публикация №1291823240, версия для печати

Генерал Кіпрыян Кандратовіч (1859-1932)


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291823240)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ
Источник: (c) http://library.by




Прадмова
Уступ
Расійска-турэцкая вайна, акадэмія
Расійска-японская вайна
Паміж войнамі
1-я Сусветная вайна
Беларускае войска
Гародна
Літаратура

Прадмова

Расійскія гісторыкі называюць іх вялікімі здраднікамі Расійскай імперыі. Яны - гэта вышэйшыя афіцэры Расіі, генералы і члены світы імператара, якія падчас рэвалюцыі перайшлі ў нацыянальныя рухі і пайшлі па шляхах стварэння на крушнях рухнуўшай імперыі маладых нацыянальных краінаў, хаця называць іх здраднікамі неэтычна, яны прысягалі не Расіі, а імператару. Не стала імператара, не трэба было трымацца і прысягі. Найбольшую прыкрасць у расейскіх гісторыкаў выклікаюць імёны барона Манергейма, гетмана Скарападскага, генерал-лейтэнанта Доўбар-Мусніцкага і генерала ад інфантэрыі Кандратовіча.

Манергейм Карл Густаў Эміль (1867-1951). У 1889-1917 на службе ў рускай арміі, генерал-лейтэнант (1917). Удзельнік 1-й Сусветнай вайны. У 1918 г. узначаліў Узброеныя Сілы Фінляндыі, разагнаў фінляндскіх рэвалюцыянераў і забяспечыў поспех у аддзяленні Фінляндыі ад Расіі (1918). Маршал (1933). Галоўнакамандуючы фінскай арміяй у войнах Фінляндыі супраць СССР у 1939-40 і 1941-44 гг. У 1944-46 прэзідэнт Фінляндыі, пайшоў у адстаўку пад ціскам СССР.

Скарападскі Павел Пятровіч (1873-1945), генерал-лейтэнант рускай арміі (1916). Адзін з кіраўнікоў трагічнага змагання ўкраінскага народа за незалежнасць, гетман Украінскай дзяржавы (1918). Войскі Скарападскага былі разбіты бальшавікамі, сам гетман уцёк у Германію.

Доўбар-Мусніцкі Юзаф Рамуальдавіч (25.10.1867-28.10.1937), генерал-лейтэнант рускай арміі (1917). Скончыў Акадэмію генеральнага штаба (1902). Удзельнік руска-японскай вайны. У час 1-й Сусветнай вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўночным франтах. У снежні 1916 г. загадаў без суда і следства расстраляць 13 салдатаў, пасля чаго быў пераведзены на Заходні фронт камандуючым 38-га армейскага корпуса 10-й арміі. У красавіку 1917 года выведзены са складу дэлегатаў з'езду арміі за манархічныя выступленні. У 1917 г. са згоды Вярхоўнага галоўнакамандуючага Л. Г. Карнілава арганізаваў на Заходнім фронце 1-шы польскі корпус. 12(25).1.1918 г. аб'явіў вайну Савецкай Расіі. З 1918 г. на польскай службе, генерал брані. У 1919 г. арганізатар і камандуючы польскімі войскамі ў час антыгерманскага паўстання ў так званай прускай Польшчы.

Кандратовіч Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч, генерал ад інфантэрыі (поўны генерал, раўназначна цяперашняму генерал-палкоўніку). У 4-тым томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" пра яго сказана:

"КАНДРАТОВІЧ Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч (1859--?), бел. і рус. военачальнік. Ген.-лейт. (1905). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904- 05, нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага армейскага корпуса, з 1913 камандзір 23-га армейскага корпуса, удзельнічаў у 1-й Сусв. вайне. У 1884--1900 супрацоўнічаў у газ. "Московские ведомости". Аўтар працы "Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.". У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтральную беларускую вайсковую раду, узначальваў спец. аддзел па фарміраванні бел. вайсковых адзінак. У маі--чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В. Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 як член рады БНР уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы. Далейшы лёс невядомы."

Аднак, дзякуючы даследванням лідскіх краязнаўцаў і ў першую чаргу Лявона Лаўрэша, апошнія сказы ў энцыклапедычным артыкуле, як і некаторыя іншыя фрагменты гэтага артыкула, больш не адпавядаюць рэчаіснасці. Лёс аднаго з віднейшых беларускіх ваеначальнікаў і нацыянальнага дзеяча Кіпрыяна Кандратовіча на сёння добра вядомы спецыялістам, а зараз мы пастараемся са старонак нашага часопіса зрабіць яго вядомым для ўсіх лідзян і нашых чытачоў за межамі Лідчыны.

Уступ

Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 года ў вёсцы Зіневічы каля Ваверкі (Лідскі раён). Паводле сямейнага падання ён быў незаконнанароджаным сынам графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці - Зінаіда Залеская - дачка абшарніка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч. Маці выйшла замуж за шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян атрымаў.

Кандратовічы - старажытны ліцьвінскі род, (герб - Сыракомля), што паходзіць ад Кандрата, якому ў 15 ст. былі падараваны некалькі маёнткаў.

Род Кандратовічаў падзяліўся на 7 галін, унесеных у 1 і 6 частку радаводных кніг Віленскай, Віцебскай, Ковенскай, Менскай і Магілёўскай губерняў. Кандратовічы ёсць і ў спісах шляхты Лідскага павету (1).

Бацька Юрыя Трубяцкога - генерал-маёр Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі, менскі губернатар. Трубяцкія - Гедзімінавічы, паходзяць ад князя Зміцера Альгердавіча, унука Гедзіміна, князя бранскага, чарнігаўскага, трубчэўскага, удзельніка Кулікоўскай бітвы, забітага пад Ворсклай у 1399 г. Ягоныя нашчадкі на пачатку 16 ст. ад'ехалі з Літвы служыць маскоўскаму князю. З 17 ст. гэта магутны і разгалінаваны дваранскі род Расійскай імперыі, які карыстаўся вялікім уплывам.

Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць вайсковую кар'еру. Ён вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Вайсковую службу пачаў ў 1875 г. у Вільні (2).

Расійска-турэцкая вайна, акадэмія

У 1877 г. на пачатку руска-турэцкай вайны Кандратовіч - малады афіцэр Грэнадзёрскага корпуса. Грэнадзёры з'явіліся ў расійскім войску ў 1704 г. У грэнадзёры бралі найбольш смелых, падрыхтаваных, фізічна моцных жаўнераў і афіцэраў. У сярэдзіне жніўня 1877 г. грэнадзёрскі корпус з летніх лагерных збораў адпраўлены на вайну. У бітве пад Плеўнай 28 лістапада 1877 г. грэнадзёры перамаглі турак, страціўшы 18 афіцэраў і 542 жаўнераў. На пачатку лістапада 1878 г. корпус вяртаецца ў Расію. Праз некалькі год пасля вайны, капітан Кандратовіч, афіцэр для асобых даручэнняў пры штабе Грэнадзёрскага корпуса, напісаў кнігу "Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г." (3) (ПЛЕВНА И ГРЕНАДЕРЫ, 28 НОЯБРЯ 1877 г. / сост.: Кондратович К.А., Сокол И.Я. ; под ред. Маныкина-Невструева А.И. М.: Унив. тип., 1887. X, 223, 61 с., [12] л. ил. Содерж. части: Очерк действий гренадер под Плевною в 1877 году; Плевненский памятник). Апісваючы месяцы перад адпраўкай корпуса на вайну, ён пісаў: "Грэнадзёры прагна сачылі за весткамі з тэатру вайны. Часта жаўнеры пыталіся ў сваіх афіцэраў: "Чаму нас не бяруць? Ці хапае войскаў за Дунаем?" Балюча было чуць і чытаць аб здеках турак над балгарамі. З пачуццём зайздрасці праводзілі афіцэры і жаўнеры сваіх таварышаў з першай дывізіі, якія выпраўляліся на Каўказ ваяваць з туркамі" (4). Кніга атрымала шырокі розгалас і добра вядома гісторыкам руска-турэцкай вайны 1877-78 гг.

