публикация №1291818339, версия для печати

Кароткая біяграфія вялікага чалавега (Тадэвуш Касцюшка, 1746-1817)


Дата публикации: 08 декабря 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1291818339)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ
Источник: (c) http://library.by




Жыццю і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі прысвечана надзвычай многа даследаванняў. Асабліва шмат кніг і артыкулаў выходзіла на польскай, французскай, англійскай, а апошнім часам і на беларускай мовах - менавіта ў тых краінах, дзе слынны военачальнік лічыцца ганаровым грамадзянінам і нацыянальным героем.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя перыядычна публікуюцца шматлікія зборнікі дакументальных матэрыялаў, прысвечаных асобе Т. Касцюшкі, ягонаму ўдзелу ў вайне за незалежнасць ЗША і паўстанню 1794 года.

Усё гэта дазваляе падрабязна прасачыць жыццяпіс вялікай асобы, што выклікала павагу ўжо ў асяродку сучаснікаў і не страціла сваёй гістарычнай прыцягальнасці для сённяшніх даследчыкаў.

Пачатковае выхаванне Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі атрымаў дома. У 1755 - 1760 гадах вучыўся ў Любяшоўскім піярскім калегіуме на Валыні, дзе меў поспехі ў матэматыцы, гісторыі, замежных мовах. Пра перыяд ягонага жыцця паміж 1760 і 1765 гадамі, якія юнак правёў у Сяхновіцкім спадчынным маёнтку, захаваліся толькі цьмяныя звесткі. Магчыма, малады Т. Касцюшка быў дарадцам і памочнікам маці, адначасова працягваў хатнюю адукацыю (паколькі з-за раптоўнай смерці бацькі не здолеў завершыць поўны курс навучання ў калегіуме).

З дапамогаю смаленскага ваяводы і далёкага сваяка Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Юзафа Сасноўскага напрыканцы 1765 года Тадэвуш быў залічаны ў Варшаўскі кадэцкі корпус - Рыцарскую школу, утвораную каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам. Без пратэкцыі з боку ўплывовых у дзяржаве асоб небагаты шляхціц не меў ніякай магчымасці патрапіць у гэтую элітарную навучальную ўстанову. Таму ягоныя біёграфы нярэдка прыгадваюць акрамя Ю. Сасноўскага імя князя Адама Казіміра Чартарыйскага, шэфа корпуса. Вядома, што князь меў крэўныя сувязі з Ежы Флемінгам, якому Тэкля Касцюшкава саступіла свае правы на Мерачоўшчыну. Акрамя таго, Чартарыйскія былі суседзямі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. (Згадаем, што ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ў склад княжацкай латыфундыі Рэчыцкі Ключ з маёнткамі Каранёва, Рэчыца, Шпіталі ўваходзілі Вялікія Сяхновічы). Таму згнаёмства Т. Касцюшкі з А.К. Чартарыйскім магло распачацца яшчэ да прыезду юнака ў Варшаву, калі князь наведваўся ў свае берасцейскія маёнткі.

Па пратэкцыі князя Т. Касцюшка ў чыне харунжага ў канцы 1769 года быў накіраваны для працягу адукацыі ў Францыю, дзе ўдасканальваў свае веды па інжынерыі, фартыфікацыі, матэматыцы і маляванню. У замежнай вандроўцы малады афіцэр карыстаўся галоўным чынам тымі невялікімі грошамі, што дасылаў брат Юзаф з Сяхновічаў.

У канцы 1774 года (галоўным чынам з-за недахопу сродкаў) у званні артылерыйскага капітана Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму. Аднак не атрымаў месца ў войску, моцна скарочаным пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Восенню 1774 года Т. Касцюшка наведаў Варшаву і гасцяваў у доме дзядзькі Яна Непамуцэна Касцюшкі-Сяхновіцкага ў Славінску пад Люблінам, а затым вярнуўся ў Сяхновічы.

