У канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. Расійская імперыя значна пашырыла сваю тэрыторыю як у выніку ваенных дзеянняў, так і за кошт мірных дамоваў1 . У адрозненне ад каланіяльных дзяржаваў Еўропы, дзе выразна размяжоўваліся правы і абавязкі метраполій і калоній, у расійскай дзяржаве на новых землях былі распаўсюджаныя расійскія законы, і гэтыя землі непасрэдна ўваходзілі ў яе склад. Але працэс далучэння быў даволі складаны. Інкарпарацыя кожнай новадалучанай тэрыторыі расцягвалася не на адно дзесяцігоддзе і закранала ўсе бакі дзейнасці тагачаснага яе грамадства: палітычныя, эканамічныя, культурныя, рэлігійныя і нацыянальныя.
Для правядзення уніфікацыі далучаных земляў з цэнтральнымі рэгіёнамі імперыі царскаму ўраду трэба было сабраць звесткі пра іх эканамічны стан, веравызнанні, народы, звычаі і традыцыі, гісторыю і інш. Апрача таго толькі праз расійскіх чыноўнікаў, настаўнікаў, праваслаў нае духавенства дзяржава магла распаўсюджваць расійскае заканадаў ства, культуру, мову і праваслаўную веру і наогул праводзіць палітыку русіфікацыі. А пры такіх тэмпах павелічэння тэрыторый Расійскай імперыі не хапала адукаваных людзей, перакладчыкаў, праваслаўнага духавенства. Мала было і ахвотнікаў выехаць на працу на новыя землі і жыць там сярод мясцовага насельніцтва, не ведаючы мовы і звычаяў. Тым больш што мясцовыя жыхары ў шэрагу выпадкаў (асабліва калі землі былі далучаны не добраахвотна, а ў выніку войнаў) дрэнна ставіліся да расіян. Таму царскі ўрад вымушаны быў праводзіць свае ўказы ў асноўным праз чыноўнікаў мясцовага паходжання, іншавернае духавенства, якія не вельмі імкнуліся хутка іх выконваць або не выконвалі зусім. Пра гэта сведчыць поўны збор законаў Расійскай імперыі — той самы ўказ урад вымушаны быў паўтараць зноў.
Не проста вырашалася і нацыянальнае пытанне. У канцы XVIII — пачатку ХХ ст. царскі ўрад звяртаў асноўную ўвагу на саслоўны і рэлігійны стан новых тэрыторый. Так, пры далучэнні Беларусі і Літвы ва ўказах былі вылучаны два народы — яўрэі і татары, магчыма, толькі таму, што гэта — нехрысціянскае насельніцтва. Наўрад ці царскі ўрад тады дакладна ўсведамляў, якія народы жылі ў беларуска-літоўскіх губернях. «Вавилонским столпотворением» назвала ў 1780 г. Кацярына II насельніцтва Беларусі, адзначыўшы, што тут «сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы» 2. Спецыяльна для паездкі імператрыцы ў 1780 г. Пецярбургская акадэмія навук выдала працу пад назвай «Топографи ческие примечания на знатнейшие места путешествия Ея Император ского Величества в Белорусские наместничества» (СПб, 1780), у якой насельніцтва наогул вызначалася як «жители и жиды»3.
Пазнейшыя выданні той самай акадэміі сведчаць, як змяняліся ўяўленні вучоных пра народы тэрыторыі па меры яе вывучэння. Так, апісваючы ў 1790 г. Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы, Пляшчэеў адзначаў, што «жители онаго суть поляки и литва, римско-католицко го закона, из которых малое количество греческого исповедания, прочие унияты здесь и жиды»4. У 1810 г. Е.Зяблоўскі пісаў пра насельніц тва Беларусі і Літвы, што яно апрача «россиян состоит из поляков, литвы и жидов», але ў Віцебскай губерні ўжо згадваліся латышы, у Віленскай — літоўцы і татары, у Гродзенскай — таксама татары5. У гэтым выпадку цяжка ўявіць сабе, да каго можна аднесці беларусаў — да расіян, палякаў, літоўцаў?
Прыкладна тое самае пра жыхароў Беларусі (1792 г.) пісаў і генерал С.Тучкоў — яны складалі «какую-то смесь русских, поляков, малороссов и литвы»6.