У 1884 г. Кандратовіч К. А. скончыў Мікалаеўскую акадэмію генеральнага штаба ў Санкт - Пецярбургу. Конкурс пры паступленні дасягаў 20 чалавек на месца, пры тым, што большасць афіцэраў здавала папярэднія іспыты ў сваіх вайсковых акругах. Кожны год, закончвалі самагубствам афіцэры, якія не паступілі ў акадэмію ці былі адлічаны пасля першага ці другога года. Акадэмія генеральнага штаба давала вельмі добрую вышэйшую вайсковую адукацыю, і для "простых" афіцэраў гэта была практычна адзіная магчымасць хуткага службовага росту. Таму і ў арміі, і ў гвардыі выпуснікоў акадэміі не любілі, называлі мянушкамі "мамэнты" ці "фазаны".

Пасля акадэміі К. А. Кандратовіч у 1884-1900, працягваючы службу ў войску, супрацоўнічаў у газеце "Московские ведомости" у якасці вайсковага аглядальніка.

Расійска-японская вайна

У 1900-1901 гг. К. Кандратовіч - начальнік 2-й брыгады 30-й пяхотнай дывізіі. Летам 1900 г. прымае ўдзел у задушэнні паўстання баксёраў у Кітаі, атрымоўвае чын генерал-маёра (5). У 1900 - 1901 гг. начальнік 2-й брыгады 30-й пяхотнай дывізі. У прадчуванні вайны з Японіяй Расія хутка павялічвае колькасць сваіх войскаў на Далёкім Усходзе. Кандратовічу даручана сфармаваць у Паўднёвай Манчжурыі 9-ю Усходне-Сібірскую брыгаду з 4-х палкоў 3-х батальённага складу. 30 студзеня 1904 г. па загаду цара пачалося дафармаванне брыгад новымі батальёнамі. Але да пачатку вайны паспелі павялічыць толькі 9-ю брыгаду. 18 лютага 1904 г. Кандратовіч завяршыў фармаванне сваіх войскаў. 6-га лютага пачалося фармаванне 1-га Усходне-Сібірскага корпуса ў складзе 3-й, 4-й, 9-й брыгад. Да лета 1904 г. 9-я брыгада папаўняецца новымі батальёнамі і становіцца 9-й Усходне-Сібірскай дывізіяй. Камандзірам 9-й Усходне-Сібірскай дывізіі прызначаецца генерал К. А. Кандратовіч. Дывізіённы дабрачынны, а. Георгі Шавельскі, які, дарэчы, таксама быў беларусам, пісаў, што адносіны с афіцэрамі дывізіі былі складанымі, напрыклад "палкоўнік Лісоўскі дэманстраваў яму сваю непавагу, і ён (Кандратовіч - заўвага аўт.) ... цярпліва зносіў гэта". Цяжка сказаць чым былі выкліканы такія адносіны да свайго камандзіра, магчыма яго "нізкім" паходжаннем, але талерантнасць генерала не можа не выклікаць павагу. Тым больш, што дывізія была адна з найлепшых, і яна "зрабіла імя" Кандратовічу (6). Наогул, Кандратовіч быў элегантным, вытанчаным і вельмі патрабавальным афіцэрам.

Руска-японская вайна пачалася 27 студзеня 1904 г. з міннай атакі японцамі рускай эскадры ў Порт-Артуры. Вайна ішла безпаспяхова для Расійскай арміі. 2 чэрвеня 1-шы корпус генерала Штакельберга, у склад якога ўваходзіла дывізія Кандратовіча, атрымаў паразу ў Вафангоў ад войскаў японскага генерала Оку. Згодна с дыспазіцыяй рускія наступалі 3-мя калонамі, "... агульнае кіраўніцтва над сярэдняй і правай калонамі даручаецца начальніку 9-й дывізіі генерал-маёру Кандратовічу"(7). У бітве на р. Шаха ў канцы верасня 1904 г. войскі 1-га Сібірскага корпуса вялі наступ на перавалы Чангаўлін, Заходні і Ўсходні Тумылін з мэтай захопу гэтых перавалаў. Кандратовіч кіраваў левай калонай з 9-ці батальёнаў і вёў наступ на перавал Заходні Тумылін (8). У "Гісторыі руска - японскай вайны" 1907 г., імя Кандратовіча успамінаецца шматкроць (9).

13 студзеня 1905 г. , падчас наступу расійскага 1-га Сібірскага корпуса генерала Штакельберга, Кандратовіч быў паранены на камандным пункце. Гэты момант адлюстраваны ў мемуарах А. А. Ігнаццева: " Бой разгараўся з кожнай хвілінай. Загрукатала артылерыя. Хэгаўтай (кітайская вёска) пакрыўся разрывамі снарадаў. Спачатку яны ляцелі толькі з усходу, потым аднекуль з поўдня, дзе разгортвалася наша 9-я дывізія Кандратовіча ... "Добрыя войскі! Хто іх выхаваў? - падумаў я ...

- Аляксей Аляксеявіч (Ігнаццеў А. А.), я паранены, - нечакана сказаў мне генерал Кандратовіч, які стаяў побач са мной, павіснуўшы на маёй руцэ. Кандратовіч меў рацыю, бо, паглядзеўшы на яго плечы, я заўважыў у яго шынялі выхадую адтуліну кулі. Падбеглі санітары, і Штакельберг ... сказаў:

- Здайце камандаванне, генерал, жадаю вам хуткага выздараўлення." (10). А. А. Ігнаццеў называў генерала К. Кандратовіча "элегантным генштабистом".

Пасля выздараўлення, напрыканцы 1905 г., Кандратовічу К. А. прысвойваецца званне генерал-лейтэнанта (5).

17 ліпеня 1906 г. генерал-лейтэнант, начальнік 9-й Усходне-Сібірскай дывізіі Кандратовіч Кіпрыян Антонавіч узнагароджаны Ордэнам Св. Георгія 4 ст., вышэйшай афіцэрскай узнагародай за асабістую мужнасць (не блытаць са "Знакам Георгіеўскага ордэна" ці "Георгіеўскім крыжам" 4-х ступеняў, які быў жаўнерскай узнагародай) (11).

Паміж войнамі

З 1906 г. К. Кандратовіч - камандзір 2-га армейскага корпуса, а з 1908 г. намеснік Туркестанскага генерал - губернатара (3) і адначасова намеснік камандуючага Туркестанскай вайсковай акругі, начальнік штаба Сямірэчанскага казачага войска (5). Камандуючым войскамі акругі быў аднагодак Кандратовіча і аднакашнік па Акадэміі генеральнага штаба (таксама выпуск 1884 г.) - генерал Самсонаў А. В. Пасада Кандратовіча ў Сярэдняй Азіі - пасада адміністратара. Напрыклад, у адміністратыўнай кнізе Туркестанскага губернатара подпісы генерала з візай "Зацвярджаю", намеснік генерал-губернатара генерал-лейтэнант Кандратовіч", стаяць на паперах аб атрыманні крэдыту на насенне 294 кіргізам ..., якія пакутавалі ад неўраджаю. (15 траўня 1909 г.) ці "аб выдачы крэдыту ў памеры 2465 р. на насенне для 58 арандатараў, з якіх 57 туземцаў і 1 рускі" (23 траўня 1909 г. ) (12).

