публикация №1290791159, версия для печати

Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця.


Дата публикации: 26 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290791159)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ


Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця сфарміравалася ў час правядзення рыначных рэформ новым кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, пачынаючы з 1994 г. Яна мае наступныя асаблівасці.. Па-першае, ва ўмовах глабалізацыі, жорсткай канкурэнтнай барацьбы за рынкі збыту і сыравінныя рэсурсы, пабудовы новага постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства важнейшым рэсурсам эканамічнага развіцця становіцца высокаадукаваны, фізічна здаровы і ўсебакова развіты чалавек, здольны працаваць на карысць краіны, генерыраваць новыя ідэі і паспяхова іх ажыццяўляць. Таму ў цэнтры беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця знаходзіцца Чалавек, яго здароўе, адукацыя, зарплата, жыллё, пенсія, бяспека. Усё ў імя чалавека і для дабрабыту чалавека – такі глыбінны сэнс унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Дзяржава для народа клапоціцца і будзе клапаціцца аб росце заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых выплат насельніцтву, аб паляпшэнні жыллёвых умоў працы і адпачынку з тым, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, ганарыўся тым, што жыве і працуе ў краіне, імя якой Рэспубліка Беларусь.
Па-другое, новае кіраўніцтва дзяржавы адмовілася ад ліберальнай мадэлі рынку і ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Выкарыстоўваючы яе, дзяржава праводзіць моцную і эфектыўную эканамічную і сацыяльную палітыку, абараняе інтарэсы ўсіх класаў і слаёў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах зарабляе мала ці зусім нічога не зарабляе (састарэлыя, інваліды, шматдзетныя сем’і, студэнты, навучэнцы і інш.). Гэта выключае сацыяльныя катаклізмы і забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.
Па-трэцяе, улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Правядзенне дзяржаўнай патэрналісцкай палітыкі забяспечвае павышэнне эфектыўнасці эканомікі, абарону інтарэсаў айчынных таваравытворцаў, недапушчэнне «праядання» крэдытаў, узмацнення інфляцыі, развіцця крымінальных і ценявых структур.
Па-чацвёртае, прыпынена раскраданне дзялкамі агульнанароднага багацця і стварэнне буйных прыватных капіталаў, большасць з якіх маюць крымінальнае паходжанне. Прыватызацыя праводзіцца пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа.
Па-пятае, народ і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Сельскагаспадарчае прадпрыемства (кааператыў, аграфірма, агракамбінат і інш.), сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.
Па-шостае, Рэспубліка Беларусь адкрыта для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў народную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў. Але трэба памятаць, што ў эканоміцы дарэвалюцыйнай Расіі, у якую была ўключана і Беларусь, уладарыў замежны капітал. Буйнейшыя прадпрыемствы знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ці ў арэндзе ў замежных капіталістаў. А між тым краіна і яе народ былі надзвычай беднымі. Таму сёння, пры наяўнасці велізарнага вытворча-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, іншаземныя інвестыцыі прыцягваюцца ў тым выпадку, калі яны даюць нам эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.
Галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у 1994—2005 гг. стала тое, што ў краіне створана і дзейнічае аптымальная сацыяльна-эканамічная сістэма, заснаваная на паступовым, эвалюцыйным шляху эканамічных пераўтварэнняў. Краіна захавала багацце, створанае працай усяго народа, не прадала за бясцэнак зямлю, заводы і фабрыкі, не мае даўгавых абавязацельстваў перад замежнымі крэдыторамі, прыпыніла галапіруючую інфляцыю і без дапамогі з-за граніцы скараціла дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. Захаваны і паглыблены сацыяльныя гарантыі для людзей: жыллё, пенсіі, бясплатныя за кошт бюджэту адукацыя і лячэнне.
Галоўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гг. з’яўляецца далейшы рост узроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, стварэння дзяржавы найбольшага спрыяння для людзей. Дзяржаўнымі прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2006-2010 гг. абвешчаны ўсебаковае гарманічнае развіццё чалавека на аснове павышэння рэальных грашовых даходаў, удасканалення сістэм адукацыі, аховы здароўя і іншых галін сферы паслуг; інавацыйны шлях развіцця эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне; павелічэнне экспартнага патэнцыялу краіны на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі; развіццё аграпрамысловага комплексу і сацыяльнае адраджэнне сяла; развіццё малых і сярэдніх гарадоў; жыллёвае будаўніцтва.

Опубликовано 26 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290791159 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network