Ужо з прыведзеных урыўкаў відаць, што нацыянальная прыналежнасць вызначалася паводле двух асноўных паказчыкаў. З аднаго боку — прыналежнасць дзяржаве: жыхар Рэчы Паспалітай, Польшчы — паляк, жыхар ВКЛ, Літвы — літва, з другога боку — рэлігійнае веравызнанне. Гэта адпавядала таму, што на той час у Расійскай імперыі паняцце «нацыя» атаясамлівалася з паняццем «народ», да якога належалі «жители страны, говорившей одним языком, обыватели государства, страны, состоящей под одним управлением» 7, і не супярэчыла пункту гледжання еўрапейскіх буржуазна-ліберальных ідэолагаў (перыяду прыблізна 1830—1880 г.), для якіх існавалі тры крытэрыі, згодна з якімі можна было прылічыць «народ» да «нацыі». Першы з іх — гістарычная сувязь народа з сучаснай яму дзяржавай або з дзяржавай, якая існавала доўгі гістарычны час. Другі — існаванне даўно і трывала замацаванай культурнай эліты, якая валодала пісьмовай нацыянальнай мовай — літаратурнай і афіцыйна-справавой. Трэцім крытэрыем была ўжо пацверджаная на практыцы здольнасць да захопаў8 .
Калі ў гэтым плане разглядаць нацыянальную структуру беларуска-літоўскіх губерняў, то ў вызначаны час існаванне польскага і рускага народаў-нацый не выклікала спрэчак. Культурная эліта губерняў карысталася літаратурнай польскай мовай, і нават справаводства, за выключэннем губернскіх установаў, да 30-х г. вялося ў асноўным па-польску, і толькі пазней — па-расійску. Расійская імперыя, як і былая Рэч Паспалітая, відавочна, мела здольнасці да захопаў. Таксама трэба адзначыць, што яшчэ некаторы час зберагаліся ўспаміны пра Вялікае Княства Літоўскае, якія нагадвалі пра трэці народ — літву, літоўцаў (на рускай мове), або ліцвінаў (на польскай).
З канца XVIII ст. у фармулярных спісах чыноўнікаў, духавенства, а потым і ваеннапалонных часоў вайны 1812 г. сустракаецца графа «якой нацыі». У адказах выразна відаць, як нават адукаваная частка насельніцтва, у асноўным шляхта і духавенства, па-рознаму выказвалася наконт сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Напрыклад, у ведамасці віцебскага Св.Маркава манастыра за 1808 г. запісана, што ігумен Захарый — маларос, ераманах Фалалей — беларускай нацыі, ерадыякан Ілія — польскай нацыі9. У спісах чыноўнікаў-базыліян духоўнай кансісторыі Віленскай мітрапалічай епархіі за 1815 г. 4 чалавекі запісаны як «нараджэнцы літоўскія», 14 — «літоўскай нацыі», 1 — «беларускай», 1 — «нараджэнец валынскі», 1 — «нараджэнец самагіцкі» 10. У спісах ваеннапалонных Мінскага ніжняга земскага суда 1813 г. адзначалася, што некаторыя з іх былі «французскага валодання», «прускага валодання», а таксама — «нараджэнец жмудскі», «тутэйшага краю Гродзенскай губерні», «Беларускай губерні» 11.
Пры параўнанні гэтых звестак можна заўважыць, што на мясцовым узроўні пад час адказу на пытанне «якой нацыі?» галоўнымі крытэрыямі былі не толькі дзяржава, але і губерня, край, дзе чалавек нарадзіўся і жыў, адкуль прыбыў — Беларусь, Літва, Маларосія, Самагіція, Жамойць, Валынь, Польшча.
З першакрыніц таго перыяду не вынікае, як вызначала сябе прыгоннае сялянства губерняў (практычна цалкам непісьменнае), ці мела яно нацыянальную свядомасць. Даследчыкі спасылаюцца на меркаванні пісьменнікаў, чыноўнікаў і духавенства, памешчыкаў, якія, вядома ж, сутыкаліся з сялянствам і ў некаторай ступені ведалі яго мову.