У 1910 г. Кандратовічу нададзена годнасць генерала ад інфантэрыі (поўны генерал) (5), і ён прызначаны на пасаду начальніка 1-га Каўказкага армейскага корпуса(3), намесніка генерал-губернатара ў Тыфлісе.

Генерал ад інфантэрыі - гэта прыблізна генерал-палкоўнік у сучасным войску. Вышэйшае званне ў расійскай арміі - фельдмаршал, але на той час, амаль што 50 гадоў, гэтае званне не прысвойвалася і, фактычна, годнасць генерала ад інфантэріі (ад артылерыі, ад кавалерыі - "поўныя генералы") была найвышэйшай у войску. Поўныя генералы насілі генеральскія пагоны без зорак з кантам колеру, залежным ад роду войскаў, у генералаў ад інфантэрыі - з чырвоным кантам. У 1913 г. у расійскай арміі было 177 поўных генералаў, пры гэтым толькі трохі больш за палову з іх мела вышэйшаю адукацыю, пры сярэднім узросце - 66,5 гадоў. Самым маладым з іх, нават праз 3 гады пасля атрымання звання, быў генерал ад інфантэрыі Кандратовіч.

Каля 1910 г. Кіпрыян Антонавіч пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар (1879(?) - 1954). Ада фон Рыхтар (Ada von RICHTER) - дачка расійскага генерала фон Рыхтара, нарадзілася ў Рызе, выпускніца Смольнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г., калі Кіпрыяну Антонавічу было 53 гады, у Тыфлісе нарадзілася Вера, адзіная дачка.

18 лютага 1910 г. у газеце "Новое время" адзін з найбольш уплывовых вайсковых аглядальнікаў таго часу Меншыкаў М. А. у артыкуле "Ці можа Расія ваяваць", ацэньваючы перспектывы будучай Сусветнай вайны, пісаў: "У нашых заходніх суседзяў толькі нешматлікія камандзіры карпусоў нюхалі порах, у нас жа 10 000 начальнікаў розных ступеняў ваявалі. Генералы: ... Самсонаў, ... , Кандратовіч ... , складаюць цэлую пляяду. Усё яны дасведчаныя ільвы ў мундзірах".

Са жніўня 1913 г. Кандратовіч -- камандзір 23-га армейскага корпуса, 2-й арміі, камандуючым якой за тры тыдні да пачатку вайны прызначылі генерала ад кавалерыі Самсонава (13). Самсонаў, кавалерыйскі камандзір вялікай асабістай мужнасці, займаў адказныя штабныя (у тым ліку і ў Варшаўскай акрузе) і адміністратыўныя пасады, але не камандаваў нават корпусам (14).

1-я Сусветная вайна

1 жніўня 1914 г. у 17.00 Германія аб'явіла вайну Расіі (14).

Згодна з планамі расійскага камандавання вайна павінна была пачацца з дзеянняў расійскай арміі супраць Усходняй Прусіі: 1-я расійская армія генерала Рененкампфа наступае з усходу, з раёна Вільні, адначасова з ёй 2-я армія генерала Самсонава наступае з поўдня, з раёна Варшавы. Аднак яшчэ ў красавіку 1914 г. на камандна-штабной гульні ў Кіеве, якую праводзіў вайсковы міністр Сухамлінаў, і ў якой бралі ўдзел усе камандзіры карпусоў і армій, у тым ліку і Кандратовіч, стала зразумела, што 2-я армія абавязкова спозніцца з-за адсутнасці дарог ў зоне яе высоўвання. Гэта дасць магчымасць манеўру немцам і прывядзе да разгрому. Як быць? Вышэйшае вайсковае кіраўніцтва знаходзіць "бліскучае" выйсце. Даецца ўводная, што ў Францыі саюзнікі перамагаюць, немцы вось-вось атрымаюць паразу і нічога не робяць на ўсходзе дзеля выратавання. Наогул, было вырашана, што колькасць расейскіх войскаў будзе настолькі значнай, што немцы будуць разбітыя без вялікіх перашкод (15).

У жыцці было ўсё наадварот. Каб уратаваць ад поўнага разгрому французаў з англічанамі, наступаць давялося на 15-ты дзень ад пачатку мабілізацыі. Да гэтага тэрміну сканцэнтравалася толькі 30% планаваных сілаў. Для падходу наступных 30% небходна было яшчэ 8 дзён, але немцы былі ўжо пад Парыжам, і, каб не застацца з ворагам адзін на адзін, раніцай 17 жніўня 1-я расійская армія перайшла мяжу (16). Усходне-Прускай аперацыі прызначана шмат кніг, гэта адна з найбольш цяжкіх і павучальных бітваў 1-й Сусветнай вайны. Але наша мэта - расказаць аб удзеле ў ёй нашага земляка, генерала ад інфантэрыі Кандратовіча К. А.

23-ці корпус пасля заканчэння мабілізаціі быў адразу разабраны на часткі. 3-я гвардзейская дывізія (генерал-лейтэнанта Сірэліўса) была адпраўлена ў Саколку, у рэзерву Паўночна-заходняга фронту, штаб якога ў гэты час знаходзіўся у Лідзе. 2-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнанта Мінгіна) засталася ў цвердзі Новагеоргіеўск (зараз Модлін) і была падпарадкавана каменданту цвердзі. Кавалерыя корпуса (гвардзейская кавалерыйская брыгада) адпраўлена на Паўднёва-заходні фронт супраць аўстрыйцаў, мартырны дывізіён передадзены ў 2-гі армейскі корпус, сапёрны батальён - у цвердзь Гародня. Потым дывізію Мінгіна зноў перадалі Кандратовічу, і яна даганяла карпусы, якія наступалі. У камандзіра застаўся толькі штаб корпуса. Аднак у загадах і дырэктывах корпус лічыўся так, як быцам бы ён дзейнічаў у поўным складзе (17).

17 жніўня 2-я армія пачала высоўвацца да дзяржаўнай мяжы. Стаяла спякота. Карпусы наступалі бязспынна па сыпучых пясках, без тылавога суправаджэння, па некалькі дзён нават без хлеба. Дывізія Мінгіна, наогул, не мела абозаў, і ёй было загадана харчавацца з абозаў 15 корпуса (14). Ішлі без перапынкаў, без адпачынку ўдзень. Адолеўшы за 3-е сутак 80 км, армія Самсонава 20 жніўня перайшла дзяржаўную мяжу (18). 2-я армія складалася з 1-га, 2-га, 6-га, 13-га, 15-га і 23-га армейскіх корпусоў. Гэтак жа ў яе склад уваходзілі 4-я, 6-я і 15-я кавалерыйскія дывізіі, усяго 150000 чалавек, 702 гарматы, прыкладна такую ж моц мела і 1-я армія Ранненкампфа (19).

14 жніўня ў Беластоку Кандратовіч выдае загад па войсках корпуса № 7: "Вярнуўшыся з камандзіроўкі 13 жніўня, прыступіў да камандавання корпусам ... 18 жніўня да 6 гадзін вечара корпусу сканцэнтравацца каля Новагеоргіеўска ..." (20) .

