады - Магілеў, Віцебск, Менск, Горадня, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы троцкі замак, каторага дагэтуль ніхто, нават і немцы ў свой час сілаю не маглі здабыць. I да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб працы маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш чым 200 гарадоў, мястэчак і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы былога Літоўска-Беларускага гаспадарства - Вільня і Трокі, Маскоўскі гаспадар пачаў тытулаваць сябе "ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самадзержцам".

У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі швэды, а з поўдня - украінскія казакі. Гарады адзін за другім пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж швэдамі і маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньне з палякамі і пачаў вайну са швэдамі, а Рэч Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі, і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо яна ня мела вялікай для себе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяці год. Урэшце, змучаныя гаспадарствы павінны былі ў 1667 годзе зрабіць у Андрусаве (недалёка ад Смаленску) замірэньне на 13 1/2 год.

Умовы замірэньня былі такія. Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытых яго войскамі, але затрымаў за сабою Смаленск з акалічнымі землямі, каторыя былі адабраны ад Масквы ў смутныя часы. Да Маеквы яшчэ адышла леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра - Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два гады, але застаўся за ёю назаўсёды. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.

У часы кіраваньня каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669-1673) і Яна Сабескага (1674-1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспалітаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з туркамі. Каб атрымаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686 г. згадзіўся падпісаць "вечную згоду" з Масквою на ўмовах Андрусаўскага замірэньня. Маскоўскі ўрад ужо адкрыта абвясьціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархій і пасьвячэньне епіскапаў кіеўскім мітрополітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтыя артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

У часы кіраваньня караля Аўгуста II (1697-1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Вялікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. I тут паплацілася Беларусь за чужыя інтарэсы. Пётра, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае войскі на Беларусь, каб яны тут затрымлівалі швэдаў. З 1701 году аж да 1709 году Карл "увяз в Польше" і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэрыторыяй вайны. Расія карыстае са слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца на грунце папярэдніх трактатаў у хатняе жыцьцё аслабелага суседа. Вядома, што, па запатрабаваньні Пятра, Аўгуст II ў 1720 годзе выдаў грамату, каторая забясьпечвала правы праваслаўнай беларускай епархіі. Па сьмерці Аўгуста II рускія войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскую пасаду яго сына Аўгуста III (1733-1764). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывае хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы моцы спыніць бязладзьдзе, жыве ў сваёй бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наяжджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны свайго права за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Ягоры Коніскі, езьдзіўшы ў Расію на каранацыю Кацярыны II, зьвярнуўся да яе з просьбаю аб абароне праваслаўнага насяленьня ў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў у заходніх нямецкіх дзяржавах - Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляўся той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняга яе караля Станіслава Панятоўскага, які караляваў пад імем Аўгуста IV (1764-1795).

Канец Рэчы Паспалітай

Каля паловы XVIII сталецьця Рэч Паспалітая перажывала стан поўнага развалу. Уся політычная ўлада ў дзяржаве была ў руках шляхты, каторая карыстала з свае політыка-соцыяльнай "залатой" вольнасьці толькі ў сваіх клясавых інтарэсах. Другія станы гаспадарства і нават кароль ня мелі ніякіх праў. Усё права было ў шляхты. Дашло да таго, што шляхта мела права складаць у гаспадарстве ваенныя саюзы для абароны сваіх клясавых інтарэсаў і праў (так званыя конфэдэрацыі) і законна падымаць бунт проціў караля (рокош), калі ён парушаў шляхецкія правы. Кароль не заставаўся ў даўгу ў шляхты. Каб абараніць сябе, польскі кароль павінен быў шукаць апоры пры чужаземных дварох, і чужаземныя дзяржавы атрымалі поўную магчымасьць умешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

Шляхта з свайго боку папала ў рукі багацейшых сваіх прадстаўнікоў, каторыя і зрабіліся сапраўднымі гаспадарамі ў дзяржаве. Соймы ў апошнія часы не маглі зусім працаваць, дзякуючы прынцыпу аднагалоснасьці. Даволі было падкупіць ці ўгаварыць якога-колечы добра ўпартага пасла сойму, каб ён не згаджаўся з пастановаю сойму, і ён мог яе сарваць сваім "weto" - "не позвалям" (liberum weto). Пры такіх умовах можна было прыпыніць кожную рэформу, вельмі карысную для гаспадарства, каторая чамусь не спадабалася якому-колечы крыкліваму шляхціцу-паслу.