Універсальным крытэрыем для ўладаў было веравызнанне, паводле якога, у адрозненне ад этнічных літоўцаў-каталікоў, тыя самыя беларусы падзяляліся на «палякаў» або «літоўцаў» (каталікі, уніяты, кальвіністы), або «рускіх» (праваслаўныя, стараверы). Такі канфесійны раскол беларусаў не садзейнічаў кансалідацыі народа. У залежнасці ад накіраванасці палітыкі ўрад спачатку мог лічыць, напрыклад, уніятаў «палякамі» і «літоўцамі», не падзяляючы іх з католікамі, а ў 20—30-я г. — «рускімі», даказваючы іх праваслаўнае паходжанне. Так, у агульнай запісцы ад 15 снежня 1838 г. пра унію, падрыхтаванай для знаёмства міністраў з рухам уніяцкай справы, нагадвалася, што «сей народ русский по языку и происхождению, но отторгнутый от России по вере»13.
Але расійскія чыноўнікі, ваенныя, якія жылі, працавалі ў беларуска-літоўскіх губернях і сутыкаліся з мясцовымі жыхарамі, — яны не атаясамлівалі з сабой гэтае насельніцтва і адзначалі даволі негатыўнае стаўленне яго да расійскіх уладаў. У адной з запісак пачатку ХIХ ст. (з архіва канцылярыі ваеннага міністэрства) гаворыцца, што «Виленская и Гродненская губернии по единоплеменству жителей, по единству языка и веры более прочих устраняют от сближения с Россиею, в губернях Белорусских, особенно в Витебской, нравы начинают изменяться, почему и можно надеяться, что оные и вовсе обрусеют» 14. Адзначаў «какую-то неприязнь и неискренность расположения» да карэнных расіян Віленскі ваенны губернатар, Гродзенскі, Мінскі і Беластоцкі генерал-губернатар Ф.Міркавіч у данясенні Мікалаю I ад 6 красавіка 1841 г.15.
Відаць, да 30—40-х г. ХIХ ст. ва ўрада склалася ўяўленне пра нацыянальны склад, воблік, рысы характару, мовы этнасаў гэтых губерняў, і ўяўленне гэтае было хутчэй адмоўнае, нягледзячы на шэраг заўважаных станоўчых рысаў іх характару. Беларус меў «тело слабосильное и тощее», схільнасць да п'янства і гультайства і быў «на очень низкой степени образования» 16. Такі воблік беларуса бачым і ва ўспамінах. Так, І.Захар'ін, які пісаў пра Беларусь, спасылаўся на словы рускага пісьменніка Дабралюбава, што «белорусы совсем измельчавшая и забитая человеческая раса, мало похожая на обыкновенных людей»17. Такі цяжкі стан народа звязвалі з яго эканамічным становішчам, неадукаванасцю, прыгнётам з боку польскіх памешчыкаў. Расійскі ўрад звяртаў увагу на беларусаў толькі шукаючы падтрымкі супраць шляхецкага руху, як гэта было ў час паўстаўнняў.
Сталую цікавасць выклікалі ва ўрада палякі і яўрэі, што выяўлялася ў выглядзе ўказаў, распараджэнняў і інш. Да палякаў адносілі не толькі палякаў этнічных, але і людзей іншай нацыянальнасці — каталікоў ды уніятаў па веравызнанні, якія нібы раздвойваліся пры вызначэнні сваёй нацыі. Літоўскі шляхціц як жыхар былога ВКЛ лічыў сябе «gentis Lithuaniae, natione Polone» («ліцвін па паходжанні, паляк па нацыянальнасці») 18. А «Катэхізіс ліцвіна» (30-я г. ХIХ ст.) адлюстроўваў гэтыя суадносіны наступным чынам: «Пытанне: Што ёсць адзінства з палякамі? Адказ: складаць з імі адзін непадзельны народ так, каб ліцвін быў палякам, а паляк ліцвінам, той самай канстытуцыі» 19. Зразумела, што такая самаідэнтыфікацыя звязана з палітычным паняццем народа-нацыі, але якая яна далёкая ад сучасных уяўленняў!