Аднак тэлеграма Галоўнакамандуючага фронтам ад 14 жніўня № 3 загадвала 3-й гвардзейскай дывізіі заставацца ў Саколцы. 16 жніўня дывізія была перасунута ў Беласток, а 17 жніўня дывізіі загадана рухацца ў бок фронту, на Дэмбрава (17). Ад такога кіравання штабам акругі дывізіямі корпуса Кандратовіча, войскі пераблыталіся і генерал, прыкладна да 27 жніўня збіраў свае дывізіі.

Ад пачатку наступлення ў баях удзельнічала толькі 2-я пяхотная дывізія, наступаючы паміж 1-м і 15-м карпусамі. 24 жніўня гэтая дывізія была падпарадкавана камандзіру 15-га корпуса генералу Мартасу. 3-я гвардзейская дывізія, даганяючы войскі, падыходзіла ў гэты дзень да Млавы, 1-я стралковая брыгада была яшчэ ў Новагеоргіеўску. Такім чынам, пры выхадзе 23-га корпуса на лінію наступлення 2-й арміі, 2-я пяхотная дывізія была ў 15-м корпусе, 3-я гвар-дзейская дывізія ўваходзіла ў бой часткамі, пры чым яе Кексгольмскі полк быў перададзены 2-й дывізіі (17). Больш заблытаць працу штаба 23-га корпуса не змаглі б нават немцы!

Амаль што да канца жніўня, 2-я армія наступала без значных сутыкненняў з супраціўнікам і прайшла палову адлегласці ад расійскай мяжы да Балтыкі. Войскі смяротна стаміліся, адсутнічалі палявыя пякарні, сілкаваліся толькі сухарамі і тым, што адбіралі ў нямецкага насельніцтва. Штаб арміі не меў сувязі са штабамі карпусоў, штабы карпусоў - з дывізіямі. Ужывалася радыёсувязь, але ж да пачатку вайны штабы не распрацавалі нават кодаў, і загады войскам ішлі адкрытым тэкстам. У гэта цяжка паверыць, але не была арганізавана, нават, выведка, і ніхто, ні ў штабе фронту, ні ў штабах армій і карпусоў не ведаў, дзе немцы! Кавалерыя не рабіла рэйдаў па тылах супраціўніка, а ішла за пяхотай. Авіяцыя дастаўляла пакеты паміж штабамі, а расійскія жаўнеры, якія ніколі не бачылі самалётаў, абстрэльвалі сваіх, мяркуючы, што такую хітрую машыну маглі мець толькі немцы (21).

У германскіх штабах не маглі паверыць, што рускія адкрытым тэкстам па радыё кіруюць сваімі войскамі. Але дакладная выведка з паветра красамоўна сведчыла, што радыёперахопам можна верыць. Гэтак жа працавала і нямецкая тэлефонная сувязь: аб кожным кроку расійцаў, тутэйшае насельніцтва інфармавала па тэлефону германскі штаб!

Немецкія генералы ўмелі ваяваць і ваявалі надзвычай добра. Атрымаўшы паразу ад Рененкампфа пад Гумбіенам (20 жніўня), нямецкія карпусы адарваліся ад расійцаў, для аховы Кенігсберга пакінуўшы толькі нязначныя часткі ландверу (апалчэнцаў). Выкарыстоўваючы шчыльную сетку чыгунак, нямецкія войскі былі перавезены на левы і правы флангі арміі Самсонава. У гэты час, раскіданыя па фронце на адлегласці ў 120 вёрст, войскі генерала Самсонава ішлі насустрач свайму лёсу, нічога не ведаючы аб супраціўніку. Дадаўшы да сваіх сілаў на ўсходзе два пяхотныя карпусы з французкага фронту (так расійская параза выратавала Парыж), 26 жніўня немцы выцялі ў флангі, адразаючы расійцаў ад сваіх баз. Камандзір 6-га корпуса Благавешчанскі пакінуў свае войскі і збег. У гэты дзень, у 7:25 Кандратовіч дасылае Самсонаву тэлеграму: " ... немцы перайшлі ў энергічны наступ супраць 1-га корпуса з захаду. ... жадана супраць ... наступаючых высунуць ... 2-ю пяхотную дывізію ... загадаў адной брыгадзе 6-й кав. дывізіі пераснуцца на правы фланг ..."(22) .

27 жніўня 1-шы корпус пасля жорсткага бою адышоў да Сольдаў, камандзір гэтага корпуса генерал Артамонаў ўзяў вінтоўку і пайшоў кіраваць ротамі, кінуўшы камандаванне корпусам. "1-шы армейскі стаіць як скала!"- далажыў ён Самсо-наву і праз гадзіну аддаў загад адступаць. Артамонаў быў неадкладна зняты з пасады. У гэты ж дзень 2-ая пяхотная дывізія з корпуса Кандратовіча, падпарадкаваная штабу 15-га корпуса, была разгромлена каля Грос-Гардзіена (14). Самсонаў абедаў разам з англійскім ваенным аташэ Ноксам, недалёка ад фронту ў Найдэнбургу, калі жаўнеры разбітай 2-й дывізіі з'явіліся на вуліцах горада. Люді былі "жахліва стомленыя, тры дні не бачылі хлеба, на працягу двух дзён жаўнеры не атрымлівалі аніякай ежы, ніводзін з абозаў не падышоў..." - апавядаў Ноксу адзін з палкавых камандзіраў (21). У 23:00 Самсонаў далажыў камандуючаму фронтам аб разгроме 2-й дывізіі: "2-я дывізія панесла цяжкія страты ... Рэвельскі полк амаль што знішчаны, засталіся сцяг і адзін звяз ... Эстляндскі полк у вялікай мітусні адышоў да Найдэнбурга, дзе па майму загаду застаўся..." (23). Раніцай 27 жніўня Кандратовіч знаходзіўся ў Млаве, калі атрымаў загад прыбыць ў Найдэнбург, каб кіраваць 2-й дывізіяй. Каля 8-мі гадзін раніцы генерал разам са штабам на 3-х аўтамабілях выехаў з Млавы. На дарозе ён затрымаў адступаўшыя часткі 2-й артылерыйскай брыгады і загадаў ім заняць абарону. Да аддзелаў 2-й дывізіі Кандратовіч прыбыў каля 3-х гадзін дня. Камандзір генерал Мінгін далажыў аб вялікіх стратах і цяжкім стане 2-й дывізіі. Увечары Кандратовіч разам са сваім штабам накіраваўся ў Найдэнбург да Самсонава. У асабістай размове Самсонаў выказаў незадаволенасць Мінгіным, і даў пісьмовы загад прыняць агульнае кіраванне над тым, што засталося ад 2-й дывізіі, каб абараніць Найдэнбург і Франкенаў.

З раніцы 28 жніўня генерал Кандратовіч кіраваў абаронай: затрымаў і вярнуў на пазіцыі зноў Эстляндскі полк, які зноў быў кінуўся на ўцёкі, даваў указанні пяхоце і артылерыі, указваў кірункі атакі кавалерыі і г. д. Да вечара становішча дывізіі стала невыносным і генерал, каб пазбегнуць акружэння, дазволіў Мінгіну пачаць адыход. На прапанову Кандратовіча кіраваць адыходам, генерал Мінгін папрасіў яго не турбавацца, таму што, ён за апошнія дні настолькі вывучыў справу манеўравання падчас бою, што можа сам выканаць гэты манеўр. Пасля гэтай размовы Кандратовіч пакінуў штаб Мінгіна і больш не вяртаўся (17).

