публикация №1291824296, версия для печати

Раман Скірмунт (1868-1939)


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291824296)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ
Источник: (c) http://library.by






Герой нашай сёньняшняй перадачы - асоба, вядомая, бадай толькі гісторыкам. А між тым гэты чалавек мог бы стаць першым беларускім прэзыдэнтам. Гаворка йдзе, зразумела, не пра прэзыдэнцкія выбары 1994 году, а пра час абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, калі нашая краіна мела ў XX стагодзьдзі першы шанец вырвацца з азіяцкай імпэрыі й вярнуцца ў Эўропу. Гэтая пэрспэктыва была здратаваная ботамі чырвонаармейцаў, расстраляная бальшавіцкімі кулямі, схаваная ў спэцсховішчах разам з забароненымі кнігамі й дакумэнтамі. Доўгія дзесяцігодзьдзі хавалі ад беларусаў і ймя аднаго з адданых змагароў за яе незалежнасьць Рамана Скірмунта.

Ён прыйшоў на сьвет 25 красавіка 1868 году ў родавым маёнтку Парэчча Пінскага павету. Раман быў адным з васьмі сыноў Аляксандра Скірмунта і Тэафілі Любанскай. Бацька нашага героя меў у Расейскай імпэрыі вядомасьць грамадзкага дзеяча, што адыграў не апошнюю ролю ў скасаваньні прыгоннага права. Буйны і ўплывовы землеўласьнік Аляксандар Скірмунт уваходзіў у кіраўніцтва Менскага сельскагаспадарчага таварыства. Там ён пасьлядоўна адстойваў ідэю супрацоўніцтва землеўладальнікаў зь сялянамі, у выніку чаго нажыў сабе нямала ворагаў.

Скірмунт-малодшы закончыў гімназію ў Рызе, потым вывучаў у Эўропе юрыспрудэнцыю. Вярнуўшыся з-за мяжы ў Беларусь і пасяліўшыся ў родным Парэччы, ён хутка зарэкамэндаваў сябе чалавекам, якога цікавяць ня толькі справы ўласнага маёнтку. Усьлед за бацькам ён стаў сябрам Менскага сельскагаспадарчага таварыства і ініцыяваў прыняцьцё ў ягоны склад сялянаў. Але гэта быў толькі пачатак яго шматстайнае дзейнасьці.

Раман Скірмунт належаў да людзей, якія мысьляць агульнанацыянальнымі катэгорыямі. У 1905 годзе ў адной з друкарняў Львову, які тады знаходзіўся ў склад Аўстра-Вэнгрыі, выйшла кніжка, прысьвечаная палітычнай і нацыянальнай пазыцыі шляхты былога Вялікага Княства Літоўскага. Аўтарства належала Раману Скірмунту. Ён пісаў пра тое, што - хоць шляхта і гаворыць пераважна па-польску - сярод яе шмат тых, хто ніколі не лічыў сябе палякам, а заставаўся патрыётам сваёй паняволенай радзімы.

Погляды Скірмунта леглі ў аснову ідэалёгіі гэтак званых "краёўцаў" - грамадзка-палітычнага руху, які меў на мэце задзіночаньне ўсіх карэнных народаў былой краіны. Яны павінны былі аб'яднацца на падмурку інтарэсаў агульнае для ўсіх Бацькаўшчыны.Раман Скірмунт меркаваў, што галоўныя народы краю - гэта беларусы, літоўцы й палякі. У лістападзе 1905-га Скірмунд надрукаваў у газэце "Літоўскі кур'ер" зварот "Краёвай партыі Літвы і Русі", што быў фактычна праграмаю партыі.

Неўзабаве Раман Скірмунт быў абраны ад Менскай губэрні дэпутатам 1-й Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі. У яго зьявіліся магчымасьці паспрабаваць рэалізаваць свае ідэі на дзяржаўным узроўні. Ішоў неспакойны 1906 год. Большасьць дэлегатаў пад ціскам рэвалюцыйных падзеяў мела досыць радыкальныя настроі. Папулярнаю ў Думе была ідэя перадачы ўсіх панскіх земляў дзяржаве. Скірмунт выступаў супраць. Ён рашуча бараніў непарушнасьць прынцьшу прыватнай уласнасьці на зямлю і разам з тым выступаў за пашырэньне сялянскага землеўладаньня. На адным з паседжаньняў дэпутату ад Менскай губэрні не далі нават завяршыць свой выступ. Апанэнты наляпілі на Скірмунта ярлык "рэакцыянэра" й "ворага працоўнага народу".