На працягу ўсяго ХIХ ст. «польскае пытанне» знаходзіла сваё адлюстраванне ў існаванні «польскай нацыянальнай ідэі», адной з асноўных мэтаў якой было аднаўленне ў Беларусі і Літве Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г. Але ўжо ў першай палове ХIХ ст. такая назва дзяржавы не выкарыстоўвалася, яна была зменена на паняцце «Польшча», што наклала свой адбітак і на нацыянальны аспект. Царскі ўрад не хацеў абвастраць адносіны і выклікаць хваляванні мясцовага насельніцтва, таму быў вымушаны абапірацца на эліту далучаных земляў — магнатаў, шляхту, і нават падтрымаў (праўда, па-свойму) ідэю аднаўлення Польшчы на дзяржаўным узроўні. Так, выступаючы на Варшаўскім сейме 1818 г., Аляксандр I падкрэсліў, што аднаўленне Польшчы «определено торжественными договорами», а ў прыватных размовах імператар абяцаў, што не пройдзе і двух гадоў, як будуць далучаны да Царства Польскага Літва, Валынь і Падолія20 .
Удзел шляхты заходніх губерняў у паўстанні 1830-31 г. быў той зачэпкай, якая дазволіла ўраду актывізаваць русіфікацыю тэрыторыі. Закрыццё Віленскага універсітэта і шэрагу іншых навучальных установаў, забарона вывучаць польскую мову як самастойны прадмет, скасаванне Літоўскага статута абмяжоўвалі, па меркаванні ўрада, паланізацыйныя працэсы. Пачаўся наступ на каталіцкую і уніяцкую цэрквы. І калі да пачатку паўстання ў імперыі было 325 мужчынскіх каталіцкіх кляштараў, то на працягу 1832 г. было скасавана 196, або 60%21. Паўстанне паскорыла і вырашэнне лёсу уніяцкай царквы, бо уніятаў, як гаварыў міністр унутраных справаў Д.Блудаў, трэба было ператварыць з «полуполяков — римских католиков — в верных сынов нашей церкви и России»22 .
Некаторыя спадзяванні ў дваранства выклікаў і ўзыход на цараванне Аляксандра II, але ў дачыненні да заходніх губерняў ён працягваў палітыку Мікалая I. Так, у 1856 г. на прашэнне віцебскага дваранства аб адкрыцці ў Полацку універсітэта, увядзенні выкладання польскай мовы ў навучальных установах, магчымасці рамантаваць старыя і будаваць новыя касцёлы і капліцы быў дадзены адмоўны адказ. Міністр унутраных справаў С.Ланскі паведаміў віцебскаму «предводителю дворянства», што ён дакладваў пра гэта імператару, і было вырашана адмовіць у сувязі з тым, што «означенное прошение имеет вид некоторой наклонности к поддержанию польской национальности» 23. Відавочна, што меры, якія прымаў урад у першай палове ХIХ ст. у дачыненні да палякаў, былі звязаныя не з іх нацыянальнай прыналежнасцю, а з палітычнымі падзеямі ў губернях.
Малавядомы быў расійскім уладам і яўрэйскі народ, а яшчэ менш — яго рэлігія. На першых этапах, каб забяспечыць збор падаткаў і мабілізацыю рэкрутаў, урад пакінуў кагал як орган самакіравання. Адпаведна заканадаўству яўрэі, значная колькасць якіх жыла ў гарадах і мястэчках, маглі запісвацца да саслоўя «гарадскіх абывацеляў» у склад мяшчанства або, у залежнасці ад заяўленага капіталу, гільдзейскага купецтва. Але па колькасці скаргаў, зваротаў, лістоў у Санкт-Пецярбург яўрэі, відаць, былі на першым месцы сярод іншых народаў беларуска-літоўскіх губерняў. З аднаго боку, гэта сведчыла пра іх адукаванасць і веданне сваіх правоў, з другога — яны самі прыцягвалі на сябе ўвагу ўрада, які вымушаны быў рэагаваць на іх звароты. Апрача таго няпросты эканамічны стан гэтых губерняў прывёў да скаргаў з боку памешчыкаў, якія, імкнучыся неяк апраўдаць галечу сялянства, выказвалі незадавальнен не эканамічнай дзейнасцю яўрэяў. Такое абгрунтаванне знайшло падтрымку ў царскага ўрада і прывяло да ўзнікнення т.зв. яўрэйскага пытання. Так, пры накіраванні ў 1800 г. сенатара Р.Дзяржавіна ў Беларусь у дадатковай інструкцыі, дадзенай яму генерал-пракурорам Абальянінавым, быў такі пункт: «А как по сведениям немалою причиною истощения белорусских крестьян суть жиды, то высочайшая воля есть, чтобы ваше превосходительство обратили особливое внимание на промысел их в том и к отвращению такого общаго от них вреда подали свое мнение»24 . Указ ад 23 снежня 1791 г. забараніў яўрэям запісвацца ў купецтва ва ўнутраных расійскіх гарадах і портах. Менавіта з яго пачала фармавацца «мяжа аселасці» яўрэйскага насельніцтва.