У гэты ж дзень Самсонаў сам "страціўшы галаву" з'ехаў са штабу арміі. Перад гэтым, ён, у 7:05 раніцы, даслаў тэлеграму ў штаб фронту: "1-шы корпус ... учора ўвечары адступіў... зараз пераязджаю ў штаб 15-га корпуса ... апарат Юза здымаю, часова буду без сувязі з вамі" (24). Такім чынам было цалкам дэзарганізавана кіраванне арміяй. "З гэтага моманту армія перастала існаваць як цэльны арганізм: Самсонаў яе сакрушыў, і Гіндэнбургу засталося яе толькі дабіць" - пісаў вядомы расійскі вайсковы гісторык Кярсноўскі А.А. (14).

З дакладу ўрадавай камісіі, якая даследвала гэтую катастрофу (17), вядома, пахвілінна распісана, што рабіў Кандратовіч 28 жніўня. І таму абсалютна не зразумела, чаму А. Салжаніцын такую пісаў лухту: " И генерал Кондратович, которому - счастье выпало? - что его корпус раздёргали, и, будто бы собирая его, можно было долго кататься поездами между Варшавой и Вильной, ... Кондратович примчался в Найденбург и, не имея тут никого выше себя чином, распорядился: командиру Эстляндского полка взять шесть рот и пулемётную команду и с ними уходить на восток, по шоссе, сопровождая и охраняяего, генерала Кондратовича. Он, очевидно, так расчёл, что одна растрёпанная дивизия его несобранного корпуса всё равно уже подчинена Мартосу, Кексгольмский полк занял позиции и сам продержится, остальные гвардейские полки сюда вовсе не дойдут, - и ему, корпусному, делать нечего, а безопаснее отойти за русскую границу и там ждать, чем кончится " (25). Гэта пра тых самых панічна напужаных жаўнераў Эстляндскага палка, якія ўжо некалькі дзён уцякалі з усіх пазіцыяў, пра якіх пісаў Нокс. Гэтых жаўнераў, згодна з вывадамі ўрадавай камісіі, расследваўшай катастрофу ва Ўсходняй Прусіі, як раз 28 жніўня Кандратовіч асабіста вяртаў на пазіцыі: "Тым часам конніца немцаў пачала прасоўвацца на поўдзень, у кірунку на Найдэнбург. ... Генерал Кандратовіч выправіўся ў Найдэнбург, каб хутка з'арганізаваць там абарону. Прыбыўшы ў Найдэнбург, ён знайшоў там толькі 1 000 чалавек эстляндцаў, сабраных камандуючым дзеля адпачынку. Эстляндцам, пры якіх было 2 штаб-афіцэры, было загадана заняць вышыні на захад ад горада, ... пасля чаго генерал Кандратовіч зноў выехаў з Найдэнбурга на поўнач, да астатніх частак свайго корпуса. Аднак, праехаўшы 2-3 вярсты, даведаўся, аб адыходе эстляндцаў ... зноў вярнуўся,... і асабіста, разам з чынамі штабу,давёў частку эстляндцаў да тых вышынь,якія яны павінны былі ўтрымліваць... Устанавіўшы на пазіцыі эстляндцаў, генерал Кандратовіч зноў выправіўся да аддзела Мінгіна на крайні правы фланг" (17). Толькі ўвечары, каля 19-й гадзіны, пасля гарачай размовы з генералам Мінгіным, пад час якой Мінгін практычна адмовіўся падпарадковацца (не вядома як складаліся адносіны гэтых генералаў да вайны, у расійскім войску бывала ўсялякае, напрыклад, паміж двума камандуючымі арміямі - Самонавым і Рененкампфам пад час Расійска - японскай вайны была дуэль, гэта лёсавызначальным чынам адгукнулася ў 1914 г.), Кандратовіч пакінуў аддзелы Мінгіна (23). Прычыны гэтага ўчынку незразумелыя, і тут маглі б дапамагчы мемуары абодвух генералаў, якіх, нажаль, мы не маем.

Верагодна, што Салжаніцын кіраваўся кнігай Яўсеева "Августовское сражение в Восточной Пруссии 1914 г." (26), якая была выдадзе-на ў 1936 г., калі Кандратовіч для Масквы быў ворагам - нацдэмам. Яўсееў сцвярджае, што генерал Кандратовіч з'ехаў з фронту яшчэ ў 12 гадзін на чале аддзела з шасці рот 8-га Эсляндскага палка і кулямётнай команды лейб-гв. Петраградскага палка. Апісанне дзеяннеў генерала ў "Чырвоным коле" Салжаніцына, літаральна супадае з тым, што напісана ў гэтай кнізе. Але на карысць Кандратовіча кажа неверагодны факт, які выкладае ў сваёй працы афіцэр - эмігрант Багдановіч П.Н. (27). Ен цытуе ўспаміны камандзіра нямецкага корпуса генерала Франсуа, аб тым, што каля 15 гадзін дня, каля ягонага штаба праехаў аўтамабіль з незнаёмымі афіцэрамі. Франсуа лічыў, што гэта быў камандзір 23-га корпуса. Аўтамабіль немцы нават не абстралялі! Вось так, у дзень пагрому расейскага войска, Кандратовіч перамяшчаючыся сярод сваіх напалову акружаных войскаў, ледзь сам не трапіў у палон ...

Як прайшла ноч, невядома, але ж назаўтра ўсё было скончана.

У ноч з 28 на 29 жніўня Самсонаў аддае загад аб агульным адступленні войскаў 2- й арміі (21).

29 жніўня наступіла агонія. Сакрушальны выт немцаў па тылах прывёў да разгрому расійскіх войскаў. Генерал Самсонаў застрэліўся. Штаб 15-га корпуса абстраляны з кулямётаў, і камандзір корпуса генерал Мартас узяты ў палон. Камандзір 13-га корпуса Клюеў здаўся ў палон разам з вялікім аддзелам сваіх войскаў. Два дні з месца разгрому не было ніякай інфармацыі.

30 жніўня Кандратовіч дасылае тэлеграму ў штаб акругі, у якой дае інфармацыю аб стане войскаў і знікненні камандуючага арміяй. У той жа дзень штаб фронту загадвае: " ген. Кандратовічу сабраць усе ... сілы каля Харжэле, адтуль дзейнічаць па абставінах ..." (28). Некалькі дзён генерал з малымі сіламі прыкрываў шлях на Варшаву.

Усходне-Пруская аперацыя 1914 г., якая пачыналася з перамог расійскага войска, праз некалькі тыдняў скончылася поўным разгромам і ўцёкамі дзвюх расійскіх армій. Перамогу над 2-й арміяй Самсонава, у якую ўваходзіў 23-ці корпус Кандратовіча, немцы назвалі бітвай пад Таненбергам (Грунвальдам) і лічылі гістарычным рэваншам за паразу 1410 г. Пасля разгрому 2-й арміі толькі палоннымі было ўзята 92 000 чалавек, немцам спатрэбілася 60 цягнікоў, каб вывезці трафейную вайсковую маёмасць. Практычна перасталі існаваць 15-ы і 13-ы карпусы, ад іх засталося 50 афіцэраў і 2000 салдат. У 6-м і 1-м карпусах засталося па адной дывізіі, у 23 -м - каля брыгады. Два камандзіры карпусоў былі ўзяты ў палон, усе астатнія адхілены ад сваіх пасад. Айцец Георгі Шавельскі, які на гэты час стаў протапрасвітэрам (галоўным праваслаўным святаром) усяго расійскага войска, піша, што ён спрабаваў заступіцца за Кандратовіча, свайго былога камандзіра, перад Галоўнакамандуючым, але гэта не дапагло (6) ...