За перыяд нядбалага ўладарання брата Юзафа Касцюшкі-Сяхновіцкага, абознага берасцейскага, гаспадарка значна збяднела і ўжо не прыносіла трывалага прыбытку (акрамя таго касцюшкаўскія фальваркі пацярпелі падчас Барскай канфедэрацыі, у дзейнасці якой прымаў удзел Юзаф). Пачаліся доўгія судовыя спрэчкі між братамі. У сваім лісце абозны берасцейскі даводзіў, што Тадэвуш вінен яму 39 тысяч злотых. І пакуль быў жывы Юзаф (памёр увесну 1789 года), адносіны паміж братамі былі сапсаваныя бясконцымі спрэчкамі наконт сямейнага гнязда.

Неўзабаве Т. Касцюшка згадзіўся на прапанову Ю. Сасноўскага зрабіцца хатнім настаўнікам ягоных дачок. Шматлікія біёграфы Т. Кас-цюшкі распавядаюць пра няўдалае рамантычнае каханне Тадэвуша з Людвікай Сасноўскай. З-за рашучага супраціву бацькі дзяўчыны, шлюб з незаможным шляхціцам не адбыўся, і яна хутка была заручаная з раманоўскім старостам князем Юзафам Любамірскім.

9 і 10 кастрычніка 1775 года Т. Касцюшка, якому было катэгарычна адмоўлена знаходзіцца ў доме Сасноўскіх, распарадзіўся сваімі маёмаснымі справамі: перадаў правы на сваю частку Сяхновічаў швагеру Пятру Эстку. Той са свайго боку абавязваўся сплаціць усе даўгі крэдыторам Тадэвуша і дамагчыся ад Юзафа Сяхновічаў-Давыдаўшчызны. Позняй восенню, пазычыўшы ў сваякоў і знаёмых значную суму грошай (сучаснікі гавораць пра 500 ці нават тысячу дукатаў), Т. Касцюшка зноў накіраваўся ў Францыю.

Улетку 1776 года ён у складзе групы валанцёраў накіраваўся ў Паўночную Амерыку, каб падтрымаць барацьбу амерыканскіх каланістаў супраць Вялікабрытаніі. Здольнасці і заслугі Т. Касцюшкі перад ЗША былі неаднаразова адзначаны ў лістах ягоных сяброў па зброі, удзельнікаў бітваў за вызваленне Амерыкі - Н. Грына, Г. Гейтса, Дж. Армстронга. Тадэвуш Касцюшка вызначыўся як таленавіты інжынер і вайсковец, што было заўважана ды высока ацэнена будучым першым прэзідэнтам Злучаных Штатаў генералам Дж. Вашынгтонам.

Паміж 1777 і 1782 гадамі берасцейскі шляхціц актыўна ўдзельнічаў у бітвах пад Цікандэрогаю, Саратогаю, Гілфардам, Хобкірс Хілам, Найнці-Сіксам, Чарлстанам, кіраваў умацаваннем берагоў Гудзона і будаўніцтвам фартэцыі Уэст-Пойнт. Па плану, распрацаванаму палкоўнікам Т. Касцюшкам (званне атрымаў ад Кангрэса ЗША 18 кастрычніка 1776 года), была ўзмоцнена абарона горада Філадэльфіі, тагачаснай сталіцы Злучаных Штатаў Амерыкі.

13 кастрычніка 1783 года амерыканскі ўрад надаў Т. Касцюшку чарговае званне брыгаднага генерала. Ён быў у ліку тых трох чужынцаў, каго прынялі ў ганаровае "Таварыства Цынцынанта", што складалася з самых вядомых удзельнікаў вайны за незалежнасць. З рук Дж. Вашынгтона Т. Касцюшка атрымаў ордэн Цынцынанта, упрыгожаны дэвізам: "Усё аддаў дзеля выратавання Рэспублікі".