У грамадзянскім жыцьці Польшчы таксама панавала поўнае бязладзьдзе. Магнаты вялі сапраўдныя войны паміж сабою і крыўдзілі як драбнейшую шляхту, так і другія станы грамадзянства. Шляхта наогул зьдзеквалася і крыўдзіла мяшчан і мужыкоў. Каталікі рабілі ўціск над некаталікамі, так званымі дысыдэнтамі. Дысыдэнты ў адказ на ўціск, ня маючы абароны ад дзяржавы, павінны былі складаць конфэдэрацыі і зьвяртацца да чужаземнай улады. Суседнія дзяржавы, разумеецца, карысталі з такога палажэньня Рэчы Паспалітай.

У 1767 годзе дысыдэнты (протэстанты, кальвіністыя і праваслаўныя) дзеля абароны сваіх парушаных каталіцкаю шляхтаю праў утварылі саюз з цэнтрам у Слуцку, так званую Слуцкую конфэдэрацыю. Гэтую конфэдэрацыю падтрымлівалі дзяржаўныя прадстаўнікі Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Калі сойм адмовіўся ўхваліць пастановы, якіх дамагаліся чужаземныя паслы і конфэдэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, заарыштованы правадыры крайня каталіцкай партыі сойму, і сойм павінен быў здацца. У 1768 годзе сойм ухваліў пастанову, што ўсе дысыдэнты ў Польшчы не павінны прыгнятацца за іх рэлігійныя пераконаньні і маюць тое самае права, што й каталікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дысыдэнтаў і сачыць за недатычнасьцю асноўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім спосабам, Расія атрымала як-бы протэктарат над Польшчаю.

У адказ на гэта ўтварылася супраціўная конфэдэрацыя ў г. Бары, каторая паставіла сабе за мэту абарону паменшаных, з яе погляду, праў каталіцтва і незалежнасьці сойму. I тая і другая конфэдэрацыі пачалі збройную барацьбу адна з другою. Барскія конфэдэраты, змагаючыся з праваслаўным насельніцтвам, каторае было ў болынасці мужыцкім, выклікалі даволі шырокія паўстаньні так званых гайдамакаў (мужыкоў, што казакавалі ў правабярэжнай Украіне). Да гайдамакаў далучылася і дробная праваслаўная шляхта. На чале паўстаньня стаў запарожац Максім Жалязьняк. Найкрывавейшым эпізодам паўстаньня была вядомая Уманьская разьня.

Калі разгарэлася паўстаньне і прыняло выразны соцыяльны кірунак, то паміж рускім урадам, каторы зьявіўся наводзіць парадкі, і Барскай конфэдэрацыяй адразу адбылася згода. Абедзьве стараны прыняліся за паўстанцаў. Пачалася расправа. "Рускі праваслаўны" ўрад абманам злавіў праваслаўнага Жалезьняка і выслаў яго ў Сібір, пакараўшы раней "кнутом". Паўстанцаў і іх прыхільнікаў у паўстаньні вешалі і катавалі. Вельмі пашыранай карай было адсекваньне рук і ног. Вялікі лік бязногіх і бязрукіх жабракоў на Беларусі доўга сьведчыў аб гайдамацкім паўстаньні. А палажэньне Польшчы не паправілася, бо, расправіўшыся з паўстанцамі, Расія рукамі Суворава прыкончыла і з конфэдэратамі.

Пасьля гэтага Прусія, Аўстрыя і Расія паставілі пытаньне аб зьмяншэньні Польшчы, каторая ня можа сама справіцца з сваімі землямі. Згода паміж суседзямі хутка адбылася. Прусія ўзяла сабе Памаранію і кавалак Вялікай Польшчы - тыя землі, каторыя былі паміж Прусіяй і Брандэнбургам, Аўстрыя прылучыла да сябе Галіцыю. Расія атрымала ваяводзтвы - Магілеўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. З гэтых зямель былі зложаны тры провінцыі Пскоўскай губэрні (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская) і Магілеўская губэрня (провінцыі - Магілеўская, Аршанская, Мсьціслаўская і Рагачоўская). Так адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 годзе.