Поўную паразу атрымала і 1-я армія Раненкампфа. Сам генерал Раненкампф, кінуўшы армію, збег на аўтамабілі.

З верасня 1914 г. па 1917 г. дакладнай інфармацыі пра генерала Кандратовіча К. А. у расійскім войску няма. Верагодна, што прозвішча "генерал Кандратовіч", якое час ад часу з'яўляецца ў дакументах, як, напрыклад, у Нарачанскай аперацыі расейскіх войскаў 1916 г., адносіцца да генерал-маёра Лукі Лукіча Кандратовіча, украінца, які дарэчы таксама перайшоў на бок украінскага нацыянальнага руху. Найверагодней, што Кярсноўскі (14) памылкова лічыў што ўжо ўвосень Кандратовіч К. А. быў начальнікам штаба 2-й арміі.

Але дакладна вядома, што ў 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч камандаваў 75-й пяхотнай дывізіяй (29).

Беларускае войска

У 1917 г. генерал ад інфантэрыіі Кіпрыян Кандратовіч далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. На з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР).

Пасля стварэння Рады пачалася канкрэтная праца па арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганізацыі беларускага войска ўзначаліў генерал К. Кандратовіч, ветэран балканскай, японскай і 1-й Сусветнай войнаў, аўтар тэарэтычных працаў у вайсковай галіне, які ўваходзіў у той час у Беларускі выканкам Заходняга фронту. Ягонымі памочнікамі былі генерал-маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Працу панепасрэдным фармаванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце, па перамовах са Стаўкай расійскага войска ўзяў на сябе К. Кандратовіч.

У канцы кастрычніка 1917 г. дэлегацыя воінаў - беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшыні выканкаму ЦБВР С. Рак-Міхайлоўскага, К. Кандратовіча, М. Ярушэвіча і І. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Гэта быў час, калі нацыянальныя рухі Расійскай імперыіі карысталіся з дэмакратыі, здабытай пасля перамогі лютаўскай рэвалюцыі. Генерал М. Духонін (30) першапачаткова нічога канкрэтнага не адказаў, але праз некалькі дзён прыслаў тэлеграму, якая дазваляла фармаванне беларускіх адзелаў праз папаўненне беларусамі выбраных адзінак расейскага войска. К. Кандратовіч распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а ў наступным і беларускага корпуса на Заходнім фронце. У час, калі генерал К. Кандратовіч чакаў на выканаўчыя распараджэнні Стаўкі, М. Духоніна паглынаў нарастаючы канфлікт з бальшавіцкімі ўладамі. 9 лістапада генерал М. Духонін быў зняты з пасады Галоўнакамандуючага. На яго месца бальшавікі прызначылі паручніка Мікалая Крыленку. М. Духонін не падпарадкаваўся гэтаму загаду і застаўся ў Стаўцы. Бальшавікам удалося на той момант зняць з пасады Галоўнакамандуючага Заходнім фронтам генерала П. Балуева.

Генерал К. Кандратовіч, выконваючы прысягу, чакаў распараджэнняў ад вышэйшага кіраўніцтва. Пазіцыя старога ваякі складалася ў тым, што патрэбна палітычнае рашэнне, пасля якога прафесійныя вайскоўцы выканаюць свой абавязак. Але Часовага ўраду, ад імя якога Духонін дазволіў стварэння беларускага войска ўжо не было, а да прыняцця палітычнай дэкларацыі аб суверынітэце Беларусі заставалася яшчэ 3 месяцы, па мерках рэвалюцыйнага часу - цэлая эпоха. Не з'яўляючыся палітыкам, як напрыклад Пілсудскі, фармаваць войска, якое будзе служыць невядома каму, генерал не мог. І таму ягоны намеснік, палкоўнік Камароўскі, стрымліваў маладых калег ад "неабдуманых крокаў". Такім чынам па-за межамі Менска, арганізацыйную працу па стварэнні беларускіх вайсковых фармавання генерал аддаў на волю лёсу. Між тым, дзякуючы ініцыятыве франтавых рад, якія рэалізоўвалі пастановы сваіх з'ездаў, праца па фармаванні беларускіх аддзелаў павольна прасоўвалася наперад.

Утвораныя на розных франтах беларускія арганізацыі і вайсковыя фармацыі спрабавалі наладзіць кантакт з генералам Кандратовічам, але, нажаль, безвынікова. Загады па тэлеграфу і інструкцыі сыходзілі толькі ад малодшых афіцэраў ЦБВР і кіраўніцтва яе палітычнага аддзелу. Не маючы над сабой палітычнага кіраўніцтва, Кандратовіч чакаў. Дайшло да таго што ён парваў прапанаваны яму да падпісання дакумент. Малодшыя афіцэры давялі Прэзыдыюму ЦБВР, што пакінуць вайсковы аддзел, калі генерал застанецца яго кіраўніком. Выканаўчы камітэт ЦБВР адхіліў генерала К. Кандратовіча ад кіраўніцтва аддзелам і передаў паўнамоцтвы паручніку К. Езавітаву, які быў да гэтага часу адным з намеснікаў.

Тым часам Галоўнакамандуючы М. Крыленка выдаў загад на стрыманне "нацыяналізацыі" войскаў і забараніў скліканне народных з'ездаў у прыфрантавых зонах. Суровыя загады, скіраваныя супраць украінцаў і палякаў, камандуючы Заходнім фронтам А. Мяснікоў выкарыстаў супраць беларусаў і загадаў 8 снежня далучыць салдат 1-га Беларускага палка ў Менску да размешчанага ў гэтым горадзе 289 запасного палка пяхоты. Гэта была ліквідацыя беларускага палка.

Пасля 25 сакавіка 1918 г. стварэнне Беларускага войска было працягнута.

На пачатку красавіка немцы забаранілі дзейнасць Народнага Сакратарыяту БНР. Шукаючы выйсця са склаўшагася становішча, Рада БНР прыняла ў свой склад кіраўнікоў беларускіх правых з, утворанага ў лютым 1918 г., Менскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. Вядучымі палітыкамі правых былі Раман Скірмунт, П. Алексіюк, ген. К. Кандратовіч, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ген. А. Багдановіч, пратаярэй А. Кульчыцкі, А. Уласаў, В. Чавусаў. Дзякуючы сваёй кампетэнтнасці, дзеячы Менскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва мелі большую павагу ў немцаў, чым сацыялісты ў складзе Рады БНР.

25 красавіка Рада БНР, па ініцыятыве Р. Скірмунта, паслала тэлеграму з падзякай нямецкаму кайзеру Вільгельму II і прасіла аб дзяржаўнай незалежнасці ў звязе з немцамі. Тэлеграму падпісалі: кіраўнік Рады БНР І. Серада, кіраўнік Народнага Сакратарыяту Я. Варонка, Р. Скірмунт і іншыя. Кандратовіча сярод іх не было.

Тэлеграма нямецкаму кайзеру Вільгельму II выклікала востры крызіс у беларускім руху. Распаўся Народны Сакратарыят, з якога ў знак пратэсту выйшлі некалькі міністраў. На пачатку траўня на яго месцы была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта. Міністрам вайсковых спраў у гэтай радзе быў прызначаны ген. К. Кандратовіч, замежных спраў - А. Алексіюк, сельскай гаспадаркі - Р. Астроўскі.