У сярэдзіне ліпеня 1784 года генерал пакінуў Амерыку, але на Радзіме ён зноў не атрымаў вайсковай пасады. Ад гэтага часу распачынаецца пяцігадовы перыяд жыцця Т. Касцюшкі, які гісторыкі назвалі "сялянкай" (ці "ідыліяй"), калі баявы генерал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара ў сваіх родавых Сяхновічах.

Відавочна, што вяртанне Т. Касцюшкі да нетаропкага старасвецкага асяродку і паўсядзёнай працы па гаспадарцы выглядае на першы погляд недарэчна і бессэнсоўна. Але гады, што былі праведзеныя амерыканскім генералам у вёсцы, наклалі не меншы адбітак на ягоны характар, чым падарожжы па еўрапейскіх краінах і за акіян. Толькі зрэдку выязджаючы з Сяхновічаў, куды амаль не даляталі грымоты войнаў і рэвалюцый, Тадэвуш марыў завесці сям'ю, каб даўні род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не прыпыніўся. Т. Корзан лічыў, што гэты перыяд жыцця Т. Касцюшкі "належаў не сусветнай гісторыі, але справе сэрца".

Сяхновіцкі маёнтак тае пары складаўся з трох двароў (фальваркаў): Малых Сяхновічаў, Сяхновічаў-Давыдаўшчыны і Жулкаўшчыны (Жулкаўшчызны), якія знаходзіліся непадалёку адно да аднаго.

Пра Малыя Сяхновічы можа даць уяўленне інвентар, які захаваўся з 60-х гадоў ХVІІІ стагоддзя:

"Двор месціўся паблізу капліцы з дамавінамі Касцюшкаў, ад якой вяла да сядзібнай брамы алея з дрэваў. Для пешых былі прадугледжаныя веснічкі з паветкаю. Двор быў акружаны новымі штахетамі, сад і агарод - жардзінамі... Па правым баку знаходзіўся жылы дом з ганкам, а ад сяней - сталовы пакой з чатырма вокнамі, з камінам і зялёнай кафляной печчу. Пры ім - яшчэ пакой з трыма вокнамі. Дзверы з сенцаў вялі ў сад і на кухню, якая знаходзілася ў самым цэнтры хаты, за ўваходнымі сенцамі. Па левым баку месціўся вялікі пакой з чатырма вокнамі, камінам і невялічкай "крыжовай" печкаю з зялёнай кафлі... У прыбудове знаходзіліся камора і піўніца. Далей у двары - пякарня, шпіхлер пад дахам з дранцу і свіран з сырнікам, яшчэ далей месціліся два шпіхлеры, вазоўня, гумно, стадоля... Пры сажалцы знаходзіліся бровар, саладоўня, лазня, абора і хлявы з варотамі".

Малымі Сяхновічамі кіраваў Юзаф Касцюшка-Сяхновіцкі. Побач - у Давыдаўшчыне - пасля вяртання з Амерыкі пасяліўся Тадэвуш. Фальварак у часы ягоных вандраванняў утрымліваўся Эсткамі і быў адразу вернуты генералу.

З сястрою Ганнаю і яе мужам Пятром Эсткам Т. Касцюшку лучылі самыя добразычлівыя адносіны. Генерал нярэдка гасціў у іх, звяртаўся па дапамогу, дасылаў надзвычай цёплыя лісты, выдадзеныя ў ХІХ стагоддзі Люцыянам Сяменьскім.

З допісаў генерала выразна бачна, як высока ён цаніў любоў сястры і павагу швагера, шчыра клапаціўся пра здароўе Ганны, пры набліжэнні хваробы раіў ёй неадкладна звярнуцца да вядомага брэсцкага лекара Мілера, які некалі дапамагаў яшчэ іх маці. Увесну 1787 года Тадэвуш даслаў сястры глыбокія спачуванні з нагоды раптоўнай смерці мужа, якога не стала падчас падарожжа ў Вінніцу (Украіна). Ад звычайнага жартаўлівага тону ранейшых лістоў тут няма і следу. Смерць дарагога яму Пятра Эсткі Т. Касцюшка прыняў вельмі блізка і чуйна падпусціў да свайго сэрца, ад чаго і мова ягонага паслання надзвычай стрыманая й засмучаная.