Указы канца XVIII — пачатку ХХ ст. тычыліся станавай прыналежнасці яўрэяў, іх эканамічнага жыцця, але ўжо ў першай палове ХIХ ст. урад пачаў умешвацца ў рэлігійныя справы, прымаючы меры для заахвочвання пераходу іх да хрысціянства (стварэнне ў 1827 г. «Таварыства ізраільскіх хрысціян», дзейнасць Расійскага біблейскага таварыства 20-х г. па перакладу Новага Запавета на іўрыт і інш.). У дачыненні да справаў па т.зв. «рытуальных забойствах» урад павёў даволі цывілізава ную палітыку, забараніўшы 17 сакавіка 1817 г. судовыя абвінавачванні яўрэяў «в умерщвлении христианских детей без всяких улик, по единому предрассудку, что якобы они имеют нужду в христианской крови»25, і стварыў 20 снежня 1855 г. пры Міністэрстве ўнутраных справаў спецыяльную камісію, якая займалася вывучэннем старажытнаяўрэйскіх рукапісаў і прыйшла да высноваў, што ў кнігах няма нічога, «чтобы могло относиться до употребления евреями христианской крови»26.
У астатнім урад умешваўся ў рэлігійную адукацыю, прызначэнні рабінаў, нават у спецыфіку яўрэйскага традыцыйнага адзення. Але Аляксандр II вымушаны быў прызнаць, што спробы ўрада ўмяшацца ў рэлігійнае жыццё яўрэяў не прынеслі імперыі чаканых вынікаў27 . І, як бачна, пры нацыянальнай афарбоўцы пытання палітыка ўрада ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва насіла саслоўна-рэлігійны характар.
Амерыканскі даследчык Т.Вікс выказаў думку, што ў другой палове ХIХ ст. у Расійскай імперыі не было такой з'явы, як «нацыяналь ная палітыка», а была толькі некаторая спецыфіка палітычных, адміністрацыйных або мясцовых патрабаванняў, якія дапамагалі ўраду ўцягваць рэгіёны і нярускае насельніцтва ў імперскае жыццё пры панавальнай ролі рускай нацыянальнасці 28. У дачыненні да другой паловы ХIХ ст. з такой думкай можна не пагадзіцца, бо ў сярэдзіне 80-х г. Расія закончыла далучэнне тэрыторый і пачала праводзіць узмоцненую палітыку русіфікацыі. У заходніх губернях яна пачала яе яшчэ пасля паўстання 1863—64 г. Апрача таго да канца ХIХ ст. сфармавалася нацыянальная свядомасць шмат якіх этнасаў, пра што сведчыў першы агульнарасійскі перапіс 1897 г., пачалі стварацца і развівацца нацыянальныя рухі. Усё гэта не магло не выклікаць адпаведнай рэакцыі з боку ўрада.
Думка Т.Вікса цалкам супадае з уяўленнямі пра нацыянальнае пытанне і аспектамі палітыкі царскага ўрада ў першай палове ХIХ ст. Сярод іх і разуменне, у палітычным сэнсе, паняццяў «народ» — «нацыя» — «дзяржава», як для расіян, так і для насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, і звязанае з імі самавызначэнне адукаванай часткі насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў (пры гэтым — практычна ніякага самавызначэння з боку колькасна пераважнага, але непісьменнага прыгоннага сялянства). Паняцці таго часу не прыводзілі ўрад да думкі пра нейкую выразна акрэсленую нацыянальную палітыку, пра што і сведчыць адсутнасць указаў, якія б абмяжоўвалі нацыянальныя правы этнасаў гэтых губерняў, але ўсё ж некаторыя аспекты можна вызначыць. Сярод іх: вывучэнне народаў далучаных земляў, польскае і яўрэйскае пытанні і спробы русіфікацыі тэрыторыі. Яны характэрныя для ўсяго перыяду 1772—1860 г.