Галоўныя праблемы якія прыходзілася вырашаць міністру абароны - гэта грошы і кадры, бо прафесійнае і баяздольнае войска на энтузіязме не ствараецца. І таму толькі 9 лістапада беларускі ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фармаванні войска. 11 лістапада ген. К. Кандратовічу, палкоўніку К. Езавітаву даручана стварэнне штаба 1-га Беларускага палка. К. Кандратовіч, як сябар Рады БНР, прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага войска і паведаміў, што віленскія банкіры і грамадзяне ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле ген. К. Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі.

Напрыканцы нямецкай акупацыі Беларусі кіраўніцтва OBER-OSTU (у Коўне) выказала згоду на фармаванне агульнай для ўсіх нацыянальнасцяў міліцыі пад кіраўніцтвам ген. К. Кандратовіча, з чым аднак не былі згодныя палякі, якія ўтваралі Аддзелы Самаабароны Зямлі Менскай, Лідскай і інш. Таму, у часе сустрэчы ген. К. Кандратовіча з польскім камандуючым ген. Уладыславам Вейкам, было вырашана, што кожная народнасць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаноміі і толькі ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кіраўніцтву. У хуткім часе ў Менску адбылася супольная нарада, на якой ген. К. Кандратовіч прапанаваў месца начальніка штабу паляку, палкоўніку Фабіяну Кабардо. Аднак да ўтварэння агульнага фронту супраць бальшавікоў не дайшло, і абодва бакі стваралі асобныя вайсковыя сілы.

У сувязі з магчымай акупацыяй Менска на пачатку снежня 1918 г. частка беларускіх дзеячоў з А. Луцкевічам на чале падалася ўслед за адыходзячымі нямецкімі войскамі ў Вільню. Разам з А. Луцкевічам былі генерал К. Кандратовіч і палкоўнік К. Езавітаў з групай афіцэраў добраахвотнікаў.

10 снежня бальшавікі занялі Менск і рушылі далей на захад.

Звяртае ўвагу невялікая лічба прафесійных афіцэраў у беларускім вайсковым руху, гэта было вынікам апалітычнасці кадравых афіцэраў і стомленасці. І, нават, тыя нямногія вышэйшыя афіцэры, якія, як К. Кандратовіч, добраахвотна вызначыліся на беларускім баку, часта сустракалі абвінавачванні ў кан'юнктурызме і клопаце выключна пра асабістую выгаду. Так, напрыклад, левыя папракалі Кандратовіча ў наяўнасці маёнтка Гародна Лідскага павету (31).

Пры канцы 1918 г. у Гародні Кандратовіч сфармаваў штаб - Беларускую камендатуру і 1-шы беларускі полк. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавіка 1919 года полк месціўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з пяці ротаў і аднаго эскадрона (32).

На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У траўні гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум ураду БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, ён працаваў у яе складзе.

Немцы яшчэ раней, ў Вільні паведамілі ген. К. Кандратовічу, што не могуць дапусціць стварэнне літоўска-беларускага войска, аднак пасля паразы ў 1-й Сусветнай вайне іхні рэальны ўплыў на сітуацыю скончыўся. На пачатку студзеня 1919 г. ген. К. Кандратовіч і Я. Варонка атрымалі паведамленне аб тым, што Антанта прыняла пастанову аб дапамозе літоўцам і беларусам грашыма і зброяй ў арганізацыі войска для барацьбы з бальшавікамі.

Генерал К. Кандратовіч, згодна з дамовай паміж урадамі БНР і Летувы ад 11 лістапада 1920 г. камандаваў беларускім войскам, адступіўшым з Беларусі ў Летуву (33). Лістападаўскія пагадненні мелі на ўвазе таксама ўтварэнне беларускіх вайсковых адзінак, падначаленых літоўскаму галоўнаму кіраўніцтву. Войска літоўскае у тым часе знаходзілася ў зародкавым стане. Першы полк гэтага войска налічваў каля 30 афіцэраў і каля 200 салдат, а другі толькі некалькі афіцэраў і некалькі салдат. Такім чынам утварэнне беларускіх адзінак магло быць для літоўскага войска важным узмацненнем. Літоўскаму войску бракавала кадравых афіцэраў. З гэтай прычыны ген. Кіпрыян Кандратовіч на кароткі тэрмін быў прызначаны віца-міністрам народнай абароны ва Урадзе Літвы, але фактычным кіраўніком вайсковага міністэрства быў прем'ер А.Вальдэмарас (34).

Будучы на гэтай пасадзе, арганізоўваў літоўскае войска на Ковеншчыне. Маёр беларускага войска А. Ружанцаў пісаў у сваіх мемуарах: " ... віца - міністрам быў вельмі непапулярны сярод літоўцаў генерал расейскай службы К.А. Кандратовіч ... у хуткім часе генерал Кандратовіч падаўся ў дымісію (адстаўку)" (35).

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год узросту.

Цікава, што БЭ піша, быццам Кандратовіч К.А. застаўся жыць у Парыжы, і яго далейшы лёс невядомы (3). Такую ж інфармацыю дае і літоўская гістарычная энцыклапедыя, выдадзеная ў Бостане (2). Але ж апошнія гады свайго жыцця беларускі генерал правёў на радзіме.

Гародна

Перад 1-й Сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лес, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай (36).

Маёнтак Гародна мае вялікую і слынную гісторыю.

Гародна, ў першай палове XVIII ст. было спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму ўнуку Людвіку Скумін-Тышкевічу (памёр у 1809 г.), жанатаму на княгіні Канстанцыі Панятоўскай (1759-1830). Кароль Станіслаў Аўгуст у Літве вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну з сваіх плямянніц, дачку кн. Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тарэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя. Людвік Тышкевіч, паслядоўна займаючы пасады віленскага цівуна, пісара вялікага літоўскага, гетмана польнага літоўскага, падскарбія вялікага літоўскага, а пасля падзелу краіны: губернскага маршалка "действительного статского советника" паступова пашыраў свае ўладанні вакол Гародна, набыўшы Перавозы і Забалаць з фальваркамі. Таксама былі пажалаваны яму каралём староства Эйшыскае, Васілішскае, Каняўскае, Радуньскае і інш. Цэнтрам сваёй рэзідэнцыі ён выбраў Гародна. Ягоная зямельная маёмасць, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар - ён трымаў свае маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні.

Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ўвесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дуніным-Вансоўскім. Тастамантам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу М. Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога ўсё перайшло ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. Напрыканцы ХІХ ст. А. Патоцкі прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева, ад яго - да генерала Кандратовіча. У той час маёнтак складаўся з 23200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку з Гароднам.

Людвік Тышкевіч, жанаты на княжне Канстанцыі Панятоўскай, дачцы князя Казіміра, подкаморага вялікага кароннага, роднага брата караля Станіслава Аўгуста, у 1775 г. чакаў прыезду караля, і, як кажа мясцовае паданне, на працягу аднаго году пабудаваў, хоць драўляны, але вельмі прыгожы двор у класічным стылі. Сядзіба пабудавана архітэктарам Ф. Эйсенам. Дом звонку не вылучаўся нічым асаблівым, але ў сярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзібы, Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў - дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станіслаў Панятоўскі ў Гародна так і не прыехаў, аднак двор быў закончаны і, не глядзячы на гульню лёсу, дастаяў да Другой Сусветнай вайны.