З сям'ёю другой сястры - Кацярыны Жулкоўскай - былі больш складаныя адносіны. Калі Тадэвуш ад'язджаў у Паўночную Амерыку, ён пазычыў у Жулкоўскіх 200 дукатаў. Гэты доўг быў вернуты толькі ў 1782 годзе. Аднак вядома, што ў снежні 1791 года генерал Т. Касцюшка яшчэ заставаўся вінен значную суму грошай сваім пляменнікам, дзецям Караля і Кацярыны Жулкоўскіх.

Сучаснік Т. Касцюшкі Ежы Сарока лічыў, што генерал быў выдатным гаспадаром, нават у сваіх адносінах да зямлі і сялян шмат у чым мог быць прыкладам для навакольнай шляхты.

Аднак успамінам Е. Сарокі даследчыкі не даюць вялікай веры. Так, Т. Корзан, прааналізаваўшы інвентары тае пары. выказаў думку, што пасля смерці Юзафа Касцюшкі стан эканомікі Сяхновіцкага маёнтка яшчэ больш пагоршыўся. Але гэта здарылася, лічыў гісторык, з-за тых непадрыхтаваных рэформаў, якія спрабаваў правесці Тадэвуш Касцюшка (напрыклад, скарачэнне паншчыны, змяншэнне падаткаў, забарона прымусовых згонаў сялян на сельскагаспадарчыя работы, вызваленне жанчын ад працы на панскай гаспадарцы і інш.).

Б. Шындлера гэтыя аргументы не пераканалі. Ён слушна заўважыў, што ў большасці маёнткаў, уладары якіх у канцы ХVІІІ і ў пачатку ХІХ стагоддзяў палепшылі стан сваіх прыгонных, эканамічнае становішча ўмацоўвалася. Б. Шындлер бачыў галоўную прычыну пагаршэння сяхновіцкай гаспадаркі ў няздольнасці яе гаспадароў, у тым ліку і Тадэвуша Касцюшкі, паслядоўна адмовіцца ад састарэлых формаў гаспадарання. Адносна самога генерала даследчык адзначаў, што той быў прыдатны да вайсковай справы, але зусім не да плуга.

У часы "сялянкі" Т. Касцюшка падтрымліваў блізкія стасункі з іншымі суседнімі памешчыкамі. Асабліва з сям'ёю літоўскага войскага, дэпутата, адваката і мемуарыста Міхала Залескага (1744 - 1816), які трымаў у заставе ад Чартарыйскіх Вялікія Сяхновічы.

У бяседах, што ўзнікалі паміж суседзямі, нярэдка закраналіся пытанні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ўпарадкавання Рэчы Праспалітай. Захавалася багатая перапіска Т. Касцюшкі з М. Залескім, якая сведчыла пра блізкія адносіны, якія падтрымліваў генерал з вялікасяхновіцкім гаспадаром нават пасля свайго канчаткова ад'езду з краю.

Найвялікшую пашану амерыканскі генерал выказваў жонцы адваката Бенядзікце з Матушэвічаў Залескай, якую лічыў сапраўдным узорам жаночай дабрачыннасці. У адным са сваіх лістоў Тадэвуш Касцюшка пісаў, не хаваючы свайго захаплення: "О! Калі б толькі я меў такую жонку! Яна прыклад для тысячаў... і ў Варшаве такую не знойдзеш".

Аднак мара Тадэвуша Касцюшкі знайсці сабе жонку ніколі не здзейснілася. Замест гэтага напачатку 1790 года ў Сяхновічы дайшла вестка, што Т. Касцюшка ў чыне генерал-маёра залічаны ў армію Рэчы Паспалітай.