Падзеі 1772 г. прабудзілі рэформатарскі рух сярод разумнейшых слаёў шляхты Рэчы Паспалітай. У сваіх думках яны трымаліся тых ідэй францускай асьветнай філёзофіі і літаратуры. Вялікая француская рэвалюцыя 1789 году падняла іх політычны настрой і дала ім сьмеласьць задумаць рэформу Польшчы. Скарыстаўшы рэформатарскі настрой болынасьці паслоў сойму, рэформацыйная партыя, на чале каторай стаяў граф Патоцкі, правяла праз сойм новыя дзяржаўныя законы, вядомыя пад назвай констытуцыі 3-га мая 1791 году. Гэтая констытуцыя была ўхвалена соймам бяз усякіх спрэчак у адным пасяджэньні, што сьведчыць аб высокім пад'ёме патрыотычнага настрою паслоў сойму.

Па новай констытуцыі прапанаваўся такі строй Рэчы Паспалітай. Законадаўчая ўлада належыць да двухпалатнага, пастаяннага сойму, каторы абіраецца на два гады. Выканаўчую ўладу мае кароль, ня выбраны, як гэта было раней, а насьледны. Пастановы ў абедзьвюх палатах сойму ўхваляюцца не аднагалосна, а большасьцю галасоў, дзякуючы чаму высоўваецца стары звычай liberum weto. Міністры нясуць адказнасьць перад соймам. Касавалася таксама права шляхты на ўтварэньне вольных конфэдэрацый. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам у дзяржаве. Мяшчане дасталі права пасылаць у сойм сваіх паслоў. Апроч таго, яны атрымалі права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і праз зямляўласьніцтва збліжацца соцыяльна і політычна з шляхтаю. Буржуазія, такім спосабам, дастала нейкае права, што адпавядала запытаньням таго часу. Але палажэньне сялян зусім не зьмянілася. Прыгон астаўся, як і раней, ва ўсёй моцы. Толькі і было новага, што пану давалася магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё, калі на тое была яго добрая воля і панская ласка. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам пакідалася палажэньне пануючай у гаспадарстве веры. Констытуцыя, апроч таго, абвясьціла поўнае зьліцьцё Польшчы і Літоўска-Беларускага гаспадарства ў адзіны і непадзельны організм.

Як мы бачым, новая польская констытуцыя ўтварылася пад уплывам вялікай францускай рэволюцыі. Праўда, яна вельмі далёка адышлася ад буржуазных яе запатрабаваньняў у бок старога фэўдалізму. Але і такая констытуцыя была не па густу звычайнай шляхецкай масе. Скора шляхта для абароны сваіх парушаных констытуцыяй старых вольнасьцяй злажыла Тарговіцкую конфэдэрацыю, на чале каторай сталі Шчэнсны-Патоцкі, Браніцкі, Ржэвускі, Ажароўскі і інш. Яны, згаварыўшыся яшчэ раней з рускім урадам, зьвярнуліся да царыцы Катарыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы сойму 1768 году, павінна абараняць стары строй Рэчы Паспалітай. Разумеецца, рускія войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны падтрымалі конфэдэратаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бязладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходнія провінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаў, каторыя патурбаваліся і зрабілі парадак у Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расія й Прусія запатрабавалі ў сойме, скліканым у Горадні, згоды на аддачу ім за фатыгу зямель. Пасьля бескарысных спрэчак з прадстаўнікамі "дапамогшых" дзяржаў паслы сойму, бачачы, што няма рады абараніць тэрыторыі ад захвату, замоўклі зусім. У такім нямым пасяджэньні сойм прасядзеў да глыбокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана як згода, і адбыўся ў 1793 годзе другі разьдзел зямель Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расіяй. Прусія забрала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расія Валынь, Падолію і Менскую акругу. Астатнія землі Рэчы Паспалітай былі абвешчаны формальна пад протэкторатам Расіі. Варшава была занята рускімі войскамі.

Патрыоты, ня гледзячы на ўсе беды, каторыя абрушаліся на Рэч Паспалітую, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты, не пакідалі сваіх плянаў аб тым, каб выратаваць сваю айчыну. Ня маючы магчымасьці працаваць адкрыта, яны павінны былі ўтварыць тайную організацыю і цэнтр яе перанясьці ў замежныя землі. Мэтаю організацыі была барацьба за непадзельную і незалежную Рэч Паспалітую з констытуцыяю 1791 году. Гэтыя організацыі былі і ў Польшчы, Літве і Беларусі. Яны працавалі сярод шляхты і мяшчан. Да сялянскіх слояў іх праца амаль што зусім не даходзіла.