Тым часам у шматнацыянальных і шматканфэсыйных Беларусі і Літве адбываліся складаныя палітычныя працэсы. Ідэі "краёўцаў" перажывалі фіяска. Аформіліся самастойныя польскі і літоўскі рухі. Уздымалася хваля беларускага адраджэньня.

Менавіта яго Раман Скірмунт успрыняў як сваю крэўную справу. Ён фінансава падтрымлівае газэту "Наша Ніва", вакол якой гуртаваліся лепшыя нацыянальныя сілы. Ён адгукаецца на прапанову Максіма Багдановіча і ў 1916-м уваходзіць у створанае адраджэнцамі Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

У архівах захаваліся дакумэнты пра наладжанае Беларускім таварьіствам дапамогі агульнаменскае сьвята беларускага значка. 12 красавіка 1917 году па ўсім Менску прадаваліся бел-чырвона-белыя значкі. У кавярнях, крамах, на вуліцах ладзіліся нацыянальныя імпрэзы і гучала беларуская мова. У адным з гарадзкіх кінатэатраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта адбыўся шматлюдны мітынг. Ягоныя ўдзельнікі прагаласавалі за рэзалюцыю з патрабаваньнем для Беларусі аўтаноміі.

Скірмунт у гэты час узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт. Дэлегацыя, якою ён кіраваў, выправілася ў Петраград, каб правесьці з Часовым расейскім урадам перамовы пра самастойнасьць Беларусі. Дэлегаты сустрэлі халодныпрыём. Расейскія палітыкі не лічылі беларусаў асобным народам і адмаўлялі ім у праве самім будаваць свае жыцьцё.

Але імкненьне Беларусі да незалежнасьці ўзмацнялася. 1872 дэлегаты сабраліся ў сьнежні 1917 году на першы Ўсебеларускі зьезд. Такога прадстаўнічага форуму ня здолеў склікаць тады ніводны іншы паняволены народ былой імпэрыі. Сярод дэлегатаў зьезду не магло ня быць Рамана Скірмунта, на той час ужо перакананага прыхільніка незалежнасьці.

Далейшыя падзеі добра вядомыя. Разгон Усебеларускага зьезду бальшавікамі. Стварэньне, неўважаючы на перашкоды, Рады і Выканаўчага Камітэту. Іхні выхад з падпольля. Абвяшчэньне 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі...

У травені-чэрвені таго самага 1918-га Раман Скірмунт стаяў на чале Ўраду БНР. Маючы прыклад суседзяў - літоўцаў, ён напачатку спрабаваў знайсьці падтрымку ў Нямеччыне. Гэтыя намаганьні пайшлі намарна. Тады Скірмунт зьвярнуў позірк у бок Польшчы, дзе міністрам замежных справаў быў ягоны стрыечны брат Канстантын. Але Польшча, як і Нямеччына прадэманстравала нежаданьне бачыць на палітычнай мапе сьвету незалежную Беларусь.

Можна сказаць, што Раман Скірмунт апынуўся паміж некалькіх агнёў. Бальшавікі мелі яго за ворага. Беларускія сацыялісты ставіліся да Скірмунта з падазрэньнем і называлі "кансэрватарам". Ягоны брат-міністар ды іншыя польскія палітыкі бачылі ў прэм'еры БНР ледзьве не бальшавіка.

Рыжская мірная дамова паміж Польшчай і Расеяю, падпісаная нават без фармальнага ўдзелу беларускае дэлегацыі, амаль на 20 гадоў падзяліла Беларусь, засьведчыўшы, што для расейскіх палітыкаў нашая зямля - ня больш, чым карта ў вялікай геапалітычнай гульні. Дарэчы, дагэтуль мала хто ведае, што Масква тады была згодная аддаць Польшчы нават Менск і землі на ўсход ад яго, але самі палякі абачліва запярэчылі. Варшава не хацела мець у сваіх межах такі вялікі беларускі этнічны масыў, што несла небясьпеку магутнага нацыянальна-вызвольнага выбуху.

У тых палітычных варунках Раман Скірмунт зноў вярнуўся ў сваё Парэчча пад Пінскам. У адноўленым пасьля нямецкае акупацыі маёнтку няраз знаходзілі прыстанак і дапамогу сябры й паплечнікі нашага героя.