Ён выдатна праявіў сябе ў расійска-польскай вайне 1792 года, вызначыўся ў баях пад Зелянцамі, Уладзімірам-Валынскім, Дубенкаю. За гэтую кампанію быў узнагароджаны ордэнам "Віртуці Мілітары" і атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Аднак нязгодны з каралеўскай палітыкай, якая немінуча вяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай, у жніўні 1792 года ў ліку многіх генералаў і афіцэраў Т. Касцюшка склаў рапарт на імя Станіслава Аўгуста, звольніўся з войска і накіраваўся ў эміграцыю. (Перад ад'ездам у Германію перадаў правы на спадчыннае валоданне Ганне Эсткавай).

На працягу 1793 года генерал актыўна займаўся падрыхтоўкай будучага выступлення супраць акупацыі Радзімы. Ён наведаў Парыж, дзе беспаспяхова шукаў падтрымку з боку французскага рэвалюцыйнага ўрада, ездзіў у Італію, сустракаўся са сваімі прыхільнікамі, пасля некаторых ваганняў даў згоду ўзначаліць вызвольнае паўстанне.

Вясной - восенню 1794 года Тадэвуш Касцюшка з'яўляўся неабмежаваным кіраўніком (Найвышэйшым Начальнікам) узброеных сіл Рэчы Паспалітай, якія вялі барацьбу супраць інтэрвенцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Пасля разгрому паўстанцкіх войск генерал Т. Касцюшка, паланёны 10 кастрычніка 1794 года ў Мацяёвіцкай бітве пад Варшавай, па загадзе імператрыцы Кацярыны ІІ тайна быў перавезены ў Санкт-Пецярбург і да канца лістапада 1796 года знаходзіўся ў вязніцы.

Генерал быў вызвалены з Мармуровага палаца, дзе знаходзіўся ў апошнія месяцы свайго заключэння, амаль адразу пасля смерці Кацярыны новым імператарам Паўлам І і неўзабаве праз Фінляндыю, Швецыю і Вялікабрытанію перабраўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі, якія лічыў сваёй другой радзімай.

Аднак знаходзіўся ў ЗША Т. Касцюшка толькі некалькі месяцаў (1797 - 1798 гады), пасля чаго зноў вярнуўся на сталае жыццё ў Еўропу: спачатку ў Францыю, затым - у Швейцарыю.

Ён прытрымліваўся даволі аскетычнага ладу жыцця, падтрымліваў перапіску і ладзіў сустрэчы са шматлікімі знанымі асобамі свайго часу. Напярэдадні вайны 1812 года адмовіўся падтрымаць Напалеона І у барацьбе супраць Расіі, шчыра клапаціўся пра адраджэнне незалежнасці сваёй Радзімы, якая была падзеленай у 1795 годзе паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. З гэтым двойчы звяртаўся непасрэдна да імператара Аляксандра І, які абяцаў аказаць дапамогу ў вырашэнні пытанняў, звязаных з адраджэннем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым накірунку не здзейсніў.

Памёр Т. Касцюшка беспатомным ў швейцарскім горадзе Салюр (Салатурн) а дзесятай гадзіне вечара 15 кастрычніка 1817 года ў доме свайго сябра Франца Ксаверыя Цэлтнера. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) быў пахаваны на мясцовых могілках. А 22-23 чэрвеня 1818 года парэшткі генерала былі ўрачыста перанесены ў Кракаў і перазахаваныя на Вавелі, побач з магіламі іншых выбітных людзей.

Крыніца: Анатоль Бензярук "КАСЦЮШКІ-СЯХНОВІЦКІЯ ГІСТОРЫЯ СТАРАДАЎНЯГА РОДУ"

Опубликовано 08 декабря 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1291818339 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Кароткая біяграфія вялікага чалавега (Тадэвуш Касцюшка, 1746-1817)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network