Паўстаньне пачалося адразу пасьля другога разьдзелу. У 1794 годзе паўстаньнем былі ахоплены такія гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадня. У Варшаве пасьля таго, як яна была захоплена паўстанцамі, злажыўся Часовы Урад, каторы абвясьціў вайну Расіі і Прусіі. Дыктатарам і галоўным начальнікам над усімі збройнымі сіламі быў абраны Тадэуш Касьцюшка, вядомы яшчэ раней як абаронца констытуцыі 1791 году ад Тарговіцкай конфэдэрацыі. Сын дробнага шляхціца на Беларусі, ён вучыўся раней у Бярэсьці, потым у вайсковай школе Чартарыйскага ў Варшаве, адкуль як здольны вучань пасылаўся на скарбовы кошт у Францыю. Тут ён захапіўся рэволюцыйным рухам і пасьля нядоўгага жыцьця ў Польшчы паехаў у Амэрыку, дзе абараняў незалежнасьць Злучаных Штатаў ад Англіі. Там ён выдзеліўся сваімі здольнасьцямі і храбрасьцю і вярнуўся дадому абараняць незалежнасьць Рэчы Паспалітай як рэформісты і змаганьнік за новую Польшчу.

У пачатку паўстаньне мела посьпех. Была захоплена Варшава, і рускія войскі прымушаны былі пакінуць горад з вялікімі стратамі. Тое самае адбылося ў Вільні і ў другіх гарадох. Касьцюшку ўдалося разьбіць некалькі раз асобныя рускія групы. Паўстанцаў падтрымлівалі ў пачатку сяляне, каторым Касьцюшка асобнаю адозваю абяцаў волю.

Цікава зазначыць, што адразу выявіліся нейкія нязгоды паміж асобнымі правадырамі паўстаньня. З Вільні Касьцюшка атрымаў вестку, што Найвышэйшая Літоўска-Беларуская Рада, на чале якой стаяў Ясінскі, галоўны начальнік над літоўска-беларускімі збройнымі сіламі, "прысвоіла сабе самазванна ўладу і ўводзіла дух нлзгоды, што разрывае вунію двух братніх народаў" (H. Moscicki. Dzieje porozbierowe Litwy i Rusi. T. I. Wilno, 1913, str. 184). Касьцюшка павінен быў напісаць ліст Ясінскаму, у якім вінаваціў яго ў сэпаратызьме. Скора паўстанцы пачалі адчуваць патрэбу ў сродках. Тыя ахвяры, якія раней паступалі ў вялікім ліку, скараціліся. Перамяніўся і настрой сялянства ў адносінах да паўстаньня, бо хутка стала ясна, што абяцанкі Касьцюшкі так і астаюцца абяцанкамі, што шляхта і ня думае аб вызваленьні сялян. Сялянства як у Польшчы, так і на Беларусі не падтрымлівае ўжо паўстанцаў.

Пры такіх абставінах ня трудна было справіцца з паўстанцамі.

Першым увашоў з войскамі на землі Польшчы прускі кароль з заходняга боку. Праз нейкі час проціў войск Польшчы выправіла свае сілы Аўстрыя, заняўшы паўднёвыя землі. Катарына II, урачыста вызначыўшы, што Рэч Паспалітая зробіцца "гибельным горном, угрожающим спокойствию и безопасности соседей", пакіравала свае войскі з усходу пад кіраўніцтвам Румянцава і Суворава. Доля Рэчы Паспалітай вырашылася ў бойцы паміж рускімі і польскімі войскамі пад Мацаевічамі, недалёка каля Варшавы. Польскія войскі былі разьбіты, Касьцюшка быў паранены і ўзяты ў палон. Пасьля крывавага штурму была забрана ваколіца Варшавы Прага (1794). Варшава павінна была здацца. У горад былі ўведзены, апроч рускіх, аўстрыйскія і прускія войскі. Па ўсім краі паўстанцкія групы былі зьніштожаны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) павінен быў адрачыся ад пасады і пераехаў на жыцьцё спачатку ў Горадню, а потым у Пецярбург, дзе й памёр праз некалькі год. Паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай У 1795 годзе. Расія з гэтага падзелу атрымала заходнюю частку Беларусі і ўсходнюю частку Літвы, што злажыла губэрні: Віленскую, Горадзенскую і Ковенскую. Апроч таго, да Расіі была прылучана і Украіна да Заходняга Бугу. Аўстрыя і Прусія прылучылі да сваіх зямель рэшткі польскіх зямель.

Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць, а Беларусь увашла ў склад царска-дваранскай Расійскай імпэрыі. Пачаўся новы пэрыод беларускае гісторыі.

Аўтар: У. Ігнатоўскі

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:


Полная версия публикации №1291836353 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Трэці пэрыод XVI - XVIII ст.)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network