1 У гэты перыяд у склад Расійскай імперыі ўвайшлі Беларусь, Літва, Правабярэжная Ўкраіна, канчаткова Прыбалтыка, Крым, Прыкубанне, Малдавія, Валахія, Бесарабія, Заходняя Грузія, Паўночны Азербайджан, Дагестан, Усходняя Арменія, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, Казахстан. У 1800 г. увайшла Фінляндыя на правах «вялікага княства», а з 1801 г. грузінскія княствы і царствы Закаўказзя, мусульманскія ханствы і княствы горскіх народаў Каўказа, якія ўвайшлі пад яе пратэктарат на аснове пэўных дамоваў. А рашэннем Венскага кангрэса 1824—25 г. далучана частка польскіх земляў, на тэрыторыі якіх было ўтворана Царства (або Каралеўства) Польскае // Бурмистрова Т. Ленинская политика пролетарского интернационализма в период образования РСДРП (1894—1903 г.). Москва, 1963. С. 16, 17.
2 Сапунов А. Пребывание императрицы Екатерины II в Полоцке. Вт. С. 3.
3 Тамсама. С. 15, 16, 22, 26.
4 Плещеев. Обозрение Российской империи в нынешнем ея новоустроенном состоянии. СПб при имп. Академии наук, 1790. С. 95, 98.
5 Зябловский Е. Землеописание Российской империи для всех состояний. Ч. 4. С.–Петербург, 1810. С. 89, 112, 302, 320, 336.
6 Записки Сергея Алексеевича Тучкова. 1766—1808. С.–Петербург, 1908. С. 157.
7 Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 2. Москва, 1994. С. 1201, 1284.
8 Хобсбаум Э. Нации и национализм после 1780 года. С.–Петербург, 1998. С. 61–63.
9 Канфесіі на Беларусі. Мінск, 1998. С. 43.
10 Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. 1701—1839. Т. 2. С.–Петербург, 1907. С. 695.
11 Кузняева С. Нацыянальнае адраджэнне і нацыянальная свядомасць беларусаў у першай палове ХIХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1999. № 1. С. 55, 56.
12 Alma Mater Vilnensis, 1951. London. S. 60.
13 РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 797, воп. 7, спр. 17, арк. 6.
14 Дубровин Н. Русская жизнь в начале ХIХ в. // Русская старина. 1902. № 2. С. 231.
15 Федор Яковлевич Миркович. 1769—1866. Его жизнеописание, состав. по собств. его запискам, воспоминаниям близких людей и подлинным документам. Т. 1. С.–Петербург, 1889. С.258.
16 Военно–стaтистическое обозрение Российской империи. Т. VIII. Ч. 3. Могилевская губерния. Сост. Черницкий. С.–Петербург, 1848. С. 56, 58; Т. IХ. Виленская губерния. Сост. Норденстрент. С.–Петербург, 1848. С.23.
17 Захарьин И. Воспоминания о Белоруссии. С.–Петербург, 1884. С. 555.
18 Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznan, 1988. S. 201.
19 РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 628, спр. 106, арк. 1 адв., 2.
20 Гл.: Предтеченский А. Очерки общественно–политической истории России в первой половине ХIХ века. Москва — Ленинград, 1957. С. 341.
21 Гл.: Gach P. Kasaty zakonow. Lublin, 1984. S. 160.
22 Канфесіі на Беларусі (кан. XVIII—XX ст.)/Нав. рэд. У.Навіцкі. Мінск, 1998. С. 14.
23 НГА у Мінску, ф. 2626, воп. 1, спр. 95, арк. 4.
24 Дубнов С. Новейшая история еврейского народа (1789—1881). С.–Петербург, 1914. С. 207.
25 Кандель Ф. Очерки времен и нравов. Ч. 2. Иерусалим, 1988. С. 95, 97.
26 РДГА у С.–Пецярбургу, ф. 821, воп. 8, спр. 296, арк. 10; спр. 300, арк. 157, 157 адв.
27 Гл.: Кузняева С. Еврейские общины Беларуси в конце XVIII — начале ХХ века. Минск, 1998. С.15.
28 Гл.: Wecks T.R. Nation and State in late imperial. Nationalism and Russification on the Western Frontier. 1863—1914. Dekall, 1986. S. 70
Опубликовано 26 ноября 2010 года