Энэргія спадара Рамана знаходзіла ў тыя гады сваё выйсьце ў сфэры эканомікі. Дакумэнты сьведчаць, што ва ўладаньнях Скірмунта дзейнічала заснаваная яшчэ ягоным дзедам суконная мануфактура, між іншым, адна зь першых у Беларусі потым збудавалі цукровы завод. У маёнтку былі школа й шпіталь.

На Піншчыне старыя людзі і сёньня распавядуць вам, што заробку мужчыны, які працаваў у Скірмунта, хапала на ўсю сям'ю і жонка магла ўжо не працаваць, а прысьвяціць сябе выхаваньню дзяцей. Можна выказаць меркаваньне, што пан Раман імкнуўся хаця б ва ўласным маёнтку ўвасобіць свае мары пра будучую Беларусь. Іншая рэч, якім чынам беларусы ўмеюць выказаць сваю падзяку.

Насунуўся навальнічны 1939 год. Аднойчы ў верасьні хтосьці зь мяйсцовых беднякоў-абібокаў прыбег у Парэччча зь весткаю пра тое, што да вёскі з боку мяжы рухаецца цягнік з чырвонаармейцамі. Тутэйшыя галаштанцы, якія лічылі, што з дапамогаю ўсходніх суседзяў можна забагацець і не ўлягаючы ў працу, пахапалі чырвоныя сьцягі ды кінуліся на чыгунку сустракаць дабрадзеяў.

Аднак цягнік быў польскі, і ехаў на ім польскі вайсковы аддзел. Афіцэр грэбліва цыркнуў скрозь зубы асцой і загадаў расстраляць здраднікаў. Хтосьці пасьпеў паклікаць пана Скірмунта. Каб уратаваць сваіх сялянаў, той апусьціўся перад польскім афіцэрам на калені. Можна ўявіць, чаго гэта каштавала 70-гадоваму знатнаму беларускаму шляхцічу, для якога гонар і годнасьць заўсёды былі найвышэйшымі каштоўнасьцямі.

У краіне Саветаў, дзе праз колькі дзён апынулася Парэчча, гонар і годнасьць патомнага шляхціча ды яшчэ й незалежніка, мелі свой кошт. Тут у падобных выпадках найчасьцей кіраваліся прынцыпам: няма чалавека, няма й праблемы.

Апошні зямны дзень Рамана Скірмунта быў страшны. Заходнябеларускія землі заняла Чырвоная Армія. Чакісты даручылі ліквідаваць "ворага народу" тутэйшым жыхарам. Такіх вырадкаў ува ўсе часы знаходзілі без асаблівых праблемаў, асабліва ў сталінскай імпэрыі, дзе былі адпушчаныя на волю самыя нізкія праявы чалавечае натуры.

Ніякага суду, вядома, не было. Пралетарыі помсьцілі свайму "эксплюататару-крывасмоку". Таму самаму, што плаціў ім прыстойныя заробкі, а ў неўраджайныя гады бязвыплатна забясьпечваў прадуктамі, ратуючы ад галоднае сьмерці.

Рамана Скірмунта завялі ў лес і расстралялі. Гэтыя людзі нават забіць адразу ня здолелі - мусілі дабіваць ахвяру камянямі.

Магілу Рамана Скірмунта знайшлі і аднавілі толькі на пачатку 90-х гадоў. Нядаўна дзякуючы фундацыі Гарадзенскага грамадзкага аб'яднанья "Ратуша" адбылася экспэдыцыйная паездка ў Парэчча групы гісторыкаў. Яны адшукалілюдзей, якія памятаюць ня толькі Рамана Скірмунта, але і ягоных забойцаў - Усьціна Пархамчука і камісара Холадава.

Кіраўнік экспэдыцыі гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук у адным з інтэрвію паведаміў пра выяўленыя дасьледчыкамі факты асабістага жыцьця героя нашае перадачы. Афіцыйна Раман Скірмунт жанаты ня быў, але ён знаходзіўся ў грамадзянскім шлюбе і меў чатырох сыноў. Старэйшага зь іх, таксама Рамана, вывезьлі ў Сібір і там разам зь іншымі зьняволенымі ўтапілі на баржы. Засталося трое малодшых - Алесь, Пятро і Ўладзіслаў. Дзе яны? Якія ў іх прозьвішчы? Ці ганарацца сваім бацькам, які заслужыў нашую ўдзячную памяць?

Уладзімер Арлоў
Крыніца: "ГАЛЕРЭЯ КЛІО" на Радыё Рацыя

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291824296 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Раман Скірмунт (1868-1939)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network