Патоцкія ў Гародна бывалі эпізадычна і таму з-за недахопу гаспадарчага нагляду і надта паспешнай будоўлі, паступова сцены пачалі нахіляцца, што запатрабавала рамонту. Ад зруйнавання сядзібу выратаваў М. Патоцкі, які аддаў загад адрамантаваць дом і ашаляваць сцены дошкамі. Гэта не ўпрыгожыла дом але забяспечыла яму доўгае жыццё. Таксама ў сярэдзіне былі праведзены работы па кансервацыі інтэр'еру.

Сядзібны ансамбль у Гародна стваралі тры будынкі: жылы палац, дом прыслугі, што стаяў насупраць, а з правага боку - мураваная капліца.

Цэнтр кампазіцыі - драўляны на высокім мураваным цокалі 1-павярховы прамавугольны сядзібны дом у стылі класіцызму (1780 г., архітэктар Ш. Цуг). Прасторны аднапавярховы сязібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся рызаліты з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязджалі карэты. Трохвугольныя франтоны порцікаў запаў-нялі пластычныя картушы. У сярэдзіне дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальнай залай у цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр'еру дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, тукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў, жырандоляў у стылі Людовіка XVI з крышталю з пазалочанамі бронзавымі аправамі. Захаваліся фотаздымкі 1939 г., па якіх можна ўявіць сабе выгляд дома на працягу

19-20 ст. Самы вялікі пакой займала бібліятэка. Яна адначасова служыла памяшканням для гульні ў карты і змяшчала 4 кніжныя шафы і бронзавы, з мармуровымі упрыгожваннямі стол для гульні ў карты, 14 карцін, 4 гіпсавыя бюсты (36). Летам 1944 г. пасля бою аддзела АК з немцамі, акаўцы запалілі палац, бо баяліся, што ў ім будзе размешчана залога надыходзячай Чырвонай Арміі.

Вось у гэтым прыгожым маёнтку і прайшлі апошнія гады жыцця беларускага генерала К. Кандратовіча.

Пра гэтыя гады распавёў былы памочнік садоўніка маёнтка Струкель Уладіслаў Янавіч (1916 г. нар. у 1939 г. жаўнер, абаронца Варшавы) (37).

Сям'я Кандратовічаў вызначалася інтэлігентнасцю і добразычлівасцю да людзей. Сам генерал карыстаўся расійскай, беларускай, польскай мовамі ў побыце, у залежнасці ад абставін. Можна меркаваць, што адносіны з навакольнымі абшарнікамі не склаліся, і блізкае сяброўства ўсталявалася толькі з уладальнікам сядзібы Малое Мажэйкава інжынерам А. Брахоцкім. Госці прыязджалі з Варшавы і Парыжа, дзе жылі сваякі жонкі Ады. У маёнтку быў аўтамабіль, які бачны на адным з фотаздымкаў. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю, выйшла замуж за мастака з Англіі, іспанца па паходжанні, Трыстама Рэйні (TRISTAM REINEY), з другой паловы 30-х і да смерці ў 1988 г. жыла ў Англіі.

У жніво, жонка Ада сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да сялян і келіхам гарэлкі. Сам Струкель, тады яшчэ малады хлопец, атрымліваў заробак у памеры 90 пудоў жыта ў год плюс корм для жывёлы і бульбу, колькі трэба. Асабліва жонка генерала сачыла за прыгажосцю і парадкам у парку, сваім доме і ў дамах, дзе жыла прыслуга. Людзі, якія працавалі ў Кандратовічаў, атрымоўвалі безпрацэнтныя крэдыты на развіццё гаспадаркі, і, калі гаспадары бачылі, што грошы ўкладзены з розумам, крэдыт спісваўся.

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г. і быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены у 1905 г. Пахаванне адбылося на Лідскіх праваслаўных могілках.

17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з'ехаць праз Летуву да дачкі ў Англію. У жніўні 1998 г. яе ўнук прыязджаў на Беларусь і перазахаваў труну генерала на новых могілках у г. п. Воранава. А урну з часткай праху сваёй маці, якая пражыла лепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парку, каля былой альтанкі, на крыжы было напісана "Вера Киприяновна Рейни (Кондратович) 1912-1988". У траўні 2000 г. труна з парэшткамі генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве.

Зараз унукі і праўнукі генерала жывуць у Англіі і ЗША.

А ў Беларусі да магілы генерала Кіпрыяна Кандратовіча прыходзяць тыя, каму дарагія ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, за якія ён змагаўся.

Літаратура

Czeslaw Malewski. Rody szlacheckiena Litwie W XIX WIEKU. POWIAT LIDZKI . WILNO, 2005. S.148.
Lietuviu enciklopedija, Boston, T.12. S.318-319.
БЭ, Т.7. С.578.
"Наша слова", № 9 (596), № 10 (597), № 11 (598), 2003 г.
А.А. Керсновский. История Русской армии. -- М.: 2000, Т. III, С.181.
Гергий Шавельский. Воспоминания Последнего Протопресвитера русской армии и флота. Том I. Издательство им. Чехова, Нью-Йорк , 1954. - С.155.
Русско-японская война 1904-1905 гг. Спб., 1910, т. ІІ, С.10-12.
Куропаткин А.Н. Русско-японская война, 1904-1905: Итоги войны. -- СПб.: Полигон, 2002. С.-309.
История Русско-Японской войны. Том І-II. Редакторы-издатели: М. Е. Бархатов и В. В. Функе. С.-ПЕТЕРБУРГ, 1907.
А.А. Игнатьев. 50 лет в строю. - Петрозаводск, 1963. - С. 294.
HTTP://GEORGE-ORDEN.NM.RU/ORDGRGJAP.HTM.
[ HTTP://ZERRSPIEGEL.ORIENTPHIL.UNI-HALLE.DE/T447.HTML ] Фонд-1 (канцелярыя Туркестанскага генерал-губернатара), опись-9, дело-256.
К.А. Залесский. Первая мировая война. Биографический энциклопедический словарь. М., 2000. - С.423.
А.А. Керсновский. История Русской армии. -- М.: 2000, Т. iii, С.172-200.
Такман Барбара. Первый блицкриг. - М.:1999, С.20.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 9.
Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 587-593.
История первой мировой войны 1914-1918 гг. М:, 1975. С. 161.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 12.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 172.
Такман Барбара. Первый блицкриг. - М.:1999, С.306-358.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 286.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 293.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 297.
[ HTTP://KOLESO.BY.RU ] Солженицын А.И. Август Четырнадцатого. Глава 36.
Евсеев Н. Ф. Августовское сражение в Восточной Пруссии 1914 г. М., 1936.
Богданович П.Н. Вторжение в Восточную Пруссию в августе 1914 г.; Воспоминания офицера генерального штаба армии генерала Самсонова. Буэнос-Айрес, 1964. С. 199-200.
Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 310.
"Наша слова" № 10(645), 2004 г.
В. Савіцкі. Беларускае войска: ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. №4 - 1994 г., С.60 - 61.
O. Јatyszonek. Biaіoruskie formacje wojskowe 1917-1923. BIALYSTOK, 1995.
Спадчына. № 5 - 1995 г., С. 26.
Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. - Мн., 1993. - С.32.
Язэп Найдзюк. Іван Касяк. Беларусь учора і сяння. - Мн., 1993. - С.230.
А. Ружанцаў. Беларускія войскі ў Літве ( 1918 - 1920) // Спадчына. №4 - 1993 г., С.23.
Roman Aftanaz. Dzieje rezydencji. Tom 4. WROCLAW, 1993. - S.122 - 139.
Спадчына. № 1, 2002, С. 161-166.

Аўтар: Л. Лаўрэш

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291823240 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Генерал Кіпрыян Кандратовіч (1859-1932)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network